Студэнты апошняга курса [Уладзімір Дамашэвіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір ДАМАШЭВІЧ


СТУДЭНТЫ АПОШНЯГА КУРСА


Сустрэча на праспекце

Рэдка калі так здараецца, што на пачатку мая вясна ўбярэцца ў поўную сілу. А тут ужо два апошнія тыдні красавіка выдаліся цёплыя, з туманамі, якія часам віселі да паўдня, і цяжка было адгадаць, пойдзе дождж ці распагодзіцца. Але пасля абеду паказвалася бледнае і няяркае сонца, туман паступова прападаў, і такая цяплынь апаноўвала зямлю, што яна на вачах зелянела, налівалася сокамі, рабілася пульхнай, і ўсё жывое на ёй прачыналася пасля цяжкага зімняга сну, расло, давала пачатак новаму жыццю.

А ў горад вясна прыходзіла яшчэ, здаецца, раней, чым у вёску.

Як памятае Русіновіч,— дваццаць вёснаў сустракаў ён у вёсцы — там вясна доўгая, марудная, часам надакучлівая: пакуль растане, пакуль падсохне, а пакуль яшчэ зазелянее! А тут снег вывозяць за горад на машынах, ломікамі сколваюць лёд, зграбаюць смецце,— ідзі, вясна жаданая! На газонах і клумбах садзяць кветкі з цяпліц. Глядзіш — і дрэвы ўжо гатовы распусціцца... А прачнешся аднойчы раніцай, глянеш на таполю і вачам не верыш — зялёная!

Сёння другога мая, а ліпы на праспекце ўжо стаяць убраныя ў далікатныя зялёныя сукні, стракацяць празрыстымі свежымі лісточкамі, і ў паветры, як у лесе, вісіць нязвыклы, зялёны пах вясны.

Другога мая — яшчэ свята, і людзей на праспекце так многа, што не размінуцца.

Русіновіч ішоў па вуліцы ў густой людской плыні. Насустрач, як жывая рака, рухаліся людзі — парамі, групамі, па адным.

Панаваў вячэрні паўзмрок, загарэліся лямпачкі ілюмінацыі. Была тая прыемная пара змяркання, калі здаецца, што ты бачыш усё, а цябе ніхто не бачыць, і таму адчуваеш сябе вольна, раскута.

Паўгадзіны назад Русіновіч уцёк з інтэрната на Нямізе, дзе студэнты-аднакурснікі наладзілі невялікую вечарынку. Ён непрыкметна вышмыгнуў з накуранага пакоя і рашыў прайсціся па горадзе. Сам сабе ён смяяўся з таго, як там яго будуць шукаць і лаяць, а пасля завадатар усяе кампаніі Ярошка скажа: «Ну яго к чорту з гэтым Старым. Нам больш будзе. Пачынайма!»

Чамусьці ўсе называлі яго Старым: мо за разважлівасць, мо за павольнасць і флегматычнасць. Ён не крыўдзіўся, бо сапраўды — што тут такога?

Мянушкі вяліся спрадвеку, з іх пайшлі многія прозвішчы, і яшчэ цяпер тое прозвішча, глядзіш, як прыліпла да чалавека.

У Белага бледны бяскроўны твар, бялявы чуб, а Сіняковіч — барвовы, аж сіні з твару, чорныя да сінявы валасы. Быстрык — той сапраўды, бы жывое срэбра,— рухі хуткія і дакладныя, шпаркая мова, ён нібы не ходзіць, а лётае. Размысловіч — непаваротлівы, павольны ў гутарцы, схільны да філасофскай развагі. Здараецца, праўда, і зусім іншае. Хто скажа, чаму Гладкі худы, як жэрдка, а Бусел — нізенькі і тоўсты, як вяпрук, чаму Мурашку выгнала ўгору, як бярозу ў гушчары, а Шмыга рос нібы ўшыркі?

Свяцілі гірлянды лямпачак, блішчалі сотні акон, яркія фарбы стракацелі ў вачах. А над усім гэтым было цёмнае-цёмнае, без адзінае зоркі, неба.

Ды праспект меў свае межы — агні паступова радзелі, бляднелі, потым зусім прападалі. Русіновіч ведаў, што, прайшоўшы метраў са дзвесце ад прамога, як страла, праспекта, убачыш тое, чаго сёння не хацелася бачыць: руіны, шкілеты дамоў, што глядзелі на свет мёртвымі вачніцамі акон.

Страшны напамінак нядаўняга мінулага, яны як быццам нехаця саступалі месца новым камяніцам — нібы знарок, каб людзі не забывалі, што такое вайна.

Але ўсё гэта было там, у цемры, нібы за гарызонтам, а тут...

Машыны не ходзяць. На скрыжаваннях вуліц — тлум, цесната: іграюць вайсковыя духавыя аркестры, танцуюць пары.

Русіновіч — не танцор, ён больш любіць паглядзець, як танцуюць другія: гэты вясёлы занятак прыемна назіраць збоку.

Танцуюць пераважна маладыя, найбольш дзяўчына з дзяўчынаю, мільгаюць вайсковыя кіцелі і фуражкі, многа рабочай моладзі, студэнтаў. У адных на тварах абыякавасць, у многіх — сур’ёзнасць, нібы яны робяць вунь якую важную справу. А ёсць танцоры вясёлыя, бясклопатныя, з белазубымі ўсмешкамі, з іскрамі ў вачах. Але такіх менш...

Пастаяўшы крыху, Русіновіч ідзе далей.

Так ён снаваў з гадзіну ці болей і раптам, пераходзячы вуліцу, нос у нос сутыкнуўся са сваімі хлопцамі — з Мальцам, па мянушцы Пяхота, і Рамашкам. Малец быў на адным курсе з Русіновічам, а Рамашка вучыўся на фізмаце; некалі, яшчэ на першым курсе, яны жылі ў адным пакоі. Побач з хлопцамі ішлі дзве невысокага росту дзяўчыны, неяк дзіўна падобныя адна на адну. Дзяўчаты ішлі ў сярэдзіне, хлопцы — па баках.

Малец быў хударлявы, рослы хлапчына, не надта прыгожы, але прыемны з твару. Як былы франтавік, ён яшчэ не разлучаўся са сваёю суконнай гімнасцёркай. На грудзях у яго красавалася планка з ордэнам і трыма медалямі. Левае плячо ў Мальца было прыкметна ніжэй за правае — у вайну разрыўною куляй