Заклінаю ад кулі [Уладзімір Дамашэвіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Шчасце не месцілася ў грудзях у старое Хвядоры...

Толькі сцямнела, як нехта затупаў у сенцах, адразу знайшоў клямку і пераступіў парог.

— Добры вечар... Хто тут жывы? — спытаў мужчынскі голас.

Маці адразу пазнала гэты голас, хоць быў ён нейкі прастуджаны, хрыпаты, нават нясмелы. Яна кінулася да сына.

— Антоська, дзіцятка маё роднае... І ты прыйшоў! Слава госпаду! І нідзе нічога, цэлы, не паранены? — ужо з трывогаю ў голасе пыталася яна, не выпускаючы яго з абдымкаў і цалуючы ў калючы аброслы твар.

Усе ў хаце заварушыліся. Шарая гадзіна скончылася ў адзін момант. Увішны Васіль пачаў шукаць запалак на прыпечку, каб запаліць лямпу, але Кірэй, старэйшы і больш разважлівы, перабіў яго і сказаў матцы:

— Завесь вокны, маці. Люба, памажы.

Маці з дачкою пачалі збіраць дзяружкі. Пакуль яны вазіліся з вокнамі, Кірэй падышоў да брата, страсянуў яго руку, прытуліў да сябе і моцна пастукаў яго па плячах, нібы прабуючы на слых, які гук выдае яго цела — ці здаровае, ці не трупціць.

— Як маешся, братка? — радасным голасам, у якім чуваць былі слёзы, спытаў ён малодшага брата.

— Кірэй... Як ты вырваўся адтуль, з таго пекла? — Антось у цемнаце сіліўся разгледзець брата.— Адзін нос у цябе застаўся, ды і той яшчэ больш загнуўся і высах. Мусіць, соладка прыйшлося...

— Усяго хапіла.

Тым часам маці з дачкою завесілі вокны: тры акны — дзве дзяружкі і цёплая хустка. Васіль дрыжачымі рукамі запаліў лямпу.

— Знаёмцеся,— жартаўліва сказаў Кірэй і стукнуў Васіля па плячы.

Кірэй, высокі, тонкі, з кручкаватым носам, з-пад насупленых чорных броваў любаваўся сваімі малодшымі братамі, якія былі амаль аднаго росту, толькі Антось быў шырэйшы ў плячах і паясніцы, а Васіль яшчэ не паспеў акрыяць — яму ішоў дзевятнаццаты год.

Маці, спяшаючыся, збірала на стол.

— А гэтую паненку пазнаеш? — зноў жартам сказаў Кірэй, падводзячы да Антося Любу, якая стаяла ля парога і нібы баялася парушыць радасць сустрэчы.

Антось развёў рукі, абхапіў Любу і падняў чуць не да столі.

— Вяліка расці! — ён засмяяўся, лёгка паставіў яе на ногі і сказаў да Кірэя: — Я то што — бачыў іх якога паўгода назад, а ты? Гэта ж, здаецца, якраз чатыры гады. Ці пазнаў іх?

— А як жа. Адна парода...

— Ну, чаго вы пасталі сярод хаты, як слупы,— сярдзітым голасам, як некалі на малых, закрычала маці.— Хлопец, можа, не еў тры дні, а вы балабоніце абы-што. Садзецеся за стол, будзем вячэраць.

Антось скінуў стары пінжак, закасаў рукавы картовае рубашкі. Люба палівала яму на рукі, а ён нагінаўся да самага цабэрка са свіною бульбаю і пырхаў, цёр шыю і аж крактаў ад асалоды. Пасля доўга выціраўся перабіраным ручніком, які маці знарок для яго дастала з кубла, з самага дна.

— Барада ў цябе, як у партызана,— абазваўся першы раз Васіль і пачырванеў.— Можа, хочаш пагаліцца? Я зараз прыбяру ўсё,— сказаў ён Антосю.

Але зноў умяшалася маці.

— Што ты, здурэў? Чалавек з голаду аж сланяецца, а ён — галіцца. Я ось табе зараз пагалюся. Паспее, хай павячэрае.

«Як у партызана»,— паўтарыў сам сабе Антось і спытаў:

— А ці ты бачыў тых партызанаў, што кажаш пра бараду?

Васіль збіраўся нешта сказаць, але Кірэй апярэдзіў яго.

— Ён мне галаву прадзёўб сваімі партызанамі. За гэтыя два тыдні, што я тут, ён спакою не дае — хадзем і хадзем. Кажа, тут блізка, у Налібоках. У Подзішчах бываюць, але толькі праездам — малы лес, баяцца.

Маці адразу насцярожылася. Ёй заўсёды рабілася не па сабе, калі сыны заводзілі такую гутарку. Ці мала яны нагараваліся? А цяпер яшчэ самі шукаюць бяды на сваю галаву. Ах, сынкі, сынкі!.. Ці была яна хоць год спакойная за іх? Ні разу! Толькі стаў на ногі Кірэй — забралі паны ў турму за палітыку. Адсядзеў тры гадкі — пайшоў у салдаты. Тут вайна з немцамі — прапаў, як у ваду ўпаў. Праўда, пасля верасня трохі супачыла душою. Сыны Антось, Васіль, дачка Любка пайшлі вучыцца, хоць і цяжка было і гаспадарку весці і вучобу глядзець. Ды гэтыя паўтара гады прайшлі як адзін дзень. Зноў навала, яшчэ большая — немец вайною пайшоў. Серадольшага, Антося, узялі па прызыву яшчэ да вайны, а адступалі нашы — падаўся з імі самы малодшы, Васіль, яшчэ зусім дзіця, здаецца, нядаўна без портак бегаў. Як было мацеры пераносіць, што дзеці паразляталіся, быццам птушкі?

Але вярнуўся Васіль — адрэзалі іх, не далі прабіцца да сваіх. Ды ці доўга пасядзеў спакойна? Ачомаўся крыху — зноў за сваё: пайду ў партызаны...

Адно да аднаго. Тут праз які час вярнуўся Кірэй. Ці магла думаць старая маці, што ўгледзіць сына? Малая была надзея... Аднак сэрца яе як чула, што сын жывы, што, можа, і прыйдзе калі, але не верылася, што сама яна дажыве, дачакае тае пары. Гора падкошвае чалавека, як каса