Планета малпаў [Пьер Буль] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

П'ер Буль Планета малпаў

Частка першая

Раздзел I


Джын і Філіс бавілі час, вандруючы ў космасе ўдалечыні ад населеных сусветаў.

Міжпланетныя вандроўкі сталі ўжо звычайнай справай, дый міжзорныя пералёты не лічыліся сенсацыйнымі. Зоркалёты рэгулярных ліній дастаўлялі турыстаў у казачныя гарады Сірыуса, а фінансавых тузоў — на знакамітыя біржы Арктура і Альдэбарана[1].

Але Джын і Філіс, гэтая пара нічым не занятых дзетак мультымільянераў, былі вядомыя сваёй эксцэнтрычнасцю і схільнасцю да рамантыкі. Шукаючы задавальнення, яны падарожнічалі ў бязмежнай прасторы пад ветразямі.

Іх касмічная яхта ўяўляла сабою нешта накшталт сферы, знешняя абалонка якой — незвычайна тонкі і лёгкі ветразь — надзімалася пад уздзеяннем светлавых промняў. Калі б гэты міні-карабель застаўся без кіравання непадалёк ад якойсьці зоркі — аднак на дастатковай ад яе адлегласці, там, дзе сіла прыцягнення не надта вялікая, — ён бы памкнуўся назад ад гэтай зоркі па прамой лініі. Але зорная сістэма, жыхарамі якой былі Джын і Філіс, мела не адно, а ажно тры сонцы, даволі блізка адно ад аднаго, таму сонечныя вятры ў ёй дзьмулі з трох бакоў пад рознымі вугламі. І вось Джын прыдумаў сапраўды дзіўны спосаб перамяшчэння. На сферычным ветразі яго карабля было мноства чорных шторак, якія згортваліся ці разгортваліся ў залежнасці ад жадання рулявога — пры кожным яго манеўры мянялася здольнасць адбіцця, а адначасова з ёю і накірунак раўнадзейных сіл светлавых патокаў. Апроч таго, эластычная сфера-ветразь магла расцягвацца або скарачацца, і калі Джын хацеў паскорыць ход, ён павялічваў дыяметр абалонкі да максімуму — тады велізарная плошча ветразя надзімалася пад націскам светлавых патокаў, і яхта імкліва ляцела ў неабсяжнасць з фантастычнай хуткасцю, ад якой у Джына і яго сяброўкі кружылася галава; захопленыя палётам, яны абдымаліся і заміралі, гледзячы ў таемную бездань бязмежных абсягаў, што несліся насустрач ім. Калі ж Джын хацеў запаволіць ход, то націскаў другую кнопку. Сферычны ветразь сціскаўся настолькі, што ў кабіне можна было сядзець, толькі шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго. Ціск светлавых промняў амаль не ўплываў на малюпасенькі шар, і, вольны ў сваім руху, ён быццам павісаў у пустэчы на нябачнай нітцы. Маладую пару забірала салодкае ап'яненне, і яны бавілі доўгія гадзіны ў сваім цесным, створаным толькі для іх маленечкім свеце, які Джын параўноўваў з паруснікам у неабсяжным акіяне, а Філіс — з бурбалкай на павуцінцы вадзянога павука.

Джын выдатна выконваў і іншыя манеўры, нават такія, што лічыліся ў касмічных яхтсменаў найскладанейшымі, напрыклад, паварот оверштаг[2] з выкарыстаннем ценю ад планеты ці якогасьці спадарожніка.

Ён вучыў свайму майстэрству і Філіс, і неўзабаве тая магла ўжо кіраваць яхтай не горш за яго, нават была смялейшая. Але варта было ёй узяць у рукі руль, як, захапіўшыся, яна выбірала такі курс, што яхта падыходзіла да самых межаў Сонечнай сістэмы, а там магнітныя буры разбуралі светлавыя патокі, і іх карабель пачынала кідаць, бы арэхавую шкарлупіну. Ужо некалькі разоў Джын, прачнуўшыся ў такую штармавую хвіліну, ускокваў бы ашпараны і вырываў у сяброўкі руль. Іншы раз, каб дабрацца да бліжэйшага порта, яму нават прыходзілася ўключаць дадатковыя ракеты, прадугледжаныя на выпадак крайняй небяспекі.


У той дзень Філіс і Джын бесклапотна ляжалі побач у яхце і загаралі пад промнямі трох сонцаў іх роднай сістэмы. Джын драмаў і думаў пра Філіс і пра сваё да яе каханне. Філіс глядзела ў неабдымны космас, загіпнатызаваная бясконцасцю пустэчы. Гэта быў адзін з любімых яе заняткаў.

Раптам Філіс уздрыгнула і прыўзнялася. Недзе наперадзе бліснула дзіўная іскарка. Прайшло колькі секунд, і іскарка бліснула зноў. Філіс адразу ж сказала Джыну, што светлавы прамень сустрэў, напэўна, нейкі зіхоткі прадмет. Інтуіцыя, набытая Філіс у касмічных падарожжах, не магла падмануць яе. Згадзіўся з сяброўкай і Джын, а ён у такіх выпадках не памыляўся. Непадалёк ад яхты — вызначыць адлегласць было цяжка — у космасе плыло нейкае зіхоткае цела. Джын схапіў бінокль і стаў углядацца ў таямнічы прадмет. Філіс нецярпліва прытулілася да пляча свайго прыяцеля.

— Рэч невялікая, — сказаў Джын. — Здаецца, шкляная… Пачакай, дай угледзецца!.. Яна набліжаецца… Хуткасць большая за нашую… Слухай…

На твары ў Джына было здзіўленне. Ён нават выпусціў з рук бінокль, які Філіс адразу ж падхапіла.

— Дарагая, гэта ж бутэлька.

— Бутэлька?

Філіс таксама паглядзела ў бінокль.

— Але, бутэлька… Ну, вядома. Са светлага шкла… Заткнутая: бачу корак. А ўсярэдзіне штосьці белае. Напэўна, папера… Цыдулка! Джын, трэба яе злавіць!

Джын, відаць, думаў пра тое самае, бо адразу ж пачаў спрытна лавіраваць, каб перахапіць бутэльку. Яму ўдалося амаль імгненна змяніць курс і зменшыць хуткасць — з такім разлікам, каб бутэлька прайшла акурат побач з яхтаю. Пакуль ён манеўраваў, Філіс паспела надзець скафандр і выйсці праз перадабалонкавую камеру на вонкавы бок сферычнага ветразя. Учапіўшыся за трос, з сачком на доўгім дзяржанні ў другой руцэ, яна рыхтавалася да сустрэчы з бутэлькаю.

Філіс і Джын ужо не раз удавалася злавіць сачком у космасе розныя рэчы. Плаваючы паціхеньку альбо амаль нерухома павісаючы ў пустэчы, яны ўбачылі багата дзіўнага і зрабілі цікавыя адкрыцці, якімі не пахвалішся ў звышхуткіх палётах на зоркалёце. Філіс вылоўлівала кавалачкі былых планет, рэшткі метэарытаў з іншых галактык і нават спадарожнікаў, запушчаных яшчэ на самым пачатку касмічнае эры. Яна ганарылася сваёй калекцыяй, але бутэлька, ды яшчэ з рукапісам — а сумненняў у гэтым ужо не было, — сустракалася ўпершыню! Філіс ажно дрыжала ад нецярпення. Пагойдваючыся на тросе, бы павучыха на павуціне, яна аддавала сябру па тэлефоне загады:

— Цішэй, Джын!.. Не, крыху хутчэй, а не то яна нас перагоніць… Левы борт… правы борт… Уперад… Усё, злавіла!

Радасна крыкнуўшы, Філіс вярнулася ў кабіну.

У руках у яе сапраўды была вялікая, дбайна закаркаваная бутэлька. Усярэдзіне можна было разгледзець тоўсты папяровы скрутак.

— Разбі яе, Джын, хутчэй! — ледзь не калацілася Філіс, умольваючы сябра.

Аднак Джын адкалупваў кавалачкі воску спакойна і акуратна. Ды толькі ён адкаркаваў нарэшце бутэльку, як выявілася, што дастаць з яе скрутак зусім немагчыма, такі ўжо тугі ён быў. Тады прыйшлося ўступіць нецярплівым просьбам сяброўкі і разбіць бутэльку малатком. Скрутак адразу ж разгарнуўся сам. Гэта быў стос танюткіх аркушаў, спісаных дробным почыркам. Мова запісаў была зямная — Джын валодаў ёй дасканала, бо некалькі гадоў вучыўся на Зямлі.

Але раптам Джына апанавала незразумелая трывога, і ён ніяк не хацеў пачынаць чытання рукапісу ўголас. І каб не просьбы ўзбуджанай Філіс, якая дрэнна разумела зямную мову і не магла, як ні жадала, прачытаць рукапіс сама, ён, магчыма, так і не адкрыў бы сяброўцы тайну гэтых запісаў, што так выпадкова трапілі ім у рукі.

Джын зменшыў памеры ветразя да мінімуму, каб яхта павісла ў прасторы, упэўніўся, што вакол няма ніякае небяспекі, і, выпрастаўшыся побач з Філіс, пачаў чытаць.


Раздзел II


«Я давяраю гэты рукапіс космасу не дзеля таго, каб паклікаць некага на дапамогу, а спадзеючыся адно на тое, што змагу прадухіліць жудасную пагрозу, якая навісла над родам чалавечым. Няхай бог злітуецца з нас!..»

— Пагрозу над родам чалавечым? — здзіўлена спыталася Філіс.

— Але, так тут напісана. Не перапыняй мяне больш, — сказаў Джын і пачаў чытаць далей.

«…Што ж да мяне, Уліса Меру, то я са сваёй сям'ёю на борце касмічнага карабля, дзе мы зможам жыць яшчэ доўгія гады. У нас ёсць агарод, сад, жывёла. Мы ні ў чым не адчуваем недахопу. Магчыма, калі-небудзь мы знойдзем якуюсьці гасцінную планету. Але пакуль што гэта толькі мара. А зараз я праўдзіва і падрабязна раскажу ўсё, што са мною здарылася.

У дзве тысячы пяцісотым годзе я падняўся разам з двума маімі старэйшымі таварышамі на борт касмічнага карабля, каб даляцець да планет, над якімі велічна ззяе звышгіганцкая зорка Бетэльгейзе.

Гэта была смелая задума, сама грандыёзная з усіх, на якія толькі калі-небудзь адважваліся ў космасе зямляне. Зорку Бетэльгейзе, альфу Арыёна, як называюць яе нашы астраномы, аддзяляюць ад нашай планеты амаль трыста светлавых год. Зорка гэтая мае цэлы шэраг асаблівасцей.

Перш за ўсё памеры: дыяметр яе пераўзыходзіць дыяметр нашага сонца ў чатырыста пяцьдзесят разоў, інакш кажучы, калі б яна стала на ягонае месца, то распасцерлася б ажно да Марса.

Па-другое, сіла святла, бо Бетэльгейзе — зорка першага класа, сама яркая ў сузор'і Арыёна, бачная з Зямлі голым вокам, нягледзячы на велізарную адлегласць.

Па-трэцяе, спектр выпраменьвання: ні з чым не параўнальныя ў надзвычайнай сваёй прыгажосці чырвоныя і аранжавыя промні.

І нарэшце, зорка гэтая — пераменнае яркасці. Яна ўвесь час пульсуе, і інтэнсіўнасць свячэння бесперапынна мяняецца ў залежнасці ад змянення яе дыяметра.

Але чаму ўсё ж такі, калі было высветлена, што ўсе планеты Сонечнай сістэмы ненаселеныя, абралі мы мэтаю першага міжзорнага пералёту такую далёкую Бетэльгейзе? Рашэнне гэтае прыняў прафесар Антэль, галоўны арганізатар, кіраўнік і фінансіст экспедыцыі. Ён сам стварыў праект нашага касмічнага карабля, сам назіраў за яго пабудоваю. Свой выбар ён растлумачыў мне ў час палёту.

— Шаноўны Уліс, — сказаў ён, — палёт да Бетэльгейзе, па сутнасці, зусім не цяжэйшы і хіба што крыху далейшы, чым пералёт да любой бліжэйшай зоркі, напрыклад, да Проксімы Цэнтаўра[3].

Але тут я рашуча запратэставаў, пахваліўшыся набытымі нядаўна астранамічнымі ведамі:

— Толькі крыху далейшы?! Да Проксімы Цэнтаўра ўсяго чатыры светлавыя гады, у той час як да Бетэльгейзе…

— …цэлых трыста, — перапыніў мяне прафесар, — не думайце, што я на гэта забыўся. Аднак да Проксімы Цэнтаўра нам прыйшлося б ляцець амаль столькі ж ці толькі крышачку менш, чым да Бетэльгейзе, куды мы даляцім праз нейкія два гады. Вы не даяце мне веры, бо прывыклі да нашых міжпланетных пералётаў, гэтых блышыных скачкоў, калі дапушчальнае максімальнае паскарэнне доўжыцца ўсяго толькі некалькі хвілін, а крэйсерская хуткасць у параўнанні з нашай смеху вартая… Час ужо, бадай, растлумачыць вам, як рухаецца наш зоркалёт. Дзякуючы ўдасканаленым ракетам, якія мне ўдалося вынайсці, наш касмічны карабель здольны перамяшчацца ў прасторы з найвышэйшай хуткасцю, якую толькі можа набраць матэрыяльнае цела. Па сутнасці, яна амаль роўная хуткасці святла. А калі мы рушым з такой хуткасцю, наш час істотна адрозніваецца ад зямнога, і чым хутчэй мы ляцім, тым большая гэтая розніца. Напрыклад, цяпер вось, пакуль мы гаворым, у нас у зоркалёце прайшло ўсяго толькі некалькі хвілін, а на Зямлі — некалькі месяцаў. Калі ж мы набяром гранічную хуткасць, час для нас амаль спыніцца, хоць мы гэтага і не будзем заўважаць. Тады некалькі секунд для вас і мяне, некалькі ўдараў сэрца для вас і мяне будуць раўняцца многім гадам жыцця на Зямлі.

— Разумею. Менавіта гэта дае нам надзею дабрацца да мэты раней, чым мы памром ад старасці. Але чаму ў такім выпадку нашае падарожжа зойме два гады? Чаму не некалькі дзён ці некалькі гадзін?

— Якраз да гэтага я вас і падводжу. Усё вельмі проста: каб набраць максімальную хуткасць, калі час амаль спыняецца, нам спатрэбіцца каля года, бо наш арганізм проста не вытрымае большага паскарэння. І яшчэ год пойдзе на тармажэнне. Цяпер вы ўяўляеце графік палёту? Год на паскарэнне, год на тармажэнне, а ў сярэдзіне ўсяго толькі некалькі гадзін, але за гэтыя гадзіны мы пройдзем найвялікшую частку нашага маршруту. Думаю, у вас не будзе больш пытанняў, чаму гэта пералёт да Бетэльгейзе зойме ў нас толькі крышачку больш, чым пералёт да Проксімы Цэнтаўра. У апошнім выпадку нам усё роўна прыйшлося б правесці ў зоркалёце год, неабходны на паскарэнне, і яшчэ год — на тармажэнне, хіба што паміж імі было б некалькі хвілін замест некалькіх гадзін, як у нашым палёце. Розніцы ніякай. Я ўжо старэю і наўрад ці змагу калі-небудзь яшчэ выправіцца ў такую экспедыцыю, таму і абраў далёкую мэту — спадзяюся адшукаць сусветы, якія вельмі адрозніваюцца ад нашага.

Падобныя гамонкі дапамагалі нам бавіць вольны час, і пасля кожнай з іх мной апаноўвала ўсё большая павага да мудрасці прафесара: не было ў навуцы вобласці, яму незнаёмай, і мне заставалася толькі радавацца, што нашу рызыкоўную экспедыцыю ўзначальвае гэтакі эрудыт. Як і прадбачыў прафесар Антэль, дарога да Бетэльгейзе заняла два гады нашага ўласнага часу, за якія на Зямлі прайшлі тры з паловай стагоддзі. У гэтай вось акалічнасці і быў адзіны недахоп такой далёкай экспедыцыі: калі нам нават і ўдалося б шчасліва вярнуцца назад, то апынуліся б мы ўжо на планеце, якая пастарэла на семсот — восемсот гадоў. Але пра гэта мы пакуль што не думалі. Падазраю нават, што мажлівасць збегчы ад свайго пакалення зямлян таксама вабіла прафесара. Ён часта прызнаваўся, што стаміўся ад людзей…

За ўвесь палёт у нас не было ніводнай сур'ёзнай непрыемнасці. Стартавалі мы з Месяца. Зямля і ўсе астатнія планеты хутка зніклі з поля зроку. Сонца імкліва змяншалася, пакуль не ператварылася ў аранжавы шар велічынёю з апельсін, потым стала меншае за сліву і нарэшце зрабілася маленькай зіхоткай кропкай, толькі адной з мільярдаў зорак нашай галактыкі, распазнаць якія ўдалечыні мог хіба што эрудыт Антэль.

Так што жылі мы без Сонца, але нічога непрыемнага праз тое не адчувалі: на караблі было штучнае святло, эквівалентнае сонечнаму. Не ведалі мы і нуды. Прафесара можна было слухаць гадзінамі. Чаго толькі я не ўведаў за гэтыя два гады — больш чым за ўсё папярэдняе жыццё! Займеў я і неабходны вопыт у кіраванні зоркалётам. Гэта было досыць проста: давалася заданне электронным прыборам, і яны самі рабілі ўсе разлікі і дакладна вызначалі курс.

Багата радасці прыносіў нам сад, які займаў на караблі шмат месца. Апроч усяго іншага, прафесар Антэль цікавіўся батанікай і сельскай гаспадаркай і імкнуўся праверыць некаторыя свае тэорыі развіцця раслін у касмічных умовах. Вопытным участкам была аранжарэя ў дзесяць кубічных метраў. Дзякуючы шматлікім стэлажам аб'ём нашай аранжарэі выкарыстоўваўся цалкам. Грунт пастаянна абнаўляўся хімічнымі ўгнаеннямі, і ўжо праз два месяцы з дня адлёту на градках пачала спець на нашую радасць усялякая гародніна, так што мы мелі здаровай свежай ежы колькі было трэба. Клапоцячыся пра карыснае, не забыліся мы і на прыемнае: адвялі адну секцыю аранжарэі пад кветнік — прафесар даглядаў яго асабліва дбайна. Гэты арыгінал захапіў з сабою яшчэ і некалькі птушак, матылькоў і нават адну малпу, маленькага шымпанзэ, якога мы назвалі Гектарам, — гарэза бавіў нас усю дарогу.

Я зразумеў з нашых гаворак, што прафесар досыць скептычна ставіўся да людзей. Ён часта казаў, што людзі — істоты, мякка кажучы, не зусім ідэальныя, і, напэўна, менавіта таму ў велізарным караблі, у якім магла б спакойна размясціцца не адна сям'я, была процьма ўсялякіх раслін, некалькі жывёлін і толькі тры чалавекі: сам Антэль, яго вучань Артур Левэн, малады фізік з вялікай будучыняй, і я, Уліс Меру, малавядомы журналіст — прафесар пазнаёміўся са мною, калі я браў у яго інтэрв'ю. Ён прапанаваў мне прыняць удзел у экспедыцыі, даведаўшыся, што ў мяне няма сям'і і што я добра гуляю ў шахматы. Мне, журналісту-пачаткоўцу, гэта была грандыёзная ўдача. Нават калі б удалося апублікаваць рэпартаж толькі праз васемсот гадоў — а можа, менавіта якраз таму, што праз васемсот гадоў! — мой матэрыял быў бы ўнікальны. Я з радасцю згадзіўся.

Падарожжа праходзіла без непрадбачаных здарэнняў. Адзінае, што замінала нам, дык гэта павелічэнне цяжару ў час разгону і тармажэння. Прыйшлося прывыкаць да таго, што мы ўжо важылі раза ў паўтара больш, чым на Зямлі. Спачатку стамляліся, аднак хутка асвойталіся і перасталі звяртаць на гэта ўвагу. Паміж перыядамі паскарэння і тармажэння мы былі ў стане поўнай бязважкасці, што спрычыніла розныя смешныя выпадкі, але гэта доўжылася ўсяго толькі некалькі гадзін, так што шкоды мы праз тое не мелі ніякай.

І вось нарэшце пасля доўгіх месяцаў палёту настаў дзень, калі мы з хваляваннем убачылі, як пачала расці на нашых вачах запаветная мэта — зорка Бетэльгейзе.


Раздзел III


Немагчыма расказаць, якія пачуцці выклікае такое відовішча. Зорка, якая яшчэ ўчора была маленькая зіхоткая кропачка, безыменная для нас, як і вялікае мноства ўсіх астатніх падобных адна на адну кропачак на бязмежным зорным небе, рабілася спакваля ўсё ярчэйшаю, большаю, блізкаю. Спачатку яна была бліскучым арэшкам, пасля ператварылася ў жоўценькі апельсін і, нарэшце, пачырванеўшы, спадобілася нашаму роднаму сонейку перад заходам. Нарадзілася наша новая нябесная маці, і мы ўжо штодня адчувалі яе цяпло і прыцягненне.

У той час зоркалёт ужо дужа знізіў хуткасць. Мы набліжаліся да Бетэльгейзе да тае пары, пакуль зорка не перакрыла сабою ілюмінатар. Яна была непараўнальна большая за ўсе бачаныя намі раней нябесныя целы — уражанне было проста казачнае. Антэль задаў прыборам новую праграму, і мы пачалі кружыць вакол звышгіганцкай зоркі. Пасля прафесар адрэгуляваў астранамічныя прыборы і пачаў назіранні.

Неўзабаве яму ўдалося адшукаць у сістэме чатыры планеты, вылічыць іх дыяметры і арбіты, па якіх яны круціліся вакол Бетэльгейзе. Адна з гэтых планет, другая ад зоркі, мела арбіту, блізкую да зямной. Яна была прыкладна тых самых памераў, што і Зямля, з атмасферай з кіслароду і азоту, і, плывучы ў трыццаць разоў далей ад Бетэльгейзе, ніж Зямля ад Сонца, атрымлівала прыблізна тую ж колькасць цяпла, што і наша планета: гэта тлумачылася памерамі зоркі і яе параўнальна невысокай тэмператураю.

Мы вырашылі пачаць спярша даследаваць менавіта гэтую планету. Прыборы атрымалі новую праграму, і зоркалёт хутка выйшаў на пастаянную арбіту. Тут, спыніўшы рухавікі, мы маглі добра прыгледзецца да нашай абранніцы. Праз тэлескоп былі бачныя моры і кантыненты.

Наш карабель быў дрэнна прыстасаваны пад пасадкі на планеты. Дзеля гэтага былі прадугледжаны тры маленькія ракетапланы, якія мы называлі катэрамі. У адным з іх мы і размясціліся ўтрох, прыхапіўшы некаторыя вымяральныя прыборы, а таксама Гектара; у шымпанзэ, як і ва ўсіх нас, быў скафандр, да якога ён ужо прызвычаіўся ў час палёту. Што ж да зоркалёта, дык мы пакінулі яго на пастаяннай арбіце непадалёк ад планеты. Там ён быў у большай бяспецы, чым карабель на якарнай стаянцы ў порце, мы ведалі, што аўтаматыка не дасць яму адхіліцца ад арбіты.

Сесці на планету такога тыпу, што мы абралі, было ў нашым катэры зусім нескладана. Толькі мы ўвайшлі ў шчыльныя слаі атмасферы, як прафесар узяў на аналіз пробы паветра. Антэль прыйшоў да высновы, што на гэтай вышыні састаў паветра дакладна адпавядае зямному. Я не паспеў нават усвядоміць усёй важнасці такога цудоўнага супадзення: планета хутка набліжалася, і неўзабаве мы былі ўжо на вышыні не больш пяцідзесяці кіламетраў. Усе манеўры рабіліся аўтаматамі, і мне заставалася адно прыціснуцца тварам да ілюмінатара і назіраць, як імкліва набліжаўся невядомы свет, з хваляваннем прадчуваючы адкрыцці, што чакалі нас у ім.

Планета была проста надзіва падобная на Зямлю. Уражанне гэтае няспынна ўзмацнялася. Цяпер я ўжо на свае вочы бачыў контуры мацерыкоў. Паветра было блакітнае, чыстае, трохі зеленаватае, афарбаванае дзе-нідзе аранжавымі блікамі, як у нас у Правансе на схіле дня. Акіян таксама быў блакітнаваты з зялёным адценнем. Рысы ўзбярэжжа адрозніваліся ад усяго, што бачыў я на Зямлі, хоць я і імкнуўся ўпарта знайсці падабенства, якое так кінулася мне ў вочы ва ўсім астатнім! Ды колькі я ні прыглядаўся, абодва паўшар'і планеты нічым не нагадвалі ні наш Стары, ні Новы Свет.

Нічым? Даруйце. Нагадвалі — і сама галоўным! Планета была населеная. Мы праляталі над горадам, і досыць вялікім, ад якога ва ўсе бакі разбягаліся дарогі з дрэвамі абапал, а па саміх дарогах несліся аўтамабілі. Мне ўдалося ахапіць позіркам агульны план горада. Шырокія вуліцы. Вялікія белыя дамы з прастакутнымі мурамі.

Але нам прыйшлося «прызямліцца» ўдалечыні ад гэтага месца. Спачатку мы ляцелі над уробленымі палямі, пасля над густым, трохі рудаватым лесам, падобным на нашы экватарыяльныя джунглі. Мы ляцелі ўжо нізка. Пад намі з'явіліся плато з даволі вялікімі палянамі, вакол плато распасціралася перасечаная мясцовасць. Прафесар вырашыў нарэшце рызыкнуць і задаў прыборам новую, апошнюю праграму. Запрацавалі ракеты тармажэння. На некалькі імгненняў катэр замёр над палянаю, нібыта чайка, якая цікуе здабычу.

А потым, праз два гады пасля таго, як мы пакінулі Зямлю, наш катэр паціхеньку знізіўся і без адзінага штуршка апусціўся на сярэдзіну плато, зялёная трава якога нагадала мне нашыя нармандскія раўніны.


Раздзел IV


Апусціўшыся, мы досыць доўга сядзелі моўчкі і нерухома. Гэта, магчыма, дзіўна, але нам трэба было сабрацца з сіламі. Мы пайшлі на справу, у тысячу разоў больш незвычайную, чым падарожжы сама першых зямных мараходаў, і трэба было падрыхтавацца як след да сустрэчы з рознымі нечаканасцямі, пра якія з пакалення ў пакаленне марылі паэты, што апявалі міжзорныя пералёты.

Неверагодна, але мы адразу ж трапілі на планету, на якой былі, як і ў нас, і акіяны, і горы, і лясы, і палі, і гарады, і, натуральна, іх жыхары. Аднак, улічваючы, што, перш чым апусціцца, наш катэр праляцеў над джунглямі вялікую адлегласць, можна было меркаваць, што цяпер мы далёка ад цывілізаваных раёнаў.

Нарэшце мы вырашылі дзейнічаць. Надзеўшы скафандры, асцярожна прыадчынілі ілюмінатар. Ніводнага подыху ветру. Паміж унутраным і знешнім атмасферным ціскам — аніякае розніцы! Вакол паляны быццам мурамі якойсьці крэпасці ўзвышаўся густы лес, нерухомы, маўклівы — нішто не парушала поўнага спакою, які тут панаваў. Было дужа горача, але можна было цярпець: каля дваццаці пяці градусаў па Цэльсію.

Мы выйшлі з катэра разам з Гектарам. Напачатак прафесар Антэль вырашыў яшчэ раз зрабіць аналіз паветра. Вынік абнадзейваў: састаў паветра зноў быў той самы, што і на Зямлі; хіба што розніліся крыху прапорцыі рэдкіх газаў. Аднак мы вырашылі на ўсякі выпадак пачаць праверку паветра на практыцы з шымпанзэ. Калі з Гектара знялі скафандр, ён быў неверагодна шчаслівы і цудоўна сябе пачуваў. Апынуўшыся на волі, шымпанзэ нібыта ап'янеў. Зрабіўшы колькі скачкоў, ён кінуўся ў лес, узляцеў на дрэва і памчаўся далей, пераскокваючы з галіны на галіну. Неўзабаве ён зусім знік з нашых вачэй, згубіўшыся ў лістоце, нягледзячы на ўсе нашы заклікі.

Тады мы таксама знялі скафандры. Стала, вядома, ямчэй і ісці і перагаворвацца. Але гукі нашых галасоў, пачутыя натуральнымі, а не трансфармаванымі, як у скафандры, усё-такі збянтэжылі нас; мы баязліва ступілі колькі крокаў ля катэра, не асмельваючыся адысці ад яго.

Але сумненняў у тым, што мы апынуліся на планеце, якая даводзілася сястрою-двойняю нашай Зямлі, ужо не было. Расліннасць тут была вельмі пышная: асобныя дрэвы сягалі ў вышыню на сорак метраў і болей. А неўзабаве мы прыкмецілі і першыя жывыя істоты: буйныя чорныя птушкі луналі ў небе, бы каршуны, а іншыя, драбнейшыя, вельмі падобныя на папугаяў, з піскам ганяліся адна за адною.

Яшчэ да пасадкі мы заўважылі прыкметы развітай цывілізацыі. Разумныя істоты — пакуль што мы не асмельваліся называць іх, не ўбачыўшы, людзьмі — змянілі аблічча планеты. Аднак тут, вакол нас, лес здаваўся ненаселеным. Зрэшты, у гэтым не было нічога дзіўнага: калі б мы выпадкова зваліліся з неба ў якім-небудзь закутку азіяцкіх джунгляў, нас бы таксама ўразіла некранутасць мясцін чалавекам.

Перш чым пачаць што-небудзь рабіць, мы далі, параіўшыся, планеце імя. За неверагоднае падабенства з Зямлёю мы назвалі яе Сарора[4].

Пасля, вырашыўшы, не марнуючы часу, пачаць разведку, рушылі ўтрох у глыб лесу па сцяжынцы, пратаптанай, мусіць, звярамі. У мяне і Артура Левэна былі карабіны. Што ж да прафесара, то ён з пагардаю ставіўся да матэрыяльнай зброі, паважаючы толькі інтэлектуальную моц. Ішлі мы надзіва лёгка і хутка, але не таму, што сіла цяжару была тут меншая — нават у гэтым Сарора нічым не адрознівалася ад Зямлі, — проста, набыўшы нармальную вагу пасля палутарнай, да якой прывыклі ўжо на караблі, мы гатовыя былі скакаць, бы козлікі.

Мы ішлі ланцужком, адзін за адным, аклікаючы раз-пораз Гектара, але той па-ранейшаму не паказваўся. Раптам Левэн, які ішоў наперадзе, спыніўся і даў нам знак прыслухацца. Сапраўды, аднекуль чуўся гук, падобны на шум вадаспада. Мы рушылі ў гэтым кірунку, і неўзабаве гук стаў яснейшы, так што ў нас зніклі сумненні наконт яго паходжання.

Хутка мы ўбачылі гэты вадаспад. Мы доўга дзівіліся прыгажосці відовішча, якім нас сустрэла Сарора. Чысты, празрысты, як нашыя горныя крыніцы, паток пятляў каскадам па схоне і зрываўся ўніз з вяршыні скалы, разбіваючыся непадалёк ад нас аб камяні ў невялічкім возеры, паверхня якога гарэла і пералівалася ўсімі колерамі вясёлкі — гіганцкая Бетэльгейзе дасягнула ў той час свайго зеніту.

Было ўжо так горача, а вада выглядала так спакушальна, што мы з Левэнам адразу ж падумалі пра адно і тое ж. Скінуўшы адзежу, мы хацелі былі нырнуць у возера ўніз галавою, але прафесар сказаў, што, апусціўшыся колькі хвілін назад на невядомую планету, варта дзейнічаць больш асцярожна. А што, калі гэта не вада, а якаясь іншая вадкасць, можа, нават ядавітая? Ён сам наблізіўся да берага, сеў на кукішкі, прыгледзеўся, прынюхаўся і толькі тады акунуў у возера палец. Потым зачарпнуў троху падазронай вадкасці ў далонь і пакаштаваў яе нарэшце на смак кончыкам языка.

— Напэўна, вада, — прамармытаў Антэль.

Ён нахіліўся ўперад, каб яшчэ раз апусціць руку ў возера, і раптам бы скамянеў. Пасля ўскрыкнуў і паказаў пальцам на след на пяску. Большага ўзрушэння я, здаецца, не адчуваў ніколі! Над нашымі галовамі палала агромністая Бетэльгейзе, а на вузкім лапіку сырога пяску абсалютна выразна вымалёўваўся след чалавечай нагі.


Раздзел V


— След жаночай нагі, — пераканана сказаў Артур Левэн.

Такая рашучая заява дрыготкім ад хвалявання голасам не здзівіла мяне ані. Вытанчанасць і незвычайная прыгажосць адбітку на пяску кідаліся ў вочы. У тым, што гэта след чалавечай нагі, не было ніякіх сумненняў. Мажліва, тут прайшоў юнак або мужчына маленькага росту, але куды больш пэўна можна было сказаць, што след належыць якойсьці прыгажуні.

— Значыцца, Сарора населена людзьмі, — прамармытаў прафесар.

У ягоным голасе прагучала вельмі непрыемная мне нотка расчаравання. Антэль прывычна паціснуў плячыма і стаў аглядапь разам з намі пясчаны бераг возера. Мы знайшлі яшчэ колькі слядоў той самай істоты. Неўзабаве Левэн знайшоў за некалькі метраў ад берага яшчэ адзін след — ужо на сухім пяску, але таксама вільготны.

— Яна была тут сама больш хвілін пяць назад! — сказаў Левэн. — Купалася тут, пачула нашы галасы і ўцякла.

Мы ўсе былі перакананыя, што след належыць жанчыне. Затаіўшы дыханне, пачалі ўзірацца ў лясны гушчар, але там ніводзін сучок не трэснуў.

— У нас яшчэ будзе час пазнаёміцца, — сказаў Антэль, зноў паціснуўшы плячыма. — Але калі тут купаўся чалавек, значыцца, і мы можам асвяжыцца, нічога не баючыся.

Шаноўны прафесар умомант скінуў з сябе адзежу і адразу ж палез у возера. Услед за ім адважыўся і я. Пасля доўгага пералёту вада здалася нам такой свежай, такой прыемнай, што, зайшоўшы ў яе, мы адразу ж забыліся на сваё адкрыццё. Толькі Левэн задумаўся аб нечым і стаяў на месцы бы ўкапаны, усё роўна як і не з намі ён быў, а дзесьці зусім далёка адсюль. Я ўжо хацеў падражніць яго, як раптам убачыў уверсе, над вадаспадам, жанчыну!

Ніколі не забуду гэтага відовішча. Ад казачнай прыгажосці дзяўчыны, якая раптам з'явілася перад намі пад вогненна-чырвонымі промнямі Бетэльгейзе, у мяне заняло дух. Дальбог, у зіхоткай вясёлцы пырскаў гэтая дачка Сароры была падобная на багіню. Зусім голая, яна не таіла сваёй спакуслівай прыгажосці, такой кідкай у неверагодна моцным святле Бетэльгейзе, — за адзіныя строі былі ў яе доўгія, да пояса валасы. І хоць за два гады мы адвыклі ад жанчын і нам не было з кім параўнаць гэтую німфу, ніхто з нас, апісваючы дзяўчыну, не змог бы перабольшыць яе прыгажосці. Незнаёмая, што нерухома, бы статуя на п'едэстале, замерла на скале, мела сама ідэальную фігуру, якую толькі мог уявіць сабе зямлянін. Зачараваныя, мы з Левэнам нават уздыхнуць баяліся. Прафесар Антэль і той, як мне здалося, застыў уражаны.

Дзяўчына стаяла, падаўшыся наперад, з трохі адведзенымі назад рукамі, быццам ныральшчыца, гатовая кінуцца ў ваду. Яна назірала за намі і была збянтэжаная не менш за нас. Я быў такі ўсхваляваны, што нават не ўбачыў, які ў яе твар, хоць і досыць доўга ўзіраўся ў яе, — гэтак загіпнатызавала мяне яе дзіўнае цела. Толькі праз якую хвіліну я адзначыў сам сабе, што яна белая — скура ў яе была хутчэй залацістая, чым смуглявая, — даволі высокая, але не занадта. Пасля разгледзеў бездакорныя рысы чыстага твару, які можа хіба што прысніцца. І ўрэшце стаў узірацца ў вочы.

Тут я ажно ўздрыгнуў, такі нязвыклы для майго зямнога зроку быў у дзяўчыны позірк. Што ж, жыхарка такога далёкага свету павінна была хоць чымсьці адрознівацца ад нас. Але што ў яе вачах было не так, як у нас, я пакуль што, як ні намагаўся, вызначыць не мог. Адчуваў толькі, што позіркі нашыя зусім розныя. І не ў колеры яе вачэй была прычына такога ўражання, хоць іх шэры колер і меў даволі рэдкае на Зямлі адценне. Дзіўны быў выраз гэтых вачэй, дакладней, адсутнасць выразу: яны былі зусім пустыя і нагадвалі мне вочы адной няшчаснай вар'яткі, якую давялося некалі сустрэць.

Толькі ў позірку гэтай німфы над вадаспадам было не вар'яцтва, не!

Калі дзяўчына заўважыла, што за ёй назіраюць, яна раптам імгненна адскочыла, усё роўна як яе апякло ці ўдарыла токам. У гэты момант яна была падобная на спалоханага звярка. І гэта не быў спалох цнатлівай нявінніцы, якую заспелі голай, інакш бы яна не назірала за намі стоячы на адкрытым месцы ў такім выглядзе. Проста яе вочы не маглі або не хацелі вытрымліваць мой позірк. Павярнуўшы галаву ўбок, яна ўпотайкі паглядвала цяпер на нас скосу.

— Я ж казаў вам, што гэта жанчына, — прамармытаў Артур Левэн.

Ён усхвалявана вымавіў гэтыя словы голасам, ледзь чутным і нам самім, амаль шэптам, аднак дзяўчына пачула яго. Левэнавы словы прагучалі для яе, бы пярун: яна зноў адскочыла назад, і так хутка, што зноў нагадала мне спалоханага звярка, які кінецца зараз уцякаць. Але, адступіўшы на два-тры крокі і амаль што поўнасцю схаваўшыся за скалою, яна ўсё ж спынілася. Цяпер я бачыў толькі яе лоб і адно вока, якое пільнавала нас.

Мы нават паварушыцца не смелі, баючыся, што пры першым жа нашым руху яна знікне. І гэта супакоіла яе. Праз нейкі час яна зноў з'явілася на краі абрыву. І тут занадта ўсхваляваны Левэн не стрымаўся.

— Ніколі не бачыў нічога падобнага… — пачаў ён і адразу ж асекся, зразумеўшы сваю неасцярожнасць: дзяўчына зноў адскочыла і схавалася, напалоханая ягонымі словамі.

Тады прафесар даў нам знак змоўкнуць і пачаў плюхацца ў возеры, усё роўна як і не зважаючы на яе. Паглядзеўшы на Антэля, мы сталі рабіць тое ж самае. Тактыка была выбрана ўдала: дзяўчына не толькі зноў наблізілася да нас, але і пачала захоплена назіраць за нашымі заплывамі і ныркамі, што яшчэ больш распаліла нашую цікаўнасць. Вы бачылі калі-небудзь, як паводзіць сябе на пляжы побач з гаспадаром, які купаецца, баязлівае сабачаня? Яму да смерці хочацца ўскочыць у ваду, але яно не асмельваецца. Яно кідаецца ўперад, назад, адбягае ад вады, зноў вяртаецца, атрасаецца. Акурат гэтаксама ж паводзіла сябе дзяўчына.

І тут мы пачулі яе голас! Аднак гукі з яе вуснаў адно ўзмацнілі нашае ўражанне аб ёй, як аб нейкім звярку. У гэты момант яна стаяла ля самага краю абрыву, сваёй, так бы мовіць, курасадні, і, здавалася, была гатовая нырнуць у возера. На нейкае імгненне яна перастала кідацца, бы сабачаня. Разявіла рот. Я стаяў трохі ўбаку і мог назіраць за ёю, застаючыся непрыкметны. Думаў, што цяпер яна скажа нам штосьці, крыкне. Быў гатовы пачуць словы сама прымітыўнай мовы, але толькі не тыя дзіўныя гукі, што вылецелі з яе горла. Але, менавіта з горла, бо ні рот, ні язык не маглі б утварыць пачуты намі віск ці піск, якім дзяўчына перадала сваё захапленне. Радасць звярка. Падобныя гукі можна пачуць у нашых заалагічных садах ад маладых шымпанзэ ў час гульні.

Мы плюхаліся ў возеры, з усяе сілы робячы выгляд, што не звяртаем на яе аніякае ўвагі, — і нарэшце яна рашылася. Прысела і пачала хутка спускацца да нас, чапляючыся рукамі за ледзь прыкметныя выступы. Вытанчанасць яе рухаў была проста неверагодная. Гнуткае залатаскурае цела дзяўчыны скрозь вясёлкавую смугу вадаспада здавалася нам феерычньм. Праз некалькі імгненняў яна ўжо была на самым беразе возера. Прысеўшы на камень, дзяўчына нейкі час разглядвала нас, потым нырнула і паплыла да нас.

Мы зразумелі, што яна хоча падурэць з намі, і пачалі плюхацца яшчэ з большым імпэтам, але так, каб не напалохаць яе. Дзяўчына плавала, хутка заграбаючы ваду рукамі і нагамі, як плаваюць сабакі, і яе распушчаныя валасы слаліся за ёю, быццам хвост каметы. І ўрэшце, вельмі хутка, пачалася гульня, ход якой задала незнаёмая. Сапраўды дзіўная забава, якая нагадвала гульні цюленяў у басейне: мы ганяліся адно за адным і нечакана ўцякалі ў той самы момант, калі, здавалася б, павінны былі вось-вось дакрануцца адно да аднаго. Усё гэта было, ведама ж, дзіцячае свавольства, але на якія толькі хітрыкі мы б не пайшлі, каб прыручыць чароўную дзяўчыну! Я заўважыў, што нават прафесар Антэль з непрыхаваным задавальненнем прымаў удзел у нашай гульні.

Нашы водныя забавы працягваліся досыць доўга, мы ўжо трохі стаміліся, калі мяне раптам збянтэжыў дзіўны, недарэчны ў гэтай сітуацыі выраз твару ў дзяўчыны: ён быў абсалютна сур'ёзны. Незнаёмая з відавочным задавальненнем плюхалася з намі, забаўляючыся прапанаванай ёю самою гульнёй, аднак на твары ў яе так і не прамільгнула ўсмешка. Вось ужо некалькі хвілін мне не давала спакою нейкае цяжкае цьмянае пачуццё, і толькі цяпер я зразумеў, што турбавала мяне: дзяўчына не смяялася і не ўсміхалася, хіба што час ад часу з яе горла вырываўся нягучны віск, якім яна, мусіць, перадавала сваё захапленне.

Я вырашыў зрабіць дослед. Калі дзяўчына наблізілася да мяне, я паглядзеў ёй у самыя вочы і, пакуль яна не паспела павярнуць назад, шырока ўсміхнуўся з усёй пяшчотаю і зычлівасцю, на якія толькі быў здольны.

Вынік быў неверагодны. Дзяўчына спынілася, устала нагамі на дно — у гэтым месцы вада даходзіла ёй да пояса — і выставіла наперад скурчаныя пальцы з доўгімі пазногцямі. Яна баранілася ад мяне! Потым адскочыла і кінулася на бераг. Там яна азірнулася і зноў застыла, як і на версе абрыву, насцярожана паглядваючы на мяне, бы звярок, які адчуў небяспеку. Магчыма, яна зноў даверылася б нам, бо, умомант сагнаўшы з твару ўсмешку, я зноў пачаў плаваць туды і назад з сама нявінным выглядам. Але тут дзяўчыну яшчэ мацней за маю ўсмешку ўстрывожыла новае здарэнне: спачатку мы пачулі ў лясным гушчары нейкі шум, а потым перад намі з'явіўся наш сябар Гектар. Пераскокваючы з галіны на галіну, ён спусціўся на зямлю і зачыкільгаў да возера, радуючыся гаспадарам. І тут твар у дзяўчыны скрывіўся ў звярынай грымасе лютасці і проста неверагоднага жаху! Яна ўся сціснулася, літаральна зліўшыся з каменнем, мускулы яе напружыліся, ногі падагнуліся, быццам для скачка, а пальцы скурчыліся, нібыта яна выпусціла кіпцюры. І ўсё гэта з-за маленькай смешнай малпы, якая спяшалася развесяліць нас сваім крыўляннем!

Усё здарылася імгненна. Калі Гектар, не зважаючы на дзяўчыну, параўняўся з ёю, тая выпрасталася, быццам спружына, і, скокнуўшы да яго, сашчапіла на шыі ў шымпанзэ рукі, а нагамі, бы ціскамі, абхапіла ягонае цельца, так што ён і паварушыцца не мог. Напад быў такі раптоўны, што мы не паспелі ўмяшацца. Гектар слаба тузануўся і застыў. Праз некалькі секунд дзяўчына адкінула яго — ён быў ужо мёртвы. Гэтая боскай прыгажосці істота — у рамантычным парыве я назваў дзяўчыну раней пра сябе Нова, бо з'яўленне яе перад намі можна было параўнаць хіба што з узыходжаннем зоркі на небе — узяла дый задушыла ні з таго ні з сяго бяскрыўднага ручнога звярка.

Калі мы нарэшце аправіліся ад шоку і кінуліся Гектару на дапамогу, было ўжо позна. Дзяўчына павярнулася да нас і зноў выцягнула рукі, быццам збіралася ўчапіцца цяпер ужо ў нас. Верхняя губа ў яе прыўзнялася, ашчэрыліся зубы. Выгляд у дзяўчыны быў такі люты, што мы замерлі на месцы. Потым яна гучна і працяжна ці то крыкнула, ці то ўзвыла — гук гэты можна было прыняць за кароткую песню перамогі ці папярэджанне, — і кінулася ў гушчар. Праз імгненне яе залацістаскурае цела, мільгануўшы апошні раз паміж кустоў, схавалася ў зарасніку, і мы зноў засталіся адны сярод маўклівага лесу.


Раздзел VІ


— Гэта дзікунка, — сказаў я нарэшце. — Можа, яна з якога-небудзь адсталага племені накшталт тых, што знаходзяць яшчэ ў Новай Гвінеі ці ў лясах Афрыкі?

Зрэшты, я сказаў гэта без асаблівай упэўненасці. І Артур Левэн адразу ж асадзіў мяне.

— У якіх гэта прымітыўных плямёнаў бачыў ты такую дасканаласць формаў і гарманічнасць рухаў? — спытаўся ён ледзь не са злосцю.

Я не знайшоў што і адказаць: Левэн сто разоў меў рацыю.

Прафесар Антэль хоць і быў цяпер надзвычай задуменны, але пачуў усё ж такі нашую размову.

— Нават у сама прымітыўных нашых плямёнаў ёсць мова, — заўважыў ён. — А гэтая дзівачка не ведае ніводнага слова.

Мы абшнырылі ўсё наваколле, але не знайшлі ніякіх слядоў незнаёмай. Тады вярнуліся на паляну, дзе стаяў наш катэр. Прафесар Антэль хацеў адразу ж узляцець, каб апусціцца ў больш цывілізаваным раёне. Аднак Левэн прапанаваў пачакаць яшчэ хоць бы суткі і паспрабаваць наладзіць кантакт з жыхарамі джунгляў. Я падтрымаў яго, і ўрэшце Левэнава прапанова была прынятая і Антэлем. Мы не рашыліся прызнацца адзін аднаму, што нас утрымлівала тут надзея яшчэ раз убачыць незнаёмую.

Дзень закончыўся без новых здарэнняў. Настаў час захаду, і мы залюбаваліся гіганцкай Бетэльгейзе, што знікала спакваля за гарызонтам: зямлянін не можа ўявіць сабе такога фантастычна прыгожага відовішча. І тут мы адчулі, што ў джунглях нешта змянілася: яны напоўніліся таемнымі гукамі і шолахамі. Нам здавалася, што адусюль за намі сочаць скрозь лісце нейкія нябачныя істоты. Аднак ноч прайшла спакойна: мы замкнуліся ў катэры і па чарзе дзяжурылі да раніцы. На золку непрыемнае пачуццё таго, што за намі сочаць, узмацнілася. Мне нават здалося, што з лесу даносяцца кароткія прарэзлівыя крыкі, накшталт тых, што мы чулі напярэдадні ад Новы. У нашым уяўленні лес ужо кішма кішыць невядомымі істотамі, але ніводная так і не з'явілася.

Трохі пазней мы вырашылі яшчэ раз схадзіць да вадаспада. Усю дарогу нас гняло ўсё тое ж непрыемнае пачуццё, што нейкія істоты, ідучы ўслед, неадступна сочаць за намі, не рашаючыся, аднак, паказацца. Але ж яшчэ ўчора Нова выйшла ўсё-такі нарэшце да нас.

— Можа, іх палохае нашая адзежа? — сказаў раптам Артур Левэн.

Мяне, бы маланкай, працяла здагадка! Я дакладна ўспомніў, як Нова, задушыўшы Гектара, кінулася ўцякаць і наткнулася на нашу зваленую ў кучу адзежу. Яна ўмомант шарахнулася ўбок, бы спалоханы конь.

— Зараз паглядзім! — сказаў я.

І вось, раздзеўшыся дагала, мы, як і мінулы раз, кінуліся ў возера і прыняліся дурэць з сама бесклапотным выглядам.

Выпрабаваныя ўжо аднойчы хітрыкі зноў далі чаканы вынік. Праз некалькі хвілін мы заўважылі на абрыве Нову, хоць і не прыкмецілі, як яна туды трапіла. Гэтым разам дзяўчына была не адна. Побач з ёю стаяў зусім голы мужчына, на выгляд звычайны зямлянін, ужо ў гадах. Асобныя яго рысы настолькі нагадвалі твар нашае багіні вадаспада, што я прыняў мужчыну за яе бацьку. Як і яна, ён разглядваў нас з трывогаю і недаўменнем.

Паступова вакол нас пачалі з'яўляцца ўсё новыя і новыя людзі. Мы напусцілі на сябе абыякавы выгляд. Людзі выходзілі з лесу і набліжаліся да возера з усіх бакоў, акружаючы нас. Усе яны, мужчыны і жанчыны, статныя, залацістаскурыя, былі вельмі прыгожыя. Яны ўзбуджана жэстыкулявалі, зрэдку коратка ўскрыкваючы.

Кола сарорцаў самкнулася, і нас ахапіла трывога: эпізод з Гектарам міжволі насцярожыў. Аднак у паводзінах людзей не было анічога пагрозлівага: мусібыць, іх усяго толькі, гэтаксама ж як і Нову, цікавілі нашыя гульні ў вадзе.

Так яно і было! Неўзабаве Нова, якую я ўжо лічыў нашай старой знаёмаю, кінулася ў возера, а за ёй пасля больш-менш доўгіх ваганняў і ўсе астатнія. Мы распачалі нашыя ўчарашнія забавы, ганяючыся адзін за адным, быццам цюлені. Розніца была толькі ў тым, што сёння вакол нас плюхаліся і фыркалі прынамсі два дзесяткі дзіўных істот, чые сур'ёзныя твары надта ўжо не стасаваліся да іх дзіцячых паводзін.

Прайшло хвілін пятнаццаць, і мяне агарнула стома. Няўжо мы імкнуліся да такой далёкай Бетэльгейзе дзеля такіх вось дзіцячых забаў? Мне стала сорамна за сябе. Я засмучана пазіраў на нашага мудраца Антэля, які аддаваўся гэтай наіўнай гульні з відавочным задавальненнем. Але што нам, зрэшты, заставалася яшчэ рабіць? Наўрад ці хто можа ўявіць, як цяжка наладзіць кантакт з істотамі, якія не ўмеюць ні гаварыць, ні нават усміхацца. Аднак я спрабаваў дамагчыся іх разумення. Пачаў жэстыкуляваць, стараючыся ўкласці ў кожны жэст пэўнае значэнне. З сама зычлівым выглядам, на які толькі быў здольны, складваў рукі на грудзях. Кланяўся «па-кітайску». Пасылаў паветраныя пацалункі. Але ўсе мае руплівыя спробы не мелі ніякага поспеху. У вачах у сарорцаў не запалілася аніводнай іскаркі разумення.

Калі мы абмяркоўвалі ў час пералёту магчымасць сустрэчы з невядомымі істотамі, то якіх толькі стварэнняў сабе не ўяўлялі, нават пачвар, зусім непадобных на нас, але заўсёды былі ўпэўненыя, што стварэнні гэтыя абавязкова маюць розум. А тут усё было якраз наадварот: мы натрапілі на людзей, абсалютна ідэнтычных нам фізічна, але, выяўлялася, зусім без прыкмет розуму. Як інакш можна было растлумачыць неверагодна пустыя позіркі Новы і яе супляменнікаў: поўная адсутнасць свядомасці, думкі, душы…

Іх цікавіла толькі гульня. Да таго ж, гульня сама бязглуздая! Надумаўшы трохі яе ўскладніць — толькі крышачку, каб не спудзіць сарорцаў, — мы стварылі кола і, стоячы па пояс у вадзе, завялі нешта накшталт карагода: пачалі падымаць і апускаць рукі, як гэта робяць маленькія дзеці. Але выдумка наша нікогане захапіла. Большасць дзікуноў адплылася далей, а тыя нямногія, што засталіся, утаропіліся на нас такім безнадзейна пустым позіркам, што, разгубіўшыся, мы бяссільна здранцвелі.

Збянтэжанасць наша ледзь не прывяла да катастрофы. Калі нарэшце да нас дайшло, што трое самавітых мужчын, адзін з якіх — вучоны з сусветна вядомым іменем, узяўшыся за рукі, вядуць як дзеці карагод, мы не ўтрымаліся. Мы так доўга намагаліся захаваць сур'ёзнасць, што настала натуральная разрадка. Мы рагаталі як дурні, згінаючыся ад смеху напалам, — і ніяк не маглі супакоіцца.

Гэты міжвольны выбух нашай бязглуздай весялосці нарэшце выклікаў у сарорцаў рэакцыю — толькі зусім непажаданую. Над возерам бы шквал пранёсся! Людзі ў паніцы кінуліся ўцякаць ад нас ва ўсе бакі — убачыў бы хто знянацку такое недарэчнае відовішча на зямлі, аслупянеў бы, не верачы вачам. Праз некалькі імгненняў мы засталіся ў вадзе адны. Дзікуны сабраліся ў натоўп на беразе ў сама далёкім ад нас канцы возера і проста дрыжалі — хто ад страху, хто ад лютасці. Адны спалохана ўскрыквалі, другія пагрозліва размахвалі рукамі. Твары ў іх былі такія скажоныя, што мы з Левэнам устрывожыліся і пачалі падбірацца да зброі. Толькі мудры Антэль захоўваў спакой і шэптам пераканаў нас не толькі не страляць, але нават не хапацца за стрэльбы, пакуль гэтыя людзі трымаюцца ўдалечыні.

Не спускаючы з іх вачэй, мы пачалі таропка адзявацца. Але толькі паспелі нацягнуць штаны і накінуць кашулі, як узбуджанасць дзікуноў перайшла ледзь не ў істэрыку. Выдавала на тое, што яны проста бачыць не маглі без раздражнення адзетых людзей! Некаторыя кінуліся ўцякаць, астатнія наблізіліся да нас, выставіўшы рукі з пагрозліва скручанымі пальцамі. Я схапіўся за карабін. І, як ні дзіўна, гэтыя тупыя істоты зразумелі, напэўна, што гэта мусіць значыць, бо ўмомант зніклі ў лясным гушчары.

Мы спешна вярнуліся да нашага катэра. Усю дарогу назад мяне ні на секунду не пакідала непрыемнае пачуццё, што за мною сочаць — нябачна, нячутна ідуць за намі па пятах.


Раздзел VІІ


Напад быў такі нечаканы, што пра абарону думаць не прыйшлося. Мы падыходзілі ўжо да паляны, калі сарорцы з хуткасцю аленяў выскачылі з гушчару і накінуліся на нас раней, чым мы паспелі ўскінуць стрэльбы.

Самае цікаўнае ў гэтым нападзе было тое, што не супраць нас быў ён накіраваны. Я гэта адразу адчуў, і мая здагадка ўмомант пацвердзілася. Нас не чакаў сумны лёс Гектара: сарорцы рабілі замах не на нашае жыццё, а толькі на адзежу і рыштунак. Нас імгненна прыціснулі да зямлі. Дзесяткі рук ліхаманкава адкідвалі як мага далей стрэльбы, патроны, змесціва паходных мяшкоў, здзіралі з нас адзежу і адразу ж ірвалі яе на шматкі. Скеміўшы, што менавіта выклікае лютасць дзікуноў, я перастаў супраціўляцца, і ў выніку мяне толькі крыху падрапалі. Убачыўшы гэта, Антэль і Левэн паводзілі сябе гэтаксама ж, і неўзабаве мы засталіся ў чым маці нарадзіла сярод натоўпу сарорцаў. Тыя адразу ж супакоіліся і пачалі гарэзаваць вакол нас, не дазваляючы, аднак, аддаліцца ад іх ні на крок, каб мы не ўцяклі.

Цяпер на ўзлессі сабралася не менш як паўсотні гэтых дзівакоў. Адны акружылі нас, другія кінуліся да катэра. Дзверы хутка паддаліся іх націску. Сарорцы пачалі спусташаць катэр з той санай лютасцю, з якой толькі што рвалі адзежу. Я з адчаем глядзеў на тое, як яны нявечылі такую неабходную нам апаратуру, але думка мая тым часам не пераставала працаваць, і, здаецца, я ўцяміў галоўнае: гэтых людзей раз'юшвалі прадметы! Усё штучна вырабленае выклікала ў іх лютасць і страх адначасна. Ледзь ім трапляўся ў рукі якісьці інструмент, яны ўмомант яго разбівалі, расплюшчвалі або ламалі і адразу ж адкідвалі як мага далей, быццам гэта было распаленае жалеза, а калі хапалі зноў, дык толькі каб знішчыць канчаткова. Мне яны нагадвалі мангустаў, якія нападаюць на змей, ці кошак у паядынку з пацукамі: кошкам вялікі пацук, нават паўмёртвы, усё яшчэ можа быць вельмі небяспечны. Я ўжо адзначыў, што яны справіліся з намі голымі рукамі, не карыстаючыся ніякай зброяй, нават палкаю.

Мы ў бяссільным адчаі назіралі за тым, як сарорцы нішчаць катэр. Дзікуны зруйнавалі, разбілі ўсё, што толькі магло быць разбіта і зруйнавана, усе каштоўныя навігацыйныя прыборы, абломкамі якіх была спрэс пакрыта цяпер паляна. Пагром працягваўся досыць доўга. Нарэшце, калі ад катэра застаўся адзін металічны корпус, пагромшчыкі вярнуліся да нас. Падштурхоўваючы і тузаючы за рукі, яны павялі нас у лясны гушчар.

Становішча нашае рабілася ўсё больш безвыходнае. Абяззброеныя, раздзетыя, босыя, мы былі вымушаны ледзь не бегчы разам з усёю зграяю, не маючы магчымасці перакінуцца словам. Любая спроба загаварыць выклікала такую пагрозлівую рэакцыю, што нам прыйшлося ўрэшце тужліва змоўкнуць. А між тым вакол нас былі такія ж людзі, як і мы самі! Былі б яны адзетыя і прычасаныя, дык у нас на Зямлі на іх ніхто б і ўвагі не звярнуў. Праўда, тут кожную жанчыну можна было смела назваць прыгажуняю. Аднак ніводная з іх не магла параўнацца ў пагляднасці з Новаю, якая бегла цяпер за намі па пятах.

Кожны раз, калі мяне пачыналі падганяць залішне груба і бесцырымонна, я азіраўся ў надзеі ўбачыць на твары ў яе хоць намёк на спагаду, і аднойчы мне здалося, што Нова шкадуе мяне. Але, вядома, я прымаў жаданае за сапраўднае. Толькі мае вочы сустракаліся з яе вачыма, як яна адразу ж адводзіла позірк — па-ранейшаму пусты.

Гэтак мы беглі некалькі гадзін. Я ледзь не падаў ад стомы, ногі мае крываточылі, усё цела было падрапана калючымі галінамі, між якімі сарорцы праслізгвалі, бы змеі, без ніякай шкоды для сябе. Таварышы мае пачувалі сябе не лепш за мяне. Прафесар Антэль спатыкаўся ўжо на кожным кроку, калі мы нарэшце дабраліся да мэты гэтага вар'яцкага забегу.

Лес парадзеў, зарасці кустоўя змяніліся палянамі з невысокаю травою. Тут нашы «праважатыя» пакінулі нас і, нібыта забыўшыся на нашае існаванне, зноў пачалі ганяцца адно за адным паміж дрэвамі — выдавала на тое, што гэта быў галоўны занятак у іх жыцці. Мы ж зваліліся ад стомы на траву і скарысталіся перадышкаю, каб шэптам перагаварыцца.

Левэн, як і я, быў у поўным адчаі, і спатрэбілася мудрасць нашага патрона, які здолеў падбадзёрыць нас. Ужо вечарэла. Мы, вядома, маглі скарыстацца бесклапотнасцю дзікуноў і ўцячы, але куды? Катэр быў зруйнаваны. У нас не было больш разумнага выйсця, чым застацца тут і паспрабаваць улагодзіць гэтых варвараў. Да таго ж, нам страшэнна хацелася есці.

Мы ўсталі і нерашуча пабрылі па лесе. Сарорцы па-ранейшаму бяздумна дурэлі, не звяртаючы на нас ніякае ўвагі. Мабыць, толькі Нова не забылася на нас. Яна пайшла за намі, трымаючыся трохі ззаду, і адварочвала галаву кожны раз, калі мы азіраліся. Паблукаўшы крышку па паляне, мы ўбачылі, што знаходзімся ў чымсьці накшталт стойбішча першабытных людзей, толькі тут замест буданоў былі зладжаны з ламачча — на зямлі ці ў развілках ніжніх галін — нейкія прымітыўныя гнёзды, падобныя на тыя, што робяць буйныя малпы ў нашых афрыканскіх лясах. Некаторыя гнёзды былі занятыя. Мужчыны і жанчыны — не ведаю, як інакш можна назваць сарорцаў рознага полу, — драмалі ў гнёздах, часта парамі, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго ці скурчыўшыся, бы сабакі ў халоднае надвор'е. У большых гнёздах размяшчаліся цэлыя сем'і: мы прыкмецілі дзяцей, якія спалі ў іх, — яны здаліся нам прыгожымі і дужымі.

Але страўнікі нашы ад усіх назіранняў не папаўнелі. Нарэшце мы заўважылі пад адным дрэвам сям'ю, якая прыступіла да трапезы, але іхняя ежа не магла спакусіць нас. Зубамі і пазногцямі яны раздзіралі на часткі тушу нейкай буйной жывёліны, падобнай на аленя. Адрываючы крывавыя кавалкі, сарорцы жэрлі іх, выплёўваючы толькі шматкі шкуры. Увогуле мы не знайшлі ва ўсім стойбішчы аніводнага ачага. Нас ванітавала ад аднаго толькі віду такога абеду. Да таго ж, выявілася, што ніхто і не збіраецца нас частаваць. Наадварот, ледзь мы наблізіліся на некалькі крокаў да гэтай сямейкі, як пагрозлівае бурчанне вымусіла нас таропка адступіць.

Але тут нам дапамагла Нова. Магчыма, яна ўрэшце зразумела, што мы галодныя, хоць я ў гэтым і не ўпэўнены. Ці магла яна ўвогуле хоць што-небудзь зразумець? Не ведаю. Проста, хутчэй за ўсё, сама згаладалася. Ва ўсякім разе, наблізіўшыся да высокага дрэва, Нова абхапіла ствол рукамі і нагамі і, хутка падцягваючыся, дабралася да ніжніх галін і знікла ў лістоце. Неўзабаве адтуль градам пасыпаліся плады, падобныя на бананы. Потым Нова спусцілася на зямлю і, скоса паглядаючы на нас, пачала ўплятаць гэтыя бананы. Пасля нядоўгіх ваганняў мы рызыкнулі пакаштаваць іх. Яны былі смачныя, і нам удалося заглушыць голад. Нічога супраць таго, што мы далучыліся да яе, Нова не мела. Мы напіліся з ручая і вырашылі, што тут і заначуем.

Кожны выбраў сабе месца, дзе можна было б зладзіць такое ж гняздо, як і ў сарорцаў. Нова настолькі зацікавілася нашай работаю, што нават наблізілася да мяне і дапамагла зламаць адну непадатлівую галіну.

Мяне гэта кранула, а маладога Левэна, пэўна, раззлавала, бо ён бухнуўся на траву і павярнуўся да нас спінаю. Што ж да прафесара, то ён даўно ўжо спаў, зламаны стомаю.

Я забавіўся, стараючыся лепей уладкавацца. Нова па-ранейшаму назірала за мной збоку. Калі я нарэшце ўлёгся, яна, павагаўшыся досыць доўгі час, падышла да мяне дробнымі, няўпэўнымі крокамі. Я замёр, баючыся спалохаць яе. Пастаяўшы каля мяне, яна ўлеглася побач. Я ляжаў, не дазваляючы сабе нават паварушыцца. Урэшце яна даверліва прыціснулася да мяне, і цяпер мы ўжо нічым не адрозніваліся ад астатніх парачак гэтага дзіўнага племені. Але, нягледзячы на неверагодную прыгажосць Новы, жанчыны ў ёй я не адчуваў. Яна паводзіла сябе бы ласкавая хатняя жывёліна, якой хочацца сагрэцца побач з гаспадаром. Мне таксама была прыемная цеплыня яе цела, але ніякага жадання яна ўва мне не ўзбуджала. Урэшце я так і заснуў, змарнелы, зусім побач з гэтай надзіва пекнай' і неразумнай істотаю. Засынаючы, я паспеў заўважыць у небе начны спадарожнік Сароры — ён быў меншы за наш Месяц, аднак заліваў джунглі досыць яркім жаўтаватым святлом.


Раздзел VІІІ


Прачнуўся я, калі неба ў прасветах паміж галінамі налівалася ўжо першымі ранішнімі фарбамі. Нова яшчэ спала. Я доўга разглядваў яе, нічым не выдаючы сябе, што прачнуўся, але, згадаўшы, як жорстка абышлася яна з Гектарам, уздыхнуў. З-за гэтай німфы пачаліся ўсе нашыя няшчасці: гэта ж яна паведаміла пра нас супляменнікам. Але я не мог злаваць на прыгажуню, зачараваны яе павабнасцю.

Тут Нова заварушылася і ўзняла галаву. У вачах у сароркі мільгануў жах, я адчуў, як напружыліся ўсе яе мускулы. Аднак мая нерухомасць супакоіла Нову, і спакваля выраз яе твару памякчэў. І ўпершыню ёй удалося на імгненне вытрымаць мой позірк. Я расцаніў гэта як асабістую перамогу і, зусім забыўшыся, якое ўражанне рабіла на яе ўчора маё зямное выяўленне зычлівасці, усміхнуўся.

Але гэтым разам яе рэакцыя была спакайнейшая. Дзяўчына задрыжала, напружылася, нібыта перад скачком, аднак засталася нерухомая. Узбадзёраны поспехам, я ўсміхнуўся яшчэ больш выразна. Яна зноў уздрыгнула, але потым усё ж такі супакоілася. Няўжо мне ўдалося прыручыць дзікунку? Асмялеўшы, я паклаў ёй руку на плячо. Дрыготка прабегла па ўсім яе целе, але яна не варухнулася. Усведамленне поспеху працяла мяне п'янаю радасцю, аднак неўзабаве я прыйшоў яшчэ ў большае захапленне, калі заўважыў, што Нова спрабуе пераймаць мяне.

Гэта было менавіта так! Яна спрабавала ўсміхнуцца! Пра тое, якога гэта каштавала ёй намагання, я здагадаўся, прыкмеціўшы, як сутаргава скарачаюцца мускулы яе чароўнага твару. Яна спрабавала ўсміхнуцца некалькі разоў, але ў выніку змагла толькі вымучыць нейкую хваравітую грымасу. Гэтыя пакутлівыя, марныя высілкі страшэнна мяне ўсхвалявалі. Я адчуў раптам, як душу маю захліснула хваля жалю, быццам перада мною было дзіця-калека. Я ласкава сціснуў яе плячо, схіліўся над ёю і дакрануўся вуснамі да яе вуснаў. У адказ яна пацерлася носам аб мой нос, потым лізнула мяне ў шчаку.

Разгублены, я не ведаў, што і рабіць. На ўсякі выпадак нязграбна паўтарыў яе жэст. Нова здавалася задаволенай, але далей нашае збліжэнне не пайшло. Баючыся, што мае зямныя манеры прывядуць да якойсьці недаравальнай памылкі, я раздумваў, што б яшчэ такое зрабіць, як раптам жудасны грукат і звон прымусілі нас імгненна ўскочыць на ногі.

Ашаломленыя, мы стаялі побач з двума маімі таварышамі, пра якіх я ледзь не забыўся, як сама апошні эгаіст. Нова, нібыта звар'яцеўшы, пачала кідацца з боку ў бок. Хутка я зразумеў, што гэты гвалт быў жахлівай нечаканасцю не толькі для нас, але і для ўсіх лясных жыхароў: людзі выскоквалі з гнёздаў і насіліся па паляне ўзад-уперад. І гэта ўжо было не гульнёю, як учора, — у іх крыках чуўся неверагодны страх.

Ад гэтай какафоніі, што разрывала раптам цішыню джунгляў, ажно кроў у жылах стыла. Але я адчуваў: лясныя людзі выдатна разумеюць, што стаіць за ўсім гэтым гармідарам — іх палохалі не грукат і звон самі па сабе, а набліжэнне зусім пэўнай небяспекі. Гвалт нарастаў. Гэта была жудасная какафонія, у якой змяшаліся глухі рокат барабанаў, рэзкі ляск і звон, быццам ад удараў у рондалі, крыкі. Больш за ўсё ўразілі нас менавіта крыкі, таму што, хоць мы і не разумелі ні слова невядомай нам мовы, галасы былі, бясспрэчна, чалавечыя.

Відовішча было, жахлівае. Мужчыны, жанчыны, дзеці лёталі ва ўсіх напрамках па лясной паляне, натыкаліся адно на аднаго, падалі. Некаторыя караскаліся на дрэвы, бы спрабавалі схавацца там. Аднак неўзабаве некалькі больш пажылых мужчын, саўладаўшы з сабою, спыніліся і пачалі прыслухоўвацца. Гвалт мацнеў досыць павольна. Ён даносіўся з таго боку, дзе лес быў асабліва густы, і, здавалася, спараджалася ўся гэтая какафонія не ў адным месцы, а ў некалькіх, прыблізна аднолькава аддаленых ад нас. Усё гэта згадвала вялікае паляванне, калі загоншчыкі гвалтам і крыкамі палохаюць звяроў.

Відаць, старэйшыны племені прынялі нейкае рашэнне. Адрывіста павіскваючы — што азначала, пэўна, нейкі сігнал або загад, — яны кінуліся бегчы ў другі ад грукату і звону бок. Астатнія рвануліся ўслед за імі, і мы ўбачылі, як усё племя ломіцца скрозь кусты, нібыта статак спалоханых аленяў. Нова таксама кінулася за імі, але раптам спынілася і павярнулася да нас — дакладней, як мне здалося, да мяне. З яе рота вырваўся нейкі адчайны стогн, мусіць, заклік бегчы за ёю, пасля яна скокнула ў гушчар і імгненна знікла ў ім.

Гвалт рабіўся ўсё больш невыносны, і мне ўжо здавалася, што дзесьці зусім непадалёк трашчаць пад цяжкімі ботамі галінкі, сукі. Прызнаюся, я таксама страціў галаву. Розум падказваў мне застацца на месцы і сустрэць новых сарорцаў, якія — з кожнай секундаю я разумеў гэта ўсё больш пэўна — перагукваліся чалавечымі галасамі. Але пасля ўсіх выпрабаванняў, што выпалі на нашу долю, нервы мае былі ўжо нікуды не вартыя. Жах Новы і яе сародзічаў перадаўся і мне. Я не мог ні думаць, ні прымаць рашэнні, а проста імчаўся ўслед за дзікункаю, нават не падумаўшы параіцца з таварышамі.

Гэтак я прабег некалькі сотняў метраў, але дзяўчыну не дагнаў. Тут я заўважыў, што за мною бяжыць толькі Левэн. Відаць, прафесар у яго гадах не мог вытрываць такую шалёную гонку. Левэн, задыхаючыся, параўняўся са мною. Мы зірнулі адзін на аднаго; апроч страху быў у нашых позірках і сорам: як гэта мы так — чалавекі?!. Я ўжо хацеў быў прапанаваць Левэну вярнуцца назад або хоць пачакаць нашага шэфа, як раптам зусім іншыя гукі прымусілі нас скалануцца.

Памыліцца я не мог. У джунглях грымелі стрэлы — адзін, другі, потым яшчэ і яшчэ з няроўнымі паўзамі, іншы раз адзіночныя, іншы раз здвоеныя і дужа падобныя на дублеты нашых паляўнічых. Стралялі дзесьці наперадзе, перакрываючы ўцекачам дарогу. Але пакуль мы раздумвалі, што рабіць, ланцуг загоншчыкаў наблізіўся амаль да нас — і тут узнікла паніка. Не ведаю чаму, але страляніна здалася мне менш небяспечнаю, ва ўсякім разе, больш знаёмай і не такой страшнай, як гэты, бы ў пекле, вар'яцкі гармідар. Інстынктыўна, стараючыся, аднак, пазбягаць адкрытых месцаў і рухацца як мага цішэй, я зноў кінуўся бегчы. Левэн трымаўся мяне.

Так мы дабеглі да таго месца, адкуль даносіліся стрэлы. Я спыніўся, потым пачаў прабірацца далей яшчэ больш асцярожна, ледзь не паўзком. Мой таварыш не адставаў ад мяне. Мы ўскараскаліся на невысокі пагорак і залеглі амаль на самай яго вяршыні, пераводзячы дух. Наперадзе было ўсяго некалькі дрэваў і палоска кустоўя. Выглянуўшы з кустоў, я здранцвеў бы аглушаны.

Відовішча было задужа неверагоднае, недаступнае асэнсаванню — перад тым, што мы ўбачылі, наш чалавечы розум быў проста бяссільны.


Раздзел IX


У відовішчы гэтым багата было і дзіўнага і страшнага, але спачатку ўсю маю ўвагу забрала адна істота, якая стаяла нерухома крокаў за трыццаць ад мяне і глядзела ў мой бок.

Я ледзь не ўскрыкнуў, гэтак быў збянтэжаны. Нягледзячы на паніку, нягледзячы на ўвесь трагізм майго становішча — я ж апынуўся паміж загоншчыкамі і стралкамі, — бясконцае здзіўленне заглушыла ўва мне ўсе астатнія пачуцці, калі я ўбачыў, што за стварэнне пільнавала нас, бы якую дзічыну, з засады.

Гэта была малпа. Гарыла вялізнага росту.

Дарма я паўтараў сабе, што, напэўна, звар'яцеў — перада мною быў не міраж. Аднак сустрэча з гарылаю нават на Сароры сама па сабе не ўяўляла б сабою нічога звышнатуральнага. Уразіла мяне тое, што гарыла была прыстойна адзетая, зусім як чалавек на Зямлі, а галоўнае — яна адчувала сябе ў гэтай адзежы свабодна і нязмушана. Менавіта гэтая вось натуральнасць і ашаламіла мяне. З першага ж позірку я зразумеў, што малпа не была спецыяльна кімсьці прыбраная. Вопратка была ёй такая ж прывычная, як поўная яе адсутнасць Нове і іншым сарорцам.

Гарыла насіла такі самы гарнітур, як мы з вамі, я хачу сказаць, як нашы паляўнічыя, на адной з тых грандыёзных аблаў, што ладзяцца ў нас паслам і іншым важным персонам. Яе карычневая куртка здавалася сшытаю ў лепшым парыжскім атэлье, а пад ёй віднелася кашуля ў буйную клетку, — такія звычайна носяць нашыя спартоўцы. Трохі пашыраныя ўнізе брыджы былі запраўлены ў гетры. Тут падабенства канчалася: замест чаравікаў на нагах у гарылы была пара тоўстых чорных пальчатак.

Я паўтараю — вочы мяне не падманвалі!

З каўняра кашулі тырчала зарослая чорнаю поўсцю брыдкая галава: востры чэрап, прыплюснуты нос, велізарная сківіца. Гарыла стаяла, крыху нахіліўшыся ўперад, у тыповай паставе паляўнічага, які пільнуе звера, і яе доўгія рукі сціскалі стрэльбу. Яна затаілася акурат насупраць мяне, на іншым баку шырокай прасекі, да якой набліжаўся ланцуг загоншчыкаў.

Раптам гарыла насцярожылася. Я таксама пачуў у кустах трохі правей сябе лёгкі шоргат. Гарыла павярнула галаву, адначасова ўздымаючы стрэльбу, каб адразу ж прыцэліцца. З вяршыні пагорка я заўважыў, як варушыцца кустоўе, скрозь якое прадзіраўся наўздагад адзін уцякач. Я хацеў крыкнуць, каб засцерагчы яго, настолькі быў мне ясны намер малпы. Але толькі я сабраўся гэта зрабіць, як чалавек выскачыў на адкрытае месца з хуткасцю аленя. Куля трапіла ў яго, калі ён быў на сярэдзіне прасекі. Чалавек падскочыў, упаў, забіўся ў канвульсіях і выпусціў дух.

Але я не адразу звярнуў позірк на забітага — уся мая ўвага была скіраваная на гарылу. Я пільна сачыў за ёю з таго самага моманту, як яна пачула шоргат, і быў дужа ўражаны багаццем яе мімікі: спачатку на мордзе ў гарылы чыталася напружлівае чаканне паляўнічага, які пільнуе дзічыну, потым жорсткая радасць ад удалага стрэлу, а сама дзіўнае ва ўсім гэтым было тое, што малпа выяўляла свае пачуцці гэтаксама ж, як і чалавек. Вось гэта і ўразіла мяне больш за ўсё: у вачах у гэтай жывёлы свяціўся розум, якога зусім не было ў людзей Сароры.

Але пачуццё небяспекі, што пагражала мне самому, хутка адагнала маё здзіўленне. Стрэл прымусіў мяне зноў глянуць на ахвяру, і я стаў сведкам яе перадсмяротнай агоніі. Потым я з жахам заўважыў, што ўся прасека завалена чалавечымі целамі. Зніклі мае апошнія ілюзіі наконт убачанага. Крокаў за сто ад першай гарылы я заўважыў другую, адзетую гэтаксама ж. Гэта была аблава, фантастычная аблава, у якой паляўнічыя былі малпы, растаўленыя ў ланцуг з аднолькавымі інтэрваламі, а дзічынаю — такія ж, як я, людзі, мужчыны і жанчыны, чые голыя целы, прастрэленыя, скурчаныя, застылыя ў сама дзікіх паставах, валяліся на скрываўленай зямлі. І сам я быў дзічынаю!..

Не вытрымаўшы жудаснага відовішча, я адвёў позірк ад прасекі. Лепш ужо было глядзець на карыкатуру — і я зноў пачаў назіраць за гарылаю, якая перакрывала мне шлях наперад. Яна павярнулася, і я ўбачыў за яе спінаю другую малпу, якая стаяла ззаду, бы слуга каля свайго гаспадара. Гэта быў шымпанзэ, шымпанзэ маленькага росту, відаць, яшчэ малады, але, клянуся, шымпанзэ! Адзеты ён быў праўда, не так вытанчана, як гарыла, а ў простую кашулю і штаны, аднак спрытна спраўляўся са сваімі абавязкамі, якія адразу ж сталі мне зразумелыя, калі гарыла працягнула яму стрэльбу, а ён падаў ёй другую, зараджаную. Потым шымпанзэ хутка дастаў з патранташа на поясе патроны, якія бліснулі ў промнях Бетэльгейзе, і, перазарадзіўшы першую стрэльбу, зноў заняў сваё месца ззаду гарылы.

Усе гэтыя ўражанні абваліліся на мяне ўмомант. Я спрабаваў абдумаць іх, прааналізаваць, але часу на гэта не было. Левэн ляжаў побач са мною, здранцвелы ад страху, і нічым не мог мне дапамагчы. Небяспека ўзрастала з кожнай секундаю. Загоншчыкі набліжаліся. Гвалт і крыкі, усчатыя імі, аглушалі. Нас ахапіла паніка, як дзікіх звяроў, як гэтых няшчасных людзей, што прабягалі міма нас. Племя, як выявілася, было намнога больш люднае, чым я думаў, таму што мужчыны і жанчыны ўсё яшчэ выскоквалі на прасеку, дзе іх чакала жахлівая смерць.

Аднак не ўсіх. Спрабуючы трымаць сябе ў руках, я назіраў з вышыні пагорка за паводзінамі ўцекачоў. Большасць, звар'яцеўшы ад страху, з гвалтам ламілася напрасткі праз кусты, даючы такім чынам знаць пра сябе малпам, якія расстрэльвалі людзей ва ўпор. Але некаторыя паводзілі сябе больш асцярожна, як старыя кабаны-секачы, што пабывалі ўжо ў многіх аблавах і навучыліся ўсялякім хітрыкам. Гэтыя ўцекачы нячутна падбіраліся да прасекі, заміралі, чакаючы, пакуль бліжэйшы паляўнічы адвернецца — і адразу ж выскоквалі з кустоў, імгненна перасякаючы смертаносную зону. Многім удавалася перабегчы праз усю прасеку і знікнуць у непраглядным зарасніку на другім баку.

Магчыма, гэта быў наш адзіны шанц на ўратаванне. Я зрабіў Левэну знак рушыць услед за мною і папоўз да апошніх кустоў перад прасекаю. Але калі мы дабраліся да іх, мяне ахапіла раптам недарэчнае абурэнне. Як гэта я, чалавек, буду хітрыць, каб падмануць малпу? Каб не абразіць сваёй годнасці, я павінен зараз жа ўстаць і палкаю адлупцаваць жывёл. Аднак жудасны гармідар, які ўсё нарастаў, прагнаў ідыёцкі настрой.

Паляванне канчалася. Грукат стаяў такі, што можна было звар'яцець. Загоншчыкі былі ўжо ў нас за спінаю. Я паспеў разгледзець праз лістоту аднаго з іх. Гэта была вялізная гарыла, якая галасіла і ўлюлюкала ва ўсё горла, стукаючы палкаю па ствалах дрэў. Мне яна здалася яшчэ больш страшнай, чым гарыла-паляўнічы. Левэн увесь затросся, ажно зашчоўкаў зубамі, а я, затаіўшы дыханне, чакаў зручнага моманту, каб кінуцца да гушчару.

І тут мой няшчасны таварыш, сам таго не ўсведамляючы, уратаваў мяне сваёй неасцярожнасцю. Зусім страціўшы галаву, Левэн ускочыў, безразважна кінуўся бегчы і апынуўся на адкрытай прасторы акурат перад дулам бліжэйшага паляўнічага. Адбегчы далёка яму не ўдалося. Стрэл нібыта пераламаў яго напалам, і Левэн зваліўся побач з трупамі астатніх уцекачоў. Мне не было калі аплакваць яго. Сціснуўшыся ў камяк, я вычакаў, калі гарыла аддасць стрэльбу слузе на перазарадку, і, выскачыўшы з кустоў, кінуўся бегчы цераз прасеку. Я бачыў, быццам у сне, як гарыла таропка схапіла зараджаную стрэльбу, але перш чым яна паспела прыцэліцца, я паспеў нырнуць у зараснік. Я пачуў яе крык, мусібыць, яна лаялася, але мне было не да абдумвання гэтай новай недарэчнасці.

Перамога была за мною. Душа мая ганарліва трыумфавала — ува мне зноў загаварыла прыніжанае самалюбства. Я бег з усіх ног далей ад крывавай бойні, і неўзабаве крыкі загоншчыкаў за маёй спінаю змоўклі. Я выратаваўся.

Выратаваўся? На жаль, я недаацаніў злой хітрасці малпаў Сароры. Не прабег я і сто метраў, як спатыкнуўся і адразу ж наляцеў на нейкую перашкоду на маім шляху, схаваную ў зарасніку. Гэта была расцягнутая над зямлёю сетка з буйнымі ячэйкамі і кашалямі, у адным з якіх я і заблытаўся. І не адзін я трапіў у гэтую пастку. Сетка перакрывала досыць шырокую паласу лесу, і ў ёй боўталіся няўдалыя ўцекачы, якія здолелі ўратавацца ад расстрэлу на прасецы. Адчайныя рыўкі сеткі і злосны віск вакол мяне найлепшым чынам давялі мне ў лічаныя імгненні марнасць іх намаганняў выбрацца на волю.

Калі я адчуў сябе ў пастцы, мною авалодала сляпая, звярыная лютасць, мацнейшая за страх, і я страціў усякую здольнасць разважаць. Наадварот, нібыта звар'яцелы, рабіў якраз тое, што разумнаму чалавеку ніяк было нельга рабіць: кідаўся ў сетцы з боку ў бок, спрабуючы вырвацца, пакуль не заблытаўся канчаткова, так, што ўжо і паварухнуцца не мог. Мне засталося толькі моўчкі чакаць, спадзеючыся на літасць малпаў, якія, я чуў, падыходзілі ўжо да нас.


Раздзел X


Калі я ўбачыў, што да нас набліжаюцца малпы, мяне ахапіў смяротны жах. Пасля таго, чаму давялося стаць сведкам, здалося, што гэтыя жорсткія стварэнні зараз жа пачнуць знішчаць палонных.

Наперадзе ішлі паляўнічыя, усе гарылы. Я заўважыў, што яны без зброі, і ў душы ў мяне зацеплілася надзея. За стралкамі да нас кіраваліся слугі і загоншчыкі, сярод якіх, апроч гарыл, было прыблізна столькі ж шымпанзэ. Стралкі трымаліся вяльможна, быццам сапраўдныя арыстакраты. Яны былі ў цудоўным гуморы і, відаць, не мелі да нас ніякіх благіх намераў.

Нялёгка мне было прывыкнуць да ўсіх парадоксаў гэтай планеты, каб напісаць падобную фразу, не задумваючыся над яе недарэчнасцю! Толькі ж менавіта так усё і было! Гарылы выглядалі сапраўднымі арыстакратамі. Яны весела перагаворваліся на незразумелай, але досыць выразнай мове, а міміка іх перадавала ўсе адценні чалавечых пачуццяў, сляды якіх я так марна спрабаваў адшукаць на твары ў Новы.

Што да сарорскай прыгажуні, дык я нават не ведаў, што з ёю. Пры адным толькі ўспаміне пра крывавую прасеку мяне праймалі дрыжыкі. Цяпер я ўжо разумеў, чаму так усхвалявалася Нова, убачыўшы нашага шымпанзэ. Тут, мусіць, людзі і малпы люта ненавідзелі адны адных. Я канчаткова ў гэтым пераканаўся, калі ўбачыў, як паводзяць сябе палонныя пры малпах, што набліжаліся да іх. Яны сутаргава тузаліся, падскоквалі на карачках, раз'юшана скрыгаталі зубамі і з пенаю на вуснах грызлі вяроўкі сеткі.

Не зважаючы на ўсю гэтую калатнечу, гарылы-паляўнічыя — я злавіў сябе на тым, што называю іх панамі, — аддавалі загады сваім слугам. На дарозе, дзе была расцягнута сетка, з'явіліся даволі нізкія трактарныя прычэпы, на якіх стаялі клеткі. Вось у гэтыя клеткі нас і кідалі — з разліку тузін на прычэп, і працягвалася гэта досыць доўга, таму што палонныя адчайна адбіваліся. Дзве гарылы-слугі, нацягнуўшы тоўстыя скураныя пальчаткі, якія засцерагалі іх ад укусаў, хапалі людзей аднаго за адным, вызваляючы з сеткі, шпурлялі ў клеткі і хутка засоўвалі дзверцы, а адна гарыла-пан кіравала імі, нязмушана абапёршыся на трысціну.

Калі чарга дайшла да мяне, я хацеў загаварыць, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Але толькі я разявіў рот, як гарыла-слуга груба заціснула мне яго вялізнай лапаю ў пальчатцы, падумаўшы, пэўна, што я збіраюся яе ўкусіць. З заціснутын ротам не пагаворыш! Мяне, быццам якую торбу, кінулі ў клетку, і я апынуўся ў кампаніі дзесятка іншых мужчын і жанчын, яшчэ занадта ўзбуджаных, каб звярнуць на мяне ўвагу.

Нарэшце ўсе палонныя былі пагружаны, гарыла-слуга праверыла засаўкі на клетках і сказала нешта свайму гаспадару. Той махнуў рукою, і лес адразу ж напоўніўся гулам матораў. Прычэпы тузануліся і пакаціліся за машынамі, падобнымі на нашы калёсныя трактары, кіравалі якімі зноў жа малпы. Я добра разгледзеў кіроўцу, які сядзеў за рулём трактара ззаду нашага. Гэта быў шымпанзэ ў сінім кабінезоне. Напэўна, ён быў у выдатным настроі, бо адпускаў раз-пораз нам кплівыя жарты, штосьці напяваючы сам сабе: калі гул матораў заціхаў, да мяне даносіліся абрыўкі томнае мелодыі з даволі прыемным матывам.


Першы этап перавозкі палонных быў настолькі кароткі, што я нават не паспеў сабрацца з думкамі. Праз чвэрць гадзіны язды па вельмі дрэннай дарозе наш караван спыніўся на адкрытай пляцоўцы перад мураваным будынкам. Тут лес канчаўся, далей я ўбачыў толькі палі, засеяныя нейкай збажыною.

Дом з чырвоным чарапічным дахам, з зялёнымі аканіцамі і шыльдаю над уваходам дужа выдаваў на вялікі шынок. Я хутка скеміў, што гэта месца збору паляўнічых. Тут слугі-шымпанзэ чакалі гаспадароў, якія пад'язджалі на сваіх машынах, скарыстаўшыся, пэўна, другой дарогаю. Дамы-гарылы сядзелі гуртком у крэслах у цяні высокіх дрэў, якія нагадвалі нашы пальмы, і бестурботна балбаталі. Адна пацягвала праз саломінку нейкі напой.

Калі прычэпы выстраіліся на стаянцы, дамы наблізіліся да іх і пачалі з цікаўнасцю разглядваць здабычу і перш за ўсё дзічыну падстрэленую, якую даставілі сюды на двух вялікіх грузавіках, — слугі-гарылы ў доўгіх фартухах выцягвалі трупы і складвалі іх пад дрэвамі.

Здабыча была адмысловая! Да таго ж, малпы дзейнічалі, прытрымліваючыся строгага парадку. Яны паклалі скрываўленыя целы тварамі ўверх у адзін рад, быццам па лінейцы. А пасля пачалі пад захопленыя воклічы дам усё роўна як аздабляць забітую дзічыну, каб яна выглядала згодна з іх густам як мага больш імпазантна. Яны ўкладвалі рукі ўздоўж тулава, выпроствалі скурчаныя пальцы і паварочвалі далоні ўверх, выцягвалі ногі, размяўшы іх у каленях, паварочвалі гідка скрыўленыя набок галовы. Нарэшце яны клапатліва прычасалі забітых, асабліва жанчын, гэтаксама ж як некаторыя паляўнічыя прычэсваюць поўсць або прыгладжваюць пер'е толькі што забітым звярам ці птушкам.

Баюся, я не змагу перадаць тое, што адчуваў, гледзячы на гэты брыдотны кашмар. Не памятаю, ці казаў я пра знешнасць усіх гэтых гарыл і шымпанзэ, пра спецыфічныя грымасы і жэсты малпаў, калі не лічыць таго, што паведаміў пра чалавечы выраз іх вачэй. Ці не забыўся я згадаць, як дамы-гарылы, таксама апранутыя па-спартоваму, але з вялікай вытанчанасцю, мітусіліся і штурхаліся, вышукваючы лепшыя трафеі, і паказвалі на іх пальцамі, віншуючы сваіх кавалераў? Ці ж сказаў што-небудзь пра тую жудасную сцэнку, калі адна дама выняла з сумачкі маленькія нажніцы, нахілілася над трупам, адрэзала некалькі чорных пасмаў і, звіўшы іх у колца, прыкалола шпількаю да свайго капелюша? Усе астатнія дамы, зірнуўшы на яе, адразу ж зрабілі тое самае.

Нарэшце здабычу рассартавалі: усе трупы былі акуратна пакладзены ў тры рады, мужчыны і жанчыны ўперамешку. У небе, заліваючы гэтыю варварскую сцэну нясцерпным святлом, палала Бетэльгейзе. У жаху я адвёў вочы і ўбачыў новую дзейную асобу — малпу с трыножнікам і замацаванай на ім доўгай чорнай скрынкаю. Гэта быў шымпанзэ. Я хутка пазнаў у ім фатографа, які збіраецца зняць пышную карціну багатых вынікаў слаўнага палявання. Фатаграфаванне заняло больш за чвэрць гадзіны. Спачатку гарылы фатаграфаваліся паасобку ў сама рэспектабельных, як яны, мусіць, лічылі, паставах — некаторыя з выглядам пераможцаў ставілі нагу на ахвяру палявання, — потым усім гуртам, абняўшыся за плечы. Пасля гэтага настала чарга самак, і яны таксама доўга выбіралі сабе вытанчаныя, як на іх разуменне, паставы на фоне скрываўленых целаў, гэтак папраўляючы капелюшы з пасмамі прыколатых валасоў, каб тыя віднеліся выразна.

Жудаснасць гэтага відовішча нашмат перавышала сілы чалавечага разумення. Нейкі час я стрымліваўся, хоць кроў так і закіпала ў маіх жылах, але калі адна самка ўселася на труп, каб зняцца больш эфектна за сваіх каляжанак, калі я пазнаў рысы забітага, які ляжаў побач з іншымі ахвярамі, юначыя, амаль дзіцячыя рысы майго няшчаснага кампаньёна Артура Левэна, нервы мае здалі, і мае пачуцці зноў выліліся ў форму, такую ж недарэчную, як і гэтая жахлівая сцэна: мяне ахапіла раптам нястрыманая весялосць, і я зарагатаў.

Я і не падумаў пра сваіх суседзяў па клетцы. Я ўвогуле не мог ужо думаць. Але паніка, якая адразу ж узнялася сярод людзей, напомніла, што мне яны, відаць, яшчэ больш небяспечныя, чым нават малпы. Рукі сарорцаў пагрозліва пацягнуліся да мяне з усіх бакоў. Убачыўшы небяспеку, я пастараўся заглушыць смех, схаваўшы твар у далоні. Мяне, мажліва, усё роўна задушылі б ці парвалі на кавалкі, калі б некалькі малпаў, якія пачулі гвалт, не аднавілі парадак уколамі дзідаў. Неўзабаве ўвагу ўсіх забрала новая падзея. У шынку зазвінеў звон, запрашаючы на сняданак. Гарылы, весела перагаворваючыся, рушылі невялікімі гуртамі ў дом, а фатограф, зняўшы некалькі разоў людзей у клетках, пачаў складваць свой апарат.

Аднак і мы, людзі, таксама не былі забытыя. Я не ведаў, які лёс падрыхтавалі нам малпы, але яны вырашылі паклапаціцца пра нас. Перш чым знікнуць у дзвярах шынка, адзін пан аддаў нейкі загад другому самцу-гарыле, які, відаць, быў начальнікам атрада егераў. Той вярнуўся да клетак, паклікаў сваіх падначаленых, і неўзабаве слугі прынеслі нам карыты з ежаю — на выгляд нешта накшталт густой поліўкі — і ваду ў вёдрах. Я не адчуваў голаду, але вырашыў есці разам з усімі, каб захаваць сілу. Наблізіўшыся да карыта, вакол якога ўжо сядзелі на кукішках многія палонныя, я нясмела працягнуў руку. Яны злосна паглядзелі на мяне, але, паколькі поліўкі хапала на ўсіх, адштурхоўваць не сталі. Я даволі ахвотна з'еў некалькі жменяў досыць смачнай рэдкай кашы з нейкіх круп.

Да таго ж, мы атрымалі дзякуючы дабрыні нашых вартаўнікоў яшчэ і сёе-тое на дэсерт. Гэтыя загоншчыкі, якія нядаўна наводзілі на нас жах, пасля палявання ставіліся да нас, можна сказаць, зычліва, калі толькі мы паводзілі сябе пакорліва. Яны прагульваліся перад клеткамі і кідалі нам час ад часу розныя плады, забаўляючыся звалкаю, якая стваралася пасля кожнае іх падачкі. Тут я ўбачыў сцэнку, якая прымусіла мяне задумацца. Маленькая дзяўчынка злавіла на ляту плод, сусед кінуўся да яе, каб адабраць яго, але тут за дзіця заступілася малпа. Яна прасунула дзіду скрозь краты, груба адштурхнула мужчыну, а потым уклала другі плод у руку дзяўчынцы. Я зразумеў, што гэтым істотам бывае ўласцівае і пачуццё жалю.

Калі з ежаю было скончана, начальнік атрада і яго егеры пачалі перасяляць асобных палонных з аднае клеткі ў другую. Здавалася, нас сартуюць, але паводле якога прынцыпу — гэтага я ўцяміць не мог. Апынуўшыся ўрэшце ў адной клетцы з сама прыгожымі мужчынамі і жанчынамі, я вырашыў, што трапіў у групу выдатных прадстаўнікоў сваёй пароды, і паспрабаваў суцешыцца горкай думкаю, што малпы з першага позірку далучылі мяне да эліты.

Са здзіўленнем і бясконцай радасцю ўбачыў я сярод суседзяў па клетцы Нову. Яна ўратавалася, і я дзякаваў цяпер за гэта нябёсам Бетэльгейзе. Менавіта пра яе я згадваў, уважліва разглядаючы забітых, і пры адной толькі думцы, што сярод груды трупаў можа апынуцца яе цудоўнае цела, мяне прабірала дрыготка. Мне здалося, што я знайшоў дарагога мне чалавека, і вось, забыўшыся раптам на ўсё, я кінуўся да Новы, каб абняць яе. Гэта было сапраўднае вар'яцтва: мой жэст выклікаў у яе жах. Няўжо яна забылася пра мінулую ноч, думаў я. Няўжо ў такім дзівосным целе няма ніякае душы? Я быў проста ў шоку, калі ўбачыў, як Нова сціснулася пры маім набліжэнні ў камяк і выцягнула наперад рукі са скурчанымі пальцамі, быццам збіралася ўчапіцца ў горла, што, напэўна, яна і зрабіла б, калі б я не спыніўся.

Аднак я замёр на месцы, і Нова досыць хутка супакоілася. Неўзабаве яна ўладкавалася ў куце, я ж, ахоплены роспаччу, сеў у іншым. Улегліся і астатнія палонныя. Падаўленыя, зламаныя стомаю, яны, здавалася, скарыліся са сваім лёсам.

А малпы на дварэ рыхтаваліся да ад'езду. На нашую клетку накінулі брызент, які даходзіў да паловы вышыні кратаў, так што святла хапала. Пачуліся загадныя галасы, загулі маторы. І вось ужо нас некуды везлі з вялікай хуткасцю. Я ляжаў і з трывогаю разважаў, якія яшчэ злыя прыгоды чакаюць мяне на Сароры.


Раздзел XI


Я адчуваў сябе знішчаным. Падзеі апошніх двух дзён зламалі мяне фізічна і агарнулі душу такім глыбокім адчаем, што я нават не змог ні аплакаць гібель сваіх таварышаў, ні ўявіць сабе да канца, што значыць для мяне разбурэнне нашага катэра. Таму я ўзрадаваўся прыцемкам, а пасля з палёгкаю схаваўся ў цемры — вечар настаў хутка, і нас везлі ўсю ноч. Я абдумваў тое, што адбылося. Трэба было няспынна прымушаць розум працаваць, каб не паддацца вар'яцтву, якое ўжо пільнавала мяне. Я павінен быў гэта рабіць, каб зноў і зноў даводзіць сабе, што я ўсё ж чалавек, зямны чалавек, істота, якая жыве думаючы і прывыкла знаходзіць лагічныя тлумачэнні самым, здавалася б, фантастычным з'явам, а не жывёліна, злоўленая ў пастку высокаразвітымі малпамі.

Я перабіраў усе драбніцы, якія захаваліся ў маёй памяці.

Галоўнае было тое, што ўсе гэтыя малпы, гарылы і шымпанзэ, самцы і самкі, зусім не здаваліся мне недарэчнымі. Я ўжо казаў: яны аніводнага разу не нагадалі мне дрэсіраваных малпаў, накшталт тых, што паказваюць у нашых цырках.

На Зямлі шымпанзэ ў капелюшы для многіх відовішча дужа смешнае, хоць асабіста мяне яно засмучала. А тут не было нічога падобнага. Капелюшы пасавалі малпам, а ўсе іх рухі былі вельмі натуральныя. Самка-гарыла, якая пацягвала праз саломінку халодны напой, выглядала як сапраўдная дама. Адзін з паляўнічых, згадаў я, выняў з кішэні люльку і пачаў нетаропка раскурваць. Нішто ў гэтай сцэне не насмяшыла мяне, такія натуральныя былі ў малпы рухі.

Я спрабаваў асэнсаваць усе гэтыя дзівосы, доўга круціў сабе галаву і, здаецца, упершыню за ўвесь час палону горка пашкадаваў, што са мною няма прафесара Антэля. Яго мудрасць і веды дапамаглі б знайсці тлумачэнне ўсім парадоксам.

Што сталася з прафесарам, я не ведаў. Сярод застрэленых яго не было — у гэтым я пераканаўся. Можа, ён таксама трапіў у пастку? Гэта было досыць верагодна, бо я не паспеў разгледзець усіх палонных. Спадзявацца ж на тое, што ён здолеў застацца на волі, я не асмельваўся.

Застаўшыся адзін, я стараўся стварыць сваю тэорыю, якая, зрэшты, не надта мяне задавальняла. Магчыма, жыхары гэтае планеты, цывілізаваныя істоты, чые гарады мы бачылі зверху, здолелі так выдрэсіраваць сваіх малпаў, што тыя пасля цярплівага і працяглага адбору, які здзяйсняўся на працягу жыцця не аднаго пакалення, набылі рысы адносна разумных істот. Урэшце, і ў нас на Зямлі некаторыя шымпанзэ могуць паказваць фенаменальныя штукі. І нават той факт, што ў тутэйшых малпаў ёсць свая мова, сам па сабе не такі ўжо і дзіўны, як мне гэта спачатку здалося. Я згадаў адну размову са спецыялістам у гэтай вобласці. Ён паведаміў мне, што сур'ёзныя вучоныя трацяць багата часу, стараючыся навучыць прыматаў размаўляць. Яны сцвярджаюць, што фізічная будова іх гартані гэтаму не замінае. Дагэтуль усе іх спробы заставаліся марныя, але вучоныя не адступаюцца, бо яны ўпэўненыя, што адзіная прычына іх няўдач — усяго толькі нежаданне саміх малпаў загаварыць. Але, можа, на Сароры малпы ўсё-такі загаварылі? І гэта дазволіла гіпатэтычным гаспадарам планеты выкарыстаць іх на розных чорных работах, накшталт гэтага палявання ў джунглях, у час якога я трапіў у пастку?

Адчайна ўчапіўшыся за гэтую тэорыю, я баяўся нават падумаць, што можа існаваць іншае, прасцейшае тлумачэнне. Каб не звар'яцець, мне трэба было верыць, што на гэтай планеце ёсць сапраўдныя разумныя істоты, інакш кажучы, людзі, такія ж людзі, як я сам, з якімі я змагу знайсці агульную мову.

Людзі! Аднак хто ж тады гэтыя стварэнні, якіх забіваюць і ловяць малпы? Дзікуны, што затрымаліся ў сваім развіцці? Дык якая ж тады гэта была нечуваная жорсткасць гаспадароў планеты — дазваляць ці, можа, нават арганізоўваць такія пабоішчы?

Мае горкія разважанні перапыніла няясная постаць, што падпаўзала да мяне на карачках. Гэта была Нова. Астатнія палонныя ляжалі ўжо гуртамі на падлозе. Павагаўшыся трохі, Нова, як і мінулы раз, прыціснулася да мяне. Я зноў паспрабаваў адшукаць у яе позірку хаця б іскрынку сяброўскай спагады — дарэмна. Дзяўчына адвярнулася і неўзабаве заплюшчыла вочы. Нягледзячы на гэта, мне стала неяк спакайней ад адной яе прысутнасці, і ўрэшце я таксама заснуў, стараючыся не думаць пра заўтрашні дзень.


Раздзел XII


Абарончы рэфлекс дапамог мне пазбавіцца ад залішне роспачных думак, і я заснуў на нейкі час. Праўда, мяне мучылі кашмары, у якіх гарачае цела Новы ўяўлялася мне жудаснаю змяёю, што абвілася вакол мяне. На золку я расплюшчыў вочы. Нова ўжо не спала. Яна сядзела крыху адсунуўшыся ад мяне. У яе насцярожаных вачах бы назаўжды застыла разгубленасць. Наш фургон запаволіў ход, і я ўбачыў, што мы ўязджаем у горад. Палонныя прыніклі да кратаў. Прысеўшы на кукішкі, яны са страхам выглядалі з-пад брызенту. Я таксама прыціснуўся тварам да кратаў, каб лепш разгледзець першы горад Сароры, у які я трапіў.

Мы ехалі па досыць шырокай вуліцы з ходнікамі паабапал. Я засмучана ўзіраўся ў мінакоў: вакол былі адны малпы. Заўважыў гандляра, пэўна, бакалейшчыка, які падымаў металічную штору ў сваёй невялікай краме і з цікаўнасцю азірнуўся на нас, — і гэты быў малпа. Я стараўся разгледзець кожны твар у аўтамабілях, што абганялі нас, — але ж усе, і пасажыры, і кіроўцы, былі малпы ў чалавечым адзенні.

Знікла мая апошняя надзея сустрэць на Сароры цывілізаваных людзей, і ўсю астатнюю дарогу я праседзеў здранцвелы і змрочны. Неўзабаве наша машына яшчэ раз запаволіла ход. Я адразу ж прыкмеціў, што за ноч караван істотна скараціўся: засталіся толькі два трактарныя прычэпы, астатнія, напэўна, рушылі ў іншым кірунку. Перад намі адчыніліся глухія вароты, і мы ўехалі ў двор. Малпы адразу ж акружылі нас. Палонныя пачалі хвалявацца, і малпам прыйшлося ўтаймоўваць іх дзідамі.

Двор з усіх бакоў замыкаўся шматпавярховым будынкам з радамі аднолькавых вокнаў. Больш за ўсё будынак з яго тэрыторыяй выдаваў на бальніцу, і гэтае ўражанне толькі ўзмацнілася, калі насустрач нашым вартаўнікам выйшлі з будынка новыя малпы. На іх былі белыя халаты і маленькія шапачкі, як у нашых санітараў. Гэта зноў-такі былі малпы.

Але, усе тут былі малпы — гарылы ці шымпанзэ! Разам з вартаўнікамі яны пачалі разгружаць фургоны. Палонных па адным выцягвалі з клетак, засоўвалі ў вялікія мяхі і адносілі ў будынак. Я не стаў супраціўляцца, і неўзабаве дзве вялізныя гарылы ў белых халатах сунулі мяне ў мех. Потым мяне доўга некуды неслі: здавалася, што мы падымаемся па лесвіцы, рушым пакалідорах. Нарэшце мяне бесцырымонна вытраслі з меха на падлогу і адразу ж сунулі ў другую клетку, на гэты раз стацыянарную, з саламянай падсцілкаю. Агледзеўшыся, я ўбачыў, што ў клетцы суседзяў у мяне няма. Гарыла дбайна зачыніла дзверы на замок.

Памяшканне, у якім я апынуўся, уяўляла сабою залу з мноствам аднолькавых клетак уздоўж сцен і доўгім праходам паміж імі. Амаль ва ўсіх клетках нехта ўжо быў: у адных — мае таварышы па няшчасці, у іншых — мужчыны і жанчыны, якія знаходзіліся тут, відаць, ужо даўно. Гэтых можна было вылучыць па абыякавым выглядзе. Сустракаючы новых суседзяў, яны звярталі нейкую ўвагу хіба што на якога-небудзь няшчаснага, калі той пачынаў жаласна стагнаць. Яшчэ я заўважыў, што ўсіх навічкоў размясцілі паасобку, а старажылы сядзелі ў клетках пераважна парамі. Прыціснуўшыся тварам да кратаў, я ўбачыў у канцы праходу яшчэ адну клетку, большую — з мноствам дзяцей. У адрозненне ад дарослых дзеці рэагавалі на нашае прыбыццё вельмі жвава. Яны размахвалі рукамі, штурхаліся, мітусіліся, рабілі выгляд, што трасуць краты, і сакаталі безупынку, бы маленькія малпачкі-гарэзы.

Зноў з'явіліся з чарговым мехам дзве гарылы. З яго вывалілася мая «сяброўка» Нова. Яе памясцілі ў клетцы насупраць — хоць гэта мяне трохі суцешыла. Нова была раз'юшаная і супраціўлялася як магла, стараючыся падрапаць або ўкусіць гарыл. Калі ж яе нарэшце замкнулі ў клетцы, яна, скрыгочучы зубамі, пачала трэсці краты — сэрца разрывалася, так жудасна яна ўлюлюкала. Праз нейкі час яна заўважыла мяне і замерла, выцягнуўшы шыю, як здзіўлены звярок. Я асцярожна ўсміхнуўся ёй, памахаў рукою. І калі яна нязграбна паспрабавала паўтарыць гэты жэст, душа мая напоўнілася радасцю!

У памяшканне зноў вярнуліся і забралі маю ўвагу дзве гарылы ў белых халатах. Напэўна, разгрузка скончылася, бо нікога больш яны не прынеслі. Затое яны прыкацілі гэтым разам вазок з ежаю і вядзерцамі з пойлам. Пачалася раздача прывезенага, і палонныя супакоіліся.

Неўзабаве чарга дайшла да мяне. Пакуль адна гарыла стаяла на варце, другая ўвайшла ў клетку і паставіла перада мною міску з кашаю, вядзерца з вадою і паклала побач некалькі пладоў. Я ўжо вырашыў любой цаною ўсталяваць кантакт з малпамі, якія, відаць, былі адзіныя разумныя істоты на гэтай планеце. Гарыла, якая прынесла мне ежы і пойла, выглядала досыць зычлівай. Убачыўшы, што я трымаюся спакойна, яна нават паляпала мяне лапаю па плячы. Я паглядзеў ёй у самыя вочы, пасля паднёс руку да грудзей і ветліва пакланіўся. Узняўшы галаву, я ўбачыў на твары ў гарылы збянтэжанасць. Тады я ўсміхнуўся малпе, стараючыся ўкласці ва ўсмешку ўсю сваю душу. Гарыла ўжо збіралася пайсці, але тут раптам замерла на месцы, здзіўлена ўскрыкнуўшы. Нарэшце мяне заўважылі! Жадаючы замацаваць поспех і прадэманстраваць усе мае здольнасці, я вымавіў першае, што прыйшло ў галаву:

— Як вы тут жывяце? Я чалавек з Зямлі. Мы доўга ляцелі, каб дабрацца сюды.

Сэнс таго, што я сказаў, не меў значэння. Дастаткова было проста гаварыць, каб малпа зразумела, з кім мае справу. І я дамогся сваёй мэты. Напэўна, ніколі ні ў якой малпы яшчэ не было такой разгубленай пысы! Гарыла і яе напарнік замерлі з разяўленымі ратамі, у іх ажно дыханне перахапіла. Нарэшце яны пачалі таропка перагаворвацца між сабою, але іх кароткая перамова скончылася зусім не так, як я разлічваў. Падазрона паглядзеўшы на мяне, гарыла хутка выскачыла з клеткі і зачыніла дзверы на замок з асаблівай дбайнасцю. Пасля малпы пераглянуліся — і заліліся раптам безупынным смехам. Напэўна, я быў для іх з'яваю сапраўды ўнікальнаю, бо яны доўга не маглі супакоіцца. У іх ажно слёзы выступілі на вачах, а адна гарыла нават паставіла на падлогу кацёл з кашаю і палезла ў кішэні па насоўку. Мяне ахапіла такія крыўда і расчараванне, што я ўмомант ледзь не сшалеў. Раз'юшаны, я, гэтаксама ж як і сарорскія дзікуны, трэс прэнты кратаў, скаліў зубы і лаяў малпаў на ўсіх вядомых мне мовах апошнімі словамі. Калі мой запас лаянкі кончыўся, я ўсё яшчэ рыкаў, выкрыкваючы штосьці зусім невыразнае, але тут ужо гарылы адно паціснулі пагардліва плячыма. Аднак мне ўсё-такі ўдалося звярнуць на сябе ўвагу. Перш чым выйсці, гарылы некалькі разоў азірнуліся, уважліва прыглядаючыся да мяне. Калі сілы мае скончыліся і я супакоіўся, адна малпа выняла з кішэні блакнот і нешта занатавала, зірнуўшы папярэдне на замацаваную на маёй клетцы таблічку, напэўна, з нумарам.

Гарылы пайшлі. Палонныя, устрывожаныя маім прыпадкам, супакоіліся і зноў пачалі есці. Мне таксама заставалася толькі паесці ды легчы спаць у чаканні больш плённай мажлівасці выявіць сваю высакародную сутнасць. Я паеў усё тае ж крупяной кашы, пасля ўзяўся за сакавітыя плады. А Нова ў клетцы насупраць пераставала часам жаваць і паглядвала цішком у мой бок.


Раздзел XIII


Да канца дня нас больш не турбавалі. Увечары, пасля другой кармёжкі, гарылы пайшлі, патушыўшы ў памяшканні святло. Гэтую ноч я амаль не спаў, і не таму, што падсцілка была цвёрдая — тоўсты слой саломы быў досыць зручным ложкам, — а таму, што бясконца абдумваў планы, як мне ўсталяваць кантакт з малпамі. Я даў сабе слова, што не паддамся болей сляпой лютасці, а буду цярпліва, нястомна пільнаваць любую мажлівасць выявіць свой розум. Вартаўнікі былі, відаць, абмежаваныя тыпы з ніжэйшага персаналу і не маглі ацаніць і зразумець маіх намераў, але ж ёсць, мусіць, і іншыя, культурнейшыя малпы!

Уранку я пераканаўся, што спадзяванні мае не былі марныя. Я не спаў ужо больш за гадзіну. Большасць маіх суседзяў няспынна кружляла па сваіх клетках, як некаторыя звяры ў няволі. Калі я раптам усвядоміў, што даволі ўжо доўга паводжу сябе гэтаксама ж, то быў вельмі засмучаны. Я прымусіў сябе сесці перад кратамі і прыняць як мага больш асэнсаваную паставу чалавека, які задумаўся. У гэты момант дзверы адчыніліся, і ў праходзе з'явілася з вартаўнікамі самка-шымпанзэ. Па тым, як гарылы мітусіліся перад ёю, я адразу ж зразумеў, што яна займае тут досыць высокае становішча.

Вартаўнікі, вядома, далажылі пра мяне, бо шымпанзэ, ледзь толькі ўвайшла ў залу, нешта ў іх запытала, і адна гарыла паказала пальцам на маю клетку. Шымпанзэ адразу ж накіравалася да мяне.

Пакуль яна набліжалася, я паспеў яе разгледзець. На ёй таксама быў белы халат, але больш элегантнага крою, чым у вартаўнікоў, — з паяском і кароткімі рукавамі, з якіх высоўваліся доўгія рухавыя лапы. Аднак больш за ўсё мяне ўразілі яе вочы, надзіва разумныя і жывыя. Я падумаў, што гэта добры знак: у нас павінны ўсталявацца неблагія адносіны. Яна здалася мне зусім маладзенькаю, нягледзячы на тыповыя малпавы маршчынкі вакол яе белай пысачкі. У руцэ ў яе была скураная папка.

Яна спынілася перад маёй клеткаю і пачала ўважліва мяне разглядаць, адначасова вымаючы з папкі сшытак.

— Добры дзень, мадам, — сказаў я, пакланіўшыся.

Я стараўся, каб мой голас прагучаў як мага больш ласкава. На мордачцы ў шымпанзэ з'явілася неверагоднае здзіўленне, але яна захавала сур'ёзнасць і нават прымусіла кароткім жэстам змоўкнуць гарыл, якія зноў пачалі былі хіхікаць.

— Мадам ці мадэмуазель, — узбадзёраны, загаварыў я далей, — на жаль, я вымушаны паўстаць перад вамі ў такім вось становішчы і ў такім выглядзе. Паверце, не ў маёй звычцы…

Я ўсё гаварыў і гаварыў, нёс бог ведае што, клапоцячыся толькі пра тое, каб мае словы адпавядалі пачціваму тону, якога я вырашыў прытрымлівацца. Калі я змоўк, закончыўшы прамову сама абаяльнай усмешкаю, на якую я толькі быў здольны, шымпанзэ ледзь не аслупянела. Вочы ў яе заміргалі, лоб наморшчыўся. Было відаць, як пакутліва намагалася яна вырашыць найцяжэйшую задачу. Нарэшце яна ўсміхнулася мне ў адказ, і я сэрцам адчуў, што яна пачынае бачыць ува мне разумную істоту.

У час гэтай сцэны людзі ў клетках глядзелі на нас без тае злосці, у якую раней прыводзілі іх усе мае спробы загаварыць. Цяпер яны здаваліся нават зацікаўленымі. Адзін за адным людзі пераставалі кружляць па клетках, падыходзілі да кратаў і прыціскаліся тварам да прэнтаў, каб разгледзець нас як мага лепш. Адна толькі Нова раз'юшана кідалася ў клетцы ад сценкі да сценкі.

Шымпанзэ дастала з кішэні халата ручку і пачала нешта занатоўваць у сваім сшытку. Скончыўшы, яна ўзняла галаву і, сустрэўшы мой усхваляваны позірк, зноў усміхнулася. Гэта надало мне смеласці, і я рашыўся зрабіць яшчэ адзін сяброўскі жэст. Прасунуўшы руку скрозь краты, я працягнуў ёй адкрытую далонь. Гарылы кінуліся былі да нас, але шымпанзэ спыніла іх кароткім загадам, хоць спачатку сама ледзь не адскочыла ўбок. Пасля, авалодаўшы сабою, яна, пільна гледзячы мне ў вочы, працягнула лапку — тая дрыжала. Я не варушыўся. Яна ступіла яшчэ адзін крок наперад і паклала сваю лапу з надзвычай доўгімі пальцамі мне на запясце. Я адчуў, як яна ўздрыгнула ад гэтага сутыкнення, і застыў, каб не спалохаць яе якім-небудзь неасцярожным рухам. Тады яна пагладзіла мяне па далоні, потым па ўсёй руцэ і пераможна азірнулася на гарыл.

Я задыхаўся ад радасці: у душы ў мяне мацнела надзея, што яна ўсё ж такі пачынае прызнаваць ува мне разумную істоту. І калі шымпанзэ строга загадала нешта гарылам, у мяне мільганула нават вар'яцкая думка, што зараз вось клетка адчыніцца — і мяне з прабачэннямі выпусцяць з яе! Як я памыліўся! Адзін вартаўнік пакорпаўся ў сябе ў кішэнях, пасля падаў сваёй начальніцы нейкі белы кубік. А тая ў сваю чаргу з чароўнай усмешкаю паклала кубік мне на далонь. Гэта быў кавалачак цукру.

Кавалачак цукру! Я так высока ўзнёсся ў сваіх марах, што расчараванню майму не было мяжы. Нікчэмная падачка здалася мне такой абразлівай, што я ледзь не шпурнуў яе шымпанзэ ў пысу. Але я своечасова ўспомніў пра свае добрыя намеры і стрымаўся. Пакланіўшыся, я ўзяў цукар і пачаў грызці яго з сама разумным выглядам, які толькі мог напусціць на сябе.

Так мы пазнаёміліся. Шымпанзэ, як я неўзабаве даведаўся, звалі Зіра. Яна была загадчыцай аддзялення, у якое мяне памясцілі. Нягледзячы на горкае расчараванне ад яе падачкі, я ацаніў яе розум і ўжо прадчуваў, што ў будучым мне ўсё ж удасца ўсталяваць з ёю кантакт.

Зіра доўга гаманіла з вартаўнікамі. Як я зразумеў, яна давала ім падрабязныя ўказанні адносна мяне. Потым яна накіравалася далей, каб наведаць людзей у іншых клетках.

Шымпанзэ з асаблівай увагаю аглядала кожнага новенькага, рабіла ў сшытку нейкія запісы, нашмат карацейшыя за тыя, што былі звязаны са мною. Яна ні разу не рызыкнула наблізіцца ні да аднаго з дзікуноў. Калі б яна гэта зрабіла, я адчуў бы, напэўна, рэўнасць. Я пачынаў пранікацца гонарам за тое, што я тут — адзіны чалавек, які заслугоўвае асаблівага стаўлення. І калі я ўбачыў, што Зіра, спыніўшыся перад клеткаю з дзецьмі, кідае ім кавалачкі цукру, то ўмомант дайшоў да шалу, які можна параўнаць, бадай, толькі з лютасцю Новы, што, ашчэрыўшыся на шымпанзэ, забілася ў далёкі ад праходу кут клеткі і павярнулася да мяне спінаю.


Раздзел XIV


Другі дзень прайшоў гэтаксама, як і першы. Малпы не звярталі на нас увагі, толькі прыносілі ежу. Здзіўлены, я спрабаваў угадаць, што гэта за ўстанова, але на трэці дзень нас пачалі выпрабоўваць цэлай серыяй тэстаў, пры ўспаміне аб якіх я й дагэтуль адчуваю ўніжэнне, але ў той час яны мяне хоць трохі забаўлялі.

Першы тэст здаўся мне спачатку проста бязглуздым. Адзін вартаўнік наблізіўся да мяне, а другі заняўся клеткаю насупраць. Мой вартаўнік схаваў адну руку за спінаю, а ў другой у яго быў свісток. Гарыла ўтаропілася на мяне, стараючыся прыцягнуць да сябе маю ўвагу, пасля паднесла свісток да рота і з хвіліну прарэзліва свісцела. Потым яна наўмысна замаруджана выняла з-за спіны другую руку, і я ўбачыў у ёй той самы падобны на банан плод, які так любілі людзі Сароры. Трымаючы яго перад сабою, вартаўнік пільна назіраў за мною.

Я працягнуў руку, каб узяць банан, але гарыла стаяла надта далёка і набліжацца не збіралася. Здавалася, яна чакала ад мяне іншай рэакцыі і была цяпер расчараваная. Праз нейкі час, стаміўшыся чакаць, яна зноў схавала банан за спінаю і пачала свісцець. Я нерваваўся, не разумеючы сэнсу тэста, і ледзь не выйшаў з сябе, калі вартаўнік пачаў зноў размахваць бананам на такой адлегласці, што да яго немагчыма было дацягнуцца. Мне ўдалося, аднак, захаваць спакой і сабрацца з думкамі, каб угадаць, чаго ж дамагаўся ад мяне вартаўнік, бо здзіўленне яго ўзрастала, нібыта я паводзіў сябе ненармальна. Зрабіўшы тое ж самае шэсць або сем разоў, ён, напэўна, махнуў на мяне рукою і перайшоў да суседняга палоннага.

Я быў проста збянтэжаны, калі ўбачыў, што сусед мой, а пасля і яго сусед пасля першае ж спробы атрымалі бананы. Тады я стаў пільна назіраць за другой гарылаю, якая праводзіла той самы вопыт перад клеткамі процілеглага рада. Вартаўнік якраз дайшоў да Новы, і я ўбачыў, як яна рэагуе. Гарыла свіснула і замахала перад Новай бананам. Дзяўчына захвалявалася, заварушыла сківіцамі і…

Мне ўмомант стала ўсё ясна. Нова, чароўная Нова, пры выглядзе ласунку разявіла рот, і з яго адразу ж пацякла сліна, як у галоднага сабачкі, якому паказалі кавалачак цукру. Менавіта гэтага і чакала гарыла, ва ўсякім разе сёння. Кінуўшы Нове такі жаданы банан, вартаўнік перайшоў да суседняй клеткі.

Я ўсё зразумеў і, можна сказаць, ганарыўся гэтым! Некалі я цікавіўся фізіялогіяй і быў знаёмы з працамі Паўлава. Мне стала ясна, што тут вывучаюць на людзях рэфлексы — гэтаксама як Паўлаў вывучаў іх на сабаках. Якім жа дурнем быў я некалькі хвілін назад! Але цяпер, з маёй культураю і ведамі, я не толькі разумеў значэнне гэтых вопытаў — я ведаў загадзя, што будзе за імі. На працягу многіх дзён малпы, напэўна, будуць рабіць тое ж самае: свісцець у свісток, потым паказваць што-небудзь смачнае, каб выклікаць у падвопытных слінааддзяленне. Праз нейкі час людзі пачнуць пускаць сліну на адзін толькі свісток. У іх, кажучы па-навуковаму, выпрацуецца ўмоўны рэфлекс.

Я віншаваў сябе, радаваўся за сваю здагадлівасць, але трэба было яшчэ паказаць, што я ўсё зразумеў. Калі мой вартаўнік, пакончыўшы са сваім радам клетак, пайшоў назад, я пастараўся ўсімі магчымымі спосабамі звярнуць на сябе яго ўвагу. Я стукаў па прэнтах клеткі, паказваў на свой рот, размахваючы рукамі, пакуль ён не зрабіў нарэшце ласку і не паўтарыў свой вопыт. І тады, пасля першага ж свісту, яшчэ да таго, як ён паказаў мне банан, я стаў пускаць сліну — з усяе сілы, поўны лютасці і адчаю. Я, Уліс Меру, старанна пускаў сліну, быццам ад гэтага залежала маё жыццё, — гэтак хацелася мне паказаць маю кемлівасць!

Вартаўнік быў вельмі ўражаны. Ён паклікаў напарніка, і яны доўга раіліся, як і ўчора. Няцяжка было здагадацца, пра што гавораць гэтыя тугадумы: вось чалавек, у якога толькі што не было ніякіх рэфлексаў, і раптам адразу ж выпрацаваўся ўмоўны рэфлекс, дзеля замацавання якога ў іншых падвопытных патрабуецца багата часу і цярпення! Мне было шкада гэтых прасцякоў. З іх слабым розумам яны былі проста няздольныя прыйсці да адзіна слушнай высновы: падобны прагрэс можна растлумачыць толькі наяўнасцю ў падвопытнага свядомасці. Я быў упэўнены, што Зіра на іх месцы была б больш здагадлівая.

Аднак уся мая мудрасць і залішняя стараннасць прывялі зусім не да тых вынікаў, на якія я спадзяваўся. Гарылы пайшлі, так і не даўшы мне банана — мой вартаўнік сам зжаваў яго на хаду. Навошта было яму аддаваць яго мне, калі мэта вопыту была ўжо дасягнута і без узнагароды!

Назаўтра гарылы вярнуліся з новымі прыстасаваннямі. Адна несла ў руках званочак, другая каціла перад сабою вазок, на якім быў усталяваны нейкі апарат, падобны з выгляду на магнета. Гэтым разам, загадзя ведаючы, якія вопыты збіраюцца з намі праводзіць, я здагадаўся пра назначэнне гэтых прадметаў яшчэ да таго, як гарылы пусцілі іх у ход.

Пачалі яны з суседа Новы, здаравеннага хлопца з надзіва тупым позіркам. Ён стаяў ля кратаў, схапіўшыся за іх рукамі, як гэта рабілі цяпер усе мы, калі з'яўляліся вартаўнікі. Першая гарыла пачала званіць у званочак, а другая тым часам далучала правады ад магнета да кратаў. Калі званочак празваніў досыць доўга, другі вартаўнік крутануў ручку магнета. Чалавек адразу ж адскочыў ад кратаў, жаласна галосячы.

Гарылы паўтаралі гэтую аперацыю над адным і тым самым падвопытным шмат разоў, завабліваючы чалавека да кратаў якой-небудзь садавінаю. Мэта вопыту зноў жа была мне вядомая: выпрацаваць у падвопытнага ўмоўны рэфлекс, каб ён адскокваў ад кратаў, пачуўшы званочак, да таго, як адчуе электрычны ўдар. Але ў той дзень дамагчыся вынікаў ім не ўдалося: псіхіка ў хлопца была вельмі ўжо неразвітая, і ён ніяк не мог адчуць сувязь паміж прычынаю і следствам.

Я чакаў сваёй чаргі, ціха пасмейваючыся сам сабе: мне не цярпелася прадэманстраваць ім розніцу паміж інстынктам і розумам. Ледзь толькі званочак зазвінеў, як я хутка адняў рукі ад кратаў і адступіў у глыбіню клеткі. Пры гэтым я глядзеў на вартаўнікоў і насмешліва падміргваў. Гарылы нахмурыліся. Яны ўжо не смяяліся з мяне. Здавалася, яны ўпершыню пачалі падазраваць, што гэта я смяюся з іх.

Аднак яны ўсё-такі вырашылі працягваць вопыт, як раптам з'явілася група наведнікаў.


Раздзел XV


Паміж клеткамі ішлі трое: шымпанзэ Зіра і дзве малпы, адна з якіх была, напэўна, высокім начальствам.

Гэта быў самец-арангутан — першы арангутан, убачаны мною на Сароры. Меншы ростам за гарылу, ён быў шмат больш згорблены. У яго былі такія доўгія рукі, што, ідучы, ён часта абапіраўся на костачкі сагнутых пальцаў — іншыя малпы рабілі гэта вельмі рэдка. Стваралася дзіўнае ўражанне, быццам ён крочыць, абапіраючыся на дзве кульбы. Яго ўцягнутая ў плечы галава была ў доўгіх пасмах рыжай поўсці, а на пысу старога педанта быў наўмысна напушчаны глыбакадумны выраз. Усім сваім абліччам гэты арангутан нагадваў старога пачцівага святара. Дый гарнітур у яго відавочна адрозніваўся ад тых, у якія былі адзетыя астатнія малпы: на ім быў даўно не чышчаны даўгакрылы рэдынгот чорнага колеру з пурпуроваю зоркай на штрыфлі і такія ж нячышчаныя, усе ў пыле чорныя штаны ў белую палоску. За арангутанам дробненька тупала маленькая самачка-шымпанзэ з тоўстай папкаю. Па яе паводзінах можна было меркаваць, што яна — арангутанава сакратарка.

Я думаю, чытача ўжо не здзіўляе, што я на кожным кроку адзначаю асаблівасці паводзін малпаў і выразы іх твараў. Клянуся, любы разумны чалавек на маім месцы прыняў бы гэтую парачку за высокашаноўнага вучонага і яго сціплую сакратарку. Іх з'яўленне дало мне магчымасць лішні раз пераканацца, што сярод малпаў існуе строгая іерархія. Зіра звярталася да свайго патрона з відавочнай павагаю. Вартаўнікі-гарылы, ледзь заўважыўшы арангутана, кінуліся яму насустрач, кланяючыся ці не да самае падлогі. У адказ арангутан зычліва махнуў ім лапаю.

Наведнікі адразу ж накіраваліся да маёй клеткі. Дзіва што: хіба ж я не быў сама цікавы экземпляр з усяе партыі? Я сустрэў высокае начальства найпачцівейшай усмешкаю і звярнуўся да арангутана з напышлівай прамоваю.

— Дарагі арангутан! — сказаў я. — Які ж я шчаслівы, што сустрэў нарэшце істоту, чыё аблічча перапоўнена мудрасцю і праніклівасцю! Я ўпэўнены, што мы зразумеем адзін аднаго.

«Дарагі арангутан» падскочыў пры першых жа гуках майго голасу. Потым пачасаў вуха, з падазрэннем аглядаючы маю клетку, быццам вышукваў якійсьці падман. Тады загаварыла Зіра: разгарнуўшы блакнот, яна пачала зачытваць запісы, зробленыя ў сувязі з маімі паводзінамі. Яна спрабавала ў чымсьці пераканаць арангутана, але той і слухаць яе не хацеў. Ён перапыняў яе напышлівымі сентэнцыямі, паціскаў плячыма, круціў галавою, а ўрэшце ўвогуле, заклаўшы рукі за спіну, стаў хадзіць узад і ўперад перад маёй клеткаю, кідаючы на мяне раз-пораз не дужа зычлівыя позіркі. Астатнія малпы чакалі яго рашэння ў пачцівым маўчанні.

Зрэшты, пачцівасць гэтая была, бадай, толькі знешняя: прыкмеціўшы, якімі знакамі абменьваліся ўпотайкі гарылы, я зразумеў, што ў душы яны насміхаюцца са свайго патрона. Паводзіны арангутана не толькі расчаравалі мяне, але і раззлавалі, таму, заўважыўшы стаўленне да яго астатніх малпаў, я вырашыў разыграць маленькую сцэнку, каб пераканаць яго ў маім розуме: таксама пачаў шпацыраваць па клетцы, заклаўшы рукі за спіну, згорбіўшыся і нахмурыўшы бровы з выглядам глыбокае задуменнасці.

Гарылы ледзь не задыхнуліся ад смеху, сакратарка, каб не выдаць сябе, уткнулася пысачкай у раскрытую папку, і нават Зіра не магла захаваць сур'ёзнасці. Я ад душы радаваўся поспеху сваёй імправізацыі, пакуль не скеміў, што яна можа дорага мне абысціся. Убачыўшы мае крыўлянні, арангутан раз'юшыўся. Некалькі сухіх фраз, прамоўленых рэзкім тонам, імгненна аднавілі парадак. Пасля гэтага ён спыніўся перада мною і пачаў дыктаваць сакратарцы свае заўвагі.

Дыктаваў ён досыць доўга, падкрэсліваючы кожны перыяд фразы напышлівымі жэстамі. Хутка мне абрыдла яго саманадзейная тупасць, і я вырашыў яшчэ раз прадэманстраваць свае здольнасці. Працягнуўшы да яго руку, я вымавіў, стараючыся выгаворваць як мага лепш:

— Мі Заюс!

Я заўважыў раней, што ўсе звярталіся да арангутана, пачынаючы з гэтых слоў, а пазней даведаўся, што «Заюс» было іменем педанта, а «мі» — ягоным ганаровым тытулам.

Малпы ажно здранцвелі. Ім стала ўжо не да смеху, асабліва Зіры, якая ўстрывожылася яшчэ больш, калі я ўказаў на яе пальцам і вымавіў:

— Зіра!

Гэтае слова я таксама паспеў тады ўжо запамятаць і быў упэўнены, што яно магло азначаць толькі ўласнае імя шымпанзэ.

Што ж да Заюса, дык ён канчаткова разнерваваўся і зноў забегаў па праходзе паміж клеткамі, недаверліва трасучы галавою. Нарэшце ён супакоіўся і загадаў паўтарыць ужо знаёмыя мне тэсты ў яго прысутнасці. Я ахвотна падпарадкаваўся. Пускаў сліну, толькі пачуўшы свісток. Адскокваў ад кратаў пры сама першых гуках званочка. Гэты другі вопыт Заюс прымусіў гарыл паўтарыць дзесяць разоў і ўвесь час дыктаваў сакратарцы бясконцыя заўвагі.

Нарэшце я дадумаўся, каб уразіць арангутана, да большага, чым рабіў пры гэтым вопыце раней. У тое імгненне, калі адзін з вартаўнікоў-гарыл зазваніў у званочак, я расціснуў кантакт, з дапамогаю якога да кратаў падводзіўся электрычны ток, і адкінуў провад убок. Пасля гэтага я мог спакойна стаяць каля кратаў, трымаючыся за прэнты, хоць другі вартаўнік, які не заўважыў, што я зрабіў, шчыраваў з усяе сілы, круцячы ручку бяскрыўднага цяпер магнета.

Я ганарыўся сваёй вынаходлівасцю, якая кожнаму хоць трохі разумнаму стварэнню была б неабвержным доказам майго інтэлекту. Ва ўсякім разе, на Зіру мой учынак зрабіў вялікае ўражанне. Яна пільна паглядзела на мяне, і яе белая пысачка паружавела, што з'яўляецца ў шымпанзэ, як я пазней даведаўся, прыкметаю хвалявання. Але Заюса нішто не магло пахіснуць. Колькі Зіра ні пераконвала яго, пракляты арангутан пагардліва паціскаў плячыма і круціў галавою. Гэтаму педанту адных голых фактаў было мала. Ён аддаў гарылам загад, і я стаў аб'ектам новага тэсту, які ўяўляў сабою камбінацыю двух першых.

Пра гэты вопыт я таксама ведаў і нават бачыў у лабараторыях, як яго праводзілі на сабаках. Мэтаю эксперыменту было збіць з панталыку падвопытную жывёліну і выклікаць у яе нервовае паражэнне, камбінуючы два процілеглыя рэфлексы. Першая гарыла стала свісцець у свісток, абяцаючы ласунак, а другая званіла ў званочак, падаючы сігнал небяспекі. Я ўспомніў высновы аднаго вялікага фізіёлага адносна падобных вопытаў: ён казаў, што яны могуць давесці жывёліну да стану, які дужа нагадвае чалавечы неўроз, і нават да вар'яцтва, калі паўтараць іх досыць часта.

Зрабіўшы выгляд, што я ўважліва прыслухоўваюся спачатку да свістка, потым да звону званочка, я ўсеўся пасярод клеткі, падпёршы падбародак кулаком у традыцыйнай паставе мысліцеля.

Зіра, не ўтрымаўшыся, запляскала ў далоні. Заюс выцягнуў з кішэні насоўку і выцер лоб. Пот каціўся з яго градам, але ўсё роўна нішто не магло пахіснуць яго аслінай упартасці. Я зразумеў гэта па яго грымасах, пакуль ён раз'юшана спрачаўся пра нешта з Зіраю. Прадыктаваўшы яшчэ некалькі заўваг сваёй сакратарцы, арангутан даў Зіры безліч найпадрабязнейшых указанняў, якія тая выслухала незадаволена, і нарэшце выйшаў з памяшкання, кінуўшы на мяне сярдзіты позірк.

Зіра ў сваю чаргу сказала нешта гарылам, і я адразу зразумеў, што яна загадала ім пакінуць мяне ў спакоі, прынамсі, на сённяшні дзень, бо яны ўмомант узялі ўсе прыстасаванні для вопытаў і таксама выйшлі. Застаўшыся са мною сам-насам, калі не лічыць няшчасных дзікуноў у суседніх клетках, і наблізіўшыся да кратаў, шымпанзэ доўга моўчкі глядзела на мяне. Потым яна нечакана працягнула мне па-сяброўску лапу. Я ўсхвалявана паціснуў яе, ласкава паўтараючы імя «Зіра». Пысачка ў шымпанзэ зноў паружавела, і я зразумеў, што яна была вельмі кранутая.


Раздзел XVI


Заюс з'явіўся зноў праз некалькі дзён і адразу ж загадаў змяніць увесь распарадак у нашай секцыі. Але спачатку трэба расказаць, як мне ўдалося за гэтыя дні вызначыцца перад малпамі.

Назаўтра пасля першага наведвання арангутана з намі правялі цэлую серыю новых тэстаў. Усё пачалося ў час кармёжкі. Замест таго каб кінуць, як зазвычай, садавіну нам у клеткі, Зарам і Занам — так звалі гарыл — паклалі ежу ў кашы і падцягнулі гэтыя кашы да столі клетак з дапамогаю спецыяльна прадугледжаных для гэтага блокаў. Пасля ўнеслі ў кожную клетку па чатыры досыць вялікія драўляныя кубы. Урэшце гарылы адышлі на сярэдзіну праходу і пачалі назіраць за намі.

Ва ўсіх маіх суседзяў зрабіліся такія пакутлівыя твары, што на іх было немагчыма глядзець. Яны спрабавалі даскочыць да кашоў, але нікому гэта не ўдавалася. Некаторыя ўзбіраліся да столі па кратах, але і адтуль, колькі яны ні стараліся, ні адзін не мог дацягнуцца да ежы, падвешанай над сярэдзінай клеткі. Я згараў ад сораму за іх тупасць. Я ж, няма чаго і казаць, адразу вырашыў гэтую «задачу». Трэба было паставіць чатыры кубы адзін на другі, узабрацца на гэтую пабудову і зняць кош з крука, што я і зрабіў, схаваўшы пад нязмушаным выглядам свой гонар. Усё было вельмі проста, аднак з усіх людзей толькі я адзін аказаўся досыць кемлівы. Зарам і Занам былі ўражаныя, і гэта кранула мяне да глыбіні душы.

Я пачаў есці, не хаваючы сваёй пагарды да астатніх палонных, якія не маглі зрабіць тое ж самае пасля мяне. Нават Нова не здолела ў той дзень паўтарыць гэтую немудрагелістую аперацыю, хоць я спецыяльна некалькі разоў паказваў ёй усе этапы. Але яна хоць бы старалася зразумець, што ад яе патрабуецца — Нова была, вядома, адна з сама разумных у нашай групе. Яна паспрабавала паставіць адзін куб на другі, але паставіла яго няроўна, і, калі яе пабудова з грукатам развалілася, небарака з перапалоху забілася ў кут клеткі. Дзяўчына была надзіва гнуткая і рухавая, але ў маніпуляцыях з любым прадметам выяўляла тую ж жудасную нязграбнасць, што і ўсе яе супляменнікі. Праўда, да канца другога дня яна ўсё ж навучылася спраўляцца з кубамі.

А ў тую першую раніцу я яе пашкадаваў і кінуў праз краты два сакавітыя плады. За гэта я быў узнагароджаны ласкаю Зіры, якая ўвайшла ў нашую секцыю якраз у гэты момант. Я ледзь не замурлыкаў ад задавальнення, бы кот, калі валасатая лапка паляпала мяне па плячы, але Нове гэта відавочна не спадабалася: яна раз'юшылася, стала кідацца ў клетцы і пранізліва і гучна крычаць.

Я вызначыўся і ў многіх іншых вопытах, але сама галоўнае, мне ўдалося, услухоўваючыся ў гаворку малпаў, вылучыць з яе некалькі найпрасцейшых слоў і зразумець іх значэнне. Я прамаўляў гэтыя словы кожны раз, калі Зіра праходзіла міма маёй клеткі, і шымпанзэ ўсё больш і больш здзіўлялася. Вось тады Заюс і завітаў да нас другі раз.

З ім зноў была сакратарка, але цяпер, акрамя яе, прыйшоў яшчэ адзін арангутан, такі ж важны і з такой самай зоркаю на штрыфлі рэдынгота. Арангутаны размаўлялі паміж сабою, як роўны з роўным, і я зразумеў, што Заюс запрасіў свайго калегу для кансультацыі, каб разабрацца ў складаным выпадку, якім я яму ўяўляўся. Спыніўшыся перад маёй клеткаю, арангутаны пусціліся ў бясконцую дыскусію, у якой прыняла ўдзел і Зіра. Шымпанзэ гаварыла доўга і ўсхвалявана. Я разумеў, што яна мяне бароніць, гаворачы пра маю звышнатуральную кемлівасць, якую ўжо нельга было аспрэчваць. Але ўсе яе доказы выклікалі ў абодвух арангутанаў толькі недаверлівую ўсмешку.

На мне яшчэ раз правялі ўсе тэсты, з якімі я так спрытна раней спраўляўся. У ходзе апошняга я быў павінен адкрыць куфэрак, замкнуты на дзевяць розных замкоў — на засаўку, кручок, шпінгалет, уразны замок, навясны замок і гэтак далей. На Зямлі, я памятаю, аналагічнае прыстасаванне ддя ацэнкі кемлівасці малпаў прыдумаў Кінаман; гэтая задача лічылася сама складанаю, аднак некаторым падвопытным усё ж удавалася вырашыць яе. Відаць, тут гэтае выпрабаванне расцэньвалася гэтаксама ж.

Зіра сама працягнула мне зачынены куфэрак з такім умольным выглядам, быццам ад майго поспеху залежала яе рэпутацыя. Каб не расчараваць яе, я пастараўся паказаць сябе ва ўсім бляску і ўмомант адчыніў усе дзевяць замкоў адзін за адным. Але гэтым я не абмежаваўся. Дастаўшы з куфэрка пакладзены туды плод, я галантна прапанаваў яго Зіры. Шымпанзэ прыняла мой дар, пачырванеўшы. Пасля гэтага я адразу ж выклаў усё, што паспеў засвоіць у малпавай мове, старанна прамовіўшы вывучаныя словы і паказваючы пальцам на прадметы, якія яны абазначалі.

Мне здавалася, што цяпер ужо ніхто не пасмее ўсумніцца ў маёй сапраўднай прыродзе. На жаль, тады я яшчэ не ведаў, якія ж тупыя арангутаны ў сваёй сляпой саманадзейнасці! На мордах у іх з'явілася ўсё тая ж скептычная ўсмешка, што даводзіла мяне да шаленства. Яны рэзка перапынілі Зіру і зноў пра нешта заспрачаліся між сабою. Калі я гаварыў, яны слухалі мяне, бы людзі папугая. Я адчуваў, што арангутаны сыходзяцца на тым, быццам усе мае таленты можна растлумачыць своеасаблівым інстынктам і высокаразвітымі пераймальнымі здольнасцямі. Відаць, яны прытрымліваліся тае самае дактрыны, якую адзін наш вучоны, Г. Л. Морган, сфармуляваў наступным чынам: «Мы ні ў якім выпадку не павінны расцэньваць якое-небудзь дзеянне як праяву вышэйшых псіхічных здольнасцей, калі гэтае дзеянне можна растлумачыць праяваю псіхічных здольнасцей ніжэйшага парадку».

Бясспрэчна, менавіта пра нешта падобнае і разважалі цяпер арангутаны на сваім вучоным жаргоне, я ж адно скрыгатаў зубамі ад злосці. Магчыма, я не вытрымаў бы і выбухнуў новым прыступам, калі б не заўважыў своечасова позірк Зіры. Было ясна, што яна нязгодная з арангутанамі і проста саромеецца, што яны вярзуць перада мною такую лухту.

Калі вучоны калега Заюса выйшаў, несумненна, выклаўшы наконт мяне сваю катэгарычную думку, арангутан пачаў новыя доследы. Спачатку ён абышоў усё памяшканне, спыняючыся перад кожнаю клеткаю і ўважліва разглядаючы палонных. Пакуль ён рабіў заўвагі, Зіра іх запісвала. Мяркуючы па выразе яе пысачкі, усіх нас чакалі вялікія перамены. Хутка я здагадаўся, у чым сутнасць Заюсавага плана, і зразумеў сэнс заўваг, якія ён рабіў, параўноўваючы пэўныя якасці тых або іншых мужчын і жанчын.

Я не памыліўся. Зіра перадала ўказанні шэфа гарылам, і тыя прыступілі да іх выканання. Нас рассартавалі па парах. Але які яшчэ д'ябальскі вопыт прадвяшчалі гэтыя падрыхтаванні? Якія яшчэ асаблівасці чалавечай прыроды імкнуліся вывучыць малпы, ахопленыя даследніцкай гарачкаю? Знаёмства з працаю фізіялагічных лабараторый дапамагло мне хутка знайсці адказ: для любога вучонага, які займаецца вывучэннем інстынктаў і рэфлексаў, полавы інстынкт уяўляў сабою найвялікшую цікавасць.

Але, справа была менавіта ў гэтым! Гэтыя д'яблы хацелі вывучыць на нас, у тым ліку і на мне, раз ужо я па іроніі лёсу апынуўся ў гэтым статку, усе асаблівасці чалавечых любоўных гульняў: паводзіны самца, паводзіны самкі, збліжэнне ў няволі і таму падобнае — можа, дзеля таго, каб параўнаць потым вынікі з папярэднімі назіраннямі, зробленымі над людзьмі на волі.

Разгадаўшы Заюсаву задуму, я пакляўся сабе хутчэй памерці, чым зрабіцца аб'ектам такіх агідных вопытаў. Але, мушу прызнацца, хоць рашучасць мая і заставалася непахісная, мне стала нашмат лягчэй, калі я ўбачыў жанчыну, якую арангутан прызначыў мне ў сяброўкі. Гэта была Нова. За такі выбар я быў гатовы дараваць старому балвану нават яго дурасць і саманадзейнасць і не стаў супраціўляцца, калі Зарам і Занам бесцырымонна схапілі мяне і кінулі да ног німфы вадаспада.


Раздзел XVII


Не буду расказваць пра тое, што адбывалася ў суседніх клетках на працягу наступных тыдняў. Я ўгадаў: малпы вырашылі вывучаць сексуальнае жыццё людзей і ўзяліся за справу з уласцівай ім метадычнасцю. Чаго толькі яны не выдумлялі, каб пары сыходзіліся! Калі ж хто-небудзь упарціўся, то яго хутка прымушалі падпарадкавацца ўколамі пік.

Я і сам пачаў рабіць сякія-такія назіранні, разлічваючы папоўніць імі рэпартаж, які я ўсё яшчэ спадзяваўся надрукаваць пасля свайго вяртання на Зямлю. Але мне гэта хутка надакучыла, бо нічога асабліва пікантнага я так і не заўважыў. Нічога, калі не лічыць дзіўнага спосабу заляцання, якім карыстаўся мужчына, перш чым наблізіцца да жанчыны. Гэта было нешта накшталт танца, вельмі падобнага на шлюбны танец некаторых птушак. Мужчына павольна і няўпэўнена пачынаў хадзіць вакол жанчыны, ступаючы крок уперад, потым назад, пасля ўбок. Гэтак ён кружляў, паступова звужаючы кругі, у цэнтры якіх была нерухомая жанчына — яна толькі паварочвалася на месцы да яго тварам. Я не раз назіраў за гэтай цікаўнай цырымоніяй: асноўныя фігуры рытуалу заўсёды заставаліся нязменныя, мяняліся зрэдку хіба што дэталі. Што ж датычыць самой блізкасці, то як я ні саромеўся спачатку, міжволі назіраючы за ёю, але праз нейкі час зусім ужо не зважаў на такія сцэны, якія цяпер для мяне нічым не адрозніваліся ад любых іншых. Больш за ўсё ўражвалі мяне ва ўсім гэтым педантызм і скрупулёзнасць малпаў, якія абсалютна спакойна праводзілі назіранні, не забываючыся зафіксаваць у сваіх блакнотах ніводнай падрабязнасці.

Вядома, ад мяне малпы не дачакаліся анічога. Зразумеўшы, што я не збіраюся аддавацца гэтым гульням, нашыя вартаўнікі-гарылы ўзялі сабе ў галаву, што могуць дамагчыся свайго гвалтам, і пачалі падганяць мяне да Новы, паколваючы дзідамі, як звычайную жывёліну, — мяне, Уліса Меру, чалавека, створанага паводле ўзору і падабенства боскага! Я адбіваўся як мог. Але гэтыя жывёлы не адступаліся, і невядома, што б са мною сталася, калі б не з'явілася Зіра, якой яны далажылі пра мае дзіўныя паводзіны.

Шымпанзэ надоўга задумалася, потым падышла да клеткі, паглядзела на мяне сваімі цудоўнымі разумнымі вачыма і загаварыла, пагладжваючы мяне па галаве. Думаю, сэнс яе слоў быў прыблізна такі:

— Бедны смешны чалавечак! Які ж ты дзіўны! Ну хіба нармальныя людзі так сябе паводзяць? Паглядзі на іншых вакол сябе! Зрабі тое, чаго ад цябе чакаюць, і ты будзеш узнагароджаны.

Яна выняла з кішэні кавалачак цукру і працягнула яго мне. Я быў у адчаі! Значыцца, і яна лічыць мяне жывёлінай, хіба што трохі больш кемлівай за астатніх. Я раз'юшана пакруціў галавою і забіўся ў кут клеткі, як мага далей ад Новы, якая глядзела на мяне ў поўным недаўменні.

Думаю, справа тым бы і скончылася, калі б якраз у гэты самы момант не з'явіўся стары Заюс, варожа настроены да любых поглядаў, апроч сваіх, як ніколі. Ён прыйшоў пацікавіцца вынікамі вопытаў і, як зазвычай, спытаўся спачатку пра мяне. Зіра была вымушана далажыць яму пра маю ўпартасць. Раззлаваўшыся, арангутан, заклаўшы рукі за спіну, забегаў перад клеткаю, але праз якую хвіліну загадаў нешта ўладна вартаўнікам. Зарам і Занам адчынілі клетку, вывелі з яе Нову, узамен пасадзіўшы да мяне мажную матрону. Пракляты Заюс з яго тупым педантызмам вырашыў памяняць мне партнёра па эксперыменце.

Але гэта не было яшчэ сама горшае, я нават не паспеў падумаць пра сябе. Я з трывогаю праводзіў вачыма сваю сяброўку. Нарэшце я з жахам убачыў, як Нову ўпіхнулі ў клетку насупраць маёй, да шыракаплечага дзецюка, сапраўднага бамбізы з валасатымі грудзьмі, які адразу ж падскочыў да Новы і пачаў таптацца вакол яе, з імпэтам выконваючы апісаны мною любоўны танец.

Ледзь я ўсвядоміў, чаго хоча гэты варвар, як усе мае мудрыя рашэнні ўмомант вылецелі з галавы. Я страціў галаву і зноў павёў сябе як вар'ят. Проста з глузду з'ехаў, такі быў раз'юшаны! Я рыкаў і ўлюлюкаў не горш за людзей Сароры. Гэтаксама ж, як і яны, кідаўся ў лютасці на краты, з пенаю на вуснах грыз іх, скрыгатаў зубамі — карацей, паводзіў сябе як сама сапраўдная жывёліна.

Але яшчэ больш нечаканы быў вынік майго прыпадку. Убачыўшы мяне такім, Заюс раптам усміхнуўся. Упершыню ён быў задаволены мною. Нарэшце я паводзіў сябе як тыповы чалавек. Заюс акрыяў: яго тэорыя перамагла. Арангутан прыкметна палагоднеў і нават задаволіў просьбу Зіры адмяніць свой загад і даць мне апошні шанц. З маёй клеткі вывелі таўшчэзную матрону, вярнуўшы да мяне Нову, перш чым бамбіза паспеў да яе дакрануцца. Малпы адышлі ад клеткі і пачалі ўважліва назіраць за намі.

Што тут яшчэ сказаць? Усе гэтыя хваляванні зусім зламалі мяне. Я адчуваў, што не змагу бачыць маю німфу ўзятай іншым мужчынам. Заставалася толькі скарыцца перад хітрасцю арангутана, які, пасмейваючыся, святкаваў перамогу. Я зрабіў першае нясмелае па.

Але, я, цар усяго існага, пачаў кружляць вакол маёй прыгажуні! Я, чалавек, вянец тысячагадовае цывілізацыі! Перад усімі гэтымі малпамі, што пажыралі мяне вачыма, перад старым арангутанам, што дыктаваў сакратарцы свае разважанні, перад шымпанзэ, якая задаволена ўсміхалася, перад гарыламі, твары ў якіх так і расплыліся ва ўхмылках! Я апраўдваўся ў душы, што ва ўсім вінаватыя злыя метамарфозы касмічных прыгодаў. Цяпер ужо я пэўна ведаў: ёсць у нябёсах і на планетах багата такога, чаго і не снілася мудрацам! Я, Уліс Меру, таптаўся вакол жанчыны, быццам паўлін, выконваючы любоўны абрад.


Частка другая

Раздзел I


Цяпер я мушу прызнацца, што вельмі лёгка прыстасаваўся да жыцця ў клетцы. З пункту погляду матэрыяльнага мне не было чаго і жадаць: удзень малпы выконвалі любыя мае прыхамаці, уначы я дзяліў падсцілку з адною з прыгажэйшых жанчын сусвету. Я так звыкся са сваім становішчам, што на месяц перастаў заўважаць усю яго недарэчнасць і не рабіў ніякіх спроб пакласці яму канец. Адзінае, што я тады зрабіў, гэта вывучыў яшчэ некалькі слоў малпавай мовы. Я не спрабаваў больш наладзіць кантакт з Зіраю, так што калі раней яна і адчувала ўва мне наяўнасць свядомасці, дык цяпер, напэўна, згадзілася з Заюсам і глядзела на мяне як на чалавека сваёй планеты, інакш кажучы, як на жывёліну, можа, і не бязглуздую, але ж ніяк не адухоўленую.

Мая перавага над астатнімі палоннымі, якой я не выяўляў больш да такой ступені, каб палохаліся вартаўнікі, зрабіла мяне важнаю персонаю. Гэтая акалічнасць, мушу прызнацца, на мой сорам, поўнасцю задавальняла маё самалюбства, і нават напаўняла мяне гонарам. Зарам і Занам абыходзіліся са мною па-сяброўску: ім падабалася, калі я ім усміхаўся, рагатаў ці прамаўляў асобныя словы. Пераспрабаваўшы на мне ўсе класічныя тэсты, яны стараліся вынайсці новыя, больш складаныя, і мы разам радаваліся, калі мне ўдавалася вырашыць пастаўленую задачу. Яны ніколі не забываліся прынесці мне які-небудзь ласунак, і я ахвотна дзяліўся ім з Новаю. Мы лічыліся прывілеяванай параю. Аслеплены, я ўяўляў, нібыта мая сяброўка ўсведамляе, што ўсім гэтым яна абавязана маім талентам, і большую частку часу выпінаўся перад ёю.

Але праз некалькі тыдняў мне стала моташна. Можа, вінаватыя былі вочы Новы, якія здаліся мне тады асабліва бязглуздымі, а можа, кавалачак цукру, якім мяне пачаставала Зіра, раптам здаўся горкім? Я пачырванеў ад сораму, усвядоміўшы, што гатовы ўжо быў, апусціўшыся, скарыцца. Што падумае пра мяне прафесар Антэль, калі ён выпадкова ўцалеў і знойдзе мяне ў такім стане? Толькі адна гэтая думка была ўжо мне невыносная, і я цвёрда вырашыў адразу ж, неадкладна, пачаць паводзіць сябе як належыць цывілізаванаму чалавеку.

Пагладжваючы ў знак удзячнасці лапку Зіры, я асцярожна завалодаў яе блакнотам і ручкаю і, не звяртаючы ўвагі на яе ласкавыя папрокі, усеўся на салому і пачаў маляваць Нову. Я няблага некалі маляваў, дый мадэль мяне натхняла, і мне ўдалося зрабіць прыстойны эскіз, які я працягнуў шымпанзэ.

Зіра расхвалявалася: усе яе сумненні на мой конт умомант адрадзіліся. Пысачка ў яе пачырванела, яна не ў сілах была суняць дрыготку. Скарыстаўшы яе разгубленасць, я ўладна працягнуў руку па блакнот, і гэтым разам яна аддала яго мне самахоць. І як гэта я дагэтуль не мог звярнуцца да такога простага спосабу?!

Прыгадаўшы свае школьныя веды, я начарціў трохкутнік з тэарэмы Піфагора. Выбар мой быў невыпадковы. У юнацтве я чытаў адну навукова-фантастычную аповесць, у якой стары вучоны выкарыстоўваў геаметрычныя фігуры, каб усталяваць кантакт з разумнымі істотамі іншага свету. У час пералёту я неяк загаварыў пра гэта з прафесарам Антэлем, і ён нават адобрыў такі метад. Згадваю, ён яшчэ дадаў, што геаметрыя Эўкліда — суцэльная памылка, і менавіта таму яна павінна быць агульнапрынятаю ва ўсіх сусветах.

Так ці інакш, Зіра, убачыўшы мой чарцёж, мала не закалацілася. Яна дзіка ўскрыкнула, пысачка ў яе зрабілася зусім пурпуровая. Толькі калі ўстрывожаныя Зарам і Занам кінуліся ёй на дапамогу, шымпанзэ здолела авалодаць сабою. І тут Зіра павяла сябе, як мне здалося, дзіўна: кінуўшы на мяне ўпотайкі кароткі позірк, хутка і спрытна схавала мой малюнак і чарцёж, потым сказала нешта гарылам, і тыя выйшлі з памяшкання. Я зразумеў, што яна загадала ім выйсці пад нейкім зручным прэтэкстам. Пасля шымпанзэ паціснула мне руку, і жэст гэты меў зусім іншае значэнне, чым раней, калі яна проста ласкала мяне, як сімпатычнага звера за тое, што ён дагадзіў ёй сваёй кемлівасцю. Нарэшце яна з умольным выглядам працягнула мне блакнот і ручку. Цяпер ужо ёй самой не цярпелася наладзіць са мною кантакт.

Я падзякаваў у глыбіні душы Піфагору і паглыбіўся ў геаметрыю. На адной старонцы я як мага больш старанна начарціў тры канічныя вытворныя з іх вяршынямі і накіравальнымі: эліпс, парабалу і гіпербалу. На другой начарціў конус. Тут я хачу нагадаць, што перасячэнне конуса плоскасцямі ўтварае ў плане менавіта адну з гэтых вытворных, у залежнасці ад вугла перасячэння. Таму я дамаляваў да конуса перасякаючую плоскасць пад пэўным вуглом і, звярнуўшыся да першага чарцяжа, паказаў уражанай шымпанзэ на эліпс, якому адпавядала гэтае сячэнне.

Зіра вырвала блакнот у мяне з рук, начарціла ў сваю чаргу конус, перасечаны плоскасцю пад іншым вуглом, і ўказала мне сваім доўгім пальцам на гіпербалу. Я так расхваляваўся, што на вачах у мяне выступілі слёзы. Я сутаргава сціснуў шымпанзэ руку. Нова, якая адступіла ў глыбіню клеткі, люта заенчыла.Інстынктыўна дзікунка ўлоўлівала сэнс таго, што цяпер адбывалася. Яна не памылялася. Праз пасрэдніцтва геаметрыі паміж мною і Зіраю ўсталяваўся духоўны кантакт. Я меў ад гэтага амаль фізічную асалоду і адчуваў, што шымпанзэ таксама ўзрадаваная.

Раптам яна вырвала ў мяне сваю лапку і выскачыла з аддзялення. Адсутнічала яна нядоўга, але ўвесь гэты час я правёў бы ў сне, не смеючы ўзняць вачэй на Нову, якая з бурчаннем кружляла вакол мяне: я ўсё-такі адчуваў сябе вінаватым перад ёю.

Калі Зіра вярнулася, я ўбачыў, што яна прынесла мне малявальную дошку з замацаваным на ёй вялікім аркушам паперы. Падумаўшы трохі, я вырашыўся адкрыць Зіры ўсю праўду.

У адным куце аркуша я намаляваў сістэму Бетэльгейзе — такой, як яна ўяўлялася нам з зоркалёта: гіганцкае сонца ў цэнтры, а вакол яго — чатыры планеты. Асабліва старанна намаляваў я Сарору з яе маленькім спадарожнікам, дакладна вызначыўшы месцазнаходжанне планеты ў прасторы. Ткнуўшы пальцам у яе выяву, я паказаў на Зіру. Тая зрабіла знак, што цудоўна ўсё зразумела. Тады ў другім куце аркуша я намаляваў нашую старую добрую Сонечную сістэму з яе асноўнымі планетамі. Пасля паказаў на Зямлю і прыставіў палец да сваіх грудзей.

Тут Зіра завагалася. Паказаўшы ў сваю чаргу на Зямлю, яна ўзняла палец уверх, да неба. Я кіўнуў галавою. Шымпанзэ была ў недаўменні, ніяк не магла паверыць. Тады я з'яднаў Зямлю з Сарораю пункцірнай лініяй і намаляваў на ёй у другім маштабе наш зоркалёт. Гэта быў для шымпанзэ нібыта прамень святла ў цемры! Цяпер ужо Зіра ведала, хто я такі і адкуль. Яна рванулася да мяне, але тут у канцы калідора з'явіўся Заюс: ён ішоў на чарговы агляд падвопытных. Ад страху вочы ў шымпанзэ сталі круглыя. Зіра імгненна згарнула аркуш паперы, сунула ў кішэню блакнот і, пакуль арангутан яшчэ не наблізіўся, паспела ўмольна прыкласці палец да вуснаў: яна раіла мне не адкрывацца перад Заюсам. І я падпарадкаваўся ёй, хоць і не разумеў, навошта ўся гэтая таямнічасць. Але я быў упэўнены, што з гэтага дня Зіра — мая саюзніца, і зноў прыкінуўся разумнай жывёлінай.


Раздзел II


З таго часу дзякуючы Зіры я пачаў рабіць вялікія поспехі ў вывучэнні малпавай мовы і культуры. Пад выглядам новых, асобых тэстаў Зіра амаль штодня заставалася са мною сам-насам. Яна ўзялася вучыць мяне сваёй мове і ў той самы час засвойвала французскую з дзіўнай лёгкасцю. Менш чым праз два месяцы мы ўжо маглі свабодна размаўляць на сама розныя тэмы. Патроху перада мною адкрываўся духоўны свет Сароры, яе дзіўная цывілізацыя, якую я паспрабую абмаляваць тут у агульных рысах.

Толькі мы з Зіраю пачалі разумець адно аднаго, як я адразу ж паспяшаўся задаць галоўнае пытанне, што цікавіла мяне:

— Няўжо малпы — адзіныя разумныя істоты, цары прыроды на гэтай планеце?

— Цябе гэта здзіўляе? — сумелася яна. — Вядома, малпа — адзіная істота, якая ўмее думаць, надзелена не толькі целам, але і душою. Сама зацятыя матэрыялісты з нашых вучоных і тыя прызнаюць асобую сутнасць малпавай душы.

Кожнага разу я ледзь не падскокваў ад падобных выказванняў, хоць, здавалася, можна было б ужо і прывыкнуць.

— Але скажы, Зіра, хто ж тады людзі?

Я ўжо згадваў, што яна хутчэй засвойвала маю мову, чым я іхнюю, таму ў першыя дні мы гаварылі толькі па-французску і адразу ж перайшлі інстынктыўна на «ты». Спачатку было цяжка прызвычаіцца да таго, што словы «чалавек» і «малпа» маюць для нас розны сэнс, але гэта хутка перастала нам замінаць. Кожны раз, калі Зіра казала «малпа», я перакладаў сам сабе: вышэйшая істота, вяршыня эвалюцыі. Калі ж яна гаварыла пра людзей, я ведаў, што гаворка ідзе пра жывёл, якія, праўда, надзелены імітацыйным інстынктам і маюць пэўнае анатамічнае падабенства да малпаў, аднак менавіта ўсё ж пра жывёл з прымітыўнай псіхікай і свядомасцю.

— За апошнія сто гадоў, — апавядала мне прафесарскім тонам Зіра, — мы дамагліся адмысловых поспехаў у даследаванні паходжання відаў. Раней лічылася, што віды — нязменныя, што ўсе істоты застаюцца такія, якімі выпусціў іх у свет усемагутны творца. Але цэлая плеяда вялікіх вучоных — усе яны былі шымпанзэ — прымусіла нас поўнасцю перагледзець свае погляды на гэты конт. Цяпер мы ведаем, што ў блізкіх відаў быў, напэўна, агульны продак.

— Значыцца, малпа паходзіць ад чалавека?

— Некаторыя так і лічаць, але на справе ўсё шмат больш складана. Малпа і чалавек на пэўным этапе эвалюцыі стварылі дзве розныя галіны: адна працягвала развівацца і паступова дасягнула вяршынь розуму, другая ж застыла на ўзроўні чалавечага свету. Зрэшты, многія арангутаны ўсё яшчэ адмаўляюць гэтую відавочную ісціну.

— Ты сказала, Зіра… цэлая плеяда вялікіх вучоных — і ўсе шымпанзэ?..

Я перадаю нашыя гутаркі такімі ж спантаннымі, якімі яны і былі: імкнучыся даведацца як найхутчэй пра ўсё, я задаваў сама розныя пытанні, на якія Зіра падоўгу адказвала.

— Амаль усе вялікія адкрыцці зроблены шымпанзэ, — з запалам пацвердзіла яна.

— У малпаў ёсць касты?

— Існуюць тры групы — ты ўжо гэта, пэўна, заўважыў, — кожная са сваімі ўласцівасцямі: шымпанзэ, гарылы і арангутаны. Расавыя бар'еры, якія былі паміж імі раней, і ўзаемная варожасць, якую яны ўзбуджалі, знішчаны дзякуючы пераважна намаганням шымпанзэ. Сёння ўсе тры расы ў прынцыпе роўныя.

— Але большая частка вялікіх адкрыццяў зроблена ўсё-такі шымпанзэ?

— Натуральна.

— А хто такія гарылы?

— Пажыральнікі мяса, — сказала яна з пагардаю. — Некалі яны былі феадальнымі князькамі, і ў многіх дагэтуль захаваўся смак да ўлады. Яны без памяці любяць арганізоўваць і кіраваць. Сібарыты. Любяць паляванне. А бяднейшыя наймаюцца на працу, якая вымагае вялікай фізічнай сілы.

— А што ты скажаш пра арангутанаў?

Зіра ўважліва паглядзела на мяне, потым зарагатала.

— Іхняя справа — афіцыйная навука. Ты ўжо ў гэтым пераканаўся і, думаю, будзеш мець магчымасць пераканацца яшчэ не раз. Яны ведаюць практычна ўсё, што можна вычытаць з кніг. Усе яны ўшанаваныя рознымі ўзнагародамі. Некаторыя лічацца нават буйнымі знаўцамі ў якой-небудзь вузкай галіне, дзе патрабуецца добрая памяць. Што ж да астатняга…

Тут Зіра пагардліва махнула рукою.

Я не стаў настойваць, вырашыўшы, што мы яшчэ паспеем пагаварыць пра гэта. А пакуль што я вярнуўся да больш агульных пытанняў. Па маёй просьбе Зіра намалявала генеалагічнае дрэва малпаў, як яго ўяўляюць лепшыя спецыялісты. Яно было досыць падобнае на нашыя схемы эвалюцыі відаў. Ад агульнага ствала, пачатак якога губляўся ў невядомасці, аддзяляліся паслядоўна розныя галіны — расліны, аднаклеткавыя арганізмы, кішачна-поласцевыя, ігласкурыя; вышэй размяшчаліся рыбы, рэптыліі і, нарэшце, сысуны. Далей вызначаўся клас, аналагічны класу нашых чалавекападобных. Ад яго адыходзіла галіна чалавека — бакавая і кароткая. Тым часам цэнтральны ствол працягваў расці і разгаліноўвацца на розныя віды дагістарычных малпаў з цяжка прамаўляльнымі назвамі і, нарэшце, заканчваўся відам simie sapiens з трыма вяршынямі эвалюцыі: падвідамі шымпанзэ, гарыл і арангутанаў.

— Мозг малпы, — працягвала Зіра, — развіваўся, ускладняўся і ператварыўся нарэшце ў орган мыслення, у той час як мозг чалавека не зведаў ніякіх змен.

— Але чаму такога развіцця дасягнуў менавіта мозг малпы?

— Натуральна, галоўную ролю адыграла мова. Але чаму малпы загаварылі, а людзі не? На гэты конт погляды вучоных разыходзяцца. Адны бачаць у гэтым волю творцы, другія сцвярджаюць, што розум у малпаў эвалюцыяніраваў перш за ўсё дзякуючы наяўнасці чатырох рухавых канечнасцяў. Магчыма, што чалавек з яго дзвюма рукамі і кароткімі няспрытнымі пальцамі з самага пачатку апынуўся ў нявыгадным становішчы: ён не мог прагрэсіраваць, набываць дакладнае ўяўленне пра навакольны свет. З гэтае ж прычыны людзі ніколі не ўмелі спрытна карыстацца прыладамі… Урэшце, магчыма, ён і спрабаваў навучыцца гэтаму ў пачатку сваёй эвалюцыі… Выяўлены цікавыя знаходкі. Якраз цяпер у гэтым накірунку вядзецца багата даследаванняў. Калі ты цікавішся гэтым, я пазнаёмлю неяк цябе з Карнэліем. Ён разбіраецца ў гэтых пытаннях лепш за мяне.

— А што за Карнэлій?

— Мой жаніх, — адказала Зіра, пачырванеўшы. — Вялікі, сапраўдны вучоны.

— Шымпанзэ?

— Ну вядома!.. Дык вось, я асабіста ўпэўненая: той факт, што мы — чатырохрукія, адыграў у нашай духоўнай эвалюцыі велізарную ролю. Гэта дазволіла нам спачатку ўзняцца на дрэвы і такім чынам асвойтацца ў трохмернай прасторы, у той час як чалавек, прывязаны да зямлі праз сваю фізічную недасканаласць, чэзнуў на адной плоскасці. Потым мы стварылі розныя прылады, зноў жа таму, што маглі ўдала імі карыстацца. Пачаўся прагрэс, і такім чынам мы дасягнулі вяршынь розуму.

На Зямлі я часта чуў, як абсалютна процілеглыя доказы прыводзілі для тлумачэння перавагі чалавека над астатнімі жывёламі. Аднак, падумаўшы, я вырашыў, што разважанні Зіры ні кроплю не менш пераканаўчыя за нашыя.

Я хацеў прадоўжыць гэтую размову, на языку ў мяне круціліся сотні пытанняў, але тут нас перапынілі Зарам і Занам, якія прынеслі ежу для вячэрняй кармёжкі. Зіра шэптам пажадала мне: «Дабранач!» — і пайшла.

Я зноў застаўся ў клетцы сам-насам з Новаю. Мы паелі. Гарылы пайшлі, патушыўшы за сабою ўсе лямпы, апрача начніка над дзвярыма, ад якога лілося цьмянае святло. Я глядзеў на Нову, раздумваючы пра ўсё, што зведаў за гэты дзень. Нова, натуральна, ненавідзела Зіру, і мае гамонкі з шымпанзэ раз'юшвалі яе. Спачатку яна як магла выказвала сваю незадаволенасць, спрабуючы перашкодзіць нам: станавілася паміж мною і Зіраю, скакала па клетцы, вырывала з падсцілкі пучкі саломы і кідала іх у галаву разводніцы. Каб утаймаваць яе, я быў вымушаны выкарыстаць сілу. Атрымаўшы ад мяне некалькі звонкіх плескачоў, Нова нарэшце супакоілася. Я дазволіў сабе такі недалікатны жэст міжволі і пазней шмат з-за гэтага перажываў, аднак Нова, здавалася, не сердавала зусім.

Разумовае напружанне, якога вымагалі ад мяне тэорыі эвалюцыі, распрацаваныя малпамі, забрала ў мяне ўсю сілу. Так што я быў толькі рады, калі ўбачыў, што, наблізіўшыся, Нова пачала лашчыць мяне. Ласкі яе былі паўчалавечыя, паўжывёльныя: за ўвесь гэты час, пераймаючы адно аднаго, мы вынайшлі спосаб любоўных гульняў, які ўвабраў у сябе часткова звычаі цывілізаваных зямлян і дзікуноў Сароры.


Раздзел III


Для мяне гэта быў асаблівы дзень. Паддаўшыся нарэшце маім просьбам, Зіра згадзілася вывесці мяне з Інстытута вышэйшай фізіялогіі — так называлася нашая ўстанова — на прагулку па горадзе.

Яна рашылася на гэта пасля доўгіх ваганняў. Спатрэбілася багата часу, каб яна прывыкла лічыць мяне разумнай істотаю. Пакуль яна заставалася са мною, ёй гэта было няцяжка, але потым Зіру зноў адольвалі сумненні. Паспрабуйце ўявіць сябе на яе месцы! Мае расказы пра людзей, а галоўнае, пра малпаў Зямлі абурылі яе — інакш і быць не магло. Пазней Зіра прызналася, што доўгі час ёй больш хацелася бачыць ува мне чараўніка ці шарлатана, абы толькі не прызнаваць прыведзеныя мною факты. Аднак пад націскам шматлікіх удакладненняў і доказаў яна канчаткова паверыла ў мяне і нават пачала абдумваць планы майго вызвалення, справы, дарэчы, зусім не простай, як яна мне растлумачыла. А пакуль што яна прыйшла за мною неўзабаве пасля поўдня, каб вывесці мяне на шпацыр.

Пры адной толькі думцы, што я зноў убачу неба над галавою, сэрца маё так і закалацілася, але я прыкметна астыў, калі ўбачыў, што Зіра збіраецца весці мяне на ланцужку. Гарылы выцягнулі мяне з клеткі, бразнуўшы дзвярыма перад носам у Новы, і надзелі мне на шыю скураны ашыйнік з прымацаваным да яго надзейным ланцугом. Зіра схапіла свабодны канец ланцуга і павяла мяне да выйсця пад улюлюканне Новы, якое раздзірала мне душу. Ахоплены жалем, я пачаў супакойваць яе сяброўскімі жэстамі, але, заўважыўшы гэта, шымпанзэ засердавала і, надта не цырымонячыся, тузанула за ланцуг. З тае пары як Зіра ўпэўнілася, што ў мяне малпін розум, мая сувязь з гэтай дзяўчынаю шакіравала яе.

Але калі мы засталіся адны ў паўцёмным пустым калідоры, яе дурны настрой прайшоў.

— Напэўна, людзі Зямлі не прывыклі, — спыталася яна, смеючыся, — каб іх вось так прагульвала на павадку малпа?

Я запэўніў яе, што ў нас такога не ўбачыш. Папрасіўшы прабачэння, Зіра растлумачыла, што некаторых прыручаных людзей можна вадзіць па вуліцах, не баючыся скандалу, але будзе спакайней, калі я застануся на ланцугу. Пазней, калі яна пераканаецца ў маёй паслухмянасці, я, магчыма, змагу прагульвацца з ёю і без ланцуга.

Потым яна забылася, хто я такі — з Зіраю гэта здаралася, — і засыпала мяне ідыёцкімі настаўленнямі:

— Не надумайся толькі кідацца на мінакоў або скаліць зубы… І божа цябе барані падрапаць якое-небудзь даверлівае дзіця, калі яно захоча пагладзіць цябе. Я не надзела табе наморднік, аднак…

Але тут Зіра з рогатам спынілася.

— О, прабач мне, прабач! — усклікнула яна. — Я ўвесь час забываюся, што ты разумны, як малпа…

Яна па-сяброўску паляпала мяне па плячы, просячы прабачэння. Яе весялосць прыцішыла злосць, якая пачала ўжо закіпаць ува мне. Мне заўсёды было прыемна чуць, як смяялася Зіра. Згадваючы Нову, якая ўсё яшчэ не магла выказваць гэтак сваю радасць, я толькі ўздыхаў. Неўзабаве весялосць шымпанзэ перадалася і мне. У паўзмроку калідора рысы Зіры былі амаль нябачныя — я бачыў толькі яе белую пысачку. Зіра надзела яркую сукенку, а на галаву нацягнула студэнцкі каўпачок, які закрываў яе вушы. На імгненне я нават забыўся, што гэта малпа, і ўзяў яе пад руку. Гэта здалося ёй натуральным, і яна не запярэчыла. Так, прыціснуўшыся адно да аднаго, мы прайшлі некалькі метраў. Але ў канцы калідора было бакавое акно, і, спыніўшыся перад ім, Зіра жыва вызваліла руку і адштурхнула мяне. Пасур'ёзнеўшы, яна нацягнула ланцуг.

— Ты не павінен гэтага рабіць, — сумна сказала яна. — Па-першае, я заручаная і…

— Ты заручаная?!

Недарэчнасць гэтай заўвагі, зробленай у сувязі з маім нявінным сяброўскім жэстам, мы адчулі адначасна. Пысачка ў Зіры паружавела, і яна паправілася:

— Я хачу сказаць, што ніхто не павінен падазраваць, якая твая сапраўдная сутнасць. Гэта ў тваіх інтарэсах, павер мне. Я пакорліва пацягнуўся ўслед за ёй на ланцугу. Мы выйшлі з будынка. Швейцар інстытута, здаравенны самец-гарыла ў мундзіры, ветліва пакланіўшыся Зіры, правёў мяне насмешлівым позіркам. На вуліцы я ажно хістацца пачаў: пасля трох месяцаў зняволення ў мяне ад гарадской мітусні і ззяння Бетэльгейзе кружылася галава. Я з усяе сілы ўдыхаў цёплае паветра, чырванеючы ад сораму за тое, што іду па горадзе голы. У клетцы я прызвычаіўся да поўнай адсутнасці адзежы, але тут, на вачах у мінакоў-малпаў, якія нязмушана разглядвалі мяне, зноў адчуў непрыстойнасць свайго выгляду. Зіра катэгарычна адмовілася даць мне адзежу, сцвярджаючы, што тады я буду выглядаць яшчэ больш недарэчна, бо буду падобны на дрэсіраванага чалавека, з тых, што паказваюць на кірмашах. І, вядома, яна мела рацыю. Калі мінакі і азіраліся на мяне, дык не таму, што я быў голы, а таму, што быў чалавек, рэдкае відовішча, якое выклікала такую ж цікаўнасць, якую ў французскім горадзе магло б узбудзіць з'яўленне шымпанзэ. Дарослыя, пасмяяўшыся, ішлі сваёй дарогаю. Некалькі дзяцей, узрадаваных бясплатным прадстаўленнем, паскакалі за намі. Зіра хутка давяла мяне да сваёй машыны, пасадзіла на задняе сядзенне, а сама ўладкавалася за рулём, і мы не спяшаючыся паехалі па вуліцах.

Гэты горад, сталіцу адной з буйнейшых абласцей малпавай дзяржавы, я бачыў толькі з клеткі ў дзень прыбыцця, і цяпер мне даводзілася нанова прывыкаць да таго, што ён населены малпамі-мінакамі, малпамі- кіроўцамі, малпамі-гандлярамі, малпамі-дзялкамі, малпамі-паліцэйскімі, аднымі малпамі! Калі б не гэта, горад не ўяўляў бы сабою нічога асаблівага. Дамы былі падобныя на нашыя дамы, вуліцы такія ж бруднаватыя, як і ў нас… Рух быў менш напружлівы за наш. Што ўразіла мяне найболей, дык гэта спосаб, якім мінакі пераходзілі вуліцы. Замест пешаходных дарожак тут былі паветраныя пераходы з металічнай, з буйнымі ячэйкамі, сеткі, за якую малпы чапляліся ўсімі чатырма лапамі, абутымі ў пальчаткі з тонкай скуры, якія дазвалялі малпам карыстацца ніжнімі канечнасцямі гэтаксама ж свабодна, як і верхнімі.

Павазіўшы мяне трохі па горадзе, каб я мог скласці сабе пра яго агульнае ўяўленне, Зіра спыніла машыну перад высокімі кратамі, скрозь якія віднеліся вялікія паляны ў кветках.

— Гэта парк, — растлумачыла яна. — Тут мы зможам прагуляцца. Я хацела б паказаць табе што-небудзь іншае, напрыклад, нашы выдатныя музеі, але пакуль што гэта немагчыма.

Я запэўніў яе, што буду рады размяць ногі.

— Да таго ж, — дадала яна, — у парку нас не будуць непакоіць. Народу тут мала, а нам час ужо пагаварыць сур'ёзна.


Раздзел IV


— Ты, мне здаецца, не ўяўляеш, якія небяспекі пагражаюць табе ў нас? — спыталася Зіра.

— Пра некаторыя я ўжо маю ўяўленне. Але мне здаецца, што, калі я адкрыюся — а я магу зрабіць гэта цяпер, прывёўшы неабходныя доказы, — малпы павінны будуць мяне прызнаць, як свайго брата па розуме.

— Тут ты і памыляешся. Слухай мяне…

Мы прагульваліся па парку. Прысады ў ім былі пустынныя, толькі зрэдку сустракаліся закаханыя парачкі, якія амаль не звярталі на мяне ўвагі. Я ж, наадварот, уважліва назіраў за імі, вырашыўшы не ўпускаць ніводнай магчымасці пазнаёміцца са звычаямі малпаў.

Закаханыя гулялі дробнымі крокамі, абняўшы адно аднаго за талію так, што іх доўгія рукі, цесна і мудрагеліста перапляталіся. На паваротках прысадаў яны часта спыняліся, каб пацалавацца. Іншы раз, азірнуўшыся па баках, яны хапаліся за ніжнія галіны і ўзбіраліся на дрэвы. Рабілі яны гэта не раздымаючы абдымкаў — кожны дзейнічаў адной рукою і адной нагою з зайздросным спрытам, — і ўжо праз якое імгненне знікалі ў лістоце.

— Твой касмічны катэр знойдзены, — гаварыла Зіра (я ўжо досыць падрабязна растлумачыў ёй, як мы высадзіліся на планету), — ва ўсякім разе тое, што ад яго засталося пасля пагрому. Рэшткі вывучаюцца цяпер нашымі вучонымі. Яны прызналі, што ён не мог быць пабудаваны на Сароры.

— У вас ёсць аналагічныя апараты?

— Не такія дасканалыя. Мяркуючы па тваіх расказах, мы яшчэ дужа адстаём ад вас. Аднак мы ўжо запусцілі некалькі штучных спадарожнікаў, і апошні з іх быў нават з жывой істотаю на борце — з чалавекам. На жаль, нам прыйшлося ўзарваць спадарожнік у палёце: мы не маглі павярнуць яго назад.

— Разумею, — сказаў я задуменна. — Значыцца, вы выкарыстоўваеце людзей і ў такіх эксперыментах…

— Прыходзіцца… Так што, твой катэр знойдзены.

— А наш карабель, які кружляе вакол Сароры вось ужо два месяцы?

— Пра гэта я нічога не чула. Напэўна, нашыя астраномы яго не засеклі. Толькі не перапыняй мяне на кожным слове! Некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што твая ракета прыляцела з другой планеты нашай зорнай сістэмы і што ў ёй былі пасажыры. Далей гэтага яны не пайшлі. Нікому і ў галаву не прыходзіць, што гэтыя разумныя істоты могуць мець аблічча людзей!

— Але ж, Зіра, трэба ім гэта сказаць! — ускрыкнуў я. — Мне абрыдла быць палонным нават у найзручнейшай клетцы, якая толькі ёсць на Сароры, абрыдла, нягледзячы на твой клопат. Чаму ты мяне хаваеш? Чаму не сказаць праўду ўсім?

Зіра спынілася, азірнулася па баках і паклала руку мне на плячо.

— Чаму? Толькі дзеля цябе самога. Ты ведаеш Заюса?

— Пытаешся яшчэ! Нават хацеў з ім пагаварыць. Ну і што?

— Ты заўважыў, як ён успрыняў твае першыя спробы давесці, што ты — разумная істота? Ты ж не ведаеш, я ўжо сто разоў спрабавала праверыць яго ў гэтым ці хаця б намякнуць, — і з якой асцярожнасцю! — што, нягледзячы на знешні выгляд, ты ўсё-такі, магчыма, не жывёліна?

— Я бачыў, што вы часта спрачаліся і, здаецца, так і не прыйшлі да згоды.

— Ён упарты, як баран, і дурны, як чалавек! — выбухнула Зіра. — Але што рабіць? Такія амаль што ўсе арангутаны. Ён аб'явіў раз і назаўжды, што ўсе твае здольнасці тлумачацца высокаразвітым чалавечым інстынктам, і цяпер нішто не прымусіць яго змяніць сваю думку. Да таго ж, ён ужо нават напісаў пра цябе цэлую дысертацыю, у якой даводзіць, што ты — вучоны чалавек, гэта значыць чалавек, які пабываў у палоне, быў выдрэсіраваны і здольны цяпер выконваць бессвядома пэўныя трукі.

— Тупая жывёліна!

— Я згодная. Але ўся бяда ў тым, што ён прадстаўляе афіцыйную навуку і вельмі ўплывовы. У інстытуце ён займае адну з сама высокіх пасадаў, таму ўсе мае прапановы праходзяць праз яго. Я ўпэўнена, што калі я паспрабую расказаць пра цябе праўду, як ты хочаш, то Заюс проста абвінаваціць мяне ў навуковай ерасі. Мяне звольняць. Хоць нічога б тут асабліва страшнага не было, але ты…

— А што можа быць больш жахлівага за жыццё ў клетцы?

— Няўдзячны! Ты нават не падазраеш, на якія хітрыкі прыйшлося мне пайсці, каб цябе не перасялілі ў энцэфалічную лабараторыю! Заюс не спыніўся б ні перад чым, калі б ты працягваў даказваць яму, што з'яўляешся разумнаю істотай.

— А што такое энцэфалічная лабараторыя? — спытаўся я ўстрывожана.

— Лабараторыя, дзе мы робім некаторыя тонкія аперацыі на жывым мозгу: перасадкі тканак, пошукі і раздражненне нервовых цэнтраў, частковае і нават поўнае выдаленне мазгавых доляў.

— І вы робіце такія вопыты на людзях?

— Натуральна. Мозг чалавека, як і ўся яго анатомія, найбліжэйшы паводле сваёй пабудовы да нашага. Нам проста пашанцавала, што прырода стварыла жывёліну, на якой мы можам вывучаць сябе. Людзі служаць нам і ў багата якіх іншых вопытах, але пра гэта ты даведаешся пазней. Якраз цяпер мы выконваем надзвычай важныя даследаванні.

— Якія патрабуюць значных папаўненняў чалавечага матэрыялу?

— Але, значных. Гэтым і тлумачацца аблавы, дзякуючы якім мы аднаўляем нашыя запасы. На жаль, аблавы арганізуюць гарылы, і мы не можам позбавіць іх любімай забавы — палявання. Навука страчвае праз гэта велізарную колькасць матэрыялу.

— Сапраўды, вельмі шкада, — працэдзіў я, сціснуўшы вусны. — Вернемся, аднак, да маёй сціплай асобы…

— Цяпер ты разумееш, чаму я вырашыла захаваць усё ў тайне?

— Дык, значыцца, я асуджаны сядзець да канца сваіх дзён у клетцы?

Ї Не, калі толькі план, які я задумала, удасца. Але ж ты не павінен раскрывацца, пакуль не настане зручны момант, калі ў нас на руках будуць магутныя козыры. Вось мая прапанова: праз месяц адкрыецца штогодні кангрэс фізіёлагаў. Гэта вялікая падзея. На адкрыцці будзе процьма народу, у тым ліку прадстаўнікі ўсіх буйнейшых газет. А грамадская думка адыгрывае ў нас такую ролю, што з ёю вымушаны лічыцца не толькі Заюс, не толькі ўсе арангутаны, разам узятыя, але і нават гарылы. Вось гэта ты і павінен скарыстаць. Табе трэба адкрыць сваю тайну перад усім кангрэсам, у час пасяджэння, на якое Заюс прывядзе цябе ў якасці экспаната: як я ўжо сказала, ён напісаў даўжэзны опус пра цябе і твой выдатны інстынкт. Але будзе лепш за ўсё, калі ты сам возьмеш слова і ўсё раскажаш. Гэта будзе такая сенсацыя, што Заюс не зможа табе перашкодзіць. Ты павінен гаварыць ясна і дакладна, каб пераканаць вучоных, публіку і журналістаў, як здолеў пераканаць мяне.

— А калі Заюс і іншыя арангутаны заўпарцяцца?

— Гарылы, вымушаныя ўлічваць грамадскую думку, паставяць гэтых ідыётаў на месца. Дарэчы, не ўсе арангутаны такія ж тупыя, як Заюс, і, нарэшце, сярод вучоных ёсць некалькі шымпанзэ, якіх арангутанам прыйшлося прыняць у акадэмікі за іх сенсацыйныя адкрыцці. Адзін з іх — Карнэлій, мой жаніх. Я ўжо гаварыла з ім пра цябе. Толькі з ім. Ён абяцаў выступіць у тваю абарону. Вядома, спачатку ён хоча ўбачыць цябе і праверыць усё, што я яму расказала, — надта ўжо ўсё гэта неверагодна! Дарэчы, я цябе і прывяла сюды дзеля гэтага. Сёння ў нас спатканне, і ён павінен хутка прыйсці.

Карнэлій чакаў нас каля групы гіганцкіх папаратнікаў. Гэта быў сімпатычны шымпанзэ, відавочна старэйшы за Зіру, але ўсё-такі вельмі малады для акадэміка. З першага ж імгнення я быў уражаны глыбінёй яго позірку, надзвычай жывога і праніклівага.

— Як ён табе? — ціхенечка спыталася ў мяне Зіра па-французску.

Мяркуючы па такім пытанні, я, мусіць, канчаткова заваяваў давер гэтай малпачкі. У адказ я, пакуль мы падыходзілі да Карнэлія, прашаптаў некалькі кампліментаў.

Жаніх і нявеста абняліся, як абдымаліся ўсе парачкі. Карнэлій нават не зірнуў у мой бок. Было ясна, што, нягледзячы на ўсе расказы Зіры пра мяне, я быў для яго звычайным ручным зверам. Дый сама Зіра на імгненне забылася пра мяне, і яны доўга цалаваліся. Раптам Зіра ўздрыгнула, хутка адхілілася і вінавата паглядзела ў мой бок.

— Дарагая, — здзівіўся Карнэлій, — мы ж адны!

— Я таксама тут, — з годнасцю сказаў я на сама лепшай малпінай мове, на якую толькі быў здольны.

— Што?! — усклікнуў шымпанзэ, адскокваючы ўбок.

— Я сказаў: я таксама тут. На жаль, вымушаны вам пра гэта напомніць. Вашыя пацалункі мяне не бянтэжаць, але, магчыма, вы самі будзеце пасля дакараць мяне за нясціпласць.

— Ну і ну! — не верыў сваім вачам шымпанзэ.

Насмяяўшыся, Зіра пазнаёміла нас.

— Доктар Карнэлій, акадэмік, — сказала яна. — Уліс Меру, жыхар адной з планет Сонечнай сістэмы, дакладней — жыхар Зямлі.

— Рады пазнаёміцца з вамі, — сказаў я. — Зіра мне пра вас расказвала. У вас надзвычай абаяльная нявеста. Прыміце мае віншаванні.

Я працягнуў яму руку. Карнэлій адскочыў, быццам убачыў перад сабою змяю.

— Дык гэта праўда? — прамармытаў ён, ашалела гледзячы на Зіру.

— Любы, хіба я калі-небудзь маніла табе?

Карнэлій хутка авалодаў сабою. Гэта быў сапраўдны вучоны. Пасля нядоўгіх ваганняў ён паціснуў мне руку.

— Як вам у нас? — спытаўся ён.

— Нядрэнна, — адказаў я. — Яшчэ раз прашу мне прабачыць за такі выгляд.

— Ён толькі пра гэта і думае, — смеючыся, заўважыла Зіра. — Проста комплекс нейкі! Ён нават не ўяўляе, як ён будзе выглядаць тут у адзежы.

— І вы сапраўды прыбылі з гэтай… як яе?..

— З Зямлі, з Сонечнай сістэмы.

Відаць, Карнэлій мала верыў словам Зіры, мяркуючы, што ўсё гэта — нейкая містыфікацыя. Але цяпер ён закідаў мяне пытаннямі. Мы прагульваліся павольна па парку: шымпанзэ ішлі пад руку ўперадзе, а я на ланцугу за імі, каб мінакі не звярталі на нас увагі. Але мае адказы настолькі ўражвалі Карнэлія, што ён пастаянна спыняўся, кідаў сваю нявесту, і мы пачыналі спрачацца, стоячы адзін перад адным, размахваючы рукамі, рабілі на пяску розныя чарцяжы. Зіра не сердавала на нас. Наадварот, радавалася ад усёй душы, убачыўшы, якое ўражанне зрабіў я на яе жаніха.

Натуральна, Карнэлія больш за ўсё зацікавіла эвалюцыя homo sapiens на Зямлі, і ён мяне прымусіў сто разоў паўтарыць усё, што я пра гэта ведаю. Пасля гэтага ён надоўга задумаўся. Нарэшце ён сказаў, што мая інфармацыя, без усякіх сумненняў, уяўляе велізарную каштоўнасць для навукі ўвогуле і для яго ў прыватнасці, асабліва цяпер, калі ён выконваў надзвычай смелыя даследаванні па праблеме паходжання малпаў. Наколькі я зразумеў, ён зусім не лічыў яе вырашанай і не згаджаўся з агульнапрынятымі тэорыямі. Але калі гаворка зайшла пра яго ўласныя гіпотэзы, ён стаў стрыманы, і ў гэтую першую сустрэчу я так ад яго нічога і не даведаўся. Што б там ні было, я набыў у ягоных вачах каласальную каштоўнасць, і, відаць, ён аддаў бы ўсё сваё багацце, толькі б перавесці мяне да сябе ў лабараторыю.

Потым мы загаварылі пра маё цяперашняе становішча і пра Заюса, чые дурасць і сляпая саманадзейнасць былі Карнэлію добра вядомыя. Ён адобрыў план Зіры. І нават абяцаў падрыхтаваць глебу для майго выступлення, намякнуўшы некаторым сваім калегам, што выпадак мой загадкавы.

Калі мы развітваліся, Карнэлій без ваганняў працягнуў мне руку, праверыўшы, праўда, на ўсякі выпадак, ці няма тут каго паблізу. Потым пацалаваў сваю нявесту і пайшоў, аглядваючыся праз плячо, нібыта дзеля таго, каб яшчэ і яшчэ раз упэўніцца, што я не быў галюцынацыяй.

— Які прыемны малады шымпанзэ, — сказаў я Зіры, калі мы вярталіся да машыны.

— І вялікі вучоны, — дадала яна. — Я ўпэўнена, што пры яго падтрымцы ты пераканаеш кангрэс.

— Зіра, — прашаптаў я ёй на вуха, уладкаваўшыся на заднім сядзенні, — я абавязаны табе воляю і жыццём.

Толькі цяпер я зразумеў, як шмат яна для мяне рабіла ў палоне. Без яе мне б ніколі не ўдалося наладзіць кантакт з малпавым светам. Заюс мог бы проста зрабіць мне на мозгу аперацыю, абы толькі давесці, што я не істота, якая можа думаць. Дзякуючы Зіры цяпер у мяне былі саюзнікі, і я мог глядзець у будучыню з пэўным аптымізмам.

— Я рабіла гэта з любові да навукі, — адказала Зіра, чырванеючы. — Твой выпадак унікальны, і я павінна была захаваць цябе любой цаною.

Удзячнасць перапаўняла маё сэрца. Пакораны адухоўленым позіркам Зіры, я ўжо не бачыў яе знешнасці. Рука мая легла на яе доўгую валасатую лапку. Зіра ўздрыгнула, і я прачытаў у яе вачах пяшчоту. Вельмі ўсхваляваныя, мы не сказалі па дарозе назад ніводнага слова. Калі Зіра прывяла мяне ў клетку, я груба адштурхнуў Нову, якая адразу ж пачала пошла прапаноўваць сябе мне.


Раздзел V


Зіра ўпотайкі перадала мне электрычны ліхтарык і кнігі, якія я хаваю пад саломаю. Я ўжо досыць хутка чытаю і размаўляю на малпавай мове. Кожную ноч я падоўгу вывучаю цывілізацыю Сароры. Спачатку Нова пратэставала. Скалячы зубы, яна абнюхвала кнігу, быццам небяспечнага звярка. Але дастаткова было накіраваць на яе прамень ліхтара, як яна забівалася ў кут, дрыжала і вішчала. З тае пары як у мяне з'явіўся ліхтарык, я поўны гаспадар у сваёй клетцы і мне ўжо не прыходзіцца выкарыстоўваць для супакаення Новы такія важкія аргументы, як плескачы. Відаць, яна адчувае цяпер перада мною нейкі свяшчэнны жах, дый астатнія палонныя, мяркуючы па некаторых прыкметах, ставяцца да мяне гэтаксама ж. Я маю прэстыж і злоўжываю гэтым. Іншы раз я ні з таго ні з сяго палохаю Нову святлом ліхтарыка. А потым яна ж лашчыцца да мяне, каб я дараваў ёй маю жорсткасць.

Цешу сябе надзеяй, што маю ўжо досыць яснае ўяўленне пра свет малпаў.


У малпаў няма падзелу на нацыі. Усёй планетаю кіруе кабінет міністраў, на чале якога стаіць трыумвірат з аднае гарылы, аднаго арангутана і аднаго шымпанзэ. Акрамя ўрада існуе таксама парламент, які складаецца з трох палат — гарылы, арангутаны і шымпанзэ — і кожная з іх бароніць інтарэсы сваёй расы.

Па сутнасці, гэты падзел на тры расы і з'яўляецца адзіным на Сароры. У прынцыпе прадстаўнікі ўсіх рас валодаюць роўнымі правамі і могуць займаць любую пасаду. Аднак на справе існуюць абмежаванні, і кожная раса спецыялізуецца ў сваёй вобласці.

У далёкім мінулым гарылы адыгрывалі ролю лідэраў дзякуючы сваёй фізічнай сіле. Яны дагэтуль захавалі смак да ўлады і па-ранейшаму з'яўляюцца сама магутным класам. Яны не змешваюцца з масаю, іх не ўбачыш у натоўпе дэманстрантаў — менавіта гарылы кіруюць з вышэйшых сфер большасцю прадпрыемстваў. Па сутнасці не надта пісьменныя, яны інстынктыўна ўмеюць добра выкарыстоўваць веды падначаленых, вызначаць генеральныя лініі і камандаваць іншымі малпамі. Калі які-небудзь спецыяліст робіць цікавае адкрыццё, напрыклад, вынаходзіць новую электрычную лямпу або новае паліва, дык эксплуатуе гэтае вынаходніцтва і мае з яго ўсю магчымую выгаду зазвычай гарыла. Гарылы не вылучаюцца вялікім розумам, але яны ўсё ж нашмат хітрэйшыя за арангутанаў. Спекулюючы на фанабэрыстасці гэтых дурняў, гарылы дамагаюцца ад іх усяго, чаго хочуць. Так, напрыклад, на чале нашай установы над Заюсам, які займае пост навуковага кіраўніка, стаіць гарыла-дырэктар, якога вельмі рэдка бачаць у інстытуце. У нашае аддзяленне ён зайшоў усяго адзін толькі раз. Ён паглядзеў на мяне такім важным позіркам, што я машынальна ледзь не выцягнуўся перад ім па стойцы «смірна». Заюс у прысутнасці дырэктара зрабіўся падобны на яго раба, і нават на Зіру начальніцкі выгляд галоўнага шэфа зрабіў пэўнае ўражанне.

Гарылы, якія не займаюць адказных пасад, звычайна наймаюцца на чорную работу, якая вымагае фізічнай сілы. Так, напрыклад, Зараму і Занаму даручаюць толькі другарадныя справы, а галоўны іх абавязак — наводзіць, калі гэта робіцца неабходным, парадак сярод падвопытных.

І нарэшце, многія гарылы — паляўнічыя. Па сутнасці, гэта іх прывілея. Яны займаюцца адловам дзікіх звяроў, у прыватнасці, людзей. Я ўжо казаў, што эксперыменты малпаў патрабуюць пастаяннага папаўнення чалавечага матэрыялу, які расходуецца ў велізарнай колькасці. Гэтыя эксперыменты займаюць у іх жыцці дужа вялікае месца, і чым больш я даведваюся пра іх, тым больш балюча мне робіцца. Выдае на тое, што ледзь не трэцяя частка малпавага насельніцтва займаецца праблемамі фізіялогіі, але я да гэтай дзіўнай акалічнасці яшчэ вярнуся. Ва ўсякім разе, пастаўкі чалавечага матэрыялу патрабуюць складанай арганізацыі. Шматлікія групы стралкоў, загоншчыкаў; транспартных рабочых і прадаўцоў служаць у паляўнічых фірмах, на чале якіх заўсёды стаяць гарылы. Думаю, што справы гэтых фірм ідуць выдатна, бо людзі тут каштуюць дорага.

Побач з гарыламі — я сказаў бы, ніжэй за гарыл, хоць фармальна такой іерархіі не існуе, — стаяць арангутаны і шымпанзэ. Арангутанаў нашмат менш, а іх ролю Зіра даволі ясна і коратка вызначыла: яны прадстаўляюць афіцыйную навуку.

Але гэта так толькі да пэўнай ступені, бо некаторыя арангутаны займаюцца таксама палітыкай, мастацтвам і літаратураю. І ў любую галіну прыносяць характэрныя ім рысы. Фанабэрыстыя, пыхлівыя, педантычныя, самаўпэўненыя кансерватары, сляпыя і глухія да ўсяго новага, затое гатовыя з пенаю на вуснах адстойваць любую дапатопную банальшчыну, арангутаны складаюць асноўны кантынгент усіх акадэмій. Маючы выдатную памяць, яны вывучваюць слова ў слова велізарную колькасць кніг. Пасля пішуць свае кнігі, паўтараючы ў іх усё вывучанае раней, і гэтым дамагаюцца прызнання з боку сваіх калег — арангутанаў. Магчыма, у гэтым пытанні я пад уплывам Зіры і яе жаніха, а яны, як і ўсе шымпанзэ, пагарджаюць арангутанамі. Гарылы таксама пагарджаюць гэтымі артадоксамі, здзекуюцца з іх рабалепства, але спрытна выкарыстоўваюць у сваіх інтарэсах. Амаль за кожным арангутанам стаіць гарыла ці савет гарыл, які высоўвае яго на ганаровыя пасады, дапамагае яму атрымліваць розныя годнасці і ордэны, якія арангутаны проста абагаўляюць, але ўсё гэта толькі да тае пары, пакуль падапечны задавальняе апекуноў. Інакш яго неадкладна адпраўляюць у адстаўку і замяняюць другім арангутанам.

Застаюцца яшчэ шымпанзэ. Гэта інтэлектуалы планеты. Зіра недарма хвалілася, калі казала, што ўсе вялікія адкрыцці зроблены шымпанзэ. Магчыма, яна крышачку перабольшыла, бо ёсць і выключэнні, ды ўсё ж большую частку цікавых кніг па сама розных пытаннях пішуць менавіта шымпанзэ. Відаць, у іх вельмі развіты дух пошуку.

Я ўжо казаў, што за працы фабрыкуюць арангутаны. Але сама страшнае, часта скардзіцца мне Зіра, што гэтакім чынам яны складаюць і падручнікі, пашыраючы сярод малпавай моладзі несусветную лухту. Паводле слоў Зіры, яшчэ зусім нядаўна школьныя падручнікі сцвярджалі, нібыта планета Сарора з'яўляецца цэнтрам сусвету, хоць нават сярэдняга розуму малпы даўно ўжо не верылі ў гэтую ахінею, а распаўсюджванне яе стала магчымым толькі таму, што яшчэ тысячагоддзі назад на Сароры жыў арангутан па імені Арыстас, які меў велізарны аўтарытэт і прапаведаваў такія вось тэорыі, якія іншыя арангутаны паўтараюць з тае пары як догмы. Даведаўшыся, што той самы Арыстас сцвярджаў, нібыта душу могуць мець толькі малпы, я пачаў лепш разумець стаўленне Заюса да мяне. На шчасце, у шымпанзэ розум нашмат больш крытычны. Вось ужо некалькі гадоў яны, сцяўшыся, імкнуцца абвергнуць аксіёмы старажытнага ідала.

Што датычыць гарыл, то гэтыя рэдка пішуць кнігі. Затое, калі яны гэта робяць, то іх працы заслугоўваюць усялякай пахвалы — не за змест, дык, ва ўсякім разе, за афармленне. Я прабег вачыма некалькі такіх кніг і запомніў іх назвы: «Навукова-даследніцкая праца — аснова арганізацыі прадпрыемства», «Перавага грамадскага сектара» або, скажам, «Арганізацыя вялікіх аблаў на людзей на Зялёным кантыненце». У гэтых кнігах даецца зазвычай маса дакументаў, і кожны раздзел піша асобны спецыяліст. У іх шмат дыяграм, табліц фактычных дадзеных і, асабліва, цікавых фатаграфій.

Аб'яднанне ўсяе планеты, адсутнасць войнаў, а значыцца, ваенных выдаткаў — на Сароры няма арміі, ёсць толькі паліцыя, — здавалася б, павінны былі спрыяць хуткаму прагрэсу малпавай цывілізацыі. Але гэтага не здарылася. Хаця Сарора, бадай што, трохі старэйшая за Зямлю, малпы дужа адстаюць ад людзей багата ў якіх галінах жыцця.

У іх ёсць электрастанцыі, прамысловасць, аўтамабілі, самалёты, але ў асваенні космасу малпы ўсё яшчэ на стадыі штучных спадарожнікаў. У тэарэтычных навуках, у пазнанні бясконца вялікага і бясконца малога яны таксама адстаюць ад нас. Магчыма, гэтае адставанне выпадковае, і я не сумняваюся, што калі-небудзь яны нас дагоняць: на карысць гэтага гавораць працаздольнасць і даследніцкі розум шымпанзэ. Мне здаецца, што ў гісторыі малпаў быў цёмны перыяд застою, вельмі доўгі, нашмат даўжэйшы, чым у нас, і што толькі нядаўна яны ўступілі ў эпоху вялікіх адкрыццяў.

Асноўная частка іх навуковых даследаванняў — я мушу яшчэ раз гэта падкрэсліць — вядзецца ў галіне фізіялогіі і накіравана ў прыватнасці на вывучэнне малпы. У гэтых даследаваннях выкарыстоўваюцца людзі, якія адыгрываюць такім чынам у жыцці малпаў хоць і вартую жалю, ды ўсё ж дужа важную ролю. Добра яшчэ, што на планеце хапае людзей! Я чытаў у адной працы, што людзей тут больш, чым малпаў. Але колькасць малпаў няспынна ўзрастае, тым часам як колькасць людзей скарачаецца, і ўжо цяпер некаторыя вучоныя занепакоеныя праблемаю папаўнення матэрыялу ў сваіх лабараторыях.

Але ўсё гэта не тлумачыць таямніцы ўзнясення малпаў на вяршыню эвалюцыі. Зрэшты, можа, ніякай тайны і няма? Магчыма, іх развіццё адбывалася гэтаксама заканамерна, як і нашае? Аднак я ніяк не магу ў гэта паверыць! А цяпер я яшчэ абсалютна дакладна ведаю, што многія вучоныя-малпы лічаць: пытанне малпавай эвалюцыі зусім яшчэ не высветленае да канца. Сярод іх і Карнэлій, і, наколькі мне вядома, яго падтрымліваюць сама выдатныя даследнікі. Малпы не ведаюць, адкуль яны ўзяліся і куды ідуць, і, мажліва, пакутуюць ад такой няпэўнасці. Што, калі менавіта гэтае пачуццё і прымушае іх з такім імпэтам весці фізіялагічныя даследаванні і надае асаблівую накіраванасць усёй іх навуковай дзейнасці?

Далей я ў сваіх гіпотэзах у тую ноч не пасунуўся.


Раздзел VI


Зіра досыць часта выводзіла мяне на прагулку ў парк. Іншы раз мы сустракаліся там з Карнэліем і разам з ім абдумвалі прамову, з якою я павінен быў выступіць на кангрэсе. Дзень яго адкрыцця набліжаўся, і я нерваваўся ўсё болей. Зіра запэўнівала мяне, што ўсё будзе добра. Карнэлію не цярпелася вызваліць мяне, «каб пачаць грунтоўна вывучаць мяне», — тут ён паправіўся, убачыўшы маю незадаволенасць такой тэрміналогіяй, — «каб супрацоўнічаць са мною».

Аднаго разу Карнэлій не змог прыйсці, і Зіра прапанавала наведаць заалагічны сад побач з паркам. Я, вядома, схадзіў бы лепш у тэатр ці ў музей, але гэтыя ўстановы былі пакуль што яшчэ не для мяне. Праўда, пэўнае ўяўленне пра мастацтва малпаў я ўжо меў, бо прагледзеў некалькі кніг па выяўленчым мастацтве. Мяне вельмі ўразілі рэпрадукцыі класічных карцін — партрэты знакамітых малпаў, вясковыя пейзажы, батальныя сцэны часоў войнаў, са страшнымі гарыламі ў стракатых мундзірах, або сладастрасныя аголеныя самкі, вакол якіх пырхалі крылатыя малпачкі-амуры. Былі ў малпаў і свае імпрэсіяністы, а некаторыя сучасныя мастакі ўзвысіліся нават да абстрактнага жывапісу. З усім гэтым я пазнаёміўся ў сябе ў клетцы пры святле электрычнага ліхтара.

Я не мог з'явіцца ў тэатры ці музеі голы, таму Зіра вадзіла мяне толькі на відовішчы пад адкрытым небам. Так я ўбачыў гульню, якая нагадвала наш футбол, прысутнічаў на жудаснай сустрэчы па боксе паміж дзвюма гарыламі і любаваўся спаборніцтвамі па скачках з шастом, на якіх шымпанзэ ўзляталі на неверагодную вышыню.

Ну што ж, сёння я згадзіўся наведаць заасад. Спачатку я не заўважыў там нічога асаблівага. Жывёліны вельмі нагадвалі нашых зямных звяроў. Тут былі драпежнікі, хобатныя, жвачныя, паўзуны і птушкі. І калі я бачыў трохгорбага вярблюда ці вепрука з казлінымі рагамі, гэта ніяк не магло мяне здзівіць пасля ўсяго, што я ўжо ўбачыў на Сароры.

Дзівіцца я пачаў, калі мы дайшлі да секцыі людзей. Зіра адразу ж пачала тузаць за ланцуг, каб хутка прайсці далей, бо ўжо шкадавала, гледзячы цяпер на мяне, што выбралася сюды на прагулку, але цікаўнасць мая была такая вялікая, што ўрэшце яна саступіла.

У першай клетцы, каля якой мы спыніліся, сядзела чалавек пяцьдзесят людзей — жанчын, мужчын, дзяцей, — выстаўленых тут напаказ на вялікую радасць малпаў-разявак. Людзі ліхаманкава мітусіліся, скакалі, штурхаліся і выкідвалі розныя фокусы, стараючыся звярнуць на сябе ўвагу. Гэта было сапраўды дзівоснае відовішча! Кожны чалавек імкнуўся заслужыць адабрэнне маленькіх малпачак — тыя час ад часу кідалі ў клетку якую-небудзь садавіну ці кавалкі піражкоў, купленых ля ўвахода ў заасад у старой шымпанзэ. Калі хто-небудзь з людзей, дзіця або дарослы, рабіў асабліва забаўны трук — узбіраўся па кратах, скакаў на карачках або пачынаў хадзіць на руках, — ён атрымліваў узнагароду. Але толькі ласунак падаў сярод палонных, як адразу ж пачыналася бойка — дзікуны драпаліся і цягалі адно аднаго за валасы з пранізлівымі звярынымі крыкамі.

Некаторыя, больш сталыя людзі, не ўдзельнічалі ў гэтай калатнечы. Яны сядзелі ўбаку, бліжэй да кратаў, і, убачыўшы, што якая-небудзь маленькая малпачка суне лапу ў торбачку з пачастункам, умольна працягвалі да яе рукі. Малпачка звычайна спалохана адскоквала, але, калі бацькі або старэйшыя сябры смяяліся з яе, набіралася смеласці і, не могучы яшчэ суняць дрыготку, перадавала ласунак са сваёй лапы ў руку чалавеку.

З'яўленне ў заасадзе чалавека на ланцугу здзівіла як палонных, так і наведнікаў. Людзі на хвіліну перапынілі сваю валтузню і падазрона ўтаропіліся на мяне, але паколькі я трымаўся спакойна і з годнасцю адмаўляўся ад падачак, якія баязліва працягвалі мне малпачкі, то неўзабаве і малпы, і людзі страцілі да мяне цікавасць, я ж атрымаў мажлівасць спакойна назіраць і за тымі, і за другімі. Жывёльныя паводзіны людзей вымушалі мяне чырванець ад сораму: вонкава ж гэтыя дзікуны нічым не адрозніваліся ад мяне.

У іншых клетках я ўбачыў тую ж самую валтузню і бойкі, што так прыніжалі людзей. Ахоплены роспаччу, я ўжо быў гатовы пакорна пайсці ўслед за Зіраю, якая цягнула мяне адсюль за ланцуг, як раптам ледзь утрымаўся, каб не закрычаць: у адной з клетакя ўбачыў у статку людзей майго спадарожніка па касмічнай вандроўцы, яе кіраўніка і душу, знакамітага прафесара Антэля! Мусіць, ён, як і я, трапіў у пастку, але, напэўна, яму пашэнціла менш, чым мне, і яго аддалі ў заасад.

Гэта было такое шчасце — бачыць яго жывога і здаровага, што на вачах у мяне выступілі слёзы. Але я адразу ж падумаў, у якіх жахлівых умовах знаходзіцца гэты вялікі вучоны, і ажно скалануўся. Пачуцці, якія адольвалі мяне, неўзабаве змяніліся здзіўленнем і роспаччу, калі я заўважыў, што паводзіць ён сябе гэтаксама ж, як і іншыя людзі. Гэта было неверагодна, але прыходзілася верыць сваім вачам. Антэль далучыўся да пажылых самцоў, якія не ўдзельнічалі ў бойках, а толькі працягвалі руку, з грымасамі вымольваючы падачку. Я назіраў за тым, як ён гэта рабіў: нішто ў прафесаравых паводзінах не выяўляла ў ім разумнага чалавека. Маленькая малпачка дала яму банан. Прафесар узяў яго, усеўся, скурчыўшы пад сабою ногі, і пачаў таропка жэрці падачку, не зводзячы з тае малпачкі, што дала яму ласунак, прагнага позірку, быццам спадзяваўся атрымаць яшчэ што-небудзь. Пры гэтай сцэне я зноў заплакаў. Я шэптам растлумачыў Зіры прычыну маіх слёз. Я хацеў падысці і загаварыць з прафесарам, але яна катэгарычна мне гэта забараніла. Я нічым не змог бы яму дапамагчы цяпер, а нашае раптоўнае ўсхваляванае спатканне магло б адно прывесці да непажаданага скандалу, які пашкодзіў бы нам абодвум і парушыў бы мае планы.

— Мы зоймемся ім пасля кангрэса, — сказала мне Зіра, — калі ты будзеш прызнаны і прыняты нашым грамадствам, як разумная істота.

Яна мела рацыю, і я з горыччу дазволіў ёй вывесці сябе з заасада. Па дарозе да машыны я растлумачыў Зіры, хто такі прафесар Антэль і якой рэпутацыяй карыстаўся ён на Зямлі і асабліва сярод вучоных. Яна доўга думала і ўрэшце паабяцала вызваліць яго з заасада. Пакуль мы дабіраліся да інстытута, я трохі супакоіўся, але ў час вячэрняй кармёжкі я адмовіўся ад ежы, прынесенай гарыламі.


Раздзел VII


За тыдзень да кангрэса Заюс часта наведваў мяне. Ён праводзіў на мне сама недарэчныя выпрабаванні, і яго сакратарка ледзь паспявала запаўняць свой сшытак назіраннямі і заўвагамі, якія тычыліся маёй асобы. Я ж хітрыў і стараўся паводзіць сябе больш прымітыўна, у адпаведнасці з арангутанавымі ўяўленнямі.

Нарэшце доўгачаканы кангрэс пачаўся, але першыя дні былі прысвечаны тэарэтычным дыскусіям, і па мяне прыйшлі толькі на трэці дзень. Аднак увесь гэты час я быў у курсе спраў дзякуючы Зіры. Заюс ужо зачытаў свой даўжэзны опус, у якім паказаў мяне як чалавека з надзіва развітымі інстынктамі, але зусім без розуму. Карнэлій задаў яму некалькі складаных пытанняў, каб дакладчык растлумачыў, як ён ацэньвае тыя ці іншыя асаблівасці маіх паводзін. Гэта распаліла старыя канфлікты, і апошняе пасяджэнне было даволі бурлівае.

Вучоныя раздзяліліся на два лагеры: адны даводзілі, што ў жывёл увогуле не можа быць душы, другія — што пропасці паміж псіхікаю малпаў і жывёлін няма. Вядома, поўнай праўды не ведаў ніхто, апроч Карнэлія і Зіры. Аднак факты, якія прывёў, расказваючы пра мяне, Заюс, былі настолькі неверагодныя — пра што гэты дурань нават не падазраваў, — што многія нейтральныя назіральнікі і некаторыя знакамітыя вучоныя былі ўражаныя і па горадзе пайшла пагалоска пра зусім незвычайнага чалавека.

Выводзячы мяне з клеткі, Зіра шапнула мне на вуха:

Ї Народу будзе процьма, як на ўрачыстасці, а журналісты ўсе збяруцца. Усе ўсхваляваныя і чакаюць сенсацыі. Гэта выдатна. Будзь мужны!

Яе маральная падтрымка была мне проста неабходная. Я адчуваў, што нервы мае здаюць. Прамову сваю я перачытваў усю ноч. Я ведаў яе слова ў слова, яна павінна была пераканаць любога асталопа, але не давала спакою страшная думка, што мне не дазволяць нават загаварыць.

Гарылы ўпіхнулі мяне ва ўсталяваную на грузавіку клетку, дзе ўжо было некалькі падвопытных людзей, якія заслужылі гонар паўстаць перад вучонаю сходкаю менавіта праз свае асаблівасці. Неўзабаве мы даехалі да велізарнага будынка, завершанага купалам. Вартаўнікі ўвялі нас у вестыбюль каля залы пасяджэнняў. Ля сцен вестыбюля стаялі клеткі, у якіх нам прыйшлося чакаць, пакуль нас збяруцца прадэманстраваць. Раз-пораз напышлівы гарыла ў чорным мундзіры адчыняў дзверы ў вестыбюль і выкрыкваў нумар, пасля чаго вартаўнікі бралі названага чалавека на ланцуг і выводзілі ў залу. Кожны раз, калі ў дзвярах з'яўляўся гэты гарыла, сэрца маё ледзь не выскоквала з грудзей. Праз прачыненыя дзверы з залы пасяджэнняў даносіліся цьмяны гул, крыкі, іншы раз апладысменты.

Усіх прадэманстраваных падвопытных адразу ж выводзілі з вестыбюля, і, пакуль я ліхаманкава згадваў асноўныя палажэнні сваёй прамовы, у вестыбюлі не засталося нікога, апроч мяне і вартаўнікоў. Напэўна, мяне пакідалі на канец, як зорку. Нарэшце, расчыніўшы дзверы, гарыла ў чорным выкрыкнуў мой нумар. Я ўскочыў, выхапіў з лап у аслупянелага вартаўніка ланцуг, які ён збіраўся прышпіліць да майго ашыйніка, і зрабіў гэта сам. Потым у суправаджэнні двух вартаўнікоў я цвёрдым крокам увайшоў у залу пасяджэнняў — і адразу ж спыніўся, аслеплены і разгублены.

З дня майго прыбыцця на планету Сарору я ўбачыў багата недарэчных сцэн. Мне здавалася, што я ўжо прызвычаіўся да малпаў і іх паводзін настолькі, што мяне больш нішто не можа здзівіць. Аднак фантастычнасць і грандыёзнасць убачанага відовішча шакіравалі мяне, і я які ўжо раз спытаўся ў сябе, ці не бачыцца гэта мне нейкі кашмарны сон.

Я апынуўся на дне гіганцкага амфітэатра, які нагадаў мне лейкападобнае Дантава пекла: усе лаўкі вакол мяне і нада мною былі запоўнены малпамі. Тысячамі малпаў! Ніколі ў жыцці не бачыў я яшчэ столькі малпаў у адным месцы — сама вар'яцкае ўяўленне зямнога чалавека не зможа намаляваць сабе падобнага відовішча. Я быў проста раздушаны незлічонай процьмаю малпаў.

Неверагодна кружылася галава, але я ўсё ж такі спрабаваў неяк зарыентавацца ў гэтым натоўпе. Але гарылы адразу ж выцягнулі мяне на сярэдзіну падобнай на цыркавую арэну круглай пляцоўкі з кафедраю для дакладчыка. Я павольна азірнуўся. Рады лавак, запоўненыя малпамі, узносіліся пад самы купал на неверагодную вышыню. На ніжніх лаўках сядзелі сябры кангрэса, усе знакамітыя вучоныя, усе ў паласатых штанах і цёмных рэдынготах, усе з ордэнамі на лацканах, усе сталага веку і амаль усе — арангутаны. Я заўважыў сярод іх толькі некалькі гарыл і шымпанзэ. Пашукаў вачыма Карнэлія, але так і не знайшоў.

Ззаду ад удзельнікаў кангрэса былі адведзены рады лавак для іх памочнікаў і супрацоўнікаў. На тым самым узроўні быў і сектар прэсы, запоўнены журналістамі і фатографамі. А вышэй, за другім бар'ерам, сядзелі шматлікія гледачы. Мяркуючы па гуле, якім сустрэлі маё з'яўленне, атмасфера ўжо была вельмі гарачая.

Я паспрабаваў знайсці Зіру, якая павінна была сядзець сярод асістэнтаў. Мяне падтрымаў бы адзін яе позірк. Але і тут я быў расчараваны: у процьме д'ябальскіх пыс не было ніводнай знаёмай мне!

Тады я пачаў разглядаць жрацоў навукі. У адрозненне ад простых смяротных, якія размясціліся на лаўках і крэслах, акадэмікі сядзелі ў чырвоных аксамітавых фатэлях. Усе акадэмікі былі вельмі падобныя на Заюса. Згорбіўшыся, уцягнуўшы галовы ў плечы і сагнуўшы ў локцях доўгія рукі, арангутаны з мудрым выглядам запісвалі нейкія заўвагі, а можа, проста што крэмзалі. У параўнанні з узбуджанымі гледачамі верхніх радоў выгляд у іх быў нейкі тупы. Мне здалося, што толькі маё з'яўленне, пра якое аб'явілі па радыё, трохі абудзіла іх. Дальбог, памятаю, як тры арангутаны літаральна падскочылі і вылупіліся на мяне, нібыта іх вырвалі раптам са сну.

Словам, больш ужо не драмаў ніхто. Відаць, дэманстрацыя мяне Заюсам была гваздом праграмы: тысячы малпавых вачэй, захопленых або проста цікаўных, праціналі мяне з усіх бакоў.

Мае вартаўнікі ўзвялі мяне на ўзвышэнне, у цэнтры якога сядзеў прэзентабельны гарыла. Зіра сказала мне раней, што старшынстваваць на гэтым кангрэсе будзе не акадэмік, як гэта бывала дагэтуль, а адміністратар, таму што на папярэдніх кангрэсах прадстаўленыя самі сабе вучоныя заводзілі бясконцыя дыскусіі і не маглі прыйсці ні да якога рашэння. Злева ад рэспектабельнага старшыні сядзеў яго сакратар-шымпанзэ, які вёў пратакол пасяджэння. Справа стаяў фатэль, да якога па чарзе падыходзілі дакладчыкі. Цяпер у яго пад не дужа багатыя апладысменты ўсеўся Заюс. Дзякуючы сістэме мікрафонаў і моцных пражэктараў нават гледачы сама апошніх радоў цудоўна бачылі і чулі ўсё, што адбывалася на цэнтральнай эстрадзе.

Старшыня-гарыла пазваніў у званочак і, дамогшыся цішыні, аб'явіў, што дае слова шаноўнаму Заюсу, каб той прадэманстраваў чалавека, пра якога ён ужо дакладваў асамблеі. Арангутан устаў, пакланіўся і пачаў сваю прамову. Пакуль ён гаварыў, я стараўся трымацца як мага больш асэнсавана. Напрыклад, калі ён упершыню згадаў пра мяне, я прыклаў руку да грудзей і зрабіў ветлівы паклон, які выклікаў у аўдыторыі гучны смех. Праўда, старшыня хутка перапыніў яго званочкам. А я зразумеў, што не дасягну такім чынам нічога: сама разумныя мае дзеянні будуць успрымацца як звычайны вынік выдатнай дрэсіроўкі. Таму я больш не варушыўся да самага канца Заюсавай прамовы.

Нарэшце Заюс падсумаваў зробленыя высновы і аб'явіў, што прадэманструе зараз мае здольнасці — розныя прыстасаванні для яго праклятых эксперыментаў былі ўжо расстаўлены на эстрадзе. На заканчэнне Заюс паведаміў, што, акрамя таго, я здольны, як некаторыя птушкі, паўтараць асобныя словы і што ён спадзяецца прымусіць мяне вытварыць гэтае штукарства і перад асамблеяй. Пасля ён узяў куфэрак са шматлікімі замкамі і працягнуў яго мне. Але замест таго каб хутка справіцца з усімі гэтымі засаўкамі і кручкамі, я зрабіў па-свойму.

Мой час настаў! Я ўзняў руку, ціхенька пацягнуў ланцуг і, наблізіўшыся да мікрафона, звярнуўся да старшыні кангрэса:

— Шаноўны пан старшыня! — пачаў я, стараючыся гаварыць на малпавай мове як мага чысцей. — Я з вялікім задавальненнем адчыню для вас гэты куфэрак і вельмі ахвотна зраблю ўсе нумары праграмы. Але перш чым прыступіць да гэтых занадта лёгкіх мне вопытаў, я прашу дазволу зрабіць заяву, якая, я перакананы, уразіць гэты вялікавучоны сход.

Я выразна прамаўляў кожнае слова, і ўсё, што я сказаў, малпы вельмі добра пачулі. Вынік быў такі, на які я разлічваў. Малпы застылі на сваіх месцах нібыта раздушаныя — запала такая цішыня, што здавалася, усе нават дыхаць перасталі. Журналісты забыліся на свае блакноты, і ніводны фатограф не ачомаўся ў гэтыя першыя імгненні настолькі, каб зрабіць хоць адзін здымак гістарычнага моманту.

Старшыня тупа глядзеў на мяне, нічога не разумеючы. Тым часам Заюс ажно ўзвіўся.

— Пан старшыня! — загаласіў ён. — Я пратэстую…

Але тут ён зноў падавіўся, усвядоміўшы ўсю недарэчнасць спрэчкі з чалавекам. Я гэта скарыстаў і загаварыў зноў:

— Пан старшыня, з вялікай павагай да вас я ўсё-такі настойваю, каб мне далі мажлівасць выступіць. Скончыўшы, я выканаю, клянуся гонарам, усё, што запатрабуе высокашаноўны Заюс.

І тут у зале ўсчалася бура. Публіка звар'яцела! Малпы спляліся ў істэрычны, захоплены натоўп, крычалі «ўра», рагаталі і рыдалі. З усіх бакоў замільгацелі яркія ўспышкі бліцаў — гэта ачомаліся нарэшце рэпарцёры. Гвалт стаяў сама меней хвілін яшчэ з пяць, і ўвесь гэты час старшыня не зводзіў з мяне вачэй. Нарэшце ён узяў сябе ў рукі і зазваніў у званочак.

— В-в-выбачайце, — пачаў ён, заікаючыся, — н-не ведаю, д-дальбог, як вас называць…

— Проста «пан», — адказаў я.

— Дык, значыцца, п-п… значыцца, пан, я мяркую, ваш выпадак такі незвычайны, што навуковы кангрэс, які я маю гонар весці, мусіць выслухаць вашую заяву.

Гэтае мудрае рашэнне было сустрэта новай бураю апладысментаў. Большага мне пакуль і не трэба было. Я выступіў на сярэдзіну эстрады, усталяваў мікрафон згодна з маім ростам і зрабіў наступную прамову.


Раздзел VIII


— Пан старшыня!

Высакародныя гарылы!

Мудрыя арангутаны!

Шаноўныя шымпанзэ!

О малпы!

Дазвольце чалавеку звярнуцца да вас.

Я ведаю, што выгляд у мяне — страшны, цела — недарэчнае, твар — жывёльны, пах — невыносны, колер скуры — агідны. Я ведаю, што мая брыдкая знешнасць абражае ваш зрок, але ведаю я і тое, што звяртаюся да сама славутых, сама мудрых малпаў, чый розум здольны ўзвысіцца над умоўнасцю такіх пачуццяў і распазнаць істоту з развітым мысленнем нават пад такой нікчэмнаю матэрыяльнай абалонкаю…

Такі напышлівы і поўны самаўніжэння пачатак быў прапанаваны мне Зіраю з Карнэліем. Яны сцвярджалі, што гэта будзе прыемна пачуць арангутанам.

— Выслухайце мяне, о малпы, бо размаўляю я свядома, а не як аўтамат ці папугай. Я думаю, гавару і разумею вас гэтаксама ж цудоўна, як вы мяне. Калі я скончу, калі вашыя шаноўныя вучоныя ўзнагародзяць мяне такім гонарам, я з задавальненнем як найлепей адкажу на ўсе іх пытанні.

Але спярша я мушу адкрыць вам сама сэнсацыйны факт: я не проста разумная істота з душою, што, як гэта ні дзіўна, жыве ў недарэчным чалавечым целе, — я прышэлец з далёкага свету з планеты Зямля, планеты, на якой паводле невытлумачальнай фантазіі прыроды менавіта людзі надзеленыя душою і розумам. Я прашу дазволу ўдакладніць месцазнаходжанне маёй роднай планеты, вядома, не для славутых вучоных, якіх бачу вакол мяне, а для тых нешматлікіх прысутных, якія, мажліва, не зусім знаёмыя з рознымі зорнымі сістэмамі.

Я падышоў да чорнай дошкі і з дапамогаю некалькіх чарцяжоў пастараўся паказаць нашую Сонечную сістэму і яе месца ў Галактыцы. Мае тлумачэнні былі выслуханы як казань у храме. Але калі, скончыўшы з чарцяжамі, я паляпаў далонню аб далонь, каб стрэсці з іх крэйду, гэты просты жэст выклікаў неверагоднае захапленне ў гледачоў верхніх радоў. Павярнуўшыся да аўдыторыі, я гаварыў далей:

— Як я ўжо сказаў, на нашай Зямлі розум дадзены чалавеку. Гэта так, і я не магу тут нічога зрабіць. У нас людзі эвалюцыяніравалі, тым часам як малпы — і гэтым я найбольш уражаны з тае пары, як адкрыў ваш свет, чамусьці засталіся ў дзікім стане. Мозг развіваўся і ўскладняўся ў чалавека. Менавіта людзі авалодалі моваю, навучыліся здабываць агонь, карыстацца прыладамі. Менавіта яны сталі гаспадарамі планеты і змянілі яе аблічча. І нарэшце менавіта людзі стварылі такую высокую цывілізацыю, што многімі сваімі рысамі яна, о малпы, нагадвае вашую!

Тут я пастараўся прывесці шматлікія прыклады нашых найяскравейшых дасягненняў. Я апісваў нашыя гарады, заводы, сродкі камунікацыі, расказваў пра нашыя ўрады, законы, пра тое, у якіх захапленнях бавім мы вольны час. Пасля, звяртаючыся галоўным чынам да вучоных, я паспрабаваў даць ім уяўленне пра нашыя поспехі ў высакародных галінах навукі і мастацтва. Спакваля голас мой рабіўся ўсё больш упэўнены. Я пачынаў адчуваць своеасаблівае ап'яненне, быццам мільянер, які выхваляецца сваімі скарбамі.

Потым я перайшоў да аповяду пра свае прыгоды. Я растлумачыў, як мы даляцелі да сістэмы Бетэльгейзе і Сароры, як я трапіў у палон і апынуўся ў клетцы, як спрабаваў усталяваць кантакт з Заюсам, але ўсе мае намаганні засталіся марныя, вядома, па ўласнай віне, бо я не выявіў вынаходлівасці. Нарэшце я расказаў пра праніклівасць Зіры і пра найкаштоўнейшую дапамогу, якую яна аказала мне разам з доктарам Карнэліем. Скончыў я так:

— Гэта ўсё, што я хацеў вам сказаць, о малпы! Рашайце самі, ці справядліва будзе, калі пасля такіх цяжкіх прыгод мяне зноў пасадзяць у клетку, як неразумную жывёліну, да канца маіх дзён? Мне застаецца дадаць адно: я прыляцеў да вас без якогась варожага намеру — вяла мяне сюды толькі прага адкрыццяў. З тае пары, як я пачаў зведваць вас, вы мне ўсё больш і больш падабаецеся, і цяпер я проста люблю вас усёй сваёй душою. У мяне ёсць план, пра які я хачу расказаць найвялікшым вучоным планеты. Я магу прынесці вам несумненную карысць сваімі зямнымі ведамі, з другога боку, за некалькі месяцаў, праведзеных у клетцы, я сам зведаў на Сароры больш, чым за ўсё сваё ранейшае жыццё. Дык давайце з'яднаем нашыя намаганні! Усталюем кантакт з Зямлёю! Пойдзем, малпы і людзі, уперад, як паплечнікі, і ніякая сіла ў свеце, ніякія таямніцы космасу не ўстояць перад намі!

Задыхнуўшыся, я скончыў сваю прамову ў абсалютнай цішыні. Я павярнуўся машынальна да стала старшыні, схапіў шклянку з вадою і асушыў яе адным духам. І гэтаксама ж як і тады, калі я стрэсваў крэйду з далоняў, гэты просты жэст зрабіў на малпаў велізарнае ўражанне і стаў сігналам для новай буры. Зала нібыта выбухнула, ахопленая энтузіязмам, якога не апіша ніводнае пяро. Я ведаў, што перамог, але не мог нават уявіць сабе, што якая-небудзь асамблея здольная выказваць свае пачуцці з такім неверагодным гвалтам. Я быў аглушаны, але ўсё ж убачыў прычыны гэтага фантастычнага грукату: эмацыянальныя па сваёй прыродзе малпы, калі відовішча ім падабаецца, апладзіруюць усімі чатырма лапамі! Цяпер вакол мяне шалелі тысячы гэтых д'ябальскіх стварэнняў: ледзь утрымліваючы раўнавагу, яны пляскалі ў свае чатыры далоні, так што здавалася, быццам купал зараз абваліцца, — і ўсё гэта з віскам, з крыкамі, з енкамі, скрозь якія прарываўся толькі глухі роў гарыл. Гэта было адно з апошніх ясных уражанняў ад таго памятнага пасяджэння. Кружылася галава, я адчуў, што вось-вось упаду. З трывогаю азірнуўшыся, я ўбачыў, што раззлаваны Заюс ускочыў з месца і, згорбіўшыся і заклаўшы рукі за спіну, ходзіць па эстрадзе, як хадзіў перад маёй клеткаю. Быццам у сне, я ўбачыў ягоны пусты фатэль і плюхнуўся на яго. Гэта было сустрэта новым выбухам авацый, але тут я страціў свядомасць.


Раздзел IX


Ачуняў я не вельмі хутка: надта ўжо вялікае перажыў нервовае напружанне. Я ляжаў на ложку ў незнаёмым пакоі. Зіра і Карнэлій завіхаліся ля мяне, пакуль гарылы-паліцэйскія стрымлівалі журналістаў і проста цікаўных, якія спрабавалі прарвацца ў пакой.

— Гэта было выдатна! — шапнула мне Зіра на вуха. — Ты выйграў.

— Уліс, — сказаў мне Карнэлій, — нас з вамі чакаюць вялікія справы!

Ён паведаміў мне, што толькі што скончылася надзвычайнае пасяджэнне Вялікага Савета Сароры, на якім прынялі рашэнне аб маім неадкладным вызваленні.

— Сёй-той спрабаваў пратэставаць, — дадаў ён, — але грамадская думка была на вашым баку, і яны не маглі прыйсці да якогась іншага рашэння.

Ён спытаўся, ці згодны я супрацоўнічаць з ім, і, атрымаўшы маю згоду, загадзя паціраў рукі ад задавальнення пры думцы пра дапамогу, якую я змагу аказаць яму ў яго пошуках.

— Жыць вы будзеце тут, — абвёў рукамі пакой Карнэлій. — Спадзяюся, кватэра вас задаволіць. Мая зусім непадалёк, у гэтым самым крыле інстытута: тут жывуць толькі старшыя навуковыя супрацоўнікі.

Я збянтэжана азіраўся, думаючы, што ўсё гэта мне сніцца. Пакой быў надзіва ўтульны. Пачыналася новая эра ў маім тутэйшым жыцці. Гэтак доўга і пакутліва чакаў я гэтага часу — і тут мяне чамусьці агарнула самота. Вочы мае сустрэліся з вачыма Зіры, і я зразумеў, што праніклівая шымпанзэ ўгадала мае думкі.

— Але, — сказала яна, — тут у цябе Новы не будзе.

Пачырванеўшы, я паціснуў плячыма, прыўзняўся і сеў.

Сілы вярнуліся да мяне, і я хацеў як мага хутчэй акунуцца ў новае жыццё.

— Як ты сябе пачуваеш? — спыталася Зіра. — Ты не стомішся ад маленькае вечарыны? Мы запрасілі, каб адзначыць гэты вялікі дзень, некаторых сяброў, адных шымпанзэ.

Я адказаў, што мне гэтая вечарына будзе вельмі прыемная, але я ўжо больш не хачу хадзіць голы. І толькі тут заўважыў, што на мне піжама: Карнэлій пазычыў мне адну са сваіх уласных. Але калі я мог яшчэ неяк нацягнуць на сябе піжаму шымпанзэ, то ў любым з яго гарнітураў выглядаў клоўнам.

— Заўтра ў цябе будзе поўны гардэроб, а да сённяшняга вечара табе сшыюць файны гарнітур, — супакоіла мяне Зіра. — Вось і кравец.

У пакой увайшоў і пакланіўся мне з вытанчанай пачцівасцю маленькі шымпанзэ. Я даведаўся, што, пакуль быў у непрытомнасці, лепшыя краўцы аспрэчвалі гонар апрануць мяне. Перамог гэты славуты майстар, які шыў на сама знакамітых гарыл сталіцы.

Майстэрства і спрытнасць краўца былі адметныя. Менш чым за дзве гадзіны яму ўдалося сшыць мне прыстойны вячэрні гарнітур. Але надзеўшы яго, я адчуў, што мне ўжо няёмка ў адзежы. Зіра ўтаропілася на мяне, вытрашчыўшы вочы. Пакуль майстар падганяў усялякія драбніцы, Карнэлій упусціў у пакой журналістаў, якія даўно ўжо імкнуліся прарвацца да мяне, і я ажно на гадзіну апынуўся ў цэнтры іх увагі: мяне закідвалі пытаннямі, абстрэльвалі ўспышкамі фотаапаратаў, патрабавалі ўсё новых і новых цікавых падрабязнасцей пра Зямлю і жыццё людзей. Я пакорліва даваў інтэрв'ю. Сам журналіст, я разумеў, якой знаходкаю з'яўляюся я для маіх тутэйшых калег, апроч таго, улічваў, што прэса можа забяспечыць мне вялікую падтрымку.

Калі журналісты нарэшце пайшлі, было ўжо досыць позна, і мы паспяшаліся да Карнэлія, дзе нас чакалі яго сябры. Але толькі мы выйшлі з пакоя, нас затрымаў Занам. Напэўна, ён быў у курсе апошніх падзей, бо пакланіўся мне ледзь не да самае падлогі. Занам прыбег сказаць Зіры, што ў аддзяленні не ўсё ў парадку. Раззлаваная маёй доўгай адсутнасцю, Нова ўсчала неверагодны гвалт. Неўзабаве яе шаленства перадалося ўсім астатнім палонным, і цяпер іх не ўтаймаваць ніякімі пікамі.

— Зараз прыйду, — адказала Зіра вартаўніку. — А вы чакайце мяне тут.

Я ўмольна зірнуў на яе. Яна вагалася, але потым паціснула плячыма.

— Калі хочаш, хадзем са мною, — сказала яна. — Урэшце, ты вольны і, магчыма, здолееш супакоіць яе хутчэй за мяне.

Услед за Зіраю я ўвайшоў у аддзяленне. Прыкмеціўшы мяне, палонныя адразу ж супакоіліся, і гвалт змяніўся напружлівай цішынёю. Яны, несумненна, пазналі мяне, нягледзячы на адзежу, і, здавалася, разумелі, што з'яўляюцца сведкамі нейкай дзівоснай метамарфозы.

Стрымліваючы дрыготку, я накіраваўся да клеткі Новы, да маёй клеткі. Я наблізіўся да яе, усміхнуўся, загаварыў з ёю, на нейкае імгненне ў мяне з'явілася адчуванне, што яна мяне разумее і вось-вось адкажа мне. Але гэта, вядома, было немагчыма. Проста мая прысутнасць супакоіла яе, гэтаксама як і астатніх. Яна ўзяла кавалачак цукру, які я ёй працягнуў, і ўсё яшчэ грызла яго, калі я з цяжкім сэрцам ішоў да выхаду.

Пра гэтую вечарыну, наладжаную ў модным кабарэ, — Карнэлій вырашыў адразу ж пачаць далучаць мяне да малпінага жыцця, бо цяпер я мусіў кантактаваць пастаянна з малпамі, — у мяне захаваліся ўражанні вельмі цьмяныя і дзіўныя.

Прычынаю іх цьмянасці быў выпіты мною ў пачатку вечара алкаголь, ад якога мой арганізм на Сароры адвык. А дзіўнасць тлумачылася, бадай, асаблівым пачуццём, якое і пасля не раз авалодвала мною: паступовым згасаннем у маёй свядомасці ўяўлення пра ўсіх тых, хто быў вакол мяне, як пра малпаў — я ўсё часцей успрымаў іх у залежнасці ад іх прафесіі ці становішча ў грамадстве. Метрдатэль, напрыклад, які ўгодліва сустрэў нас і правёў да нашага стала, быў для мяне перш за ўсё метрдатэлем і толькі потым самцом-гарылаю. Гідка нафарбаваная арангутанка ў гадах успрымалася мною як старая какетка, а калі я танцаваў з Зіраю, то зусім забываўся, што яна шымпанзэ, адчуваў толькі гнуткую талію партнёркі. Аркестр шымпанзэ быў усяго толькі звычайным аркестрам, і элегантныя малпы, якія жартавалі за нашым сталом, нічым не адрозніваліся ад звычайных свецкіх жартаўнікоў.

Не буду расказваць падрабязна пра тое, якія пачуцці выклікала ў малпаў мая прысутнасць. Скажу толькі, што апынуўся ў цэнтры ўвагі. Мне прыйшлося бясконца раздаваць аўтографы, і два вартаўнікі-гарылы, якіх Карнэлій прадбачліва прывёў з сабою, ледзь баранілі мяне ад нападаў самак усіх узростаў і парод, якія спрачаліся за права выпіць са мною ці патанцаваць.

Заседзеліся мы да глыбокай ночы. Я ўжо быў добра п'яны, як раптам успомніў пра прафесара Антэля. Гэтая думка абудзіла ўва мне сама горкія згрызоты сумлення. Я ледзь не зароў ад сораму, падумаўшы пра тое, што сяджу вось цяпер тут, баўлю бесклапотна вольны час, п'ю з малпамі, а мой няшчасны таварыш дрыжыць на саломе ў клетцы заасада.

Зіра спыталася, што мяне так засмучае. Я адказаў. Тады Карнэлій паведаміў мне, што ўжо цікавіўся прафесарам і той пачувае сябе добра. Цяпер нішто не перашкаджае яго вызваленню. У адказ я рашуча заявіў, што не магу больш чакаць ні хвіліны і хачу перадаць яму гэтую навіну неадкладна.

Ї Урэшце, — падумаўшы, згадзіўся Карнэлій, — у такі дзень вам ні ў чым нельга адмовіць. Хадземце! Я знаёмы з дырэктарам заасада.

Мы выйшлі ўтраіх з кабарэ і неўзабаве дабраліся да заалагічнага сада. Разбуджаны дырэктар паспяшаўся нам насустрач. ён ужо ведаў маю гісторыю. Карнэлій адкрыў яму сапраўднае паходжанне аднаго з людзей, выстаўленых тут у клетцы. Дырэктар не верыў сваім вушам, але таксама не рашыўся адмовіць мне.

— Вядома, прыйдзецца дачакацца дня, — сказаў ён, — каб выканаць сякія-такія фармальнасці, неабходныя для вызвалення вашага прафесара, але нішто не замінае вам пагаварыць з ім хоць цяпер.

Ён абраўся праводзіць нас.

Ужо пачынала світаць, калі мы спыніліся перад клеткаю, у якой небарака-прафесар жыў, нібыта якая жывёліна, разам з паўсотняю іншых мужчын і жанчын. Палонныя яшчэ спалі, уладкаваўшыся парамі ці групамі па чатыры-пяць чалавек. Калі дырэктар запаліў у клетцы святло, усе расплюшчылі вочы.

Я нядоўга шукаў майго таварыша па няшчасці. Як і ўсе астатнія, ён ляжаў скурчыўшыся на саломе, і побач з ім была жанчына, як здалося мне, досыць маладая. Убачыўшы прафесара, я здрыгануўся і ледзь не заплакаў ад спагады да старэйшага сябра дый да сябе самога, згадаўшы, што перажыў за гэтыя чатыры месяцы.

Я быў такі ўсхваляваны, што не мог гаварыць. Але разбуджаныя людзі не дзівіліся нам ані кроплі. Яны ўжо былі прыручаныя і добра выдрэсіраваныя, таму адразу ж сталі выконваць свае звычайныя трукі, спадзеючыся атрымаць што-небудзь ва ўзнагароду. Дырэктар кінуў ім жменю пячэння. Адразу ж, як і ўдзень, пачалася штурхатня і калатнеча, а ўмудроныя старыя паспяшаліся ўладкавацца на кукішках перад самымі кратамі, з мальбою працягваючы нам рукі.

Прафесар Антэль далучыўся да папрашаек. Ён прыціснуўся як мага бліжэй да дырэктара і пачаў выпрошваць у яго ласунак. Такія несамавітыя паводзіны спачатку абурылі мяне, але неўзабаве маё горкае пачуццё перайшло ў вялікую занепакоенасць. Я стаяў за тры крокі ад прафесара, ён глядзеў мне ў самы твар — і не пазнаваў. Вочы яго, яшчэ нядаўна такія жывыя і праніклівыя, здаваліся цяпер патухлымі і пустымі, як у іншых палонных, — я не заўважыў у іх аніводнай іскрынкі розуму! Я ўсё больш і больш пераконваўся з жахам, што не выклікаю ў прафесара ніякіх пачуццяў, апроч недаўмення: пры выглядзе чалавека ў адзежы ён паводзіў сябе гэтаксама ж, як і ўсе палонныя.

Я жудасна напружыўся і загаварыў, каб прагнаць нарэшце гэты кашмар:

— Прафесар, — сказаў я, — мэтр, гэта я, Уліс Меру. Мы ўратаваныя. Я прыйшоў, каб паведаміць вам пра гэта…

І тут я змоўк у поўнай збянтэжанасці. Пачуўшы мой голас, прафесар уцягнуў галаву ў плечы і адступіў ад кратаў — зусім як любы яго іншы сусед па клетцы!

— Прафесар, прафесар Антэль! — ледзь ужо не плакаў я ўмольна. — Гэта я, Уліс Меру, ваш спадарожнік па вандроўцы. Я вольны, і праз некалькі гадзін вас таксама вызваляць. Малпы, якіх вы бачыце цяпер — нашы сябры. Яны ведаюць, хто мы такія, і прымаюць нас як братоў.

Ні слова ў адказ. Здавалася, Антэль нічога не зразумеў. Ён толькі зноў адступіў назад, сціснуўшыся, усё роўна як спалоханая жывёліна.

Я быў у бязмерным адчаі, малпы здзіўлена пазіралі на нас. Задуменны Карнэлій хмурыўся. Мне прыйшло ў галаву, што, магчыма, прафесар сімулюе неразуменне, баючыся малпаў. Тады я папрасіў іх адысці куды-небудзь, каб пакінуць нас сам-насам, што яны і зрабілі адразу ж. Калі малпаў не стала, я абышоў клетку, каб быць бліжэй да кута, у які забіўся прафесар, і зноў загаварыў з ім:

— Мэтр, — маліў я яго, — я разумею вашую асцярожнасць. Я ведаю, што пагражае людзям Зямлі на гэтай планеце. Але цяпер мы адны, клянуся вам, і вашыя выпрабаванні мінулі. Гэта я вам кажу, я, ваш спадарожнік, ваш вучань, ваш сябра, я, Уліс Меру!

Ён зноў адскочыў назад, спалохана гледзячы на мяне. Я ўвесь дрыжаў, не ведаючы, якімі ж словамі пераканаць яго. Раптам прафесар разявіў рот.

Божа, мне нарэшце ўдалося пераканаць яго?! Я глядзеў на яго затаіўшы дыханне. Але пачуўшы яго, здранцвеў ад жаху. Так, прафесар разявіў рот, ды гэта не быў свядомы рух чалавека, які збіраецца загаварыць. З ягонага горла вырваўся гук, які выдаюць дзіўныя людзі гэтай планеты, каб выказаць сваю задаволенасць або страх.

Прафесар Антэль стаяў перада мною ў клетцы і, не варушачы вуснамі, злосна ўлюлюкаў. Сэрца маё халадзела.


Частка трэцяя

Раздзел I


Сон у мяне гэтай ноччу быў неспакойны. Я рана прачнуўся, але доўга круціўся ў ложку і праціраў вочы, пакуль не прыйшоў у сябе. Вось ужо месяц я ўсё яшчэ не мог прызвычаіцца да цывілізаванага жыцця і кожнае раніцы прачынаўся ў трывозе, бо не чуў шаргацення саломы і не адчуваў побач з сабою цёплага цела Новы.

Я займаў у інстытуце адно з найлепшых памяшканняў — малпы ва ўсім надзвычай высакародна ставіліся да мяне. Я меў пакой з асобнаю ваннаю, вопратку, кнігі, тэлевізар. Я чытаў усе газеты, быў вольны, мог выходзіць на вуліцу, гуляць у горадзе, наведваць любыя відовішчы. Маё з'яўленне ў грамадскіх месцах заўсёды выклікала ў малпаў цікаўнасць, але ажыятаж першых дзён пачаў ужо сціхаць.

Цяпер навуковым кіраўніком інстытута быў Карнэлій. Заюса звольнілі, даўшы яму, зрэшты, іншы важны пост і ўзнагародзіўшы яшчэ адным ордэнам, а на яго месца назначылі Зірынага жаніха. У выніку адбылося амаладжэнне навуковых кадраў і істотнае павелічэнне колькасці вучоных-шымпанзэ, што адразу ж узняло актыўнасць ва ўсіх сектарах. Зіра стала вучоным сакратаром новага кіраўніка.

Ну а я цяпер удзельнічаў у работах Карнэлія не як падвопытны трус, а як супрацоўнік. Праўда, Карнэлій дамогся гэтага з вялікай цяжкасцю, зламаўшы супраціўленне Вялікага Савета. Відаць, улады дагэтуль вельмі неахвотна прызнавалі маю сапраўдную сутнасць і паходжанне.

Я хутка адзеўся, выйшаў са свайго пакоя і накіраваўся да будынка інстытута, у якім сам колісь быў палонным, да сектара Зіры, якім яна ўсё яшчэ кіравала, нягледзячы на свае новыя абавязкі. Са згоды Карнэлія я вёў там сістэматычныя назіранні за людзьмі.


І вось я ў зале з клеткамі, спакойна іду па праходзе паміж імі як адзін з гаспадароў гэтае планеты. Ці ж трэба казаць, што я заходжу сюды часта, нашмат часцей, чым гэта неабходна для маіх даследаванняў? Часам акружэнне малпаў пачынае стамляць мяне, і я знаходжу тут своеасаблівы спакойны прыстанак.

Палонныя цяпер выдатна мяне ведаюць і слухаюцца. Ці адрозніваюць яны мяне ад Зіры або вартаўнікоў, якія прыносяць ім ежу? Мне хацелася б у гэта верыць, але я сумняваюся. Вось ужо месяц я працую з імі, але мне ўсё яшчэ не ўдаецца навучыць іх хоць нечаму больш складанаму, чым звычайныя трукі, якія можа выконваць любая добра выдрэсіраваная жывёліна. Аднак я інстынктыўна адчуваю, што яны здольныя на большае.

Я хацеў бы навучыць іх гаварыць. Гэта для мяне пытанне гонару. Вядома, пакуль што нічога не выходзіць: толькі некаторым палонным удаецца паўтарыць за мною два-тры аднаскладовыя спалучэнні — гэта ж могуць рабіць і некаторыя зямныя шымпанзэ. Гэта не надта абнадзейвае, але я не адступлюся. Што надае мне веры, дык гэта настойлівасць, з якою палонныя стараюцца цяпер злавіць мой позірк. Вочы ў іх апошнім часам сталі нейкія іншыя, і мне здаецца, я ўлоўліваю ў іх цікаўнасць, якая ідзе спакваля на змену тупому звярынаму недаўменню.

Я павольна абыходжу аддзяленне, спыняюся перад кожнаю клеткаю. Размаўляю з палоннымі — ласкава і цярпліва. Яны ўжо прывыклі патроху да гукаў мовы. Выдае на тое, што яны мяне слухаюць. Спачатку я размаўляю з імі некалькі хвілін, потым прамаўляю асобныя кароткія словы, паўтараю іх шмат разоў, спадзеючыся хоць нешта пачуць у адказ. Вось палонны з цяжкасцю вымаўляе адзін склад, але больш ад яго сёння нічога дамагчыся не ўдаецца. Ён хутка не вытрымлівае напружання і падае на салому, нібыта пасля надзвычай цяжкае працы. Я ўздыхаю і пераходжу да наступнага. Нарэшце дабіраюся да клеткі, у якой марнее самотная Нова. Ва ўсякім разе, мне, чалавеку Зямлі, здаецца, што яна павінна быць самотная, і я намагаюся адшукаць гэтае пачуццё на яе дзівосна прыгожым і невыразным твары. Зіра не падсяліла да яе другога мужчыну, і я ёй за гэта ўдзячны.

Я часта думаю пра Нову. Мне цяжка забыцца на праведзеныя з ёю гадзіны. Але ні разу яшчэ пасля свайго вызвалення я не ўваходзіў да яе ў клетку: стрымлівае пачуццё чалавечае годнасці. Хіба ж яна не жывёліна? Я бываю цяпер у вышэйшых навуковых колах, і падобная сувязь проста немагчымая. Згадваючы нашую нядаўнюю блізкасць, я чырванею. З тае пары, як я змяніў лагер, я нават забараніў сабе быць з ёй больш зычлівым, чым з астатнімі яе сародзічамі.

І ўсё ж такі я вымушаны прызнаць, што яна ўяўляе сабою першакласны экземпляр тутэйшай чалавечай пароды, і гэта радуе мяне. Я дамагаюся з ёю большых поспехаў, чым з астатнімі. Пры маім набліжэнні яна падыходзіць да кратаў, і твар у яе скажаецца грымасаю, у нечым падобнаю на ўсмешку. Перш чым я паспяваю загаварыць, яна спрабуе вымавіць чатыры-пяць вывучаных ёю складоў. І стараецца зрабіць гэта як мага лепш. Ці азначае гэта, што яна ад прыроды больш здольная за астатніх? Або папярэдні кантакт са мною развіў яе і зрабіў падатлівай на мае ўрокі? Апошняе меркаванне падабаецца мне больш, бо лашчыць трохі маё самалюбства.

Я прамаўляю яе імя, потым сваё, указваючы пальцам то на яе, то на сябе. Яна паўтарае мой жэст. Але раптам я бачу, як твар у яе ўмомант скажаецца злосным выскалам, і ў тое ж самае імгненне чую ў сябе за спінаю ціхі смех.

Гэта Зіра незласліва жартуе з маіх намаганняў, а яе прысутнасць заўсёды раз'юшвае Нову. Разам з Зіраю прыйшоў Карнэлій. Яго дужа займаюць мае спробы, і ён часта наведвае мяне, каб пацікавіцца вынікамі. Але сёння ён з'явіўся з іншаю мэтаю. Выгляд у яго вельмі ўсхваляваны.

— Уліс, а вам не хацелася б зрабіць са мною невялікае падарожжа?

— Падарожжа?

— Гэта досыць далёка, амаль на другім канцы планеты. Археолагі знайшлі там рэшткі старажытных збудаванняў, надзвычай цікавыя, калі верыць іх справаздачам. Але раскопкамі кіруе арангутан, і спадзявацца, што ён здолее зрабіць са знаходак слушныя высновы, не прыходзіцца. Яны сутыкнуліся з загадкаю, якая мяне хвалюе: раскрыццё гэтай таямніцы можа адыграць рашучую ролю ў маіх даследаваннях. Акадэмія пасылае мяне туды ў камандзіроўку, і я мяркую, што вашая прысутнасць будзе там дужа карысная.

Пакуль што я не разумею, у чым я мог бы яму дапамагчы, але згаджаюся з радасцю, бо мне даўно ўжо хацелася ўбачыць іншыя вобласці Сароры. Карнэлій запрашае мяне да сябе ў кабінет пагутарыць сур'ёзна.

Такі паварот справы адразу ж захапляе мяне: не прыйдзецца працягваць абход. А мне трэба было наведаць яшчэ аднаго палоннага — прафесара Антэля. Ён усё яшчэ ў ранейшым стане, што робіць немагчымым яго вызваленне. Аднак па маёй просьбе Антэля змясцілі ў асобнай і досыць утульнай палаце. Наведваць яго — мой цяжкі абавязак. Ён не паддаецца ніякім угаворам і паводзіць сябе як сама сапраўдная жывёліна.


Раздзел II


Мы адправіліся ў дарогу праз тыдзень. Зіра паляцела з намі, але праз некалькі дзён яна павінна была вярнуцца назад, каб у адсутнасць Карнэлія займацца інстытуцкімі справамі. А сам Карнэлій разлічваў затрымацца на месцы раскопак нашмат больш, калі толькі знаходкі і праўда будуць цікавыя, як ён спадзяецца.

Нам далі спецыяльны самалёт, падобны на нашы першыя рэактыўныя самалёты, але нашмат больш камфартабельны, з асобным маленькім герметычным салонам, дзе можна спакойна размаўляць. Я быў шчаслівы, што адправіўся ў падарожжа. І ўжо гэтак прызвычаіўся да малпаў, што зусім не спалохаўся, калі ўбачыў за штурвалам лайнера шымпанзэ. Значна болей мяне цікавілі пейзажы ўнізе і пекнае відовішча ўсходу Бетэльгейзе. Мы ляцелі на вышыні прыкладна дзесяці тысяч метраў. Паветра было надзіва празрыстае, і гіганцкая зорка ўзнімалася над гарызонтам, як нашае сонца, калі глядзіш на яго ў акулярах. Зіра вачэй не магла адвесці ад гэтае прыгажосці.

— А ці бываюць у вас на Зямлі такія ж цудоўныя ранкі? — пыталася яна. — Тваё сонца такое ж прыгожае, як і нашае?

Я адказаў, што Сонца не такое вялікае і чырвонае, як Бетэльгейзе, але нам яго хапае. Затое наш Месяц нашмат ярчэйшы і большы за спадарожнік Сароры.

Мы весяліліся, быццам школьнікі на вакацыях, і я жартаваў з Зіраю, як з добрай старой знаёмаю. І калі праз некалькі хвілін да нас у салон, дзе мы спачатку былі адны, прыйшоў Карнэлій, я ледзь не пакрыўдзіўся на яго за тое, што ён перашкодзіў нашай размове. Карнэлій быў заклапочаны. Зрэшты, ён увогуле прыкметна нерваваўся апошнім часам. Каб давесці да канца пачатыя ім даследаванні, ён вельмі шмат працаваў і часам прападаў у лабараторыі цэлымі днямі. Пра сваю работу ён па-ранейшаму нікому не казаў, і нават Зіра, як мне здавалася, ведала пра яе не больш за мяне. Мне ж было вядома толькі тое, што гэтыя даследаванні тычыліся паходжання малпаў і што погляды Карнэлія ўсё больш і больш разыходзіліся з традыцыйнымі тэорыямі. У тую раніцу ён упершыню пазнаёміў мяне з некаторымі сваімі меркаваннямі, і я вельмі хутка зразумеў, чаму мая сціплая асоба разумнага чалавека ўяўлялася яму такой вялікаю каштоўнасцю. Пачаў ён з таго, пра што мы ўжо спрачаліся тысячы разоў:

— Вы казалі мне, Уліс, што ў вас на Зямлі малпы — сапраўдныя жывёлы? А людзі, наадварот, дасягнулі такога ўзроўню цывілізацыі, які роўны нашаму, а ўва многім нават… Не бойцеся абразіць мяне: вучонаму ісціна даражэйшая за самалюбства.

— Але, ува многім мы вас абагналі, гэта бясспрэчна. І найлепшы таму доказ — мая прысутнасць на Сароры. Вы, здаецца, знаходзіцеся яшчэ ў гэтых адносінах на стадыі…

— Ведаю, ведаю, — стомлена перапыніў мяне Карнэлій. — Мы пра гэта ўжо гаварылі. Мы толькі пачынаем разгадваць загадкі, якія перасталі быць для вас тайнаю некалькі стагоддзяў назад… І ў гэтай сувязі мяне трывожаць не адны вашы расказы. — Шымпанзэ ўзнервавана хадзіў узад-уперад па маленькім салоне. — Вось ужо доўгі час мне не дае спакою адна здагадка, якая пацвярджаецца некаторымі канкрэтнымі фактамі… Мне здаецца, што гэтыя тайны светабудовы ўжо былі разгаданы тут, на гэтай планеце, у далёкім мінулым іншымі разумнымі істотамі.

Я мог бы яму адказаць, што гэтае ўражанне, быццам робіш ужо кімсьці зробленае некалі адкрыццё, з'яўлялася ўва многіх вучоных Зямлі. Можа, гэтае пачуццё ўвогуле ўніверсальнае, уласцівае жыхарам і іншых светаў, і, можа, на ім засноўваецца нашае ўяўленне пра існаванне бога. Але я не рашыўся перапыніць яго. Ён быў ва ўладзе яшчэ цьмянай думкі і гаварыў вельмі асцярожна:

— …Іншымі разумнымі… — паўтарыў ён задуменна. — І, магчыма, гэта былі зусім не…

Раптам ён змоўк. У яго быў пакутніцкі выгляд, як у чалавека, што навобмацак набліжаецца да ісціны, якую яго розум ніяк не можа прыняць.

— Вы казалі мне таксама, што малпы ў вас валодаюць высокаразвітым імітацыйным інстынктам, ці ж не так?

— Яны пераймаюць нас літаральна ва ўсім, я хачу сказаць, ва ўсіх дзеяннях, якія не патрабуюць асэнсаванага падыходу. Гэта ў іх развіта настолькі, што параўнанне з малпаю азначае менавіта ў першую чаргу перайманне.

— Зіра, — змрочна прамармытаў Карнэлій, — ці не здаецца табе, што нам таксама ўласцівы гэты дух пераймання?

І, не даўшы ёй нават слова вымавіць у абарону сародзічаў, Карнэлій стаў усхвалявана развіваць сваю думку:

— Гэта пачынаецца з ранняга дзяцінства. Усё нашае выхаванне заснавана на перайманні.

— Гэта ж арангутаны…

— Натуральна, іх роля велізарная: яны выхоўваюць моладзь сваімі кнігамі. Яны прымушаюць дзіцёнка паўтараць усе памылкі нашых продкаў. Гэтым і тлумачыцца замаруджанасць нашага прагрэсу. Вось ужо дзесяць тысяч гадоў, як мы топчамся на месцы!

Тут варта сказаць некалькі слоў пра запаволенае развіццё малпаў. Мяне гэта дужа ўразіла, калі я вывучыў іх гісторыю, і ў гэтым я ўбачыў галоўнае адрозненне нашых цывілізацый. Вядома, і ў нас былі перыяды амаль што поўнага застою. У нас таксама былі свае арангутаны, якія складалі ідыёцкія праграмы, было хлуслівае выхаванне — досыць доўга.

Аднак не так доўга, як у малпаў, а галоўнае, на іншай ступені эвалюцыі. Цёмны перыяд застою, на які скардзіўся шымпанзэ, зацягнуўся тут прыблізна на дзесяць тысячагоддзяў. За гэты час ні ў адной навуцы не быў дасягнуты прагрэс, за вылікам хіба што апошняга паўстагоддзя. Але сама цікавае ва ўсім гэтым было тое, што іх першыя легенды, першыя летапісы, першыя ўспаміны расказваюць пра высокаразвітую цывілізацыю, якая, па сутнасці, небагата чым адрозніваецца ад сучаснай. Дакументы дзесяцітысячагадовай даўнасці сведчаць, што агульная сума ведаў і дасягненні тых часоў — амаль тыя ж самыя, што і сённяшнія. А пра тое, што было яшчэ даўней, не захавалася ніякіх паданняў, нават ніводнага намёку. Словам, ствараецца ўражанне, нібыта малпавая цывілізацыя нейкім дзівосным чынам узнікла ўмомант дзесяць тысяч гадоў назад і з тае пары нібыта закансервавалася, амаль не змяняючыся. Сярэдняя малпа прызвычаілася лічыць гэта нармальным і ні над чым не задумвалася, але дапытлівыя вучоныя, такія, як Карнэлій, пакутліва спрабавалі разгадаць гэтую таямніцу.

— Ёсць жа малпы, здольныя да стваральнай працы, — запярэчыла Зіра.

— Вядома, — згадзіўся Карнэлій, — яны з'явіліся, асабліва ў апошнія гады. З часам думка можа ператварыцца ў дзеянне. Так і павінна быць: натуральны ход эвалюцыі… Але тое, чаго хачу я, Зіра, тое, чаго апантана дамагаюся, — гэта даведацца, як усё пачалося… Сёння мне ўжо не здаецца неверагоднай думка, што ў аснове ўсёй нашай цывілізацыі закладзена простае перайманне.

— Перайманне чаго? Ці каго?

Тут Карнэлій апусціў вочы, быццам шкадаваў, што сказаў залішне шмат.

— Я яшчэ не зрабіў канчатковых высноў, — вымавіў ён нарэшце. — Мне патрэбныя доказы. Можа, мы знойдзем іх у рэштках пахаванага горада. Згодна са справаздачамі ён існаваў не дзесяць тысяч гадоў назад, а шмат-шмат раней, у эпоху, пра якую мы анічога не ведаем.


Раздзел III


Карнэлій змоўк — здавалася, яму было цяжка гаварыць на гэтую тэму, але і тое нямногае, што я паспеў зразумець з яго разважанняў, усхвалявала мяне надзвычайна.

Археолагі адкрылі ў пустэльні цэлы горад, пахаваны пад пяском. На жаль, ад горада засталіся адны разваліны, але гэтыя рэшткі — я адчуваў — захоўвалі вялікую тайну, і я пакляўсяразгадаць яе.

У гэтым не было нічога немагчымага для таго, хто ўмее назіраць і думаць, але арангутан, які кіраваў раскопкамі, на гэта быў няздольны. Ён прыняў Карнэлія з пачцівасцю, адпаведнай высокаму рангу акадэміка-шымпанзэ, але з ледзь прыхаванай пагардаю да яго маладосці і незвычайных ідэй, якія той іншы раз выказваў.


Трэба мець цярпенне мніха, каб весці раскопкі, гразнучы на кожным кроку ў пяску, сярод камення, якое рассыпалася ўшчэнт ад аднаго толькі дотыку. Але мы займаемся гэтым вось ужо месяц. Зіра даўно ўжо пакінула нас, а Карнэлій усё затрымліваецца на гэтых раскопках. Ён такі ж усхваляваны, як і я, і ўпэўнены, што сярод гэтых рэштак даўняй мінуўшчыны знаходзіцца рашэнне вялікіх загадак, якія не даюць яму спакою.

Мяне не перастае здзіўляць дыяпазон яго ведаў. Спярша ён захацеў сам выявіць узрост горада. У такіх выпадках малпы карыстаюцца метадамі, падобнымі на нашыя, параўноўваючы геалагічныя дадзеныя з вынікамі хімічных і структурных аналізаў. Зрабіўшы гэта, Карнэлій згадзіўся з артадоксамі: горад вельмі, вельмі старажытны. Яму шмат больш, чым дзесяць тысяч гадоў, інакш кажучы, гэта ўнікальны помнік — важкі доказ таго, што сучасная малпавая цывілізацыя не ўзнікла з нічога, якімсьці звышнатуральным чынам.

Штосьці ўжо існавала на Сароры да цяперашняй гістарычнай эпохі. Але што? Прайшоў месяц ліхаманкавых пошукаў, які прынёс нам адно расчараванне. Выдавала на тое, што нават гэты дагістарычны горад мала чым адрозніваўся ад гарадоў сённяшніх. Мы знайшлі рэшткі дамоў, прамысловых збудаванняў, якія сведчылі пра тое, што ў старажытных жыхароў горада таксама былі аўтамашыны і самалёты. Значыцца, разумнае жыццё зарадзілася раней, чым дзесяць тысяч гадоў назад. Але гэта зусім не тое, чаго чакае Карнэлій, — я ведаю, — гэта не тое, на што спадзяюся я.

У тую раніцу Карнэлій выправіўся на раскопкі раней за мяне. Рабочыя адкапалі будынак з асабліва тоўстымі жалезабетоннымі сценамі, які, здаецца, захаваўся лепш за астатнія. Праўда, і ён забіты смеццем і пяском, і археолагі літаральна прасейвалі гэтае смецце скрозь сіта. Учора яны не знайшлі нічога асаблівага: як і ў астатніх дамах, зрэдку трапляліся абломкі труб, хатніх рэчаў, разбіты посуд. Сеўшы ля палаткі, у якой мы размясціліся разам з Карнэліем, я назіраў са свайго месца, як арангутан даваў указанні кіраўніку групы, маладому шымпанзэ с насмешлівым позіркам. Карнэлія не відаць: ён у раскопе разам з рабочымі. Ён сам часта бярэцца за іх справу, баючыся, што рабочыя могуць прапусціць або не ўберагчы каштоўную знаходку.

Нарэшце ён выбіраецца з траншэі, і я адразу ж разумею, што Карнэлій зрабіў нейкае фенаменальнае адкрыццё! У руках у яго якісьці невялічкі прадмет, мне яго з такой адлегласці не відаць. Без залішніх цырымоній адштурхнуўшы старога арангутана, які спрабаваў завалодаць знаходкаю, Карнэлій з вялікай асцярожнасцю апускае яе на пясок. Ён глядзіць у мой бок і энергічна махае рукамі. Падышоўшы, я бачу на твары ў яго неверагоднае хваляванне.

— Уліс, Уліс! — ледзь выціскае ён з сябе.

У такім стане я яго яшчэ ніколі не бачыў. Рабочыя, якія выбраліся за ім з траншэі, збіраюцца вакол знаходкі, і я ўсё яшчэ не магу яе разгледзець. Яны паказваюць на яе пальцамі — відаць, яна ўсяго толькі забаўляе іх. Некаторыя рагочуць. Амаль усе яны — здаравенныя гарылы. Карнэлій загадвае ім адысці.

— Уліс!

— Што там?

Цяпер я таксама бачу нарэшце на пяску знаходку і чую здушаны голас Карнэлія:

— Лялька, Уліс, лялька!

Але, гэта лялька, звычайная фарфоравая лялька. Яна проста цудам гэтак захавалася: відаць нават рэшткі валасоў і лускавінкі каляровай палівы на вачах. Спачатку я ніяк не магу зразумець хвалявання Карнэлія: ну што тут такога?.. І толькі праз некалькі секунд да мяне даходзіць… Я зразумеў! І адразу ж неверагоднасць таго, што здарылася, працінае мяне і пераварочвае душу. Гэта ж чалавечая лялька — дзяўчынка! Але я не магу паверыць у гэтую хімеру. Перш чым дакляраваць цуд, трэба праверыць усе магчымыя трывіяльныя варыянты. А такі вучоны, як Карнэлій, павінен гэта зрабіць.

У малпінай дзятвы таксама ёсць цацкі, і сярод іх хоць і нячаста, але трапляюцца ўсё-такі фігуркі жывёлін і нават людзей. Значыцца, лялька-дзяўчынка сама па сабе не магла так усхваляваць яго. Але па-першае, у малпаў такіх фігурак не робяць з фарфору, а па-другое, яны ніколі не бываюць адзетыя, ва ўсякім разе, адзетыя, як разумныя істоты. А гэтая лялька, зразумеў нарэшце і я, была адзетая ў такія ж самыя строі, як лялькі ў нас на Зямлі: на целе ў яе захаваліся рэшткі сукеначкі, гарсэціка, ніжняй спаднічкі і штонікаў. Лялька была адзетая з густам, з якім магла ўпрыгожыць дзяўчынка сваю любімую ляльку, з любоўю, з якой магла адзець ляльку-малпачку маленькая малпа, але ніколі, ніколі ні тая і ні другая не сталі б гэтак рупліва адзяваць у паменшаныя копіі сваіх строяў жывёліну! Цяпер я ўсё лепш і лепш разумеў хваляванне майго сябра-шымпанзэ.

Але гэта не ўсё. Знойдзеная лялька мае яшчэ адну вельмі дзіўную асаблівасць, якая развесяліла рабочых-гарыл і нават прымусіла ўсміхнуцца фанабэрыстага арангутана, галоўнага кіраўніка раскопак. Лялька гаворыць. Яна гаворыць як зямны чалавек. Апускаючы яе на пясок, Карнэлій выпадкова націснуў на кнопку ацалелага механізма, і лялька загаварыла. Вядома, сказала яна няшмат. Усяго толькі адно слова з двух аднолькавых складоў: «Та-та»!

«Та-та», — зноў лапоча фарфоравая дзяўчынка, калі Карнэлій падымае яе і разглядвае з усіх бакоў, абмацваючы чуллівымі пальцамі. Гэтае слова гучыць амаль аднолькава па-французску, на мове сарорскіх малпаў, дый, напэўна, на іншых мовах усіх таямнічых сусветаў і паўсюды мае адно значэнне.

«Та-та», — паўтарае лялька — маленькі чалавечак, і, відаць, таму морду майго вучонага сябра залівае румянец, менавіта гэта пераварочвае мне ўсю душу, і я з вялікай цяжкасцю стрымліваюся, каб не закрычаць, пакуль Карнэлій адводзіць мяне ўбок, несучы з сабою каштоўную знаходку.

— Ёлупень! — мармыча ён праз нейкі час.

Я ведаю, каго ён мае на ўвазе, і разумею яго абурэнне. Стары арангутан убачыў у гэтай ляльцы звычайную цацку дзіцёнка-малпы, якую дзівак-майстар з далёкай мінуўшчыны надзяліў здольнасцю прамаўляць гэтае слова. Няма ніякага сэнсу тлумачыць яму што-небудзь. Карнэлій і не спрабуе гэтага рабіць. Адзінае лагічнае тлумачэнне, якое прыходзіць у галаву, здаецца яму самому настолькі экстраардынарным, што ён выбірае маўчанне. Нават мне Карнэлій не кажа ні слова. Але ён ведае, што я ўсё зразумеў.

Да канца дня Карнэлій будзе хадзіць задуменны і не загаворыць ні з кім. Мне здаецца, яму страшна працягваць гэтыя даследаванні і ён шкадуе, што, як ні мала, але ўсё ж такі адкрыўся мне. Узбуджэнне ў яго прайшло, і цяпер яму цяжка бачыць мяне сведкам такой знаходкі.

На другі ж дзень мае падазрэнні пацвярджаюцца: Карнэлій шкадуе, што прывёз мяне сюды. Усю ноч ён думаў, а ўранку, пазбягаючы майго позірку, заявіў, што вырашыў адправіць мяне назад у інстытут, дзе мяне чакае больш важная праца. Месца на самалёт мне ўжо заказана. Я вылятаю праз дваццаць чатыры гадзіны.


Раздзел IV


Дапусцім, разважаў я, што некалі людзі былі паўнаўладныя гаспадары гэтай планеты. Уявім, што больш за дзесяць тысяч гадоў назад на Сароры квітнела чалавечая цывілізацыя, падобная да нашай…

Але цяпер гэта ўжо не проста неабгрунтаваная гіпотэза, у яе прыхільнікаў ёсць доказы. Ледзь сфармуляваўшы сваю думку, я адразу ж адчуў тое асаблівае ўзбуджэнне, якое ахапляе цябе, калі ты знаходзіш у лабірынце заблытаных сцежак адзіную правільную. Упэўнены, менавіта гэты шлях і прывядзе да раскрыцця тайны малпавай эвалюцыі. Недарма ж я заўсёды шукаў падсвядома адказ прыкладна ў гэтым напрамку.

Я вяртаюся самалётам у сталіцу разам з сакратаром Карнэлія, маўклівым шымпанзэ. Але мне і не хочацца гаварыць з ім. У самалёце заўсёды добра падумаць. Дый наўрад ці мне яшчэ выпадзе лепшая магчымасць разабрацца ў сваіх думках.

…Значыцца, дапусцім, што ў векапомныя часы на Сароры існавала цывілізацыя, падобная да нашай. Ці можа так стацца, каб істоты, пазбаўленыя розуму, прадоўжылі яе шляхам пераймання? Уявіць сабе гэта нялёгка, але чым больш я разважаю, тым больш знаходжу аргументаў, якія робяць дадзеную гіпотэзу не такой ужо і фантастычнай. Думка пра тое, што нас калі-небудзь заступяць удасканаленыя робаты, была на Зямлі, наколькі я памятаю, досыць шырока распаўсюджаная. З ёю згаджаліся не толькі паэты і раманісты, але і прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства. І, можа, менавіта таму, што гэтая ідэя так пашырылася ў масах, яна раздражняла інтэлектуальную эліту. А можа, і таму, што ў ёй была доля горкае праўды. Толькі доля, бо машына заўсёды застанецца машынаю, а сама ўдасканалены робат — робатам. Але што сказаць пра істот, надзеленых, як малпы, хаця б зачаткамі розуму? Істот, што валодаюць, як малпы, высокаразвітым пераймальным інстынктам?..

Я заплюшчваю вочы. Гул матораў закалыхвае мяне. Але мне трэба прааналізаваць усё гэта, каб вызначыць сваю пазіцыю.

Што з'яўляецца распазнавальнай прыкметаю цывілізацыі? Нейкі асабісты дух? Наўрад ці. Хутчэй за ўсё — будзённае жыццё… Ну, добра, прызнаем неабходнасць духоўнасці. Напэўна, яна выявіцца ў мастацтве, у першую чаргу ў літаратуры. Ці ж сапраўды апошняя з'яўляецца сфераю, недаступнаю нашым буйным чалавекападобным малпам, калі, вядома, дапусціць, што яны навучыліся складваць словы? А з чаго складаецца наша літаратура? 3 шэдэўраў? Каб жа толькі з іх! Калі за адно-два стагоддзі і з'яўляецца арыгінальная кніга, астатнія пісьменнікі так ці інакш яе пераймаюць, інакш кажучы, перапісваюць, і такім чынам у свет выходзяць сотні тысяч новых кніг, з больш-менш рознымі назвамі, але аднаго зместу, данесенага з дапамогаю адносна змененых камбінацый фраз. Відаць, малпы, пераймальнікі па сваёй прыродзе, маглі б ствараць такую літаратуру пры той, вядома, умове, што навучыліся б гаварыць.

Значыцца, адзіным сур'ёзным контраргументам гэтай гіпотэзе з'яўляецца мова. Але будзем асцярожныя! Малпам няма ніякай патрэбы разумець, што менавіта яны перапісваюць, каб скласці на аснове адной кнігі сто тысяч новых тамоў. Гэта ім трэба не больш, чым нам. Як і нам, ім хопіць тут простага паўтору раней пачутых фраз. Увесь астатні літаратурны працэс чыста механічны. І тут думка асобных фізіёлагаў набывае велізарнае значэнне: яны сцвярджаюць, што ніякія анатамічныя асаблівасці не перашкаджаюць малпам загаварыць — было б жаданне! І можна ўявіць, што аднойчы такое жаданне ў іх узнікла, хаця б у выніку раптоўнай мутацыі.

Значыцца, удзел малпаў, здольных гаварыць, у прадаўжэнні літаратуры, падобнай на нашую, справа зусім мажлівая. Уявім сабе, што праз нейкі час некалькі малпаў-літаратараў істотна паразумнелі. Як кажа мой вучоны сябра Карнэлій, думка ўвасабляецца ў дзеянні, — у дадзеным выпадку ў механізме мовы, — і такім чынам, у новым, малпавым свеце маглі з'явіцца арыгінальныя ідэі, хаця б па адной у стагоддзе, як у нас на Зямлі.

Дзёрзка развіваючы гэтую гіпотэзу, я хутка прыйшоў да пераканання, што добра выдрэсіраваныя жывёліны маглі б падобным чынам стварыць карціны і скульптуры, якімі я любаваўся ў музеях Сароры, дый увогуле зрабіцца спецыялістамі ў любой сферы чалавечага мастацтва, у тым ліку і ў нашым кіно.

Разгледзеўшы спачатку вышэйшыя формы дзейнасці розуму, я без цяжкасці праверыў слушнасць сваёй тэорыі ў дачыненні да іншых сфер.

Нашая прамысловасць нядоўга супраціўлялася майму аналізу. Мне было абсалютна ясна, што, каб падтрымліваць яе жыццё на адным і тым самым дасягнутым узроўні, зусім неабавязкова выяўляць асабістую ініцыятыву. У яе аснове ляжыць праца рабочых, якія паўтараюць адны і тыя ж рухі, кіраўнікі ж складаюць адны і тыя ж справаздачы і прамаўляюць у аднолькавых абставінах аднолькавыя словы. І тых, і другіх малпы маглі б замяніць, не пашкодзіўшы справе — дастаткова выпрацаваць патрэбныя ўмоўныя рэфлексы.

Што ж да вышэйшых сфер адміністрацыі, дык там перайманне, як мне здаецца, займае яшчэ большае месца. Каб кіраваць нашай сістэмаю, гарылам трэба было хіба што засвоіць некалькі поз і прамоў, скапіраваўшы іх з аднаго ўзору.

Так я пачаў глядзець новымі вачыма на сама разнастайныя сферы чалавечай дзейнасці, уяўляючы ў іх замест людзей малпаў. Я з пэўным задавальненнем аддаваўся гульні фантазіі. Уявіў сабе ўсе шматлікія палітычныя сходкі, на якіх прысутнічаў як журналіст. Згадаў штампаваныя адказы тых, у каго давялося браць інтэрв'ю. Асабліва ярка запомніўся славуты ў свой час судовы працэс, апісаны мною за некалькі гадоў да адлёту.

Адвакат быў адзін з прызнаных зуброў юрыспрудэнцыі. Але чаму ж ён бачыўся мне цяпер ганарлівай гарылаю, зрэшты, як і не менш знакаміты пракурор? Чаму паслядоўнасць іх прамоў і жэстаў асацыіравалася ў мяне з умоўнымі рэфлексамі, якія выпрацаваліся ў выніку добрай дрэсіроўкі? Чаму старшыня суда зліваўся ў маім усведамленні з важным арангутанам, які механічна прамаўляў завучаныя на памяць фразы, рэфлекторна рэагуючы на тыя ці іншыя словы сведкаў або гоман публікі?..

Да самага канца нашага падарожжа я не мог пазбавіцца ад такіх супастаўленняў. Калі я падумаў пра нашую фінансавую і дзелавую алігархію, у памяці паўстала суцэльна малпавае відовішча, убачанае нядаўна на Сароры: біржа, куды зацягнуў мяне адзін сябар Карнэлія, — яна лічылася знакамітай выдатнасцю сталіцы…

Біржа размяшчалася ў велізарным будынку. Далёка ад яго чуўся густы і няясны гул, які, пакуль мы набліжаліся, ператвараўся спакваля ў аглушальную какафонію. Мы ўвайшлі і адразу ж апынуліся ў цэнтры нейкай неверагоднай калатнечы. Я схаваўся за калону. Я ўжо даўно прывык да асобных малпаў, але ў іх натоўпах усё яшчэ бянтэжыўся. А тут быў такі натоўп, што ў параўнанні з ім нават кангрэс малпаў-фізіёлагаў здаўся мне маленькай сходкаю.

Уявіце сабе каласальных памераў залу, бітком набітую малпамі, якія гарлапанілі, жэстыкулявалі, мітусіліся, кідаліся ў нейкай істэрыі ў розныя бакі, сутыкаліся і разбягаліся не толькі на падлозе, але і на самай столі, на такой вышыні, што ў мяне ажно кружылася галава. Бо паўсюды тут былі зладжаны лесвіцы, трапецыі, канаты, каб малпы маглі перамяшчацца, калі хацелі, у любым кірунку. Такім чынам малпы запаўнялі ўвесь аб'ём залы, якая была падобная на гіганцкую клетку для паказу чацверарукіх у нейкім фантасмагарычным цырку.

Малпы літаральна лёталі, заўсёды паспяваючы за што-небудзь зачапіцца ў той самы момант, калі падзенне здавалася непазбежным — і ўсё гэта пасярод пякельнага гвалту воклічаў, пытанняў, адказаў, крыкаў і, нарэшце, проста дзікіх енкаў і стогнаў, якія не мелі нічога агульнага з цывілізаванай моваю. Там былі, напрыклад, малпы, якія брахалі, так, брахалі без усялякай на тое прычыны, пералётваючы на канцы каната з аднаго кута залы ў другі.

— Вы калі-небудзь бачылі штосьці падобнае? — з гонарам спытаўся ў мяне сябар Карнэлія.

Я ахвотна прызнаўся, што не. Але мне прыйшлося доўга ўспамінаць усё добрае, што я дагэтуль зведаў пра малпаў, каб па-ранейшаму ставіцца да іх, як да разумных істот. Любое стварэнне, здольнае мысліць, трапіўшы ў гэты цырк, непазбежна прыйшло б да высновы, што прысутнічае на шабашы вар'ятаў або шалёных звяроў. У гэтым роі нельга было вылучыць хоць адну непадобную на астатніх малпу, ні ў кім не было і найменшай іскрынкі думкі. Усе былі аднолькава адзетыя, і на ўсіх мордах застыла адна і тая ж вар'яцкая маска.

Згадваючы гэта, я з горыччу адчуваў, як па ўжо выпрацаванай адваротнай сувязі, дзякуючы якой удзельнікі зямных падзей набывалі ў маім усведамленні знешнасць гарыл ці арангутанаў, цяпер гэты звар'яцелы натоўп малпаў паўставаў перада мною ў чалавечым абліччы. Гэта людзі рыкалі, гаўкалі і хапаліся за канцы вяровак, каб, разгойдаўшыся, найхутчэй дасягнуць другога канца залы. Усё новыя і новыя падрабязнасці гэтае сцэны мільгацелі ў маёй разгарачанай памяці. Згадваю, як пасля доўгіх назіранняў мне ўдалося выявіць некаторыя дэталі, якія падказвалі, што ўся гэтая дзікая мітусня мае ўсё ж дачыненне да разумнай дзейнасці. Сярод звярынага рыку праслізгвала іншы раз зразумелае слова. Самец-гарыла на высачэзным памосце раз-пораз, не перапыняючы істэрычнай жэстыкуляцыі, хапаў нагою кавалак крэйды і пісаў на дошцы лічбу, якая мела, напэўна, нейкае значэнне. Ён таксама згадваўся мне цяпер у чалавечым абліччы.

Мне ўдалося пазбавіцца ад гэтага навязлівага ўспаміну, адно вярнуўшыся да сваёй тэорыі паходжання малпавай цывілізацыі. Відавочнае падабенства фінансістаў Зямлі і Сароры толькі пацвярджала мае меркаванні.

Самалёт пайшоў на пасадку. Я зноў быў у сталіцы. Зіра прыйшла ў аэрапорт сустрэць мяне. Яшчэ здалёк я заўважыў яе студэнцкі, ссунуты на вуха каўпачок і шчыра ўзрадаваўся. І калі пасля ўсякіх таможных фармальнасцей яна апынулася перада мною, я ледзьве стрымаўся, каб не абняць яе.


Раздзел V


Амаль цэлы месяц пасля вяртання я праваляўся ў ложку, заразіўшыся, напэўна, нечым на раскопках. Хвароба мая выяўлялася ў раптоўных скачках тэмпературы і была падобная на малярыю. Я не адчуваў фізічнага болю, але розум мой быў нібыта ў агні: я бясконца перабіраў у памяці ўсе факты, якія прывялі мяне да разгадкі страшнае тайны. Не заставалася ніякіх сумненняў, што задоўга да малпінай эры на Сароры існавала чалавечая цывілізацыя, і гэтая думка ап'яняла мяне і палохала.

Аднак, колькі я ні разважаў, так і не паставіўся адназначна да гэтага адкрыцця, адчуваючы і гонар, і найглыбейшае прыніжэнне. Гонар — бо малпы ўсё-такі нічога не вынайшлі і апынуліся ўрэшце звычайнымі імітатарамі. Прыніжэнне — бо яны здолелі гэтак лёгка засвоіць чалавечую культуру.

Як жа гэта магло здарыцца? У трызненні я няспынна задаваў сабе гэтае пытанне. Натуральна, усе цывілізацыі, і нашая таксама, ведаем мы даўно, рана ці позна адміраюць, і ўсё ж такое бясследнае знікненне чалавечай цывілізацыі на Сароры прыгнятае розум. Што было прычынаю гэтага знікнення? Раптоўная гібель? Катаклізм? Або павольная дэградацыя людзей і паступовае развіццё малпаў? Я схіляюся да апошняй гіпотэзы і знаходжу надзвычай характэрныя прыкметы такой эвалюцыі ў сучасным жыцці і занятках малпаў.

Узяць хоць бы тое велізарнае значэнне, якое яны надаюць фізіялагічным даследаванням. Дык вось, цяпер я пачынаю разумець, чаму яны гэта робяць! У глыбокай старажытнасці многія малпы служылі чалавеку аб'ектамі доследаў у розных лабараторыях, як і ў нас. І менавіта гэтыя малпы ўзялі ў свае рукі паходню і павялі наперад астатніх, менавіта яны сталі застрэльшчыкамі рэвалюцыі. І яны, натуральна, пачалі з пераймання сваіх гаспадароў, іх жэстаў і ўчынкаў. А былі іхнімі гаспадарамі біёлагі, фізіёлагі, медыкі, санітары, вартаўнікі. Адсюль і такая незвычайная схільнасць да фізіялагічных даследаванняў, якая захавалася да сённяшніх дзён.

А які ж тады быў лёс у людзей?

Хопіць думаць пра малпаў! Вось ужо два месяцы, як я не бачыў маіх былых таварышаў па зняволенні, маіх чалавечых братоў. Сёння я адчуваю сябе лепш. Мяне больш не калоціць ад ліхаманкі. Учора я ўжо сказаў Зіры — яна даглядала мяне ў час хваробы, як родная сястра, — сказаў ёй, што хацеў бы распачаць сваю працу ў аддзяленні. Мне здалося, гэта не надта яе ўзрадавала, але пярэчыць яна не стала.

Час наведаць маіх падапечных.


І вось я зноў у зале з клеткамі. Дзіўнае хваляванне агортвае мяне яшчэ ля дзвярэй. Я бачу цяпер гэтых людзей зусім іншымі вачыма. Перш чым увайсці да іх, я з тугою пытаюся ў сябе: а ці ж пазнаюць яны мяне праз два месяцы? І яны пазналі! Усе позіркі звярнуліся да мяне, як і раней і нават… з нейкай пачцівасцю, ці што? Мне здаецца, яны глядзяць на мяне па-новаму, зусім не так, як на сваіх вартаўнікоў. Не, напэўна, гэта мне хочацца, каб яны глядзелі так на мяне. І ўсё ж такі я ўжо бачу ў іх вачах іскрынкі цікаўнасці, незвычайнае хваляванне, цені старажытных успамінаў, якія імкнуцца пераадолець жывёльную тупасць, бачу, можа, нават… цьмяны бляск надзеі.

Думаю, апошнім часам я сам абуджаю ў іх міжволі надзею. Гэта прыводзіць мяне ў стан усхваляванай захопленасці. Няўжо мне, менавіта мне, Улісу Меру, закінутаму лёсам на гэтую планету, наканавана стаць тут пачынальнікам адраджэння чалавечага роду?

Вось нарэшце я і зразумеў, што за цьмяная думка мучыла мяне апошні месяц. Пан бог не гуляе ў косці, як казаў колісь адзін фізік. У жыцці не бывае нічога выпадковага. Маё падарожжа на Бетэльгейзе было наканавана мне вышэйшым розумам. І цяпер я павінен спраўдзіць аказаны мне давер і стаць новым Збавіцелем гэтага заняпалага чалавецтва.

Як і раней, я павольна абыходжу ўсю залу. Утрымліваюся, каб не кінуцца бегчы да клеткі, дзе сядзіць Нова. Хіба ж мае права пасланнік лёсу вызначаць абраннікаў? Я звяртаюся да кожнага падапечнага… Няхай не сёння, але яны загавораць, гэтая вера суцяшае мяне. Усё жыццё я аддам гэтай вялікай місіі.

З наўмыснай абыякавасцю крок за крокам набліжаюся да маёй былой клеткі, скоса пазіраючы на яе. Але я не бачу працягнутых мне з-за кратаў рук Новы, не чую яе радасных крыкаў, якімі яна пачала вітаць мяне апошнім часам. Мною авалодвае цяжкае прадчуванне. Я больш ужо не магу стрымліваць сябе, кідаюся наперад…

Клетка пустая…

Уладным тонам, ад якога ўздрыгваюць усе палонныя, я клічу вартаўнікоў. Прыбягае Занам. Яму не надта даспадобы быць маім падначаленым, але Зіра строга загадала выконваць усе мае ўказанні.

— Дзе Нова? — пытаюся я.

Ён змрочна адказвае, што не ведае. Аднойчы яе павялі адсюль, нічога яму не растлумачыўшы. Я настойваю — марна. На шчасце, нарэшце ўваходзіць Зіра. Яна робіць чарговы абход. Заўважыўшы мяне перад пустой клеткаю, яна адразу ж здагадваецца, што так расхвалявала мяне. Але нешта замінае ёй пачаць гаворку з Новы, і яна паведамляе мне:

— Толькі што вярнуўся Карнэлій. Ён хацеў бы бачыць цябе.

У гэты момант мне напляваць на Карнэлія, на ўсіх шымпанзэ, гарыл і іншых пачвар, якія толькі могуць быць на зямлі і ў небе. Я паказваю пальцам на клетку і пытаюся:

— Дзе Нова?

— Яна нездаровая, — адказвае Зіра. — Яе перавялі ў спецыяльнае аддзяленне.

Яна робіць мне знак і вядзе за сабою, далей ад вартаўніка.

— Дырэкцыя ўзяла з мяне слова, што я захаваю гэта ў тайне, — кажа Зіра. — Але я думаю, што ты павінен гэта ведаць.

— Яна хворая?

— Нічога страшнага. Але сама па сабе гэтая падзея досыць значная, каб занепакоіць нашыя ўлады. Нова загрубела.

— Яна… што?

— Я ж сказала: зацяжарала.

Зіра з цікавасцю назірае за мною.


Раздзел VI


Ад такой навіны я ажно здранцвеў. Я яшчэ быў няздольны ўсвядоміць, да чаго можа прывесці гэтая падзея. Спачатку мяне захліснула хваля розных не дужа рацыянальных пачуццяў, а больш за ўсё ўстрывожыла пытанне: чаму мне дагэтуль нічога не паведамілі? Але Зіра і слова не дала мне сказаць.

— Я сама заўважыла гэта ўсяго два месяцы назад, калі вярнулася з падарожжа. Гарылы нічога не зразумелі. Я патэлефанавала Карнэлію, а ён у сваю чаргу меў доўгую размову з дырэктарам. Яны сышліся на тым, што лепей захаваць усё ў тайне. У курсе справы толькі я ды яны двое. Нову памясцілі ў ізаляваную клетку, і я сама яе даглядаю.

Я ўспрыняў скрытнасць Карнэлія як здраду і адчуў, што Зіры таксама няёмка. Мне здалося, што за маёй спінаю пачынаюць рабіць нешта нядобрае.

— Не хвалюйся, — паспрабавала супакоіць мяне Зіра, — яе добра даглядаюць, яна ўсё мае — я за гэтым сачу. Яшчэ ніхто ніколі так не аберагаў цяжарную самку чалавека.

Пад яе насмешлівым позіркам я апусціў вочы, усё роўна як вінаваты шкаляр. Зіра старалася захаваць іранічны тон, але я адчуваў, што яна ўсхваляваная. Вядома, я ведаў, што мая фізічная блізкасць з Новаю стала непрыемная Зіры з таго самага моманту, калі яна зразумела, што я разумная істота, але цяпер убачыў у яе позірку не грэблівасць, а нешта іншае. Ну вядома, яна была занепакоеная! Таямнічасць, з якою гаварыла цяпер Зіра пра Нову, наўрад ці была добраю прыкметаю. Я здагадваўся, што Зіра не сказала мне ўсёй праўды: напэўна, Вялікі Савет таксама быў у курсе справы, і з гэтай нагоды ўжо не раз склікаліся нарады на сама высокім узроўні.

— Калі Нова павінна раджаць? — спытаўся я.

— Праз тры-чатыры месяцы.

І тут я раптам уцяміў нарэшце ўсю трагікамічнасць майго становішча: я стану бацькам у сістэме Бетэльгейзе! У мяне будзе дзіця на планеце Сарора, народжанае жанчынаю, да якой я адчуваю неадольнае фізічнае імкненне, іншы раз жаль, але ў жанчыны гэтай — мазгі жывёліны. Напэўна, ніводная разумная істота ва ўсім сусвеце яшчэ не зведвала такога! Мне хацелася адначасова і плакаць і смяяцца.

— Зіра, я хачу яе бачыць!

Яна адказала мне прыкрай грымаскаю.

— Я ведала, што ты гэтага захочаш. Я ўжо гаварыла з Карнэліем, і, думаю, ён не будзе пярэчыць. Ён чакае цябе ў сваім кабінеце.

— Карнэлій — здраднік!

— Ты не маеш права гаварыць так. Ён разрываецца паміж любоўю да навукі і сваім малпавым абавязкам. Натуральна, што цяжарнасць Новы вельмі яго палохае…

Пакуль я ішоў услед за Зіраю па калідорах інстытута, трывога мая ўсё ўзрастала. Я здагадваўся, пра што думалі вучоныя-малпы: яны баяліся, што можа ўзнікнуць новая раса, якая… Чорт!.. І тут да мяне дайшло, якім чынам я змагу здзейсніць ускладзеную на мяне лёсам місію!

Карнэлій сустрэў мяне досыць цёпла, але ў нашых адносінах ужо з'явілася напружанасць. Раз-пораз ён употайкі пазіраў на мяне ці не з жахам. Я стрымаў сябе, каб не прыступіць адразу да тэмы, якая хвалявала мяне больш за ўсё. Спачатку спытаўся, як ён даляцеў і як скончыліся раскопкі.

— Вынікі фенаменальныя! — загарэліся ў яго вочы. — У мяне ў руках неабвержныя доказы!

Карнэлій не мог не пахваліцца сваім поспехам. Зіра сказала праўду: Карнэлій і праўда разрываўся паміж любоўю да навукі і малпавым абавязкам. Але цяпер са мною гаварыў вучоны, апантаны даследнік, які вышэй за ўсё цаніў перамогу сваёй гіпотэзы.

— Мы знайшлі шкілеты, — расказваў ён. — Не адзін шкілет, а мноства, і размешчаны яны такім чынам, што гэта, несумненна, могілкі. Ёсць чым пераканаць сама тупагаловых. Але нашы арангутаны, вядома, бачаць у гэтым толькі дзіўнае спалучэнне акалічнасцей.

— І што гэта за шкілеты?

— Шкілеты не малпаў.

— Зразумела.

Мы паглядзелі адзін аднаму ў вочы. Энтузіязм Карнэлія адразу апаў, і ён гаварыў ужо больш павольна:

— Не буду ўтойваць: вы ўгадалі — гэта чалавечыя шкілеты…

Зіра, пэўна, ужо была ў курсе справы, бо не здзівілася ані кроплі. Мы зноў сустрэліся з Карнэліем позіркамі. Я чакаў. Нарэшце ён рашыўся.

— Цяпер я ўпэўнены, — сказаў Карнэлій, — што некалі на нашай планеце існавала чалавечая раса, надзеленая здольнасцю мысліць, раса людзей, падобных вам і іншым людзям Зямлі. Пасля яна дэградавала, і нашыя людзі ператварыліся ў жывёлін… Да таго ж, вярнуўшыся, я знайшоў тут новыя доказы сваёй гіпотэзы.

— Новыя?

— Але. Іх адкрыў загадчык энцэфалічнага аддзялення, малады шымпанзэ з вялікай будучыняй. Гэта нават геній… Не варта думаць, — з горкай іроніяй усміхнуўся Карнэлій, — што малпы заўсёды былі толькі пераймальнікамі. У некаторых навуках мы зрабілі багата адмысловых адкрыццяў і асабліва вялікіх поспехаў дасягнулі ў вывучэнні мазгавой дзейнасці. Калі змагу, пазнаёмлю вас неяк з вынікамі. Упэўнены, вы будзеце здзіўлены.

У мяне стварылася такое ўражанне, што ён сам стараўся запэўніць сябе ў геніяльнасці малпаў, а таму гаварыў з залішняй гарачнасцю. Але ж я ніколі і не спрабаваў спрачацца з ім на гэтую тэму. Карнэлій сам паскардзіўся якія-небудзь два месяцы назад на адсутнасць у малпаў стваральных здольнасцей. А цяпер з гонарам дакляраваў:

— Паверце, настане дзень, калі мы пераўзыдзем людзей ва ўсіх сферах. Мы невыпадкова сталі нашчадкамі чалавечай культуры, як вы можаце гэта ўяўляць сабе. Гэта здарылася ў выніку нармальнага ходу эвалюцыі. Эра разумнага чалавека прайшла, і на змену яму з'явілася больш дасканалая істота, якой было наканавана захоўваць асноўныя дасягненні людзей доўгі перыяд адноснага застою, каб пасля ўзляцець да новых вяршынь.

Такі падыход да гэтай праблемы быў мне новы. Я мог бы адказаць Карнэлію, што многія мысліцелі Зямлі прадчувалі і прадказвалі з'яўленне вышэйшай істоты, якая калі-небудзь заступіць людзей, але ніводзін вучоны, філосаф ці паэт не ўяўляў сабе гэтую звышразвітую істоту ў малпіным абліччы. Але мне не надта хацелася спрачацца пра такія драбніцы. Галоўнае было ў тым, што думка знайшла сабе іншае ўвасабленне ў жывым стварэнні, ці ж не праўда? Цяпер мяне займала іншае, таму я перавёў гамонку на Нову і стан яе здароўя. Карнэлій не сказаў мне нічога новага, але паспрабаваў усцешыць:

— Не хвалюйцеся! Спадзяюся, усё абыдзецца. Напэўна, гэта будзе звычайнае дзіця, такое ж, як і ўсе чалавечыя дзеці Сароры.

— А я спадзяюся, што не. Я ўпэўнены: дзіцёнак загаворыць!

Мне было цяжка схаваць сваё абурэнне. Зіра нахмурылася, каб прымусіць мяне змоўкнуць.

— На вашым месцы я не зычыў бы яму гэтага, — змрочна заўважыў Карнэлій. — Гэта не ў яго і не ў вашых інтарэсах.

І ўжо амаль па-сяброўску дадаў:

— Калі ён загаворыць, не ведаю, ці змагу я бараніць вас далей, як рабіў дагэтуль. Вы, напэўна, не ўсведамляеце, як устрывожыўся Вялікі Савет. Я атрымаў найстражэйшы загад захаваць гэтае нараджэнне ў тайне. Калі ўлады даведаюцца, што вы ў курсе справы, я буду тут жа звольнены, і Зіра таксама, а вы застанецеся адзін на адзін з…

— З ворагамі?

Карнэлій адвёў вочы. Значыцца, я зразумеў правільна: мяне разглядалі як пагрозу малпавай расе. І ўсё ж было радасна, што ў асобе Карнэлія ў мяне ёсць калі не сябар, дык саюзнік. Відаць, Зіра бараніла мяне нашмат больш горача, чым я думаў, а Карнэлій не пасмее пайсці супраць яе ні ў чым. Вось і цяпер ён дазволіў мне наведаць Нову, вядома, употайкі.

Зіра правяла мяне ў маленькую ізаляваную хацінку, ключы ад якой былі толькі ў яе. Мы ўвайшлі ў невялічкі пакой. У ім стаялі тры клеткі, дзве былі пустыя. Трэцюю клетку займала Нова. Яна пачула, як мы ўваходзілі, і інстынктыўна ўгадала, што і я тут, бо, яшчэ не ўбачыўшы нас, ускочыла і працягнула мне насустрач рукі. Я таксама працягнуў да яе рукі, пацёрся тварам аб яе твар. Зіра пагардліва паціснула плячыма, аднак дала мне ключ ад клеткі, а сама адправілася ў калідор пільнаваць, каб сюды не прыйшоў хто іншы. Якое добрае сэрца ў гэтай шымпанзэ! Нам так трэба было цяпер выказацца адно перад адным!

Выказацца… Я забыўся пра тое, што ўяўляла сабою Нова.

Але ўсё-такі, увайшоўшы ў клетку і абняўшы Нову, я загаварыў з ёю, нібыта яна магла мяне зразумець, як загаварыў бы, напрыклад, з Зіраю.

Няўжо яна нічога не разумела? Няўжо ў яе не было нават прадчування тае вялікае місіі, якая выпала на нашу долю і за якую яна адгэтуль таксама была адказная?

Я расцягнуўся побач з Новаю на саломе, каб асцярожна намацаць дзіця нашага незвычайнага кахання. Мне здалося, што цяжарнасць абудзіла ў Нове пачуцце ўласнае годнасці, сваёй індывідуальнасці, якога ў яе раней не было. Калі я дакрануўся рукою да яе жывата, яна задрыжала. Але, я не памыліўся, погляд яе стаў больш напружаны, асэнсаваны. І раптам яна з цяжкасцю, па складах вымавіла маё імя — значыцца, не забылася на мае ўрокі! Мяне захліснула гарачая хваля радасці. Але вочы Новы адразу ж страцілі сваю жывасць, яна павярнулася да мяне спінаю і пачала ўплятаць прынесеную мною садавіну.

Вярнулася Зіра: нам трэба было ўжо развітвацца. Я выйшаў разам з ёю. Відаць, адчуўшы мой адчай, Зіра вырашыла правесці мяне да маёй кватэры. І тут, у сябе дома, я заплакаў, бы хлопчык.

— О Зіра, Зіра! — усхліпваў я.

Яна супакойвала мяне і суцяшала, нібыта маці свайго дзіцёнка, а я жаліўся ёй і гаварыў, гаварыў, нічога не тоячы, адкрываючы ўсе свае пачуцці і думкі, якіх Нова не магла ацаніць.


Раздзел VII


О цудоўная шымпанзэ! Дзякуючы ёй я апошнім часам мог досыць часта бачыцца з Новаю ўпотайкі ад інстытуцкага кіраўніцтва. Я праседжваў побач з ёю цэлымі гадзінамі, прагна лавіў у яе позірку кожную іскрынку думкі, і гэтак, у чаканні нараджэння дзіцяці праходзілі тыдні.

Аднаго разу Карнэлій усё ж рашыўся паказаць мне энцэфалічнае аддзяленне, пра якое расказваў дзівосы. Загадзя папрасіўшы прабачэння, што не зможа суправаджаць мяне з-за тэрміновай працы, ён пазнаёміў мяне з загадчыкам аддзялення, тым самым геніяльным маладым шымпанзэ па імені Гелій.

— Я вярнуся праз гадзіну, — сказаў Карнэлій, — каб паказаць вам сама выдатны з нашых эксперыментаў, той, які дае нам новыя доказы, пра якія я вам казаў. А пакуль што, думаю, вам будзе цікава пазнаёміцца з класічнымі вопытамі.

Гелій павёў мяне за сабою ў вялікую залу з двума радамі клетак, падобную на ўсе аналагічныя памяшканні інстытута. Але толькі я ўвайшоў, як мне адразу ж ударыў у нос рэзкі аптэчны пах — ён нагадаў мне пах хлараформу. Як выявілася, гэта і праўда быў нейкі анестэзійны сродак. Мой гід растлумачыў мне, што цяпер усе хірургічныя аперацыі праводзяцца пад наркозам. Ён падкрэсліваў гэтую дэталь, бо лічыў яе доказам высокага развіцця малпавай цывілізацыі, якая імкнецца пазбавіць ад любых залішніх пакут нават падвопытных людзей. Маўляў, я магу быць спакойны!

Але адчуваў я сябе не надта спакойна. І зусім ужо расхваляваўся, калі на заканчэнне сваіх уводзін Гелій прызнаў, што з гэтага гуманнага правіла ўсё ж робяць выключэнні, каб вывучыць менавіта механізм пакуты і лакалізаваць яе нервовыя цэнтры. Але дэманстраваць мне такія вопыты ў той дзень ён не збіраўся.

Падобнае прызнанне не магло не абвострыць яшчэ больш маю чуллівасць. Я згадаў, як настойліва адгаворвала мяне Зіра ад наведвання гэтага аддзялення, куды яна сама заходзіла толькі ў выпадку неабходнасці. І хацеў ужо быў павярнуць назад пад якімсьці праўдзівым прэтэкстам, але Гелій апярэдзіў мяне.

— Калі хочаце, — прапанаваў ён, — можаце прысутнічаць пры аперацыі. Вы самі пераканаецеся, што падвопытны не адчувае болю. Не хочаце? У такім разе я пакажу вам вынікі эксперыментаў.

І, прайшоўшы зачынены пакой, адкуль даносіўся пах лекаў, ён павёў мяне да клетак. У першай я ўбачыў досыць прыгожага, але неверагодна худога юнака. Ён ляжаў на сваёй падсцілцы. Перад ім, каля самага носа, стаяла міска з салодкай кашай, ласункам сарорскіх людзей. Юнак абыякава, нерухома глядзеў на ежу.

— Глядзіце, — сказаў Гелій, — гэты чалавек галодны: ён не еў ужо суткі. І ўсё ж такі ніяк не рэагуе на сваю любімую ежу. Гэта вынік выдалення часткі лобнай мазгавой долі. Аперацыя зроблена некалькі месяцаў назад, і з таго часу ён у гэтым стане. Прыходзіцца прымушаць яго есці. Бачыце, які ён змарнелы?

Гелій зрабіў знак санітару, які ўвайшоў у клетку і сунуў юнака носам у міску. Падвопытны пачаў хлябтаць кашу.

— Але гэта звычайны выпадак, — гаварыў далей Гелій. — Вось цікавейшыя. У кожнага з падвопытных былі пашкоджаны розныя ўчасткі кары галаўнога мозгу.

Мы праходзілі міма клетак, дзе сядзелі мужчыны і жанчыны рознага ўзросту. Шыльдачкі на дзвярах кожнай клеткі з масай тэхнічных дэталяў паведамлялі, якую аперацыю перанёс чалавек.

— Некаторыя ўчасткі кары забяспечваюць наяўнасць безумоўных рэфлексаў, іншыя — умоўных. Вось, напрыклад, гэты выпадак…

У гэтага «выпадку» аднялі цэлы ўчастак мозгу з патылічнай вобласці. Цяпер ён не ўспрымаў ні формы прадметаў, ні аддегласці паміж імі, што і прадэманстраваў серыяй беспарадкавых рухаў, калі санітар наблізіўся да яго. Ён не мог пераступіць цераз палку на падлозе. А працягнуты няшчаснаму невялікі яблык палохаў яго так, што ў жаху ён спрабаваў уцячы. Чалавек не мог нават учапіцца за краты і хапаўся пальцамі за пустэчу.

— А вось гэты быў раней цудоўным экземплярам, — падмігнуў мне шымпанзэ. — Нам удалося навучыць яго дзівосным трукам. Ён ведаў сваё імя і выконваў некаторыя простыя загады. Спраўляўся ў вопытах з досыць складанымі загадамі і нават умеў карыстацца прымітыўнымі інструментамі. А сёння ён не памятае нічога. Не ведае свайго імя. Нічога не ўмее рабіць. Ён стаў сама тупы з усіх нашых паддоследных. Над ім была праведзена найтанчэйшая аперацыя: выдаленне скроневых доляў.

Ад усіх гэтых жахаў, якія каменціраваў, грымаснічаючы, шымпанзэ, сціскалася сэрца. Перада мною былі людзі, паралізаваныя часткова ці цалкам, пазбаўленыя зроку. Я ўбачыў маладую жанчыну, якая мела, паводле слоў Гелія, вельмі развіты мацярынскі інстынкт — цяпер ён цалкам знік, бо ёй зрабілі аперацыю на аснове паўшар'яў. Яна груба адштурхоўвала сваё дзіця кожны раз, калі тое спрабавала падлезці да яе. Гэта для мяне было ўжо занадта! Я падумаў пра Нову, пра тое, што і яна хутка стане маці, і кулакі мае сціснуліся. На шчасце, Гелій павёў мяне ў іншую залу, і па дарозе я паспеў авалодаць сабою.

— У гэтай зале, — сказаў мне з таямнічым выглядам шымпанзэ, — мы займаемся эксперыментамі шмат больш складанымі. Тут скальпель саступае месца танчэйшаму інструменту. Мы раздражняем розныя ўчасткі галаўнога мозгу электрычным токам. Нам удалося дасягнуць адмысловых вынікаў. А ў вас на Зямлі ставяць такія вопыты?

— На малпах! — закрычаў я раз'юшана.

Шымпанзэ не пакрыўдзіўся, нават усміхнуўся.

— Ну, вядома. Аднак я не думаю, каб вы дасягнулі такіх самых поспехаў, як і мы. Я маю на ўвазе эксперымент, які доктар Карнэлій хоча паказаць вам сам. А пакуль што прадоўжым знаёмства са звычайнымі вопытамі.

Ён пацягнуў мяне далей міма клетак, у якіх аперыравалі людзей. Тут падвопытныя ляжалі на сталах. Трэпанацыя чэрапа агаляла тыя ці іншыя ўчасткі мозгу. Пакуль адна малпа сачыла за падачаю наркозу, другая прыкладвала да пульсуючага мозгу электроды.

— Бачыце, — заўважыў Гелій, — тут мы таксама праводзім абязбольванне. Праўда, анестэзія даецца неглыбокая, каб не скажаць вынікаў, але аб'ект не адчувае ніякага болю.

У залежнасці ад таго, да якога ўчастка кары дакраналіся электроды, падвопытныя рабілі розныя рухі, і амаль заўсёды на раздражненне рэагавала якая-небудзь адна частка цела. Першы мужчына пры кожным разрадзе электрычнага току згінаў левую нагу і адразу ж яе разгінаў, калі ток перапыняўся. Другі гэтаксама ж згінаў і разгінаў руку ў локці. Трэці пад уздзеяннем току круціў усёй рукою ў плечавым суставе. Трохі далей малпы вывучалі функцыі нервовага цэнтра, які кіруе мускуламі сківіц. Калі ўключалі ток, падвопытны, зусім яшчэ малады хлопец, пачынаў жаваць — няспынна, са скрыгатам на зубах, тым часам цела яго заставалася абсалютна нерухомае.

— Паназірайце, што адбываецца, калі павялічваць працягласць уздзеяння токам, — сказаў Гелій. — Вось эксперымент, даведзены да лагічнага канца.

Аб'ектам эксперыменту была прыгожая дзяўчына, якая нагадвала асобнымі рысамі Нову. Вакол яе голага цела завіхаліся некалькі малпаў, самцоў і самак, у белых халатах. Самка-шымпанзэ з задуменнай мордаю прыладзіла электрод і ўключыла ток. У дзяўчыны адразу ж заварушыліся пальцы левай рукі. Але шымпанзэ не выключыла неўзабаве ток, як у іншых эксперыментах, — вопыт працягваўся. І вось рухі пальцаў паскорыліся, сталі ліхаманкавыя, пасля ўздрыгнула і задрыжала ўся кісць. Яшчэ праз момант рух дайшоў да пляча і пачаў разлівацца ўверх, захопліваючы мускулы твару, і ўніз, па сцягне, ляжцы, галёнцы, пятцы, пальцах ног. Праз дзесяць хвілін увесь левы бок няшчаснай дзяўчыны калаціўся ад канвульсіўных, усё больш частых і моцных спазмаў — і як жудасна было гэта бачыць!

— Гэта эфект ланцуговай рэакцыі, — спакойна сказаў Гелій. — Ён добра вывучаны і звычайна заканчваецца канвульсіямі, якія бываюць пры эпілептычных прыпадках. Але гэта дзіўная эпілепсія, якая захоплівае толькі палову цела…

— Досыць! — закрычаў я раз'юшана.

Усе малпы падскочылі ад нечаканасці і з неадабрэннем утаропіліся на мяне. І тут увайшоў Карнэлій.

— Разумею, — па-сяброўску паляпаў ён мяне па плячы. — За гэтымі эксперыментамі, пакуль не прывыкнеш, цяжка назіраць. Але падумайце пра тое, што менавіта дзякуючы ім наша медыцына, хірургія зрабілі фенаменальны прагрэс за нейкую чвэрць стагоддзя!

Мяне гэты довад ніяк не пераканаў, як і ўспамін пра падобныя вопыты на шымпанзэ, убачаныя мною ў адной з нашых зямных лабараторый. Карнэлій паціснуў плячыма і павёў мяне ў вузкі калідор, які злучыў залу, дзе мы цяпер знаходзіліся, з меншым памяшканнем.

— Тут вы ўбачыце нешта дзівоснае і зусім новае, — сказаў ён урачыста. — Сюды маюць доступ толькі тры асобы: Гелій, які асабіста займаецца вопытамі і ўжо дасягнуў выдатных поспехаў, я і адзін санітар-гарыла, выбраны намі з найвялікшай асцярожнасцю. Ён нямы. Мне ён адданы і душою і целам, да таго ж ён яшчэ і дурань з дурняў. Так што вы разумееце, якое значэнне я надаю сакрэтнасці гэтай працы. Але вас я з ёю пазнаёмлю, бо вы, я ўпэўнены, будзеце маўчаць. Гэта ў вашых інтарэсах.


Раздзел VIII


Увайшоўшы ў залу, я не прыкмеціў спачатку нічога такога, што магло б вытлумачыць дакляраваную таемнасць. Апаратура была падобная на тую, што я ўжо бачыў у папярэдніх памяшканнях: тыя ж генератары, трансфарматары, электроды. Тут былі толькі два паддоследныя: мужчына і жанчына, якія ляжалі на двух пастаўленых паралельна канапах, прывязаныя рамянямі. Толькі мы з'явіліся, яны адразу ж утаропіліся пільнымі позіркамі.

Санітар-гарыла сустрэў нас невыразным бурчаннем. Гелій абмяняўся з ім некалькімі фразамі на мове глуханямых. Гэта было рэдкаснае відовішча: гарыла і шымпанзэ размаўлялі між сабою з дапамогаю мігаў! Не ведаю чаму, але мне гэта здалося настолькі недарэчным, што я ледзь не зарагатаў.

— Усё ў парадку, — сказаў Гелій. — Яны спакойныя. Можна адразу пачынаць дослед.

Вы не можаце ўвесці мяне спачатку ў курс справы? — папрасіў я ўмольна, баючыся, што ўбачу зараз новыя жудасныя эксперыменты.

— Я хацеў бы здзівіць вас, — усміхнуўшыся, адказаў Карнэлій.

Санітар увёў падвопытным наркоз і, калі яны спакойна заснулі, пачаў уключаць розную апаратуру. Гелій наблізіўся да мужчыны, асцярожна разматаў павязку ў яго на галаве і, выбраўшы на чэрапе патрэбную кропку, падвёў да яе электрод. Мужчына па-ранейшаму ляжаў абсалютна нерухомы. Я дапытліва зірнуў на Карнэлія, і тут здарыўся цуд.

Мужчына загаварыў.

Ягоны голас прагучаў у маленькай аперацыйнай зале гэтак раптоўна, што я ажно падскочыў. Карнэлій і Гелій зрабілі мне знак маўчаць і слухаць. Не, гэта не была галюцынацыя: ён гаварыў гучна, заглушаючы брунжанне генератара. І гаварыў на малпавай мове. Гаварыў зусім паўнацэнна, як зямны чалавек або сарорская малпа.

На тварах у абодвух вучоных успыхнула радасць. Яны самазадаволена глядзелі на мяне, адчуваючы асалоду ад маёй збянтэжанасці.

Тое, што казаў мужчына, не мела ніякага сэнсу. Напэўна, ён вельмі доўгазнаходзіўся ў інстытуце, таму што цяпер бясконца паўтараў абрыўкі фраз, якія звычайна прамаўляюць вучоныя або санітары. Неўзабаве Карнэлій загадаў спыніць эксперымент.

— Ад гэтага мы нічога больш не даможамся, — сказаў ён. — Але вы чулі галоўнае: ён гаворыць!

— Неверагодна! — прамармытаў я.

— Ну, гэта яшчэ што! — заўважыў Гелій. — Ён гаворыць, як аўтамат ці папугай. А вось ад гэтай самкі мы дамагліся нашмат большага.

Ён паказаў на жанчыну. Тая ціха спала.

— Большага?

— У тысячу разоў большага, — пацвердзіў Карнэлій, такі ж усхваляваны, як і яго калега. — Слухайце мяне ўважліва. Гэтая жанчына таксама гаворыць, і вы яе пачуеце. Але яна не паўтарае фраз, пачутых у палоне. Яе словы маюць выключнае значэнне. З дапамогаю камбінацыі электрахімічных уздзеянняў на мозг гэтай падвопытнай — я не буду распісваць вам яе, — нашаму маладому генію ўдалося абудзіць не толькі індывідуальную, але і родавую памяць. У ёй пад уздзеяннем току ажываюць успаміны вельмі далёкіх продкаў, ажывае атавістычная памяць пра падзеі тысячагадовай даўнасці. Вы разумеце, Уліс?

Слухаючы гэтыя тлумачэнні, я думаў, што шымпанзэ з'ехаў з глузду, настолькі неверагодным здалося мне тое, што ён сказаў. Дарэчы, сярод малпаў таксама назіраюцца выпадкі вар'яцтва, асабліва сярод інтэлігенцыі. Але пакуль я раздумваў, Гелій падключыў электроды да мозгу жанчыны. Нейкі час яна, як і мужчына, ляжала, не падаючы прыкмет жыцця, потым глыбока ўздыхнула і загаварыла. Яна таксама гаварыла на малпавай мове. Але яе глухаваты голас пастаянна мяняў танальнасць, нібыта належаў розным людзям. Кожнае яе слова ўсё роўна як выгравіравалася ў маёй памяці.


«Малпы, зноў гэтыя малпы, — неспакойна сказала яна. — Апошнім часам яны няспынна размнажаюцца, хаця яшчэ не так даўно здавалася, што яны звядуцца. Калі гэтак пойдзе і далей, іх стане больш за нас… Але справа не толькі ў гэтым. Яны робяцца нахабныя. Яны ўжо вытрымліваюць наш позірк. Мы дарэмна прыручалі іх і давалі ім волю, як слугам. Любімцы сем'яў робяцца сама дзёрзкія. На днях мяне штурхнуў на вуліцы разносчык-шымпанзэ. Калі я ўзняла руку, ён паглядзеў на мяне з такой пагрозаю, што я не асмелілася ўдарыць яго».

«Ганна, тая, што працуе ў лабараторыі, сказала мне, што ў іх таксама багата чаго змянілася. Яна ўжо не асмельваецца ўваходзіць у клеткі адна. Кажа, што ўвечары так і чуе шушуканне і нават смяшкі. Адна гарыла здзекуецца з доктара, перадражнівае яго цік».

Жанчына змоўкла, некалькі разоў цяжка ўздыхнула, пасля загаварыла зноў:

«Ну вось, дажыліся! Адна малпа навучылася гаварыць. Гэта праўда: я сама чытала ў «Газеце для жанчын». Там была яе фатаграфія. Гэта малады шымпанзэ».

— Шымпанзэ! Першы! Я быў у гэтым упэўнены! — усклікнуў Карнэлій.

«А цяпер з'явіліся іншыя. Газеты штодня паведамляюць пра новых малпаў, якія навучыліся гаварыць. Некаторыя вучоныя лічаць, што гэта вялікае навуковае дасягненне. Няўжо яны не разумеюць, да чаго гэта можа прывесці? Наколькі я ведаю, адзін з гэтых гаваркіх шымпанзэ гідка лаецца. Першае, для чаго яны скарыстоўваюць здольнасць гаварыць, гэта каб адмовіцца слухацца людзей…»

Нейкі час жанчына маўчала, потым зноў загаварыла, але на гэты раз нізкім мужчынскім голасам і стомленым ментарскім тонам:

«Тое, што з намі здарылася, можна было прадбачыць. Намі авалодала мысліцельная лянота. Ніхто больш не чытае: нават дэтэктыўныя раманы вымагаюць задужа вялікага разумовага напружання. Ніхто больш не гуляе ні ў якія інтэлектуальныя гульні — найбольшае, на што мы тут здольныя, гэта пасьянсы. Нават ад дзіцячых фільмаў стамляемся. А малпы тым часам думаюць, думаюць… У гэтых маўклівых адзінокіх разважаннях іх мозг развіваецца — і вось яны ўжо авалодалі моваю! О, вядома, з намі яны амаль не гавораць, хіба што пагардліва агрызаюцца на тых нешматлікіх ганарліўцаў, якія яшчэ асмельваюцца нешта загадваць ім. Але па начах, калі яны застаюцца адны, абменьваюцца ўражаннямі і новымі ведамі».

Настала яшчэ адна паўза, пасля якой падвопытная загаварыла трывожным жаночым голасам:

«Мне было надта страшна. Я больш не магла так жыць і саступіла месца маёй гарыле. Уцякла з уласнага дому. Ён жыў у мяне ўжо некалькі гадоў і верна служыў мне. Але пакрысе пачаў мяняцца. Пачаў хадзіць увечары на іхнія сходкі. Навучыўся гаварыць. А потым адмовіўся ад усялякай працы. Месяц назад загадаў мне заняцца кухняю і мыць посуд. Пачаў есці з маіх талерак, карыстацца маімі відэльцамі і нажамі. А на мінулым тыдні выгнаў мяне з майго пакоя, мне прыйшлося правесці ноч у гасцёўні. Я не асмельвалася больш патрабаваць чаго-небудзь ад яго і паспрабавала падлашчыцца. Але ён толькі смяяўся з мяне і, наадварот, яшчэ больш павялічваў прэтэнзіі. Я адчувала сябе зусім няшчаснаю. І здалася. Знайшла прыстанак у стойбішчы, дзе сабраліся жанчыны, якія трапілі ў такое ж становішча, што і я. Тут ёсць і мужчыны. У многіх цяпер не хапае мужнасці жыць па-старому. Мы ўладкаваліся за межамі горада і, можна сказаць, не жывём, а існуем. Нам сорамна, мы амаль не размаўляем. Першыя дні я раскладвала пасьянсы. Цяпер мне і гэтым няма сілы займацца».

Жанчына змоўкла, потым загаварыла мужчынскім голасам:

«Мне здавалася, я знайшоў сродак супраць рака. Я хацеў выпрабаваць яго, як рабіў гэта з кожным сваім адкрыццём. Я быў асцярожны, але ўжо не такі, як раней. Апошнім часам мае малпы дазвалялі рабіць над сабою вопыты з вялікаю неахвотаю. Таму, перш чым увайсці ў клетку Жоржа, шымпанзэ, я папрасіў двух асістэнтаў звязаць яго як след. Пасля наблізіўся да яго, каб упырснуць яму ўзбуджальнік рака. Я ж усё роўна вылечыў бы яго пасля! У Жоржа быў такі выгляд, быццам ён скарыўся лёсу. Ён зусім не супраціўляўся, але хутка я прыкмеціў, што яго хітрыя вочкі сачылі за тым, што адбывалася ў мяне за спінаю. Спахапіўся я надта позна. Гарылы, шэсць гарыл, якія былі ў мяне ў запасе для вопытаў з чумою, вырваліся на волю. Гэта была змова! Яны схапілі нас. Жорж аддаваў загады на нашай мове. Ён дакладна капіраваў усе мае рухі. Загадаўшы гарылам прывязаць нас да аперацыйных сталоў, а яны зрабілі гэта ўмомант, набраў у шпрыц смяротную вадкасць і ўвёў яе нам у кроў, усім траім. Цяпер у мяне рак. Гэта пэўна: антыракавы сродак яшчэ не правераны, а смяротная сываратка даўно ўжо даказала сваю эфектыўнасць. Упырснуўшы мне поўную дозу, Жорж па-сяброўску паляпаў мяне далонню па шчацэ, як рабіў гэта заўсёды я са сваімі малпамі. Мы ж з імі заўсёды добра абыходзіліся. Я лічыў больш эфектыўным дамагацца свайго не пагрозаю, а ласкаю. Праз некалькі дзён, седзячы ў клетцы, куды мяне замкнулі, я адчуў першыя сімптомы хваробы. Жорж таксама распазнаў іх: я чуў, як ён казаў іншым малпам, што пачне ўжо лячыць мяне. Я ажно пахаладзеў ад жаху. Я ж усё роўна ведаю, што асуджаны на смерць, бо не веру ўжо ў вынайдзены мною сродак. А што, калі я ад яго яшчэ хутчэй памру? Не! Уначы мне ўдалося зламаць краты і ўцячы. Я знайшоў прытулак у стойбішчы за горадам. Наперадзе ў мяне яшчэ два месяцы жыцця. Я гадаю на картах і сплю».

Зноў паўза, жаночы голас:

«Я была дрэсіроўшчыцаю. Паказвала нумар з дванаццаццю арангутанамі, сапраўды выдатнымі экземплярамі. А цяпер сама сяджу ў клетцы разам з іншымі артыстамі цырка. Але трэба быць справядліваю. Малпы абыходзяцца з намі добра і кормяць нас, як свінняў на ўбой. Калі салома пад намі занадта брудная, мяняюць яе. Яны не жорсткія: караюць толькі тых, хто ўпарціцца і не жадае рабіць трукі, якім арангутаны хочуць нас навучыць. Я, напрыклад, стараюся выканаць усе іх загады не спрачаючыся. Поўзаю на карачках, раблю кульбіты. І яны таксама добра ставяцца да мяне. Няшчаснай я сябе не адчуваю. У мяне цяпер няма ніякага клопату, ні адказнасці, нішто не засмучвае. Большасць з нас хутка прызвычаіліся да новага жыцця».

Жанчына зноў змоўкла, гэтым разам надоўга. Увесь гэты час Карнэлій пільна ўзіраўся мне ў самыя вочы, Я выдатна разумеў, што ён хацеў мне сказаць. Калі чалавечая раса стала нікчэмная, калі яна так лёгка скарылася, то хіба ж не павінна яна тады саступіць месца больш высакароднай расе? Я пачырванеў і адвёў вочы.

Жанчына зноў загаварыла, яшчэ больш роспачным голасам:

«Цяпер яны захапілі ўвесь горад. Нас засталося ў гэтым прытулку ўсяго некалькі сотняў, і становішча нашае — адчайнае. Гэта апошняе чалавечае паселішча ў гарадскім наваколлі, але малпы ўжо не хочуць, каб мы жылі на волі гэтак блізка ад іх. З іншых стойбішчаў многія ўцяклі далей, у джунглі, астатнія здаліся малпам, каб есці ўволю. А мы засталіся ў стойбішчы праз ляноту. Спім — ніхто і думаць не хоча пра супраціўленне… Гэтага я і баялася! Я чую варварскую какафонію. Быццам нейкая пародыя на ваенны марш… О божа, уратуй! Гэта яны, малпы! Акружаюць нас з усіх бакоў. Вядуць іх на нас вялізныя гарылы. У іх нашы трубы, барабаны, нашы мундзіры, наша зброя, вядома… Але не, зброі ў іх няма. О, якая ганьба, якое страшнае ўніжэнне! Вось на нас насоўваецца армія малпаў, і яны ўзброеныя толькі бізунамі!»


Раздзел IX


У горадзе ўсё ж пайшла пагалоска пра эксперыменты Гелія. Магчыма, у гэтым быў вінаваты сам шымпанзэ, які не ўтрымаўся, каб не пахваліцца поспехамі. Кажуць, што аднаму даследніку ўдалося прымусіць людзей загаварыць. Мала таго, пра знаходкі ў пахаваным у пустэльні горадзе пісалі газеты, і, хоць большасць публікацый дужа далёкія ад праўды, некаторыя журналісты падбіраюцца да ісціны. Усё гэта спараджае ў малпах пачуццё няўпэўненасці і трывогі, і ўлады глядзяць цяпер на мяне з асаблівым недаверам, які ўсё ўзрастае.

У Карнэлія багата ворагаў, і ён не асмельваецца дакляраваць сваё адкрыццё. Дый ці хоча ён гэта рабіць, ведаючы, якая рэакцыя будзе ва ўладаў? Клан арангутанаў на чале з Заюсам інтрыгуе супраць яго. Ужо гавораць пра змову супраць малпавай расы, і мяне больш-менш адкрыта аб'яўляюць адным з арганізатараў гэтае змовы. Гарылы пакуль не прынялі ніякага афіцыйнага рашэння, але яны заўсёды выступаюць супраць усяго, што ўплывае на стабільнасць грамадскага парадку.


Сённяшні дзень я запомню на ўсё жыццё. Здарылася такая доўгачаканая падзея! Спачатку мяне перапоўніла радасць, але потым, адумаўшыся, я скалануўся ад прадчування блізкае небяспекі. Нова нарадзіла хлопчыка.

Цяпер у мяне дзіця, сын ад жанчыны з планеты Сарора. Я яго ўжо бачыў. Гэта было няпроста зрабіць. Імкнучыся захаваць тайну, інстытуцкія ўлады акружылі Нову яшчэ больш строгімі забаронамі, і апошні тыдзень перад родамі мне не ўдалося наведаць яе аніводнага разу. Гэта Зіра паведаміла мне, што я стаў бацькам. Яна ўжо застанецца верным сябрам, што б ні здарылася. Я так расхваляваўся, што Зіра сама вырашыла зладзіць мне спатканне з маёй новай сям'ёю. Але зрабіць гэта ёй удалося толькі праз некалькі дзён, дый тое позна ўначы, бо ўдзень з дзіцяці не зводзяць вачэй.

Які цудоўны хлопчык! Ён ляжаў на саломе побач з маткаю, усё роўна як новы маленькі Хрыстос. Ссаў цыцку ў сваёй маці. Хлопчык падобны на мяне, але адначасна ўзяў усё сама прыгожае ад Новы. Дарэчы, калі я толькі прачыніў дзверы, Нова сустрэла мяне пагрозлівым рыкам. Яна таксама чуе небяспеку. Выставіўшы перад сабою скурчаныя пальцы, яна ўскочыла на ногі, гатовая разадраць ворага, але потым пазнала мяне і супакоілася. Перакананы, што, стаўшы маткаю, Нова адразу ўзнялася яа некалькі прыступак эвалюцыі. Цьмяная іскрынка розуму ў яе вачах змянілася нязгасным агнём. Я з захапленнем і пяшчотаю цалаваў свайго сына, стараючыся не думаць пра хмары, што ўжо збіраліся над нашымі галовамі.

Ён вырасце чалавекам, сапраўдным чалавекам — у гэтым я не сумняваюся. Розум свеціцца ў кожнай яго рысачцы, у кожным позірку. Мне ўдалося зноў запаліць у чалавечым родзе гэтай планеты святое полымя думкі. Дзякуючы мне цывілізацыя людзей Сароры адродзіцца і зноў дасягне росквіту. Калі мой сын вырасце, ён стане заснавальнікам цэлага роду…

Калі мой сын вырасце! Мяне пачынае калаціць пры адной толькі думцы пра тое, у якіх умовах ён цяпер знаходзіцца і якія выпрабаванні чакаюць яго яшчэ. Але мы ўтраіх пераможам любыя перашкоды, я ўпэўнены. Так, менавіта ўтраіх, я не памыліўся, бо Нова цяпер ужо зусім не тая, якая была раней. Каб упэўніцца ў гэтым, досыць паглядзець, як яна любуецца сваім дзіцёнкам. Праўда, яна яго ўсё яшчэ вылізвае, як усе чалавечыя маткі на Сароры, але твар у яе пры гэтым асэнсаваны.

Я паклаў дзіця на салому. Ведама, гэта сапраўдны чалавек. Праўда, ён яшчэ не гаворыць, але… пра што гэта я, яму ўсяго толькі тры дні, але ён загаворыць. Ён ужо плача ціхенька, менавіта плача, як зямное дзіця, а не скуголіць, як звераня. Нова гэта выдатна разумее і не спускае з сына захопленых вачэй.

Зіра таксама бачыць, што гэты маленькі чалавечак незвычайны. Яна наблізілася да нас, яе валасатыя вушы насцярожана ўзняліся, — і моўчкі разглядвае дзіця. Выгляд у яе заклапочаны. Потым дае мне зразумець, што я мушу як мага хутчэй пайсці адсюль. Калі б мяне заспеў тут хто іншы, гэта магло б дрэнна скончыцца для нас усіх. Зіра абяцае паклапаціцца пра майго сына, і я ведаю, што яна стрымае слова. Але я не магу не ведаць і таго, што яе самую ўжо падазраюць у хаўрусніцтве са мною, і дрыжу ад адной думкі, што яе могуць у любы момант звольніць. Не, я не маю права прымушаць яе гэтак рызыкаваць!

Развітаўшыся з Новаю і сынам, я іду да выхаду. Каля дзвярэй азіраюся яшчэ раз і бачу, што шымпанзэ таксама наблізілася да маленькага чалавечка, ціхенька дакранулася вуснамі да яго лобіка і толькі пасля гэтага зачыніла клетку. І Нова нават не пратэстуе! Яна прымае гэтую праяву пяшчоты да яе дзіцяці як натуральную. Памятаючы, з якой нянавісцю сустракала яна Зіру раней, я бачу ў гэтым новы цуд.

Мы выходзім з пакоя. У мяне дрыжаць рукі і ногі, і я заўважаю, што Зіра ўсхваляваная не менш за мяне.

— Уліс! — усклікае яна, выціраючы слёзы. — Часам мне здаецца, што гэта і маё дзіця!


Раздзел X


Зрэдку я літаральна прымушаю сябе наведваць прафесара Антэля, але з кожным разам гэтыя візіты робяцца ўсё больш пакутлівыя. Прафесар па-ранейшаму ў інстытуце, але яго прыйшлося забраць з камфартабельнага пакоя, у якім яго размясцілі па маёй просьбе. Там Антэль хутка марнеў, да таго ж, у яго пачаліся прыступы дзікай лютасці, у час якіх ён рабіўся небяспечны, кідаўся кусаць санітараў. Тады Карнэлій вырашыў ужыць да яго іншы рэжым: загадаў пасяліць прафесара ў звычайнай клетцы з саламянаю падсцілкаю і даць яму сяброўку, тую самую жанчыну, з якой прафесар спаў у заалагічным садзе. Антэль сустрэў старую знаёмую з шумнай радасцю шчаслівага звера і адразу ж рэзка змяніў паводзіны — зноў адчуў смак жыцця.

У такой вось кампаніі сустракаюся я з ім цяпер. Выгляд у яго шчаслівы. Ён папаўнеў і памаладзеў. Я з сіл выбіваюся, каб наладзіць з ім кантакт, але марна. Вось і сёння спрабую зноў. Але прафесара цікавяць толькі піражкі, якія я яму прыношу. Спустошыўшы пакет, ён адварочваецца ад мяне, выпростваецца побач са сваёй сяброўкаю, і тая пачынае аблізваць яму твар.

— Вось бачыце, розум можа не толькі развіцца, але і згаснуць, — шэпча нехта за маёй спінаю.

Гэта Карнэлій. Выяўляецца, ён мяне шукаў, але зусім не дзеля таго, каб пагаманіць пра прафесара. У яго да мяне вельмі сур'ёзная справа. Я іду за ім у яго кабінет, дзе нас чакае Зіра. У яе чырвоныя вочы, усё роўна як яна доўга плакала. Мабыць, Карнэлій і Зіра ведаюць важную для мяне навіну, але ні ён, ні яна не рашаюцца паведаміць яе мне.

— Што-небудзь з сынам? — не вытрымліваю я.

— Ён добра сябе адчувае, — таропка адказвае Зіра.

— Вельмі добра, — дадае буркліва Карнэлій.

Я і сам ведаю, што сын у мяне цудоўны, але вось ужо месяц, як я яго не бачыў. Догляд за ім стаў яшчэ стражэйшы. Зіра апынулася пад падазрэннем інстытуцкага кіраўніцтва, і цяпер сочаць за кожным яе крокам.

— Вельмі-вельмі добра! — паўтарае Карнэлій. — Ён усміхаецца. Плача, як дзіцёнак малпы… І пачынае гаварыць.

— У тры месяцы?!

— О, гэта ўсяго толькі дзіцячы лепет, але ўсё выдае на тое, што хлопчык будзе гаварыць. Да таго ж ён увогуле развіваецца надзвычай хутка.

Я надзімаюся ад гонару. Але Зіру абурае мой шчаслівы выгляд бацькі такога выдатнага дзіцяці.

— Няўжо ты не разумееш, што гэта катастрофа?! Цяпер яго нізашто не выпусцяць на волю!

— Мне стала вядома ад надзейнага чалавека, — кажа Карнэлій, — што праз два тыдні адбудзецца пасяджэнне Вялікага Савета, прысвечанае вашаму дзіцяці, і будзе прынята важнае рашэнне.

— Важнае рашэнне?

— Вельмі важнае. Пра тое, каб знішчыць яго, гаворка не ідзе. Ва ўсякім разе, пакуль што. Але яго адымуць ад маці.

— А я, я змагу яго бачыць?

— А гэта ўжо абсалютна немагчыма!.. Але дазвольце мне дагаварыць, — няўмольна адчаканьвае шымпанзэ. — Мы сабраліся тут не дзеля таго, каб плакаць, а каб дзейнічаць. Дык вось. Першае, што мы ўжо дакладна ведаем, гэта тое, што вашага сына ізалююць і будуць строга захоўваць. Арангутаны. Так, Заюс доўно інтрыгуе і цяпер дасягне сваёй мэты. — Тут Карнэлій гнеўна сціснуў кулакі і прамармытаў скрозь зубы некалькі слоў, прывесці якія тут немагчыма. — Заўважце, Вялікі Савет выдатна разумее, чаго варты гэты крэтын як вучоны, але ўсе робяць выгляд, нібыта вераць, што ён і праўда зможа даследаваць такі ўнікальны выпадак лепш за мяне. Робяць выгляд, бо гэты выпадак расцэньваецца як пагроза ўсёй нашай расе. Яны разлічваюць, што Заюс здолее ліквідаваць гэтую небяспеку.

Я здранцвеў. Не дай бог, каб мой сын трапіў у лапы да гэтага небяспечнага ідыёта! Але Карнэлій яшчэ не скончыў:

— Сама страшнае, што пагроза навісла не толькі над вашым сынам.

Не могучы вымавіць ні слова, я паглядзеў на Зіру, але тая адно ківае.

— Арангутаны вас ненавідзяць, таму што вы з'яўляецеся жывым доказам памылковасці ўсіх іх тэорый, а гарылы лічаць вас занадта небяспечным, каб пакідаць на волі. Яны баяцца, каб вы не сталі пачынальнікам новай чалавечай расы на нашай планеце. Але нават калі адкінуць такую магчымасць, яны ўсё роўна баяцца, што адна ваша прысутнасць на Сароры ўзбаламуціць нашых людзей. Шэраг назіранняў адзначае незвычайнае ўзбуджэнне сярод падвопытных, з якімі вы кантактуеце.

Але, гэта праўда. У час майго апошняга наведвання залы з клеткамі я сам заўважыў, што паводзіны палонных прыкметна змяніліся. Выдае на тое, што нейкі таямнічы інстынкт папярэдзіў іх пра дзівоснае нараджэнне майго сына. Яны віталі мяне доўгім улюлюканнем.

— Карацей кажучы, — падводзіць рысу Карнэлій, — я вельмі баюся, што праз два тыдні Вялікі Савет прыме рашэнне знішчыць вас… або прынамсі выдаліць частку мозгу пад выглядам навуковага эксперыменту. Што ж датычыць Новы, то думаю, што і яе пастараюцца абясшкодзіць, бо яна надта доўга была побач з вамі.

Не, гэта немагчыма! Я ж ужо паверыў у сваю ледзь не боскую місію — і раптам такое… Умомант я быў скінуты з нябёсаў на зямлю. Мяне агарнуў жудасны адчай.

— Карнэлій правільна зрабіў, што нічога ад цябе не ўтоіў, — сказала Зіра, кладучы мне на плячо руку. — Але ён не сказаў яшчэ, што мы не пакінем цябе. Мы вырашылі ўратаваць вас усіх траіх, і ў гэтым нам дапамогуць некалькі нашых сяброў, мужныя шымпанзэ.

— Але што я магу зрабіць? Я, чалавек сярод малпаў!

— Трэба ўцякаць. Трэба пакінуць Сарору, куды б табе лепей было і зусім не прылятаць. Вяртайся да сябе на Зямлю. Толькі так можна ўратаваць цябе і твайго сына.

Голас у Зіры задрыжаў, здавалася, яна зараз заплача. Усё ж такі яна ставілася да мяне яшчэ лепш, чым я мог падумаць. Смутак яе бы працяў мяне. Невыносна балюча думаць, што, пакінуўшы Сарору, ніколі больш не спаткаюся з Зіраю.

— Але як мне ўцячы з Сароры?

— Зіра мае рацыю, — пачаў адказваць Карнэлій. — Выйсце ў вас адзінае — уцячы з нашай планеты. Я абяцаў дапамагчы вам і стрымаю слова, нават калі гэта загубіць маю кар'еру. Да таго ж, дапамагаючы вам, я выконваю свой абавязак малпы. Калі нам пагражае небяспека, то яе ўжо не стане, як толькі вы пакінеце Сарору… Вы неяк казалі мне, што ваш касмічны карабель не пашкоджаны і што вы змаглі б вярнуцца на ім назад на Зямлю?

— Але, — адказаў я. — У зоркалёце дастаткова паліва, кіслароду і запасаў ежы і пітва, каб дабрацца на ім да любой планеты Галактыкі. Але як дабрацца да яго?

— Ён па-ранейшаму круціцца вакол Сароры. Адзін з маіх сяброў-астраномаў выявіў яго і вылічыў яго арбіту. А як да яго дабрацца… Слухайце! Роўна праз дзесяць дзён мы збіраемся запусціць штучны спадарожнік з жывымі істотамі, натуральна, з людзьмі, на якіх мы хочам вывучыць уплыў некаторых відаў выпраменьванняў… Не перапыняйце мяне! Згодна з праграмаю павінна быць трое падвопытных: мужчына, жанчына і дзіця.

Я адразу ж зразумеў план Карнэлія і ацаніў яго вынаходлівасць. Але колькі перашкод было яшчэ на нашым шляху!

— Некаторыя вучоныя, адказныя за выпуск спадарожніка, — працягваў Карнэлій, — мае блізкія сябры, і я здолеў пераканаць іх дапамагчы вам. Спадарожнік будзе запушчаны на арбіту вашага карабля, акрамя таго, ім можна ў пэўнай ступені кіраваць. Дарослых падвопытных навучылі выконваць прасцейшыя манеўры: у іх выпрацаваны ўмоўныя рэфлексы. Думаю, што вы будзеце нашмат больш вынаходлівыя за іх… Наш план такі: вы ўтраіх заменіце трох падвопытных. Тут асаблівых цяжкасцей не будзе. Як я ўжо сказаў, у нас верныя саюзнікі, бо забойства агіднае нам, шымпанзэ. А тыя, хто не ў курсе справы, нават не заўважаць падмены.

І праўда, гэта было верагодна. Для большасці малпаў чалавек — проста чалавек, і нічога больш. Яны нават не заўважаюць розніцы паміж асобнымі індывідуумамі.

— Вам прыйдзецца інтэнсіўна трэніравацца ўсе гэтыя дзесяць дзён. Вы ўпэўнены, што здолееце дасягнуць карабля?

Гэта таксама было магчыма. Але ў той момант я не думаў пра цяжкасці і небяспекі, якія чакалі нас наперадзе. Міжволі маёй душою авалодаў глыбокі смутак: мне ж прыйдзецца назаўсёды пакінуць Сарору, развітацца з Зіраю і маімі братамі на гэтай планеце, так, маімі чалавечымі братамі! У дачыненні да сарорскіх людзей я адчуваў сябе дэзерцірам. Аднак спачатку я павінен быў уратаваць майго сына і Нову. Але я яшчэ вярнуся! Так, я вярнуся, пакляўся я перад сабою, згадаўшы палонных людзей у клетках, вярнуся, калі на руках у мяне будуць іншыя козыры!

Я так расхваляваўся, што прамовіў апошнія словы ўголас.

— Праз чатыры-пяць гадоў вашага асабістага часу, смелы касманаўт, — усміхнуўся Карнэлій, — але толькі праз тысячу з лішкам гадоў для нас, дамаседаў. Не забывайце, мы ж таксама распрацавалі тэорыю адноснасці. Карацей… я абмяркоўваў гэтае пытанне з маімі сябрамі-шымпанзэ, і мы вырашылі рызыкнуць.

Неўзабаве мы развіталіся, дамовіўшыся сустрэцца заўтра. Зіра выйшла першая. Затрымаўшыся на хвіліну, я скарыстаўся гэтым, каб горача падзякаваць Карнэлію. Сам сабе я думаў: чаму ён робіць усё гэта? Нібыта прачытаўшы мае думкі, Карнэлій адказаў:

— Дзякуйце Зіры. Гэта ёй вы абавязаны жыццём. Калі б не яна, не ведаю, ці стаў бы я так шчыраваць і рызыкаваць. Але паспрабуй я стаць саўдзельнікам забойства, Зіра не даравала б мне гэтага ніколі… Апроч таго…

Карнэлій замяўся. Пераканаўшыся, што Зіра чакае ў калідоры, адкуль ёй нічога не было чуваць, ён нахіліўся да мяне і хутка і ціха сказаў:

— Апроч таго, і мне і ёй будзе лепш калі вы знікніце з нашай планеты.


Карнэлій прычыніў за мною дзверы. Мы засталіся з Зіраю адны. Ступіўшы побач з ёю некалькі крокаў па калідоры, я прашаптаў:

— Зіра!

Спыніўшыся, я прытуліў яе да сябе. Яна была ўсхваляваная не менш за мяне. Слёзы каціліся ў яе па пысачцы, пакуль мы стаялі, цесна абняўшыся. О божа, якая мне была справа да гэтай жудаснай цялеснай абалонкі! Душа мая злівалася з яе душою! Я заплюшчыў вочы, каб не бачыць яе жудаснага твару, які ад хвалявання стаў яшчэ больш гідкі. Я адчуваў, як яе цела дрыготка прыціснулася да майго. Прымусіўшы сябе, я прыціснуўся шчакою да яе шчакі. Але ў той самы момант, калі мы ўжо былі гатовыя пацалавацца, як двое закаханых, Зіра раптам інстынктыўна адхінулася і з сілаю адштурхнула мяне.

Ашаломлены, я стаяў, не ведаючы, што і рабіць, а яна, гэтая брыдкая шымпанзэ, схавала сваю пысу ў доўгія валасатыя лапы і з адчаем, рыдаючы, аб'явіла:

— Дарагі мой, гэта немагчыма! Даруй мне, я не магу, не магу! Дальбог, ты занадта брыдкі!


Раздзел XI


Усё скончана! Я зноў у космасе, на борце нашага зоркалёта, які, быццам камета, імчыцца да Сонечнай сістэмы з хуткасцю, што ўзрастае з кожнай секундаю.

Я не адзін. Са мною Нова і Сірыус, дзіця нашага міжзорнага кахання. Ён умее ўжо гаварыць «тата», «мама» і багата іншых слоў. Апроч таго, у нас на караблі пара курэй, пара трусоў і зерне сама рознай збажыны — усё, што вучоныя Сароры памясцілі ў спадарожнік, каб вывучыць уплыў касмічных прамянёў на розныя арганізмы і расліны. Усё гэта нам спатрэбіцца.

План Карнэлія быў выкананы адмыслова. Ніхто не заўважыў, як мы замянілі тройку паддоследных. Жанчына заняла месца Новы ў інстытуце, дзіця перададуць Заюсу. Гэты дурань хутка давядзе, што чалавечы дзіцёнак не здольны размаўляць, а значыцца, з'яўляецца звычайнай жывёлінай. Можа, пасля гэтага мяне перастануць лічыць небяспечным і пакінуць у жывых мужчыну, які замяніў мяне і які таксама ніколі не загаворыць. Малаверагодна, што малпы западозраць падмену. Арангутаны, як я ўжо казаў, не могуць адрозніць аднаго чалавека ад другога. Заюс будзе трыумфаваць. Карнэлія, магчыма, чакаюць сякія-такія непрыемнасці, але ўсё хутка забудзецца… Ды што я кажу! Усё ўжо забылася, бо за тыя некалькі месяцаў, што мы ляцім у космасе, на Сароры прайшлі стагоддзі! Нават мае ўспаміны і тыя сціраюцца, пакуль шырыцца пропасць прасторы і часу, што аддзяляе нас ад Бетэльгейзе. Спачатку вялізная зорка стала падобная на мяч, потым на апельсін і нарэшце ператварылася ў адну з маленькіх зіхоткіх кропак на бясконцым, густа ўсеяным такімі ж самымі кропкамі небе. Гэтак і з маімі сарорскімі згадкамі.

Трэба быць вар'ятам, каб пакутаваць на маім месцы ад згрызотаў сумлення. Мне ўдалося выратаваць дарагіх мне людзей. Пра што мне шкадаваць? Зіра? Але, Зіра. Толькі пачуццё, якое звязвала нас, не мае нават назвы — ні на Зямлі, ні на якой іншай планеце. Нашае расстанне было непазбежнае. Напэўна, Зіра неўзабаве знайшла спакой, выйшаўшы замуж за Карнэлія і выхоўваючы дзяцей-шымпанзэ. Прафесар Антэль? Халера з ім, з прафесарам! Я нічым больш не мог дапамагчы яму, а ён, мусібыць, здолеў нарэшце знайсці цікавае яму вырашэнне праблемы шчасця. Толькі сам я часам уздрыгваю ад думкі пра тое, што, каб не Зіра, я ў ягоных умовах таксама мог бы апусціцца гэтак жа нізка.

Стыкоўка спадарожніка з зоркалётам прайшла выдатна. Манеўруючы спадарожнікам, я здолеў наблізіцца паступова да карабля і ўвайсці ў ангар, пакінуты адчыненым, каб туды мог вярнуцца наш катэр. Пасля гэтага робаты зачынілі ангар. Мы апынуліся на борце зоркалёта. А на Сароры нашы сябры аб'явілі, што спадарожнік не выйшаў на зададзеную арбіту і яго давялося ўзарваць.


Па нашым лакальным часе мы ляцім ужо больш як год. Зоркалёт дасягнуў хуткасці святла — у бясконца малым набліжэнні, — пераадолеў за некалькі гадзін фантастычную адлегласць, і цяпер ужо ідзе перыяд тармажэння, які прадоўжыцца яшчэ год. Я не перастаю любавацца маёй слаўнай сям'ёю.

Нова выдатна пераносіць падарожжа. Яна ўсё больш прыкметна разумнее. Мацярынства ператварыла яе да непазнавальнасці. Яна з ціхамірнай усмешкаю гадзінамі ўзіраецца ў нашага сына, які выявіў сябе нашмат лепшым за мяне педагогам. Словы, якія прамаўляе ён, Нова паўтарае амаль без памылак. Са мною яна яшчэ гаварыць не можа, але мы выпрацавалі сістэму жэстаў, якая дазваляе нам разумець адно аднаго. Мне здаецца, што я ведаў Нову ўсё маё жыццё. Што ж да Сірыуса, дык гэта жамчужына ўсіх сусветаў. Яму ўжо паўтара гады. Нягледзячы на павышаную сілу прыцягнення, ён разгульвае па караблі і бясконца лапоча. Мне не церпіцца паказаць яго людзям Зямлі.

Сёння ўранку я адчуў незвычайнае хваляванне, заўважыўшы, што Сонца стала набываць бачныя абрысы. Цяпер яно падобнае на більярдны шар і спакваля жаўцее. Я паказаў яго Сірыусу і Нове. Тлумачу ім, што гэта — галоўная зорка іх новага свету, і яны мяне разумеюць. Сірыус ужо гаворыць даволі хутка, і Нова амаль гэтаксама. Яны прыйшлі да гэтага амаль адначасна. О цуд мацярынства, цуд, творцам якога стаў я! У мяне не было магчымасці абудзіць усіх людзей Сароры ад жывёльнай апатыі, але вопыт з Новаю ўдаўся бліскуча.

Сонца няспынна павялічваецца. Я ўжо спрабую разгледзець у тэлескоп планеты і даволі лёгка арыентуюся. Вось Юпітэр, Сатурн, Марс… а вось і Зямля. Зямля!

Слёзы льюцца ў мяне з вачэй. Трэба пажыць столькі і так, як я на планеце малпаў, каб зразумець мае пачуцці… Прайшло ўжо семсот гадоў, як я пакінуў Зямлю, і я ведаю, што не ўбачу ўжо ні бацькоў, ні сяброў, але як жа хочацца ўбачыць людзей!

Дапаўшы да ілюмінатараў, мы глядзім на Зямлю, якая ўсё набліжаецца і набліжаецца. Ужо не патрэбен тэлескоп, каб разгледзець мацерыкі. Карабель выходзіць на арбіту.

Цяпер мы круцімся вакол маёй роднай планеты. Бачу, як праплываюць пад намі Аўстралія, Амерыка… і, нарэшце, Францыя. Мы абдымаемся са слязьмі радасці.

Мы ўсаджваемся ў другі катэр, які быў у нас на борце, і пакідаем карабель. Усе разлікі былі зроблены загадзя так, каб мы маглі прызямліцца на маёй радзіме, спадзяюся, непадалёк ад Парыжа.

Мы ўваходзім у атмасферу. Уступаюць у дзеянне тармазныя ракеты. Нова з усмешкаю пазірае на мяне. Яна ўжо даўно ўмее і ўсміхацца і плакаць. Мой сын з зіхоткімі ад захаплення вачыма працягвае свае маленькія ручкі да ілюмінатара. Пад намі Парыж. Я адразу ж пазнаю яго па Эйфелевай вежы.

Пераходжу на ручное кіраванне, каб прызямліцца як мага больш дакладна. О цуд тэхнікі! Праз сем стагоддзяў мне ўдаецца сесці на аэрадроме Арлі — ён не надта змяніўся, — на самым краі поля, досыць далёка ад будынка аэрапорта. Нас павінны былі заўважыць, застаецца толькі яшчэ крыху пачакаць.

Ад будынкаў аэрапорта аддзялілася машына, яна імчыцца да нас. Я поўнасцю выключаю рухавікі. Мяне ажно трасе ад нецярпення. Якое ж уражанне зробяць на маіх зямных братоў мае сарорскія прыгоды! Спачатку, напэўна, яны мне і не павераць. Але ў мяне ёсць доказы — Нова, сын!

Машына вырастае на вачах.

Я, вядома, спадзяваўся на больш урачысты прыём — небагата народу з'явілася нас сустракаць. У машыне, здаецца, усяго толькі два чалавекі. Ну і дурань жа я: адкуль ім ведаць пра маё вяртанне! Дый аэрадром, напэўна, цяпер другарадны: на полі адзін самалёт і той стары.

Так, іх двое. Пакуль што я бачу іх дрэнна: ад шкла машыны адсвечвае сонца, і шкло бруднае. Кіроўца і пасажыр — ён у форме, мабыць, афіцэр, бо я разгледзеў бліскучыя нашыўкі.

Машына спыняецца метраў за пяцьдзесят ад нас.

Я бяру сына на рукі і выходжу з катэра, за намі нерашуча ступае на зямлю Нова. Яна трохі баіцца, але страх хутка пройдзе.

З машыны выходзіць кіроўца. Ён стаіць спінаю да нас, я не магу разгледзець яго праз высокую траву, што расце на полі паміж машынаю і катэрам. Вось ён адчыняе дзверцы, каб выйшаў пасажыр. Я не памыліўся, гэта афіцэр, не менш як маёр, я выразна бачу, як блішчаць нашыўкі. Ён саскочыў на зямлю. Вось ён ступае некалькі крокаў нам насустрач, выходзіць з высокай травы і паўстае перад намі ва ўвесь свой рост.

З дзікім крыкам Нова вырывае ў мяне з рук сына і імгненна хаваецца з ім у катэры, а я стаю, зусім здранцвелы, і не магу ні паварушыцца, ні вымавіць слова. Дык вось чаму тут адзначаныя мною раней машынальна такія старыя самалёт і машына, якім ужо даўно месца ў музеі…

Перада мною гарыла».


Раздзел XII


Філіс і Джын адначасова ўзнялі схіленыя над рукапісам галовы і доўга ў маўчанні глядзелі адно на аднаго.

— Прыгожая містыфікацыя! — прагаварыў нарэшце Джын, спрабуючы бесклапотна засмяяцца.

Але Філіс заставалася ў задуменні. Некаторыя фрагменты гісторыі ўсхвалявалі яе — яна адчула ў іх шчырасць. Пра што і сказала сябру.

— Гэта даказвае, — запярэчыў Джын, — што паэты ёсць усюды, у кожным кутку сусвету. І жартаўнікі таксама.

Філіс зноў задумалася. Довад Джына не пераканаў яе. І ўсё ж, уздыхнуўшы, яна згадзілася:

— Ты маеш рацыю, Джын. Я думаю гэтаксама ж. Разумныя людзі? Людзі, надзеленыя мудрасцю? Не, гэта немагчыма: тут аўтар перайшоў усялякія межы. Але шкада іх!

— Цалкам з табою згодны. А цяпер час ужо вяртацца.

Ён распусціў ветразь, падставіўшы ўсю яго паверхню светлавым патокам трох сонцаў. Пасля пачаў перасоўваць шматлікія рычажкі кіравання, спрытна карыстаючыся ўсімі чатырма рукамі. А Філіс энергічна патрэсла валасатымі вушамі, выняла пудраніцу і, паколькі порт быў ужо блізкі, лёгкай ружовай пухоўкаю прыпудрыла пысачку, дбаючы пра сваю прыгажосць шымпанзэ.


Примечания

1

Сірыус, Арктур, Альдэбаран — найярчэйшыя зоркі ў сузор'ях Вялікага Пса, Валапаса, Цяльца.

(обратно)

2

Оверштаг (гал. overstag) — паварот судна з ветразямі носам да сустрэчнага ветру.

(обратно)

3

Цэнтаўр — вялікае сузор'е паўднёвага паўшар'я зорнага неба, у якім знаходзіцца сама блізкая да Зямлі зорка — Проксіма Цэнтаўра.

(обратно)

4

Сарора — сястра (лац.).

(обратно)

Оглавление

  • П'ер Буль Планета малпаў
  •   Частка першая
  •     Раздзел I
  •     Раздзел II
  •     Раздзел III
  •     Раздзел IV
  •     Раздзел V
  •     Раздзел VІ
  •     Раздзел VІІ
  •     Раздзел VІІІ
  •     Раздзел IX
  •     Раздзел X
  •     Раздзел XI
  •     Раздзел XII
  •     Раздзел XIII
  •     Раздзел XIV
  •     Раздзел XV
  •     Раздзел XVI
  •     Раздзел XVII
  •   Частка другая
  •     Раздзел I
  •     Раздзел II
  •     Раздзел III
  •     Раздзел IV
  •     Раздзел V
  •     Раздзел VI
  •     Раздзел VII
  •     Раздзел VIII
  •     Раздзел IX
  •   Частка трэцяя
  •     Раздзел I
  •     Раздзел II
  •     Раздзел III
  •     Раздзел IV
  •     Раздзел V
  •     Раздзел VI
  •     Раздзел VII
  •     Раздзел VIII
  •     Раздзел IX
  •     Раздзел X
  •     Раздзел XI
  •     Раздзел XII
  • *** Примечания ***