Журба мая светлая [Зіновій Прыгодзіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Зіновій Прыгодзіч


Журба мая светлая



СТУДЗЕНЬ

Упершыню сустрэў Новы год у горадзе, далёка ад дому.

Сабраліся ў інтэрнаце, у нашым васемнаццатым пакоі, - Мікола Верас, Алесь Шульга, Кандрат Бугаёў, Міхась Заранок, Валодзя Баравы, я ды яшчэ двое дзяўчат з другога курса, якіх запрасіў Алесь.

Каб было трохі вальней, адзін ложак разабралі і стол паставілі бліжэй да акна, якое мы яшчэ днём упрыгожылі пахкімі яловымі лапкамі, сняжынкамі з паперы.

Дзяўчаты былі незнаёмыя. Я бачыў іх першы раз, але мне яны спадабаліся. Асабліва меншая, чарнявая - Галя. Трымалася яна вельмі натуральна, свабодна.

Другую дзяўчыну звалі Ларысай. Спачатку я нават добра не разгледзеў яе, бо як толькі яна зайшла, Алесь адразу кінуўся да яе, пасадзіў на свой ложак, і яны загаварылі аб нечым сваім.

Галя памагла нам сабраць на стол. Выходзіла ў яе ўсё хутка, спрытна - я аж залюбаваўся. Паставіўшы апошні сподак, яна яшчэ раз акінула стол крытычным вокам і сказала:

- Ну, вось цяпер можна і віно ставіць.

Кандрат з гатоўнасцю дастаў з шафы аб'ёмную, набітую пляшкамі сумку. Убачыўшы яе, Галя ажно рукамі ўспляснула:

- Хлопчыкі, вы што? Ды тут жа на цэлы інтэрнат хопіць!

Кандрат задаволена рагатнуў:

- Запас бяды не чыніць.

Пакуль расстаўлялі бутэлькі, адкаркоўвалі шампанскае, у рэпрадуктары пачуўся знаёмы гул Краснай плошчы, і вось святочна-ўрачыста зайгралі куранты.

- Хлопцы, бакалы! Хутчэй! - Алесь узяўся разліваць пеністае шампанскае ў падстаўленыя шклянкі, кубкі.

Мы паднялі напоўненыя бакалы, і ў гэту хвіліну я адчуў, як сэрца маё нечакана агарнуў ціхі сум. Адыходзіў яшчэ адзін год, дзевятнаццаты, у маім жыцці. Яшчэ колькі секунд - і я пераступлю мяжу, за якой пачынаецца новы, нязведаны адрэзак часу. Усё, чым жыў, чаму радаваўся, засмучаўся да гэтага моманту, застанецца раптам ззаду, у кароткім журботным «летась»... І ўжо не вернешся, не паправіш зробленага не так, не запоўніш змарнаваных па сваёй ляноце дзён...

- Ну, што трымаеш, Жэня!

Я ачнуўся ад сваіх думак, пачокаўся разам з усімі і сказаў:

- Давайце вып'ем за мінулы год. За тое, што мы сталі студэнтамі.

Потым былі тосты яшчэ - і за Новы год, і за поспехі на экзаменах, і за нашых дзяўчат, і за студэнцкую дружбу.

Недзе а трэцяй гадзіне мы рушылі ў вестыбюль, дзе ўжо іграла музыка, чуваць была шумная, бязладная гамана.

Я танцаваў з Галяй.

  * * *

Ніколі, здаецца, не бачыў такога гультая, як наш Кандрат Бугаёў. Ён лянуецца нават прынесці сабе хлеба. Будзе ісці дадому і нізавошта не зойдзе ў краму, калі тая на другім баку вуліцы. У пакоі ж можа праляжаць цэлыя суткі, а за кіпнем у кубавую не сходзіць.

Кандрат, бадай, адзіны сярод нас, хто з першага дня не піша канспектаў. На заняткі ён ходзіць з адным-адненькім блакнотам, які свабодна ўмяшчаецца ў кішэні і ў якім Кандрат на лекцыях звычайна накідвае чарнавікі сваіх любоўных пасланняў.

Дзесьці ў раёне, у якім ён працаваў да арміі, у яго быццам ёсць дзяўчына, і ён цяпер строчыць ёй доўгія пісьмы і нават прысвячае вершы. Цікава было б пачытаць гэтыя вершы! Але як мы з Валодзем Баравым ні падлабуньваліся да яго, каб паказаў хоць адзін, - не паказвае.

У бібліятэках Кандрат не бывае. Колькі мы вучымся - ні разу ніхто не бачыў яго ні ў «Ленінцы», ні ў «Купалаўцы». Прыходзіць з заняткаў, завальваецца на ложак і пачынае расказваць Алесю пра свае амурныя прыгоды.

З яго ляноты мы заўсёды смяёмся. Вось і ўчора мы наладзілі Кандрату яшчэ адно выпрабаванне. Як толькі ён заснуў, адчынілі насцеж фортку, а самі, накінуўшы на сябе паверх коўдраў яшчэ паліто, пачалі чакаць - што ж будзе? Праз паўгадзіны ў пакоі стала хоць сабак ганяй. Дзіва што - на дварэ каля дваццаці градусаў марозу! А Кандрат ляжыць пры самым акне. Устане ці не?

Спачатку ён, відаць, яшчэ сонны, заварушыўся, неспакойна заперабіраў нагамі. Потым перакруціўся на адзін бок, на другі. Нацягнуў коўдру на галаву. Не памагае! Нарэшце канчаткова прачнуўся і, зразумеўшы, што да чаго, прабубніў з-пад коўдры:

- Каму там горача? Зачыніце фортку!

Мы маўчым.

Прайшло яшчэ колькі часу. Кандрат курчыцца, сапе і, не вытрымаўшы, крычыць зноў:

- Я каму сказаў? Зачыніце фортку!

Мы ажно душымся ад смеху, але трываем, не адзываемся.

А халадэча ў пакоі ўжо невыносная! Мой ложак побач з Кандратавым, і я чую, як Кандрат ажно ляскае зубамі. Даведзены да шаленства, ён нарэшце высоўвае галаву з-пад коўдры і злосна, на ўвесь пакой крычыць:

- Зачыніце вы ці не?!

Доўга яшчэ лаяўся і круціўся на ложку Кандрат, урэшце зашыўся ажно пад матрац, але ўстаць зачыніць фортку паленаваўся.

  * * *

У нашым пакоі «навасёл» - новенькая радыёла «Рэкорд». Прыз за лепшы пакой на нядаўнім конкурсе-аглядзе.

У вестыбюлі з гэтай нагоды студсавет павесіў вялізную «Маланку», і цяпер многія ў інтэрнаце глядзяць на нас хто са здзіўленнем, хто з зайздрасцю. Адны толькі старшакурснікі пасміхаюцца скептычна і паблажліва: маўляў, нічога - самі былі такія, павучыцеся - паразумнееце...

Радыёлу ад каменданта прывалок Кандрат Бугаёў. Урачыста паставіў яе на стол і, абвёўшы нас пераможным позіркам, задаволена пацёр рукі:

- Не грэх было б і замачыць!

- Табе б толькі замочваць! Ты от спачатку здай экзамены...

Кандрат рагатнуў, даў задні ход:

- Ну ладна. Зубрыце, зубрыце...

Складаны чалавек гэты Кандрат. Недзе яшчэ на пачатку зімы ў мяне з ім адбылася непрыемная сутычка.

Насоўваліся першыя халады, аднак батарэі пакуль не грэлі, і ўначы ў пакоі было студзёна. Мёрз нават я пад сваёй шарсцяною коўдрай, якую прывёз з дому. А ў астатніх жа - байкавыя...

Прыходжу аднойчы з бібліятэкі, гляджу - замест маёй коўдры ляжыць нейкая іншая. «Што такое?» - і тут жа заўважаю сваю коўдру на Кандратавым ложку. Ляжыць ён на ёй, накрыўшы свае валасатыя ногі, ад якіх вечна цягнула потам, і пачытвае кніжку.

- Хто табе дазволіў браць чужое? - кажу я яму, ледзь стрымліваючыся. - Пакладзі зараз жа, дзе ўзяў.

Кандрат ляніва павярнуў галаву:

- Хм... Абыдзешся, салага.

Я рашуча падступіў да яго ложка:

- Ану ўставай! - і пачаў выцягваць з-пад яго сваю коўдру.

Калматыя бровы Кандрата цяжка сышліся на тоўстым чырвоным пераноссі, і ён, сапучы, падняўся.

- Я табе, салага, зараз накамандую!

І не паспеў я што-небудзь сказаць, як ён кінуў мяне на ложак і, нібы раз'ятраны бугай, наваліўся на мяне, балюча здушыў рукамі горла.

Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, калі б не ўмяшаўся Валодзя Баравы.

З Кандратам пасля гэтага мы не размаўлялі нешта з месяц. Цяпер мы з ім нібыта і паладзілі, аднак непрыемны асадак на душы застаўся...

А так у пакоі ў нас усе харошыя хлопцы. Асабліва блізка сышліся мы з Міколам Верасам. Спачатку, праўда, ён здаўся мне нейкім надзьмута-самаўпэўненым дзіваком. Першы месяц ён амаль ні з кім не размаўляў. Моўчкі ўставаў раніцай, доўга, акуратна чысціў зубы, галіўся, намазваўся ласьёнам, брыльянцінам. Пасля даставаў з чамадана кавалак вэнджанага мяса або духмянай каўбасы і нетаропка, са смакам еў. На заняткі і з заняткаў хадзіў адзін. На лекцыях засяроджана і старанна пісаў канспекты. Вечарам моўчкі клаўся спаць, павярнуўшыся тварам да сцяны.

Мяне гэта не толькі здзіўляла, але і злавала, і я не прамінаў, каб не зачапіць, не падкалоць Вераса. Памятаю, неяк вечарам Міхась усё прыставаў да яго:

- Коля, ну пойдзем у кіно, га?

Той адгаворваўся:

- Ай, што там цікавага...

- Ну пойдзем? Такі фільм!

- Не хачу.

Я не вытрымаў:

- Кінь ты, Міша. Дай лепш яму якую брашуру - хай моўчкі грызе сабе.

Мікола ўскіпеў:

- А т-табе якая справа, ш-што я раблю! Чаго т-ты лезеш у маё жыццё?

Мы тады пасварыліся, нагаварыўшы адзін аднаму шмат крыўднага, несправядлівага. А назаўтра абодва адчувалі сябе няёмка.

Пазней, калі мы памірыліся і пасябравалі, я зразумеў, што Мікола не такі ўжо і маўчун. Проста ён трохі заікаецца і таму не спяшаўся першыя дні кідацца з намі ў гаворку. Потым Верас прывык да нас, мы да яго. Паступова знікаў, быццам раставаў той ледзяны панцыр маўчання, у які ён сам сябе быў закаваў. І неяк неўзаметку Мікола стаў сярод нас першым аўтарытэтам. Ён скарыў нас усіх сваімі ведамі. Хто і аб чым толькі не пытаўся ў яго!

- Коля, ці чуў ты што-небудзь пра глыбінны гіпноз?

- Дзе ўпершыню быў распрацаваны каляндар?

І я не памятаю, каб Верас калі-небудзь сказаў «не ведаю». Даў жа Бог памяць! І калі ён паспеў так начытацца?

  * * *

Самы ўзнёслы, самы рамантычны жыхар нашай «абіцелі» - Валодзя Баравы. Прызнаны на факультэце паэт. Безупынку сыпле вершамі. А яшчэ больш смяецца. Арыгінальны ў яго смех. Вельмі ж нагадвае работу сапсаванага матора. Вось-вось, здаецца, заглухне, сціхне, але не, дзесьці прарвецца нешта, і зноў - га-га-га! - звонка, бадзёра. Потым зноўку цішэй, радзей. І от колькі ні слухаю - ніколі не магу ўгадаць, калі ён перастане смяяцца.

Міхась Заранок - мой аднагодак, усяго на тры месяцы старэйшы за мяне. Добры хлопец, шчыры, непасрэдны. Толькі вельмі ж ужо нейкі кніжны, як кажа пра яго Алесь Шульга, без сваіх думак, без сваіх поглядаў на жыццё. На ўсё ў яго гатовыя, завучаныя фразы і меркі.

  * * *

Пачалася сесія. Першае маё студэнцкае жніво. «Жніво» - з лёгкай рукі нашага выкладчыка Міхася Рыгоравіча Куліка. Сваю ўступную лекцыю па гісторыі антычнай літаратуры ён пачаў такімі словамі:

- На лекцыях мы толькі ўзорваем цаліну вашай свядомасці. Вам жа неабходна будзе з кніг узяць патрэбнае зерне і пасеяць у пракладзеныя барозны. Толькі так змогуць вырасці каласы вашых ведаў. На экзаменах жа мы будзем малаціць вас, будзем глядзець, які ў каго ўраджай.

Блізкая малацьба, аднак, радуе, здаецца, не ўсіх. Асабліва калоцяцца тыя, хто трапіў да выкладчыка ў чорны спіс за пропускі лекцый або схапіў пару па кантрольнай рабоце. І Валодзя Баравы, і Алесь Шульга, і Міхась Заранок абклаліся цяпер кніжкамі - зубраць.

Адзін толькі Кандрат Бугаёў захоўвае поўны спакой. Спіць да абеду. А вечарам сноўдаецца па калідорах інтэрната, каб дзе зачапіцца за якую дзяўчыну.

Асабліва не трывожыцца і Мікола Верас. Але ў яго іншы спакой. За ім - упэўненасць у свае сілы, штодзённая, карпатлівая праца.

А я - хвалююся таксама. І не таму, што баюся (да экзамена я падрыхтаваны), а таму, што ўсё - упершыню.

  * * *

Ідучы сёння з бібліятэкі, напаткаў Галю.

- Дзе гэта ты прападаеш, што нідзе не відаць? - папыталася яна.

- Вучу. Экзамены ж хутка.

Галя ўсміхнулася:

- Першай сесіі ўсе баяцца...

Да інтэрната было з паўкіламетра, і дарогаю мы разгаварыліся. Галя ўсё абуралася, як некаторыя адносяцца да вучобы. На лекцыі не ходзяць. У бібліятэку на вяроўцы не зацягнеш. П'юць, кураць, бегаюць па вечарынках. А з чым прыйдуць пасля да людзей?

Харошая дзяўчына, гэта Галя. Прыгожая, разумная. І здаецца, мае пэўную цікавасць да мяне...

  * * *

Здаў першы экзамен.

На душы - лёгка, радасна. І ад таго, што на адзін экзамен стала меней, і ад таго, што здаў гэты экзамен добра. Ёсць і яшчэ адна прычына маёй сённяшняй радасці.

Парог «альма матэр» я пераступіў з вельмі мізэрнымі ведамі. Што мне маглі асабліва даць у вясковай глыбіннай школе, дзе многія настаўнікі ведалі не больш за вучняў? Гамер, Сафокл, Еўрыпід, Арыстафан... Усё гэта стала для мяне сапраўдным адкрыццём. Ды што там казаць! Нават Бальзака, Шэкспіра, Гётэ і то я толкам не чытаў. А нашы ж хлопцы кожны вечар спрачаліся ўжо аб творчасці Кафкі, Рэмарка, аб філасофіі Арыстоцеля, Платона...

І мне рабілася страшна. Я адчуваў сябе такім невукам, такой нікчэмнасцю, што ў першыя месяцы думаў нават кінуць універсітэт і заняцца спачатку самаадукацыяй. Але заела самалюбства. І я ўзяўся за чытанне. Адразу пасля лекцый - у бібліятэку. На выхадны дзень забіраўся туды з саменькай раніцы і праседжваў, аж пакуль не зачынялі. Колькі я ўсяго прачытаў! Мне здалося, што за ўсё сваё жыццё я прачытаў кніг куды меней, чым за гэтыя чатыры месяцы.

Прага пазнання так авалодала мною, што мне стала цесна ў сутках. Каб можна было, я праседжваў бы за кніжкамі ўсе дваццаць чатыры гадзіны... Божа мой, колькі ж трэба працаваць, вучыцца, каб нешта ведаць, каб выбрацца з гібельнай багны невуцтва.

Першы экзамен спраўдзіў мае надзеі! Вось чаму мне сягоння так лёгка і радасна. Я бачыў, як здзіўлена і з нейкай усё яшчэ недаверлівай цікаўнасцю паглядзеў на мяне наш стараста Ігар Касцевіч, калі я, выскачыўшы з аўдыторыі, падняў угару пяць пальцаў.

Што ж, першая перамога ёсць! Галоўнае - не расслабляцца, не спыняцца на паўдарозе.

  * * *

Алесь Шульга, як звычайна, парывіста, шумна-расхрыстана ўварваўся ў пакой. З грукатам кінуў на стол канспекты, шпурлянуў на ложак шапку, шалік, пачапіў на цвік паліто і ўжо тады, тэатральна ўзняўшы руку, загрымеў сваім, бы жалезным, голасам:

- Салют салабонам!

Уткнуўшыся ў канспекты, мы ляжалі кожны на сваім ложку. На вітанне Алеся ніхто не адказаў, нават галавы не ўзняў. Не таму, што яно нам нечым не спадабалася - да раскацістых Алесевых «салабонаў», «гаўрыкаў», «гузікаў» мы ўжо даўно прывыклі, нічога крыўднага, зневажальнага ў іх не бачылі, акрамя дураслівасці і напускной зухаватасці. А не адказалі таму, што не было калі заводзіць з Алесем марную, пустую балбатню.

Аднак Шульга не настроены быў на маўчанне. З непрыемнай развязнасцю, якая выяўляецца не толькі ў яго рухах, позах, але нават у голасе, Алесь загаварыў да Вераса:

- Ну, што, Мікола, паддаецца граніт навукі? Не крышацца зубы?

- Ідзі ты! - адмахнуўся той.

- Го-го-го! - зарагатаў Алесь, але больш прыставаць да Вераса не стаў. Пахадзіўшы па пакоі, прысеў на ложак да Заранка.

- Хочаш, Міхась, я пачытаю табе вершы? - сказаў ён, пасмейваючыся, і з пачуццём прадэкламаваў: - «Постель была расстелена, и ты была растеряна, и спрашивала шепотом...»

- От жа пашляк! - Заранок у роспачы ажно адсунуўся ад Алеся.

Шульга весела зарагатаў.

- Між іншым, нічога пошлага ў гэтым няма, - сказаў ён. - Усё натуральна. Не трэба, Міхась, выдумляць рознае сентыментальнае глупства, начэпліваць на свае пачуцці непатрэбнае бліскучае рыззё. Усё гэта куды больш проста і груба. Як сказаў паэт: «По главной сути жизнь проста: ее уста... его уста...»

- Ты б хоць не паганіў чужых вершаў! Бо ўсё, да чаго ты дакранаешся, - выходзіць пошлым і пахабным.

Алесь запярэчыў і пачаў быў развіваць сваю тэорыю «свабоднага пачуцця» далей, але Верас спыніў яго і сказаў, каб ён вымятаўся з пакоя.

- Ладна, гузікі, - нехаця ўстаў з ложка Шульга, - хіба з вамі пагаворыш, кніжныя вы душы. Чао!

І ён, напяваючы сваё нязменнае «О дайте, дайте мне свободу, я свой позор сумею искупить», паплёўся ў калідор.

Што ён за чалавек, гэты Шульга? Здаецца, і не благі, разумны хлопец, а вось заўсёды з яго прэ нейкая пошласць, вечна ў яго гэта расхрыстанасць, крыўлянне, як у якога закаранелага блатнюгі. Мікола кажа, што ўсё гэта ў яго наноснае, напускное, што ён не думае так, як гаворыць, што, відаць, ён перажыў нейкую душэўную драму і цяпер хавае свае пакуты за знешняю грубасцю і цынізмам.

  * * *

Міхась Заранок атрымаў ліст ад сваёй каханай. З фотаздымкам, на адваротным баку якога напісана:

«Любаму Міхасю ад Валянціны. Хай заўжды з табой будзе маё каханне».

Хлопец аж ззяе ад шчасця.

Зайздрошчу яму і думаю пра сваё. Калі ж ужо ў мяне будзе ўсё, як у людзей? Каб проста і ясна.

  * * *

Шчасце...

Колькі мы гаворым аб гэтым, пішам, спрачаемся, часам нават з кулакамі даказваем яго існаванне, але ніхто, бадай, так і не можа канкрэтна сказаць, што ж гэта такое - шчасце?

  * * *

Усю ноч, да саменькай раніцы снілася яна.

Доўга ляжаў і думаў: што ж усё-такі ў нас з ёю выйдзе?

Згадвалася мінулае.

...У тую зіму стаялі моцныя маразы. Класы выстуджваліся ўжо з раніцы, і мы, здубянелыя за доўгі ўрок, на перапынку імчаліся хутчэй у калідор - пагрэцца ля грубак.

Асабліва нам, хлопцам, падабалася адпіхваць ад грубак дзяўчат, якія кожны раз паспявалі заняць месца першымі і пасля адчайна бараніліся, пішчалі і білі нас па чым папала, але не моцна, бо, відаць, гэта вайна падабалася і ім самім.

Аднойчы, у час такой дураслівай валтузні ў маіх руках апынулася новенькая - Надзя Апанасенка з восьмага «Б». Яна вучылася ў нашай школе нядаўна, з восені, калі бацька яе прыехаў да нас працаваць старшынёй калгаса. Але я ведаў, што многія нашы хлопцы маюць на яе вока і што Грыша Ярашэвіч, з дзесятага, ходзіць за ёю літаральна па пятах.

Баронячыся, Надзя ўперлася мне далонямі ў грудзі і пырснула смехам. На нейкае імгненне мы сустрэліся позіркамі, я ўбачыў яе прыжмурана-вясёлыя вочы, якія глядзелі на мяне гарэзліва, з нейкім выклікам, і, перш чым што падумаць, адчуў, як у грудзях маіх няроўна тарганулася сэрца і, здаецца, замерла, стаілася на імгненне...

Дадому я ішоў тою ж дарогаю, якою хадзіў заўсёды. Тою, і ўжо нейкай зусім іншаю, непазнавальна дзіўнаю і прыгожаю. Заінелыя дрэвы здаваліся мне прыбранымі ў чароўныя, іскрыстыя каралі. Снег пад нагамі гаварыў, адзываўся звонкай і радаснай музыкай. І нават сам дзень, будзённы марозны дзень, здаваўся мне незвычайна ясным, ласкавым, святочным.

Дома сядзець не хацелася, і я, укінуўшы партфель у хату, пашыбаваў з хлопцамі на сажалку, гуляць у хакей. Увогуле я ігрок неважнецкі, але гэты раз мне ўдавалася ўсё: і складаныя абводкі, і нечаканыя імклівыя атакі, і адчайныя выратавальныя кідкі пад чужую клюшку. Ніколі я яшчэ не гуляў з такім імпэтам, з такою прагаю і ахвотай. Урэшце ўмудрыўся нават забіць шайбу. Ах, як мне хацелася, каб у гэтыя хвіліны яна бачыла мяне...

Надзя-Надзейка... З гэтага дня я не мог дачакацца раніцы, каб хутчэй убачыць яе. Усе перапынкі навылёт я тырчэў у калідоры, пільнуючы, калі нарэшце выйдзе яна, тая, што стала раптам самай прыгожай, самай прывабнай з усіх дзяўчат. І яна выходзіла. Толькі я ўжо не мог, як раней, проста і блізка падысці да яе. Саромеўся. І быў шчаслівы, калі хоць здалёк яна кідала на мяне позірк...

Я яшчэ цьмяна разумеў, што адбываецца са мною, але ўсёй сваёй істотай адчуваў: у маё жыццё ўрываецца нешта зусім новае, нязнанае, агромністае і непадуладнае.

Мне ішоў тады пятнаццаты год. І гэта быў амаль пачатак майго кахання.

Сустракаліся мы не часта, а калі яна паступіла вучыцца ў педінстытут, сталі бачыцца яшчэ радзей. Аднак нават і гэтыя рэдкія спатканні канчаліся не раз прыкрымі, крыўднымі сваркамі.

Так было і ў апошні вечар.

Выклік з універсітэта я атрымаў недзе за тыдзень да пачатку заняткаў. Некаторыя са студэнтаў ужо збіраліся ад'язджаць. Перад расставаннем трэба было сустрэцца з Надзяй. Але як? У хату да яе ісці я не асмельваўся. Заставалася адно - паслаць пісьмо. І я напісаў ёй, што атрымаў выклік, дні праз два паеду ў Менск, што вельмі хачу яе бачыць і каб яна прыйшла... Вечарам... У дзевяць гадзін... Да старых ліп.

Старыя ліпы раслі непадалёку ад яе дома, на беразе калгаснай сажалкі. Месца было глухое, утульнае, і мы не раз, асабліва вясною, завітвалі сюды.

На спатканне я прыйшоў намнога раней. Нецярпліва хадзіў ад дрэва да дрэва, углядаўся ў цемень. Ці не ідзе ўжо яна, ці не чуваць яе крокаў?

Мінула дзевятая гадзіна і болей. Яе не было. Я не мог у гэта паверыць! Скора ж раз'едземся - на паўгода, столькі трэба адно аднаму сказаць... Не можа быць. Нешта затрымала яе. Яна яшчэ прыйдзе. Трэба пачакаць.

Пачаўся дождж. Ціхі, спорны, якія часта бываюць пад восень.

Я вымак да ніткі і не то ад холаду, не то ад злосці ўвесь калаціўся. Але ўпарта чакаў.

Яна не прыйшла і праз гадзіну.

Назаўтра я ад'язджаў у Менск. Можна было яшчэ дзён колькі пабыць дома, але ў дарогу мяне выгнала пякучая крыўда. Хацелася хутчэй з'ехаць з гэтых мясцін, дзе ўсё мне нагадвала пра яе. Там, удалечыні, я спадзяваўся лягчэй загаіць сваю рану.

І ўсё ж мы ўбачыліся. У самыя апошнія хвіліны, калі ўжо трэба было садзіцца ў аўтобус. Яна выйшла з крамы, несучы нешта ў сетачцы. Першым маім жаданнем было кінуцца хутчэй у аўтобус і не паказвацца. Але раптам я падумаў: а можа, у яе была якая важная прычына. Ці мала што... І я пачакаў, пакуль яна параўняецца са мною, павітаўся.

Яна здзівілася:

- Ты ўжо едзеш?

- Еду.

- Чаму так рана?

- Скажы мне лепш, чаму ты не прыйшла?

На твары ў яе адбілася лёгкая збянтэжанасць.

- Я... Мне не было калі... Я... ездзіла...

- Ездзіла! Ці проста пабаялася замачыць туфлікі?

Мне хацелася сказаць ёй яшчэ што-небудзь калючае, асабліва крыўднае, але з аўтобуса пасігналілі, і я ўзяўся за ручку чамадана:

- Ну, што ж... бывай!

Едучы ў Менск, я думаў, што век не дарую ёй. Але сэрца, якое кахае, адыходлівае. Недзе ўжо праз тыдзень я не вытрымаў і паслаў ёй пісьмо. Яна адказала адразу ж, і як мне здалося, нават з прыхаванай радасцю.

Абнадзеены, я адважыўся напісаць Надзі і папрасіць, каб яна сказала мне нарэшце пра свае пачуцці. Адказ прыйшоў няскора. Зрэшты, які там адказ! Кароценькае, сухое пісьмо: навін асаблівых няма... хаджу на лекцыі... учора была там і там... На маю просьбу - ні слова!

Больш я такіх пісем не пісаў. Але часам усё роўна не вытрымаю, прарвецца нешта ў маёй душы, нібы вясновая вада цераз плаціну, і напішу ёй усё - як я сумую тут без яе, як яна патрэбна мне, як я хачу яе бачыць. Яна ж роўна, стрымана, быццам і не чытала ўсяго гэтага, адкажа мне зноў, як заўсёды, што навін асаблівых няма... хаджу на лекцыі... Пісьмы яе яшчэ больш халодныя і раўнадушныя, чым яна сама...

  * * *

Рыхтуюся да апошняга экзамена - па расейскай літаратуры. Зноўку перачытваю Лермантава, Пушкіна, Бялінскага, Гогаля... Якія глыбіні чалавечых пачуццяў, якія вяршыні думак!

Здаецца, што ўсё гэта я адкрываю ўпершыню. Хоць у школе ж некалі многае чыталася. Але такога эмацыянальнага ўзрушэння не было.

  * * *

«Жніво» выдалася нялёгкім. Толькі цяпер, калі сесія закончылася і можна нарэшце расслабіцца, адчуваю незвычайную стомленасць, нейкую нават спустошанасць, толькі цяпер па-сапраўднаму разумею, з якім усё-такі напружаннем працаваў гэты месяц. Дзіва што: чатыры экзамены і шэсць залікаў! Дзесяць складаных, абсалютна розных дысцыплін - як дзесяць нязведаных зямель. І кожную з іх трэба было вывучыць так, каб не блукаць, каб лёгка і вольна арыентавацца ў любым кірунку.

Выкладчыкі засталіся задаволеныя нашай групай. Не было нават каму ставіць троек. Падвёў трохі экзамен па ўводзінах у мовазнаўства: адразу два завалы - у Кандрата Бугаёва і ў Толіка Крывецкага. Што ў Кандрата - дык так яму, гультаю, і трэба! А Толіка шкада. Вельмі ж харошы хлопец - ціхі, працавіты, і мо таму, што рос сіратою, нейкі заўжды журботны, пакорна-рахманы. І надта ж ужо ўспрымальны да крыўды, да несправядлівасці. Апошняе і падвяло яго на экзамене. Баючыся, што сеўшы за стол перад выкладчыкам, ён разгубіцца і саб'ецца, Толік пачаў падрабязна пісаць свой адказ - два лісты спісаў акуратным, уборыстым почыркам. Выкладчык жа западозрыў у гэтым нячыстае, забраў лісты і, прыдзірліва агледзеўшы іх, дакорліва паківаў галавой.

- Ай-яй-яй, Крывецкі... Шпаргалкамі, значыць, карыстаецеся?

- Ды не шпаргалкі гэта! - пачаў даводзіць збянтэжаны Толік.

Але выкладчык чамусьці толькі ўзарваўся:

- Кіньце выкручвацца! Як вам не сорамна: што я - не бачу?..

Крывецкі ўспыхнуў увесь, падняўся і пайшоў да дзвярэй.

- Куды вы, Крывецкі?!

Але Толік нават не павярнуўся. Гэта раззлавала выкладчыка яшчэ больш, і ён уляпіў у залікоўку «нездавальняюча».

З-за нейкай прыкрай недарэчнасці Крывецкаму могуць не даць стыпендыі. Знайшоў дзе праяўляць свой гонар!

Але зараз менш за ўсё я думаю пра сесію. І сэрцам і думкамі я даўно дома. Надзя, пэўна, ужо там. Як хочацца мне хутчэй бачыць яе!


ЛЮТЫ

Дома. Пачаліся мае першыя студэнцкія вакацыі. Пасля горада ўражанне такое, нібыта з цягніка, які ляцеў з шалёнай хуткасцю, перасеў раптам у лодку, на нерухомую ваду. Ціха вакол, пуста, глуха.

Зайшоў учора ў клуб, а там - у розных кутках - якіх чалавек пятнаццаць. Дзяўчаты захуталіся ў хусткі, сядзяць нерухома, як старыя бабулі. Недзе на сцэне аднастайна рыпае гармонік. Вакол гарманіста - купка хлопцаў. Шапкі нацягнуты на вушы. Сядзяць. Слухаюць.

На сярэдзіне залы таўчэцца некалькі пар, размерана-аднастайна, паныла, нібы работу якую адбываюць.

Многія са студэнтаў, якія прыехалі на вакацыі, чамусьці зусім не прыйшлі ў клуб. Пасядзеў я, пасядзеў, сумна стала - пайшоў дадому.

  * * *

Ідзе снег. Ціхі, густы, калматы. Халоднымі зоркамі падае на каўнер, садзіцца на шчокі, на вейкі.

Хвіліны найвялікшага спакою, самай глыбокай цішыні ў прыродзе.

На душы гэтак жа ціха і светла.

Хораша думаецца, лёгка марыцца...

  * * *

Быў на вечары сустрэчы з выпускнікамі. Пакуль рыхтавалася ўрачыстая частка, я неўзаметку пакінуў кампанію і, застаўшыся адзін, прайшоў школьным калідорам, пастаяў у класах... Тыя ж парты, дошкі, наглядныя дапаможнікі.

Тое - і ўжо нешта няўлоўна іншае было ва ўсім.

І калідор, пафарбаваны па-новаму, стаў, здаецца, нейкі вузейшы, і класны пакой нібыта паменшаў. На Дошцы гонару - карткі новых выдатнікаў. Некалькі хлопцаў і дзяўчат былі нават зусім незнаёмыя - відаць, з тых, што прыйшлі ў нашу школу з суседніх вёсак.

Школьныя гады... Там, у далёкім горадзе, сярод чужых людзей, яны прыгадваліся мне, асабліва ў першыя месяцы, як нешта самае светлае, самае шчаслівае. Не раз, бывала, на адзіноце я перабіраў у памяці розныя эпізоды - і сэрца агортвала ціхая журба, і рабілася да болю шкада гэтай непаўторна-чароўнай пары. І здавалася, каб можна было вярнуцца назад, многае рабіў бы цяпер па-другому, не марнаваў бы час.

Нешта падобнае хацелася сказаць мне і на вечары, калі мяне папрасілі выступіць. А сказаў - лепш не ўспамінаць. Разгубіўся, як хлапчук, плёў нешта нязвязнае, выдаваў - па нейкай жахлівай інерцыі - нудныя прапісныя ісціны.

Пасля мяне слова ўзяў Іван Пятровіч - малады настаўнік, які летась прыехаў у нашу школу, скончыўшы інстытут. Гаварыў ён не доўга, але свабодна, лагічна, стройна. Намнога лепш і глыбей, чым збіраўся сказаць я. Унурыўшы галаву, я баяўся ўзняць вочы. Мне здавалася, што ўсе вакол глядзяць толькі на мяне, глядзяць са спагадаю і здзіўленнем.

Як добра, што на вечары не было Надзі!

  * * *

Учора ўпершыню быў у яе дома.

Выйшла ўсё так. Перад самым пачаткам вакацый Надзі зрабілі аперацыю на апендыцыт, і цяпер яна нікуды з хаты не выходзіла. Я намерыўся быў праведаць яе ў першы ж дзень, як прыехаў, але не адважыўся. А ўчора нарэшце рашыўся. Чаго мне баяцца? Што я - школьнік які, ці што? Зрэшты, і прычына такая, што нельга не зайсці. Падахвоціў я гэтак сам сябе, падбадзёрыў - і пайшоў.

У пярэднім пакоі мяне сустрэла Кацярына Мікалаеўна, яе маці.

- О, Жэня! - абрадавана сказала яна, убачыўшы мяне на парозе, клапатліва замітусілася. - Заходзь, заходзь. Распранайся, калі ласка.

Гэтая шчырая гасціннасць і адкрытая радасць, з якой сустрэла мяне яе маці, уміг развеяла ўсю маю нерашучасць, збянтэжанасць, і я адразу адчуў сябе проста і натуральна. Кацярына Мікалаеўна пацікавілася, калі я прыехаў, як здаў экзамены.

Пакуль мы размаўлялі, увайшла і сама Надзя. Пабялелая, пад вачыма сіняватыя дугі.

- Добры дзень, - сарамліва прывіталася яна і, вінавата-міла ўсміхнуўшыся, паправілася: - Добры вечар...

І чамусьці пачырванела.

Кацярына Мікалаеўна ўспомніла нейкі клопат і выйшла. Мы засталіся адны. Наступіла тая хвіліна, калі ўзаемная разгубленасць і няёмкасць яшчэ не прайшлі, і мы не ведалі, пра што пачынаць гаварыць, ні я, ні яна. Нарэшце Надзя спахапілася:

- Дык што ж мы стаім тут? Пойдзем да мяне ў пакой. Там хоць цяплей.

Пакойчык яе быў невялікі, просты - стол, шафа з кніжкамі, акуратна засланы ложак. Якраз так я яго сабе і ўяўляў. Мне тут адразу ўсё спадабалася, і мо таму я зноў адчуў сябе трохі вальней. Аднак унутранае напружанне і хваляванне, якое ўзнікала кожны раз, калі яна была побач, не пакідалі мяне.

Я сеў ля стала, яна - ля акна, насупраць. Я глядзеў на яе і не мог адвесці вачэй. Якая ж яна ўсё-такі прыгожая! Цёмна-зялёныя з прыжмурам вочы, доўгая каштанавая каса, сакаўныя, такія недасягальныя вусны!

Надзя распытвала пра школьны вечар. Я сказаў, што сустрэчы як след не прадумалі і не арганізавалі, таму людзей было мала і мала хто выступаў. Раней такія вечары праходзілі куды больш цікава.

- А я чула, што ты выступаў таксама, - яна зірнула на мяне з гуллівай хітрынкай, - і што ўсім вельмі спадабалася.

У голасе яе мне пачулася іронія, і твар мой успыхнуў.

- Ты, відаць, пераблытала мяне з Іванам Пятровічам. Ён сапраўды здорава гаварыў.

- А што, хіба Іван Пятровіч таксама выступаў? - нечакана і шчыра здзівілася яна і засмяялася. - Цікава...

- Чаго ты? - не зразумеў я прычыны яе ажыўлення.

- Ды так, - махнула яна рукою, робячы абыякавы выгляд, але не вытрымала, зноў усміхнулася нечаму свайму, патаемнаму, аб чым у гэты момант думала, але гаварыць мне не хацела.

  * * *

Дзіўна! Кожны раз перад спатканнем з Надзяй я думаю: «Ну, цяпер-то я ўсё і скажу, і папытаюся. Хопіць!» А сустрэнуся - і быццам мову ў мяне адбірае. Неяк умее яна стварыць такую атмасферу, што адчуваеш: нельга зараз ні аб чым пытацца, нельга нічога гаварыць.

Так яно і цягнецца. Ні многа ні мала - чацвёрты год.

  * * *

Учора шыбуем мы з Грышам Ярашэвічам па вуліцы, а насустрач нам - Надзя!

- Куды гэта вы разагналіся? - засмяялася яна. - Ледзь з ног мяне не збілі.

- У клуб, - ахвотна азваўся Грыша. - Сёння харошы фільм. Пайшлі з намі.

- Ой, што вы, хлопцы! Я ж толькі на пяць хвілін. Выйшла падыхаць, мне ж яшчэ нельга многа хадзіць.

Грыша пайшоў у кіно адзін. Гэта той самы Грыша, які заляцаўся раней да Надзі. І ўтрэскаўся быў, мусіць, не на жарты, бо не зводзіў з яе вачэй, сноўдаўся за ёю як цень. Надзя хоць і ўцякала ад яго кожны раз, але было відаць, што ёй гэта прыемна. Я, вядома, не мог абыякава цярпець такое. Прыйшлося сказаць Грышу, каб ён пакінуў свае дарэмныя заляцанні, інакш гэта можа кепска скончыцца. Той агрызнуўся: «А ты не палохай!..» Скончылася ўсё тым, што аднойчы вечарам удвух з маім сябрам Ванем Ліпскім мы наскочылі на Грышу, калі той падпільноўваў Надзю каля веснічак яе дома, і надавалі таўхалёў.

Прыгадаўшы ўсё гэта цяпер, я ажно засмяяўся.

- А помніш, Надзя, як мы некалі з-за цябе адлупілі Грышу?

- Ну! - засмяялася яна. - А я тады думала, чаго гэта ён раптам перастаў нават вітацца са мной? Толькі пасля ўжо мне Ваня прызнаўся, што вы яго, беднага, набілі. Гэта ж трэба дадумацца!..

Апошняе яна сказала пяшчотна-дакорліва і ўдарыла лёгенька пальчаткаю мне па вуху.

- А што? - прыняў я жартаўлівы тон. - Я і цяпер гатовы надаваць кожнаму, хто паспрабуе на цябе паквапіцца!

- Ой-ой! І не пабаішся? І не сорамна будзе?

- Не-е... Не пабаюся, - і ўжо сур'ёзна сказаў: - Толькі біцца цяпер я ўжо не стану.

- Чаму ж? - папыталася яна нецярпліва і трошкі насмешліва.

- Проста мы выйшлі ўжо з таго ўзросту, калі нешта можна даказваць з дапамогаю кулакоў. Цяпер...

Я завагаўся: гаварыць далей ці не гаварыць, і, мусіць, так і не сказаў бы нічога, калі б яна не падахвоціла:

- Ну, ну... Што цяпер?

- Цяпер я думаю так. Калі ў цябе... нешта... ёсць да мяне... то чаго мне каго баяцца? Калі ж няма, то... то тут, мне здаецца, нічым не паможаш. Так ці не?

- Канечне, канечне, - сказала яна паспешна, і ўжо да самага дому ішла нейкая ціхая, задуменная. Ля веснічак мы прыпыніліся. Надзя прапанавала:

- Пойдзем да нас.

І зноўку я апынуўся ў яе невялічкім, такім утульным пакойчыку. І зноўку я слухаў яе, прагна глядзеў ёй у вочы, і мне было невыказна хораша і прыемна. Здавалася, што ўсё вакол - і рэчы, і час - перасталі існаваць. Была толькі яна і нейкая шчаслівая, высокая музыка, што нараджалася ў сэрцы і перапаўняла ўсю маю істоту.

Надзя расказала, што нядаўна да яе прыходзіў Іван Пятровіч, сядзеў цэлы вечар і ўсё прызнаваўся ў каханні.

Дык вось чаму яна так загадкава тады ўсміхнулася! Мне было і прыемна, што яна дзеліцца са мною нават такімі рэчамі, і разам з тым на душы вырастала трывога. Думалася: як мала я ведаю пра яе, як рэдка мы сталі бачыцца. Вось яна прызналася мне пра Івана Пятровіча, а хто ведае, колькі яшчэ хлопцаў заляцалася да яе там, у чужым горадзе, і, не дай Бог, можа, нават цалавалі...

Развіталіся мы а трэцяй гадзіне ночы. Выйшлі ў паўзмрочны пярэдні пакой. На падлозе ляжаў яркі квадрат месячнага святла. Яна закінула рукі за галаву, папраўляючы касу. Яе высокія грудзі туга азначыліся пад кофтачкай. Я не вытрымаў і прытуліў Надзю да сябе. Ох, як мне хацелася пацалаваць яе!

  * * *

Пяты дзень вакацый. А ўсё, што я меркаваў зрабіць, так і застаецца пакуль не зробленым.

Не напісана ні радка. А думаў: прыеду - з першага дня сяду за стол, напішу воз нарысаў, карэспандэнцый... Дзе там! То ў школу завітаеш з самай раніцы, ды так і пратырчыш там да вечара, то ў госці хто са сваякоў запросіць, то проста, без дай прычыны, нападзе нейкая неадольна-дрымучая хандра і цэлы дзень пракачаешся ў ложку, як Абломаў.

А час бяжыць...

Ад гэтага на душы неспакойна і прыкра. Увесь час адчуваю нейкае раздражненне, нейкую злосць, душэўную неўладкаванасць...

  * * *

У клубе зноў былі танцы.

Была і яна. Але танцавала мала і ўсё яшчэ, пасля аперацыі, трошкі напружана, асцярожліва.

Па закону вясковых танцаў, што спрадвеку былі і застаюцца не толькі прыемным адпачынкам, але і своеасаблівым спаборніцтвам у спрыце, весялосці, вынослівасці, - па гэтаму закону любая скаванасць дзяўчыны адразу ж была б заўважана і выклікала б розныя абгаворы. Аднак у Надзі ўсё выходзіла так натуральна і так міла, што нават тое напружанне, з якім яна танцавала, не толькі не было непрыемным, а, наадварот, надавала яе рухам нейкую кранальную пластычнасць і незвычайную прывабнасць.

Я некалькі разоў намерваўся запрасіць яе на вальс або на танга, але як толькі думаў, што трэба ісці праз усю залу і пад прыцэлам многіх вачэй пачынаць танец першаму, у мяне дзервянелі ногі і адразу знікала ўсякая рашучасць. А тым часам, пакуль я вагаўся, ісці ці не ісці, яе хто-небудзь ужо запрашаў. І мне нічога не заставалася, як стаяць і, кусаючы губы ад прыкрасці і злосці на сваю нерашучасць, праклінаючы сваю сарамлівасць, цярпліва чакаць наступны танец.

Больш за ўсіх танцаваў з ёю Іван Пятровіч. Як я зайздросціў яму, што ён гэтак смела і проста можа падысці да яе, павесці ў круг, вольна і лёгка гаварыць з ёю, смяяцца. І кожны раз, як толькі Надзя клала руку яму на плячо і, слухаючы яго, глядзела яму ў вочы, ласкава ўсміхалася, мяне ахоплівала пакутлівая трывога.

Я ўжо ведаў: Новы год Надзя сустракала ў школе, дзе быў, канечне, і Іван Пятровіч. Пад самую раніцу іх бачылі тады разам, ля Надзінага дома. Калі мне пра гэта расказалі, я асаблівай бяды не ўбачыў. І, мусіць, дарма...

Трэба ж было таму Івану Пятровічу прыбіцца ў нашу школу! Хлопец ён з выгляду быццам і не дужа каб кідкі - невысокі, худзенькі, сціпла апрануты. Да таго ж гаворыць нейкім сіплым, як бы прастуджаным голасам. І ўсё ж многія дзяўчаты ў вёсцы маюць на маладога настаўніка вока. Вось і Надзя, здаецца, таксама... Ох, гэты яе пракляты характар! Як убачыць якога незнаёмага хлопца, і калі ён яшчэ трохі спадабаецца ёй - зробіць усё, каб толькі закруціць яму галаву. Колькі я ўжо выцерпеў з-за гэтага розных пакут!

Зноў заігралі вальс. На гэты раз я рашыўся і, ступаючы нейкімі доўгімі, няўклюднымі, як не сваімі нагамі, несучы на сабе пільныя, цікаўныя позіркі, падышоў да Надзі. Яна коратка, абыякава глянула на мяне і, паклаўшы на крэсла кофтачку, якую трымала на каленях, паволі, як бы неахвотна, паднялася. Яна толькі паднімалася, яшчэ нічога не сказала мне, і я нічога не паспеў нават падумаць, а ўжо адчуў, як тое радаснае, гарачае трымценне ў маёй душы, з якім я ішоў да яе, змянілася раптам халодным і пранізлівым пачуццём крыўды.

Некалькі хвілін мы танцавалі моўчкі. Аднак далей маўчаць было няёмка - з нас, бачыў я, не зводзілі вачэй. Нашы адносіны з Надзяй не былі, вядома, таямніцай для вёскі, і цяпер таксама, відаць, з нецярпеннем чакалі ўсе, як я буду рэагаваць на тое, што з ёю ўвесь вечар танцуе Іван Пятровіч. Па нервоваму бляску вачэй я зразумеў, што яна таксама гэта адчула, і маё зацятае маўчанне яе раздражняе, злуе. Я ліхаманкава стаў прыкідваць, з чаго б пачаць размову, але нічога не мог прыдумаць. Усё, што прыходзіла ў галаву, здавалася мне безнадзейна банальным або недарэчным, прымітыўным.

- Ну як табе танцавалася з Іванам Пятровічам?

Я сказаў гэта і спалохаўся, бо сказаў якраз тое, чаго больш за ўсё не хацеў і чаго асабліва не трэба было гаварыць. Пытанне вырвалася з маіх вуснаў нечакана, само па сабе, насуперак маёй волі. Нешта падобнае бывае з чалавекам, які пераходзіць раку па кладцы і з усіх сіл стараецца не глядзець у ваду, і ўсё роўна глядзіць, і нейкая загадкавая, неадольная сіла цягне яго ўніз, і ён з жахам і адчаем падае.

- Чаму ты так пытаешся? - Надзя зірнула на мяне прыжмурана-пагардліва. У маім запытанні яна, відаць, улавіла не толькі трывогу, але і нейкі папрок.

- Ты не думай... - пачаў я блытана апраўдвацца. - Проста... ну... проста я хацеў папытацца, што ён табе такое вясёлае расказваў...

- Расказваў... Ты ж не раскажаш!

Твар мой успыхнуў. Я збянтэжыўся зусім і ўжо да канца не мог больш сказаць ёй ні слова. Яна маўчала таксама.

Нарэшце пакутлівы вальс скончыўся. Я з палёгкаю ўздыхнуў і паплёўся ў самы далёкі кут, каб схавацца ад чужых вачэй, каб не бачыў ніхто майго сораму. Я сказаў сабе, што як толькі пачнецца наступны танец, пайду дадому. Хай сабе танцуе з кім хоча!

Аб'явілі развітальнае танга. Іван Пятровіч зноў запрасіў Надзю, і адразу пачаў нешта ажыўлена, са смехам расказваць ёй. Мне трэба было ісці, але тая ж таямнічая сіла не толькі нікуды не пусціла мяне з клуба, але і прымусіла, як злодзея якога, цішком сачыць за імі. Я не хацеў і стараўся не глядзець на яе і ўсё роўна бачыў кожны яе рух, кожны паварот галавы. І недзе, у нейкі момант, я раптам са здзіўленнем адчуў, што ў маёй душы ўсё большым, усё мацнейшым становіцца адчуванне, нібыта я выплываю з цёмнай, халоднай глыбіні на паверхню. Не, знешне Надзя была такою ж, як і раней. Слухала Івана Пятровіча, смяялася. І, бадай, ніхто, можа, нават сам Іван Пятровіч нічога і не заўважыў, але я выразна ўбачыў у ёй перамену. Яна слухала, але слухала з перабольшанай, знарок падкрэсленай увагай. Яна смяялася, але ў кожнай яе ўсмешцы адчувалася нейкая змушанасць. Я ўбачыў гэта - і сэрца маё адразу забілася радасна і адыходліва...

Танцы скончыліся. Усе адразу паўставалі, загаманілі, стоўпіліся ля дзвярэй. Але нікога, акрамя Надзі, я не бачыў. Вось яна кіўнула нешта галавою Івану Пятровічу і пайшла апранацца. Вось яна са сваёй сяброўкай Шурай накіравалася да дзвярэй. Выйшла на ганак. Азірнулася, быццам каго шукаючы. Я ўжо намерыўся быў падысці, але тут яна спусцілася па прыступках і хутка пайшла па сцежцы, што вяла цераз невялікі сквер да яе дома.

У гэты момант паўз мяне прабег Іван Пятровіч і, на хаду зашпільваючы паліто, кінуўся следам за Надзяй...

  * * *

Паказвалі новы фільм, і вечарам, да пачатку сеанса, я надумаўся зайсці па Надзю.

Учарашнія танцы пакінулі ў маёй душы прыкрае, раздвоенае пачуццё. Было і крыўдна, што яна так холадна, нават жорстка абышлася са мною, і разам з тым, я не мог не адчуваць сваёй віны за ўсё, што адбылося ў клубе. Кавалер, называецца! Прастаяў цэлы вечар як пень, двух слоў звязаць не змог, а яшчэ, калі яна глянула не так - пакрыўдзіўся, распусціў нюні.

Але што я магу зрабіць? З іншымі я таксама і смелы, і вясёлы, і дасціпны. А з ёю, асабліва на людзях, - як хто падменьвае, сам сябе не пазнаю. Атрымліваецца нейкі парадокс: маё каханне стала маёй жа перашкодай. Няўжо яна не разумее гэтага?

З такімі думкамі і з жаданнем загладзіць як-небудзь учарашнюю няёмкасць я і зайшоў да Апанасенкаў у хату. Зайшоў, адчыніў дзверы ў яе пакой - і аслупянеў. За сталом - побач з Надзяй і Кацярынай Мікалаеўнай - сядзеў Іван Пятровіч! Гэта было так нечакана, што ў першае імгненне мне здалося, быццам я ўскочыў у полымя.

Збянтэжыліся і за сталом. Надзя глядзела на мяне не то спалохана, не то разгублена, з застылай усмешкай. Яна, відаць, не чакала, што я прыйду сюды сам, без запрашэння, і цяпер, перад Іванам Пятровічам, не ведала, што рабіць, як сябе паводзіць.

Выручыла Кацярына Мікалаеўна.

- Ну, Жэня, цябе як сам Бог паслаў! - засмяялася яна роблена-абрадавана. - А то мы тут проста пакутуем без чацвёртага іграка. Давай распранайся і садзіся хутчэй.

- Не, не... дзякую... - праказаў я нейкім чужым голасам, стараючыся нікому не глядзець у вочы, бо твар мой ажно гарэў ад сораму. - Я толькі на хвіліну. Фільм скора пачынаецца...

- І праўда, - падхапілася адразу Надзя, - пойдзем лепш у кіно.

У клуб мы ішлі ўтраіх. І хоць на душы ў мяне тварылася чорт ведае што, я вымушаны быў не падавацьвыгляду. Перасільваючы сябе, нешта гаварыў, нават смяяўся.

У зале Іван Пятровіч сеў недзе ля хлопцаў, я з Надзяю - побач.

За ўвесь сеанс не праказалі ні слова - ні я, ні яна. Моўчкі ішлі назад. Яна, праўда, колькі разоў паглядвала на мой хмуры твар, наважвалася, я адчуваў, нешта сказаць, але не сказала. На мяне ж найшла нейкая зацятая абыякавасць. Я маўчаў, і мне было ўсё роўна - злуе яна на гэта ці не, думае што ці не думае...

Ля веснічак Надзя прыстояла, прапанавала вінавата-нясмела:

- Дык зойдзем да нас?

Я адмоўна пакруціў галавою.

- Ну, як хочаш, - сказала яна адразу ж і суха. - Да пабачэння.

І толькі тады, як заціхлі на двары яе крокі і я застаўся адзін у нямой і настылай цемры, быццам што надламалася ў маёй душы - і ў халодную скамянелую пустату, якую я адчуваў да гэтага, рынулася нешта пякуча-расплаўленае, і сэрца захлынулася ад болю, злосці, адчаю...

  * * *

Многія кажуць: за каханне трэба змагацца. Маўляў, кропля і камень дробіць, таму - больш цярплівасці, больш настойлівасці.

А я вось не ўяўляю сабе, як гэта можна быць настойлівым. Я наогул не магу ўявіць якога-небудзь прымусу над каханнем. Яно, маючы над чалавекам такую, здавалася б, неабмежаваную ўладу, разам з тым баіцца любога неасцярожнага дотыку, тым больш - грубай сілы.

Аб гэтым думаю сёння з самай раніцы. Хутка ўжо вечар, а я ўсё ніяк не вырашу: ісці мне да Надзі ці не? Тое, што нехта іншы быў у яе пакоі, які здаваўся мне самым цнатлівым, амаль святым месцам, абразіла мяне і абурыла. Ідучы ўчора дадому, я думаў, што болей і нагі маёй там не будзе. І наогул не хачу яе бачыць.

Але паступова злосць мая астывала, боль у сэрцы змяняўся на сумненне і прыйшлі больш цвярозыя думкі: не варта так гарачыцца, трэба пагаварыць з ёй аб усім спакойна. А мо ўсё гэта толькі мая раўнівая падазронасць? Можа, Іван Пятровіч аказаўся там зусім выпадкова? Раўнівы закаханы заўжды нечым падобны на таго скупога, які, знайшоўшы каштоўны скарб, дрыжыць-калоціцца над ім і бачыць у кожным, хто праходзіць паблізу, свайго смяротнага ворага.

Што ж рабіць? Ісці ці не ісці?

  * * *

Усё-такі я пайшоў.

Яна была дома. Адна. Бацькі, я гэта ведаў, пайшлі ў клуб на сход.

У пакойчыку плаваў утульны паўзмрок: гарэла толькі настольная лямпа.

Надзя сядзела на канапе, укрыўшы ногі лёгкім пакрывалам, чытала. Яна стрымана, абыякава павіталася, машынальна паправіла на каленях пакрывала і зноў схілілася над кніжкаю. Але па тым, як яна старалася ўсім сваім выглядам паказаць гэту абыякавасць, я зразумеў: яна чакала мяне. І сэрца радасна тарганулася.

Я прысеў побач з Надзяй і, закрыўшы даланёю кніжку, усміхнуўся:

- Ды хопіць табе ўжо. Людзі ж, можа, прыйшлі.

Яна і не глянула на мяне, паволі, неахвотна ўстала з канапы і адышла да акна.

Я сумеўся: а мо яна сапраўды не жадае мяне бачыць? Можа, мне лепш павярнуцца і пайсці назад? Але не, тут нешта не тое.

Я ступіў крок да яе.

- Надзя, што з табой сёння?

Яна, не паварочваючы галавы, суха адказала:

- Нічога. Усё добра.

- Чаму ж ты такая?..

Маўчанне.

О, д'ябал! Няма горш, чым гэтыя пакутлівыя, бясконцыя, як вечнасць, хвіліны, калі ты амаль фізічна адчуваеш, як з кожным імгненнем дарагі табе чалавек, здаецца, усё аддаляецца і аддаляецца... Няўжо зноў прамаўчым цэлы вечар і развітаемся, як чужыя?

Цішыня стала невыцерпнай.

- Надзя, - сказаў я, - ну чаму ў нас усё так атрымліваецца?

- Як хочаш, так і атрымліваецца.

- Няпраўда!Я хачу і малю ў цябе аднаго - яснасці. Падабаецца Іван Пятровіч - будзь з ім. Але не маўчы, скажы.

- Пры чым тут Іван Пятровіч? Што, я забараню яму прыходзіць у нашу хату?

- Калі б ён бачыў, што ты гэтага не хочаш, дык не прыходзіў бы...

- Ну праўда, што я магу зрабіць? - Ледзь улоўная ўсмешка кранула яе вусны. - Я ўжо й казала яму, а ён усё роўна прыходзіць.

- І сёння прыйдзе?

- Думаю, што не.

- А я вось хацеў не ісці, і не змог. Прыйшоў...

Яна глянула на мяне ўжо больш лагодна, неяк па-дзіцячы нявінна, і ў пацяплелых вачах яе я выразна прачытаў пяшчотную ўдзячнасць. Ах, як небагата трэба закаханаму сэрцу: адзін ласкавы позірк - і ад нядаўняй крыўды не засталося і следу! «Сёння або ніколі...» - падумаў я і запытаў:

- Надзя... скажы нарэшце... ты мяне... Ну, я для цябе... абыякавы ці не?

Нейкі час яна задуменна глядзела ў акно, у шэрань марознага вечара, а затым ціха, з хваляваннем сказала:

- Зразумей, Жэня... Калі б ты мне быў абыякавы, я не хадзіла б з табой гэтулькі гадоў...

І я прыкмеціў, як запунсавелі адразу яе шчокі. Задумлівая, усё яшчэ нейкая журботная, яна была ў гэты міг асабліва прыгожая. Ва ўсёй яе паставе, лёгкім павароце галавы, руху пальцаў было столькі грацыі і жаноцкасці, столькі нечага роднага, любага, што я не стрымаўся - абняў Надзю.

- Не трэба... - шэптам сказала яна, але не адхілілася, не выслізнула, як звычайна, а прытулілася, сарамліва схавала галаву на маіх грудзях.

Я ўскінуў руку да настольнай лямпы і націснуў на выключальнік. Цемень ахінула нас. Надзя маўчала. Я баяўся паварушыцца. Мне здавалася, што да маіх грудзей прытулілася само сонца і ад любога неасцярожнага руху яно можа знікнуць, растварыцца.

- Я чую, як б'ецца тваё сэрца, - сказала яна, і ў голасе яе была незвычайная ласкавасць. - Як моцна яно б'ецца...

- Бо кахае цябе...

Я адчуў, як яна ўсміхнулася ў цемені, і кончыкі яе пальцаў пяшчотна дакрануліся да маёй шчакі.

- Надзейка, родная... Вось вазьму цябе зараз і не адпушчу больш нікуды-нікуды. Хочаш?

У гэты момант на двары пачуліся галасы. Надзя выслізнула з маіх абдымкаў, хуценька ўключыла святло.

Вярталіся дадому бацькі.

  * * *

Гэта была дзівоснейшая і найшчаслівейшая казка.

Маўчала вёска, заснежаная, сонная.

Маўчалі дрэвы, задумлівыя, пяшчотна-пушыстыя.

Маўчала неба, агромністае, таямнічае.

Маўчалі і мы з Надзяй, перапоўненыя нечым крыштальна-чыстым, радасна-трапяткім.

Калматыя белыя матылі кружыліся вакол і паволі, нячутна падалі на зямлю. І здавалася, што гэта мы плаўна і лёгка плывём кудысьці ў сінечу, прывабную і салодка-жахлівую, да нейкай далёкай, але выразнай, чароўнай музыкі.

Гаварылі толькі рукі, ласкавыя, чуйныя...

Як многа могуць сказаць рукі!

  * * *

Упершыню мы расставаліся хораша.

Цэлы вечар яна была добрая, ласкавая, гаваркая. І мне хацелася смяяцца, плакаць ад шчасця, рабіць нешта незвычайнае, адчайна-смелае і прыемнае для яе.

- Надзейка, хочаш, я дастану табе зараз самую яркую, самую далёкую зорку?

Я гаварыў словы, ужо тысячы разоў паўтораныя на зямлі, і - дзіва! - яны не здаваліся мне чужымі, банальнымі. Народжаныя ў маім сэрцы, напоўненыя маім пачуццём, гэта былі мае словы, зусім новыя, шчырыя і моцныя.

- Хочаш, я ўзмахну рукою - і загучыць музыка. Проста з неба, з гэтых вось правадоў, з кожнай галінкі...

- Ну, што ты ўсё выдумляеш, - пяшчотна-дакорліва гаварыла яна і ўсміхалася.

- Тады давай я хоць пераскочу гэты плот. Сёння я ўсё магу!

- Дурненькі, ну... - хораша гарнулася яна да мяне.

- Не дурненькі, а шчаслівы... - шаптаў я, цалуючы на лбе пасмачку яе валасоў. - А шчаслівыя людзі заўсёды трохі ненармальныя...

У звонкай марознай цішыні пачуліся недзе ля клуба шумныя і бязладныя галасы, віск дзяўчат. Скончыўся вячэрні сеанс... Як хутка, як незаўважна прамільгнуў час!

- Табе пара, Жэня... - сказала яна ціха і з сумам. - Спознішся на аўтобус.

- Ну і няхай! За адну хвіліну з табой я гатоў пасля цэлую гадзіну ісці пехатою. Каб ты ведала, Надзя, як не хочацца мне сёння расставацца з табою, ехаць у далёкі, чужы без цябе горад. Хай бы яшчэ быў хоць адзін дзень!..

- І праўда, як хутка прайшлі вакацыі.

- І зноў мы раз'едземся амаль на паўгода... Мне так нешта трывожна. Я баюся, што хто-небудзь іншы...

- Не бойся. Усё будзе добра.

Яна глядзела на мяне ясна і проста. І новая хваля гарачай любасці да яе агарнула маё сэрца.

- Надзейка, і калі прыйдзе ўжо такі час, што не трэба будзе больш разлучацца, што мы будзем заўсёды-заўсёды разам?

- А калі б ты хацеў? - яна папраўляла пасмачку валасоў і пазірала на мяне з-пад рукі з хітрынкаю.

- Хоць заўтра!

- О-о, які ты хуткі! - засмяялася яна і лёгка штурхнула мяне далонямі ў грудзі. - Ну, табе пара...

І пайшла.

А я яшчэ не мог крануцца з месца, нібыта баючыся разліць тое светлае і цудоўнае, што перапаўняла маю душу.

  * * *

І зноў лекцыі.

І зноў жыццё набірае прывычны, паскораны рытм. І хочаш не хочаш, а разам з усімі ты кожны дзень некуды спяшаешся, імчышся, бяжыш... І суткі, якія там, у вёсцы, несканчона доўгія, пачынаюць зноўку рабіцца да адчаю малымі і цеснымі.

Праўда, як для каго. Кандрату Бугаёву і Алесю Шульгу скардзіцца на гэта, відаць, не даводзіцца. На лекцыі яны асабліва не рвуцца - прыходзяць звычайна на апошнюю пару, уволю паспаўшы. Пасля абеду вяртаюцца ў інтэрнат і, лежачы ў ложках, строяць планы на вечар - куды рушыць.

Не можа пакуль увайсці ў прывычны рытм і Міхась Заранок. Ён прыехаў з вакацыяў нейкі ўвесь размякла-шчаслівы і цяпер паволі, неахвотна вяртаецца ў шэрую прозу студэнцкіх будняў. Сваё вымярэнне часу і ў Валодзі Баравога. Звычайныя граніцы дня і ночы для яго не існуюць. Ён жыве ад верша да верша. Цяпер яго апанаваў незвычайны творчы ўздым. Ён піша кожны дзень, піша на лекцыях, вечарам у інтэрнаце, начамі. Піша, быццам баючыся, што, калі ён хоць на хвіліну не дасць волі сваім пачуццям, якія нахлынулі на яго, сэрца не вытрымае і разарвецца.

Мы ж з Міколам Верасам з першага дня селі за кніжкі. Між намі даўно пачалося ўжо нешта накшталт маўклівага, але ўпарта-зацятага спаборніцтва.

  * * *

У групе - новенькая. Святлана Карэліна. Светлая, стройная, як бярозка. Нейкая ўся задуменна-таямнічая, лёгкая, як незямная. Апранута модна, але не крыкліва, з густам.

Святлану перавялі да нас з вячэрняга аддзялення, і цяпер нашы хлопцы не ведаюць, каму дзякаваць за гэту прыемную неспадзяванку.

Усе раптам сталі прыходзіць у адчайна адпрасаваных касцюмах, пры гальштуках. На лекцыях штохвілінна - то адзін, то другі знаходзяць якую-небудзь патрэбу, каб павярнуцца назад, кінуць позірк на новенькую.

Рэзкая перамена адбылася з Валодзем Баравым. Ён прыкметна спахмурнеў, як бы аб чым глыбока задумаўся. На перапынках узрушана-заклапочана ходзіць па калідоры і курыць, курыць... Я пачынаю разумець прычыну такога загадкавага настрою.

О, жанчыны! Хто толькі не пасылаў вам праклёнаў на гэтай неабдымнай і старажытнай зямлі! Якімі толькі знішчальнымі эпітэтамі не ганьбавалі вас! А вы ўсё роўна праз вякі і эпохі, насуперак усяму, застаяцеся такімі ж чароўнымі і ўладарнымі. І як мільёны гадоў назад, па-ранейшаму абуджаеце ў нашых мужчынскіх сэрцах тое глыбіннае і непазбежнае, што дае нам прырода яшчэ на пачатку жыцця, прымушаеце нас радавацца, пакутаваць, плакаць, дурнець ад шчасця.

  * * *

Міхась ледзь не кожны дзень атрымлівае пісьмы ад сваёй каханай. Аб тым, што прыйшоў новы ліст, я беспамылкова пазнаю па Міхасёвым твары - ён тады свеціцца ўвесь, як паліваны збан. Хлопец настолькі адкрыты і непасрэдны, што кожнай сваёй радасцю яму неадкладна хочацца падзяліцца з кім-небудзь.

Не ведаю чаму, але свае пачуцці ён часцей за ўсё давярае мне. Вось і сёння, як толькі я прыйшоў з бібліятэкі, Міхась зноў папрасіў мяне паслухаць, што піша яму яго Валя.

«Родны мой, я думала, што мае пачуцці да цябе - простае захапленне, - голас у Мішы ажно дрыжыць, перарываецца ад хвалявання і радасці. - Я хацела заглушыць іх, забыць пра цябе, але нічога не атрымалася. Я кахаю цябе моцна, па-сапраўднаму. Я навекі твая!..»

Сваім чытаннем Міхась толькі растрывожыў, развярэдзіў маю душу. Такіх пісем ад Надзі я не атрымліваў ніколі. І наўрад ці калі атрымаю. Цяпер вось дык і зусім не піша...

  * * *

У гэтым семестры ў нас месяц газетнай практыкі, будзем наведваць - раз у тыдзень - сталічныя шматтыражкі.

Мікола Верас, Алесь Шульга і я трапілі ў «Аўтазаводзец».

Сёння ездзілі туды на агледзіны і знаёмства. Рэдактар - невысокі, рухавы мужчына, - дазнаўшыся, што ўсе мы маем пэўны журналісцкі вопыт, не стаў нам нічога расказваць, а павёў проста паказаць завод.

Я першы раз на вялікім прадпрыемстве. Таму хадзіў па розных, напоўненых несціханым грукатам цэхах усё роўна як дзядзька Антось у Вільні: увесь час задзіраючы галаву, усюды соваючы свой нос. Надта ж уразіў галоўны канвеер. Мо з гадзіну стаялі мы ля яго, глядзелі, як на нашых вачах, быццам грыбы пасля цёплага дажджу, вырасталі аўтамабілі.

Людзі, што ўвішна, засяроджана кіравалі складанымі, вялікімі станкамі, здаліся мне нават трошкі чараўнікамі.

  * * *

Я доўга не мог заснуць.

Прад вачыма стаяла яе пісьмо. Тое самае, якое я пакутліва чакаў цэлыя два тыдні. І што ж у ім? Роўныя, акуратныя і такія абыякавыя радкі. «Прабач, не было часу... увесь час лекцыі, практычныя... на выхадныя ездзіла з дзяўчатамі за горад... у мяне ўсё нармальна...»

І гэта пісьмо ад каханай? І гэта пісьмо да любімага чалавека? Не, не і не! Ніколі яна не кахала мяне і не кахае! Колькі разоў, сціснуўшы зубы, моўчкі выплакваў я невыносны, прычынены ёю боль - і дараваў, забываў на ўсё. Толькі б бачыць яе, толькі б быць з ёю побач.

А яна? Чым жа адказала мне яна? Ні разу я не адчуў яе сапраўднай блізкасці да мяне, не спазнаў яе ласкі. За ўсе гады яна ні разу не пацалавала мяне, не сказала «кахаю...». А я, дурань, у апошні вечар растаў як воск, паверыў, што ўсё сапраўды будзе добра.

  * * *

Хутка ўжо год, як мы жывём і вучымся разам, а сапраўднай згуртаванасці на курсе няма. Усё нейкія групы, кампаніі.

Вызначылася нават (даўно, яшчэ з восені) свая «эліта» - чалавек пяць, якія з вышыні свайго ўзросту, сякой-такой адукаванасці глядзяць на астатніх трохі скептычна, трохі паблажліва, а болей пагардліва.

Прыкра ўсё гэта. Што ні чалавек - то свой асобны загон, агароджаны высокім і шчыльным плотам. Паспрабуй дазнайся, што там расце - кветкі ці пустазелле...

Не ведаю, як хто, а я такую атмасферу пераношу хваравіта.

Калі мы ўжо разгародзімся? Калі сярод нас завітае дух сапраўднай шчырасці? Мне здаецца, што для гэтага нам не хапае нейкай адной агульнай і вялікай справы, якая б захапіла і аб'яднала нас.

  * * *

Зноў ездзілі ў нашу шматтыражку.

Рэдактара, Якава Майсеевіча Карпіловіча - вечна занятага, вечна нечым заклапочанага, мы засталі ў друкарні. Убачыўшы нас, ён прывітальна заківаў галавою, але тут жа спахапіўся, успомніўшы, відаць, нешта недаробленае.

- Адну хвіліну, - сказаў ён ужо на бягу і памчаўся ў лінатыпную.

Кажуць, ён неблагі чалавек і талковы рэдактар. Яго запрашалі нават на работу ў рэспубліканскія газеты, але ён адмовіўся. Без памяці любіць сваю шматтыражку і аддае ёй усё, што можа. На рабоце - з ранку да вечара. І мо таму да гэтага часу халасцякуе - няма калі выбраць жонку.

Нарэшце Карпіловіч вярнуўся, запытаў скорагаворкаю:

- Якія ў каго намеры? Чым будзеце сёння займацца?

Мы паціснулі плячыма.

- Ну і выдатна, - нібы абрадаваўся ён. - Тады і я ніякіх заданняў даваць не буду. Ідзіце ў цэхі, знаёмцеся з людзьмі, пішыце.

І мы пайшлі.

Я трапіў у цэх шасі. Пазнаёміўся з двума братамі. Маладыя яшчэ хлопцы, не так даўно пасля арміі. Простыя, шчырыя. І мо ад гэтай іхняй адкрытай даверлівасці, мо ад таго, што расказвалі мне яны, як роўнаму, і расказвалі добра, цікава, я выйшаў з цэха нейкі ўвесь узрушана-радасны, акрылены.

А цяпер вось сяджу над чыстым лістом паперы і баюся: як напісаць пра іх, двух харошых хлопцаў, каб было гэтак жа проста і шчыра, гэтак жа добра, як яны самі мне расказвалі?

  * * *

Зрэдку сустракаюся з Галяй. Нядаўна хадзілі разам у кіно. Цікавы яна чалавек. Усё часцей і часцей лаўлю сябе на тым, што думаю пра яе...


САКАВІК

Зіма як бы і не думае здавацца. Вакол - снег. Не адлягае мароз. Неба заткана нізкімі, непрыветна-свінцовымі хмарамі.

І ўсё ж такі ўжо выразна ва ўсім адчуваецца блізкая вясна. Бо і снег той, хоць ён яшчэ і ляжыць вакол, але пачарнелы, пабіты ўжо на дзіркі. Глядзіш на яго - і не казыча пад сэрцам халаднаватая радасць, якая бывае на пачатку зімы, а наплывае адно толькі нейкае шкадаванне... Бо і мароз той бярэ за вушы звычайна ўжо толькі раніцай, як мы бяжым на заняткі, а днём - прыкметна цяплее... Бо і ўсё часцей і часцей сонца прабівае хмары - ласкавае, вясёлае, і тады на асфальце сям-там пачынаюць блішчаць лужынкі, ля якіх адразу збіраюцца задзіры-вераб'і...

Пра недалёкую вясну нагадваюць і пасвяжэлае, празрыста-хмельнае паветра, і неверагодны грачыны галас у скверах, і першыя пары закаханых на лаўках...

Прырода і чалавек ужо жывуць прадчуваннем вялікага, мудрага працэсу спрадвечнага абнаўлення.

  * * *

Прайшло роўна паўгода, а я ўсё не магу адвыкнуць ад думкі, што жыву ў горадзе часова. Вось, здаецца, пабуду яшчэ які тыдзень-другі і паеду дадому.

Не было таго дня, каб не прыгадаўся мне то наш невялічкі, за вёскаю, поплаў, дзе некалі, у дзяцінстве, мы пасвілі свіней, ладзілі розныя гульні; то звонкі, утульны лес, дзе кожным летам багата і ягад, і грыбоў, і птушыных песень; то ціхая, светлая рэчка Вісліца - калыханка маіх дум і мар...

Многія нашы хлопцы радуюцца: вось гэта, маўляў, сапраўднае жыццё - тэатры, кіно, танцы!.. А мне - сумна. І, можа, нават не столькі сумна, колькі журботна. Не магу прывыкнуць да горада. Куды ні пойдзеш - усюды чужыя, незнаёмыя людзі...

  * * *

Увайшло ў прывычку: пасля заняткаў - адразу ў бібліятэку. Як я люблю тыя хвіліны, калі ў светлай, утульнай зале сядзеш за невялічкі, сімпатычны столік, абкладзешся кніжкамі - і айда ў неабдымны, чароўны свет ведаў.

У зале - ціха-ціха. Толькі зрэдку зашалясціць дзе старонка, рыпне крэсла... Нехта на хвіліну адарвецца ад кніжкі, разагне самлелую спіну - і зноў за працу. Уся гэта творчая, рабочая атмасфера настолькі захапляе, паглынае ўсяго, што праседзіш цэлы вечар - і не заўважыш.

  * * *

Я думаў, пісьмо ад яе будзе злое, знішчальнае. І памыліўся. «Жэня, ты не крыўдуй, што я так мала пішу. Але мне здаецца, што ты і так усё ведаеш. Нашто паўтарацца? Праўда, у мяне змен аніякіх. І я не знаю, што пісаць... Ты, вядома, пакрыўдзішся, але лепш не трэба. Ты ж ведаеш мяне: я заўсёды такая. Хочацца як найлепш, а выходзіць наадварот. Вось іншым я пішу без разбору ўсё, а табе ўсё неяк выбіраю: гэта можна, гэта - не. А чаму - не знаю...»

Я нашу гэта пісьмо сёння цэлы дзень з сабою, перачытваю яго бясконца і кожны раз знаходжу для сябе ўсё новыя і новыя прыемныя падрабязнасці і адценні. І сэрца замірае ад шчаслівай надзеі.

  * * *

Выкладчык затрымліваўся. Мы сумавалі. Займаліся хто чым.

Алесь Шульга сваёй звыкла-расхлябанай паходкаю падышоў да кафедры і выняў з кішэні томік вершаў. Прыняў артыстычную позу (о, ён гэта ўмее!) і моцным, як металічным, голасам абвясціў:

- Сяргей Ясенін!

Усе міжволі павярнуліся да кафедры.

- «Исповедь хулигана...»

Мы заўсміхаліся - гэта якраз падыходзіць Алесю! Нетаропка, жэстыкулюючы свабоднай рукою (у левай ён трымаў кніжку), Шульга пачаў чытаць:

Не каждый умеет петь,

Не каждому дано яблоком

Падать к чужим ногам.

Сие есть самая великая исповедь,

Которой исповедуется хулиган.

Я нарочно иду нечесаным,

С головой, как керосиновая лампа, на плечах...

Дзіўны ён нейкі, гэты Алесь. Адчуваецца ў ім нешта добрае, нават пяшчотнае, але яно закідана, завалена розным друзам. Хлопцу дваццаць трэці год, армію адслужыў, а ён як хлапчук які. Усё выкідвае свае конікі, усё куражыцца. Пад Ясеніна ладзіцца. Толькі вершаў не піша. Некалі, праўда, у школе пісаў, нават у рэспубліканскіх газетах друкаваўся, але кінуў. Кажа, расчараваўся: не захацеў быць пасрэднасцю.

  * * *

Валодзя Баравы ўгаварыў мяне пайсці на пасяджэнне факультэцкага літаратурнага аб'яднання...

Ён і раней цягнуў мяне туды, але я, калі гаварыць шчыра, проста баяўся. Ну што я змагу пачытаць? Нейкі дзесятак вучнёўскіх вершыкаў, якія хоць і друкаваліся ў раённай газеце, але былі яшчэ вельмі недасканалыя. А новых - не меў. Пасля школы, працуючы ў рэдакцыі, я амаль нічога не пісаў, акрамя карэспандэнцый, рэпартажаў, замалёвак, якія забіралі ўвесь мой час. І толькі тут, ва ўніверсітэце, дзе, здаецца, кожны другі студэнт - паэт, дзе размовы і дыскусіі пра паэзію не сціхаюць ні ўдзень, ні ўначы, дзе сама атмасфера, як лясное паветра азонам, напоена высокім духам творчасці, - толькі тут я зноўку адчуў знаёмы сверб каля сэрца і ўпотайкі пачаў сёе-тое папісваць.

Некалькі вершаў, якія, на маю думку, атрымаліся больш-менш па-людску, я паказаў Валодзю. Ён сказаў, што няблага, і параіў пачытаць іх на аб'яднанні. Я замахаў рукамі і пачаў аднеквацца, але Валодзя пераканаў мяне, што нічога страшнага, акрамя карысці, ад гэтага не будзе. І вось учора нарэшце я адважыўся і пайшоў разам з Баравым.

...У аўдыторыі было чалавек з пятнаццаць - маіх равеснікаў. Многіх з іх я ўжо ведаў у твар, яны не раз выступалі з чытаннем сваіх вершаў на факультэцкіх канцэртах і сходах, а некаторых бачыў упершыню.

Хлопцы стаялі купкамі - ля акна, ля сталоў. Нехта з некім спрачаўся, нехта некаму чытаў вершы. Ад гэтага ў аўдыторыі стаяла бязладная, прыцішаная гамана.

Наш прыход нікога не здзівіў. З Валодзем некаторыя павіталіся - былі ўжо, мабыць, знаёмыя, а на мяне проста ніхто не звярнуў увагі. Відаць, тут прывыклі да таго, што кожны раз прыходзіць хто-небудзь новы.

- Давай вось сюды, - паказаў Валодзя на свабодны ля сцяны стол і, калі мы селі, павёў вакол вачыма. - Нешта небагата сёння... Гэта ўсё - першакурснікі. Старэйшыя сюды не ходзяць, ля газет аціраюцца.

Паўз нас ціха, моўчкі прайшоў невысокі, з калматаю грываю хлопец. Не зважаючы ні на кога, ён сеў за самы далёкі ў куце стол і, падпёршы кулаком шчаку, скіраваў у акно свой задуменны позірк. Было ў яго абліччы нешта самотнае, загадкава-рамантычнае, але вельмі паказное і ад таго непрыемнае.

- Хто гэта? - запытаў я ціха ў Баравога.

- Наш геній... - усміхнуўся ён. - Сцяпан Марчанка, з расейскага аддзялення. Ты што, не ведаеш яго? Ну, то паслухаеш зараз! Сваіх, праўда, вершаў ён не чытае, а вось чужыя крытыкуе... Ох і дае!..

Гамана раптам аціхла, і ўсе пачалі рассаджвацца. Ля кафедры стаяў, пасміхаўся круглатвары, сімпатычны і вельмі знаёмы мужчына.

- Алег Якутовіч, - шапнуў мне Баравы. - Кіраўнік аб'яднання...

Але я ўжо і сам пазнаў вядомага паэта, хоць бачыў яго да гэтага толькі на здымках - у часопісах, кніжках. Пазнаў па высокім, з моцнымі залысінамі лбе, па мяккіх, амаль жаночых рысах твару.

Алег Якутовіч счакаў, пакуль у аўдыторыі стане ціха, прысеў і неяк вельмі лагодна, даверліва звярнуўся да прысутных:

- Ну, каго паслухаем першага?

На маё здзіўленне, чытаць вершы падахвоцілася адразу чалавек пяць. Чыталі хто з месца, хто, - мабыць, каб зрабіць большае ўражанне, - выходзячы да кафедры. Кожны верш тут жа пачыналі «абстрэльваць», знаходзіць у ім і добрае і кепскае. Алег Якутовіч гаварыў сам і даваў слова кожнаму, хто меў нешта сказаць, але стараўся не дапускаць, каб крытыка выходзіла за межы добразычлівасці. Спрачаліся тым не менш з імпэтам, горача.

- Нешта Марчанка сёння не выступае. Дзіўна... - сказаў Валодзя.

Я азірнуўся. Хлопец сядзеў у той жа маляўніча-паказной позе, абыякавы і, здавалася, зусім далёкі ад таго, што рабілася побач.

- Ну, хто яшчэ мае жаданне? - запытаў Алег Якутовіч, і яго мяккі, ласкавы позірк з цікаўнасцю спыніўся на мне. - Можа, новенькі?

Твар мой успыхнуў, і чамусьці насуперак свайму жаданню я закруціў галавой:

- Не, не! Не...

- Ды ён проста саромеецца, - сказаў Баравы. - Ёсць у яго вершы. Хай пачытае!

- Вядома. Саромецца, малады чалавек, няма чаго. Усе мы тут - не класікі. Нехта з нас піша лепш, нехта горш, і збіраемся сюды для таго, каб вучыцца, каб разам спасцігаць вялікую і складаную рэч - паэзію.

Давялося даставаць свае вершыкі. Але як толькі я пачаў чытаць - усе тыя радкі, што здаваліся мне такімі шчырымі і ўсхваляванымі, усе тыя вобразы, якім я радаваўся, як знаходкам, здаліся мне раптам банальнымі, прымітыўнымі і да адчаю бяздарнымі. І гэта быў мой лепшы верш! Астатнія я не стаў нават чытаць, схаваў іх назад у кішэню і сеў. Ад сораму баяўся ўзняць вочы.

Некалькі секунд цішыні здаліся мне вечнасцю.

- Ну, што ж... - сказаў нарэшце лагодна Алег Якутовіч. - Настрой ёсць...

- Алег Мікалаевіч! - пачуўся голас ззаду. Я міжволі павярнуў галаву і ўбачыў, што падняўся Сцяпан Марчанка, і пад сэрцам пахаладзела. - Алег Мікалаевіч, а па-мойму, трэба прама сказаць. Верш проста бездапаможны, і гаварыць тут аб нейкім настроі, шукаць нейкія адгалоскі паэзіі няма сэнсу.

І ўсё. Больш ні слова. І гэта было не толькі жорсткім, але і вельмі крыўдным. Аказваецца, усё, што я з такой любоўю і пакутай, з такой надзеяй выношваў у сэрцы, не варта нават простай чалавечай крытыкі. І хоць некаторыя яшчэ выступалі, гаварылі нешта ў маю абарону, але настрой мой быў ужо сапсаваны...

  * * *

Неяк з першых дзён у нашай групе прыжылася добрая традыцыя: калектыўна адзначаць дні нараджэння.

Учора мы адзначылі дзень «анёла» нашага Кандрата Бугаёва.

Валодзя Баравы, якога выбралі за тамаду, звярнуўся да Кандрата з доўгай, узнёсла-жартаўлівай прамовай:

- Быў звычайны ранак. Недзе над полем ужо звінеў жаўрук, прарэзлівым брэхам заходзіўся суседскі сабака. І ніхто не ведаў, што ў гэты самы час у маленькай, нахіленай долу хатцы праз змучаны голас парадзіхі прабіўся басавіты і нецярплівы крык: «А гарэлка ёсць?» Гэтыя словы належалі ўсім вядомаму цяпер Кандрату. Знясіленая маці горка ўздыхнула: «Яшчэ адзін п'яніца ў хату». І яна не памылілася. Кандрат праз усё сваё дваццацітрохгадовае жыццё ні разу не згубіў гонару першага п'яніцы сельпо.

Апошнія словы Баравога патанулі ў шчырым рогаце. Нават сам Кандрат успрыняў гэта як пахвалу і задаволена ўхмыляўся.

Ігар Касцевіч знайшоў недзе вялізную снарадную гільзу і, дорачы яе, сказаў:

- Хай будзе гэта табе згадкаю як былому салдату і напамінкам як будучаму журналісту, каб ніколі не біў па вераб'ях і не страляў халастымі. І каб кожную раніцу, зірнуўшы на гэты патрон, ты мог зухавата ляпнуць сябе па баках: «Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах!»

Дасціпны падарунак прыдумаў Мікола Верас. Ён уручыў Кандрату... «Даведнік пчаляра». Надпіс зачыталі ўголас:

- «Гэта кніга павінна стаць для цябе настольнаю. Дэталёва вывучыўшы яе, ты, можа, навучышся хоць адной тысячнай долі працавітасці пчол».

Дзіва, Кандрат не пакрыўдзіўся нават на гэта.

  * * *

Сёння падводзілі вынікі нашай практыкі. Выйшла, як на той рыбнай лоўлі. Хто больш за ўсіх шумеў, боўтаўся, узнімаючы вакол сябе пырскі захаплення, той прынёс на стол Марку Саламонавічу, нашаму выкладчыку тэорыі і практыкі партыйна-савецкага друку, самы мізэрны ўлоў.

Асабліва здзівіў мяне і, здаецца, не толькі мяне Фіма Слуцкі. У яго аднаго, на ўсю групу, нездавальняюча. За цэлы месяц Фіма надрукаваў толькі адну невялічкую замалёўку, і тую Марк Саламонавіч разматлашыў ушчэнт.

- Няма чалавека. Няма яго думак, яго характару, - гаварыў ён, зачытаўшы нам гэту замалёўку. - Замест шчырага простага слова - непатрэбная траскатня, фальшывы пафас.

Што праўда, то праўда. Любіць наш Фіма траскатню. Не адзін, бадай, сход не абышоўся яшчэ, каб на ім не выступіў Слуцкі і не закаціў доўгую, квяцістую прамову. Нават размаўляючы з кім-небудзь з хлопцаў, ён не можа гаварыць проста, па-чалавечы, - абавязкова закруціць што-небудзь накшталт: «учора быў у стане меланхоліі», «у залежнасці ад асабістых якасцей індывідыума»...

У першыя дні, калі мы адзін з адным яшчэ не былі добра знаёмыя, Фіма здаваўся мне недасягальна адукаваным. Ён з незвычайнай лёгкасцю аперыраваў рознымі філасофскімі катэгорыямі і такімі тэрмінамі, якія я нават чуў упершыню. Але хутка мы зразумелі, што гэта проста прыгожыя фразы, якія ён завучыў аднойчы і цяпер ужывае іх дзе трэба і дзе не трэба.

Крытыка Марка Саламонавіча засмуціла Слуцкага, але ненадоўга. Пад канец заняткаў ён зноўку вярнуўся ў свой заўсёдны «стан бадзёрасці духу і невычарпальнага аптымізму».

  * * *

Валодзя Баравы ляжаў на ложку і курыў - цыгарэту за цыгарэтай. Адчувалася, што хлопец аб нечым глыбока перажывае.

У пакоі, акрамя нас, нікога больш не было, і я, робячы выгляд, што ўвесь паглыблены ў чытанне, цішком назіраў за ім.

Нарэшце Валодзя не вытрымаў. Рэзка ўстаў, кінуў са злосцю акурак на падлогу.

- Усё, Жэня! Лічы, што паэта Баравога няма. Ну яго к чорту!

Хоць мне і невядомая была прычына такога нечаканага вываду, але я разумеў, што лепш не лезці да яго цяпер са сваімі запытаннямі.

- Дваццаць чатыры гады пражыў - і нічога не напісаў вартага, няма ніводнага радка! - Валодзя ўзбуджана захадзіў па пакоі. - Калі не напішу за гэтыя дні некалькі добрых вершаў - кіну пісаць наогул. Ну яго к чорту! Хопіць псаваць паперу.

Аказалася, Баравога спасцігла балючая няўдача. З усіх вершаў, якія ён насіў учора ў часопіс, узялі толькі адзін. Над астатнімі сказалі яшчэ папрацаваць...

Дзіўна, але Валодзева споведзь як бы абрадавала, абнадзеіла мяне. Значыць, не адзін я на свеце няўдачнік і не адзін я пакутліва думаю над сэнсам свайго жыцця, над сваёй вартасцю. Значыць, гэта працэс не заганны, а натуральны, заканамерны. Маладое віно, перад тым як набраць моц, таксама доўга калабродзіць...

  * * *

На апошнім перапынку Ігар Касцевіч аб'явіў:

- Пасля заняткаў не разыходзіцца - будзе сход.

Я адразу здагадаўся: па справе Шульгі. Ва ўніверсітэт на Алеся прыйшла вялізная скарга. За подпісам старшыні калгаса. Пісьмо гэта перадалі нашаму дэкану, дэкан - сакратару камітэта камсамола.

У пісьме паведамлялася, што ў час вакацыяў у сваёй вёсцы Алесь Шульга сістэматычна п'янстваваў, паводзіў сябе непрыстойна ў клубе. А аднойчы, у нецвярозым стане, пабіўся з брыгадзірам - той не даваў яму каня, каб прывезці дроў.

У гэта лёгка верылася. Хто-хто, а Шульга мог учыніць такое!

Сход пачаў Мікола Верас - разам з прадстаўнікамі камітэта камсамола ён ездзіў правяраць скаргу.

- На жаль, некаторыя факты пацвердзіліся. Алесь сапраўды п'яны быў у клубе, паводзіў сябе не зусім прыстойна, - заікаючыся ад хвалявання, загаварыў Мікола. - Асноўнае ж абвінавачванне, быццам Алесь пабіў брыгадзіра, - выдумана. Аб гэтым гаварылі нам усе, хто быў у той вечар у клубе. Шульга пайшоў з клуба раней, чым брыгадзір. Сам жа брыгадзір не мог нават назваць дакладна месца, дзе яго білі. Урэшце шчыра прызнаўся, што нічога не памятае, бо быў п'яны. Такім чынам, мы зрабілі вывад, што пісьмо - своеасаблівая помста Шульгу за тое, што ён надрукаваў у раённай газеце крытычны артыкул пра безгаспадарчасць у калгасе.

Мікола кашлянуў і перавёў позірк на Алеся Шульгу.

- З гэтым, як кажуць, усё ясна. Нас, Алесь, цяпер цікавіць і хвалюе іншы бок справы. Як ты думаеш жыць далей? На заняткі амаль не ходзіш, часта выпіваеш. Разумееш ты ці не, чым гэта табе пагражае? Дык вось устань і раскажы нам усім, што ты думаеш рабіць далей.

Шульга панура, як бы неахвотна падняўся.

- Ну што я магу сказаць? - паціснуў ён плячыма. - Апраўдвацца не буду, вінаваты. А калі каго што цікавіць, хай пытаецца.

- У цябе папыталіся ўжо, адказвай! - абурыўся Ігар Касцевіч. - Табе што, сапраўды вучыцца надакучыла?

- Чаго б я тады паступаў...

- Дык чаму ж ты, дарослы чалавек, паводзіш сябе як неразумны падлетак? Адкуль у цябе гэтая распушчанасць, разбэшчанасць? Грыву унь адпусціў - глядзець агідна. Як разбойнік-рэцыдывіст.

Падняўся Кастусь Беленькі. Кастусь - наш камсорг. Выбралі мы яго, канечне, дарма, у чым цяпер моцна каемся, але ж хто тады, восенню, ведаў... Незразумелы ён нейкі, гэты Беленькі. Пра што б у групе ні зайшла размова, ён абавязкова выступіць супраць. Вось і на гэты раз.

- Нашто такі пракурорскі тон? - паварочваючыся да Ігара Касцевіча, сказаў Беленькі. - У кожнага свой характар, свая індывідуальнасць. Няўжо абавязкова, каб мы ўсе былі падобны адзін да аднаго як дзве кроплі вады?

- Не абавязкова.

- Чаму ж вы хочаце падагнаць Алеся пад нейкі стандарт?

Хлопцы абурана зашумелі.

- Стандарт не стандарт, а ў рамкі прыстойных паводзін Шульгу паставіць трэба! - выгукнула запальчыва Люда Барташэвіч.

Беленькі, які быў ужо сеў, падхапіўся зноў.

- Чалавек - не статычны партрэт, каб браць яго ў нейкія рамкі! І ўвогуле, кіньце гэтую манеру чапляць кожнаму розныя ярлыкі. «Нігіліст», «рэцыдывіст». Трэба больш цярпіма адносіцца да чужых недахопаў, разумець іх. Асабліва калі размова ідзе аб асобах творчых.

Слова папрасіў Валодзя Баравы.

- Вось што, Беленькі, - заявіў ён, націскаючы на кожнае слова. - Па-першае, ніхто ніякіх ярлыкоў не збіраецца нікому чапляць. Размова ідзе пра нашага таварыша, якога мы добра ведаем і якому хочам толькі дабра. Вось! А па-другое, даўно ўжо і канчаткова даказана: жыць у грамадстве і быць свабодным ад грамадства нельга! - Валодзя імпэтна секануў паветра рукою. - Так што, Беленькі, выкінь сваю дзяшовую дэмагогію на сметнік. Сапраўдны сябра не той, хто патакае чалавеку ў яго недахопах і слабасцях, а той, хто шчыра і прынцыпова паказвае на іх, памагае яму. Вось! А мы і так ужо занадта цацкаемся з Алесем, носімся з ім як з пісанай торбай, пахіхікваем з яго дзівацтваў, розных выбрыкаў, тым самым, па сутнасці, расцвельваем, падахвочваем яго. Вось ён і разышоўся.

Пасля Валодзі гаварылі яшчэ многія, урэшце большасцю галасоў рашылі: даць Алесю Шульгу выпрабавальны тэрмін - два месяцы.

Як толькі сход закончыўся, Алесь адразу падняўся і панура, ні на кога не гледзячы, выйшаў з аўдыторыі, толькі ляпнуў за сабою дзвярыма.

  * * *

Калі мне трапляецца добры верш, я выпісваю яго ў свой спецыяльны сшытачак. Выпісваю з думкаю, што калі-небудзь я прачытаю яго Надзі. Толькі для яе адной я шукаю і берагу самыя светлыя, самыя цёплыя, самыя запаветныя словы.

  * * *

Ваня Ліпскі напісаў мне ў апошнім пісьме:

«Надзя малайчына, што хавае ад цябе свае пачуцці - гэта правільна. Мне аднойчы адзін паважаны чалавек сказаў, што жанчына павінна захоўваць у сабе загадку ўсё жыццё. Толькі ў такім разе яна будзе мець цікавасць для мужчыны. Прыйдзе час - і ты будзеш ведаць, ці кахае цябе Надзя, а цяпер не рабі глупства...»

Што ж тут правільнага? Я катэгарычна не згодзен з табою, мой дружа, і з тваім паважаным чалавекам! Хіба трываласць чалавечых адносін, а тым больш адносін паміж мужчынам і жанчынай заснавана толькі на загадцы? Вядома ж, не! Смешна думаць, нібыта я кахаю Надзю толькі таму, што яна ўяўляе для мяне нейкую таямніцу. Наадварот. Гэта яе заўсёдная скрытнасць, нежаданне адкрыць сваю душу даюць мне толькі пакуты і горыч.

  * * *

Піхнуўшы нагою ў дзверы, я ўляцеў у пакой і раззлавана кінуў папку на стол. Гэта ж толькі падумаць: нам - двойка! Добры настрой, з якім я вяртаўся з бібліятэкі, быў ураз сапсаваны. Дажыліся! Лепшы пакой, называецца. Прэмію ўручылі. Які сорам!

- Хто сёння дзяжурны?

Усе ляжалі на ложках і чыталі. Падняў галаву Мікола:

- Кандрат. А хто ж яшчэ.

- Ну што за гультай! - злосць у мяне проста кіпела. - Каб у краму па гарэлку, дык пайшоў бы на другі канец горада, а набраць у вядро вады ды працерці падлогу - паленаваўся.

- Ну і што? - спакойна азваўся са свайго ложка Кандрат.

- Пакараць абібока! - зарагатаў Алесь Шульга. - Законна!

Кандрат цяжка павярнуўся да Алеся:

- Чыё б цяля мычала...

- Т-ты вось не агрызайся, а б-бяры анучу і выконвай, што ад цябе п-патрабуецца! - расхваляваўся Мікола Верас.

- А ты хто такі, каб з мяне патрабаваць? - насупленыя бровы Кандрата апусціліся яшчэ ніжэй, на самыя вочы, і, здавалася, што ён вось-вось рынецца ў лобкі.

- Я жыхар п-пакоя! І будзь ласкавы рабіць тое, што робяць астатнія.

- Салагі вы ўсе! Жыцця яшчэ не нюхалі, а ўжо вучаць. Вось паслужыце ў арміі - тады зразумееце, што да чаго.

- Ну добра, Кандрат, - перайшоў на больш спакойны тон Мікола. - Ты служыў у арміі. А з чаго гэта відаць? Ты ж нават ложак прыбраць не ўмееш, памыць падлогу не можаш.

Міхась Заранок, які ўсё парываўся нешта сказаць, нарэшце выбраў зручны момант, уставіў:

- Ды я такіх і на парог універсітэта не пускаў бы!

Бугаёў толькі павярнуў галаву і ляніва, як бы ад якой мухі, адмахнуўся:

- А ты лепш, Міша, ляжы. Я цябе і не слухаю.

Міхась ад такой абразы ажно ўсхапіўся:

- Як гэта ты мяне не слухаеш? Хрэн ты стары!

І столькі ў яго голасе было здзіўлення і разгубленасці, што мы не вытрымалі - засмяяліся. Гэта нечаканая разрадка і ўратавала нас ад сваркі.

Усё абышлося мірна. Кандрату прызначылі два нарады запар.

  * * *

Па аўторках нам увялі чацвёртую пару - лекцыі па гісторыі мастацтва. Цікава, што нашы хлопцы, якія пры кожным зручным выпадку стараюцца ўцячы нават з асноўных заняткаў, на гэтыя, дадатковыя, застаюцца з ахвотаю.

І дзіва што! Пасля першых жа лекцый мы зразумелі, што веды нашы па выяўленчаму мастацтву мізэрныя і што трэба як найхутчэй вырывацца з таго палону самападману, у якім мы знаходзіліся дагэтуль.

Ну сапраўды: хто, здавалася, з нас не чуў, не чытаў пра Шышкіна, Рэпіна, Трапініна і іншых вядомых расейскіх мастакоў, чые імёны ўвайшлі ў памяць, здаецца, з таго часу, як навучыліся чытаць? А на справе аказалася, што ведаем мы пра іх вельмі мала - нейкую сотую, тысячную долю. Адзін Рэпін - гэта цэлы свет, цэлая эпоха. Калі выкладчыца расказвала нам пра гэта, нават Кандрат, якога, здавалася, ужо нічым на свеце не зацікавіш, і той сядзеў дзве гадзіны разявіўшы рот, не зварухнуўшыся.

І калі пасля лекцый мы ўсёй групай былі ў мастацкім музеі, то на даўно знаёмыя рэпінскія шэдэўры глядзелі ўжо зусім іншымі вачыма. Аж дзіўна, як мы маглі не ведаць, не бачыць усяго гэтага хараства і цуду раней.

  * * *

Адбылося вялікае перасяленне. І жыву я цяпер не на шумнай і дымнай Прывакзальнай вуліцы, а на светлай, зялёнай Паркавай магістралі. Хоць, прызнацца, з неахвотай пакідалі мы абжыты кут.

Настрой канчаткова сапсаваўся, калі нас завялі ў пакой, з якога яшчэ не выбраліся былыя жыхары - фізікі пятага курса. Іх выселілі за тое, што не хацелі прыбіраць пакой, амаль кожны вечар наладжвалі шумныя п'янкі.

Зайшлі мы ў пакой, паставілі ў парозе рэчы, а хлопцы глядзяць на нас ваўкамі. «Што, - кажуць, - на чужых касцях у рай?» Як быццам мы вінаватыя...

Толькі вечарам, калі фізікі нарэшце выбраліся і мы вынеслі месячныя, а мо і большыя залежы смецця, на душы трохі павесялела. Пакой, праўда, на шэсць чалавек цеснаваты, але нічога - жыць можна. Тут нават больш утульна, чым у былым інтэрнаце. Ёсць шафы для вопраткі, розныя паліцы для кніг, прыстойнае люстэрка. Ад гэтага люстэрка Алеся Шульгу цяпер за вушы не адцягнеш - усё прыхарошвае, кудлаціць сваю грыву.


КРАСАВІК

Другі дзень сапраўднай вясны. Яна адчуваецца ўжо не толькі ў абуджанай да жыцця прыродзе, але і ўва мне самім, у кожнай маёй клетачцы. Здаецца, тысячы гарачых іскрынак бродзяць у маёй неспакойнай крыві.

А як адразу пабольшала сонца! На небе, на зямлі. Яно іскрыцца ў апошніх празрыста-крыштальных ледзяшах, адбіваецца ў шыбінах акон, купаецца ў кожнай лужынцы. Сонца - у вачах у людзей, у іх адкрытых, ясных усмешках.

Я іду і радуюся гэтаму сонцу. Я п'ю яго нагбом і адчуваю, як нешта светлае, лёгкае, свежае перапаўняе мяне ўсяго, аж кружыцца - хмельна і соладка - галава...

Добры дзень, вясна-а-а!

  * * *

Уладарна кліча да сябе прырода. Хочацца ўцячы з горада, з гэтага штодзённага тлуму і шуму да першароднага хараства родных бароў, паплавоў, ніў...

Цягне да работы. Грубай, фізічнай. Іду вуліцаю, бачу: кранаўшчык узбіраецца па лесвіцы - і я зайздрошчу яму; рабочыя грузяць цэглу - і мне хочацца далучыцца да іх; дворнік зграбае лапатаю снег - і я ледзь стрымліваю сябе, каб не ўзяць лапату з яго рук і не разгарнуцца на ўсю шырыню плеч.

А то часам мільгне нават думка: бегаю я тут, мітушуся, нешта чытаю, нешта стараюся рабіць, а сапраўднае, вялікае жыццё дзесьці праходзіць міма. А так хочацца туды, да яго вытокаў, да яго вечна жывых невычэрпных крыніц.

У студэнцкім інтэрнаце хлопцы-свавольнікі расчынілі насцеж акно, навялі люстэрка і пускаюць зверху, з трэцяга паверха, сонечны зайчык - у вочы дзяўчат, што праходзяць міма, у вокны трамвая, у твары грузчыкаў на аўтамашыне.

І - дзіва - ніхто не злуе, не сварыцца. Толькі кожны пасміхаецца сам сабе - хораша, светла.

Вясна!

  * * *

У гэтыя дні між намі і выкладчыкамі ўсё часцей бываюць такія дыялогі:

- Баравы?

- Дзяжурны па інтэрнату.

- Шульга?

- Выклікалі ў камітэт камсамола.

- Слуцкі?

- Хворы.

- Крывецкі?

- На спаборніцтвах. У шахматы гуляе.

- Бугаёў?

-Да яго сваякі прыехалі.

Адных выкладчыкаў гэтыя дыялогі злуюць. Яны доўга і нудна чытаюць нам натацыі, пагражаюць стыпендыяй; другія ж - разумеюць нас, толькі пасміхаюцца.

  * * *

Паспрачаўся з Кастусём Беленькім. Ён доўга і тэмпераментна даказваў мне, што мастацтва - абсалютна не залежыць ад грамадства, што яно развіваецца па сваіх спецыфічных законах і яшчэ і яшчэ нешта такое. Я цярпліва выслухаў яго і запытаў:

- Дык што, па-твойму, выходзіць, што мастацтва вісіць у паветры?

Кастусь скрывіўся:

- Нашто так банальна?

- Між іншым, ты таксама не арыгінальны. Былі ўжо гэтыя тэорыі «чыстага мастацтва». Не раз яны выплывалі на белы свет, а што ад іх засталося?

- Тэорыю можна прыдумаць любую, а ў жыцці часам бывае зусім па-другому.

- Дык вось, калі хочаш, жыццё якраз і паказвае, што мастацтва ніколі не было і не будзе пасіўным, глухім да праблем, якія хвалююць грамадства. Любы сапраўдны твор - хай гэта будзе раман, аповесць або жывапіснае палатно - ён абавязкова нешта сцвярджае, нешта адмаўляе.

- Ну, калі адносна літаратуры з гэтай сентэнцыяй яшчэ можна пагадзіцца, то для жывапісу яна проста абсурдная. Мастак адлюстроўвае тое, што бачыць, не думаючы ні пра якую ідэалогію.

- Якраз наадварот! - запярэчыў я. - Мастаку мала з фатаграфічнай дакладнасцю перадаць толькі тое, што ён бачыць вакол сябе. Яму неабходна асэнсаваць убачанае, вылучыць у ім галоўнае, найбольш істотнае і сродкамі мастацтва здолець данесці, перадаць гэта сваім гледачам.

- А, што з табою гаварыць! - Беленькі пагардліва махнуў рукой і выйшаў, раздражнёны, з пакоя.

Цікава, ён сапраўды так думае ці гэта гаворыць у ім яго звычайны дух супярэчнасці? Ва ўсякім разе, наша спрэчка можа стаць тэмаю для цікавай дыскусіі ў групе.

  * * *

Яшчэ ніколі ў жыцці я так востра, так бурна не пераносіў вясну, як сёлета. Я не ведаю, што са мной робіцца, я здзіўляюся сам сабе. Хочацца скакаць, беспрычынна смяяцца, сваволіць. У жылах нейкі дзікі, неўтаймаваны агонь. Нават уначы няма спакою - некага заву, нешта шукаю, кідаюся ў пасцелі да самай раніцы.

А вечарам, калі я іду людным, гаманлівым праспектам, у маёй душы калабродзяць самыя супярэчлівыя пачуцці. Тут і светлая, добрая зайздрасць да шчаслівых пар, і ціхая журба, і шчымлівы боль, і пякучае жаданне кахаць. Кахаць да ап'янення!

Іду паркам. Ціхі свежы вечар. У глыбокай задуме стаяць сосны. Пахне жывіцаю, водарам разагрэтай за дзень зямлі. Усё асветлена мяккім блакітным святлом месяца. На лаўках, ля сосен, - пары, пары...

А я - адзін.

  * * *

Нядаўна быў крос на тры тысячы метраў. Ніколі яшчэ не даводзілася бегчы такую доўгую дыстанцыю. Памятаю, у дзевятым класе бегалі мы на восемсот метраў, і то ледзьве дацягнуў да фінішу. А тут - тры кіламетры.

Першыя два кругі даліся лёгка. На трэцім - пачалося збівацца дыханне, пацяжэлі, ажно падгіналіся ногі. Недзе на сярэдзіне дыстанцыі быў крытычны момант, калі хацелася спыніцца, сысці з дарожкі. Але я ўсё-такі перасіліў сябе, пабег далей.

І вось дзіва: неўзабаве зноўку адчуў у сабе прыліў сіл. Раўней забілася сэрца, і ногі, здаецца, самі неслі мяне наперад. Толькі перад самым фінішам зноў стала цяжка дыхаць - дацягнуў на адной упартасці.

Жыццё, мне здаецца, - тая ж дыстанцыя, адведзеная чалавеку самой прыродай. І ў кожнага на гэтай дыстанцыі ёсць свае крытычныя, пераломныя моманты.

  * * *

Невысокі, каржакаваты мужчына, пабліскваючы лысінай, чытае лекцыю пра гішпанскае і партугальскае Адраджэнне. Шаснаццатае стагоддзе...

А за акном - зыркая паводка святла. Расплаўленым сонцам зіхацяць на асфальце раўчукі. Колькі сілы, яснасці, радасці ў гэтай жаданай для ўсяго жывога паводцы!

- ...выдатны партугальскі паэт Луіс дэ Камоэнс па жаночай лініі даводзіўся сваяком вядомаму вам падарожніку Васка дэ Гама...

А за акном - глыбокая пранізлівая сінь неба. Ні воблачка, ні хмурынкі. Толькі вясною бывае такая свежасць, такая празрыстасць.

- ...але паэт трапіў у няміласць да караля і быў адданы ў салдаты...

А за акном неверагодны птушыны канцэрт. Вераб'і, здаецца, ашалелі ад гэтай сонечнай шчодрасці, скачуць, дурэюць у галлі каштанаў, заходзяцца на розныя галасы, быццам выхваляюцца адзін перад адным сваімі адмысловымі спевамі, сваім талентам.

- ...і толькі на схіле жыцця паэт змог вярнуцца ў Партугалію і надрукаваць сваю выдатную паэму...

Неўзаметку кідаю позірк на свайго суседа - Міколу Вераса - і бачу, што ў гэтыя хвіліны ён таксама далёкі ад шаснаццатага стагоддзя...

  * * *

Валодзя Баравы, здаецца, не на жарты закахаўся ў новенькую. Зусім не пазнаць хлопца. Стаў нейкі дзіўны - рассеяны, узнёсла-святочны.

Учора з Міколам Верасам мы сустрэлі яго вечарам на праспекце. Валодзя ішоў проста на нас і не бачыў нас. Мы расступіліся і, калі ён гатовы быў ужо прайсці міма, схапілі яго за руку.

- А-а... - сказаў ён шчасліва. - Прывітанне!

- Ты што гэта ходзіш як лунацік, не бачыш нічога вакол? - засмяяўся Мікола.

Валодзя паціснуў плячыма:

- Не ведаю. Нешта здарылася са мною... Невыцерпна хочацца пісаць! - Валодзевы вочы гарэлі радасным, ліхаманкавым бляскам. - Іду вось па вуліцы, а радкі ў галаве роем, роем... Ніколі яшчэ такога не было!

- Ну, гэта не страшна, - сказаў Мікола і ляпнуў Валодзю па плячы. - Куй жалеза, пакуль гарачае!

Калі мы ўжо разышліся, я падумаў: якое ж усё-такі гэта шчасце - кахаць!

  * * *

Мы доўга блукалі па парку, спадзеючыся знайсці дзе-небудзь незанятую лаўку, але так нічога і не знайшлі. Цёплы вясновы вечар, здаецца, выгнаў з дому ўсіх - і маладых і старых.

Выйшлі да рэчкі, на тое месца, дзе яна цячэ яшчэ ў сваіх травяністых, не спалоненых гранітам берагах і дзе з абодвух бакоў стаяць старыя нахіленыя вербы, утвараючы над вадой густыя, таямнічыя ў змроку шаты.

На лёгкім драўляным мастку, перакінутым цераз рэчку, спыніліся. Абапёршыся на парэнчы, я стаяў спінаю да вады і слухаў Галю. Яна расказвала пра школу, пра сваіх сябровак, пра сябе і была ў вясёлым, жартаўлівым настроі. Смеючыся, яна то брала мяне за руку, моцна сціскала яе, то пацвельвалася - па-дзявочы забаўна і міла пстрыкала мне па носе пальцам. І нечакана дакранулася шчакою да майго пляча, прыціхла ўся, прытулілася. Цяпло і трымценне яе цела я адчуў так блізка, што ў мяне перахапіла дыханне.

Я мог бы пацалаваць яе, пацалаваць у самыя вусны, якія, ледзь прыкметна ўздрыгваючы, шукалі, чакалі маіх вуснаў, але нешта стрымала, спыніла мяне. Магчыма, гэта была боязь, што пацалунак разбурыць тую высокую і трапяткую чароўнасць, якая аб'ядноўвала нас у гэтыя хвіліны, а магчыма, і іншае - падсвядомая, але ўвесь час неадступная думка пра Надзю...

Заплюшчыўшы вочы, яна яшчэ нейкае імгненне стаяла нерухома, уся пакорліва-сцішаная, поўная затоенага чакання, а потым як бы схамянулася, пстрыкнула мне па носе і, засмяяўшыся, выслізнула з маіх абдымкаў.

  * * *

Сварка ўсчалася з-за дробязі.

Мікола Верас хацеў паваксаваць туфлі, але ваксы не аказалася. Ён стаў бурчаць.

- Н-народ! Ніхто не здагадаецца купіць! Усе чакаюць, каб хто іншы, н-на гатовенькае!..

Бугаёў падняў галаву з ложка:

- Я не чакаю, таварыш Верас. Калі мне трэба, я дам грыўню, і мне так надраяць чаравікі, што будзь здароў!

Мікола яшчэ больш узлаваўся.

- «Н-надраяць, надраяць»! Ты і п-прывык, каб за цябе ўсё драілі, каб за табой прыбіралі, як за панам якім. Была б мая воля, я з цябе гэтыя перажыткі ўмомант выгнаў бы.

Кандрат агрызнуўся:

- Сам ты перажытак! Што я - не маю права, каб мне, за мае ўласныя грошы, пачысцілі чаравікі?

- А ты ш-што, зломак? Ці мо рукі адсохнуць? - гарачыўся Мікола. - Проста агідна! Ідзеш па праспекту, а з будкі высоўваецца такая здаравенная чырвоная морда, і ў руках - шчотка, а позірк - лісліва-ўмольны, як міласці просіць. Ну дык у гэтага філасофія простая - за лёгкім рублём гоніцца. А ты? Няўжо не сорамна падстаўляць некаму нагу, каб ён чысціў твой заляпаны чаравік? Ды гэта ж прыніжае чалавечую годнасць!

- Ты, Верас, не загінай! - спакойна, нават ляніва запярэчыў Бугаёў. - Калі ісці па тваёй логіцы, то гэтак можна адмовіцца і ад паслуг цырульніка, і ад паслуг краўца і іншых.

- Гэта зусім розныя рэчы! - перабіў яго Верас. - Адно, калі ты сапраўды нечага не ўмееш, не можаш рабіць і звяртаешся да спецыяліста. І зусім іншае - калі табе ваксуюць чаравікі, надзяваюць паліто, кідаюцца адчыняць дзверцы аўтамашыны. Гэта ўжо, браце, не паслуга, а элементарнае лакейства. Лакейства, якое трэба рашуча выкараняць з нашага грамадства, дзе ўсе павінны быць роўнымі.

- Ага, роўнымі! - абазваўся са свайго ложка Алесь Шульга. - Ты унь ва ўніверсітэт кожны дзень пехатою чэшаш або душышся ў перапоўненым аўтобусе, а Святлана Карэліна пад самы ганак падкочвае на татавым персанальным аўтамабільчыку.

- Дарэчы, з такімі фактамі таксама трэба рашуча змагацца. Інакш грош нам цана як журналістам.

Пры гэтых словах Алесь ажно ўскочыў з ложка і стаў супраць Вераса, натапыраны ўвесь, пачырванелы:

- А ты хоць раз калі спрабаваў змагацца? Спрабаваў?!

- Не спрабаваў. Не было выпадку.

- Дык то-та ж! Прыгожа гаварыць мы ўсе ўмеем! А ты вось паспрабуй. Так апячэшся - дзесятаму закажаш. Я унь з дробнаю сошкаю, з калгасным брыгадзірам, павёў вайну і то ніяк не магу адкараскацца. З яго хоць бы валасінка ўпала, а мяне цярэбяць.

- Ну і дурань! Хіба так ваююць?

- Знаеш што?! - Алесь цяжка скрыгатнуў зубамі і гатовы быў вось-вось кінуцца ў бойку.

Валодзя Баравы стаў паміж разгарачаных не на жарт хлопцаў і пачаў разводзіць іх у бакі:

- Ну, ну, пеўні! Няўжо нельга пагаварыць спакойна?

- З ім п-пагаворыш!

- А я тваю дэмагогію і слухаць не хачу!

- Ды сціхніце вы! - прыкрыкнуў Валодзя.

Хлопцы насуплена, неахвотна разышліся, але яшчэ доўга - кожны са свайго месца - перакідваліся, даймалі адзін аднаго колкімі рэплікамі.

  * * *

Мабыць, сход наш так і закончыўся б вяла, нудна, як пачаў яго Кастусь Беленькі, і не пакінуў бы ніякага знаку, калі б не Ніна Аляксандраўна, наш куратар. Яна ўвесь час сядзела ззаду і моўчкі слухала, як мы пераліваем з пустога ў парожняе. Размовы па сутнасці ніякай не было. Беленькі гаварыў нешта блытанае, неакрэсленае. За ім выступіў Ігар Касцевіч. Ён яшчэ раз напомніў нам пра дысцыпліну, пра тое, што лекцыі праводзяцца не для выкладчыкаў, а для нас. Потым колькі слоў сказаў Фіма Слуцкі. Больш ніхто выступаць не хацеў. Усе сядзелі панурыўшы галовы і чакалі, здаецца, аднаго: каб хутчэй канчалі сход.

Тут і папрасіла слова Ніна Аляксандраўна. Яна падышла да стала, акінула нас уважлівым, як бы нават здзіўленым, позіркам і сказала:

- Не разумею... Не разумею, што робіцца з вашаю групаю? Чаму вы ўсе сталі такія? Пасіўныя! Абыякавыя! - у голасе гучалі непадробны боль і абурэнне. - Узяць хоць бы сённяшні сход. Няўжо вам няма аб чым пагаварыць? Усё ў вас цудоўна, бездакорна? Нікога нішто не цікавіць? Не хвалюе?

Мы сцішыліся. І, мусіць, не аднаму мне было ніякавата. А Ніна Аляксандраўна дакарала:

- Сумна жывяце вы, нецікава! І што самае прыкрае, не ведаю, можа, я і памыляюся, але ў мяне такое ўражанне, што жывяце вы неяк адасоблена адзін ад аднаго, няма ў групе сапраўднай дружбы, агульных клопатаў, агульных інтарэсаў. А без гэтага - паверце мне, сама не так даўно была студэнткаю, - без гэтага вы шмат траціце. Вельмі шмат! Так, студэнцкія гады - самыя яркія, самыя шчаслівыя, але каб яны сталі такімі, трэба актыўна, цікава жыць.

Ніна Аляксандраўна хвіліну памаўчала і ўжо больш спакойна стала расказваць нам пра тое, як некалі яны сваім курсам наладжвалі розныя дыспуты, вечары адпачынку, разам хадзілі ў тэатры, музеі, ездзілі за горад.

- Дык і мы можам гэтак! - падаў голас Валодзя Баравы.

- Канечне! - ахвотна згадзілася Ніна Аляксандраўна. - Канечне, можаце. Хто вам перашкаджае?

- Лянота, - уставіў Мікола Верас.

- Дазвольце, калі ласка, мне, - падхапіўся раптам Фіма Слуцкі і адразу пачаў: - Патэнцыяльныя магчымасці кожнага індывідыума дазваляюць яму дзейнічаць у непараўнальна большым дыяпазоне, чым гэта бывае ў сапраўднасці. Павінен сказаць...

- Пачакай, Фіма, - перапыніў яго Ігар Касцевіч. - Тут не навуковы дыспут. Зрэшты і так ясна, што крытыка Ніны Аляксандраўны справядлівая. Давайце ж шчыра, па-людску пагаворым, што мы можам зрабіць...

Пасля гэтага лёд нашай абыякавасці нарэшце крануўся. Хлопцы шумна загаварылі, заспрачаліся. Адкуль што і ўзялося. Розныя прапановы пасыпаліся, як з меха. Сакратар сходу Валодзя Баравы ледзь паспяваў іх запісваць.

Разыходзіліся ўзбуджаныя, радасныя. І, здаецца, упершыню ішлі ў інтэрнат усе разам.

  * * *

Хадзілі калектыўна (усёй групай!) у Купалаўскі тэатр. На спектакль пра камсамольскіх работнікаў.

Спектакль - так сабе, а калі гаварыць больш строга, то і слабенькі. Мне здаецца, гэта якраз той выпадак, калі артыстам (а ў беларускім тэатры артысты цудоўныя!) не было чаго іграць. Занадта ж у п'есе ўсё прамалінейна, усё на паверхні. Рэзкі падзел герояў на адмоўных і станоўчых. І калі адмоўны, дык абавязкова вузенькія штаны, доўгая грыва, развязныя рухі, цыгарэтка ў грэбліва складзеных губах. Станоўчых жа герояў хоць да раны прыкладвай, такія ўжо яны правільныя ды разумненькія.

Сумна... У жыцці так не бывае. Чалавек куды больш складаны і багаты.

І ўсё ж (яшчэ адно пацверджанне таго, што ў любым кепскім ёсць нешта добрае) у спектаклі прагучала некалькі цікавых думак. Адна з іх - пра абыякавасць.

Я бачыў, як стаілася, замерла зала, калі са сцэны даведзеная да адчаю Клаўка крыкнула са слязамі на вачах: «Што ж гэта такое?! Усім усё роўна!»

Чаму, чаму ў нас яшчэ столькі людзей, якім напляваць на ўсё і ўсіх, акрамя ўласнай асобы, прынцып жыцця якіх: мая хата з краю? Адкуль такая абыякавасць? Дзе яе вытокі? У чым прычына?

  * * *

Недзе яшчэ перад сесіяй мы разгаварыліся з Кастусём Беленькім, і ён расказаў мне, што ў яго ёсць вельмі харошая дзяўчына, у якую ён закаханы, і калі ўсё будзе добра, то яны летам пажэняцца.

Сёння пасля заняткаў фізкультуры мы засталіся з Кастусём у раздзявалцы адны, і я, прыгадаўшы гэту размову, запытаў у яго:

- Ну як, Кастусь, у цябе з тваёй дзяўчынай?

- А-а, - пакрывіўся Беленькі і са злосцю пачаў шараваць сябе мачалкай.

- Не сустракаешся?

- Сустракаюся. А што толку? - Кастусь хмурна махнуў рукою і пайшоў пад халодны душ.

Я не стаў больш назаляць пытаннямі. Захоча - раскажа сам. І сапраўды, неўзабаве Беленькі закруціў кран і, расціраючы цела ручніком, загаварыў:

- Усё-такі я яшчэ раз пераконваюся, што не трэба з імі сюсюкаць. Як пачнеш ёй пісаць ды гаварыць рознае - усё прапала. Трэба быць мужчынам, а не хлюпікам. Шкада, што я позна зразумеў гэта.

І ўжо вечарам, вяртаючыся ў інтэрнат, мне чамусьці ўспомніліся гэтыя словы. «Не трэба з імі сюсюкаць...» І мне падумалася: «Магчыма, і Надзя таму такая са мной, што ёй надакучылі мае вечныя ўздыханні, мае пакутніцкія міны».


ТРАВЕНЬ

Толькі што адбушавала навальніца - сапраўдная, з вялікім громам і бліскавіцамі. Амаль усе з чытальнай залы высыпалі на калідор і доўга стаялі, з нейкай вусцішнай асалодаю ўбіраючы гэту першую вясновую музыку.

Люблю навальніцы! Люблю за іх дзікую, жахліва-велічную сілу, за іх буйнасць і непадуладнасць! Сёння, калі я глядзеў навальніцу, мне чамусьці падумалася: гэта неба так апантана прызнаецца ў каханні зялёна-маладой зямлі. Цярпела-цярпела і вось не вытрымала - абхапіла зямлю рукамі-маланкамі і загрымела на ўсе грудзі-хмары пра сваё пачуццё. У першыя хвіліны здалося нават, што зямля, уся нейкая пакорлівая, прыціхлая, спалохалася гэтай неўтаймаванай сілы. Але не. Унь як імкнецца яна насустрач разбушаванаму небу кожнай сваёй травінкай, кожным лісцікам, як прагна ловіць яна кожную маланку, не заўважаючы ні болю, ні страху, упіваючыся гэтым нястрымным парывам кахання.

  * * *

Усё ж такі ёсць на свеце нейкія біятокі. Інакш чым растлумачыць, што ўчора, пасля заняткаў, замест таго каб ісці ў бібліятэку, мяне пацягнула ў інтэрнат. Толькі зайшоў у пакой - стукаецца дзяжурны:

- Палескі, да тэлефона!

Сэрца адразу радасна тарганулася: Надзя! Як апантаны кінуўся ў вестыбюль, узяў слухаўку.

- Алё... - знаёмы голас пачуўся раптам з далечыні.

- Надзя?! Добры дзень, Надзя! Я ўжо думаў, нешта здарылася. Чаму ты нічога не пішаш? Дзе ты была на першамайскія святы?

Яна засмяялася - відаць, ад таго, што я адразу выпаліў столькі пытанняў, і расказала, што на святы ездзіла дадому - бацькі папрасілі, каб прыехала, а не пісала таму, што цяпер абсалютна няма вольнага часу: то лекцыі, то калёквіумы.

- Няма часу...

- Ну, праўда, Жэня. Не крыўдуй, калі ласка, - сказала яна. - Хутка я буду ў Менску і раскажу пра ўсё падрабязна.

- Я ўжо баюся табе верыць.

Яна засмяялася зноў:

- А ты вер... Ну добра, да сустрэчы.

Пасля гэтай размовы ісці ў бібліятэку я ўжо не мог. Да самага вечара блукаў па горадзе і нічога вакол не чуў, акрамя жаданага, любага: «да сустрэчы», «да сустрэчы...»

  * * *

Усё хаджу і думаю пра тое, пра што спрачаліся на факультэцкім дыспуце. Размова ішла пра чалавека будучыні.

Напачатку, праўда, ніякіх спрэчак не было. Выступалі больш, як Алесь кажа, штатныя «аматары балбаталогіі», і таму гучалі завучаныя, банальныя фразы.

Але потым падняўся Бандарэнка, старшыня студсавета ў нашым інтэрнаце, і сказаў:

- Сядзіш вось тут, слухаеш - і здаецца, што нам і рабіць ужо няма чаго. Такія мы ўсе харошыя ды цудоўныя. Я хачу сказаць, што гэта не так... Амаль кожны тыдзень даводзіцца нам разбіраць на студсавеце розныя ганебныя ўчынкі. А чаму? Таму, што выхаваннем студэнтаў у нас яшчэ займаюцца кепска, ніхто не выхоўвае ў іх любві да працы. Выкладчыку галоўнае, каб ён хадзіў да яго на лекцыі ды не плаваў на экзамене. А хто ты, што ты - нікога гэта не цікавіць. Вось і атрымоўваецца... Заходжу я нядаўна ў адзін пакой да трэцякурснікаў. Ляжаць усе на ложках і ногі ўгору пазадзіралі. «Што за прывал такі? - пытаюся. - Чаму не ўключыце святло?» - «А ў нас перагарэла лямпачка». - «Дык схадзіце ўніз і вазьміце новую». Хоць бы хто паварушыўся. Пайшоў я да каменданта сам, узяў лямпачку, уключыў ім святло. Думаеце, лайдакоў праняў сорам, папрасілі прабачэння? Нават дзякуй не сказалі. І гэта - будучыя педагогі, людзі, якія заўтра прыйдуць выхоўваць іншых! Адкуль жа такая лянота, абыякавасць? На што яны спадзяюцца? На камунізм? Але ж і пры камунізме лямпачкі перагараць будуць. Як вы думаеце?

- Гэта дробязь! - ускочыла адразу дзяўчына ў першым радзе. - Калі трэба будзе, чалавек аддасць усе свае сілы. Вось у нашай групе ёсць Яніна Кашкурэўская. Усе гаварылі пра яе, што яна вялікая гультайка, беларучка. А дзяўчына паехала разам з усімі на цаліну і як працавала! Глядзіш на яе - тоненькая, худзенькая, а тарабаніць на насілках тры пуды цэглы пад саракаградусным сонцам - і нічога. Не валіцца з ног. Ды яшчэ ўсмешка на твары.

Бандарэнка, аднак, не згадзіўся:

- Гэты факт яшчэ ні аб чым не гаворыць. Сапраўдны чалавек павінен заставацца чалавекам заўсёды - і ў вялікім і ў малым. Калі хочаце, дык якраз у малым, у дробязях чалавек праяўляецца больш чым дзе. Бо куды лягчэй папрацаваць месяц на цаліне, чым, скажам, кожны дзень акуратна прыбіраць ложак, падмятаць у пакоі падлогу, хадзіць у кубавую па гарбату для таварышаў. І я прынцыпова не згодзен з тымі, хто спрабуе абяліць, апраўдаць розную пошасць. Маўляў, гэта нічога, што некаторыя адпускаюць, як у каня, грывы, што п'юць, што лаюцца, што лянуюцца вучыцца. Вось калі спатрэбіцца - яны, маўляў, не пашкадуюць сіл. А калі пашкадуюць? Ды і чаму, хачу я ў вас запытацца, мы абавязкова павінны чакаць крытычнага моманту, каб нейкі абібок раскрыў нарэшце свае сілы, выканаў свой прамы чалавечы абавязак? А хто ж за яго будзе працаваць цяпер, штодзённа?

Дыспут працягваўся яшчэ доўга, і думак розных было нямала, але я іх асабліва не запамінаў. А вось над словамі Бандарэнкі каторы ўжо дзень думаю. Магчыма, у палемічным запале ён у нечым і згусціў фарбы, але ўвогуле думка яго, мне здаецца правільная. Хто подленькі ў дробязях, той не праявіць высакародства і ў вялікім! Не веру я ў дабрату таго, хто, распусціўшы свае даўно не мытыя пэтлахі, заліўшы гарэлкаю вочы, можа брыдка і агідна лаяцца ў грамадскім месцы, нават пры жанчынах.

  * * *

Алесь Пятровіч Пушча - наш выкладчык сучаснай беларускай літаратурнай мовы - заядлы футбольны балельшчык. Любіць са студэнтамі абмеркаваць чарговы матч, паспрачацца, ці аб'ектыўны быў у мінулы раз суддзя, як забілі гол... І, як кожны сапраўдны балельшчык, гаварыць можа пра гэта цэлымі гадзінамі, прычым гаварыць з непадробным, амаль дзіцячым захапленнем.

Мы ўведалі пра гэту слабасць Алеся Пятровіча і цяпер часта, каб не слухаць яго даволі-такі нуднаватых лекцый, скіроўваем гаворку на футбол. Звычайна гэта робіцца так. Хто-небудзь як бы ненарокам, так сабе, між іншым, кідае фразу: «Эх, не пашанцавала нашым у апошняй гульні...», або «Кажуць, Малафееў атрымаў сур'ёзную траўму», ці яшчэ што-небудзь іншае - і Алесь Пятровіч адразу ж клюе на нашу прыманку. Заводзім выкладчыка і сядзім тады, мелем пустое дзве гадзіны і радуемся, быццам не самі сябе падманулі, быццам не нам гэта праз месяц здаваць экзамен.

  * * *

Быў днямі ў Вільні. От сабе сабраліся з Валодзем Баравым і махнулі. Абхадзілі за дзень усе памятныя гістарычныя і культурныя мясціны. Пабывалі ў колішняй беларускай гімназіі, наведалі месца, дзе быў павешаны Кастусь Каліноўскі, пастаялі ля доміка, дзе жыў Янка Купала...

Кінулася ў вочы, што ў Вільні вельмі багата касцёлаў, цэркваў. У многія мы заходзілі - адчынены.

Асабліва ўразіла набажэнства ў касцёле Пятра і Паўла. Высачэзная, доўгая зала. Спрэс - скульптуры, разьба па дрэве, карціны. Кажуць, што аздабленне гэтай залы заняло адзінаццаць гадоў. Працавалі лепшыя італьянскія скульптары, мастакі. Грошай не шкадавалі.

Затое ж - касцёл! Усё тут прадумана і зроблена, каб здзівіць, зачараваць чалавека, абудзіць, распаліць яго фантазію, узяць у палон яго душу і розум. Я ўжо нашто чалавек бязбожны, а як загучаў арган ды заспяваў хор - мурашкі па спіне пабеглі, падступіла нешта даўкае да горла.

Сціхла, недзе на самым кульмінацыйным моманце абарвалася музыка. На амбон узышоў ксёндз і пачаў сваю пропаведзь. Я не ведаю, што ён гаварыў (бо ксёндз выступаў па-польску), але адчуваю, што гаварыў ён здорава, па ўсіх законах высокага прамоўніцкага майстэрства. Парафіяне сядзелі стаіўшы дыханне, аж елі вачыма ксяндза. І можна не сумнявацца, што кожнае яго слова глыбока западала ў раскрыта-чуйныя душы.

От гэта называецца ўлада над чалавекам! Царкоўнікі выдатна разумелі, што гэтая ўлада даецца нялёгка, таму і не шкадавалі ні часу, ні сродкаў. Таму была рэлігія такою жывучай, такою ўплывовай...

  * * *

Учора ў тралейбусе, назбіраўшы ў кішэнях медзякоў, я працягнуў іх дзяўчыне, якая стаяла побач спінаю да мяне.

- Перадайце, калі ла...

Дзяўчына павярнула галаву, і я, не дагаварыўшы, так і застыў з адкрытым ротам і працягнутаю рукою.

На мяне глядзела Надзя!

Прайшла, відаць, добрая хвіліна, пакуль я нарэшце расшалопаў, што перада мною не сама Надзя, а дзяўчына, вельмі падобная да яе. Падабенства было надзвычайнае! Гэткія ж каштанавыя валасы, крышку кірпаты нос і нават усмешка такая ж - стрыманая, іранічна-смяшлівая.

Увесь час, пакуль мы ехалі, я не зводзіў вачэй з дзяўчыны. А сэрца - дурное! - аж заходзілася ад хвалявання ў грудзях. Нават калі ўжо выйшаў з тралейбуса, я доўга яшчэ не мог супакоіцца.

  * * *

Ваня Ліпскі прыслаў мне ліст:

«Калі ты яшчэ кахаеш Надзю, то ты - дурань. Гэта я гавару табе як сябру.

На першамайскія святы яна была дома. Хадзіў з ёю два вечары Іван Пятровіч, і яна з ім цалавалася. Бачыў гэта на ўласныя вочы».

Няўжо гэта праўда? Няўжо такое магло быць?.. А мо яна таму і тэлефанавала, каб дазнацца, ці ведаю я пра гэта? Не магу паверыць, не магу...

Паслаў ёй ліст. Кароткі, з'едлівы, злы.

  * * *

Прачытаў у газеце: вучоныя сцвярджаюць, што ў прыродзе няма абсалютна чыстых колераў. Нават чорная фарба не зусім чорная, белая - не стопрацэнтна белая. Кожная з іх мае нейкія прымесі. А колькі ў прыродзе розных адценняў!

Так, відаць, і сярод людзей. Вось - Ігар Касцевіч. Добры, разумны хлопец. Настойлівы, клапатлівы, гаспадарлівы. Але сказаць так - значыць сказаць толькі пра адну (хай сабе і галоўную) грань сутнасці чалавека, узяць толькі адну фарбу ў яго характары. А тут - розныя колеры, складаныя адценні. Востры прыродны розум Ігара зводзіцца іншы раз да прыхаванай хітрасці, тонкага разліку, і пачуццё ўласнага гонару пераходзіць часам у высакамернасць, добрая сялянская гаспадарлівасць, беражлівасць заканчваюцца нярэдка элементарнай скупасцю. Так, Ігар Касцевіч часта (і нават ахвотна) памагае сваім аднакурснікам. Але толькі тым, хто слабейшы за яго, над кім ён адчувае сваю перавагу. Да моцных у яго нядобрая зайздрасць.

Я ведаю, колькі папахадзіў Касцевіч у дэканат і колькі давялося яму папсаваць нерваў, пакуль ён выбіў нарэшце Толіку Крывецкаму стыпендыю. І ў той жа час я не магу забыць выпадак, калі той жа Касцевіч бесцырымонна адпіхнуў ад разеткі таго ж Крывецкага, які галіўся электрабрытваю, і ўключыў прас: Ігару, бачыце, трэба было папрасаваць свае штаны, лішнюю хвіліну ён пачакаць не мог.

Што гэта - дробязь ці нешта больш істотнае? Складанасць характару ці суіснаванне ў чалавечай душы дабра і зла? А можа, сапраўды, яно ёсць, гэтае суіснаванне? Можа, я па сваёй маладосці суджу чалавека занадта жорстка і прамалінейна? Можа, трэба адносіцца да розных чалавечых слабасцей больш цярпіма, разумець іх?

  * * *

Выйшла замуж Святлана Карэліна. Амаль два тыдні яе не было на занятках. А ўчора яна нарэшце паказалася. Уся сур'ёзна-дарослая, у рухах - стрыманасць, плаўнасць, а погляд нейкі бы стомлены, млявы, поўны любові і пяшчоты...

Бедны Баравы! Я ўяўляю, як цяжка бачыць усё гэта яму, калі нават у самога нешта скрабе пад сэрцам.

  * * *

Галя... Апошнім часам я не-не дый лаўлю сябе на тым, што думаю пра яе. Больш таго. Кожны раз, калі мы бачымся, я адчуваю, што мне гэта прыемна. Я міжволі стараюся падабацца ёй.

Навошта мне гэта? Усё роўна ж я кахаю не яе - іншую...

  * * *

Насупраць нашага пакоя жывуць сімпатычненькія «біялагіні». Тыдзень назад мы надумалі пажартаваць з іх. Павесілі ўнізе, у вестыбюлі, аб'яву аб тым, што ў іхнім пакоі прадаюцца квіткі на канцэрт Маі Крысталінскай (яна якраз на тым тыдні выступала ў Менску, і дастаць квіткі было проста немагчыма).

Народ да суседак паваліў валам. Не паспяваў выйсці з пакоя адзін, як другі ўжо стукаў у дзверы. Дзяўчаты спачатку здзіўляліся: «Якія квіткі? Які канцэрт?», потым пачалі злаваць: «Колькі можна хадзіць! Кіньце недарэчныя жарты!» І, нарэшце, даведзеныя да адчаю, замкнуліся на ключ і нікому больш не адчынялі. Ля дзвярэй сабраўся абураны натоўп, які мо з гадзіну не даваў дзяўчатам спакою.

Мы ледзь не лопнулі ад смеху. Нарагаталіся колькі ўлезла.

Пасля гэтага мінуў дзень, другі... Мы ўжо сталі забывацца на свой учынак. Думалі, што і суседкі пра яго забыліся. І от учора, калі мы селі вячэраць, стукае нехта ў нашы дзверы. Адчыняем - на парозе незнаёмы хлопец з туфлем у руках.

- Прашу прабачэння, хто тут у вас рамантуе абутак?

- Абутак? - падхапіўся адразу Алесь. - Го-го-го! Ёсць тут адзін... шавец! У-унь той дзядзя.

І паказвае рукою на Кандрата Бугаёва.

Мы так і пакаціліся з рогату.

Хлопец разгублена патаптаўся ў парозе і падаўся назад да дзвярэй.

Не паспелі дасмяяцца, як зноў заходзіць нейкі хлопец - і зноў з туфлем. Што за праява! Толькі за трэцім разам здагадаліся мы нарэшце збегаць уніз. Так і ёсць! Вісіць у вестыбюлі вялікая маляўнічая аб'ява: «У пакоі № 82 кваліфікаваны майстар робіць дробны тэрміновы рамонт абутку. Карыстайцеся новым відам бытпаслуг!»

Ах, каб на вас паляруш! А мы-то думалі, што суседкі нічога не ведаюць.

Цяпер хлопцы ламаюць галаву, што б яшчэ такое прыдумаць.

  * * *

Сядзелі ў доўгім прывакзальным скверы. Галя ехала на выхадны дзень да бацькоў у вёску, я падахвоціўся яе праводзіць. Узялі квіток і, чакаючы цягніка, сядзелі на лаўцы, жартавалі, смяяліся.

- Закурыць ёсць? - нечакана пачуўся над намі грубы, развязны голас.

Я ўзняў галаву. Здаравенны расхрыстаны бамбіза стаяў побач. П'яная аскаленая морда глядзела на мяне.

- Няма, не куру.

- А ўсё-такі?

- Няма, табе кажуць! - не вытрымала Галя.

Морда павярнулася:

- А-а, цыпачка... Я цябе ўжо недзе бачыў. На вакзале бываеш?

- На вакзале? Чаго?

- Знаем чаго. Ну-ну... - бамбіза працягнуў руку да Галінага падбародка.

Я ўстаў. І ў тую ж секунду ў вачах у мяне як бы што ўспыхнула - яркае і балючае. Я нават не адразу здагадаўся, што мяне ўдарылі.

- Ты што-о?!

- Не наравіцца? - бамбіза скрыгатнуў зубамі і намерыўся замахнуцца яшчэ раз.

- Ану, адыдзі, падонак!..

- Жэня, не звязвайся! - Галя ўхапілася за пінжак і цягнула мяне назад. Бамбіза панура наступаў. Правая рука яго нешта выцягвала з кішэні. «Нож!» - мільганула думка, і я адразу адчуў усярэдзіне непрыемны халадок.

Не ведаю, што было б далей, але тут якраз на алеі паказалася двое мужчын, і бамбіза імгненна знік.

Усё адбылося так нечакана і да крыўднага прыкра.

На душы было агідна. Ад усведамлення свайго бяссілля. Ад таго, што нейкі падонак зняважыў цябе, ударыў, а ты нічога не мог зрабіць. У гэтыя хвіліны мне хацелася стаць кім хочаш - міліцыянерам, дружыннікам, баксёрам, - толькі б змагацца з рознай поскуддзю, якая яшчэ так атручвае наша жыццё.

  * * *

Ніколі яшчэ не адказвала яна так хутка. Тры дні назад паслаў пісьмо, а сёння - адказ. Я нават не чакаў.

Але на гэты раз такая неспадзяваная аператыўнасць не абрадавала мяне - насцярожыла. І, беручы ў рукі канверт, на якім стаяла кароткае, крыўднае «Палескаму», я ўжо ведаў, што прыемнага ў пісьме будзе мала.

Так яно і аказалася.

«Я зараз гэтак расстроена, я проста не магу. Хто так мог выдумаць! Я нават не знаю, што табе пісаць.

Так, я была з Іванам Пятровічам адзін вечар. Але ты ды і ніхто іншы нічога не знае, што я яму гаварыла. Калі б знаў і той, хто табе гэта напісаў, вы абодва нічога не гаварылі б.

Як ты толькі мог так мне напісаць? А потым яшчэ хочаш, каб я прыехала ў Менск...»

Калі я дачытаў пісьмо, у мяне пахаладзела сэрца. Што я натварыў? Чаму я, не праверыўшы нічога, не падумаўшы, усхадзіўся, як дурань, і настрачыў Бог ведае чаго?

Напісаў ёй доўгае, пакаянна-пяшчотнае пісьмо.

  * * *

Нічога не пішу і не тое чытаю. Неяк на ўсё кідаюся і нічога не паспяваю зрабіць. На душы - прыкра.

Што ж мне рабіць? Не, ныццём тут нічога не паможаш. Трэба брацца за сябе сур'ёзна. Хопіць бяздумна транжырыць свой вольны час! З заўтрашняга дня ўстанаўліваю сабе жорсткі рэжым дня - займацца толькі карысным, толькі неабходным!

  * * *

Як усё-такі мяне Ваня падвёў. Учора ён зноў прыслаў пісьмо і піша ўжо зусім іншае:

«Разумееш, еду я недзе а чацвёртай гадзіне раніцы, а яны стаяць каля дома і за рукі трымаюцца. Ну, дык, відаць, не проста так яна стаяла з Іванам Пятровічам да гэтай пары. Я не хачу сцвярджаць, што яна кахае яго і цалуецца з ім, але мяркую, што гэта так...»

Вось табе і на! Ужо «мяркую...». А тады, не задумваючыся, напісаў: «бачыў на ўласныя вочы...»

Што ж, гэта для мяне горкая навука.

  * * *

Непадалёку ад нашага інтэрната - неблагое возера, і многія са студэнтаў прызвычаіліся на пляжы рыхтавацца да заняткаў і загараць.

Прыйшлі сюды і мы з Кандратам. На беразе ўжо было поўна людзей. Толькі на тым, другім беразе адзінока чырванела палатка і некалькі дзяўчат, хлопцаў загарала побач на траве.

- Вось бы і нам з Надзяй гэтак!.. - летуценна сказаў я, кіўнуўшы галавой на палатку. - І больш нічога не трэба, каб толькі кожную раніцу ўставаць разам з сонцам, бегчы да возера па роснай траве і радавацца жыццю.

- Рамантыка, - хмыкнуў Кандрат. - Нічога, з гадамі гэта выветрыцца.

Спрачацца не хацелася - усё роўна Бугаёва не пераканаеш.

Знайшлі вольнае месца, моўчкі распрануліся, унурыліся ў кніжкі.

Непадалёку завуркатаў матор. Я ўзняў галаву. У цяньку прыбярэжных кустоў спыніўся блакітны бліскучы «Масквіч». Адчыніліся дзверцы, і з-за руля шустра выскачыў высокі хударлявы мужчына, кінуўся да другіх дзверак, памог вылезці тоўстай, раскормленай кабеціне. Пакуль яна размінала замлелыя ў машыне ногі, жмурылася, прывыкаючы да сонца, мужчына хуценька дастаў з багажніка раскладанку, паставіў яе ў цяньку, заслаў пакрывалам. Кабеціна з грэблівай мінай ляніва павалюхала да кустоў, скінула халат і распласталася на раскладанцы.

Некалькі хвілін мужчына патаптаўся каля жонкі, як бы не ведаючы, чым яшчэ ўслужыць, а потым распрануўся таксама і сеў на траву побач. Сядзеў неяк нясмела, напружана, гатовы, здаецца, усхапіцца па першаму слову жонкі. І было яму, мусіць, вельмі сумна і адзінока.

Кандрат глядзеў на ўсё гэта засяроджана, паціху сапучы. Нарэшце выдыхнуў:

- Жывуць жа людзі...

  * * *

З Людай Барташэвіч сядзелі ў «Ленінцы» і «грызлі» дыялектычны матэрыялізм. Да нашага стала падышла светлавалосая, сімпатычная дзяўчына. Люда перакінулася з ёю некалькімі словамі - і зноў з галавой у кніжкі.

- Хто гэта быў? - запытаў я пасля, калі мы выйшлі з Людай на перакур.

- Мая аднакласніца. У народнагаспадарчым. Цікавая дзяўчына. Шкада, збілася трохі з дарогі. Увесь час да адурэння марыла пра медыцынскі, а пасля першай няўдачы адразу адчаялася. І пайшла абы-куды. Цяпер каецца...

- Не знаю, як гэта ісці абы-куды. Мне шкада такіх людзей...

Загаварылі пра тое, як важна выбраць у жыцці адзіна правільную - па душы і па сіле - дарогу, як трэба з самага юнацтва мець ясную і цвёрдую мэту. Люда нават сказала: чалавек без мэты, што карабель без руля ў адкрытым моры. І працытавала Мантэня: «Той, хто не паставіў сабе ў жыцці выразнай мэты, не можа намеціць сабе і пэўных дзеянняў».

Маладзец, Люда! І хоць многія з нашых хлопцаў іранічна называюць яе «ідэяй у спадніцы», я нават трохі зайздрошчу ёй. У Люды - багаты духоўны свет. Ясная мэта. Моцная сіла волі. Кожны дзень яна ў бібліятэцы. Шмат чытае, многім цікавіцца.

  * * *

Заўтра пачынаюцца экзамены.

Хвалююся. Але адчуваю сябе больш упэўнена, чым у зімовую сесію. Тады, перад першым экзаменам, я доўга блукаў вечарам па заснежаных вуліцах, каб падыхаць марозным паветрам, супакоіцца. Раніцаю ўвесь ажно калаціўся. Калі ішоў на экзамен - зуб на зуб не трапляў...

Цяпер сесія ўжо так не палохае. Ёсць нейкі вопыт, дый падрыхтаваўся я, здаецца, лепш.

І ўсё роўна, як сябе ні супакойваю, - хвалююся.


ЧЭРВЕНЬ

Пасля заняткаў я забег у інтэрнат - праверыць пошту. На маё здзіўленне, прыйшло пісьмо ад Надзі.

З трывожным заміраннем сэрца (што ж яна напісала) я распячатаў канверт, дастаў маленечкі, у некалькі радкоў, ліст. «Дзякую за шчырасць... Я не крыўдую... За гэтыя дні многае перадумала...» Так, зараз пачнецца. «Пісаць ні аб чым не буду...» Вось яно... «...таму што хутка, відаць, прыеду ў Менск...» Што такое? Не можа быць! Не, усё правільна: «...хутка прыеду ў Менск. Калі буду ехаць, дам тэлеграму. Як будзе час - прыйдзі сустрэць».

«Дам тэлеграму»! «Прыйдзі сустрэць»!

Не помнячы сябе ад радасці, я ўляцеў у свой пакой і, размахваючы пісьмом, загарлапаніў нешта дзікае, бязладнае, потым схапіў у абярэмкі Алеся (ён якраз падвярнуўся мне пад рукі) і закружыў з ім па пакоі.

- Што? Напісала - кахае? - зарагатаў Алесь. - Ну, ладна, пусці.

Я выскачыў у калідор. Хацелася танцаваць, спяваць, некуды імчацца.

Не пакрыўдзілася, даравала і нават прыедзе ў Менск! Значыць, кахае таксама... Як хочацца ў гэта верыць! Як радасна, як сонечна мне ад адной гэтай думкі!

  * * *

Ездзілі (пасля экзамену) з Валодзем Баравым у Вязынку.

Сорамна прызнацца, але я, колькі ўжо жывучы ў Менску, да гэтага часу ўсё ніяк не мог выбрацца на радзіму Янкі Купалы. А ўчора нарэшце пабыў на гэтай святой і блізкай для кожнага беларуса зямлі.

Ішлі палявою дарогай і думалі, што вось тут некалі зрабіў свае першыя крокі маленькі Янка. Праўда, машыннай дарогі тады, вядома, не было. Была проста палявая сцежка. Але гэтак жа цвілі лубін, бульба, красавала жыта. І гэтак жа свяціла сонца, плылі аблачыны. У маленькага Янкі тады было яшчэ ўсё наперадзе. Яшчэ пошум родных бароў, звон крыніц і спеў птушак не пераплаўляліся ў чыстыя радкі, а толькі трывожылі, хвалявалі сэрца...

Гэткае ж хваляванне адчулі і мы, ідучы вязынскімі сцежкамі.

Адышоўшыся кіламетры са два, мы апынуліся на ўскрайку вялікага поля, на самай сярэдзіне якога роўным ланцужком стаялі маладыя дубы. А далей - сінелі лясы. Справа блакітным азярком цвіў лубін. У бярэзніку злева перагукваліся мужчынскія галасы - мабыць, пастухі. І было ў гэтым краявідзе, ва ўсім, што бачылі нашы вочы, столькі роднага, дарагога, беларускага, што мы з Валодзем не згаворваючыся спыніліся і прыціхлі. А тут яшчэ аднекуль здалёк, як спецыяльна, данеслася ціхае, журботнае:

Люблю наш край, старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла...

І аж заказытала нешта ў грудзях, зашчымела ў горле...

  * * *

Слухаю па радыё Сен-Санса. Празрыстая, трапяткая музыка. Заплюшчваю вочы - і паўстае перада мною нешта ранішняе, чыстае, першароднае. Світанне... наплывы туману... крыштальная яснасць возера...

Слухаю і адчуваю, як тонка і чуйна настроена ў гэтыя хвіліны душа. Як пачашчана, як усхвалявана б'ецца сэрца. І сам я зусім іншы, чым колькі хвілін назад, - мякчэйшы, дабрэйшы.

  * * *

Нішто яшчэ не вучыў з такой прагаю і такой ахвотаю, як дыялектычны матэрыялізм. Цікавейшая навука! Як адкрывае яна чалавеку вочы на свет, вучыць яго ўмела арыентавацца сярод тысяч падзей, правільна ацэньваць факты, з'явы, рэчы, робіць яго больш моцным, упэўненым, стойкім.

Шкада толькі, што прадмет гэты (зрэшты, як і многія іншыя) мы прайшлі вельмі павярхоўна. Лекцыі выкладчык чытаў нецікава, амаль не адрываючыся ад канспектаў, а семінарскія заняткі вяла нейкая жанчына (ужо нават не помню яе прозвішча), для якой галоўным клопатам было прымусіць нас, асабліва не разважаючы, зубрыць тое, што напісана ў падручніку. І чым бліжэй да тэксту - тым лепш.

І толькі цяпер, рыхтуючыся да экзамену, я зразумеў, як шмат страчана. Таму і вымушаны сядзець у «Ленінцы» па дванаццаць гадзін у суткі.

Але і гэтага мала, бо вучыць прыходзіцца па трох падручніках адразу. Стабільнага, талковага падручніка няма. Адзін - вельмі ж ужо спрошчаны, Бог ведае, на каго разлічаны, другі - занадта акадэмічны, а ў трэцім наогул пра многае не гаворыцца. От і гойсаеш з кнігі ў кнігу, выбіраеш з кожнае самае каштоўнае.

Праца хай сабе і карпатлівая, але ж як радасна ўсведамляць, што з кожнай прачытанай старонкай ты адкрываеш усё новыя і новыя таямніцы.

Уражанне такое, нібыта я пабываў у космасе і, вярнуўшыся назад, ужо зусім іншымі вачыма пачынаю бачыць і саму зямлю, і кожную травінку на ёй, і ўвесь навакольны свет. І ўсё тое, што здавалася раней такім хаатычным, разрозненым, набыло раптам стройную сістэму з моцнымі, глыбокімі ўзаемасувязямі і заканамернасцямі.

Аднак хопіць філасофстваваць. Трэба чытаць...

  * * *

Уначы нешта не спалася, і я доўга ляжаў з адкрытымі вачыма, глядзеў праз акно на высокае, цёмнае неба, на яркія міргатлівыя зоры і думаў. Думаў пра бязмежнасць і таямнічасць свету, пра магчымасці і граніцы чалавечага пазнання.

Так, мы многае, вельмі многае пазналі. Мы ведаем гісторыю паходжання жыцця на Зямлі, ведаем, што ўсё існуючае вакол нас складаецца з матэрыі, ведаем законы, па якіх развіваюцца прырода і грамадства.

Але яшчэ больш мы не ведаем. Яшчэ больш пакуль неадкрытага, неразгаданага. Узяць хоць бы гэтыя ж зоры. Колькі іх можна бачыць голым вокам? Максімум некалькі тысяч. А іх жа - толькі ў межах сонечнай Галактыкі - мірыяды. Акрамя таго, ёсць яшчэ шмат іншых галактык, дзе таксама незлічоная колькасць зор. І ўсё гэта - планеты, планеты, планеты... Няўжо сярод іх няма ніводнай, дзе б існавала жыццё разумных істот? Няўжо наша цывілізацыя - адзіная ў гэтых неабсяжных, бязмежных прасторах космасу?

Таямніцы, таямніцы...

Ці зможа калі чалавек разгадаць іх да канца? Ці магчыма гэта наогул?

  * * *

Што такое наша Зямля? Даўным-даўно, яшчэ з часоў Каперніка, вядома, што гэта - звычайны, трохі выцягнуты ў полюсах шар, які круціцца па арбіце вакол Сонца, і што шар гэты - не болей як маленькая пясчынка сярод іншых гіганцкіх планет.

А што такое мы, людзі, на гэтай пясчынцы? Што такое чалавечае жыццё ў параўнанні з вечнасцю Сусвету? Кароткае, як успышка маланкі, імгненне...

Калі думаеш аб гэтым, якімі дробнымі і нікчэмнымі становяцца адразу ўсе нашы штодзённыя перажыванні і непрыемнасці, усе нашы крыўды, сваркі, згрызоты.

Мы прыходзім у гэты свет, каб радавацца цудоўнаму і самім ствараць цудоўнае, быць шчаслівымі і клапаціцца прашчасце іншых. Вось адзіна высокае і несумненнае прызначэнне homo sapiens - чалавека разумнага.

Чаму ж мы так часта і так лёгка забываем пра гэта? Нашто псуём адзін аднаму нервы, атручваем жыццё рознай грубасцю, несправядлівасцю, подласцю? Няўжо нельга абысціся без гэтага? Няўжо нельга жыць чыста, высока, светла?

  * * *

Цэлы дзень у галаву лезуць неадчэпныя, нейкія дзіўна-неверагодныя думкі. Што такое я? Чаму я - гэта я? Чаму мой розум, мая душа аказаліся менавіта ў гэтым целе, а не ў якім-небудзь іншым, скажам, у Кандратавым або Алесевым? Чаму я нарадзіўся мужчынам, а не жанчынай? Чаму нарадзіўся ў 1944 годзе, а не ў якім-небудзь 1044 ці нават 44 годзе да новай эры? І наогул, чаму я паявіўся на свет менавіта ў гэтых бацькоў, у гэтай маленькай палескай вёсцы, у гэтым раёне зямнога шара?

Выпадковасць гэта ці нейкая заканамернасць? Калі заканамернасць, то ад каго і ад чаго яна залежыць?

Калі выпадковасць, то няўжо я мог не з'явіцца на свет зусім?

І няўжо калі-небудзь прыйдзе такі час, што перастане біцца маё сэрца, што на зямлі, як і цяпер, будуць цвісці сады, спяваць птушкі, будуць смяяцца людзі, прызнавацца адно аднаму ў каханні, а мяне ўжо не будзе? Не будзе ніколі-ніколі...

О, д'ябал! Што са мной сёння - не разумею. Ніколі яшчэ не глядзеў я на сябе такімі дзіўнымі, цвяроза-староннімі вачыма.

  * * *

Міхась перазняў здымак, які прыслала Валя, павялічыў яго і павесіў над сваім ложкам. Верасу гэта не спадабалася.

- Здымі, Міша, - сказаў ён, - і не займайся больш дзяцінствам.

Той шчыра здзівіўся:

- Чаму гэта дзяцінства?

- А таму. Калі ты паважаеш сваю дзяўчыну, то няма чаго чапляць яе фатаграфію на кожным слупе.

Міхась адразу ўспыхнуў, і я думаў, што ён, як заўсёды, кінецца з запалам даказваць сваё, але ён надзіва стрымана, праўда, з прыкметнаю крыўдаю ў голасе адказаў:

- Па-першае, я павесіў фатаграфію не на слупе, а ў сваім пакоі над сваім ложкам. А па-другое, што табе да таго? Не хочаш - не глядзі.

- Каханне, Міхась, рэч інтымная. І неабавязкова яго выстаўляць напаказ.

Заранок чамусьці не стаў больш спрачацца і, адвярнуўшыся ад Міколы, хмура ўткнуўся ў нейкую кніжку.

Тады не выцерпеў і запярэчыў Верасу я:

- Не бачу нічога кепскага. Натуральная чалавечая патрэба падзяліцца сваёй радасцю, жаданне ўзвысіць сваю каханую, калі хочаш апаэтызаваць яе. Няўжо ж лепш, калі чалавек наогул замкнецца ў сабе, будзе таіць і пачуцці і думкі?

- Таіць не таіць, а і хваліцца няма чаго, - стаяў на сваім Верас. - Цярпець не магу людзей, якія, ледзь пацалаваўшы дзяўчыну, пачынаюць кожнаму расказваць аб гэтым узахлёб.

- Мікола, ты, як звычайна, кідаешся ў крайнасці. Ніхто ж не збіраецца абараняць розных пашлякоў і цынікаў. Вядомая рэч, яны могуць спаганіць самае святое. Але ж не забараняць з-за гэтага людзям наогул гаварыць пра каханне? Іншая справа - што гаварыць і як гаварыць. Тут я з табою згодны.

- Сапраўдны мужчына пры любых акалічнасцях не будзе нічога расказваць.

- Значыць, па-твойму, Петрарка, які адкрыта ў вершах гаварыў пра сваю каханую, пра свае пачуцці да яе, не сапраўдны мужчына? Значыць, Леанарда да Вінчы, які намаляваў партрэт Моны Лізы, зняважыў яе, зняславіў? У такім выпадку...

- Ха-ха-ха! - засмяяўся нечакана Верас, не даўшы мне дагаварыць.

Я паглядзеў на яго са здзіўленнем:

- Чаго ты ржэш? Што тут смешнага?

- Ты б, можа, яшчэ і Гамера ўспомніў?

- А хаця б і Гамера. Ён таксама цудоўна пра каханне гаварыў.

- Правільна. Але ж не забывай, стары: тое, што дазволена Юпітэру, - не дазволена быку.

- Значыць, ты ўсё-такі прызнаеш, што таленавітым людзям дазволена гаварыць пра каханне? У такім выпадку я табе скажу, што калі чалавек кахае - ён ужо таленавіты.

- Дзіўная ў цябе, аднак, логіка. Не разумею...

- А я не разумею, як гэта можна кахаць і заставацца ранейшым! Як можна таіць пачуцці, калі сэрца і душа перапоўнены найвялікшым шчасцем, калі хочацца аб гэтым не толькі гаварыць, а спяваць на ўвесь свет!.. Я згодны з табою: каханне - справа інтымная. Гэта - свята толькі для дваіх, дваіх у цэлым агромністым свеце. Але грош цана гэтаму святу, калі ад яго хоць аднаму чалавеку на зямлі не стане святлей і радасней!

Я распаліўся і мог бы, відаць, яшчэ доўга працягваць сваю «філіпіку», але ў гэты момант у пакой уварваўся Шульга, пачаў гарлапаніць, і спрэчка наша з Верасам спынілася. А шкада...

Зрэшты, усё роўна мы нічога б не даказалі адзін аднаму: колькі на зямлі людзей - столькі, відаць, і розных поглядаў на каханне.

  * * *

Другі тыдзень пільную абяцаную Надзяй тэлеграму. Пакуль няма. Няўжо не прыедзе?

  * * *

Надзя такі прыязджала. Толькі я ўжо нават не ведаю: радавацца гэтаму ці не.

...У інтэрнат яна прыйшла разам з Віктарам (Віктар - яе малодшы брат, вучыцца тут, у горадзе, у палітэхнікуме).

Я, калі ўбачыў яе, ледзь не ашалеў ад радасці:

- Надзя?! Калі? Як?

- Сёння, - усміхнулася яна.

- Чаму ж не папярэдзіла? Я ж бы...

- Нічога. Мы ўдваіх з бацькам прыехалі.

- Надоўга?

- Не ведаю. Як тата ўправіцца. У яго тут справы. Заўтра, відаць, яшчэ будзем.

Пайшлі блукаць па горадзе. Мне карцела хутчэй застацца з Надзяй удваіх, і я прапанаваў пайсці ў парк, спадзеючыся, што Віктар тады здагадаецца і пакіне нас адных. Але Надзя сказала:

- Хадземце лепш у кіно.

Пасля кіно мы зноўку блукалі па вуліцах. Гаварылі розную дробязь, бо што можна гаварыць вось так, на вуліцы, на хаду, у прысутнасці трэцяга, лішняга чалавека?

Нарэшце ля тралейбуснага прыпынку яна сказала:

- Ну, Жэня, нам пара.

- Куды пара?

- У гасцініцу. А то тата сварыцца будзе.

- Нікуды ты не паедзеш, - сказаў я рашуча. - Віктар паедзе і скажа, што ты затрымаешся. Не маленькі ж твой тата, зразумее.

О, як яна заўжды тонка адчувае перамены майго настрою.

- Ну, добра, - адразу згадзілася яна і, глянуўшы на мяне, усміхнулася.

Мы пайшлі ў парк. Размова, аднак, не клеілася. Некалькі разоў я парываўся загаварыць пра першамайскія святы, але яна пераводзіла гаворку на іншае.

- Дзіўна, - сказаў я. - Чаму ты не хочаш яснасці? Нашто, каб паміж намі заставалася нейкая крыўда?

Яна скрывілася.

- Мне проста непрыемна да гэтага вяртацца.

Некалькі хвілін мы ішлі моўчкі.

- Давай пасядзім, - нечакана прапанавала Надзя, паказаўшы на лаўку, што стаяла з левага боку алеі пад густою таполяю. - Так стамілася за цэлы дзень... Ой, што сёння толькі было!

І калі мы селі, пачала расказваць пра нейкага салдата, з якім яна пазнаёмілася, едучы сюды, у вагоне цягніка, і як той ледзь не сілай хацеў узяць яе з сабою. «Вы такая цудоўная! Паедзем са мною. Я буду вас на руках насіць!» Надзя гаварыла гэта быццам і са смехам, але з такой непрыхаванай радасцю. Потым (усё з тым жа радасным узрушэннем) расказала пра аднаго сімпатычнага матроса, які прыходзіць да яе кожную нядзелю і прызнаецца ў каханні, намякае пра кватэру і вялікую зарплату, што чакаюць яго пасля дэмабілізацыі...

Ну і ну... Няўжо яна думае, што мне гэта прыемна слухаць?

- Надзя, - не вытрымаў я нарэшце, - чаму ж ты не скажаш такому ўсё прама?

- Што прама? - як бы здзівілася яна. - Што я павінна каму гаварыць?

- Ну, хоць бы тое... хоць бы тое, што ты яго не кахаеш і каб ён да цябе больш не хадзіў. Нашто ж хлопцу марочыць дарма галаву?

- Мне проста не хочацца крыўдзіць чалавека, калі ён адносіцца да мяне добра.

- Ты мне даруй, Надзя, але я ведаю, ёсць дзяўчаты, якія думаюць, што чым больш вакол яе ўецца хлопцаў, тым большая ёй цана. Глупства ўсё гэта! Якраз наадварот.

Яна не адказала нічога, толькі паціснула плячыма. Замоўк і я.

У парку было ціха і пуста. Уздоўж алеі самотна гарэлі неонавыя ліхтары. Здавалася, што навокал - ні душы. Ды я ведаў: бязлюднасць гэта зманлівая. Варта толькі збочыць з алеі - туды, куды не пранікае цьмянае святло ліхтароў, і на кожным кроку сустрэнеш пары закаханых. Асабліва ў такую пару, у такі вечар...

Надзя маўчала, засяроджана разглядаючы свае пазногці. «Пакрыўдзілася... Родная мая, любая...»

І мне раптам страшэнна захацелася прытуліць яе да сябе, пацалаваць. Але як толькі я намерыўся абняць яе, яна ўперлася мне ў грудзі:

- І не думай нават!

І ў той жа міг у душы маёй адбыўся нейкі няўлоўны, рэзкі зрух - і замест гарачага, трапяткога жадання пачала наплываць нават не крыўда, не злосць, а тупая, халодная абыякавасць. «Не дык не. На калені падаць не буду...»

Я падняўся і зусім абыякава сказаў:

- Пойдзем, Надзя. Позна ўжо.

Яна глядзела на мяне не то здзіўлена, не то разгублена. Але не ўставала. Тады я павярнуўся і пайшоў. Паволі. Рукі ў кішэні. Нават стараўся нешта насвістваць.

Чую: ззаду ідзе і яна.

Выйшлі з парку. Моўчкі селі ў тралейбус, даехалі да гасцініцы. У вестыбюлі, калі я хацеў правесці яе наверх, яна суха сказала:

- Не трэба. Дзякую. Усяго добрага.

Дома, нацягнуўшы коўдру на галаву, я не вытрымаў і заплакаў.

  * * *

Раніцаю падняўся з цяжкаю галавой, паганым настроем.

Пачаў быў чытаць - не чытаецца. Зноўку і зноўку прыгадвалася ўчарашняе. І дзіўна: чым болей я пра гэта думаў - тым усё мацней і выразней адчуваў сваю віну. «Ва ўсім вінаваты я. Толькі я! Хіба ж можна было гэтак рабіць? Учыніў допыт. Ах, дурань, дурань...»

Я паехаў да яе ў гасцініцу. Віктар ужо быў там. Мне нічога не заставалася, як зрабіць выгляд, быццам учора нічога не адбылося, і жартаваць, смяяцца. Надзя, аднак, на ўсе мае жарты не звяртала ўвагі, была маўклівая, сумная.

Віктар прапанаваў прашвырнуцца ў горад, і мы пайшлі. Хацелі ўзяць квіткі ў Купалаўскі тэатр - усё разабрана на тыдзень наперад. Заглянулі ў цырк - аказваецца, летам ён не працуе. Дзяржаўны мастацкі музей зачынены - выхадны. У планетарый - лекцыя даўно пачалася. Вось жа, скажы ты, як назнарок!

Дзень выдаўся хмурны, халодны. Вецер ажно пранізвае навылёт. Адчуваю: пачынае нарастаць няёмкасць. На твары ў Надзі - адкрытае раздражненне. Віктар, відаць, усё гэта бачыць і стараецца разварушыць нас.

- Што такое не шанцуе і як з ім змагацца, - смяецца ён. - Куды цяпер?

Надзя як бы чакала гэтага запытання і адразу з гатоўнасцю сказала:

- Паедзем, Віця, у гасцініцу.

Яна асабліва падкрэсліла слова «Віця», даючы гэтым зразумець, што запрашае з сабою толькі аднаго Віцю. Я гатовы быў праваліцца скрозь зямлю.

«Прыехала каханая ў госці, а я не змог нават звадзіць яе ў тэатр, зрабіць нешта прыемнае. Замест гэтага цягаю каторую ўжо гадзіну па вуліцы, на дзікім ветры і не ведаю, аб чым гаварыць».

- Чаго ў гасцініцу? - здзіўляецца Віктар. - Што ты там будзеш рабіць? Сядзець у чатырох сценах...

І зноўку ідзём - моўчкі, панура.

Нарэшце ў «Цэнтральным» нам шанцуе, і мы бяром квіткі на італьянскі фільм. Часу да пачатку сеанса застаецца яшчэ многа, і я кажу, што можна схадзіць у рэстаран. Яна крывіцца і з тым жа выразам абыякавасці неахвотна ідзе з намі.

У рэстаране няёмкасць не знікае. Расстроены, збіты з панталыку яе паводзінамі, я не ведаю, аб чым гаварыць, куды падзець рукі. Сядзім амаль моўчкі. Зрэдку перакідваемся з Віктарам кароткімі фразамі. Хачу, каб загаварыла і яна.

- Надзя, - кажу ёй, - можа, мы перад фільмам забяжым у гасцініцу і ты пакінеш бацьку цыдулку...

- Якую яшчэ цыдулку! - абрывае яна з нейкай злосцю і ажно адсоўваецца, адварочваецца ад мяне.

Твар мой успыхвае. Мне і сапраўды здаецца, што я сказаў страшэнную недарэчнасць, і пачынаю апраўдвацца:

- Ну... каб не хваляваўся... Ты ж сама ўчора казала...

- Мала што я казала!

Я баюся ўзняць вочы - сорамна. Сорамна не так перад ёю, як перад Віцем.

Пакутлівае маўчанне парушае афіцыянтка. Робім заказ.

Віно не прыносіць ажыўлення. Гаворым у асноўным мы з Віктарам, і то змушана, вяла.

Калі выходзім з рэстарана, я з палёгкаю ўздыхаю. Гляджу на гадзіннік. Яшчэ цэлых паўгадзіны! Пакуль я думаю, дзе б гэты час прабавіць, Надзя нечакана кажа:

- Я паеду ў гасцініцу.

Віктар глядзіць на яе са здзіўленнем:

- У нас жа квіткі ў кіно!

- Я не пайду. Фільм позна кончыцца, і мы з татам не паспеем на цягнік.

- Чаго ты баішся - паспееш. Хіба ж можна прапасці з такімі хлопцамі! - Віктар смяецца і жартаўліва стукае мяне па плячы.

Яна пагардліва хмыкае.

- Ну, добра. Добра, - кажу я. - Вось зараз прыйдзе тралейбус - садзіся і едзь.

- І паеду.

Віктар пераступае з нагі на нагу, хмурыцца:

- Надзя, што ты гаворыш... Няўжо ты думаеш, што мы хочам зрабіць табе кепска? Усе ж хочуць як лепш, а ты... Не разумею...

Падыходзіць тралейбус. З шумам расчыняюцца дзверы. Віктар бярэ Надзю за руку.

- Нікуды ты не паедзеш!

Мне страшэнна няёмка.

Дзверы зачыняюцца, тралейбус ад'язджае. Яна застаецца.

Урэшце мы ідзём у кіно. Божа, які жахлівы дзень! Хутчэй бы ўсё гэта канчалася.

...Пасля кіно я еду праводзіць яе на вакзал. Да цягніка застаецца хвілін дзесяць. Чакаем на пероне. Яна стаіць з бацькам. Мы з Віктарам - трохі воддаль. Я гляджу на яе і ліхаманкава думаю: «Нешта трэба сказаць ёй... Нешта трэба зрабіць... Нельга ж так раз'язджацца, нельга...»

З цемені раптам вырваўся зычны гудок цеплавоза, і ўсё на пероне прыйшло ў рух - пабеглі з чамаданамі, сумкамі, заштурхаліся злева, справа.

Я падышоў да Надзі:

- Які твой вагон?

- Восьмы... А дзе Віця? Віця! Бяжы займай чаргу!

Я кінуўся да вагона. Людзей было няшмат, але кожнаму хацелася сесці першым. Я з усіх сіл стрымліваў націск нецярплівых пасажыраў, каб яна магла свабодна ўзняцца па прыступках. Нехта лаяўся, нехта штурхаў мяне ў спіну, але я не звяртаў увагі - было прыемна клапаціцца пра гэтага роднага, любага мне чалавека.

У вагоне яна зняла паліто, паставіла сумку на паліцу. Бацька некуды адышоўся, і мы аказаліся адны ў вузкім праходзе купэ.

- Ну, вось і ўсё... - павярнулася яна да мяне, і ў яе вачах, яшчэ нядаўна такіх халодных і непрыязных, я нечакана ўбачыў глыбокую, пяшчотную журбу.

- Граждане провожающие, прошу освободить вагон. Поезд отправляется!

- Да пабачэння, Надзя... - сказаў я, зноў чамусьці адчуваючы нейкую вінаватасць. - Не крыўдуй, калі што...

- І ты не крыўдуй.

- Пакуль...

Яна моўчкі кіўнула галавой і выйшла за мной у тамбур. Я саскокнуў на перон. Віктар развітваўся з ёю, цалуючы ў вусны. Як я зайздросціў яму ў гэты момант...

Цягнік бразнуў буферамі, і вагоны плаўна паплылі.

Паехала...

  * * *

Лежачы ў цемнаце, Кандрат Бугаёў расказвае Алесю розныя падрабязнасці пра апошняе спатканне са «сваёй жанчынай». Расказвае і сам сабе сыта, задаволена параготвае.

Я не сцярпеў:

- Няўжо табе, Кандрат, не сорамна? Яшчэ гадзіну назад ты, напэўна, кляўся ёй у каханні, а цяпер вось плявузгаеш абы-што.

- Хе-хе, - як ні ў чым не бывала, нават ахвотна азваўся Кандрат, - я не плявузгаю, а дзялюся вопытам.

- От жа жывёліна! - заварушыўся на сваім ложку Міхась і аж скрыгатнуў зубамі. - Яму б толькі адно...

Я чакаў, што ўжо гэтую абразу Кандрат не сцерпіць, але ён зноў паблажліва рагатнуў:

- Правільна, Міша. Хе-хе... Усе мы дабіваемся ад жанчын аднаго - блізкасці.

- Ты, Бугаёў, не пераварочвай рэчы з ног на галаву, - не вытрымаў Верас. - Канечне, нельга аддзяляць духоўную блізкасць у каханні ад фізічнай. Але не блытай, калі ласка, каханне з жывёльнымі, як Міша кажа, патрэбнасцямі.

- Пакуль малады, трэба браць ад жыцця ўсё, што можаш.

- Што ж, у цябе свая галава на плячах, - не стаў болей спрачацца Верас, ведаючы, што Кандрату ў такіх выпадках усё роўна нічога не дакажаш. - Толькі скажу табе, што бярэш ты ад жыцця вельмі мала і то розны бруд. А ўсё светлае, чыстае праходзіць міма цябе.

Кандрат засоп, заварочаўся на ложку, нешта хацеў быў сказаць, але змаўчаў, нацягнуў коўдру на галаву.


ЛІПЕНЬ

...У сваю Дуброву я прыехаў позна вечарам. З Менска выбрацца было амаль немагчыма. І на аўтобусным, і на чыгуначным вакзалах тварылася нешта неверагоднае. Закончылася сесія, і тысячы студэнтаў ірваліся на вакацыі.

Цягнік, якім я звычайна езджу дадому, пайшоў перапоўнены, не забраўшы мо і дзесятай часткі тых, хто хацеў сесці. Наступны за ім быў скоры, але і на яго квіток дастаць не ўдалося. Толькі на самы апошні, які адпраўляўся ўжо надвячоркам, нарэшце сяк-так убіўся. Вірлівы, шумны натоўп уціснуў мяне ў бітком набіты вагон, і гэтак, стоячы то на левай назе, то на правай, даехаў я да сваёй станцыі.

Дома адно толькі прывітаўся з бацькамі, паставіў у хаце чамадан - і адразу ж у клуб на танцы, дзе, магчыма, была і яна...

Надзю я ўбачыў яшчэ з калідора, праз адчыненыя ў залу дзверы. Яна танцавала... з Іванам Пятровічам!

Нахіліўшыся да яе, той нешта расказваў, а Надзя раз-пораз ускідвала на яго вочы і ўсміхалася.

Я стаяў у калідоры адзін і нейкі момант, апанаваны самымі супярэчлівымі пачуццямі, вагаўся: заходзіць у клуб ці павярнуцца, пайсці дадому. Усё ж такі жаданне бачыць яе перамагло. Да таго ж трэба было ўрэшце пагаварыць аб усім сур'ёзна, устанавіць нейкую яснасць.

Я ўвайшоў у залу і хацеў неўзаметку прайсці да хлопцаў, але мужчыны, якія звычайна тоўпяцца ў парозе, затрымалі мяне:

- А-а, Мікалаевіч! Здароў, здароў...

- Ну, як там сталіца?

Я падаваў аднавяскоўцам рукі, адказваў на іх пытанні, жартаваў, а вочы мае ўвесь час сачылі за Надзяй. Вось яна павярнулася, глянула ў мой бок, і на імгненне я злавіў яе позірк. І мне здалося, што яе твар азарыўся міжвольнай радасцю.

- Танцуем развітальны вальс! - абвясціў нехта з хлопцаў.

- Ну, ідзі, Мікалаевіч, скруці хоць апошні, а то мы тут, старыя цецерукі, галаву табе адурылі...

Я выбраўся з пракуранага мужчынскага гурту і рашуча накіраваўся да Надзі. Яна, відаць, чакала гэтага, бо адразу ж павярнулася да мяне, ступіла насустрач...

З клуба мы выйшлі разам. Не згаворваючыся пайшлі гасцінцам да рэчкі. За вёскаю павярнулі на сцежку, па якой не раз, бывала, хадзілі яшчэ школьнікамі.

Надзя была непрывычна вясёлая, расказвала пра сесію, жартавала, смяялася. Але мне карцела сваё, і я запытаў:

- Надзя... Чаму ты мне не пісала?

- А я пісала, - яна загадкава ўсміхнулася. - Але... але не адсылала.

- Чаму ж?

Замест адказу яна сарвала на абочыне нейкую мятлінку і, паказытаўшы мне вуха, адбегла па сцежцы наперад. Але я жарт не прыняў, мне хацелася пагаварыць з ёй сур'ёзна.

Яна пачакала, пакуль я падыду, сказала:

- А я ўжо думала, ты не прыедзеш... І наогул... не захочаш больш бачыць мяне...

Вёска засталася далёка ззаду - у цемені яна азначалася доўгім ланцужком электрычных агнёў. Злева ад нас быў шырокі поплаў, справа - жытнёвы палетак. Над намі - высокае, зорнае неба. Стаяла цёплая, чуйная ноч, адна з тых, якія бываюць на пачатку касавіцы. Пахла травамі, жытам, якое шапацела побач. Недзе непадалёку, у кустах, бруілася нябачная Вісліца. Аж боязна было азывацца, парушаць гэтую незвычайную суцішнасць і суладнасць, што панавалі навокал.

- Хораша, праўда? - шэптам сказаў я і абняў Надзю. Яна падатліва прыгарнулася да мяне. Я адчуў яе цяпло.

- Надзейка-а!..

Гарачая хваля нязнанай раней пяшчоты выплыла недзе з глыбіні маёй душы і захлынула мяне ўсяго.

- Родная мая-а... Любая-а...

Яна закінула галаву, заплюшчыла вочы. Яе вусны былі блізка-блізка. Імгненне - і я прагна прыпаў да іх, трапяткіх, даверлівых, - і калыхнулася, паплыла з-пад ног зямля, аглухла звонкая, чароўна-шчаслівая ноч.

  * * *

Ішоў раніцаю поплавам. Тым самым, на якім некалі прайшло ўсё маё дзяцінства.

І хоць многае за год змянілася, праз самую сярэдзіну поплаву пракапалі шырокую канаву, дый самога поплаву, можна сказаць, няма - яго зааралі, засеялі жытам. І ўсё ж... Звонка сакаталі, як і тады, у маленстве, конікі ў бульбе. Гэтак жа пахла травою, бульбоўнікам і яшчэ нечым знаёма родным. Гэтак жа за ракою ў ранішнім тумане пераклікаліся касцы.

І Божа мой, як адразу, што пчолы, зараіліся ў маёй душы ўспаміны, растрывожылі-ўсхвалявалі сэрца. І было невыказна прыемна, радасна і трошкі журботна-балюча ад таго, што тая чароўная, шчаслівая пара ўжо не вернецца, не паўторыцца больш ніколі-ніколі.

І думалася яшчэ: як добра, што ёсць на гэтай зямлі мой ціхі, мой родны куток, дзе можна вось гэтак у святой сцішанасці пастаяць, стрымліваючы на вачах слёзы, падумаць пра сваё мінулае і пра сваё заўтрашняе.

  * * *

Слухаў сёння - не ўпершыню, канечне, але неяк зусім па-новаму, - як спявалі на досвітку пеўні.

Першым азваўся недзе зусім недалёка, мусіць, на суседавым двары, хрыплы, моцны голас:

- Ку-кар-рэ-ку-у!

Нейкае імгненне было ціха-ціха, а потым пеўні заспявалі адразу па ўсёй вёсцы - адзін, другі, трэці... Іх галасы чуліся то побач, зычна, то прыцішана, а то і зусім глуха, толькі даносілася апошняе «ку-у...». Спяванне гэта было таксама рознае: ад чыстага, аж здаецца, крыштальнага «ку-ка-рэку» да хрыплага, неразборлівага.

Усё гэта ішло некалькі хвілін - такімі хвалямі, пералівамі, і здавалася, што от зараз спявае ўся зямля. І мо ўпершыню з такой зачараванасцю і нейкім нават здзіўленнем слухаў я гэтую адвечную і - дзякуй Богу! - жывую яшчэ песню зямлі, песню жыцця.

  * * *

Кожны раз, калі я прыязджаю дадому, мае аднавяскоўцы вітаюцца са мною і кажуць:

- А ты, браце, пахудзеў. Ой, пахудзеў...

Я смяюся. Бо калі б я і праўда з кожным разам гэтак худзеў, то даўно б ад мяне засталіся адны косці ды скура.

Але я разумею, што хочуць сказаць гэтым людзі, маўляў, нялёгка табе там, браце, навука, яна ёсць навука... І ў гэтым «пахудзеў» - прыхаваная павага і да мяне, і да таго невядомага, таямнічага «ніверсітэта».

  * * *

О, святая наіўнасць!

Пасля таго як я ўпершыню пацалаваў Надзю, мне думалася, больш таго - верылася, што цяпер-то ў нас з ёю будзе ўсё як у казцы.

Учарашні вечар развеяў мае спадзяванні ўшчэнт.

...На сустрэчу яна прыйшла халодная, чужая. Калі я паспрабаваў абняць, яе рукі завучана ўперліся мне ў грудзі. Потым - не ведаю для чаго - яна пачала гаварыць, як ёй сумна тут, у вёсцы, і як яна рада, што едзе сягоння з мамаю ў госці, некуды ажно на Гомельшчыну, на цэлых два тыдні.

Мы стаялі на двары, ля хаты. Нікуды далей ісці яна не захацела, сказала, што хутка павінна прыехаць машына. Настрой у мяне быў паганы, размова наша не клеілася, і я з нейкай нават палёгкаю ўздыхнуў, калі нарэшце ў цемнаце бліснулі фары і нябачная «Волга» спынілася ля веснічак.

- Ну, мне пара, - сказала яна.

Я яшчэ раз памкнуўся быў абняць яе, але яна зноў холадна адхілілася:

- Не трэба.

Яна пайшла ў дом па рэчы. Назад выйшлі ўдзвюх з маці. Накіраваліся да машыны. Ляснулі дзверцы. Няўжо так і паедзе, не развітаўшыся? Не, вярнулася:

- Да пабачэння, Жэня.

Я моўчкі кіўнуў галавой.

- Ты што, пакрыўдзіўся?

- Так, глупства...

Яна павярнулася і пайшла. Загуў матор, успыхнула святло фар - паехала...

  * * *

Дзіўныя, самыя супярэчлівыя пачуцці змагаюцца ў маёй душы...

Калі Надзя бывае добрай, ласкавай, калі яна хоць трохі горнецца да мяне - як лёгка, як хораша мне тады! Я самы шчаслівы чалавек на зямлі.

Але такое бывае рэдка. Часцей я натыкаюся на яе абыякавасць, на яе халодную маўклівасць. Мы сварымся - і тады я праклінаю ўсё на свеце.

А можа, дзяўчына і павінна сябе так паводзіць? Можа, у гэтай стрыманасці, у гэтай загадкавасці і заключаецца прыцягальная сіла кахання?

Да д'ябла такую сілу! Я ўжо не зялёны школьнік. І я хачу не толькі кахаць, але і быць каханым. Чаму ж яна баіцца, не хоча сказаць пра свае пачуцці? Дакуль будзе між намі крыўдная, прыкрая мяжа?

А можа, я шукаю ў каханні спакою? Не ведаю. Толькі я ніколі не згаджуся з тым, што дзяўчына - нібыта ў імя кахання - павінна хаваць свае пачуцці.

  * * *

Як кепска ўставаць позна. Адчуванне такое, нібыта жыццё пайшло ўжо далёка наперад, а ты толькі што апомніўся і не ведаеш, што рабіць: ці то даганяць яго, ці то сядзець склаўшы рукі, чакаць наступнага дня. Выбіты з каляіны, з агульнага рытму, часам так і не знойдзеш, чым заняцца.

Дзень сапсаваны...

  * * *

Люблю прыгарадныя аўтобусы. І хоць тут заўжды тлумна, шумна, але за тыя паўтары-дзве гадзіны, якія едзеш з райцэнтра дадому, чаго толькі ні наслухаешся: і п'янавата-вясёлых песень, і вострых, па-вясковаму грубаватых жартаў, і розных навін ды гісторый.

...Расказваў пажылы мужчына свайму суседу па лаўцы. Расказваў нягучна, але я стаяў побач і нават скрозь несціханую аўтобусную гаману добра чуў кожнае слова.

- ...І от, браце, уздумалася мне паглядзець таго каня на поплаве. Толькі я гэта высунуўся з-за куста, як чарга з аўтамата: ту-ту-ту! А ёлкі з палкамі! Мяне ўсяго і працяло, як гарачаю швайкаю. Ногі адразу падкасіліся, і я грымнуўся ніцма. Ляжу, а ўваччу, братка ты мой, цямнее, цямнее... Ну, думаю, капут. Аж не. Чую, нешта цёплае па грудзях бяжыць. «Кроў!» - здагадваюся. «Значыць, жывы яшчэ, толькі паранены...» А тут і трава недзе побач зашастала, і боты туп-туп-туп... Ідуць фрыцы на мяне. Спыніліся. Адзін з іх ботам мне ў бок - р-раз! Уставай! Думаю: не падымуся - застрэляць. Сабраў я ўсе сілы, падняўся. А кроў з раны, тут во, на грудзях, аж цурчыць. Вусны пасмяглі. А яны, гады, бачаць - і хоць бы што...

Гналі нешта кіламетры са тры. Аж да калгаснага пляца. Там ужо вялізны натоўп, з усіх навакольных вёсак людзей сагналі. Немцы вакол з аўчаркамі, злосныя, вызверваюцца на кожнага: «Партизант! Партизант!» Уштурхнулі мяне ў гэты натоўп да ўсіх, і тут я бы ў яму якую праваліўся - знепрытомнеў.

Ачнуўся толькі на другі дзень у чужой хаце. Дзякуй Богу, добрыя людзі не пакінулі мяне, падабралі... А многіх жа там, на пляцы, немцы расстралялі. Аказваецца, той ноччу непадалёку ад нашай вёскі ўзарваўся эшалон з танкамі, і от яны лютавалі, усё патрабавалі, каб хто выдаў, дзе стаяць партызаны. Калі ж нічога не дабіліся, пачалі страляць, паліць хаты.

Та-ак, браце... Сам-то я, як бачыш, астаўся жыць, а сям'я не ўцалела. Прыйшоў я тады дадому, а на месцы хаты - адно папялішча. Жонку, дзяцей забілі. Сеў я побач і сяджу. Не плачу, сэрца як скамянела... Не знаю, колькі я так сядзеў, ажно чую тупат нейкі. Конь мой бяжыць! Пазнаў мяне, заржаў, уткнуўся вільготнаю пысаю ў твар. І толькі тут хлынулі ў мяне слёзы...

  * * *

Быў учора на нашым балоце.

Вялікія перамены чакаюцца тут! За спрадвечную багну ўзяліся, здаецца, не на жартачкі. Нагналі экскаватараў, бульдозераў - процьма. Дзень і ноч чуваць гул матораў. Нарэшце! Нарэшце-такі клятая дрыгва пачне служыць людзям.

Адно азмрочвае гэту радасць. Меліяратары, якія прыйшлі на балота, каб культурыць яго, нішчаць цяпер неміласэрна ўсё, што трапляецца на іхнім шляху: і гатовыя паплавы, і альшэўнік. Нават раку і тую перарабілі ўжо гэтак, што не пазнаць. Я як убачыў бедную, знявечаную Вісліцу - аж балюча стала. Колькі год вольна і лёгка бегла яна праз нашу вёску, празрыста-блакітнай стужкай слалася ў паплавах, бруілася-вілася між алешын і вербалозу, нетаропка несучы ўдалячынь, да дрымучых бароў сваю звонкую, светлую ваду. Невялічкай, не дужа прыкметнай была гэта рэчка, а якім хараством, якой паэзіяй аздобіла яна маё (і не толькі маё) дзяцінства. Як любілі мы, дзеці, нашу Вісліцу! Колькі розных казак пераслухана, колькі чароўных дум перадумана на яе берагах! Рака вучыла нас спрыту, мужнасці і, можа, больш, чым што іншае, абуджала ў сэрцы трапяткое пачуццё любві да прыроды, да роднага краю. І вось цяпер замест колішняй першароднай красы - брудная прамая канава...

Нашто ж так бяздушна, так груба наводзіць культуру ў прыродзе? І ці мае ўсё гэта якое дачыненне да меліярацыі, якая, дарэчы, у перакладзе з лацінскай азначае не асушэнне, а паляпшэнне?

  * * *

Чалавек і прырода...

Я не магу сабе ўявіць іх паасобку, адарванымі адно ад другога.

Нідзе і ні ў чым не знойдзеш, бадай, большага адзінства і большай злітнасці, як у прыродзе і чалавеку. Яны разам абуджаюцца, разам працуюць і адпачываюць. Разам растуць. Прырода без чалавека траціць свой сэнс. Чалавек жа без прыроды - загіне.

  * * *

У небе купаўся жаўранак... Спяваючы, ён трапятаў крылцамі і паволі, амаль вертыкальна, апускаўся ўніз, да самага жыта, якое ўжо красавала. І здавалася, што жаўранак проста з блакіту і сонца высноўвае сваю звонкую, пералівістую песню - ад неба да зямлі!

  * * *

Недаравальна кепска ведаем нашу прыроду. Колькі ўсяго вакол нас - птушак розных, кветак, траў! А мы нават толкам не можам іх назваць.

Эх, здаецца, каб быў час - засеў бы за кніжкі, перачытаў бы ўсё дазвання. А яшчэ лепш (мая запаветная мара) знайсці дзе-небудзь сапраўднага, вялікага знаўцу прыроды, лесніка якога, і пажыць з ім паўгода ці год, пахадзіць разам незлічонымі сцежкамі, паглядзець на ўсё вакол ягонымі вачыма.

  * * *

У суседзяў - вяселле! З самай раніцы на Лукашовым двары - гамана, рух. Грае, надрываецца гармонік, бухае бубен. Снуюць сюды-туды ўзрушана-заклапочаныя гаспадары дома, прахалоджваюцца ўпараныя за вясельным сталом госці, тоўпяцца ля расчыненых насцеж акон цікаўныя жанчыны. Сёння ж іх цікавасць асаблівая: замуж выходзіць Лукашова Маня!

...Некалі ў маладосці яна была неблагая, сімпатычная дзяўчына. Бацька яе даваў добры пасаг, і сваты, як кажуць, не вылазілі з хаты. Маня перабірала.

Час жа ішоў. Калгас мацнеў, людзі сталі жыць больш заможна. На хату альбо на карову ніхто ўжо асабліва не квапіўся. Маніных жаніхоў паменела. А калі дзяўчыне пераваліла за трыццаць - і зусім перасталі ёю цікавіцца.

Лукаш першы зразумеў, якая пагроза навісла над яго дачкою. Сам пайшоў шукаць жаніхоў. Сёй-той з хлопцаў нават згаджаўся, прыходзіў да Мані, піў суткі-другія гарэлку, якую шчодра ставіў Лукаш, а потым, паабяцаўшы прыслаць сватоў, з хітраватай ухмылкай знікаў. Назаўсёды.

І от гэтым летам нарэшце-такі знайшлі для Мані хлопца. З далёкай, здавён беднай вёскі, на дзесяць гадоў маладзейшага і, кажуць, не вельмі багатага на розум.

Я бачыў іх учора разам. Маня сядзела за сталом, высокая, маўклівая, нейкая ўся ўрачыста-суровая. Малады ж - цельпукаваты, плюгавенькі хлопец - тоўкся недзе ў яе пад локцем, ужо добра намурзаўшыся гарэлкі, і тыкаў ва ўсе талеркі відэльцам...

Як яны будуць жыць?

  * * *

Уразілі мяне словы, якія я пачуў сёння ад Шуры - Надзінай аднакласніцы, а цяпер і аднакурсніцы (яны вучацца ў адным інстытуце).

Мы ехалі разам з райцэнтра, нешта зайшла размова пра Надзю, і Шура сказала:

- Дзіўная яна нейкая... Усё маўчыць, маўчыць. Іншы раз плача. Ніякіх узрываў. Вельмі ж ужо гладка яна жыве, занадта абдумана. Мне такое жыццё не падабаецца.

«Занадта абдумана»... У жыцці гэта, можа, яшчэ і не самая вялікая бяда. А вось у каханні - страшна. Калі кахаеш - цяжка абдумваць, разлічваць наперад кожны свой крок, кожны рух душы.

Як жа тады Надзя можа ўвесь час заставацца такой спакойнай, такой стрыманай, скрытнай? Што хаваецца за гэтай скрытнасцю: цвярозая абдуманасць ці простая абыякавасць?

  * * *

Памерла бабка. Немаладая ўжо - з тых, пра каго кажуць: «Дай нам Бог дажыць да гэткіх гадоў».

Ляжыць яна сабе пасярод хаты ў труне, ціхая, добрая, нейкая ўжо незямная. А навокал - заплаканыя, засмучаныя сваякі.

З бакоўкі нечакана выбег двухгадовы Ясік, яе ўнучак. Выкаціўся вясёлым клубочкам і спыніўся ў здзіўленні: чаго гэта столькі людзей вакол сабралася? Потым крутнуўся на адной ножцы, пляснуў радасна ручанятамі і так шчыра, так непасрэдна засмяяўся, што амаль ніхто ў хаце не стрымаўся ад усмешкі.

Жыццё і смерць... Мы не задумваемся над гэтым хіба толькі ў шчаслівым Ясікавым узросце. Падрастаючы ж, паступова спазнаём, што ёсць не толькі пачатак, але і канец жыццёвай дарогі...

Гэта - горкае, але неабходнае спазнанне. Смерць, думаецца мне, якраз і дадзена чалавеку для таго, каб ён больш думаў пра жыццё, не траціў яго марна.

  * * *

Задаволеная маці хваліцца жанкам на полі:

- ...Ото ж бо маёй Крысі жыць выгода. Хата ў іх вялікая, як звон, новая. Дзве каровы маюць, свіней. Па зелле блізка. Лес - пад бокам. Травіну якую ці палена падкінуць прасіць нікога не трэба - ён жа шафёрам у калгасе! А то ж не хацела так ісці за яго. Кажа, матроса нейкага люблю. А што з таго «люблю»? Хлеба не напячэш. Дый матрос - ветрагон нейкі, няйначай. А тут такі хазяін знаходзіцца. Мы як насталі ды як насталі - пайшла. А цяпер - во! - жыве і не каецца...

Што ж, ёсць, на жаль, і такое разуменне чалавечага шчасця.

  * * *

Нейкі душэўны крызіс. Страшэнная незадаволенасць сабою. Пастаяннае раздражненне.

Аднавяскоўцы пры сустрэчы са мною ветліва здароўкаюцца, называюць на «вы». А мне - сорамна. Я не заслужыў гэтай павагі. Ці заслужу калі?

І тут жа думаю: чаго я пакутую? Чаго хачу? Вакол мяне сотні людзей, якія і не задумваюцца над сэнсам свайго жыцця. Жывуць па простай формуле: вырас - жаніўся - гадуй дзяцей... Ну, некаторыя ідуць трохі далей - канчаюць інстытуты. Але мэта ў іх тая ж: добра, з дастаткам жыць.

Няўжо мы жывём толькі дзеля гэтага? Але тады б спынілася ўсялякае развіццё духоўнай культуры. Людзі перасталі б быць людзьмі і ператварыліся б у статак сытых, задаволеных жывёлін.

Не, нельга жыць толькі для сябе. Трэба жыць і для людзей, дзеля людзей. Толькі нешта некаму аддаючы, ты па-сапраўднаму ўзбагачаешся сам. І чым больш ты паспееш зрабіць і пакінуць на зямлі добрага, карыснага, - тым больш у цябе будзе права сказаць, што жыццё ты пражыў недарма.

  * * *

- Мне да лямпачкі тыя дыпломы, навукі ды розныя манікюры! Мне дай жонку такую, каб яна зелле цягала, як трактар, каб свіней даглядала, а не фіглі-міглі разводзіла...

Гэта разважае, прысеўшы з касцамі на свежым пракосе, цельпукаваты, рахманы халасцяк, які намерыўся жаніцца. Разважае не жартам, а самым сур'ёзным чынам!

Ажно не верыцца, што можна пачуць такое сягоння, у касмічны век, ад маладога, з дзесяцігодкай за плячыма, хлопца.

  * * *

Застаўся тыдзень, і Надзя прыедзе.

Чакаю яе, як вясновае поле чакае жаўранка. Як перасмяглая зямля - дажджу. Як хворы - світання.

Здаецца, ніколі яшчэ дні не цягнуліся так марудна, а чаканне маё не было такое пакутлівае, як цяпер.

Хоць ведаю: калі яна вернецца, усё будзе не так, як зараз марыцца. Ды сэрцу не скажаш...

Яно, дурное, на нешта спадзяецца. Чакае...


ЖНІВЕНЬ

Надзя вярнулася нечакана. На два дні раней, чым казала. Вестку аб гэтым прынесла сястра, якая прыйшла пад вечар з работы.

- Ну, што качаешся? - сказала яна, убачыўшы мяне на канапе з кніжкаю. - Надзя прыехала.

Я не паверыў.

- Ідзі паглядзі сам. Ля клуба ў валейбол гуляе.

Мяне як чэрці падхапілі. На веласіпед - і да клуба! На валейбольнай пляцоўцы было людна і стаяў такі гармідар, што мяне ніхто нават не заўважыў. Надзя была тут.

Гульня, відаць, ішла ўжо даўно, таму што абедзве каманды добра-такі запарыліся. Хлопцы паскідалі і майкі.

Зборная студэнтаў іграла са зборнай школы, дзе капітанам быў Іван Пятровіч. Студэнты бралі верх. Вучні-балельшчыкі, якіх шмат назбіралася вакол пляцоўкі, шумна падбадзёрвалі сваіх, узрываліся гучнагалосым «ура-а!», калі камандзе ўдавалася ўзяць ачко.

Колькі хвілін у гэтым шуме, азарце я стаяў, нікім не заўважаны, і пасвіў вачыма Надзю. Загарэлая, у белай спартыўнай кофтачцы, якая шчыльна аблягала высокія грудзі і зграбны стан, яна была вельмі прывабная... Нарэшце яна ўбачыла мяне, усміхнулася.

У школьнікаў цуды тварыў Іван Пятровіч. Не шкадуючы сябе, ён куляю кідаўся на зямлю і даставаў, здавалася б, самыя безнадзейныя мячы. Дзіва што - колішні член зборнай інстытута, другі спартыўны разрад...

Лік зраўняўся - 13:13. Балельшчыкі, здаецца, зусім ашалелі. Да перамогі заставалася два ачкі. Хто ж іх возьме?

Школьнікі ўдала прымаюць «рэзаную» падачу. Дакладная распасоўка, мяч узлятае над сеткай, і амаль адначасова з ім, быццам дэльфін з вады, выскоквае Іван Пятровіч. Рэзкі, моцны ўзмах рукі - і мяч гулка ўзрываецца па той бок сеткі. Ачко! Потым яшчэ адно, здабытае такім жа чынам.

Студэнты прайгралі...

Надзя, відаць, трохі расстроілася з-за гэтага, бо, ідучы дадому, амаль увесь час хмура маўчала. Толькі некалькі разоў паўтарыла ці то з захапленнем, ці то з зайздрасцю:

- Ну й Іван Пятровіч!

Ля веснічак яна вінавата зірнула на мяне, сказала:

- Я пайду, Жэня. Стамілася сёння. Дарога, валейбол...

І не паспеў я што-небудзь сказаць, пайшла.

  * * *

Гулялі ў валейбол зноў.

Надзі чамусьці не было. І мо па гэтай прычыне гульня здалася мне вялай і нецікавай.

Недзе пад канец прыйшоў і Іван Пятровіч. Аднак апрануты ён быў зусім не на валейбол: старанна адпрасаваны касцюм, белая кашуля, гальштук. Ад яго - нават здалёк - пахла адэкалонам.

«Куды гэта ён так выфранціўся? - і ў мяне мільганула трывожная згадка. - Ці не да Надзі часам?»

Іван Пятровіч некалькі хвілін стаяў ля пляцоўкі, але па тым, як ён рассеяна і абыякава сачыў за гульнёю, было відаць, што яго гэта цікавіць мала. Ажывіўся ён толькі тады, калі ўбачыў Віктара, Надзінага брата, які кіраваў сюды з боку калгаснага саду і на хаду жаваў яблык.

Іван Пятровіч павітаўся з Віктарам за руку, нешта папытаўся, той спачатку паціснуў плячыма, а потым сцвярджальна кіўнуў галавой. Яны пагаварылі яшчэ аб нечым і пайшлі... пайшлі да Апанасенкаў.

Сэрца маё ўпала, але я не падаў выгляду, гуляў да канца, пакуль не сцямнела. Пасля разам з усімі хлопцамі пайшоў да фермы, дзе была калонка, каб памыцца.

Калі мы вярнуліся назад, ля клуба ўжо чуўся дзявочы віск, смех: збіраліся на танцы. Сярод дзяўчат я ўбачыў і Надзю. Але ж дзе Іван Пятровіч?

Ён вярнуўся разам з Віктарам недзе праз паўгадзіны і быў нейкі дзіўна ціхі, задуменны. Нават не падышоў да Надзі. Унутрана я ўсміхнуўся. Няйначай яна ўцякла ад яго, пакінуўшы дома з Віктарам...

Пасля танцаў мы з Надзяй засталіся адны. Зноў выйшлі далёка за вёску. Ажно туды, дзе я ўпершыню яе пацалаваў.

Была ціхая, духмяная ноч. У небе віселі цёплыя, спелыя зоры... Лёгкі ветрык даносіў з ракі свежы халадок. Але, мусіць, не толькі ад гэтага мяне пачыналі калаціць дрыжыкі. Поруч ішла яна! Тая, пра каго я думаў усе гэтыя дні і ночы. Тая, для каго ў маім сэрцы выспелі самыя светлыя, самыя харошыя словы. Пякло нясцерпнае жаданне хутчэй прытуліць яе да сваіх грудзей, сказаць ёй усё-ўсё! А я ніяк не мог адважыцца... Ад вялікага хвалявання, ад прыліву пачуццяў я не мог вымавіць слова.

Колькі часу ішлі моўчкі.

- Пра што ты ўсё думаеш? - папыталася Надзя.

Я спыніўся. Цёмныя, глыбокія вочы яе глядзелі на мяне мякка, неяк па-мацярынску ласкава. Ціхі ветрык варушыў на лбе знаёмую пасмачку валасоў. Ад твару яе, матавага ў шэрані ночы, ад усёй яе постаці сыходзіла незвычайная, невыказна хвалюючая пяшчота. Яшчэ ніколі я не адчуваў яе такой блізкай і роднай.

  * * *

Недзе на другім канцы вёскі, у чуйнай вечаровай цішыні, дзяўчаты завялі песню. Колішнюю, журботную.

Чырво-о-ная вішня-а

З-пад ко-о-раня выйшла-а...

Спявалі хораша, з падгалоскамі, як умеюць, здаецца, спяваць толькі ў нас, на Палессі.

Аддала мяне мамка,

Дзе я не прывычна-а...

І мо ад таго, што я ўжо даўно не чуў гэтай песні, што быў такі мяккі, паэтычны вечар, нешта ажно варухнулася, пацяплела ў мяне ля сэрца. І неяк само сабой сказалася:

- Як жа я люблю гэтыя песні, Надзя! Колькі ў іх паэзіі, пачуццяў... І што дзіўна, мінаюць стагоддзі, прыходзяць і адыходзяць людзі, а песні жывуць...

- Канечне, канечне... - перабіла мяне Надзя. - Ну, я пайду.

Гэта было так нечакана, што я нават не зразумеў.

- Куды пайду?

- Дадому. Позна ўжо.

Крокі на ганку, рыпенне дзвярэй. Цішыня. І толькі песня, здаецца, яшчэ больш журботная і блізкая, плыла над вёскаю...

  * * *

Хадзіў разам з хлопцамі на работу ў калгас.

Брыгадзір вельмі абрадаваўся нечаканай падмозе: пачалося жніво і цяпер у брыгадзе кожныя рукі, як кажуць, на вагу золата.

Паставілі нас на ток. За ноч тут насушылі і начысцілі цэлыя горы пшаніцы, і нам трэба было, пакуль пойдзе ад камбайнаў новае зерне, перанесці ў свіран гатовае.

Юзік Яворскі, нязменны калгасны кладаўшчык, прынёс нам са сваёй кладоўкі шуфлі, мяшкі, паказаў, як што рабіць.

- Толькі ж, хлопчыкі, пастарайцеся ўправіцца, - папрасіў ён. - А то з мяне брыгадзір штаны спусціць.

Мы засмяяліся, а Ваня Ліпскі, абышоўшы ток, прысвіснуў:

- Ф'ю-у, ды тут работкі дай Бог! І за тыдзень не ўправішся.

- Нічога, хлопчыкі. Вочы страшацца, а рукі зробяць...

Не сказаць каб з вялікім энтузіязмам мы ўзяліся за шуфлі. Работа ішла спачатку спакойна, трошкі нават вяла. Але дзе гэта бачана, каб маладыя, здаровыя хлопцы, сабраўшыся разам, маглі нешта рабіць спакойна! І от ужо нехта весела гукнуў:

- Эй, левы фланг! Што спіцё на хаду?

Тыя, камуадрасаваўся гэты кпін, не засталіся ў даўгу:

- Сам глядзі не засні! А то брыгадзір дабярэцца і да тваіх штаноў!

Жарты, смех - і неяк неўзаметку работа ажывілася.

Я без адпачынку насіў цяжкія, пузатыя мяхі, шырокім, ёмістым шуфлем насыпаў збожжа, зноў насіў і зноў насыпаў - і не адчуваў стомы. Пот заліваў вочы, ад шалёнага тэмпу калацілася, ледзь не выскоквала з грудзей сэрца!

А тэмп усё ўзрастаў. Мы ўжо не ходзім - амаль бегаем. І не паспееш закінуць мяшок на спіну, як ужо нецярпліва падганяюць:

- Сып хутчэй!

- «Сып-сып...» - падахвочваюць шуфлі.

- Ыэх! - пакрэктваем мы.

- Давай, хлопцы!

- Не збаўляць тэмпу!

Ужо нельга адрозніць, дзе і хто крычыць. Спаборніцтва захапіла, закружыла нас у сваім імклівым віры. І здавалася, што ўсё навокал - ток, свіран, зямля - таксама прыйшло ў гэты шалёны, нястрымны рух!

...Калі ад камбайнаў прыйшлі першыя машыны, ток быў свабодны і нават чыста падмецены.

  * * *

Нарэшце я адважыўся і сказаў ёй тое, пра што даўно думаў:

- Надзя... Мяне трывожыць і нават палохае адна твая... як бы табе сказаць... Словам, як толькі ты ўбачыш незнаёмага, ды яшчэ не дай Бог сімпатычнага хлопца, то стараешся абавязкова паланіць яго. Я разумею: кожнай дзяўчыне прыемна, калі на яе заглядаюцца. Але...

- Ну-ну, гавары, - Надзя глядзела на мяне са здзеклівым прыжмурам і гатова была вось-вось засмяяцца. - Што далей?

- А тое, што ты думаеш толькі пра сябе...

Яна чамусьці ўздыхнула і, памаўчаўшы, ужо сур'ёзна сказала:

- Жэня, ты ўжо не першы раз гаворыш мне гэта. Чаму?

- Таму, што мне непрыемна, Надзя.

- Што непрыемна?

- Узяць хоць бы Івана Пятровіча...

- Дарэчы, пра Івана Пятровіча, - перабіла яна мяне. - Нядаўна я яму проста сказала, каб не хадзіў да мяне. І ведаеш, што ён мне адказаў? «Я пайду. Але я буду чакаць, я цярплівы».

- Відаць, цябе цікавіць, хто з нас больш цярплівы?..

Яна засмяялася.

  * * *

«Чалавек - гэта цэлы свет...»

Думаў, што ведаю Надзю ўжо лепей, чым сябе. І аказалася - не.

Учора загаварылі пра яе будучую настаўніцкую работу.

- Цяжка будзе табе, - сказаў я. - Сённяшнія вучні знаеш якія? Не зможаш нешта перайначыць, перамагчы - і будзеш перажываць, плакаць дома ў роспачы.

- Гэта праўда. Я не магу, не магу вытрымаць, калі бачу несправядлівасць. Але я не магу з ёю і змагацца.

- Аднаму цяжка змагацца. Важна, каб была падтрымка, дапамога калег...

- Ух, а што ў нашай школе робіцца! - горача, усхвалявана загаварыла яна. - Я іх усіх паразганяла б! Яны ж толькі калечаць дзяцей. І як крыўдна, што нават добрых людзей засмактала гэта балота мяшчанства. Вось Марыя Антонаўна. Якой яна была ў першы год работы! Нешта шукала, нечага дабівалася, праводзіла з вучнямі розныя гутаркі, вечары... І якой яна стала цяпер? Як быццам падмянілі чалавека. А чаму? Таму, што махнула на ўсё рукой: «Гары яно гарам... Што, мне больш трэба, чым усім?» І апусціла крыллі. І адчула, што так нават лепш, спакайней - ніхто цябе не чапае і ты нікога не чапаеш... Як гэта страшна!

А я слухаў Надзю, не тоячы захаплення. Упершыню яна адкрылася мне такою!

  * * *

Надвячоркам люблю заходзіць да швагра... Калі выпадае вольная хвіліна, сядзім з ім, гамонім: ён з цікаўнасцю распытвае ў мяне пра горад, пра мае навукі, я ж з ахвотай слухаю яго дасціпныя апавяданні пра розныя вясковыя здарэнні, часцей за ўсё, канечне, вясёлыя, камічныя, ад чаго мы звычайна абодва гучна, са смакам рагочам.

Сёння, аднак, швагру, здаецца, не да размоў. Ён стаіць у канцы двара і, успёршыся на веснічкі, заклапочана ўзіраецца некуды за раку, на балота.

- Што ты там выглядаеш? - пытаюся я, падыходзячы да яго. - Куды на рыбалку падацца?

- Да-а... Задаў нам сёлета Апанасенка рыбалку, будзь здароў!

- А што такое?

Швагер садзіцца ля плота на бервяно, нетаропка закурвае і пачынае расказваць мне пра новыя парадкі ў калгасе. Аказваецца, з гэтага года Апанасенка забараніў людзям касіць пожню, якая заўсёды была ў гаспадарцы неблагой падмогай. На калгасныя сенажаці таксама сказаў, каб не разлічвалі. Сена і так не хапае, а планы растуць... Але ж бедную кароўку, дзе б яна ні стаяла, трэба нечым карміць. І вось бегаюць цяпер вяскоўцы, мітусяцца, дзе хто якую травіну ўварве: хто па алешніку, хто на канаўцы. А хто і ў суседні калгас заскочыць. Як швагер нядаўна. Прыцемкам выкасіў ладны кавалак на тым, дабраслаўскім, баку і, пакуль не агледзеліся, травою прывёз дадому. Толькі што там таго сена - кот наплакаў. А дзе ўзяць яшчэ - хто яго ведае...

- Слухай, Антонавіч, - кажу я швагру, - а вы на сходзе спрабавалі аб гэтым гаварыць?

- Які там сход! - махае ён рукою. - Калі Апанасенка рашыў - ніякі сход не паможа.

- Паможа! Трэба толькі не адзін аднаму па завуголлі, а адкрыта выказаць усе свае прэтэнзіі, патрабаванні. Нельга ж так ставіцца да людзей. Гэта ж - яўнае самаўпраўства!

- Вядома, самаўпраўства, - як бы абрадаваны тым, што я разумею яго клопат, згаджаецца швагер. - Толькі хто гэта скажа? Апанасенка тады зусім са свету зжыве...

Дадому я вяртаюся ў кепскім настроі. Швагра я так ні ў чым і не пераканаў. А тое, што пачуў пра Апанасенку, Надзінага бацьку, непрыемна, балюча ўразіла мяне, пакінула на душы нейкую прыкрасць і горыч.

  * * *

На спатканне яна прыйшла сумная, задумлівая. Выйшлі да рэчкі, у поплаў, селі на ўзгорак. Надзя доўга маўчала, глядзела кудысьці ўдалячынь, у цемень.

- Як сумна тут... - нечакана сказала яна. - Я, напэўна, заўтра зноў куды-небудзь паеду. А на другое лета зусім не прыеду...

Гэтыя словы пакрыўдзілі мяне. Значыць, ёй усё роўна - ёсць я тут ці няма.

- І куды ж ты паедзеш?

- Куды-небудзь... - сказала яна і, паклаўшы галаву на калені, задумалася. Потым ціха, журботна загаварыла зноў: - Калі б хто зараз прыйшоў і павёў мяне далёка-далёка... я пайшла б...

І тут жа страпянулася ўся, як бы адганяючы прэч няпрошаныя, нечаканыя думкі, паднялася:

- Пойдзем назад.

- Рана ж... Пабудзем яшчэ трохі...

Я хацеў абняць яе, але Надзя холадна, з нейкай нават прыкрасцю адвяла мае рукі.

Я ішоў побач з ёю, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні, і маўчаў.

Яна адразу адчула маю перамену. Заступіла дарогу, зірнула ў вочы:

- Ну што ты? Чаго надзьмуўся?

- Нічога, Надзя... Толькі навошта было падманваць?

- Каго падманваць? Калі я цябе падманвала? - рэзка, са злосцю прамовіла яна і, павярнуўшыся, пабегла па сцежцы ў цемень.

Я ўсё ж дагнаў яе, узяў за руку.

- Надзя... Нам трэба пагаварыць.

- Пусці мяне! Я не хачу болей нічога слухаць.

- Але растлумач - чаму? Чаму ты сёння такая... такая дзіўная?

- А калі я, цікава, была нармальнаю? Ты заўсёды гаворыш, што я то дзіўная, то халодная, то яшчэ якая-небудзь...

- Я гавару! Затое ад цябе слова не выцягнеш. Колькі ні пытаўся - нічога канкрэтнага.

- Кепска, значыць, пытаўся, - сказала яна, але сказала ўжо без злосці, здаецца, нават з усмешкаю і запаволіла хаду.

- Ну, праўда, Надзя... Не крыўдуй, але ты сапраўды незразумелы чалавек. Ты мне ніколі нічога не гаворыш. Калі б між намі ўсё было ясна... а так... Колькі я з-за гэтага маю розных пакут. От і сёння. Нагаварыла мне: «сумна тут», «паеду», «больш не прыеду...» Думаеш, мне добра, лёгка слухаць такое?

- Жэня, ну няўжо ты нічога не разумееш? Я заўсёды гэта гавару і ніколі не раблю...

Яна ўжо глядзела на мяне хораша, ласкава, і я не стрымаўся - абняў яе. Надзя прытулілася да мяне. Пацалунак быў доўгі і прагны. Калі вусны нашы разамкнуліся, я зашаптаў горача, хмельна:

- Надзейка!.. Родная мая... Я не хачу... чуеш?.. не хачу ніколі цябе губляць! Каб ты толькі ведала, як ты мне патрэбна...

- Праўда? - яна глядзела на мяне пільна-сур'ёзна.

- Канечне, праўда! Я ўжо столькі думаў, як нам быць далей... Хочаш, раскажу? Праз тры гады ты заканчваеш інстытут. Я за гэты час уладкоўваюся дзе-небудзь у газеце, пераходжу на завочнае - і ты прыязджаеш да мяне. Згодна?

- Не-э... - яна ціха, шчасліва засмяялася. - Не, не...

І ў гэтым «не, не» выразна гучала «так, так...». А самае галоўнае: яна сказала, што будзе чакаць мяне гэтыя тры гады.

І яшчэ я спытаў у яе:

- А калі твае бацькі скажуць, навошта ён табе з такой неспакойнай прафесіяй, і выдадуць за якога-небудзь настаўніка, га?

- Не, не... не! - рашуча пакруціла яна галавой.

  * * *

Рэўнасць... Паспрабуй разбярыся, якое гэта пачуццё - добрае ці кепскае. Калі кахаеш, то заўжды чамусьці баішся, дрыжыш за сваю каханую, раўнуеш яе не толькі да людзей, але нават да сонца, ветру, травы.

Кахаць і заставацца абыякавым, спакойным - немагчыма. І ў той жа час думаеш: раўнаваць, баяцца? Навошта? Свайму сэрцу нічога не загадаеш, а то - чужому. Калі яна пакахае каго іншага - значыць, пачуцці яе да мяне былі нямоцныя, несапраўдныя. Значыць, няма чаго і шкадаваць...

Ах, тэорыя, тэорыя!.. Нідзе і ні ў чым, мусіць, ты не бываеш такою бездапаможнаю, як у каханні.

  * * *

Калі яна побач - ля сэрца, у самім сэрцы пасяляецца нешта невыказна прыемнае, цёпла-сонечнае, радаснае. Усё вакол (нават час!) перастае існаваць, ператвараецца ў пяшчотна-трапяткое, хвалюючае мроіва. Ёсць толькі яна. Яе вочы. Яе твар, бясконца родны і любы...

  * * *

Шчасце...

Як зразумець яго, як убачыць яго, як расказаць аб ім? Ніхто, бадай, не адкажа на гэта пытанне з усёй паўнатой.

Шчасце - шматколернае і шматгучнае.

Шчасце - крочыць раніцай на работу, якую любіш, якая дае табе радасць.

Шчасце - бачыць вырашчаны табой колас, пабудаваны тваімі рукамі дом, завод.

Вялікае шчасце - жыць, таптаць басанож росныя травы, збіраць кветкі, слухаць шум бароў і птушыныя песні, радавацца сонцу, высокаму, чыстаму небу.

Але найвялікшае шчасце - кахаць!

  * * *

Сустракаемся з Надзяй пяты вечар запар. І не сварымся. Яна прыходзіць дзіўна-ласкавая, добрая, і я ад шчаслівай радасці раблюся ўсё адно як дзіця. Здаецца, беспрычынна смяяўся, спяваў бы. І ледзь-ледзь стрымліваю сябе, каб не пусціцца ў выбрыкі, як цяля на першай вясновай пашы.

Я выдумляю розныя глупствы, Надзя смяецца, і мне прыемна слухаць яе смех. Амаль штохвілінна я абдымаю яе і цалую, і ў такія хвіліны я самы шчаслівы чалавек у цэлым сусвеце.

Гэта - вечарам. А днём мне чамусьці прыходзяць іншыя думкі. Ну, вось нарэшце і ў нас усё добра - так, як мне хацелася. Але чаму ж тады поўнай, глыбокай радасці я не адчуваю? Чаму, як іду на сустрэчу, побач з пачуццём радасці недзе ў глыбіні душы варушыцца трывога? Якой яна прыйдзе сёння? Пра што мы будзем гаварыць гэты раз? Нешта насцярожвае мяне ў ёй, адгукаецца ў маім сэрцы балючым і крыўдным.

Аднойчы мне захацелася пацалаваць яе проста на вуліцы. І хоць быў вечар, нідзе вакол ні душы, яна спалохана адхінулася:

- Перастань. Убачаць.

- Ну і што? Хай бачаць.

- Ага, знаю я вашых дубраўчан. Такія плёткі пусцяць, што пасля хоць з дому не паказвайся.

- Надзя, ну чаму ты так кепска думаеш пра нашых людзей?

- А што мне пра іх думаць, калі ў вочы яны гавораць адно, а за вочы - зусім другое... Ух, як я іх ненавіджу!

- Ніхто нічога пра цябе не гаворыць. А калі хто нешта і сказаў, то не трэба пераносіць на ўсіх.

- А, Жэня, ты нарадзіўся, вырас тут і, канечне, будзеш іх абараняць. Але, павер, я ведаю такое, чаго, можа, не ведаеш і ты. Мне бацька расказвае...

- Бацька расказвае! А ты павінна мець сваю думку, сваё меркаванне.

Яна скрывілася:

- Не будзем болей пра гэта. Усё роўна ты мяне не пераканаеш.

Што праўда, то праўда. І гэта мяне асабліва трывожыць. Я не помню выпадку, каб яна ў чым-небудзь згадзілася са мною, паслухала мяне. Часцей за ўсё даводзіцца саступаць мне - толькі б яна не крыўдзілася, толькі б нам не сварыцца.

Неяк забрылі мы з Надзяй далёка-далёка. Аж пад самыя Дубы. Назва ўрочышча трохі здзіўляе, бо вакол на некалькі кіламетраў ніякіх дубоў няма. Але калісьці, як кажуць старыя людзі, яны тут сапраўды раслі - векавыя, магутныя. Незадоўга да рэвалюцыі пан Ягодскі, які ўладарыў у нашых мясцінах, загадаў дубы спілаваць і вывез усе да аднаго некуды ў Польшчу. Цяпер тут - добрая натуральная сенажаць.

І мо таму, што мясціна гэта далёкая, глухаватая, яна змагла захаваць сваё першароднае, дзікае хараство. З аднаго боку ўрочышча ўпіраецца ў гразкае, гнілое балота, з якога заўсёды чуваць шапаценне чаратоў, даносіцца востры пах аеру. З другога боку падступае лес, выслаўшы наперад непралазную гушчэчу малінніку, шыпшыны, чаромхі. Самай сярэдзінай сенажаці сцелецца задуменная Вісліца. Меліяратары пакуль яшчэ сюды не дабраліся, і рака цячэ ў сваіх нізкіх, травяных берагах - паўнаводная, светлая. Вясною, як ападзе паводка, і летам на абодвух берагах успыхвае рознакаляровы пажар кветак.

Я люблю гэту мясціну, і мне захацелася паказаць яе Надзі. Мы спыніліся на самым беразе Вісліцы. Далёкія зараснікі чароту, кустоў выступалі ў цемры загадкавымі, таямнічымі прывідамі. З сенажаці моцна і хмельна пахла свежаскошанаю травою. Побач, ля самых ног, пляскалася-бруілася рэчка. На яе цёмнай гладзі мякка пакалыхваўся залаты серпік. Незвычайная паэзія была разліта вакол.

- Як хораша тут... Праўда? - прыгарнуў я Надзю бліжэй да сябе. - Здаецца, што мы трапілі ў нейкі незямны, дзіўна-чароўны свет. І нідзе нікога няма. Толькі мы з табою. Ты і я...

Яна ўсміхнулася:

- Ой, ну і скажаш ты. Днём тут, магчыма, і хораша. А ўначы?

- Табе не падабаецца?

- Нічога асаблівага, - паціснула яна плечуком. - Толькі сырасць ад балота. Хадзем лепш назад.

Не, я зусім не хачу, каб яна абавязкова любіла ўсё тое, што люблю я, каб падзяляла кожную маю думку, была маім ценем. Але я хачу - без гэтага, мне здаецца, проста немагчыма сумеснае жыццё - каб мы ішлі ў адным кірунку, а не цягнулі кожны ў свой бок.

Пяты дзень мы не сварымся... І ўсё ў нас нібыта добра, хораша. А поўнай, сапраўднай радасці няма. Нейкая няяснасць, недагаворанасць, крыўдная, неадольная мяжа існуе між намі па-ранейшаму.

  * * *

Цікава, чаму чалавек, калі кахае і асабліва, калі каханая побач, ператвараецца ўвесь у слых і зрок? Я, напрыклад, адчуваю Надзю не толькі ўсёй сваёй істотай, а самай драбнюткай клетачкай, бачу кожны рух яе вачэй, заўважаю любую ледзь улоўную хмарку, што набяжыць на яе твар.

У такія хвіліны я сам сабе здаюся нейкім складаным і надзвычай чуйным апаратам, які здольны прымаць нават біятокі.

  * * *

У вёсцы цяпер гарачыя дні. Сышліся касавіца і жніво.

У такую пару днём вёска як вымірае. Ажно вусцішна ісці вуліцаю - нідзе ні душы, ні голасу. Толькі зрэдку дзе ля хаты ўбачыш старога, які прыгрэўся на цёплым сонейку і задрамаў. Нават дзяцей і тых прыкметна паменела. Усе - на полі.

Надвячоркамі, каб не заўважыў старшыня, мы са шваграм ходзім касіць за камбайнам пожню. Камбайнер нам трохі нейкі сваяк, дык па-свойску ўжо, дзе месца больш нізкае, з травою, ён падымае нажы - і мы маем работы на цэлы вечар. Дадому вяртаемся цёмначы, важка несучы на плячах косы, а ў целе - прыемную, здаровую стомленасць.

Учора касілі на Далёкім шнуры. Пачалі пазнавата, і з-за гэтага я ледзь не спазніўся на спатканне. Паспеў толькі заскочыць дадому, апрануць свежую кашулю.

Да сажалкі, дзе мы ўмовіліся сустрэцца, я ледзь не бег. Падганяла думка: а мо яна прыйшла ўжо? Мо даўно чакае мяне?

Надзя спазнілася амаль на паўгадзіны. Я хацеў быў пакрыўдзіцца, але адно толькі і змог, што абняць за плечы і дакорліва сказаць:

- Ты не магла прыйсці яшчэ пазней?

- Ой, я спала... - прыкрываючы далоняю рот, сказала яна. - Да нас прыехалі госці, дык ад іхняга шуму ў мяне нешта забалела галава. Я легла і заснула.

- Заснула...

Надзя пазяхнула:

- Ты ведаеш, я, відаць, пайду дадому... Нешта хочацца спаць.

Каб яна сказала што другое, прыдумала любую іншую прычыну, я, можа б, і не пакрыўдзіўся. Але гэтае кароткае «спаць» балюча ўзарвалася ўва мне.

- Ну што ж... - сказаў я як мага спакайней. - Ідзі спі. Жадаю прыемных сноў.

Апошняга, відаць, не трэба было гаварыць. Таму што яна адразу ўся неяк страпянулася, глянула на мяне прыжмурана-злымі вачыма і не пайшла - пабегла сцежкаю паўз сажалкі.

  * * *

Надзю як бы хто падмяніў. Праўдзівей, яна зноў стала такой, якою бывае звычайна, - стрыманаю, хмураю, з глыбокай абыякавасцю ў вачах.

На другі вечар я не вытрымаў і зайшоў па яе дадому. Запрасіў пайсці пагуляць. Аднак яна рэзка і раздражнёна адказала:

- Нікуды я не пайду.

- Чаму ж гэта?

- Мне трэба прыбіраць хату. Няўжо мама будзе прыбіраць, а я пайду гуляць?

- Ну, добра. Прыбірай, я пачакаю. А хочаш, давай памагу?

- Яшчэ чаго!

Хвілін праз дзесяць яна вярнулася.

- Ну што, пойдзем?

- Да мяне зараз павінны прыйсці.

- Хто?

- Дзяўчаты. Ніна Лазіцкая, і мы пойдзем у школу.

Тады я ўстаў і пайшоў з пакоя. Яна моўчкі ішла за мною ў самыя сенцы. Каля дзвярэй я павярнуўся:

- Прабач, калі ласка, што парушыў твае планы. Усяго добрага!..

- Якія планы?.. - голас яе задрыжаў. Але я ўжо бег па прыступках.

Дадому ісці не хацелася. Ногі самі панеслі мяне на поплаў. Там я ніцма ўпаў у траву, ляжаў ціха і доўга, без слёз і, здавалася, нават без болю ў сэрцы, нібыта быў гэта зусім не я, а нехта чужы, халодны, шкляны...

  * * *

Учора доўга любаваўся велічным і простым хараством позняга летняга вечара.

Паволі за сіні лес апускаўся вялікі чырвоны дыск. І там, дзе сонца заходзіла, неба было таксама чырвона-пунсовае, і ад яго, здавалася, сыходзіла нейкая прыемная, пяшчотная прахалода, як ад спелых журавін.

У мяккім, сіне-шэрым паўзмроку курыўся - над ракою і па лагчынах - туман. Яго доўгія сівыя пасмы нагадвалі вялізную разасланую бараду добрага чарадзея.

З-за ракі даносілася вуркатанне трактара. Пахла свежаўзаранай раллёй, травамі. І малаком - па гасцінцы, які бялеў за поплавам, нібы бясшумны пярэсты эшалон, расцягнулася чарада кароў...

Увачавідкі цямнела, налівалася глыбокай сінню паніжэлае неба. Прарэзваліся, мігцелі першыя зоркі...

Дзіўная рэч! Раней, калі я жыў у вёсцы пастаянна, я нібыта і не заўважаў навакольнага хараства. Ніколі, можа, хіба толькі ў дзяцінстве, не стаяў і не любаваўся спецыяльна малюнкам, скажам, роснай раніцы ці захадам сонца. Прырода для мяне, як, мусіць, і для кожнага вясковага жыхара, не была нечым староннім.

І вось цяпер, пражыўшы год у горадзе, я нечакана ўбачыў сваю вёску, яе наваколле як бы іншымі, новымі вачыма.

  * * *

У водпуск прыехаў Мікола Зыль.

Той самы Зыль, якога яшчэ некалі ў школе я лічыў сваім асноўным сапернікам. Ужо тады ён быў хлопец прыкметны - рослы, прыгожы, дужы. Займаўся спортам. Ні валейбол, ні футбол не абыходзіліся без яго.

Дзяўчаты Зыля богатварылі. Падабаўся ён і Надзі. Аднойчы ён нават праводзіў яе дадому, але ў той вечар яны нешта пасварыліся і доўга пасля не размаўлялі. А летам, скончыўшы дзевяць класаў, Мікола нечакана кінуў школу і паступіў у вучылішча механізацыі, паехаў з вёскі.

Я з палёгкаю ўздыхнуў, думаў, што цяпер-то ён, напэўна, забудзе пра Надзю. Але не. Кожныя вакацыі Мікола прыязджаў дадому і з нейкай зацятай упартасцю хадзіў за ёю амаль па пятах. Асабліва на танцах. Ён літаральна не выпускаў Надзю з рук. Я, канечне, злаваў, перажываў. А Надзі, відаць, падабаліся і гэтыя Міколавы заляцанні, і мае пакуты.

Між іншым, першы яе пацалаваў Зыль. Калі адыходзіў у армію. Забег у школу, папрасіў на хвілінку Надзю, і калі тая выйшла, адразу згроб яе, як мядзведзь, у абдымкі і пацалаваў... І хоць Надзя пазней, расказваючы мне, смяялася з гэтага, пераконвала, што пацалаваў ён яе ўсяго толькі ў шчаку і што ўсё гэта глупства, а непрыемны асадак надоўга застаўся ў маёй душы...

І вось Мікола Зыль прыйшоў дадому зноў. У водпуск. Ужо мараком падводнай лодкі. За гэтыя два гады ён, здаецца, яшчэ больш пашырэў у плячах, узмужнеў. А як пасуе яму матроская форма!

З нядобрым пачуццём я чакаў суботняга вечара. Я адчуваў, усёй сваёй істотай адчуваў, што ў гэты вечар нешта здарыцца. Абавязкова здарыцца! Я ўвесь дзень настройваў сябе мужна і горда прыняць любы ўдар. А ўсё роўна, калі прыйшоў у клуб, адчуваў нейкае трымценне на душы.

І вось... з ёю танцуе Зыль! Сэрца маё адразу пахаладзела і забілася, як птушка ў сіле. Я стараўся не глядзець у іх бок - і ўсё роўна бачыў толькі іх. Вось ён паклаў ёй руку на плячо і, упарта зазіраючы ў вочы, стаў нешта гаварыць... Яна то ўсміхнецца, то згодна кіўне галавою, зноў усміхнецца.

Праклятыя, несканчона доўгія хвіліны! Я стаяў напяты ўвесь, як струна.

Танец нарэшце скончыўся. Надзя села на месца. Але не паспеў я перавесці дыханне, як яна раптам устала і накіравалася да выхаду. За ёю - Зыль! Даганяе яе і бярэ за руку. Праходзяць міма. Хоць бы глянула ў мой бок!

Нейкая невядомая сіла штурхнула мяне ўслед за імі.

- Надзя, - паклікаў я.

І галавы не павярнула. Я паўтарыў гучней:

- Надзя!

Яна быццам ірванулася з рук Зыля, але той утрымаў яе.

- Надзя, ты пойдзеш з ім?

Ні гуку ў адказ. Я павярнуўся і пайшоў дахаты.

І толькі дома раптам адчуў, што губляю над сабой уладу. Крыўда, злосць і шалёная рэўнасць кіпелі ўва мне.

Я кінуўся да матацыкла. Скорасць, толькі шалёная скорасць магла астудзіць, супакоіць мяне!

  * * *

Трэці вечар нікуды не іду. Ні ў кіно, ні на танцы. Адно, што трохі прыхварэў. Усю тую ноч я, нібы шалёны, насіўся на матацыкле і прастудзіўся. А другое... Я вырашыў ёй больш не дараваць. На гэты раз цвёрда і канчаткова. Хопіць! Колькі можна здзекавацца? Не кахаеш - скажы прама, чэсна, а кахаеш - дык нашто вытвараць такое? Адным словам, кропка. Не хачу болей нават думаць пра яе.

Не хачу - і штохвілінна думаю. У маім распалена хваравітым уяўленні, нібы жывыя, паўстаюць малюнкі: вось яны ідуць з Зылем у абнімку, вось ён цалуе яе, вось... О Божа! І, сціснуўшы зубы, я хаджу па хаце, як затраўлены звер.

Чаго я толькі не перадумаў за гэтыя трое сутак. То я, губляючы цярплівасць, гатовы быў бегчы да яе дадому, бегчы на край свету, стаць перад ёй на калені і прасіць, маліць, толькі б яна была са мною зноў. А то скрыгачу зубамі ад злосці, нянавісці: «Не! Не дарую, ніколі, нізавошта!» То зноў пераконваю сябе, што трэба ўбачыць яе.

Трэція суткі ідзе несціханая, пакутлівая бітва між розумам і сэрцам. Што ж усё-такі рабіць? Што?!

  * * *

Я падышоў да яе ля клуба, адразу пасля кінафільма, але яна не стала нават са мною гаварыць. Дадому ішла так хутка, што я ледзь не подбежкам ішоў следам.

Ля веснічак яна прыпынілася, сказала:

- Ты што-небудзь хацеў у мяне запытацца?

- Надзя, навошта ты так? Гэта я, калі хочаш, павінен на цябе злаваць, а не ты на мяне.

- А я і не злую. Я заўсёды такая. Проста ты мяне не ведаў!

Дарма я стараўся пачаць гаворку спакойна, шчыра - яна як узяла, так упарта і трымала да канца свой халодны, пагардліва-злы тон. Ад гэтага, як звычайна, я разгубіўся, збянтэжыўся і адчуваў сябе апошнім дурнем. Я ведаў, што вось зараз, у гэты крытычны момант, мне трэба нешта гаварыць, спрачацца, даказваць, а я нічога не мог гаварыць.

Яна вынесла з дому кнігі, якія перад гэтым я даваў ёй чытаць, і зноў стала воддаль - чужая, непрыхільная, злая.

- Надзейка... - не вытрымаў я. - Дык што, няўжо так і разыдземся, нічога не сказаўшы адно аднаму? Як жа так?

Яна прыжмурыла вочы і тым жа ледзяным голасам, з прыдыханнем сказала:

- Не турбуйся. Я еду тады ж, як і ты. Я табе яшчэ скажу, усё скажу.

І пабегла.

  * * *

Вакацыі, можна сказаць, мінуліся.

Учора нашы студэнты - і берасцейскія, і менскія, і больш далёкія - сабраліся разам і наладзілі невялікую вячэру.

Я быў таксама. І Надзя. І ўсё, можа, абышлося б добра, калі б... Калі б на вечарынку не запрасілі і Зыля. Хто запрасіў - не ведаю, але калі я прыйшоў, ён ужо сядзеў у акружэнні дзяўчат і нешта расказваў ім дужа вясёлае, бо тыя аж за бакі браліся ад рогату.

Настрой мой прыкметна апаў. Нядобрыя прадчуванні заварушыліся ў маёй душы. Але я не падаў выгляду. Разам з усімі піў, спяваў песні. І многа смяяўся. Можа, нават занадта многа, таму што двойчы я злавіў на сабе здзіўлены Надзін позірк.

Прынеслі гармонік. Умомант адсунулі да сцяны сталы, пачаліся танцы.

Я падышоў да Надзі:

- Патанцуем?

Яна пакруціла галавой:

- Давай лепш пасядзім.

Я не чакаў адмовы і так збянтэжыўся, што машынальна сеў побач. Твар мой успыхнуў. Здавалася, што ўсе вакол глядзяць толькі на мяне і пасміхаюцца. Я баяўся ўзняць вочы.

Каб не маўчаць і каб неяк згладзіць гэту няёмкасць, сказаў:

- Душна як... Мо пойдзем на вуліцу?

Яна прапанавала:

- Давай лепш патанцуем.

Але і танец у нас не атрымаўся. Дзіўна рассеяная, яна ніяк не магла патрапіць «у нагу». Я збіваўся з такту таксама, і мы ўвесь час штурхалі адно аднаго, блыталіся.

Нарэшце Надзя выслабанілася з маіх абдымкаў і, запляскаўшы ў далоні, голасна скамандавала:

- У кола! Давайце ўсе ў кола!

Пачалі гульню з пляшкай.

Я неўзаметку выйшаў на вуліцу. З прыемнасцю, на поўныя грудзі ўдыхнуў свежага, халаднаватага паветра. Але на душы не палягчэла.

У гэты момант нехта расчыніў акно і шумная, п'янаватая гамана вырвалася на двор.

- Мікола, круці! - пачуў я Надзін голас. - Што ж ты стаіш? Ну!

Гамана на секунду прыціхла, а потым выбухнула цэлая бура радасных воклічаў, дружных воплескаў.

Я зазірнуў у акно. Мікола і Надзя стаялі пасярэдзіне пакоя і цалаваліся.

У хату я больш не вярнуўся.

  * * *

Заўтра - у дарогу.

На душы пуста і глуха. Як пасля пажару. Толькі нейкая тупая абыякавасць. Не хочацца нават ні аб чым думаць.


ВЕРАСЕНЬ

Навучальны год пачаўся горш і не прыдумаеш. Думаў, прыйду ў інтэрнат, а там - шумная сустрэча, музыка, танцы. Усе вясёлыя, расказваюць адзін аднаму пра свае летнія ўражанні.

Аказалася ж...

Яшчэ здалёк я ўбачыў родны інтэрнат, амаль па вокны завалены розным друзам, старымі ложкамі, паламанымі тумбачкамі. Адчыніў дзверы - увесь вестыбюль застаўлены такімі ж ложкамі.

Расстроены, змрочны, падняўся я да сваіх хлопцаў на чацвёрты паверх. Аказваецца, дзе хто з кім будзе жыць - невядома. Ніякіх спісаў пакуль няма. Ноч пераспаў на чужым ложку, накрыўшыся плашчом.

Раніцаю пачаліся новыя нягоды. Не працаваў водаправод. І толькі на першым паверсе, на кухні, з-пад крана тоненькім струменьчыкам бегла вада.

На лекцыях настрой сапсаваўся зусім. Гісторыю партыйна-савецкага друку чытае нехта Дубоўскі. Як пачаў гугнявіць - манатонна, увесь час на адной ноце, ну, здаецца, на сцяну лез бы.

Аўдыторыя сёлета трапілася таксама кепская. Цёмная, глухая. Увесь час аднекуль з падвала чуваць назойлівы (як голас Дубоўскага) гул друкарскай машыны...

  * * *

У нашым пакоі змены. Жывём без Міхася Заранка. Міхась такі ажаніўся. І вось цяпер са сваёй Валяй нанялі недзе пакойчык у Зялёным Лузе і жывуць.

Як яны будуць жыць далей? Ён - студэнт, яна пакуль нідзе не працуе, шукае работу. У Мішы ж дома - адна маці, і тая ўжо старэнькая. Хіба, можа, Валіны бацькі што падкінуць. Міша, праўда, кажа, што павучыцца на стацыянары толькі гэты год, а далей перавядзецца на завочнае. Але ўсё роўна і гэты год трэба неяк жыць. Адчайныя людзі! Вось гэта каханне, нішто не спыніла іх імкнення быць разам!

На месцы Заранка ў нас цяпер Толя Крывецкі, або, як мы ўсе завём яго, Змей. Дзіўна, чаму за ім замацавалася гэта мянушка? Няма, мусіць, у цэлым свеце істоты больш добрай і пакладзістай, чым наш Толік. Мы дык ужо, можа, нават трохі і злоўжываем гэтым. Змей у нас рэгулярна ходзіць па гарбату ў кубавую, у булачную па хлеб, у краму па піва. Асабліва любіць даваць заданні Кандрат Бугаёў. Уляжацца на ложку, задзярэ ногі, а Толік носіць яму то піва, то цыгарэты.

Дарэчы, Кандрат і Алесь забылі, здаецца, узаемныя крыўды. Ва ўсякім разе, усе гэтыя дні яны разам ходзяць на лекцыі, з лекцый, разам выбіраюцца вечарам некуды ў горад, на танцы.

  * * *

Сустрэў Галю. Абрадавалася. А потым пачала дакараць, чаму не пісаў ёй. Я аджартаваўся, што лянота зусім адолела мяне ў вёсцы, не хацелася нават глядзець на паперу. Але Галя паглядзела на мяне ўважліва і сур'ёзна сказала:

- Жэня, ты стаў нейкі іншы. У цябе нешта здарылася. Што?

Ах, добрая, мілая Галінка! Ведала б ты ўсю праўду - не свяцілася б пры сустрэчы такой радасцю, не глядзела б на мяне з такім шчырым жаданнем памагчы.

Дарма я стараўся быць з ёю вясёлым, ласкавым, дарма пераконваў сябе, што Галя мне вельмі і вельмі падабаецца і не трэба мне болей нікога і нічога... Думкі мае і сэрца ўвесь час былі з іншай - тою далёкай, сто разоў клятай і ў сто разоў ад гэтага яшчэ больш жаданай...

  * * *

Валодзя Баравы адвёў мяне сёння на калідоры ўбок і запытаў нецярпліва:

- Хочаш, пачытаю новы верш?

- Давай.

Валодзя адразу ж дастаў з кішэні ліст паперы і ўсхвалявана пачаў чытаць:

Ты не зможаш пакінуць мяне,

Ты не зможаш.

Хоць паедзеш за сівыя горы,

За сінія моры,

Хоць экватар, гарачы і хісткі, мінеш, -

Ты ўсё роўна не зможаш пакінуць мяне,

Бо ўся ты жывеш назаўсёды ўва мне.

Нібы сонца у кроплі,

Ты - у кожнай маёй крывінцы.

Наяву і ў сне

Ты - у думках маіх,

Ты - у справах маіх,

Ты - у кожнай маёй часцінцы.

Я гукну -

І ў любой старане,

У дубровах, палях, у лугах

Рэхам ціхім, хвалюючым адгукнешся.

Ты

Не зможаш пакінуць мяне -

Застанешся!

Песняй маёй,

Казкай чароўнай маёй,

Крыніцай крыштальнай, гаючай,

Асколкам балючым

У сэрцы маім застанешся!

Я не стаў ні хваліць, ні крытыкаваць Валодзю, адно толькі папрасіў яго даць мне гэты верш перапісаць. І от хаджу зараз і бясконца паўтараю і паўтараю радкі: «Песняй маёй, казкай чароўнай маёй, крыніцай крыштальнай, гаючай, асколкам балючым у сэрцы маім застанешся...» Як гэта адпавядае майму цяперашняму настрою!

  * * *

Восень...

Любімая пара года. Асабліва люблю пачатак восені, з яе звонкай празрыстасцю, з яе светлай журбою, якая пануе, здаецца, усюды - і ў ярка-жоўтых дрэвах, і ў пабляклым, настылым небе, і ў апошніх птушыных песнях...

У такія дні цягне некуды ісці, нешта шукаць. А найчасцей хочацца пабыць адзін на адзін з прыродай, памаўчаць, слухаючы, убіраючы ў сябе рознакаляровую, журботную сімфонію восені. І сам я ў гэты момант, як чуйная струна, крані - і загучыць, зойдзецца пранізлівым сумам.

Але ёсць сум і сум. Першы з іх падобны да змрочнага, надакучлівага дажджу, ад якога хаваецца ўсё жывое. Другі - нагадвае пяшчотнае вераснёўскае сонца. Гэта - харошы, светлы сум. Якраз такі настрой агортвае мяне ў тыя дні, калі птушыныя чароды нясуць на сваіх крылах лета ў далёкія краі.

  * * *

Тугі сонечны праменьчык нібы пацвельваецца са мною. Прабіўся праз край няшчыльна зацягнутай фіранкі, нячутна каўзануў па гладкаму лісту фікуса і - пырснуў мне проста ў вочы. Я адсоўваюся ўбок і чытаю далей.

Праменьчык, пастаяўшы нейкі момант, быццам у роздуме, зноў пачаў падкрадвацца да мяне. Мякка ўзабраўся на кніжку і стараецца зазірнуць у вочы. Ён нібыта кажа мне: «Хопіць табе сядзець у гэтай духаце і тлуме. Зірні за акно - колькі там сонца, золата!»

«Ах ты, свавольнік!» - усміхаюся я і нарэшце не вытрымліваю, загортваю кніжку, выходжу з бібліятэкі.

На дварэ - любата! Празрысты, здаецца, увесь звонкі дзень. У прамытым нядаўнім дажджом блакіце раскошна купаецца сонца. Плаваюць, пабліскваючы срэбрам, трапяткія павуцінкі бабінага лета. Недзе ў самым полымі рыжых каштанаў шчабечуць, аж заходзяцца вераб'і: «Шыр! Шыр! Глядзі, глядзі, якая шыр-р!»

Іду, перапоўнены сонцам, блакітам, звонкай празрыстасцю.

Лёгкі ветрык варушыць на асфальце апалае лісце. Светлае, крамянае, яно ў гэтыя хвіліны здаецца мне рассыпанымі асколкамі сонца. Іду, абмінаючы кожны лісцік. І адчуваю, як нешта гаючае, жыватворнае спавівае маё сэрца, і на душы паступова становіцца светла, лёгка, радасна.

  * * *

Не пішу Надзі, не тэлефаную. І хоць думаю пра яе бясконца, хоць смыліць яна ў сэрцы тым самым «асколкам балючым» - першы не напішу. Нізавошта!

  * * *

Мусіць, гэта адвечная хвароба многіх: мы зусім не шануем таго, што маем. Ёсць вочы - мы і не думаем пра іх, не беражом. Ёсць слых - так і павінна быць. Тое ж самае і са шчасцем, з каханнем. Калі яны ёсць у нас, нам здаецца, што ўсё гэта не тое, што галоўнае недзе наперадзе. І мы імкнёмся за гэтым туманным, прыдумана-прывідным, губляем галаву, губляем тое, што мелі. І тады чалавеку даводзіцца цяжка.

А раптам у мяне таксама так? Чаму я з такім пранізлівым болем перажываю сваркі з ёю? Чаму я не знаходжу сабе месца? Чаму не магу забыць яе ні на хвіліну?

І ў той жа час, калі ў нас усё добра, я як бы расчароўваюся ў ёй. Яна ў такія хвіліны траціць раптам сваю таямнічасць, чароўнасць, і мяне пачынае палохаць яе будзённасць, празаічнасць. Чаму?

Неспасцігальная загадка сэрца! Толькі тое, што недаступна, недасягальна, прыносіць яму асалоду.

  * * *

У нас - новы выкладчык сучаснай беларускай мовы. Міхась Іосіфавіч Лямцэвіч. Акуратны, падцягнуты мужчына. Гадоў, мусіць, пад сорак, а мо і больш, калі меркаваць па сівых валасах. Гаворыць трохі глухаватым, у нос голасам.

Прынялі мы яго спачатку суха, насцярожана. На першай жа лекцыі ўзнік непрыемны інцыдэнт. Ранейшы выкладчык нас прывучыў: можна займацца чым хочаш, каб толькі не было шуму. Вось чаму, як толькі Міхась Іосіфавіч назваў сябе і пачаў чытаць лекцыю, кожны з нас паціху ўзяўся за сваё.

Валодзя Баравы дапісваў верш, калі нечакана над ім пачуўся голас:

- Усё зразумела ці не?

Валодзя ўзняў галаву. Строгія вочы выкладчыка глядзелі проста на яго.

- Я да вас звяртаюся, малады чалавек. Так, так.

Баравы разгублена падняўся:

- Зраз-зумела...

- Што вам зразумела?

Валодзя замітусіўся, палез у канспект. Але там было чыста.

- Ну, тое... што да другога... што да першага скланення...

- Садзіцеся! - голас выкладчыка гнеўна задрыжаў. - Я думаў, што вы чалавек незвычайных здольнасцей. Можаце і слухаць, і пісаць вершы. Аказваецца, не.

Міхась Іосіфавіч вярнуўся да кафедры, нейкую хвіліну яшчэ маўчаў, відаць, супакойваючы сябе, а потым цвёрда сказаў:

- І запомніце надалей. Я нікому яшчэ не дазваляў і не дазволю займацца на сваіх лекцыях абы-чым. Калі вы не паважаеце мяне, дык паважайце хоць сваю родную мову!

Гэты інцыдэнт на некаторы час затрымаў наша збліжэнне з Міхасём Іосіфавічам. Пакрыўджаны напачатку нашай няўвагай, ён трымаўся з намі падкрэслена суха і стрымана. Мы ж у сваю чаргу адчувалі нейкую няёмкасць і таксама трымаліся зводдаль, старанна пісалі канспекты, не задаючы ніякіх пытанняў.

Але ад лекцыі да лекцыі наша ўзаемная насцярожанасць паступова знікала. Міхась Іосіфавіч, улюбёны ў беларускую літаратуру, у роднае слова, пачынаючы лекцыю, забываўся на ўсё, расказваў пра дзеяслоўныя канчаткі, пра розныя суфіксы і прэфіксы з такім захапленнем, што сухія і сумныя правілы набывалі раптам незвычайную цікавасць і паэтычнасць. Кожную тэму ён перасыпаў, расквечваў дасціпнымі прымаўкамі, прыказкамі, урыўкамі з вершаў, якіх ведаў безліч. А часам і зусім адступаў ад тэмы і доўга расказваў нам пра каго-небудзь з пісьменнікаў.

І неяк самі сабой мы памкнуліся да Міхася Іосіфавіча. На перапынку абступаем яго і доўга яшчэ не выпускаем з аўдыторыі, распытваем пра ўсё, што нас цікавіць.

А сёння мы папрасілі Міхася Іосіфавіча, каб ён памог нам арганізаваць і весці своеасаблівы творчы семінар. Многія ж з нас пішуць і вершы, і апавяданні, а вось сказаць пра іх аўтарытэтнае слова няма каму. Міхась Іосіфавіч ахвотна згадзіўся. Дамовіліся першы семінар правесці ў гэту суботу. А каб не было афіцыйна, вырашылі сабрацца ў інтэрнаце вечарам, за шклянкаю кавы.

  * * *

Каторы ўжо раз гляджу «Паўлінку» - і не магу глядзець яе без хвалявання, без адчування нейкай асаблівай радасці, сонечнага свята. Колькі ж у гэтым спектаклі роднага! І як хораша, з якой любоўю паказана тут душа беларуса з яго прыроднай дасціпнасцю і багатым гумарам, з яго імпэтнай весялосцю і цягавітай працавітасцю.

Дзякуй жа табе, неўміручы Купала, за гэту высокую, святую радасць! Дзякуй табе, любы народзе, за тое, што кожны раз, калі я прыпадаю розумам і сэрцам да тваіх светлых крыніц, я быццам дужэю целам, ачышчаюся, абнаўляюся душою.

  * * *

Толіку Крывецкаму зноў не далі стыпендыі. Сёння ўсёй групай мы раіліся, як быць.

Ігар Касцевіч сказаў Святлане Карэлінай:

- Мне здаецца, ты ў стыпендыі не дужа маеш патрэбу. А ў Крывецкага няма ні рубля...

Карэліна пачала даводзіць, што ў яе сям'я, хутка будзе дзіця, што яны жывуць асобна ад бацькоў і стыпендыя ім вельмі патрэбна.

- У цябе працуе муж. Зрэшты, калі на тое пайшло, мы можам пагаварыць з тваімі бацькамі. Мне здаецца, яны згодзяцца даваць вам гэтых няшчасных трыццаць рублёў. А хто дасць Крывецкаму?

Усе сядзелі, слухалі і маўчалі. І толькі пасля ўжо, пад канец заняткаў, Беленькі і яшчэ той-сёй пачалі шаптацца, папракаць Касцевіча і групу за жорсткасць і несправядлівасць.

Тады Мікола Верас не стрымаўся:

- Як табе, Кастусь, не сорамна! Калі мы ўсе разам гаварылі пра гэта, дык ты маўчаў. А цяпер ужо хочаш быць добранькім.

І радасна было бачыць, як група давала Беленькаму рашучы, гнеўны адпор. А ён таго і заслужыў. Калі на тое пайшло, дык куды больш сумленна, нават больш чалавечна, гуманна зрабіў Касцевіч, сказаўшы Карэлінай усё прама, адкрыта, у вочы.

  * * *

Быў у гасцях у Міхася. Жыве ён, праўда, далекавата. Ехаць трэба спачатку аўтобусам, потым - трамваем, а затым яшчэ ісці добрых паўкіламетра.

Пакойчык у яго невялічкі. Але светлы, чысты, утульны. Гаспадары, мне здаецца, харошыя, прыветлівыя людзі. Так што Заранкам, можна сказаць, пашанцавала.

Мы з Міхасём падняліся на чацвёрты паверх і ля дзвярэй, абабітых чорным дэрмацінам, пазванілі. Адчыніла Валя. У дамашнім халаце, з перакінутым праз плячо ручніком. Відаць, гаспадарыла на кухні.

- Добры вечар, - не гледзячы на мяне, адказала яна і адразу павярнулася, пайшла зноў на кухню, кінула праз плячо: - Праходзьце, распранайцеся...

Мне стала ніякавата. Чаго яна так: быццам я тут быў ужо тысячу разоў?

Міхась павесіў мой плашч, падаў дамашнія пантоплі, гукнуў весела жонцы:

- Ну, Валя, частуй гасцей! Не мяшала б з гэтай нагоды і бутэлечку.

- Вы ж едзеце з горада, хай бы і везлі, - пачулася з кухні. - А то давай ім бутэлечку.

Міхась збянтэжана зірнуў на мяне і паціснуў плячыма: маўляў, што гэта сёння з ёю, не разумею. Потым махнуў рукою - не зважай, жанчыны ёсць жанчыны, і лепш з імі не спрачацца.

Зайшлі ў пакойчык, прыселі. Міхась дастаў цэлую скрынку яблыкаў, выклаў добры дзесятак на стол.

- Еш! Каб ніводнага не засталося.

І, зусім як у дзяцінстве, я забыўся на ўсё. Еў з хрумстам халодныя, сакаўныя антонаўкі, гаварыў з Міхасём, і было хораша, утульна. І чамусьці крыху журботна. Думалася: Божа мой, як хутка, як неўзаметку мы выраслі, пасталелі... Яшчэ ці даўно, здаецца, тоўкся ты падшыванцам на кожным вясковым вяселлі і з гэткай цікаўнасцю, нават зайздрасцю глядзеў на шчаслівых маладых за сталом, як на нешта далёкае-далёкае, недасягальнае. І вось ужо сам уступіў у гэту хвалюючую пару жыцця. І от ужо з гэткім жа ўчарашнім падшыванцам сядзіш сабе і як аб звыклых, будзённых рэчах вядзеш размову аб жаніцьбе, сям'і, дзецях...

...Я пачаў збірацца дадому, але Міхась ледзь не сілком усадзіў мяне на месца.

- Нікуды ты не пойдзеш. Валя! Нясі што вячэраць!

Валя, усё з тым жа ручніком праз плячо, паказалася ў дзвярах:

- А што, згаладаліся?

Я стаў пераконваць, што зусім нядаўна абедаў, есці не хачу і дарма толькі лішнія клопаты. Ды Міхась, незадаволена глянуўшы на жонку, сказаў:

- Ты не пытайся, а нясі.

...Мы елі гарачую, сопкую бульбу са свежымі, смачнымі катлетамі. Можа, гэта і дробязь, можа, я ўжо занадта прыдзірлівы, але маладая гаспадыня ні разу не запрасіла мяне есці, не прапанавала пакаштаваць яе катлет. Праз колькі хвілін яна ўскочыла з-за стала. Мне стала няёмка, і я падняўся таксама, хоць быў галодны як воўк, а бульба была такою смачнай...

Міша праводзіў мяне да трамвайнага прыпынку. Ужо праз акно трамвая я бачыў, як ён аддаляецца, застаецца там, у вялікім, чужым раёне. І зноў недзе пад сэрцам варухнулася тая ж светлая, пяшчотная журба. Здалося, што мы расстаёмся надоўга, што я назаўсёды пакідаю яго ў гэтым незнаёмым раёне са сваімі клопатамі і дарогамі.

  * * *

Прыгадаўся адзін нядаўні выпадак.

...Ехаў я пасля вакацыяў у Менск. Да чыгуначнай станцыі трэба было дабірацца аўтобусам. Напярэдадніпрайшоў моцны дождж, дарога раскісла, і я не надта спадзяваўся, што аўтобус гэты прыйдзе. На шчасце, ён прыйшоў.

Людзей набілася паўнютка. Аж боязна было, што старэнькі, скрыпучы «газік» не вытрымае і дзе-небудзь на вялікай выбоіне трэсне, разваліцца на кавалкі.

Побач са мной сядзеў укормлены, сярэдніх гадоў мужчына. Папраўляючы рукою то саламяны капялюш, то скураны зашмальцаваны партфель, які ўвесь час спаўзаў з яго гладкіх каленяў, мужчына ўголас абураўся: і што дарогу не хочуць як след адрамантаваць, і што аўтобус пасылаюць такі - душу можа вытрасці. Яму ахвотна вакол падтаквалі...

Мы ўжо, мусіць, праехалі добрую палавіну дарогі, як нечакана аўтобус наш натужна, з нейкім адчаем завыў, тузануўся раз-другі і спыніўся. Заглух матор. Шафёр вылез з кабіны, абышоў вакол машыны і безнадзейна махнуў рукою.

Селі мы здорава. Заднія колы ледзь-ледзь віднеліся з густога месіва. Шафёр разгублена стаяў ля аўтобуса і неяк вінавата паглядаў то на нас, пасажыраў, то на машыну.

Тым часам няўмольна насоўваўся вечар. Пайшоў дождж. Трэба было нешта рабіць. Адны прапаноўвалі прынесці з лесу галля і падмасціць пад калёсы, паспрабаваць выцягнуць аўтобус сваімі сіламі. Другія казалі, што нічога з гэтага не выйдзе, раілі не стаяць дарма на дарозе, не мокнуць, а ісці да бліжэйшай вёскі і там заначаваць. А раніцай будзе відаць. Спрачаліся, даводзілі кожны сваё, але ніхто не злаваў, не шукаў вінаватага.

І толькі тып у саламяным капелюшы соваўся туды-сюды, грэбліва ступаючы па гразі сваімі моднымі, бліскучымі туфлікамі, і ўсё ныў, лаяў шафёра, што ўлез у самае балота, не мог дзе бокам аб'ехаць. А потым, як пачало накрапваць, і зусім зашыўся ў аўтобус, узяўся аплятаць каўбасу...

Выбраліся мы з ямы зусім нечакана. Калі ўжо многія з пасажыраў наважыліся ісці начаваць у вёску, нехта з моладзі параіў:

- А мо трактарам паспрабаваць?

- Дык дзе ж ты яго возьмеш, той трактар?

- А мы як ехалі, я бачыў, у полі стаяў адзін. Недалёка адсюль. Я схаджу.

І хлопец пайшоў. Неўзабаве ў змроку бліснулі фары, загуў матор.

Праз колькі хвілін мы паехалі далей.

І як усё адразу змянілася. «Капялюш», якому на пачатку дарогі ўсе так ахвотна падтаквалі, быў цяпер адціснуты назад, і ніхто на яго болей не глядзеў. Хлопца ж, які ўспомніў і прывёў трактар, пасадзілі на самае лепшае месца і клапатліва захуталі ў шарсцяную хустку, каб сагрэўся: ён быў у адным касцюмчыку і прамок да ніткі...

Прыгадаўся гэты выпадак, вядома, не так сабе. Пасля таго як Карэліна абурылася, што ў яе забралі стыпендыю і аддалі Толіку Крывецкаму, і стала бедаваць, што ёй (дачцэ намесніка міністра!) не будзе цяпер за што жыць, - адносіны да Святланы ў нашай групе рэзка змяніліся. Здаецца, яна засталася такою ж - і прыгожай, і разумнай, і дасціпнай, а от адзін эпізод - і ніхто ўжо болей як бы і не заўважае яе.

  * * *

Не хапае ведаў. Задыхаюся без іх, як без паветра. Толькі яны могуць памагчы мне больш глыбока асэнсоўваць розныя факты, падзеі, з'явы, больш ясна разумець жыццё.

Чытаць, чытаць і чытаць! Да слёз крыўдна, што столькі страчана. Назаўжды, беззваротна.

Я стаю пакуль што на ўзлеску высокага, магутнага бору. Многія мае аднагодкі пайшлі ў гэты лес ужо далёка наперад. Я ж усё тапчуся на месцы, цераблюся ў дробных кустах...

Але не ўсё яшчэ страчана. Можна дагнаць. Трэба дагнаць!

  * * *

Тэлефанавала Надзя.

- Не чакаў? - сказала яна.

- Не чакаў, - чамусьці пакрывіў я душою.

- Ну, як жыццё? - запытала яна.

- Нічога, дзякую. Нармальна.

- А то я ўжо чула пра цябе...

- Што?

- А навошта гаварыць, калі ўсё нармальна.

- Ну, як хочаш... А што ў цябе? Як пачаўся навучальны год?

- Так сабе, сярэдне.

- Практычныя ўжо былі?

- Ага.

Памаўчалі. Недзе ў суседняй кабіне чуваць было, як мужчынскі голас радасна паведамляў: «Тры : два! Кіяўляне. Ага! Тры : два!»

- Надзя, ты чуеш мяне?

- Чую, канечне.

- Надзя, чаму ты мне нічога не пішаш?

- А што пісаць?

- Няўжо ты лічыш, што табе і на гэты раз няма пра што напісаць, не трэба нічога растлумачыць?

Яна засмяялася:

- Ага.

- Чаму ж ты тады патэлефанавала мне?

- Таму што... таму што не магла.

- Заканчвайце, - пачуўся раптам казённа-абыякавы голас тэлефаністкі.

- Да пабачэння, - адразу сказала Надзя, і ў трубцы пачуліся кароткія гудкі.

Усхваляваны, разгублены, я выйшаў з кабіны. Навошта яна тэлефанавала? Чаму нічога не сказала? І што азначае гэтае яе «не магла»? Значыць, усё-такі перажывае і яна!..

  * * *

Толік Крывецкі ў выхадныя дні ездзіў некуды на раён і сядзеў потым дзён тры, пісаў крытычны артыкул аб рабоце адной бібліятэкі.

Першы варыянт, які паказаў нам Толік, мы аднадушна забракавалі. З другога ўволю пасмяяўся Касцевіч.

- Змей ты Гарыныч! - патрасаў ён лісткамі перад Толікавым носам. - Ды гэтак жа можа напісаць любы калгаснік. А ты ж студэнт-журналіст. Ну хто так піша? Паслухай...

І, зачытваючы асобныя мясціны, Касцевіч аж клаўся ад рогату.

Толік моўчкі, хмура забраў з рук Касцевіча свае аркушыкі і выйшаў з пакоя.

Вярнуўся ён недзе апоўначы, калі мы ўжо збіраліся выключаць святло. Паклаў на стол дробненька спісаныя старонкі і сказаў:

- Чытайце.

Трэці варыянт артыкула нам спадабаўся.

- Пойдзе, - аўтарытэтна заявіў Верас, і Толік расцвіў.

А сёння ён вазіў гэты артыкул у рэдакцыю. Вярнуўся невясёлы. Не прынялі.

- Чаму? - здзівіўся Верас.

- Разумееш... - палез пяцярнёю за патыліцу Толік. - Загадчык аддзела, якому я прынёс матэрыял, аказваецца, ведае загадчыцу гэтай бібліятэкі. Пісаў некалі пра яе нарыс. Дзяўчына была такі хор у калгасе арганізавала, нават з царкоўнага некалькі чалавек перацягнула.

- Ну і што?

- Ну і ён сказаў: «Давай лепш пачакаем. Тут нешта не тое. Трэба разабрацца глыбей».

- І ты згадзіўся? - падняў галаву Бугаёў.

- Згадзіўся.

- Асёл! - ажно сплюнуў Кандрат. - Колькі дзён працаваў і ўсё кату пад хвост. У цябе ж апошні рубель у кішэні. За што будзеш жыць?

- Справа не ў гэтым. Важна знайсці ісціну...

- Ну і сядзі са сваёй ісцінай! - махнуў рукою Кандрат.

Я звычайна не лезу ў спрэчкі, якія раз-пораз успыхваюць у нашым пакоі - не ўмею спрачацца. Але на гэты раз не стрымаўся: падтрымаў Крывецкага, сказаў, што калі пісаць проста дзеля таго, каб надрукавацца ці яшчэ горш - атрымаць нейкі рубель, то лепш зусім не пісаць. Нанесці чалавеку рану лёгка - паспрабуй пасля загаі яе. І калі мы хочам стаць сапраўднымі журналістамі, то не варта з гэтых гадоў шукаць лёгкага шляху...

  * * *

Прачытаў сёння ў «Комсомольской правде» цікавы артыкул. Адну мясціну выпісаў спецыяльна:

«Сімпатызую тым, хто аддана і глыбока любіць навуку, але не становіцца яе пакорлівым рабом. Тым, хто асаблівую, асэнсаваную цікавасць да выбранага прадмета ўмее спалучаць з самай шырокай дапытлівасцю, хто адносіцца да вывучэння не са сляпой упартасцю крата і не з лёгкасцю страказы, а з мэтанакіраванай працавітасцю пчалы, якая збірае мёд. Для іх адзнака не служыць ні дубцом, ні пернікам, а ўсяго толькі своеасаблівым градуснікам, што паказвае тэмпературу ў іх доме...»

Што ж, дзякуй добраму чалавеку за разумную перасцярогу. Яна прымусіла мяне глыбока задумацца. Над сабою. Над тым, што зроблена, як зроблена... І зразумець: нельга чытаць без разбору, без усялякай сістэмы. Гэта ўсё роўна, што прыйсці ў вялікі лес і першае, што трапіцца на вочы, цягнуць у свой кошык. Добры грыбнік не гойсае як апантаны па лесе, не траціць дарма часу. Ён ведае, куды трэба ісці, і ведае, што яму браць.

Але які ўзяць кірунак мне, калі так хочацца ахапіць літаральна ўсё - паэзію, фізіку, філасофію, міжнародныя праблемы?.. Гэта ж бары і пушчы, толькі-толькі адкрытыя мною. Як жа іх абмінуць, прайсці міма?

А і не трэба мінаць! Добрым грыбніком не нараджаюцца - ім становяцца. І перш чым знайсці сваю запаветную мясціну, ён добра-такі папаходзіць па ўсім лесе. Вывучыць, уведае яго так, каб потым не блукаць па сваіх сцежках.

  * * *

Правялі першую «паэтычную суботу». Паэтычнай прапанаваў яе назваць Фіма Слуцкі. Мы, праўда, спачатку былі запратэставалі: наш жа семінар не для адных толькі паэтаў, а і для тых, хто спрабуе свае сілы і ў празаічных жанрах - апавяданні, нарысе... Але Міхась Іосіфавіч паблажліва ўсміхнуўся і сказаў:

- Нічога. Добрая проза таксама павінна заключаць у сабе паэзію.

І мы, разважыўшы, згадзіліся - паэтычная дык паэтычная...

Сабраліся ў нашым, восемдзесят другім пакоі: усё ж такі прызнаны паэт факультэта, Валодзя Баравы, жыве не дзе-небудзь, а ў нас.

На «суботу» прыйшла амаль уся група. Не прыйшлі толькі Кірыла Зарэчны і Святлана Карэліна. Ды яшчэ чамусьці Кастусь Беленькі...

Першае паседжанне прынесла першае прыемнае адкрыццё. Аказваецца, акрамя Валодзі Баравога, Кандрата Бугаёва вершы піша і наша Люда Барташэвіч! Страшэнна бянтэжачыся, яна прачытала спачатку адзін верш, а потым, на просьбу Міхася Іосіфавіча, яшчэ і яшчэ. Міхась Іосіфавіч слухаў вельмі ўважліва, засяроджана, час ад часу ківаючы галавою, як бы ўхваляючы той або іншы радок, а калі Люда скончыла чытаць, абвёў нас задаволена-вясёлым позіркам:

- Ну што? Па-мойму, зусім няблага. А як лічыце вы?

І пачалася гаворка. Не толькі пра вершы Люды Барташэвіч - пра паэзію наогул, пра таямніцы творчасці. Нам імпанавала, што Міхась Іосіфавіч у гэтай размове не імкнуўся да ролі ментара, не прыгнятаў нікога сваёй эрудыцыяй, сваім аўтарытэтам, а, наадварот, даваў выказацца кожнаму, з нейкай асаблівай, захопленай радасцю прымаў любую цікавую, арыгінальную думку. Калі ж з чым быў не згодны, то аспрэчваў вельмі далікатна, тактоўна, як бы разважаючы ўголас, як бы дзелячыся з намі сваімі сумненнямі, і падводзіў нас да неабходнай высновы так, што здавалася, нібыта да гэтага дадумаліся мы самі.

Пад канец нашай размовы ўзнікла спрэчка пра тое, як трэба працаваць.

Мікола Верас сказаў, што трэба заўсёды прымушаць сябе садзіцца за стол - і пісаць. Валодзя Баравы не згадзіўся:

- Гвалціць сябе, штучна выклікаць натхненне? Ніколі! За пяро трэба брацца толькі тады, калі адчуваеш незвычайны душэўны ўздым, агромністае і неадольнае жаданне нешта сказаць. Нездарма ж Горкі раіў маладым: «Калі можаце не пісаць - не пішыце».

Мікола парыраваў:

- А як тады быць з крылатай фразай Юрыя Алешы: «Ні дня без радка!»? А з Пушкіным, які гаварыў, што натхненне занадта рэдкі госць і трэба, каб ён заўжды заставаў цябе за работай?

- Але той жа самы Пушкін, - не здаваўся Баравы, - прапускаў у сваіх паэмах цэлыя кавалкі, калі не было адпаведнага настрою...

Спрачаліся мо з паўгадзіны. І прыйшлі да згоды (зноў-такі не без дапамогі Міхася Іосіфавіча), што ў кожнага пісьменніка - свой метад, свой стыль працы. І гэта - натуральна. Бо нават гаршкі і то кожны майстар лепіць па-свойму. Дык хіба ж могуць быць шаблонныя рэцэпты, як пісаць і калі пісаць? Было б пра што пісаць!

  * * *

Каторы ўжо дзень пасля абеду забягаю ў інтэрнат з трапяткой надзеяй: а мо будзе сёння? Бяру ёмісты пачак пісем - ёсць жа шчаслівыя людзі! - і з заміраннем сэрца перабіраю канверты. Не мне... не мне... не мне...

Пад канец, калі ў руках застаецца ўсяго некалькі пісем, я пачынаю перабіраць канверты паволі-паволі, пакідаючы надзею як на далей.

Няма...

Пасля таго як яна патэлефанавала, я паслаў ёй ліст і напісаў, каб яна ўсё-такі растлумачыла свае паводзіны, сказала нарэшце пра ўсё чэсна і прама.

Ні слуху ні духу.

І мяне ахопліваюць самыя супярэчлівыя пачуцці - крыўда, злосць, трывога...

  * * *

Даша з «Блуканняў па пакутах»... Як жа яна падобная да Надзі! І знешне, і характарам. Гэткая ж няяркая, але прывабная, азораная ўнутраным агнём прыгажосць, летуценнасць і халаднаватая пяшчотнасць, прастата і яшчэ нешта невыказна жаноцкае, глыбока прыроднае...

І ўсё ж я зайздрошчу Цялегіну. Даша яго кахала! Кахала і не хавала гэтага. І калі я чытаў, як яна, абняўшы за шыю, цалуе свайго «любага Івана», сэрца маё аж зайшлося ад болю.

  * * *

Я не ведаю, што са мной робіцца...

Іншы раз я гатовы, не думаючы ні аб чым, не бачачы нічога, ісці куды-небудзь далёка-далёка. У невядомасць. Растварыцца ў гэтай невядомасці...

Я брыду па горадзе, як па вялікай, бязлюднай пустыні. Як глухі і сляпы. Толькі часам, калі блізка ад мяне праплыве ў паветры зжаўцелы, апалы ліст, я спынюся, правяду яго позіркам да зямлі, - і яшчэ самотней стане на душы.

А то ахопіць раптам поўнае здранцвенне. І не хочацца ні блукаць, ні чытаць, ні жыць...

Калі ж пачынае ісці дождж - халодны, асенні, сумны, - мне здаецца, што гэта плача неба, і хочацца плакаць разам з ім...

  * * *

Толькі цяпер я, здаецца, пачынаю разумець Алеся. Як і на яго, на мяне напаў нейкі дзікі, бунтарскі настрой. Хочацца рабіць некаму назло, насуперак усялякім правілам і законам.

  * * *

Заўважаю, як час няўмольна зменьвае мяне: нешта забірае, нешта прыбаўляе, нешта шліфуе, крышталізуе...

Нават у каханні я прыкметна перамяніўся. Раней я жыў адным сэрцам, пачуцці непадзельна валодалі мною. Каханая для мяне была нечым незямным, таямнічым, непагрэшна-чароўным. Я доўга не бачыў, якія ў яе грудзі, ногі, які стан. Я ўспрымаў яе ўсю безаглядна, з той здзіўлена-зачараванай радасцю, з якой успрымае чалавек першае цяпло вясновага сонца...

Цяпер жа да хмельнай стыхіі пачуццяў усё часцей прымешваецца халодная цвярозасць розуму. Пачынаеш думаць, аналізаваць, прыдзірліва прыглядацца да кожнай дробязі. І знікае ранейшая таямнічасць, і нешта непазбежна губляецца...

А можа, гэта і добра - разумная цвярозасць? Бо што б то было, калі б ты ўсё жыццё, увесь час жыў толькі адным сэрцам?

  * * *

Вершы, вершы...

Вершы ў аўдыторыях, у інтэрнаце, вершы наяве і ў снах. Варта толькі сысціся двум студэнтам, і, глядзіш, ужо адзін з іх узмахвае рукамі - чытае вершы, свае або чужыя.

Першыя месяцы, памятаю, мне здавалася гэта нават трохі ненармальным, ненатуральным. Але паступова гэты вір захапіў, уцягнуў у сваю бурлівую плынь і мяне. І цяпер я разам з усімі чытаю вершы, апантана бегаю па кнігарнях у пошуках новага паэтычнага зборніка, жыву гэтай узнёслай, чароўнай атмасферай.

І шчыра здзіўляюся: як жыў без усяго гэтага раней? Як можна наогул жыць без вершаў? Паэзія ж не толькі адкрывае ў жыцці цудоўнае, яна ўзвышае чалавека, выхоўвае яго пачуцці.

  * * *

Быў на занятках музычнага ўніверсітэта. З нашай групы ходзяць усяго тры чалавекі - Люда Барташэвіч, Валодзя Баравы і я. Шчыра кажучы, я таксама вагаўся: браць абанемент ці не браць? Але Валодзя напусціўся: «Дзівак! Калі ты яшчэ будзеш мець такую магчымасць? Бяры!»

Узяў і не каюся.

Дзве-тры гадзіны музыкі - і цэлы тыдзень потым (аж да наступных заняткаў) адчуваеш у сабе нейкую шчасліва-трапяткую радасць, як бы дакрануўся да чагосьці сонечнага, крыштальна чыстага, невыказна цудоўнага. Нішто, мусіць, так не пранікае ў самыя патаемныя куткі чалавечай душы, як музыка!

Музыка, музыка... Як абядняем мы сябе, абкрадваем, калі, апраўдваючыся занятасцю або, яшчэ горш, неразуменнем вялікай музыкі, пазбягаем яе. Музыку трэба слухаць як найчасцей! Я перакананы, што нават тады, калі чалавек яшчэ не ўмеў гаварыць, ён ужо слухаў музыку. Музыку вясновага лесу, летняй навальніцы, асенняга выраю, зімовай завірухі. Музыку срэбнагалосых ручаёў, абуджанай зямлі, чыстага неба...

Музыка, як і прырода, супакойвае, ачышчае чалавека, робіць яго дабрэйшым, абуджае ў ім імкненне да светлага, высокага.

  * * *

Перастаў сустракацца з Галяй. Уся тая зачараванасць, якая да гэтага жыла ў маёй душы, раптам бясследна знікла. Я зразумеў, што нічога, акрамя жадання падабацца ёй, у мяне не было і няма. Я ўсё прыдумаў і стараўся падмануць, пераканаць сябе, што гэта сапраўды так.

Мне стала непрыемна бачыць Галю. Але яна, як назло, траплялася мне на вочы - у інтэрнаце, ва ўніверсітэце, у бібліятэцы. Яна як бы спецыяльна шукала мяне, падпільноўвала. Я ўпарта пазбягаў усялякіх сустрэч і размоў. Хоць адчуваў: гэта непазбежна.

І вось учора нарэшце яна спаткала мяне вечарам на калідоры, ля нашага пакоя, і сказала:

- Жэня, нам трэба пагаварыць.

Адводзячы вочы ўбок, я стаў адгаворвацца:

- Галя, ты прабач. Сёння я проста... У нас заўтра практычныя...

- Мы ненадоўга. Прашу цябе.

Я зразумеў, што гэты раз яна не адступіцца, і вымушаны быў згадзіцца. Пайшлі на кухню - найбольш ціхае і зручнае месца ў інтэрнаце для інтымных размоў. Ішоў туды і маліў Бога, каб там ужо хто-небудзь быў, каб не знайшлося месца. Дарма - кухня была незанятаю.

Галя стала ля акна і колькі хвілін маўчала, задуменна глядзела некуды ў цемру. Маўчаў і я. «Што ёй сказаць? Як ёй пра ўсё сказаць?»

- Жэня... - загаварыла яна, і палец яе нервова захадзіў па шыбе, выпісваючы бязладныя кругі. - Жэня... Ты ўсё бачыш, усё ведаеш... І мне вельмі сорамна, што першай пачынаю пра гэта размову. Але я не магу так. Ты ў апошні час вельмі змяніўся. Чаму?

У голасе яе чуліся непадробнае хваляванне і боль. Мяне раптам ахапіла вострае пачуццё жаласці. Я абняў яе за плечы:

- Галя, не трэба... Чуеш? Не трэба аб гэтым...

- Трэба! - яна павярнулася і паглядзела мне ў вочы. - Ты павінен сказаць.

Я апусціў галаву і ўздыхнуў:

- Усё гэта не так проста...

- У цябе нехта ёсць?

Я прамаўчаў - не мог рашыцца сказаць ёй праўду.

- Ты яе... кахаеш?

Зноў маўчу.

- Ну, скажы «так», што ты маўчыш? Скажы. Кахаеш?

Я ледзь прыкметна кіўнуў галавой. Галя, што да гэтага глядзела на мяне яшчэ з нейкай надзеяй, з такім напружаным чаканнем, раптам адразу ўся абмякла, панікла.

- Навошта ж тады... усё гэта было? Не, не, я ні аб чым не шкадую і не хачу ні ў чым цябе папракаць... Мне толькі крыўдна: чаму мне ўсё жыццё так не шанцуе?

- Галя, я не ведаю... Я невінаваты... Я шчыра хацеў і спадзяваўся... Мне было заўжды прыемна і лёгка з табою...

Яна маркотна, нерухома глядзела ў акно. Потым павярнулася і парывіста абвіла маю шыю.

- Я кахаю цябе, Жэнь-шэнь мой мілы... - зашаптала яна горача. - Кахаю!..

І заціхла, заплакала на маіх грудзях. А я стаяў, і мне было не менш горка. Я чакаў гэтых слоў прызнання ад Надзі, а пачуць давялося ад іншай. Чаму?

Чаму з-за таго, што я не змог адказаць узаемнасцю, павінен перажываць, пакутаваць харошы, ні ў чым не вінаваты чалавек? Чаму ў жыцці гэтулькі балючых непаразуменняў, гэтулькі жорсткай несправядлівасці?

  * * *

«Добры дзень, Жэня!

Толькі што прыйшла з кавярні. Субота. Адзінаццаць гадзін вечара. У нашай групе дзяўчына выходзіць замуж. Сёння яна запісалася, а потым усёй групай гулялі ў кавярні вяселле.

Было ўсё добра. Пасля з Марынай (я папрасіла яе) мы прыйшлі ў інтэрнат, і мне было пісьмо. Я так абрадавалася. А прачытала - радасць, весялосць як рукой зняло.

Жэня, а можа, нам зусім кінуць пісаць? Можа, так лепш будзе? Ты не будзеш крыўдзіцца на мяне, а я на цябе.

Ты стаў вышукваць розныя прыдзіркі. Навошта? Чаму? Раней у цябе гэтага не было.

У мяне сёння такі дзень. Усе радуюцца, весяляцца, і я да гэтага была вясёлая, смяялася, як звычайна. Але вось мяне ўсё цягнула ў інтэрнат, я чакала ад цябе пісьма. Хай бы я лепш не ішла! Дык не - захацелася.

Пайшла я з вечара, як бачыш, рана. Хоць усе засталіся гуляць. Няма таго настрою, які быў. І наогул стала неяк сумна.

Раней было зусім не так. Ты вельмі змяніўся. Ты стаў неяк інакш да мяне адносіцца. Цікава, чым гэта выклікана? Тым, што я пайшла адзін вечар з Зылем? Але што я магла зрабіць? І пасля... Ты ж не захацеў са мною пагаварыць, збег з вечара, паехаў, нават не развітаўшыся. Мне так сорамна было перад усімі.

Магчыма, сапраўды я такая, што са мною вельмі цяжка і гаварыць, і пісаць мне. Не знаю. Ёсць жа людзі, якім прыемна і гаварыць са мной, і пісаць мне. Хоць я яшчэ радзей ім пішу, чым табе. А ты, можа, каго іншага зразумееш і яна цябе.

Прабач, я трохі выпіла і пішу, што ўзбрыдзе ў галаву. Усе думкі пераблыталіся. Галава баліць. Але адказаць я захацела табе адразу. Ладна, не атрымалася.

Усяго добрага. Надзя».

Я напісаў ёй:

«Добры дзень, Надзейка!

Што ж, давай пагаворым з табою без усялякіх крыўд - адкрыта. Шчырасць за шчырасць. Хоць адчуваю, што буду пісаць блытана, можа, нават не так і не тое, што хочацца.

Пішу, таму што сказаць усё гэта табе я, магчыма, і не сказаў бы. Проста не змог бы. Ад вялікіх пачуццяў часам проста дурнееш, становішся як дзіця, чорт ведае што гаварыў і рабіў бы. А ўжо каб выказаць усё гэта - і не спрабуй. Вось чаму іншы раз я з табою такі бездапаможны. Пісаць лягчэй, гаварыць - цяжка. Але і не гаварыць немагчыма. Так, я не веру, каб чалавек, калі ён моцна, па-сапраўднаму кахае, мог хаваць свае пачуцці. І хаваць гэтак, каб пра іх не здагадваліся не толькі староннія, але і блізкія, сябры, нават той, каго ён кахае.

Перада мною тваё апошняе пісьмо. Не ведаю, каторы ўжо раз я перачытваю яго. І чытаць хочацца без канца. І кожны раз яно хвалюе мяне па-новаму. Родная мая, харошая! Ты нават не падазраеш, як ты мяне абрадавала, усхвалявала гэтым пісьмом! Ведаю: у ім многа крыўднага для мяне, часам нават рэзкага, злога, але ўсё гэта не галоўнае. Галоўнае ў тым, што ты ў ім перастала быць дыпламатам (чэснае слова, як часта яшчэ ты пішаш мне дыпламатычна-крыўдна), выйшла са сваіх звычайных умоўнасцей і хоць з крыўды, са злосці, але загаварыла шчыра. Ах, каб ты заўсёды была са мной такою! Менавіта такою - хай сабе нават злоснай, але адкрытай, шчырай. Я б нічога больш не хацеў. І як усё тады было б добра!

Ты прапаноўваеш «лепш не пісаць». Але гэта не выйсце. Пісьмы, па-мойму, гэта - натуральная неабходнасць, патрэба душы, а не абавязак, выкананне якога адкладваеш з дня на дзень. Калі яны, пісьмы, проста знешняя фармальнасць, адна бачнасць сувязей, то можна, канечне, і не пісаць. Бо чаго я чакаю ад цябе ў пісьме? Няўжо розных паведамленняў аб надвор'і, нейкіх надзвычайных навін і г. д.? Не, канечне. Мне патрэбны твае думкі, твае пачуцці. Пра што ты цяпер думаеш, што ў цябе радаснага ці невясёлага. Няўжо так цяжка ўзяць дый напісаць пра гэта?

Ты не любіш пісаць вялікія пісьмы? Але гэтага я ад цябе і не патрабую. Ты гаворыш, што пішаш мне, «як і ўсім», і нават (!) трохі часцей, і яны, гэтыя «ўсе», не крыўдзяцца, а я крыўдую. Што можа быць больш горкае для мяне, чым тваё гэта прызнанне? У тым і ўся бяда, што і мне ты пішаш, «як усім», што да гэтага часу я не стаў для цябе тым чалавекам, якому можна напісаць і трошкі болей, і трохі цяплей, чым «усім».

Я стаў вышукваць розныя прыдзіркі? Так, іншы раз я, магчыма, і занадта строга стаўлюся да нейкай дробязі. Чаму? А ўсё таму, што твая пастаянная няпэўнасць, твае халодна-дыпламатычныя паводзіны раздражняюць мяне, злуюць. Колькі ж можна так?!

Дарэчы, гэта і было адной з прычын таго, што я пайшоў тады з вечара, на якім ты цалавалася з Зылем... Ёсць жа нейкая мяжа і майму цярпенню! Зрэшты, аб гэтым не ў пісьме. Відаць, у другую нядзелю я прыеду да цябе, і тады мы аб усім пагаворым. Добра?»


КАСТРЫЧНІК

Весткі аб тым, што нас пасылаюць на бульбу, былі яшчэ ў верасні. Але нешта міналі дні, тыдні, а мы па-ранейшаму хадзілі на заняткі, ніхто нічога не гаварыў. Пасля прайшла нават чутка, быццам сёлета студэнтаў наогул пасылаць не будуць: калгасы ўправяцца і самі.

І вось нарэшце сёння з самай раніцы Ігар Касцевіч прыйшоў з дэканата і афіцыйна абвясціў:

- З панядзелка - на бульбу!

Адны гэтаму бурна абрадаваліся: не трэба будзе рана ўставаць, выседжваць доўгія і нудныя лекцыі, зубрыць. З гэтай нагоды Кандрат з Алесем пусціліся ў нейкі неверагодны танец, падобны да скокаў дзікага племя «ням-ням». Многія ж з нас асаблівых эмоцый не праявілі, успрынялі паездку ў калгас як нешта належнае, неабходнае і адразу пачалі распытваць у Касцевіча, дзе і калі збірацца, чым паедзем.

Пакуль стаяў гэты гармідар, я з цікаўнасцю назіраў за Святланай Карэлінай. Яна сядзела прыкметна разгубленая і нервова пакусвала свае поўныя, прывабныя вусны.

Заняткі, вядома, адмянілі, і ў актавай зале адбыўся кароткі мітынг.

Як заўсёды, доўга, квяціста гаварыў наш дэкан, Рыгор Мікалаевіч:

- Сёння мы прынялі рашэнне аб пасылцы малодшых курсаў у калгасы і саўгасы вобласці. Хачу папярэдзіць: гэта не дадатковыя вакацыі, як некаторыя думаюць, і не вясёлая паездка за кошт дзяржавы. Гэта - важнае і адказнае даручэнне. Ваша свядомая, самаадданая праца будзе своеасаблівым укладам у справу паспяховага выканання...

І гэтак далей і таму падобнае.

Павесяліў нехта з першакурснікаў. Я нават не ведаю, хто ён, здаецца, сустракаў адзін раз на расейскім аддзяленні. Хлопец шустра падбег да трыбуны і гучна, бойка пачаў:

- Я вельмі рады, што мне даверылі асабіста і ад імя курса сказаць колькі слоў. Дазвольце ж, з вашага дазволу, запэўніць дэканат факультэта і асабіста вас, Рыгор Мікалаевіч, - ён павярнуўся да прэзідыума і кіўнуў дэкану, - што мы прыкладзём усе намаганні і пастараемся...

Хлопцу, рагочучы, доўга апладзіравалі. А ён, відаць, так нічога і не зразумеў, бо сышоў са сцэны важны і задаволены.

Ад нашай групы гаварыў Фіма Слуцкі:

- Вось тут толькі што многа смяяліся. А мне здаецца, што смяяліся дарма. Рыгор Мікалаевіч вельмі слушна сказаў: «Едзем мы не на вакацыі». Нас пасылаюць туды, дзе рашаецца лёс новага ўраджаю. І справа нашага гонару, нашага сумлення папрацаваць так, каб людзі сказалі нам: «Дзякуй!»

Божа, нашто так прыгожа і так гучна? Усе мы і без лішніх слоў выдатна разумеем: трэба - значыць трэба.

Ну што ж, паслязаўтра - на бульбу.

  * * *

Універсітэцкага гарадка не пазнаць. Ля галоўнага корпуса шматлюдна, як падчас дэманстрацый. Усюды вясёлая гамонка, музыка, песні. Крыху воддаль - цэлая калона грузавікоў, якія прыехалі з калгасаў. Кожны факультэт стаіць паасобку, і старасты яшчэ і яшчэ раз робяць пераклічку.

У нашай групе няма пакуль двух чалавек. Позніцца, як заўсёды, вечна неарганізаваны Толік Крывецкі, і затрымліваецца чамусьці Святлана Карэліна.

- Яе і не чакайце, - падышоўшы да нас, растлумачыла Ніна Аляксандраўна. - Прынесла даведку, што па стану здароўя ў калгас ехаць не можа.

Ну, вядома ж, не можа! Куды ёй, мамінай дачушцы, з белымі выпеставанымі рукамі ды ў брудную халодную зямлю?

І хоць гэтага і трэба было чакаць, аднак паведамленне Ніны Аляксандраўны дзейнічае на групу непрыемна. І мы нейкі час стаім разгубленыя, як бы нават вінаватыя, пазбягаючы глядзець адзін аднаму ў вочы.

Нарэшце, як з-пад зямлі, паказваецца Змей. Мы шумна, абрадавана вітаем яго і пасля ўжо заўважаем, што ў калгас ён выбраўся ў сваім лёгкім, даўно выцертым плашчыку і касцюмчыку, у якім хадзіў штодня на лекцыі.

Люда Барташэвіч адразу ж напусцілася:

- Ты што, здурнеў? На цэлы ж месяц едзем, і дождж будзе, і холад, а ён як на прагулянку сабраўся. Ану зараз жа ідзі і пераапраніся!

Змей толькі пакрывіўся і махнуў рукою:

- А-а, няма ў мяне больш нічога.

- А што, папрасіць у каго - язык бы адсох? Ганарлівец мне знайшоўся!

- Не будзем траціць час, - Касцевіч перапыніў Люду. - Хлопцы, у каго што засталося з рабочай адзежы, бяжыце хутчэй з Крывецкім у інтэрнат.

Мікола Верас і Валодзя Баравы павалаклі Змея пераапранаць. З-за гэтага мы трохі затрымаліся і селі ў сваю машыну ўжо ледзь не апошнімі.

  * * *

Другі дзень у вёсцы. За сорак кіламетраў ад Менска. У калгасе «Гігант». «Самаадданай працай уносім пасільны ўклад у справу выканання...» А калі гаварыць проста: з ранку да вечара капаем бульбу.

Якія ўражанні? Гаспадарка хоць і мае гучную назву, але вельмі занядбаная. У першы ж дзень, як толькі мы прыехалі, старшыня калгаса, сам па сабе, відаць, добры, але нейкі разгублены, стомлены бясконцымі турботамі чалавек, паскардзіўся нам:

- Няма людзей... На ўсю гаспадарку дваццаць працаздольных. Дый тыя ўжо даўно пенсіянеры. Маладыя ж - хто ў горадзе, хто на чыгунцы. А тут хоць разарвіся. Вясной яшчэ сяк-так. Механізатары і пасеюць і дагледзяць. А восенню - хоць плач. Уся надзея на студэнтаў...

Уладкавалі нас не вельмі каб. Дзяўчат нашых, Лену і Люду, узяла, праўда, на кватэру адна жанчына, якая, выслухаўшы просьбу старшыні, павагалася крыху і сказала: «Ладна, бяру, мо хоць што памогуць мне па гаспадарцы». Нас жа ўсіх пасялілі ў нейкай маленькай, даўно пакінутай гаспадарамі хатцы. Ні ложкаў, ні стала, ні нават табурэтак тут, вядома, ніякіх не аказалася. Адны голыя сцены ды закураная, халодная печ, якая сіратліва прытулілася ў кутку пры ўваходзе.

Нанасілі мы сюды саломы і так, на падлозе, упокат і спалі.

  * * *

На ўлонні прыроды. З невысокага пагорка, на якім я сяджу, прыхінуўшыся да шурпатага ствала бярозы, адкрываецца вачам прыгожы, маляўнічы краявід. За спінаю ў мяне вёска, прама, як акінуць позіркам, шырокі прастор палёў, акрэслены ўдалечыні сіняй палосай лесу.

Сонца толькі-толькі зайшло, і таму небасхіл там, за далёкім лесам, яшчэ румяны, здаецца, нават цёплы, як свежы бохан. З ветрыкам наплываюць пахі раллі, прыпрэлага сена і яшчэ нечага з маленства знаёмага, хвалюючага.

Ціха-ціха... Толькі чуваць недзе на далёкім полі прыглушаны рокат трактара ды з калгаснага двара раз-пораз даносіцца раззлаванае мужчынскае «тпр-ру-у!».

Любае, блізкае сэрцу прыволле... І хоць я ніколі не быў у гэтых мясцінах - усё мне тут здаецца знаёмым і родным. Кожны гук, кожны пах адгукаецца ў маёй душы светлымі згадкамі, напаўняе ўсю маю істоту дзіўным святлом. Знікла, растала бясследна штодзённая гарадская нервовасць, пакутлівае адчуванне нейкай неўладкаванасці, няпэўнасці, адзіноты. Лёгка і хораша на сэрцы.

О, гаючыя сілы прыроды! Як шкада мне тых, хто, адарваўшыся ад зямлі, стаў глухі, раўнадушны да яе красы, да яе радасцей і турбот. І як жа збядняе, абкрадвае сябе чалавек, які прыходзіць у светлы хорам прыроды толькі з навостранаю сякераю або паляўнічаю стрэльбаю, а не з адкрытаю насцеж душою і чуйным сэрцам...

Час, аднак, вяртацца. Ужо амаль зусім сцямнела. Нашы недзе даўно павячэралі.

  * * *

Першая невялікая спрэчка.

Старшыня давёў нам штодзённую норму - пяць сотак. Ён ведаў, што рабіў: выкапаць пяць сотак не так лёгка.

У першы ж дзень выявілася даволі істотная розніца сіл. Ігар Касцевіч, Валодзя Баравы, Мікола Верас выканалі сваю норму лёгка. Толя ж Крывецкі, хоць і стараўся на ўсе лапаткі, ледзь даплёўся к канцу радка. За вячэраю (а вячэраць мы збіраемся ўсе разам, на двары ля нашай хаткі, дзе паставілі самаробны стол, два катлы і гатуем сабе тры разы на дзень ежу), дык вось за вячэраю Люда Барташэвіч нечакана сказала:

- Кепска нешта ў нас, хлопцы, атрымліваецца. Не па-таварыску. Мікола Верас пайшоў сёння дадому ў пяць гадзін, а некаторыя былі на полі да васьмі.

Верас ускіпеў:

- Я за некага капаць яго радок не буду. Хай працуе сам.

- Ну, Мікола, - з лёгкім дакорам, як бы нават здзіўлена паглядзеў на яго Ігар Касцевіч, - нельга ж усіх раўняць па сабе. Ты можаш справіцца з нормаю лёгка, а нехта - не. Вось і памажы яму.

- Які ж мне тады сэнс ірвацца наперад?

- Вось у гэтым якраз і ўвесь сэнс.

- А па-мойму, - падхапіўся Валодзя Баравы, - па-мойму, трэба зрабіць так: калі б хто ні канчаў сваю норму - з поля ісці ўсім разам.

- Справа не ў гэтым, - зноў сказала Люда. - Норма - рэч умоўная. Мы прыехалі, каб памагчы калгасу. І працаваць павінны дружна, гуртам. А Верас хоча зрабіць нас дробнымі аднаасобнікамі.

І хоць сёй-той спрабаваў быў падтрымаць Вераса, большасцю галасоў прынялі ўсё ж такі прапанову Барташэвіч.

Мікола, незадаволены, падняўся з-за стала і моўчкі пайшоў у хату.

  * * *

Дождж. Пачаўся ён з самай раніцы, як толькі мы выйшлі на поле. Неба зацягнулі нізкія шэрыя хмары, падзьмуў халодны, пранізлівы вецер, і па сухому бульбоўніку зашасталі першыя кроплі. Неўзабаве пайшоў сапраўдны дождж - ціхі, абложны, якому, здавалася, не будзе канца.

Поле раскісла. Рукі з наліплымі камякамі зямлі страшэнна мерзлі. Спіны прамоклі. Якая ўжо тут работа...

Прыкрыўшы бульбоўнікам выкапаныя клубні, мокрыя ўсе, задубянелыя, вярнуліся мы ў сваю хаціну. З прыемнасцю пападалі ў салому, зашыліся ў сухое, утульнае цяпло. Здавалася, няма ў свеце большай асалоды, чым ляжаць вось так, заплюшчыўшы вочы, і слухаць, як шапоча-шуміць за вокнамі дождж...

Рыпнулі дзверы. Увайшоў Ігар Касцевіч, які вярнуўся з калгаснай канторы.

- Хлопцы, - сказаў ён ціха, - трэба ісці папрацаваць пару гадзін на склад. Старшыня вельмі прасіў.

Ніхто не адказваў. Усе прытварыліся, што спяць.

- Хлопцы, ну дык што?

Маўчанне. Нарэшце Кандрат не вытрымаў, падняў галаву:

- Якога там чорта склад!

- Сапраўды, - азваўся незадаволена Алесь Шульга, - вунь усе да ніткі прамоклі.

- Машына чакае.

Усе маўчалі. Я адчуваў, што кожнаму было няёмка сказаць: «Я не пайду», але і падымацца з цяпла і ісці пад дождж зноў не хапала сілы волі.

Бразнулі дзверы. Завурчэла на дварэ машына, усё сціхла.

- А, чорт! - падхапіўся і сеў на саломе Валодзя Баравы. - Усё-такі трэба было з'ездзіць на гэты пракляты склад.

Заварушыліся астатнія. Ляжаць болей не хацелася. На душы замест ранейшага пачуцця прыемнасці паступова нарастала прыкрасць.

  * * *

Вечарамі, пасля работы, калі добрая пагода, гуляем з мясцовымі школьнікамі ў футбол. Пляцоўку выбралі непадалёку ад вёскі, на поплаве. Самі паставілі вароты, самі размецілі поле.

Гуляем звычайна, пакуль можна бачыць мяч. Учора, праўда, вымушаны былі закончыць раней. Кастусь Беленькі няўдала замахнуўся па мячы і, войкнуўшы, сеў на траву. З поплаву мы прывялі яго пад рукі.

Усе акружылі Кастуся, спачувалі яму, але ніхто толкам не ведаў, што трэба ў такім выпадку рабіць.

- Лепш за ўсё ехаць у Менск, да хірурга, - сказала Лена Кудлатая. - Самі мы ніякай рады не дамо.

Глянулі на гадзіннік: палова дзевятай. Апошні цягнік будзе праз дваццаць хвілін. Можна яшчэ паспець.

У Менск з Беленькім камандзіравалі мяне. Давёўшы Кастуся да інтэрната, я выклікаў «хуткую дапамогу». Яго былі забралі ў бальніцу, але праз якіх паўгадзіны Беленькі вярнуўся сваім ходам, і амаль не кульгаючы.

- Нічога страшнага, - растлумачыў ён. - Расцяжэнне. Прыйдзецца тыдзень-другі паваляцца ў ложку.

Калі я расказаў сёння пра гэта хлопцам, Мікола Верас толькі пакруціў галавою:

- Ну і Беленькі. Летась, як толькі ехаць на бульбу, з дому прыйшла тэлеграма. Цяпер вось - нага...

  * * *

Учора над нашым полем ляцелі ў вырай апошнія журавы. Спачатку мы пачулі іх ціхі, гартанны крык, а потым ужо, высока над намі, убачылі і саміх птушак.

Яны ляцелі рэдкім, няроўным клінам, які доўга і мерна, нібы на хвалях, калыхаўся ў небе, аж покуль не знік, не растаў за далёкім лесам.

Я глядзеў ім услед, адчуваючы, як нарастае, мацнее ў сэрцы маім пранізлівы сум...

Журавы мае мілыя! Ці не тыя вы самыя, што кружылі вясною над нашым борам і падарылі нам з Надзяй радаснае адчуванне блізкага шчасця? Як верылася мне тады, што ўсё будзе добра. І як жа заблыталася, перайначылася ўсё цяпер. Асабліва пасля таго праклятага жнівеньскага вечара перад ад'ездам.

Ды не вы ў тым віною, птушкі. Нам, людзям, часам бывае куды цяжэй зразумець адзін аднаго, чым вам, істотам бязмоўным...

Бывайце, жоравы! Як хацелася б і мне разам з вамі ўзняцца на крылы і паляцець праз бары і лугі, гарады і вёскі, у той найжаданейшы кут зямлі, дзе жыве яна, мой боль і сум, мая трывога...

  * * *

Ёсць у нас у групе адзін хлопец, пра якога я, здаецца, дагэтуль яшчэ не ўпамінаў. Гэта - Кірыла Зарэчны. Не ўпамінаў, таму што апошнім часам ён неяк не трапляў у кола нашых студэнцкіх падзей, нашых агульных спраў і інтарэсаў. Жыве ён не ў інтэрнаце - на прыватнай кватэры, на занятках паяўляецца рэдка, а калі і прыходзіць, то трымаецца ўсё больш асобна, замкнута. Ні з кім з нашых хлопцаў не сябруе, думак сваіх і пачуццяў адкрыта не выказвае, і мы, шчыра кажучы, мала што ведаем пра яго.

І вось тут, на бульбе, ён нарэшце раскрыўся.

Нічога асаблівага, здавалася б, не адбылося. Так, некалькі звычайных дробязей. Адзін раз, за абедам, Зарэчны доўга боўтаўся апалонікам у катле, пакуль не вылавіў сабе самы лепшы кавалак мяса. Другі раз, у дождж, пашкадаваў свой балоневы плашч, які мы прасілі яго аддаць дзяўчатам. Трэці раз ён цішком сцягнуў уначы з Крывецкага коўдру, сам накрыўся дзвюма, а бедны Толік ледзь не задубянеў да раніцы ў адным спартыўным касцюме...

Можна зразумець і дараваць чалавеку любую самую вялікую памылку, зробленую па неабдуманасці або, як кажуць, пад гарачую руку. Але такіх вось ціхіх і подлых дробязей дараваць немагчыма, бо робяцца яны свядома ці хутчэй за ўсё нават падсвядома, і таму ў іх, як ні ў чым іншым, выяўляецца сапраўдная сутнасць чалавека.

  * * *

Мы паабедалі (абед нам дзяжурныя кашавары прывозяць проста на поле) і, пакуль было якіх з паўгадзіны вольнага часу, прыселі на ўзмежку, на парудзелую, халаднаватую ўжо траву. Дзяўчаты ціхенька завялі:

У суботу Янка

Ехаў ля ракі-і...

Касцевіч з Баравым адразу ж падхапілі:

Пад вярбой Алё-она

Мыла ру-учнікі-і...

Паступова далучыліся і астатнія, і вось ужо ціхая светлая мелодыя паплыла над палеткам.

Песня! Хто можа да канца зразумець, спасцігнуць яе чары? Спяваючы, міжволі забываеш на ўсё: на стому, непрыемнасці, крыўды. Як жывая вада, песня змывае з душы ўсё прыкрае, непатрэбнае. Чуйнаму сэрцу яна дорыць хвіліны невыказнай асалоды, трапяткой надзеі, гаючай журбы. З песняй чалавеку святлей у горы, весялей у радасці, паўней у шчасці, спарней у працы. Якім бы бедным было наша жыццё, мы самі без песні! Таму і шануе, з клапатлівай любоўю перадае з пакалення ў пакаленне народ свой каштоўнейшы скарб - песню...

На дарозе паказаўся «газік».

- Хлопцы, старшыня едзе!

- Ну і што? У нас жа абед.

- Даспяваем да канца.

«Газік» спыніўся непадалёку. Старшыня выйшаў з-за руля - у ботах, сіняй ватоўцы, зімовай шапцы. Патупаў па радах, сям-там калупнуў ботам раллю, прыдзірліва агледзеў, ці няма ў зямлі бульбы, і накіраваўся да нас.

Мы перасталі спяваць. Фіма Слуцкі падняўся старшыні насустрач:

- Добры дзень, Іван Мікалаевіч.

- Добры дзень, моладзь! - павітаўся той гучна, падаў Слуцкаму руку, сеў побач з намі. Кірзавыя боты яго былі запэцканы.

- Ну як настрой?

- Нармальна. Сёння гэты ўчастак заканчваем, - сказаў Ігар Касцевіч.

- Бачу, бачу. Малайцы! Калі і далей так будзеце працаваць, аб'яўлю ўсім падзяку.

- Стараемся, Іван Мікалаевіч, - ажывіўся зноў Фіма Слуцкі. - Мы ж не які-небудзь адсталы элемент. Разумеем: лёс ураджаю - справа дзяржаўнай важнасці.

Пры гэтых словах старшыня адразу спахмурнеў і глыбока ўздыхнуў. Потым ляпнуў далонямі па каленях і рашуча падняўся, хацеў ужо развітацца, але раптам успомніў:

- Ага. Я от тут слухаў здалёку, як вы спявалі. Хораша спявалі, душэўна. Даўно ўжо не чуў жывой песні. Гарадскія артысты чамусьці нас абмінаюць... Дык от я і падумаў: а што, калі б вы паспявалі і ў нашым клубе? Канцэрт невялікі далі?

- А што? Гэта ж ідэя! - зноў падхапіўся Слуцкі. - Спалучэнне, так сказаць, прыемнага з карысным. Іван Мікалаевіч, усю адказнасць за рэалізацыю вашай цудоўнай ідэі я бяру на сябе.

Старшыня ўсміхнуўся:

- Ну, добра. Я, бадай, пайду. Калі што якое - раніцай я заўсёды ў канторы. Да пабачэння!

Вось так у нас з'явіўся яшчэ адзін клопат - канцэрт.

  * * *

Звычайна я пішу вечарам, калі ўсе нашы разбрыдуцца хто куды і ў хатцы на «курыных ножках» застаёмся толькі мы ўдвух - я ды Толя Крывецкі. Толя ўвесь вечар, уздзеўшы на нос масіўныя акуляры, варочаецца ў саломе, чытае.

Я ж тым часам бяру адзіную ў хаце лаўку, прымошчваюся з ёю да святла і запісваю ўражанні пражытага дня.

На гэты раз, пакуль ёсць колькі вольных хвілін, запісваю раніцай.

Учора вечарам хлопцы павалаклі мяне ў клуб. На танцы. Да гэтага я ўпарта адмаўляўся. З кім там танцаваць - адны дзеці, сёмы ды восьмы класы. Алесь Шульга, аднак, запэўніў, што калі я пайду, то не пашкадую.

- Па-першае, там ёсць некалькі сімпатычных туземак. - З лёгкай рукі Алеся туземкамі мы называем тутэйшых вясковых дзяўчат. - А па-другое, - паведаміў ён далей, і ў ягоных вачах заскакалі чарцяняты, - па-другое, адна з іх ужо цікавілася табою. А дзе гэта, кажа, ваш чорненькі, кучаравы, што не відаць?

Словам, пайшоў я.

Танцы былі ў калгасным клубе. Каб мець аб ім уяўленне, скажу, што гэта яшчэ даволі новая, прасторная будыніна, але вельмі ж ужо няўтульная, заняхаеная. Відаць, як адкрылі некалі гэты клуб, так ніхто тут больш і не прыбіраў. На парудзелых ад сырасці сценах шэраг партрэтаў, некалькі сельскагаспадарчых плакатаў - вось і ўсё, так сказаць, мастацкае афармленне. Падлогу падмялі і памылі ўжо нашы дзяўчаты.

У клубе, аднак, было людна. Па адзін бок залы сядзелі і стаялі школьнікі, вясковая моладзь (многія з іх працуюць у горадзеабо на чыгунцы, а вечарам прыязджаюць дадому). Па другі бок - наша гвардыя, у цэнтры якой з баянам на каленях - Фіма Слуцкі.

Ля парога, як і ў кожным вясковым клубе, тоўпіліся, блазнавалі падшыванцы.

- Ідзі сюды, - пацягнуў мяне ўбок Шульга. - Бачыш, вунь там, ля акна, сядзяць тры дзяўчыны? Дык вось тая, што з касой цераз плячо, пра цябе пыталася.

Я міжволі залюбаваўся дзяўчынай - чарнявая, стройная, з доўгай, аж да пояса, касой, яна сапраўды была прыгожая.

- Ну што, падабаецца? - па-змоўніцку падміргнуў мне Алесь і ляпнуў па плячы. - Дзейнічай, стары!

Фіма зайграў вальс.

Першым праз усю залу прайшоў Кандрат Бугаёў. Ён запрасіў адну з тых дзяўчат, якіх толькі што паказаў мне Алесь. Другую ўзяў Ігар Касцевіч. Засталася адна «мая». Прызваўшы ўсю сваю смеласць, я рашуча накіраваўся да чарнявай.

Разгаварыліся мы надзіва хутка і лёгка. Я ўжо нават не помню, што я ёй першае сказаў, нешта, мусіць, папытаўся, і яна ахвотна пачала расказваць пра сябе - аб тым, што вучыцца ў адзінаццатым класе, што будзе паступаць на філфак універсітэта і што жыве непадалёку ад нашай хаткі.

- А я вас ужо бачыла, - нечакана сказала яна і ўсміхнулася.

- Дзе ж?

- У канторы калгаса. Там мая мама працуе, бухгалтарам. А вы прыходзілі са сваім таварышам нешта выпісваць?

- Цікава, чаму ж мы не бачылі вас?

- А я сядзела збоку за шафай. Вось вы і не бачылі. А я ўсё бачыла.

Калі яна ўсміхалася, на шчоках выступалі дзве прывабныя ямачкі, і гэта рабіла яе яшчэ больш сімпатычнай. Мне захацелася раптам сказаць ёй што-небудзь прыемнае.

- Вам вельмі пасуе каса.

Яна засаромелася.

- А сяброўкі мне раяць, каб я адрэзала. Кажуць, цяпер гэта не модна.

- Яны проста зайздросцяць вам. І не думайце нават, бо калі адрэжаце, скажу, каб не прымалі ва ўніверсітэт.

Яна шчыра, неяк па-дзіцячы звонка засмяялася.

Потым мы танцавалі яшчэ і яшчэ. А калі закончыліся танцы...

Мяне завуць. Бягу на работу. Дапішу вечарам.

  * * *

Пішу зноў раніцай. Вечарам не было калі. Аднак па парадку.

У той першы вечар пасля танцаў я правёў Ларысу дадому. На вуліцы яна стала адразу нейкая маўклівая, задуменная.

Калі падышлі да веснічак, сказала:

- Вось я і дома, - памаўчала і не вельмі рашуча прыбавіла: - Ну, я пабягу, а то мама сварыцца будзе.

Але я адчуў, што ў гэтыя хвіліны ёй куды больш хочацца пастаяць разам са мною пад зорным небам, чым ісці ў душную хату спаць.

Мілая, наіўная дзявочая тактыка! Я ўсміхнуўся і прыняў умовы гэтай адвечнай гульні.

- А што, твая мама такая строгая?

- У-у, хай толькі калі запознішся...

- Ага, дык ты, значыць, часта познішся? Так, так...

- Ну, хто табе сказаў, што часта! - зусім шчыра, як бы спалохана сказала яна. - Проста бывае іншы раз... Ну, на школьным вечары ці яшчэ дзе.

Але мне ўжо не хацелася кідаць ролі разгневанага Атэлы.

- Ану, прызнавайся, хто ён?

Ларыса засмяялася:

- Ой, ну які ты дзіўны. Чэснае слова, нікога няма.

- Не вер-р-ру! Пакляніся!

- А як?

Яна запытала гэта з такой непадробнай гатоўнасцю, што цяпер ужо я не вытрымаў, засмяяўся. Загаварылі пра каханне.

- Не веру я ва ўсё гэта, - уздыхнула раптам Ларыса. - Гэта толькі ў кніжках усё чыста, прыгожа, а ў жыцці - вакол адна пошласць, грубасць.

- Адкуль у цябе такія думкі? - здзівіўся я. - Ты ж яшчэ, можна сказаць, жыцця не бачыла.

- Я не бачыла, дык іншыя бачылі, расказваюць. Ніякай узаемнасці няма. Заўсёды нехта кахае адзін, а другі толькі прычыняе яму зло, боль. Вунь хоць бы мая стрыечная сястра. Два гады дружыла з ваенным. Потым ён дамогся свайго і з'ехаў.

- Але ж нельга з аднаго выпадку рабіць такія вывады. Я не згодны з табою. Ёсць на свеце каханне! Сапраўднае, вялікае, прыгожае. Толькі яно не крыклівае, не лезе кожнаму ў вочы. А вось кепскае - усе бачаць.

- А, не гавары, - яна ўпарта стаяла на сваім. - У кожнага хлопца па дзесяць дзяўчат, а ў дзяўчыны па дзесяць хлопцаў.

- Ларыса! Я проста...

- Скажаш, няпраўда? Вось у цябе, ведаю, таксама недзе ёсць дзяўчына. Ёсць?

- Н-няма, - не зусім упэўнена адказаў я і, адчуваючы, што чырванею, паправіўся: - Няма ў мяне ў Менску нікога, чэснае слова.

Яна прамаўчала, паверыла. Ад гэтага мне стала яшчэ больш сорамна. Навошта я ўсё гэта гавару? Дзеля чаго? Сэрцам і думкай я зусім з іншай... Згадка пра Надзю азвалася ў маім сэрцы дакорам і болем.

Ларыса, відаць, улавіла гэту перамену ў маім настроі і таму сказала:

- Ну, добра, пайду ўжо... Дабранач, Жэня.

- Дабранач.

Дома я доўга не мог заснуць. Не выходзіла з галавы сказанае Ларысай. «Ніякай узаемнасці няма. Заўсёды нехта кахае адзін...» А можа, гэта сапраўды так? Можа, такі адвечны і няўмольны закон жыцця? «Тонкий явор гнется над осокой, а осока гнется над водой...» І не трэба адчайвацца, пакутаваць, не знайшоўшы ўзаемнасці, а змірыцца з тым, што ёсць, прыняць яго, як волю лёсу, як нешта непазбежнае і нязменлівае, раз і назаўсёды табе прадвызначанае.

Не, не веру, не хачу верыць у гэта. Такая філасофія - выратавальны круг для тых, хто пацярпеў крушэнне. Мне яшчэ рана кідацца ў адчай. Нічога яшчэ не вядома. Усё яшчэ будзе добра.

  * * *

Пісьма ад Надзі няма.

Двойчы на дзень - раніцаю і надвячоркам - я забягаю на пошту, мяне ўжо там добра ведаюць, аднак кожны раз нязменна і як бы вінавата разводзяць рукамі:

- І сёння вам, Палескі, нічога няма.

«Нічога...»

Як жа так? Чаму не адказвае? Прайшло два тыдні. Пакрыўдзілася? А мо што здарылася? І нейкая трывога, прадчуванне нечага нядобрага ўсё больш і больш закрадваецца ў маю душу.

  * * *

Фіма Слуцкі пасля абеду зноў некуды незаўважна знік. Мяне гэта страшэнна раззлавала. Дэмагог няшчасны! Выступаць перад начальствам - дык ён першы, а тут, значыць, хай іншыя ўкалваюць. Не, не выйдзе!

Я падышоў да Касцевіча:

- Таварыш стараста, чаму няма Слуцкага?

Той акінуў мяне здзіўленым позіркам і ўсміхнуўся:

- Дарагі сасіска, што за тон?

- Тон тут ні пры чым. Дзе Слуцкі? Зноў паехаў у Менск?

- А калі і паехаў, дык што?

Але тут зашумелі астатнія:

- Як гэта - што? Дысцыпліна для ўсіх адна. Чаму ж яму ўсё дазволена?

Касцевіч ажно паморшчыўся:

- Ну што вы ўсхадзіліся, як першабытнае племя якое. Перш чым крычаць - разбярыцеся. У Слуцкага пастаянны абанемент у філармонію. А сёння - чарговы канцэрт. Выступае ансамбль скрыпачоў Вялікага тэатра.

- А калі б мы былі не за сорак, а за сто кіламетраў?

- Не трэба кідацца ў крайнасці. Калі б, калі б... Мы гаворым пра тое, што ёсць. І наогул, чаго ўвесь гэты шум?

- А таго, - сказала Люда Барташэвіч, - што дысцыпліна ў нас стала ні к чорту. Слуцкаму дазволена наведваць сталічныя тэатры. Валодзя Баравы ў рабочы час можа ўзяць веласіпед і за дваццаць кіламетраў паехаць да сваёй дзяўчыны. Зарэчны наогул на поле не прыходзіць. Дзе ён, што робіць - невядома.

- Якое глупства! Кожны з нас прыехаў працаваць сам за сябе, дык няхай і працуе.

- Вось іменна, - зазначыў Мікола Верас. - Хай працуе. А не туляецца па кустах. Акрамя хітрасці трэба мець яшчэ і сумленне. Я думаю, Люда правільна ставіць пытанне. Прапаную абмеркаваць гэта на камсамольскім сходзе.

Вераса падтрымалі. Сход прызначылі на заўтрашні вечар.

  * * *

Дзіўны народ гэтыя паэты! Нідзе ім няма спакою. Валодзя Баравы, нават капаючы бульбу, умудраецца складаць вершы. Стане раптам у разоры, утаропіцца перад сабою невідушчымі вачыма і мыляе губамі, шэпча нешта сам сабе. Каб не ведаў, што гэта ён рыфмы падбірае, - можна было б чортведама што падумаць. А ён такі сапраўды часам бывае як ненармальны. Аднойчы глядзім - стаіць так у баразне, шэпча-шэпча, а потым бярэцца за кош з бульбаю і тарабаніць яго да кастра, высыпае проста ў агонь. Толькі калі мы закрычалі, зарагаталі, Валодзя як бы апомніўся, страшэнна збянтэжыўся.

А сёння раніцай, яшчэ ні свет ні зара, будзіць ён мяне і ў нейкай шчаслівай ліхаманцы шэпча:

- Верш новы напісаў, Жэня. Паслухай...

Мне, канечне, хацелася ў гэты момант паслаць яго к чортавай мацеры (знайшоў калі чытаць свае вершы!), але, каб не пакрыўдзіць Валодзю, я працёр вочы і з неахвотаю сеў на саломе:

- Ну, што там у цябе?

- Слухай... - Падсунуўся бліжэй Баравы і шэптам пачаў чытаць мне аб тым, як нехта «мы» ехалі па «імкліваму, быццам нож», цячэнню ракі, як было вельмі цяжка, але яны мужна «чакалі прычала», бо ведалі: недзе над імі свецяцца «брыльянтавыя вочы зор», недзе блукае «ў павуцінні мерыдыянаў Мядзведзіца» і яшчэ, і яшчэ нешта падобнае.

- Ну?.. - скончыўшы чытаць, паглядзеў на мяне Баравы.

Я маўчаў. Што было яму сказаць? Нялёгка і нават жорстка абрушваць адразу на разгарачанае сэрца ледзяны душ крытыкі. І я пусціўся ў абход:

- А што ты, Валодзя, хацеў тут сказаць? Нешта я... не зусім зразумеў.

Баравы пагардліва хмыкнуў і палез пад коўдру.

- Заўтра зразумееш!

Пакрыўдзіўся... Шкада Баравога. На першым курсе ён пісаў неблагія рэчы. У ягоных вершах былі яшчэ тая першародная чысціня і непасрэднасць, тая няпростая прастата, якую ён прынёс з сабою ад родных ніў і бароў. У апошні ж час, пад уплывам модных сучасных паэтаў, Валодзя не ўтрымаўся і пусціўся ў мадэрнісцкія пошукі. Цяпер у яго вершах, здаецца, ёсць усё - ірваныя фразы, ашаламляльныя метафары, звышсучасныя рыфмы. Няма толькі аднаго - паэзіі.

І гэта натуральна. Ніколі і нідзе яшчэ халодны рацыяналізм, не сагрэты душэўным пачуццём, не прыносіў карысці мастацтву. Маё глыбокае перакананне: фармалістычныя выкрунтасы пачынаюцца заўжды там, дзе канчаецца здольнасць чалавека сказаць нешта сваё, арыгінальнае, проста і ясна.

Пры выпадку напомню пра гэта Валодзю абавязкова.

  * * *

Сход атрымаўся надзіва кароткі.

Мы чакалі, што Зарэчны, Слуцкі будуць спрачацца з групаю, адстойваць нейкія свае правы. Але нічога падобнага не адбылося. Яны толькі сядзелі і моўчкі глыталі суровыя, непрыемныя словы крытыкі, якія кідалі ім Люда Барташэвіч, Мікола Верас, Ігар Касцевіч і іншыя нашы хлопцы.

Найбольш дасталося Фіму Слуцкаму. Тут ужо нават Кандрат Бугаёў, які не дужа любіць выступаць на сходах, і той не ўтрымаўся, папрасіў слова.

- Вось што я табе скажу, Фіма... - марудна, з натугаю вымаўляючы словы, нібы варочаючы камяні, павярнуўся Кандрат да Слуцкага. - Канечне, канцэрт - рэч прыемная. Асабліва калі слухаць яго ў рабочы час. Толькі няма чаго, панімаеш, шукаць дурняў і на чужым гарбу ехаць у рай. Цябе прыслалі сюды капаць бульбу, дык, будзь добры, капай. Як і ўсе. Вот так!

- Дарэчы, пра канцэрт, - падняўся Валодзя Баравы. - Я маю на ўвазе не той канцэрт, на які ты, Фіма, учора ездзіў, а той, пра які яшчэ тыдзень назад ты так горача гаварыў старшыні калгаса і нават падахвоціўся яго арганізаваць. Думаю, што нам цяпер проста няёмка адступаць, раз паабяцалі.

На гэтым наш сход і закончыўся.

Ніякага пратакола, ніякіх пакаранняў нікому мы не пісалі. Аднак размова была не марнай. Сёння на поле выйшлі ўсе да аднаго. Фіма ж Слуцкі разгарнуў кіпучую дзейнасць вакол будучага канцэрта.

  * * *

Восень...

Маўклівая журба разліта навокал. У нізкім расхрыстаным небе. У аголеных дрэвах. На нерухомай, настылай за доўгую ноч вадзе.

Раніцаю ўсё часцей бываюць туманы - густыя, золкія.

На дрэвах маўкліва, бы ў нейкай задуме, сядзяць мокрыя вераб'і. На лісці, на лаўках, на траве - халодная раса.

Нават людзі і тыя, здаецца, прыкметна пацішэлі. Ходзяць больш спакойна, задуменна.

  * * *

Забягаў надвячоркам на пошту і спаткаў там Ларысу. Убачыўшы мяне, яна неяк па-дзіцячы збянтэжылася, пачырванела ўся і, каб схаваць гэту сваю збянтэжанасць, узялася папраўляць касу. Разгубіўся і я. Нейкі момант мы стаялі, не ведаючы, з чаго пачаць размову.

- А што гэта цябе нідзе не відаць? - папытала яна і, какетліва нахіліўшы галаву, усміхнулася мне - прыветліва, хораша.

- Ды заняты быў...

- І сёння таксама?

- Не. Сёння якраз вечар свабодны.

- Праўда? - яна паглядзела мне проста ў вочы, як бы шукаючы ў іх нешта важнае, неабходнае для сябе, і нечакана прапанавала: - Давай тады крыху пагуляем.

Мы пайшлі ўздоўж вуліцы. Калі параўняліся са школай, Ларыса паказала на сад, які віднеўся адразу за школьным будынкам, сказала:

- Тут у нас ёсць адна цікавая мясціна. Хочаш паглядзець?

Сцежкай, замеценай апалым, парудзелым ужо лісцем, яна павяла мяне кудысьці ў глыб рознакаляровага царства. Ля дзвюх вялікіх, раскідзістых яблынь спынілася.

- Вось паглядзі... Бачыш, як яны стаяць блізка адна да адной, ажно голле пераплялося? Гэта - не звычайныя яблыні. Іх пасадзілі двое нашых выпускнікоў у дзень свайго вяселля. Я, канечне, сама гэтага не помню, малая яшчэ была, але настаўнікі расказваюць, што яны дружылі са школы, разам паступілі ў інстытут. Цяпер жывуць дзесьці на Ўрале, а кожнае лета прыязджаюць сюды, прыходзяць да сваіх яблынь. Здорава, праўда?

- Вось табе і факт, - абрадавана сказаў я. - Факт супраць таго, што ты гаварыла мне ў мінулы раз.

- Дык гэта ж адзіны выпадак. І калі тое было...

- А што сёння, думаеш, людзі развучыліся кахаць?

- Можа, й не развучыліся, толькі нешта не тое... Усё больш шукаюць рознай выгады, карысці. Як адна сяброўка маёй сястры кажа: «Лепш ужо абскубены верабей у руцэ, чым журавель у небе».

Яна змоўкла, гледзячы ўдалечыню, туды, дзе за небакраем хаваўся вялікі чырвоны дыск сонца.

- Разумееш, Ларыса, - парушыў я цішыню, - я многа думаў над тым, што ты мне тады сказала... Канечне, у жыцці яшчэ нямала злога, бруднага, кепскага. У каханні, напэўна, таксама. Гэта страшна. Але яшчэ больш страшна згубіць веру, пазбавіць сябе надзеі. Нават сутыкнуўшыся са злом, чалавек павінен верыць. У светлае, высокае, чыстае. У тое, што жыве дзесьці ў высокім небе твой журавель. І што ён абавязкова знойдзе цябе, прыляціць. Трэба толькі не здраджваць яму. І не слухаць, вядома, чужых плётак.

Я жартаўліва абняў яе за плечы і прытуліў да сябе.

- Ой, Жэнька... - уздыхнула яна. - Каб жа ўсё так было... А зрэшты, я нічога не ведаю. Нічога не знаю-у-у, - ужо ўсміхаючыся, сказала яна і мякка адвяла маю руку. - Давай пагуляем яшчэ, пакуль не сцямнела...

Але і сцямнела, і закончылася ў клубе кіно, і прайшоў апошні, адзінаццацігадзінны цягнік, а мы ўсё ніяк не маглі расстацца, нагаварыцца. І толькі калі даляцеў аднекуль, напэўна, з рэпрадуктара на калгасным двары, прыглушаны бой курантаў, Ларыса спахапілася:

- І-і, што я сабе думаю! Маці ў хату не пусціць...

Толькі тады мы развіталіся.

  * * *

Думаю пра наш канцэрт. Спачатку задуму ўсе дружна ўхвалілі, а потым - не менш дружна - пачалі ў ёй сумнявацца. Калі мы нарэшце сабраліся, каб прыкінуць праграму, яшчэ раз удакладніць, хто з чым будзе выступаць, Кірыла Зарэчны сказаў:

- Дарма, Фіма, стараешся. Усё роўна нічога ў вас з гэтай самадзейнасці не атрымаецца.

Прызнацца, у глыбіні душы я сам недзе трохі пабойваўся: а што, як наша «геніяльная» задума з трэскам праваліцца? Што, калі мы толькі асарамацімся перад людзьмі? Але калі я ўбачыў кіслую фізіяномію Зарэчнага, мяне ўсяго як узарвала.

- Нігіліст ты, Зарэчны! - кінуў я яму. - Не стагні, атрымаецца!

Многія, аднак, майго энтузіязму не падтрымалі. Трэба аддаць належнае Фіму Слуцкаму. Усе нашы сумненні, трывогі разбіваліся ўшчэнт аб яго цвёрдую рашучасць і ўпэўненасць. Цярплівасць, настойлівасць Фімы перамаглі самых адчайных скептыкаў. І ўсе мы ўрэшце паверылі ў свой поспех.

І тут пачалося дзіва дзіўнае. Адкуль што і ўзялося! У кожнага з нас адкрыліся раптам нечаканыя таленты. Толя Крывецкі, аказалася, нямала ведае розных гумарэсак, дасціпных жартаў, сцэнак. Чаму не расказваў раней? Саромеўся, дый не было зручнага выпадку. Валодзя Баравы надзвычай каларытна, самабытна спявае беларускія народныя песні. Мы былі ашаломлены, столькі ён іх ведае. Яшчэ некалі ў школе ён спецыяльна хадзіў летам ад вёскі да вёскі, запісваў ад людзей колішнія песні. Сабраў быў тады больш за дзве сотні. Алесь Шульга прапанаваў выступіць у ролі клоўна-фокусніка. І вельмі дарэчы! Але больш за ўсіх здзівіў нас Кандрат. Ён нечакана аб'явіў, што можа праспяваць прыпеўкі на мясцовыя тэмы пад уласны акампанемент.

- На чым жа ты іграць будзеш? - ледзь стрымліваючы смех, запытаў Мікола Верас.

- На гармоніку.

Мы зарагаталі. Нешта ніяк не ўяўлялася гэтае дзіўнае спалучэнне - гармонік і Кандрат. Але ён не пакрыўдзіўся на наш смех, толькі сказаў:

- Чаго рагочаце? Калі хочаце ведаць, дык я некалі ў вёсцы быў першым гарманістам.

- Го-го-го! - ажно клаўся ад смеху Алесь Шульга.

- Ды ціха вы! - прыкрыкнуў Фіма Слуцкі. - Чалавек цікавую ідэю падае. Слухай, Кандрат, а дзе мы зможам дастаць гармонік?

- У школе ёсць. Я ўжо папытаў. На вечар дадуць.

Кандратаў нумар ухвалілі аднагалосна. Рэпетыцыі пайшлі без асаблівых цяжкасцей. Толькі аднойчы выйшла невялікая замінка. Мікола Верас нечакана запратэставаў супраць народных песень.

- Хто гэта будзе слухаць? Старызну нейкую выцягваем...

- Сам ты старызна! - накінуўся на яго Валодзя Баравы. - Што, можа, лепш твае модныя, бяздушныя шлягеры?

- Шлягеры не шлягеры, а добрых сучасных песень трэба было б болей.

- Не, вы паглядзіце на гэтага піжона, - абурыўся Валодзя. - Тыдня не пажыў у горадзе, а ўжо нос верне ад матчыных песень, ад роднай мовы.

Усе зашумелі. Адны падтрымлівалі Вераса, другія - Баравога. Фіму ледзьве ўдалося аднавіць парадак. Рашэнне прынялі кампраміснае: Валодзеў рэпертуар урэзаць, затое дабавіць некалькі сучасных песень.

Зарэчны ўдзельнічаць у канцэрце катэгарычна адмовіўся.

  * * *

І вось нарэшце канцэрт.

У клубе - паўнютка людзей. Мы стаім на сцэне (заслона пакуль закрыта) і хвалюемся, ніяк не адважваемся пачынаць. Фіма Слуцкі злуе:

- Ды хопіць вам дрыжаць! Аб'яўляю, - і рашуча рассоўвае ў бакі заслону.

Першую песню спяваем хорам. Дружныя воплескі гледачоў падбадзёрваюць нас. Алесь Шульга, апрануўшыся пад клоўна, паказвае свае камічныя фокусы. У зале смяюцца, доўга і ахвотна пляскаюць.

- Поўны парадак! - узрушана-шчасліва прыбягае да нас за кулісы Фіма Слуцкі. - Цяпер ваш нумар, дзяўчаты.

Лена Кудлатая, Люда Барташэвіч і Валодзя Баравы выконваюць «Чырвоную вішню», «Касіў Ясь канюшыну». Высокія чыстыя галасы дзяўчат, адцененыя густым, мяккім барытонам Валодзі, гучаць прыгожа, эмацыянальна. Зала не адпускае спевакоў. Даводзіцца спяваць і тыя песні, што былі выключаны з праграмы.

Валодзя Баравы вяртаецца за кулісы з выглядам пераможцы. Шукае вачыма Міколу Вераса і акідвае яго позіркам, поўным з'едлівай пагарды.

На сцэне Кандрат Бугаёў! Здаравенны, шыракаплечы, ён трымае гармонік, здаецца, у адных пальцах - як мядзведзь цукерку. Па зале пракочваецца лёгкі шумок. Кандрат чакае якую хвіліну і расцягвае мяхі. Прыпеўкі ідуць пад суцэльны рогат і воплескі.

Канюхі ўвялі закон:

Ставіш пляшку - будзе конь.

Не паставіш - будзь здароў!

Зазімуеш ты без дроў.

Дасталося і старшыні.

Гаварыў Жарэцкі тост:

«Цераз Лаўлю будзе мост».

За зімой ідзе зіма,

А маста усё няма!

Канцэрт вяскоўцам спадабаўся.

Дадому мы ішлі ўсе разам, яшчэ і яшчэ раз прыгадваючы кожную драбніцу, кожную дэталь вечара. Як зблізіла, аб'яднала нас радасць агульнай перамогі.

Не было сярод нас толькі Кірылы Зарэчнага. Ён, здаецца, не быў нават у клубе.

  * * *

На досвітку мы прачнуліся ад лютага холаду. За ноч наша хатка выстудзілася так, што тоненькія, выцертыя коўдры, якія мы прыхапілі з сабою з Менска, ужо не грэлі зусім, хоць мы і хуталіся ў іх з галавою.

Страшэнна не хацелася ўставаць, выпаўзаць са сваіх нор у гэтую халадэчу.

- Грамадзяне-бульбянікі, падымайцеся - вас чакаюць вялікія справы!

Гэта ўжо Шульга! Вечна ўспорацца ні свет ні зара і дзярэ сваё горла.

На дварэ быў першы асенні замаразак. Трава пасівела ад інею, і на ёй, калі прайсці, заставаліся выразныя сляды. У вядры, што стаяла на двары, замерзла вада. Прабіўшы кубкам звонкі лядок, весела мыліся халоднай, ажно пякучай вадой.

Першае дыханне зімы...

  * * *

Два дні я не браўся за гэты сшытак. Не мог. Не падымалася рука.

Два дні мы ходзім як не свае.

Здарылася непапраўнае. Трагічна загінуў Алесь Шульга.

У той дзень мы працавалі непадалёку ад праклятага моста цераз Лаўлю. Скончыўшы капаць, мы пайшлі да рэчкі мыць рукі. Хто памыў ужо, хто яшчэ таптаўся на беразе, калі на дарозе паказаўся трактар. Ён кіраваў прама на мост.

- Куды яго чорт нясе? - здзівіўся Ігар Касцевіч. - Тут жа нават коньмі баяцца ездзіць.

Ля самага моста трактар рэзка спыніўся, як аб што спатыкнуўся. З кабіны выскачыў замурзаны па самыя вушы мужчына і, не ўтрымаўшыся на нагах, пахіснуўся.

- Ну, гэтаму цяпер мора па калена, - сказаў Валодзя Баравы. - Зараз ён пачне фарсіраваць Лаўлю.

Мужчына няпэўнай хадою пайшоў па мосце, выпрабоўваючы нагою жэрдкі - ці вытрымаюць. У адным месцы ён паслізнуўся і ледзь не зваліўся ў ваду.

Мы засмяяліся.

- Эй, асцярожна там, мост разваліце!

Трактарыст падняўся, паціраючы седала.

- Маць тваю... Моста людскага не зробяць!

Убачыўшы нас, запытаў весела:

- Ну што, камсамольцы, праскочыць тут мая пасудзіна?

Алесь адказаў жартам:

- Калі яна ўмее скакаць, то, можа, й пераскочыць.

А Валодзя параіў сур'ёзна:

- Аднак лепш аб'ехаць.

- Гэта я знаю і без вас. Але пакуль я аб'еду, дык і крама зачыніцца. А ў мяне пільная патрэба...

Ён пстрыкнуў пальцамі па горле і задаволена рагатнуў.

Мы ўсё яшчэ думалі, што чалавек проста жартуе, пацвельваецца з намі, таму не сталі нават спрачацца, адгаворваць: ат, патрэплецца сабе дый паедзе куды трэба. І зноў заняліся кожны сваім клопатам. Але тут Лена спалохана закрычала:

- Што ён робіць?! Спыніце яго!

Трактар паволі, рыўкамі, ішоў на мост. Хісткае, падгнілае збудаванне адразу захадзіла пад ім, ажно страшна было глядзець.

- Наза-ад! Звар'яцеў! - закрычалі мы ўсе разам і замахалі рукамі. Трактарыст толькі павярнуўся да нас і, выскаліўшы зубы, націснуў на газ. Мы затаілі дыханне...

Трактар ужо быў амаль на сярэдзіне моста, як раптам жэрдкі пад левай гусеніцай хруснулі, нібы сухія тычкі, і кабіна пачала хіліцца набок. Адчыніліся дзверцы, перапужаны трактарыст хацеў выскачыць з кабіны, але зачапіўся за нешта ватоўкаю і павіс, матляючы ў паветры рукамі. Трактар завальваўся ўсё больш і больш.

Я не магу цяпер растлумачыць чаму, але ў тыя хвіліны на ўсіх нас найшло як бы нейкае здранцвенне. Анямелыя, мы глядзелі на ўсё з жахам і не маглі крануцца з месца. Я нават не заўважыў, калі Алесь кінуўся туды, да моста. Убачыў толькі, як ён ужо дабег і стаў памагаць трактарысту. У гэты момант затрашчала, праламалася яшчэ некалькі жэрдак, і трактар, задраўшы перадок, гухнуў у раку.

Ні Алеся, ні трактарыста на мосце не было...

Толькі цяпер мы апомніліся. З трывожным прадчуваннем кінуліся мы ўніз, пад мост. З вады тырчаў толькі верх кабіны. Трактарыст боўтаўся тут жа, побач. А дзе ж Алесь?

Мы стаялі па пояс у ледзяной вадзе і не адчувалі холаду. Нешта трэба было рабіць, шукаць нейкую раду. Але што?

Нехта з нас, здаецца Крывецкі, пачаў зваць:

- Алесь!

Мы абрадавана падхапілі:

- Алесь! Але-е-есь!..

Ніхто не адзываўся. Мікола рвануў з сябе світэр і даў нырца. Адзін раз, другі... Колькі хвілін нам здаліся вечнасцю. Нарэшце Мікола выскачыў і паказаў рукою на трактар:

- Ён там... п-пад гусеніцай...

Сталі ныраць усе, хто ўмеў. Але што мы маглі зрабіць з жалезнай, шматтоннай махінай?

Валодзя Баравы і Толя Крывецкі пабеглі ў вёску, сказаць людзям.

Алеся дасталі позна вечарам.

На другі дзень старшыня даў машыну, і Кандрат Бугаёў з Толем Крывецкім павезлі яго дадому.

  * * *

Сёння мы ў калгасе апошні дзень.

Зрэшты, можна было б ехаць яшчэ ўчора - бульба дакапана, разлік атрыманы, - але нас папрасілі крыху затрымацца. Прыехалі намеснік дэкана, міліцыя з раёна - удакладняюць, высвятляюць, як усё здарылася, хто вінаваты.

Зарэчны сёння пачаў быў даводзіць нам, што Алесь сам жа і вінаваты. Чаго было лезці на мост? Што ён там мог зрабіць? Але Баравы ажно ўзвіўся:

- Ты б, канечне, не палез! О, ты не такі дурны, каб кінуцца туды, дзе небяспека. Ты - разумненькі...

Зарэчны ўспыхнуў, але, стрымаўшы сябе, амаль спакойна сказаў:

- А ты лепшы? Чаму ж ты стаяў разявіўшы рот, чаму не кінуўся на дапамогу?

Гатова была пачацца спрэчка, але Касцевіч падняў руку:

- Не трэба, хлопцы. Не цяпер... Усе мы, калі хочаце, вінаваты перад Алесем.

Я не ведаю, што меў на ўвазе Ігар, толькі на кожным з нас сапраўды ляжыць вялікая і балючая віна. Як магло здарыцца, што п'яны чалавек на нашых вачах утварыў глупства, якое закончылася трагедыяй? Чаму мы не затрымалі Алеся, чаму менавіта ён, а не хто іншы з нас кінуўся туды, на мост? Урэшце, як гэта атрымалася, што цэлы год мы пражылі побач з чалавекам, а па-сапраўднаму яго не зналі?

Так, не зналі! Мы лічылі Алеся здольным, разумным хлопцам, але вельмі ж ужо легкадумным, непрактычным. Дзе трэба было прамаўчаць - ён абавязкова гаварыў, што думаў, дзе лепш было абысці - лез на ражон. Многім з нас, і мне таксама, Алесь здаваўся нейкім блазнам, шалапутам, які аднойчы ў нечым расчараваўся і цяпер проста не здольны на глыбокія, сур'ёзныя пачуцці.

Мы здзіўляліся супярэчнасці яго паводзін, учынкаў. Ён мог гадзінамі весці фрывольныя размовы пра жанчын, дэкламаваць пошлыя вершыкі, і побач з гэтым я не раз заўважаў, як вільгатнелі вочы, якім узрушаным, задуменным рабіўся яго твар, калі Алесь глядзеў цікавы фільм ці чытаў добрую кнігу.

Цяпер прыгадвалася толькі лепшае. І аказалася, што кожны з нас можа сказаць пра Алеся нямала добрага. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Я ўжо даўно заўважыў, што смерць як бы здымае з чалавека ўсё дробнае, наноснае, пакідаючы людзям галоўнае, істотнае. Смерць не толькі падводзіць рысу чалавечаму жыццю, але як бы па-новаму, знутры высвечвае яго, збіраючы, канцэнтруючы ў фокусе ўсё лепшае, самае важнае.

Усё ў прыродзе мае сваё канкрэтнае прызначэнне, свой сэнс. Ад дрэва да кволай былінкі, ад зубра да драбнюткай мошкі. Дзеля чаго ж прыходзім у гэты вялікі і клопатны свет мы, людзі? Няўжо толькі каб есці, піць, спаць, змагацца за сваё існаванне? Цяжка паверыць. Ёсць, значыць, нешта больш значнае, істотнае, непараўнаўча больш важнае, што павінна апраўдваць, даваць сэнс нашаму жыццю. Чаму ж мы так рэдка задумваемся над гэтым? Чаму марнуем, трацім свае дні і нават цэлыя гады на пустое, нікчэмнае, малазначнае?


ЛІСТАПАД

І зноў - лекцыі, бібліятэка, інтэрнат... Жыццё, якое ў апошнія дні было выбіта з каляіны трагічнай падзеяй, зноў пачало набіраць свой прывычны, будзённы і несупынны рытм. Раніцаю бяжым на лекцыі, днём сядзім над кніжкамі ў душных і людных чыталках, а вечарам гуляем па горадзе...

На першы погляд усё было, як і раней. Але гэта толькі на першы погляд. Нешта ледзь улоўнае змянілася ў нашым жыцці. Смерць Алеся Шульгі як бы стварыла побач з намі нейкую нябачную, але пастаянна адчувальную халодную пустату і ў той жа час як бы прыбавіла наўкол сумных, трывожных колераў, упляла ў агульны жыццесцвярджальны матыў кожнага дня сваю выразную, пранізліва-журботную мелодыю. Усё, за што б мы ні браліся, нагадвае нам Алеся. Усюды, куды б мы ні пайшлі, чуецца нам яго смех, яго голас. А як адразу асірацеў без Алеся наш пакой, зрабіўся нейкім глухім і самотным...

Змянілася нешта і ў нас саміх. Незваротнасць страты міжволі прымусіла кожнага задумацца над уласным жыццём, над яго сэнсам і вартасцю, над хуткаплыннасцю і такой безабароннасцю чалавечага існавання. Трагедыя, якую мы ўсе перажылі, абвастрыла наша ўспрыняцце часу, зрабіла яго амаль фізічна адчувальным. Ад гэтага, напэўна, мы больш сур'ёзна, патрабавальна сталі адносіцца і да вучобы, і да саміх сябе. Нават Кандрат Бугаёў і той стаў рэгулярна хадзіць на заняткі, узяўся за кніжкі.

Мне здаецца, што за гэтыя дні мы пасталелі адразу на некалькі гадоў.

  * * *

Ніяк не магу вырвацца ў Берасце.

Хацеў быў паехаць, як толькі мы вярнуліся з бульбы, але Касцевіч папярэдзіў, каб ніхто нікуды не змываўся - у бліжэйшыя дні будзе праведзены камсамольскі сход групы, на які прыйдзе сам Рыгор Мікалаевіч, дэкан факультэта.

Мінуў, аднак, цэлы тыдзень, а сход усё адкладваецца - заняты Рыгор Мікалаевіч. Калі ён зможа прыйсці - нікому не вядома.

Што ж рабіць мне?

  * * *

Ад Надзі па-ранейшаму ніякіх вестак. Такога доўгага, такога пакутліва-зацяжнога маўчання ў нас яшчэ не было. Здаралася, калі яна не пісала мне тыдзень, два, аднойчы нават цэлыя тры. Але каб болей за месяц... Не, тут, вядома, нейкая прычына ёсць. Або яна вырашыла не пісаць мне зусім, як прапаноўвала ў апошнім пісьме, або нешта здарылася, можа, сур'ёзна захварэла.

Думка аб магчымай хваробе пагнала мяне на паштамт. Я тройчы ў розныя дні і ў розны час спрабаваў быў да яе датэлефанавацца, але марна. Кожны раз дзяжурны па інтэрнату адказваў мне адно і тое ж, несуцяшальнае:

- Нікога няма. Пакой замкнёны.

Ад гэтага трывога мая яшчэ больш узрасла. Развеяць гэту пакутлівую невядомасць можна, канечне, толькі паехаўшы туды самому. Але як?

Ігар Касцевіч, якому я сказаў, што мне пазарэз трэба адлучыцца на пару дзён, адно толькі развёў рукамі:

- Нічым, дарагі, памагчы не магу. Сам ведаеш, сход не звычайны. І яго могуць сабраць у любы час. Трэба, каб былі ўсе. Так што прыйдзецца, дарагі, пачакаць.

Пачакаць... Ён думае, што гэта так проста - сядзець і чакаць, калі нядобрыя, трывожныя прадчуванні студзяць тваю душу, не даюць спакою ні днём, ні ўначы.

  * * *

Забралі ў бальніцу Міколу Вераса. Сёння, проста з заняткаў.

Я заўважыў нядобрае яшчэ на першай лекцыі. Мікола сядзеў нейкі нязвыкла маўклівы, пануры і нічога не пісаў. А калі ён павярнуўся да мяне, каб нешта папытацца, твар ягоны гарэў, як агнём.

- Мікола, у цябе тэмпература. Можа, табе лепш пайсці дадому?

- Нічога... - сказаў ён, часта і цяжка дыхаючы. - Як-небудзь... дасяджу да канца...

І закашляўся, суха, надрыўна. Было відаць, што кашаль прычыняе яму востры боль.

На вялікім перапынку Мікола ўстаў і пайшоў да дзвярэй, але на паўдарозе нечакана пахіснуўся і, напэўна, упаў бы, калі б яго не падхапілі пад рукі. Тут жа выклікалі «хуткую дапамогу», і праз паўгадзіны Мікола быў ужо ў бальніцы.

Пакуль афармлялі неабходныя дакументы, я пачакаў у прыёмным пакоі. Нарэшце доктар, высокі, сярэдніх гадоў мужчына, вярнуўся ў пакой, сказаў заклапочана:

- Кепскія справы ў вашага сябра. Двухбаковае запаленне лёгкіх. Крупознае. - І зірнуў на мяне строга, дакорліва. - Чаму ж не выклікалі ўрача раней? Маглі б і зусім спазніцца...

Вось табе і на. Не абышліся, значыць, Міколу тыя ледзяныя нырцы. Мы, праўда, спадзяваліся, што ён усё ж такі адужае прастуду. Хлопец моцны, загартаваны. Ды ён і не здаваўся - піў гарбату з малінавым сочывам, ставіў гарчычнікі, а на заняткі хадзіў. Пакуль не зваліўся...

Цяпер, відаць, надоўга.

  * * *

Прыхапіла хвароба і мяне. Тры дні праваляўся ў ложку. Крыўдна, аднак, не гэта, а тое, што захварэў я на святы, якіх так чакаў, на якія спадзяваўся з'ездзіць у Берасце.

У нашым пакоі на гэтыя дні засталіся толькі мы з Толем Крывецкім. Астатнія падаліся дадому. І вось ляжаў я цэлымі днямі і думаў. Пра Надзю. Пра нашы дзіўныя, незразумелыя адносіны.

Асабліва часта прыгадваўся мне адзін нядаўні эпізод. Было гэта дзесьці пад канец вакацыяў, але яшчэ да нашага разладу. Мы з Надзяй выйшлі за вёску, да сажалак, прыселі на лаўку. І тут нечакана яна мне сказала:

- Сустрэла нядаўна Івана Пятровіча. Успамінаў, як сустракалі Новы год... - у голасе яе пачулася задуменнасць, пяшчота. - Усё-ўсё помніць. Я думала, што толькі я помню... От, цікава. Бывае, скажаш што-небудзь і тут жа забудзеш. А то помніцца кожнае слова...

Прыгадваю гэты эпізод і ўсё думаю: чаму яна вырашыла мне гэта сказаць? Навошта?

  * * *

Учора мне стукнула дваццаць.

Падумаць толькі: ужо цэлых дваццаць! Распачаў трэці дзесятак. А яшчэ як бы і не жыў. Мінулае здаецца нейкім малаістотным, падрыхтоўчым перыядам, за якім нарэшце павінен пачацца галоўны - больш важны і цікавы.

Зрэшты, калі табе дваццаць - рана яшчэ падводзіць вынікі. Па сутнасці, нічога пакуль не зроблена. Усёй сваёй істотай ты скіраваны ў заўтрашні дзень, у будучыню, дзе, верыцца, будуць ажыццёўлены самыя запаветныя мары, самыя высакародныя планы. Ах, як хочацца хутчэй атрымаць самастойнасць, знайсці сапраўдную, вялікую справу, зрабіць для людзей нешта вельмі добрае, значнае, даказаць чалавецтву, што жыццё табе было дадзена недарма.

Здзейсніць усе гэтыя мары і жадалі мне перш за ўсё нашы хлопцы, якія сабраліся ўчора вечарам у нашым пакоі. Звычайна на такіх вечарах у нас мора весялосці, дасціпных жартаў, смеху. Асабліва сваволіў Алесь Шульга. Гэты раз яго не было з намі... І ўпершыню не было за нашым сталом смеху. Папілі гарбаты, пагаварылі і разышліся.

Мой жа мінор дапаўняўся яшчэ адной акалічнасцю. Цэлы дзень я ледзь не кожную гадзіну спускаўся ўніз, у вестыбюль, і правяраў пошту: ці няма чаго ад Надзі. Дарма...

Аглушальная, невыносная цішыня.

  * * *

Першы раз у жыцці мне варажыла цыганка.

Я ішоў скверам, а яна як прысмалілася - не адчапіцца! Цікаўнасць урэшце перамагла, і я здаўся.

Цыганка тут жа дастала з-за пазухі невялікае люстэрка, загадала пакласці на яго два пальцы і, зірнуўшы пільна мне ў твар, ціхім, украдлівым голасам загаварыла:

- На вуснах у цябе ўсмешка, вочы твае смяюцца, але на душы ў цябе сум, скруха. У сэрцы тваім - трывога. У цябе ёсць дама, чырвовая і крастовая. Аднак крастовую ты хутка кінеш. За двума зайцамі не ўгонішся. А з чырвовай лёс табе быць разам. Толькі спрэчка ў вас выйшла нейкая нядаўна, размова непрыемная. Ты ёй не верыш, яна не верыць табе...

Ах, цыганка-цыганка! Калі б у жыцці ўсё было так проста. Паклаў два пальцы на люстэрка і - «лёс табе быць разам». У рэальнасці ж ніхто - нават самы вялікі чарадзей - не можа прадбачыць, што чакае чалавека заўтра, паслязаўтра, праз год, і гэта, напэўна, добра.

Інакш быццё наша было б асуджана на нейкую фатальную запраграмаванасць і непадуладнасць. А чалавек усё-такі павінен заставацца тварцом уласнага лёсу, а не яго рабом.

Пісьмо нарэшце прыйшло. Але радасці ад яго мала.

«Добры дзень, Яўген!

У мяне нічога не здарылася. Наадварот, усё вельмі добра.

Ты прабач, што доўга не адказвала. Была дома. Усе нашы паехалі на бульбу, а я трохі прыхварэла, і мяне ў дэканаце адпусцілі дамоў.

Цяпер зноў у горадзе. Хаджу на лекцыі.

Да мяне пакуль не прыязджай, таму што я, магчыма, скора паеду дадому зноў.

Да пабачэння. Надзя.

P.S. Ага, ледзь не забылася, ці праўду гэта кажуць, што ў цябе там, у Менску, ёсць дзяўчына, з якой ты дружыш і гэтак далей?»

Я паклаў пісьмо ў кішэню і пайшоў у халодную цішыню вечара, каб хоць трохі супакоіць, прывесці да ладу свае растрывожаныя, балючыя думкі...

Як разумець яе гэта кароткае, як стрэл, пісьмо? Чаму такі сухі, ледзяны тон? «Яўген...» На канверце ж імя не напісана зусім - проста адно прозвішча. «У мяне ўсё вельмі добра...» Няўжо ёй усё роўна, што мы раз'ехаліся, пасварыўшыся. І да гэтага часу як след не памірыліся? Няўжо для яе гэта - добра? А мо тут якая іншая прычына? Чаму яна напісала «пакуль не прыязджай»? І пра якую дзяўчыну яна пытаецца? Хто ёй што мог нагаварыць?

Ніколі яшчэ ў мяне на душы не было так пагана і так цяжка, як зараз. Хутчэй бы ўжо той сход ды з'ездзіць у Берасце.

  * * *

Сёння нарэшце аб'явілі: пасля заняткаў - камсамольскі сход. Справаздачна-выбарны. Будзе кіраўніцтва факультэта. Рыгор Мікалаевіч, праўда, пабыць на ім не зможа - выклікалі некуды на пасяджэнне. Прыйдзе яго намеснік - Анатоль Паўлавіч.

На перапынку да нас забегла Ніна Аляксандраўна, заклапочана пацікавілася:

- У вас хоць усе?

- У асноўным... - невыразна, сабе пад нос буркнуў Кастусь Беленькі.

- Што значыць «у асноўным»?

- Няма Кірылы Зарэчнага, - адказаў замест Беленькага Ігар Касцевіч.

- Як жа так? - занепакоена павярнулася да Касцевіча Ніна Аляксандраўна. - Дзе ён, хто ведае?

Касцевіч паціснуў плячыма.

- Зарэчны нічога не казаў.

- Зноў гэты Зарэчны! Колькі можна цярпець! - захвалявалася група.

Галоўнае, дамовіліся ж на гэтым сходзе заслухаць Зарэчнага. І вось табе на! Ён не з'явіўся на сход зусім.

Ніна Аляксандраўна напусцілася на Беленькага:

- Гэта Вы вінаваты! Чаму як камсорг не папярэдзілі Зарэчнага?

- Я персанальна запрашаць кожнага не збіраюся. Усім было аб'яўлена яшчэ два тыдні назад.

Ніна Аляксандраўна ўзрушана захадзіла па пакоі.

- Як жа нам цяпер быць? - занепакоена спыталася ў яе Люда Барташэвіч.

- Не ведаю... Рашайце самі.

Сход мы вырашылі праводзіць. І пытанне аб паводзінах Зарэчнага з парадку дня не знімаць. Спачатку, праўда, той-сёй быў засумняваўся, ці варта аб усім гэтым гаварыць пры намесніку дэкана, выносіць, так сказаць, смецце з хаты, але Ніна Аляксандраўна супакоіла:

- Нічога страшнага. Наадварот, вы пакажаце сваю прынцыповасць, камсамольскую патрабавальнасць.

Сход адкрыў Кастусь Беленькі і, пасля таго як парадак дня быў зацверджаны, даў слова Ігару Касцевічу.

- Таварышы! - як заўсёды спакойна, упэўнена пачаў Ігар. - Сёння мы павінны разгледзець адно вельмі няпростае і, я сказаў бы, не зусім прыемнае пытанне. Мы павінны абмеркаваць няправільныя паводзіны камсамольца Кірылы Зарэчнага. Шкада, канечне, што на нашым сходзе няма самога Зарэчнага, але раз група вырашыла пытанне больш не адкладваць, хачу сказаць наступнае.

Я заўважыў, як бровы намесніка дэкана здзіўлена папаўзлі ўверх і ён паглядзеў на Ніну Аляксандраўну. Тая шэптам пачала яму нешта тлумачыць, і ён у знак згоды заківаў галавой. Пасля гэтага Анатоль Паўлавіч з падкрэсленаю ўвагаю стаў слухаць Касцевіча.

- Хачу сказаць наступнае... - Ігар памаўчаў, нібы збіраючыся з нялёгкімі думкамі, і казаў далей: - Зарэчны - хлопец, канечне, разумны, здольны. Аб гэтым сведчаць яго нарысы, якія ён апублікаваў у апошні час у рэспубліканскіх газетах. Аднак гэты ранні і адносна лёгкі поспех і ўскружыў, як мне думаецца, яму галаву. Зарэчны ўявіў сабе, што ён ужо ўсяго дасягнуў, што яму неабавязкова хадзіць на заняткі, лічыцца з думкаю таварышаў. Як стараста я спрабаваў быў пагаварыць з Зарэчным, растлумачыць яму, што дысцыпліна для ўсіх адна, але ён, нават не даслухаўшы, заявіў: «Народжаны лётаць - поўзаць не ўмее». І пайшоў.

Шумок абурэння прабег па аўдыторыі. Бровы намесніка дэкана зноў здзіўлена падскочылі ўгару, ён крутнуў галавою і, дастаўшы з кішэні асадку, чыркнуў нешта сабе ў блакнот.

- Што я хачу, таварышы, сказаць? - Ігар Касцевіч абвёў усіх уважлівым позіркам. - Канечне, Кірыла Зарэчны вінаваты. Але, напэўна, у нечым вінаваты і ўсе мы. Калі шчыра прызнацца, то мы ні разу з ім не пагаварылі, як трэба было пагаварыць - строга, патрабавальна. Кірыла ж фактычна проціпаставіў сябе групе. Асабліва гэта праявілася на бульбе.

- Пра бульбу дазвольце сказаць асобна... - паднялася Люда Барташэвіч. - На бульбе Кірыла Зарэчны паводзіў сябе асабліва абуральна...

Невялічкая запісная кніжка нервова затанцавала ў яе дрыготкіх пальцах. Чамусьці заўсёды, калі Люда моцна хвалюецца, яна абавязкова дастае з сумкі сваю сінюю запаветную кніжку і ні на міг не выпускае яе з рук, нібы ў гэтай кніжцы ёсць нейкая сіла, што надае ёй смеласці, упэўненасці.

- Так, абуральна, - паўтарыла Люда, справіўшыся са сваім хваляваннем. - Падмануўшы групу, што выконвае нейкае даручэнне старшыні, Кірыла не хадзіў на работу, а збіраў у гэты час матэрыял для свайго нарыса. Пасля таго як на камсамольскім сходзе мы папярэдзілі яго, стаў выходзіць на поле, але працаваў абы-як, норму не выконваў. Што ж да нашай задумы паставіць у калгасе канцэрт, Зарэчны не толькі наадрэз адмовіўся прыняць у ім удзел, але і адкрыта высмейваў саму задуму. І нават не прыйшоў у клуб. Што пасля гэтага можна гаварыць!..

Зноў шумок хвалявання прабег між радоў. Захваляваліся і ў прэзідыуме. Ніна Аляксандраўна з прыкметнай разгубленасцю глядзела то на нас, то на намесніка дэкана. Відаць, яна не чакала, што гаворка павернецца так крута.

Пастукаўшы алоўкам па стале, падняўся Кастусь Беленькі.

- Давайце без лішніх эмоцый. Чым больш спакойна і аб'ектыўна мы будзем гаварыць - тым лепш. Што датычыцца мяне, то я лічу, што Зарэчны не проста здольны, а таленавіты журналіст. І нельга яго, як і ўсіх, мераць на адну мерку, заганяць у пракрустава ложа агульных правілаў.

- Скажы, калі ласка, талент які адшукаўся, - насмешліва пакруціла галавою ЛенаКудлатая. - А адкуль жа ён відаць, гэты талент? Што Кірыла надрукаваў у газеце пару нарысаў? Дык гэта, упэўнена, змог бы кожны з нас, каб захацеў. Але мы прыйшлі вучыцца і вучымся, а не абіваем парогі рэдакцый. І пасля, Кастусь, нават самы вялікі талент, калі ён хоча, каб яго паважалі людзі, павінен перш за ўсё сам паважаць людзей.

- Вось-вось, - падхапіў Міхась Заранок. - Паважаць, а не зневажаць.

- Заранок, не перабівай, - незадаволена буркнуў у яго бок Беленькі. - Кажы далей, Лена.

- А я ўжо ўсё сказала.

- Хто яшчэ жадае выступіць?

Слова папрасіў Валодзя Баравы. Ён выйшаў да стала прэзідыума і, кашлянуўшы ў кулак, сказаў:

- Я пастараюся гаварыць спакойна. Хоць гэта і не так проста, калі размова ідзе аб такіх рэчах... Канечне, Зарэчны павёў сябе няправільна. Канечне, яго паводзіны заслугоўваюць суровага асуджэння. І ўсё ж... І ўсё ж я хацеў бы ў нечым падтрымаць Кастуся Беленькага, а таксама Ігара Касцевіча, які яшчэ ў самым пачатку сказаў аб тым, што вінаваты і мы самі. Так, вінаваты. І ў тым, што своечасова не распазналі ў Зарэчным небяспечны мікроб эгаізму, зазнайства. І ў тым, што, калі хвароба гэта стала ўжо відавочная, нічога не зрабілі, каб яе вылечыць. Вось чаму я, падзяляючы абурэнне тых, хто ўжо выступаў, хацеў бы, каб сённяшні наш сход стаў не канцом гэтай складанай, карпатлівай, настойлівай работы, а яе пачаткам.

- Што ты прапануеш? - кінуў з месца рэпліку Міхась Заранок.

- Я прапаную... - Валодзя кашлянуў і на момант задумаўся. - Я прапаную аб'явіць Зарэчнаму вымову, а ўсім нам сур'ёзна падумаць, як вярнуць Кірылу ў калектыў.

Я кінуў позірк на прэзідыум: Ніна Аляксандраўна і Анатоль Паўлавіч дружна, з палёгкаю ківалі галовамі.

Пасля невялікіх спрэчак сход прыняў прапанову Баравога. Яго ж мы аднагалосна абралі сваім новым камсоргам.

  * * *

Назаўтра я забег у бальніцу да Міколы Вераса. Яму ўжо намнога лепш, і ён можа спускацца ўніз, у вестыбюль, дзе мы цяпер звычайна і сустракаемся.

Знайшоўшы больш-менш зацішнае месца, мы селі, і я расказаў Міколу пра ўчарашні сход. Ён уважліва слухаў, перапытваў, удакладняў розныя падрабязнасці, а калі я нарэшце скончыў, абрадавана сказаў:

- Ну што ж, гэта вельмі добра, што такая размова адбылася. Вельмі добра! І не толькі для Зарэчнага - для ўсёй групы.

Мікола ямчэй захутаўся ў свой цёмна-сіні бальнічны халат (у вестыбюлі было халаднавата) і загаварыў зноў:

- Ты ведаеш, Жэня, мяне ўжо наша група пачала была сур'ёзна непакоіць. Чамусьці на другім курсе, замест таго каб больш зблізіцца, згуртавацца, у нас пачаўся адваротны працэс. Ты заўважыў? Мы як бы стаміліся, пачалі траціць цікавасць не толькі да агульных мерапрыемстваў, да спраў калектыву, але і адзін да аднаго. Мяне гэта, шчыра кажучы, і здзіўляла, і засмучала, і трывожыла. Як жа так? - не раз думаў я. - Маладыя людзі, будучыя журналісты, трэба, каб энергія, ініцыятыва біла праз край, каб спрэчкам, дыскусіям не было канца, а тут - цішыня, спакой... Кожны сам па сабе, у кожнага свае інтарэсы. На бульбе, праўда, сітуацыя крыху змянілася. Але тыя канфлікты, якія ўзнікалі ў нас і там, у калгасе, толькі пацвярджаюць, што ў групе далёка не ўсё нармальна. Вось чаму я лічу, што ўчарашняя размова - вельмі важны пачатак. Яна будзе карыснай, павучальнай не толькі для Зарэчнага. І добра, што выбралі Валодзю Баравога. Ён возьмецца энер...

Не дагаварыўшы, Мікола нечакана закашляўся, моцна, натужна, ажно выступілі слёзы, і я стаў угаворваць яго ісці наверх.

- Бяжы, а то змерзнеш тут зусім. Пагаворым іншым разам.

Падаючы руку, Верас ціха, спагадліва запытаў:

- З Берасця ніякіх навін?

Я адмоўна пакруціў галавою.

- Нічога, Жэня, не перажывай... - паклаў ён руку на маё плячо. - Як кажа Беленькі, што неба ні робіць - усё к лепшаму.

  * * *

Замест Надзінага пісьма атрымаў ліст ад сястры.

«Жэнечка, мы доўга не адважваліся пісаць табе аб гэтым. А потым рашылі: рана ці позна ты ўсё роўна пра ўсё дазнаешся. Дык лепш ужо ад нас, чым ад каго іншага.

Словам, браце, такая справа. Надзя Апанасенкава выходзіць замуж. Недзе яшчэ ў канцы верасня, як усе студэнты раз'ехаліся на бульбу, яна ўзяла даведку, што захварэла, і не паехала, была дома. І ўвесь гэты месяц сустракалася з Іванам Пятровічам. Спачатку трохі саромеліся, хаваліся ад людзей, а потым пачалі хадзіць у адкрытую.

Калі па вёсцы пайшла такая чутка, мы не паверылі і таму не хацелі табе нічога пісаць. Думалі - проста так. Ажно, аказваецца, яна сур'ёзна. На кастрычніцкія святы - вяселле...»

Апошнія радкі нечакана закалыхаліся і паплылі нібы ў тумане. Я амаль фізічна адчуў, як сэрца маё некуды абарвалася і яго імгненна апаліў ледзяны, балючы холад. Усё. Канец. Усё рухнула, усё загінула. Як пуста, няўтульна адразу зрабілася на зямлі. Якім абыякавым і непатрэбным стала ўласнае жыццё...

І раптам, як тоненькі, як слабы праменьчык святла з густой цемры, прабілася, мільганула думка: а можа, гэта якое непаразуменне? Можа, гэта звычайныя плёткі? Мне трэба ехаць. Абавязкова і неадкладна ехаць! Пагаварыць з Надзяй пра ўсё самому.

  * * *

Дадому я выехаў начным цягніком. Звычайна восем гадзін язды праскоквалі для мяне неўпрыкмет: я або падсаджваўся да якой кампаніі гуляць у дурня, або - пад настрой - жартаваў, пацвельваўся з дзяўчатамі або, калі не знаходзілася добрай кампаніі, завальваўся на свабодную лаўку і спаў, пакуль не выходзіць.

Гэты ж раз не хацелася ні спаць, ні гуляць у карты. А жартаўлівая, ажыўленая размова, якую вялі хлопцы з дзяўчатамі ў суседнім купэ, здавалася мне цяпер пошлай і нікчэмнай балбатнёй, злавала і раздражняла мяне.

Усю ноч, не звёўшы павек, я сядзеў ля акна, гледзячы ў густую цемру, з якой калі-нікалі паволі выплывалі, набліжаліся асветленыя, пустынныя раз'езды і паўстанкі і тут жа, вокамгненна, праносіліся міма, знікалі. Думаў. І нават не думаў, а прыслухоўваўся да таго, што рабілася ў мяне на душы. І не мог зразумець, чаго ж я хачу. Пры адной думцы, што я магу страціць яе, што нехта іншы, чужы будзе абдымаць і цалаваць яе, халадзела на сэрцы. Хацелася бегчы, ляцець птушкай, каб толькі пачуць хутчэй, што ўсё гэта няпраўда, несур'ёзна, што ўсё яшчэ можна паправіць, вярнуць назад...

Але тут жа, насуперак гэтым думкам, узрывалася ўва мне нешта бунтоўнае, нязгоднае: нашто падманваць самога сябе, цешыць марнымі спадзяваннямі і надзеямі? Тое, што напісалі мне з дому, - праўда. Яна ніколі не кахала мяне. Чаго ж тады шкадаваць, плакаць? У такія хвіліны нават сам намер гаварыць з ёю пра свае пачуцці здаваўся мне зневажальным, абразлівым.

Праходзіла, аднак, паўгадзіны, і, быццам асветлены паўстанак з цемры, наплываў, большаў на душы іншы настрой. І зноўку пякло сэрца раскаянне, трывожнае прадчуванне нечага страшнага і непапраўнага. І зноўку я цешыў сябе падманлівымі спадзяваннямі і гарачымі мроямі.

Вострыя, самыя супярэчлівыя пачуцці змагаліся ў маёй душы ўсю дарогу, і я сышоў на сваёй станцыі, так нічога і не надумаўшы. «Сустрэнуся - там будзе відаць», - сказаў я сабе ўжо ў аўтобусе, які ішоў у нашу вёску.

Вечарам, адчуваючы, як адразу закалацілася сэрца, перасохла ў горле, я падняўся па прыступках так знаёмага мне ганка і пастукаў у дзверы.

Ніхто не адказваў. Я пастукаў яшчэ раз - мацней.

- Заходзьце! - азваўся жаночы голас дзесьці з глыбіні пакоя, і пакуль я шукаў і ад хвалявання не мог знайсці клямку, за дзвярыма пачуліся мяккія, прыглушаныя крокі. «Яна ці маці?» - замерла сэрца.

У пярэднім пакоі была Кацярына Мікалаеўна. Убачыўшы мяне, не то здзівілася, не то разгубілася.

- Жэня?.. Добры вечар... - азірнулася назад, на зачыненыя ў залу дзверы, і чамусьці збянтэжылася, пачырванела. - А мы тут... Ну, праходзь... Калі ты прыехаў?

Гаворачы гэта, яна адводзіла ўбок вочы, быццам ёй было нечага няёмка, сорамна. «Значыць, праўда», - падумаў я. І чамусьці ў гэтую хвіліну, бачачы чужую разгубленасць, я стаў надзіва спакойны.

- Надзя дома?

- Надзя? - няўпэўнена перапытала Кацярына Мікалаеўна, быццам не ведаючы, што адказаць, і, зрабіўшы нейкае намаганне, адразу ж паспешліва заківала галавой. - Так, так... Дома, дома... У сваім пакоі.

Праходзячы паўз няшчыльна зачыненыя дзверы ў залу, я ўбачыў Івана Пятровіча. За сталом, з картамі ў руках. Потым пачуў яго сіплаваты, але нейкі радасны голас: «Ну, Мікалай Аляксеевіч, трымайцеся. Мой ход!» «Няўжо ўсё прайграна?» - падумаў я, пераступаючы парог яе пакоя.

Яна ляжала ў ложку, накрыўшыся сваёй любімай вярблюджаю коўдраю, і чытала. Павіталася са мною роўным, спакойным голасам. Толькі ў першае імгненне, як убачыла мяне, нешта зварухнулася, прамільгнула было на твары.

- Праходзь, - сказала яна, загортваючы кніжку. - Садзіся...

Адзінае крэсла ў пакоі было занята: на ім ляжала яе сукенка, і я, адхінуўшы крысо плашча, прысеў на ложку. Яна, падмасціўшы пад спіну падушку, каб было трохі вышэй, глянула на мяне.

- Што ж ты... не там? - спытаў я, ківаючы галавою ў бок залы, дзе ў гэты момант пачуўся смех Івана Пятровіча. Відаць, ход яго закончыўся перамогаю.

- Галава нешта баліць...

- Ты хварэла?

- Так, трохі...

- Надзя... Гэта праўда, што ты прыехала дадому спецыяльна для таго, каб...

У мяне не хапіла духу сказаць «каб запісацца», і я змоўк.

- Што «каб»? Ну? Што ж ты не дагаворваеш? - яна глядзела на мяне насмешліва, іранічна.

Больш за ўсё я баяўся гэтага яе позірку, які заўсёды бянтэжыў, і я не ведаў, што гаварыць, як сябе паводзіць. Але сёння ён толькі надаў мне рашучасці.

- Ты сама знаеш... Я прыйшоў сёння, каб пачуць ад цябе, ці праўда гэта?

- Позна ж прыйшоў.

- Чаму позна, Надзя? Скажы?

- Нічога я табе не буду гаварыць! - сказала яна раптам рэзка, нават злосна і, як мне здалося, з нейкай пакутаю ў голасе.

Хвіліну-другую маўчалі. Яна зноў уткнулася ў кніжку, а я, панурыўшы галаву, думаў, што ж рабіць далей.

- Надзя, - сказаў я зноў, - але ж так немагчыма. Нехта з нас павінен сёння пайсці.

Гаворачы «нас», я меў на ўвазе сябе і Івана Пятровіча, і яна гэта зразумела.

- Так, павінен... - адразу, як абрадавана, паўтарыла яна. І, памаўчаўшы, іначай, ужо неяк задуменна-журботна сказала: - Ніколі не думала, што ўсё так скончыцца. Так проста і так нечакана. Усё-такі не адзін дзень і не адзін год...

- Добра, Надзя. Скажы ж мне хоць, што здарылася?

- Ты сам, Жэня, вінаваты. Ніколі мы не раз'ехаліся па-людску. А на апошняй вечарынцы, у Ніны, асабліва. Ах, гэтая праклятая вечарынка! Усё-ўсё тады і рашылася... Ну, і потым гэтыя размовы, што ты жэнішся. Бярэш дачку нейкага вялікага начальніка, які ўладкоўвае цябе на работу ў Менску. А што я? Са мной ніякай перспектывы - раённая газета...

- Божа мой, якое глупства! Як ты магла паверыць!

- Я і не верыла. Я напісала табе, ці праўда, што ў цябе ёсць дзяўчына. Ты нічога не напісаў. А для мяне гэта было вельмі важна.

- Я не хацеў гэтаму нават надаваць увагі. Я стараўся адказаць табе на больш важнае.

- Ну і да ўсяго гэтага, ты вельмі змяніўся ў апошні час. Ты перастаў мяне кахаць, Жэня.

- Надзя! У чым хочаш папракай, але толькі не ў гэтым. Я не помню ніводнай хвіліны, ніводнага дня, калі б я не думаў пра цябе.

Яна маўчала. Толькі часцей сталі ўздымацца яе высокія грудзі ды на імгненне (здалося мне ці мо сапраўды) мільгнуў у вачах затоены боль. І гэта імгненна парушыла тую адчужанасць і насцярожаную недаверлівасць, якія былі паміж намі. Я адчуў да яе незвычайную блізкасць і гарачую пяшчоту. Няўжо заўтра я буду вітацца з ёю, як з чужым чалавекам?

Страта здавалася мне недарэчнай, жахлівай і дзікай. Хацелася стаць перад ёю на калені і не гаварыць, а плакаць: «Родная, любая, даруй мне... Гэта ўсё я вінаваты. Я... я!.. Але я кахаю цябе і малю - будзь маёй!»

Усёй сваёй істотай я адчуваў, што яна чакае, і чакае якраз гэтых слоў, і ад хвалявання ажно стаіла дыханне, і калі я скажу іх, яна даруе мне ўсё, дасць сваю згоду. Але нешта незразумелае, неадольнае не давала мне зрабіць гэты рашучы крок, і я маўчаў.

Яна паглядзела на мяне пільна-пагардліва і суха сказала:

- Ну, Жэня, табе пара. Позна...

- Я пайду. Зараз...

І чамусьці не было сілы волі падняцца, пайсці. Усё глядзеў і глядзеў на яе. А потым узяў яе руку, якая злёгку дрыжэла, і прыпаў вуснамі да гарачай і любай далоні.

- Баюся казаць «бывай». Не верыцца. Што табе пажадаць? Будзь шчаслівай - больш я нічога не хачу. І дай Бог, каб ён кахаў цябе гэтак жа, як кахаю цябе я... Да пабачэння.

Выйшаў з хаты - і забалела, зайшлося сэрца. Адышоўся трохі, стаў пад каштанам (дзе не раз мы стаялі з ёю), глянуў на хату (дзе засталася яна з другім) - і нібыта скамянела ўсё ўва мне...

А назаўтра вёску маланкай абляцела навіна: Надзя запісалася з Іванам Пятровічам!


СНЕЖАНЬ

Не думаў, што так раскісну...

Саджуся чытаць - радкі расплываюцца, і я, утаропіўшыся ў кніжку, думаю пра сваё.

Пачую музыку, якую некалі мы слухалі з ёю разам, - і слёзы закіпаюць самі. Знаёмая мелодыя адгукаецца ў маёй душы салодкім, пакутлівым болем.

А ўначы зусім кепска. Варочаюся, кідаюся да світання і не магу заснуць. Ля сэрца як хто аголеныя правады пакінуў - пячэ, смыліць...

  * * *

Выпаў першы снег - чысты, бялюткі. І яшчэ вастрэй ад гэтага адчуваеш на душы ўсё брыдкае, паганае.

Снег... Падае мільгатлівымі, іскрыстымі шматкамі. Усцілае зямлю. Робіць зіму. Зноў зіму, за якой абавязкова прыйдзе вясна - загамоняць ручаі, зацвітуць вішні, зашчабеча птаства...

У жыцці чалавечым не так. Прапусціў сваё шчасце раз, страціў яго аднойчы - можаш болей не дачакацца. Хто знае, ці дачакаюся я калі сваёй новай вясны?

  * * *

Не магу забыць яе ні на хвіліну.

Адганяю думкі прэч, стараюся засяродзіцца на чым-небудзь іншым - і ўсё роўна вяртаюся да аднаго і таго ж: да апошняй нашай размовы. Ці правільна я зрабіў? Ці не страціў я разам з Надзяй тое, што прыходзіць да чалавека, можа, адзін раз у жыцці?

Сёння пра гэта гаварылі з Міколам Верасам. Ён, дарэчы, ужо выпісаўся з бальніцы, але на заняткі пакуль не ходзіць - урач параіў колькі дзён пабыць дома. Дык вось Мікола, выслухаўшы мае сумненні, мае душэўныя пакуты, пераканана сказаў:

- Я так не рабіў бы.

- А як?

- Жаніўся б. Ты ж кахаеш яе, Жэня.

Ах, Божа мой! Каб жа ўсё было такім простым і ясным, як здаецца збоку. Канечне, я мог бы жаніцца. Асабліва гэтым летам. Адно маё слова, і яна, адчуваю, згадзілася б. Але ж нешта мяне стрымлівала? Няўжо толькі розум? Нешта ж, мусіць, чула і сэрца...

Дык чаго ж я перажываю, пакутую? Бо кахаў, кахаю Надзю яшчэ і цяпер.

Як жа гэта ўсё вырваць з сэрца, вытравіць з памяці - не ведаю. Ведаю адно: бедаваць, падаць духам - сорамна для мужчыны. Трэба сцяць зубы - і працаваць, працаваць, працаваць!

  * * *

Снілася яна... Зноўку мы былі разам, гаварылі, цалаваліся. І так хораша, так бясконца хораша было мне...

Колькі ж гэта ўсё будзе цягнуцца? Няўжо мне вечна хадзіць з гэтай незагойнаю ранай? Вечна наяве, у снах, у марах вяртацца да яе, думаць пра яе?

Спачатку, калі я дазнаўся пра вяселле, я быў амаль спакойны. Я нават баяўся гэтага спакою, як нечага ненармальнага. Памятаю, гэткі ж ледзяны страх апанаваў быў мяне аднойчы, калі я на тартаку парэзаў руку. Была глыбокая рваная рана, раструшчаная косць, а кроў не ішла. Нават нічога не балела. І гэта было самае страшнае...

Цяпер я баюся іншага: што ніколі ў сваім сэрцы не загаю гэтага шчымлівага, пакутлівага болю. Лепш бы ўжо ён, гэты боль, ударыў мяне адразу, апёк, спапяліў - і ўсё.

  * * *

Калі б можна было мой сённяшні стан назваць адным словам, то, напэўна, самае дакладнае было б «абыякавасць». Так, поўная, глыбокая абыякавасць да ўсяго. Не хочацца ні пісаць, ні чытаць, ні нават рухацца. Усё валіцца з рук. І толькі неверагодным намаганнем волі прымушаеш сябе раніцай уставаць, збірацца, ісці на заняткі (навошта, які гэта цяпер мае сэнс?), некаму нешта адказваць, нешта з некім гаварыць (няўжо ім не надакучыла гэта пустая, бясконцая балбатня?)...

Жыву бы ў якім тумане. Цяжкі одум апанаваў мяне і засланіў перада мною свет. Нібыта хто выключыў ува мне жыццёвую энергію, усе пачуцці і жаданні, і засталося адно толькі скамянелае цела, якое рухаецца само па сабе, механічна, без удзелу маёй волі і свядомасці.

Учора, ідучы з заняткаў, зайшоў у нейкую чужую, малазнаёмую вуліцу і доўга не мог зразумець: дзе я? чаго я тут? А сёння замест электрабрытвы ўключыў прас і хацеў пагаліцца. Хлопцы зарагаталі - апомніўся...

  * * *

Учора была нядзеля, і Валодзя Баравы амаль сілком выцягнуў мяне за горад, на лыжную прагулку.

Валодзя прапанаваў з'ездзіць у Зялёнае. Гэта кіламетраў за дваццаць ад Менска. Там наш універсітэт мае неблагую спартыўную базу - пункт пракату, двухпавярховы спальны корпус, сталоўку.

Прыехаўшы сюды з самай раніцы, мы з Валодзем узялі лыжы і адразу ж падаліся ў лес, які цягнецца тут на дзесяткі кіламетраў вакол.

Дзень выдаўся сонечны, ясны, з лёгкім марозікам. Спачатку ішлі ціха, слухаючы, як мякка парыпвае пад лыжамі свежы, нацярушаны за ноч снег, як ценькае дзесьці ўгары, пералётваючы ўслед за намі з сасны на сасну, нябачная сініца. Чыстае, ажно, здаецца, нейкае звонка-крыштальнае паветра прыемна бадзёрыла.

Праз які кіламетр Валодзя азірнуўся і крыкнуў мне з выклікам:

- Ану, дагані-і!

І рэзка рвануў наперад, толькі замільгалі ў паветры канцы лыж ды завіхурыў па баках снежны пыл, узняты кольцамі палак. Дагнаць Валодзю на лыжні не так проста - пастаянны ўдзельнік розных спаборніцтваў, першы спартыўны разрад. Апошнім часам, праўда, трэніроўкі закінуў, але хватка былая засталася. Нараўне з ім хадзіць можа хіба што Мікола Верас, які ў свой час таксама займаўся ў секцыі. Мне ж ні разу не даводзілася мерацца сіламі з Баравым адзін на адзін, і я вырашыў прыняць яго выклік.

Нейкі час мы ішлі ў адным тэмпе. На спуску з гары я нават дагнаў быў Валодзю, наступіўшы яму «на пяты», але як толькі лыжня выбралася на роўнае, адлегласць паміж намі зноў стала расці.

З усіх сіл налягаў я на палкі, імкнуўся ісці гэтак жа, як Валодзя, энергічна, размашыста, а рухаўся, здавалася, на адным месцы. Лыжы мае то аддавалі назад, то саслізгвалі набок, у снег, то чапляліся на паваротах за кусты ці якое галлё. Пот цёк па твары, капаў з носа, не хапала - аж балела ў грудзях - паветра, цяжкімі, непаслухмянымі зрабіліся ногі, і я адставаў усё больш і больш...

Валодзя чакаў мяне на ўскрайку паляны. Убачыўшы мой бездапаможны выгляд, ён паблажліва ўсміхнуўся:

- Што, кажаш, горача? Не спыняйся толькі, а то прастудзішся.

Ён пайшоў побач са мною, па цаліку.

- Між іншым, у лыжах важна не столькі сіла, колькі тэхніка. Гэта на першы погляд усё проста, а тут ёсць свае сакрэты. Вось глядзі...

І Баравы стаў паказваць мне, як трэба трымаць корпус, як лепш адштурхоўвацца, каб не аддавала назад, вучыць правільнаму, рытмічнаму дыханню, якое было б не само па сабе, а ў суладнасці, у гармоніі з рухамі.

Мала-памалу я адчуў, што лыжы ўжо куды лепш слухаюцца мяне, што хоць іду я шпарчэй, а задыхаюся менш і што такая вось асэнсаваная, сінхронна-размераная хадзьба мне прыемная і дае сапраўдную фізічную радасць.

Потым мы доўга, з галёканнем, з амаль дзіцячым захапленнем каталіся з высокай - аж дух займае! - гары, выкачаліся па вушы ў снезе і прывалакліся на базу амаль пад вечар, галодныя, як ваўкі.

У горад вярталіся апошняй электрычкай. Седзячы ў цёплым, светлым вагоне, адчуваючы, як прыемная стомленасць разліваецца па ўсім целе, я з удзячнасцю падумаў пра Валодзю, які выцягнуў мяне на гэту прагулку. Упершыню за апошнія дні хоць на нейкі час я пазбыўся сваіх неадчэпных, балючых думак. І баюся гаварыць, але, здаецца, нешта зрушылася і ў маёй душы - упершыню за гэтыя дні варухнуўся, зацепліўся ўва мне кволы агеньчык цікавасці да навакольнага.

  * * *

У Люды Барташэвіч зламалася асадка, і на перапынку яна сказала:

- Хлопцы, у каго ёсць запасная? Выручайце.

Як ні дзіўна, запасной асадкі ні ў кога не знайшлося.

- Магу даць аловак, - сказаў Мікола Верас. - Трэба толькі завастрыць.

Але і нажа ні ў кога не аказалася.

- Чаго ты перажываеш, Люда? - рагатнуў Кандрат Бугаёў. - Ёсць прычына, каб не пісаць лекцыю. Праўда, стараста?

- Ну, канечне, - азваўся Ігар Касцевіч, - ты дзеля гэтага гатовы і руку зламаць.

- І не я адзін. Унь і Зарэчны, па-мойму, глядзіць на канспекты без асаблівага захаплення.

- Дарэчы, Кірыла, - падышоў Ігар да Зарэчнага. - У цябе ж звычайна з сабою цэлая абойма аўтаручак. Няўжо сёння не ўзяў?

- Не ўзяў! - рэзка, хмура адказаў Зарэчны. - І наогул каму абыходзіць, што ў мяне ёсць і чаго няма?!

- Ладна, не чапайце яго. Хай сядзіць са сваімі абоймамі, - махнуў рукою ў бок Зарэчнага Толік Крывецкі. - Колькі яшчэ хвілін? Пяць? Я зараз збегаю ў кіёск...

Асадку Толік неўзабаве прынёс, канфлікт быў уладжаны, аднак эпізод гэты, здавалася б, дробны, малазначны, асадак пакінуў непрыемны. Па ўсім відаць, Зарэчны хоць і пачаў хадзіць на заняткі, але добрых намераў групы не зразумеў. Больш таго, затаіў на ўсіх крыўду, злосць. Значыць, Мікола Верас мае рацыю: сход - толькі пачатак барацьбы. Галоўнае і самае складанае наперадзе.

  * * *

Валодзя Баравы арганізаваў сустрэчу з журналістамі цэнтральных выданняў. Да нас прыйшлі ўласныя карэспандэнты «Комсомольской правды», «Сельской жизни», «Огонька». Атрымалася харошая, карысная размова.

Не, госці не расказвалі нам нешта звышасаблівае, не адкрывалі нейкія невядомыя сакрэты, не давалі гатовыя рэцэпты, па якіх можна было б ствараць бліскучыя ўзоры публіцыстыкі. Яны гаварылі, здавалася б, простыя, звычайныя рэчы. Як кожны з іх прыходзіў у журналістыку, з якімі сутыкаўся цяжкасцямі, якія рабіў для сябе ўрокі, што яго хвалюе, непакоіць цяпер. Аднак слухалі мы іх, стаіўшы дыханне.

З расказу гасцей я зразумеў галоўнае: журналіст - гэта не толькі талент, але і праца. Вялікая, настойлівая праца на працягу ўсяго жыцця. І каб стаць сапраўдным журналістам, трэба выпрацаваць у сабе, прынамсі, тры якасці: абвостранае пачуццё новага, ненатольную прагу ведаў, арганічнае непрыняцце ўсяго кепскага, пошлага, амаральнага. Ні адна з гэтых якасцей, узятая сама па сабе, яшчэ не гарантуе поспеху. Толькі пры спалучэнні ўсіх трох можна разлічваць на сур'ёзную, плённую творчую работу.

Пакуль ішла размова, я ўпотай назіраў за Кірылам Зарэчным. Па яго напружаным, трохі разгубленым твары адчувалася, што многае з таго, што гаварылася тут, было для яго і нечаканым, і не зусім прыемным.

Зрэшты, сустрэча стала ўрокам і для кожнага з нас. Закрануўшы, як кажуць, за жывое, яна прымусіла зірнуць на сябе як бы новымі, больш патрабавальнымі вачыма, задумацца, ці ўсё мы робім для сваёй будучай прафесіі.

Валодзя Баравы прапанаваў прадоўжыць размову на гэту тэму на чарговым камсамольскім сходзе. Цікавы можа атрымацца сход!

  * * *

Мароз. Вялікі мароз...

Прыгадалася родная вёска. Як там цяпер, у такую вось сівую, марозную раніцу? Што робяць дома? І як жывы паўстаў перад вачыма малюнак.

...На двары корпаецца бацька. За ноч багата намяло снегу, і ён, падперазаўшы кажух старою, яшчэ з вайны, парэпанаю папругаю, адкідвае снег шуфлем, узмахвае ім то ўлева, то ўправа - робіць сцежку ад хаты да хлява.

Калі сцежка будзе гатова, бацька, парыпваючы валёнкамі, пройдзе па ёй колькі разоў, потым паставіць шуфель у сенцы і пакіруе ў хлеў.

Каля сцяны, на падасланай саломе, ляжыць карова, марудна варушыць сківіцамі. Пачуўшы гаспадара, нехаця, з прыкметным намаганнем устае з нагрэтага месца і цягнецца да яго пысаю, выдыхае цэлыя клубы паветра.

Даўшы карове сена, бацька заглядвае ў свінушнік. Кормнік з мацёркаю зашыліся ў салому па самыя вушы і на рып дзвярэй адказваюць толькі лагодным, ленаватым рохканнем.

Няма асаблівай работы і ў паветцы. Дроў наколата і назапашана на ўсю зіму. Але каб забавіць час да снедання, бацька возьмецца наводзіць парадак - паправіць і без таго акуратны касцёр, падыме з-пад ног палена, пераложыць у іншае, больш надзейнае месца аполак.

А над хатамі ўжо стаяць высокія дымы. Пахне смажаным салам, цыбуляю. Хутка прачыняцца дзверы ў сенцах, і маці, не пераступаючы парога, гукне на ўвесь двор:

- Мікала-ай! Дзе ты там? Ідзі снедаць!

І кароткі зімовы дзень пачне набіраць разгон.

  * * *

Уначы прачнуўся ад нечакана вострага, невыноснага прыступу тугі і болю.

Што я нарабіў?! Сам, уласнымі рукамі разбурыў тое, што гэтулькі гадоў, з такімі пакутамі імкнуўся пабудаваць, напоўніць цяплом і святлом. Я вечна рабіў нешта не тое і не так. Я заўсёды блытаўся ў дробязях, у сваіх хваравіта перабольшаных крыўдах і сумненнях...

Але вінавата і яна. Стварыўшы вакол сябе нейкую таямнічую, непранікальную абалонку, яна схавалася, зачынілася ў ёй. Яна не захацела раскрыць сваёй душы, як не захацела ўважліва разгледзець, зразумець другую, што імкнулася да яе. Ні разу я не адчуў паміж намі той трапяткой шчырасці і даверлівасці, якая бывае паміж блізкімі людзьмі.

Не было гэтага! А былі нейкія вечныя, незразумелыя і прыкрыя сваркі, якія, зрэшты, і сваркамі называць няёмка...

Пачуццё шкадавання, жаласці да самога сябе крута закіпае ў маёй душы. Кусаючы падушку, каб не зарыдаць уголас, я доўга і горка плачу.

  * * *

Правільна нехта сказаў: перамога над сабою - самая нялёгкая перамога.

З усіх сіл стараюся не даць сабе расслабіцца, апусціцца, раскіснуць. Раніцаю неахвота ўставаць, але я прымушаю сябе падымацца. Першая думка, якая прыходзіць у галаву: «А можа, сёння зарадку не рабіць? Не! - загадваў я сабе. - Ты будзеш рабіць! І рабіць як трэба!» Ва ўмывальніку холадна, няўтульна. «Можа, не аблівацца вадой? Яшчэ прастуджуся... Ніякіх прастуд! Ану, адкрывай кран!»

Але чым бліжэй да вечара, тым усё менш у мяне застаецца сіл, каб змагацца з сабою. І я пачынаю саступаць сабе то ў адным, то ў другім...

  * * *

Зноў снілася яна. І нават не сама яна, а яе голас, яе смех, яе пах.

Здаецца, кашу я на поплаве сена і гэтак ужо стараюся, гэтак вымахваю, а яна нібыта дзесьці непадалёку, дзесьці побач. Я не бачу яе, не магу бачыць, але адчуваю яе ўсёй істотай. Гэта надае мне сілы, я адчуваю сябе дужым, спрытным, акрыленым...

І што за дзіўныя сны? Яе самой не бачу, а вось здаецца, нібыта яна, нябачная, неад'емная, ёсць ва ўсім, што б мне ні снілася, - як паветра, як сонечнае цяпло.

  * * *

Прыйшло пісьмо ад сястры. Піша, што ў мінулую нядзелю Апанасенкі спраўлялі вяселле...

«Аднак, - паведамляла яна, - вяселле ўсіх моцна расчаравала. Думалі, што тут ужо будзе нешта незвычайнае, што ўся вёска цэлы тыдзень будзе хадзіць п'яная. Апанасенка ж сам аднойчы ў канторы гаварыў, пры людзях, што калі будзе аддаваць дачку замуж, то паставіць сталы ў калгасным садзе і запросіць усіх, хто толькі пажадае. А тым часам не запрасілі нават самых блізкіх. Было ўсяго чалавек, можа з дваццаць. Начальства, настаўнікі ды некалькі сябровак. Ад Івана Пятровіча былі толькі бацькі і сястра. Можна сказаць, што гэта і не вяселле атрымалася, а звычайная вечарынка. А тут яшчэ і Надзя падпсавала кашу. З самага пачатку (сама я, канечне, не бачыла, гэта ўжо настаўнікі пасля расказвалі) яна сядзела нейкая хмурая, невясёлая. Калі ж устаў дырэктар і пачаў жадаць маладым шчасця, моцнага кахання, яна - у слёзы ды з-за стала, зачынілася ў сваім пакоі і болей не паказалася. Бедныя госці пасядзелі-пасядзелі (якое ўжо тут вяселле?) дый разышліся...»

Як ні дзіўна, але, чытаючы гэта пісьмо, ні злараднасці (што лёгка ўгадваецца за паспешлівымі радкамі сястры), ні нават простай, звычайнай радасці я не адчуў. Наадварот. Спапяляльны агонь раскаяння, горкіх сумненняў, нейкіх прывідных, салодка-шчымлівых надзей успыхнуў і з новай сілай забушаваў у маёй душы.

Што ж мне рабіць?

Няўжо яна кахала, кахае мяне і цяпер? Няўжо я памыліўся і прыняў яе прыродную стрыманасць за пустую абыякавасць, а лёгкую дзявочую какетлівасць - за легкадумнасць і непастаянства яе натуры? І няўжо, урэшце, усё ўжо безнадзейна, незваротна згублена, ніякіх шляхоў да вяртання няма?

Напэўна, гэта ўласціва кожнаму закаханаму сэрцу - заўсёды цешыць сябе надзеямі, спадзяваннямі, марамі, у самай крытычнай, самай безнадзейнай сітуацыі не губляць веры ў лепшае, і нават тады, калі ўжо, здавалася б, спадзявацца на нешта проста неразумна, бессэнсоўна, - усё роўна ўпарта, адчайна чакаць немагчымага, чакаць цуду.

На жаль, цуду не адбылося.

Усе мае ружова-блакітныя ілюзіі, якія пабудаваў быў, як толькі зацеплілася ў душы нейкая іскра надзеі, і ў якія я ўжо гатовы быў шчыра паверыць, усе гэтыя ілюзіі безнадзейна рухнулі, бясследна развеяліся, як толькі сутыкнуліся з суровай, бязлітаснай рэальнасцю.

...З Надзяй мы спаткаліся каля школы. Я прыйшоў сюды знарок - ведаў, што яна, перавёўшыся на завочнае, працавала цяпер тут настаўніцай біялогіі - і разлічваў на перапынку як-небудзь убачыць яе, пагаварыць. Аднак убачыліся мы зусім не так, як мне хацелася.

Я толькі падымаўся па прыступках, а яна - з партфелем, з кніжкамі пад рукою - выйшла якраз на ганак, сабраўшыся, напэўна, дадому. Ад таго, што я быў яшчэ не гатовы да гэтай сустрэчы і чакаў убачыць яе зусім не тут, я разгубіўся, збянтэжыўся і, не помню нават ці павітаўшыся, чамусьці спытаў у яе, нетактоўна і недарэчна:

- А што ты адна?

- Чаму ж адна? З мужам, - адказала яна, - Ваня зараз выйдзе.

Адказала спакойна, з годнасцю, як і павінна была адказаць жанчына, што рассталася ўжо з наіўным і крышачку легкадумным светам дзявоцтва і ўступіла ў новую, больш высокую, сур'ёзна-дарослую паласу жыцця. У гэтую хвіліну я адчуў сябе перад ёю такім блазнам, такім неразумным падлеткам, што не ведаў, куды падзець рукі, што гаварыць далей.

Надзя ледзь прыкметна ўсміхнулася і, напэўна, каб згладзіць няёмкасць, папытала:

- А ты ў школу?

Адказаць я не паспеў - адчыніліся дзверы і на парозе паказаўся Іван Пятровіч, таксама з абярэмкам кніг.

- Добры дзень, Жэня... - з нейкай ніякаватасцю, але, здаецца, шчыра-абрадавана павітаўся ён. - Якімі вятрамі да нас? Надоўга?

Я пачырванеў і стаў нешта плесці наконт таго, што, маўляў, забыўся дома канспекты, а тут вось сесія на носе - прыйшлося тэрмінова ехаць. Заўтра ж назад.

- Ну што ж, трэба дык трэба, - нібы супакойваючы мяне, зазначыў Іван Пятровіч.

Каб змяніць тэму размовы, я пажартаваў:

- Ну й кніг жа вы набралі! Ці не філіял бібліятэкі адкрыць дома сабраліся?

- Які там філіял! - сур'ёзна адказаў Іван Пятровіч. - У Надзі ж сесія скора, а мне ўжо, як прапагандысту, прыйдзецца вось гэта, - кіўнуў ён падбародкам на абярэмак кніг, - штудзіраваць з ёю за кампанію...

Надзя хораша, неяк непрывычна лагодна, з удзячнасцю ўсміхнулася Івану Пятровічу.

Увесь час, пакуль мы гаварылі, я з цікаўнасцю, з усё большым здзіўленнем назіраў за ёю. За месяц, які я не бачыў яе, яна прыкметна асунулася, схуднела, што, аднак, рабіла яе яшчэ прыгажэйшай і больш прывабнай. Але не гэта было галоўнае. Нешта няўлоўна новае, загадкавае з'явілася на яе твары, у позірку яе вачэй - роўным, спакойным, па-мацярынску пяшчотным, але які, здавалася, быў скіраваны не на таго, з кім гаварыла, а некуды ў сябе, нібыта яна ўвесь час прыслухоўвалася да таго глыбіннага, таямнічага, што адбывалася цяпер там, унутры. Яна і на мяне глядзела ўжо як бы аднекуль з далечыні, як бы з нейкага зусім іншага, невядомага, нязнанага мне яшчэ свету.

Я пазнаваў яе і не пазнаваў. Здавалася, што пасля нашай апошняй сустрэчы прайшло не чатыры тыдні, а цэлыя чатыры гады і нават чатыры стагоддзі...

Стаяць і гаварыць больш на вуліцы было няёмка. Мы перакінуліся яшчэ колькімі словамі і развіталіся.

У брамцы Іван Пятровіч нечакана паслізнуўся, і кнігі пасыпаліся на снег. Нейкі момант ён разгублена пераступаў з нагі на нагу: як быць? Рукі ж заняты, у Надзі - таксама.

Перш чым што падумаць, я ўжо быў каля іх. Памог падабраць кнігі, змахнуў з іх пальчаткаю снег.

- Дзякую, Жэня...

- Дзякую, - паўтарыла і Надзя, усміхнуўшыся мне па-свецку ветлівай усмешкай.

І пайшлі. Побач. Нетаропка. Ён - роўна, упэўнена, з горда ўзнятай галавой, як чалавек, які нарэшце, пасля доўгіх, нялёгкіх пошукаў, цярплівага, пакутлівага чакання, настойлівай, упартай барацьбы, авалодаў сваім запаветным скарбам, вось ён - побач, у яго поўнай уладзе, і цяпер можна спакойна, з палёгкаю перадыхнуць. Яна, шчаслівая гэтай упэўненай, цвёрдай уладай, ішла, заглядваючы яму ў вочы, раз-пораз пяшчотна, аддана ўсміхаючыся.

Якія дзіўныя перамены! Няўжо гэта той самы Іван Пятровіч, які яшчэ нядаўна ценем хадзіў за Надзяю, гатовы выконваць малейшае яе жаданне, пакорліва зносячы ўсе кпіны, усе крыўды, а часам і адкрытыя знявагі? І няўжо побач - тая самая Надзя, ганарыстая, капрызна-патрабавальная, якая, здавалася, і на хвіліну не магла прыняць чыёй бы то ні было волі?

Я глядзеў ім услед, і складаныя, супярэчлівыя пачуцці нараджаліся ўва мне - боль, крыўда, сум, горыч. Далёкі, чужы чалавек... А я яшчэ на нешта спадзяваўся, у нешта верыў! І, можа, упершыню мне з такой выразнасцю падумалася: тое, што здарылася, - гэта не толькі канчаткова, незваротна, але і лагічна, заканамерна. Ад гэтай думкі неяк адразу спакайней, святлей стала на душы.

  * * *

Як усё-такі адарваны мы ў горадзе ад прыроды!.. Сядзім у гэтым аднастайна-шэрым, каменным палоне - і не бачым толкам ні сонца, ні неба, ні зор. Усё міма нас: і п'янкая квецень садоў, і срэбразвонны гоман крыніц, і чысты, гаючы спеў птушак...

Ды што там казаць! Снегу і таго нават як след не бачым. Ледзь выпадзе ён, як адразу ж кідаюцца на яго цэлай армадай - з лапатамі, мётламі, машынамі. І зграбаюць, вывозяць хутчэй, каб, не дай Бог, не паляжаў лішняй гадзіны, не перашкодзіў гарадскому руху.

Гляджу іншы раз я на гэты стаптаны, брудна-рыжы, перамешаны з пяском снег, і шкода мне яго робіцца. Лішні, непатрэбны ён тут сярод царства машын і асфальту. А як жа чакаюць, як радуюцца яму ў вёсцы! Там ён - і чароўны ўбор, і вясёлая забава, і незаменны работнік, што клапатліва ўкрывае палі ад лютых маразоў, разгортвае бясконцыя палотны лёгкіх, іскрыстых дарог.

Чаму я так часта - і думкамі, і сэрцам - вяртаюся ў вёску? Напэўна, таму, што там - мае карэнні, там - свет маіх казак, залатых сноў, здзейсненых і не здзейсненых мар. І яшчэ, напэўна, таму, што назаўсёды засталіся, жывуць у маёй душы, як малітва, як ачышчэнне, саборная цішыня бароў, шэпат спелай збажыны, пах свежага сена, смак глытка крынічнай вады ў спякотлівы дзень... Гэтага нельга зразумець, адчуць кароткімі наездамі, аднадзённымі наскокамі на прыроду. Сярод гэтага трэба жыць!

  * * *

Міколу Вераса прымалі ў партыю. У поўнай, урачыстай цішыні прачыталі заяву:

- «Камунізм - гэта мара ўсяго чалавецтва, і няма большага шчасця, чым шчасце быць у першых радах яго будаўнікоў. Клянуся аддаваць усе свае сілы вялікай справе будаўніцтва камунізму».

А пасля Мікола расказваў сваю біяграфію. У голасе адчувалася хваляванне.

Я слухаў яго, і мне ўяўлялася, што ён ужо на вяршыні высокай, крутой гары, а я, няўпэўнены ў сабе, недастаткова духоўна, маральна гатовы да гэтага, усё яшчэ стаю ля падножжа, задраўшы галаву, і з зайздрасцю, з павагай гляджу на яго.

  * * *

Журавы ляцелі высока-высока... Іх тоненькі, няроўны ланцужок мерна, бясшумна пакалыхваўся ў чыстым блакіце неба, то сціскаючыся, то расцягваючыся зноў, паволі плыў усё далей і далей. Яшчэ хвіліна, другая - і ён зусім знікне з вачэй, растворыцца ў гэтай блакітнай бясконцай прасторы...

«Куды ж вы, жоравы? Вярніцеся, чуеце!.. - хочацца крыкнуць мне ім услед, але крык чамусьці перасядае ў горле, і я толькі бязгучна шапчу губамі: - Вярніцеся, жоравы...»

Нечакана ад ланцужка аддзяляецца маленькая чорная кропка і, як бы завісшы на месцы, стала рухацца ў адваротным кірунку, увачавідкі пачала большаць, большаць, і вось ужо я выразна бачу, што гэта вялікая, дужая птушка.

«Жу-ура! Жу-ура!..» - абрадавана, шчасліва крычу я і ўздымаю рукі насустрач.

Распасцёршы шырокія крылы, птушка робіць нада мной некалькі плаўных кругоў. Нарэшце пралятае зусім нізка-нізка, ажно чуваць, як шорхае пад крыламі паветра, садзіцца побач.

«Жура, жура... - кідаюся я да яе. - Харошая мая, слаўная...»

Птушка не ўцякае, толькі крыху насцярожана, недаверліва-пільна глядзіць на мяне сваім чорным, з залацістым абадком вокам.

Я апускаюся перад ёй на калені і асцярожна працягваю руку, гладжу халодныя, гладкія, шэра-перламутравыя крылы, пругкую, пяшчотную шыю.

«Вярнулася... - шапчу птушцы ласкава, горача. - Я так доўга цябе чакаў. Я верыў, што ты абавязкова прыляціш да мяне. І вось ты са мной. Харошая мая, жаданая...»

Нібы разумеючы мае словы, птушка цягнецца ка мне дзюбаю. Гарачая хваля ўдзячнасці, замілавання, шчасця падкочвае мне пад сэрца, і мне хочацца плакаць. Глухі, даўкі ўсхліп вырываецца з маіх грудзей... Я прачынаюся.

У вачах - поўна слёз. Калоціцца, часта і гулка, сэрца.

«Ну і сон!..» - пераводжу я дыханне і кладуся на спіну, каб крыху супакоіцца.

У пакоі цёмна і ціха. Спяць, соладка пацмокваючы ў сне, хлопцы. За акном у бляклым, настылым небе холадна мігцяць далёкія зоры.

Сон больш не ідзе. Думкі мае, як я іх ні ганю, зноў вяртаюцца да Надзі. Прыгадваецца шмат чаго - і добрага і кепскага, што было паміж намі за гэтыя пяць гадоў. Першы сарамлівы позірк. Першы пацалунак. Першая нязгода...

Перад вачыма нечакана паўстае, як жывы, адзін даўні эпізод.

Было гэта, здаецца, на яе першых вакацыях. Я тады працаваў у раённай газеце і на выхадныя прыехаў дадому на рэдакцыйным матацыкле. Помню, стаяў цёплы, сонечны дзень. Лета сама што ўбіралася ў сілу. Усё наўкол квітнела, бушавала - і кветкі, і травы. Навакольныя лясы ажно расколваліся ад птушыных песень. Грэх было сядзець у такую пару дома. Я заехаў да Надзі і прапанаваў махнуць у Сунічны бор - ягад паглядзець, сасновым паветрам падыхаць.

- Ага, якраз. Толькі цябе і чакалі тыя суніцы, - астудзіла яна мяне сваёй насмешліва-іранічнай усмешкай. - Ды іх даўно ўжо, яшчэ зялёнымі, пабралі.

- Ну і што?.. - зніякавеў я. - Мы ж вядро збіраць не будзем. Пакаштаваць толькі...

- Ну і едзь, калі табе так захацелася. А мне ў такую гарачыню трэсціся на тваім матацыкле невялікая ахвота.

Яна ўзяла са стала кніжку і дэманстратыўна пачала чытаць.

- Ну, не хочаш у Сунічны бор, давай куды-небудзь яшчэ... - І раптам, успомніўшы, як швагер расказваў, што ён днямі быў на Далёкай пойме і бачыў жураўліны карагод, абрадавана сказаў Надзі: - Едзем тады глядзець журавоў!

Яна пырснула смехам:

- Ой, не магу!.. Якіх яшчэ журавоў, дзе?

- На Далёкай пойме...

- На Далёкай пойме, - перадражніла яна мяне. - І ты хочаш, каб я паперлася з табою ў гэтае балота? За дзесяць кіламетраў? Ты думаеш, што гаворыш?

- Ну, дапусцім, не дзесяць, а толькі пяць...

- І пасля, каб ты ведаў: журавель занадта асцярожная птушка, яе не так проста ўбачыць.

- А раптам нам пашанцуе?

- Ну што ты за чалавек! - раздражнёна, ужо амаль са злосцю сказала Надзя. - Прыдумае абы-што і яшчэ ўпарціцца...

На Далёкую пойму ў той дзень я ўсё-такі з'ездзіў. Адзін. Хацелася даказаць ёй, што журавы - не мая выдумка, а жывая рэальнасць, і хай, калі ласка, не думае, што я гаварыў абы-што...

Аднак ці то я позна прыехаў (быў якраз поўдзень, самая спякота), ці то не знайшоў таго запаветнага месца, пра якое расказваў швагер, але, праплёхаўшы некалькі гадзін вакол балота (якое чамусьці называлася Далёкаю поймай) і вымакшы амаль па пояс, я так нічога і не ўбачыў.

«Ну і што? Ну і што?! - ледзь не плачучы ад крыўды, даказваў я не то самому сабе, не то ёй. - Усё роўна я знайду іх. Знайду!»

Журавоў я ўбачыў недзе праз тыдзень. Мы паехалі на Далёкую пойму грэбці сена, і калі выносілі яго на сухое, швагер раптам спыніўся, сказаў шэптам:

- Глядзі!..

Метраў за дзвесце ад нас, сярод рэдкіх кустоў, дзве попельна-шэрыя высокія птушкі моўчкі, як бы ў задуменні, стаялі на купіне.

- Журавы-ы...

Аднак разгледзець іх больш уважліва я не паспеў. Нешта напалохала птушак, яны ўзмахнулі крыламі і тут жа схаваліся ў драбналессі. Як мне ні хацелася сказаць аб гэтым Надзі, але крыўда на яе была такой моцнай, што я тады не стаў нічога гаварыць. Сказаў ужо многа пазней, калі аднойчы мы разам з ёю назіралі, як жураўліны клін высока над намі ляцеў у вырай...

Як даўно ўсё гэта было! Можа, цэлая вечнасць. А як усё помніцца - ярка, да драбніц. І ці забудзецца калі наогул?

Ах, Надзя-Надзя...

Здаецца, я так і не зразумеў яе да канца. Дарма кажуць, што каханне дапамагае ўбачыць, спасцігнуць тое, што раўнадушнаму позірку ніколі б не адкрылася. Не дапамагае яно - асляпляе!

Я не вінавачу Надзю, дый не маю, напэўна, права вінаваціць яе ў чым-небудзь. Хоць часам, у адчаі, калі боль і сум становяцца невыноснымі, я праклінаю той міг, калі ўпершыню ўбачыў яе, той дзень, з якога ўсё пачалося. Навошта яна прыехала ў нашу вёску, прыйшла вучыцца ў нашу школу?! Не было б яе - і не ведаў бы я гэтых бясконцых душэўных пакут.

Але калі астываю - думаю інакш. Я не шкадую, што ўсё гэта было. Надзя не пайшла з майго жыцця бясследна. Яна многае, вельмі многае мне дала. Яна назаўсёды пакінула мне свае крынічна-ізумрудныя, згарэзлівымі іскрынкамі вочы, сваю стрыманую, заўжды такую выразную, шматзначную ўсмешку. Яна першая абудзіла маё сэрца, прачыніла дзверы ў самую дзівосную, самую чароўную таямніцу - каханне. Калі я быў побач з ёю, я забываўся на ўсё. Вакол былі музыка, блакітны туман, незвычайная казка. Я спазнаў найвышэйшую паэзію, самую светлую радасць, якая толькі можа быць на зямлі. Я дакрануўся да цуда. Я быў фантастычна багаты. І гэта багацце, гэты неацэнны скарб застанецца са мной ужо назаўсёды.

А чаго ж мне ўсё-такі шкада? Напэўна, таго, што казка мая так і засталася толькі маёй, што яна часта азмрочвалася прыкрымі крыўдамі, непаразуменнямі, а цяпер вось абарвалася і зусім. І ўсё тое, што ўзялося было, закрасавала ў маёй душы, як дружная рунь на маладым полі, прыйдзецца цяпер бязжаласна глушыць, вырываць з карэннем...

Што зробіш? Значыць, сваё сапраўднае шчасце я не сустрэў яшчэ. Значыць, мой журавель недзе яшчэ чакае мяне. І як бы мне ні было цяпер цяжка, я веру ў гэта, веру, што ўрэшце адшукаю сваю запаветную птушку...

З гэтымі думкамі, супакоены, прасветлены, я засынаю.

  * * *

Мы якраз узяліся накрываць навагодні стол, калі ў пакой зазірнуў дзяжурны:

- Палескі, цябе там унізе чакаюць.

«Хто б гэта мог быць?» - здзіўлена думаў я, збягаючы па прыступках.

У вестыбюлі, дзе ўжо стаяла высокая пушыстая ёлка, упрыгожаная бліскучымі цацкамі, нікога, аднак, не было. Толькі купка дзяўчат-першакурсніц заканчвала падвешваць на доўгіх нітках кавалачкі ваты. «Разыгралі, ці што?» - хацеў я павярнуцца ўжо назад і ў гэты момант пачуў:

- Жэня!

З-за ёлкі, сарамліва ўсміхаючыся, выйшла...

- Ларыса! - здзіўлена выгукнуў я і абрадавана пайшоў ёй насустрач. - А я гляджу - няма нікога, думаў, пажартавалі хлопцы...

- Гэта я знарок схавалася: убачыш ці не?

Яна глядзела на мяне гулліва, гарэзліва. На пачырванелых ад марозу шчоках весела смяяліся дзве знаёмыя ямачкі. Ніколі б не падумаў, што мне так прыемна, так радасна будзе ўбачыць яе зноў.

- Лорка, якая ж ты малайчына, што прыехала! Знайшла нас адразу?

- Канечне! - ужо больш смела сказала яна, як бы падбадзёраная тым, што я так шчыра абрадаваўся яе прыходу. - У мяне ж тут, непадалёку, брат жыве, і я заўсёды іду да яго міма вашага інтэрната.

- Дык ты ў брата сёння ўжо была?

- Ага.

- Ну і цудоўна! Пайшлі тады наверх. У нас ужо і стол накрыты, усё гатова...

- Не, не! - амаль спалохана закруціла галавою Ларыса. - Я толькі на хвіліначку. Павіншаваць з Новым годам... Мяне ж там чакаюць.

- Ну як жа так? - разгубіўся я, адчуваючы, як радасць мая імгненна ападае, гасне. - Хто цябе там чакае?

- Як - хто? Брат, яго госці. Я ж выбегла толькі ў краму, на хвіліначку.

- Ну і чорт з ёй, з гэтай крамай! Абыдуцца. Давай вось зараз патэлефануем, што ты не зможаш прыйсці, - і ўсё.

- Куды патэлефануем? Там жа і тэлефона няма. І пасля - нялоўка, нядобра будзе, калі не прыйду. Я ж нічога нікому не сказала...

- Ай! - нахмурыўся я ад нечаканай прыкрасці. - Ну няўжо ты не магла прыйсці раней, днём? Мы б пра ўсё дамовіліся. А так?

- Жэнька, ну не крыўдуй. Я хацела прыйсці, але...

- Што «але»?

- Пасаромелася...

- Ну вось, а цяпер што рабіць?

- Нічога. Я ж у Менску буду ўсе вакацыі. Убачымся заўтра.

Яна так хораша, так ласкава і так вінавата глядзела на мяне, што я не вытрымаў, усміхнуўся зноў:

- Ну, ладна. А заўтра прыйдзеш?

- Прыйду... - кіўнула яна галавой, і позірк яе сказаў мне куды больш, чым словы.

Па лесвіцы наверх я ляцеў як на крылах. Прадчуванне нечага незвычайнага, радаснага, шчасліва-чароўнага ажыло, затрапятала ў маёй душы.

Перад дзвярыма свайго пакоя я прыпыніўся, зірнуў на гадзіннік.

Да Новага года заставалася некалькі хвілін.