Студэнты апошняга курса Автор: Уладзімір Дамашэвіч Жанр: Советская проза https://clib.me/b/468912-uladzimir-damashevich-studentyi-aposhnyaga-kursa Русіновіч ішоў па вуліцы ў густой людской плыні. Насустрач, як жывая рака, рухаліся людзі — парамі, групамі, па адным. Панаваў вячэрні паўзмрок, загарэліся лямпачкі ілюмінацыі. Была тая прыемная пара змяркання, калі здаецца, што ты бачыш усё, а цябе ніхто не бачыць, і таму адчуваеш сябе вольна, раскута. Паўгадзіны назад Русіновіч уцёк з інтэрната на Нямізе, дзе студэнты-аднакурснікі наладзілі невялікую вечарынку. Ён непрыкметна вышмыгнуў з накуранага пакоя і рашыў прайсціся па горадзе. Сам сабе ён смяяўся з таго, як там яго будуць шукаць і лаяць, а пасля завадатар усяе кампаніі Ярошка скажа: «Ну яго к чорту з гэтым Старым. Нам больш будзе. Пачынайма!»