Байкі [Кандрат Крапіва] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Кандрат Крапіва Байкі

Дыпламаваны баран

Ў адным сяле (не важна — дзе)
Хадзіў Баран у чарадзе.
Разумных бараноў наогул жа нямнога,
А гэты дык дурней дурнога —
Не пазнае сваіх варот:
Відаць, што галава слабая.
А лоб дык вось наадварот —
Такога не страчаў ніколі лба я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сцену — бух!
У іншага дык выскачыў бы й дух,
А ён — нічога.
I вось за дурасць гэту
Яго вучоным раз празвалі нейк насмех,
А каб двара не перабег,
На шыю прывязалі мету.
— Вось, — кажуць, — і дыплом табе.
Што гэта за «дыплом», Баран — ні «мя», ні «бэ»,
Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца:
— А што ж ты думала, сястрыца!
Хіба мне пахваліцца няма чым?
Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою,
I не раўнуйся ты са мною.
— Аб гэтым лепей памаўчы,—
Сказала яму Кошка.—
Каб ты быў разумнейшы трошка
Ды розумам раскінуць мог авечым,
То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,
Бо заслужыў ты свой дыплом
Не галавой, а лбом.
Другі баран — ні «бэ», ні «мя»,
А любіць гучнае імя.

Ганарысты парсюк

Бывае, праўда вочы коле…
Раз гнаў пастух свіней у поле.
          Адзін вялізарны Парсюк,
          Які абегаў вёску ўсю,
За раніцу абшнырыў завуголле,
Цяпер такі меў выгляд важны,
Што носа не дастаць і сажнем —
Вышэй за ўсіх ён сам сябе лічыў,
          А што ў самога на лычы,
          Не бачыў гэтага, аднак.
          І вось адзін тут Падсвінак,
          Які заўважыў бруд раней,
І кажа: — Дзядзечка, твой лыч у брудзе!
Нязграбна гэта й між свіней,
          А што ж, калі заўважаць людзі?
Парсюк наставіў хіб, Парсюк раз'юшан:
— Цераз цябе я чырванець прымушан!
Такое мне сказаць асмеляцца нямногія,
          Дык гэта ж — дэмагогія! —
Парсюк наш лаецца — не дараваць клянецца:
— І месца мокрага, — крычыць, — не застанецца!
          Ты мой свінячы гонар закрануў! —
          І так ён Падсвінака грызянуў,
          Што той за сажняў пяць адскочыў.
          Парсюк не надта быў ахвочы
          Глядзецца праўдзе ў вочы.

Махальнік Іваноў

Таму ўжо будзе, мусіць, з год,
Вучэбную стральбу праходзіла пяхота.
Дык вось страляў аднойчы ўзвод
Ці, можа, нават рота.
А тут раптоўна Шэф вярхом аднекуль — шасць:
Цікава паглядзець, а як страляе часць?
Ці вока вернае, ці цвёрдая рука
Ў чырвонага стралка?
Зайгралі «пападзі»,
Гарыць чырвоны флаг.
Стралкі — на лінію. Ляглі ўсе па упорах.
Вось выстраліў адзін,
Вось разам — пах-пах-пах!
I лезе ў нос, і дражніць востры пах
(Калісьці Шэф таксама нюхаў порах).
Вось скончылі. Адбой.
Начальнікі здаволены стральбой:
Той тры папаў, той пяць.
Ахвота тут і Шэфу пастраляць.
Ён пяць патронаў у кішэнь,
Нагледзеў лепшую мішэнь,
Прылёгшы на упор,
I стрэльбу да пляча прыпёр.
Зажмурыў вока — бах! Пад носам землю ўзрыла.
Другі раз. Гэта ўбок завыла.
Яшчэ за імі тры,—
Усе «за малаком».
— Ах, чорт вас пабяры! —
Злуецца Шэф цішком.—
Хоць бы адну папаў, а то скандал страшэнны!
Але махальнікі падходзяць да мішэні,
Давай яму махаць
(У іх быў добры нюх):
Дзве, тры, чатыры, пяць!
У самы, значыць, круг.
Шэф хоча вынікі другім праверыць разам,—
Махальнікаў назначыў зноў жа тых
I ўзяў патронаў… халастых.
Дык што ж вы думалі? — ніводнай не прамазаў.
Як далажыў махальнік Іваноў:
«У цэнтру самую ўсе пяць загналі зноў».
І дзіва дзіўнае было там цэлай часці,
Што можна з халастых ды «ўсе пяць куль» папасці.
А ваенком дык Іванова нават пахваліў:
— Ты, — кажа, — Іваноў, сапраўдны падхалім.
У падхалімаў так вядзецца век-вяком!
Ці б'е начальства ў цэль, ці шле «за малаком»,
Ды знойдуцца заўсёды Івановы,
Што памахаць яму гатовы.

Асёл Ісуса Хрыста

Калi ўязджаў Iсус Хрыстос
У Iерусалiм
Асёл яго на спiне вёз,
Натоўп iшоў за iм.
Крычаў 'асанна' у хвалу
Збавiцелю свайму,
I ў галаву прыйшло