Дом над морам [Іван Навуменка] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Па ўзбярэжжы цягнуліся дачы. Белы дом, на шостым паверсе якога мы аблюбавалі пакой пад назіральны пункт, высіўся на самым беразе вузкага, нібы высунуты язык, заліва, якім мора ўядалася ў пясчаную нямецкую зямлю.

Тэрмас з супам прынёс нам пад вечар старшына Нізкалобаў.

Сіняя фуфайка і брыджы старшыны былі ў пяску: адкрыты пляж абстрэльвалі, і метраў дзвесце прыходзілася паўзці на жываце.

У гэтым курортным доме над морам мы жылі ў вялікай раскошы, пябачанай за ўсю вайну. Не такая ўжо цяжкая справа наглядаць за праціўнікам пад аховай тоўстых сцен і перадаваць звесткі па тэлефоне.

— Ахтунг! Танкі! — скамандаваў памкамузвода Смірноў, калі каржакаватая постаць Нізкалобава паказалася ў праёме дзвярэй,— Мерзлякоў застаецца ля стэрэатрубы, астатнія ў гасціную!

Мерзлякоў, які толькі што пачаў дзяжурыць, быў незадаволены.

— Мне няма? — спытаў ён на ўсякі выпадак у старшыны, прымошчваючыся на мяккім, пружыністым крэсле ля акна.

— Ад вашай прэкрасный Елена вы атрымалі ўчора, — напомніў старшына, — На кожны дзень дзевушка нехапае пачуццяў.

Нізкалрбаў, чуваш, хмуры і змрочны з выгляду, любіў гаварыць павучальна.

Мы перайшлі ў «гасціную», пакой, які сваімі вокнамі выходзіў толькі на мора. Бяспека тут была паўнейшая, выключаючы прамое пападанне снарада ці бомбы. Зацягнулі вокны самаробнымі жалюзі з чорнай траскучай паперы і запалілі дзесяць свечак.

— Ілюмінацыя з прычыны прыбыцця ў наш горад імператара Хірахіта, — сказаў Смірноў.

Смірноў жартаваў, мог жартаваць і старшына. Мы ж, пяцёра, стаялі з сур’ёзнымі тварамі і глядзелі на брызентавую сумку Нізкалобава. У гасціную мы прышлі не дзеля супу, што плёскаўся ў дваццацілітровым тэрмасе.

Нізкалобаў ведаў, што нам трэба, але марудзіў. Ён сеў на мяккі пуф, выцер насоўкай чырвоны, спацелы твар і закурыў.

— Не цягні жылы, старшына,— сказаў Філімонаў.— Давай буду танцаваць.

— Табе няма. Твой Дашка яшчэ піша...

Астатнія не адважыліся выпрабоўваць лёс.

Памкамузвода Смірноў лёг на двухспальны дубовы ложак і барабаніў абцасамі па падлозе. Ён атрымліваў лісты толькі ад маці і сястры і быў спакойны.

Старшына сядзеў і курыў. Мы стаялі і чакалі. Нашаму цярпенню прыходзіў канец.

— Сёння кавалеры ордэна «Славы» нешчаслівыя, — нарэшце прамовіў Нізкалобаў.— Мае шчасце толькі адзін кавалер. Затое я вас частую за заўтрашні Першы май...

Нізкалобаў выцягнуў з-пад палы дзве фляжкі ў мяккіх, варсістых футлярах.

— 3 вадой, ці так? — спытаў ён. — Нежанаты, сто градусаў...

Ён мог аб гэтым і не пытаць. Кавалеры ордэна «Славы» разбаўлены спірт не пілі.

— Каму шчасце? — дапытваўся Філімонаў. — Яму піць не дамо. Хопіць ліста.

— Піць усім, па чарзе. Свята...

Смірноў падняўся і схадзіў да Мерзлякова. Над залівам вісела ноч. Вясновае неба засеялі зоркі. Туману не было, люстраная гладзь затокі здавалася чорнай. Процілеглы бераг маўчаў.

— Філімонаву і Серадзе не піць,—вярнуўшыся, загадаў Смірноў.— Зменіце Мерзлякова апоўначы. Чарга дзяжурыць Булавенку, але ён будзе іграць. Заступіць раніцай.

— Булавенку і ліст, — паведаміў Нізкалобаў. — Два лісты. Ён шчаслівы.

— «И в Омске есть, и в Томске есть моя любнмая...» — заспяваў Смірноў.

— Танцуй, Булавенка! — загадаў Нізкалобаў.

Усе пачалі біць у далоні, зацягнуўшы гугнявымі галасамі вясёлы матыў. Лёня Булавенка, высокі, белабрысы, шоргаючы кірзавымі ботамі па падлозе, пайшоў па крузе.

— Упрысядкі!

Няўклюдна выкідаючы ногі, Лёня зрабіў яшчэ адзін круг.

— Танец лебедзяў першага класа, — зазначыў Нізкалобаў, аддаючы Булавенку яго два лісты.

Свечкі разлівалі мяккае, спакойнае святло. На сцяне віселі два пейзажы: вадзяны млын пад развесістай вярбой і статак кароў і авечак на лузе. На гэтым жа лузе паненкі ў белых сукенках, што раздуваліся к нізу, як парасоны, збіралі кветкі, а кучаравенькі пастушок, падобны на анёла, дзьмуў у дудачку. Ля процілеглай сцяны стаяла піяніна. Мусіць таму і пакой абралі пад гасціную. На піяніна іграў Булавенка, выхаванец дзіцячага дома.

Святочны выгляд гасцінай псавалі абшарпаныя плашч-палаткі і зялёныя з чорнымі крапінамі маскхалаты, кінутыя на спінкі крэслаў. Аўтаматы сціпла прытуліліся ў кутку. Танканогі кафейны столік, на якім стаяла шэсць задымленых кацялкоў, дзець было некуды, ён стаяў у самым цэнтры гасцінай.

— Піць! — загадаў Нізкалобаў. — Берлін заўтра наш. Вайны канец!..

Гэта было падобна на казку. Першамай, канец вайны. Шкада, што мы не былі цяпер у Берліне.

Лёня Булавенка не вячэраў, ён чытаў лісты. Мы ведалі, хто іх напісаў. Адзін — Каця з Дарагабужа, там полк стаяў на папаўненні, другі полька Эва-Іяланта з літоўскага гарадка Кальварыя, ля самай прускай граніцы. Гарадок мы занялі паўгода назад, восенню.

Філімонаў і Серада, павячэраўшы, пайшлі змяняць Мерзлякова, хоць маглі адпачываць яшчэ цэлую гадзіну. Але яны не хацелі сядзець проста так. Калі прышоў Мерзлякоў, адлілі яму яго норму, аставіўшы некранутым тое, што належала дзяжурным. Праз паўгадзіны ўсё перамянілася...

Старшына Нізкалобаў заплакаў. Ён плакаў заўсёды, калі выпіваў. На мяккіх нямецкіх крэслах сядзела пяцёра кавалераў «Славы», старажылаў узвода пешай разведкі, што памяталі адзін другога яшчэ са Ржэва. У разбітым Ржэве фарміравйўся полк.

— Мамедава няма! — плачучы, крычаў старшына. — Спіць у зямлі наш друг Мамедаў!..

Мамедаў быў трэцім па ліку камандзірам узвода. Яго смяротна паранілі два тыдні назад...

— Перастань, старшына, — да Нізкалобава падышоў Смірноў і паклаў яму рукі на плечы. — Ніхто нікога не забыў...

Гарэлі свечкі ў высокіх медных кандэлябрах. Недзе блізка адзін за другім разарваліся тры снарады. Прастракатала кулямётная чарга. Смірноў кінуўся да дзяжурных.

— Усё ціха, — сказаў ён, вярнуўшыся. — Баяцца гансікі. Іграй, Булавенка!..

Булавенка ўжо сядзеў за піяніна. Ён нам іграў усе ночы з таго часу, як мы пасяліліся ў белым, курортным доме над морам.

Тонкія пальцы Булавенкі бегалі па клавішах, нараджаючы мяккія акорды. Для той музыкі, якой жадалі ўсе, не хапала прывычнай абстаноўкі. Нізкалобаў гэтага не разумеў: ён не жыў апошнія шэсць дзён у белым доме над морам.

— Патушыць свечкі! — загадаў Смірноў.

Маскіроўку знялі, і тады ўсё стала на месца. Вокны гасцінай глядзелі на мора. Адтуль не стралялі. Узыходзіў месяц, і яго святло вырывала з бязмежнай марской роўнядзі шырокую сінюю паласу. На ёй гойдаліся серабрыстыя кругі. Здавалася, што пад самымі вокнамі некуды цячэ спакойная, цёплая рака. Яе хвалі з лёгкім аднастайным шумам набягалі на пясчаны бераг. Такім морам мы любаваліся ўсе апошнія ночы...

Булавенка зайграў вальс. Мы прысунулі свае крэслы да акна і глядзелі на мора. Мы ведалі адзін пра другога ўсё, нават тое, аб чым кожны ў гэтую хвіліну думае. Усе мы думалі пра дзяўчат, якія прысылалі нам на фронт трохкутнічкі. Мы ведалі, што ў іх пісалася кожнаму. За два гады наступлення мы ўсе адспавядаліся адзін перад другім душой і ў нас не было тайнаў. Траім дзяўчаты пісалі пра каханне і траім пра дружбу. Жанатых сярод нас не было. Трое кавалераў «Славы» яшчэ ні разу не цалавалі дзяўчат. Проста не паспелі. Старэйшаму было дваццаць два, малодшаму — дваццаць.

Булавенка іграў, узмахваючы рукамі, як крыламі, а мы маўчалі. У нас было лёгка і ціха на душы. Красавік нёс вясну. Зямля была чужая, але вясна па ёй ішла, як і там, на родных прасторах.

— «Аганёк»... — закамандаваў Смірноў.

Тыя, каго дзяўчаты праводзілі на вайну, маглі ўспомніць ганак, веснічкі, аганёк у знаёмым акне.



Самога Смірнова на вайну дзяўчына не праводзіла. 3 Кларай ён пазнаёміўся, калі ляжаў у шпіталю ў Пензе. У медсястры былі вялікія, нібы здзіўленыя, вочы. Гэта мы ведалі з фотакарткі. Клара здрадзіла яму вясной сорак чацвёртага, пасля таго, як Смірноў, мінуўшы перасыльныя пункты і запасны полк, вярнуўся ва ўзвод, адкуль выбыў ранены.

Спачатку Клара перастала пісаць. Потым можа на дзесятым неадказаным лісце прышла звычайная паштоўка, напісаная цвёрдым мужчынскім почыркам. У ёй невядомы Кларын муж, якога мы адразу залічылі ў інтэнданты, раіў кінуць жарты і не турбаваць яго жонкі. Пасля Клары Смірноў спяваў «Аганёк» па-другому. У яго песні дзяўчына, махнуўшы на развітанне хлапцу, што пайшоў ваяваць, у той жа вечар сядзела на ганку з другім. 3 часу здрады Клары тэма дзявочай нявернасці заняла пэўнае месца ў нашых размовах...

— «Цёмную ноч»... — папрасіў Нізкалобаў.

Паплыла мяккая, крыху журботная мелодыя. За акном была не асенняя, а светлая, вясновая ноч. Не свісталі кулі, і ў парваных правадах не шумеў вецер. Працяжна, нібы зачараванае, уздыхала мора. Яно навявала светлы сум. Мы ўспаміналі дзяўчат. Ці чакалі яны нас гэтыя доўгія мяцежныя гады? Вядома, чакалі. Можа яны, як і мы, таксама сядзелі ў гэты час ля вокан і марылі аб стрэчы...

У суцэльную лёгкадумнасць дзяўчат, нягледзячы на здраду Клары, мы не верылі. Такога не магло быць. Дзяўчаты мусілі нас чакаць. За ўсё, што мы пабачылі на вайне, мы мелі поўнае права на іх вернасць...

Плылі ў вясновую сінь за акно мяккія акорды, уздыхала мора, і, можа заслухаўшыся гэтай музыкай вясны і надзей, не падавалі свайго голасу гарматы...

Булавенка па сваёй ахвоце зайграў пра Лізавету, што не спіць да самай раніцы, чакаючы весткі ад друга. Ён хацеў нас развесяліць. Піяніна проста грымела... Пра якую толькі Лізавету думаў сам Булавенка? Яму пісалі дзве дзяўчыны. 3 імі абедзвюма Лёня быў знаёмы па аднаму дню. Полька Эва-Іяланта не вельмі добра валодала рускай мовай, і ў сваіх лістах яна называла Булавенку «Лоняй».

Старшына Нізкалобаў заснуў у мяккім крэсле пад музыку Булавенкі. Гэта мы выявілі толькі тады, калі канцэрт кончыўся і калі, задрапіраваўшы вокны маскіровачнымі жалюзі, зноў запалілі ў гасцінай свечкі. На якой толькі песні старшына заснуў? Урэшце, гэта не мела значэння. Пра дзяўчат ён не думаў, бо меў жонку, дзяцей, дом. Старшына, мабыць, лепш за нас разумеў, што ноч дадзена на тое, каб спаць.

3 раніцы, адбыўшы сваю чаргу на назіральным пункце, Булавенка спаць не лёг. Ён быў узбуджаны і вясёлы. У той час, калі ўсе спалі, ён пісаў лісты.

Дзень быў па-сапраўднаму майскі. Свяціла сонца, і тысячай усмешак яму адказвала мора. Яго бяскрайняя шырыня ўдалечыні злівалася з небам. Над люстранай гладдзю вады насіліся чайкі. Рэдка пастрэльвала наша артылерыя, і яшчэ радзей адгукаліся немцы. Сыпануў цёплы майскі лівень і перастаў гэтак жа нечакана, як і пачаўся. Пад вокнамі дачы ярка зазелянелі газоны.

У поўдзень трэба было аднесці афіцэру разведкі карту, на якую мы штодня наносілі новыя агнявыя пункты праціўніка. Ісці ў штаб папрасіўся Булавенка. Праз некалькі хвілін яго забіла асколкам снарада пад самымі вокнамі белага дома, на пясчаным пляжы.

Хавалі сябра на другі дзень. У сасонніку, што вырас на сыпучых марскіх дзюнах, мы аздобілі магілу Булавенкі лепш, чым тых, хто загінуў раней. Спяшацца не трэба было, вайна канчалася...

Булавенкавы «Славы» другой і трэцяй ступені спачатку не ведалі, куды паслаць: бацькоў у Лёні не было. Зампаліт загадаў выслаць узнагароды на дзіцячы дом.

У брызентавай сумцы Булавенкі мы знайшлі ўсе лісты, якія пісалі яму Каця з Дарагабужа і Эва-Іяланта з літоўскага гарадка Кальварыі. Там ляжалі і два неадасланыя булавенкавы трохкутнічкі. Іх мы дзяўчатам не паслалі. У іх Лёня пісаў толькі пра тое, што вайна канчаецца. У адным лісце ён абяцаў заехаць у Кальварыю, у другім — у Дарагабуж.

Пасля смерці Булавенкі мы заўважылі тое, чаго не заўважалі раней. На фотакартках Эва-Іяланта і Каця былі вельмі падобныя адна на другую. Можна было падумаць, што яны сёстры. Мы напісалі кожнай, што Булавенка яе любіў.