На вёсцы [Францішак Аляхновіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


ФРАНЦІШАК АЛЕХНОВІЧ

НА ВЁСЦЫ


ІДЫЛЬЛІЧНЫ АБРАЗОК у 2-х АКТАХ


АСОБЫ:

Стасюк, пастух.

Ганулька.

Анелька.

Цыганка.


Хлопцы і дзеўчаты.

Рэч дзеецца у полі за вескай. Сонцо заходзіць.


АКТ I.

ЗЬЯВА I.

Стасюк Анелька.


Стасюк (сядзіць на камені і майструе дудку. Побач яго ляжыць на зямлі вяночак з польных кветак. За сцэнай удалёчку чутно хор, які пяе народную песьню).

Анелька (уходзіць і, пабачыўшы Стасюка, нясмела затрымліваецца у глыбі сцэны). Стасюк!..

Стасюк (ня чуе і далей робіць сваю работу).

Анелька (галасьней). Стасюк!

Стасюк (аглядаецца). Што? чаго?

Анелька (засароміўшыся). Нічога... я так сабе...

Стасюк (ізноў бярэцца за работу).

Анелька (пасьля паўзы). Стасюк!

Стасюк. Чаго табе?

Анелька. Нічога, я так... Вось сонейка заходзіць, пара ужо жывёлу с поля гнаці... А хмарачкі па небе так пекна ляглі!.. Здаецца, вось якійсь там вой на калі ляціць... (паўза). Адна с тваіх авечак у лесі заблудзілася... Я яе знайшла і да стада прыгнала...

Стасюк. Добра... Дзякуй табе. (паўза).

Анелька. Стасюк... я...

Стасюк. Чаго-ж табе яшчэ? Стасюк ды Стасюк!

Анелька. Стасюк! я... я... выбачай!.. Іду ужо, іду! (выбегае).


Хор за сцэнай памалу заціхае.


ЗЬЯВА II

Стасюк (адзін).


Стасюк. Дурная, як авечка! Чаго яна хоча ад мяне? (глядзіць на неба). Узапраўды сонцо ўжо нізенька, і хутка ужо трэба будзе стада да хаты гнаць, а Ганулька сягоньня не прыйшла! Ня ведаю, што са мной!.. Калі Ганульку прыходзіцца доўга чакаць, здаецца мне, сэрцо выскачыць з грудзей, здаецца, што вось ураз-жа захварэю... Ганулечка мая! Прыходзь-жа да мяне хутчэй!

(пяе):

Дзяўчыненька міла
душу мне згубіла,
як яе ня бачу,
сумую дый плачу.
С цела душа выйдзе,
як яна не прыйдзе...
Ня жыць мне без Ганкі, -
без маей каханкі.
За бліск сініх вочак
с кветак дам вяночак, -
каб мяне любіла,
жыцьцё даў-бы мілай...

ЗЬЯВА III.

Стасюк, Ганулька (убегае)


Ганулька. Вось і я! Што, прычэкаўся мяне? Дык ніяк не магла раней прыбегчы... Трэба было у дарогу зьбірацца... Ведаеш, бацькі пасылаюць мяне у горад на службу!

Стасюк (спалохаўшыся). Што ты кажаш!

Ганулька. Але... Ды заўтра ужо раніцай трэба ехаць. Якраз заўтра бацька едзе да мястэчка на кермаш, ён падвязе мяне на станцыю, а адтуль я ўжо адна паеду на чыгунцы да места.

Стасюк (як выж.) На што да места?! на якую службу?

Ганулька. Панам, каторыя тут маюць маёнтак, патрэбна пакаёўка, і яны хочуць узяць мяне... Вось радасьць! буду па чыстых пакоях хадзіць, на мягкіх крэслах сядзець, лёгкую работу рабіць!.. Ах, Стасюк, як мне хочацца да места!.. Ты дурны - ты ня ведаеш, што гэта значыць... Ты ніколі там ня быў, а я раз адзін была. Дамы тамака вялікія, вялікшыя за нашы касьцёлы ды мураваныя! А людзей жа там шмат! і ўсе бягуць-бягуць, кудыйсьці сьпешаюцца ажно сьмех бярэ.

Стасюк (сумна). А мяне пакінуць табе нічагусенькі не шкада?

Ганулька (ня шчыра). Шкада, Стасюк, але нічога не парадзіш, калі бацькі пасылаюць мяне туды.

Стасюк. Я бачу, што і сама ты гэтага вельмі хочаш.

Ганулька (трохі злостна). Дык што? Хачу, ці не хачу - ехаць трэба.

Стасюк. Калі-б ты не захацела, то і не было-б трэба.

Ганулька. А што-ж мне тутака рабіць? Усё жыцьцё тутака сядзець, марнаваць сваё жыцьцё тутака?! Мне хочэцца жыць інакш.

Стасюк. Вось як! Значыцца, тое, што ты калісь казала, што любіш мяне - гэта непраўда. Непраўда, калі цяпер ты гэтак з лёгкім сэрцам кідаеш мяне на заўсёды!

Ганулька (ня шчыра). Ды не на заўсёды! Вось прыеду тутака можа у другое летка - тагды ізноў пабачымся.

Стасюк. Так доўга гэтага чэкаць! Я-ж хіба тут памру с тугі па табе!.. (раптам). Ганулька! і я паеду с табой да места!

Ганулька. Дурны ты! Што-ж ты тамака рабіць будзеш?

Стасюк. А буду вось жывёлу пасьвіць, як і тут.

Ганулька. Дурны Стасюк! Там пастухоў няма. Няма тамака ні палёў зялёных, ні гэтых горак, ні лясоў - ды сонейка інакш тамака сьвеціць...

Стасюк (здзівіўшыся). Няма? Дык як-жаж людзі там жывуць?

Ганулька. За тое іншых пекных рэчаў там ёсьць шмат. Крамы там з вялікімі-вялікімі вокнамі, а за шыбамі розныя пекныя лежаць матэрыі... А людзі там ходзяць усе такія выэлегантаваныя, у бліскучых боціках, на галовах капялюшы дзіўныя, а паненкі, у калеровых едвабях ды атласах.

Стасюк. І дзеля гэтага кідаеш ты мяне?.. (бярэ з зямлі вянок). У гэтакім вяночку на галаве ты для мяне прыгажэйшая за найпрыгажэйшую паненку у капялюшы... (кладзе ей на галаву вянок). Чакай... надзену на галованьку тваю і будзеш выгледаць як каралеўна.

Ганулька. Стасючок мой міленькі!.. (цалуе яго).

Стасюк (абыймае яе). Так добра тут! Тут сонцо сьвеціць ясна, тутака птушкі так весела пяюць, а калі ты пры мне, здаецца, што вось-вось неба адчыніцца перэда мной, - так добра мне, так шчасьліў я!.. А ты цяпер пакінуць мяне хочаш так бяз жалю, назаўсёды!..

(пяе):

Так хораша, добра жылося
У вёсцы нам родненьнай той,
Шумелі у полі калосься,
А мы йшлі, абняўшысь, мяжой.
Цябе мо ужо не пабачу,
Калі цяпер кінеш мяне,
Ганулька, мей літасьць, я плачу,
Бо надта люблю-ж я цябе...
Ганулька (пяе):
Нямашака рады на гэта,
Калі так казалі бацькі;
Бог дасьць на другое мо лета
Пабачыш мяне ізноў ты.
І мне баліць сэрцо так сама,
Павер-жа, саколік ты мой,
Што-ж зробіш, вось бацька і мама
Казлі растацца с табой.

(гаворэ): Будзь супакойны, Стасюк! Я буду памятаць аб табе і буду заўсёды цябе любіць... Але трэба ўжо сьпешацца, у хаце чакаюць мяне. Бывай здароў! (цалуе яго). А вяночак я засушу і схаваю у куфэрку і, глянўушы на яго, буду ўспамінаць цябе.

Стасюк (с прозьбай у голасе). Памятай аба мне!

Ганулька. Буду, буду заўсёды памятаць! (падаюць сабе рукі і разам пяюць).

Клянусь табе на захад сонца,
Клянусь табе шумам палёў,
Любіць цябе буду да гробу,
Сустрэчы чакаючы йзноў.
Памятаць цябе я буду
Заўсёды праз усё жыцьцё,
Ніколі цябе не забуду,
Ты яснае сонцо маё.

Ганулька (гаворэ). Ну бывай здароў... Бягу ужо! (скора выбегае).


ЗЬЯВА IV.

Стасюк (адзін).


Стасюк. Ганулька! Чакай! Яшчэ хвіліну!.. (паўза). Пайшла! Пайшла і можа ўжо ня вернецца! Ніколі.. можа ўжо ніколі... О, якое-ж гэта страшное слова! (сядае на камені). Ганулька! Як-жаж я цяпер жыць буду без цябе!.. (пачынае плакаць).


ЗЬЯВА V.

Стасюк, хлопцы і дзеўчаты.


За сцэнай чуваць пеянье хору, пасьля праходзяць праз сцэну, сьпеваючы, хлопцы і дзеўчаты с косамі і граблямі.


1-ая дзяўчына (да іншых). О! гляньце! Стасюк плача.

1-ы хлапец. Стасюк! Чаго зажурыўся?

2-і хлапец. Стасюк! пара жывёлу да хаты ігнаці!

2-ая дзяўчына (жартуючы). Стасюк! Авечку воўк панес! Ха-ха-ха!.. (Усе са сьмехам выходзяць і пяюць. Песьня памалу заціхае).


ЗЬЯВА VI.

Стасюк, Анелька.


Анелька (уходзіць, спагадліва). Стасюк! Даражэньні мой! Не плач! не плач!..

Стасюк (праз сьлёзы). Ідзі! Ідзі, Анелька, да хаты... Кінь мяне.

Анелька Стасюк! Я табе памагу сагнаць жывёлу с поля... Добра?

Стасюк Чаму ты такая... добрая для мяне Анелька?

Анелька. Бо я... бо я.. (пачынае плакаць).

Стасюк. Чаго-ж ты? Кажы.

Анелька (закрываючы вочы). Бо я... Калі я саромлюся сказаць...

Стасюк (глядзіць на яе зьдзівіушыся дый нічога не разумеючы).


Заслона.

АКТ II.

Дэкарацыя такая-ж самая, як у 1-м акце. Праз нейкі час на сцэне нікога нямашака. Чутно ігру на дудцы. Пасьля ўходзіць Стасюк з дудкай у руцэ.


Стасюк (адзін).


Стасюк (сэнтымэнтальна). Вось ужо год прайшоў, другое прыйшло летка!... Так сама сонейка сьвеціць на захадзі, як тагды... Вось тое самае мейсцо, дзе ў апоші разок бачыў яе, дзе вяночак с кветак сплёў... Вось год прайшоў, а яе як няма, так няма. Дзе яна? Што думае? Ці часта мяне ўспамінае?...

(пяе):

Да цябе ўздыхаю,
За табой сумую.
Калі-ж я пабачў
Ганку дарагую!
Зацьвітаюць кветкі,
Так як і калісьці,
а душэнька сумна,
як дрэва бяз лісьці.
Сонцо сьвеціць ясна,
як калісь сьвеціла, -
птушачкі пытаюць,
дзе-жа твая міла?
Птушачкі сьпіваюць,
як калісь пеялі...
Прадала дзяўчына
сэрцо за каралі!..

(сядае на камені і пачынае іграць на дудцы).


ЗЬЯВА II.

Стасюк, Цыганка.


Цыганка (уходзіць). Чаго сумны, хлапец? Чаго зажурыўся, маладзец? Хочаш - паваражу табе, усю праўду будзеш ведаць! Хочаш з рукі, дык з рукі, хочаш с карт, дык с карт, ўсю праўду скажу, нічога не затаю... Катора дзяўчына цябе любіць, катору ты, малец, любіш, - ўсё ведаю, ўсё скажу... Хочаш, паваражу...

Стасюк (працягівае даяе далонь). Варажы.

Цыганка (разглядаючы руку Стасюка гаворыць манотонна, сьпеўна). Жыць будзеш доуга... аж да сьмерці. Калі-ж прыйдзе пара памерці, жыцьця, ня будзеш праклінаць, бо шчасьце ў жыцьці будзеш-знаць, - бо вельмі шчасьліў будзеш ты!.. Эх!.. не маркоцься, ня тужы! Вось гэта лінія, што ідзе тут у права на тваей руцэ, гэта якраз на то указ, што вельмі будзеш ты багат, мець будзеш многа зямлі, хат, у цябе будзе ўсяго шмат!.. Эй, не маркоцься-жа, Стасюк! на што? - ня трэба гэных мук! на што журыцца без патрэбы.

Стасюк. Дзе цяпер Ганулька?

Цыганка. А... дзе дзяўчына твая? - дык яна блізка адсюль, надта блізка адсюль, надта блізка, ні раз я навет варажыла ей...

Стасюк (ускочыўшы). Дзе яна? Дзе?

Цыганка. Пачэкай-жаж! Дай-жэ мне за варажбу...

Стасюк (выймае зза пазухі вузелок з грашыма і кідае цыганцы). Вос ўсе, што маю... Бяры! і кажы мне, дзе яна?

Цыганка (хаваючы грошы). Я ўжо для цябе буду старацца... Калі хочаш, дык навет любчыку дастану.

Стасюк (я. в.) Кажы мне: дзе яна?!

Цыганка. Блізка... Яна ў паноў ў маёнтку. Нідаўна яны прыехалі з места. А калі хочаш, дык я... (гледзячы ў даль). Чакай!.. вось здаецца... Але! гэта яна! Вось там, глядзі! каля лесу Ганулька йдзе...

Стасюк (прыгледаючыся). Што? дзе? Гэта-ж якаясь пані!

Цыганка. Хэ-хэ! Гэта яна. Вось схавайся там за гэты куст, а я зманю яе і прывяду сюды, не кажучы нічога, што ты тут... (выходзе).


Зьява III

Стасюк (адзін).


Стасюк. Не разумею... Ці-ж можа быць! Гэта не яна... Гэтая ведзьма пэўне брэша... О, Божэнька ты мой! сэрцо бьецца быццым у клетцы птушка... Страшна мне!.. А вось цыганка ўжо падыходзіць, клічэ яе... ўжо каля яе... гавора нешта... А вось ўжо йдуць! Сюды йдуць! Трэба схавацца! (хаваецца за кулісу).


Зьява IV.

Цыганка, Ганулька (ў мястовай вопратцы).


Цыганка (ідзе наперад). Хадзі, мая харошая, сюды, хадзі - паваражу табе. Дай толькі ручку беленьку сваю... А можа хочаш с карт? - дык с карт... Ня бойся цыганкі ты, хадзі-ж хутчэй са мной сюды...

Ганулька (ўходзе за цыганкай).


Зьява V.

Ганулька, Стасюк.


Стасюк (выбегае, радасна). Ганулька! Вось і я! ізноў каля цябе Даўно ты тут? Чаму-ж вестачкі ніякай не дала?

Цыганка (хітра сьмеючыся ціха выходзе).

Ганулька. Ня чапай мяне! Што было, тое прайшло! Таго, што было, болей ня будзе! (хоча ісьці)

Стасюк (затрымлівае яе). Ганулька! Чаму?

Ганулька. Пусьці мяне!.. Бо так хачу!

Стасюк. Ты-ж так-рок інакш казала. Ці-ж ты ўжо забылася?

Ганулька. Чаго хочаш? Я-ж выразна кажу: што было, болей ўжо ня вернецца... ня люблю я ўжо цябе!

Стасюк. Ганулька! за што ты крыўдзіш, за што ты мучаеш мяне? Чаму ты такая? Гэта хіба жарты? Хіба ізноў ўсё будзе, як было.

Ганулька. Не!

Стасюк. Чаму?

Ганулька. Бо іншай стала я цяпер. Раней я была мужычка, так як ты. Цяпер я - паненка, а ты - мужык, пастух. Ты мне ўжо не пара. Мне быў бы сорам знацца цяпер с табой.

Стасюк (горка). Але. Я бачу, што ты іншая цяпер. Інакш ты апранута, - паненка, і разам з опраткамі і душа твая перамянілася... Паганай стала цяпер душа твая!

Ганулька. Як ты паважыўся!.. Гэта ты паганы, дурны мужык!

Стасюк. Як ўсё гэта зрабілося! як сталося, што ты праз год так перамянілася?! Зачараваў цябе хто, ці што!

Ганулька. Ніякіх тут чараў няма. Я, жывучы ў месьці, папрабавала іншага жыцьця і з мужыкамі ўжо болей жыць ня буду! Я ўжо не тая самая, што раней была. Ты павінен выкінуць з галавы усё, што між намі было.

Стасюк (пяе):

Ганулька, я хіба здурэю,
За што столькі мук задаеш!
Любіць цябе я ўжо ня сьмею,
Бо ты як паненка жывеш.
Ты шчасьцем напоўніла душу,
Ты рай мне калісьці дала, -
Забыць цяпер гэта ўсё мушу,
І шчасьця ўжо болей няма.

Ганулька (пяе):

Дарма мне гаворыш ўсё гэта,
Любоў быццым сон ўжо прайшла,
У мяне зусім іншая мэта,
Бо шчасьця мне зорка ўзайшла.
Цяпер у пакоях жыву я,
Інакш апранаюсь цяпер,
І вёска мяне ніякая
Не звабіць жыць у хаце, павер!

(гаворэ): А каб яшчэ кахацца ў пастуху!.. Ха-ха!.. Сьмех дый толькі! Ці-ж я магу любіць якогась дурнога Стасюка, калі у месьці да мяне панічы залецаюцца! - Ха-ха-ха!.. (іранічна сьмяецца і выходзе)


Зьява VI.

Стасюк (адзін).


Стасюк

Вось чакаў яе!.. Чакаў, як раса сонца... Праз цэлы год толькі аб ёй аднэй думаў, ўва снах сваіх толькі яе адну бачыў, не глядзеў навет на іншых дзяўчат, бо ёй аднэй аддаў сваё сэрцо, ўсе свае думкі, - а яна вось як!.. Я пастух, я - дурны Стасюк, я - для яе не пара!.. О, Божа мой! што-ж я вінаваты, што я радзіўся ў вёсцы! О, чаму-ж я не мястовы паніч!.. О, як страшэнна горка, сумна ў душы!.. Ці варта далей гэтак жыць? - Э, лепш ужо зусім няжыць, ніхай ўжо раз уся бяда, усе мукі скончацца!. (глядзіць ў кулісу). Вось бачу там, пры дарозе стаіць бяроза... Каханенькая! Яна сумна апусьціла ў ніз свае галіны, яна так сама можа маркоціцца, што доля судзіла ей аднэй расьці пры дарозе, аднэй, без пацехі, без вясельля, чакаючы толькі, калі пярун расшчэпіць яе на дзьве паловы, або малец-ласун выпусьціць з яе сокі!.. Бярозанька мая сумненькая! ты адна і я адзін. Мы с сабой шлюб возьмем! (адпярэзаецца). Во павешуся на аднэй с тваіх галін, а ты мяне прыгалубіш, цалуючы мой твар сваймі зялёнымі лісточкамі... І гэтакі канец будзе... (хочэ бегчы. Пры апошніх яго словах ўвайшла Анелька. Стасюк яе не бачыў. Анелька раптам хавае Стасюка за руку).


ЗЬЯВА VII.

Стасюк, Анелька.


Анелька. Стасюк! што ты хочаш рабіць?!

Стасюк (вырываючыся ад яе). Пусьці!..

Анелька (гавора скора). Мой бедненькі! мой залаценькі! Кінь гэта... ня трэба!.. Я табе ўсю праўду скажу: Ганульку ня трэба любіць... яна цябе ніколі не любіла... Яна заўсёды толькі сьмеялася с цябе... Я ня раз чула, як яна паміж дзяўчат сьмеялася ды жартавала с цябе, называючы цябе: дурны Стасюк... Спытайся: усе гэтае самае скажуць...

Стасюк. А... на што-ж ты усё гэта цяпер мне гаворыш?

Анелька. Бо... бо... я люблю цябе, саколік мой! Даўно ўжо люблю і мучылася... Нічога не казала, бо ты любіў яе - Ганульку. Ажно цяпер не стрывала... Стасюк! мне нічога ня трэба. Ты ня любі мяне, нічога не кажы да мяне, толькі кінь самагубную думку і пазволь ад часу да часу хаця здалёчку глядзець на цябе, саколік мой!

Стасюк (абыймае яе). Анелька!..

Анелька (лёгка адпіхаючы яго). Ня трэба, не, ня трэба, Стасюк! Ты-ж мяне ня любіш, дык на што?..


За сцэнай удалёк хор пачынае пеяць.


Стасюк. За сэрцэйка твае галубінае, за душу тваю шчырую, за вочы твае сумненькія - люблю цябе мая Анелечка!

Анелька (з радасьцю). Ах, Стасюк! ці-ж гэта праўда?

Стасюк. Праўду казалі, што я дурны. Я быў дурны, бо, бачучы цябе што дня, толькі цяпер палюбіў цябе... Чуеш, Анелька, там людзі пяюць песьню, сваю песьню, каторую іх бацькі і дзяды пеялі... Яны не адрэкаюцца ні ад сваёй песьні, ні ад сваёй вёскі... Вось будзем, Анелька, усё жыцьцё жыць тутака на нашым родным загоне, будзем разам глядзець на захад нашага сонца, будзем нашы вясковыя вопраткі насіць, нашы простыя песьні пеяць... Нам ня трэба чужога, калі нашае роднае так сама прыгожае, а мо і прыгажэйшае за чужое. Будзем тут свой век дажываць, любіць адзін аднаго і любіць сваю родную зямельку, як родную маці... Пойдзем, Анелька, да людзей, разам з імі песьню пеяць і расказаць усім аб нашым шчасьці... Пойдзём, мая ты - пахам сенажаці, шопотам кветак пры захадзі сонца па пасватаная!..

Анелька (туліцца да яго). Пойдзем, Стасюк!.


Памалу сыходзяць. Песьня за сцэнай робіцца галасьнейшай. Памалу зачыняецца заслона.