Гэй бэн гіном [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



 




І

Першага ліпеня 1942 года, прачнуўшыся з ранішнім сном, у якім убачыўся яму Хрыстос, Іван Луцэвіч чыста пагаліўся, папырскаўся адэкалонам "Духмяны гарошак", надзеў белую кашулю з цёмна-чырвонымі агатавымі запінкамі, апрануў цёмна-карычневы, тонкага сукна ангельскі гарнітур, абуўся ў новыя карычневыя на тонкай скураной падэшве чаравікі, павязаў светла-шэры з цёмна-чырвонай агатавай шпількай гальштук, сунуў у заднюю кішэню штаноў карычневую з чырвонай аблямоўкай насоўку, у левую ўнутраную кішэню пінжака - чорны скураны партманэт з харчовымі карткамі на ліпень, пасведчанне сябра Саюза савецкіх пісьменнікаў і верш-улётку "Беларускія сыны", у правую - яшчэ адзін скураны партманэт, карычневы з абанементам у сталовую літэр "А", нататнік і аловак з пазалочаным наканечнікам, размеркаваў па бакавых кішэнях партабак з тытунём "Эліт", пушачку з папяроснай паперай, запальнічку, пачаты пачак ізафеніну і, зачыніўшы за сабой дзверы нумара 414 гатэля "Масква", выправіўся ў Саюз савецкіх пісьменнікаў, каб паглядзець, як там яго будуць хаваць, бо тры дні таму, вечарам у нядзелю яго не стала.

Спусціўся ўніз на ліфце. Яму падабаўся ліфт у гэтым гатэлі: хуткі, мяккі.

"Іван Дамінікавіч! - гукнула яго адміністратарка і падала газету "Известия". - Тут пра вас".

"Дзякуй, - сказаў ён. - Я чытаў".

Такая ж газета з некралогам "Памяці Янкі Купалы" засталася на тумбачцы ў 414-м нумары.

Трызна была прызначаная на тры гадзіны, але ён вырашыў выйсці раней, прагуляцца па Маскве - калі яшчэ давядзецца?..

Дзень быў па-летняму ўтульны. Ён любіў такія мяккія летнія дні, калі сонца не пякло, а лашчыла, і паветра, прахалодна-празрыстае, пераламлялася, як крынічная вада ў крышталёвай шклянцы, і ўсё наўкол іскрылася, і ясным было ўсё да донца.

Колькі ў яго такіх дзён было?.. Палова? Траціна?.. Дзе там!.. На той зямлі, на якой пражыў ён свае шэсцьдзясят гадоў, не надта сонечна. Так што ясных дзён выпала ў жыцці няшмат. А па смерці такі першы выпаў. І добра, што серада.

Ён не задумваўся над тым, чаму добра, што серада - проста з усіх назваў дзён тыдня яму найбольш падабалася гэтая. Якая пасярэдзіне. І ён крочыў скрозь ясны дзень, скрозь сераду і радаваўся, не задумваючыся, з чаго, чаму?..

Пры жыцці гэтак радавацца рэдка яму ўдавалася, бо амаль заўсёды з радасці ўзнікала вострае адчуванне імгненнасці, матыльковай мімалётнасці жыцця, а праз тое страх, што яшчэ адзін матыльковы ўзмах - і ўсё скончыцца. Страх смерці. А тут вось яна, смерць, у табе, ты ў ёй - і няма чаго баяцца.

Ён нязвыкла сябе пачуваў. Пазачасава і пазасветна. Там, у тым свеце, дзе ён пакінуў жыццё, быў час мінулы, цяперашні, будучы. Былі гады, месяцы, тыдні, дні…

Няспраўджаныя спадзяванні.

Пра няспраўджаныя спадзяванні казаў у ранішнім сне Хрыстос. Казаў, што не страціў веры ў тое, што будзе Божы суд і царства Божае настане, але не тады, калі Ён прарочыў. Што спадзяванні Ягоныя не спраўдзіліся. "Як і твае, - ужо выходзячы са сну, у якім з’явіўся, сказаў Ісус. - Не ўсё спраўджваецца не толькі ў людзей, але і ў Бога".

Чаму Ён прысніўся не ў жыцці, а ў смерці?.. Ці гэта не смерць?

Пра тыя гады, месяцы, дні, якія былі да апошніх сноў, Купала помніў. Але цяпер іх, асобных гадоў, месяцаў, дзён не было - усе часы былі ў адным часе. І нельга сказаць, што ў цяперашнім. Час гэты ўвогуле немагчыма было вызначыць, яго як бы не існавала. Нагэтулькі не існавала, нібы ён не пачынаўся і не сканчаўся, не мог пачацца і скончыцца - і Купала падумаў, што гэта вечнасць.

Бог прысніўся ў вечнасці?..

Вечнасць прыснілася ў Ім?..

Як раней, так і цяпер ён уявіць не мог, што такое вечнасць, але падумаў пра яе, бо, мусіць, толькі ў вечнасці можна сябе гэтак пачуваць. Ясна і бясстрашна.

Усе апошнія гады ён пражыў у страху, які ціснуў то мацней, то слабей, але не адпускаў. Гэта высмоктвала, выбірала ўсе сілы, і ўрэшце ён адчуў, што ўжо не столькі збаяўся, колькі стаміўся баяцца. Вось тады і стала яму ўсё адно, што з ім будзе далей.

А што далей будзе?..

Хрыстос казаў, што таксама не ведаў, што з Ім будзе далей. Бо да таго, як стаць Богам, быў паэтам.

Калі становился Богам, паэтам быць ужо не можаш?..

Ягоныя вершы сталі казаннямі ды прароцтвамі? І Святое пісанне - гэта вершы Ягоныя, перапісаныя прарокамі?..

"Я напісаў верш пра Божы агонь, які не гасне ў вадзе. Прачытаў яго падарожніку, і ён сказаў, што я паэт, і што шлях мой на Іярдан да прарока", - успомнілася прамоўленае Хрыстом, які казаў яшчэ пра дом, пра маці, пра тых, каго любіў і ад каго сышоў, не развітаўшыся, бо быў пакліканы.

Калі ты пакліканы, ты мусіш усіх пакінуць?..

Можа, павярнуць да Ільінкі - і на Кацельніцкую? Развітацца па-людску. У той вечар, калі яго не стала, гэтак не