Зямля не раскажа [Алесь Савіцкі] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]







1

Рэната падхапілася, як падкінутая густым тоўханнем прыглушаных выбухаў; човен, прыкуты ланцугом да вялікага карча на беразе, загайдаўся, і яна не ўтрымалася на нагах, шмякнулася на капу прапаласканай бялізны, што ляжала на лавачцы, і, моцна сціскаючы сынаву кашулю, якую яна не выпусціла з рукі, спуджана глядзела перад сабою. Паветра трымцела, быццам сыпалася аднекуль з высі дробная зіхотная луска, і за дробным і дрогкім сяйвом яе выгіналася сляпучая ад ранішняга сонца плынь Дзвіны, гайдаліся сівыя, не па-ліпеньску густыя палыны на рачным узвале, трымцелі старыя бярозы і сінія і роўныя, як падстрыжаныя, сосны на супрацьлеглым беразе ўправа ад пакатага пагорка.

Наважылася паглядзець назад, на сваю хату, парывіста павярнулася, і човен зноў гайдануўся, і разам з ім дугнулася крутое высокае замчышча, белыя царкоўныя муры на ім захісталіся, бы валіліся ў раку.

«Бомбы! Узарваліся недзе за гэтымі мурамі, і яны развальваюцца!..»

Ад спуду Рэната ўчапілася рукамі ў борт чоўна, моцна заплюшчыла вочы, уся сцялася ў чаканні, што зараз каменне заваліць яе. Але каменне не падала. Пад левай рукою была халодная сынава кашуля, а пад правай — цёплы, угрэты сонцам борт чоўна, і ад яе, гэтай цеплыні, праясніваліся думкі, спадаў з душы жах. Падалося ёй усё. Не равуць жа самалёты. А грыміць гэта кананада. Аціхла была на досвітку, а цяпер усчалася зноў, недзе зусім блізка грыміць, быццам выкатваецца на бераг з вады.

Рэната, услухоўваючыся, памалу адкрыла вочы. Усё на месцы, усё мае свой звычайны выгляд: за плотам, што ідзе па-над самым узвалам, зеляняцца яблыні і за шатамі іх бялее шалёўка Рэнацінай хаты пад новым гонтавым дахам; роўна выносяцца ўвысь царкоўныя муры на замчышчы; нерухома сагнуліся старыя бярозы на супрацьлеглым беразе ракі, нерухома выпнуўся пакаты пагорак, парослы нізкімі чорна-сінімі соснамі; толькі паціху варушацца попельныя палыны ля вады ды рухава і зырка зіхаціць срэбны трохкутнічак рабаціння пасярэдзіне Дзвіны.

«І як жа звонка цурчыць вада, што сцякае з кашулькі...»

Рэната перасела на сухое месца на лавачцы чоўна, узялася за мокрую сынаву кашульку аберуч. Але не паласкала, сядзела, адчуваючы цеплыню ўгрэтай сонцам лавачкі. Цяпер, калі жах адступіў і яна на міг супыніла сваю працу, у яе адразу занылі ад стомы рукі, заламала ў спіне і ў паясніцы. Нічога не здарыцца, калі хвілінку нейкую яна і перадыхне. З учарашняга дня, з тае мінуты, як стала вядома, што яе сям’я, як сям’я ваеннаслужачага, уключана ў спісы на эвакуацыю ў першую чаргу і што даецца на падрыхтоўку дваццаць чатыры гадзіны, Рэната не прысела ні на хвілінку, работай заганяла і маці і дзяцей і нават братавай дыхнуць не дала. Пасыльны з ваенкамата сказаў, што эшалон адправіцца сёння ўночы, а дванаццатай гадзіне, параіў не пазніцца, лішніх рэчаў з сабою не браць — толькі тое, што на сабе данесці можна. А як пачала Рэната прыкідваць ды пакаваць — і канца-краю зборам няма, не злічыш хатулёў і клункаў: і тое трэба, і без гэтага не абысціся, і тое, што з сабою цягнеш, патрэбна, і тое, што пакідаеш, дык яшчэ больш, і шкада дужа. Дапамог сусед Лявон Бохач, чалавек, умудроны жыццём, які вайну ведае не па кніжках — інвалідам пасля фінскай кулі застаўся: ходзіць накульгваючы. Ён і параіў: узяць з сабою адзенне, грошы, найбольш каштоўныя рэчы — і каб не цяжкія! А ўсё астатняе, што нечага варта,— прыхаваць. І не ў хаце, а пад паветкаю, на дрывотні.

Да раніцы тая схованка была зроблена: у яму, абкладзеную аполкамі, знеслі хатні набытак, закрылі дошкамі, цыратаю, прысыпалі зямлёю і добра замаскавалі: чужы чалавек не знойдзе, агонь не дабярэцца, вада не залье. Мароз, праўда, калі зямлю падцісне... Але ж да тых маразоў скончыцца бежанства, і фашысты будуць разбітыя, і Рэната з дзецьмі вернецца назад у сваю хату... Усё, здаецца, яна, Рэната, робіць правільна. Каб жа ж усё! Навошта яна раніцою дазволіла сыну, Алесю, ехаць з суседам на рыбалку? Але ж Бохачу калі загарыцца!.. Паставіў шнуры на ноч, а ранкам падбіў малога паехаць і падняць: на дарогу, маўляў, сабе рыбіну засмажыш ці засоліш...

Рэната з трывогаю агледзела раку. Ля павароткі, здаецца, човен сунецца. Абрысы, праўда, зліваюцца з лазнякамі на беразе — не адразу і распазнаеш колер. Здаецца, блакітны. Падобна, што вяртаюцца яны. Так што дарэмна яна непакоілася: на рацэ Бохач вырас, днюе і начуе, можна сказаць, на вадзе, і човен у яго надзейны... Дый, па праўдзе кажучы, і рыбіну ў дарогу ўзяць не пашкодзіць — не на госці ж едзеш, а ў белы свет як у капеечку. І таму дужа правільна яна намысліла і бялізну дзецям памыць, каб усё чысценькае ўзяць з сабою: у вагоне ехаць — не дома, не ў сваёй хаце сядзець. А тут гэткі сухмень — праз дзве гадзіны ўсе кашулькі будуць сухенькія!..

Рэната, спяшаючыся, дапаласквала бялізну. Цяпер, калі яна нізка сагнулася над вадою, кананада як бы яшчэ больш памацнела, зрабілася выразнай, але была не суцэльная, як учора ўдзень і ўвечары і сёння на досвітку, а як бы разарваная на няроўныя часткі: здавалася, што іх увесь час нехта складае ў адзін ланцуг, а ён развальваецца з грукатам, звініць, грукоча.

Выкруціўшы сынаву кашулю, Рэната трымала яе ў руцэ, услухоўвалася ў глухое грымоцце і здрыганулася, пачуўшы за спінаю звонкі голас дачкі:

— Ма-а-ама! Ма-а-амачка!

Валя выбегла з весніц, патрэсла рукою ў паветры і таропка заскакала па прыступках, выразаных рыдлёўкаю ў гліністым касагоры. Адчыненыя весніцы гайдаліся ад ветру, то адкрываючы, то захінаючы куток зашклёнай тэрасы. Як хтосьці сноўдаецца там на тэрасе, захінае вузкія шыбы. І нейкія дзіўныя парабіліся шыбы, як полымя ў іх — блісь, блісь.

Рэната кінула бялізну на лавачку, скочыла на бераг.

— Што там, Валечка?

Валя падбегла да чоўна, села на ланцуг, гушкалася на ім і, прыставіўшы далонь да броваў, глядзела ў той бок, дзе Дзвіна рабіла паваротку,— там цяпер добра быў відзён блакітны човен.

— Е-едуць на-а-шы ры-ба-кі,— прамовіла, як праспявала, Валя.— Мамачка, Бохачаў човен! Наш Алесь вяслуе!

Весніцы цяпер не гайдаліся — вецер прыціснуў іх да плота,— было добра відаць, што ўсе шыбы на тэрасе цэлыя, што ніякае гэта не полымя асвятляе іх, а зіхаціць шкло ад сонечных промняў, і зусім блізка быў блакітны Бохачаў човен. Але адчуванне трывогі не праходзіла, і гэты вясёлы Валін галасок быў Рэнаце не па душы, і яна насварылася на дачку:

— Чаго прыбегла? Чаго Данічка кінула?

— Бабуля яго глядзіць... Не, Бохач сам вяслуе. Алесь на карме сядзіць. Ці многа, цікава, яны тамака рыбачак налавілі?

Рэната сказала строга:

— Вось зараз як гоцнешся з гэтага ланцуга. Воось будзе табе цікава,— і дадала заклапочана: —Геначкі не чутно?

— Не чутно. Ваенны там у нас.

— Які ваенны? Ты па-людску можаш гаварыць?

— Ну, той, што ўчора прыходзіў.

— Дык чаго ж ты маўчыш?

— Я ж не маўчу, пра гэта і кажу. Цётка Ніна на яго ў нашай хаце сварыцца.

— З-за чаго? Гавары толкам!

— Я нічога не ведаю. Я ў садзе была, моркву праполвала. Бабуля мне загадала бегчы, цябе паклікаць. Вокны адчынены, чуваць добра, як цётка Ніна сварыцца. А ваенны апраўдваецца.

— Пайшлі ў хату! — і тут жа, як апамятаўшыся, Рэната лагодна папрасіла: —Памажы, дочачка, бялізну дапаласкаць...

— Добра, зраблю.

Рэната прайшла колькі крокаў, на момант спынілася, гукнула дачцэ:

— І адразу тады развешвай на драціне ля плота. Там — вецер. Сохне добра.

— Ведаю, ведаю. Чыстае ты ў вядро складваеш?

— Чыстае на лаўцы. У вядры тое, што паласкаць трэба. Не чула, пра што ваенны гаварыў?

— Здаецца, нешта пра эвакуацыю.

— А можа, што з Геначкам нашым прыключылася?

— Пецька казаў, што яны на Дрэтунь паехалі. На машыне. І Генка наш тамака.

— А ты ж казала, што пра Геначку нічога не чула!

— Ты папытала, ці дома ён? Я і сказала, што нічога не чутно.

— «Я сказала, я сказала...» Цябе толькі слухай. Не баўся, глядзі, з бялізнаю,— і зноў папрасіла лагодна: — Пастарайся, Валечка, каб хутчэй.

— Паспеем. Цэлы дзень наперадзе. Ідзі спакойна, матуля.

Але Рэната не магла ісці спакойна. Лёгка дачцэ казаць, што цэлы дзень наперадзе! Дзе ж ён цэлы — полудзень жа цяпер амаль. І, мажліва, раней скажуць збірацца: няйначай па гэтай патрэбе чалавек з ваенкамата. А можа, што з Міхалам прыключылася? Ці з Геначкам?.. І навошта гэта на машыне на тую Дрэтунь пакацілі?.. Божухна, дзеці ж горкія, што Пецька гэны, што Геначка, а вось жа, у матак не папытаўшы нічога, у знішчальны атрад запісаліся, каб парашутыстаў варожых лавіць... А дзе тыя парашутысты? Два дні гойсаюць на той машыне, але ж аніводнага разу, як жаліўся Геначка, і стрэліць не давялося. І добра, што не давялося: не дзіцячая гэта забаўка, са стрэльбаю насіцца.

Амаль упрыдбег Рэната пранеслася па сцежцы, што вяла ад ракі да лесвічкі, узбегла па прыступках і, захакаўшыся, спынілася ў весніцах, схапілася рукамі за горла. Быццам павузелі грудзі, няма як дыхаць. Не, цяпер вось і палегчала, як паціскала горла, дыхаць хоць можна... А на тэрасе, здаецца, вайсковец. Падобна, што гэты з ваенкамата прыходзіў учора...

Яна спалохана глядзела на адчыненыя нахлашч дзверы тэрасы. Міхал збудаваў тэрасу — дакладней дабудаваў і пасадзіў ля яе яблыні гусценька-гусценька,— калі Рэната нарадзіла Геначку, свайго першынца, і вельмі ганарыўся, што тэраса атрымалася самай прыгожай у завулку. Густа абкружаная яблынямі — Міхал жартаваў, што гэтулькі ў іх сыноў будзе! — тэраса і сапраўды была прыгожая і ў ціхае надвор’е нават адлюстроўвалася на Дзвінскай плыні. Цяпер жа гэты ярка-жоўты колер калоў вочы, палохаў сваёй яркасцю, як крычаў пра нешта.

Калі Рэната перабегла сад і ступіла на падворак, з хаты, пераскочыўшы ганак, вылецеў мужчына ў вайсковай форме, і яна пазнала яго: так, гэты лейтэнант і прыходзіў учора. І планшэтка пад пахаю тая ж — карычневая, разбухлая ад паперы. Паводзіць сябе ён толькі неяк дзіўна: учора быў ветлівы, а сёння як і не заўважае Рэнату, павярнуўся бокам, круціць у руках фуражку з блішчастым казырком, выцірае знутры клятчастай насоўкаю.

Следам за вайскоўцам на ганак выбегла братавая, сагнулася, учапіўшыся рукамі ў балясіны, быццам збіралася сігануць цераз іх. Галава ў яе была нахілена ўправа, і пышныя кудзеркі звесіліся на правае плячо, і Рэнаце падалося, што Ніна ўдарылася аб тыя балясіны і цяпер курчыцца ад болю.

— А мне што рабіць? Што-о? — на дзіўна высокай ноце выгукнула Ніна.

— У мяне загад,— каротка кінуў лейтэнант і, схіліўшы галаву, глядзеў на таполі ля замчышча, быццам нешта ўгледзеў у густым голлі.

— А ў мяне — малая дачка на руках. Хворая. І я не хачу ў палон да фашыста ісці! Ці, можа, загадаеце ісці? Так? У мяне таксама муж у арміі ўжо! І ваюе недзе ўжо!

— Я ж тлумачу вам: у мяне — спіс. А ўсё астатняе перададзена камітэту па эвакуацыі. Туды і звярніцеся.

— Ты чуеш, Рэнечка? — Ніна саскочыла з ганка, стала перад лейтэнантам, загароджваючы яму дарогу да брамкі на вуліцу.— Ты чуеш? Мамы — няма ў спісах! Мяне з Вольгачкаю — няма ў спісах! Ён нас кідае, каб мы ў палон фашысту ішлі!

Лейтэнант пакутліва зморшчыўся, рэзкім рухам націснуў на галаву фуражку і, адступіўшы ад Ніны, убачыў Рэнату. Ён адразу пазнаў яе, павітаўся, выхапіў з-пад пахі планшэт. '

— Лейтэнант Лагуцін, калі памятаеце. У мяне ваш пропуск на эшалон,— і, шчыра радуючыся, ён адшпіліў кнопкі планшэта, выцягнуў спачатку тоўсты аловак, завостраны на абодва канцы — з аднаго боку чырвоны, з другога — сіні,— і тоўсты стос вузкіх паперак, змацаваных вялікай канцылярскай скрэпкаю, пагартаў іх, знайшоў патрэбную, пачаў тукаць алоўкам па друкаваных радках.

— Сям’я Мажэйкі... Рэната Рыгораўна. Жонка. Год нараджэння тысяча дзевяцьсот пяты. Правільна? — спытаў, не адарваўшы позірку ад паперы. — Сын Генадзь — дваццаць пятага, сын Аляксандр — дваццаць сёмага. Дачка Валянціна...

— Геначка ж мой з дваццаць трэцяга,— паправіла Рэната.— А Валечка з дваццаць пятага... Алесік, як і запісана, з дваццаць сёмага...

— Лента на машынцы слабая, і радкі скошаныя,— і лейтэнант нешта закрэсліў, а потым выправіў алоўкам.— Сын Данік — трыццаць шостага. Правільна?

— Гэта — правільна.

— Ну, дзякуй богу,— засмяяўся лейтэнант.— Бярыце пропуск, а тут вось трэба распісацца,— і ён працягнуў Рэнаце аловак і трымаў на руцэ планшэт, на якім ляжаў стос паперак, абтрапаных па канцах.— Тут вось,— і ён абвёў пальцам радок у канцы аркуша.— І не згубіце гэтую бумажэнцыю, бо без яе ў эшалон не сесці. Адпраўленне на гадзіну раней. Так што,— ён зірнуў на гадзіннік,— у вашым распараджэнні часу не дужа і багата...

Рэната распісалася. Потым, паглядзеўшы на пропуск, спахапілася:

— А маму чаго не ўключылі? Мама як жа?

— На схуднелых, з хваравітай жаўцізною шчоках лейтэнанта, ля самага носа, з’явіліся дзве глыбокія зморшчыны; у звужаных, чырвоных ад недасыпання вачах мільганула раздражнёнасць.

— Загад,— і суха шчоўкнулі кнопкі планшэта.— Я выконваю загад.

— Бачыш? Зага-а-ад,— разгублена і пакрыўджана працягнула Ніна.— Той, хто гэты загад складаў, відаць, і хоча, каб нас фашысту аддаць!

— Папрашу падбіраць выразы! Не разумееце, які час? Балбатун — той жа вораг!

— Я — вораг? Гэта я — вораг? Ворага дзе ён узяўся шукаць!

— Аціхні, Нінка! Аціхні і не плявузгай лішкі,— і Рэната адцясніла братавую ад лейтэнанта, які пакрочыў да брамкі, не азіраючыся.— Можна ж усё па-людску... Ну, скажыце, таварыш Лагуцін. Дарагі... Скажыце, калі ласка... Як жа я паеду, а маму кіну тут? Гэта ж як можна? Адно нейкае месцейка — што гэта эшалону? Ды стоячкі паедзем. І братавая з дзіцем стоячкі паедзе. Цяжка паравозу хіба?

Лейтэнант спыніўся, прыціснуў планшэт да грудзей.

— Колькі ж можна тлумачыць? — у голасе яго гучала блага схаваная раздражнёнасць: — Сям’я ваеннаслужачага: яго жонка, яго дзеці... І — кропка. Гэта — загад. Асабіста я вам магу сказаць: бярыце маму, бярыце яе,— ён зрабіў ківок галавою ў бок Ніны, якая сядзела цяпер на ганку.— А што з таго? На вакзале — варта. І ў іх — той жа загад: па прапусках саджаць у эшалон. Лагуцін жа вам не можа гэты вайсковы загад скасаваць!

— Я разумею, усё разумею... Але ж — мама. Як жа яе адну кінуць? Не кіну,— Рэната паказала ў бок ганка.— А Мацкевіч — таксама сям’я ваеннаслужачага. Гэта ж братавая мая. А Віктар, муж яе, перад самай камандзіроўкаю... Не, што гэта я кажу... Напярэдадні вайны паехаў у камандзіроўку. Адтуль — на зборы вайсковыя. Прадпісанне ў яго было, я сама бачыла...

— Як вы кажаце прозвішча? — лейтэнант, адкрыўшы планшэт, вывучаў спіс.— Мацкевіч, Мацкевіч... Не, такога не бачу. Чакайце, а ваша ж — Мажэйка?

— Ну. Дык я ж на мужавым. А мама — Мацкевіч. І братавая — таксама Мацкевіч. Можа, дзе-небудзь у іншым спіску яны?

— Мажліва. Але па нашых, ваенкамацкіх, яе няма. Бо гэтыя дзве вуліцы ля Дзвіны — мае. У маіх спісах — абсалютная дакладнасць!

— Можа, у ваенкамат ёй падбегчы?

Лейтэнант зноў паглядзеў у бок таполяў, паглядзеў увішна, таропка, быццам запрашаў і Рэнату зірнуць туды.

— Толькі час губляць,— сказаў ён і непрытоена ўздыхнуў: — Лепей — у камітэт па эвакуацыі. У іх — свае эшалоны.

— Хацелася ж, каб разам. Свае ж людзі!

— Не чужыя і нам. І памятайце: адпраўленне — дакладнае. Мажліва, нават і раней на які дзесятак хвілінак — майце гэта на ўвазе...

Лейтэнант казырнуў планшэтам, шырокім крокам сягнуў да брамкі і рыўком адчыніў яе; клямка клацнула за яго спіною дужа гучна, як стрэліла. Рэната здрыганулася, быццам брамка моцна стукнула яе ў грудзі, потым накінула клямку на вечка, прыхінулася плячом да завостранай зверху штыкеціны. Як павымірала ўсё на вуліцы — аніякага руху, толькі доўгія цені ад клёнаў варушацца на драўляным тратуары. І лейтэнанта быццам вадой змыла. Куды ж гэта ён так хуценька збег? Відаць, у правулак павярнуў — правулкам бліжэй да ваенкамата. Дзіўныя нейкія спісы склалі ў ваенкамаце — маці не ўключылі. Рэната, значыцца, сядзе з дзецьмі ў эшалон і паедзе, а мама тут застанецца?.. Не-е, разам яны пойдуць на станцыю, неяк уціснуцца! Не ўсе ж такія фармалісты, як гэты! Загад, загад... Загад людзі складалі. Людзі яго і пераробяць. І таму трэба на станцыю дабрацца хоць на паўгадзіны якія да адпраўлення эшалона — тады ўсё ўладкаваць можна: знойдзецца начальства і над гэтым лейтэнантам. Галоўнае, каб не спазніцца, каб нешта патрэбнае не пакінуць — не бегчы ж назад, як што якое. Лейтэнант гэты, між іншым, слушна раіў: нельга дарэмна губляць час. Нешта ж яшчэ мацней узялася грымець кананада. Быццам і не чутно было, а цяперака зноў усчалася...

Несціханую кананаду разарвалі два моцныя — недзе ж зусім блізка вухнула — выбухі, і ад іх нудна забразджала на вечцы зачапка, як усё роўна нехта там, з вуліцы, піхнуў брамку. Але ж зусім пустая вуліца!

Рэната ўзялася за металёвае вечка рукою, і ў гэты час зноў вухнулі два моцныя выбухі, і паветра тухнула ў твар, як слабы павеў цёплага ветру; пад рукою, як жывая, затрымцела выгнутая серпікам клямка.

«Недзе ж зусім блізка гэта... А дзеці ж на рацэ!»

Рэната павярнулася, таропка перайшла падворак, спынілася ля братавай, якая па-ранейшаму сядзела на ганку; ля яе ног поўзаў на каленках Данік.

— Недзе ж зусім блізка,— сказала Ніна, зыркнуўшы на чыстае неба.— Ці не Грамы бамбяць?

— Не, здаецца, ля Баравухі недзе,— Рэната паклікала да сябе Даніка, працягнуўшы яму рукі.— Ну, сыночак, ну, галубочак ты мой! Ідзі ж да мамы!

— У мяне — машына,— сказаў Данік, цягнучы за сабою на звітых у шнурочак нітках чорны акравак.— Ду-ду-у-у... .

— Не дае гэтай сваёй машынай маме працаваць. Яна шые, а ён — ніткі рве. Торбачкі ёй засталося пашыць. Пад цукар торбачкі хоча зрабіць.

— Памажы ты ёй, Ніначка,— Рэната ўзяла сына на рукі.— Я на Дзвіну пабягу. Іх жа за вушы ад вады не адцягнеш...

Дзвіна ўсё гэтак жа зіхатліва ззяла ад сонца, і Рэната прыставіла далонь да броваў, каб лепей бачыць. Пад гэтым берагам ужо, за вусцем Палаты, сунецца човен. Бохач сядзіць, прыгнуўшыся, у карме, а сын вяслуе. А што ж гэта робіцца на чоўне, які пагойдваецца на ланцугу ля карча? Як ляжала, дык гэтак і ляжыць бялізна белым пагорачкам на лавачцы! А Валечка, памочніца гэтая, стаіць на карачках ля борта, галаву як не да самай вады звесіла, рукі ў вадзе па локаць... Няйначай, нейкую забаўку знайшла! От жа свавольніца! І прасіла ж памагчы, бо гэткі час — наўкола няўпраўка! Тут круціся ды круціся, каб на эшалон не спазніцца. А ёй — адны забаўкі наўме! Гэтак яно і ёсць! Хуценька вось выхапіла вядро з ракі, паставіла на лаўку, асцярожненька вылівае з яго ваду... Рыбачку, паршыўка, ловіць вядром! От зараз ёй будзе рыбачка!

Рэната, абураная, паставіла сына ля карча. Данік пачаў дудзець, як клікаў сястру, і Валя адразу ж павярнулася.

— Рака злавіла, мамачка! Вялізнага!.— Валя ўрачыста ўзняла вядро.— Данічак, хадзі сюды, я зараз табе яго пакажу. Ён пад чоўнам сядзеў. А як пачала бялізну паласкаць — ён паўзе адтуль. Дык я вядром яго — го-оп!

Данік запляскаў у далонькі:

— Пакажы рака! Пакажы рака!

— А долечка ж ты мая, знайшла сабе занятак! — Рэната ўголас забедавала, але нязлосна, хутчэй толькі на тое, каб паўшчуваць дачку — бялізна ж ляжыць нечапаная: — Яна — ракаў ловіць. Я што цябе прасіла зрабіць?

— Дык гатовая ж, мамачка, бялізна. Гэта ж потым ужо, калі я вядро абмываць узялася,— цюкнула ў голаў: злавіць жа вядром яго можна. Ты зірні толькі, які вуса-аты! А поўзае як хутка! Задам усё, задам. А наперад — не хоча!

Данік, зазірнуўшы ў вядро, пляскаў у далонькі:

— Рака злавілі! Злавілі рака! Мой рак!

— Твой, твой, вядома ж. Ніхто і не забірае. Мама толькі няхай паглядзіць.

Вялікі чорны рак поўзаў на донцы вядра, шавелячы доўгімі вусамі.

— У-у-у, які звер,— сказала Рэната і параіла строга: — Не дужа-ткі торкайце яго. Яшчэ за палец учэпіцца...

Валя буркнула, не узнімаючы галавы ад вядра:

— Не ўчэпіцца, не бядуй.

Рэната хуценька павыціскала кашулі — дзяўчо ж гэтае горкае, ручкі слабенькія, дзе ж ім як след бялізну гэтую выкруціць! — і, склаўшы іх на рукі, вылезла з чоўна. Зрабіла якіх крокаў пяць па сцежцы — за спінаю ўзвіўся прарэзлівы Данікаў віск:

— А-а-а-ай!..

Рэната кінулася назад. Данік сядзеў на зямлі ля вядра, трос правай ручкаю і румзаў, і яго заплаканы тварык раззлаваў Рэнату.

— Што, дагуляліся? — яна з усяе моцы хвастанула дачку па плячы мокрай кашуляй, скручанай у тоўстую вяроўку.— Хочаш, каб малы ручку скалечыў? Гэта ж за палец калі цапне кляшнёю...

— Ён жа яго і не зачапіў! Данік проста спалохаўся,— Валя сілілася не заплакаць — да кашулі былі прышыты мядзяныя гузікі, і ўдар ад гэтага атрымаўся моцны, і плячо смылела.— Ну, чаго ты, нэндза? Баліць хіба табе? Не? Дык і няма чаго румзаць. Сціхні!

Рэната рашуча памкнулася да вядра.

— Вы-ыкіну! Выкіну я гэтую дрэнь. Ма-арш дамоў!

— Мамачка, не выкідай! — Валя ўчапілася ў вядро аберучкі.— Мамачка, не выкідай! Цэлыя ж у Даніка пальчыкі. Ты паглядзі спачатку. Гэта ад перапуду ён загаласіў... Ну, паказвай свае пальчыкі,— і яна павярнулася да малога: — Хіба зачапіў ён цябе?

Данік закрычаў, бы яго рэзалі:

— Мо-о-о-й рак! Мо-о-о-й рак!

— Э-э, хай ён апруцянее, гэты ваш рак,— адмахнулася. Рэната і зноў пашыбавала сцежкаю, потым павярнулася, строга папярэдзіла дачку: — Пільнуй малога! Да вады і блізка не пускай аднаго!

— Не пойдзем мы да вады, не пойдзем,— Валя панесла вядро за корч, і Данік, учапіўшыся ручкаю за дужку, патупаў побач з ёю.— Алеся дачакаемся і прыбяжым. Добра, мамачка?

— Скажаш яму, каб адразу ж — дамоў. І вы — таксама!

— Добра, мамачка, добра!..

Развешваючы бялізну на драціне, што ў два шнуры была нацягнута на ўвагнаныя ў слупы клямары, Рэната ўвесь час чула вясёлы, узбуджаны галасок Даніка — дзеці па-ранейшаму таўкліся непадалёк ад карча, цягалі вядро з месца на месца. Галасы дзяцей заміналі ёй засяродзіцца на нечым пэўным, спыніць сваю ўвагу на недаробленым, на тым, што яшчэ трэба паспець справіць да ад’езду. Кананада не сціхае, фронт ужо зусім блізка, і сёння ўвечары давядзецца кінуцца-рынуцца ў белы свет, пакінуць роднае селішча... Гэткае гора! А ім, дзецям, радасць: рака ўбачылі і злавілі! Ну, хай бы немаўля гэтае, Данічак. А то ж і Валя — з матку ж ростам вымахала ўжо. Але ж у галаве — вецер: дзеці ёсць дзеці. Вось і Алесь гэты... Ці ж не ён гэта спявае? Ён! І човен нечага на адным месцы круціцца. Што гэта яны тамака вырабляюць? Едуць, бы на чарапасе. У эшалоне трэба будзе за імі, гарэзнікамі гэтымі, глядзець і глядзець, з вока не спускаць, ні на крок ад сябе...

Рэната тупала ўсцяж драціны, папраўляючы развешаную бялізну. Як прыемна патыхае свежасцю ад бялізны, калі яе добра ў рацэ адпалошчаш! І сохне сёння, бы пры агні: тое, што першым павесіла, прыкметна і пасушэла ўжо — гадзіну якую, і здымаць... Ці, можа, сказаць Валі, каб паздымала потым? Не, трэба клікаць дзяцей. Трэба ўзяць Даніка, на пакідаць іх адных тут ля вады...

Рэната пачала памалу спускацца па земляных прыступках, застаўленых толькі з аднаго боку — ад ракі — кароткімі аполкамі. Аполкі гэтыя нарэзаў і панастаўляў Міхал яшчэ ўлетку, вясною, як сышла вада — яна тады памагала мужу рэзаць аполкі і цягаць іх сюды, да ракі: дзяцей яны вясною не нагружалі работаю — экзамены, няхай вучацца. Геначка, помніцца, памагаў бацьку тут з гэтымі прыступкамі — пазней, пад вечар ужо, калі лесвічка была амаль і гатовая. І добра па ёй да ракі ісці, і зіму адстояла, нідзе нічога не скранулася з месца... Праўда, вось толькі на адной прыступцы, чацвёртай ад верху, калкі не трымаюць дошку, разгайдаліся. Трэба замацаваць іх — увечары ідучы, можна аступіцца, рынуцца ўніз. Увечары?.. Увечары, родная мая, апынешся ты далёка ад гэтай лесвічкі, адно слухаць будзеш, як грукацяць колы вагонныя. Але ж хай сабе! Вяртацца ж сюды ёй, да сваёй хаты, да гэтай лесвічкі!..

Рэната выцягнула з-пад палыновай купіны — паленавалася ісці па сякеру, часу пашкадавала — цагліну, ударыла ёю па калку раз, другі, і калок прыкметна заглыбіўся ў зямлю. Ад наступнага ўдару цагліна развалілася напалам, балюча прышчаміўшы скуру на далоні; паўцагэлкі вываліліся з рукі, пакаціліся пад узвал, страсаючы з палыноў белы пыл.

Яна абсачыла позіркам палыны паабапал лесвічкі, шукаючы які-небудзь камень, каб замацаваць другі калок, і ў гэты міг паветра скалануў рэзкі і магутны гул матораў, у якім адразу ж зглухла грымоцце кананады. Гул абрынуўся з усіх бакоў, каціўся і злева, і справа, і спераду, і ззаду, і з высі і біў па нагах, быццам вылузваўся з зямлі. Але раптоўна, як і ўзнік, сталёвы гул акрэсліўся зусім выразна — накатваўся ён з блакітнай высі, з таго боку, дзе зіхатліва ззяла сонечным рабаціннем Дзвіна.

Позірк Рэнаты перабег палосу гэтага рабаціння і адразу ж злавіў знаёмыя ўжо, злавесна чорныя абрысы фашысцкіх самалётаў,— яны вывальваліся з-за цёмна-сіняга грабеньчыка лесу, што на паваротку ракі як бы ўпіраўся ў рачны ўзвал правага берага.

Рэната бухнулася на прыступку. Ляцяць сюды самалёты! Колькі ж іх тамака? Небачка, адразу і не злічыш, як вараннё сыпанула!..

Вакол самалётаў і крыху за імі ззаду ўспыхнулі шэра-белыя аблачынкі — пачалі біць зеніткі. Услед за буханнем зенітных гармат у блакітнай высі мякка, быццам рэха, зашпокалі разрывы снарадаў. Неба над Дзвіной зрабілася стракатае ад шэра-белых, як з бруднай ваты, аблачынак, падобных на россып дзіўных грыбоў. Але чорныя сілуэты самалётаў праходзілі праз іх, нібыта самі сеялі і раскідвалі ў блакітнай прасторы гэтыя шэра-белыя грыбы. Два самалёты павярнулі раптам управа, пачалі зніжацца над ракой, і ў пагрозлівым гуле матораў цяпер выразна, як завінчваючыся ў зямлю, вызвоньвала візгатлівая жалезная нота.

«На Бохачаў човен мецяць! Якраз — а долечка ж ты мая! — на човен цэляцца. А на чоўне нічога і не шманаюць, галовы пазадзіралі!»

Рэната хацела крыкнуць, папярэдзіць, падказаць сыну, куды павярнуць, каб схавацца ад бяды. Але горла пераціснула, голас прапаў, і яна кінулася, кулём, па прыступках уніз. Хутчэй туды, да чоўна! Бохач з Алесем, мабыць, не бачаць, што самалёты на іх нацэліліся! Валя і Данік ля карча, яны за яго схаваюцца. А гэтыя ж на вадзе, у чоўне, фашысты іх убачылі, на іх скіраваліся.

Яна бегла, і сэрца яе шалёна калацілася. Нечакана спатыкнулася, паляцела потырч на зямлю, але тут жа ўскочыла на карачкі, гэтак прапаўзла крыху, потым узнялася. Болю не было ні ў руках, ні ў нагах, адно толькі адчувала, што ў грудзях, як бы ад усяго адарванае, падае і зноў узлятае сэрца.

Ускочыўшы на ногі, яна ўбачыла, што самалёты мінулі блакітны човен, набліжаюцца, ляцяць проста на яе, і спуджана азіралася, круціла галавой, працірала, як не свае, вочы. Дзе ж Валечка? І Данічак знік... Толькі ж вось сядзелі дзеці на сцежцы, ля вядра сядзелі, з ракам тым гэшкаліся. Цяпер вядро абярнулася, коціцца па сцежцы... І як нізка самалёты! Тулавы іх чорныя, тоўстыя, крылы куртатыя. На тулавах і крылах крыжы — вялікія, цёмныя, з белай прасветлінай пасярэдзіне...

Металёвы грукат матораў гнуў Рэнату долу, і яна, зусім аглухлая, нахілілася, заціскаючы вушы далонямі. У тое ж імгненне, нахіляючыся, убачыла пад карчом, да якога быў прыкуты човен, белае, у чырвоны гарох, Валіна плацейка. Малайцы дзеткі, зразумелі, што трэба хавацца!

«Я іх берагчы павінна. Берагчы!..»

Па мокрай сцежцы — з абернутага вядра яшчэ тонкім струменьчыкам сцякала вада — поўз перакачаны ў пяску рак. Рэната пераскочыла яго і пераскочыла самалётны цень, што быццам выдраўся з-пад ног, і ёй здалося, што разам з гэтым ценем страсянулася, як жывая, зямля пад ступакамі, і здрыгануўся, як падскочыў, корч. Справа ля замчышча, раз за разам, грымнулі два аглушальныя выбухі і потым яшчэ два, як бы злітыя ў адно: выбуховая хваля штурханула Рэнату на корч, і каленкі яе адразу ўпёрліся ў ланцуг, які ішоў ад тоўстага, абыржавелага клямара да чоўна, рукі ўчапіліся ў шурпатае, паабсяканае некалі сякераю карэнне.

Цяжка дыхаючы, яна гэтак і ляжала, раскінуўшы рукі на карчы, бы распятая і прыкутая намёртва, не рухалася, толькі ўсё прагна цікавала раку і неба. Бяда ўжо не зачэпіць човен, у якім Алесь і Бохач! Мінулі самалёты човен! Лятуць ву-унь ужо дзе — улева ад замчышча крутнулі. І як жа моцна Валечка абшчаперыла ёй ногі — спалохалася, бедная. І як спуджана ные Данічак, нешта просіць... О-ох, долечка! Навошта ж яна, дурніца, сюды на раку дзетак пусціла!

Яна пачула знаёмы шурпатлівы посвіст — ляцелі з высі асколкі зенітных снарадаў, гучна шпокалі па вадзе. Пенныя бурунчыкі ўскіпалі і пасярэдзіне Дзвіны, і ля берагоў, і нават у вусці Палаты, і над імі трымцелі вясёлкавыя кольцы і тут жа расплываліся, і плынь гнала ўніз белую рэдкую пену. Гэтак густа, здаецца, асколкі не падалі ні ўчора, ні пазаўчора. І неяк гучна цокаюць яны на мокрым беразе, у сырой і густой траве, што буяе вакол маленькіх крыніц: «цок-цок-цок...» І як жа густа кладуцца гэтыя пенныя бурунчыкі вакол блакітнага чоўна. А гэты човен сунецца і сунецца насустрач ім! І Бохач як здурнеў! Куды ж ён вяслуе? І хай бы разам за вёслы селі! Трэба ж было адразу на бераг выбірацца, нейкую схованку адшукаць і перасядзець у ёй... А ён? Па адкрытым гоніць! І Алесю дазволіў стаць у чоўне, і той таксама з вяслом, папіхвае човен. Пад самыя асколкі вядзе! Але ж і ты, разумніца, калі бедаваць узялася! Дазволіла сыну з гэтым старым дурнем рыбаліць! Рыбачкі, бач ты, ёй захацелася! От жа цяпер і глядзі, куды гэтая рыбачка цягне!

Блакітны човен шпарка ляцеў па мелкаводдзі, усцяж рэдкай жаўтлявай асакі, што расла проста з вады. Як толькі ён наблізіўся, Рэната кінулася наперад, ускочыла ў ваду і схапілася за ланцуг.

— На бераг! На бераг! — крычала яна і ўсё цягнула і цягнула, выжыльваючыся, за ланцуг, не заўважаючы, што човен ужо ўспоўз носам на пясок і не рухаецца больш.

Накульгваючы, падскочыў да яе Бохач, учапіўся ў ланцуг, ірвануў, і човен яшчэ з добры метр прапоўз па сухім.

Удалечыні, за павароткаю ракі, быў відзён краёк ажурнай аркі чыгуначнага моста, і на яе, прадзіраючыся праз густы россып шэра-белых разрываў зенітных снарадаў, неяк дужа запаволена пікіравалі доўгія, як выцягнутыя, самалёты.

Бохач вылаяўся, узіраючыся ў стракатае ад шэрабелых камякоў неба:

— Во, груганы, наляцелі... Каб яны ў зямлю гэтак ляцелі. Зноў у мост цэляць. І аэрадром таўкуць... А нашы смаляць, смаляць у белы свет!

Бохач кінуў у човен ланцуг, і ён не загрукацеў, а неяк глуха, быццам зроблены з драўляных звенняў, скруціўся ў карме.

«Я аглухла ад выбухаў».

Рэната падумала гэта з жахам і тузанула Алеся за руку:

— Чаго слупам стаў? Хавайся пад корч!

Алесь заўпарціўся:

— Схованку яна знайшла! Трэба ў сад бегчы. У акоп наш!

У садзе, пад яблынямі, у першы ж дзень вайны Рэната з дапамогаю Бохача і дзяцей выкапала акоп, заслала яго тоўстымі аполкамі і засыпала зямлёю — усё ў адпаведнасці з рэкамендацыямі, якія перадавалі па радыё. Калі фашысцкія самалёты наляталі на горад, уся сям’я адседжвалася ў гэтай цёмнай, але сухой і ўтульнай схованцы, у ёй кожны адчуваў сябе ў небяспецы.

— Позна, відаць, бегчы,— прамовіў Бохач, спрабуючы перакуліць човен.— Алеська, падмагні! Абернем гэтую пасудзіну і пад яе запаўзём — усё па галаве жалязякаю не хлабысне. І не трэба, каб яны бачылі, што народу тут пасабралася поўна... Ну, бяромся!.. Э, Валюха, давай адтуль! Мы да карча яго і прыпром,— счакаў, пакуль Валя вылезла з-пад карча, цягнучы за руку Даніка, і закамандаваў:— Р-разам!

Рэната таксама ўчапілася ў борт чоўна, і ён неяк лёгка перакуліўся, лёг носам на куртатыя тоўстыя карані. Бохач укленчыў ля карча, адсунуў драўляны трохкутнік, які вываліўся з кармы, загадаў дзецям:

— Жэўжыкі! Мігам у бамбасховішча! Алесь, наводзь там парадак!

Зямля прыглушана вохкала, калацілася пад нагамі; выбухі, здавалася, бухалі паўсюль, і ад іх тоўхалася паветра, біла ў твар цёплымі і частымі хвалямі. З гэтага грымоцця раптам вырваўся прарэзлівы свіст увысі, і Рэната прысела па правую руку ад Бохача, затуляючы сваімі плячыма дзяцей, якія запаўзалі, грабліся пад абернуты човен. Ёй падалося, што чорнае тулава самалёта, які вылецеў з-за тонкага крыжа на правым шпілі царкоўнага мура, дагэтуль вісела на тым крыжы, і цяпер адарвалася ад яго, і па крывой лініі валіцца на зямлю, але не сюды, на бераг ракі, а крыху ўлева, якраз на макавінкі старых таполяў, што цесным ланцужком падпіралі замчышча.

Прарэзлівы свіст, гусцеючы, трымцеў, і ў ім акрэсліліся як бы два гукавых вастрыі, і адно з іх, скіраванае менавіта сюды, на перакулены човен, з кожным імгненнем мацнела і разрасталася; да гэтай вострай ноты цяпер дамешваліся нейкае злавеснае сухое шамаценне і скрыгатанне, нібыта недзе побач марудна круціліся пустыя, без зерня, жорны. На самай высокай ноце свіст раптоўна абарваўся, як адсечаны, і тады на ўзвале за плотам джыгнула ў неба чырвона-жоўтая, чорная ўсярэдзіне, маланка; святло яе на міг асляпіла, аглушыла, нібыта рэзка прабіла плечы грукатлівым сухім трэскам. Рэната — яна на міг захліпнулася гарачай хваляй — з жахам адчула, што зямля спачатку як бы асела некуды ўглыб, потым ірванулася ўверх, і корч пахіснуўся, нібыта ўзляцеў у паветра; над таполямі, што падпіралі замчышча сваімі макавінамі, пырхнулі ўверх густыя і чорныя шлейфы, але не суцэльныя, а як бы накіданыя з чорных, шэрых і жоўтых кавалкаў.

«Гэта бомба пад таполямі ўзарвалася. І ўсе гэтыя чорныя кавалкі і вурвалле зараз паляцяць сюды, уніз, на бераг ракі...»

У вушах глуха бомкала, і Рэната, аглушаная, амаль не чуючы рову самалётаў і грукату зенітак, моцна прыціснулася да борта чоўна, захінаючы сваім целам дзяцей. Яна адчувала каленямі, як дрыжаць і калоцяцца плечы дачкі, адчувала маленькія ручкі Даніка, якімі ён чапляўся за яе ногі, і ў яе сэрцы абвастралася разуменне таго, што дзеці ўратаваныя, і яна ўжо без жаху глядзела ў бок узвалу. Паваліўся плот. Круцяцца ў паветры чорна-дымныя шлейфы, нейкія каляровыя лахманы ляцяць з высі, куртатае бярвенне і нейкае чорнае вурвалле коціцца па ўзвале, пакідаючы ў палынах чорныя барозны; барозны ідуць толькі ў адным напрамку, да ракі, і, звужаючыся, нібыта глыбока ўразаюцца ў зямлю і прападаюць у ёй, быццам правальваюцца раптоўна і хутка.

Разарваны і павалены пад узвал плот быў падобны на дзве бела-шэрыя крыгі, што заселі ў палынах.

А за імі, вышэй па ўзвале, сярод дзіўна шэрых, быццам попелам пасыпаных, яблынь стаялі дзве незнаёмыя хаты. Не, чаму незнаёмыя! Гэта ж яе, Рэнаты, хата — плот паваліўся, з таго хату і відаць. Чорныя правалы замест акон. І тэраса без шыбаў скрозь, высокая нейкая. І хата Бохача таксама нейкая дзіўная, высокая, бы падрасла. І таксама без акон... А матчына хата дзе?.. Чаму яе не відаць? Яна ж улева ад іхняга саду, пад самым замчышчам!..

«Бомба... Гэта ж бомба туды...»

Падумала, але не паверыла. Падалося, што бачыць усё гэта ў кіно, і кіно зараз скончыцца, тады ж скончыцца і гэтае несціханае бомканне, гэты балючы тлум нейкі... Як трымціць усё ў галаве! Бы нешта насыпана туды і перамешваецца там, круціцца, нават бразджыць...

Яна ашчаперыла галаву, патрэсла. Тлум не знікаў. І нічога не зменьвалася наперадзе, там, куды яна прагна ўглядалася. Толькі поўз, круціўся, радзеючы, буры дым... Матчына хата стаяла якраз у тым месцы, дзе цяпер гэты дым,— у канцы правулка, улева ад Рэнацінай хаты, пад самым замчышчам, аднолькава была і ашалявана і пафарбавана... Але ж няма хаты! Толькі над густой сцяной яблынь і сліўніку звіваецца гэты жоўта-буры дым...

«Мама! Там жа мама ў хаце была!..»

Балючае бомканне ў галаве пыхнула, як узарвалася. Рэнаце падалося, што галава як пухне, пачынае развальвацца, і яна, сціскаючы вушы далонямі, загаласіла на адчайна высокай ноце. Потым, як раптоўна падсечаная, павалілася, ударылася аб корч губамі і рассекла іх да крыві. Саладжава-салёная горыч залівала рот, і Рэната, каб суняць яе, сціснула зубамі цёплы, угрэты сонцам, няроўна абсечаны корань і пачала, нібы ён і быў ва ўсім вінаваты, грызці яго; кроў цякла цяпер і з губ і з дзёснаў, і яна не зважала на гэта, і стагнала і ад болю ў губах і дзёснах, і ад болю ў сэрцы, і ад болю ў пазногцях, якія ўрэзаліся ў шурпатую, але яшчэ моцную, нідзе не струхлелую дзеравіну.



2

На сагнутай спінцы ложка, што тырчала з-пад абгарэлых бёрнаў і зламаных-пераламаных дошак, прысыпаных патрушчанай цэглаю, белым шкляннем і кавалкамі шпалераў, мігатлівым зыркім вокам пабліскваў маленькі нікеліраваны шарык; пад шарыкам, як спецыяльна на яго ўздзетая, марудна шавялілася абгарэлая з аднаго боку вокладка кнігі.

Рэната ўтаропіла на гэты шарык сухія невідушчыя вочы. І гэта ўсё, што застаецца ад чалавечага жытла, калі туды, у жытло, урываецца бяда і смерць? І гэта ўсё, што застаецца ад чалавека, калі яго забірае і некуды зносіць смерць? І толькі гэта застаецца ад усяго таго, чым чалавек жыў, што бярог, што будаваў, што цешыла і весяліла яго вока?..

— Мамачка! Ма... Дзядзька Лявон цябе кліча... Мама!..

Валін голас даходзіў блага, як гучаў недзе дужа далёка, і Рэната, чуючы, што дачка гаворыць, не магла сцяміць анічога. Абапіраючыся падбародкам на дзяржак рыдлёўкі, яна нерухома сядзела на канцы бервяна, якое вытыркалася з-пад шэрага, як попелам пасыпанага, суглінку, перамешанага з чарназёмам — глыбокая варонка засталася на месцы былой матчынай хаты.

— Мамачка! Дзядзька Лявон цябе кліча! Матуля!..

Валін голас загучаў цяпер мацней, ён як наблізіўся і не адлятаў, і сэнс кожнага слова цяпер быў выразны; Рэната, дапяўшы, што яе кліча сусед, павярнулася, нейкі час невідушча глядзела на дачку, потым выпусціла рыдлёўку з рук і паднялася.

— Чаго ён?

— Каб памагла, просіць.

— Я ж Алесю загадала.

— А ён таксама памагае.

— Данічак дзе?

— Пакармілі яго. Заснуў цяпер. Ля акопчыка. Пад яблынькаю.

— Хай бы ў акопчыку спаў.

— Не хоча. Румзае, што дыхаць няма чым. А пад яблынькаю адразу заснуў.

— Памочніца ты мая.— Рэната прыгарнула дачку да сябе, пацалавала ў галаву, адчула пясок на губах.— А чаго гэта галава пяску поўная?

— З яблынь. Галіну зачэпіш — зверху пясчаны дожджык і церусіцца.

— Казала ж табе: хусцінку павяжы.

— Аддала ж яе дзядзьку Лявону — прасіў дужа. На галаву Лявонісе...

Бохачыху аглушыла выбуховай хваляй і ледзь не забіла бервяном, што выбухам закінула да іх на падворак. Рэната гэта прыгадала і спытала заклапочана — у сваё, спустошанае ўласнай бядою сэрца ўладарна прабіліся чужы боль і чужы клопат:

— А што, дагэтуль галава не правіцца?

— Агнём гарыць. Штохвілінна зусім хусцінка гарачая робіцца...

— Што ён яшчэ прасіў? Можа, шчэ ў чым памагчы?

— Толькі гэта — прыйсці. Але каб адразу ж,— зноў нагадала Валя.

— Бяжы, дачушка. Скажы, што зараз іду я, іду...

Рэната зноў прысела на бервяно, сагнулася, як збіралася плакаць. Але слёз у яе не было. Усе слёзы яна выплакала, калі прыбегла сюды з Дзвіны, калі цягала з рэчкі ваду і залівала агонь, што жэр сухія, некалі абклееныя прыгожымі шпалерамі дошкі пераборак, калі спачатку рукамі, а потым рыдлёўкаю разрывала і разграбала смярдзючую ад трацілавай гары сумесь сіпаку, жоўта-шэрай гліны і жарствы. Недзе пад гэтым абвугленым бярвеннем, патрушчанай цэглаю, трэскамі, перасыпанымі зверху крохкай, унізе страмбаванай зямлёю, ляжаць і маці, і братавая, і яе маленькая дачка Вольгачка... Трэба адшукаць іх, знайсці хоць мёртвых, пахаваць па-людску, як належыць. І яна, Рэната, іх адшукае. Вось толькі крышку пасядзіць, адпачне, набярэцца сілы і зноў возьме ў рукі рыдлёўку і пачне разграбаць гэтыя смярдзючыя дымам пагоркі. Але спачатку яна пойдзе да Бохача, бо ён кліча, просіць нешта памагчы яму... Памагаць, дакладней, трэба ягонай жонцы, Лявонісе, якую ледзь не скалечыла гэтае клятае бервяно... Абавязкова пойдзе, дапаможа Бохачу, бо ён дапамагаў ёй прыгасіць гэты агонь, што запаліла бомба. Трапіла ж, клятая, сюды, на матчыну хату. Як сумысля цаляў той пракляты фашыст. Не, відаць: меціў, мабыць, у будынак шпіталя — высокі чырвоны будынак ля замчышча, прыкметны,— ды не пацэліў, пераляцела бомба, сюды лягла, у хату, дзе Рэната нарадзілася, дзе згуляла з Міхалам вяселле, дзе сёння ранкам маці шыла мяшэчкі пад цукар... Хай жа будуць праклятыя тыя рукі, якія зрабілі гэтую бомбу, хай будзе пракляты ўвесь род таго, хто загадаў кінуць яе тут, на беразе Дзвіны, кінуць на хату, дзе жыло шчасце... Была добрая хата, моцная, вялікая. У вялікім пакоі стаяла печ, абкладзеная ўзорыстай кафляю; кафляю была абкладзена таксама плітка на кухні, але простай, сіняга колеру, і комін ад яе быў схаваны за пераборкаю. Ля самай пераборкі стаяла канапа. Не, канапа была на тэрасе, вялікай, на ўсю сцяну хаты, вельмі светлай, сонечнай, і ля канапы стаяў прамавугольны столік, на які маці звычайна, збіраючыся нешта шыць, стаўляла чорны, увесь у малюнках «Зінгер». За гэтым столікам маці і прастрочвала мяшэчкі пад цукар, калі Рэната выпраўлялася на Дзвіну паласкаць бялізну. Яна, Рэната, яшчэ прыпынілася перад адкрытай нахлашч дзверыной, за якою паблісквалі доўгія лісціны фікуса — з канца ў канец тэрасы: фікус вынеслі з хаты на ўсё лета, як і выносілі звычайна. Ад фікуса на стол, на швейную машынку, на шытво клаліся доўгія цені, і яны трымцелі, быццам вылузваліся з-пад стала і канапы; цені ляжалі і на матчыным твары, і твар ад гэтага выдаваў стомленым. А вочы былі ласкавыя, з усмешкаю:

— Зараз даб’ю гэтае шытво, Рэнечка. Упраўлюся. Шчэ і табе бялізну ўпарадкаваць памагу...

І зноў усміхнулася вінавата, быццам прасіла прабачыць ёй, што гэтак позніцца са сваёй работаю, шытвом гэтым...

За Дзвіною, дужа далёка, рэдзенька-рэдзенька, бы застракатала недзе побач швейная машынка, зататакаў кулямёт, змоўк, зноў зататакаў. І гэты далёкі, прыглушаны строкат згасіў кароткі ўспамін, што пыхнуў перад вачыма, вывернуў з душы немы крык, крык болю, роспачы і адчаю. Матулечка родная! Мамачка!.. Чаго ж ты не пабегла ўсад, чаго не схавалася ў акопчык! Цэлы ж акопчык застаўся, не зачапіла яго, толькі крышку зямлёю закідала ды лісця з яблынь натрэсла зверху, быццам маскавалі яго спецыяльна... Але што ж яна, Рэната, цяпер бедаваць узялася! Трэба раней было аб усім думаць! Як тады ўчула самалёты — адразу ж трэба было да хаты кінуцца, маці папярэдзіць.. Не, раней трэба было ўсё прадбачыць, столік з той машынкаю ў садзе каля акопчыка паставіць — шый сабе, калі ласка, пад яблынькаю... А яна, Рэната, гэтага не зрабіла. Ніну нават у хату турнула, каб маці дапамагала! Як спецыяльна братавую з малой дачкою на смерць у хату пагнала, у тую работу дурную, у тое шытво, тое непатрэбнае шытво. Мяшэчкі пад цукар і крупы спатрэбіліся! Відаць, шытвом тым заняўшыся, самалёты яны ў час і не пачулі, не паспелі схавацца...

Боль, бы гарачы абруч, абціскаў сэрца, і Рэната не сілілася ад яго ратавацца, яна прымала гэты боль і ўжо змірылася з ім, не намагалася суцішыць, разумеючы, што кожнае яе намаганне зрабіць тое не толькі не дае аніякіх вынікаў, але яшчэ болей абвастрае гэты боль, прыносіць новыя пакуты. Але ж не яна, Рэната, вінаватая ў матчынай смерці. Фашысты! Фашысты праклятыя!

Зноў пачуўся голас дачкі, але цяпер ужо здаля, з глыбіні саду:

— Мама! Ну, мамачка!..

Адгукнулася адразу ж, як быццам у голасе дачкі паратунак, які яна даўно чакала і які цяпер урэшце знайшоўся:

— Іду, Валечка, іду!

Яна пайшла да Бохачавай хаты не вуліцаю — дошкі з платоў былі паздзіраны скрозь,— а напрамкі, цераз сад, абыходзячы варонку ад бомбы. Ногі ўвесь час грузлі, быццам падэшвы прыклейваліся да рудой зямлі; са звонкім і гучным хрупаннем трушчылася пабітае і скрозь раскіданае шкло. І ступакі гараць, нібыта гэтае шкло рэжа іх. І трушчыцца гэтае шклянне з гэткім гукам, быццам вохкае ўвесь час пад зямлёю чалавек... І як звініць у галаве! І ўсё мацней тлуміць душу горыч. І ніякай мэты наперадзе. І ніякага жадання цяпер няма, каб ісці да Бохача, нешта рабіць там...

«Тут, пад гэтым сіпаком, недзе мама ляжыць... І Ніна, і Волечка...»

Ад жаху, жаху зусім новага, спрэс мокрай зрабілася спіна, Рэната, адразу абвялая, зніякавелая, пахіснулася назад, утрапёна спынілася. Потым, азіраючыся, цікуючы гарбатыя пагоркі, саступіла ў бок ад свежай, вывернутай бомбавым выбухам зямлі. Зрабіла колькі крокаў і спынілася зноў, згледзеўшы сярод гліністых глыжоў, засыпаных попельным сіпаком, знаёмы жоўты туфлік.

«Жоўценькая спражачка, медзяная... Матчын жа гэта туфлічак...»

Туфлік тырчаў з зямлі не ўвесь, краёчкам абцаса і падэшвы, і на падэшве, ля самага абцаса, бялела вузенькая паперка — кавалачак цэтліка майстэрні, з якой у суботу, напярэдадні вайны, Рэната забірала абутак пасля рамонту. Рэната і адносіла туды туфлікі, і забірала, і яшчэ лаялася ў майстэрні: грошы за работу ўзялі, а прышыць спражачку забыліся. Рэната заўважыла, прымусіла зрабіць усё як след, праўда, гадзіну, мабыць, давялося чакаць, пакуль прышыюць тую жоўценькую спражачку на матчыным туфліку. Убілася ж ёй у галаву тая майстэрня! І што дзіўна: помніцца чысцютка ўсё, нават голас прыёмшчыцы ў майстэрні, прастуджаны быццам, сіпаты голас...

Рэната, нагнуўшыся, узялася рукою за туфлік і ўся скаланулася, быццам рука трапіла на агонь.

«На назе ж сядзіць туфлік!.. Зямля асыпалася крыху, і таму відаць...»

Нейкая каляная гарачая страла ўдарыла ў вочы, скруцілася ў галаве, панеслася па хрыбціне, зламалалася, прабіла агнявы абруч, што сціскаў грудзі, і абруч пачаў распаўзацца, таўсцець, распіраць нутро і імгненна ўсё начыста выпаліў там, і ў гэтай пустэльні, як ані з чым не звязанае, само па сабе, грукатліва тоўхалася сэрца; Рэната адчувала, як яно, вялікае, дужа калянае, малаціла яе па рэбрах.

«Мамачка! А ро-одненькая-я-я!..»

Рэната грымнулася вобзем, потым стала на калені, кінулася разграбаць рукамі шурпатыя гліняныя глыжы. Цагляны друз і чарапкі рэзалі пальцы, далоні смылелі ад болю: яна чула і гэты боль, і боль пад рэбрамі і, ціха скуголячы як не чалавечым голасам, усё грабла і грабла слізкія і непадатныя камякі, і яны здаваліся ёй гарачымі, быццам там, пад імі, увесь час не атухала вялікае полымя.

— Мама! А мамачка ты мая родненькая!..

Рэната клікала маці, размаўляла з ёю ўголас. Нехта ўвесь час як бы штосьці адказваў ёй, штосьці гаварыў, але гаварыў дужа ціха, і словы прападалі, як губляліся сярод рудых і дужа ж цяжкіх і нібы гарачых глыжоў, сярод гліністага вурвалля і дзірваноў, з якіх, бы попел, асыпалася і сыпалася крохкая сухая зямля; дзірваны былі таксама гарачыя, быў гарачы і пыл, што ляцеў ад іх у твар і ўвесь час забіваў горла... Як цяжка дыхаць! Небачка, як жа цяжка дыхаць! І чаго гэткая гарачая зямля?..

Гарачыня мацнела, абпальвала ўжо скуру ля локцяў, заглыблялася, паўзла ўсярэдзіну, і Рэнаце падалося, што ў яе зараз сапраўды пачнуць смылець рукі. Яна, зяваючы перасохлым ротам, абаперлася на нейкі міг далонямі на шырокі дзірван, на якім жаўцелі, звітыя ў клубок, звялыя дзьмухаўцы, глядзела, як ціха і нячутна асыпаецца жвір па земляным грэбені. Нешта зашурхацела злева, ля тоўстай дошкі, што тырчма стаяла за грэбенем, і Рэната не паспела зірнуць у той бок. Раптоўны і моцны ўдар у патыліцу паваліў яе на гліняныя глыжы, і з гэтых глыжоў, і зверху, з патыліцы, сцебанула па плячах гарачая плынь, падхапіла, панесла ў нейкі цёмны халодны вір; Рэната не баранілася ад гэтай плыні, не супраціўлялася, не спрабавала выкараскацца з яе і сцішылася, радуючыся, што твар і рукі і ўсё цела ласкава і прыемна студзяцца.



3

Сонна і ціха плюскоча вада, цурчыць, як бы пазвоньваючы на каменьчыках у светлым і жвавым ручаі. І нібыта дождж пастуквае. Здаецца, дождж. Кроплі вось б’юць па шчоках, коцяцца па шыі, казычуць... І нешта прыемна студзіць лоб і скроні. І якія знаёмыя, дужа ж знаёмыя галасы!

«Давай тое вядро, Валечка! Там — халаднейшая».

«Не, тут халодная. Гэта — з крынічкі».

«Данік, сядзі на месцы!»

«Агрэсту хачу! Агрэсту!»

«Зараз ты схопіш у мяне агрэсту. Сядзі на месцы!»

«Гэтыя хатулі звязвай, Алесь, мацней. Узнімеш?»

«Зусім не цяжка. Магу несці».

«Паліто надзенеш».

«Горача ж!»

«Ноччу на машыне не будзе горача».

«А чаго ж яе няма?»

«Цяжка сказаць».

«А што, як фашысты яе хапянулі?»

«Гэтак ужо і хапянулі! Не дужа-ткі іх на гэты бераг і пусцяць...»

Рэната адкрыла вочы. У прагалах яблыневага голля — першае, што ўбачыла! — знаёма бялеюць царкоўныя муры на замчышчы, з блішчастымі, як залачонымі, крыжамі на купалах. Муры толькі ўверсе белыя, ніжэй яны цёмныя, быццам пафарбаваныя шэрай фарбаю. Гэтак увечары муры асвятляе сонца. Значыцца, вечар ужо? Так, вечар... І пад яблынямі прыцемна, як бы сонца ўжо за тым Дзвінскім борам... Гэтак яно і ёсць. І лістота на яблынях цёмная, як вечаровая... І нейкія цёмныя твары ў Валі і Даніка, якія сядзяць пад яблынямі. Побач з імі — Бохач і Алесь, вяжуць вяроўкамі тоўсты клунак, загорнуты ў клятчастую коўдру... А яна, Рэната, чаго тут ляжыць, на ложку, пад густым кустом бэзу, што расце пад акном хаты? Якое чорнае акно!.. І на вочы цяпер нешта чорнае звісла. І трымціць гэтая чорная сетка, трымціць... ,

Рэната дакранулася рукою да лба, зняла мокрую анучу, прыўзняла голаў. Ад болю ў патыліцы пацяклі слёзы, і гэты боль імгненна аднавіў у памяці тое, што адбылося ранкам: выбух бомбы, дымная яміна на месцы былой матчынай хаты, матчын туфлік сярод гліністых глыжоў... Усё гэта паўстала перад яе вачыма, як бы тлуста, але нязграбна намаляванае чорным вугалем на вялізным аркушы белай паперы. Яна бачыла сваіх дзяцей, чула іх галасы, бачыла Бохача, які ішоў цяпер у яе бок, выцягваючы папяросіну з пачка, і, разам з тым, бачыла ўсё тое, што аднавіла памяць. Але цяпер гэтае, адноўленае, у памяці было нерухомае, як нежывое, несапраўднае.

Пераадолеўшы боль, яна села на ложку, адчуваючы дзіўную лёгкасць ва ўсім целе, паклікала голасна, палохаючыся, каб тое, што яна зараз бачыць жывым, рэальным, не ператварылася ў малюнак нерухомы і нежывы: «

— Данічак!.. Валечка!.. Алеська!..

Алесь першым падбег да маці і стаў ля ложка.

— Што, матуля?

— Хачу агрэсту! Хачу агрэсту,— цягнуў зноў сваё Данік.

— Во табе агрэст! Во табе агрэст,— казала Валя і, падкідваючы малога на руках, таксама ішла да ложка.

Рэната ўзяла Даніка на рукі, галубіла, гушкала, і ўсё ў ёй ажывала, як бы нараджалася зноў, выплывала з небыцця.

— Маленечкі ты мой... Харошанькі сыночак... Агрэсцік жа няможна чапаць, бо ён жа зялё-ёненькі. Жывоцік ад яго разбаліцца.

Бохач — твар яго быў размаляваны чорнымі пісягамі, і Рэната толькі цяпер гэта заўважыла — распальваў папяросіну, гучна цмокаў, потым, пыхнуўшы дымам, папрасіў Валю:

— Падбяжы ты, галуба, туды...

Рэната спытала спуджана:

— Куды? Куды ты яе пасылаеш?

— Няхай на кабету маю гляне... Можа, што трэба ёй...

— А дзе ж яна?

— У склеп перанеслі,— Бохач ацёр рукою чорныя пісягі са шчок, але частка іх засталася на скронях і ля вушэй, і ад гэтага выраз твару стаў строгі і заклапочаны; а ў голасе — і гэта дужа ўразіла Рэнату — не адчувалася ні строгасці, ні заклапочанасці, быццам чалавек паведамляў пра нешта будзённае і звыклае.— І з хаты пасцягвалі туды, што можна...

— А гэта ж што, я і адлежала цалюткі дзень? — спытала Рэната і адчула, што і яе ўласны голас падобны на голас суседа.

— Адлежала... Як непрытомная ўвесь час была... Пашчасціла, лічы... На ўсе сто пашчасціла. Магла ж і ў зямельцы ляжаць.

— Памятаю, як зямлю грэбла... Потым бэхнула ў патыліцу... І ўсё. Як у бездань паляцела...

— Дошкаю цябе гвазданула. Шчасце, што цвікі былі загнутыя. Як жа цяпер хоць?

— Піць хочацца...

— Гэта добра. На папраўку, значыцца, павярнула...

Бохач зняў з вядра драўляную накрыўку, зачэрпнуў поўную конаўку вады. Рэната ўзяла конаўку, паднесла да губ, але не піла, з цяжкасцю варушачы губамі, папытала:

— Адкапалі? — і паўтарыла, адчуваючы востры боль у сэрцы:— Адкапалі...маму?

Усё тым жа голасам, як быццам казаў пра будзённае, але цяпер глуха ўздыхнуўшы, Бохач сказаў:

— Але... І Ніну з Вольгачкаю таксама... Усіх разам і пахавалі... Там,— паказаў рукою ў бок замчышча.— Пад таполяю...

— Пахавалі? Я-а-ак?

— Пахавальная каманда прыязджала... У яе — загад строгі: адразу ж хаваць забітых. Бо спякота, мухі..

Вада ў конаўцы была сцюдзёная, ад яе пакалвала зубы, і Рэната піла маленькімі глыткамі. Бохачавы словы нібыта каціліся ўсярэдзіну халоднымі камякамі, выстуджвалі ўсё нутро, і Рэната прымала жахлівы сэнс тых слоў зацята, маўкліва, нібыта смерць маці была даўно-даўно і яна перажыла ўжо тое гора, адпакутавала, пахавала.

— Пад таполяю, кажаш? — спытала, як выціснула з сябе балючы і горкі камяк.

— Магіла адразу ж за варонкаю... Яны ўсё запісалі... І год, і імя запісалі,— Бохан раптоўна павярнуўся, гукнуў Алесю: — Падцягвай, падцягвай хатулі да вуліцы. Каб потым часу не губляць, як машына падыдзе,— і зноў, павярнуўшыся да Рэнаты, прамовіў:

— Смаль абяцаў а восьмай... А ўжо на дзесятую пайшло...

Рэната глытнула вады з конаўкі і потым, нагбом, апаражніла яе; нутро апякло холадам.

— А, небачка! Гэта ж мы на эшалон спознімся!

Бохан махнуў рукою:

— Які, суседка, эшалон! Апоўдні, Смаль казаў, апошні праскочыў. Разбамбілі ўсе масты на Віцебск начыста. І на Невель дарога разбурана...

— А як жа цяпер?

— Пешкі. Альбо на машыне... Як хто зможа. Але ўсе — на Невель. Бо спакайней, Смаль казаў, тым краем спакайней,— пацягнуўся па пустую конаўку.— Шчэ вадзіцы?

— Ага... Як згарэла нутро,— і, узяўшы ў Бохача поўную конаўку, паднесла яе да губ, адпіла глыток, вярнула конаўку, папрасіла цвёрда:—Хадзем... Я хоць зірну, дзе пахавалі...

Ад таполі, што сваімі галінамі амаль упіралася ў схіл замчышча, на зямлі ляжаў густы цень, і свежая магіла ў ім выдавала старой, дужа даўняй. І дужа даўнім здаваўся Рэнаце боль у сэрцы, і толькі новым, увесь час зменлівым быў востры боль у патыліцы — успыхваў адразу ж, ледзь крута зварухнеш галавой,— і таму яна глядзела толькі ў адну кропку, на жоўты вяночак звялых дзьмухаўцоў — на краі нейкага дужа шырокага магільнага пагорка.

Данік, які быў сцішыўся ў Рэнаты на руках, цяпер зварухнуўся, і яна закрыла яму тварык крысом кофтачкі, каб малы не глядзеў на магілу. Але Данік тут жа аціх, бы раптоўна і моцна заснуў.

«Яны ж тут усе пахаваны... І мама... І Ніна... І Вольгачка... А я перад пахаваннем іх і не пабачыла...»

Вецер павяваў ад ракі цёплы. Але як бы нейкі холад ішоў ад шырокага магільнага пагорка, і Рэната баялася набліжацца да яго і прыгорбілася, асцярожна прыціскаючы да грудзей сына; яна нічога не казала Бохачу, толькі моцна, як не да крыві, прыкусіла губу.

— Пасля вайны, казалі, можна будзе перахаваць,— ціха прамовіў Бохач.— Паколькі ўсё запісана дакладна...

— Дзе запісана? Што? — яна не адразу дапяла, пра што ён гаворыць.

— У гэтых... З каманды што... Яны і казалі, што, як вайна скончыцца, перахаваць можна будзе...

— Як вайна скончыцца,— паўтарыла Рэната Бохачавы словы і горка паківала галавою.— Хто ж ведае, калі яна скончыцца.

— Калі пачалася, дык скончыцца. Вечнага на свеце нічога няма... Ціха, ці не Смаль гэта коціць? — ён павярнуўся, азіраючы правулак.— Не, падалося — гэта за горадам машына... Ды пажар гудзе...

Рэната толькі цяпер пачула аднастайны гул, дужа глухі, далёкі, што ішоў як бы з-пад замчышча, з зямлі. Раз-пораз бухнулі за Дзвіной чатыры стрэлы.

— Блізка ж недзе гэта,— Бохач устрывожыўся, нецярпліва паглядзеў у бок правулка.— Куды тая машына падзелася, хто ж яе ведае...

— Якая машына?

— Палутарка.

— Чыя, я хацела спытаць.

— Сельпоўская. Смаль, швагрусь мой, шафёрыць. Дамовіліся ж па-цвёрдаму: увечары едзе, а восьмай.

— А чаму не раніцою? Раніцою ж лепей.

— Раніцою? Раніцою фашысты ў горад уломяцца, як мне думаецца. А можа, шчэ і раней...

— А можа, шчэ і раней?

Рэната здзіўлена, без веры, паўтарыла словы Бохача. Але болей за словы яе здзівіла тое, што яна ўбачыла, калі павярнулася ў бок правулка, куды глядзеў і Бохач. За будынкам школы, які згарэў ад фашысцкай бомбы ў першы ж дзень вайны, ва ўсю шырыню неба, як вокам кінуць, вісела густая, са злавесным барвовым адценнем, імгла. Яна была то густой, чорнай, то раптоўна бралася на чырвань, і гэтае чырвонае адценне гарэла дзіўнымі фарбамі, набірала сілу, потым распаўзалася на ўсе бакі, і барвовая палоса заставалася толькі ўсярэдзіне, гусцела і трэслася, дзелячыся на вузкія матузы, і гэтыя матузы ападалі да зямлі, як паўзлі па сценах, звіваліся ў вокнах, і ад гэтага правы бок спаленага школьнага будынка, звернуты да ракі, здавалася, гойдаецца і трымціць.

— А нашы дзе? — выгукнула Рэната, не дачакаўшыся тлумачэнняў Бохача.

— А нашы дзе? — з горыччу перапытаў Бохач.— Адступаюць нашы. У горадзе, здаецца, нікога ўжо і няма. Адно толькі гэта,— ён паказаў сціснутым кулаком правай рукі ў бок барвовага неба за школьным будынкам.— Агонь і дым... Нейкія бомбачкі ўдзень фашыст кідаў — я гэткіх і не бачыў ніколі. Сама малеенечкая, а гарыць ад яе ўсё — і цэгла і зямля.

— А дзе пажарнікі? Чаго агонь не заліюць?

— І няма каму. І няма чым... Я ледзьве выпаўз з таго пекла,— і зноў пачаў узірацца ў правулак, лаючыся:— Чорт яго ж ведае, дзе ён з машынаю гойсае... Э-эх, мне б толькі вас у кузаў укінуць...

— Нас? А вы што? Застаяцеся?

— Жонка ж ляжыць усё — сатрасенне ў яе. Галава.... Рухацца не можа. Я ўрача прывёў наадвячорку. Ён і цябе паглядзеў. Казаў, што сто гадоў пражывеш...

— Як з нябыту выпаўзла — гэткае ў мяне цяпер адчуванне. Як з таго свету выграблася...

— З таго свету ўжо не вылузнешся, калі трапіў туды,— сказаў Бохач з дзіўнаватым смяшком і тут жа згасіў яго.— Трэба ўсяляк да гэтага свету бліжэй. Але вось жа нешта машына гэтая позніцца... Каб пасадзіў вас на машыну — тады спакойны.

— А мы без вас не паедзем,— сказала Рэната і, адчуўшы, што словы прагучалі непераканаўча, дадала з націскам: — Не паедзем!

— Лухта! Дзеці вось... Іх з агню трэба выхапіць. А мне, кульгаваму, куды бегчы?.. І жонка, відаць, набегалася... Ціха! Машына, здаецца... То-очна яна! Коціць Смалёк мой... Пабеглі, дзеці! Пабеглі!..

— Мы без вас не паедзем,— катэгарычна пацвердзіла Рэната.

Бохач зазлаваў, на яго твары нядобра, ярасна бліснулі чорныя, крыху звужаныя вочы.

— Твой Міхась мне пад Выбаргам жыццё ўратаваў. А ты хочаш, каб я дзяцей ягоных тут, у агні, кінуў? Не-е, лепей самому памерці,— і загадаў строга: — Алесь, Валя! Бегма трэба!..

Ён крутнуўся, пашыбаваў накульгваючы, нязграбна сігаючы цераз параскіданае на шляху абгарэлае бярвенне. Рэната, падпарадкоўваючыся яго загаду, шнуравала следам, але ўвесь час адставала, замінаў Данік, які моцна спаў у яе на руках. На нейкі момант яна прыпынілася, каб зручней узяць малога, і Бохачадразу ж закрычаў:

— Хутчэй трэба! Чакаць яму няма як!

На правулку, насупраць Бохачавай хаты, амаль ушчыльную да зялёнай брамкі, на якой пасля выбуху бомбы ацалелі ўсе дошкі,— плот ляжаў, павалены ў палісаднік разам з жардзінамі, паадарванымі ад слупоў,— стаяла палутарка. У кузаве, пад брызентам, які быў прывязаны да пярэдніх бартавых крукоў, горбілася нейкая паклажа. У кабіне — дзверцы былі адчынены,— учапіўшыся рукамі ў чорны абаранак руля, сядзеў нейкі дзіўна маленькі, як хлапчанё, шафёр.

З-за машыны выбег мажны круглатвары мужчына, у расхрыстанай кашулі, аранжавай, у белы буйны гарох; адзін рукаў кашулі, правы, закасаны па локаць, а другі быў як надарваны ля локця і матляўся.

— Лявоне! Дружа Лявоне,— картава, як бы нешта трымаючы ў роце і жуючы, гукнуў мужчына, і Рэната здагадалася, што гэта і ёсць Смаль, а за рулём сапраўды сядзіць нейкі хлопчык.— Дзве хвіліны маеш! Птушкаю ляці! .

Каротка піпікнуў сігнал, і Смаль патрос кулаком у бок машыны:

— Не чапай руля! Ганна! Трэсні яму па кумпале!

У глыбіні кабіны, ля зачыненай з таго боку дзверцы, тулілася жанчына з белым згорткам на руках. Малое гэта ў яе на руках. І нешта ж дужа знаёмы твар! Не, падалося проста...

Бохан валок ужо з саду два вялізныя Рэнаціны хатулі, побач з ім тупаў Алесь — у кожнай руцэ па клунку; Валя, згінаючыся ад цяжару, цягнула, як не па зямлі, разбухлы, увязаны рамянямі чамадан.

Смаль працягла і красамоўна прысвіснуў:

— Гу-у-у... Адкуль, Лявонка, гэты калгас? Чый? Бохач адвярнуў край брызенту, пагнаў Алеся з Валяй у сад па новую паклажу і толькі тады адказаў, кідаючы ў кузаў хатулі:

— Суседзі. Сто гадоў разам жывём.

— Хай сабе і дзвесце! — Смаль узарваўся, шмаргануў каўнер кашулі, які ціснуў шыю гэтак моцна, што шыя была чырвоная, і гузікі, як боб, пасыпаліся на дашчаны тратуар.— Аніводнага не пасаджу!

— Пасадзіш!

— Куды? К сабе на... гузік?

— У кузаў. Месца там хопіць.

— На рысоры зірні! Перагруз удвая!

Рэната чамусьці адразу зненавідзела і круглы твар Смаля, і вёрткія шэрыя вочы, і аранжавую, у белы буйны гарох, кашулю паверх сініх штаноў, запраўленых у добрыя хромавыя боты, зненавідзела нават палатняную, у маслянічных плямах, кепку з выгнутым казырком, які наўскасяк закрываў лоб, блішчасты ад поту. Хацелася крыкнуць шафёру нешта абразлівае, крыўднае, адмовіцца ад машыны... Але губы як зліпліся, і яна не магла паварушыць імі і ўсё стаяла, і ўсё цікавала жанчыну, якая стулілася ў кутку кабіны, цікавала і ніяк не магла разгледзець яе твар. Цяпер Рэнаце зноў падалося, што яны знаёмыя, і жанчына з таго, чамусьці, не хоча паказвацца, як бы саромеецца.

— Цяпер паўсюль перагруз,— па-філасофску спакойна заўважыў Бохач.— А дзяцей жа не кідаць. Цяміш?

— А гэта ты цяміш? — Смаль лупянуў кулаком па борце.— Дзяржаўную маёмасць вязу! Калі што-небудзь з ёю прыключыцца — шафёр адразу пад трыбунал ляціць,— ён пацёр рукою шыю, якая цяпер крыху пасвятлела.— А я не хачу пад трыбунал!

— Спалохаўся. Цалюткі ты будзеш,— і гукнуў Алесю: — Газу, Алесік, газу! — і тут жа выхапіў з Алесевых рук клунак, шпульнуў яго ў кузаў.— Давай ладкуй тамака! — і дадаў яшчэ, быццам да гэтага зусім і не чуў, як абураўся Смаль:—Ладкуй, каб добра было — ехаць не блізка!

Алесь у адзін міг апынуўся ў кузаве, працягнуў руку Валі, дапамог ёй ускараскацца.

— Куды ты грузіш? Куды? — Смаль піхнуў дзверцу кабіны, і яна зачынілася, бабэхнуўшы гэтак, што забразджала шкло. Потым кінуўся да Бохача, як збіраўся біцца з ім.— Куды грузіш? А як храпне рысора? Цябе замест яе ставіць?

— Мяне не паставіш. Я тут застаюся.

— Што-о-о? — Смаль адступіў на крок ад Бохача.— Дык навошта ж я, лупач апошні, пёрся сюды? Праз увесь горад па агні драўся! А мог жа ў-унь дзе каціць! Колькі часу — кату пад хвост!

Бохач ляпаў Смаля па плячы:

— Нагоніш час! Шафёр ты першакласны. І машына ў цябе — звер,— і ўжо тонам строгім і суровым: — А тое, што дзяцей гэтых з агню вывезеш — Міхал табе ў ножкі паклоніцца,— і зноў сказаў весела:— І на небе ў актыў залічаць: у раі будзеш жыць! Ну, жэўжыкі, уладкаваліся? Давай, суседка, малога!

Рэната адхіснулася ад рукі Бохача, як бы спудзіўшыся гэтай помачы.

— Сама я, сама!

Паставіўшы нагу на кола, яна моцна прыціснула да сябе Даніка рукою, а другой учапілася ў зялёную верхнюю дошку борта. Алесь і Валя кінуліся памагаць ёй, знізу падштурхнуў Бохач, і яна перакулілася ў кузаў. Ударылася галавой аб нешта цвёрдае, накрытае брызентам і прыкусіла губу ад болю. Потым тузанула за руку дачку:

— Чаго круцішся? Садзіся і сядзі!

Над бортам, сагнуўшыся і стоячы нагамі на задніх колах палутаркі, нейкі час пасвістваў Бохач, агледзеў кузаў, усміхнуўся Рэнаце:

— Добрай дарогі, суседка! І вяртайся хутчэй. Хату я тут пагляджу, не ўкрадуць,— паляпаў па плячы Алеся.— А ты тут, у кузаве, за капітана. Глядзі парадак! — і тут жа стукнуў далонню па версе кабіны.— Гані, дружа! — саскочыў на зямлю, паціснуў руку Смалю, які працягнуў яе з акна кабіны.— На Запалоцце газуй. А там — на шашу!..

Заныў старцёр, і адразу ж, на вялікіх абаротах, зароў матор. Машына рванулася з месца, як падскочыла, панеслася пыльнай дарогай усцяж Дзвіны. На паваротку Рэната на міг убачыла гонтавы дах свае хаты — белы комін пасярэдзіне вільчыка ўжо хаваўся за парослы палыном схіл замчышча. На вачах Рэнаты былі слёзы — выціснуліся ад болю, калі грукнулася галавою аб нешта цвёрдае пад брызентам,— і яны яшчэ не прасохлі, трымцелі на веях, і праз гэтае дрогкае сяйво ёй падалося, што вільчык прагнуўся пасярэдзіне, як бы прыдаўлены белым комінам.



4

Хатулі ў кузаве ператрэсла, і Рэната з дзецьмі апынулася ў неглыбокай, мяккай і ўтульнай яміне. Валя з Данікам спалі — яны заснулі даўно, як толькі машына выбілася за горад на роўную, без выбоін, гравійку,— Алесь жа не спаў, поўзаў па кузаве, спрабуючы замацаваць брызент на задніх бартавых круках. Брызент увесь час матляўся, то ападаючы ўніз, то ўзвіваючыся, бы нейкае дзіўнае крыло, і за ім, крыху адстаўшы ад машыны, віхрыў густы хвост пылу.

Горад ужо быў далёка, за лясамі і пагоркамі, пазначаны барвовай падковаю, што злавесна чырванела на вечаровым небе. Дарога зноў павярнула ўправа, спусцілася ў лагчыну, потым крута ўзляцела на пагорак — гэтак жа ўвесь час рухалася і барвовая падкова, як хто абціскаў яе вялізнымі чорнымі абцугамі; калі ад стрэчнага ветру на левым баку кузава высока ўзлятаў брызент, падкова як бы разразалася надвае, а потым зусім прападала і тут жа зноў яшчэ больш ярка чырванела, быццам выпырхвала з-пад вялізнага чорнага крыла.

Алесь усё намагаўся замацаваць брызент, і Рэната насварылася на яго:

— Хопіць ужо гэтай валтузні! Супакоішся ты калі-небудзь?

— Трэба неяк жа завязаць!

— Звалішся за борт, тады завяжаш... Ідзі сюды! Кладзіся побач і спі. Колькі ж табе гаворана?

— Лес мінём — буду спаць,— паабяцаў Алесь.

Машына моцна гайданулася раз, другі, потым затрэслася, бы падкідвала яе нешта ад зямлі; матор роў басавіта, з натугаю.

— Каб жа хоць не зламалася,— спалохана, але ціха, як бы сама сабе, праказала Рэната.

Алесь, звесіўшы галаву за борт, паведаміў:

— Буксуем патрошку — на пагорак лезем. А пясок — сыпкі. Ну-у-у,— ён як бы сіліўся падмагчы машыне голасам.— Да-а-вай, цягні!..

Рэната шмарганула сына за руку, прымусіла сесці побач, зноў насварылася:

— Прывязаць цябе, ці што? Далібог, прывяжу!..

Натужна равучы, машына памалу ўспаўзла на пагорак, пайшла спакайней, пакрысе набіраючы хуткасць. Ціха, але часта лапатаў брызент — глушыў Алесевы словы.

— Зусім не чуваць, пра што ты гаворыш,— сказала Рэната.— Ты нешта пытаў?

— Ды ўсё тое ж... Чаго адступілі нашы? Учора па радыё перадавалі, што наша армія пачала наступленне ля Мінска. А сёння — адступленне. Чаму?

— Не ведаю, сынок.

— Бохач казаў, што фашыста за Дзвіну не пусцяць. Навошта ж тады ўцякаць нам, калі яго на гэты бок не пусцяць?

— Рознае можа здарыцца.

— А гэтая дарога куды? На Невель прама? А далей куды? На Ленінград?

— Так, сынок, на Ленінград.

— Дык мы ж можам татку нашага сустрэць! Калі іхняя армія адтуль ідзе на фашыстаў — сустрэнем. Праўда?

— Праўда, сынок, праўда. Толькі адно прашу: кладзіся і спі. Каб сілы мець на заўтра. Дзядзька Лявон, памятаеш, што сказаў? Ты — капітан у нас. А капітану сілу трэба мець.

— У мяне ёсць сіла. Я — дужы!

— Ведама. А калі паспіш — шчэ болей сілы будзе.

— Як малога яна мяне ўгаворвае!

— Я не ўгаворваю. Ты ж абяцаў: лес скончыцца — спаць будзеш. Вось і кладзіся тут, ля Валечкі. І ёй і Данічку цяплей будзе...

Рэната прымусіла Алеся легчы побач з Валяй і трымала сваю руку на яго плячы, пакуль ён не заснуў, потым паправіла на ім старое паліто, сама прымружыла вочы і адразу неяк вельмі ўтульна, заспакоена адчула сябе ў гэтай зацішнай яміне сярод мяккіх хатулёў, што захіналі з усіх бакоў. І дзеці побач з ёю, і яны едуць, імкліва аддаляючыся ад бяды, і бяда ўжо не нагоніць іх. І якое гэта шчасце, што Бохач уладкаваў яе, Рэнату, і дзяцей на гэтую машыну — добрай душы чалавек! Цяпер на лепшае ўсё выкіруецца. Машына ідзе хутка, і, мажліва, недзе раніцою яны будуць ужо ў Невелі. Ды хай бы і не ў Невелі — абы толькі да нейкай станцыі дабрацца. А там — цягнік. Ідуць жа цягнікі на Невель, не можа ж быць, каб усю чыгунку фашысты разбурылі. А ў Невелі сястра і брат жывуць, можна спыніцца ў іх, перачакаць навалу, а тады і дамоў вярнуцца. Мажліва, нават гэта вельмі добра, што яны едуць менавіта гэтай дарогаю — дарога ж на Невель. А каб пасадзілі іх у эшалон? Хто ж ведае, куды рушыў бы той эшалон? Лагуцін — помніцца ж і прозвішча таго лейтэнанта з ваенкамата — зусім пра тое не ведаў і не казаў. Голас у яго глухі, вочы чырвоныя ад бессані... Гучна як ён тады кнопкамі планшэта шчоўкаў. Стаяў ля ганка і шчоўкаў тымі кнопкамі і глядзеў на таполі, што ўпіраліся галінамі ў схіл замчышча. Чаго ён глядзеў так уважна на таполі? Пярэчыў братавай, потым ёй, Рэнаце, пярэчыў, а сам глядзеў на таполі, быццам запрашаў зірнуць на тыя дрэвы?.. Мажліва, прадбачыў, што дарэмна братавая пнецца некуды ехаць, а яна, Рэната, дарэмна патрабуе, каб маці ўключылі ў спіс на эвакуацыю? Не, глупства гэта! Глупства? Хай сабе. Але ж хто можа сказаць, што чакае яе, Рэнату, ранкам? Будзе дзень, наляцяць гэтыя груганы, зваліцца на машыну бомба —усім кранты: і табе, і дзеткам, і Смалю з сям’ёю...

Яна адкрыла вочы, глядзела на чорны лес, што зноў стаяў паабапал шашы, на зіхатлівыя зоркі ў крыху пасвятлелым небе. Зноў яна, дурніца, пра смерць павяла! Сказала ж сабе: пра жыццё думай! Пра будучыню думай!.. Невель ужо недалёка — пра яго і думай. У сястры хата ля рэчкі, і брат жа непадалёк там жыве — дзецям будзе добра... Мажліва, што і гасцяваць там доўга не давядзецца. Мажліва, за ноч усё пераменіцца на лепшае, нашы пойдуць у наступ, ты вернешся дамоў, на Дзвіну, усё пойдзе ранейшым, добрым кірункам. А раптам недзе тут, пад Невелем, здарыцца якраз тое, пра што казаў сын?.. Можа ж здарыцца такое, і яна сустрэне Міхала! Ці Геначку стрэне... А што, як Геначка зараз коціць ім насустрач па гэтай дарозе? Не, можна толькі марыць пра такое! Дарэмна, о-ой дарэмна дазволіла яна старэйшаму запісацца ў гэты знішчальны атрад! Дазволіла? Хіба ж Геначка пытаўся таго дазволу?.. «Вайна, мама! І я, камсамолец, вінен ісці першым!» Гэтак і адсек! І што было яму запярэчыць!.. Яшчэ добра, што гэтага неслуха Алеся ўдалося затрымаць. А ён гэтак жа, на старэйшага раўнуючыся, уга, як у знішчальнікі рваўся!.. Бачыш, ім, дзецям, гэтая вайна як нейкая забаўка, пагулянка цікавая. Ці, мажліва, усё гэта толькі падаецца ёй, бо яна, Рэната, жаночым сваім розумам не можа зразумець сваіх сыноў?.. Каб Міхал быў побач, дык той бы адразу сцяміў, што кожнаму трызніцца, добрую параду даў бы... Хлопцы, звычайна ж, болей да бацькі горнуцца, з ім лічацца болей, давяраюць болей... І ён, Міхал, іх ужо і любіць, ужо ж і галубіць, песціць, можа, нават і залішне...

Думкі пра мужа і сыноў супакойвалі, улагоджвалі. Міхал нібыта быў побач, і яна размаўляла з ім, прыгадвала жыццё, якое ішло ў іх добра і наладна. Рэнацін бацька прадказваў ім гэткае жыццё двойчы: на вяселлі і наваселлі. Апошнія тры перадваенныя гады, праўда, неяк яно, жыццё, павярнулася на ростані. Бралі з заводаў камуністаў на палітработу ў армію — Міхал першым у чыгуначным дэпо заяву. Яшчэ ўсё жартаваў, што, маўляў, наваселле справілі, трэба, маўляў, у арміі яму быць, каб новую яго хату вораг не пабурыў. А наваселле ў іх было слаўнае — увесь правулак быў запрошаны, песні аж да раніцы спявалі. Як добра, моцна ўсё лягло ў памяць. Колькі часу пранеслася, а ўсё гэткае яскравае, быццам учора толькі было. Тады хораша цвілі маладыя яблыні — Міхал пасадзіў яблыні ў той год, калі толькі пачалі будавацца, а будаваліся чатыры гады, і яблыні выраслі, добра зацвілі,— павяваў з Дзвіны цёплы, прапахлы палынамі вецер, і зіхацелі на сталах кубкі і келіхі ад сонца, што вісела якраз над ракою, і голасна, шчасліва смяяўся бацька, узнімаючы келіх, што, маўляў, яшчэ двух сыноў будзе мець Міхал і што радасць невыводная будзе, бо сядзяць на новых дзвярах мятлікі — а гэта прыкмета верная, хоць галавой можна ручацца...

Бацька тады заўважыў двух мятлікаў, цёмных, як з карычневага блішчастага аксаміту, вялікіх, з доўгімі вусамі, акаймаваных на крыльцах белай і чырвонай мярэжкаю,— селі мятлікі на дзверы новай хаты. Жартаваў тады бацька і не ведаў, што не суджана яму ўбачыць ні новых сваіх унукаў, ні шчаслівага і радаснага жыцця дачкі ў новай хаце — асабістага шчасця яму тая прыкмета не зычыла: праз месяц пасля наваселля пагнаў бацька плыты па Дзвіне і загінуў, ратуючы жыццё маладога стырнавога Лявона Бохача. Неўзабаве Бохач як бы вярнуў тую дабрыню: рызыкуючы сваім жыццём, пад Выбаргам уратаваў Міхала. А праз месяц Міхал ужо выцягнуў з-пад агню параненага сябра...

Рэната пакруціла галавою, быццам атрэсвала — нейкія ўсё чорныя дні яна перабірае! — ад сябе ўспаміны, і нечакана заўважыла, што машына не рухаецца. Так, сапраўды: матор працуе, але машына стаіць на месцы!..

Бразнула дзверца, з кабіны, лаючыся, выскачыў Смаль.

— Селі, чорт падзяры!..

— Мо нешта памагчы? — спытала Рэната.

— Чым тут паможаш?.. Пясок бы мліва: увесь час на першай і на першай піліш,— Смаль засунуў руку ў кабіну і выключыў матор.— Вада зараз закіпіць...

— Мо чым я магу памагчы? — зноў папытала Рэната.

— Шчэ напамагаешся,— неяк няпэўна паабяцаў Смаль, поркаючыся пад брызентам ля задняга борта; забразгацеў ланцуг, грукнула на бартавым круку сякера.

— Мо скінуць брызент? Ці патрымаць, каб не замінаў? — з гатоўнасцю прапанавала Рэната.— Вы што рабіць хочаце?

— Голле трэба секчы.

Ад гаворкі, бы па камандзе, абудзіліся Валя з Алесем. Алесь прахапіўся, стаў на каленкі, спытаў сонным голасам:

— Што, прыехалі ўжо?

— Пясок. Забуксавалі,— прамовіла ціха Рэната, як бы толькі адна яна і была вінаватая ў тым, што здарылася.

Рэната была наважылася злезці з машыны, але Алесь затрымаў яе. Жаночая дапамога, маўляў, тут не спатрэбіцца. Разам з шафёрам яны зараз усё зробяць належным чынам і рушаць далей.

Алесь саскочыў на дарогу, узяўся адграбаць рыдлёўкаю пясок ад задніх колаў. Смаль ссякаў ля ўзбочыны маладыя хвойкі, кідаў іх у каляіны, лаяўся:

— Недзе ж ёсць і майстар дарожны, што дарогу глядзіць. Каб жа яму і далей гэтак лёгка жылося, як пясочак ад колаў сыплецца.

— Трэба было на хуткасці праскочыць пясочак,— параіў Смалю Алесь.

— Праскочыш. Ферадо ў машыне ведаеш якое? Ледзьве ліпіць.

— Новае трэба было паставіць!

— Нава-атар,— буркатнуў Смаль і пайшоў да кабіны.— Чуеш, наватар-фіксатар! Паспрабую на першай узяць... А ты — голле пад колы падбівай.

Машына крыху пасунулася наперад, але тут жа затрэслася, колы пачалі буксаваць на адным месцы і ўсё глыбей і глыбей зарываліся ў пясок. Смаль зноў выключыў матор, выскачыў з кабіны, лаяўся, націскаў з рознымі адценнямі на адно і тое ж слова:

— Перагруз, трасца яго матары... Перагру-уз, каб яму лёгка ікнулася... Пе-ра-гру-уз! — ён зноў ціха і ярасна лаяўся, адкідаў пясок ад задніх колаў, ботамі падбіваў туды ялінкі, потым спытаў у Алеся, быццам рашаючае слова было за ім:— Паспрабуем?

— Я ззаду падпіхну. Добра?

— Тваё піханне, як кашаль хваробе помач! Перагруз у нас!

— Дык разгрузіцца трэба. Пясочак праскочым — пагрузімся зноў. І — далей.

— Э, а гэта — мысля-а! Давай каманду: усім — разгруз! Галоўнае, каб колы аслабаніць крыху...

Рэната, якая чула ўсю гаворку Смаля з сынам, пералезла цераз борт і, намацаўшы нагою кола, спусцілася на зямлю.

— Валечка! Давай сюды мне Даніка! І хатуль давай,— яна ўзяла малога на левую руку, а правай учапілася ў хатуль, які ляжаў пры самым борце.— Кідай і астатнія на зямлю, дочачка. Потым пагрузімся зноў...

— Пагрузім, пагрузім,— паабяцаў Смаль, ускараскаўшыся ў кузаў.— Абы з гэтага пяску выбрацца. Нібыта багна засмактвае,— ён ссунуў брызент на сярэдзіну кузава, адвязаў бартавыя крукі з левага боку.— Ну-утка, падмагні, хлопча! Гэты мех спачатку... Разам узя-я-ялі!.. Цяпер — наступны. З таго, з таго боку яго выграбай і на мяне вярні... Р-раз!..

Гучна і цяжка гупнулі на зямлю два мяхі, і Рэнаце падалося, што гэта, следам за мехам, зваліўся на зямлю Алесь. Яна аддала Даніка дачцэ, якая сядзела на хатулі ўзбоч, кінулася на той бок машыны. Але Алесь стаяў ля борта, тузаў брызент, гукаў шафёру:

— Які цяпер? Мяхі, здаецца, розныя.

— Досыць гэтага, досыць,— і Смаль, саскочыўшы на зямлю, загадаў:— А цяпер — піхаць! — і, дачакаўшыся, пакуль Алесь адыдзе ад борта, закамандаваў зноў: — Не, кладзі лепей хвою пад колы!

— Я бяруся піхаць,— прапанавала Рэната.— А ён хай кладзе голле...

— Ну, гэткай брыгадаю мы ўраз яе выпхнем. Чуеш, наватар, ты толькі піхай глыбока пад колы! Не паверху. Сцяміў?

— Ну!

— Ну і ну — баранкі гну. Я спачатку раскачку дам. А ты ў гэты момант — яліну пад колы!

Смаль абабег вакол машыны і, не зачыняючы дзверцу, завёў матор. Двойчы газануў, закамандаваў:

— Р-разам цяпер! Р-р-разам!..

Смурод спаленай газолі ўдарыў Рэнаце ў рот, яна захліпнулася смярдзючым дымам, сагнулася, але не зняла рукі з борта. Машына гайданулася наперад, потым назад, затым зноў крыху пасунулася наперад. Рэната, правальваючыся нагамі ў сыпкі пясок, уперлася ў задні борт яшчэ і плячом, адчула рух машыны і націскала з усяе моцы. Ёй здавалася, што варта толькі на міг паслабіць напружанне, як колы пакоцяцца назад.

— Пайшла-а-а! Пайшла-а-а! — радасна паведаміў Алесь.— Цяпер газу! Газу паболей!..

Ляцеў з-пад колаў, балюча хвастаў па твары пясок, крывава-чырвоны ад святла стоп-сігналу, які не згасаў і трымцеў. Смярдзючы дым з выхлапа забіваў рот і нос, і Рэната намагалася дыхаць радзей, адварочвала галаву і ўсё націскала і націскала на вузкія дошкі борта. Ад напружання, ад смярдзючага дыму яе ванітавала, звінела ў галаве і нясцерпна балелі і смылелі далоні. Нейкі ж ёлупень панавінчваў на нітах гэтыя вялікія гайкі, вострыя, колкія, што рэжуць скуру. І нельга паслабіцца, кінеш піхаць машыну, і яна спыніцца, усё давядзецца пачынаць спачатку. Тут ужо нямнога засталося, зараз скончыцца гэты пагорак, пойдзе роўная дарога, трэба толькі не паддавацца, не шкадаваць сябе...

Машына паўзла і паўзла, і з кожным крокам рух яе рабіўся ўсё хутчэйшы, і Рэната ўжо амаль бегла, намагаючыся не адставаць. Раптам, быццам узляцеўшы ўверх, борт вырваўся з-пад пальцаў, сігануў наперад, і Рэната па «інерцыі імкліва гайданулася следам, але апірышча рукам не было, і яна не ўтрымалася на нагах.

«Халодны!.. Які ж халодны пясок!..»

Бразнуўшыся на дол, Рэната ўдарылася не балюча, дотык да халоднага і мяккага пяску быў гаючы для твару і далоняў, якія смылелі.

— Стой! Стой-ой! — закрычаў Алесь і кінуўся следам за машынай.

— Сынок, не бяжы! Пач-ча...

Рэната стаяла на каленях, адкашлівалася, упіраючыся далонямі ў сыпкі пясок дарогі. Чырвоная плямка святла імкліва аддалялася. Гэтак жа імкліва аддалялася і постаць сына. Дарэмна Алесь пабег, трэба браць хатулі і несці іх туды, на пагорак, куды зараз коціць палутарка. Шафёр зараз спыніць машыну, вернецца, дапаможа ім пагрузіцца, пагрузіць свае мяхі таксама, і можна будзе ехаць далей, ехаць гэтак жа добра, як яны і ехалі дагэтуль.

Вуркатанне матора рабілася ўсё цішэй і цішэй, потым растала. Неяк імгненна растала, быццам завалілася некуды ў глыб лясных нетраў, і Рэната з трывогаю ўслухоўвалася ў цішыню. Яна ўсё яшчэ не верыла ў тое, што здарылася, не верыла, што засталася адна з дзецьмі на лясной дарозе, уночы. Нават крыху пазней, калі вярнуўся, захаканы, Алесь, у яе сэрцы ўсё яшчэ цеплілася надзея, і яна, не ўзнімаючыся з долу, спытала ласкава, спадзеючыся толькі на добрае:

— Ну, што там, сыночак?

— Ён уцёк! Знарок прымусіў нас паклажу скінуць. Знарок нас пассаджваў. І — уцёк!

— А ты добра глядзеў? Можа, на ўзбочыну звярнуў? Можа, дзе далей спыніўся?

— Уцёк! Ты што, не разумееш?

— Ён жа і сваю паклажу скідаў. Вунь жа мяхі ляжаць.

— Каб падмануць. Каб мы ўсе з машыны пазлязалі. Каб самому лягчэй ратавацца.

Логіка сынавых разважанняў не пераконвала. Здарылася, відаць, нешта незразумелае пакуль што і ёй, Рэнаце, і яму, Алесю. Шафёр не мог іх кінуць! Не чужы ж чалавек — родзіч Бохачу! А можа, кінуў, каб сваіх ратаваць лягчэй? У кабіне ж, мабыць, жонка Смаля. І малы ў яе на руках. І яшчэ ў кабіне той хлопчык, што круціў руль... Неяк перад вайною Бохач казаў, што ягоны швагрусь, які працаваў недзе на Поўначы, перабраўся ў вёску пад горадам. Але раней, да ўчарашняга дня, Рэната не бачыла Смаля. Можа, баяўся ён прыязджаць да Бохача? I нечага ўвесь час маўкліва тулілася ў кабіне тая жанчына, як хавалася, нават аніводнага разу голасу не падала.

— Блага не трэба аб людзях думаць,— сказала Рэната; зацятасць Алеся яе ўстрывожыла.— Трэба дакладна ведаць, а тады ўжо і гаварыць.

— Усё тут дакладна: здраднік гэта!

Ад халоднай калянасці пяску — гэта ж усё яшчэ яна стаіць на каленях пасярод дарогі! — паўзлі па скуры дрыжыкі, і Рэната ўзнялася, паўтарыла, папракаючы сына:

— Трэба дакладна ведаць, а тады ўжо і гаварыць.

— А хто ж ён пасля ўсяго? — абурана выгукнуў Алесь.— Наш чалавек, скажаш? Наш чалавек гэтак ніколі не зробіць!

— А можа, зламалася што... І спыніць машыну не можа,— прамовіла Рэната няпэўна. Яна пагадзілася з сынам, але слабая спадзяванка на тое, што ўсё яшчэ павернецца на лепшае і яны не застануцца тут, у глухім невядомым лесе, прымусіла яе зноў запярэчыць і сказаць тое, у што яна і не верыла: — А як спыніцца, дык і па нас вернецца.

Алесь секануў жорстка, як прысуд кінуў:

— Не наш гэта чалавек! Здраднік гэта!

Сынава цвёрдасць як бы скасавала ў Рэнаце нерашучасць і кволасць. Досыць расседжвацца пасярод дарогі! Трэба нешта рабіць. Рабіць пэўнае, разумнае. Яна — маці. Яна павінна далей дзетак бачыць!

— Напачатку пазбіраем хатулі,— энергічна сказала Рэната.— Пазбіраем і пазносім з дарогі,— што рабіць далей, яна не ведала, але ў гэтай, добра акрэсленай мэце ўбачыўся ён, паратунак.— Валечка, дзе ты?.. А-а, добра, глядзі Данічка. Пільнуй яго, нікуды не адыходзь, каб не згубіцца. Сынок! Хадзем, Алесік, падбяром мясціну. Здаецца, ужо і святлее гэтая цямрэча...

Цемра і сапраўды як парадзела. Добра былі відаць каляіны, у якіх натапырылася змятае і пазасыпанае пяском голле, уверсе мігцелі бляклыя зоркі, і толькі змрочна і непрыветна чарнела густая і высокая, пад самае неба, сцяна лесу на ўзбочыне. Але гэтая сцяна, калі Рэната наблізілася, нібыта адступіла, адразу ж аддалілася, і з яе, як бы вылузнулася, падалася насустрач старая яліна, што расла па-над самай узбочынаю. Пад ёю і трэба ім атабарыцца. І — чакаць.

— Чакаць? — Алесь не зразумеў матчына рашэнне.— Каго мы будзем чакаць?

Рэната на міг разгубілася, падумала, што прапанавала нешта зусім недарэчнае. Але ў шчырым сынавым здзіўленні яна знайшла адказ, які здзівіў яе сваёй мэтазгоднасцю.

— Каго чакаць?.. Дня будзем чакаць!

Цяпер зноў перад ёй акрэслілася мэта. Разгубленасць прайшла, нібыта ўсё загадзя было запланавана, і яна рыхтавалася да гэтай ночы і ведала, што адбудзецца ўсё менавіта так, як гэта і адбылося.

Хатулі з дарогі пад яліну перацягалі хутка, і Рэната пасадзіла на іх дачку, аддала ёй Даніка, сама села побач і, адчуўшы нейкую заспакоенасць, не пярэчыла, калі Алесь зноў пацягнуўся на дарогу. Праца, якую яна мелася зрабіць, зроблена. Дачка і маленькі Данік побач з ёю, блізка, на дарозе, тупае Алесь...

Пад ялінаю было ўтульна, суха, доўгія і густыя яе галіны навісалі над самай зямлёю, стваралі ілюзію бяспекі, як бы адгараджвалі ад бяды і нягоды. Бяда, ведама ж, існуе, бядапагражае і ёй і дзецям, і ад той бяды трэба ратавацца і доўга не заседжвацца тут, рухацца толькі наперад і наперад, падалей ад агню, які крывавіць неба. Ілюзія бяспекі, аднак, суцяшала. Быццам ужо і не так моцна крывавіць неба. Барвовае зарыва толькі ў адным баку, управа ад дарогі, як бы зусім не ў тым баку, адкуль яны ехалі. Колькі ж, цікава, адсюль да Полацка? Трыццаць, мабыць, кіламетраў. А мо і ўсе сорак. І на гэтай адлегласці відзён пажар! Праўда, усё слабей і слабей барвы на небе — аціхае, атухае пажар. І якая цішыня навокал! Каб жа табе дзе-небудзь ці загрымела, ці загуло! Не, аціхла. Відаць, самалёты недзе далёка прайшлі — машыны зусім інакш гудуць. Няўжо ж ніхто не паедзе па гэтай дарозе? Павінны ехаць, не можа быць, каб ніхто не ехаў. А можа, машына гэтага Смаля была апошняя машына, што вырвалася з горада? Можа, ён гэта ведаў?.. Ну, скажам, ведаў. Дык што табе з гэтага? Ты — у лесе. І дзеці з табою! Вось пра што думай — як з гэтае бяды выбавіцца! Думай ці не думай, а лепшага не змысліш, як дня чакаць. Ранкам, адным словам, удзень, будзе відаць, дзе апынуліся, што рабіць, куды кінуцца, каб не памыліцца. Значыцца, вырашана: чакаць дня тут, пад ялінаю! І не спаць, каб не прапусціць машыну, калі раптам надарыцца. Ды не, не прапусціш машыну — яе здаля чуваць. І чаго там Алесь па дарозе шастае, аніяк не ўгамоніцца? Вока з яго не трэба спускаць. І паклікаць няможна — Даніка і Валечку пабудзіш. Урэшце! Сюды, пад яліну, прэцца: налётаўся, відаць...

— Мам! Ма...— Алесь пераскочыў кювет і стаў на ўзбочыне.— А я разведаў, што ў мяхах!

— Не крычы, пабудзіш Данічка. У якіх мяхах?

— А што памагаў яму скідаць з кузава. Цукар у іх!

— Апароў жа... Навошта чапаў?

— Адзін падраны з канца. Я лізануў — салодка! Цукар! Кавалкамі. У што набраць?

— Я табе набяру! Не ты паклаў, не ты і браць будзеш. Сядзі тут мне!

Рэната прыціснула яго да хатулёў, прымусіла легчы, акрыла хусткаю і зноў, як нядаўна ў машыне, не здымала свае рукі з пляча, пакуль ён не заснуў. Потым, папраўляючы хустку, што спаўзла з пляча, выпадкова абмацала ў сынавай кішэні нейкія цвёрдыя, як каменне, камякі і асцярожна выцягнула два з тых, што ляжалі поверх. Чаго ж гэта ён ужо назбіраў?.. От жа гарэза! От жа вісус! Як пачалася гэтая вайна, дык у кішэнях невыводна брэнькаюць то асколкі, то патроны... Цяпер жа на нейкую трасцу ўзбіўся?.. Падобна на рафінад. Няўжо з мяхоў павыцягваў?..

Рэната лізнула шэра-белыя цвёрдыя вугольчыкі языком. Салодка! Праўда, значыцца, сынава: цукар у тых мяхах, што вывернуў з машыны Смаль!.. Але ж як апынуліся тыя мяхі ў машыне? Нарабаваў?.. Не, тады, ля хаты Бохача, ён крычаў, што вязе дзяржаўную маёмасць... Але ж дзяржаўнай маёмасцю гэтак не раскідаюцца: далоў з кузава, а сам — драла! Не, тут нешта іншае. А што?.. Нарабаваў недзе! Няйначай, нарабаваў!.. З таго і позніўся да Бохача... А гэты, Алесь неразумны, у кішэні крадзенае грабе!..

Рэната павыцягвала з сынавых кішэняў яшчэ чатыры цяжкія і цвёрдыя кавалкі цукру і таропка пакідала іх у чорны густы хвойнік, як мага далей ад сябе. Прашастала голле, і ўсё аціхла. Рэната, час ад часу аблізваючы языком усё яшчэ салодкія ад цукру губы, сядзела сцішаная, заспакоеная, нібыта зрабіла нешта дужа важнае, што надзейна абараніла яе і дзяцей ад непрыемнасцей, уратавала ад бяды, якую прадчувала сэрца, і якая — яна адчувала гэта! — недзе стаілася, чакае.



5

Драбіны каціліся па лясной дарозе разгоніста, мякка, дужа ціха, і Рэната чула, як у лесе льецца залівісты птушыны спеў. Не, аціхла вось берасцяначка, завяла новую, нейкую мітуслівую песню, зноў кінула яе, і цяпер звонка і палахліва чоўкае жаўтабрушка; ёй адгукаецца другая, на той бок дарогі, недзе зусім блізка, і спеў іх не аддаляецца, гучыць на адной ноце, быццам птушкі ляцяць услед за драбінамі.

За драбінамі, навязаны на доўгую аброць, тупаў гняды конь, касіў вялізнымі фіялетавымі вачыма на Рэнату, быццам збіраўся нешта сказаць. Пераехалі прасеку, і колы дробна затарахцелі па каранях, драбіны часта падкідвала, і тады мякка гэпалі вялізныя шэрыя мяхі з цукрам, што ляжалі ўпоперак перадка. На першым, злева, спінаю да Рэнаты прымасціўся Алесь, побач з ім, паклаўшы карабін сабе на калені, як каржакаваты ідал, сядзеў хлопец у новай пілотцы, у вайсковай гімнасцёрцы, падпяразанай жоўтым рэменем. Пілотка была велікаватая, ссунутая набакір, трымалася адно што на вуху, адтапырваючы яго. Справа з-пад пілоткі выбіваўся пук валасоў, светлых, як жытнёвая салома ў свежым кулі; валасы на патыліцы былі падстрыжаны гэтак жа кароценька, як і ў Алеся.

«Як жа ён падобны на Геначку!»

Гэтае падабенства ўразіла Рэнату дужа моцна ўранні — і не злічыш, колькі разоў трывожыла ўжо! — калі яна абудзілася ад моцнай, вельмі блізкай кананады і ўбачыла драбіны, ля якіх, з карабінам напагатове, як бы збіраючыся страляць, стаяў вайсковец. Рэната на світанні, як ні змагалася са сном, як ні пнулася каравуліць дзяцей, усё ж змаглася, заснула. Прачнуўшыся, яна адразу ж прыгадала ноч і ўсё тое, што здарылася тут, на лясной дарозе, і разгубілася. Гэтак ганебна праспала — нават не пачула, як падкацілі драбіны! Аднак яна адразу заўважыла, што вайсковец прыкмеціў яе і сочыць за ёю дужа здзіўлена і насцярожана. Голле хвоі, што звісала амаль да самай зямлі, ужо было не гэткае густое, як уночы, і не замінала бачыць дарогу. Рэната ўгледзелася, і тады яе як варам абдало: Геначка! Гэта ж сыночак яе, старэйшанькі, стаіць ля драбінаў! Знайшоў! Знайшоў іх! Чакае!

Яна падхапілася, вылецела з-пад хвоі, пераскочыла кювет і, апынуўшыся на дарозе, аслупянела: памылілася. Ніякі не Геначка стаіць побач з драбінамі, а нейкі незнаёмы хлопец, з карабінам напагатове. Кірпаты нос, вялікія сінія вочы, выгнутыя, але дужа шчыльна сціснутыя ад насцярожанага здзіўлення тонкія, як бы злосныя губы... З-пад яліны бачыла ж добра: белы конь запрэжаны ў аглоблі. А тут, выяўляецца, шэры конь, а другі, гняды, з куртатым хвастом, прыпрэжаны ззаду да драбінаў...

Прыкрае пачуццё засталося ў Рэнаты ад гэтай свае памылкі. Крышку пазней, калі яна пазнаёмілася з хлопцам, даведалася яго імя і прозвішча і дзякавала яму за тое, што ён адразу ж ахвотна пагадзіўся памагчы ў бядзе, у яе нарадзілася дзіўная думка: Геначка сапраўды стаяў на лясной дарозе, і яна бачыла яго, толькі ў той час, калі яна выбіралася з-пад тае яліны, ён некуды пабег, і гэты хлопец, Паўлюк Церах, ведае, куды Геначка пабег, але па нейкіх сваіх, і ёй невядомых, меркаваннях не хоча ў тым прызнавацца.

Ён увогуле аказаўся зацята негаваркім, гэты хлапец, з якім звёў Рэнату лёс на лясной дарозе. Яны ўжо даволі ладны час едуць — вунька, сонца ўжо як не ў самы полудзень выбралася! — разам на гэтых драбінах, а яна ведае аб ім зусім мала. Хлопец з вёскі Карчы, да вёскі — яна за чыгункаю, што вядзе на Невель,— ад пераезду дзевяць кіламетраў. Ад пераезду да паўстанка — два кіламетры, і гэта не па дарозе на Карчы. Але ён завязе іх туды — на паўстанку яму загадана пакінуць каня, што бяжыць ззаду за драбінамі. Там, ён спадзяецца, можна будзе здаць у краму мяхі з цукрам.

Паведамленне пра падман і ўцёкі шафёра Церах сустрэў недаверліва. Калі ж ён пачуў, што яны не ведаюць ні нумара машыны, ні арганізацыі, якой машына належыць, дык зрабіўся замкнёны і насцярожаны яшчэ больш. Але Рэната не злавала на яго, яна проста не надавала ўвагі гэтай хлапечай замкнёнасці, бо бачыла ў ёй тое, што было на самай справе: хлопец нядаўна ўзяў вінтоўку, гуляе ў самастойнасць.

Цяпер Рэнату ўстрывожыла не падабенства хлопца з яе сынам Генадзем, а ягоны ўплыў на Алеся. Гэта добра, што Церах узяў яе з дзецьмі, і вязе да чыгункі, і паклажу не кінуў, дапамог усё пагрузіць... Але ж гэты жэўжык Алесь вачэй ад Цераха не адводзіць, вушы — трубкаю. А той імкнецца паводзіць сябе бы дарослы, гаварыць стала, пераканаўча, з адчуваннем свае перавагі і значнасці.

«Вам на Карчы не трэба ехаць. На паўстанку сядзеце на цягнік — і на Неўлю».

«А рэчка ля Карчоў ёсць паблізу?»

«Ёсць. У нас усё ёсць».

«А вашы знішчальнікі ўсе на машынах ці толькі на конях?»

«Навошта табе гэта ведаць?»

«Мой брат на машыне. Іх знішчальны атрад увесь на машынах. На машынах — хутка!»

«Ёсць і ў нас машыны».

«У брата і граната ёсць, я трымаў яе. Ведаю, як кідаць. А твая граната дзе?»

«Калі спатрэбіцца, знойдзецца і граната!»

«У падсумку колькі патронаў?»

«Колькі трэба, столькі і ёсць!»

«У брата рэмень чорны. А падсумак — жоўты. А ў цябе — наадварот атрымліваецца».

«Уся амуніцыя затое новая».

«Брату яшчэ гімнасцёрку не далі. Толькі пілотку і процівагаз».

«Дадуць і гімнасцёрку, не хвалюйся».

«Я не хвалююся. Я толькі маму і малых сваіх да Невеля давязу. А сам — у знішчальнікі. Мы з братам дамовіліся...»

Рэната насцярожылася. Бач ты, ужо яны дамовіліся! Пахваляецца ці сапраўды ўпотай ад яе сыны дамовіліся? Не можа быць! Дзе яны могуць стрэцца?..

А што, як і дамовіліся і тое месца, дзе яны павінны стрэцца, яна, Рэната, не ведае?.. Добра, што гэты Церах надарыўся! Цяпер яна і вока з Алеся не спусціць! На вяровачцы, галубочак, будзеш сядзець! Будуць табе знішчальнікі, пачакай!

«Ты камсамолец?»

«Брат, Генадзь, камсамолец. А я на будучы год буду ўступаць. Уласна кажучы, я ўжо і ўступіў. Толькі там з дакументамі валыняць... У нашым класе сёлета пяць чалавек у камсамол уступіла».

«А табе колькі год?»

«Благі з цябе знішчальнік. Знішчальнік — разведчык. А ты з маёй гаворкі павінен быў даўно ўжо ведаць: уступіў хлопец у камсамол. Значыцца, пятнаццаць гадоў хлопцу. І лішнія пытанні не ставіць, не насцярожваць».

Рэната ўпотай усміхнулася: от жа, шэльма, брэша. Гады сабе набаўляе! І навошта?.. Ну, гэта ж вельмі проста зразумець: хоча хутчэй дарослым быць... Дзівачок! Куды яны, тыя твае гадочкі, дзенуцца! Прыбягуць, падціснуць, будзе яшчэ час, калі і адбавіць захочацца! О-ой, як захочацца!..

«Норму на значок вы калі здавалі?»

«Напрадвесні. Я разам з братам здаваў».

«І дапусцілі? У нас строга было: калі гадоў не хапала — не дапускалі да стрэльбы».

«Я страляў. Я добра страляю: з пяці — тры ў дзесятку кладу».

«І я гэтак жа. А мой татка — усе пяць у дзесятку содзіць. Варашылаўскі!»

«Мой татка таксама варашылаўскі. А цяпер — на фронце».

«У майго бацькі таксама ордэн ёсць. Ён на трактары працуе».

«А цяпер ён дзе?»

«Адсюль не відаць».

«Ты мне не давяраеш?»

«Ваенны час. Меней гавары, болей слухай. Ды пільна глядзі».

«Бацька казаў, што ў мяне вочы арловы. Я далё-ёка бачу!»

«А нумар машыны не ўгледзеў!»

«Якой машыны?»

«А якая цукар гэты везла!»

«Ой, каб у мяне стрэльба была!»

«Знішчальнік і без стрэльбы павінен быць пільны!»

«Ведама...»

Алесь пагадзіўся панура, сядзеў, апусціўшы галаву. Што скажаш у сваё апраўданне! Нумар машыны ён не ўпомніў. Каму належыць машына — не ведае. Не вытрымаў, адным словам, экзамен на пільнасць!

Рэнаце зрабілася ніякавата, у сэрцы абудзілася горыч, нібыта яе балюча пакрыўдзілі. Бач, з якой перавагаю зыркае гэты вушасты. Стрэльбу ў рукі ўзяў, дык ужо і кароль! А яе сынок, дурненькі, з тугою пазірае на карабін, быццам казачнае багацце бачыць! Дурненькі, не разумее, што трэба, каб падалей, як мага падалей было ад дзіцячых рук гэткае багацце. Не дзіцячая гэта забаўка — баявая стрэльба!

— Які вялікі лес, — Рэната ўмяшалася ў гаворку, спяшалася дапамагчы сыну не нудзіцца, нечым узвысіцца перад гэтым пыхлівым Паўлюком — кінула першы выратавальны круг. — Гэткі ж, як у нас, на Дзвіне. Сухі бор ён у нас завецца.

— І гэта таксама — Сухі бор.

— Далёка шчэ пераезд? — спытала Рэната, пакрыўджаная маўчаннем сына. Цямця! Бор на Дзвіне ў дзесяць разоў лепшы, і няўжо Алесю цяжка зачапіцца за гэта і збіць пыху з гэтага фанабэрыстага Цераха!

— Не вельмі. Зараз поле пойдзе... За ім, на ўзгорку, вёска Вялікае Сяло. Злева гэта. А наша дарога — управа. Праз кіламетраў пяць — бярэзнік. У ім — пераезд.

— Значыцца, і да Невеля блізка?

— Уга! Да Неўля шчэ дваццаць два кіламетры ад паўстанка. Роўненька.

— А ты быў у Невелі? — Рэната зноў кідала выратавальны круг сыну.

— Не даводзілася.

— А мы летась былі. Там брат і сястра ў мяне... Дык Алесь там гэткіх галаўнёў лавіў!... Ая-я-яй!

Размову пра галаўнёў, якіх і сапраўды Алесь лавіў, Рэната вяла ўсё з той жа мэтай, як і размову пра Невель, — давала сыну мажлівасць хоць чым-небудзь пахваліцца, не нудзіцца ад фанабэрыі Цераха. Але Алесь упарта не выкарыстоўваў гэтую мажлівасць, глядзеў, як не чуў аніякай гаворкі, толькі наперад, і вусны яго былі строга і ўпарта сціснутыя. І Рэната змоўкла, канчаткова пакрыўджаная. Ну, натура ў хлопца! Як пахваляцца пачне — не стрымаеш.

Але ўжо калі не па ім — схмурнее, набычыцца, маўчыць, бы камень той.

Гэтак, у маўчанні, выехалі на ўзлесак, які хутка скончыўся. Наперадзе, за бярозавымі прысадамі, бялела гравійка, і за ёй, далёка на ўзгорку, роўным ланцужком выцягнуліся хаты вёскі. Пасярэдзіне гэтага ланцужка бялеў двухпавярховы будынак.

— Вялікае Сяло,— паведаміў Церах, хітнуўшы галавою ў бок вёскі.— Белы будынак — школа. Будуюць яшчэ. Сёлета павінны скончыць...

Алесь спытаў, па ранейшаму хмурна ўглядаючыся наперад:

— У Карчах якая школа?

— Сямігодка. Новая. Але — драўляны будынак...

Зноў ехалі моўчкі. Селавая дарога неўзабаве вывела на гравійку, гладкую і белаватую, як бы засыпаную не пяском, а тонкім млівам — на ўзбочыне пясок быў жоўты і вільготны, як бы нядаўна разраўнаваны,— і зусім пустую. Ніякага руху не заўважалася і ў вёсцы, хаця, каб і хадзіў там хто-кольвечы ці ездзіў, адсюль, з гравійкі, на гэткай вялікай адлегласці, заўважыць было б цяжка. Шырокае поле збажыны, месцамі добра зжаўцелае, цягнулася ад самай гравійкі да вёскі, і ўдалечыні, ля крайніх хат, было сціснута нізкарослым густым параснікам вольхі, за якім прыгожа і густа жаўцеў ад свірэпкі папаравы клін.

Бярозавыя прысады скончыліся. Прыпякала сонца, спявалі-заліваліся жаўрукі, і ад іх звону, здавалася, трымціць паветра. Усе неяк прымоўклі, супакоіліся, закалыханыя мернай гайданкаю драбін: спаў моцна Данік, скурчылася на хатулях Валя, ківаў галавою Алесь, і гэтак жа санліва ківаўся Церах, і вочы яго былі закрытыя.

Рэнату ж дрымота не адольвала. Як толькі выехалі з лесу на гэтую чыстую, попельнага колеру гравійку, яе агарнуў неспакой: у лесе дарога была вузенькая, нейкая ўтульная, а тут гэткая прастора паабапал — і хвалюе і трывожыць. І авадні, быццам бамбавозы, гудуць і усё лятуць з таго боку, адкуль яны едуць,— ад лесу. Ды не авадні гэта гудуць! Машына!

Рэната азірнулася, прагна ўслухоўвалася ў нейкі новы і незнаёмы, натужны і басавіты гуд. У яе затахкала сэрца, яна паглядзела на дзяцей, якія мірна спалі, і зарадавалася. Відаць, рухаецца па гравійцы нейкая машына, і Рэната зараз упросіць шафёра, перасядзе на машыну і вельмі хутка даедзе да Невеля — нейкія дваццаць кіламетраў. Мажліва, вяртаецца той Смаль?.. Не, ён не можа вяртацца з таго боку. І, здаецца, не адна машына ідзе, бо дужа ж моцны гуд матораў. І вельмі ж хутка ён набліжаецца, гэты пагрозлівы і незнаёмы гуд!..

Страпянуліся Церах і Алесь, моўчкі, устрывожана глядзелі назад. Там, дзе толькі што не было аніякага руху, цяпер імкліва распаўзалася за бярозавымі прысадамі жаўтлява-белае воблака пылу, слалася па няспелых жытах, быццам раставала ў іх.

— Машыны, — ціха прамовіла Рэната.

Церах спыніў каня, стаў у драбінах, прыклаў далонь да броваў.

— Не падобна,— запярэчыў ён устрывожана.— Мякчэй гудуць машыны.

— Ды машыны гэта,— сказаў Алесь, таксама стаўшы ў драбінах.

— Зараз разведаем,— Церах кінуў лейцы на Алесевы рукі.— Трухай памалу. А я зараз верхам туды падскочу...

Ён пералез па хатулях да задняга стаяка, таропка адвязаў повад, падвёў каня ўшчыльную да драбінаў, стаў адной нагою на стаяк і, закінуўшы карабін за плечы, хутка і спрактыкавана ўскочыў на гнядога.

— Нам стаяць тут? — спытала Рэната, нечакана адчуўшы да гэтага хлопца на кані павагу; яна паверыла адразу ў тое, што існуе адзіна-адзінае разумнае рашэнне, і гэты хлопец яго ведае.

— Няма чаго стаяць. Шыбуйце наперад. Я даганю вас!..

Церах, тузануўшы повад, памчаў пасярэдзіне гравійкі, потым звярнуў на ўзбочыну і неўзабаве знік, затулены хмызам, што густа буяў на левы бок дарогі.

— Падварушы яго, сынок, падварушы. Трэба неяк з поля гэтага з'ехаць хутчэй...

Алесь затузаў лейцамі, конь патрухаў хутчэй. У тым баку, куды памчаў Церах, усё мацней і мацней, быццам выкатваючыся з кюветаў, разрастаўся незнаёмы, цяжкі гуд матораў, і ад яго пачынала дрыжаць паветра. Гравійка павярнула крыху ўправа, пайшла ў нізіну. Гуд матораў неяк адразу, але толькі на кароткі момант, пацішэў, потым узвіўся на яшчэ больш высокую ноту, густую і напружаную, і з гэтай ноты раптоўна прарваўся зусім іншы гук — чысты, звонкі грукат кулямёта; чарга была доўгая, і над драбінамі, дужа высока, нудна правіскаталі нябачныя чмялі.

— Страляюць? — спуджана і здзіўлена спытаў Алесь.

— А ты што, не чуеш?

— Чую, але ж хто страляе? Ды з кулямёта!

— Пэўна ж, не нашы.

— Як гэта, не нашы? А хто?

— А я ведаю? — не тоячы раздражнення і спуду, кінула Рэната.— Падварушы яго! Падварушы, прашу цябе, каня! Страляюць жа!

Новая кулямётная чарга была кароткая, як абарваная, і зноў, але яшчэ вышэй, цяпер ужо не над драбінамі, а справа за дарогаю, нудна і віскатліва дзыўкнулі кулі. Рэната павяла галавою, быццам спрабавала злавіць позіркам гэтых нябачных шмялёў, і, калі павярнулася назад, у той бок, дзе змоўк кулямёт, адразу ўбачыла Цераха. Без пілоткі ён! Бяжыць не дарогаю, а полем, наўскасяк да густога зялёнага кустоўя, што акаймоўвае папаравы клін. І карабінам робіць увесь час знакі, паказвае на лес, штосьці крычыць...

— Здаецца, ён патрабуе павярнуць з гравійкі,— няпэўна сказаў Алесь.— Блага чуваць — маторы ўсё глушаць... Так, на лес ён паказвае! Бачыш?

—Вярні з дарогі, сынок! У лес, сынок, трэба! Туды, у лес! — Рэнаце падалося, што яна выразна пачула загад Цераха ўцякаць з гравійкі ў лес. Азіраючыся, затармасіла дачку, якая па-ранейшаму моцна спала. — Дочачка! Уставай, міленькая! Ды прасніся ж ты! Даніка пільнуй, Данічка! Каб не зваліўся! Ах, небачка ты наша!

— Чаго паніку наводзіш? — грубавата перапыніў маці Алесь, голас яго, аднак, быў дрыгатлівы,— Паспеем!.,

— Дзе ж ты паспееш, гэтак паўзучы. Да лесу яшчэ вунь колькі ехаць!..

За жоўтым ад квецені папаравым клінам роўнай, але не вельмі высокай стужкаю зелянеў малады бярэзнік, і далей, як бы падпіраючы яго, сінеў грабеньчык старых ялін. Далекавата яны, і адразу павярнуць на іх не выходзіць, гравійка, як на тое ліха, высокая, з крутымі адхонамі — галаву зломіш, калі напрамкі!.. Наперад трэба, наперад трэба гнаць каня, там, здаецца, нейкая паваротка... І конь жа гэты, як знарок, бяжыць квола, нага за нагу, як вось-вось спыніцца. Цераха ён дык слухайся. Алесь жа і тузануць яго па-людску баіцца. Шлёгае толькі, шлёгае ціхенька...

Рэната выхапіла з сынавых рук лейцы, шмарганула, ударыла каня па баках. Драбіны пакаціліся шпарчэй, і яна, зноў і зноў тузаючы лейцы, усё азіралася і азіралася назад на поле, па якім неяк марудна, накульгваючы бег Церах. Чаму ж ён не спяшаецца?.. І конь гэты не хоча бегчы, па-ранейшаму трухае марудна ды ўсё верне галаву ў правы бок, быццам хоча зірнуць, што робіцца там, за папаравым клінам.

— Ну, хутчэй жа! Хутчэй хоць трошачкі, — Рэната ўжо не крычала на каня, а толькі патрэсвала лейцамі і ласкава ўгаворвала: — Ну, канёчак!.. Ты ж можаш, я ведаю... Вунь і паваротачка...

Конь, як паслухаўшы, затрухаў больш жвава, потым ад слабага шморгання лейцаў крута заламіў на селавую дарогу, што пад прамым вуглом вярнула з гравійкі на гліністую дарогу; старыя, але глыбокія, крыху замытыя дажджамі каляіны не абрываліся нават у шырокай калдобіне. Шырокія палосы каляін былі добра відаць пад светлай вадою, у якой, як у люстэрку, адбіваліся маладзенькія густыя вольхі, што раслі паабапал дарогі, і конь як укопаны спыніўся, нібыта разглядаў іх, не адважваючыся ісці далей.

Слабая, малаўезджаная паваротачка — там, відаць, можна было аб’ехаць калдобіну — жаўцела злева, за маладымі парасткамі вольхаў. Рэната заўважыла яе, але вырашыла ехаць напрамкі, каб не губляць час. Нахіліўшыся, яна зырканула на чыстую ваду ў калдобіне і, перш чым тузануць лейцы, азірнулася ў бок папару, быццам спадзявалася пачуць нейкую падтрымку ад Цераха. Але Церах не глядзеў на яе. Ён сагнуўся, прыпаў на адно калена, як бы асеўшы ў густой свірэпцы, і сам здаваўся ад водсветаў жоўтага поля жаўтлявым, быццам стаяў не сярод кветак, а вырастаў з іх. І нейкія жаўтлявыя, нізкія, усе ў зялёных плямах, шпарка коцяцца машыны па гравійцы. Дзве, здаецца... Не, вось яшчэ адна вывалілася з-за павароткі, гэткая ж нізкая, ахутаная пылам, але не плямістая, а нейкая чорная, і абрысы яе не чоткія, а расплывістыя, быццам увесь час зменьваюцца...

«Церах жа па іх страляць лучыцца. Наставіў карабін...»

Рэната пачула не вельмі гучны стрэл, убачыла, як гайдануўся, матнуў галавой Церах, і здрыганулася, быццам сама стрэліла і яе піхнуў у плечы прыклад.

— Н-но-а-а-а! — яна закрычала адчайна і з гэткім жа адчаем тузанула лейцы.

Конь затупаў нагамі, пасунуўся задам, аж хамут палез яму на вушы, потым, адчуўшы моцны ўдар лейцаў, імпэтна рвануў наперад.

— Дзе мы?— прахапілася ад сну Валя і зноў паўтарыла недаўменна: — Дзе мы, мама?

— Не бачыш? У калдобіну ўляцелі!

— А як жа гэта?— Валя стала на каленкі і па-дзіцячы зарадавалася:—У-уу! А тут жа і глыбока! Паплывём зараз!

— А небачка! А што ж гэта дзеецца!— Рэната адчайна затузала лейцамі, зноў закрычала:—Н-н-о-о-а!

Конь ірвануў яшчэ і адразу ж уваліўся па самае пуза ў чорна-буры тарфяны глей. Лейцы вываліліся з Рэнаціных рук і паплылі па гразі, не тонучы. Зачэрпнуўшы поўную жменю гразі — вада адстоялася і была толькі ў палец пад густым чорна-бурым месівам,— яна паспела схапіць іх, зноў затузала, ціха стогнучы:

— Цягні, даражэнькі! Чаго ж ты стаў?.. Цягні-і-і...

Але конь не варушыўся, Рэната зразумела, што аніякая сіла цяпер не выпхне каня з гразі, у якой ён знайшоў зусім нечакана паратунак ад аваднёў, што бязлітасна джгалі яго на гравійцы. Халодны глей прыемна, мабыць, астуджваў свежыя болькі на скуры, і конь стаяў, задаволена матаў-паматваў хвастом.

Покнулі два стрэлы з карабіна, і раптам суха, з рэзкім і пранізлівым трэскам грымнула, быццам над галавою бабэхнулі перуны. Ад жаху ў Рэнаты затрымцелі вейкі, усё навокал зрабілася сятчастае, як падзеленае тонкімі рыскамі на квадрацікі, і гэтыя квадрацікі соўгаліся, зыбаліся і раптам разляцеліся; крайком вока Рэната згледзела, як за маладымі вольхамі, у тым баку, дзе нядаўна быў Церах — цяпер, калі драбіны праваліліся ў глыбокую калдобіну, Цераха не відаць было,— узвілося чорнае, дранае па краях воблака выбуху.

Прачнуўшыся, пранізліва заплакаў Данік, як ад болю, і яна выпусціла лейцы, нахілілася над малым, заплюшчыла вочы. Нечакана таргануўся конь у аглоблях, драбіны таргануліся і тут жа знерухомелі. Рэнаце падалося, што драбіны развальваюцца, хатулі рухаюцца, рассыпаюцца і зараз усе яны, разам з паклажаю, пляснуцца ў брудную ваду калдобіны. Вобмацкам Рэната знайшла плечы Валі і Алеся, абхапіла іх, прыціснула да сябе. Дзеці адразу памоўклі, сцішыўся нават Данік, не вякаў, толькі часта-часта дыхаў, бы ад стомы. І гэтак жа дыхала Валя, гучна соп Алесь, і Рэната чула, як ён усё шчыльней і шчыльней ціснецца да яе пляча.

Жалезны грукат наблізіўся, быў ужо зусім побач, быццам тыя машыны каціліся цяпер не па гравійцы, а ў іх за спінаю, блізенька ля самых драбінаў. І раптам гэты грукат перапыніўся, потым зусім аціх. Не адразу і паверылася: падалося, відаць. Не, ціха. Не равуць маторы. Толькі недзе дужа далёка-далёка, ледзь чутно трымціць слабы, як назола якая, непрыемны і няспынны гул.

Рэната адкрыла вочы. Ля ніжняй планкі драбінаў, на жаўтлявай вадзе круціўся вялікі рудаваты авадзень, круціўся хутка, быццам прапелер, і празрыстыя крыльцы яго мільгацелі, зіхацелі мройным святлом; авадзень як бы адштурхоўваўся крыльцамі ад вады і, круцячыся, памалу сунуўся ў той бок, дзе вада была чыстая,— там плавала жытняя саломінка, што звалілася, мабыць, з драбінаў. Угледзеў жа, што там паратунак, туды і кіруе! І ўсё бліжэй і бліжэй тая саломінка... Зачапіўся! Караскаецца па жоўтай саломіне!..

Авадзень, трасучы крыльцамі, дапоўз да канца саломіны, адарваўся ад яе і паляцеў нізка над самай калдобінай, паляцеў у бок гравійкі, і Рэната павяла позіркам за ім, спалохана заміргала. З гравійкі сплываў пыл, і ў ім усё выразней акрэсліваліся незнаёмыя нізкія машыны, падобныя на вялізных аваднёў, што роўным ланцужком паселі на ўзбочыне.

— Танкі!— Алесь услых пацвердзіў тое, што яна бачыла, але пра што, быццам не верачы сваім вачам, не адважвалася яшчэ сказаць.— Фашысцкія ж танкі гэта!

— А чаго ты крычыш? Маўчы!..

На танках з’явіліся чорныя постаці, нейкія высокія, расплывістыя. Загучалі незнаёмыя галасы, чужая, адрывістая гаворка, як бы з дынаміка, ляцела з гравійкі. Рэнаце падалося, што гэтая гаворка тычыцца і яе, і яе дзяцей, і нічога добрага не зычыць, і трэба неяк бараніцца і ратавацца. Усё яшчэ абдымаючы дзяцей, Рэната села на хатулі вышэй, каб лепей бачыць; Алесь вывернуўся ў яе з-пад рукі, і яна не насварылася на яго, не загадала сесці. Тая думка, што мільганула напачатку — праедуць, не зачэпяць, і потым можна будзе неяк выкараскацца з гэтай калдобіны і рушыць далей, сваім шляхам!— цяпер выглядала наівам, не толькі недарэчнай, але і шкоднай спадзяванкаю. Добрага не чакай! Вораг перад табою! Вораг перад тваімі дзецьмі!

«Я павінна быць мужнай і смелай. І нічога не баяцца! »

У яе ўжо не трымцелі векі, і яна добра бачыла, што рабілася на гравійцы. Чатыры танкі стаяць на дарозе, дзіўна ўсе размаляваныя, спрэс у жоўтых і зялёных плямах, плямы нават на кароткіх гарматах, і ўсе гарматы падобны адна на адну... І дужа ж аднолькавыя чорныя постаці людзей, і аднолькавыя крыжы на вежах... І якія знаёмыя крыжы! Гэткія ж, як былі на крылах самалёта, што вываліўся тады з-за царкоўных муроў на замчышчы...

Паганая горыч запоўніла рот. Дробныя, але густыя дрыжыкі білі ў ступакі, беглі па скуры, і Рэната ніяк не магла суняць іх, супыніць іх упартую і непрыемную плынь.

— Загадваюць ісці туды. Да іх,— сіпата прамовіў Алесь, і Рэнаце падалося, што голас у сына змяніўся і ніколі ўжо не будзе ранейшым.— Усім загадваюць. Крычаць, каб ішлі да іх. Усе.

— Можа, не нам гэта?

— Нам. Яны па-нямецку крычаць.

— І ты зразумеў?

— Зразумеў. Крычаць, каб мы ішлі туды. Яны, як Эма Карлаўна наша, гавораць. Толькі ў той голас мякчэйшы. Яна на нас ніколі не крычала ў школе...

Якая яшчэ Эма?.. Гэта ж Алесь пра сваю класную гаворыць — мілая гэткая настаўніца выкладала ў іх нямецкую мову. Пасля экзаменаў на бацькоўскім сходзе яна казала, што ў Алеся схільнасці да нямецкай мовы і трэба ў гэтым напрамку і развіваць здольнасці хлопчыка: прыроджаны настаўнік! Нават спіс дала спецыяльнай літаратуры, якую Алесю варта прачытаць улетку. Ці ж узяў ён гэты спіс?.. Пра што яна, Рэната, нудзіцца! Тут пагібель перад ёю, а ў яе нейкія дробязі наўме!..

Злуючыся на сябе, яна запытала:

— Ты правільна зразумеў? Можа, не нам яны крычаць?

— Не, нам.

— А як жа выбрацца? Гразка ж дужа...

— Мамачка, я баюся,— спалохана войкнула Валя.

— Нічога яны нам не зробяць,— Алесь бесклапотна махнуў рукою, прыхаваўшы сполах, які Рэната бачыла ў яго вачах.— Пайшлі!..

Заднія колы — конь амаль і не працягнуў драбіны па гразі, і яны, ускочыўшы ў калдобіну, адразу ж загрузлі — аселі глыбей за пярэднія, але выбрацца на сухое было нялёгка. Алесь, праўда, зрабіў гэта проста: стаў на задні стаяк і адразу ж сігануў на сухія каляіны дарогі. Гэтак жа выбралася з драбінаў і Валя. А Рэната з Данікам на руках — дачка прасіла, каб яна перадала малога ёй, працягнула нават рукі, але Рэната баялася выпусціць яго са сваіх рук, адмоўна пакруціла галавой — доўга прымервалася: вузкая палоска бруднай вады здавалася неадольнай перашкодай. Потым адважылася, скочыла і апынулася на сухім.

У драбінах, сярод цёплых і звыклых хатулёў, было не гэтак жахліва, як тут, на селавой дарозе, і Рэната сцялася, абдзьмутая ветрам, як бы адразу аголеная. Непрыемныя дрыжыкі ў ступаках прайшлі, але ногі апанавала кволасць, быццам яна доўга ішла і вельмі натрудзіла іх. І як жа спуджана ціснецца да рукі Валя!.. Туліцца, ціснецца, быццам прыляпілася, нібыта матчын бок можа і засцерагчы і ўратаваць... І сапраўды, хто ж, як не яна, маці, абароніць іх?.. А вось Алесь малайчына, стаіць наперадзе, смела, быццам захінае і яе, Рэнату, і браціка свайго, і сястрычку ад бяды, ад гэтых паганцаў у чорным адзенні... Дужа ж чорнае на іх адзенне, бы чэрці з багны павылузваліся... І ўсё гарланяць, гарланяць нешта...

— Загадваюць ісці туды, да іх,— зноў нагадаў Алесь, але стаяў на месцы, не рухаўся.— У апошні раз загадваюць.

— Адкуль ты ведаеш?— спытала Валя.

— Адтуль... І — злуюць. Папярэджваюць, што будуць страляць.

— Хадзем, дзеткі. Толькі вы нічога не бойцеся...

Яна зноў прымушала сябе быць рашучай, і ад гэтай рашучасці ёй рабілася не па сабе. Куды яна вядзе сваіх дзяцей? На пагібель вядзе! І яшчэ спрабуе супакойваць іх, каб не баяліся... А не ісці — нельга. Алесь кажа, што ў апошні раз папярэдзілі. Але ён іх не баіцца. Смелы ён, Алесь. Валя толькі спудзілася, дрыжыць уся. А іх, гэтых чужынцаў, не трэба баяцца. І няхай дзеці бачаць, што маці не спалохалася, не баіцца, спадзяецца на добрае.

Рэната ўзяла Валю за руку і, прыціскаючы другой да грудзей Даніка, смела ступіла на гравійку. У нос адразу ўдарыў нейкі незразумелы смурод. Няўжо людзі гэтак смярдзяць?.. Не, ад танкаў гоніць, відаць, гэткі гарачы і смярдзючы чад. Так, ад танкаў гэта патыхае...

Цяпер, саўладаўшы са сваёй разгубленасцю, Рэната без жаху зірнула на танкістаў у чорных камбінезонах. Сполах жыў у сэрцы, яна адчувала яго, але прымусіла сябе глядзець перад сабой строга, незалежна; яна як бы вывучала новае, тое, што ніколі раней не бачыла, сілілася пераканаць сябе, што гэтае новае не можа чыніць ёй бяды, што яна і яе дзеці, калі тая бяда раптам і з’явіцца, лёгка з ёю справяцца. І нібыта няма адкуль і чакаць тае бяды — танкісты неяк вельмі ж весела паглядаюць. Першы, што бліжэй ад усіх стаіць, малады зусім. Светлыя, амаль бялявыя валасы. Вясёлыя блакітныя вочы. Усмешка добрая, гожая... Правая рука з пярсцёнкам, нейкім вялікім, блішчастым. Пальцы падсунуты пад чорную дзягу, на якой, ля самай спражкі з белага металу, вісіць блішчастая тоўстая кабура... Блішчастая, з гэткай жа скуры, як і кабура, планшэтка... Дужа ж знаёмая планшэтка — як у таго лейтэнанта з ваенкамата! І кнопкі гэтак жа, да бляску, вышараваныя. Не, у Лагуціна планшэтка была тоўстая ад папер, а ў гэтага — тонкая, нібы блінец... А-а, карта ў ёй! Як пад шклом карта. Водзіць ён па ёй, пальцам торкае, нешта Алеся пытае... І Алесь гаворыць яму па-нямецку, на карце нешта паказвае і рукой цяпер торкае на бярозы, што стаяць ускрай поля... Нейкая пляма на полі, і ля яе сноўдаюцца чорныя камбінезоны... Упяцёх там танкісты ходзяць, размахваюць рукамі, як абмяркоўваюць нешта дужа смешнае, быццам у скокі ідуць ля чорнай яміны на ўскрайку поля... Адзін танкіст верне сюды, вось ускочыў на гравійку, гергеча нешта, гукае гэтаму, з планшэткаю... Гэта ж карабін у яго ў руках! І нясе яго, бы каромысел, гайдае на руцэ за рэмень... Гэта ж Церахаў карабін!.. А сам жа дзе ён?.. Небачка, гэта ж яны яго забілі!.. Гэта ж з гарматы па хлопчыку стрэлілі! Тая чорная пляміна на полі — месца, дзе грымнуў снарад!..

Танкіст размахнуўся і ўлупіў карабінам па дрэве — прыклад пашчапаўся, трэскі і чорныя кавалкі кары пырснулі на белы пясок дарогі,— потым выставіў з-за бярозы рулю, зарагатаў, гучна татакаючы, як страляў:

— Тук-тук-тук... Паф-паф-паф... Пауль, ком! Пауль!..

У Рэнаты сцялася ў грудзях! Па ёй і малым Даніку ён, гэты танкіст, цэліцца!.. Не, як жа стрэліць з гэткага знявечанага карабіна! Ён проста дурэе, жартуе. Нават не на яе наставіў карабін, у Пауля нейкага цэліцца! Пауль, аказваецца, гэта той, што з планшэткаю. І нейкі начальнік ён у іх. Бач, як мітнуўся на яго покліч танкіст, які тупаў па ўзбочыне! Цяпер казырнуў, кінуўся да танка, узяў рыдлёўку... А гэты зноў туды, на папаравы клін, шнуруе, карабін за рэмень валачэ і гэтак жа, як і сюды ідучы, рагоча. І весела і радасна рагочуць тыя, што ходзяць па жоўтым ад свірэпкі полі. А яшчэ адзін ля драбінаў стаіць. Ускочыў вось на драбіны, тузае лейцы. І нешта гукае тым, што на гравійцы, і рагоча, рагоча... І танк загрукацеў, рухаецца.

Куды ж гэта ён едзе! Ён жа на драбіны паўзе! Ён жа зараз на Алеся наедзе!..

Рэната кінулася да Алеся. Данік, які прачнуўся, калі Рэната саскочыла з драбінаў, цяпер дужа рэзка і спалохана, як спахапіўшыся, што не зрабіў гэтага раней, заплакаў. Танкіст з блакітнымі вачыма спыніў Рэнату, мякка паляпаў па плячы, патрос за палец Даніка.

— Гут, кіндэр! Прыма кіндэр!— і павярнуўся да Алеся, быццам толькі ён і быў яму патрэбны.— Ком!

— Сынок, куды ж ты?

— Яны сказалі, што выцягнуць драбіны,— і Алесь звёў маці на ўзбочыну да маладых бярозавых парасткаў, што прабіліся ад старога кораня.— Пасядзі тут...

Рэната зняможана апусцілася на сухую і цёплую траву, узялася гушкаць Даніка, і ён сцішыўся, зашыўся пад крысо кофтачкі, цікаваў адтуль блішчастымі ад слёз вачанятамі, Валя, тулячы твар у маладыя бярозавыя парасткі, ціха, з нянавісцю прамовіла:

— Фашысты! Паганыя фашысты!..

Рэната таропка сыкнула на яе:

— Маўчы! Шчэ каб пачулі!

— Няхай чуюць! Я іх і не баюся!..

— Маўчы!— Рэната пастукала кулаком па траве, быццам таўкла яе.— Маўчы, я табе сказала!

— Не буду я маўчаць!

— Прашу, дачушка, памаўчы. Во, паглядзі, малое больш за цябе разумее — прымоўкла... А долечка ж ты мая! А што ж гэта яны вытвараюць...

Вакол танка, які задам з’ехаў з гравійкі і спыніўся ля самых драбінаў, галёкалі і рагаталі фашысты. Здаецца, фатаграфавацца ўзяліся. Адзін стаіць на драбінах, ускінуў на шыю лейцы і наставіў рукі ў бокі, другі — усё прысядае і прысядае, прыстаўляючы чорны фотаапарат да вока. Не, цяпер памяняліся месцамі: гэты, што быў на драбінах, скочыў на сухое, адбег да алешын, стаіць там. Алесь жа цялёпкаецца па гразі — пагналі хлопчыка ў самае балота!— цягне нейкую тоўстую вяроўку, закручвае яе за стаяк драбінаў. Чаго ж яны яго туды пагналі?.. І яшчэ крычаць на яго, нешта патрабуюць... Падобна, што загадваюць, каб выбіраўся з калдобіны... Фашыст саскочыў з драбінаў, круціць рукой над галавою, нешта камандуе. А той, што з фотаапаратам, мітусіцца, то з аднаго боку падскочыць, то з другога, то на калена стане, то як паўзе па зямлі... Скрануліся, здаецца, драбіны. Так, папаўзлі назад!..

Танк марудна рухаўся да гравійкі, і следам за ім паўзлі з калдобіны, начэпленыя за тоўстую вяроўку, драбіны. Конь упіраўся, плюхнуўся ў гразь, але аглоблі, строма задзёршыся, узнялі яго, і ён ускочыў, пачаў мясіць нагамі тарфяны глей; пырскі ляцелі на ўсе бакі, і над конскай грываю, побач з драўлянай дугой, трымцела вясёлкавая дуга, шырокая і зіхатлівая.

Драбіны выкаціліся на сухія гліністыя каляіны, і следам за імі, упіраючыся, трасучы галавою, быццам скідаючы хамут, неяк смешна перабіраючы нагамі, выбраўся перакачаны ў гразі конь; ён стаў, звесіў галаву на правую нагу, крыху адстаўленую і сагнутую, і як скамянеў; па яго баках струменямі сцякала блішчастая ка сонцы чорна-бурая жыжка. Гэткімі ж блішчастымі былі і колы драбінаў, у якіх паміж спіцамі зіхацелі маленькія вясёлкі, і здавалася, што і конь, і гэтыя колы злеплены з адной і той жа тлустай чорнабурай гліны.

Фашысты весела галёкалі. У той міг, калі конь выбраўся на сухое і знерухомеў, грымнуў дружны рогат. Рагатаў, ажно клаўся на гармату танкіст, які па самы рэмень вылез з вежы; рагаталі і нешта галёкалі фашысты з гравійкі; рагатаў, прысядаючы да зямлі, фашыст з фотаапаратам, трос рукою, усё нешта патрабаваў ад другога, які загадваў Алесю чапляць тоўстую ад бруду вяроўку на чорныя крукі за вежай танка.

Алесь падышоў да маці, крыху пастаяў ля яе, потым сеў і пачаў моўчкі выціраць аб траву брудныя рукі. Потым патрос штаны, заляпаныя вышэй каленяў чорнай глеістай жыжкаю.

— Новыя штаны,— са шкадаваннем прамовіла Рэната.— Цяпер і не адмыюцца. Гэткі глей!

— Хай сабе...

— І то праўда, і то праўда,— сказала Рэната паспешліва, сумеўшыся ад таго, што забедавала па нейкай дробязі, нічога не вартай цяпер.— Каб горшай бяды не было, — і запытала заклапочана: — Пра што гэтыя паганцы пыталіся?

— Спачатку пра вёску, якая за дарогаю. Потым паказалі яе на карце... У іх — ка-арта! Усё названа і па-руску і па-іхняму. Я не бачыў гэткай аніколі. Уся блішчастая, слюдзяная...

— Куды едзем, цікавіліся?

— А як жа! Я сказаў як ёсць: ты — мая маці, а гэта — сястра і брат. Едзем у Невель, падалей ад вайны...

— А з чаго гэта яны гэтак смяяліся?

— З майго «падалей ад вайны». Кажуць, што вайна нас даўно абагнала, наперадзе яна ўжо, і праз тыдзень Маскве — капут.

— Гэта ім — капут! Як сваіх вушэй ім Масквы не бачыць!— у запале выгукнула Валя.

— Схавай язык доўгі! Схавай!— Рэната прыкрыкнула на дачку, азірнуўшыся спалохана.— Што яшчэ, сынок, яны казалі?

— Добры я хлопец, маўляў, бо ведаю іхнюю мову. Пыталіся, дзе вучыў. Яшчэ казалі, што нямецкая мова — самая вялікая мова ў свеце і на ёй вельмі хутка будзе размаўляць увесь свет.

— Яны — вялікія забойцы. Ты ім гэта сказаў? — спытала Валя, і маці яе не запыніла.— Ты не папытаў, хто Цераха забіў?

— Страляў Пауль. Яны ўсё яго нахвальвалі: трапны, маўляў, стрэл... І жартавалі: забіты, маўляў, апошні савецкі салдат... І ў гонар гэтага, маўляў, трэба ставіць помнік...

Алесеў голас загучаў глуха — на дарозе зараўлі маторы. Раптоўна, але ўсе разам, невядома па якой камандзе, танкі рушылі і папаўзлі. Пыл, змешаны з дымным смярдзючым чадам, пагнала на ўзбочыну; ад газольнага смуроду як не выварачвала нутро, і Рэната, згледзеўшы, што дымнае воблака плыве ўсцяж дарогі, узнялася:

— Задыхнёмся тут... Пайшлі, дзеткі, туды, пад поле...

Ніхто не запярэчыў ёй, і гэтак, у маўчанні, яны прайшлі колькі крокаў. Потым Рэната пачала падспешваць дзяцей, узяла дачку за руку, павярнула ў бок папаравага кліна. Вуркатанне танкавых матораў вельмі хутка аддалялася, бы яго адносіла ветрам. Ёй карцела ўвесь час азірнуцца, паглядзець, ці далёка ўжо танкі, што ўвогуле робіцца там, на дарозе, але яна стрымлівала сябе, баючыся, што, азірнуўшыся, убачыць танкі зусім блізка, убачыць людзей у чорных камбінезонах. На старой разоры, у густой канюшыне, Рэната прыпынілася, крайком вока згледзеўшы нейкі рух злева, і імпэтна павярнула голаў. Танкі ўжо на самым паваротку дарогі — мільгаюць за дрэвамі. Бярозавыя прысады старыя, падобныя на тыя, што былі ў тым месцы, дзе Церах вывез іх на драбінах з лесу.

— Трэба пайсці паглядзець,— сказаў Алесь.

— Куды?— Рэната памкнулася яго затрымаць.— Куды пайсці?.. Стой!.

— Паглядзімо, як яны яго пахавалі...

— Навошта? — Рэната ўсё яшчэ глядзела на паваротку дарогі. Ёй здавалася, што там рухаюцца не танкі, а соўгаюцца між дрэў нейкія лёгкія шэрыя цені.

— Толькі паглядзімо, мама...

Рэната моўчкі пагадзілася з гэтым упартым, як загад, сынавым «паглядзімо, мама». Правільна сын гаворыць, і пярэчыць не варта тут ёй. Яна першай павінна была прапанаваць пайсці туды, на поле, дзе грымнуў снарад... Так, павінна! Там жа быў забіты на яе вачах не проста нейкі хлопец па прозвішчу Церах, там быў забіты чалавек — да гэтага дня зусім незнаёмы! — які сёння ранкам чула і сардэчна паставіўся да яе і яе дзяцей. Ён уратаваў іх усіх ад бяды і ў лесе, і тут, на гэтым полі. Ён жа мог, пачуўшы гул матораў, адразу шнураваць да лесу, схавацца, адтуль паназіраць... Цяпер бы ён быў там, на ўзлеску, на добрай адлегласці ад гэтай дарогі, і нішто не пагражала б яму... Ён мог, увогуле, каб і сустрэў іх у лесе, ехаць далей, сваёй дарогаю і ніколі, мажліва, не сустрэўся б з гэтымі танкамі, і смерць не напаткала б яго... А ён жа не праехаў каля чужой бяды! Ён і па тых танках страляў, каб адцягнуць увагу на сябе, каб даць ёй і яе дзецям мажлівасць адскочыць падалей ад гравійкі, уратавацца... Ён жа не сябе кінуўся ратаваць, а яе, незнаёмую яму жанчыну з дзецьмі!..

Спыніўшыся ля свежай магілы, зробленай неахайна і нядбала — у разору проста навярнулі зямлі — Рэната збянтэжана аглядала чорныя дзірваны, што раскідаў выбух па полі. Дзіўна чорная тут зямля, на гэтым папаравым кліне. І дзіўна вялікія дзірваны. І як дзіўна прыгнула і зваліла, бы ссекла, жоўтую свірэпку. І кветкі зусім не жоўтыя, карычневыя нейкія, і звялыя ўжо — агонь выбуху іх апаліў. І чорныя земляныя аладкі параскіданы вакол, сятчастыя, спрэс у крапачках — з падэшваў паадляталі, як з адных цвікоў тыя падэшвы. З сярэдзіны магілы тырчыць карабін, увагнаны ў зямлю глыбака, па самую прыцэльную планку, абкручаную рэменем з металёвым вечкам на канцы і рудой трэскай-пікаю,— гэта ўсё, што засталося ад драўлянага прыклада. Справа, на краёчку магілы, нейкі кавалачак анучы тырчыць з-пад зямлі, плямісты, і плямы гэтыя закарэлі, як на іх нешта прылепленае. Падобна на акравачак гімнасцёркі. Так, кроў на ім была, потым зямля наліпла і закарэла...

У Рэнаты закалаціліся рукі, непрыемныя дрыжыкі, гарачыя і густыя, быццам засмылела зямля пад падэшвамі, ударылі ў ступакі, пабеглі па скуры, звіваючыся кольцамі.

— Валечка, вазьмі Даніка,— папрасіла яна і не пазнала свой голас — стомлены, сухі і дрыготкі.— А ты, Алесь, назбірай кветак...— і думка пра тое, што дзецям не трэба стаяць тут, ля свежай магілы, замацавалася, падалася ёй дужа правільнай.— І ты, Валечка, яму дапамажы... Там, ля дарогі, назбірайце...

Яна нахілілася і адболю, што ўзнік у скронях і аглушыў рэзкім бомканнем, сцялася, потым апусцілася на калені. Ёй падалося, што яна стаіць не тут, на незнаёмым полі, ля нязграбна прысыпанай магілы, а стаіць у родным горадзе, ля замчышча, дзе ўчора была пахавана маці, дзе была пахавана братавая з дачкой...

Яна не ведала, што будзе рабіць. Але адразу, ледзьве далоні дакрануліся да сырой і халоднай зямлі, дзіўна праясніліся яе думкі. Замчышча далёка — гэта ўжо мінулае. А тут, сярод жоўтага разліву свірэпкі, ёсць магіла Цераха, з якім гэтак нечакана яе звёў лёс, і яна не мае права пакінуць гэтую магілу без догляду.

«Спачатку прысыпаць трэба гэты акравак гімнасцёркі... Каб не тырчаў з-пад зямлі...»

Рэната асцярожна грэбла зямлю рукамі. Зямля была цёплая, як угрэтая ўся,— і тая, што ссыпалася з магілы, і тая, якую яна падграбала далонямі з бакоў,— і ад дотыку да яе Рэнату апаноўвала дзіўнае адчуванне несапраўднасці і мройнасці. Нібыта ўсё сніцца: і поле, і магіла гэтая, і матчына магіла ля замчышча — нешта няўлоўнае, але дужа ж і падобнае на ўчарашняе ёсць і ў колерах і ў пахах зямлі, што цячэ між пальцаў! — і гэты жоўты разліў свірэпкі, і гэтыя кветкі, што ў Алесевых руках, і гэтыя кветкі, што кладзе на магілу Валя, і гэтае сонечнае неба над галавою. Яна разумела, што нічога не сніцца, што ўсё вакол яе рэальнае, гэткае ж рэальнае, як і перажытае ўчора. Але ў гэтай рэальнасці былі розныя вымярэнні, розныя адценні, і тое, што было перажыта ёю ўчора, жыло само па сабе, і самі па сабе існавалі падзеі, што адбыліся на гэтым полі; разам з тым, яны нібыта збегліся ўшчыльную, размясціліся на адной, маленькай, адлегласці і бачыліся ўсе разам, падобныя на нейкія кубікі ў незразумелай і жахлівай гульні.

Пад Рэнацінымі каленямі нешта цяжка вохнула ў глыбіні зямлі, потым выразна пачуліся гулкія, але нейкія падвойныя, як складзеныя з розных кавалкаў, частыя і не вельмі блізкія выбухі і густое, ледзьве ўлоўнае, як рэха, сакатанне кулямётаў. Усе гэтыя гукі спляліся ў адзін знаёмы ланцуг, той, што яна чула ўчора на беразе Дзвіны і вельмі выразна сёння ўночы.

Рэната ўскочыла, спалохана азіралася. Новая бяда, відаць, коціць! Што рабіць, куды тут кінуцца? Як ад гэтай, новай, бяды ўратавацца? І што дзіўна: бой — цяпер жа добра ўжо чуваць!— узгарэўся і мацнее не ў тым баку, куды пакацілі чатыры танкі, а зусім у іншым баку, управа ад гравійкі. Няўжо і там, за гравійкаю, ужо фашысты? Значыцца, наўкола іхнія танкі? Значыцца, ёй з дзецьмі няма куды ратавацца?..

Абвострана, як ніколі за ўсе апошнія дні, ад таго першага разу, калі давялося пачуць роў фашысцкіх самалётаў і грукат выбухаў, Рэната зразумела, што бяда не міне яе. Гэткае ж адчуванне было ў Полацку, на Дзвіне, калі на горад наляцелі фашысцкія бамбардзіроўшчыкі. Тады яна яшчэ не ведала, чым абернецца для яе асабіста тая бяда, але цяпер жа яно прыціснула, як паралізавала, і Рэнату ахапіў адчай. Наўкола фашысты?.. А дзе ж тады фронт?.. Не можа быць, каб наўкола былі фашысты! Гэта ўсё часовае нейкае, бо гэтыя танкі праскочылі і зніклі. І страляніна гэтая аціхне, падобна, што і паменшыла яна ўжо. Галоўнае — сабе правільны кірунак вызначыць. А ў яе які гэта кірунак? Невель! Туды яна павінна рухацца! І час марна губляць яна не мае права! У іх ёсць конь, ёсць драбіны, і яна паедзе з дзецьмі наперад. Не, драбіны чужыя. Церах казаў, што ён жыве ў Карчах, што павінен ехаць на паўстанак і здаць там гнядога каня. Цераха няма. І гнядога каня няма... Значыцца, што яна, Рэната, павінна рабіць? Ехаць на той паўстанак. Аддаць там драбіны, аддаць цукар, пабачыць людзей, якія ведаюць — напэўна ж!—Цераха. Ёй трэба знайсці тых людзей, паведаміць ім пра геройскую смерць Цераха... А далей? Далей — шлях на Невель! Гэта — галоўнае!

І адразу прайшло ўтрапенне, сплыў з душы адчай. Шлях яна вызначыла правільны, разумны. Цяпер трэба па ім ісці, ісці асцярожна, каб уберагчы ад бяды сваіх дзяцей, гэтых маленькіх і неразумных птушанят. Данічак вось узяў з Валіных рук маленькую кветачку і смяецца, забаўляецца, весела яму. Дзе ж яму сцяміць, якое горачка коціць па зямлі? Кветачка ў руцэ, сонца над галавою — гэта і радасць дзеткам. Ім жа і ў голаў не цюкне, што бяда толькі на міг адступіла, схавалася за павароткаю недзе, стаілася, чакае... Хай яны, малыя, гэтага не разумеюць. А ты, дарослая, павінна гэта і ведаць і ад бяды іх адвесці!



6

Конь, якога напаілі чыстай вадой, адмылі, адшаравалі ад глею ў ручаі, што напаткаўся крыху спагадзя, як ад’ехаліся ад калдобіны, нібыта сплочваў за ласку — спорка, нават не падварушаны тузаннем, бег добрай рыссю ля ўзбочыны дарогі. Гравійка пасярэдзіне была размолатая танкавымі гусеніцамі і толькі тут, ля ўзбочыны, заставалася роўнай і гладкай. Вясной па гравійцы — па правы бок чамусьці толькі,— відаць, недзе адразу пасля снегу, праехаў грэйдар, добра выштукаваў гэтую вузкую палосу, і яна нават была крыху ніжэйшая, чым левая ўзбочына, але затое роўная, і на ёй толькі дзе-нідзе, бы зусім роўненькія гузікі, чарнелі макавінкі каменьчыкаў.

Трымаючы ў руках лейцы, якія былі цяпер зусім непатрэбныя, Рэната глядзела і па баках, і ўглядалася наперад, і прагна ўслухоўвалася. Грукат бою аціх, бы праваліўся пад зямлю, яшчэ ў той час, калі яны, вышараваўшы каня ў ручаі, пусцілі яго на нейкі час папасвіцца. Ля ручая буяла канюшына, і конь, учуўшы яе, заўпарціўся, не ішоў у аглоблі. Затое цяпер ён бег жвава, як разумеў, што ад яго патрабуюць. Час ад часу пад коламі пазвоньвалі каменьчыкі, і Ранаце здавалася, што яна чуе недзе блізка, як не пад самымі драбінамі, прыглушаныя выбухі і стрэлы, насцярожвалася і, разумеючы, што падманваецца, шчыра радавалася.

Паабапал дарогі пайшлі няроўныя выспы, спрэс у маладых пасадках — бярэзнік, пакраплены цёмнымі плямамі сасонак. Вецер гайдаў гнуткія галіны дрэў, ствараючы ўражанне, што драбіны нікуды не рухаюцца, стаяць на месцы, а рухаюцца толькі бярозкі і сасонкі, увесь час пагойдваюцца, як сплываюць у бок поля, якое яшчэ крыху праглядваецца з аднаго, правага, боку дарогі. І нейкае густое мроіва трымціць там, быццам за выспамі нешта гарыць, і пах дыму нават чуваць.

— Лес гарыць, ці што,— няпэўна, зусім без запытання прамовіла Рэната.— Дым нейкі...

Алесь пакруціў галавой, прынюхваючыся:

— Не падобна, што лес гарыць. Смурод дужа паганы. Як гуму паляць. І фарбу...

Падхапілася і Валя, першай заўважыла, паказваючы рукою на выспу справа:

— У-унь дзе яно гарыць,— сказала і тут жа хуценька падсела бліжэй да маці, і ў вачах яе быў сполах.— Гэта, мабыць, там і грукацела, калі мы ля ручая былі.

— Бой там быў,— сказаў Алесь упэўнена.— І нашы гарматы тым танкам улупілі.

— Усё, небачка, ён ведае! Усё ведае!

— Тады ты скажы, што там гарыць.

— Убачу, дык скажу... Куды, куды?! Сядзі мне, не варушыся!

Гравійка крута брала ўправа, быццам адсоўвала ад сябе гарбатую выспу. Драбіны ўскочылі ў палосу сінявага дымнага мроіва, што вісела над дарогаю, потым мроіва парадзела, і на схіле выспы, праз голле маладых бяроз, акрэсліліся дзве чорныя плямы. Здаецца, што не стаяць яны на месцы, а рухаюцца. І адразу нейкая гаркота ў роце ад гэтага дыму. Сапраўды як ад спаленай гумы і фарбы. Нейкі ж дужа агідны смурод, як тлушч гарыць на агні...

Рэната, кашляючы, узялася праціраць вочы тыльным бокам далоні. Знаёма забомкала, загуло ў патыліцы, і гаркота адразу ссушыла паднябенне. Каб глыточак вадзіцы халодненькай, як тая, што была ў ручаі — і халодненькая і смачная. А ў біклажцы, напэўна ж, перагрэлася ад спякоты. Дзеці біклажку з рук і не выпускалі, мала там, відаць, чаго і засталося. Хай ужо ім застаецца, бо невядома, калі да вадзіцы яшчэ даедзем...

— Во-о-о, што тут рабілася!..— і Алесь аж падскочыў у драбінах.

Конь тузануў драбіны, і Рэната, каб не паваліцца на спіну, спалохана ўперлася рукамі ў мяккія і цёплыя ад сонца хатулі. Шырокая нізіна, што адкрылася паабапал дарогі, з левага боку была вузейшая і як бы перагароджаная гарбатай выспаю з рэдкім асіннікам. Зялёную нізіну справа таксама перагароджвала выспа, але далей, і да той выспы, як бы разразаючы нізіну, вялі чатыры дзіўна роўныя разоры; ля падножжа выспы разоры гэтыя ўпіраліся ў дзве аднолькавыя чорныя скрыні, якія памалу дыміліся. Танкі! Гэта ж танкі згарэлыя!

— А што я казаў!— прамовіў Алесь дрыготкім і ўрачыстым голасам.— Тут бой быў! І нашы гарматы ім улупілі! Папалілі іх танкі!

— Ты чаго крычыш? Чаго?

— А чаго мне баяцца? Ву-унь і трэці дымам курыцца... Размалацілі іх нашы! Размалацілі!..

Трэці танк, злева за дарогаю, перакуліўся ў глыбокі кювет, і гусеніцы яго, вышараваныя аб зямлю, зіхацелі на сонцы. Чацвёрты чарнее ля масточка, як бы вылез з-пад яго, наставіў гармату на выспу і сам прымерваецца, каб памчаць туды, праз лугавіну. Ці не паўзе ён?.. Не, гэта толькі падаецца, дым чорны ўсплывае і стварае ілюзію руху. Спалены і ён, чацвёрты! І дзіўна, аніякіх адзнак бою ля мастка не відно на зямлі. І сам масток неяк дзіўна выглядае тут. Рачулкі няма, а масток ёсць, відаць, вясною нізіну залівае вада. Не, ёсць і ручаіна, яе толькі не адразу згледзіш у траве. Высокая тут трава, густая. На полі і ўзмежках малая, а тут, у нізіне, хвалямі ад ветру ходзіць... І кветкі чырвоныя, плямамі, як полымя гарыць, нізенькае, прыціснутае да зямлі... А далей чорныя кветкі, як парасоны,— па ўсёй выспе. Густа яны там раскіданы. Гэта ж яміны ад выбухаў! І ціха вакол зусім. Толькі колы рыпяць... А конь бы спудзіўся, асцярожна, быццам прымерваючыся, тупае па дарозе, косіць вокам на лугавіну. Цяпер спыніўся. Нечага заўпарціўся і спыніўся. Нешта яго, мабыць, напалохала, бо не хоча ісці далей, стаіць як укопаны.

Яна адзначыла пра сябе, што конь спыніўся нечакана, адзначыла, зусім не маючы ахвоты і намеру яго падварушваць. Нібыта чакала гэтага, вельмі патрэбнага ёй прыпынку, і вось цяпер, калі драбіны спыніліся, яна ўзрадавалася, што ёсць час для развагі. Нарадзілася думка пра тое, што спыняцца не варта было, што трэба ехаць далей, рухацца наперад, але думка гэтая прынесла трывогу яшчэ большую, і Рэната бязвольна апусціла рукі.

— Калі ж іх папалілі, мамачка?— спалохана спытала Валя.— І хто? Нікога ж не відаць...

— Гэта ж, відаць, мы і чулі бой, калі ехалі...

— А чаго мы спыніліся?

— Далей ехаць небяспечна,— сказаў Алесь, які дагэтуль моўчкі круціў галавой, азіраўся, бы нечага шукаў. Цяпер ён узняўся і глядзеў па баках з маўклівай увагаю, і Рэната не патрабавала, каб ён сеў.

— Гэтак ужо і небяспечна. Чыстая ж дарога наперадзе.

— Памаўчы ты, сарока,— Рэната незадаволена адмахнулася ад дачкі.— Каго-небудзь там бачыш, сынок?

— Анікога. Але ж недзе павінны быць нашы!

— Не разумею, чаго гэта нам нельга ехаць,— зноў усхадзілася Валя.— Сам жа гаворыш, што нікога не відно!

— Мажліва, замініравана дарога.

— Хто яе тут мініраваў? Не прыдумляй!

— А гэты, што гусеніцы задраў, сам, скажаш, перакуліўся? На міну, думаю, наскочыў.

— А чаму дарога чысценькая? Чаму на дарозе аніякіх ямін няма?.. Едзем! Трэба ехаць!..

Рэната злавіла ў разважаннях дачкі сталасць і мудрасць, якім можна даверыцца. Сапраўды, гравійка чыстая, аніякіх знакаў ад выбухаў. Значыцца, калі і стаяць міны, дык там, на лугавіне. Аніводны ж танк на дарозе не спалены, усе яны там, далёка ад гравійкі. Толькі той, што за масточкам, пры самай узбочыне стаіць. Але ж і ён таксама на лугавіну вярнуў. А можа, з таго яны і павярнулі з дарогі, што міны ўгледзелі?.. А што як і конь з таго спыніўся?.. Гэта ж кажуць, што коні і ўночы бачаць небяспеку, не ступяць нагою аніколі на камень, на бервяно, у калдобіну. А тут жа чысцюткі дзень, а ён спыніўся бы ўкопаны. Баіцца, значыцца, ісці наперад, як пачувае бяду. І косіць, усё косіць вокам на выспу. Там, на выспе, нейкі дзіўны колер лістоты на дрэвах, не зялёны, а нейкі як бы прыгаслы, задымлены...

Адчуванне бяды цяпер памацнела, не праходзіла, і яна паверыла ў той, не вядомы пакуль што ёй, сэнс новай павароткі свайго лёсу і лёсу дзяцей; яна была ў нейкім незразумелым чаканні, якому не верыла, але якое і аніяк не магла скасаваць, і ўсё сілілася закрэсліць гэтае сваё адчуванне, супакоіць сябе добрай надзеяй. Не можа ж быць так, каб усе абаронцы гэтай выспы загінулі. Танкі спалены: перамога, значыцца, на баку абаронцаў выспы. І не можа ж быць, каб пераможцы паўцякалі, паразбягаліся! Фронт — тут! Гэтая выспа — толькі пачатак, толькі маленечкая кропка магутнай сілы, якая скрышыць чужынцаў... Падобна, на выспе нешта мільганула... Ці, мажліва, падалося? Не, са зброяй крочыць чалавек! Толькі ж неяк дужа марудна, як пабойваецца, як прыглядаецца ўвесь час... Не, гэта здавалася, бо за дрэвамі ён крочыў...

Цяпер яна ўжо добра бачыла вайскоўца, які напрамкі шнураваў па лугавіне. З аднаго маху пераскочыў ручаіну, выбраўся на гравійку, нечага азірнуўся на выспу, як бы знак каму зрабіў, паправіў гімнасцёрку, якая была расхрыстана на ўсе гузікі і сабралася ў густы гармонік ля карычневай кабуры, быццам прыклеілася да новага рэменя, шырокага, з блішчастай меднай спражкаю. І гімнасцёрка і рэмень — камсастаўскія. Але ніякіх адзнак вайсковага звання на каўнерыку чамусьці няма. Галіфэ і хромавыя боты, спрэс перапэцканыя ў жоўтай гліне, у нейкіх чорных плямах. Нейкія чорныя плямы і на шчоках, і на лбе, які закрываюць раскудлачаныя валасы над правым брывом, і на скронях.

Вайсковец узяўся рукамі за верх драбінаў і адразу нахіліўся, быццам знайшоў вельмі зручнае апірышча і цяпер, задаволены, адпачываў. Ад гэтага руху дзесяцізарадка пачала спаўзаць у яго з пляча, і ён марудным рухам паправіў яе, потым адкінуў са лба валасы, што крыху кучаравіліся.

— Куды рухаемся, калі не сакрэт?

Яна пазнала адразу гэты рэзкі, крыху гартанны голас і яшчэ раней, як толькі вайсковец адкінуў валасы з ілба, пазнала гэтыя чорныя вочы і востры, як аточаны, нос на схуднелым твары. Лагуцін! Гэта ж лейтэнант з ваенкамата, той, што са спісам на эвакуацыю прыходзіў! І, здаецца, ён таксама глядзіць у драбіны здзіўлена, не міргаючы, быццам згледзеў сярод хатулёў нешта незвычайнае, і гэтае незвычайнае яго дзівіць. На Валю, здаецца, утаропіўся! І тая засаромелася, пачырванела, і на вачах нейкая як бы спуджаная і, разам з тым, прыветна-радасная ўсмешка.

— Гэта ж як? Мы, на кані, наперад ужо вашаму эшалону заскочылі?— пажартавала Рэната.

Лагуціна не здзівілі яе словы, ён быццам быў гатовы да іх, стомлена прамовіў:

— Эшалоны далёка ўжо. А ў нас тут вось рабацёшка знайшлася,— і ён абыякава махнуў рукою на лугавіну, над якой цяпер загусцеў сіні дым.

— Парайце, як нам лепей ехаць,— папрасіла Рэната, вырашыўшы, што зараз усё высветліць у Лагуціна і толькі потым рушыць далей.— Можа, замініравана дарога. А мы — паўзём.

— Не-е, дарога не замініравана,— Лагуціну цяжка было гаварыць, і ён амаль за кожным словам аблізваў сухія, абветраныя губы.— Можна ехаць і далей... Але я прасіў бы вас памагчы нам.

— Памагчы?— спытала Рэната і зноў, як тады на падворку ля весніц, заўважыла, што вочы ў Лагуціна не чорныя, а сінія, і гэта яе чамусьці дужа ўзрадавала.

— Параненыя ў нас ёсць. Іх на паўстанак трэба падкінуць. Гэта — непадалёку...

— Я ведаю, ведаю...— заспяшалася Рэната.— Калі ласка, забірайце драбіны. Мы — пешкі. А параненых — у драбіны. На хатулях і ляжаць мякчэй... Куды, паказвайце, ехаць?

— Ву-унь за тую выспу. Там дарога есць селавая...

Алесь, не тоячы захаплення, перапыніў Лагуціна:

— Гэта вы танкі спляжылі?

— Як бачыш... Гасподзь не дапамагаў,— і, павярнуўшыся да Рэнаты, папрасіў:—Давайце я пакамандую.

Сціснуўшы лейцы ў правай руцэ, Лагуцін пакрочыў побач з драбінамі; злазіць Валі і Даніку ён не дазволіў, загадаў, каб яны сядзелі ціха. Дзесяцізарадка ўвесь час замінала яму, спаўзала з пляча, і ён, урэшце, аддаў яе Алесю.

— Патрымай, салдат... Ды смялей, не бойся. Не стрэліць.

— А я і не баюся. Страляць я магу. Страляў.

— Нават з гэткай? — ён кіўнуў галавой на дзесяцізарадку.

— Не, з дробнакаліберкі.

— Гэткіх сабак з дробнакаліберкі не абложыш,— Лагуцін, павярнуўшы каня з узбочыны, пачаў аб’язджаць танк, які ляжаў гусеніцамі дагары.— Бачыш, якое страшыдла?

— А вы іх як? Гранатамі?

— Гранатамі таксама. Усім, чым было, лупілі. Ву-унь таго, што пад выспу пёр, гранатамі. Хлопец наш адзін пацэліў. А гэтага — гармата з дота лупянула... Праўда, дот яны потым нам закляпалі — у амбразуру снарад уклеілі...

— Дот? А дзе ваш дот?

— У сасонніку, на ўскрайку выспы. Пабачыш, калі паедзем. Н-но-а! Цягні!..

Выспа пачыналася амаль ад самай дарогі і, паката ўзвышаючыся, нібыта запаўзала ў сасоннік. Драбіны гайдануліся ўправа, рэзка нахіліліся, і разам з імі, здавалася, нахіліўся і танк. Ён быццам выпаўзаў з сіне-чорнага дыму, і ля вежы нерухома скурчыўся танкіст у чорным абгарэлым камбінезоне.

— Глядзіце!— Алесь падбег бліжэй да маці.— Гэта ж той, здаецца, Пауль,— і пачаў тлумачыць Лагуціну: — Гэта ён па Цераху страляў з гарматы. Гэта ён! Я пазнаў! Глядзіце!

Рэната таропка сказала:

— Не глядзі на іх, сынок! Не глядзіце туды, дзеткі!

Прасіла дзяцей, каб не глядзелі на забітых, а сама глядзела, шырока адкрыўшы вочы. Сапраўды, падобны гэты танкіст на таго, які пабіў тады Церахаў карабін аб дрэва на ўзбочыне. Адна рука прыкрыла галаву, з аднаго боку гладкую і чорную, як абсмаленую, а другая, куртатая, з адстаўленым пальцам, тырчыць з-пад гарматы, бы нацэлілася ўчапіцца ў драбіны.

Нейкая галінка трапіла пад ніз драбінаў, за нешта там зачапілася, пачала ляскаць па спіцах задняга кола, і Рэнаце нечакана падалося, што яна чуе знаёмае жартоўнае татаканне таго, жывога, танкіста на гравійцы. Яна ажно азірнулася і тады пачула рэзкі голас Лагуціна:

— Цягні, дружа, цягні! Нашы гусеніцы паўсюль пройдуць. Н-н-о-а!..

Да сасонак ушчыльную падступаў малады бярэзнік. Лагуцін затузаў лейцамі, скіроўваючы драбіны на дарогу, якую ён толькі адзін і бачыў у густым зарасніку. Танк схаваўся за дрэвамі, але перад вачыма Рэнаты ўсё яшчэ жыло жахлівае відовішча: забіты фашыст вісіць на брані ля вежы, курыцца сіне-чорны дымок над чорным і дзіўна пашкуматаным камбінезонам, тырчыць з-пад гарматы рука, з настаўленым у бок драбінаў пальцам. Цяпер ёй нават падалося, што яна бачыла хітрыя, патаемна прыжмураныя вочы танкіста, нібыта ён быў не забіты, а жывы і ўпотай назіраў за драбінамі, чакаў, каб потым, як яны праедуць, спаўзці з танка і кінуцца наўцёкі.

«Глупства,— сказала яна сабе і патрэсла галавою, нібыта спрабавала адкінуць ад сябе гэтае відовішча, што ўпарта прычапілася да яе.— Ён — мёртвы. Даўно мёртвы!»

І ў бярэзніку, і ў маладым асінніку, у які яны ўбіліся крыху спагадзя, густа чарнелі яміны ад выбухаў, грувасціліся дрэвы, ссечаныя асколкамі, абсыпаныя цёмным тарфяным пылам. Дарога пайшла шырэйшая, але ехаць даводзілася марудна, аб’язджаючы варонкі і паваленыя дрэвы. Драбіны часта падкідвала, колы грукацелі, заглушаючы лёскат галіны па спіцах. Рэната адной рукою прытрымлівала Даніка, а другой моцна ўчапілася ў вузкую, але гладкую і цёплую планку. Паветра было дымнае, у горле ўвесь час перасыхала, і Рэната пачала задыхацца. Колькі ж яшчэ можна вытрымаць гэтай шалёнай ходкі?.. Доўга не вытрывае. Але ж дзеці! Каб табе хто паскардзіўся — ані слоўца. Не жаляцца, што драбіны трасе, што мулка сядзець, што дыхаць няма чым. Малыя на свае вочы смерць пабачылі, блізенька ля яе яны прайшлі, з таго і абвялі...

Лагуцін крута павярнуў каня ўлева. Драбіны пакаціліся па схіле выспы, і адразу ж, амаль імгненна — сінявае дымнае мроіва засталося ззаду — паветра зрабілася чыстае. Як дзіва нейкае! Толькі што дыхаць не было чым, дым забіваў горла, а тут раптам свежасць лесу, водар жывіцы, лугавая духмянасць. Мякка сцёбае голле з зялёным лісцем па руках, кожны кароткі і ласкавы дотык халаднаватай лістоты прыемна студзіць скуру. А можа, усё благое засталося ззаду, як той сінявы смурод дыму, засталося там, на гравійцы, і няма, не будзе вяртання да таго жахлівага, што бачылі вочы? А можа, як той сінявы смуродны дым, сплыве зараз, выветрыцца з сэрца, знікне боль горкай бяды? Не-е, баліць, нудзіцца сэрца. І нейкі тлум у галаве, і ўсе думкі зліліся ў незразумелую мешаніну...

— Тпру-у-у!..

Лагуцін спыніў каня, пачаў заматваць вышараваныя да бляску лейцы за маладую асінку, незвычайна роўную, з зялёна-белай карою, зламаную на вышыні чалавечага росту. Вакол усе дрэвы былі цэлыя, і толькі гэтае дрэўца, на якое Лагуцін пачапіў лейцы, было зрэзана асколкам; тонкія трэскі на свежым зломе наставілі ўверх дзве вострыя пікі; вяршаліна ляжала побач, але ўсе галіны на ёй былі абламаны і некуды знесены.

— Прыехалі?— нецярпліва папытаў Алесь.

Лагуцін адказаў маўклівым кіўком галавы і рушыў да прысадзістых ялінак, што вострым клінам упіраліся ў зламаную асіну. Там, пад ялінкамі, на плашч-палатцы, пасцеленай на зямлю, ляжалі людзі, неяк дзіўна замаскаваныя асінавым голлем — толькі галовы і плечы. Рэната адразу заўважыла: параненыя. У аднаго забінтаваныя ногі аж да каленяў, а ў другога — шыя і плечы, і бінты, з чырвонымі плямамі крыві, відаць добра з-пад зялёнага вецця.

Лагуцін ужо схіліўся над параненымі, прыўзняў голле, адкінуў яго і прамовіў бадзёрым голасам:

— Маем транспарт, таварышы! Грузімся — і ў дарогу!

Рэната зірнула з-за пляча Лагуціна на людзей, з якімі ён размаўляў, і пахіснулася, схапілася рукамі за грудзі. Нейкі міг яна гэтак і стаяла, сагнуўшыся, як зламаная ў паясніцы, і ёй падалося, што яна валіцца, імкліва ляціць у нейкую чорную прорву і гэты рух няспынны, як магутная плынь, з якою нельга саўладаць. Перахапіла дыханне, як ад страшэннай спёкі высушыла рот, паветра адразу зрабілася шархоткім і гарачым, абпальвала, сціскала горла сухім і цвёрдым абручом, нараджаючы колкі боль у паднябенні; і гэткі ж боль нясцерпна біў патыліцу, і ад яго перад вачыма плыла аранжавая імгла...

Ад драбінаў падышоў Алесь, сказаў, як бы дакладваючы Лагуціну аб дакладна і добра выкананым заданні:

— Драбіны гатовы! Разварушыў хатулі, каб мякка было ляжаць,— і тут жа яго голас узвіўся здзіўленай нотаю:—Ге-енка!—голас перасекся, Алесь закашляўся і паўтарыў, але цяпер спуджана:—Генка? Мама, гэта ж наш Генка! Паранены...

Рэнату нібыта моцна і нечакана ўдарылі ў грудзі, яна нешта невыразнае крыкнула — з гэтым крыкам сухое кола ў горле трэснула і развалілася — і грымнулася на калені і гэтак, на каленях, прапаўзла тыя крокі, што аддзялялі яе ад краю плашч-палаткі, потым папаўзла далей, быццам плашч-палатка з гэтага боку была гарачая і абпальвала далоні, схілілася над галавой Генадзя, гладзіла яму валасы, гладзіла плечы, потым прыўзняла рукі, трымала іх лёгка, быццам гушкала.

— Сыночак мой... А сыночак жа ты мой... А як жа гэта сталася...

Слёзы каціліся з яе вачэй, заміналі бачыць, і яна змахвала іх то рукавом, то тыльным бокам правай далоні і не заўважала, што яны трапляюць на сынавы шчокі, сцякаюць па скуры, пакідаючы шырокія пісягі, і гэтыя пісягі ўвесь час неяк зменьвалі знаёмы твар, рабілі яго то вясёлым, то змрочна-адчужаным, то бязлітасна-жорсткім.

Генадзь, не адкрываючы вачэй, нечакана тузануў галавою, прыўзняўся, сіпла і злосна патрабаваў:

— Гранаты! Таварыш лейтэнант! Гранаты давайце!

Лагуцін узяў яго за плечы, дапамог легчы, мякка паправіў бінты ля вуха:

— Гранаты, салдат, болей непатрэбны. Ты спаліў яго, салдат. Чуеш? Як галавешка той танк цяпер. Мы ўсе іх папалілі. І зараз рушым на чыгунку. А там — цягнік. А далей — у шпіталь цябе...

Генадзь адкрыў вочы, заміргаў, і на яго твары пакутлівая грымаса болю і здзіўлення змякчала і расплылася ад радаснага недаўмення.

— Ма-ама? Адкуль?.. Ты тут, матуля?

— Я, сыночак, я гэта... І Алеська, і Валя, і Данічак — усе разам... Мы на Невель едзем, сынок...

— А цягнік? Вы ж цягніком павінны былі паехаць...

— А што той цягнік? Невель жа вунька, рукою дацягнешся,— і, заўважыўшы, што Генадзь напінаецца, як бы сіліцца ўзняцца, паспешліва папрасіла, пагладзіўшы яго па плячы: — Ты ляжы, сынок, ляжы. Табе ляжаць трэба. Зараз мы павязём цябе на паўстанак, ён тут блізенька...

Лагуцін сказаў Алесю загадна:

— Павярні драбіны, салдат! Бокам іх сюды. Разумееш? — і ўжо зусім іншым тонам, як бы не звяртаючыся да Алеся і разважаючы сам-насам: — Дык гэта твой брат, значыцца...

— Сынок мой гэта, сынок,— сказала Рэната, зноў нахіляючыся над Генадзем.— Што ж ты вочкі закрыў, сынок? Баліць табе дужа?

— Не баліць, мама! Нічога мне не баліць!

— А ты памаўчы, сынок, памаўчы. Ляжы паціхеньку...

Генадзь ляжаў, як нежывы, і твар яго быў бляклы, нейкі несапраўдна белы, і ад гэтай хваравітай белі выразна акрэсліваліся нейкія струпы і плямы на шчоках, тоўстыя і рудыя. Гэткія ж плямы, толькі святлейшыя, расплыліся і на бінтах, з аднаго боку цёмных ад тарфянога пылу. Рэната пачала гладзіць бінты пальцамі, быццам спрабуючы адцерці, счысціць з іх пыл.

Алесь, трымаючы за аброць каня, падвёў драбіны, спытаў у Лагуціна дрыготкім, але не збянтэжаным голасам:

— А які танк спаліў наш Генадзь? Гэты, што ля сасонак?

— Ну. Твой брат — смелы і адважны. Сапраўдны салдат. Герой сапраўдны. Можаш ім ганарыцца... Каб ён гранатаю не пацэліў, дык нам бы тут не ацалець...

Лагуцін узняў чатыры карабіны з падсумкамі, якія ляжалі за ялінамі, паклаў іх у драбіны на мех з цукрам. Потым абышоў яліны, узняў з зямлі дзве вінтоўкі і куртаты чорны аўтамат, папрасіў патрымаць, а сам пайшоў у асіннік, дзе буяла маладая папараць, тут жа вярнуўся, несучы ў левай руцэ рэчмяшок, а ў правай — ручны кулямёт на тонкіх сашніках, на якія паначаплялася звялая дзікая віка.

— У-у, гэта ж кулямёт! Ды з дыскам!

— Стаўляй яго на драбіны,— сказаў Лагуцін, чамусьці незадаволены захапленнем Алеся.— Страляў з такога?

— Не даводзілася.

— А з гэткага?— і Лагуцін пстрыкнуў пальцам куртаты чорны аўтамат.— Трафейны!

— Гэта фашысцкі?

— Ведама. А ты думаеш, што з яго страляць нельга? З фашысцкага, ды па фашыстах — няблага атрымаецца. І машынка гэтая, скажу табе, зроблена прыстойна. Валодаць ёю і нам трэба...

Рэната бачыла, што павучальны тон Лагуціна не па душы Алесю, ён усім сваім выглядам імкнуўся давесці, што ведае і зброю, і ўвогуле ў вайсковай справе ўсё цяміць, і гэтая гаворка сына з лейтэнантам яе трывожыла.

— Скажыце, а Генка наш танк гранатамі зблізку?— папытаў Алесь, дапамагаючы Лагуціну грузіць зброю на драбіны.— Адразу пад гусеніцу?

— Ён табе потым сам усё раскажа. Раўней кладзі, каб можна было кулямёт адразу выхапіць.

— А што, ён шчэ і спатрэбіцца?

— Трэба і на гэта разлічваць.

— А гранат у вас болей няма?

— Няма. А навошта яны табе?

— Я магу кідаць гранаты. Я ведаю, як іх трэба кідаць.

Лагуцін хмурна астудзіў Алеся:

— Лепей, салдат, табе іх ніколі не кідаць,— і, павярнуўшыся да Рэнаты, папрасіў:—Вы нам дапамажыце, Рэната Рыгораўна, пагрузіцца...

— Я гатовая, я гатовая... Калі ласка... Небачка, як жа гэта собіла Геначку? Як ён тут апынуўся?..

— Стралковы ўзвод трымаў тут абарону,— сказаў Лагуцін, і Рэната адчула, што Лагуцін гаворыць без ахвоты, але слухала, заахвочваючы ўсім выглядам гаварыць болей і падрабязна.— Усіх вайскоўцаў, якія адступалі на Невель, далучалі да яго — канцэнтравалі абарону ля гэтых дотаў. І знішчальнікаў аддзяленне — ён жа ў знішчальніках быў? — таксама далучылі. Вось такім чынам... А цяпер ад усёй абароны засталіся ўтрох: знішчальнік Мажэйка, кулямётчык Шаўгенцукаў ды лейтэнант Лагуцін. Загад, праўда, мы выканалі дакладна: у дванаццаць і пачынаем адыход...

Рэната не адразу дапяла, што «знішчальнік Мажэйка» гэта і ёсць Генадзь, які ляжыць, укручаны бінтамі,— тое, што яна чула, што бачыла вакол, мела на сабе адбітак нерэальнасці, і, выконваючы загады Лагуціна, яна была як у нейкім сне. І ў той час, калі яны неслі на плашч-палатцы параненага Генадзя, і пазней, ідучы побач з драбінамі, якія Лагуцін з Алесем увесь час намагаліся скіраваць на раўнейшыя, без калдобін, мясціны, яна ўсё аніяк не магла пазбавіцца ад знаёмага ўжо адчування нейкай нерэальнасці таго, што адбывалася; ёй усё мроілася, што нешта адбудзецца, пераменіцца на лепшае, Генадзь саскочыць з драбінаў, адкіне бінты, і пойдзе побач з ёю, і будзе радасна гаманіць, пачне расказваць пра бой з фашыстамі, будзе гаманіць гэтак жа весела, як гаманіў на другі дзень вайны, калі прыбег дамоў позна ўвечары з вінтоўкаю і пачаў расказваць пра пошукі знішчальнікамі варожых парашутыстаў...

Драбіны падскоквалі на каранях, і Рэната ўсё часцей і часцей падстаўляла свае рукі пад галаву сына, намагаючыся засцерагчы яго ад балючых штуршкоў, і ўсё больш пакутавала з таго, што яна робіць вельмі мала, каб цалкам засцерагчы Генадзя ад пакут і болю. Але рух драбінаў і тое, што яна сама не стаяла на месцы, а рухалася наперад, умацоўвала яе ў той думцы, што яна рухаецца далей ад небяспекі, увесь час аддаляецца ад той рэальнасці, дзе гнездавалася і жыла бяда, якую яна не хацела прымаць сваім розумам і сэрцам.

На гравійку яны выбіваліся новай дарогай, якая ад старых ялін на схіле выспы вывела на лугавіну і пятляла цяпер па старой высечцы. У маладым і густым, як шчотка, зарасніку вялізнымі карычневымі грыбамі вытыркаліся прысадзістыя пні, і сярод іх то ўзнікала, то прападала галава Алеся — ён бег намнога наперадзе драбінаў, выконваючы загад Лагуціна весці разведку і аб усім падазроным адразу ж дакладваць. Выбоін паменела, дарога пайшла гладзейшая, але вяла быццам у супрацьлеглы ад гравійкі бок — бярозавыя прысады цяпер былі відаць далёка злева.

Лагуцін ішоў наперадзе, зрэдку шлёпаў лейцамі, нешта ўвесь час расказваў Валі, якая пасадзіла Даніка сабе на плечы і толькі адной рукою прытрымлівала малога. Цень ад Лагуціна і Валі падаў на сярэдзіну драбінаў, дзе, закрыўшы вочы і моцна сцяўшы губы, сцішыўся Генадзь. Паранены ў ногі кулямётчык ляжаў у перадку, як бы адгароджаны мехам з цукрам, і ўвесь час трымаў той мех рукою, быццам баючыся, каб не выкуліцца. Раптам ён застагнаў, папрасіў вады, і Рэната асцярожна прыціснула да яго асмяглых губ цёплую, угрэтую сонцам біклагу, і той пачаў прагна піць, нешта незразумелае мармытаў.

Рэнаце падалося, што яе паклікаў таксама Генадзь і таксама папрасіў вады, і нахілілася над ім, паднесла біклагу і да яго вуснаў, але ён не піў ані кропелькі, як бы сярдуючы, адпіхнуў біклагу моцна сціснутымі, спрэс у белых рэпінах, губамі, зноў знерухомеў, быццам растраціў у гэтым намаганні ўсе сілы.

Пасярэдзіне высечкі дарога ўспаўзла на пакаты пагорак — адразу добра адкрылася ўся высечка, пакрапленая няроўнымі шляпкамі старых пнёў — і ў самым цэнтры яго нечакана пачала разгаліноўвацца: адна каляіна, гладка вышараваная, ішла да высокай і доўгай выспы, што адным канцом як бы выпаўзала з сасновага бору, а другая, ледзь прыкметная, крута вярнула ўлева і ўся пабралася рэдзенькай макрыцаю, сярод якой няяркімі, бляклымі плямамі пракідалася лісце трыпутніку. Лагуцін павярнуў драбіны на гэтую каляіну, хоць і была яна зусім няезджаная.

Крыху праехаўшы ад скрыжавання, Лагуцін спыніў драбіны і, не выпускаючы лейцы з рукі, ускочыў на шырокі сасновы пень, пачаў аглядацца, нібыта шукаў патрэбны кірунак, які нечакана згубіў. Чаго ён, цікава, спыніўся? Дарога ж добрая. І прысады на гравійцы амаль усе добра відаць — дарога, што павярнула ўлева, на тыя прысады і нацэлілася. Трэба хутчэй туды! Трэба хутчэй выбірацца на гравійку, каб не блукаць, каб хутчэй даскочыць да таго паўстанка, адшукаць бальніцу якую-небудзь! Трэба як найхутчэй да ўрачоў, каб перавязку зрабіць, каб лекі на раны!.. А гэты Лагуцін стаіць, марна час траціць, нечага чакае... Не, ён проста стаіць і аглядаецца, бо нешта яго непакоіць. Ён нечым, здаецца, устрывожаны!..

«Машыны!.. Машыны гудуць на гравійцы!»

І адразу з гэтым радасным адкрыццём прыйшла прага дзеяння. Трэба хутчэй на гравійку! Трэба туды, перахапіць якую-небудзь машыну, павярнуць сюды — дарога тут добрая, машына пройдзе. Няўжо Лагуцін не чуе, што машыны гудуць на гравійцы? А можа, не машыны гэта?.. Нешта ж як не па зямлі коціцца гэты натужны, са звонкаю нотай, гуд.

«Увысі... Гэта ж самалёты ляцяць!»

Хацела была ўголас крыкнуць і не паспела — Лагуцін тузануў лейцы, стаяк драбінаў раптоўна выслізнуў з-пад рукі, і Рэната ледзь не бразнулася вобзем. Але ўстояла, кінулася следам за драбінамі, якія вярнулі са скрыжавання ўправа, у супрацьлеглы ад гравійкі бок.

— У лес вернем!— крыкнуў Лагуцін Алесю.— Назад габлюй! Назад, за намі!

Прыбег Алесь, цяжка, задыхана сапучы, паведаміў:

— Самалёты ідуць! Шмат! Аж чорна на даляглядзе. На пень калі стаць — бачна тады.

— Потым будзем разглядаць, салдат, потым! Трэба нам у лес паспець! Валюха! Кладзі малога ў драбіны,— і Лагуцін затузаў лейцамі, падганяючы каня.— Н-но-о-а!

Дарога вільнула ўправа, потым улева, затым зноў загнула ў правы бок, запятляла, нібыта той, хто пракладваў яе, меў намер павярнуцца, як не ля кожнага пня. Урэшце высечка скончылася, дарога лягла на шырокай лугавіне, гладкай і роўнай, і зрабілася падобнай на жаўтлявую стужку, урэзаную глыбока ў зялёны аксаміт. Рэната бегла па ёй, высільваючыся, а драбіны ўцякалі ад яе ўсё далей і далей, і яна спалохалася: яшчэ адстане тут, застанецца адна сярод гэтага пнеўя. Хай бы ўжо Лагуцін не гнаў гэтак, пачакаў крышку, даў перадыхнуць. Але ж і гукнуць немагчыма — у роце перасохла, губы непадатлівыя. Не, хай ужо гоніць, хай толькі падалей будуць драбіны ад гэтага жахлівага гуду матораў. Як не на плечы гэты гуд цяпер садзіцца!..

Рэната азірнулася — упершыню азірнулася, пасля таго як пачаўся імклівы бег, гэтыя палахлівыя ўцёкі ад скрыжавання дарог на высечцы — і ўбачыла не вельмі блізка чорныя сілуэты самалётаў. Не злічыш адразу, колькі ж іх, ляцяць марудна, зусім не ў гэты бок. Але ж якое знаёмае неба! Якія знаёмыя абрысы самалётаў! Які знаёмы гуд матораў!

«Як там, на Дзвіне, калі паласкала бялізну з чоўна...»

Густая гарачыня папаўзла па плячах, і Рэната рванулася наперад, не ведаючы, адкуль у яе ўзяліся сілы, і тут жа адчула, што бегчы лёгка, і дыхаць лёгка, і няма сухасці ў роце. Не, сухасць у роце ёсць, толькі ў горле лягчэй адразу зрабілася, як вады выпіла халоднай.

Дагнаўшы драбіны, яна схапілася рукою за правы стаяк моцна, учэпіста. Цяпер ужо ніякая сіла не адарве яе ад гэтага зручнага і цёплага дзержака. І як лёгка бегчы, калі трымаешся за яго, бы ўвесь час цягне дзівосная сіла цябе наперад!

— За драбіны трымайся!— крыкнула Рэната дачцэ, якая бегла з левага боку драбінаў і глядзела на самалёты з жахам і адчаем.— Лягчэй тады бегчы! Малога пільнуй, каб не зваліўся!

Валя выдавала гэткай жа маленькай, як і Данік, які сядзеў цяпер на хатулях, учапіўшыся ручкамі ў тоўстую вяроўку, і гэткім жа маленькім здаўся ёй Алесь, які бег каля Лагуціна, і гэткім жа маленькім, і яшчэ больш бездапаможным, бачыўся ёй Генадзь, галава якога трэслася паміж хатулямі, і яна сама здавалася сабе маленькай, слабай і кволай. Небачка! Як памагчы дзецям, як уратаваць іх ад бяды? Каб спыніліся хоць на міг гэтыя драбіны! Каб можна было па-людску паправіць сыну хатуль пад галавой! Каб хоць нейкі міг перадыхі... Яна б тады нешта прыдумала б, нешта б змаргеліла, каб павярнуць усё ў лепшы бок!.. Не, адно трэба: у лес! Хутчэй у лес! Там, у лесе, яна схавае дзяцей, там іх не ўбачыць гэтае чорнае груганнё!..

Лугавіна скончылася. На ўзлеску раслі дзве старыя яліны, і Лагуцін адразу ж загнаў драбіны пад густую навісь доўгага, як не да зямлі, галля. Рэната абвісла грудзямі на драбінах і, павярнуўшы галаву ў бок лугавіны, глядзела на роўныя ланцужкі самалётаў. Самалёты ляцелі нізка, як не над самымі вяршалінамі бярозавых прысад, якія адсюль, з узлеску, здаваліся маленькімі і кудлатымі, падобнымі на лазнякі. Маленькімі выдавалі таксама і самалёты, і яны аддаляліся, міналі ўжо бярозавыя прысады і хаваліся за дрэвамі, быццам звальваліся за іх. Але гуд матораў не сціхаў, ён быў нейкі падвойны, быццам сам гуд і рэха яго былі звязаны паміж сабою адным ланцугом.

Нечакана засакаталі, густа і паспешліва, кулямёты; на міг перабіўшы гуд матораў, грымнулі выбухі. Дзе ж гэта? Лагуцін глядзіць на высечку, правей той выспы, ад якой яны ехалі, і ў той жа бок глядзяць Валя з Алесем. Значыцца, бой грыміць недзе там, у тым баку, за гравійкаю.

Застагнаў, як нешта прабаваў сказаць, паранены кулямётчык. Рэната памкнулася не да яго, а да Генадзя — ёй зноў здалося, што сын паклікаў яе. Не, не Геначка гэта! Ляжыць ён маўкліва, губы па-ранейшаму моцна сціснутыя, як у чалавека, які пнецца стрымаць пакутны боль.

— Бой ля нашага дота,— прамовіў Лагуцін здзіўлена, узіраючыся ў далёкую ўжо выспу.— Нехта страляе з «дзегцяра»— яго голас не зблытаеш.

— Дык гэта ж добра! Хай лупіць іх, гадаў!

— Там няма каму страляць! Там толькі мёртвыя!

Алесь засмучана паглядзеў на Лагуціна — у паглядзе быў і недавер:

— Адкуль гэта вы ведаеце? Відаць, не ўсе мёртвыя, калі страляюць!

— Відаць, не ўсе,— марудна прамовіў Лагуцін і зноў паўтарыў: — Відаць, не ўсе.

— Тады чаго мы тут? У нас жа кулямёт ёсць! Трэба туды! Туды нам з вамі трэба!

— Навошта?

— На дапамогу!

— На вайне галоўны начальнік — загад,— з развагаю, па-ранейшаму ўзіраючыся ў далёкую выспу, сказаў Лагуцін.— І ты, салдат, гэта памятай. У мяне — загад. Загад адыходзіць у дванаццаць роўненька. І мы з табою яго выконваем!

Адсюль, з узлеску, выспа выдавала зялёным клінам, які ўпіраўся ў нізкія шаты бяроз на гравійцы. І якраз пасярэдзіне гэтага кліна ўзвіваліся слупы чорна-бурага дыму і, развальваючыся, шырэлі, распаўзаліся па тонкіх макавінах маладых асін. Потым тонкія слупы, але шэра-белыя, узняліся ў канцы кліна, зліліся з чорна-бурым дымам і выгнуліся дугою, і ў сярэдзіне гэтай дугі заскакалі, замільгацелі агнявыя бліскаўкі.

— Чаго ж мы спыніліся? Чаго спыніліся? — спалохана спытала Рэната і сумелася — яна, маці, дарослы чалавек, як бы просіць парады ў малых дзяцей, якім павінна быць і апірышчам і абаронцаю! — і цішком зірнула на Лагуціна, быццам баючыся, што ён зараз возьмецца выгаворваць ёй за гэты сполах: маўляў, супакойваць дзяцей трэба, нешта раіць ім разумнае і патрэбнае, а не наводзіць паніку.— Рухаемся далей...

Яна зноў зірнула на Лагуціна і адчула сябе крыху вальней. Лагуцін і сам, здаецца, разгубіўся, не ведае, што трэба зараз рабіць. Нешта ж дужа ён доўга глядзіць на тую выспу, як бы баіцца павярнуцца і зірнуць ёй, Рэнаце, у вочы... Не, разгубленасці на яго твары няма, Лагуцін уважна прыслухоўваецца да таго, што робіцца вакол. І гэта ён дужа добра зрабіў, што абсек Алеся. Бач ты, які ўвішны змагар аб’явіўся! У нас жа кулямёт, маўляў, ёсць, трэба туды, на дапамогу. Не даглядзіш за ім — кінецца! Аніяк малы не разумее, што не гульня гэта, што смерць гэта гудзе наўкола. Не, аціхае, здаецца, гуд матораў на гравійцы. Самалётаў дык ужо, быццам, і не чутно. І выбухі аціхлі, і стрэлаў не чуваць. Не, чутно! І гуд матораў чуваць, і выбухі, і стрэлы не зніклі зусім, яны быццам прыгаслі, аддаліліся, як загубіліся ў лесе і блукаюць там, не знаходзячы выйсця.

— Так, рухаемся... Рухаемся далей,— рашуча загадаў Лагуцін. — Бяры камандаванне, салдат, у свае рукі. І на дыстанцыі — за мной, а я іду наперадзе — разведка,— і, заўважыўшы паныласць і разгубленасць Рэнаты, бадзёра дадаў: — Ляснымі дарогамі пойдзем. На гравійку пакуль што вытыркацца не будзем!..

Перадаўшы лейцы Алесю, Лагуцін перакінуў з рук у рукі дзесяцізарадку і шпарка рушыў наперад, у глыб сасновага бору. Паміж выгоністых дрэў, якія стаялі паабапал лясной дарогі роўныя, з мядзянымі і гладкімі стваламі, усё часцей і часцей пачалі пракідацца кусты ядлоўцу. Потым сосны саступілі месца старым бярозам і тонкім, але высокім ялінам, якія цягнуліся да святла, нібыта буравілі вострымі макавінамі густое бярозавае голле.

Рэнаце ўвесь час здавалася, што гэтая дарога, даволі шырокая, затравелая і зялёная, а месцамі карычневая ад старога шыгалля, канчаецца, упіраецца ў густую сцяну дрэў. Аднак з кожным крокам гэтая сцяна адсоўвалася, быццам уцякала наперад, і зноў бегла сярод соснаў, бяроз і ялін. Потым, за павароткаю, лес нечакана зрабіўся радзейшы, наперадзе пасвятлела, і неўзабаве з узлеску адкрылася нізіна, падзеленая на дзве палавінкі звілістай стужкаю кудлатых вольх; вольхі раслі паабапал ручая, і час ад часу вузкія палоскі вады зіхатліва паблісквалі за галінамі, і было відаць, што ручай маленькі і неглыбокі.

Выбіўшыся на ўзлесак, дарога доўга вілася па самым краёчку бору, але цяпер была не гладкая, а парэзаная глыбокімі каляінамі ў сыпкім жоўтым пяску; узлесак крута абрываўся пясчаным касагорам, і справа ўвесь час цягнуўся ручай, які атулялі то вольхі, то густыя лазнякі, і там, дзе былі лазнякі, зіхатлівыя сподачкі вады былі шырэйшыя, з густымі стужкамі высокай асакі і нізкімі, жаўтлявымі тычкамі бабоўніку; вецер дзьмуў адтуль, з лугавіны, як з-пад самага касагору, быў свежы, пахкі, і лісціны бабоўніку, перавернутыя ім, зіхацелі на сонцы, белаватыя, як з дзюралю.

Спачатку Валя, а потым Алесь прасілі піць, казалі, што трэба спыніцца, злётаць да ручая — набраць вады. Але Рэната, зірнуўшы на лугавіну, кожны раз казала, што ручай далёка, што нельга губляць час, і адно прасіла сына — падварушыць каня. Той рабіў гэта неахвотна, як бы пратэстуючы, і Рэната не вытрывала, накрычала і на Алеся і на Валю, загадала ім садзіцца ў драбіны, а сама ўзяла ў рукі лейцы, пачала ярасна тузаць іх.

Конь, адчуўшы моцную руку, патрухаў больш жвава. Але Рэнаце ўсё здавалася, што драбіны ледзьве цягнуцца па пясчанай дарозе, у душы мацнеў жах, адчай. Ці не заблудзіліся яны? Нешта ж даўно не відно і Лагуціна. Мажліва, не прыкмецілі якую-небудзь паваротку і едуць зусім не ў той бок, куды пайшоў Лагуцін? Мажліва, гэтак яно і здарылася, бо дарога ўсё ўправа і ўправа загінае, і аніякага следу на ёй. А гравійка ж злева засталася. І, лічы, гадзіны са дзве яны ўсё гэтым лесам пруцца! А можа, яшчэ і болей! За гэты час, каб ехалі правільным кірункам, даўно былі б ля гравійкі. А тут усё лес, лес, лес... Ікаб жа якое поле ці паселішча стрэць ці напаткаць каго-небудзь, каб папытаць дарогу. Наперадзе быццам нехта стаіць. Ці не Лагуцін? Ён, здаецца. Так, Лагуцін гэта!..

Конь спыніўся, як бы ўпёршыся ў Лагуціна — ён стаяў пасярод дарогі,— і Рэната, трымаючы лейцы ў руках, чакала.

— Стоп, машына! — пажартаваў Лагуцін і, узяўшы каня за аброць, павёў драбіны на правы бок дарогі, выглядаючы месца, каб з’ехаць з касагору на лугавіну.— Прывал зробім зараз.

Рэната ўстрывожылася:

— А што наперадзе? Ёсць дарога да гравійкі?

— Дарога ёсць. Але ж канца той дарозе няма. І скрозь бярвенне — упоперак ляжыць. Лесарубы, відаць, сваю работку не скончылі. Спілавалі сосны — і дамоў.

— А што, няможна аб’ехаць? Я пайду пашукаю, як аб’ехаць лепей,— з гатоўнасцю прапанаваў Алесь.

— Шукальнік гэткі мне! Нікуды каб ад драбінаў!

Лагуцін, заўважыўшы, што Алесь пакрыўджаны рэзкай матчынай заўвагаю, сказаў і памяркоўна і прымірэнча:

— Потым, салдат, пашукаем. Спачатку трэба да вады прабіцца, людзей напаіць, адпачыць. Потым — глыбокую разведачку правядзём. Разведачка — галоўнае!

Рэната толькі цяпер адчула, як стамілася і як ныюць і гудуць натруджаныя ногі, і ўзрадавалася: можна будзе адпачыць, перадыхнуць. І дзецям трэба перадыхнуць. Геначка, дык той зусім зблажэў з твару, нешта губкамі водзіць і водзіць, як піць просіць. А біклажка ж даўно пусценькая. Трэба да ручая цяпер, вадзіцы зачэрпнуць, твар Геначку памыць. І кулямётчыку твар памыць, бо ён як у зямлі перакачаны. Нечага ляжыць кулямётчык моўчкі, як страціў прытомнасць...

Касагор справа паніжэў, і ля старой сасны, карэнне якой доўгімі пугамі, звілістымі і вузлаватымі, звісала над жоўтым пясчаным збегам, яны лёгка з’ехалі да блішчастай падковы вады. Па той бок ручая, атуленая высокай кудлатай чаромхаю, ляскала вузкім языком лугавіна, у канцы яе зеляніўся густы лазняк, за якім густа і шчыльна стаялі старыя яліны.

— Вось гэта — мясці-інка! — узрушана выгукнуў Лагуцін.— Курорт! Лепшага шукаць — сабе толькі на шкоду. Ацямнее — далей рушым!

Ён распрог, потым раскілзаў каня і працягнуў повад Алесю:

— Няхай і наш рысачок адпачне — увесь жа ўзмылены. Вядзі яго на лугавіну. А я — у кароткую разведачку,— Лагуціну, відаць, было даспадобы гэтае слоўца, і ён з ахвотаю паўтарыў яго: — У разведачку...

Алесь не ўзяў повад, стаяў на месцы, заклаўшы рукі за спіну, потым упарта сказаў:

— Я пайду з вамі!

— А хто ж на ахове гарнізона, салдат, застанецца? — запытаўся Лагуцін і цвёрдым тонам адказаў: — На ахове гарнізона застаешся ты, дружа. Зразумеў задачу?.. Калі зразумеў, дык бяры повад і пачынай выконваць загад,— і ён, закінуўшы сваю дзесяцізарадку за плячо, дастаў з перадка карабін, паставіў ля кола.— Маеш зброю. Але без патрэбы не чапаць. Зразумеў? — і папрасіў Рэнату, выцягваючы з драбінаў рэчмяшок, у якім забразгацелі кацялкі: — Вы гэтым распарадзіцеся... Тут — правіянту крыху. Дзяцей і параненых накарміць жа трэба,— і, абмацаўшы кішэні, выцягнуў запалкі, уручыў Алесю.— Распаліш цяпельца, толькі каб ля вады бліжэй... І маскіроўку захоўваць — дыму вялікага не рабі... І павінен табе сказаць...— ён павагаўся крыху, як нешта дужа важнае абдумваў, потым махнуў рукою, усміхнуўся: — Э-эх, замнога я на цябе даручэнняў ускладаю... Гані ты лепей каня на лугавіну — ірванём мы з табою на разведачку. Вышэйшае начальства, думаю, дасць згоду,— і запытальна паглядзеў на Рэнату: — Не памыляюся?..

— Мы з дачушкаю тут і самі ўправімся. Вы дарогу глядзіце, каб потым ехаць добра,— і напусцілася на Алеся: —А ты чаго спіш? Табе што рабіць сказалі? Гані каня да травы!..

— Я мігам! Я зараз,— і Алесь, схапіўшы повад, ускочыў на каня.— Но-о-а! — гукнуў гэта ўжо амаль лагуцінскім голасам.

— Лоўка на кані сядзіць,— заўважыў Лагуцін і тут жа, змеціўшы, што Рэната разгубілася, дазволіўшы сыну пайсці разам з ім, разважліва паабяцаў: — Бавіцца не будзем, і на злом галавы не кінемся. Асцяро-ожненька...— і дадаў яшчэ гаспадарскім тонам: — Тут сякеру пад бёрнамі я прыкмеціў. І піла ляжыць. Лесарубы, відаць, пакінулі, каб штораз з хаты не цягаць...

— Чужое ж... Як жа ўзяць, гаспадара не папытаўшы?

— Хай і аб’явіцца той гаспадар. Няўжо ж сварыцца будзе, што сякеру ўзялі? У бядзе кожны дапаможа.

Ад ручая прыпыліў Алесь, спытаў, хакаючы:

— Карабін бяром? — і тут жа схапіў карабін, але выпусціў з рукі, паспеў падхапіць, учапіўся аберуч.— Бяром, бяром... А як жа без зброі!..

Рэната ўбачыла ў сынавых руках карабін, і з сэрца яе вырваўся немы пратэст. Навошта яму зброя? Ён жа малы зусім! Вунь нават у руцэ не змог утрымаць гэткі цяжар. І няма, не будзе яе, матчынай, згоды на тое, каб хлопчык узяў стрэльбу ў рукі. Яна не дазволіць яму нават і дакранацца да гэтай зброі! Ён жа не вучаны, не ведае вайсковай справы! Хай Лагуцін зараз жа загадае паставіць карабін на ранейшае месца!

Але Лагуцін не зразумеў яе і пагадзіўся з Алесем:

— Без зброі, салдат, нельга. Зірні, ці ёсць патроны.

Алесь лоўка і хутка адкрыў затвор.

— Ёсць патроны. Парадак!

— Гэтага мала. Прыхапі падсумак, на рэмень яго пачапі...

Алесь узяў з драбін падсумак, пачаў чапляць яго на рэмень, і Рэната моўчкі сачыла за кожным яго рухам. Немы пратэст па-ранейшаму жыў у яе сэрцы, але яна стрымала яго, нічога не сказала Лагуціну, нічога не сказала Алесю — не запратэставала, не забараніла, нават нязгоды аніякай не выказала, толькі моўчкі пайшла побач, ішла да самага касагору і там, ля ўзвалу, моўчкі пацалавала сына.

Нейкі час Рэната бачыла і Лагуціна і сына, якія тэпалі лясной дарогаю. Лагуцін ішоў з правага боку, бліжэй да ручая, паклаўшы адну руку Алесю на плячо. На другім плячы ў Алеся вісеў карабін, узвышаўся, бы піка, над галавой, і быў роўны, нерухомы, а плячо пад ім, прыціснутае рэменем, як прагнулася.

«Карабін дужа цяжкі, а плечучко ж слабенькае...»

Адчуванне памылкі, якую яна зрабіла, дазволіўшы Алесю пайсці разам з Лагуціным, жыло цяпер побач з дзіўнай думкаю пра тое, што яна як бы ганарыцца сваім сынам. Не гэткае ён ужо і дзіця! І як лоўка адкрыў затвор карабіна — навучыўся ж недзе! І на кані як памчаў! І цяпер Лагуцін з ім, бы з роўным, ідзе!

Думкі гэтыя не супакойвалі. Але яны прыглушылі ў сэрцы немы пратэст, які не праходзіў і жыў. Яна па-ранейшаму была пераканана, што нельга малому — дзіця ўсё-ткі, да таго ж і гарэзнік, неслух! — браць у рукі баявую зброю. Але гэтае адчуванне слабела, і яго ўсё далей адціскала ганарлівая думка пра тое, што Лагуцін — вайсковы ж камандзір! — гэтую зброю даручыў яе сыну і паводзіў сябе з ім, як з роўным.

Лагуцін і Алесь ужо схаваліся за соснамі, а яна ўсё стаяла і глядзела ў бок дарогі, па якой яны пайшлі, і пачынала разумець, што ва ўсім тым, што адбылося, ёсць пэўная няўмольнасць, над якой аніхто не мае аніякай улады. Ты можаш бедаваць, можаш непакоіцца, але сына ўжо не вернеш назад, і цяпер самае лепшае, што можна зрабіць, дык гэта добра думаць пра яго, маліць неба, каб лёс быў паблажлівы да хлопца.

Унізе, ля ручая, пачулася валтузня — нечага абуралася Валя, і, румзаючы, верашчаў Данік; Рэната кінулася туды.

— Ты бачыш, мама, што ён вытварае? — адразу паскардзілася Валя.— Прэцца да асакі. А там, можа, вір. А ён адно заладзіў — рыба!

— Ёсць там рыба! Бачу, што ёсць!

— Э, не чапай ты яго. Хай боўтаецца — не патоне ў гэтым ручаі — уратуем, калі што. Геначку ты вадзіцы дала?

— Не паспела. З гэтым жа вось гэшкалася. Біклагу набрала з крынічкі.

— А што, ёсць і крынічка?

— Данік апароў. Вунь тамака, ля вольхі старой.

— Бачыш, Данічак і крынічку нам адшукаў, а ты на яго сварышся. Ты яму занятак дай, дык ён і ў ваду не палезе. Дзе біклага?

— Вось яна. Я сама занясу.

— Лепей голле збірай — вогнішча паліць будзем,— і павярнулася да малога, які цёпкаўся ля вады.— Сыночак, памажы Валі дроўцаў расстарацца. Агонь зараз распалім...

Рэната напаіла халоднай вадой Генадзя, потым параненага кулямётчыка; абодва пілі прагна, і біклага хутка апусцела. Яна збегала да крыніцы, напоўніла біклагу зноў, але болей ніхто не піў. Яна асцярожна абмыла Генадзю твар, потым абцерла яго Данікавай кашулькаю, якую выцягнула з хатуля. Драбіны стаялі ў засені сасны, што расла на самым краі касагору, і на твары Генадзя, на яго валасах і плячах сноўдаліся кароткія вёрткія цені — сасновыя галіны гайдаў вецер. Цені былі падобны на тлустых вусеняў і паўзлі з плеч на валасы. Яна паклала далонь на сынаву патыліцу, спалохалася: сапраўды, нібыта паўзуць па пінжаку жывыя вусені. Цені трымцелі на тыльным баку далоні, паўзлі назад, скатваліся ў хатулі, і Рэнаце здавалася, што яна робіць вялікую палёгку сыну.

Недзе далёка, але выразна, як з усіх бакоў, загула кананада. Стрэлаў не было чуваць, а толькі выбухі, частыя, глухія і моцныя, і яны трэслі паветра, ажно звінела ў вушах. Рэнаце падалося, што асабліва моцныя выбухі гучаць у тым баку, куды пайшлі Лагуцін з Алесем, яна спалохана мітнулася да дарогі і тут жа ўбачыла сына.

Алесь ішоў першым, на правым плячы ў яго вісеў карабін, а на левым ляжала сякера, якую ён трымаў за канец доўгага белага тапарышча. За Алесем клыпаў Лагуцін, цягнуў за сабой па зямлі рыдлёўку. Стомлены дужа Лагуцін, абвялы. А яе сыночак ідзе бадзёра, з нейкай сталай важнасцю на твары. Здаецца, пайшоў адзін хлопец, а вяртаецца вось цяпер зусім не той — ганарлівы і незалежны чалавек!

Рэната кінулася ім насустрач.

— Знайшлі, як праехаць?

— Знайшлі і дарогу, і сякеру, і нават рыдлёўку — спатрэбіцца,— Лагуцін з размаху ўвагнаў рыдлёўку ў зямлю.— Алесь, пастаў карабін і папрацуй з сякераю ля той сухастоіны. Калі здужаеш — тралюй сюды.

— Здужаю! Мігам сасонка тут будзе!..

Лагуцін, счакаўшы, пакуль адыдзе Алесь, ціха паведаміў Рэнаце, быццам прасіў прабачыць за тое, што даводзіцца казаць:

— Дарога ёсць, а куды — невядома. І калатнеча гэтая наўкола. Не зразумееш, дзе нашы, а дзе — чужакі,— і ўжо цвёрда, як прыняўшы канчатковае рашэнне, дадаў: — Начуем тут. За ноч мы ўсё дэталёва разведаем. Не пярэчыце?.. Тады мы з Алесем зараз ставім будан.

— А навошта той будан?

— На драбінах параненым ляжаць цесна, нязручна. А ў будане — і прахалода і мухі меней назаляць будуць. Варыва вы якое робіце? Трэба ж карміць салдат...

— Зараз, зараз. Агонь жа толькі ўзяўся...

Рэната паклала на агонь голля больш таўсцейшага, растаўкла па пачку канцэнтрату грэцкай кашы, заліла вадой, прыладзіла кацялкі на вогнішчы. Рабіла яна ўсё хутка і спорна, расчуленая той увагаю, з якой Лагуцін паставіўся да яе параненага сына. Вось ён і пра будан падумаў, і пра тое, каб накарміць салдат, і пра тое, каб іх усіх пад бяду не падвесці. Добрае сэрца ў чалавека! І працуе, завіхаецца, як сабе ўсё робіць...

Лагуцін увагнаў чатыры калкі пад сасной, потым сагнуў іх уверсе, звязаў лазінаю, паклаў жардзіны, укрыў іх хваёвымі галінамі, а ўваход завесіў плашч-палаткаю. Хваёвымі галінамі ён заслаў і дол у будане.

— Гатова жытло,— задаволена паведаміў Лагуцін, адсякаючы тоўсты корань, які быў ля ўвахода.— Можна і наваселле спраўляць.

Ад вогнішча прыбегла Валя, стаяла, папраўляючы пышнае жоўтае суквецце ў валасах.

— Што тут памагчы, мама, трэба?

— Я прасіла цябе кацялкі папільнаваць. Кіпіць каша?

— Кіпіць. Я і памяшала, і падалей ад полымя адставіла, каб не вылівалася.

— Малайчына, дочачка. А гэта адкуль у цябе? — і таропка зняла ў Валі з валасоў жоўтае суквецце.— То ж святаяннік!

— За ручаём яго поўна. Ажно жоўта, як цвіце.

— Бяжы, збірай, дочачка. Назбірай паболей,— і ўжо тлумачыла Лагуціну, які таксама разглядаў жоўтую кучомку.— Лекі цудоўныя, раны памыць, каб гаіліся. У мамы ў хаце ён невыводны быў.

— Гэта добра, што лекі знайшліся. Хлопцам нашым яны прыдадуцца. Я дык у гэтых зёлках не разбіраюся...

— І я не вельмі каб. Мама мая, тая ведала... І ад святаянніку горай не будзе — раны ён добра гоіць. Яго і папіць можна, і на раны пакласці...

— Але спачатку мы хлопцаў у будан перанясём. А потым — лекі ім дамо...

Яны перанеслі параненых у будан, паклалі на хвойнік, засланы тонкай коўдрайкай, якую Рэната выцягнула з хатуля. Генадзь застагнаў, калі Рэната ўзялася абціраць яму твар мокрым ручніком, усё парываўся ўскочыць, час ад часу голасна абяцаў:

— Я зраблю, таварыш камісар! Я зраблю!..

— Зробіш, сынок, зробіш,— супакойвала сына Рэната, абціраючы лоб ручніком.— Усё зробіш, сынок. І добра зробіш. Адно толькі не хвалюйся, ляжы, каб сіла была. Валечка лекаў назбірала, зараз мы іх зварым, табе дамо, ты і паправішся, і на ножкі станеш, і ўсё добра будзе...

— Ён гарыць, таварыш камісар! — вочы ў Генадзя адкрыліся, ён прыўзняўся і не пазнаў маці.— Ён гарыць! Я падпаліў яго!

— Ты падпаліў яго, Генадзь! Падпаліў,— сказаў Лагуцін, схіліўшыся над уваходам у будан.— Мы іх знішчылі! Мы перамаглі! Наша, дружа, узяла!

Генадзь сцішыўся, як раптоўна заснуў, і Рэната, крыху пасядзеўшы ля сына, выйшла з будана. Данік, убачыўшы яе, адразу закрычаў:

— Кашы хачу! Кашы хачу!

Рэната паглядзела на Лагуціна, потым хітнула галавой у бок вогнішча, горка ўсміхнулася:

— Малому адно — есці. Маеш ці не маеш — давай. Хоць з неба бяры.

— Дзеці,— памяркоўна сказаў Лагуцін.— Яны шчэ не ўсведамляюць, што ў гэтым свеце сатварылася,— і, спыніўшыся ля драбінаў, палапаў мех з цукрам.— Гэты цукар нам, бы манна з нябёсаў. Хай дзеці ядуць, не шкадуйце.

— Як жа чапаць, калі дзяржаўная маёмасць?

— Вайна. Будзем лічыць, што маёмасць гэта змабілізаваная на патрэбы фронту.— Лагуцін нахіліўся над драбінамі, выцягнуў з ножнаў трафейны цясак і распароў ім мех. Выцягнуўшы два кавалкі цукру, паклікаў Даніка.— Салдат, сюды! Табе і сястрыцы. Толькі каб маці слухаўся.

— Я слухаюся...

— От і добра, салдат!

— Хай спачатку кашы паядуць. Потым ужо салодкага пасмокчуць. Паспеецца...

— Такі загад, салдат! Чуў, што маці сказала?.. Не паеўшы кашы, ваяваць цяжка.

— І вы паешце,— сказала Рэната.— Вам жа ісці трэба.

— Разам дык разам. Памыемся толькі,— гукнуў Алесю: — Сюды, Алесь! Хопіць дроў,— і, агледзеўшы чыстае, без хмар неба, параіў Рэнаце: —Вялікае вогнішча не паліце. Як усё зварыцца — прыгасіце агонь. Каб дыму лішняга не было...

Крыху пазней, калі ўсе паселі на касагоры і елі кашу, Лагуцін нечакана пачаў расказваць пра сябе, паглядаючы, аднак, больш на Валю, чым на Рэнату. Ён, выяўляецца, нарадзіўся ў Маскве, скончыў там вучылішча, служыў пад Полацкам, у Бравусе.

— А ў ваенкамаце вы хіба не працавалі? — здзівілася Рэната.— Вы ж у Полацку з ваенкамата да нас прыходзілі. З тым спісам на эвакуацыю...

— Загад быў — займаліся эвакуацыяй. А тады, як апошні эшалон адправілі,— новы загад: у распараджэнне капітана Кружэвіча. Там я вашага Генадзя і стрэў,— і нечакана змяніў гаворку, быццам гэты ўспамін быў яму не па душы.— Ёсць у мяне прапанова: скончыцца гэтая віхура — вы да мяне на госці. Масква, Цвярскі бульвар трыццаць адзін, кватэра трыццаць адзін,— і павярнуўся да Валі: —Лёгка ў памяць кладзецца?

— Лёгка. Як два на два.

— Адшукаць яшчэ лягчэй. Да плошчы Пушкіна дайшоў, а потым па бульвары ўніз — крокаў сто, не болей. «Навіны дня» — гэта маленькі кінатэатр. Побач — арка. Пад яе і — налева. Проста?

— Як два на два,— зноў пажартавала Валя.

Прыглушаную кананаду, якая амаль і не заціхала ўвесь час, перапыніла ледзь чутная кулямётная страляніна, і Лагуцін падхапіўся, паклікаў Алеся:

— Канчай, салдат, абед. Рушым у разведку. Раней пойдзем — раней і вернемся.

— Чай жа гатовы,— сказала Рэната.— Папіце, ён са святаяннікам зроблены. Добра смагу глушыць.

— Чай мы сухім пайком бяром,— пажартаваў Лагуцін, запіхваючы ў кішэню вялікія кавалкі цукру.— Стомімся — цукар і пахрупаем. І зноў — далей,— і раптам звярнуўся да Валі: — Валечка, ці ў памяці адрасок маскоўскі?

— На ўсё жыццё!

— Вось гэта — па-салдацку. Вось гэта — правільна. У разведку салдат павінен адпраўляцца са спакойнай душою.

Рэната без хвалявання глядзела, як Алесь бярэ карабін, без хвалявання, якое было дагэтуль, праводзіла Лагуціна і сына да таго месца, дзе дарогу перагароджвала сасновае бярвенне. Тое, што яна пакарміла дзяцей, і гэтае запрашэнне Лагуціна прыехаць да яго на госці пасля вайны, і яго гэтая вясёлая гаворка, а асабліва тое, што Генадзь і паранены кулямётчык крыху паелі кашы і папілі адвару святаянніку, неяк дзіўна ўлагодзілі яе, сунялі трывогу, пасялілі надзею, што ўсё павярнулася на лепшае: Лагуцін з сынам разведаюць шлях, хутка вернуцца, і яны паедуць далей, дабяруцца да паўстанка, знойдуць бальніцу і дактароў, знойдуць лекі, якія ў момант паставяць на ногі Генадзя і гэтага незнаёмага і маўклівага кулямётчыка.

Наказаўшы Алесю ва ўсім і адразу слухацца Лагуціна, яна пастаяла на дарозе, пакуль іх постаці не схаваліся за дрэвамі, потым назбірала бярэмя сасновага сучча і пайшла назад да будана. Дарогаю, ідучы не вельмі хутка, распланавала ўсю работу, якую трэба зрабіць адразу ж і неадкладна: памыць кацялкі, астудзіць у ручаі звараны святаяннік, прамыць раны Геначку і кулямётчыку, назапасіць яшчэ адвару — ранкам ім рухацца далей, і лекавае гэтае пітво ў дарозе спатрэбіцца...

Дайшоўшы да будана, пастаяла, прыслухалася. Ціха ў будане. Здаецца, паснулі... Гэта добра, што Геначка спіць, сілы будзе болей. Нейкая нядобрая, плямамі, чырвань пайшла ў яго па твары і шыі, і на грудзях ёсць — ад ран, ведама. Але святаяннік — лекі добрыя, раны павінны загаіцца. Ды потым, у бальніцы, знойдзецца ўсё патрэбнае — паправіцца сынок. А Валя з Данікам усё цялёпкаюцца ў ручаі, смяюцца... Данічкаў галасочак, бы званочак,— радасны. Што гэта ў іх тамака?.. Малы ўсё пнецца падалей ад берага, дзе вада бруіцца ва каменьчыках, а Валя ўгаворвае яго не ісці туды... Не, пусціла. Паваліўся Данічак, але не плача, смяецца. І Валя смяецца... Чыста як смяюцца, аніякага засмучэння ці трывогі... «Не разумеюць, што ў гэтым свеце сатварылася...» Гэта Лагуцін правільна кажа. Што ім нейкая бяда! Паелі кашы салодкай, яшчэ па кавалку цукру аплялі — і ў забаўкі. А недзе ж вунь за лесам грыміць і грыміць кананада, аціхне, як пакоціцца далей, і зноў вернецца, яшчэ гусцейшая, злавесная, ажно сэрца ад яе замірае. Каб жа шчасціла Лагуціну з Алесем на кожным кроку, каб даведаліся аб усім, каб вярнуліся хутчэй. Небачка, ты ж глядзіш на іх, памажы ім, на фашыстаў праклятых усё благое пашлі!..

Вада бурболіла ў кацялках, і Рэната заварыла святаяннік, потым хутка астудзіла яго ў ручаі, засаладзіла і ледзь не сілком напаіла Генадзя і параненага кулямётчыка духмяным карычневым адварам, рэшту зліла ў біклагу і зноў паставіла кацялкі на вогнішча. Вада закіпела вельмі хутка, і яна зноў напурыла кацялкі святаяннікам, адсунула кацялкі на краёк вогнішча і, стоячы ля агню, глядзела, як у кіпні імгненна блякнуць, а потым пачынаюць густа рудзець тонкія зялёныя сцябліны, як цямнее, набрыняе барвовым колерам вада.

Дзень канаў. Сонца завалілася за сосны, шаты дрэў зрабіліся празрыстыя, як прасвечаныя наскрозь ля кожнай галінкі. На зямлю клалася сутонне, нейкае дужа густое ля чаромхі і панізу касагору, дзе пясок сцямнеў і быў дужа халодны. Ад гэтага холаду ў нагах — Рэната ішла ад ручая басанож — зноў зрабілася трывожна. Гэта ж ноч неўзабаве! А Лагуціна з Алесем няма і няма.

Рэната выбралася на касагор і паціху пакрочыла лясной дарогаю, услухоўваючыся ў далёкую кананаду. І ўсё не аціхае гэтая кананада: цэлы ж дзень грыміць, то прыгасне крышку, то зноў узгарыцца, аніяк не зглухне. І дарога неяк змянілася. Удзень, калі яны ішлі тут утраіх, дык быццам і шырэйшая была, а цяпер як павузела. І сосны падступілі бліжэй, быццам пасунуліся з цёмнай глыбіні лесу сюды, да касагора, дзе яшчэ зусім светла...

Рэната дайшла да бярвенняў, што загараджвалі дарогу, спынілася, села на цёмны абымшэлы камель сасны. Залацістае святло прабівала шаты дрэў, і неба было відаць у прагалах галін блакітнае, хоць і крыху сцямнелае па краёчках. Прыкметна і хутка пагусцеў змрок на зямлі; святло, што прабівалася праз галіны, адразу гублялася ў верасах, і толькі бёрны на дарозе былі святлейшыя, чым удзень, месцамі нават барвовыя былі на іх не суцэльныя, а ляжалі плямамі, няроўнымі і рухавымі. Рэната дакранулася рукою да халоднай шурпатай кары, і далонь як бы пагрузла і схавалася ў гэтую барвовасць. Галіны соснаў зварухнуліся, і барвовыя цені на бярвеннях загайдаліся, затрымцелі, і Рэнаце падалося, што яе рука ляжыць у трапяткім, але халодным полымі.



7

Ноччу Рэната і на каліўца не заснула, сядзела ля ўвахода ў будан у горкім і самотным чаканні. Усхоплівалася на кожны гук у лесе — усё здавалася, што чуе крокі Алеся і голас Лагуціна. Часта лётала па ваду да ручая, раз за разам мяняла мокры ручнік на галаве ў Генадзя, паіла вадой кулямётчыка, абнадзейвала таго і другога, прасіла заснуць. Кулямётчык двойчы падзякаваў ёй, а Генадзь як не чуў яе слоў, дыхаў цяжка, час ад часу нешта мармытаў, і голас яго быў хрыпаты і трывожны.

На золку кулямётчык, якому яна яшчэ раз памяняла ручнік на лбе, папаласкаўшы папярэдне ў халоднай вадзе, моцна заснуў. Сцішыўся, як бы заснуў, і Генадзь, і яна зарадавалася, што, мажліва, усё пайшло на папраўку — маладое цела здужала раны. Гэтая думка адразу ўсцешыла яе, абнадзеіла, і Рэната адразу расслабілася, прылегла ля будана, як бы загароджваючы ўваход, ухуталася коўдрачкаю, адчула, як грэе шчаку шурпаты корань, на які паклала галаву, і правалілася ў сон, бы ў нейкую прорву.

Абудзіла Рэнату чачаканне сарокі — настойлівае, частае, бадзёрае. Нейкі час Рэната ляжала — у целе была бадзёрасць, мружыла вочы ад цёплых сонечных промняў і прыслухоўвалася да цішыні ў будане. Потым пачула справа нейкі шоргат, імкліва павярнулася. Кулямётчык! Ля камля сасны ляжыць кулямётчык. У чорных звужаных вачах дзіўная летуценнасць, як бы поўная адчужанасць.

— Вы чаго... як вы тут апынуліся? — Рэната ўзнялася.— Вы ж у будане былі...

— Мурдан сонца сматрел. Вада Мурдан сматрел — жизн сматрел. Теперь спат Мурдан нада...

— Пачакайце спаць... Я зараз сняданак згатую, а тады ўжо і спіце. Чаю салодзенькага зраблю...

Але Мурдан не слухаў, заплюшчыў вочы, шчыльна сціснуў губы і заснуў. Твар яго, асветлены сонцам, выдаваў блішчастым, і бровы ціха соўгаліся, быццам імкнуліся стрэсці з ілба дробныя кропелькі поту, якія быццам заселі ў глыбокіх зморшчынах — лоб сталага чалавека, якому давялося шмат перажыць. Дзіўна: учора кулямётчык здаваўся ёй зусім маладзенькім. Няўжо за кароткую ноч чалавек гэтак састарэў? У Рэнаты шалёна закалацілася сэрца. Мурдан выбраўся з будана. А Геначка? А Геначка як жа там?..

Яна нахілілася перад уваходам, прысела, потым асцярожна адхінула краёк плашч-палаткі. Пасля таго як вочы глядзелі на сляпучае нізкае сонца, цемра ў будане здавалася густой, а сынаў твар як бы пасвяжэлым, без учарашніх барвовых плямаў. Не было гэтых плямаў і на руцэ, якая ляжала на куртатым нямецкім аўтамаце — Генадзь учора, як пераносілі яго з драбінаў у будан, аніяк не схацеў разлучацца з ім. Гаротнічак дарагі! Нават і ў сне ён не выпускае з рук зброю! А ў маленстве не любіў у вайну гуляць, цураўся ўсялякіх гульняў, дзе крыку было поўна, усё за кніжкамі сядзеў. Алесь жа зусім іншае натуры: гэты, як толькі на ножкі стаў, дык лепшай цацкі за драўляную стрэльбу і не ведаў — толькі з ёю і лётаў ля Дзвіны!

І ад гэтых успамінаў, ад таго, што твар Генадзя выдаваў як бы моцна паздаравелым, у Рэнаціным сэрцы зацеплілася радасная надзея! Сёння ўсё паверне на лепшае. Гэтак павінна быць, бо дужа ж добра пачынаецца дзень. Нідзе не чуваць кананады, цішыня наўкола, толькі ўпарта не сціхае сарока ў лазняках. Навіны, значыцца, навіны будуць — сарока на навіны чачакае. А калі птушку зранку пачуеш — на добрае гэта. Геначку пасля сну лягчэй. Алесь з Лагуціным вернуцца — на гэтае сарока стракоча. Павінна ім сёння пашчасціць! Абавязкова павінна пашчасціць. І ў яе сілы ёсць, яна зараз сняданак змаргеліць, чаю з бруснічнікам і чарнічнікам згатуе. Трэба было, ведама, раней прахапіцца. Але нічога, нагоніць яна, усё зробіць у час!..

Рэната памылася халоднай вадой у ручаі — адразу адчула, як падужэла,— развяла агонь. Калі ўзялася шараваць кацялок жвірам, пачула, як пазяхае працягла Валя. Прачнулася дачка, сядзіць у драбінах. Рэната зрабіла ёй знак рукою — клікала да сябе.

— Данічак спіць? — спытала, чэрпаючы ваду кацялком.

— Ага-а-а...

— Не халодна ноччу было?

— Ага-а-а...

— Ты што гаворыш, бы спіш?

— Галава баліць. Тлумна ў галаве неяк...

— Болей у ручаі трэба было ўчора сядзець. Гэта ж цалюткі дзень з вады не вылазілі. От застудзі шчэ Даніка, тады ж табе!.. От я вам сёння пакупаюся! Каб ані блізка да вады!

— Табе памагчы, мама?

— Лепей ідзі, пазбірай святаянніку. З сабою ў дарогу возьмем — яго не паўсюль ухопіш.

— А мне саснілася — Алесь вярнуўся. І Лагуцін стаў ля мяне і гаворыць, гаворыць...

— Каб жа яны хутчэй вярталіся...— і сказала стражэй: — Не баўся там, назбірай і адразу ж — сюды...

Рэната стала ля драбінаў, развязала рэчмяшок, які пакінуў Лагуцін. Яна ведала, што засталося чатыры пачкі канцэнтратаў, але цяпер зноў пералічыла іх, быццам за ноч іх магло прырасці: чатыры было, чатыры і ёсць. Поўны пачак, мабыць, не варта класці, трэба быць ашчаднай...

Яна адціснула сякераю палову пачка, а другую старанна загарнула ў хусцінку і схавала ў рэчмяшок. Можна і радзейшую кашу пасёрбаць, болей цукру пакласці, яго, дзякуй богу, ёсць. Але ж і ён, быццам вадой змываецца: цягалі дзеці ўчора, як хацелі. А цукар жа не свой! А што, як папытаюць, дзе і куды падзеўся? Як тады адказваць? Ды што яна сабе галаву забівае абы-чым! Лагуцін жа сказаў: цукар, маўляў, змабілізаваны на патрэбу фронту. Цікавы ён чалавек, гэты Лагуцін. І лёгка з ім было, спакойна. І дзе толькі ён з Алесем гэтак доўга бавіцца? Але ж, відаць, дарога не блізкая, пакуль пра ўсё даведаліся, можа, нават на самы паўстанак пайшлі.

З лугавіны пачуўся ўстрывожаны голас Валі, яна бегла да ручая, нешта ўсё крычала, усхліпвала, і , урэшце, Рэната пачула выразнае:

— Ко-онь наш, мамачка, уцёк!..

Рэната кінулася на лугавіну, убачыла ў руках дачкі аброць, схапіла скручаную, вельмі мяккую ад расы, сырамяць, разглядала, як толькі ад гэтых рамянёў і чакала тлумачэнняў. Конь, відаць, сам скінуў аброць. Не, не сам! Раменьчык зашпілены на апошнюю дзюрачку, ля самага краёчка. А меціна ж ад старой зачапкі на вяршок вышэй!

— Хто-о? Хто спражку сюды перасунуў? — вырвалася ў Рэнаты роспачна і глуха.

— Яму цяжка ж было траву скубці. Мы з Данікам учора і перасунулі. Калі ты нас паслала каня паглядзець і святаяннік збіраць...

Рэната схапілася за галаву, забедавала горка і роспачна, з адчаем:

— А долечка ж ты мая! А што ж ты са мною робіш! — і, не стрымаўшыся, быццам стаяў перад ёй, хто быў вінаваты ва ўсіх яе бедах, сцебанула аброццю дачку па плячах.— А я ж табе казала нічога не чапаць! А хіба ж цябе прасілі аброць перарабляць?..

Валя крутнула галавой, не заплакала, толькі адскочыла ад маці, нядобра зыркнула:

— Можа, нікуды і не ўцёк паганы твой конь! Зашыўся дзе-небудзь у хмыз і стаіць...

— Шукай! Шукай мне яго! Каб зараз жа тут быў,— Рэната нават прытупнула нагой.— А не знойдзеш — я ж табе зраблю! От жа ты ў мяне пабачыш! Бяжы ў той бок! А я — у гэты!..

Сляды капытоў на роснай траве ішлі ўсцяж ручая, і Рэната бегла па іх, лаючы і каня, і дачку, і сябе. Дачку яна лаяла, але і шкадавала: ані ў чым, прынамсі, і не вінавата Валя. Хіба ж хадзіла калі дзяўчына ля коней? Хіба ж благога хацела?.. Гэта яна, Рэната, ва ўсім вінаватая! Яна — маці, яна ж з вопытам чалавек, яна павінна была сама за канём паглядзець. А што яна зрабіла? Малой даручыла, у якой ветру ў галаве поўна! А цяпер яшчэ і аброццю гэтай адхвастала!..

След вёў у бок лесу і асабліва вызначаўся ля лазнякоў, на чыстай роснай траве, і прападаў толькі на незнаёмай дарозе, што вяла з лугавіны на ўзлесак. Рэната ўзбегла на той узлесак, пайшла па дарозе. Але гэта была зусім не тая дарога, па якой яны ехалі ўчора з Лагуціным — аніякіх слядоў. Чысцюткая, даўно кінутая дарога. Але конь у гэты бок ішоў, сюды скіраваў — ад лугавіны спачатку след быў добра відзён. А цяпер — быццам скрозь зямлю праваліўся! І ля дарогі нідзе знаку няма, трава чыстая, яшчэ расяная... Цяпер лясная пуцявіна разгаліноўваецца — адна шырэйшая, другая вузенькая, як сцежачка, добра затравелая: а следу ні на той, ні на гэтай, ні побач няма. А далей — яшчэ адно адгалінаванне: відаць, недзе там тая дарога, па якой яны ўчора ехалі. Але ж паспрабуй яе адшукаць! Вунь колькі гэтых пуцявінак! Зблудзіш, назад, да лугавіны, шлях не знойдзеш. Трэба вяртацца...

Рэната павярнула назад, і думкі яе пайшлі зусім іншым кірункам: не трэба ёй лётаць па гэтым кустоўі, мітусіцца, нервавацца. Конь нідзе не дзенецца! Паблукае, паблукае — на лугавіну выб’ецца, бо травы лепшай нідзе ён не адшукае. З чаго бедаваць узялася — нейкі конь! Тут Генадзь з ранаю ляжыць, Алесь згубіўся — вось дзе бяда! Вернецца Лагуцін — у момант яны таго каня адшукаюць... І зноў жа: яна ва ўсім вінаватая! Ёй трэба было даўно на пошукі кінуцца. І не каня шукаць, а сына з Лагуціным! Учора, увечары, запрэгчы каня і рушыць следам, шукаць, клікаць... А яна што рабіла? Сядзела склаўшы рукі, чакала... Вось і дачакалася! Цяпер сама ў тыя драбіны запражыся... І Валю, здурнеўшы, на пошукі пагнала. Цяпер яшчэ і яе шукаць давядзецца, крый божа. Не, дачка вунь вяртаецца, клыпае, галаву звесіўшы, плача...

Выгляд зарумзанага твару дачкі яшчэ больш узмацніў згрызоту. Малая ж сама напалохалася, пакутуе, а яна, Рэната, яшчэ і адхвастала яе. Але сэрца ў яе не памякчэла — Рэната гэта адчула. Недарэка! От жа недарэка расце!

— Ты чаго сюды? — Рэната спытала строга.— Я ж цябе ў тым баку паглядзець прасіла!

— Пуста тамака. Следу нават няма. А за чаромхаю, на гразкім, як ваўчыныя сляды бачыла. Лапы — во-о-сь якія! Можа, ваўкі яго загрызлі?

— Анягож! На яго яны зубы і вастрылі,— і дадала мякчэй, абвострана адчуўшы згрызоту: — Сціхні, не румзай, не вернеш цяпер... Пайшлі дамоў...

З-за вольхаў прыгожа зажаўцеў касагор, і на ім зырка заблішчала плашч-палатка. Роўненькім слупком узнімаўся ўгару сіне-белы дымок ад вогнішча — на спякоту. Зноў, відаць, будзе смаліць сонца — чатыры дні ўжо ані хмурыны ў небе. І ночы цёплыя — на зямлі спіш спакойна, на золку толькі студзіць. А святаянніку колькі! Трэба сабраць яго!

Рэната, ідучы з дачкою паўз ручай, нацерабіла вялікі ахапак святаянніку, які месцамі пышна зацвіў. Сонца неяк хутка запаўзло на макавіны ялін за лугавінай і цяпер добра асвятляла ўвесь касагор, і ў яго промнях драбіны як бы пасунуліся ад лесу, наблізіліся да ручая. Як не на самым беражку стаяць!.. Не, гэта толькі здаля падаецца: дзе стаялі ўчора, там і стаяць. І нібыта сапраўды дамоў ідзеш — гэткае звыклае воку ўсё тут парабілася. Каб жа толькі конь быў на месцы. Яны б зараз запрэглі яго і рушылі далей, Лагуціна і Алеся шукаць — ім насустрач бы рушылі. А цяпер як тыя драбіны пацягнеш?! А Геначка ж хадзіць не можа, няма ў яго сілы хадзіць!..

Зноў зашчымела, забунтавала злосць на дачку. От жа недарэка! Вунька якая дылда выспела! А розуму?.. Э-эх, свайго розуму нікому не ўставіш!.. І казала ж учора: папільнуй каня, паглядзі, каб на добрай травіцы хадзіў, каб сыты быў... Але што ёй, што таму Алесю — кажы ці не кажы: у адно вуха ўляцела, у другое — вылецела. Аднак, калі па шчырасці, няма чаго ёй дачку дакараць: сама ва ўсім вінаватая! Не дзецям каня даглядаць, самой трэба было зірнуць... А ім, гарэзам гэтым, што адыходзіць? Спярша — пад’есці, потым... А долечка ж ты родная! Гэта ж яна кацялкі з агню не адставіла! Пэўна ж, не каша там, а вуголле!..

Дровы пасярэдзіне вогнішча згарэлі ўжо начыста, дыміліся толькі тоўстыя смалякі на беражках, як паадвальваліся ад вуголля. Кацялок, у якім Рэната заварвала святаяннік і гатавала чай з бруснічніку і сунічнага лісця, стаяў роўненька, і вада ў ім была белая ад густых бурбалак, што ўзнімаліся са дна; белым быў і тонкі абадок на сценцы знутры, пад самым верхам. Пад кацялком з кашай вуголле асела, і ён нахіліўся і быў як накрыты шапкаю наздраватай пены, з чорным струпам згарэлых круп на тым беражку, дзе звісала медная падкоўка ручкі.

Рэната скоранька падчапіла яловым дручком кацялок, паставіла на халодны пясок. Пена асела, было відно, што кацялок як не напалову пусты; спяшаючыся, Рэната лінула ў кашу вады з другога кацялка, перабрала меру і тут жа ўбачыла гэта. Ніякая тут ужо не каша, а рэдзенькі булён: крупіна за крупінай — ганяецца з дубінай... А дачка пазірае насмешліва: вось, маўляў, павучаць і біцца можаш, а кашу — разумніца гэткая! — зварыць не ўмееш!

І з таго, што Рэната прачытала і зразумела Валіны думкі, і з таго, што ўсё было ў сапраўднасці так, як думала дачка, і яшчэ больш з таго, што дачка не бедавала, не спачувала — хай бы дзеля прыліку! — ёй, маці, у Рэнаціным сэрцы ўзнікла незнаёмая дагэтуль горыч. Вось гэтак, між іншым, яны, дзеткі, і сплочваюць сваім мацеркам за ўсё добрае. Росціш, розуму вучыш, а потым, у пер’е ўбраўшыся, яны нават і нейкай дробненькай тваёй няўдачы не даруюць. Не, дарэмна яна на сваіх дзяцей нагаворвае. У Валі добрае сэрца, чулае. Рэната ж незаслужана дачку сёння пакрыўдзіла, а яна, дачка, і слоўца насуперак не сказала! Дачка ў Рэнаты ласкавая! І Алесік гэткі ж... А Геначка, дык ад усіх іх ласкавейшы, чулы вельмі, сардэчны. І рукі ў яго залатыя. Чырк-чырк аловачкам — малюнак і гатовы. Гэтак ён на Рэнацін дзень нараджэння яе партрэт намаляваў: не раўнуючы — фотакартка! У вялікім пакоі ўвесь час вісеў ён на сцяне. І як жа яна той партрэт не ўзяла з сабою? Але ж хіба ўсё пацягнеш з сабой! Ды і цалейшы будзе там, у схованцы! Добра, што яна ж са сцяны партрэт зняла, у схованку паклала!..

Рэната зноў паставіла кацялок з варывам на агонь — хай добра ўпрэе, загусцее каша,— паклала ў другі кацялок, у кіпень, скручаны ў тоўсты жмут святаяннік, загадала дачцэ строга:

— Нальем зараз навар свежы... Нясі біклагу сюды. Абедзве нясі.

— А дзе яны?

— У будане. Толькі асцярожна, не пабудзі іх... Гэты — як яго? Мурдан усё спіць? — паўглядалася на кулямётчыка, які нерухома ляжаў ля сасновага камля, папрасіла цішэй, са спагадаю: —Краёк, Валечка, плашч-палаткі падвярні — хай Геначку сонейка свеціць...

Драўлянай мешалачкаю — Алесь выстругаў яе з лазіны ўчора, калі рыхтаваўся абед,— Рэната ўзялася размешваць рэдзенькае варыва ў кацялку. Нахілілася празмерна, глытнула дыму, закашлялася, пачала церці вочы, якія адразу заслязіліся, і тады слых ёй разануў адчайны крык дачкі:

— Ма-а-а-ма!.. Ма-а-а-мачка!..

Вочы слязіліся ад дыму, і Рэната блага, нібыта праз зіхатлівую блішчастую сетку, убачыла і Валю, якая стаяла на касагоры, і драбіны за яе спінай, і несапраўдна цёмны трохкутнік будана. З чаго гэта яна садрала плашч-палатку, трымае яе ў адной руцэ?.. Будан — як уваход у нейкую чорную пячору. А драбіны нібыта коцяцца сюды, піхаюць Валю ў плечы, ірвуцца ўніз з касагору, і яна раскінула рукі, спрабуе стрымаць іх...

З мешалкаю ў руцэ Рэната ў адзін міг, як узляцела, апынулася на касагоры. Памроілася ёй усё: стаяць далёка за спінай Валі драбіны, стаяць на сваім ранейшым месцы, і колы іх загрузлі глыбока ў пяску. У драбінах, нічога не чуючы, не зважаючы на спалоханы Валін крык, спіць спакойна Данік. І Мурдан ля сасны спіць...

— Чаго ты? Чаго? — патрабавальна, засопшыся, выгукнула Рэната, і ў яе ад нядобрага прадчування перасеў голас; задыхана хапаючы ротам паветра, адкашлялася і паўтарыла: — Чаго ты? Чаго?

Валя слаба павяла рукою ў бок будана, працягнула з дрыготкаю ў голасе, быццам закалела ад сцюжы:

— Т-т-т-а-а-ам...

Учора тут, на адкрытым абрыве, вецер круціўся, як па коле хадзіў, і плашч-палатка ўвесь час матлялася, трымцела, бы жывая, і над буданом, уверсе, усё шапацелі, бы перагаворваліся, галіны старых соснаў, а за ручаём згіналіся, трэсліся гнуткія галіны чаромхі. Сёння ж ранак быў ціхі, і ўсё вакол знерухомела, і цёмнае зеўрала ўвахода ў будан, не завешанае плашч-палаткаю, выдавала злавесна чорным і застылым, як высечанае з чорнага каменю.

«Што? Што яшчэ на маю галоўку?!»

За спінай ціха, глытаючы слязлівае мармытанне, плакала Валя. Рэната ўжо разумела, што там, у будане, чакае яе бяда, але не хацела нават думаць пра яе і сцялася ў дрыгатлівым напружанні. Нейкія пяць крокаў да будана знясілілі, як выпетрылі ўсю дужасць і сілу, і яна бухнулася на калені ля ўвахода на асветлены сонцам пясок, паклікала глуха, размяклым і зламаным голасам:

— Ге-енач-чка!..

Цішыня, нібыта маючы нейкае канкрэтнае аблічча, ціснула Рэнаціны плечы. Перад вачыма — яны яшчэ па-ранейшаму слязіліся ад дыму — усё як бы вагалася і плыло, і Рэнаце памроілася, што сынавы губы зварухнуліся. Яна ліхаманкава цярнула па сваіх вачах рукавом, і, як бы ад гэтага яе руху, у будане адразу пасвятлела, і сонечныя промні ярка асвяцілі жоўты, бы з гліны злеплены, твар мёртвага.

Халодны каляны пясок астудзіў Рэнаце калені — як на лёд апусцілася,— і яна здрыганулася, затрэслася. Колкія гарачыя стрэлкі джыгнулі з горла ў паднябенне, выгнуліся, ударылі ў скроні, пайшлі кругамі, і яна адчувала іх дзіўны і запаволены рух.

— Завошта, небачка?! — уголас, адчайна, але ціха і сіпата, запыталася яна.— За якія грахі?

Цяпер холад выстудзіў і патыліцу. Але там, у патыліцы, ён узнік дзвюма колкімі кроплямі, і кроплі гэтыя рухаліся як бы па нейкім крузе, і, калі падыходзілі да скроняў, кароткі імклівы выбух болю працінаў галаву, разбіваўся і павольна знікаў, быццам выцякаў па валасах, і валасы балелі, нібыта іх выдзіралі.

— Завошта, небачка? — сіпата паўтарыла Рэната.— За якія грахі?..

Яна ціха і асцярожна ўзняла цяжкія і непадатныя Генадзевы рукі, звяла іх у яго на грудзях. Правая рука не затрымалася, паціху апаўзла на зямлю, быццам выпіхвала Рэнату прэч з будана, на абрыў, заліты яркім сонечным святлом, і яна, стоячы на каленях, адхіснулася назад, а потым хітнулася ўперад і ткнулася лбом у халодную сынаву далонь.

Рэната не галасіла, толькі глуха, усё гэтак жа сіпата, як толькі што запытвалася ў неба, застагнала, закрываючы рот рукою. У руцэ была лыжка, драўляная мешалачка, яшчэ цёплая ад варыва, якое яна размешвала ў кацялку, і Рэната ўчапілася ў яе зубамі, быццам запіхвала сабе ў горла немае галашэнне, і ўсё грызла і грызла зубамі цвёрдую лазіну, салодкую, прапітаную цукрам, прапахлую грэцкай кашай...


* * *

Рэната хавала сына ўвечары, калі сонца скацілася за сосны, хавала насупраць будана, на правым баку дарогі, пад старой сасной, што як бы спляталася голлем з тым дрэвам, на карэннях якога цалюткі дзень адлежаў Мурдан.

Загадаўшы Валі забаўляць Даніка ля ручая, унізе пад абрывам, Рэната абмыла сына, загарнула ў дзве прасціны і на коўдры, на якой Генадзь і сканаў, перацягнула яго з будана цераз дарогу да старой сасны, дзе перад гэтым выкапала дол. Магіла здалася цяпер неглыбокай, і Рэната зноў узяла ў рукі рыдлёўку.

Яна ўсё рабіла, як у нейкім жахлівым сне. Адчуванне нерэальнасці таго, што адбываецца, асабліва было моцным, калі Рэната ўзялася за канцы коўдры, на якой ляжаў мёртвы Генадзь, і памацнела яшчэ больш цяпер. Ёй здавалася, што трэба заглыбіць дол як мага хутчэй, бо тады, як яна гэта зробіць, усё пачне іначыцца, паверне ў лепшы бок, жахлівы, пачварны сон скончыцца. Яна аблівалася потам і, высільваючыся, не спыняючыся, выкідвала і выкідвала рыдлёўкай цяжкі пясок, секла карэнні, што час ад часу трапляліся, і адкідвала іх за дарогу. Увесь час яна глушыла ў сабе думку пра смерць Генадзя, намагалася думаць не пра яго, а пра Алеся і Лагуціна, якіх усё яшчэ не было. Але гэта быў марны клопат.

«Хопіць гэтае глыбіні. Геначка мне даруе...»

Стаўшы басанож на цвёрды гліністы дол, яна ўзмахнула рукой, адганяючы чорных мух, што зноў абселі чамусьці толькі правы куток белай прасціны. Пальцы дакрануліся да цёплай мяккай коўдры, і Рэната глуха застагнала. Смерць была там, у доле, у гліністай спрасаванай жарстве, пад халоднымі каменьчыкамі, што, як цвікамі, калолі босыя ногі. А тут, пад далонню, была цёплая коўдра, мяккая, як жывая, і жывымі былі цені ад галля, і жывымі былі чыстыя сонечныя плямы, што рухаліся, соўгаліся, узмацняючы адценні рэальнага і жывога. І думка пра тое, што яна зараз апусціць сына на гэты халодны дол, на цвёрдыя колкія каменьчыкі, што выпіраюць з гліністай спрасаванай жарствы, адразу выстудзіла яе ўласнае цела: калоцячыся ад унутранай дрыготкі, яна прыперлася лбом да мяккай коўдры, на якой ляжаў мёртвы сын, і раптоўна як правалілася ў дзівосную мрою. Роднае селішча ля Дзвіны, сад, жывы Генадзь ідзе па сцежцы з кашолкаю яблыкаў у руцэ: яблыкі вялікія, спелыя, чырванабокія, і недзе за яблынямі гучыць Данікаў голас:

— А я хачу! А я хачу!

Рэната ўзняла галаву, і мроя знікла, растала. Соўгаюцца, трымцяць цені на свежым жвіры магілы... Чорныя мухі ў правым кутку белай прасціны... Патрабавальны Данікаў голас ляціць ад ручая:

— А я хачу! А я хачу!

Рэната пацерла твар. Ёй трэба спяшацца. Трэба ўсё рабіць хутчэй, каб малыя не бачылі магілы, не бачылі мёртвага Генадзя.

— Пухам табе зямелька, Геначка,— пошапкам сказала Рэната і тройчы пацалавала мёртвага сына.— Мы потым цябе на Дзвіну перанясём. Гэта ўжо як татка вернецца. Спі цяпер...

Яна апусціла сына на гліністы дол і, стаўшы на калені, пачала аберуч заграбаць і ссоўваць мяккі халодны пясок. Часам пад рукі траплялі трэскі ад карэння, яна адкідвала іх убок і зноў грабла мяккія, падатныя пагуркі, потым, узняўшыся на ногі, узялася за рыдлёўку.

Засыпаўшы магілу, Рэната аднесла рыдлёўку і сякеру да будана і, спустошаная і знясіленая, бязвольна апусцілася на хрусткі ад дзённай спякоты чабор, вузкая лапіна якога ішла па самым краёчку абрыву. Унізе ля цяпельца, што гарэла зусім без дыму, завіхалася Валя, час ад часу выгаворвала Даніку — малы гойсаў па беразе ручая, хвастаў ваду гнуткайі доўгай лазіною. На лугавіне, цёмнай, быццам раптоўна счарнелай — вяршаліны старых ялін за лазнякамі былі яшчэ ў водсветах вечаровага сонца,— ля чаромхі і пад лазнякамі ўжо грувасцілася сінявае, падобнае на дым сутонне: то гусцела, то неўпрыкмет радзела, рабілася белаватым, быццам падбеленае, і клалася на траву, і над ім, як на белай, зацярушанай снегам раллі, рэдкім куп'ём цямнелі мяцёлкі конскага шчаўя.

«Снег бытта... Небачка, як зіма лягла...»

Пясок пад абрывам быў ужо халодны, студзіў ногі. Студзіла шыю і грудзі прахалода, якую гнала ад ручая, і прахалоду гэтую рэзка адцяняла хрумсткасць сухога рэдзенькага чабору, напаленага ўдзень сонцам. Але цеплыня нізенькіх сцяблін толькі звонку крыху сагравала далоні і не прабівалася ў глыб стомленага цела, дзе ўсё як змярцвела ад моцнай сцюжы; холад гэты быў нейкі дзіўна зменлівы, няўстойлівы, нібы прыплываў адтуль, з той белай раллі пад чаромхаю, і, астуджваючы Рэнаце шыю і грудзі, сплываў за спіну; нязменны холад заставаўся толькі ў ступаках, і Рэнаце здавалася, што яна рухаецца па снезе, увесь час тупае і тупае, шнуруе туды, за тое белае поле, да тых залаціста-зялёных ялін, блішчастых і цёплых, ля якіх можна сагрэцца і да якіх аніяк не можа дабрысці...

Галава цяжэла ад тлуму, увесь час карцела легчы на зямлю, не рухацца, ні пра што не думаць. Рэната ўзлакацілася на правую руку, на нейкі міг змружыла вочы, і лугавіна адразу наблізілася, яшчэ больш выразнай зрабілася белая ралля, і на тым белым полі, у тым сіне-белым сутонні, высокія мяцёлкі конскага шчаўя выстраіліся радочкам, зачарнелі блізка адзін да аднаго, як старыя магільныя пагоркі.

«Злева матчына магіла... Усярэдзіне — Церахава... Справа — Геначкава...»

Рэната шырока расплюшчыла вочы, і рэдзенькі радочак цёмных мяцёлак конскага шчаўя рассыпаўся, і яны ўжо не нагадвалі магільныя пагоркі, увачавідкі меншалі, быццам адплывалі пад лес, у вечаровае сутонне. Ёй зноў памроілася, што яна не сядзіць на абрыве, а памалу грабецца па той белай і чысцюткай раллі. Ніякай белай раллі на лугавіне не існавала, і яна разумела, што гэта гусцее пад лесам вечаровае сутонне, і паўзе ад ручая белы туман, і што яна, Рэната, існуе ў гэтым рэальным свеце, дзе ўсё і самастойна і трывала, і таму ёй трэба адмовіцца ад усялякіх ілюзій. Геначкава магіла за дарогай. І акрамя гэтай магілы ёсць яшчэ матчына магіла, і яны абсалютна рэальныя, і яны нікуды не знікнуць, і думкі пра іх будуць з Рэнатай да скону яе дзён.

На абрыў узляцела Валя, і Рэната запыніла яе, глуха спытаўшы:

— Куды разагналася?

— Сякера патрэбна. Дроў насячы.

— А навошта? — Рэната зноў пачула, што голас яе гучыць глуха, як здаля.

— Вогнішча саўсім атухае.

— Ноч скора. Навошта агонь? .

— Дык жа кацялок не кіпіць. А Данік кашы хоча,— і паўтарыла, перадражніваючы малога, але з усміхам: —- Кашацкі хачу! Кашацкі!..

— Заняла б яго чым.

— Толькі адно гэта і раблю!

— Нашто яго аднаго ля вады кінула?

— А ён з лазіною сядзіць — рыбу ловіць. Во, чуеш? Зноў нешта не па ім.

— Ідзі да яго. Дроў я зараз насяку. Мурдан спіць?

— Спіць. Нядаўна прачнуўся, вады прасіў.

— Вады не трэба даваць. Святаяннік салодзенькі давай. ...

— Дык я ж і давала. Ён усю біклагу апаражніў.

— Казаў што-небудзь?

— Не, нават вочы не расплюшчыў. У біклагу зубамі ўчапіўся...

— Ты новага ў біклагу наліла?

— Не паспела. Гэты рыбак мне спакою не дае...

— Ідзі, налі. Мо шчэ захоча піць...

Мурдан ляжаў цяпер за драбінамі — сюды яго перанеслі апоўдні, калі камель сасны пачало моцна прыпякаць сонца,— і Рэната, насекшы сухога голля, нейкі час пастаяла ля кулямётчыка. Сапраўды спіць. Як паклалі яны тады, апоўдні, на плашч-палатку і ўкрылі галаву ад мух, дык на тым месцы і ляжыць. І спіць, здаецца, моцна. Можа, цяпер і на папраўку павярнула. Лёс, відаць, гэткі — жыць. Каб жа ў Геначкі гэткі лёс быў, ляжаў бы зараз, спаў моцна, сіл набіраўся.

Рэната зрабіла крокі са два і спынілася ля будана, як хто тузануў яе за плечы. Абаперлася рукамі на жардзіну, нахілілася і зазірнула ў будан, быццам спадзявалася ўбачыць там жывога Генадзя, здаровага. Ведала, што падманвае сябе, і ўсё ж зазірнула.

Пуста.

Як і не было анікога!

І хваёвае голле свежанькае, нават не ссохла, непрымятае ляжыць, як толькі што з дрэва. Чарнее куртаты нямецкі аўтамат — Геначка ж тады, як пераносілі з драбінаў, усё прасіў Лагуціна, каб аўтамат паклалі побач. Не карабін, а вось гэтую чужую зброю ён упадабаў чамусьці. Нейкі ён, аўтамат, яшчэ карацейшы зрабіўся. Не, гэта з таго, што прыклад пад хвояй...

Правай нагой Рэната зачапіла і пацягнула к сабе вузкі чорны рэмень; аўтамат аказаўся цяжкі і адразу ж зваліўся. Паваліўся ён не плазам, а зарыўся чорным прамавугольнікам з патронамі ў сыпкі пясок і ляжаў, як гатовы стрэліць, і тонкае чорнае дула з тоўстай мушкаю на канцы нацэлілася ў бок ручая.

«Можа, якраз з гэтага і стрэліў фашыст у Геначку...»

Ёй падалося, што зараз адтуль, з цёмнай дзюрачкі пад тоўстай мушкаю, пыхне агонь, пыхне і заб’е і яе, і Валю, і Даніка, і яна спуджана, неяк раптоўна і міжвольна. адступіла на крок. Нейкі міг чакала балючага ўдару, і потым як бы і сапраўды адчула сполах агню. Але агонь гэты пыхнуў не з чорнага аўтаматнага дула, а выбухнуў у яе ўласным сэрцы, і яна, быццам узнятая гэтым агнём, крыху прыгнулася, сцяла зубы і, шырока размахнуўшыся, з усяе моцы ўлупіла сякераю па аўтамаце. З-пад ляза пырснулі іскры, чорны прамавугольнік з патронамі адваліўся ад аўтамата, падскочыў і, апісаўшы дугу, зваліўся з абрыву.

Рэната, здзіўленая сілаю свайго ўдару, адхіснулася, потым зноў узмахнула сякераю і ўзялася малаціць ёю аўтамат. Яна малаціла яго без стомы, моўчкі, зацята, з дзікай і лютай злосцю, нібыта перад ёй быў вораг, якога яна ўрэшце насцігла, вораг, які нарабіў ёй гэтулькі бяды, біла ў злосным шале ад таго, што гэты вораг цяпер нікуды не ўцячэ ад яе, што яна мацнейшая за яго і сплоціць яму за ўсё; сякера звінела, і ад кожнага ўдару аўтамат ці зарываўся ў пясок, ці вылузваўся адтуль то дулам, то прыкладам, то чорным рэменем, і рэмень звіваўся, быццам курчыўся ад болю; вочы яе былі сухія, звужаныя, валасы растрапаліся, і яна ведала, што перамагла свайго ворага, і гэтае адчуванне надавала ёй новую сілу, і гэтая сіла няспынна расла ў ёй, уздымала, прасвятляла розум, глушыла роспачны боль у сэрцы.

Піхнуўшы нагою аўтамат, Рэната патупала да драбінаў, цяжка, стомлена абаперлася на іх, выпусціла з рукі сякеру і гэтак стаяла нейкі час, як бы нешта чакаючы. Аддыхаўшыся, яна пайшла з абрыву да ручая. Ля будана аўтамат зноў трапіў ёй на вочы, і яна сагнулася, узняла рукою канец рэменя, і гэтак, за рэмень, які адным бокам, разам з вушкам, быў адбіты ад ствала, пацягнула за сабою да вогнішча і кінула яго на агонь. Рэмень адразу ж скурчыўся, зашавяліўся, вужакаю папоўз па вуголлі, быццам хаваўся пад ім, але не ўспыхваў полымем і доўга смылеў, курыўся дымам, бы мокрая ануча...

Нечакана ад драбінаў пачуўся голас Мурдана, ён нешта гукаў-лапатаў на сваёй мове. Рэната падышла да яго, і ён сказаў выразна і цвёрда:

— Пратай. Пулемет пратай. Нада пратаць,— і ўсё паказваў рукою на лес, патрабуючы, каб Рэната зрабіла гэта неадкладна.

Яна не разумела, навошта трэба хаваць кулямёт, але з ахвотаю выканала тое, што прасіў Мурдан. Разам з Валяй яны выкапалі невялічкі равок пад сасной, што стаяла непадалёк ад абрыву, затуленая з усіх бакоў ядлоўцам, перацягнулі туды ўсю зброю — толькі карабін Мурдан паклаў ля сябе і хаваць не дазволіў — і, загарнуўшы ў коўдру, на якой сканаў Генадзь, прысыпалі пяском і зацерусілі імхом і шыгаллем. Спратка атрымалася надзейная, дужа лоўкая — не адразу і заўважыш, нават калі і станеш побач,— і Рэната засталася задаволеная, быццам тая зброя, калі яна ляжала на драбінах, вельмі перашкаджала ёй, жывіла трывогу.

Ноччу — спала Рэната з дзецьмі пад драбінамі — Рэнаце саснілася, што Мурдан выбраўся з будана, стаў каля драбінаў і пачаў лаяцца. Ён зноў, як і ўвечары, паказваў на лес, на драбіны, нешта лапатаў на сваёй мове, час ад часу паўтараючы знаёмае ўжо Рэнаце «нада пратаць», і голас яго быў асіплы, але патрабавальны і настойлівы.

Аглушаная грукатам свайго сэрца, Рэната ляжала нерухома. Яна ўжо разумела, што ўсё гэта саснілася ёй, потым учула, як у будане пахропвае Мурдан, і высунула галаву з-пад драбінаў. На чорным небе мігцелі зоры, дужа блізкія; як не ля колаў былі, але толькі вузкай палосаю, а далей, у бок ручая, неба на даляглядзе было святлейшае, прабітае нейкімі вострымі дрыготкімі стрэлкамі-водсветамі, і яна глядзела на гэтае мігценне зораў, на палахлівыя сполахі жаўтлявага святла за ручаём і пакрысе супакойвалася. Валечка спіць, прыціснулася да матчынага пляча. Данічак пасопвае носікам, спіць моцна, салодка... Хай спяць дзеткі! І ёй, Рэнаце, трэба спаць. Спаць зараз жа, каб раніцаю прачнуцца поўнай сілы. Ранкам вернецца Алесь з Лагуціным, і яны рушаць далей, па дарозе добра разведанай, вядомай, цалкам бяспечнай і добрай.

«Адкінь усю турботу. І — спі!»

Рэната моцна заплюшчыла вочы, загадала сабе, што павінна спаць, і тут жа заснула, як правалілася ў нябыт.



8

Прачнулася Рэната ранкам, на ўзыходзе сонца, ад людской гаманы. Гаманілі недзе блізка, і яна чула галасы, але не магла сцяміць, хто і пра што гаворыць — ёй усё яшчэ не верылася, што гаворка гэтая рэальная. Ці не працягваецца гэта сон, які ноччу ёй стлуміў галаву? Не, нічога ўжо не сніцца. Вось нехта ціха пратупаў каля драбінаў. Вось крокі зглухлі, аддаляючыся. Вось той, хто тупаў ля драбінаў, гэпнуў з абрыву і, відаць, не зусім зручна пакаціўся ўніз, і там, ля ручая, з гэтае нагоды весела засмяяліся.

Рэната крыху высунулася са свайго лежава. Спіцы кола заміналі ахапіць позіркам адразу ўсю прастору пад касагорам. Мыецца ля ручая, зайшоўшы ў ваду, нейкі мужчына, да пояса голы. Другі развешвае доўгія анучы на лазіне, і далей яшчэ адзін чалавек стаіць. Пасярэдзіне ручая белы конь смокча ваду. Напіўся, трасе галавой, форскае, і над яго грываю трымціць шырокая і прыгожая вясёлка...

— Мама! Матуля!..

Яна пачула Алесеў голас і спалохана зашылася глыбей пад драбіны. Сніцца ёй гэта, напэўна. Як жа можа быць, каб конь гаварыў сынавым голасам. Сніцца, няйначай!

— Мама, ты спіш?

Цяпер паверыла — сынаў гэта голас, рэальны! — і кулём выкацілася з-пад драбінаў, нейкі міг глядзела, апантаная і збянтэжаная, на Алеся, потым глуха войкнула, схапіла яго ў абдымкі. Яна абмацвала рукамі сынаву галаву, плечы, гладзіла па шчоках, па валасах і зноў прыціскала да грудзей. Жывы! Жывы Алесік! Жывы!

Яна бачыла чырвонаармейцаў, якія хадзілі ля ручая, скідвалі кашулі і мыліся, бачыла чырвонаармейцаў, якія сядзелі на зямлі за буданом, і па брудных і акрываўленых бінтах — у каго на руках, у каго на галаве і шыі — разумела, што гэта параненыя, бачыла капітана, які сядзеў непадалёк ад драбінаў на краёчку абрыву з рассцеленай на каленях картаю, бачыла Мурдана, які выпаўз з будана, і, напаўлежачы, прыціскаючыся галавой да жардзіны ля ўвахода, немігатлівым позіркам утаропіўся на агняны дыск сонца...

Але ўсё гэта бачыў як бы зусім іншы чалавек, як не яна сама, і таму і касагор, і сосны над ім, і людзі ля берага ручая былі нейкімі аддаленымі, як бы зацягнутыя змрочнай шэранню. Слабае адценне шэрай змрочнасці ляжала і на блізкім, родным сынавым твары. Рэната ўгледзела гэта, намацала халодны ствол карабіна, які вісеў у Алеся за плячыма, і яе затрэсла.

— А дзе ж ты быў, сынок? — адчула, як пераціснуў горла салёны камяк і слёзы туманяць вочы, і не хацела, каб сын бачыў яе слёзы, паўтарыла ўсё тым жа задыханым і дрыготкім голасам: — А дзе ж ты быў, сынок? Дзе блукаў?..

— О-ёй, адразу, матуля, і не раскажаш!

— А Лагуцін? Ён тут? Бытта ж яго смех чула. І голас...

— Падалося табе. Яго з намі няма.

— Я-як? Вы ж разам пайшлі!

— Адсюль — разам пайшлі. А за чыгункаю ён адзін пайшоў... Вёска там вялікая была, і ён у яе пайшоў. А мне загадаў у лазняках сядзець — пад самую вёску там лазнякі. Калі ўсё там, у вёсцы, ціха — я табе свісну. Гэтак ён мне загадаў... А ў вёсцы, выяўляецца, фашысты — ён на іх наляцеў. Страляніна там пачалася. Потым аціхла. Я да раніцы яго чакаў.

— А што раніцою?

— Думаю, трэба ж даведацца. Пад вёску пасунуўся. Толькі на дарогу, а яны — па мне з кулямёта. На матацыкл я напароўся. Бег я доўга, бег... Потым на поле ўзбіўся. Наша поле.

— Якое гэта наша поле?

— На тое, дзе Цераха забілі. Там стрэў Рудака.

— Каго стрэў?..

Рэната заціснула рот рукою. Пра што яна распытвае сына? Ён жа жывы, здаровы, вясёлы... А Геначкі ж няма. А яна Алесю нічога пра тое не гаворыць. Нібыта самае галоўнае ёй — даведацца пра таго Рудака. Стрэў, дык стрэў. Тут жа Геначка ад ран сканаў — вось пра што гаварыць трэба...

— Капітана Рудака,— Алесь хітнуў галавой у бок камандзіра, які сядзеў, звесіўшы ногі з абрыву; блішчастыя хромавыя боты Рудака, вільготныя ад расы, зіхатліва паблісквалі на сонцы.— Ён вядзе роту — прабіваюцца за лінію фронту. Я ім дарогу паказваю: вывучыў, пакуль блукаў...

— У нас, сынок, бяда... Геначкі нашага няма...

— Я ведаю.

— Ведаеш? Адкуль жа ты ведаеш?

— Я ў яго папытаў,— Алесь хітнуў галавой на Мурдана, які ўсё гэтак жа, напаўлежачы, знерухомеў ля будана.— Ён мне на магілу за дарогай паказаў. Я адразу і здагадаўся...

Словы прагучалі неяк будзённа, без пакуты, тугі і скрухі ў іх не пачулася. Мажліва, усё ёй толькі падалося, і туга ў Алесевым голасе была, і была журба, але яна нічога гэтага не адчула; дзіўная будзённасць у сынавым голасе пакрыўдзіла Рэнату, з новай сілай абудзіла ў сэрцы той боль, які яна намагалася гаіць і ўдзень, і ўвечары і які жыў нават уночы ў кароткія хвіліны забыцця.

Уночы яна часта прахоплівалася, ляжала без сну — напачатку была правалілася ў сон, бы ў нябыт! — слухала, усё чакала, што пачуе голас Алеся і потым змружвала вочы, і ўсё плыло ў яе перад вачыма: часта мроілася і Дзвіна, і чорныя самалёты, і жоўтае ад свірэпкі поле, чорныя танкі, і чуўся то голас Геначкі, то голас Алеся, і яна некуды бегла за сваімі дзецьмі і потым нікуды не бегла, ехала на драбінах, побач крочыў Міхал, яна расказвала яму пра нягоды, а ён жартаваў, і ёй бачылася, што ніякай бяды няма і не было, што няма і драбінаў, плывуць яны з Міхалам на чоўне па рацэ, і сонца свеціць у блакітным небе...

Ёй цяпер балела ад гэтай будзённасці Алесевых слоў — гэтак спакойна казаць пра такое гора, пра страшэнную бяду, пра жудаснае, непапраўнае, жахлівае? — і было крыўдна, што не яна першай убачыла Алеся, не выбегла яму насустрач; ёй рабілася жахліва ад таго, што яна ўжо быццам ачарсцвела неяк, у нечым папракае сыночка... А ёй жа трэба радавацца! Выбавіўся Алесік з вялікае бяды, уцёк ад смерці — маглі ж яны і пацэліць з таго кулямёта! — і цяпер стаіць перад ёю жывы і вясёлы!..

— А як жа, сынок, жыў гэты час? Ці еў жа хоць што? Спаў дзе?

— Гэтак, як вы,— не даводзілася! Вы ж тут спіцё — хоць драбіны чапляй і вязі разам з вамі. І не пачуеце. Мы ж ужо поўны мех цукру распатронілі. Ласуемся. Адразу раздалі ўсім...

— І ты галодненькі? І нічога не еў?.. І адзін адзінюсенькі?

— Чаму гэта я адзін? Я — з ротаю. Без мяне яны б сюды не выбіліся. І без цукру сядзелі б. Рудак кажа, што я іх уратаваў...

Рэнаце падалося, што ўсё тое, што перажыў Алесь, давялося перажыць разам з сынам і ёй, і цяпер яна толькі прыгадвае, як яны шукалі гэты касагор над лясным ручаём, як блукалі па гаях, як выбіваліся двойчы да гравійкі і па іх стралялі, і яны, адстрэльваючыся, уцякалі, і як зноў блукалі па незнаёмых узлесках і балацінах, як потым выбіліся на той папаравы клін, жоўты ад свірэпкі, і там сарыентаваліся, і адшукалі патрэбную дарогу, і сустрэлі групу вайскоўцаў, якую вядзе Рудак, і разам з ёю цяпер тут, на абрыве, у зацішным лясным кутку... Усё гэта, як сапраўды перажытае ёю, адклалася ў розуме, у сэрцы з такой выключнай сілаю і выразнасцю, што яна, слухаючы сына, ужо амаль і не пакутавала, а проста адзначала ўсё спакойна і памяркоўна, як чалавек, якому перажытае гора ўжо адбалела і якое ўжо не вернецца болей.

— Куды ж гэтая рота цяпер кіруецца? — спытала Рэната.

— Цяпер — да чыгункі.

Рэнату здзівіла сталасць, якая прагучала ў сынавым голасе, і яна папытала з асцярогаю, куды ж яны рушаць далей ад той чыгункі.

Алесь сказаў з гонарам у голасе:

— Дагнаць фронт. Рудак залічыў мяне ў сваю роту...

— Як гэта залічыў? — з гарачнасцю перапыніла яна сына, адчуўшы, як выбухнула ў сэрцы нядобрае пачуццё да капітана, які сядзеў на краёчку абрыву бокам да яе.— А хто гэта яму дазволіў?

— А навошта нейкі дазвол? Я папрасіў. Ён — залічыў!

— А я — выключу! Я вы-ы-ыключу цябе з гэтае твае роты,— і дадала зусім пэўна для сябе, перакананая, што ўсё зразумела і сыну.— Бач ты, які смелы адшукаўся! За лінію фронту ён пойдзе! Пад кулі! Малы шчэ!

— Пайду,— ціха і зацята адсек Алесь.

— Падрасцеш калі. Тады і пойдзеш!

— Я пайду сёння. І ты, калі ласка, не спрачайся. І не злуй. Гэта нічога не зменіць. Я пайду!

Рэната моўчкі ўтаропілася ў сынавы вочы. Нібыта падмянілі яго! Быў жа ціхі, паслухмяны, хай сабе і не адразу, але ж слухаўся. А цяпер што з ім адбылося? Адкуль гэтая ўпартасць і зацятасць у голасе? Адкуль гэтая незалежнасць і сталасць, цвёрдасць позірку, як бы жорсткасць? І гэтая, як зняважлівая, усмешка на шчыльна сціснутых губах? І недзе ж знайшоў і рэмень ужо з чорнымі падсумкамі... Недзе? Гэта ж тады Лагуцін сказаў і карабін узяць, і рэмень з падсумкам, сам жа і зашпільваў, і яшчэ смяяліся тады, што, як на яго, Алеся, мераны... І тады яна не запярэчыла, дазволіла і карабін узяць, і падсумак, і рэмень пачапіць... Хай сабе! Дазволіла. Дык цяпер — не дазволіць! Не хлапчукоўскі гэта занятак — з карабінам па лесе гойсаць і ў роце гэтай вайсковай, дзе ўсе дарослыя, служыць... І яна павінна яму зараз усё гэта сказаць... І яна — скажа! І яна загадае аддаць карабін і больш не дакранацца да зброі. Тады яна зрабіла памылку, што дазволіла сыну ўзяць карабін. Хай бы ляжаў і гэты карабін там, у пяску пад сасною, дзе ляжыць усё тое, што было на перадку драбінаў,— і кулямёт, і карабіны, і падсумкі. А можа, яшчэ большую памылку зрабіла яна, схаваўшы тую зброю?.. Вайскоўцам цяпер і трэба той ваенны рыштунак аддаць. Ды, зрэшты, перадаць не цяжка. Мурдан жа казаў, што Лагуцін, камандзір, сказаў «пратаць нада». Усё правільна яна зрабіла: і тое, што зброю прыхавала, і тое, што не пайшла адсюль нікуды, тут вырашыла чакаць... Размінуліся б сёння, не сустрэліся!

Усё, выяўляецца, правільна яна зрабіла, апрача аднаго: не трэба было дазваляць Алесю браць у рукі зброю, нельга было гарэзу гэтага адпускаць ад сябе! Сто разоў жа казала: на вачах каб хлопец быў! Цяпер яна выправіць сваю памылку! Цяпер яна не адпусціць яго і на крок ад сябе! Як толькі гэта зрабіць? Якім чынам лацвей пераканаць? Пераканаць? Не, яна не будзе яго ані ў чым пераконваць! Яна — загадае! Загадае? А што, як ён не паслухаецца? Хай толькі паспрабуе! Хай толькі паспрабуе не паслухацца!

З абрыву даляцеў кароткі і загадны покліч:

— Мажэйка!

Алесь адразу падхапіўся:

— Мяне клічуць!

Алесь падбег да капітана, стаяў, выцягнуўшыся стрункаю, слухаў. Рэната не чула, што казаў яму капітан, але гэты сынаў імпэт, тая ўвішнасць, з якой ён кінуўся ад яе, свае маці, уразілі і пакрыўдзілі гэтак жа, як нядаўна пакрыўдзіла Алесева абыякавасць да жахлівага гора, пра якое яна паведаміла яму. Крыўда цяпер трымалася нядоўга, яе крэсліла думка, якая ўсё мацнела — думка пра тое, што яе, матчына, улада сутыкнулася з уладай іншай, больш магутнай і ўплывовай, з якою змагацца ёй, Рэнаце, будзе цяжка зусім не з прычыны тае, што яе асабістая ўлада над сынам слабейшая. Сам ён, сын, не горнецца да яе, матчынай, улады, парывае з ёю і ахвотна ідзе пад тую, новую для яго ўладу, і гэтая ўлада, відаць, вельмі ж яму пажаданая. Відаць? А ты прыгадай, калі ласка, як ён ірваўся з Геначкам у тыя знішчальнікі! І цяпер вось: адно слова гукнулі, і ён ужо — ветрам туды!..

Рэната разумела, што пачынае губляць сваю ўладу над сынам, але не хацела мірыцца з гэтым, не хацела лёгка, адразу саступіць. Поўная ўпартага змагання, поўная жадання адстойваць сваё і за яго змагацца, яна рашуча рушыла да Рудака. Вось з кім ёй трэба зараз гаварыць! Вось ад каго залежыць сынаў лёс!

Рудак нібыта не заўважаў, што яна спынілася ў яго за спінаю, сядзеў, схіліўшыся над картаю; побач з ім, на карачках, сагнуўся Алесь. Чырвоная, абгарэлая на сонцы капітанава патыліца шарэла, як прысыпаная попелам; горбіліся плечы пад гімнасцёркаю, падранай паміж лапаткамі і палапленай. Яе здзівілі гэтыя латкі, нейкія яны не па-людску пасаджаныя і шэрыя, быццам белай мярэжкай абведзены. Небачка! Гэта ж не латкі, а плямы ад поту! Пыл насеў на іх, соль пісягамі закарэла...

Рашучасці, з якою яна наважылася была спрачацца, ужо не было, і Рэната, сумеўшыся, моўчкі слухала размову Рудака з сынам.

«Ты ўпэўнены, што тут скрыжаванне? — і Рудак пальцамі, у якіх быў заціснуты кавалак цукру, пастукаў па нейкай кропцы на карце.— Тут жа адна толькі дарога пазначана. Бачыш лінію? »

«Бачу. Але скрыжаванне — тут!»

«Не памыляешся?»

«Мы з Лагуціным стаялі на ім. Калі ўлева — на гравійку. Правая — зноў да гэтага ручая. А калі прамічком — на пераезд».

«Пераезд, вось, на гравійцы пазначаны».

«Там — другі. А гэта — як і не пераезд, бо знакаў няма. Новы, мабыць. А дарога ро-оўненька праз чыгунку. Я шчэ шпалы пералічыў, што ўпоперак паміж рэйкамі ляжаць. Чатыры шпалы».

«Чатыры?»

«Ну! Дзве — з абламанымі канцамі, як сякераю пасечаны. На адной шпаліне, апошняй, дзве пліткі абыржавелыя прыбіты кастылямі. На адной — два кастылі. На другой — адзін».

«Нават?» — спытаў Рудак і пачаў грызці цукар, нахіліўшы галаву.

«Адзін кастыль увагнаны ў тую плітку, што па правую руку, калі ідзеш».

«Слухаю і дзіўлюся».

«З чаго?»

«З твае кемлівасці, салдат! Прыроджаны ты разведчык, і да таго ж — пільнасць. Хто навучыў?»

«Татка.. Як у грыбы хадзілі...»

«Якім жа чынам ён цябе вучыў?» — Рудак яшчэ ніжэй нахіліў галаву, захрумстаў цукрам.

«Экзамены ўсё наладжваў. Як на новую сцежку павернем, ён мне — каманду: спыняйся і расказвай, што на сцежцы, якая ззаду, прыкмеціў. Вось і пералічваеш: што злева, што — справа, што на сцежцы ляжала...»

«Ну, усё пералічваў, відаць?»

«Не заўсёды. Але здаралася, што і пералічваў...»

«Затое ў нас ты на выдатна цягнуў. Калі шчэ на гэтым пераездзе ўсё будзе гэтак, як кажаш...»

«Тады што?»

«Аддам парабелум,— і капітан, праглынуўшы цукар, пастукаў рукою чорную кабуру, што вісела ў яго на рэмені з левага боку.— Аддам!»

«Мне? Гэты?»

«Слова камандзіра. А цяпер будзем гутарыць з тваёй маці...»

«А навошта? Я ўжо ўсё ёй сказаў: і што залічаны ў вашу роту, і што іду разам з вамі, і што гэта — мой абавязак...»

«А мой абавязак — пагутарыць...»

«Я іду разам з вамі! І маё рашэнне — канчатковае! »

«Гэтак, значыцца, вырашыў?.. Ну, глядзі!..»

Рудак, павярнуўшыся, убачыў Рэнату, марудна і запаволена ўзняўся, ляна і стомлена казырнуў:

— Капітан Рудак...

Ён быў ужо не малады — густая сівізна выпаўзала на скроні з-пад армейскай фуражкі, цямнелі падпухліны пад шэрымі стомленымі вачыма, рудзела густая, як фарбаю намаляваная, шчэць барады — і дужа згадваў з твару Бохача. Рэнаце нават падалося на нейкі міг, што Бохач і стаіць перад ёю, толькі ў вайсковым адзенні, не новым, змятым дужа; каля пахвін на гімнасцёрцы ляглі гэткія ж звілістыя, з белым проступам солі, пісягі, як і на спіне, паміж лапаткамі, толькі тут не суцэльнай мярэжкай, а як з кавалкаў.

— Я чула вашу размову,— сказала Рэната квола, яе рашучасць нешта даводзіць камандзіру прапала.

— Тым лепш. Ды мы, між іншым, і не тоімся, гаворым як ёсць,— ён скоса зыркнуў на Алеся і зноў глядзеў на Рэнату ва ўпор.— Хачу падзякаваць вам за цукар,— голас Рудака гучаў манатонна, шэрыя вочы глядзелі без цяпла і неяк бязлітасна, жорстка, нібыта казаў адзін чалавек, а глядзеў зусім другі.— І прабачце, што без дазволу ўзялі. Людзі ў мяне стаміліся і нічога не елі. А вы спалі, дык мы ўжо самі распарадзіліся. Ведама, з дазволу Алеся. Ён, як мы ішлі, казаў нам пра цукар. А нам і не верылася...

Рашучасць не вярталася, Рэната нават пачула непамыснасць з таго, што вось яна спала і не стрэла сына, не стрэла людзей, з якімі ён прыбіўся сюды і якія, галодныя, тэпалі па лесе ўсю ноч.

— Цукар дзяржаўны. Добра, што хоць цяпер на сумленні не будзе вісець... І яшчэ зброя ёсць. Мы яе прыхавалі — кулямёт і вінтоўкі...

З-пад драбінаў выкацілася Валя, следам за ёю караскаўся Данік. Валя радасна войкнула, убачыўшы Алеся, і ён пабег да яе. Рудак глядзеў на Даніка, быццам збіраўся яго паклікаць, потым сказаў Рэнаце:

— Зброі ў нас хапае — ледзьве цягнем. А вось транспарту нам не стае,— ён памарудзіў крыху, вывучальным позіркам акінуў драбіны.— Пяць чалавек параненых. І яшчэ — у вас жа адзін. Шэсць чалавек, лічым...

— Бярыце драбіны. Чаго ж ім тут стаяць? Конь у нас уцёк. Не наш быў конь. І драбіны не нашы...

— Я ведаю. Ведаю я ўсю вашу бяду. І спачуваю вам... Але ж усе гэтыя спачуванні — вецер. Яны, на жаль, не гояць нам раны,— сумна прамовіў Рудак і нейкі час глядзеў на свежую магілу за дарогаю, потым гукнуў у бок ручая: — Сямак! Сюды, да мяне! Бегам, бегам! — счакаў, пакуль да яго падбег блакітнавокі маладзенькі сержант.— Вам даручаецца фурманка. Каб праз гадзіну — у баявым. Ясна?

— Так точна! — Сямак казырнуў. Незашпіленая гімнасцёрка, калі ён узняў руку, разышлася, адкрыўшы забінтаваныя грудзі.— Дазвольце выконваць?

— Выконвайце,— Рудак счакаў, пакуль Сямак збег з абрыву, сказаў Рэнаце спачувальна, як бы зноў сіліўся пераканаць яе, што спачуванне яго шчырае, ад душы.— Цяпер над кожным бяда вісіць. І ніхто ад бяды не застрахаваны. І ніхто не падкажа, як ад яе ўберагчыся...

Спачуванне прагучала штучна, як змушанае, не сагрэтае цеплынёю. І выказаў яго чалавек, якога Рэната раней ніколі не бачыла, але які — яна гэта ведала — меў намер забраць яе сына, звесці далёка, і таму да слоў гэтага чалавека ў яе не было даверу.

— Калі дарослы чалавек, дык нейкі спосаб і знойдзе ўберагчыся,— сказала Рэната, і недавер і крыўда на Рудака, які зводзіць яе сына ў невядомую і небяспечную дарогу, прарваліся, выбухнулі з душы.— А ім, дзеткам, як тое зрабіць? Дзе ж ім той спосаб знайсці? Каб жа ж хто параіў?

— Я адно вам раю: вяртайцеся дамоў.

— Дамо-оў?

— Але... У свой горад. Туды, дзе жылі.

— Там жа фашысты! — яна ўсё аніяк не магла сцяміць, што ёй раяць.— Да іх у лапы?

— Навошта ж у лапы? Вяртацца трэба да сваіх людзей, якіх у горадзе засталося шмат. Ісці да іх — самае разумнае, на мой погляд, выйсце. Вы вось зірніце,— і ён паклаў далонь на карту, потым правёў пальцам кароткую лінію; шэрыя вочы яго глядзелі строга і безудзельна.— Фронт, прыблізна, недзе тут быў учора. Сёння — баі ў раёне Віцебска, Невеля. А ў Полацку — ціха. Адносна, ведама. І думаю, што вам з дзецьмі лепей там, у тыле ворага, чым ісці ў паласу агню. З намі вы пройдзеце да чыгункі,— ён узняў далонь, сагнуў указальны палец і ім пастукаў па карце.— А потым — дамоў. Па шпалах, па шпалах...

Чорныя рыскі і чырвоныя стрэлкі на карце зліваліся з зялёнымі плямамі, вагаліся, быццам плавалі перад вачыма. Але ў Рэнаціным сэрцы ажывала рашучасць, і яна сказала, радуючыся, што можа пярэчыць, даводзіць сваё:

— Лепей мы ўжо тут, у лесе, будзем ад бяды ратавацца. Тут нашых дачакаемся...

— А есці што? Кару грызці?

— Нешта ж знойдзецца і паесці. У вёску сходзім. Неяк перацерпім,— храбра адказала Рэната.

— Дзень-другі перацерпіце... А зімою? Калі маразы заціснуць і снег ляжа?

— Зімою? Яны што, тут да зімы панаваць будуць?

— Панаваць не панаваць, а — зазімуюць. І да вясны пасядзяць.

— Да вясны? — працягнула Рэната і нядобра зыркнула на Рудака.— Не верыцца.

— З ахвотаю і я б не паверыў. Але што ёсць — тое ёсць,— Рудак павагаўся, потым прамовіў рашуча, і яна заўважыла, што ён прымусіў сябе гаварыць.— І вам я скажу тое, чаго пакуль што не казаў нават ім,— ён хітнуў галавою ў бок ручая, дзе ўжо дыміла вогнішча і голасна гаманілі чырвонаармейцы.— Я чалавек вайсковы, навучаны мысліць толькі катэгорыямі рэальнымі. І таму кажу вам шчыра: мы занадта верылі дагавору з імі... І нам спатрэбіцца немалы час, каб узняцца на ногі, каб мабілізаваць усю нашу сілу і быць мацней за іх...

— Яны мацней за нас? — яна адкрыта, не тоячы непрыязнасці, з недаверам паглядзела на Рудака. Але цяпер ад гэтага недаверу ёй было неяк сорамна: чалавек жа, відаць, гаворыць з ёю шчыра, а яна на тое аніяк не адважыцца і кожнае яго слова ставіць пад сумненне.

— Я аналізую катэгорыі рэальныя: шчыльнасць агню. А шчыльнасць гэтая ў іхняй роце пераўзыходзіць шчыльнасць агню маёй роты значна. Гэта ўсё і вырашае...

Недаверу да Рудака ўжо не было, з’явіліся спачуванне і жаласлівасць, нейкае шчырае шкадаванне гэтага зморанага і стомленага чалавека. «Шчыльнасць агню маёй роты...» Дзівак нейкі! Нібыта адна яго рота і вядзе вайну! Ёсць жа дывізіі! Ёсць жа арміі! А ён да ўсёй краіны — са сваёй ротнай меркаю! «Гэта ўсё і вырашае...» Панікёр нейкі! Лагуцін вось зусім інакш аб усім разважаў: бадзёра, з вераю, упэўнена. Але дзе той Лагуцін цяпер? Які лёс напаткаў Лагуціна? А які лёс напаткае Рудака? Нейкія разважанні ў яго панікёрскія. Па карце ягонай, дык паўсюль ужо фашыст сеў. І нейкая як бы хітрасць ёсць у тым абяцанні, што зрабіў ён нядаўна Алесю. Бач ты, парабелум нейкі абяцае! Навошта ён гэта робіць? Няйначай, нешта выгадвае, заваблівае хлопца! Баіцца, што той можа адмовіцца, не пайсці з ім, дык вось і спакушае малога гэтым парабелумам!

— Загадайце Алесю, каб ён пайшоў разам з намі,— папрасіла Рэната і дадала: — Яму лепей з намі пайсці!

— Вы перакананы?

— Мне яно думаецца,— Рэната прамовіла гэта памяркоўна, з развагаю, быццам не зусім была пераканана, што гаворыць правільна, нібыта не сцвярджаючы, што гэта сапраўды лепей, а толькі выказваючы такую думку і запрашаючы ўсяляк абмеркаваць яе, узважыць. Разумеючы, што прапануе справу зусім нерэальную, дадала яшчэ: — Ці бярыце і нас разам!

Рудак сказаў цвёрда:

— У вас — дзеці. Пад кулі я іх не павяду.

— А чаго ж вы Алеську з ахвотаю ведзяце? Ён жа таксама дзіця горкае!..

Усмешка змяніла твар Рудака, адразу змякчыла, нават ля носа паменела падпухлін, і зусім па-новаму, з разумнай строгасцю глядзелі яго стомленыя шэрыя вочы.

— Хто? — са шчырым здзіўленнем папытаў ён.— Мажэйка? Уга! Гэта — салдат абстраляны. Разведчык прыроджаны! І па-другое...— ён на нейкі міг змоўк, быццам не адважваўся казаць далей і шукаў патрэбныя словы.— Ля вас, паверце мне, ён ужо сядзець не будзе. Не пойдзе з намі — яшчэ чыя-небудзь група надарыцца. І вы яго не ўтрымаеце, бо ён — ужо ў змаганні. І з гэтага змагання яго вырываць неразумна. У гэтым змаганні кожны з нас павінен нешта сабе ўзваліць на плечы. Кожны з нас...

— Магу і я стрэльбу ўзяць у рукі,— у запале выгукнула Рэната, у душы разумеючы, што Рудак гаворыць пра важнае і сур’ёзнае, і з гэтым важным яе сэрца пагаджалася.

— Я не кажу, што і вам трэба сёння ўжо стрэльбу ў рукі хапаць,— ён з усмешкаю глядзеў, як Данік плёскаў лазінаю па вадзе і нешта гукаў Алесю, які з Валяй стаяў ля вогнішча.— А хто дзетак малых ад агню, ад гэтай віхуры ўберажэ? Дзеля гэтага, можа, яшчэ большую сілу трэба мець, чым тая стрэльба ў руках. І ў сэрцы мужнасць мець, можа, яшчэ большую, чым таму, хто страляе...

Ад ручая Рудака клікалі, і ён, стомлена казырнуўшы, пабег уніз, зарываючыся ботамі ў сыпкі пясок, траха як не да верху халяў. І тое, як ён нязграбна і цяжка бег, і як потым ля ручая аббіваў рукою пясок з ботаў, і як марудна выпростваўся, прыціскаючы абедзве далоні да паясніцы, якая, напэўна, яму вельмі балела,— усё гэта ўзмацніла ў Рэнаціным сэрцы спачуванне да Рудака і закрэсліла недавер. Рудак сказаў ёй праўду! Ён не схлусіў ёй, відаць, ані ў чым. І ён, несумненна, бачыць тое, чаго яна яшчэ не бачыць, разумее тое, чаго яна яшчэ не можа спасцігнуць сваім розумам... І дзіва нейкае вакол. Учора ж, здаецца, гэтак роўна не ўпіраліся сонечныя промні ў касагор, як зараз, і не быў гэткі залацісты пясок, не цямнелі гэтак старыя яліны за лазнякамі, і гэтак зырка не зіхацела пад ранішнім сонцам трава на лугавіне, і не выдавала гэткай чорнай вада ў ручаі...

Новы, як ніколі раней не бачаны свет паўставаў перад яе вачыма, і кожны малюнак, кожны абрыс яго таіў у сабе непазнанае, нязведанае раней. Але ўсё тое, што было ў мінулым, усё тое, што давялося перажыць і пабачыць апошнім часам, і ўсё тое, што яна бачыла цяпер, і ўсё тое, што яна ведала раней і ведае цяпер,— усё гэта знітавалася з тым, што яна зараз пачула ад Рудака, і знітавалася не проста, а звязалася ў моцны і трывалы ланцуг, за якім ляжала незразумелая і неабсяжная далеч, неабсяжная для вока і розуму далеч; і гэтая далеч, у якой яна бачыла сябе, але да якой баялася нават наблізіцца, ужо ўцягвала — яна адчувала гэта і сэрцам, і розумам, і кожнай часцінкаю свае істоты! — і яе, і яе дзяцей, і ўсіх, хто быў побач з імі, у свой абсяг, уцягвала маўкліва, але ўладарна і неадольна.

Недзе далёка-далёка завухкала, забубніла прыглушаная кананада, і Рэната са здзіўленнем прыкмеціла, што кананада тая анікім як бы і не заўважана: марудна, не баючыся холаду, сцягвае з сябе гімнасцёрку Рудак; два чырвонаармейцы выкручваюць — у чатыры рукі — тоўсты жмут бялізны, і вада з гэтага жмута льецца і зіхаціць вясёлкаю; нешта строга гаворыць Алесь Валі, а Данік звонка смяецца і сячэ лазіною затоку... І гэтая абыякавасць усіх да таго, што гэтак адразу яе занепакоіла, зноў абудзіла ў Рэнаціным сэрцы крыўду і роспач, якую пасеяла нядаўняя Алесева няўвага да яе слоў; яна адчула сябе як бы адсунутай убок, адрэзанай ад усіх, нібыта побач былі людзі, якія не толькі не разумелі яе, але ўсяляк пнуліся падкрэсліць, што ў іх ёсць свой клопат, свая справа, якая найважнейшая ад усяго.

Рэната марудна перайшла дарогу і спынілася ля свежай магілы. На правым канцы дзірваны ляжалі няроўна, і яна, укленчыўшы, пачала папраўляць іх, падраўноўваць, асцярожна прыціскаючы кожны рукою. Няхай Геначка даруе ёй... Яна, можа, болей ад усіх вінаватая ў тым, што давялося яму легчы тут, пад сасною,— пабегла ж тады, дурніца, таго каня шукаць... А можа, у той самы час Геначка і клікаў яе, маці, вадзіцы прасіў ці яшчэ што-небудзь... А яна па тым лузе блукала, па дарогах тых лясных, след капытоў шукаючы. А каб побач была, каб пачула, дык магла б і ўратаваць. Магла ж? Напэўна, яна б Геначку, сыночка свайго, уратавала. А яна як збегла ад яго, кінула на пагібель, не ўратавала...

Новы, яшчэ больш пякучы боль, чым перажыты ўчора, Рэната прыняла цярпліва і мужна і моўчкі глядзела на магілу, быццам не верыла таму, што старэйшы сын пахаваны тут, пад гэтымі соснамі, і яна ўжо больш аніколі ў жыцці не ўбачыць яго. Пясок з аднаго боку магілы — ад дарогі — падсох і тонкімі струменьчыкамі каціўся па шчыліне паміж дзірванамі; пясчынкі беглі жвава, ліліся, як залачоная вада, і сонечныя промні паблісквалі на нябачных гранях, зіхацелі, быццам дробна стоўчанае шкло, і роўненькі пагорачак-пірамідка ўсё рос і ўверх і ўшыркі і пакрысе асыпаўся, і залацістыя кропачкі знікалі ў звялым сіўцы на дзірванах.

Рэната падставіла далонь пад гэты тонкі струменьчык, і пясчынкі холадна і пругка пацяклі між пальцаў, і нібыта адтуль, з таго струменьчыка, выплыў голас Генадзя, і яна пачула яго, і здрыганулася, сагнулася, як зламаная надвае, і, ціха стогнучы, прыціснулася лбом да шархоткага халоднага дзірвану, і ўбачыла сына жывога, і размаўляла з ім ціха, ласкава і пяшчотна.



9

Балаціна, што пачалася яшчэ ад чыгуначнага моста, ушчэнт разбуранага выбухам, рабілася ўсё шырэйшай, і пасярэдзіне яе, за прысадзістымі кудлатымі вольхамі, праз густую зялёную асаку праблісквалі, зіхацелі на сонцы сподкі вады. Рэната ішла споркім крокам, чула за сваёй спінай, як тупае Валя і ўсё гамоніць і гамоніць з Данікам — чула, што тая ўсё нешта даводзіць малому,— і з трывогай аглядалася па баках. Відаць, дарэмна яна не паслухалася дачкі і павярнула сюды, вырашыўшы па правы бок ад моста абысці балаціну. Тады ёй здавалася, што трэба, маўляў, браць напрамак на сасновы бор — там, відаць, балаціна канчаецца. Але вось ужо даўно той узарваны мост схаваўся ззаду, а яны тэпаюць і тэпаюць па ледзь прыкметнай у густой і высокай траве сцежцы; і сосны не набліжаюцца зусім, недзе далёка ўлева стаяць, а балаціна ўсё шырэе, і шырэйшая робіцца лугавіна, і сцяжынка верне ў правы бок, і ўсё больш прыкметная, як селавая дарога, са слядамі колаў, але старымі, леташнімі, відаць, што засталіся, як вывозілі адсюль сена.

Мінулі лазнякі, што густа перапляла ажына — ля іх жаўцела старая стажарка,— і асака адразу парадзела, адкрыўшы ладную звілістую стужку ручая. Цяпер сумнявацца не выходзіла: не туды, куды трэба, павярнулі — лепей было б паслухацца дачкі і пайсці ад моста ўлева. Напэўна б, яны б ужо і балаціну пераскочылі і па чыгунцы да нейкага селішча выбіліся б. Але цяпер няма чаго бедаваць! Чыгунка недзе далёка, назад ісці, ведама ж, неразумна, і трэба трымацца гэтай селавой дарогі і не выпускаць з-пад нагляду ручай — гэты шлях іх, напэўна, выведзе да гравійкі. Гравійка недзе ў тым баку, куды яны рухаюцца. Падобна, што вунь тыя кудлатыя шаты дрэў на дарозе ўжо, бо дужа ж роўненька, як па шнурочку, стаяць яны там. Недзе ў тым баку і вёска, бо не ў пустое ж везлі адсюль сена.

Думка, што назад дарогі няма і трэба ісці і ісці наперад, з кожным крокам сталела. Прыняла рашэнне? Вось яго і трымайся цвёрда і паслядоўна. Нельга ж ім, малым, паддавацца і патураць. Алесь вось ад рук адбіўся, сваім розумам усё распланаваў. Цяпер у той жа бок і Валя гне: адно пнецца, каб усё на свой капыл павярнуць, каб сваё слова ўставіць і верхам яго зрабіць, ва ўсім наўпярок матчыным словам ісці. Маўчыць вось зараз, не гаворыць, толькі сапе. А зірні ёй у вочы! Адно ў іх і свеціцца: вось, маўляў, не схацела мяне паслухаць, што не ў гэты бок павярнулі? Дык тэпай, тэпай цяпер...

Рэната ўздыхнула, крэслячы жаданне перадыхнуць. Хай сабе злуе дачка, хай сабе! Але прадчуванне яе, Рэнату, не падманвае: павярнулі яны правільна! Павярнулі ў добры бок! І назад дарогі няма, і вяртацца да моста ім патрэбы няма! Толькі наперад трэба! Да гравійкі б толькі выбіцца! Ці да якой яшчэ дарогі — дарога ж, напэўна, у вёску вядзе. А ў вёсцы — людзі, аб усім даведацца можна, прыдбаць хоць кавалачак хлеба. Ад самага рання яны нічога не елі, толькі цукар вадой запівалі — ажно ванітуе ад салодкага. Рэната яшчэ можа трываць. І Валя трывае, не просіць есці. А Данік усё нэндзіць і нэндзіць. А яго ж словам і не супакоіш, яго не ўпросіш, каб патрываў... Зноў, бедачок, сваё заводзіць. І нейкі ж дужа жаласлівы ў яго галасок!

Рэната спынілася.

— Цяжка табе з ім пагаманіць? — спытала дачку раздражнёна, выціраючы спацелы лоб.

— Пра што мне з ім гаманіць?

— Кветачкі пакажы яму. Пчолкі вось лётаюць. Цяжка малога заняць чым-небудзь?

Валя адказала пакрыўджана:

— Мне ўжо язык забалеў ад рознага казання.

— Пабаліць і аціхне. Пайшлі, пайшлі... Няхай і ён трошкі хутчэй патупае.

— Ага! Будзе ён табе тупаць. Чакай!

— А ты не сварыся на яго,— мякка параіла Рэната.— Ласкавенька папрасі, ён і заварушыць ножкамі.

— Ён языком толькі варушыць любіць. Гэтага і прасіць не трэба.

— Ужо блізка, дачушка. Пойдзем патрошку, пойдзем...

Ішлі моўчкі, вельмі марудна, і Рэната падумала, што самае разумнае, ідучы, не рабіць частыя прыпынкі. Вось яны пастаялі крыху, дык цяпер і ногі ісці не хочуць, і яшчэ горай ціснуць плечы і грудзі хатулі — быццам пацяжэлі яны за гэтыя пяць мінут! Яшчэ добра, што ў лесе павыцягвала з хатулёў прасціны, бялізну мужа і Геначкаву: прасціны падрала на бінты спачатку Геначку і Мурдану, потым — салдатам, якія прыйшлі з Рудаком, ім жа і бялізну аддала; і Алесю рэчмяшок напакавала — хто ж ведае, якая дарога яго чакае. Атрымаліся зусім, здаецца, лёгенькія хатулькі: два большыя яна сабе ўзваліла, два паменей — Валі дала. І зусім жа лёгка было цягнуць паклажу, як па чыгунцы ішлі, а цяпер дык нібыта каменне там...

Не спыняючыся, Рэната страсянула хатулі, падсунула руку пад лямку, каб меней рэзала грудзі, потым ацерла лоб і шыю рукавом, зірнула наперад і зарадавалася: дарога! Так, дарога! Вунь, прысады ўжо добра відаць. І за імі на даляглядзе — хаты вёскі. Далёка, ведама, да іх, але ж — відаць! Калі бачыш мэту, дык і ісці лягчэй. А мэта ўжо блізка — вёска гэта наперадзе! Можна ўрэшце і адпачыць, і Даніка супакоіць, каб не хныкаў.

Яна скінула хатулі з плеч, села, павярнулася да Валі.

— Давай, дачушка, гаротнічка мне! Ідзі сюды, ягадка мая,— і ўзяўшы сына на рукі, пачала люляць яго, радуючыся, што можна адпачыць, што наперадзе чакае іх вёска, што скончыцца неўзабаве гэтая зялёная, нудная балаціна.— Ну, чаго ж, мой маленькі, расплакаўся? Чаго ён вочкі трэ?

— Хачу кашы!

— А дзе ж яе нам узяць, любачка ты мая? — весела спытала Рэната, смеючыся з таго, што сын крыху павесялеў і не плача.— Хутка вёска, сынок. Бачыш вунька хаты? Вось туды дабяромся, нешта прыдбаем паесці. І хлеба табе куплю. Смачнага хлеба. А цяпер вось цукру пасмакчы. Дай яму кавалачак, дачушка.

— А ў мяне няма. -

Рэната аж ускочыла, спытала з недаверам:

— Няма? Дзе ж гэта ён падзеўся?

— А дарогаю ўсё елі і елі. Мы ж мала яго сабе і ўзялі.

Стрымала сябе, не насварылася, прамовіла, хаваючы горыч:

— І няхай на добрае, што сасмакталі. Лягчэй паклажа...

Данік, які слухаў размову маці з Валяй уважна, цяпер, калі Рэната змоўкла, адразу ж завёў новую песню:

— Хачу хлеба! Хачу хлеба!..

Сеўшы на хатулі, якія кінула з пляча, і, абціраючы босыя ногі жмутом травы, Валя паскардзілася:

— Ён мнеўсе нервы перапіліў гэтым сваім «ха-чу-у».

— Маленькі. Яму ж не патлумачыш...

— Ды не маленькі ён. Хітрун звычайны! Як там, ля ручая, з вудай лётаў — не дагнаць, а тут ісці не хоча. У мяне сілы няма, каб яго ўвесь час на гарбе пурыць!

— Ты зірні, якія ножкі ў яго! Дзе ж яму з намі роўна ісці! — і, павярнуўшыся, узялася люляць малога.— Паглядзі, любачка, якія кветачкі прыгожыя.

— Хачу хлеба! — зноў настырна запатрабаваў Данік.

— Бачыш, які ён? Усё-ё разумее!

— Не злуй ты яго,— ціха папрасіла Рэната і пачала закалыхваць малога.— Мы зараз, сынок, пойдзем, вёска тут непадалёку. Ты ўжо будзь мужчынам! Глядзі, якія птушачкі вунь на лазіне. Жо-оўценькія...

— Хачу хлеба-а-а!

Валя ціха, але зларадна хмыкнула. Рэната, злавіўшы знаёмую — што я, маўляў, табе казала? — усмешку ў вачах дачкі, зазлавала на сына:

— Бачыш? — спытала і вывернула перад малым далоні.— Пуста! Няма! Гэта ты можаш зразумець, што няма ў мамы хлеба?..

— Хачу хлеба-а-а!

— Няма, сынок, няма! Ну, патрывай хоць паўгадзінкі,— папрасіла Рэната стрымана і зноў села на хатулі.— Прашу ж цябе!

— Хачу хле-еба-а-а-а-а!..

Настырнасць малога па-сапраўднаму раззлавала Рэнату, і яна шлепканула яго, прыкрыкнула:

— Аціхні мне зараз жа! Аціхні, табе кажу!..

Данік наважыўся быў ступіць ад хатулёў, стаяў на ножках нетрывала, і гэты зусім слабенькі штуршок матчынай далоні зваліў яго ў траву. Ён заплакаў пакрыўджана, горка, болей ад спуду, відаць, чым ад болю, але ў Рэнаты як не разарвалася сэрца. Яна схапіла малога, прыціснула да сябе, гушкала на руках, люляла, казала няспынна ласкавыя словы і сама ўпотай плакала ад крыўды і роспачы. Ёй зрабілася не па сабе ад таго, што вось яна, маці, дарослы чалавек, а паказвае благі прыклад дачцэ, бо не стрымалася, пабіла малое, неразумнае дзіця. І завошта, каб хто спытаў? Ён жа есці хоча! Хоча есці і не можа зразумець, не можа сцяміць сваім дзіцячым розумам, чаму маці не дае яму хлеба, чаму не зварыць кашы! Яна ж гэта разумее. А што робіць? Злуе, нервуецца, не можа сябе паводзіць спакойна, разумна. І яшчэ — расселася. А трэба ж далей ісці, ісці толькі наперад і наперад і нідзе не спыняцца, пакуль яны не дойдуць да той вёскі, што відаць удалечыні, пакуль не накорміць сваё дзіця. Усё тое, што ёсць у гэтых хатулях, усе гэтыя сукенкі, кашулькі, усе грошы, што ў яе ёсць, яна аддасць зараз за акраец хлеба, за жменьку якіх-небудзь круп, з якіх можна зварыць гэтую кашу. Сынок ужо чыста гаворыць, прыгожа. А розум — дзіцячы. І таму не сварыцца, не злаваць ёй трэба. Бадзёрыць, на лепшае ўвагу скіроўваць...

— Ну, рушым далей, дзеткі? — Рэната спытала, як бы просячы парады, і ўзнялася.

Валя моўчкі ўзнялася следам за маці. Рэната сказала бадзёра: '

— Рушым, салдацікі мае, далей рушым. Вёска ўжо блізка!

Рэната ішла цяпер таропка, несла малога на руках і адчувала, што і сама вельмі хоча есці. Пачала гаворку пра той хлеб, дык адразу і пустэча пад грудзьмі, і рэжа ў страўніку, быццам жарствы наглыталася. Ды гэта ж яна, дарослы чалавек, гэтак сябе пачувае! А яму, маленькаму хлопчыку? Добра, што хоць сцішыўся. І дужа добра цяпер ісці — собіла ёй туфлікі паскідаць. Басанож па гэтай травіцы прыемна тупаць. На шпалах тых вельмі ж нязручна было, увесь час збіваецца крок: са шпалы на шпалу — не штораз пацэліш, дробненька дыбаеш, ногі адразу стамляюцца. А праз шпалу калі сігаць — яшчэ горай і цяжэй. А тут — раскоша: дарожачка гэтая роўненькая, як стол, хоць каціся, і зямліца мяккая, лугавая, адразу студзіць ногі, бы гоіць натруджаныя ступакі...

Паабапал сцяжынкі цяпер раслі лазнякі, і яны ўсё гусцелі, і ўтаптаная палоса травы, атуленая імі, усё вузела і вузела і, урэшце, зрабілася як нітачка, тонкія гнуткія галіны завісалі над ёю, і ўвесь час даводзілася адкідаць іх рукой. А потым шчыльны зялёны плот лазнякоў скончыўся, і на вузкай палосе травы зачырванеў россып смолак, і за ёй, гэтай палоскай, жаўцела гравійка з чорным правалам спаленага моста.

Рэната, не спыняючыся, агледзелася. Здаецца, у гэтым месцы над радыятарам іх палутаркі зафантаніў струмень пары, і Смаль спыніў машыну і даліваў ваду. Тое месца! Моста толькі няма. Замест моста цяпер тырчаць і як бы дымяцца абвугленыя палі... Не, гэта мроіва трымціць над берагам ручая. Нейкі ж дужа маленькі ручай. А той, з якога чэрпаў ваду Смаль, быў дужа глыбокі, падобны на рачулку. Значыцца, проста падобнае месца. І гравійка, відаць, далей, ля вёскі. Тыя бярозавыя прысады, якія яна ўгледзела з лугавіны, па-ранейшаму далёка, якраз на вёску і скіраваны: значыцца, гравійка там. Але няма чаго бедаваць: ёсць дарога, ёсць вёска наперадзе — яны, значыцца, выбіліся да людзей!..

Круты схіл ля спаленага моста густа парос цёмна-зялёным маркоўнікам. Рэната першая ўзлезла на пясчаную, чыстую і шырокую дарогу і, спалохаўшыся, адразу ж пасунулася назад, сутыкнулася з Валяй, якая караскалася следам, ледзьве не павалілася.

— Ты чаго, мама? Гэтымі сваімі хатулямі ледзь мяне не сапхнула з дарогі пад адхон!

— Назад! Фашысты!

— Дзе? — Валя асеклася, голас яе задрыжаў: — Праўдачка! О-о-ёй! Фашысты! Машына ж гэта нямецкая!.. Мо толькі без людзей?

— Каб жа! Ву-унь, стаяць!

Па правы бок ручая на тарфяной нізіне чарнелі, падобныя на вялізную дугу, глыбокія каляіны, у якіх стаяла легкавушка, размаляваная зялёнымі і жоўтымі плямамі маскіроўкі. Спалены мост нядаўна, відаць, аб’язджалі танкі і грузавікі, і яны гэтак размалацілі тарфяную дарогу, што легкавушка загрузла па самыя дзверцы, колаў нават не відно.

Немец, які поркаўся ля машыны, згледзеў Рэнату і Валю, зароў, загадна махаючы рукой:

— Ком! Алес ком! Ком, матка, ком!..

Валя спалохана прысела:

— Уцякайма! У лазнякі, мамачка, уцякайма!..

— Куды? Пастраляюць, пакуль дабяжыш да іх...

Ля машыны трэснула аўтаматная чарга, і над дарогай знаёмымі чмялямі віскатнулі кулі. Рэната сагнулася, яшчэ раз з тугой зірнула на вузкую і стракатую ад смолак лугавіну за ручаём. Не, не дабегчы ім да лазнякоў, нідзе не схавацца. І яна, Рэната, пойдзе туды, да машыны, адна. Няма чаго там малым рабіць.

Загадала дзецям строга:

— Заставайцеся на месцы. А я пайду даведаюся, чаго ён раве.

— Ён жа ўсім загадвае ісці! Не чуеш, як крычыць? — Валя торкнула рукою ў бок немца, які трос аўтаматам, загадваючы ісці да яго.

Перад тарфяной нізінай шарэў страўлены, стаптаны, як вышараваны, дол. Адным бокам ён як бы навісаў над тарфяной дарогай, і на краёчку яго захавалася лапіна рэдзенькага, але дужа зялёнага сіўчыку. На гэтай лапіне Рэната пакінула Даніка.

— Стой тут, сынок,— сказала яна малому.— Мы зараз вернемся. Пачакай нас тут...

Шафёр, узлакаціўшыся на чорны руль, цікаваў праз адчыненую дзверцу на Рэнату і Валю і нешта казаў белагаловаму немцу, які стаяў у тарфяным месіве, шырока расставіўшы ногі ў кароткіх ботах з шырокімі халявамі; мышасты фрэнч белагаловы расшпіліў на ўсе гузікі, і была відаць змакрэлая ад поту, не белая, а сівая, як дужа брудная, кашуля.

На заднім сядзенні машыны месціліся два афіцэры, і Рэната зразумела гэта па белаватых вензелястых пагонах і кукардах на фуражках, якія ляжалі за сядзеннем пад заднім шклом. Афіцэр, які сядзеў з правага боку машыны, нешта гукнуў белагаловаму. Той паслухмяна паставіў аўтамат на сядзенне, схіліўся над адчыненай дзверцаю, выцягнуў з ножнаў блішчасты і доўгі цясак, і, падкідваючы яго на руцэ, пайшоў да Рэнаты і адразу ж, нібыта ўсё было ім даўно распланавана, ірвануў у яе з плеч хатулі. Бліснула на сонцы лязо цесака. Адсекшы ад хатулёў лямкі, белагаловы адкінуў іх, а хатулі згроб аберуч і ступіў з імі ў каляіну перад машынаю; ён мясіў ботамі гразкую разору, трос хатулі, нібыта высяваў з іх насенне на ўзараную глебу.

Рэната моўчкі, як знямелая, глядзела на свае сукенкі, на Валіны плацейкі, на Данікавы кашулькі, якія белагаловы заціскаў ботамі ў тарфяную жыжку, і тое здранцвенне, што сціснула сэрца, калі перад самым тварам бліснуў цясак, не праходзіла, мацнела. Непрыемна і дробненька калаціліся губы, і яна нічога не магла прамовіць і тады, калі белагаловы зноў наблізіўся, круцячы ў руцэ цясак,— ногі бы прыраслі да халоднай лугавіны; былі толькі адчуванне холаду ў ступаках і думка пра тое, што там, у лазняках, зямля была намнога цяплейшая.

Рэзкім рухам белагаловы садраў з Валіных плеч маленькія хатулькі, кінуў адзін у правую каляіну, падбіў пад колы ботам, другі хатуль кінуў у левую і ўскочыў на яго. У перасохлым Рэнаціным горле заклекатала сліна, яна ніяк не магла праглынуць яе і потым неяк асіліла, кашлянула, і белагаловы імпэтна крутнуўся, як бы ўчуўшы для сябе нейкую небяспеку, і цясак пагрозліва бліснуў у яго руцэ шырокім зіхатлівым лязом: потым ён паляпаў рукою па заднім буферы, загадваючы зайсці туды і піхаць машыну. Потым ён нешта крыкнуў шафёру, сам упёрся плячом у чорную планку над адчыненай дзверцаю і ярасна гаркнуў, махнуўшы рукою ўперад:

— Лё-ёўс! Лё-ўс!

Машына затрэслася, двойчы слаба гайданулася і папаўзла. Чорная ліпучая жыжка, што ляцела з-пад колаў, заляпіла вочы Рэнаце, і яна, каб нешта бачыць, выпрасталася, пачала аціраць рукавом твар; у гэты ж момант машына забуксавала, спынілася, нібыта перад гэтым яна рухалася толькі дзякуючы Рэнаціным намаганням.

Белагаловы, нешта шалёна зароўшы, схапіў лямкі ад хатулёў і падскочыў да задняга кола. Цясак і лямкі былі ў яго ў адной руцэ, і ён торкаў ёю ў буфер, усё нешта крычаў, і Рэната не разумела яго, але здагадвалася, што ён абвінавачвае яе з Валяй у тым, што яны блага піхалі машыну, і таму яна спынілася.

— А хай гэтыя пузаны вылазяць, што там, на сядзенні! І таксама памагаюць! — пакрыўджана крыкнула Валя, не тоячы пагарды.

Белагаловы злосна звузіў вочы, потым, нешта выгукнуўшы, моцна выцяў Валю. Рэната памкнулася затуліць дачку, і ў той жа міг моцны ўдар каляных ад гразі вузлоў на лямках апёк шыю, потым шчокі, патыліцу і лоб. Белагаловы, нібыта ашалеўшы ад маўчання Рэнаты і Валі, ярасна хвастаў іх гузаватымі лямкамі і выкрыкваў адны і тыя ж словы, знаёмыя ўжо Рэнаце:

— Фаўль русіш! Фаўль русіш!..

Потым ён адскочыў, торкнуў рукою наперад, паказваючы на радыятар, і Рэната сцяміла, што іх прымушаюць цягнуць машыну спераду. Яна пачула, як плача-заліваецца Данік — спалохаўся, відаць, сеў на лапіну сіўчыку, трэ ручанятамі вочы! — і памкнулася была пайсці да яго, але белагаловы пагнаў наперад, ускінуў хамут з лямкаю на яе і Валю і завязаў доўгія канцы лямак на буфер пад радыятарам.

Пагразіўшы цесаком — даваў гэтым знак, каб цягнулі з усяе моцы,— белагаловы ўпёрся рукою ў багажнік машыны, зароў пагрозліва і доўга:

— Лё-ё-ё-ёуўс!

Рэната адчула Валіна плячо сваім плячом і адчула трымценне туга напятых лямак — машына памалу рухалася. Валя нешта пагрозліва бурчала і лаяла некага. Падобна, што бэсціць белагаловага ўзялася. От жа дурніца! А што, як пачуе ды зразумее?..

Папярэдзіць дачку, нават зірнуць на яе Рэната не магла: яна ішла, нізка сагнуўшыся — павярнуць галаву ўлева, каб убачыць Валю, не было як,— глядзела толькі на правы ад машыны бок сухога долу, бачыла, што лапінка сіўчыку ўжо за плячыма Даніка, што малы сунецца за імі следам, румзае, расцірае слёзы ручкамі, і ўлягала ў хамут з гузаватых лямак з такой сілаю, што вузлы, здавалася, дзяруць скуру; хацела крыкнуць Даніку, каб ён стаяў на месцы, каб не падыходзіў блізка да гэтай машыны, каб стаяў, чакаў яе, маці, бо яна зараз будзе ля яго, возьме на ручкі і панясе падалей ад гэтай нізіны, ад гэтай машыны, ад гэтых нелюдзяў...

З-за машыны ляцеў усё той жа злосны загадны крык белагаловага, і Рэната напружвалася, цягнула хамут, і сачыла за Данікам, і нейкім кароткім бакавым зрокам бачыла сухую частку выгану, куды выпаўзалі каляіны, і сілілася як мага хутчэй дабрысці да іх. Зараз яны выцягнуць з чорнага месіва гэтую праклятую машыну, можна будзе падхапіць Даніка, кінуцца прэч.

Рэната зрабіла яшчэ адзін крок, і тады, як надзьмуты ветрам, пыхнуў з-пад правай нагі чысцюткі, зусім не заплямлены, белы пухірок, з маленькай яркаружовай кветачкаю пасярэдзіне. Ці не кавалачак гэта Валінай сукенкі вылузнуўся ў каляіне з-пад тарфяной жыжкі? Так, яе гэта сукенка! Белагаловы вытрас яе з хатуля, потым і запіхнуў у гразюку... А яна, Рэната, толькі адзін разочак, на вечар пасля экзаменаў, і дазволіла Валі надзець гэтую сукеначку! Пашыла яе ў сакавіку і забараніла насіць, берагла, шкадавала, і пасля вечара, калі дачка павесіла яе ў шафу, яна, Рэната, употай агледзеўшы плацейка, радавалася, што вісіць яно навюткае, свежанькае.

Успамін пра мінулае — даўняе і гэткае блізкае і гэткае цяпер далёкае, як несапраўднае,— быў жывы, балючы. Рэната толькі на міг убачыла сябе ў тым мінулым, і гэты міг быў бязлітасным падзелам рэальнасці на дзве чотка акрэсленыя палавіны: тое, даўняе, мінулае, дзе ўсё ў яе, Рэнаты, было добрае і прыгожае, дужа далёка, а блізка ёсць брудныя каляіны, куды кінулі часціну таго добрага, і ёсць вораг, які гэта зрабіў.

«Ніколі ім, ворагам, не паддамся!»

У Рэнаціным сэрцы марудна і неадольна прарастала новая, асэнсаваная нянавісць да чужынцаў. Яна ўжо іх не баялася, разумела, што не будзе ні хавацца, ні ўцякаць, і яшчэ вастрэй адчувала, што гэтую нянавісць трэба не выстаўляць бяздумна, як тое робіць Валя, а прыхаваць, каб потым з ёю, гэтай нянавісцю, і перамагчы. У гэтай думцы яна адшукала апірышча, знайшла паратунак і адчула сябе ўпэўнена і смела.

Ногі ступілі на цвёрды дол; хамут на шыі саслабеў — саскочылі з крука лямкі. Рэната, схапіўшы дачку за руку, кінулася ўправа, каб не трапіць пад колы машыны, якая ўжо сваім ходам перла наперад. Канец буфера ўсё ж зачапіў Рэнату, стукнуў па назе не вельмі балюча, але моцна, і яна павалілася, узнялася з цяжкасцю і не адразу, нейкі час стаяла сагнуўшыся, упіраючыся рукамі ў зямлю.

— Мама! Матулечка! — Валя кінулася да маці, падхапіла яе пад рукі.— Бандзюгі шалёныя! Звяры! Што ж яны робяць?!.

— Маўчы! Яшчэ пачуюць. Маўчы лепей!

Валя сціснула кулакі, уся напялася, бы струна, у голасе загучала ярасць:

— Маўчаць? Я не буду маўчаць!

— Не дурніся, кажу ж табе,— ціха папрасіла Рэната.— Не дурніся!

Белагаловы пратупаў ля іх, потым, як што прыгадаўшы, павярнуўся, моўчкі садраў з Валінай шыі зялёную хустку — яна павязала яе ўранку, каб прыкрыць ад сонца спаленыя плечы,— і гэтак жа моўчкі сагнуўся, пачаў абціраць хусцінкаю халявы. Абцёр правы бот, потым левы, наводмаш шпульнуў забруджаную, сціснутую камяком хусцінку — меціў Валі ў твар, але прамахнуўся, хусцінка шмякнулася ў Валіну спадніцу і звалілася ў каляіну.

— Вэ-эк! — зноў гаркнуў белагаловы.

Рэната цяпер выразна і добра разгледзела яго. Бялявыя, як саламяныя, бровы пад халоднай сінькаю вялікіх вачэй, ружовыя, напацелыя ад працы шчокі, роўная лінія прыгожага носа. Прываблівасць твару псавалі тонкія, скрыўленыя грымасаю губы і вузкі падбародак, на якім чарнела няроўнай тоўстай коскай бародаўка.

Сеўшы побач з шафёрам, белагаловы моцна бразнуў дзверцаю, зароў матор, раскідваючы па баках камякі чорнага бруду, машына праскочыла сухі дол, вывернула на пясчаную дарогу і адразу ж схавалася за густым шлейфам жаўтлявага пылу.

Данік ужо не цягнуў сваё, а вякаў, бы нешта з цяжкасцю глытаў, размазваў па твары чорныя пісягі.

Рэната падхапіла яго, панесла да ручая, узялася мыць твар і рукі. Потым памылася сама і, заўважыўшы, што Валя спрабуе выцягваць з гразі свае хатулькі — ратаваць там, уласна кажучы, не было чаго, бо колы ўсё пашкамуталі і заціснулі глыбока ў каляіны,— насварылася:

— Не чапай ты ўжо тыя транты! Ідзі сюды, памыйся,— і, убачыўшы на вачах дачкі слёзы, калі тая стала ля ручая, супакоіла ласкава: — Абыдземся неяк. Жывыя будзем — усё нажывём!

— Я не з таго саўсім. Крыўдна. Ведаеш, што гэты белагаловы крычаў на нас? Лянівыя, маўляў, рускія сабакі!

— Сам ён сабака. І падохне на нашай зямлі сабакаю. Гэтак вось і ляжа ў каляіну. Шчэ глыбейшую!

— А чаго ж ты гэта яму не сказала?

— Будзе час — скажу. Трэба ж ведаць, дзе можна казаць, а дзе і прытрымаць язык.

Валя прамовіла ціха, але зацята і ўпарта:

— А я болей не буду хавацца. Хай толькі гаркне каторы гэтае сваё «вэ-эк»,— скрывіла губы, перадражніваючы белагаловага: — «Вэ-эк!» Я ім ужо скажу, хто яны такія ёсць! І ў які бок ім гэтае «вэ-эк» рабіць трэба!

Рэната строга абсекла дачку:

— Гераіню няможна тут строіць. І перад кім? Нелюдзі ж гэта былі. Нелюдзі! Петрыць жа трэба!

— Таму я пайду і выцягну хатуль. Вады во поўна тут. Памыю сукеначку. Шкада мне яе.

Валя ўпарта схмурыла бровы, і выраз яе твару казаў пра тое, што рабіць яна будзе ўсё гэтак, як лічыць патрэбным.

Яна ўзялася паласкаць у ручаі перакачаную ў гразі сукенку. Але тут жа, не дарабіўшы ўсё як след, падбегла да маці.

— Ты нічога, мама, не чуеш? Зноў жа машыны гудуць!

— Падобна...

Гул матораў то абрываўся, то ўзнікаў зноў, і цяжка было вызначыць, з якога боку ён набліжаецца. Але гул быў знаёмы. Падобна, што гэткі гул яны чулі на гравійцы, калі кацілі на драбінах... Так, гэткі гул даганяў іх тады. Гэткі!

— Адтуль,— Валя паглядзела на пыл, што ўзняла над дарогаю легкавушка і які яшчэ не растаў. Але тут жа крутнулася ў бок вёскі, хаты якой, падобныя на карабкі запалак, расцягнуліся на даляглядзе.— Цяпер здаецца, што таксама гудзе...

Знаёмае прадчуванне бяды ахапіла Рэнату, і яна загадала каротка, паказаўшы рукою на бярозавы гай за ручаём:

— Туды! Трэба ў гаёчку нам схавацца!

Валя не запярэчыла, адразу ж згадзілася:

— Так, тут нельга нам заставацца. Нельга!

Падспешваючы адна адну, яны перабраліся праз ручай, у якім па гарбатым і дужа стракатым рэчышчы струменіла па каменьчыках чыстая і халодная вада. Стоячы ўжо на дарозе, за спаленым мостам, Рэната вызначыла дакладна: гул матораў ляціць з таго боку, дзе роўным шнурам кучаравяцца бярозавыя прысады. Аніякага руху сярод тых бяроз яшчэ не было прыкметна, але гул матораў узнікаў там, у тым баку, і набліжаўся ўпарта, пагрозліва насоўваўся і мацнеў.

Валя прапанавала, збянтэжана азіраючыся:

— Збочым з дарогі. Збочым!

— Твая праўда, дачушка. Хутчэй бяжым...

Бярозавы гай быў ужо блізка, і яны шыбавалі да яго наўпрост па лугавіне. Трава тут расла зусім не такая, як там, па той бок ручая, калі яны выбіліся з густых лазнякоў і ўбачылі спалены мост: сярод чырвоных крапачак канюшыны палосамі ішла дзікая віка, з астраўкамі сінюхі, і бліжэй да лазнякоў шырокімі лапінамі разлеглася медуніца, густая, пышная. Ля самага ўзлеску ўбіліся ў мяккі, шаўкавісты гусінец, які, быццам падбіты вострым пырнікам, успаўзаў пад навісь гнуткага і доўгага бярозавага вецця.

Рэната адразу ж, як толькі галіны абвіслі ў яе за спінаю, адчула сябе ў бяспецы і, цяжка дыхаючы, бухнулася на калені, пасадзіла Даніка ля бярэзіны і сама прыхінулася плячом да камля, а потым спаўзла на траву. Няма сілы ні сядзець, ні бегчы. Дый навошта бегчы? Схованка ў яе з дзецьмі надзейная, утульная — адтуль, з дарогі, іх заўважыць нельга. Хай сабе і заўважаць! Пакуль хто-небудзь перабяжыць гэтую здзічэлую лугавіну, дык Рэната з дзецьмі паспее ў другі лес уцячы. Але пакуль што ў гэтым гаёчку някепска! І добра ж тут адпачыць! Пах канюшыны гэткі моцны, што перабівае нават медуніцу. І як жа мякенька лапоча лістота над галавою!..

— Падралася яно,— забедавала Валя, распраўляючы мокрую сукенку, якую не паспела добра памыць.— І тут, і тут падралася — коламі гэта. Але я зашыю. Падсохне і зашыю. Цяпер жа не будзеш сварыцца, калі надзену?

І гэты пераход ад ціхага шкадавання да з’едлівага папроку ўразіў Рэнату болей ад усяго. Яна горка ўсміхнулася, пагладзіла дачку па галаве:

— Каб жа ж усё наперад ведаць, дачушка...

Рэната прыўзнялася на локаткі і слухала гул матораў, які набліжаўся,— рэха яго перакатвалася ў яе за спінаю, у глыбіні гаю. Узлесак быў на ўзвышшы, і яна добра бачыла дзве сцежкі ў траве, якія памалу залізваў вецер, бачыла тонкія, як чорныя пікі, палі спаленага моста, якія адсюль, здавалася, стаяць дужа густа, зусім не так, калі глядзець з таго боку дарогі, бачыла чорную падкову аб’езду на шэрым выгане; за выганам чырванеў шырокі, як вокам кінуць, клін канюшыны.

Каліва канюшыны Рэната згледзела каля сябе, блізка, як не пад самым носам, і, працягнуўшы руку, сарвала буйную галоўку, выдрала шчопаць чырвоных зверху і белых знізу пестункоў і пасмактала. Мядовы слодыч прыемна астудзіў рот, і яна выдрала яшчэ шчопаць пестункоў Даніку:

— Пасмакчы, сынок. О-оёй, як соладка. Мядо-ок!

Рэната працягнула руку да новага каліва, і тут яе вока злавіла рух унізе, за дарогай — незнаёмыя няўклюдныя машыны, як састаўленыя з дзвюх скрыняў, успаўзалі на выган. Прыціскаючы да сябе Даніка, яна пасунулася за дрэва, глыбей пад навісь бярозавага галля.

— А небачка! А колькі ж іх тамака.

— Пяць... Шэсць... Сем...— спуджаным голасам пералічвала Валя.— Ім жа і канца не відно!

— Цішэй! Чаго ты крычыш?

— Не пачуюць.

— Але ж каб не заўважылі. Хіліся сюды, за дрэва...

На выгане, распіхваючы коламі чорнае месіва ля ручая, адна за адной паўзлі плямістыя, з крыжамі на бартавінах, грузавікі. Следам за імі праз роўныя, як адмераныя, інтэрвалы сунуліся гарбатыя машыны з высокімі фурамі, нейкія чорна-шэрыя, быццам пасыпаныя попелам. Потым пайшлі грузавікі, да якіх былі прычэплены гарматы, і ў доўгіх кузавах шчыльна, як злепленыя, сядзелі салдаты; за гэтымі машынамі зноў папаўзлі браневікі, але ўжо ніжэйшыя, зусім не падобныя на тыя, што выпаўзлі на выган спярша, і з кожнага ўверх былі нацэлены тоўстыя і блішчастыя ад сонца кулямёты.

— А мы іголкі не ўзялі? — нечакана спытала Валя.

— Што, што?

— Іголкі, пытаюся, ці ўзялі з сабою. Плацейка падсохне, дык я адразу яго і зацырую.

— Зробіцца, паспееш. Узялі і іголкі. Лепей за выганам сачы...

Машыны скатваліся з пясчанай дарогі, грузлі ля ручая, ажно хаваліся колы; чорныя каляіны нібыта гнуліся ад іх цяжару, западалі ў глыб зямлі, а за ручаём, перад жаўтлявым зрэзаным схілам дарогі, танчэлі, як расплываліся ў траве. Аніводная машына не буксавала, не спынялася: чорна-сіні дым спаленай газолі ўсё гусцеў і гусцеў і, быццам туман, поўз над выганам.

Бярозавае голле ціха, бязгучна матлялася, і ад гэтага ўсё тое, што Рэната бачыла, як бы зыбалася: зыбаўся сіне-чорны дым, зыбаліся пагрозлівыя машыны, якія паўзлі і паўзлі наперад, не спыняючыся, зыбаліся чорныя глыбокія каляіны, і ўся тая чорная падкова аб’езду як бы ўвесь час то апускалася, то ўзнімалася. Рэната трымала на руках Даніка, які сцішыўся і ўжо не зважаў на тое, што робіцца на выгане, а толькі смактаў і смактаў чырвоныя з белымі кончыкамі пестункі канюшыны.

З правага боку ўсё шчыльней прыціскалася дачка, маўклівая цяпер, спуджаная, і ў сэрца Рэнаты пачаў пракрадацца жах. Хто ж спыніць гэтую навалу? Хто знішчыць яе, не пусціць далей? І якую ж сілу трэба мець, каб павярнуць гэтую бясконцую, пагрозлівую калону назад?..

Прыгадала Алеся, з якім яна развіталася сёння ранкам на чыгуначным пераездзе, прыгадала жменьку чырвонаармейцаў, якіх павёў па лясной дарозе Рудак, прыгадала яго горкае прызнанне, і яшчэ мацней зайшлося болем сэрца; на вочы напаўзла імгла. Рэнату душылі слёзы адчаю, і яна, да звону ў вушах, сілілася стрымаць сябе, не зарыдаць.

— Каб вас зямелька ўсіх праглынула. Каб вас агонь усіх спапяліў, нелюдзі праклятыя,— ціха, як не аднымі губамі, прашаптала яна праклён калоне, што паўзла праз выган.

Гул матораў быццам паслабеў — а можа, яна пачала памалу глохнуць ад несціханага звону ў вушах? — пачаў атухаць. І раптам прыйшла палёгка, нібыта ўсё тое, чаго яна гэтак прагла, імгненна і дакладна спраўдзілася. Не, падман гэта, машыны нікуды не зніклі з выгану, калона ўсё рухаецца і рухаецца па чорнай падкове, і палёгка сплывае з душы, пакідаючы горыч. Марна яна, Рэната, атручвае сабе душу і пасяляе ў сэрцах сваіх дзяцей жах. Яна павінна не слаць пустыя праклёны, якія нічога і аніяк не зменяць, а нешта рабіць, каб быць падалей ад бяды, рабіць штось канкрэтнае і рэальнае.

— Хадзем! — рашуча сказала яна і ўзнялася.

Валя паглядзела на маці з недаўменнем:

— Куды, мамачка?

— Сваёй дарогаю. Дамоў ішлі? Дамоў і пойдзем!

Сказала і адчула сябе ўпэўненай: яна робіць правільна. Хай сабе коцяцца варожыя машыны. Хай сабе грыміць гэты пагрозлівы гул. Яна з дзецьмі — на сваёй зямлі. І гэтая зямля, і гэтае паветра, прапахлае водарам лугавых траў, належыць ёй з дзецьмі, а не ім, гэтым праклятым чужынцам, якія ўварваліся ў яе, Рэнаціну, бацькаўшчыну.



10

Жнівеньская раса асабліва густа абсыпала палыны па краі ўзвалу, і Рэнаце зноў — каторы раз ужо за гэты дзень! — падалося, што Дзвіна пачынаецца адразу ж за тымі палынамі, што рака разбухла і зараз вось-вось пакоціць хвалі сюды, у сад, зраўняецца з супрацьлеглым берагам, на якім чарнеюць абпаленыя пажарам рэдкія і каструбаватыя, як з дроту скручаныя, лазнякі.

Рэната падгрэбла вуголле бліжэй да падстаўленых на рабро дзвюх цаглін, на якіх бурболіў чыгунок з бульбаю — яна назбірала яе, перакапаўшы сёння ў другі раз гародчык,— паклала на вуголле два смалякі, што адкаціліся ад агню і дымелі, і ўзнялася з камля ссечанай асколкамі і цяпер распілаванай на дровы яблыні. І зноў здзівілася: Дзвіна далёкая, быццам зусім не за палынамі, а недзе ўнізе пад узвалам, жаўтлявая ад дажджоў, схмурнелая і чужая. Чужым выдае і попелішча, што засталося ад роднай хаты, і садок — у ім засталося і ацалела ад асколкаў толькі чатыры дрэўцы,— і вузкі пакаты дах зямлянкі пад адной з ацалелых антонавак, і куртаты комін над ім, пакрыты абгарэлым, без дна, вядром.

«Гэтак вось і канчаецца жыццё...»

Думка, аднак, не напалохала, яна здзіўляла гэтак жа, як дзівіла тое, што бачыла цяпер Рэната. Усё выдае воку як бы не сваім, усё неяк зменшылася, пакарацела, звузілася: і завулак, на якім ад фашысцкіх тэрмітак не ацалела аніводнай хаты, і садок, і суседскае селішча. Да Бохачавай хаты было раней тупаеш, тупаеш... А цяпер вось, здаецца, руку працягні і дакранешся да чорнай, закутай у жалезную адзяванку грубкі. А якой жа навіною была на завулку гэтая грубка пазалетась! Усе суседзі і паглядзелі, і памацалі рукамі пафарбаваныя срабрыстай фарбаю бляшаныя колы, выкладзеныя знутры цэглаю, і аднагалосна ўхвалілі: выдатная! А цяпер вось стаіць сіратліва ля абваленага коміна, абгарэлая, як пабітая ржой наскрозь, змізарнелая. Адно толькі замчышча нібыта пашырэла, насунулася, завісла над завулкам, як бы адпіхнула яго на бераг ракі, падалей ад сябе...

З зямлянкі валюхаста, распраўляючы плечы, выграбся Бохач, паглядзеў на неба, чмыхнуў, трасучы’ галавой, пачаў абціраць анучаю забруджаныя глінай рукі.

— Ідзі, гаспадынька, паглядзі, што маем,— прапанаваў ён Рэнаце, але глядзеў толькі на свае далоні, нібыта дзівіўся з іх.— Ажно гудзе грубачка. Мулярская ўва мне струнка шчэ жывая, не памерла.

Рэната згледзела белаваты дымок над куртатым комінам, шчыра зарадавалася:

— О-ёй, праўда ж! Дзякую, сусед! Каб не твая помач, дык гібець мне тут. Не ведаю, як і аддзячыць.

— Гэта паспеецца. Спачатку зробленае паглядзі!

Следам за Бохачам яна ўвайшла ў зямлянку. За няшчыльна прычыненымі дзверцамі пліты мігцеў агонь, увесь час гучна патрэсквала сучча, і праз шчыліны ў чыгунных кольцах канфорак выпаўзалі белыя скруткі дыму. Рэната патрымала рукі над імі, і тут жа скруткі зніклі, у коміне загуло, неяк адразу ўтульна зрабілася ў зямлянцы, і Рэната зноў шчыра зарадавалася:

— Перазімуем цяпер, не змерзнем!

— Па-царску можна перазімаваць,— Бохач паляпаў далонню па сырым, толькі што складзеным з чорнай задымленай цэглы коміне.— Пабелкі каб шчэ расстарацца.

— А няўжо ж! Зараз пабягу шукаць тую пабелку. І гэтак добра.

Бохач прамовіў задумліва, як бы разважаючы ўслых:

— Добра было б табе да швагруся майго перабрацца... Хаця цяпер да маіх сваякоў ты падазрона ставішся... Але хто ж ведаў, што гэты Смаль мярзотнік першай рукі? Але павер мне, суседка, ён сваё палучыць. За ўсё — разам!

— Ды я пра яго ўжо і думаць забылася. Ліха з ім... Я з іншае прычыны ісці адсюль не хачу. Як гэта гаворыцца? Калі ўжо і падавіцца — лепей першым кавалкам...

— Можа, яно і верна.

Нешта дужа ж хутка пагадзіўся з ёю Бохач. Перад гэтым жа цэлы тыдзень падбіваў яе пайсці з дзецьмі да свайго швагруся на Запалоцце, у хату, што ацалела ад пажару. А сёння — адразу Рэнацін намер ухваліў застацца ў сутарэнні, што побач з попелішчам. З чаго, цікава?.. Ды, зрэшты, навошта ёй тое ведаць? Чужая хата — не свая ўласная. Лепей ужо ў сутарэнні, але ж у сваім. На гэтым месцы яна нарадзілася, тут яна і застанецца да скону дзён. Тут ёй трэба быць. А раптам якая вестачка ад Міхала? Ці Алесь аб сабе знак падасць?.. Хто ж яе, Рэнату, на тым Запалоцці шукаць будзе! А тут — адразу знойдуць. Так што перазімуе яна на сваім старым селішчы. Тым больш што сутарэнне атрымалася ж вельмі добрае з тае схованкі, што ў першы дзень вайны яна з сынамі рабіла ў садзе. Геначка тады ўсё шчыраваў, усё казаў, што глыбей трэба капаць, глыбей... І падлогу гэтую з дошак ён паслаў. А сцены потым Бохач, дзякуй яму вялікае, зрабіў... З ім напілавалі бёрнаў і дошак з разбуранай матчынай хаты, сцены скідалі, столь змайстравалі, два акенцы паставілі. Нават дзверыну ў тамбурку падвойную ўдалося прыладзіць. І цяпер гэтая плітачка такая зграбная. Добрае жытло! Цяперашнім часам — раскоша! І столік пад акенцам, і ложачак у кутку, і тапчанок, і два крэслы. Калі плітачкі не было, дык сырызна па кутках паўзла, а цяпер усё прасохне, цёпла будзе, і страву згатаваць зручна: канфорку адклаў, чыгунок апусціў — у момант закіпіць. Было б толькі што ў той чыгунок пакласці... От жа разява: чыгунок з бульбаю там, на тых цаглінах! Вада, мусіць, выкіпела, прыгарыць бульбачка!..

Яна кінулася з зямлянкі, убачыла белую пару над чыгунком — адразу адлягло ад сэрца: не выкіпела! Зазірнула пад накрыўку — самы раз паспела,— потым абкруціла чыгунок анучаю і панесла ў зямлянку. З гэтым комінам шчыруе ад самага рання Бохач, галодны, яго пакарміць трэба.

— Згатавалася. Свежанькая,— і, стаўляючы чыгунок на канфорку, папрасіла: — Паясцё зараз.

— Дзеці хай спачатку. Памочнікі яны мне былі добрыя: і вады прынясуць, і цаглінку пададуць, і гліну мясілі...

— Хопіць і малым. Сядай! Дзень жа не разгінаў спіны!

— Затое маеш шыкоўную кватэру. Палац! І што важна, скажу табе, дык гэта — дроў мала спатрэбіцца; раз выпаліш — да заўтрага цяпла хопіць. Дзверыну б шчэ чым абабіць...

— Гэта ўжо не твой клопат: сама зраблю. Садзіся!

Яна як не сілаю прымусіла Бохача сесці да століка. Ён сеў, круціў у руках лыжку, нібыта баючыся дакрануцца да бульбіны ў місе, і, прыплюшчыўшы вока, глядзеў на тоўсты і чорны, як з зямлі, праснак, потым узяў, паважыў на руцэ.

— Амаль з аднае макухі. Як цагліна цяжкі.

— Хай бы гэткага ўдосталь было!

Рэната дастала з шафкі пад сталом тонкі, бы скрыўлены, брусочак сала. Шафку некалі выбухам выкінула з тэрасы матчынай хаты, яна ляжала ў садзе паламаная, але Бохач перацягнуў яе сюды, збольшага паправіў. Як тут, пад сталом, і была шафа: месца не займае і нешта можна ў яе пакласці.

Бохач, гледзячы, як Рэната асцярожна раскручвае кароценькі падраны ручнічок, пажартаваў:

— Багата жывеш! Сала нават маеш!

— Гэта ж тое, што ты нам прынёс.

Рэната, адрэзаўшы тонкі скрылік, зноў пачала загортваць сала ў ручнічок, сказала з горыччу:

— Дзеці брусочак гэты ведаюць. Але не чапаюць. І нават не просяць. Як разумеюць усё.

— Не бядуй, суседка! Перажывём і гэта. А потым гаду берлінскаму ўсё прыпомнім.

У зямлянку з плачам укаціўся Данік, за ім уляцела Валя, сварылася:

— Румзай, румзай, неслух! Зараз па-сапраўднаму заплачаш, калі маме ўсё раскажу!

— Плача мой маленькі. Пакрыўдзілі маё золатца! Што ж ён тамака ўжо натварыў?

— Па ўсёй Дзвіне за гэтым «золатцам» лётаю. Ты паглядзі на яго штонікі! Лезе на глыб — ракаў ловіць вядром!

— Якія цяпер, сыночак, ракі? Іх улетку зловім, калі вада будзе малая.

— У мяне язык апух, гаворачы яму гэта!

Данік пачуў пах бульбы, ацёр рукамі слёзы, шуснуў да століка.

— Бульбачка! Бульбачка! Мне, мне!..

Бохач падсунуў малому сваю міску, паклаў побач лыжку:

— Садзіся, рыбак! Падмацуйся добра, бо чакае нас праца рыбацкая — шнуры кінем. На ноч. Каб добрага сома злавіць.

— На ноч? — не паверыў Данік.

— Але... А ранічкай — рыбку ў мех. Толькі ты гэтых ракаў вядром не ганяй. І ўвогуле залішне не боўтай на рацэ, каб буйную рыбу не напалохаць. Самы цішыню любяць. Зразумеў?

— Ага!

— То й малайчына! — Бохач узбухмаціў малому валасы, ласкава паляпаў па плячы, весела паклікаў Рэнату: —Хадзем, суседка! Зірнём, як з коміна дым цягне. Мо шчэ падпраўляць давядзецца...

— Пакармі яго. І сама паеш,— загадала Рэната дачцэ, зразумеўшы, што Бохач не будзе есці, і неяк пакорліва пайшла за ім з зямлянкі.

Бохач сеў ля цяпельца, пачаў варушыць галавешкі, якія адразу закурыліся дымам, густым і сінім. Бохач як сумысля не хоча глядзець ёй у вочы. Нешта незразумелае творыцца з ім у гэты ранак.

Маўчанне прыгнятала Рэнату. Але яшчэ больш прыгнятала пачуццё, што ахапіла яе ў тое імгненне, калі яна ўбачыла Данікавы вочы, галодныя, блішчастыя ад слёз, убачыла прагнасць, з якою малы схапіў лыжку,— гэтаму пачуццю яна і цяпер не магла дабраць назвы. Як бы яна нават і ўзрадавалася, што Бохач не стаў есці. Пашкадавала, значыцца, бульбіны чалавеку, які гэтулькі табе зрабіў добрага? Ён жа і сала прыносіў, і хлеб і не шкадаваў! Не, яна таксама не пашкадавала, толькі думка такая аднекуль заявілася. Спачатку яна ж яму, Бохачу, прапанавала сесці і паесці... Гэта потым ужо тое пачуццё нарадзілася, пазней, калі яна ўбачыла галодныя сынавы вочы і прыкмеціла, як моўчкі аблізнула губы і пракаўтнула сліну дачка... Як бы нейкая варожасць нарадзілася ў яе сэрцы тады, не падуладная сэрцу варожасць да чалавека, які мог з’есці тое, што належала яе дзецям. Сорамна цяпер і гідка. А можа, зусім і не было таго пачуцця? Ці калі і было, дык зусім іншае пачуццё, зусім неакрэсленае, якому з таго і не дабраць цяпер дакладнай назвы?..

Рэната ўсміхнулася Бохачу:

— Выхапілі місу з рук,— прамовіла, як бы апраўдваючыся і просячы прабачэння.— Хопіць бульбы... Зараз і мы паямо...

Бохач уздыхнуў і сказаў хрыпата:

— А ў мяне і камяк у горле сеў, як толькі вочы твайго малога ўгледзеў. І сэрца зайшлося...

Бохач змоўк, глядзеў, мружыў вочы ад сіняга дыму, але не бараніўся ад яго, нахіліўся бліжэй да цяпельца, як што ўгледзеў там дужа цікавае, сказаў зноў, быццам разважаў услых, і ў голасе была туга: — А можа, і мае жэўжыкі недзе вось гэтак з голаду пухнуць? І не магу дараваць, што хлопцаў да брата адправіў. Чым ён мяне спакусіў? Мора, маўляў, хлопцам патрэбна. Калі, маўляў, у маленстве чалавек мора пабачыць — багатая душа ад гэтага.

— А хто ж ведаў, што сёння дзеці паедуць мора глядзець, а заўтра гэткая бяда ўтворыцца?..

Бохач узяў з вогнішча галавешку, яшчэ больш змружачы вочы, і, схіліўшы галаву, пачаў прыкурваць; кароткая нямецкая цыгарэціна неяк дзіўна трымцела ў яго губах.

— Кабета мая ведала,— сказаў ён па-ранейшаму хрыпата і прагна зацягнуўся.— Яна не хацела дзяцей адпраўляць, як прадчувала штосьці... На вакзале, памятаю, заявіла цвёрда: праз тыдзень, маўляў, паедзе па дзяцей. Я не пярэчыў, сказаў, каб пісала заяву на адпачынак,— ён кінуў галавешку на вогнішча і сядзеў сагнуўшыся, як што зноў выглядаў сярод вуголля.— І напісала, і начальства ёй абяцала, і яна, радасная, нават збірацца пачала — да дзетак жа едзе. А давялося не ў той бок зусім ехаць. У зямельку давялося ехаць-класціся...

Ён гаварыў пра смерць жонкі спакойна, зусім не так, як тады, калі Рэната вярнулася з бежанства. Тады Бохач ледзь не плакаў, а цяпер гаварыў суха, толькі голас гучаў хрыпата, быццам у горле ўсё перасохла. Яна патлумачыла сухасць у яго словах тым, што чалавек зразумеў яе думкі, аб усім здагадаўся — чаго ж тут здагадвацца, калі ўсё перад вачыма прайшло! — і асуджае Рэнаціна скнарніцтва.

— Я добра памятаю, як ваш брат тады прыязджаў,— Рэната і сапраўды выразна прыгадала, як прыязджаў з поўдня Бохачаў брат, як весела праходзілі тыя дні на сядзібе суседа.— Ваш Лёнік прыбег развітвацца і ўсё пахваляўся: мы ў Адэсу едзем! Мы на мора едзем!

— А цяпер вось фашысты туды заехалі. Пад Адэсаю ўжо баі. Учора дачуўся.

— А я другое зусім чула. Масква дала загад, каб ні кроку назад. У наступ каб ісці...

— Загадаць лёгка. Але ж баі пад Ленінградам ужо. І ля Кіева баі.

— Лухта! Плёткі!

— Гэта не плёткі. Гэта праўда.

І хоць вельмі шчыра гучалі словы Бохача, яна паставілася да іх з недаверам. Чаго ж ён не скажа, дзе і калі пачуў тую праўду? Мажліва, пачуў недзе нейкую лухту і цяпер ёй табе галаву тлуміць? Не, Бохач абы-што плявузгаць не будзе.

— Ты даруй, сусед,— папрасіла Рэната, сумеўшыся.— Часам адно хочацца сказаць, а на языку зусім іншае вернецца — як сам па сабе язык жыве,— яна павярнула галаву ў бок зямлянкі, дзе пачуліся валтузня і пакрыўджаны голас дачкі, падхапілася.— Вось зараз вы ў мяне ўгамоніцеся!

— Не чапай ты іх, самі разбяруцца.

— Э, хай сабе,— пагадзілася Рэната і села на той жа камель яблыні, на якім сядзела дагэтуль, калі варылася на цяпельцы бульба, падграбла на агонь смецце.

Бохач прымасціўся непадалёк, на нізкім штабяльку каротка напілаваных і дробна пабітых дроў, параіў, узважваючы на руцэ паленца:

— Навідавоку не трэба іх класці.

Ён казаў ёй гэта і на мінулым тыдні, і цяпер напамінак прагучаў папрокам, і Рэната адчула непамыснасць.

— Тут — вецер. Сохнуць лепей.

— Каб жа адразу і ўсе не ўсохлі. Пад’едуць паліцаі і забяруць. Прыхаваць варта.

— А куды?

— Што — у зямлянку. Што — у садку быльнягом прыкрый, каб не кідалася ў вочы. Прыхавай, адным словам...

Рэната з папрокам паківала галавой, быццам тое, што раіў Бохач, толькі ад яго і зыходзіла:

— Адным толькі і жывеш: прыхавай, схавай, не паказвай...

— А каб тады, перад бежанствам, ты схованку не зрабіла ды транты нейкія не прыхавала? Чым бы цяпер жыла?

— Таму вось і не выходзіць з галоўкі адно: зімачка ж наперадзе до-оўгая... Як яе перажыць? Амаль жа ўсё, што можна было, на хлеб памяняла, на бульбу...

— Амаль? — спытаў нечакана Бохач, і гэтае пытанне здзівіла Рэнату.— Ці ўсё падчыстую?

— Міхалаву адзежу я не чапала. І Алесеву. І кашулькі, і баціначкі. Патрымаю ў руцэ, пагляджу і зноў пакладу.

— Дарэмна!

Бохач сказаў гэта рэзка, з асуджэннем, і Рэната спадыбла зыркнула на яго. Наважылася была не запярэчыць, але не стрымалася — словы вырваліся наўпярок волі:

— Ты што гаворыш! Алеська ж у сандалетах пайшоў. А заскочыць раптам сюды? Ці Міхал дамоў вернецца — што надзене? Паміраць буду, а боты яго не прадам!

— Думаеш, ухваліць Міхал за гэта? Боты, маўляў, захавала, а дзетак не накарміла,— і дадаў жорстка, загневаўшыся: —Галоўнае цяпер — хлеб. Без хлеба — дудкі, не пражывеш. І боты тыя не спатрэбяцца. І раю табе: мяняй на харчы ўсё што ёсць. Сама ж кажаш: зімка наперадзе до-оўгая...

— Няўжо ж яны аніводнай крамы не адчыняць? Людцы ж з голаду памруць!

Бохач сказаў, мружачы вочы ад дыму:

— Гэтым Гітлер і заклапочаны: нас — у зямлю, арыйцам — панаваць на зямлі. Новы, як яны кажуць, парадак.

— Хай яны захлынуцца сваім новым парадкам!

— Пакуль сытыя захлынуцца, дык галодныя двойчы ногі працягнуць. А яны — сытыя.

— Нашым сытыя. Нашым і падавяцца.

— Мы з табой гэта разумеем. А вось як яму патлумачыць і давесці,— ён паказаў на Даніка, які выбег з зямлянкі.— Ён толькі адно разумее, каб міса на стале была. І каб у місе нешта ляжала...

Следам за Данікам з зямлянкі, з місаю ў руцэ, выйшла Валя. Хуценька павярнулася, знікла ў зямлянцы і зноў паявілася, але цяпер несла дзве міскі, і ў кожнай ляжала лыжка, а на краёчку — лустачка праснака з маленькім скрылікам сала. Валя спачатку працягнула міску Бохачу, потым — маці. Ад хвалявання ў Рэнаты закалаціліся рукі. Разумніца Валечка, зрабіла тое, што павінна была зрабіць Рэната, дарослы чалавек: бульбу пароўну падзяліла, нават скрылік сала пароўну на ўсіх раскроіла, і праснака кавалкі роўныя.

Ад паху бульбы занылі дзёсны, горла пераціснула шархоткая спазма, і Рэната, праглынуўшы сліну, схілілася над міскаю. Ад голаду пякотна заныла ўсярэдзіне. Небачка, як жа яна хоча есці, хоча жахліва, моцна, нясцерпна. Але яна не возьмецца за лыжку, будзе трываць, пачне есці разам з Бохачам толькі. Хай ён спачатку дакранецца да лыжкі!

— Дзякую, дачушка. А вы хоць самі пад’елі? — спытаў Бохач, трымаючы міску аберуч.

— А як жа! Хапіла і нам. Рыбак першы справіўся! Во, зноў ён на раку прэцца...

Валя пабегла наўздагон за Данікам, галава якога ўжо хавалася за палынамі над узвалам. Рэната зноў з ухвалаю падумала пра дачку, якая здагадалася прынесці ім бульбу сюды, наважылася была неяк папярэдзіць яе, каб не давала волі малому, але перадумала, прапанавала Бохачу:

— Вы ешце, калі ласка. Добрым часам, дык і чарка б павінна быць з такое нагоды. Каб не дыміла і цяпліла плітачка.

Бохач сказаў, патрэсваючы лыжкай, быццам падкрэсліваў ёю кожнае сваё слова:

— І дыміць не будзе. І цяпла хопіць. А чарку мы з Міхалам тваім узнімем. Як вернецца.

— Тады ўжо расстараюся,— Рэната развяла рукі на бакі, потым прыціснула іх да грудзей.— З-пад зямлі, а — дастану!

— Буду ў памяці трымаць,— пажартаваў Бохач. Разрэзаў лыжкаю бульбіну, дадаў паспешліва, быццам яму карцела перавесці гаворку як мага хутчэй на іншае.— Дарослая зусім у цябе Валечка,— бульбіна развалілася, і лыжка брэнькнула па місе.— І,помніцца, з Пецькам маім на арэлі штовечар шлындала. Па душы, суседка, будзе зяцёк?

— Твой Пецечка ласкавы. Лёнік дык той хвалько трошкі. А Пецечка — сур’ёзны...

Бохач, прыстукваючы лыжкай па місе, сказаў урачыста:

— І гэтае ў памяці пакладу. Каб потым не сказала, што згоды на вяселле не было,— гаварыў сур’ёзна, а ў вачах — смех.— Ды, між іншым, Міхал абяцаў мне: усіх ейных кавалераў — набок. А Пецечку, зяцьку даражэнькаму, весніцы — нахлышч.

— Нешта мне ён пра тое — ані слова.

— А мы дамовіліся, слупы на арэлі стаўляючы. Жартаў тады хапала. Міхал твой і парадак ва ўсім любіць, але і каб жарт быў абавязкова. І ты ж памятаеш, што ля гэтых арэляў было! Штовечар — гурма. Як не ўвесь завулак на арэлі бег...

Унізе, пад узвалам, дурэлі Валя і Данік. Рэната чула іх галасы, і ёй мроіліся тая дзіцячая гурма ля арэляў, пра якую казаў Бохач, тыя жарты і смех, што не аціхаў, было, да позняга вечара. Дзяцей, здаралася, ледзь не сілаю даводзілася заганяць дамоў з тых арэляў, а яна, Рэната, напачатку пярэчыла, не хацела, каб ігрышчы ў садзе ладзіліся. І на Бохача тады злавала, думаючы, што гэта ён падбіў Міхала тыя арэлі зрабіць.

Успаміны не выклікалі радасці. Яна, дурніца, спрачалася тады з мужам, злавала на суседа. А тое, што яе ў тыя дні абурала, цяпер прыгадваецца, як самае, бадай, светлае і прыгожае. Хай жа толькі аціхне гэтая навала і вернецца дамоў Міхал — аніколі, ані ў чым і слоўца яна яму наўпярок не скажа! Ані ў чым ён не пачуе яе нязгоды!

Яна запэўнівала сябе шчыра, горача, нібыта ад успамінаў і гэтых яе думак цалкам залежала, калі павінен вярнуцца дамоў Міхал, з добрым вярнуцца ці з благім.

— А я часам зняверуся так, што толькі пра благое і думаю,— сказала Рэната, нечакана адчуўшы, што павінна быць з Бохачам шчырай да канца.

Бохач параіў з усміхам:

— А ты думай пра лепшае. Пра тое, што з перамогаю Міхал вернецца неўзабаве!

У абяцанні Бохача ёй пачулася няпэўнасць, нібыта выказваліся тыя запэўніванні дзеля адчэпнага, і гэта выклікала ў яе заклапочанасць.

Карцела пачуць ад Бохача нешта пэўнае, пачуць тое, што абнадзеіла б, хоць крыху ўзрадавала, прыгасіла тугу, і яна запыталася:

— Памятаеш, я табе пра Рудака казала? Усё па яго словах спраўджваецца. Цяжка нашым на фронце — да перамогі далёка...

— Але ж назад мы ўжо не коцімся! Ты на чыгунку паглядзі, што вязуць? На усход — тэхніка, тэхніка... А назад? Чырвоныя крыжыкі на вагончыках. І новых палонных у іхніх лагерах да-аўно няма. Да лагераў цяпер і не падаткнешся!

— Свабодна, я чула, падыходзілі кабеты да загарадкі.

— На тым тыдні! А ты сёння паспрабуй!

— І не спрабавала, і не буду! Я ведаю: Міхал мой у загарадку не трапіць,— і нібыта дакараючы сябе за тое, што ніколі не бегала, як знаёмыя кабеты, да лагераў ваеннапалонных, і як бы апраўдваючы сябе, дадала пераканана: — Ён альбо жывы, альбо ў зямлі!

— У зямлі хай нашы ворагі будуць, як кажа Лагуцін. А мы — на зямлі...

— Дзе ён цяпер, Лагуцін той!

Бохач сказаў з ціхім смяшком:

— Непадалёку, суседка. Зусім непадалёчку,— і дадаў, як праспяваў: — У зялёным лясочку...

У Рэнаты перахапіла дыханне, ёй падалося, што Бохач пасмейваецца, сказаў знарок, і яна праглынула кавалак шорсткага праснака, не дажаваўшы, падрапаўшы сабе горла.

— У партызанах ён? — спытала, адчуваючы боль у горле.— Партызаніць?

Бохач, азірнуўшыся, кіўнуў галавой. Рэната ўчапілася ў рукаў яго пінжака, спытала пошапкам, адразу паверыўшы ў тое, што пачула:

— Можа, і Алеська там? Ён жа тады з Рудаком пайшоў. Я ж казала табе...

— Рудак, думаю, прабіўся за лінію фронту. Бо Лагуцін у мяне пра Алеся распытваў.

Рэната стаіла дыханне, чакала, што Бохач паведаміць нешта яшчэ. Але ён маўчаў, і тады яна запытала адрывіста, паспешліва:

— Калі? Ты размаўляў з Лагуціным? Калі?

— Учора.

— І маўчаў! — Яна не папракнула Бохача, а прамовіла гэта са шкадаваннем, як бы суцяшаючы сябе.— І толькі цяпер сказаў!

— Не сказаў, а — прагаварыўся. Не меў я права казаць!.. І тое, што ты пачула, каб на агні прапала. Было — няма.

Яна сказала роўным голасам, зусім без хвалявання, як бы падкрэсліваючы, што ўсё добра зразумела:

— Бульба ж астыла.

— Нічога, у жываце сагрэецца...

Бохач паправіў рукою кепку, чорную, старую, асабліва зашмальцаваную зверху, ля тоўстага гузіка-бубачкі, нахіліўся над міскаю. Ад краёчка міскі ішоў слабы водсвет, і гэты водсвет соўгаўся па цяні ад казырка, што ляжаў на Бохачавым твары наўскасяк ад правай скроні да левага куточка губ, спыняўся ля носа, быццам чапляўся за ноздры, і надаваў твару хітраваты выгляд.

І гэты рухавы водсвет ля носа і на змучаных, збляклых шчоках і гэтая старасвецкая кепачка, і асабліва тая падкрэсленая ўпартасць, з якой Бохач глядзеў толькі ў сваю міску, быццам нічога не заўважаў вакол сябе,— усё гэта раптоўна адкрыла Рэнаце новае, патаемнае жыццё, якое былым суседам старанна ад яе хавалася і хаваецца. Бохач працаваў да вайны на аэрадроме, і цяпер зноў для яго там знайшлася праца. Рэната, як толькі даведалася, дзе працуе Бохач — фашысцкі ж аэрадром, адтуль узлятаюць і туды штодня садзіцца шмат самалётаў ворага! — адразу ж з недаверам пачала ставіцца да ўсяго, пра што казаў і што рабіў яе былы сусед; нават тое, як Бохач лаяў і бэсціў Смаля, калі пачуў пра здарэнне на лясной дарозе, яна не палічыла шчырым. Не палічыла шчырым і тое, што зусім не павінна было выклікаць ніякіх сумненняў — разы чатыры прыносіў хлеб з нямецкай сталоўкі, недзе даставаў пакункі з крупамі, будаваў зямлянку,— і ўсё гадавала ў душы падазронасць, разумеючы, што ніці гэтага пачуцця ідуць туды, на лясную дарогу, дзе яе з дзецьмі скінулі з машыны. Бохача там не было, гэта праўда. Але ж ён, Бохач, пасадзіў яе на машыну Смаля! Ён, Бохач, давяраў, значыцца, шафёру!..

Цяпер як нешта вялікае і цяжкое звалілася ў яе з душы: Бохач не прадаўся фашыстам. Яго праца на аэрадроме — толькі шырма, ёсць у Бохача іншае жыццё, пра якое ён нічога не расказваў ёй. Цяпер, даведаўшыся, яна адразу паверыла ў тое, другое, жыццё Бохача, і ганарылася ім, і ганарылася, што ведае пра тое жыццё, і разумела, што не мае права нешта пра другое Бохачава жыццё распытваць, і паклялася сабе, што лепей памрэ, чым хоць слоўца скажа каму-небудзь пра тое, што ёй нечакана адкрылася.

Цяпер, калі Рэната давярала Бохачу, яна вырашыла ва ўсім яго паслухацца. У бліжэйшы час, пакуль моцна не захаладала, трэба пайсці па вёсках — зямлянка ёсць, Валя дагледзіць малога — і расстарацца хоць крышку хлеба, бульбы, круп. Спачатку кінуцца ў адзін бок, потым — у другі, затым — за Дзвіну... Недзе ж, напэўна, пашчасціць. І з дрывамі так яна зробіць, як Бохач раіць: тое, што ёсць, прыхавае, а потым яшчэ назапасіць. Зіма ж наперадзе доўгая, праўду ён кажа. Толькі адну яго параду яна адкіне, не паслухае: мужавы рэчы не зачэпіць. Дый колькі тых рэчаў і засталося! Касцюмчык адзін, бялізна і боты... У зямлянцы зроблена схованачка, там усё гэта ляжыць — нават дзецям Рэната яе не паказала. Пра схованку толькі яна адна і ведае. І зямля яшчэ ведае...



11

Пасярэдзіне вёскі, з доўгай калгаснай аборы, што стаяла на пясчаным узлобку, ля самай дарогі, хтосьці паклікаў Рэнату танюткім пісклявым галаском, і яна спынілася. Двойчы здзіўлена азірнулася наўкола: нікога ж не відно! Здань якая, ці што? Не, зноў гэты працяглы і жаласлівы, як дзіцячы, покліч... Вунь якая праява! Брама гэта рыпіць. Вецер яе гойдае, яна і рыпіць!..

Рэната стамілася, і гэты нечаканы прыпынак быў палёгкаю. Відаць, варта ёй адпачыць ля гэтай пустой і сіратлівай будыніны. Адна палавіна брамы ляжыць на зямлі, а другая скасабочылася, гойдаецца ад ветру, хутка, як хто піхне, зачыніцца, а потым марудна-марудна адкатваецца назад і рыпіць, і нехта як бы рукою махае ў чорнай глыбіні аборы.

Наблізіўшыся да аборы, Рэната ўбачыла салому ў кутку. Зручна было б і заначаваць тут: нікому не трэба кланяцца, нічога не давядзецца прасіць — сама сабе гаспадыня. Блізка ўжо вечар, з цёмным ісці кепска — да горада яшчэ кіламетраў дзесяць, калі не больш. Так што запыніцца недзе ёй усё роўна давядзецца. Можа, сапраўды тут ёй і атабарыцца? А ранічкай, адпачыўшы, рушыць далей. Толькі каб не змерзнуць у гэтай стадоле ноччу. Падобна, што на мароз бярэцца. Дый не дзіва: сёння ранкам лёталі ўжо белыя мухі!

Над дахам аборы, як зачапіўшыся за вільчык, шарэла аднастайна бляклае, як снегавое, неба. Учора яно было цяплейшае. Учора, відаць, ёй і варта было вяртацца ў горад. Гэта ж чацвёрты дзень яна ўжо ў дарозе, усё блукае па вёсках, спрабуючы памяняць свой жабрацкі скарб: старыя свае сукенкі, Геначкавы кашулькі, Валіны кофтачкі. Нікому, аказваецца, не патрэбны гэтыя рэчы. Паўсюль пытаюцца адно і тое ж, адно і тое ж просяць: соль, мыла, запалкі. Праўда, учора ёй пашчасціла: дзве прасціны, новыя, яшчэ аніводнага разу не сціраныя, яна памяняла на паўпуда жыта і сукенку сваю памяняла на тры фунты гароху. І за кофтачку цёплую, якую Міхал прывёз ёй у падарунак з Ленінграда, дала ёй адна кабета два фунты сала...

З настойлівым, пагрозлівым свістам рыпнула брама. І не ў аборы, здаецца, як недзе ззаду. І, падобна, што не брама гэта зарыпела. Гэтак і ёсць: паліцэйскі стаіць на дарозе! Адкуль ён тут гэтак нечакана? Во будзе, калі прычэпіцца... А што прычэпіцца, дык адразу відно.

— Фю-ю-ю,— зноў свіснуў паліцэйскі і загадна паківаў ёй пальцам.

«Не брама гэта рыпела. Ён, гад, свістаў!»

Рэната марудна ўзышла на дарогу. Нешта ж дужа знаёмы твар! Не, падалося. Тоўсты чырвоны нос, маленькія і вёрткія, як мышыныя, вочы.

— Куды ідзеш? — спытаў паліцэйскі.

— Дамоў. У горад. «Голас мне зусім незнаёмы».

— Пасведчанне маеш?

— Нам шчэ не выдалі. Толькі рэгістрацыя была ва ўправе. Маю пашпарт. «Твар яго мне здаецца знаёмым...»

Ён пакінуў без увагі яе словы пра пашпарт, спытаў, крывячы губы:

— А што тут выглядаеш?

— Стамілася. Стаю дый думаю: не дацягну да горада, давядзецца заначаваць.

— А дазвол ты ўзяла? У маёй вёсцы без майго дазволу не заначуеш!

— Я ж толькі падумала, каб заначаваць,— пачала яна тлумачыць, сілячыся надаць свайму голасу пачцівасць і пакорнасць.— Я ж абавязкова папрасіла б дазвол. Парадак ведаю.

Паліцэйскі стаяў цяпер перад ёю, крыху нахіліўшы галаву, быццам збіраўся дзюбнуць, барабаніў пальцамі па спражцы шырокай дзягі, варушыў губамі, быццам штось жаваў.

— А ў аўторак? Ц-цюп! — і ён, нешта выкалупнуўшы языком з-пад верхняй губы, гучна сплюнуў.— А ў аўторак чаго тут віжавала і швэндалася?

— У аўторак? — «Бачыла яго! У аўторак бачыла, ён сядзеў ля аселіцы на паваленым плоце каля школьнага будынка!» — У аўторак я з горада ішла — па вёсках хлеба шукала. А цяпер во дамоў валакуся...

— Паказвай!

— Пашпарт у мяне ёсць. Калі ласка, пашпарт я вам зараз дам...

— На сметнік кінь свой пашпарт. Што ў мяху нясеш, паказвай!

Зненавідзеўшы сябе за пачцівасць і пакорнасць, Рэната сказала суха:

— Жыта, я ж кажу.

— Паказвай!

Яна зняла хатуль з пляча, падзелены аборкаю на дзве часткі, пачала развязваць тую, дзе было жыта.

— Паўпудзіка толькі і маю. Гароху шчэ жменьку,— пра сала не сказала, хоць адразу ж намацала яго рукою.— А тут — старызна. Транты, адным словам. Не хочуць людцы за іх даць хлеба. Дарагі хлеб скрозь...

— Нашто табе хлеба гэтулькі?

— Дзетак карміць. Чацвёра ж у мяне роцікаў — і кожны просіць есці.

— А работкі чаго яны не просяць? — паліцэйскі злосна патыкаў мыском бота мех, які Рэната зноў узялася завязваць.

— Малыя яны ў мяне.

— Сама павінна робіць. Загад ведаеш? Хлеб дадуць кожнаму, хто шчыруе на карысць вялікай Германіі. Цяміш?

Яна адказала па-ранейшаму суха, але цяпер з прытоеным выклікам.

— Але ж спярша паесці трэба. Не паясі, дык і не наробіш нічога.

— Вось паясі — і працуй. А па вёсках не шлындай. Убачу шчэ раз тут — адбяру ўсё. Пусценькая пойдзеш, каб не стамлялася,— і, задаволены сваім жартам, зарагатаў, гучна, басавіта.— Га-га... Чаго ўставілася? Ма-арш!..

Рэната таропка, як не подбегам, пашыбавала вуліцаю. Ішла не азіраючыся. Пашэнціла: выбілася, лічы, з бяды. Па вёсках цяпер хадзіць небяспечна — паліцэйскія абшукваюць незнаёмых людзей, рабуюць. Мог жа зараз свістун гэты забраць у яе і жыта і сала... І што ёй рабіць тады? Жаліцца ж не пойдзеш? Няма куды пайсці жаліцца. І ніхто тваю бяду не ўбачыць, ніхто не паспачувае... І як павымірала ўсё наўкола: ні галасоў, ні каб табе хто абазваўся, нават сабачага брэху не чутно...

Ля апошняй хаты, на маленькім выганчыку, пад старой ракітай, чарнела нізкая студня. Нейкая бабулька, сагнуўшыся, стоячы бокам да вуліцы, правай рукою круціла калаўрот, потым узялася аберуч за тоўстую ручку. Калаўрот круціўся бязгучна, і, як прывязаная да яго, ківалася бабулька, потым сагнулася, ухапілася левай рукою за дужку вядра: працягла і звонка забрэнькаў ланцуг.

Увесь дзень Рэната тупала, амаль і не прысела анідзе, толькі што перажыла жахлівы допыт, які наладзіў ёй паліцэйскі, і цяпер ад выгляду блішчастага вядра ў яе яшчэ больш перасохла ў горле. Трэба напіцца вады! Калі яна зараз не глытне гаючай, асвяжаючай асалоды, дык не зможа рухацца далей, гэтая сухасць задушыць яе.

Рэната звярнула з дарогі на выганчык, пашыбавала да студні шпарка, быццам за ёю нехта бег і адзіны паратунак быў там, ля таго чорнага квадрата, нізкага, складзенага са старога, пазелянелага па кутках бярвення. Спытала, яшчэ не дайшоўшы да студні:

— Ці не дасцё вы мне вадзіцы? Піць дужа хочацца.

— А як жа вы тут пап’яце? Кубачка ж у мяне нямашака.

— Лініце ў прыгаршчы,— папрасіла Рэната і заўважыла, што гэта не бабулька, а маладая кабета.

— А навошта ж? Пойдзем да хаты, там і нап’яцёся...

Голас быў спагадлівы, ласкавы, і Рэната ўміг забылася на тое папярэджанне, што рабіў ёй паліцэйскі. Яна смела пайшла за жанчынаю, вырашыўшы, што крыху адпачне, а потым ужо рушыць далей.

Увайшоўшы на вузкі, як сцяжынка, затравелы падворак, адгароджаны ад палісадніка нізкім плотам, які спавілі жаўтлявыя, даўно пасохлыя вяроўкі гарбузніку, жанчына спынілася, спытала:

— Чаго Жыгалка да цябе чапіўся? — і тут жа дадала, заўважыўшы, што Рэната не ўсё сцяміла: — Жыгалка, паліцэйскі наш, да кожнага новага чалавека — як сабака някормлены.

— Куды, пытаўся, іду. Ды што нясу.

— Носіць жа зямелька злыдня!

— А да вайны што рабіў Жыгалка? — спытала Рэната, разумеючы, што знайшла нейкую нітачку для гаворкі з чалавекам, які спагадліва паставіўся да яе.— У калгасе працаваў, ці дзе?

— Не было яго ў Жарцах да вайны, не было. Прыхадзень. Аднекуль прыбіўся да Рубаніхі ў прымы,— і, паставіўшы вядро на лавачку пад акном, папрасіла: — Пасядзіце. Здарожыліся ж, бачу, галубка.

— Ай, што й казаць: ледзьве брыду...

За плотам, пад доўгай і высокай, як верацяно, ігрушай, спрэс у дробненькім чырвоным лісці, чарнелі падпаленыя прымаразкамі мальвы, і дужа далёка за тымі мальвамі, пад лесам, жаўцеў кавалак дарогі, што вяла ў горад. Як далёка тая дарога. І горад далёка! Небачка, як жа ён далёка! Ці зможа ж яна давалачыся да яго сёння? А трэба ж неяк дабіцца...

Рэната зморана апусцілася на лавачку, побач з вядром. Ці ў вачах, ці ў вядры замільгацелі гэтыя чорныя мурашы? Не, у вядры, на вадзе пырхацяць буйныя і ружовыя, падобныя на спечаную прымаразкамі квецень мальвы, матылі. Адбіткі гэта, згаслі вось, сплылі. Твар толькі нейкі старэчы: запалыя шчокі, доўгі нос, падціснутыя ў нітачку губы.

«Небачка! Няўжо гэта я?»

Рэната нахілілася бліжэй да вады, пасунула з ілба цёмную хустку. Яна, углядаючыся ў адбітак свайго твару, раптоўна падумала пра тое, што аніводнага разу, ад першага дня вайны, не бачыла сябе ў люстэрку. Выгляд стомленага і схуднелага, як старэчага, твару яе засмуціў, яна адсунулася ад вядра, і адбітак твару знік, як праваліўся, на дно вядра. Цяпер на паверхні вады, як у люстэрку, адбітак барвовай ігрушыны, але дужа маленькай, быццам дрэва тое расце недзе дужа далёка-далёка. А галаву ўсё кружыць, кружыць, і гудуць натруджаныя доўгай хадою ногі, баляць, ажно смыляць пад хатулём плечы. Хай сабе... Гэта пройдзе. Зараз гаспадыня вынясе ёй кубак, яна пап’е вады і рушыць далей. А можа, ёй варта папрасіцца пераначаваць? Гаспадыня — чалавек неблагі, відаць, душэўны. Але ж тады, калі папрасіцца пераначаваць, трэба ісці да паліцэйскага, узяць дазвол. А дазвол ці дасць той злыдзень? Не, мабыць, трэба рухацца далей. Не такі ўжо вялікі і свет — гэтыя дзесяць кіламетраў. За плячыма ж разоў у шэсць болей!..

З хаты выйшла гаспадыня, але без кубка, узняла вядро, прапанавала лагодным і добрым голасам:

— Заходзьце ў хату. Адпачніцё.

— Дзякую,— сказала Рэната, са здзіўленнем заўважаючы, што ёй хочацца зайсці ў хату, хочацца размаўляць з гэтай незнаёмай жанчынай.— Мне толькі напіцца вады.

— Сцюдзёную навошта ж піць,— светлыя вочы гаспадыні глядзелі на Рэнату добразычліва.— Каб застудзіцца?.. Заходзьце, я прашу...

Пагана дрыжалі, падгіналіся ногі, калі Рэната ўзнялася і дыбала ў сенцы. Хатуль, перавязаны надвае, яна зняла і несла ў руках і апусціла на падлогу толькі ў хаце, але ўсё трымала ў руцэ, быццам баялася, што, выпусціўшы, згубіць. У сенцах прыемна пахла сушанай мятаю і кменам, а ў хаце, як толькі пераступіла нізенькі парожак, аглушыў смачны водар смажанай на сале цыбулі. Млява аслабела цела, забурчала ў пустым страўніку, і рот забіла густая ліпучая сліна; Рэната зглытнула яе, і камяк сліны неяк балюча пакаціўся па горле, быццам піхнуў яе назад, да дзвярэй; яна прыхінулася спінаю да вушака, і чорная засланка, якой была застаўлена печ, і залацістая вязанка цыбулі, што вісела ў чалесніку, гайдануліся ў яе перад вачыма. Дзіўна неяк, гэты смачны, п’янкі водар коціць не ад печы, а злева, ад акна. Так, на стале стаіць патэльня з дранікамі, побач — карычневы стаўбунок, укручаны каля шырокага гарляка бяростаю, і два белыя кубачкі.

Гаспадыня ўзяла стаўбунок і пачала наліваць малако ў кубачкі.

— Малачко, от пабачыцё, пойдзе лепей, чымся тая сцюдзёнка з вядра,— сказала яна, стаўляючы стаўбунок на месца. Падсунула зэдлік, прапанавала, як добрай і жаданай госці: — Выпіце. І дранічка пакаштуйце. Ранічкою пякла. У печы стаялі — цёплыя.

«Якое густое малако,— падумала Рэната.— І як нейкая пара над ім. І над стаўбунком таксама...»

Белы тлумны туман ударыў у галаву, уваччу зноў пыхнулі вялізныя ружовыя матылі, і Рэната, пахіснуўшыся, пачала павольна асядаць на падлогу.

— А што ж гэта з вамі зрабілася? — гаспадыня паспела падтрымаць яе, падсунула нагою зэдлік, памагла сесці, спалохана завойкала, замітусілася: — А вой-вой-вой... Ці не галаву закружыла?.. Яно пройдзе, пройдзе, толькі каб адпачыць...

Рэната села, прыхінуўшыся плячыма да сцяны, і адразу ж у галаве пасвятлела, матылі прапалі, як пераселі на квяцістую шторку ў драўлянай пераборцы, што аддзяляла куханьку ад залы; шторка ціха дугнулася і гэтак жа гайдануліся, быццам пераляцелі з адной ружовай кветкі на другую, два ружовыя матылі. Матылі неяк раптоўна расталі, следам добра акрэсліліся кветкі на шторцы, краёк канапы, што стаяла ў пакойчыку за пераборкаю, і вузкі, саматканы дыванок на падлозе.

— Галава ўжо нічога. Слабасць толькі ў целе,— прызналася Рэната, удзячная гэтай незнаёмай жанчыне за ласкавасць і спагаду.— Спудзілася была дужа, як паліцэйскі прычапіўся... Ён ботам па мяху лупіць, а мне гэта бы па сэрцу: парвецца мех, жытцо ў пясок пасыплецца. Як не памерла тады, быццам не мех той, а мяне ён ботам патоўк...

Гаспадыня загаварыла напеўна, як усё роўна малілася:

— О, прыхадзень! О, звяруга, каб жа яму магіла донца паказала. Каб жа яго і тамака гэтак таўклі, як ён жытцо малаціў ботам.

— Я адразу сцяміла, што паганы ён чалавек,— сказала Рэната, ёй карцела працягнуць гаворку.

— Хіба ж то чалавек? Упершыню на сваім вяку такога паганца бачыць вёска. У нас, у вёсцы, людзі харо-ошыя, чулыя. А гэты... Але доўга не паносіць ён галавы сваёй паганскай.

— І адшукаўся ж недзе, выпаўз...

— Хай ён сабе... Лепей — паешце вы ўжо,— і гаспадыня падсунула бліжэй да Рэнаты кубак, потым патэльню з дранікамі, дадала лагодна: — І малачка папіцё. Калі доўга не паясі, дык галаву, ведаю, заўсёды кружыць...

Рэната ўзяла кубак у руку; рука дрыжала, і яна абхапіла кубачак аберучкі, адпіла глыток, другі. Які мяккі, даўно забыты смак! Адразу ў горле адмякла, смага прапала, знікла сухасць у паднябенні, быццам яго памазалі нейкім дзівосным гаючым маслам... Даўно, дужа даўно не даводзілася піць малака... Як пачалася вайна, дык гэта, здаецца, першы раз. Так, упершыню! А Данічак як жа любіць малачко! Валя, то калі і малая была, брыкалася — заўжды не па душы ёй малако. А Данічак — цэлы кубак запар выпіваў. Гэты кубачак на той, Данікаў, падобны. Не, кветкі сінія там былі, а тут — жоўтыя. І беражок у Данічкавым кубачку быў сіні. Пабіўся кубачак той, калі на горад фашысцкія самалёты наляцелі. Геначка ўскочыў тады з крэсла — снедалі яны якраз на тэрасе — і зачапіў кубак локцем. Яна яшчэ тады папрасіла Геначку шклянне выкінуць, каб малое не пабачыла і не плакала. Геначка тое шклянне выкінуў. А цяпер жыццё і яго самога выкінула... Ляжыць, бедачок, у пясочку пад соснамі — няма каму там і магілку дагледзець. Трэба будзе вясной туды абавязкова дайсці... Вясной фашыста прагоняць, вернецца Міхал, і яны паедуць у той лясны кут, перанясуць сыночка на могілкі, пахаваюць па-людску... Але гэта потым ужо, як вайна скончыцца. А зараз пра другое яна павінна думаць, пра іншае клопат у галаве трымаць. Данічак і Валя — вось галоўная яе турбота. Як ён, Данічак, тады бег да століка, бульбу ўчуўшы! «Бульбачка! Бульбачка! Мне, мне!» А каб жа гэткіх дранікаў яму! Ды малачка хоць кубачак! Хоць глыточак які!..

Боль сціснуў сэрца, і Рэната, не дапіўшы малака і да палавіны, спачатку асцярожна паставіла кубак на стол, а потым адсунула падалей ад краю, апусціла рукі і сагнулася, як бы сядзела дзе сам-насам, заплакала ўголас, заплакала наўзрыд, не саромячыся чужога чалавека, быццам не заўважала яго. Уся бяда, усё гора, што давялося спазнаць за апошні час, прыціснула цяжка, як ніколі раней, і яна ўпершыню яскрава, бы сабранае ў адно, убачыла перажытае і, убачыўшы, спалохалася, не паверыла: няўжо яна гэтулькі перанесла, гэтулькі сцярпела, не зламалася, засталася жывой?..

Яна плакала ўголас, але цяпер ужо крыху сцішана, давячыся сваім плачам, плакала і ад гора, якое было ў душы і ад якога ў яе не было паратунку і збавення, плакала ад цеплыні і нечакана стрэчанай сардэчнасці, плакала ад ласкавага пагляду гаспадыні, якой ніколі раней не ведала, плакала ад спагады чалавека, які сядзеў побач і ні пра што благое не нагадваў, плакала, перапоўненая ўдзячнасцю да гэтай жанчыны, якая ні пра што яе больш не распытвала, не цікавілася, хто яна і адкуль. Ёсць добрыя людзі на свеце! Ёсць, бо без іх звёўся б увогуле гэты свет! Вось запрасіла гаспадыня да сябе ў хату яе, Рэнату, чалавека зусім незнаёмага, частуе гэткім багаццем і не шкадуе нічога, нібыта разам з Рэнатай перажыла гэтулькі ж, колькі і яна перажыла, і гэтулькі ж адпакутавала, і ўсё цалютка разумее і прымае блізка да сэрца.

— Вы ешце, ешце,— папрасіла гаспадыня, даліваючы з гладыша малака ў кубачак, са спагадлівай усмешкаю на твары.— Запіваць дранічкі малаком добра...

— Дзякую... Неяк мне і сорамна...

— Бяды навошта ж саромецца? Яна да кожнага прыстаць можа. Яна кожнага дзюбне, абы толькі ёй паддацца.

Рэната ўзялася есці. Дранікі, як самі, лезлі ў рот, і яна ела іх напоўніцу, але не прагна, і ўсё яшчэ крыху саромелася, але саромелася ад удзячнасці, якую не магла выказаць так, як гэтага ёй хацелася,— удзячнасць ішла нават болей не з таго, што яе частуюць багата, а са спагады, ад якой адразу змякчылася сэрца,— і расказвала аб сваім жыцці, пра нягоды, што зваліліся на яе за апошнія месяцы, пра сваё гора. Расказваючы, яна час ад часу лавіла сябе на думцы, што спыняецца на ўсіх падрабязнасцях быццам знарок, каб і разжаліць гаспадыню, і апраўдаць свой голад, і разумела, што гэтыя думкі ідуць ад сораму, з якімі яна ўсё яшчэ не можа саўладаць.

Потым раптам спахапілася, што яшчэ не назвала ні свайго імя, ні прозвішча, і не ведае імя гаспадыні, і не папытала ў яе пра жыццё, ані ў чым не паспачувала, нібыта бачыла перад сабою чалавека, які жыве ў поўным дастатку, у багацці, шчаслівага. Хаця, відаць, не вельмі багата шчасця ў гэтай хаце. Малако на стале — значыцца кароўку мае. Дранікі з салам — значыцца бульбачка ёсць. І, відаць, не пусты кубелец. Але ж у сініх вачах гаспадыні туга, самота, і цёмныя дужкі ад бессання ў вачніцах, і неяк гаротна звісаюць бялявыя валасы, нібыта хаваюць дзве глыбокія зморшчынкі праз увесь лоб, і горкія складкі крывяцца ля тоўстых губ, і сядзіць неяк яна, гаротна сагнуўшыся, схіліўшыся на правы бок, быццам увесь час хоча нешта не прапусціць там, на падворку, і разам з тым суняць боль у правым баку, ля паясніцы; адна рука ў яе там, на паясніцы, а другая на падвоканні, нерухомая, як нежывая, і неяк тужліва звісаюць канцы шэрай хусткі, што спаўзла з галавы і лягла на плечы.

— А дзе ваш дамок, кажаце, быў? — спытала гаспадыня.— Я калі да сына прыязджала, дык была на замчышчы — ведаю тую мясціну. Малодшы мой на цагельным заводзе рабіў. Можа, чулі прозвішча Сямак? Рыгор Сямак.

Рэната паціснула плячыма:

— Ды нешта, прабачце, не даводзілася.

Гаспадыня аднеслася да гэтага прызнання спакойна:

— Не дзіва — завод вялікі. На ім мой муж, Антонка, таксама рабіў. І старшанькі тамака працаваў. Да арміі. Адтуль служыць пайшоў...

Яна назвала яшчэ імя нявесткі і імёны ўнукаў і сказала, што нявестка з малымі паехала да бацькоў на Урал у адпачынак і што ў канцы ліпеня яна з сынам таксама павінна была паехаць туды. «Ой, як жа ён упрошваў! Ой, як жа яна мяне маліла! І я ўжо была і пагадзілася паехаць, Урал той паглядзець». І раптам пачала расказваць пра мужа, які загінуў пад Выбаргам, і двойчы — Рэната, перапыніўшы яе, паведаміла, што яе Міхал таксама быў пад Выбаргам,— папытала прозвішча Рэнацінага мужа, і доўга маўчала, быццам нешта прыгадваючы.

— Мужчынкі на вайне свечачкамі гараць,— парушыла маўчанне гаспадыня. Гаварыла яна цяпер новым, нейкім сухаватым голасам і марудна, быццам чытала блага напісаны сказ.— Але ж і няроўна: аднаго — першым ветрыкам згасіць, другога — ніякая непагадзь не завее...

Рэната слухала моўчкі, баючыся ўставіць нават слоўца, усё спадзявалася, што дачуецца ад гаспадыні пра свайго Міхала. Не выпадкова ж яна папытала прозвішча яе мужа, не выпадкова, відаць. Урэшце, страціўшы ўсялякую надзею, запярэчыла:

— Цяперашнім часам, скажу я вам, і кабетам нясоладка.

— А каму цяпер соладка? Даўней з калгаса нам усё: і збожжа, і гародніна, і грошы... До-обра жылі. Дык вось маеш: фашысты, погань гэтая, прыпёрліся. Рабуюць нас, як пёрка, трасуць. Спачатку сказалі: тры дні на тыдні — малако ім здаваць. Цяпер — пяць дзён увесь надой да кроплі на маслазавод ім пурыш. Масліца сабе робяць...

— І далёка маслазавод? — спытала Рэната, нібыта толькі гэта і было ёй цікава ведаць.

— У Пясках, напрамкі — тры кіламетры. Дак жа ж на маслазавод не толькі «млека» цягнеш. Яйкі — здай. Шпэк — здай. Воўну — здай не адкладваючы. Мяса — здай, хоць ты яго з калена выламі, калі не маеш. А Жыгалка кожную раніцу — шусь у хату. Спіс у яго — кожны ж двор падаткамі абкладзены,— і ён па ім шпарыць: гэтае, маўляў, не здала, гэтае за табой лічыцца... Піце вы малако, піце! Упадабалі дранічкі?

— Не памятаю, калі і каштавала гэткую смакату. Як разлічыцца толькі, не ведаю. А во! Сукенку бярыце.

— Якую сукенку?

— Сінюю. Добрая сукенка. Новая амаль. Яна тут, у хатулі ў мяне ляжыць.

Рэната пацягнулася да хатуля, які ляжаў ля сцяны. Гаспадыня, перайшоўшы на «ты», замахала рукамі:

— Ты што прыдумляеш? Не людзі мы, ці што! У мяне ад людской бяды сэрца штодня баліць. Пурыш гэты бітон з малаком у Пяскі, цягнеш, а сэрца — ірвецца: ворагу ж нясеш! Што, каб свайму чалавеку панесці, дзетак малых уратаваць. Вось як цябе, гаротніцу, за госця прыняць...

Рэната паклала хатуль на ранейшае месца, адсунула кубак на сярэдзіну стала, пальцам зняла з цыраты кропельку малака, злізнула яе. Цяпер за ўсё плоціш. Усё як перавярнулася ў свеце.

— У свеце, можа, яно і перавярнулася. Але ж у сэрцы чалавечым — не павінна. Чалавек павінен чалавекам і застацца...

— Ведама ж...

Ад тлустай і сытнай ежы, цеплыні, дабрадушнай гаворкі гаспадыні Рэнату размарыла, пацягнула на сон; загадвала сабе, што трэба падзякаваць, узняцца і рушыць далей, і ўсё сядзела, слухала, са згодаю ківала галавою, і ад гэтага ківання ўсё больш не падуладным розуму рабілася цела, цяжэлі, зліпаліся павекі.

Гаспадыня як не заўважала нічога, гаварыла і гаварыла, узрадаваная, што яе ўважна слухаюць:

— Наш Пятровіч, даўней, усё казаў нам: ты, маўляў, калі і паміраць давядзецца — чалавекам памірай. Як арол! Ды і сам быў — аро-ол!

— А хто гэта, ваш Пятровіч?

— Старшыня да вайны быў. Ён, даўней, да мяне — заўсёды з павагаю: Ганна Андрэеўна ды Ганна Андрэеўна... Я ж увесь час у калгасе рабіла. На свінаферме, о-ох, у нас жа свінаферма была — на ўвесь раён грымела... А ты да вайны робіла дзе?

— На хлебазаводзе. У брыгадзе па выпечцы.

— Хлебец, значыцца, пякла. Ручкамі пакуль яго намесіш. Ведаю.

— Машыны ў нас былі, новыя. Добрае абсталяванне!

— А твой гаспадар дзе робіў?

— Там жа, на заводзе. А ў трыццаць дзевятым у армію пайшоў. Ён партыйны. Пасылалі тады партыйных у армію.

— У нас таксама. Амаль усе брыгадзіры — камандзірамі ў армію,— і раптам вярнулася да гаворкі ранейшай.— Машынны хлеб — не тое. На кляновы лісточак калі яго пасодзіш ды кмену дасі поверх. Крамны хлеб — яго да вайны нам везлі штодня — я не брала. Сама пякла, сама!

— Калгас у вас добры быў! — сказала Рэната, адчайна змагаючыся са сном. «Мне трэба ісці. А я што раблю?»

— У-у! На выстаўку я ў Маскву ездзіла са сваімі свіннямі. Пазалетась. О-оё, колькі свету пабачыла!

Рэната, адолеўшы санлівасць і стому, пачала ўзнімацца.

— Буду ісці, бо калі гэта дабрыду,— і шчыра падзякавала.— Душою тут я ўгрэлася. Дзякую... І хай шчасціць, і хай бяда абміне...

Гаспадыня, усхваляваная ўспамінамі, удзячная, што яе гэтак уважна слухалі, усхапілася:

— На ноч гледзячы ісці? Чатырнаццаць жа кіламетраў!

— Як? Мне ж казалі — дзесяць!

— Гэта, калі на маслазавод. Але ж мост там спалены, і кладачку ноччу не пяройдзеш,— і завяршыла тлумачэнні цвёрда: — Заначуеш, а заўтра — пойдзеш!..

Рэната ўзрадавалася, у душы яна адразу пагадзілася з тым, што казала гаспадыня. Але трывога ў сэрцы мацнела, не знікала. Дзеткі ж там адны, чакаюць: яна паабяцала, што сёння вернецца! Не разлічыла вось сілы, не паспела прайсці ўвесь шлях. І блізка ж, а — не дойдзеш. Каб сонца, дык можна б было ісці, а тут — хмары, амаль ужо і цёмна. Жахліва адной у дарозе — трэба заначаваць. Адшукаць таго паліцэйскага, узяць дазвол... .

— А во! Хай ён апруцянее са сваім дазволам,— абурана выпаліла гаспадыня.— Ноччу ён па хатах не цягаецца, балюе з былым калгасным конюхам — адна, ведаеш, хэўра. І спяць потым, пакуль сонца пяты не зашкварыць...

Сон адольваў Рэнату. Варта было ёй дазволіць сабе далей не ісці, як адразу нібыта што абламілася ў душы, пабурылася тая перасцярога, якая ўвесь час падтрымлівала і бадзёрыла.

— Я раненька ўзнімуся — ніхто мяне і не заўважыць у вёсцы,— паабяцала яна санлівым ужо зусім голасам.— На саменькім золачку. І пашпарт у мяне ёсць. Вось, калі ласка, паглядзіце.

Гаспадыня адмахнулася:

— А навошта ён мне? Сабе мы ўжо верыць не будзем?

— Не, я не тое зусім, каб правяраць там, ці што. Я вам свой адрас пакіну, вы перапішаце. Намалюю нават, як ісці!

— Ды ведаю я ўжо ўсё! У мяне шчэ, дзякуй богу, па-амяць. Мне, ведаеш, як на выстаўку тую ехаць, Пятровіч до-оўгую паперчыну прыцёг: во, кажа, тут табе ўсе паказчыкі нашы. Пачытала я тую паперчыну і кажу: звярай, маўляў, з цыдулькаю. І ўсе тыя лічбы — адтарабарыла... О-ох, смяяўся Пятровіч! Калі цябе, Ганна, казаў, міністрам сельскай гаспадаркі зробяць — не здзіўлюся...

Гаспадыня доўга яшчэ расказвала, як яна ездзіла ў Маскву, што бачыла там, як сустракалі яе тут, у калгасе, калі яна прыехала, і Рэната, слухаючы гаспадыню, адчувала дзіўнае заспакаенне і лагоднасць. Гора быццам сплыло, аддалілася, нібыта было ўжо даўно перажыта, закрэслена, не пагражала болей нічым, і меней вярэдзіла сэрца турбота аб дзецях. Яна ўвесь час думала пра іх; але са здзіўленнем заўважала, што клопат пра Валю і Даніка быў цяпер нейкі сцішаны, светлы, без ранейшай роспачы і тугі, якая непакоіла ад самага ранку. І неяк дзіўна знаёмае гэтае адчуванне, што бяда аддалілася, што ўсе нягоды быццам перажыты, закрэслены. Так, зусім мала трэба чалавеку, каб ён адразу змякчэў, адтаяў душою — крышку цеплыні і спагады. І вось ужо табе і добра і лёгка, і думаецца пра заўтрашні дзень без трывогі і адчаю. Заўтра яна не заспіць, узнімецца на золку, прабяжыць тыя чатырнаццаць кіламетраў, і ўбачыць сваіх дзяцей, і накорміць іх, і будзе расказваць ім пра сваю вандроўку, пра тое, што бачыла, пра людзей, з якімі страчалася, пра гэтую слаўную жанчыну, якая прытуліла на ноч, пачаставала шчыра, нічога не пашкадаваўшы. І не тое галоўнае, што накарміла: шчырасць сагрэла, давер, чуласць... Ганна Сямёнаўна... Не, Ганна Андрэеўна Сямак! Каб жа толькі запамятаць! Прозвішча дужа лёгкае, простае. Ды і хай бы самае мудрагелістае прозвішча было — яно ў Рэнаціным сэрцы на ўсё жыццё. І дранікі якія ж смачныя! Трэба абавязкова расстарацца бульбы, цыбулькі і сала — дзецям гэткіх дранічкаў напячы...

З добрымі і спакойнымі думкамі засынала Рэната. Гаспадыня ўладкавала яе на канапе ў шырокім пакоі-зальчыку, які быў адгароджаны ад кухні пераборкаю,— уладкаваліся на ноч адразу ж, як толькі ацямнела, нават не запальвалі святла. Гаспадыня легла на ложку ў кутку пакоя, за рагатым — ад акна да акна — фікусам, пажадала добрага сну, потым, паляжаўшы ў маўчанні, прамовіла:

— Кладзешся ўвечары, а з чым ранак стрэнеш — і ведаць не ведаеш. Гэта ж, думаю, страшна вам тамака жыць, на попелішчы.

— Я дык і не заўважаю. Прызвычаілася.

— А малыя?

— А таксама. Ім — абы не галодным класціся...

— Я ў жніўні — адзін раз пасля таго, як гэтая набрыдзь накаціла,— была ў Полацку. Коміны, коміны, коміны — бы па могілках ідзеш. Бляха недзе ў спаленым будынку ад ветру: «джынь-джынь-джынь...» І сэрца аж маленькае робіцца — гэткі жах. Тады шчэ яўрэяў бачыла. Па бруку ім загадалі тупаць, на тратуар каб не заходзілі — дубца тады па хрыбеціне. І тупаюць яны, тупаюць. І ў кожнага зорка жоўтая шасцікутная на грудзях і на спіне. У каго ні пыталася, ніхто не ведае, чаго тая зорка шасцікутная. Праўда, адзін чалавек казаў, што гэта — зорка Давіда, нешта там з рэлігіяй іх звязана. Ты, часам, не ведаеш?

— Не, не ведаю.

— У нас баялі, што золатам гета іхняе адкуплялася, калі гэты хапун на іх ішоў. Спярша загадалі: нясіце чатыры пуды золата — воля ўсім. Сабралі. Тады яны ў другі раз ім загадалі: нясіце шчэ столькі ж. Толькі два сабралі пуды — не было, быццам, болей. Ці было, ды не схацелі аддаць, каб і сабе ж нешта пакінуць. Ну, тады іх усіх і пастралялі.

— Не чула я пра гэтую гісторыю з золатам.

— А ў нас — баялі. Хаця, цяперашнім часам, чаго толькі людзі не нагавораць, не наплятуць. Раней радыё ўключыш — усё табе раскажуць, і ўсё ты ведаеш, і шчэ песняў наслухаешся. А калі чалавек ведае, што ў свеце робіцца, дык і на сэрцы весялей. І з тропу яго не спіхнеш.

— Кепска, ведама, без радыё.

— Яшчэ што ў нас баялі. У Баравусе, каля цагельні, нашы палонныя паўстанне ўзнялі.Варту перабілі і — у лес. Усе начыста паўцякалі. Чула пра гэта?

Рэната насцярожылася. Нібыта нешта хоча выпытаць гаспадыня, пра нешта даведацца, а адкрыта пра тое сказаць не адважваецца.

— Гэта не навіна, што з лагераў палонныя ўцякаюць. Гэта скрозь ёсць, не толькі ў Баравусе...

Няпэўны гэты адказ як бы падахвоціў гаспадыню, голас яе загучаў больш жвава:

— Не-е, не кажы. Было паўстанне ў кастрычніку. Ты вось паслухай. Іду гэта я, малако тое здаўшы. Да братавай забегла, дамоў толькі надвячорку, прыцемкам ужо — які там дзень у кастрычніку. Перабегла кладачку, хата ўжо відаць. А з хмызняку — покліч. Гляджу, ажно наш салдацік стаіць. Прыгледзелася — жанчына. Просіць яна: паесці чаго дайце, сюды, паказвае на ядловец, прынясіце. Пабегла я ў хату, пахапала хлеб, бульбу — вараная бульба ў мяне была, у печы стаяла, цёплая. Прынесла. Кажу ёй, маўляў, з Баравухі ўцяклі, з палону? Не, кажа, не ўцяклі, мы паўстанне ўзнялі і на волю вырваліся. Гляджу, у ядлоўцавых парасніках яшчэ людзі туляцца. Можа, здалося мне, але шмат там людзей было. Ватовачку я шчэ ёй аддала. Ну, развіталіся, мне няма чаго там было яе распытваць, а ў хату пайсці яна адмовілася, пра паліцэйскіх папыталася. Дні праз два — на ганку мая ватовачка ранкам ляжыць, значыцца, была тая жанчына зноў тут. А вось жа не заходзіла,— гаспадыня гучна ўздыхнула.— Гаруюць людцы, о-ёй, гаруюць. Але ж нездарма кажуць: чужую хату бурыш — сваю зачэпіш. Так што падцісне і Гітлера бяда, о-ой, падцісне: яму нашы слёзкі адальюцца...

Гаспадыня паўздыхала, змоўкла, і Рэната, услухоўваючыся ў яе цяжкое дыханне, зноў падумала пра тое, што нейкая важная гаворка засталася нечапанай, і ўсё чакала, што гэтая гаворка пачнецца. Але стомленае цела прагла адпачынку, і млявасць усё мацнела, і гаманіць і слухаць ніякай ахвоты ўжо не было. Рэната, як здаля, пачула гаспадыніна «ты спіш ужо?», і мармытнула, што спіць, і заснула моцна, як правалілася ў цёплую і ласкавую бездань....

Абудзілася Рэната ад ціхай і прытоенай гаворкі, ад пачуцця, быццам яе нехта паклікаў, і ляжала ў чаканні, і не адразу сцяміла, дзе знаходзіцца. Потым прыгадала ўсё і адразу, наважылася была адгукнуцца, паклікаць гаспадыню. Але вусны як звяло — цяжкія, непаслухмяныя, не паварушыць імі. І грукатлівае туканне сэрца: «тоўх-тоўх-тоўх...» Цемра ў пакоі дзіўная, няўстойлівая, аднекуль прабіваецца незразумелае слабае святло, як водсвет нейкі: то прападзе, то зноў узнікне, быццам пырхне з-за рагатага фікуса. І лісціны фікуса то акрэсляцца, то праваляцца ў цемры, то зноў выплываюць з цемры. І пах дыму нейкі...

«Кураць! Гэта ж за пераборкаю кураць! І гавораць пошапкам — там!»

Пераборка была не да самай столі, і водсвет пырхаў адтуль, і адтуль жа чулася слабая, прыцішаная гаворка. Галасы пульсавалі, як і святло, і словы то знікалі, то выплывалі, і Рэната, аглушаная тоўханнем крыві ў скронях і грудзях, прагна ўслухоўвалася, намагаючыся злавіць сэнс гаворкі.

«...давяраць, не пярэчу. Але ж ён...»

«...хлеб бярыце. Болей, болей...»

«...галоўнае, калі павязуць. Тады мы...»

«...ён прынясе. Я сказала...»

«...яго не трэба чакаць. Бо яна настойвала...»

«...у аўторак, не раней. Калі штодня — у вочы кінецца».

«...кокнуць яго. Робім, як на пляцень вешаем...»

«...цішэй, кокальшчык. Бяры болей, болей...»

«...а яму гэтак і перадайце...»

Два галасы былі мужчынскія: адзін усё са смяшком, з падкавыркаю, а другі — стомлены, басавіты; і жаночы голас было чуваць зрэдку, але на голас гаспадыні не падобны. Не, яе гэта голас! Ганна гэта з імі гаворыць! І дзверы адчыняюцца... Не, зачыніліся дзверы, нешта ў сенцах ляпнула, але мякка, прыцішана. Асцярожныя крокі за акном. І мяккія крокі ў пакоі: «ляп-ляп-ляп...» Басанож, відаць, гаспадыня ідзе. Цяпер вось рыпнуў ложак. Затарахцелі шпалеры на пераборцы — зачапіў, відаць, хтосьці, як таркай шкрабануў. Зашамацеў фікус, быццам патрэслі яго... Цяпер сцішылася ўсё. Каб табе хоць слабенькі гук які — ажно звініць у вушах. Падобна, што і гаспадыня не спіць, не дыхае нават, як бы няма яе за пераборкаю. Не, дыхае роўна, быццам добра і салодка спіць. Няўжо яна гэтак хутка заснула? І зноў слаба пыхкае святло, але гэта ўжо з акна, што ля канапы,— як нешта гарыць дужа далёка.

А можа, здаецца ў сне табе гэта ўсё? І галасы сасніліся, і крокі, і святло?.. Не, ніякае гэта не зданнё! Нешта няўлоўнае, але знаёмае было ў тым басавітым голасе — як недзе чула ўжо. І колькі ж яна спала?.. Гадзіну, дзве?.. Ранак ужо ці ноч яшчэ? Мусіць, ноч. Дужа ж цёмна. Адразу ж, як толькі пачне днець,— у дарогу! А можа, варта пагаманіць з гаспадыняю? Не, не! Каб яна хацела, сама гукнула б ці зрабіла нейкі знак, што не спіць. А то стаілася, быццам мыш у нары, быццам моцна спіць. І няхай! І яна, Рэната, будзе спаць. Нічога яна не бачыла, нічога не чула. Гэтага і ранічкою трэба трымацца: моцна спала, маўляў, не прасыналася, як лягла на адзін бок, дык з гэтым і прачнулася... Але ж цікава, што гэта за начныя госці? І гаспадыня добра іх ведае, бо і прыняла цішком, і гаманіла цішком, і выправіла нячутна амаль... Чужая душа — пацёмкі, верна гэта гаворыцца. І табе, даражэнькая, няма патрэбы сляпіцаю да гэтай жанчыны ў вочы лезці. Далі табе прытулак на ноч? Далі. Вось ты і падзякуй за ласку, за цяпло. Падзякаваць, ведама ж, няцяжка, трэба неяк аддзячыць. Хай гаспадыня і не схацела ўвечары ўзяць сукенку, але Рэната ёй ранкам яе аддасць. Сінюю, самую лепшую... Не! Усё тое, што не давялося памяняць,— тут трэба і пакінуць. Але ж пакрыўдзіш чалавека... Хопіць! Хопіць ёй пасярод ночы планаваць нешта! Будзе дзень — будзе і свята! Усё, само па сабе, належным чынам павернецца. І калі шчэ той дзень! Заснуць трэба, заснуць, каб заўтра сілы мець, каб без перапынку да горада дабіцца.

Галёкнуў недзе далёка певень, і Рэната радасна адзначыла, што ўпершыню сёння ноччу чуе яго, і тут жа зноў, адразу супакоеная гэтай думкаю, моцна і добра заснула.



12

Сонца ўсё ніяк не магло прабіцца праз белае, як зімой у адлігу, хмарнае сутонне, што завісла і над полем, і над лесам — ён застаўся ў Рэнаты за спінаю,— і над дарогаю, якая шарэла наперадзе; сонца было ўвесь час злева ад дарогі, і густая імгла ў тым баку як бы сунулася, плыла над маладым альхоўнікам.

class="book">У туманным сутонні дарога выдавала незнаёмай. Але гэта ніколькі не бянтэжыла Рэнату: ідзе яна правільна, не зблудзіла. Зараз скончыцца поле, потым будзе ручай, з густымі лазнякамі па берагах, за імі дарога папаўзе на ўзгорак, да чыгуначнага пераезду, і адтуль ужо добра будзе відаць гарадскія гмахі, асабліва белыя царкоўныя муры, што стаяць ля Дзвіны на крутым замчышчы. Хаця сёння наўрад і ўбачыш іх ад насыпу: гэта толькі ў сонечны дзень адтуль згледзіш горад. А сёння гэткая імгла, што здаецца, як села на зямлю неба. І сняжынкі залётваюць. Відаць, Ганна праўду ўчора казала: сёлета, маўляў, зіма дужа рана пакладзецца — шыпшына і дагэтуль скрозь па берагах Дзвіны не абляцела. Гэта, значыцца, верная прыкмета на сцюжу, на снягі вялікія, на вятры. Тое вось і ёсць... Але па гэткім снезе яшчэ можна і ўпрыбег. І яна, Рэната, сёння ідзе хутка і спорка — вунь ён, ручай, наперадзе. Добра, што паслухалася ўчора Ганны, адпачыла, сілы набралася.

«Ганна Сямак... Сямак Ганна...»

Рэната паўтарыла пра сябе імя і прозвішча жанчыны, з якой нядаўна шчыра і сардэчна развіталася і запынілася, быццам хто піхнуў яе ў грудзі. Сямак?! Ды гэта ж прозвішча таго маладзенькага вайскоўца, якому Рудак тады, ля ручая, даваў загад падрыхтаваць драбіны! Ці ж не яго голас Рэната і чула сягоння ноччу! Яго голас! Значыцца, Ганна — маці таго маладога вайскоўца. Блакітнавокага... А ў Ганны якія вочы? Светлыя, здаецца... Якая яна, Рэната, дурніца! Як жа гэта яна адразу, як толькі пачула прозвішча гаспадыні, не прыгадала той дзень ля ручая? І ўночы, калі пачула голас, чаго не прыгадала?.. І раней, як толькі Ганна сказала, што два сыны ў яе, што адзін працаваў на цагельным заводзе. А старэйшы — у арміі... А можа, малодшага сына яна, Рэната, бачыла тады ля ручая?..

«Трэба спыніцца...»

Рэната збочыла — ручай не перасякаў дарогу, ён падыходзіў амаль ушчыльную да яе з правага боку, маленечкі, але з цвёрдымі беражкамі і жоўтым жвірыстым дном, — зачэрпнула, з цяжкасцю нахіліўшыся, вады ў прыгаршчы, памыла твар, потым зачэрпнула вады зноў і напілася. Ад сцюдзёнай вады — вада чамусьці моцна пахла аерам, хоць яго паблізу на беразе і не расло анідзе,— закалола зубы, і неяк дужа яскрава прыгадалася, як сёння яна прачнулася ранкам і мылася на падворку ў Ганны. Вада там, са студні, гэтак жа моцна пахла, як тут, у ручаі, аерам. Ганна стаяла побач, ветліва гаманіла з ёю, распытвала, ці добра выспалася і адпачыла, і аніводным словам не нагадала начных гасцей, і выгляду нават не падала, што нехта прыходзіў, і, як падалося Рэнаце, зусім не цікавілася тым, што чула што-небудзь уночы яе госця. Адно толькі прасіла, і, здаецца, шчыра прасіла, пачакаць, пакуль выпаліцца печ, каб паснедаць, а потым ужо рушыць у дарогу. Рэната адмовілася ад снядання, тады Ганна пачала ўпрошваць узяць з сабою бохан хлеба і дзве бутэлькі малака. Рэната пагадзілася толькі пасля таго, як Ганна прыняла ад яе ў падарунак сукенку.

Бутэлькі стаялі цяпер у хатулі за спінаю, і Рэната, выбраўшыся ад ручая на дарогу, абмацала іх. Во ўжо будзе радасці Даніку, во ўжо запляскае ў далонькі, калі малачко ўбачыць! І ёй радасць напаіць хлопчыка малачком, расказаць дзецям пра добрую жанчыну — пра Ганну Андрэеўну. Трэба будзе шчэ як-небудзь да яе прабіцца, памагчы па гаспадарцы. Мажліва, нават з дзецьмі выбрацца, як яна і запрашала. Але Жыгалка ж гэты папярэдзіў, каб у вёску болей не прыходзіла. Ліха з ім, тым злыднем, ёй з ім не страчацца болей, бо разам з дзецьмі ёй наўрад ці ўдасца выбрацца — зямлянку не пакінеш жа пуставаць. Ты пойдзеш, а тым часам ад Алеся ці Міхала — вестачка. Мо якраз і водзяць іх дарогі вось гэткія, як сёння ўночы незнаёмых людзей... Мажліва, за гэтыя дні, што Рэнаты не было, якая-небудзь навіна і ёсць, і чакае. Можа ж гэткае здарыцца? Ведама ж, можа. Таму нельга ёй, Рэнаце, тут валэндацца, спяшацца трэба! Нейкім дымам пацягнула. Адкуль жа тут дым? Жытла, здаецца, паблізу няма. За пераездам толькі — а да яго ж кіламетра паўтара! — стаіць хата дарожнага майстра. Няўжо адтуль, з гэтай далечы, дым нагнала? І нейкі ж паганы дым, як фарба і рыззё гарыць. І бразгаціць нешта наперадзе. Не, гэта справа, з таго боку, дзе пераезд, і далей крыху, пад сасоннік. І маторы там гудуць!

Рэната шыбавала далей, і бразгат жалеза быў цяпер выразны, і ўсё выразней рабіліся нейкія незнаёмыя гукі, мацнелі, быццам нешта ўсё кідалі і кідалі на прамёрзлы дол: «пох-по-ох-по-ох...»

Уперадзе, у туманным сутонні, узнік чыгуначны насып, на якім акрэсліліся чорныя каробкі вагонаў. Над пераездам слаўся чорны дым, плыў над насыпам, потым звальваўся ўніз, да зямлі, і раставаў. Вузкая істужка дыму паўзла і з-за насыпу, але рудая, пакручастая, узнімалася над дахамі апошніх вагонаў і абрывалася за імі, як абрэзаная. Злева па насыпе рухаўся паравоз, піхаў перад сабой нізкую платформу з пад’ёмным кранам, падобным на зруб студні, на якой узняў галаву драўляны журавель. Паравоз не даехаў да вагона, свіснуў, і тады стала чуваць, як чмыхае пара, што выматваецца з-пад колаў і скатваецца за насып; больш выразныя зрабіліся і галасы людзей, якія завіхаліся на платформе.

«Крушэнне! Партызаны эшалон узарвалі!»

Крыху прайшоўшы, Рэната ўбачыла, што не памылілася: непадалёк ад пераезду зляцеў пад адхон цягнік. За насыпам грувасцілася чорнае скарэжанае ламачча, коламі дагары ляжаў паравоз, і за імі дыбіліся, перакручаныя, параскіданыя ў розных напрамках вагоны і платформы, нейкія скрыні, машыны. Прыгадалася адразу тое, што давялося ўночы пачуць і пабачыць у хаце Ганны: ціхая гаворка людзей за пераборкаю, мігатлівае пырханне святла на лісцінках фікуса, слабы, дрыгатлівы водсвет на шыбах акна ля канапы, насцярожаныя крокі. Партызаны ўночы прыходзілі да Ганны! Яны, відаць, і эшалон гэты ўзарвалі!..

Рэната нечакана адчула, што і яна звязана з той начной гаворкаю незнаёмых людзей, з усімі тымі таямнічымі падзеямі ў хаце Ганны, і ганарлівае пачуццё прыналежнасці да таго свету, у якім яна і не была і які яна зусім і не ведала, спарадзіла пад сэрцам трывожную халадэчу.

— Ха-альт!

Загадны і патрабавальны покліч спыніў Рэнату за пераездам, які яна праходзіла хуценька, каб як мага хутчэй быць падалей ад жахлівага месца, праходзіла, увесь час пазіраючы на чорнае нагрувашчанне ламачча над насыпам; там, унізе, справа ад пераезду, рухаліся машыны, мітусіліся людзі, і яна глядзела ў той бок, і таму тое, што адбывалася злева, яе мала цікавіла. Але менавіта адтуль, з левага боку дарогі, якая крута абрывалася за пераездам і дзе стаялі салдаты, і прагучаў загад спыніцца.

Адзін з немцаў у жаўтлявым шынялі з пярэстай — чырвонае з белым і чорным — нашыўкаю на рукаве падбег да Рэнаты і загадаў, як прагаўкаў:

— Арбайт! Арбайт! Арбайт!..

Ён махаў аўтаматам у той бок, дзе спынілася нізкая платформа з пад’ёмным кранам, і Рэната здагадалася, што яе прымушаюць ісці туды, да насыпу, і нешта рабіць там. Яна запратэставала: не можа яна, маўляў, спыніцца тут, бо спяшаецца дамоў, да дзяцей, якія сядзяць галодныя, без хлеба і якіх яна не бачыла ўжо чатыры дні. Немец зноў замахаў аўтаматам, і Рэнаце падалося, што ён не зразумеў яе толькі з тае прычыны, што яна гаварыла па-руску, што варта ёй сказаць хоць адзінае слова па-нямецку, і ўсё зменіцца, ёй дазволяць ісці далей, у горад, дзе чакаюць галодныя дзеці, спадзяюцца, што яна прынясе ім хлеба. Але як жа хлеб па-нямецку? Ведала ж! А вось вылецела з галавы тут раптоўна. Спалохалася, дык таму і вылецела...

— Да сваіх дзяцей я іду. Чацвёра ў мяне,—і яна паказала чатыры пальцы, потым той жа рукой паляпала мех.— Тут ім брот,— і зарадавалася, што ўрэшце прыгадала патрэбныя словы.— Тут брот маім дзецям. Брот маім кіндарам. Яны ж чакаюць, есці просяць, галодныя зусім.

Немец нешта гергатнуў незразумелае, злосна садраў у Рэнаты з пляча мех, шпульнуў яго ў нізкарослы густы хмыз ля дарогі, балюча выцяў аўтаматам па руцэ.

— Арбайт! — гаркнуў ён.— Лё-ёўс!

Рэната заплакала. Заплакала і ад болю, і ад крыўды, і ад свае бездапаможнасці. Пакутаваць, мучыцца і потым усё, што набыла з гэткай цяжкасцю, з гэткай турботаю,— усё гэта адразу страціць тут? Вось жа дурніца — паперлася на гэты пераезд! Трэба даўно было крутнуць з дарогі, полем пайсці, полем... Не, там, заўважыўшы, маглі проста застрэліць: уцякае, маўляў... Так што яна правільна зрабіла, ідучы дарогаю. І цяпер нешта трэба разумнае зрабіць. А што тут зробіш?.. Ёй, відаць, было суджана з пустымі рукамі вярнуцца дамоў. І яна гэта прадчувала, сёння ранкам прадчувала — дужа ж лёгка ішлося, дужа ж радасна было на душы. Вось цяпер — радуйся!.. А мо ніхто і не кіне вока на тыя хатулі?.. Каб снег гусцей пасыпаў, зацерушыў мех у хмызняку — яна тады, як адпусцяць, зноў яго прыхопіць. Не павінны ж іх тут доўга трымаць. Людзей шмат яны пазганялі. Небачка, колькі ж тут людзей! І ўсё жанчыны болей, жанчыны. А снег быццам і сапраўды гусцее. Ідзі, сняжок, даражэнькі. Закідай зямлю, схавай ад чужога вока мех, каб ніхто не заўважыў, не зачапіў. Зрабі, небачка, ты ж можаш!

Снег, які нядаўна толькі залётваў, цяпер пачаў сыпаць густа, як зімою, і адразу ж усё вакол увачавідкі рабілася белым. Не святлелі ад яго толькі рэйкі, скарэжаныя вагоны, стоўчаны нагамі жвір насыпу, нізкая платформа і паравоз. Рэната — яе паставілі падграбаць жвір пад новыя, толькі што пакладзеныя рэйкі,— грабла жвір рыдлёўкаю і раз-пораз зіркала ў бок дарогі на шырокую палосу хмызняку, куды вартавы шпульнуў яе мех. Ніхто, здаецца, туды не ідзе, нават паблізу нікога не відно — усе завіхаюцца тут, ля разварушанага насыпу. І хмызняк той адсюль, з насыпу, добра відзён: белым-бела там усё ад снегу. Мех жа невялічкі, снег яго замаскуе, ніхто і не ўгледзіць. Небачка — калі ты ўсё бачыш! — падсыпай сняжку, не скупіся! Уратуй хлеб, уратуй ад чужога вока! Насып жа амаль гатовы — рэйкі кладуць, людзей хутка паадпускаюць дамоў,— рабіць тут болей няма чаго. А як жа вагоны пакарэжыла! Тыя, што ля паравоза былі, дык у гармонік сціснула — ніколі ў жыцці не даводзілася ёй гэткага бачыць. Немцы ўсе злосныя ходзяць, крычаць, падганяюць. Падпякло, значыцца! А што, спадзяваліся панамі тут быць? Скулле ў бок! Вось гэтак усе пад адхонам ляжаць будзеце!..

Рэната азірнулася, як спахапілася, што яе думкі нехта пачуў. Побач працавала жанчына ў мужчынскай ватоўцы, падпяразанай вузкім раменьчыкам, у зялёнай хусцінцы, нізка насунутай на лоб і звязанай тоўстым вузлом на патыліцы; калі жанчына нахілялася, відаць быў скамечаны каўнерык белай — у зялёны гарох — кофтачкі, з-пад якога, чырвонай палоскаю, паказалася схуднелая шыя. Незразумелая сімпатыя адразу з’явілася ў Рэнаты да гэтай жанчыны, і яна, двойчы злавіўшы на сабе добры і спачувальны позірк, адважылася і запыталася:

— З чаго крушэнне, не ведаеце?

— З ветру,— і на Рэнату ва ўпор бліснулі чорныя насмешлівыя вочы.— Але з ляснога, ведама. Полымя ўсю ноч шугала.

— Дык яно ўчора было?

— Учора. Уранні. А ты што, не тутэйшая?

— Па хлеб хадзіла. Мяняла адзежу па вёсках.

— Намяняла што?

— Слёзы. Дык і тое з пляча садралі.

— Я бачыла, як цябе з дарогі гналі. Дзе ў горадзе жывеш?

Рэната адказала, і жанчына шчыра зарадавалася:

— То мы ж — суседзі! Я — з Пагіршчыны. Гардзей Вольга. То і гляджу, што мне твар знаёмы.

— І мне падалося: бачыліся недзе,— схлусіла Рэната і нечакана засумнявалася ў сваёй няпраўдзе. Падобна, што і сапраўды недзе яны бачыліся.— Ад самага пачатку тут?

— Не. Ад самага пачатку тут палонныя працавалі, прыгналі іх эсэсаўцы. А ноччу палонныя — наўцёкі. Страляніна была-а... А сёння ўранні цывільных пазганялі. Усю Пагіршчыну — пад мятлу сюды. Ні папіць не даюць, ні паесці, ні адлучыцца і на хвілінку. Адно толькі равуць: арбайтэн, арбайтэн...

— Звяры! Усіх іх трэба сюды, пад насып!

— Ты цішэй, цішэй,— папярэдзіла Вольга.— І шпалы гэтыя, ведаеш, маюць вушы. Пачуюць — не адкараскаешся. Сёння чатырох мужчынак з вёскі — на шыбеніцу. У Слабадзе. Сабака, нібыта, след павяла ад гэтага насыпу ў вёску.

— У якой Слабадзе? .

— А там,— Вольга паказала рукою на сасоннік, што зусім блізка чарнеў ад насыпу.— Вунь, за паравозам, жанчыны адтуль. Яны расказалі...

— Звяры!

— Кажу ж табе: цішэй!

Строгая парада, выказаная па-сяброўску, умацавала раптоўную сімпатыю да гэтай жанчыны ў мужчынскай ватоўцы. Рэната пачала распытваць пра Слабаду, і Вольга расказала ёй і пра гэтую вёску, і пра тое, што партызаны ўзарвалі эшалон, на якім везлі на фронт нейкія новыя гарматы, і што эшалон вельмі моцна ахоўваўся, і партызаны ведалі пра гэты эшалон, падпільнавалі менавіта яго і потым нібыта зрабілі напад на эсэсаўцаў, дапамаглі палонным уцякаць, і нібыта сёння сюды прыязджала нейкае вялікае начальства, і што параненых і забітых адсюль вывозілі ўсю ноч, і параненымі заселены ўвесь шпіталь, і туды сагналі дзяцей, ад якіх бяруць кроў, каб ратаваць тых параненых, і што ў горадзе арыштавана шмат людзей.

Рэната не распытвала, адкуль Вольга ўсё гэта ведае, але паверыла адразу кожнаму яе слову. Удзюбнуўшы рыдлёўку ў жвір, яна пачала аглядацца, прымерваючыся, каб лацвей як кінуцца прэч, пабегчы дамоў, да дзяцей. Вольга гэтулькі парасказвала жахлівага! А яна, Рэната, кінула дзетак адных, без нагляду! Трэба было ўзяць з сабою, не адпускаць ад сябе! Куды ўзяць? Цягаць іх усе гэтыя дні за сабою? Яны б і палову не прайшлі таго, што прайшла яна!

— Пабягу, хай яно тут валіцца ўсё,— шапатнула Рэната Вользе.— Там жа — дзеткі адны. Пабягу.

Вольга спуджана торкнула ёй рыдлёўку ў рукі:

— Працуй! Працуй, дурніца. Альбо выгляд рабі, толькі не стой!..

Каля іх прайшоў эсэсавец, пакрыкваў, падганяў, і Вольга паказала на яго вачыма:

— Бачыла? Вось ён табе пабяжыць...

Рэната адразу адчула стому, рыдлёўка за гэты міг, што была ў руках Вольгі, як пацяжэла, зрабілася непаслухмянай. Зноў падступіла да сэрца горыч, і яна цішком змахнула слёзы з вачэй, сагнулася над рыдлёўкаю. Рэната грабла цяжкі жвір, грабла ўпарта, высільваючыся, ненавідзячы сябе і сваю працу. Яна ж на ворага горб гне, працуе, каб яму было добра. Але ворагу з яе працы вялікага набытку не будзе, яна паслухаецца парады разумнай жанчыны, будзе варушыць рыдлёўкаю толькі дзеля прыліку. А якая з таго ёй, Рэнаце, выгода? Нехта ж за цябе тваю працу павінен зрабіць, бо нікога ж не адпусцяць адсюль, пакуль не паправяць дарогу. Трэба працаваць, трэба скончыць працу як мага хутчэй, каб як мага хутчэй рынуцца з насыпу, схапіць свой мех і бегчы дамоў!..

Калі насып быў падсыпаны, Рэнату пагналі цягаць і грузіць на платформу патрушчаныя коламі шпалы, потым загадалі цягаць падалей ад насыпу высечаны хмыз, і толькі наадвячорку, з цёмным амаль, праца на месцы крушэння была скончана. Усім загадалі пакласці рыдлёўкі на платформу і разыходзіцца. Кінуўшы сваю рыдлёўку, Рэната як не кулем скацілася з насыпу і шуснула ў бок дарогі. Вольгу яна згубіла ў натоўпе, які завіхаўся і стрымана гаманіў ля платформы, і бегла цяпер туды, дзе яе затрымаў той немец у жаўтлявым шынялі — бегла з адзіным жаданнем знайсці свой мех. Яна добра бачыла, што ніхто не шастаў па хмызняку, ніхто і блізка туды не падыходзіў увесь дзень. Мех там! Яна зараз ухопіць яго і пабяжыць дамоў, да сваіх дзетак!..

Задыхаўшыся, яна прабегла ўвесь хмызняк, вярнулася на дарогу і спынілася, збянтэжаная, не разумеючы, што адбылося. Снег чысты ў хмызняку, анідзе і слядочка не відно. Але хатуля няма! Можа, яна што пераблытала, не там бегла? Не, нічога яна не пераблытала — тут яе затрымалі. Якраз вось ля гэтай лапіны сухой травы на ўзбочыне. А можа, ля той вунь?.. Якія ж яны ўсе роўныя, падобныя адна на адну, гэтыя лапіны, нібыта сподачкі жаўтлявыя раскіданы на белым снезе. Але ж тады трава, здаецца, клінам пачыналася ад дарогі. Цяпер жа не відно ніякага кліна! Няўжо гэтак снег усё пераблытаў, усё змяніў? А што, як хто схапіў мех? Той жа немец, скажам: кінуў, а потым вярнуўся і забраў. Не, нікога яна не бачыла тут, увесь жа час, працуючы, назірала. Але тады дзе мех падзеўся? Не выпарыўся ж ён!.. Ціха, ціха... Вось жа клінок сухога асоту, з зялёнай лапінкаю падарожніку пасярэдзіне! Гэта ж тут той паразіт берлінскі садраў з яе пляча мех! '

Яна прабегла крокаў з пяць, збочыла з дарогі і адразу ж убачыла свой хатуль. Мех, прыцярушаны зверху снегам, ляжаў у неглыбокай яміне, быў амаль не відзён — яна наўскасяк бегла напачатку ад дарогі, таму і не заўважыла! А ён вось, родненькі! Ляжыць і чакае яе! І дачакаўся, дзякуй яму, хатулёчку! Страціць гэткае багацце — не перажывеш! І яна яго не страціла! Знайшла!

Рэната бухнулася на калені, прыпала тварам да мяккай мешкавіны, зацярушанай снегам. Снег раставаў, астуджваў шчаку, і казытлівы халодны струменьчык каціўся ля вуха, потым бег за каўнер, і яна не зважала на гэта, і не ўзнімала галавы, і гладзіла-пагладжвала мех ласкава, як роднае дзіця, якое шчасліва знайшлося цалюткім і здаровым, і абтрэхвала рукамі снежныя хлапы, асцярожна адсоўвала іх, адчуваючы пальцамі кожную нітачку тоўстай зрэбіны. Праз мокрую бакавіну меха пальцы раптоўна абмацалі нешта вострае, колкае, і Рэната абмерла.

«Малако! Бутэлькі пабіліся!..»

Яна ўжо ведала гэта дакладна, але не магла, не хацела паверыць і, ліхаманкава ламаючы пазногці, разбэрсвала мокрую ад снегу, каляную, быццам з дроту, непадатную завязку. Развязаўшы мех, убачыла сіні шкляны друз і не паверыла ў жахлівую страту. Рэната асцярожна брала пальцамі вострае і халоднае шклянне, уголас размаўляла з сабою, спадзеючыся, што нешта абавязкова зменіцца, варта толькі павыцягваць увесь гэты шкляны друз з хатуля.

— Пабіліся... Абедзве ж бутэлечкі пабіліся,— і яна асцярожна клала на снег шкляныя чарапкі.— Зямля ж цвёрдая, як камень, а яны гэтак грукнуліся... А! У гэтай жа толькі гарлячок адбіты, роўна адбіты, як адрэзаны...

Бутэлька з тоўстага сіняга шкла пабілася не ўшчэнт, адляцеў толькі гарляк, бокам яна ляжыць, і малачка ў ёй засталося!.. Рэната таропка паднесла бутэльку пад самае вока. Не, кропелька толькі і засталася, на самым донцы. Усё, ляснулася яе апошняя спадзяванка на гэтае малачко! А ёй жа думалася ўвесь гэты халодны дзень: пап’е сыночак цёпленькага малачка, ухутае горлачка, і не будзе яно ў яго балець, не будзе прастуджвацца. Ён жа, калі Рэната выпраўлялася ў гэтую сваю вандроўку па вёсках, усё перхекаў і перхекаў...

Рэната ўперлася лбом у халодны заснежаны мех і глуха, сціснуўшы зубы, загаласіла. Яна галасіла адчайна, давячыся рыданнямі. Чым жа ёй цяпер палячыць хворага сыночка? Як паставіць на ножкі? Чым узрадаваць?..

У грудзях была пустэча, халодная, як усё роўна ўдарыў у грудзі колкі вецер, выдзьмуў усё цяпло, выстудзіў сэрца. І хто гэта яшчэ піхае яе ў спіну. А, Вольга гэта....

— Застудзішся,— сказала Вольга, схіліўшыся над Рэнатай.— Не сядзі на зямлі. Пайшлі!..

Зрабілася сорамна сваіх слёз, і Рэната, хуценька завязаўшы мех, узнялася. Бутэльку з пабітым гарляком яна не кінула, несла ў руцэ. Хай сабе там кропелька толькі! Хай! Яна прынясе і гэтую кропельку сыночку, каб ён хоць глыток узяў, каб горла яму не балела. Ведама ж, не дасць паратунку гэтая кропелька малака. Але ж сыночак узрадуецца, вясёлы будзе!..

Думка пра тое, што яна пачастуе сына малаком, суцешыць малога, зарадуе, надавала ёй сілы, і яна ішла хутка, не спыняючыся, і Вольга ледзьве паспявала за ёю.

У Пагіршчыне Рэната паспешліва развіталася з Вольгаю і пашыбавала наўпрост па лугавіне — замчышча было ўжо добра відаць. Белыя царкоўныя муры на ім да паловы амаль закрылі хмары, і яны выдаліся адсечанымі, без купалоў.

Згледзеўшы ў цемры кароткі палахлівы водсвет у акне сваёй зямлянкі і пачуўшы пах дыму, Рэната не кінулася стрымгалоў, а запаволіла нават хаду. Сэрца яе рвалася туды, у сутарэнне, але яна не кінулася стрымгалоў, стрымлівала сябе і неяк адразу абвяла, як страціла ўсю сілу, тупала асцярожна, быццам абмацвала цвёрдую, гулкую зямлю.

«Скончылася цяжкая дарога — прыбілася да роднага селішча, і наперадзе чакаюць мяне дзеткі. Печачку паляць на ноч — Валя робіць усё, значыцца, так, як ёй я і наказвала».

Ёй нават не верылася, што ўсё благое там, за спінаю, далёка ззаду, што яна адолела і дарогу, і халадэчу, і жахі і ўсё сцярпела, перамагла. І як добра ў садочку пад белым снегам. Але снегу тут зусім мала. А дроў быццам пабольшала — аднекуль, мабыць, панацягалі дзеткі. Але за гэта паўшчуваць давядзецца: яна ж казала ім, каб ад зямлянкі нікуды не адыходзіліся далёка. Мабыць, Бохач недзе расстараўся.

Яна прыпынілася на нейкі міг перад уваходам, неспадзеўкі зачапіла нагой нейкую дошку, і дошка падскочыла, грукнула адным канцом па дзвярах.

— Хто там? — прагучала адразу ў сутарэнні.

— Я гэта, дачушка! Адчыняй, золатца ты маё!

— Ой, мамачка! Матулечка наша, Данічак, тут! Ты чуеш?

Звонка стукнуў жалезны клямар, дзверы адчыніліся. Валя завісла ў Рэнаты на шыі, ледзь не выбіла з рукі мех.

— А цішэй ты, каточак мой родны,— сіпатым ад радасці голасам папрасіла Рэната. Убачыла на ложку Даніка, які ляжаў, скурчыўшыся пад старым кажухом, спалохана панізіла голас: — А што ж гэта? Спіць наш салдацік?

— Заснуў толькі што. Нешта на галоўку ўсё жаліўся...

У абдымках дачкі Рэната датэпала да століка, паставіла на сярэдзіну стала бутэльку, скінула мех, спытала з трывогаю:

— А горлачка ж ці лепей?

— Баліць, кажа. Але не вельмі.

— Лётаў зноў, відаць, па снезе раздзеты? — Рэната наблізілася да ложка імкліва, але села асцярожна, ласкава абмацала сынаў лобік.— Не вельмі каб і гарачы. А шчочкі гараць...

— Ён амаль і не выходзіў з зямлянкі. Учора, праўда, вырваўся. Але я тут жа яго дамоў загнала...

— Бохач прыходзіў?

— Не.

— Як? — Рэната ўзнялася, углядалася ў Валіны вочы, як не верыла яе словам.— Зусім не прыходзіў?.

— Але, зусім.

— А як жа гэта здарылася, што Данічак у цябе вырваўся? І раздзеты ж, напэўна?

— Не, ён надзеўся. Да Лагуціна ўсё рваўся.

— Якога шчэ Лагуціна?

— Ну, таго, што тады з намі ля ручая быў. Памятаеш? Ён жа да нас прыходзіў пазаўчора.

— Жывы?!

— Ну! Ён жа ў нас і начаваў! Вось тут, на канапе... О-ёй, Данік жа з ім гуляў-скакаў...

Валін голас глушыў спуджанае тоўханне сэрца. Лагуцін начаваў тут, у зямлянцы? Валя кажа, што яны выпадкова сустрэліся ў горадзе. Значыцца, яна хадзіла ў горад? Навошта? Рэната ж забараніла ёй выходзіць за межы свайго завулка. А яна — у горад. Што ёй там трэба было? А як там апынуўся Лагуцін?

Прыгадала тое, што казаў ёй Бохач пра Лагуціна, прамовіла з робленым шкадаваннем:

— Быў, мабыць, у палоне і цяпер уцёк!..

— Ён не быў у палоне! — адсекла радасным голасам Валя.— Яго тады ля вёскі параніла. У нагу. Але ён уратаваўся. Лагуцін тады не ў той бок папоўз, таму і Алеся нашага згубіў. Ён потым чалавека да ручая пасылаў. Але нас там ужо не было. Ён до-оўга мяне пра Алеся распытваў...

Рэната з дакорам паківала галавой:

— А ты і вушы развесіла! Ты што, ведаеш, чым ён, гэты Лагуцін, займаецца цяпер?

— Ведаю. Ён — партызан!

— І ён табе гэта сказаў?

— Сказаў!..

Рэната хадзіла па сутарэнні, пацепвала плячыма. Няпоўны тыдзень не пабыла дома, як увесь свет за гэты час перавярнуўся. І дачку як падмянілі — нешта незразумелае з ёю робіцца: ганарлівы, незалежны выгляд, вочы глядзяць дзёрзка, быццам чужы чалавек перад табою. Як гэта ўсё зразумець! А зразумець трэба, трэба дазнацца, што тут адбылося, што мог яшчэ гаварыць гэты Лагуцін. А ён жа гаварыў, гэта напэўна! Толькі трэба не пароць гарачку, спакойна пра ўсё распытваць — толькі тады нешта ад Валі можна дазнацца.

— Як выглядае ён? Схуднелы? — спытала Рэната як мага спакайней.

— Не сказала б. Але я адразу пазнала яго. Нічога, праўда, на ім вайсковага няма. Старое паліто, боты...

— Са зброяй?

— Не-еа. Торбачка за плячыма невялічкая. Я зразумела так, што ён соль тут купляў для партызанаў. Ён мне не казаў спачатку, але я зразумела. На ялінах, жартаваў, шышкі растуць, а соль не расце. Па соль трэба ў горад хадзіць...

Рэната села на канапку, пацягнула за руку дачку, папрасіла лагодна:

— Пасядзі са мною, дачушка,— і калі Валя села, адразу пачала дапытвацца: — І з гэтых ягоных жартаў ты й выводзіш, што ён у партызанах?

— Я напрамкі яго спытала.

— І ён — адказаў?

— Не словамі. Вачыма адказаў. I я — зразумела.

Валіна самаўпэўненасць выклікала недавер да ўсяго таго, пра што гэтак узнёсла яна гаварыла. Прыходзіў Лагуцін? Гэтаму трэба верыць, гэта — праўда. Жывы, значыцца, чалавек. У партызанах ён? Мажліва. Але ж хіба будзе ён малой дзяўчынцы пра тое пахваляцца, тым больш калі пасланы ў горад з нейкім заданнем?.. Не-е! Вецер у галаве гэтай Валькі заўсёды.

— А што ён словамі сказаў? — стражэй спытала Рэната.

— На свята каб канцэрт слухалі.

— Які канцэрт, ён хоць патлумачыў?

— Нічога не патлумачыў, толькі заспяваў: «Вставай, страна огромная...» О-ой, каб жа ж ты бачыла, які ён вясёлы!

— Абяцаў яшчэ прыйсці?

— Абяцаў...

Рэната паправіла кажух, якім быў накрыты Данік, зноў паклала руку на сынаў лобік. Лобік быў напацелы, здаўся ёй цяпер гарачым, быццам агнём напалены. Захварэў сынок! Хворы ж зусім! Вось як пакідаць малога пад нагляд гэтай дзеўчынёшкі, у галаве якой толькі вецер і гуляе! Песні таго Лагуціна слухала, а Данічак, відаць, па вуліцы раздзеты гойсаў, снег глытаў альбо лёд смактаў... Каб жа запаленне лёгкіх не прыключылася! А яно ж на тое і падобна: гарыць і лобік, і цела гарыць, і ручкі гарачыя, і дыхае хрыпата, гэтак жа дыхае, як некалі Геначка дыхаў, калі на запаленне ў яго пайшло. Тады — лекі ўратавалі. А тут якія лекі? Дзе знайсці? Чым сыночка на ногі паставіць?..

У адчаі ўчапілася рукамі ў халодную спінку ложка, адчула пад далонямі цвёрдыя нікеліраваныя кутасікі, і ёй падалося, што гэтыя халодныя камячкі пакаціліся ў грудзі, стукаюць, брэнькаюць па сэрцы, як па тонкім донцы пустога вядзерца.

«Шчэ адно гора да мяне падкаціла. Праўду кажуць: бяда бяду вядзе».

Рэната, як умлеўшы адразу, пасядзела нейкі час нерухома, потым, схамянуўшыся, зноў абмацала сынаў лобік, дакранулася губамі да гарачай шчакі. Няма чаго і сумнявацца: захварэў ён! І, відаць, моцна захварэў. Трызніць вось, страляе ў сне. Трэба шукаць лекі.

А дзе ж іх шукаць? А без лекаў сыночку не здужаць хваробу!

Новая бяда аглушыла яе, прыціснула, адразу ж развеяла і разагнала радасць, якая агарнула Рэнату, калі яна ўзышла на сваё селішча, убачыла водсвет у акне зямлянкі і ўдыхнула знаёмы пах дыму; нічога не засталося ў душы і ад таго ўзрушэння, з якім яна цалавала дачку, калі тая кінулася да яе з абдымкамі. Рэната сядзела згорбіўшыся, адразу звяўшы, зусім не гатовая да змагання з новай бядою, што гэтак раптоўна і неспадзявана звалілася на яе.

— Та-та-та-та,— зноў зататакаў у сне Данік, і цяпер гэтае татаканне было выразным.

— Ён жа хоць еў што-небудзь? — спытала паспешліва, узялася развязваць торбачку.— Ці піў што?

— Уранні зацірку паелі. І ўдзень. Потым ён пагуляў, на галоўку пачаў жаліцца. Я паклала яго. З таго і ляжыць, спіць усё, спіць...

— Ён жа хварэе. Ты што, не бачыш?.. Трэба ж было малінніку наламаць і наварыць. Хай бы папіў...

— Ага, галава гарыць,— сказала Валя, абмацаўшы Данікаў лоб.— Я і не думала. Няхай спіць, думала...

— О-ой-й,— ціха прастагнала Рэната.— Яна — думала. А што карысці з твайго думання? — і схапіла ў рукі хустку.— Падварушы агонь. Малінніку зараз прынясу, заварым. Гэтым хоць малога ратаваць будзем. Маліннік жа добра, калі застудзішся...

У цёмным і змрочным садзе Рэната адразу ж знайшла маліннік, што рос кароткай палосаю ля былога плота, растрэсенага выбухам бомбы. Думка пра тое, што адвар малінніку ўратуе Даніка, надала ёй сілы, і яна ламала хрусткія сцябліны аберуч, абдзіраючы і абкалваючы пальцы.

Унізе пад узвалам таямніча шурхацела Дзвіна, закутая ля берагоў у белы лёд; пасярэдзіне рака была чорная, вада там не замерзла і курылася параю, прыкметнаю нават у начной чарнаце. Нейкі як бы гук пачуўся ў тым баку — шухацела, абламваючыся па краях праломкі, густое снегавое месіва,— і Рэната насцярожылася, стаяла, услухоўваючыся. Паспрабавала злізаць кроў з пальцаў, падрапала маліннікам верхнюю губу і адчула ў роце салёную горыч, і гэтая горыч як бы падварушыла яе, і яна рынулася ў гушчар малінніку, узялася ярасна, са злосцю ламаць маладыя сцябліны, не зважаючы на боль у пальцах, на тонкія стрэмкі, што драпалі скуру.



13

У вялікім пуку малінніку, які Рэната прыцягнула ў хату, як выявілася, было шмат сушняку. Перабраўшы і склаўшы яго ў чыгунок — жменька ж толькі і ёсць! — Рэната папрасіла дачку злётаць у сад і наламаць яшчэ крышку. Валя без ахвоты, праўда, пайшла і тут жа вярнулася. Яна ўляцела ў зямлянку з адным тонкім прутком у руцэ, выпаліла спуджаным голасам:

— Мамачка! Там нехта ёсць!

— Дзе? Хто?

— Пад узвалам. Я толькі малініну зламіла, ажно чую — голас. Чалавек там.

— Гэта лёд у праломцы шархаціць, я таксама чула.

— Ды не, голас гэта! Чалавек там! А што гаворыць — не сцяміла, бо спалохалася і назад кінулася...

Рэната ўзяла з Валіных рук каліва малінніку, марудна і разгублена ламала яго на дробныя кавалкі і кідала ў чыгунок. Першае парыванне — бегчы туды, пад узвал, дазнацца, што там сапраўды гэтак напалохала дачку,— прайшло, і яна ўзялася яшчэ марудней разломваць маліннік, адцягваючы той час, калі трэба будзе прыняць нейкае пэўнае рашэнне, і гэтае рашэнне тут жа і выконваць. Добра, каб усё гэта падалося малой. Вецер, відаць, змарожанай лебядою зашамацеў, а ёй і падалося — голас чалавека.

— А што, цяжка табе было гукнуць, чаго яму там спатрэбілася ў тым снезе? — папракнула яна дачку і ў душы аблаяла сябе за тое, што папракае дачку знарок, што сама спалохалася і не ведае, што рабіць.— Можна ж было хоць здаля гукнуць...

— Добра табе казаць, тут стоячы!.. А там вецер свішча. І маліннік зледзянелы несупынна звініць: дзі-іў-дзіў-ў. Як чалавек галосіць.

— Дык маліннік тамака ці чалавек?

— Я ж табе кажу: чалавек у малінніку. Па снезе ён поўз — гэта я добра згледзела, калі, бегучы, азірнулася...

— Хадзем,— сказала Рэната цвёрда і, кінуўшы апошні пруток малінніку ў чыгунок, дадала рашуча, сама дзівячыся з гэтае свае рашучасці: — Хадзем, хадзем... Паглядзімо, хто там грабецца!

— Не трэба, мамачка, ісці. Хай чалавек ідзе, куды выправіўся.

— Нельга, дачушка. Чалавек знарок не будзе ноччу ў снезе грэбціся. Нейкая — напэўна ж! — бяда яго напаткала,— і рашуча націснула настылы слясак.— Пайшлі!..

Крыху прайшоўшы па сцежцы, Рэната абвыклася ў цемры і тады добра разгледзела пусты сад, цёмныя нізкія слупы плота і шэры маліннік за нізкімі прысадзістымі кустамі агрэсту і ўголас зарадавалася:

— Падалося табе, дачушка. Анікога ж не відно ў садзе. І там, пад узвалам, пуста...

— Чуеш, матуля? — Валя спалохана прыхінулася да Рэнаты.— Нехта ж гаворыць там вунька! Там! — і яна паказала рукою ўправа ад сцежкі, дзе чарнелі слупкі плота з ацалелымі жэрдкамі ўверсе і ўнізе.— Чуеш? Там вунька!

Рэната ўслухоўвалася, але чула толькі посвіст ветру ды звонкае шурхаценне зледзянелай лісцінкі на яблыні. І вось яшчэ адна лісцінка трапечацца, звініць — дужа на голас чалавека падобна. І той раз, мабыць, Валі гэта падалося голасам чалавека. Не!.. Зварухнулася нешта ля плота! Як новы, трэці, слупок ля жардзін вырас. І рухаецца! І голас чуваць! Абураны, злосны голас, як на некага сварыцца чалавек!

— Хто там? — уголас гукнула Рэната.— Хто там?

— А тут хто?

— Мы.

— Хто гэта «мы»? — незнаёмы выбіўся на сцежку, даклыпаў да першай яблыні, сеў ля камля на снег, паўтарыў нейкім звялым, як сонным голасам: — Хто гэта «мы»?..

— Селішча наша тут. Зямлянка наша ў садзе. І сад наш. І да вайны мы тут жылі.

— Гэта добра. Дужа гэта добра, што да вайны жылі,— усё гэтак жа ціха, але цяпер бадзёра прамовіў незнаёмы і змоўк, знерухомеў, як прырос да камля яблыні.

Рэнату апанаваў жах. Як, адкуль гэты чалавек тут?

Па якой патрэбе гробся з-пад узвалу менавіта сюды, на сцежку? Хацеў трапіць у горад? Але ж у горадзе ўночы хадзіць забаронена, дазваляецца толькі тым, хто мае спецыяльны дазвол. Значыцца, у гэтага чалавека такога дазволу няма. А можа, і ёсць? Тады чаго ён спыніўся? Чаго нікуды не ідзе далей? Чаму нічога не распытвае?.. А можа, што благое прыключылася з чалавекам?..

Трымаючы Валю за руку, Рэната наблізілася да незнаёмага, спытала таропка:

— Куды вы ідзяце? Куды вам трэба?

Незнаёмы маўчаў, і яна, наблізіўшыся яшчэ больш, спытала зноў, але цяпер ужо без жаху:

— Куды вы ідзяце? Ноч жа,— потым, прыкмеціўшы, што чалавек апусціў галаву, сагнуў рукі на грудзях, як туліў іх бліжэй да цела, каб сагрэцца, пасмялела, стала побач, злёгку кранула чалавека за плячо.— Няможна на снезе... Змерзнеце!

Незнаёмы нешта ляна і невыразна прамовіў, пахітаў галавою, быццам пагаджаўся з тым, пра што казала Рэната, потым прытуліўся правай скроняй да камля і заціх. Рэната затармасіла яго, і ён заварушыўся, замармытаў:

— Спаць, спаць... На досвітку — у шлях. На золку — далей...

— Да раніцы вы задубееце тут. Узнімайцеся...

Скуголіў вецер, зледзянелыя лісцінкі на яблыні тонка пазвоньвалі, шалахцеў маліннік, і цененька-цененька дзынкала змарожаная чорная лебяда. І ад гэтых тужлівых гукаў, ад маўклівай, як змярцвелай постаці незнаёмага чалавека, што стуліўся ля камля дрэва і заціх, Рэнату зноў апанаваў жах, але яна прыхавала яго ад Валі, папрасіла бадзёра:

— Дапамажы ты, Валюшка, мне. Трэба яго неяк да цяпла. Ён тут змерзне, прападзе. О, долечка...

Яны дапамаглі яму ўзняцца, прымусілі памалу рухацца. Мужчына быў грузны, цяжкі, ішоў марудна, з цяжкасцю перастаўляючы ногі. На прыступках зямлянкі пахіснуўся, і Рэната не змагла яго ўтрымаць.

— Мы-ы-ы за-а-аўтра,— замычаў незнаёмы, стукнуўшыся галавой аб гузаваты аполак.— За-а-аўтра...

— Заўтра, заўтра,— паспешліва прамовіла Рэната.— Зараз у зямлянцы нашай сагрэецеся, паспіцё. А заўтра, дзяньком, і рушыце, куды вам трэба,— параіла, падтрымліваючы яго пад паху: — Вышэй ногі стаўляйце, тут парожак зараз... Ну, крышачку яшчэ... Валечка, памагай. Ён жа ісці не можа зусім...

З дапамогаю дачкі Рэната зацягнула незнаёмага ў зямлянку, уладкавала на канапу, потым наліла ў конаўку адвару малінніку, крыху астудзіла і прымусіла выпіць. Незнаёмы рабіў усё паслухмяна, але моўчкі: зняў боты, лёг на канапе, выпіў адвар, акрыўся зялёнай паддзёвачкаю, зашмальцаванай, спрэс у цёмных мазутных плямах. Вочы яго былі нейкія збляклыя, нетутэйшыя, як усё роўна глядзеў чалавек непрытомны, нічога вакол не бачачы і не заўважаючы. І толькі аднойчы, на кароткі міг, калі незнаёмы парывіста прыўзняўся на локцях, у яго вачах прабілася выразнае, шчырае маленне. Ён шмаргануў каўнер кашулі, быццам той замінаў яму дыхаць, гузікі пасыпаліся на падлогу, застукалі, як сухі боб.

— Я — Хведар Курач,— глуха, але выразна прамовіў ён.— На золку рушу... Пайду заўтра... Вы не палохайцеся... '

Курач зноў лёг, і зноў у яго вачах была ранейшая адчужанасць, ніякі клопат не адбіваўся ў пустых і халодных зрэнках. Ён ляжаў нерухома, быццам уся сіла лягла ў тыя яго словы, дзеля якіх ён і прыўзняўся на канапе. Потым павекі здрыгануліся, вочы закрыліся, і ён моцна заснуў.

На ложку замітаўся Данік, нешта пачаў бубніць скорагаворкаю, і Рэната кінулася да яго, загадаўшы Валі:

— Студзі яму пітво, студзі, каб губкі не апячы. Чуеш?..

— Ды не гарачы! Хай п’е!

Піць гаркавы адвар малінніку малы не хацеў, адпіхваў кубак, але Рэната прымусіла яго выпіць. Потым паклала на гарачы лоб анучу, якую Валя змачыла ў халоднай вадзе, і Данік неяк адразу супакоіўся і прыціх.

Нейкі час Рэната сядзела на краёчку ложка, потым, заўважыўшы, што дачка ківае галавою, змарылася, спіць амаль, папрасіла:

— Кладзіся, дачушка. Ля сценачкі кладзіся і спі...

Валя адразу ж згадзілася, пасунулася да самай сцяны, лягла ўпоперак ложка ля спінкі, сказала сонным голасам:

— Крышачку пасплю, а тады ты мяне пабудзі. Тады я каравуліць буду.

— Каго каравуліць?

— А яго,— яна хітнула галавой у бок канапы.— Можа, ён таго і чакае, каб мы паснулі...

Рэнаце зрабілася смешна, і яна папрасіла лагодна, супакойваючы дачку:

— Спі сабе... Гэты чалавек і ноч і дзень вочы не адкрые — стомлены да рэшты. Здалёку брыдзе. І дарог, бачыш, баіцца...

— Адкуль жа ты ведаеш?

— Уцалік, па рацэ ішоў — дарогі абмінае. Гэтага бедака нам баяцца няма чаго. Нават і спакайней цяпер — мужчына ў хаце. Спі, дачушка, пра благое не думай...

Валя заснула хутка. Рэната пасядзела, пакуль дагарэлі ў грубцы дровы, потым закрыла ўюшку, наважылася была згасіць газнічку і прымасціцца ля дачкі на ложку. Ішла да стала, дзе стаяла газнічка, і спынілася ля канапы, паглядзела на Курача. Спіць ён неяк дзіўна: раскінуў рукі, галавою ўпёрся ў валік канапы; левая рука звісала да падлогі, як бы ўперлася ў маснічыну, і кашуля на грудзях расхінулася, адкрыўшы споднюю кашулю, белую, з прамавугольнічкам вайсковага штампіка, амаль новага, амаль не засціранага.

Рэната скаланулася, адступіла на крок ад канапы.

«У Міхала ж, помніцца, была гэткая мецінка на бялізне. Ён тады, вясною, вайсковую бялізну атрымаў, і гэткія меціны на кожнай кашулі былі. Ён тады шчэ сварыўся, калі яна наважылася іх пазмываць і павыводзіць...»

З жахам глядзела яна на чалавека, які гэтак неспадзявана апынуўся ў зямлянцы і спаў цяпер на канапе. Можа, мае рацыю дачка? Чакае, каб усе паснулі?.. Але што ён тут, у зямлянцы, можа сабе прыдбаць. Няма яму тут чым разжыцца. І спіць ён, здаецца, моцна, як нежывы. Не, дыхае. І вось зварухнуўся, узняў руку, засунуў яе пад крысо пінжака, пінжак закрыў кашулю, і сподняя кашуля схавалася, быццам чалавек адчуў, што на яго глядзяць, і нечага засаромеўся...

Рэната паціху адышла ад канапы. Жах не праходзіў, мацнеў, і яна цяпер здаля, але з асцярогаю, углядалася ў аблічча незнаёмага чалавека. Валасы чорныя, густыя, даўно нястрыжаныя. І галіўся чалавек даўно, вусы адгадаваў густыя, доўгія. І нейкае ж дзіўнае адзенне на ім: штаны чорныя, пінжак сіні, у шырокую полоску, зусім новы. І кірзавыя боты новыя... Не, боты старыя, каблукі стаптаныя, халявы на складках дзіравыя. І паддзёвачка дужа старая, і газаю ад яе патыхае. Ці гэта газнічка смярдзіць? Не, ад газнічкі пах зусім іншы, не гэткі востры... Выгарэла ўсё ў газнічцы, трэба згасіць, падліць газы, калі астыне. Ды і няма патрэбы марна паліць...

Растрывожаная, поўная мітуслівых думак, Рэната згасіла газнічку зусім не з таго, што шкада было газы,— палохаў Курач, які спаў на канапе. Напачатку здавалася: не будзе бачыць яго, дык на душы зробіцца спакайней. Не, наадварот атрымалася: калі гарэла газнічка, дык хоць бачыла, дзе хто. А як цяпер у цемры шукаць тыя запалкі? Каля канапы ж трэба ісці. Не, не трэба запальваць святло, неяк абыдзецца.

Сну не было, Рэната ляжала на ложку, скурчыўшыся, слухаючы дыханне людзей, якіх змарыў сон. Сіпата, як стогне, дыхае Данік. Валя ледзь чутна пасопвае. А гэты, на канапе, храпе на ўсе застаўкі. Ды якія яшчэ каленцы выводзіць — гэтак можа спаць чалавек здаровы, толькі ўтомлены вельмі, нічым дужа не заклапочаны. Не, нейкі клопат прыгнятаў Курача, вельмі прыгнятаў, і нейкі сполах ва ўсім абліччы быў. І зусім жа не цывільнае адзенне на чалавеку. Сподняя кашуля — вайсковая. Паддзёвачка — вайсковая. Боты — вайсковыя. Старая вушанка — вайсковая. Відаць, з палону чалавек выдраўся, памяняў што-кольвечы з адзежы, дамоў цяпер, да дзетак сваіх грабецца... А можа, ад Лагуціна чалавек? А можа, ад Рудака? А можа, Алесь паслаў? Не, не, выпадкова, відаць, гэты чалавек упарта на іх селішча выбіваўся. Па той бок Дзвіны ёсць жа хаты, што ацалелі ад пажараў, іх і ўночы добра відно. Ды не ж, сюды гробся, на сутарэнне, што снегам засыпала!..

З Міхалам яна цяпер упарта не хацела звязваць гэтае нечаканае з'яўленне невядомага ёй раней чалавека. Але дзіўна: чым больш упарта яна крэсліла гэтую думку, тым усё больш упарта, наўпярок волі, гэтая думка сталела, адсоўвала ўсе іншыя, скіроўвала ўсе разважанні толькі ў адно рэчышча: Курач быў разам з Міхалам, сустракаўся з ім, нешта пра яго ведае.

«Гэтая меціна на сподняй кашулі аднолькавая з той, што бачыла я на адзенні мужа. Значыцца, з аднаго склада атрымоўвалі, з адных рук!..»

Рэната, канчаткова цяпер пераканаўшы сябе ў гэтым, непакоілася толькі адным, пра адно думала: як лацвей падступіцца да Курача, як пачаць гаворку, каб не спалохаць, аб усім дазнацца?.. Хай бы хутчэй праляцела гэтая ноч! Курач адпачне, выспіцца, яна пагамоніць з ім, аб усім дазнаецца. Яны ж з Валяй, лічы, уратавалі яго ад смерці — да раніцы ў снезе скалеў бы, напэўна! — і таму не можа гэты чалавек нешта ўтойваць ад людзей, якія яго ўратавалі, і ён павінен быць шчырым, ва ўсім давяраць.

З гэтым пераконаннем яна прыдрамала, а потым, як у бездань правалілася, моцна заснула і спала да самага світання. Абудзілася ад нейкага незразумелага прыглушанага браджэння, саскочыла з ложка, стаяла на халоднай падлозе, спалохана азіраючыся і ўслухоўваючыся. Данічак спіць. Валя таксама спіць моцна, пасопвае носікам, скурчылася абаранкам.

— А канапа — пустая!

Яна прамовіла гэта шэптам, нават не адразу паверыла і сваім словам і ў тое, што ўбачыла, і ступіла бліжэй да канапы, і тады зноў пачула знаёмае глухое гупанне і бразджэнне. За сцяной гэта. Як хто рыдлёўкаю грабе і шкрабае лёд. Так, рыдлёўка гэта брынчыць, пазвоньвае. Не, аціхла ўсё. Цяпер крокі чуваць. Рыпіць снег. Цяпер цішэюць крокі і аддаляюцца. Зусім прапалі...

Рэната ўскінула наапашкі паліто, потым, ля дзвярэй ужо стоячы, надзела ў рукавы і выйшла з зямлянкі.

Было халодна, з высі сеялася імжа, і было відаць, як вецер гоніць яе ад ракі ў сад. Пад хмарным замглёным небам снег за Дзвіной выдаваў шэрым, як попелам пасыпаны; а на сцежцы, старанна расчышчанай аж да ўзвалу, ён быў нейкі пярэсты, пасечаны рудаватымі атожылкамі — дуйка ўчора гнала снегз-пад узвалу, перамяшала яго з пяском і гліністым пылам.

Рэната зноў учула роўнае бразджэнне і тут жа згледзела Курача, які ўзнімаўся з-пад узвалу па лесвіцы. У левай руцэ — вядро з вадою, у правай — рыдлёўка. Узняўся на сцежку, паклаў рыдлёўку на плячо, дыбаў памалу, як не заўважаў Рэнату. Не, заўважыў, паскорыў хаду, паківаў галавою — вітаўся.

— А сілы — нямашка,— сказаў, удзюбнуўшы рыдлёўку ў снег ля сцежкі, стаяў, цяжка і зморана дыхаў звесіўшы галаву.— Ледзьве пачысціў сцежку да прорубкі. Але ж — дабіў! Чыстая стаіць...

— Навошта ж яе было чысціць? Мы знарок не чысцім, каб з замчышча не кідалася ў вочы. Калі меней ходзяць ля зямлянкі, дык і спакайней неяк.

Курач шчыра забедаваў:

— От жа галава мая дурная. Узяўся зямлянку дэмаскіраваць. Давядзецца зноўку снегам засыпаць!

Ён заварушыў рыдлёўкаю, і Рэната збянтэжылася — шчэ сапраўды пачне грэбці снег на сцежку,— і адабрала ў Курача рыдлёўку. .

— А хай яе, долечка, снегам засыпле. Лепей паляжалі б, сілы набраліся. Як жа сёння пачуваецца?

— Сёння, дзякуй богу, сіла ёсць. А ўчора думаў адно толькі: кранты табе, дружа. І, дзякую вам, каб не зацягнулі мяне ў зямлянку — яно б і адбылося. Тады вясною толькі сонейка мяне з-пад снегу выцягнула б.

— Далёка ісці куды вам?

Рэната спытала і з трывогаю чакала, што адкажа Курач. Яе моцна напалохала і падмеценая сцежка, і гэтае вядро вады, якое ён прыцягнуў з ракі, і спакойная разважлівая гаворка. Як гаспадар паводзіць сябе, як быццам на сваё селішча прыбіўся чалавек і адразу схапіўся за працу, якая яго чакала і якую ён мусіў быў абявязкова зрабіць. І поўненькае ж вядро прыцягнуў, роўненька з беражкамі вада. Яна, Рэната, дык па другі беражок-абадок вады зачэпіць, каб лягчэй цягнуць на ўзвал. А гэты ўчора ледзь дыхаў, а сёння поўненькае вядзерца на ўзвал пурыць. Можа, учора прыкінуўся гэткім слабенькім? Але ж дзеля чаго тады гэта рабілася?..

Зірнуць, аднак, Курачу ў вочы баялася, глядзела на ваду ў вядры, якая бралася ўжо тонкай ледзяной мярэжкаю-сетачкаю, сетачка была як жывая, увачавідкі гусцела. З глыбіні вынырвалі ўсё новыя і новыя тонкія мудрагелістыя нітачкі, не нейкія няроўныя зоркі і квадрацікі, і ўсё гэта знітоўвалася, быццам склейвалася, у густую сінявую мярэжку; ля беражкоў мярэжка была белаватая, як прысыпаная сняжынкамі, а пасярэдзіне сінела, як гублялася ў празрыстым туманку.

— Далёка ісці куды? — Курач паўтарыў Рэнаціна пытанне з развагаю, быццам услухоўваўся ў свае словы.— Гэтак далёка, што і сказаць страшна. У Архангельск мне ісці. Чулі такую мясціну?.. Самае пагіблае месца на ўсёй Поўначы, як мне падалося...

— Вы там жывяце?

— Служыў. Родам я з Мурманска.

Яна адважылася, зірнула яму ў вочы — той жа, што ўвечары, адчужаны, як нетутэйшы позірк! — і разгубілася. Чалавек жа ў бядзе апынуўся! А яна гэтак падазрона да яго ставіцца, увесь час нечага баіцца!

— Далё-ёка-а-а,— працягнула яна спачувальна.

— Яшчэ далей, чым тое здаецца. А Архангельск мне закрыт. Ды і Мурманск таксама. Анікуды дарогі няма.

У яго прызнанні была незразумелая таямнічасць, і гэта яе зноў насцярожыла.

— Гэтак не бывае, родная мясціна заўсёды чалавеку адкрыта. І яна туды яго цягне. Чалавек заўсёды да роднае мясціны грабецца.

Курая уздыхнуў працягла, потым адкашляўся, быццам захліпнуўся халодным паветрам, сказаў упарта:

— Шчэ як бывае. А родная самая мясціна,— ён крыху счакаў, быццам вагаўся.— Самая родная мясціна мне цяпер — зямлянка ваша. Уратавала. Абагрэла. Цяпер вось сцежку чысціў — як ля роднай бацькоўскай хаціны патупаў...

Курач узяў рыдлёўку, якую Рэната ўдзюбнула ў снег ля сцежкі, падграбаў і адграбаў снег, і Рэната, гледзячы на гэтыя хуткія, як бы нервовыя рухі, спытала:

— Мне ўсё спытаць карціць, а як жа вы да нашага селішча выбіліся? Вунь жа хаты. А вы — сюды.

— Я гэта адразу адчуў,— што вы з недаверам да мяне. І нават пабойваецеся,— і Курач увагнуў рыдлёўку глыбока ў снег, стаяў, абапіраючыся на яе.— І раскажу шчыра. Служыў, як ужо і казаў, у Архангельску. Перад самай вайною — камандзіроўка мне на Беласток. Як ведаеце — камандзіроўку не сам выбіраеш, а яна цябе. Заданне ў нас — ахова станкоў. Прынялі, пагрузілі. А перад адпраўленнем чапляюць яшчэ вагон — з арыштаванымі. Паслалі яны апеляцыю ў Вярхоўны суд, і той загадаў: прысуд перагледзець у Маскве. Мне — загад: ахоўваць вагон. Уночы нас адправілі з Беластока.

Ранкам, быццам абухом па галаве: вайна. Я гэта даведаўся, а тыя, у вагоне, не ведаюць анічагуткі. Сказаць ім — інструкцыі ў мяне наконт гэтага няма. Таварняк наш імчыць, яго двойчы бамбілі фашысты, а ён — быццам зачараваны. А станцыі пабураны, а ежы няма, а вады няма, а з аховы эшалона, дакладней, вагона гэтага — адзін я застаўся, а ў вагоне тым бунт: грукаюць у дзверы, крычаць. Потым раптоўны прыпынак — мост бомба скрышыла. Стаіць эшалон. Эшалон дзень стаіць — анікога наўкола, толькі самалёты ўдалечы сноўдаюць ды стрэлы там чуваць. Дарога там была, ці што — не ведаю. А ў вагоне людзі крычаць мне, каб вады даваў альбо выпускаў. Што было рабіць? Адчыніў я дзверы і кажу: хай кожны робіць, што яму сумленне падказвае. Зброю, ведама, яны ў мяне адразу адабралі і сказалі: ідзі!

I я — пайшоў.

Поле — добра ў памяці гэта — перада мною злева, альхоўнік малады справа — ручаіна там была. Ну, думаю, да ручаіны той дабрыду, і куля мне ў спіну цёкне. Дайшоў. Стаю. Жаўранак увысі звініць. Жыта шапоча. Пчолы на лапіне чабору шчыруюць. Гляджу я на іх, і туга ў сэрцы невыносная, не хочацца паміраць. І думка такая: хай у грудзі куля.

Азірнуўся.

Пуста! Нікога няма анідзе. І тут ногі мае падкасіліся, паваліўся я на траву, і ўсё перад вачыма паплыло, і абыякавасць да ўсяго, і ў сон праваліўся.

Прасынаюся — сонца няма, толькі неба за вольхамі ружавее. Я тады ў іншы бок, на ўсход — нашы ж там! Выбіўся з цёмным ужо на шашу. Нейкая часць ішла, мяне адразу затрымліваюць: хто, адкуль, куды, чаму без зброі?.. І нейкі лейтэнант мне наган — пад нос: шпіён! Колькі я не даводзіў, што з эшалона я — не вераць. І дакументам не вераць: расстраляць, кажуць, трэба. І ўратавалі мяне ад кулі тады немцы: наляцелі іх матацыклісты, бойка пачалася, і я ў той мітусні ўцёк. А ранкам мяне немцы схапілі — адзенне ж на мне не салдацкае, а камсастаўскае,— і ў загарадку. Потым — на цягнік. І смешна падумаць — у Беласток прывезлі. Лагер ваеннапалонных там быў вялікі. І я ўцёк з адным сябрам. Ён сам з Пастаў — там і застаўся: сям’я, хата, сваякі. Паліцаі да мяне прычапіліся — мястэчка маленькае, чужы чалавек адразу ж відзён. І я зноў — на ўсход пачаў прабівацца. Хварэў, з новай загарадкі выбіўся, і вось тут, ля вашай зямлянкі, ля добрых людзей... Куды далей — не ведаю. Што мяне ў Архангельску чакае? Трыбунал. Што ў Мурманску чакае? Трыбунал. А я не хачу пад кулю. І пад сваю кулю не хачу, і пад варожую не хачу!..

Адчайнасць, што загучала ў апошніх словах Курача, была непрыемная, абурала, яна неяк не стасоўвалася з тым, што рабіў і зрабіў сёння ранкам гэты чалавек. Але яго шчырая споведзь — глытнуў чалавек горачка! — расчуліла Рэнату, узмацніла ў яе душы спагаду. Саслабеў, зняверыўся чалавек, толькі благое вакол і заўважае, і адчай з таго ў душы.

— Не трэба адчайвацца,— сказала яна, адчуўшы, што не будзе яму пярэчыць, не пачне пераконваць у памылковасці яго меркаванняў.— Пакуль чалавек жывы — пра добрае трэба думаць, на жывое кіравацца. Ідзіце ў зямлянку, зараз сняданак згатую...

Ён уздыхнуў, пахітаў галавой:

— Шчэ адзін ядок на вашу шыю!

— Ды ўжо ж, не аб’ясцё...

Яна ўзяла вядро, заспяшалася ў зямлянку, быццам уцякала ад далейшай гаворкі з Курачом. Яна раптоўна адчула, што гэты чалавек, які нечакана ўварваўся ў лёс яе сям’і, нечым пагражае той упэўненасці, з якой яна, Рэната, жыла да сённяшняй раніцы, нібыта нешта нетрывалае, палахлівае пасялілася недзе побач, непакоіла ўвесь час, бянтэжыла. З гэтым адчуваннем яна ішла да зямлянкі, потым распальвала грубку, стаўляла на агонь чыгунок, варыла зацірку і потым разлівала яе па місках.

З’еўшы зацірку, Курач падзякаваў, потым узяў Рэнаціну руку і пацалаваў. За ўсё жыццё — Міхал заўсёды скупаваўся на пацалункі, хоць і быў ласкавы,— яе рукі ніхто не цалаваў, і цяпер гэтае парыванне Курача яе дужа расчуліла, і яна засаромелася, і яшчэ больш засаромелася, калі ўгледзела, як запунсавела дачка.

— Кладзіцеся і адпачніце,— сказала Рэната хмурна.— Паспаць вам шчэ трэба, каб сілы набрацца.

— Замнога спаць шкодна. Масква вось спала ды і праспала ўдачу...

Курачовы вочы неяк нядобра зыркнулі, у іх ужо не было адчайнасці і абыякавасці, і Рэната зноў, як зусім нядаўна на падворку, адчула набліжэнне незнаёмай пагрозы.

— Глупства вы гаворыце,— абурана абсекла яна Курача.— Масква нічога не праспала. Гэта ж яны ўсё крычалі, што праспала і капут ёй, а цяпер прыціхлі. Адно толькі і робяць, што эшалонамі сваіх параненых з-пад Масквы пруць...

— Мы ў тых эшалонах не сядзелі, і, што там вязуць і адкуль — нам невядома. З-пад Масквы ці з-пад ялінкі...

— Я вельмі прашу вас, каб не гаварылі больш пра Маскву блага. Слова Масква — святое мне!

— Вялікі моц — прапаганда,— і Курач неяк ціхенька засмяяўся, быццам згадаў нешта дужа смешнае.— Вось вы сказалі, што мне спаць трэба. І сапраўды — хочацца. Галава, бы волавам налілася...

— Паелі ды ў цяпле — гэта з таго. Кладзіцеся...

Курач сціснуўся на канапе і ў момант заснуў. Ён не прасынаўся ажно да самага вечара, і Рэната колькі разоў падыходзіла да канапы, баючыся, каб чаго благога не прыключылася з Курачом. Але той спаў моцна, лежачы ўсё на адным і тым жа правым баку, павярнуўшыся тварам да сцяны.

На захадзе сонца Рэната пайшла з судамі на Дзвіну. Зачэрпнула вады з праломкі і адразу нечага ўстрывожылася, заспяшалася назад. Узнялася па прыступках і прыпынілася, каб аддыхацца, і зноў супакоілася, убачыўшы, што з коміна знаёмым струменьчыкам віецца слабы дымок і акенца асветлена. Валя ўжо і грубачку наладзіла, і газнічку запаліла — памочніца, нават нічога і загадваць не трэба, усё сама зробіць, аб усім здагадаецца.

«А як запунсавела, калі гэты Курач руку мне пацалаваў!»

Успамін пра гэтую Курачову пачцівасць дзівосна ўлагоджваў, нават выклікаў усмешку, але яна тут жа вярнулася да сваёй ранейшай думкі аб ім: незразумелы ён чалавек, гэты Курач! І хай бы ішоў сваёй дарогаю. Сёння яшчэ хай паначуе. А заўтра яна скажа, каб ішоў...

Рэната ўзняла суды, пашыбавала да зямлянкі і, ступіўшы на першую прыступку, спынілася, пачуўшы ажыўленыя галасы. Падобна, што Валя з Курачом спрачаецца. І не проста спрачаецца! Абурана крычыць дачка!..

«Ніхто не разбіў нашых! Яны вернуцца! І фашыстаў пагоняць, ажно пяткі будуць у іх смылець!»

«Чым пагоняць? Самалётаў няма. Танкаў няма...»

«Няпраўда. Самалёты ёсць, пазаўчора... Не, на тым тыдні прыляталі і станцыю бамбілі. І танкі знойдуцца!»

«Дзе яны знойдуцца? Усе заводы — забраныя. Кадравая армія — разбеглася».

«Няпраўда! Наш бацька ў кадравай арміі. І ён лупцуе фашыстаў як мае быць!»

«Адкуль табе вядома? Можа, дзе-небудзь у палоне сядзіць. Ці вось гэтак, як і я, у зямлянцы якой-небудзь грэецца...»

«Няпраўда! Няпраўда! Няпраўда!»

Рэната пераскочыла, разліўшы крыху вады, апошнія дзве прыступкі, рыўком адчыніла дзверы. Воблака белай пары ўварвалася ў зямлянку; кнот газнічкі затрымцеў, і святло адразу зрабілася хісткае, і сцены ў зямлянцы захадзілі хадуном, быццам іх нехта моцна трос.

— Хадземце, я нешта вам хачу сказаць,— паклікала Рэната, стаўляючы суды ля сцяны.

Валя кінулася да маці.

— Мамачка! Ты ведаеш... Ты толькі паслухай, якую лухту...

— Сціхні! Данічка акрый, не бачыш хіба, што ножкі ў яго голыя? — Рэната павярнулася, чакала ля дзвярэй, пакуль пройдзе Курач.— І ваду пастаў. Трэба Данічку малінніку свежанькага заварыць...

Рэната першай выйшла з зямлянкі і, як толькі Курач зачыніў дзверы і наблізіўся да яе, гнеўна выпаліла:

— Навошта вы дзецям маім душу паганіце? Навошта?

— Вы не зразумелі. Мы спрачаліся. Меру я перабраў, адчуваю... Але ж мне хацелася...

Рэната сказала з гневам у голасе:

— Ідзіце ад нас!

Ён не паверыў спачатку, што яго гоняць прэч, паспрабаваў жартаваць:

— У гэткую халадэчу добры гаспадар і сабаку не выганіць з цяпла,— і раптам зразумеў, што жарт яго недарэчны, і прамовіў ціха і вінавата: — І куды ж мне ісці?.. Думалася, што дапамагу вам неяк. Дзеці ж у вас... Думалася, што пажыву да цяпла. І вам лягчэй... Меней гараваць...

— Жылі неяк. І далей не прападзём. А вы сваёй дарогаю ідзіце.

— Куды? — спытаў ён роспачна і разгублена.— Куды мне ісці?

— Ва ўправе спытайце. Яны падкажуць, куды ісці. Там людзі з вашымі гэтымі думкамі патрэбны.

— Вы не зразумелі! Не зразумелі!

Курач выгукнуў гэта з адчаем, і на яго твары, спаласаваным звілістымі рудымі палосамі, адбілася шчырая разгубленасць, і Рэната спалохалася. Але яе спалохаў не гэты адчай, не рудыя палосы на шчоках і лбе Курача — адбітак барвовай палосы над лесам за Дзвіною,— а злосна звужаныя вочы і зацятая, нядобрая грымаса, што звяла куточкі вуснаў.

— Хай сабе... Але навошта ж дзецям душу паганіць? Бывайце...

Рэната павярнулася, таропка, як бы ўцякаючы, пашыбавала ў зямлянку. Адразу ж, як толькі зачыніла за сабою дзверы, накінула крук, піхнула засаўку і, злуючыся на сябе, адчуваючы, што зрабіла не зусім прыстойна, выпіхнуўшы чалавека ў мароз на вуліцу, насварылася на дачку:

— Ты чаго гэта мітынгаваць з ім удумала? Ты чаго гэта яму пра бацьку нашага казаць пачала? Ты чаго гэта язык, бы лейцы, распусціла? Хочаш, каб пакарацілі яго табе?

— Мамачка! Ён жа мне пачаў плявузгаць...

— І хай сабе! Хай плявузгае. А твая галава дзе? Розуму шчэ не набралася? Дык навучаць хутка, не паспееш апрытомнець — у загарадцы будзеш. І нас з Данікам туды пацягнеш.

— Я не вінаватая, мамачка!

— Не вінаватая? Колькі разоў я табе казала, што з незнаёмым чалавекам нельга гэтак шчыра? Колькі?

Валя выгукнула таропка, дужа весела, быццам гульню якую вяла:

— Сто разоў.

— А гэта — сто першы. І — апошні! Ведай, што сто другога ўжо можа і не быць.

— Клянуся: апошні раз языком з незнаёмым чалавекам боўтаю.

— Тваё клянне гэтае...

І раптам асела на ложак, прыгарнула да сябе дачку, гладзіла яе па галаве, па плячах, цалавала ў шыю і адчувала, як торгаюцца ад плачу худзенькія Валіны плечы, і сама ўпотай плакала, глытаючы рэдкія скупыя слёзы; час ад часу ўзіралася на дзверы, чакаючы, што зараз пачуецца бразгат, патрабаванне адчыніць іх.

Але за дзвярыма было ціха.



14

Ад моцнага марозу гулка, быццам стрэліла, гэкнула бервяно ў столі, і Рэната падхапілася, села на ложку — падалося, што гэта хрыпата, са стогнам, кашлянуў Данік. Яна схілілася над ім, услухалася ў сіплае і цяжкое дыханне, і адразу ж знаёмым болем заныла сэрца.

«Ці не божачка гэта карае мяне за тое, што выгнала тады ў ноч хворага і нядужага чалавека?..»

Адкінула гэтую развагу рашуча. Не трэба, не трэба лухту ў голаў убіваць! Данічак паправіўся пасля таго і здаровенькі зусім быў. Цяпер зноў, відаць, вярнулася да малога хвароба. Вось ужо другі дзень трубна кашляе, усё жаліцца, што баліць у грудзях і пад лапаткамі: не прайшло, значыцца, запаленне. Нельга было, значыцца, дазваляць яму ўставаць з ложка — але ж як яго і ўтрымаеш на тым ложку? — нельга было дазваляць тупаць па зямлянцы. Падлога ж як ледзяная, і ад дзвярэй часцяком сцюжа цягне, калі мароз,— вось і прахапіла малечу. Дый ці ж багата таго холаду і трэба саслабелай, змучанай хваробай істоце? І небачка тут не вінавата. І не трэба сябе дакараць за тое, што Курача тады турнула. Благі ён чалавек. Той, хто Маскву ганьбуе,— благі, вельмі паганы чалавек. Добраму чалавеку Масква — надзея, вера, цеплыня, святло...

Рэната ўзнялася з ложка, прысела ля грубкі, пачала падкладаць дровы на гарачае яшчэ вуголле. Штоноч даводзіцца паліць грубку, бо калі не прапаліш уночы — уранку задубееш ад сцюжы. Каб была грубка большая... Але ж на яе, большую, і дроў не гэтулькі пойдзе, а тут чатыры паленцы тоненькіх паклаў, дык яна і цепліць.

— Рак! Трымай, трымай! Уцячэ ён, уцячэ! — забедаваў у сне Данік.

Рэната схілілася над малым, паправіла коўдру, абцерла канцом ручніка сынаў лобік.

— Рыбачок-бедачок ты мой. Спі ты спакойненька, спі... Летачка вернецца —зловім мы з табой ракаў. Поўную кашолку шчэ наловім. Вялікіх...

Данік закашляўся, сіліўся сесці і, сеўшы, кашляў глуха, быццам у бубен біў. У грудзях яго клекатала, і Рэната, падтрымліваючы малога, адчувала, як струною напінаецца скура на шыі і худзенькіх сынавых плечыках.

— Золатца ты маё,— ціха шаптала яна.— Сыночак ты мой даражэнькі... А чаго ж табе хочацца, золатца ты маё?..

— Піць! Піць!..

— Зараз, золатка ты маё! Зараз...

Яна мітнулася да грубкі, нацадзіла ў кубачак адвару малінніку, які быў у каструльцы яшчэ гарачы.

— Гаркава, гаркава,— закапрызнічаў Данік і ледзь не выбіў кубачак з матчыных рук.

— Заўтра сахарыны расстараюся, золатка. А цяпер — гэты папі, сыночак, папі...

— Гаркава! Гаркава...

— А дзе ж ты бачыў, каб лекі салодкія былі? Прашу цябе, золатка, папі... Здаравеюць ад гэтага адвару. Ты ж і той раз паздаравеў ад яго...

— І цяпер паздаравею?

— Паздаравееш, золатка, паздаравееш!..

Шумна, захлёбваючыся, Данік апаражніў кубак; ад гэтых намаганняў стаміўся, зашыўся пад кажух і сцішыўся. Падобна, што заснуў? Так, спіць... Ціха як у зямлянцы зрабілася — толькі дровы патрэскваюць у грубцы. І Валя спіць, у гэтай сон моцны, не дабудзіцца ўранку. Учора дык уночы прахоплівалася, калі Данік кашляў, а сёння аніводнага разу. Небачка, а як жа яны адны, без маці, жылі, калі Рэната выпраўлялася ў вёскі? Праўда, тады Данік быў здаровенькі, не кашляў, і цяплей было, уночы грубку паліць не трэба было...

Рэната прылегла, з надзеяй услухоўвалася ў паспакайнелае Данікава дыханне. Здаецца, палегчала малому, адкашляўся добра, дык і заснуў. А можа, увогуле на лепшае павярнула, зламалася хвароба?.. Колькі ж можна малому пакутаваць! Тут і дарослы не вытрывае. А ён — трывае, нічога не патрабуе, ляжыць ціха, нават не стогне, амаль і не капрызіць. Толькі высах — скура ды костачкі на ім толькі. А лекаў жа ніякіх няма, толькі адзіны паратунак — маліннік гэты. А ён жа, адвар з яго, сапраўды гаркавы. З сахарынам — дзякуй, Гардзеіха тады выручыла, дала крышку — яшчэ можна піць, і Данік ахвотна піў. Але ж няма болей сахарыну таго. Прасіць у Вольгі? Дык яна ж тады апошняе — залатая душа ў жанчыны! — напалам падзяліла. Не будзеш жа зноў у ласку набівацца. Давядзецца, відаць, боты мужавы прадаваць. Боты добрыя, за іх можна будзе не толькі сахарыну купіць. Цукру нават. Не, цукру не дакупіцца цяпер. Пра цукар цяпер толькі марыць можна! Які ён на смак — ужо і не ў памяці.

«Калі ўранку не будзе Даніку палёгкі — прадам. І гарнітур мужаў на харчы памяняю...»

Рэната спалохалася сваіх думак, падхапілася, быццам тое, што яна змысліла, неабходна было зараз жа і рабіць, і сядзела, звесіўшы ногі з ложка, і радавалася, што зараз ноч, што ёй не трэба нікуды ісці, не трэба варушыць схованку. Яна ўвогуле баялася чапаць тую схованку, усяляк яе берагла, не чапала, нават у думках сваіх не хацела перадаваць у чужыя рукі тыя рэчы, якія належалі мужу, з якімі было звязана шмат добрых успамінаў. Мужавы рэчы былі як нейкі талісман, як верная і добрая надзея на лепшае, чапаць іх нельга было аніяк; прысутнасць мужавых рэчаў у зямлянцы сагравала ёй сэрца спадзяваннем на добрае, мацавала веру ў тое, што рана ці позна Міхал вернецца.

Цяпер, зачапіўшы ў думках схованку, дзе ляжалі мужавы рэчы, яна як бы бурыла тую веру, што заўсёды супакойвала сэрца добрай спадзяванкаю, і адразу ж закрэсліла сваё рашэнне. Не, не! Яна не зачэпіць тую схованку. Яшчэ ёсць у яе крышку жыта, ёсць маленькая лустачка сала, каб заскварыць зацірку, гароху крышку ёсць, макухі поўны глечык. Заўтра ранкам яна пойдзе да суседа Гардзеіхі, пусціць на ручныя жорны жыта. Можна тады будзе блінец нейкі спячы малому. Не, што той блінец нішчымны! Лепей зацірачкі свежанькай, яна смачная, калі скварачкі поверх, пах ад іх. З малаком зацірачка дык лепей ад усяго. Тады, з той кропляю, што засталася ў пабітай бутэльцы, Рэната зварыла зацірку, забеленую.

«З малаком смачная дужа, о-ой, смачная!» —Данік тады ўсё гэта паўтараў. Ведама ж: з малачком і пах іншы, і смак, і выгляд зусім не той, не чорны. Але ж дзе малачко ўзяць? Хіба што ў таго суседа Гардзеіхі папытаць, калі заўтра будзе дамаўляцца на памол жыта ў жорнах? Карова ў гаспадара жорнаў ёсць. Папрасіць хіба малака?.. Як жа яго прозвішча?.. Пракопчык, здаецца. Але ў гэтага Пракопчыка і снегу зімой не выпрасіш! У яго тыя жорны па гадзінах працуюць: гадзіну пакруціў — шлянку мліва адсып за памол, за тое, што жорны, маўляў, знашваюцца. З каменя ж тыя жорны, ім сто гадоў круціцца — знаку і зносу не будзе. Але ён паставіў: шклянку! І людзі ідуць, круцяць жорны, а яму — шкляначкамі мліва сеецца. Хай сабе і невялікая тая шкляначка, але ж не гуляюць жорны аніводнаай гадзіны, заўсёды ў чарзе памольшчыцы. І дзе ні папытаеш — не чуваць, каб яшчэ хто-небудзь жорны меў. Так што хочаш не хочаш — да Пракопчыка, у яго хамут станавіся...

«А пальцы мерзнуць. Задубелі саўсім...»

Яна падкурчыла ногі, укрыла іх крайком кажуха і зноў падумала пра тое, што Данік і застудзіўся вось гэтак: паляжыць на ложку, угрэецца, а потым басанож патупае па сцюдзёнай падлозе — з таго і захварэў зноў. Але ж цяпер яна, Рэната, зробіць разумна, яна і на хвіліну яго з ложка не пусціць, прымусіць сядзець малога да таго часу, пакуль не паправіцца — каб табе крок на падлогу! Каб жа ж толькі паправіўся! Дыхаць, здаецца, лягчэй пачаў. Так, лягчэй дыхае, ціха, спакойна, зусім не хрыпіць. Паправіцца! Абавязкова паправіцца! Ранкам яна пойдзе ў Пагіршчыну, зойме чаргу на жорны. А можа, марозам гэткім і чаргі няма, і тады яна адразу змеле жыта, і ў яе будзе час пайсці на базар, пашукаць у каго сахарыну. Да вайны дык трасцы гэтай, сахарыну, ніхто і не ведаў. А гэтыя — панавезлі, каб свой «новы парадак» падсалоджваць. Розная брыда на святло павылузвалася, той жа вось Пракопчык, скажам, за нішто скуру з жывога гатовы злупіць... Не, не варта нават і пытацца ў яго пра малако! А што, калі ёй да Ганны выправіцца?.. Там малака можна было б расстарацца, Ганна кабета шчырая, чулая і добрая. Толькі як жа цяпер ты пойдзеш? З горада без пропуска цяпер цяжка выйсці — заставы на дарогах паставілі. І да Ганны калі кінуцца — заставу не абмінеш: чыгунку пераходзіць трэба і на пераездзе правяраюць, кажуць, кожнага. Заставу тую можна неяк і абысці, неяк абабегчы, але ж чыгунку дзе ў іншым месцы пераходзіць небяспечна — ахова страляе без папярэджанняў. Можа, каб напісаць Ганне? Але ж як ты напішаш? Хто твой ліст панясе? Сароку-белабоку ж не папросіш. Гэта да вайны раскоша была: паштоўку ў скрыню апусціў — яна і паляцела. А мо Валю паслаць? Не, не! Яе пашлеш — сабе толькі сэрца спаліш. На тым тыдні ты ж яе паслала да Бохача, даведацца, ці вярнуўся ён — Рэната чатыры разы перад гэтым сама хадзіла туды, але хата была зачынена, суседзі казалі, што да сваякоў на вёску гаспадары паехалі,— дык потым уся знервавалася, і чаго толькі тады не перадумала, ледзь сама не пабегла следам на пошукі. Рознае ў галаву лезла, пакуль дачакалася. Валя ж толькі з цёмным дамоў вярнулася: увесь пасёлак, аказваецца, немцы пагналі шашу ад снегу чысціць. Убачыла — насварылася. Сама разумела, што распытаць трэба спачатку, а потым — сварыцца. Але ж сэрца збалела, чаго толькі за дзень не перадумала: і забілі, думала, і ў вагон увапхнулі, і ў Германію павезлі, думала, і ў турму павялі, катуюць, думала, дапытваюць, куды Бохач знік.

«Не, не! Валю нікуды я не пашлю!»

Яна паківала перад сваім тварам пальцам, як бы грозячы сабе, замацоўваючы рашэнне, якое прыняла. Гэта ўжо вясною, як цёпла будзе, яны збяруцца ўсе ўтраіх і пойдуць да Ганны, дапамогуць гародчык упарадкаваць ці нешта там па гаспадарцы зрабіць. Але ж калі тое будзе! Да гэтага «цёпла» яшчэ безліч дзён. Зіма ж толькі пачалася. Ды дзе ж зіма! Лістапад — месяц восені! А ўжо зімка сапраўдная: і снег у калена, і маразы трашчаць, і завеі. Прыемна, калі ад грубкі цяплом патыхае, дыхаць добра. А на фронце як салдацікам цяпер, у такую халадэчу? А партызанам у лесе? Што, як Алесік дзе-небудзь на марозе ляжыць, калее? А Міхал калі дзе ў акопчыку сядзіць?.. Небачка, што гэтая вайна праклятая нарабіла! Колькі бяды людзям фашысты прынеслі! Гэта добра яна, Рэната, тады Бохана паслухала, увосень, калі ён дапамог зямлянку гэтую агораць, дроўцаў назапасіць. Усё ён прадбачыў, усё па-гаспадарску зрабіў. Але ж куды мог кінуцца на вёску? І сястра ж яго там, у хаце, была, і дзеці з ёю — няўжо ўсе разам і паехалі. І нічога ж не папярэдзіў, не наказаў, каб не шукалі... Відаць, немцы куды-небудзь на працу пагналі. Кажуць, нібыта новы аэрадром будуюць недзе пад Бецкім. Пад зямлёю аэрадром, нібыта. Але ж гэтае Бецкае блізка, пад горадам зусім. Там прыгожа дужа — увосень неяк перад вайной ездзілі туды па грыбы. Гаманілі, спрачаліся, помніцца, на заводзе каля машыны — куды ехаць. Паехалі туды, у тыя бярозавыя гаі — не ў памяці, хто тады і падказаў. Але грыбоў назбіралі — поўныя кашы адных падасінавікаў. А потым ездзілі туды штогод, і заўжды поўна там было падасінавікаў...

Яна вельмі добра ўявіла сабе не пагоркі, дзе ў засені маладых бярозак поўна было падасінавікаў, а свой завод, двор, дзе тады стаяла машына, як гаманілі, спрачаліся, жартавалі. Як смачна там заўжды пахла паветра! Яшчэ здаля падыходзіш да завода — б’е ў нос водар свежага хлеба. А там, на заводзе, гэтым водарам, здавалася, дыхае літаральна ўсё, нават цяжкія шэрыя прыступкі, што вялі ў цэх, дзе стаялі печы. А як пахлі ў формах боханы, што павольна выпаўзалі з печаў! Як залаціліся блішчастыя, з карычневымі закрайкамі скарынкі!..

«Каб адзін той бохан сюды, у зямлянку!..»

За акенцам зямлянкі пыхнула жаўтлявая маланка, на нейкі міг высветліла сцены і згасла, бліснуўшы на кутасіках ложка. І тут жа ложак дугнуўся, захадзіў хадуном, быццам падлога затрэслася; са столі пасыпалася сухая зямля; недзе зусім блізка, як за сцяной, раскаціўся магутны грукат; дзынкнула шыба акна, і танютка забразджаў на дзвярах жалезны слясак.

Прахапілася на канапе Валя, спуджана паклікала:

— Мамачка, мамачка! А што гэта, мамачка?

— Не ведаю. Здаецца, бамбяць. Але не магу сцяміць, у якім баку...

Валя прамовіла ўпэўнена, быццам усё ведала дакладна:

— Гэта — нашы. Станцыю малоцяць.

— Але самалётаў не чутно.

— Страляюць. Чуеш? — Валя перабегла на ложак да маці, прыціснулася, ухуталася коўдраю.— З кулямётаў страляюць. З буйнакаліберных!

— Ужо і вызначыла!

— Дык гэта ж лёгка. Аўтамат адразу адрозніш, ён гусценька сыпле: «тыр-тыр-тыр...» А кулямёт іхні машынкаю строчыць: «та-та-та-та-та...» А буйнакаліберны не звонка, а глуха: «дум-дум-дум...» А зеніткі, быццам сабакі гаўкаюць: «гця-гцяў, гця-гцяў...»

— Ты ляжы, а я выйду, зірну, дзе гэта...

Рэната выйшла з зямлянкі. Злавесныя барвы блізкага пажару крывавілі неба і, здавалася, выносіліся з-за замчышча. Нешта, відаць, палае на аэрадроме. І страляніна таксама грыміць у тым баку, але каляровыя ленты трасераў ідуць толькі ў адным напрамку — у бок Дзвіны і ляцяць над Запалоццем нізка, як не над дахамі хат, быццам выскакваюць з комінаў.

Яна выбегла ў тонкай хустцы, не завязаўшы нават яе, ускінуўшы на плечы паліто наапашку, і вецер адразу ж выдзьмуў усё цяпло; яе затрэсла ад холаду; дзервянелі калені, што ўпіраліся ў снегавую гурбу; халодныя струмені паўзлі па грудзях, круцілі паясніцу, бы вязалі яе халоднай вяроўкаю.

«Закалею. І сама, як Данічак, застуджуся...»

Рэната памкнулася назад і, узяўшыся за слясак, спалохана азірнулася на яркае святло, што пыхнула, здалося, у яе за плячыма. З барвовага полымя, што шугала за замчышчам, мітнуліся, нібыта падкінутыя мяккім працяглым выбухам, белыя языкі і згаслі, як прыціснутыя нейкай чорнай плямаю, і гэтая пляма развалілася, як разрэзаная напалам, і ў той праломцы запаліўся ярка-чырвоны шар, паплыў угару — абалонка яго ўвачавідкі бялела, выгіналася, трэслася, — напароўшыся на чорныя крыжы на белых царкоўных мурах, разваліўся, пасыпаўся ўніз агнявымі зыркімі хвастатымі камякамі.

Яна спуджана рванула дзверы к сабе, потым імкліва зачыніла іх за спінаю, нібыта ратуючыся гэтым ад той агнявой бяды. Яна чакала, што тыя барвовыя хвастатыя камякі загрукаюць у дзверы, спаляць і іх, і яе, і дзяцей, усё пабураць, патрушчаць.

«Дзяцей мне трэба бараніць! Дзяцей!..»

Рэната кінулася наперад, ускочыла на ложак, здзерла з сябе паліто, накрыла ім дзяцей, ляжала, адчуваючы дзіўнае бомканне ў скронях.

— Што гарыць? — нецярпліва папытала Валя, адсоўваючы крысо паліто ад сябе.— Што гарыць, мамачка? Аэрадром? Аэрадром, мне здаецца...

Рэната цяжка дыхала, быццам ускараскалася на высокі пагорак. Дзіўнага бомкання ў скронях ужо не было, і яна зразумела, што ёй няма чаго апасацца; тыя агнявыя камякі далёка, яны не зачэпяць зямлянку, а яна, Рэната, спалохалася проста, неверагодна спудзілася.

— Ты ў мяне ўсё ведаеш,— Рэната намагалася схаваць ад дачкі гэты кароткі міг свае разгубленасці.

Валя сказала, як гаварыла апошнім часам часцяком, упэўнена, нібыта ўсё было ёй дакладна вядома:

— Там у іх склад з бензінам. Гэта бочкі ўзрываюцца.

— Ты ў мяне ўсё ведаеш,— ціха папракнула Рэната, зноў, слова ў слова, паўтарыўшы тое, што ўжо казала.

— Усё я не ведаю, на жаль. Але выбухі знаёмыя.

— Адкуль яны табе знаёмыя?

— А як нашы самалёты падпалілі эшалон на станцыі. Памятаеш? Гэтак жа бочкі тады покалі. Гэткі ж тады канцэрт быў... О-о-ёй, мамачка!

— Чаго ты?

— Дык вось пра які канцэрт казаў Гарык!

— Які шчэ Гарык?

— Лагуцін! — сказала Валя, дзівячыся, што яе не разумеюць.— Вось ён, той канцэрт! Лагуцін жа і казаў мне, каб на свята канцэрцік слухала. Ужо ж сёмае лістапада!

Рэната злезла з ложка, прыпала да акенца, углядалася ў марозныя карункі на шыбах.

— А небачка! А ў мяне дык і з памяці вылецела, што ўжо новы дзень. Сёмае ж! Учора шостае было, а сёння — свята!

— А што я табе кажу! А што я табе кажу! — Валя зацокала языком, забарабаніла нагамі на ложку.— Свята, свята! Не схлусіў Гарык, не схлусіў!

Рэната папрасіла лагодна:

— Аціхні. Пабудзіш малога!

— Няхай і ён не спіць! Няхай паслухае канцэрцік!

— Не пабудзі яго, супакойся!

— Ды спіць ён, спіць! Ой, мамачка, а ты ж мне шчэ не верыла. Думала, што напрыдумляла. А вось ён, канцэрцік,— і запляскала ў далоні.— Канцэрцік, канцэрцік... А ўсё ж скажы па праўдзе: не верыла?.. Чаго ты тамака калееш? Ідзі сюды! Разам дык цяплей,— спытала зноў, калі маці вярнулася на ложак: —Верыла ўсё-ткі ці не?..

— Верыла, верыла!..

Што іншае ёй, гэтай гарэзе, скажаш? Не папракаць дачку трэба, а радавацца: гарыць фашысцкі аэрадром. А мо Бохач таму і знік гэтак раптоўна, што таксама рыхтаваў гэты «канцэрцік»? І які ж радасны голас у дачкі! «Гарык пра гэта і казаў...» Бач ты! Гарыкам ужо зрабіўся ёй Лагуцін! А чаго ты дзівішся? Дзіцячы розум, зялёнае горкае дзяўчо ж яна, Валька гэтая, вецер у галаве — Лагуцін вось вецер той і ганяе... Але не пра тое ёй, Рэнаце, думаць трэба! Свята ж сёння! Небачка, каб летась, у тое, леташняе, свята ёй сказалі, што наступнае свята яна стрэне вось гэтак?.. Ды толькі ў вар’яцкім сне такое можа сасніцца. Але ж не сон нейкі пачварны, жыццё пачварнае вакол, і яно, жыццё, рэальнае. І не пра благое трэба думаць. Свята ж! Вось ён, святочны дзень настае — самае радаснае тваё свята!..

Рэната закалела, стоячы на халоднай падлозе ля акенца, і цяпер, калі яна зноў уладкавалася на ложку, цяпло яго, цяпло дзяцей агарнулі яе дзівоснай мяккай хваляй. Ёй згадалася, як звычайна ў даваенны час ужо напярэдадні свята ўсе жылі прадчуваннем вялікай радасці, святла, і ў ва ўсіх у хаце быў добры настрой, і закіпаў перадсвяточны клопат, і ўсе імкнуліся ёй, Рэнаце, памагчы, і смачна пахла ва ўсіх пакоях, і бадзёра гучала музыка, і чырванелі сцягі над кожнай хатай, і завулак як бы спяваў на новай святочнай ноце, якой жыў ужо ўвесь горад. І Міхал таксама болей ад усіх любіў менавіта гэтае свята — Кастрычніцкія дні. Дзе ж ён цяпер? Дзе святкуе? Як? Каб жа хоць які знак ад яго! Маленечкі знак; адно слоўца толькі — жывы! Болей і не трэба ёй нічога!.. Можа, дарэмна не злётала ў ліпені яна ў Баравуху, не пашукала па лагерах Міхала?.. Не, не! Не было там Міхала! Не было і не будзе! Ён — жывы! Трэба толькі чакаць і верыць у гэта! І яна будзе чакаць, і будзе верыць: жывы яе Міхал! І Алеська жывы! І абавязкова будзе ад іх вестачка. І абавязкова — добрая вестачка! І ранічкою Данічак прачнецца здаровы і вясёлы, засмяецца шчасліва... І вось тады ўжо — ёй, Рэнаце, свята! І вось яшчэ каб пачуць: гоняць нашы фашыста назад! Коцяцца фашысты ў сваё логва, мерзнуць у снягах, крычаць ад болю, стогнуць, клянуцца ніколі болей не ісці на нас вайною... І вось тады — свята! Тады было б сапраўднае ёй свята, тады б радасна было тут, у зямлянцы, тады радасць для кожнага, для ўсіх радасць вялікая... І будзе яна, гэтая радасць! Абавязкова будзе! І трэба дачакацца яе, дажыць, не паддацца слабасці, усё вытрываць — і холад, і голад, і адчай, і тугу...

Кулямётная страляніна сцішылася. Толькі ўсё покалі і покалі мяккія глухаватыя выбухі, і пасля кожнага дрыгатлівае святло пыхала ў акно зямлянкі, па-новаму высвятляючы марозныя карункі на шкле, і кожны раз новая мудрагелістая мярэжка трымцела на падлозе, на сценах, на каўняры кажуха, на няроўным, як бы скошаным, нерухомым Данікавым твары...

«Нейкі дзіўна белы ў яго твар. Быццам заінеў».

Новы выбух чухнуў за акном, новае святло хваляй пакацілася па зямлянцы, і Рэната, спуджана нахіліўшыся над сынам, згледзела ўсмешку на яго губках.

«Усміхаецца... Нешта добрае, мабыць, сасніў. І дыхае роўненька, як і не хварэў...»

Рэната паверыла, што Данік выздараўлівае, паверыла не толькі таму, што ўбачыла ўсмешку на сынавых губах. Вера ў гэта была глыбей, яна нарадзілася з веры ў шчаслівы Міхалаў лёс і шчаслівы Алесеў лёс, з веры ў змены, якія адбыліся і там, дзе шугала полымя пажару, і адбыліся недзе далёка, у невядомай пакуль што далечы: яна верыла, сэрцам разумела, што гэтыя змены ўжо ёсць, што яе асабісты лёс з імі звязаны і што яна неўзабаве аб іх даведаецца.

Усё радзей і радзей мякка чухалі, потым грымотна чоўхалі выбухі, глухія і магутныя, потым аціхлі. Але полымя шугала па-ранейшаму, і на падлозе, на сценах зямлянкі, на каўняры кажуха, на коўдры, якой была захутана дачка, увесь час соўгалася, мянялася карункавая сетка, і, нават прыжмурыўшыся, Рэната выразна бачыла гэтую дрыгатлівую мярэжку.

Пажар не згас і ўранні. Калі Рэната, з мяшэчкам жыта за плячыма, выправілася ў Пагіршчыну, яна з замчышча ўбачыла правей крайніх хат Запалоцця, якраз над аэрадромам, два пакручастыя дымныя касмылі; вецер растрэсваў дым, ён, пасмамі, выпаўзаў з-за аснежаных дрэў, нібыта даганяў злавесную чорную палосу, што сплывала ў бок Дзвіны.

Крыху правей таго месца, адкуль вывальваліся дымныя касмылі, была і хата Гардзеіхі. Рэната ішла да яе берагам Палаты, па звілістай сцежцы, потым адолела роў, за якім на гліністым і ўлетку чырвоным ад канюшыны схіле рос стары саўгасны сад; у рове дым над аэрадромам ужо быў не відзён — яго хавалі хаты пасёлка, за якім таксама быў сад, апаясаны шчыльнай агароджаю старых ялін.

Гардзеіха стаяла на падворку, быццам чакала Рэнату, і сустрэла ўзрадаваным запытаннем:

— А ці чула ты, якое свята ноччу рабілася? А ці чула?

— Ад замчышча бачыла — на аэрадроме нешта згарэла, шчэ нават і дыміць...

— Шчэ й не гэтак задыміць,— і Гардзеіха азірнулася, як баючыся, што нехта іх падслухае.— Хадзем у хату! Хадзем!..

Рэнаце карцела адразу ж і аб усіх даведацца, паслухаць, што скажа Гардзеіха. Але перасіліла сябе, стрымана патлумачыла, з чаго яна гэтак рана тут апынулася:

— Гэта во, жыта на жорны пусціць змысліла. Трэба ж пайсці дамовіцца. Ці ж дома ён?

— Хай пакалеюць тыя жорны, і ён разам з імі. Хадзем хоць у сенцы. А то мы на падворку тут базар наладзілі...

Яна зацягнула Рэнату ў сенцы, пасыпала радаснай скорагаворкаю, час ад часу пляскаючы далонькамі:

— Склад ляснуўся. Увесь бензінчык іхні — дымам пайшоў. І чатыры самалёцікі! Ды гэта што! Лістовачак насеялі скрозь. І ведаеш, што ў лістовачках?

— Адкуль жа ведаць!

— Нас, савецкіх людзей, што часова апынуліся на акупіраванай тэрыторыі, віншуюць са святам Кастрычніка. Час вызвалення вашага — блізкі! Вось што пішуць...

Даўкасць была ў горле, і радасны боль разрастаўся пад грудзінай. Але Рэната нават не імкнулася суняць яго, нават не распытвала, адкуль ведае Гардзеіха, што напісана ў тых лістоўках, прамовіла спакойна, сама дзівячыся з гэтага свайго спакою:

— Чулі і мы бой. Грымеў жа цалюткую ноч.

— Бой? Ха-ха! Бою не было. Партызаны сваю справу зрабілі, і след іх прастыў, а гэтыя ваякі толькі тады спахапіліся. Лу-упяць у пусты свет. Трэба ж неяк перад начальствам апраўдацца — гэткі склад праспалі. Уга! Там жа бочак што было-о! З дарогі бачыла, калі там праходзіла. Паткнулася сёння ранкам зірнуць, дык ледзьве ногі ўнесла...

У хаце пачулася валтузня, потым вясёлыя воклічы — ішла нейкая гульня, у якой занята цэлая плойма дзяцей. Рэната насцярожылася. Дзеці? Адзіная дачка Гардзеіхі — Рэната пачула пра тое ў першы дзень іхняга знаёмства — паехала перад вайною ў Маскву паступаць у медыцынскі інстытут.

— Хто гэта ў хаце тамака бушуе? — спытала, кіўнуўшы галавою на дзверы.

— Бежанцы мае,— хітнула галавою Гардзеіха.— З-пад самага Беластоку грабуцца. І ўсё пеша, пеша і пеша. Чацвёра дзяцей у кабеты, і ўсё гэткія,— Гардзеіха правяла ў паветры ўмоўную лесвічку, паказваючы ўзрост дзяцей.— На Смаленск тэпаюць. Папрасіліся тыдзень пажыць. Хай жывуць — хаты не шкада.

— А хто такія?

— Пабегла цяпер на базар, каб чаго купіць. Грошы ў яе, бачыла, ё. І ўсё — трыццатачкі, трыццатачкі чырвоненькія. Але што тая трыццатачка? Дзве бульбіны і купіш. Каб той Гітлер сабе гэтак усё небыццё купляў...

— Я пытаюся, хто яна такая?

Гардзеіха паціснула плячыма:

— Здаецца, сям’я вайскоўца... Гэткая культурная, табе скажу, кабета. Вучоная. А ўжо і ласкавая і пачцівая! Адно толькі і гаворыць: дзякую, вялікае дзякуй — як толькі гэтыя словы і ведае. Вочы, аднак, палахлівыя, падазроныя, з недаверам да ўсяго.

— Цяперашнім часам няма асабліва даверлівых, кожны асцерагаецца,— сказала Рэната, абараняючы жанчыну, з якой ніколі не сустракалася.— І падазрона глядзіць.

— Мы ж вось з табою не гэтак!

— Ведаем адно аднаго.

— А дзе ж гэта мы з табою ўведаліся?

— А як разам на ворага працавалі! — сур’ёзна, без усмешкі патлумачыла Рэната.

Гардзеіха засмяялася, твар яе адразу зрабіўся мілы і прыветны, і вочы гарэзна бліснулі:

— А, каб жа ты здаровенькая расла, як гаворыцца,— і ўзрадавана працягнула: —Слу-ухай! Учора ты на базар лётала?

— Ды тыдзень я ўжо ля малога сяджу. Валя на базар ходзіць. Я дужа-ткі і не пасылаю яе нікуды. Калі пры мне — спакайней. Пазаўчора, праўда, хадзіла яна — дзве бручкі прыдбала...

— А што, яна табе нічога пра аб’яву не казала? З партрэтам партызанскага камандзіра вісіць. Абяцаюць за яго галаву тры каровы, дваццаць гектараў зямлі і дзве тысячы марак. Вось якая дарагая галоўка!

— Насаліў, значыцца, крэпка.

— Ды ўжо ж! Я калі на партрэт зірнула, дык адразу падумала: той эшалончык і гэты аэрадромчык — яго рука.

— І прозвішча пішуць?

— Мянушку толькі — «Міхал».

Чырвонае святло перасцярогі пыхнула ў Рэнаты перад вачыма. Але глыбінная, адчайная патрэба даведацца пра ўсё адразу перасіліла трывогу, і яна, замест таго, каб запытаць спакойна, выпаліла, як выкінула з сябе словы:

— Як ты кажаш? «Міхал»?

— А ты чаго збялела? А ці ж не ведаеш ты яго?

Шчырае, непадробленае здзіўленне на твары Гардзеіхі адразу разбурылі Рэнаціну здагадку, скасавалі трывогу і развесялілі. Дарэмна яна, Рэната, гэтак захвалявалася, пачуўшы роднае імя. Ды каб жа яе Міхал быў недзе побач, хіба ж не даў ён ёй знак? Ды смешна думаць нават пра такое. Ён далёка. Ён на фронце ваюе.

— А як жа! — яна пажартавала, і жарт даўся ёй лёгка.— Баявое заданне ад яго маю!

— Ну-у-у! — Гардзеіха, закрыўшы рукамі шчокі, шчыра жахнулася.— Якое?.. Хаця... Што ж я, дурніца, пытаюся...

— А чаго? Я і не таюся. Першае — Гітлера на той свет пусціць. А другое заданне — жытцо вось гэтае змалоць...

Твар Гардзеіхі зноў зрабіўся мілы і прыветны.

— А-а, каб жа ты здаровенькая расла! — Яна заўсміхалася.— Ажно ў пот кінула!

— А мяне шчэ гэтае чакае: жорны пакруціш — сто патоў з цябе зліецца. Не ведаеш, Пракопчык дома?

— А куды гэты павук папрэцца? Асцяро-ожны, гад. Дзе-небудзь стрэляць — паўдня будзе за сваёй брамай сядзець, цікаваць. Сёння, здаецца, да яго ніхто з памолам і не прыходзіў.

— Во і добра, упраўлюся скоранька. А ты, часам, на базары калі была, сахарын не бачыла? Данічак не хоча адвар малінніку несалодкі піць...

Рэната заспяшалася, адчуўшы няёмкасць. Гэтай сваёй гаворкаю пра сахарын, яна як бы набіваецца да чалавека ў ласку.

— Заскоч, калі змелеш,— папрасіла Гардзеіха.— Можа, смаленачка мая вернецца. У яе сахарын ёсць — учора мяне частавала. У мяне ж, каб табе крупіначка, праўду кажу...

Шумную валтузню ў хаце перапыніў прарэзлівы віск, і Гардзеіха сказала з робленай незадаволенасцю:

— От жа адных паспрабуй кінуць у хаце — абернуць усё адным махам. О-ох, гарэзы!

— Хлопчыкі? —'

— Адна дзяўчынка, Леначка. Дык яна ім рады даць не можа, хоць і большая... Дык чуеш? Я падбягу, калі мая смаленачкавернецца, дапамагу табе жорны круціць.

— Во, яшчэ новы клопат табе. Упраўлюся і адна. Жменьку гэтую змалоць — ад сілы гадзіны паўтары...

Але потым, узяўшыся малоць жыта, Рэната падумала, што дапамога была б якраз і дарэчы. Жорны былі зроблены ў нізкай драўлянай скрыні, якая стаяла ў кутку хлява, пад рэдзенькай, з тонкіх дошак, столлю, пакладзенай на дзве бэлькі, астатнія бэлькі былі без дошак, і была відаць гонтавая страха з шырокімі дзіркамі ў вільчыку; да бэлькі ад верхняга камня жорнаў, узятага ў шырокі чорны абруч, ішоў пад бэльку драўляны тронак, падобны на вышараванае далонямі грабільна. Пляскаты камень, увесь як ссінелы ад старога мліва, што ўелася ў расколіны, вельмі блага паддаваўся разгону: толькі кінеш круціць і спыняецца адразу ж, як і не рухаўся перад гэтым. Ёй жа даводзілася вельмі часта прыпыняцца, каб зачэрпнуць зерне. Праўда, крыху спагадзя яна налаўчылася: трымаючыся правай рукою за драўляны тронак, круціла жорны, а левай, па жменьцы, сыпала жыта ў белую адтуліну пасярэдзіне і радавалася, што мліва ідзе добра.

Але з кожнай павароткаю жорны рабіліся ўсё цяжэйшыя, даводзілася брацца за драўляны тронак то левай, то правай рукою. Потым, канчаткова стаміўшыся, яна ўзялася аберучкі за дзяржак, але паставіла рукі нізка, як не на самы абруч, і камень балюча пашкрабаў мезенец. Усё, болей у яе няма сілы — трэба адпачыць. І што дзіўна! Яна ж не націскае дзяржак, стаіць, упёршыся лбом у яго, а перад зажмуранымі вачыма жорны ўсё круцяцца, круцяцца, журкае камень, пераціраючы зерне на белы пыл. Цяпер вось рыпяць жорны. Дзіўна рыпяць. Не, гэта дзверы хлява рыпяць. Пракопчык нечага валачэцца...

Крыху прыгорблены, камлюкаваты, у чорным, спрэс у латках, кажусе, які не меў аніводнага гузіка і не зашпільваўся, Пракопчык моўчкі стаў ля Рэнаты, зняў з драўлянага калка, заціснутага ў паз паміж бёрнаў, рабрыстую шклянку, зачэрпнуў ёю шэра-белае мліва, пачаў трамбаваць пальцам, потым зачэрпнуў зноў, зноў патрамбаваў.

Рэната, падціснуўшы губы, упарта не ўзнімала вачэй і глядзела на яго рукі, нібыта баялася сутыкнуцца з позіркам гаспадара жорнаў, якога яна і зненавідзела і баялася. Зненавідзела ў той першы дзень, калі яна малола тут жыта і ўбачыла яго рукі, тоўстыя, з рэдкім чорным валоссем ля касцякоў пальцаў, учэпістыя, з парэпанымі пазногцямі, з барвовым шрамам праз усё правае запясце. Як дзіўна беліць жытнёвы пыл чорныя валасінкі ля касцякоў пальцаў — бы восеньскае павуцінне на скуры. А рука, што грабецца па мліве, падобна на павучыныя лапы. Дакладна Гардзеіха вызначыла: павук. Гардзеіха казала, што Пракопчык быў вартаўніком крамы, потым за год да вайны быў асуджаны, але вярнуўся дамоў на чацвёрты дзень вайны і пахваляўся адкрыта, што забіў вартавога ў эшалоне і ўцёк...

Са шклянкаю ў руцэ, Пракопчык моўчкі, ваўкавата стаўляючы ногі, пайшоў з хлява. Неўзабаве ён вярнуўся, пачапіў пустую шклянку на ранейшае месца і, скідаючы Рэнаціны рукі з драўлянага дзержака, буркатнуў:

— Зломіш тронак мне!

— Цэлы ён будзе. А зломіцца — новы зраблю,— і Рэната хмурна зірнула на Пракопчыка.

— Зробіць я-на! — працягнуў гаспадар, робячы націск на апошнім складзе.

Яго кудлатыя рудыя бровы саўгануліся, грозна сышліся на пераноссі, і пад імі ў вачніцах, як у ссохлым восеньскім быльнягу, схаваліся блішчастыя, бы кавалачкі карычневага шкла, нядобрыя карыя зрэнкі. Але Рэната ўбачыла — дакладней, ёй падалося, што яна ўбачыла,— у вачах Пракопчыка, калі ён працягнуў гэтае «зробіць я-на» і выходзіў з хлява, была нейкая як бы цікавасць, як бы спагада, незразумелае і, разам з тым, адкрытае здзіўленне.

Зноў глуха журкалі цяжкія жорны, час ад часу скрыгаталі, калі канчалася зерне, і Рэната сыпала ў вузкую гарлавіну жыта, не зводзячы вачэй з тонкага белаватага сяйва, што памалу асядала няроўнымі гурбачкамі вакол ніжняга каменя. Цяпер мліва пацямнела, ля абада было рудаватае, з цёмнымі крапкамі, і яміна, якую выграбла ў гэтых гурбачках Пракопчыкава рука, усё аніяк не засявалася, не рабілася роўнай, і беражкі яе ўвесь час вастрэлі і абвальваліся, абвальваліся гэтак жа, як у той час, калі Пракопчык зграбаў мліва ў шклянку. Прыгадала, як той трамбаваў мліва і нечакана аблаяла не яго, а сябе: марудна яна працуе, марудна. А тут жа за кожную хвілінку трэба плаціць. Павук гэты выграб сабе шклянку і пайшоў. А ёй гэтая шклянка мліва — цалюткі дзень жыць з дзецьмі. Дзве ж добрыя заціркі з адной шклянкі выходзіць — гэтулькі, лічы, ён у яе з дзецьмі і выграб.

«І яшчэ болей аддасі, калі будзеш прахалоджвацца!»

Не спыняючы бег жорнаў, Рэната нахілілася, абцерла твар аб левы рукаў і з яшчэ большай увішнасцю ўлегла ў працу. Пот па-ранейшаму рэзаў вочы, але яна не спынялася, круціла і круціла тронак жорнаў. Зараз, зараз яна скончыць гэтае мліва, потым пабяжыць на базар, пашукае сахарыну. Калі яна купіць гэты кляты сахарын — лічы, пашчасціла сёння: змалола без чаргі, управілася і на базар злётаць... І трэба абавязкова на тую аб’яву паглядзець, дзе пра нейкага Міхала фашысты пішуць.

«А што, як пра майго Міхала гэта пішацца ў той аб’яве?»

Не, гэткага не можа быць! Ён бы даўно адшукаў яе, Рэнату, даў знак аб сабе ці чалавека паслаў, каб наказалі ёй. Той жа Лагуцін мог сказаць. А можа, пра Лагуціна тая аб’ява? Але ж які ён Міхал! У яго зусім іншае імя — Гарык!.. Ласкава гэтак яго кліча Валя. І, між іншым, нейкая нязвыклая ласкавасць была і ў голасе, і ва ўсмешцы, і ва ўсім абліччы, і захапленне было, калі казала дачка пра Лагуціна. Ачмурыў дзеўку, чорт гэты блакітнавокі! Ды глупства! Глупства? Не, не горкае яна дзяўчо, дачка пасталела, ты ж гэта сама заўважала. І ты сябе, галубка, прыгадай! Намнога ты была старэйшая, калі бацькі выпхнулі цябе замуж? Дзе ж выпхнулі! Дарэмна ты на сваіх бацькоў наракаеш — сама збегла! Міхал свіснуў — ты і паляцела на бераг, да чоўна. А там, у чоўне, ён ужо і чакаў — Міхал...

Змакрэлі плечы, валасы ліплі да скроняў, але Рэната ўпарта, без перадыху ўсё круціла і круціла жорны, толькі ўсё часцей і часцей злізвала буйныя кроплі поту са скуры над верхняй губою. Ад слабай саленаватай горычы ў роце рабілася свяжэй, знікала сухасць, і салодка падала сэрца ад успамінаў, што прыходзілі няпрошаныя, але жаданыя, і хвалявалі, і з імі спарней ішла праца. Небачка! Як жа ўсё тое далёка! І як жа блізка гэта сэрцу, і як хвалююць тыя шчасныя хвіліны. І як усё — літаральна ж усё! — помніцца. Дужа цёплая была тады ноч, і яны ціха плылі па Дзвіне, і плылі доўга, і ніхто не веславаў, і мякка гайдалася на плыні бела-жоўтая поўня, і такія ж узгоркавыя, як вось гэтыя гурбачкі мліва, былі ў святле поўні берагі, белыя ад чаромхавай квецені...

Успаміны сагрэлі і расчулілі. Змалоўшы жыта і разлічыўшыся за памол з Пракопчыкам,— давялося яшчэ адну шклянку мліва адсыпаць: няпоўная гадзіна таксама ішла за поўную аплату! — Рэната шнуравала вуліцаю пасёлка з дзівосным адчуваннем у сэрцы. Усё тое, што было вакол — хмурнае неба, аснежаныя стрэхі дамоў, што стаялі маўкліва, бы нейкія сіроцкія, зледзянелая сцежка каля пахіленых платоў,— усё гэта здавалася ёй далёкім, як несапраўдным: блізкім жа, рэальным бачыўся ёй толькі той далёкі малюнак летняй ночы, тыя белаватыя воблакі чаромхавай квецені на берагах, санлівае хлюпанне вады за бортам чоўна.

Раптоўна выплылі і ўспаміны пра ноч, якая мінула нядаўна: залітая чырвоным святлом зямлянка, радаснае ўзрушэнне дачкі. «Не схлусіў Гарык! Не схлусіў. Свята! Свята!..»

Валін голас загучаў так чотка, быццам яна, Валя, стаяла побач, размаўляла з ёю. Рэната на момант прыпынілася, зноў прыгадаўшы, які сёння незвычайны дзень. Свята ж! Вялікае і добрае сёння свята! І як па-святочнаму ўзрушылася дачка ад гэтага імя — Гарык! Ажно засвіцілася ўся!

«Вось табе і зяцёк, галубанька!»

Рэната засмяялася, засмяялася бязгучна, адчуваючы, як соўгаюцца ва ўсмешцы губы: дзівосная палёгка клалася на сэрца, і карцела заспяваць ад радасці, і больш жвава пачыналі тупаць ногі, і ўжо не так сіверна, як уранку, біў у твар сцюдзёны вецер. Не скончылася жыццё! Не, не! Усё яшчэ наперадзе! І перамога над ворагам, і радасныя дні вяртання мужа, і вяртанне Алеся.

«Толькі трэба мне выстаяць, не сагнуцца, не паддацца бядзе, перамагчы і голад і холад!..»

Ад гэтых думак прыходзіла незразумелая незадаволенасць. Нешта зноў пачынае сябе пераконваць, быццам не верыць у свае сілы! Зноў пачынае дзяўбці сабе ў голаў тое, пра што казала свайму сэрцу шмат разоў, як баіцца, што можа ў нечым змяніцца, пачаць думаць іначай. А іначай яна думаць не будзе! І жыць іначай не будзе, і ўсё адолее, і не зломіцца, і дзяцей сваіх уратуе і ад холаду і голаду! Небачка! Як яна хутка ішла! Гэта ж вунька і базар ужо!..

Вакол базарнай плошчы грувасціліся закіданыя снегам гурбы зямлі, якую вывернулі на паверхню бомбавыя выбухі,— фашысцкія самалёты з асаблівай ярасцю бамбілі ў першыя дні вайны чыгуначную станцыю, масты на Дзвіне і гэтую вузенькую плошчу, абстаўленую, як плотам, драўлянымі будынкамі ларкоў і крамак. Усе тыя пабудовы з таго боку, дзе была рака, пагарэлі, і маленькая цэркаўка, у якой да вайны быў склад уцільсыравіны і якая здавалася раней далёкай адсюль, цяпер наблізілася і стаяла аголеная, густа пакрапленая чырвонымі зарубкамі-мецінкамі ад асколкаў.

Ля ўвахода на базар, на попелішчы, чарнелі дзве жалезныя бочкі, састаўленыя адна на адну, на якіх клеілі свае загады камендатура і гарадская ўправа. Рэната звычайна чытала іх па дарозе дамоў, бо ўваходзіла з другога боку, ад Дзвіны. Цяпер жа яна ўвайшла на базар вуліцаю і спынілася ля аб’яў, чытаючы буйныя і кідкія літары. Папраўдзе, усё так і ёсць, як Гардзеіха казала. А твар вусача — партрэт «Міхала» ў цэнтры аб’явы — выдае знаёмым. Нешта няўлоўнае, як ужо аднойчы бачанае, ёсць у абліччы: шырокі лоб, валявы, з рэзка акрэсленай ямінкаю падбародак, пранізлівы, з усмешкаю, позірк крыху прыжмураных вачэй.

Яна прыгледзелася, таксама прыжмурылася, і доўгія вусы ў чалавека на партрэце як бы зварухнуліся, і мірганула, усмешліва, левае вока. Рэната аж адхінулася, потым падалася наперад, адчуваючы, як у скронях пругкімі тактамі запульсавала кроў.

«Рудак... Гэта ж Рудак!»

Кожная рысачка на партрэце імкліва ажывала, набывала цяпер зусім знаёмыя рысы. На нейкі міг яна змружыла вочы і тады зусім рэальна ўбачыла і тыя сосны ля ляснога ручая, і магілу каля зацярушанай шыгаллем дарогі, і будан, і вогнішча на жоўтым пяску, і лугавіну за ручаём, і старыя сінія яліны і ўбачыла Алеся, які саскочыў з пясчанага абрыву і бег да Валі...

Малюнак гэты ўзнік на міг, зусім кароткі міг, як высветлены бліскавіцаю. Даўжэй трымаўся ў вушах смех Алеся і сухаваты і ўладарны голас Рудака, які, седзячы на касагоры, казаў ёй бязлітасную праўду. Ёй падалося, што Рудак і Алесь недзе побач, зусім блізка, пра нешта гамоняць, і яна напружвала слых, і ад гэтага напружання ў вушах звінела, і ў гэтым бомканні губляліся знаёмыя галасы.

Марудна, перасільваючы знямеласць шыі, тугой, быццам не сваёй, яна павяла галавой улева і як зачапілася вачыма за ўважлівы, але прытоены позірк мужчыны, які трос валёнкамі і сіпата, як страціўшы ўсе зубы, шамкаў:

— Упрошваю... упрошваю! Купіце валёнкі з падошваю. Сто гадоў насіць — не знасіць!..

Валёнкі былі старыя, брудныя, некалі, відаць, белаватага колеру, з яркімі жоўтымі латкамі на задніках, падшытыя знізу тоўстай рубчастай падэшваю з аўтамабільнай пакрышкі. Глыбокія пратэктары чарнелі авальнымі ямінамі, і Рэнаце падалося, што і на твары мужчыны, замест вачэй, чарнеюць дзве гэткія ж глыбокія ямінкі. Падобна, што віжун нейкі. Пра валёнкі крычыць, а вочы шныраць, усё цікуюць, і на яе, Рэнату, нешта хітра зыркаюць. І галаву, відаць, знарок зрэб’ем абкруціў, каб твар прыхаваць. Трэба ўцякаць, трэба ёй згубіцца ў натоўпе. Але ж дужа рэдзенькі гэты натоўп, не схаваешся...

Агідна затрэсліся паджылкі. Але Рэната адолела слабасць, загадала сабе не стаяць, уцякаць, але памалу, каб не кідалася ў вочы, і яна пайшла марудна, забіраючы ўсё ўправа, каб павярнуць ля царковачкі на вуліцу, што ляжала па-над самай ракой. Крокаў праз дваццаць яна адчула вакол сябе імклівы рух. Людзі, пра нешта спалохана гамонячы, абміналі яе, твары ў іх былі спуджаныя, і Рэната, адчуваючы нейкую страшэнную небяспеку і наперадзе, і перад сабою, і за спінаю, таропка спытала ў нейкай жанчыны:

— Што там? Што там здарылася?

Жанчына махнула рукою, загадваючы павярнуць назад, крыкнула нешта папераджальнае. Сэнс яе слоў Рэната не зразумела, аднак сцяміла, што людзі разбягаюцца і што ёй таксама раяць уцякаць адсюль. Крыху прабегла, і на сэрцы зрабілася лягчэй: у гэтай мітусні яна схаваецца ад таго віжуна. А дзе ж ён? Нешта не відно. І людзі ўжо не бягуць. Не, бягуць. Але бягуць назад, як іх гоняць. Э-э! Эсэсаўцы і паліцэйскія гоняць. І машына вунь коціць... Здаецца, што ўліпла Рэната, наляцела на чарговы хапун. Пагрузяць зараз на грузавікі і павязуць куды-небудзь на працу. І не ўцячэш нікуды — з усіх канцоў эсэсаўцы гыркаюць, гоняць людзей у бок старой, без даху, цэркаўкі. І ля старых тэлеграфных слупоў поўна салдат у чорным — туды, аказваецца, і зганяюць людзей...

Рэнату ўжо цягнула агульная плынь рэдзенькага натоўпу. Цяпер ёй не выбіцца з яго. Але гэта, можа, і добра: нідзе не відаць таго віжуна — мільгануў ля ланцужка паліцэйскіх, калі яна павярнула назад, і знік. Каб жа і ёй гэтак незаўважна куды-небудзь з натоўпу мітнуцца. Але, відаць, не ўцячэш, бо ўсё шчыльней натоўп, мяшэчак з млівам піхаюць, як садраць імкнуцца. А ў гэтай мітусні здзяруць, што і не заўважыш, куды дзеўся. Трэба мацней учапіцца ў матузы, аберуч. Вось няхай цяпер піхаюць, хай штурхаюць, няхай тузаюць — галоўнае, каб не выпусціць з рук мех, і яна не выпусціць яго, будзе ўвесь час трымаць аберуч...

З-за спаленага будынка, які чорнымі праваламі вокнаў на ўсіх трох паверхах глядзеў у бок Дзвіны, на базарную плошчу выруліў грузавік, спыніўся ля тэлеграфных слупоў, звязаных уверсе кароткім брусам і падобных на вялікую літару «А». На грузавіку стаялі два салдаты ў чорных шынялях, і паміж імі, спінаю да кабіны, сядзеў мужчына ў падраным шэрым пінжаку, без шапкі; растрапаныя валасы звісалі няроўнай грываю з яго галавы, крыху нахіленай долу.

Людзей на базары было няшмат, і ўсе яны сціснуліся ў шчыльны гурт, які цяпер ужо з трох бакоў апаясаў рэдзенькі ланцуг салдат; гурт гэты, як сярпок, быў павернуты канцамі ў бок машыны, што заднім бортам прыціснулася да тэлеграфных слупоў. Чалавек, калі машына торкнулася бортам у слупы, узняў галаву, падобную на нейкі качан, які абсеклі толькі з аднаго боку, і тады пінжак у плячах неяк натапырыўся, быццам трымаў галаву, і стаў выразна відзён твар: падпухлыя і ўчарнелыя, як закопчаныя, шчокі зліліся з носам, ад якога ішлі да вушэй глыбокія крывавыя рубцы.

— А што ж гэта, людцы, дзеецца,—ціхім голасам прастагнала жанчына ў Рэнаты за спінаю.— Яны ж чалавека гэтага павесіць удумалі-і-і...

Рэнату затрэсла. Яна загадвала сабе: не глядзі ў той бок, не глядзі!.. Небачка, як калоцяцца ў яе рукі... І як хто прымушае глядзець наперад, сачыць за тым, што адбываецца на машыне. Чорная тоўстая вяроўка з шырокай пятлёй на канцы ўжо матляецца над кабінай грузавіка. Адзін салдат злавіў яе рукой, пачынае вязаць з кароткім канцом, які звісае з папярэчнага бруса пад тэлеграфнымі слупамі, другі салдат стаіць ля кабіны, чапляе на грудзі чалавеку ў шэрым пінжаку вузкую фанерынку з нейкім надпісам.

Скончыўшы сваю працу, салдаты сталі ля борта, як адпіхваюць чалавека ў шэрым пінжаку ад кабіны.

«Бохачаў жа пінжак на чалавеку! Адкуль?..»

Рэната з жахам хіснулася наперад, углядаючыся, не верачы сваім вачам. Яна адразу падумала, што з Бохачам прыключылася бяда, і нейкі чалавек надзеў яго пінжак. А мо Бохач там стаіць на машыне?.. Не, упершыню яна бачыць гэтага чалавека...

Нейкая імгла трымцела ў яе перад вачыма. Яна цяпер зусім блага бачыла твар чалавека, які стаяў у кузаве з пятлёю на шыі, і не магла даць веры ў тое, што зараз тут адбудзецца жахлівае і непапраўнае, і не хацела верыць у тое, што нейкія рысы ў абліччы чалавека на машыне пачынаюць здавацца ёй знаёмымі. Усё ў ёй крычала, што яна памыляецца, што яна ніколі раней не бачыла гэтага чалавека ў шэрым пінжаку. Але недзе глыбока ў сэрцы выспявала думка пра тое, што памылкі няма, і ад гэтай думкі, яшчэ зусім няпэўнай і кволай, у яе зводзіла рот; яна ўглядалася наперад адчайна, сілілася нешта гукнуць, сказаць і адчувала калянасць непадатных губ, як чужых; і гэткім жа чужым было і горла, у якім засеў немы крык адчаю і жаху, што аніяк не мог прабіцца і вылецець.

З кабіны грузавіка вылез афіцэр, пачаў гаварыць на ламанай рускай мове, грозячы натоўпу заціснутай у правай руцэ жоўтай скураной пальчаткаю. Раптам над голасам афіцэра ўзвіўся другі голас, адчайнай нотаю, моцны, але крыху картавы:

— Фашысты не ўзялі Маскву! Чуеце, людзі! Масква была і будзе нашай! Савецкай! Памагайце Маскве крушыць фашыста!..

Рэната пазнала адразу голас: Бохач гэта! Ён! Яго гэта голас гучыць над натоўпам. І твар гэта яго, толькі ўчарнеў, апухлы ад катаванняў!..

Зароў матор, а Рэнаце падалося, што зямля пад нагамі загула, захісталася, і гэта з таго цела Бохача дугнулася, як падскочыла, крутнулася ў паветры, дзіўна выцягваючыся ўдаўжыню, і паплылі ўгару, як выцягваючыся ўдаўжыню, два тэлеграфныя слупы з папярочным брусам уверсе. Гарачы абруч сціснуў Рэнаце скроні, і яна крутнула галавой, як скідаючы яго, і закрычала прарэзліва і дзіка:

— А-а-а-а-а...

Яна як захліпнулася гэтым енкам, што міжвольна выдраўся ў яе з горла, і тут жа адчула, што валіцца, але валіцца не на дол, а ляціць, правальваецца ў нейкую сляпуча-белую бездань і што сунецца, марудна спаўзае з яе плеч мех, і гэта — рух хатуля на плячы — было асабліва выразным.

«Я павінна трымаць яго... Я не павінна выпускаць мех... Мне нельга выпускаць мех з рукі...»

Рэната, самлеўшы, асунулася на дол. Але пальцы яе намёртва ўчапіліся ў мех з млівам, як прыкіпелі да тоўстай мешкавіны, пераціснутай кручанымі матузамі на два роўныя хатулькі.



15

У зямлянцы было прыцемна — марозную мярэжку на шыбах акенца яшчэ не злізала адліга, і святло хмурнага дня слаба прабівалася праз шкло,— і Валін твар з гэтага ўвесь час выдаваў таямнічым, хітраватым, і Рэната, гаворачы з дачкой, усё не магла пазбавіцца ад прыкрага адчування, што ад яе ўтойваюць праўду.

— А што яшчэ, прызнавайся, дачушка, твой Гарык табе казаў?

— Ты ж усё ведаеші

— А мне як саснілася: нешта ён табе паведаміў, пра што ты мне не гаворыш. І тады не гаварыла і цяпер утойваеш.

— Саснілася, матулька, саснілася.

— Не-е, я па вачах бачу,— прамовіла Рэната спачувальна, цвёрда вырашыўшы не націскаць на дачку, распытваць спакойна, не праяўляючы празмернай цікавасці.

— А як гэта ты бачыш?

— Калі ты мне праўду гаворыш, дык вейкі твае спакойненькія. А калі хлусіш — яны ў цябе неўпрыкметачку ўсё торг ды торг.

— І што, і цяпер яны — «торг ды торг»?

— Ну!

— Папраўдзе?

— Няўжо ж. І, павер, маці ты можаш казаць усё. Маці не здрадзіць, не прадасць. Маці лепей памерці, чым бяду на сваіх дзетак навесці.

— Нешта з табою, матуля, незразумелае творыцца. Я гэта адразу заўважыла. У той дзень, калі цябе цётка Вольга з базара прывяла...

— А я і не таюся. З таго дня, калі фашысты дзядзьку Лявона павесілі, як нешта ўва мне абарвалася.

— У гэткі час мы павінны дапамагаць адно аднаму, падтрымліваць усяляк... А ты мне — допыт...

— Гэта не допыт, дачушка. А што — і сама не магу даўмецца. Нешта са мною, як ты кажаш, незразумелае творыцца. І ўсё баюся, каб ты, па маладосці сваёй, у які-небудзь вір не ўскочыла...

Рэната прызнавалася ў гэтым шчыра. Смерць Бохача патрэсла, перавярнула ўсе думкі, зрабіла балюча абвостранай адчуванне жаху за лёс дачкі, прывяла да высновы, што яна, Рэната, нешта рабіла і робіць не так, як трэба. Рэната чакала вестак ад мужа і сына. А ёй неабходна было гэтыя весткі шукаць. Трэба было дзейнічаць, шукаць людзей, якія ведалі Міхала, якія ведалі Алеся. Людзі гэтыя былі, людзі гэтыя ёсць, толькі яна іх не ведае. А Бохач — ведаў! Бохач, напэўна ж, быў звязаны з гэтымі людзьмі. Але яна чамусьці не ва ўсім давярала Бохачу — быў жа гэткі час! — і адчувала, што той — можа, гэта толькі ёй здавалася — таксама не вельмі давяраў ёй, як бы ўсё нешта ўтойваў, як пабойваўся. А праз гэты свой недавер яна страціла шмат. Мажліва, каб яна болей давярала Бохачу, яна б магла яму нечым памагчы, неяк уратаваць чалавека ад бяды. І вось жа бяда і напаткала Бохача. І Лагуціна бяда можа напаткаць. І Рудака! Алесь жа быў разам з ім, Рудаком, партрэт якога надрукаваны ў нямецкай аб’яве! Значыцца, ён, Рудак, недзе непадалёк, калі яго і ў горадзе шукаюць! І Лагуцін недзе непадалёк, бо быў жа ён у горадзе! Трэба, значыцца, шукаць альбо Лагуціна, альбо Рудака! І не толькі шукаць! Трэба ж неяк дапамагаць ім. Дапамагаць? Але як? Чым? Каб параіцца з Лагуціным ці Рудаком. Параіцца? Трэба спачатку знайсці, сустрэцца з імі! А як знайсці? Як сустрэцца? Якім чынам? Каб жа вось дазнацца аб усім у гэтай упартай Валькі! Маўчыць, зацятая, як загадалі ёй. Але ж яна нешта ведае! Напэўна ведае! Дачка тут родная не давярае. А ты хочаш у некага чужога пытацца. Трэба неяк яе пераканаць, трэба, каб яна сказала праўду, на Лагуціна неяк выйсці каб... Толькі ж як гэта зрабіць? Падобна, што Валя з нейкім недаверам ставіцца да цябе, да тваіх роспытаў. Падобна? Яна ж табе ў вочы сказала: нешта, маўляў, з табою незразумелае творыцца...

— Я не ўскочу,— ганарліва паабяцала Валя.— Толькі ты мне скажы, што з табою творыцца. Нейкая спуджаная ты, уся наструнілася, як бяды вось зараз і чакаеш...

— Праўду ты кажаш. Праўду...

І, зусім нечакана для сябе, Рэната пачала расказваць Валі пра сваю трывогу і боль, пра тое, што мучыць яе, ад чаго не спіцца па начах. І чым больш яна гаварыла, чым больш спавядалася пра тое, ад чаго балела і баліць сэрца, тым усё больш пераконвалася, што перад ёю сядзіць чалавек, загартаваны жыццёвымі нягодамі,— гэткае стаўленне да дачкі было ў яе ўпершыню! — сядзіць не горкае, як гэта яна раней лічыла, дзяўчо, а роўны ёй, Рэнаце, чалавек, на якога можна спадзявацца і якому можна давяраць усё; яна не проста размаўляла з Валяй, а шчыра раілася, як спавядалася, адчуваючы, што яе шчырасць разумеюць, і разумеюць правільна, так, як гэта ёй і хацелася.

Неспадзяваная споведзь прынесла палёгку, і Рэната здагадалася, што вытокі гэтай палёгкі не ў шчырасці гаворкі, а ў тым новым, што адкрыла яна ў сваёй дачцэ. Як пасталела Валя! Дарослы ж зусім чалавек! Але ж гэтак, па-даросламу, яна, відаць, размаўляла і з тым сваім Гарыкам!

— А як жа мне з Лагуціным сустрэцца? — у роздуме, як толькі з сабою, прамовіла Рэната, крыху счакала, потым дадала даверліва: — Падкажы ты мне, дачушка.

— Дзе зараз Лагуцін — мне невядома.

— Але ж ён нешта табе даручыў. Ці папрасіў...

— Лагуцін даў мне заданне,— нечакана прызналася Валя.— І ўзяў з мяне слова, што я не буду нікому казаць. І я дала чэснае камсамольскае...

Рэната была ўсхваляваная і збянтэжаная гэтым сваім адкрыццём, і словы пра заданне, якое даў Валі Лагуцін, былі для яе нібыта пярун у сонечны дзень. Яна разумела, што дачка мела права прыняць самастойнае рашэнне і не сказаць аб ім ёй, але цяпер, даведаўшыся пра тое, адчула сябе падманутай.

— Нават мне, маці, не казаць?

— У крайнім выпадку толькі. Калі нявыкрутка поўная.

— Вось бачыш! А тут і ёсць, думаю, той выпадак, калі поўная нявыкрутка. Фашысты шукаюць Рудака, а з імі ж быў і наш Алесь. Іх трэба папярэдзіць.

— Як ты іх папярэдзіш? — спытала Валя няпэўна.

— Лагуціну паведаміць. Ён, думаю, з імі.

— А як Лагуціна знайсці? — запыталася Валя і сама сабе адказала, адказала таропка, і голас яе прагучаў шчыра: — Я ж не ведаю, дзе ён. Ён мне даў заданне: адшукаць камсамольцаў, з якімі я разам вучылася.

— Навошта?

— Не сказаў. Адшукаць прасіў, нічога не запісваць, трымаць у памяці.

— І ты іх адшукала?

— А што іх было шукаць? Два толькі і ёсць. Астатнія эвакуіраваліся. У нашым жа класе дзевяць прынялі, нават білеты шчэ не паспелі выдаць. Яны абодва на Запалоцці жывуць.

— Складанае заданне ў цябе было.

— Гэтае — лёгкае.

— А другое? — Рэната прыкмеціла разгубленасць на твары дачкі — не мела ж намеру гаварыць пра другое сваё заданне, але вось прагаварылася, неспадзеўкі! — і ласкава прыгарнула Валю да сябе: — Дурнічка ты мая. Каго ж ты апасаешся? Маці роднай спалохалася...

— Я не спалохалася.

— Думаеш, не памагу табе? Ва ўсім памагу.

— А што памагаць? Заданне ўжо выканала. Ён даў грошы — купіць солі. На другі ж дзень я і купіла на базары. І схавала. Ён сказаў, што па соль чалавек прыйдзе. Ці сам заявіцца... А вось няма і няма нікога...

Рэната спытала ўстрывожана:

— А дзе ты соль схавала?

— Тут вось,— Валя паказала рукою на дровы, што былі складзены ў кутку зямлянкі.— Пад дрывамі.

— Блага ёй там, вадою ад вільгаці соль паплыве. У сухое трэба.

— О-ёй, а я і не падумала,— Валя кінулася ў куток зямлянкі, разварушыла дровы і выцягнула зялёны мяшэчак, трэсла яго ў руках, войкала разгублена.— Гэта ж яна мокрая саўсім. Прасушыць трэба. А дзе б гэта?.. А вось, на цагліну ля коміна пакладу. Тут, ля столі, цё-ёпла...

— Там ёй добра. А потым я табе схованку надзейную пакажу. Туды і пакладзеш.

— У зямлянцы?

— Ну!..

Расчуленая даверам дачкі, Рэната паказала ёй, дзе схавала мужавы боты і святочны гарнітур; паказала і адчула ніякаватасць. Нешта ж і яна сама ўтойвала ад дачкі, не паказвала з самага пачатку. Але Валя не заўважыла яе разгубленасці, дзівілася па-дзіцячы весела і шчыра:

— Ло-оўка! Ніколі ж не здагадаешся.

— А паспрабуй здагадайся, дзе ў грубцы схованка ёсць! Ну-ну, пашукай!..

Валя агледзела грубку з усіх бакоў, сказала з недаверам:

— Тут я кожную цаглінку ведаю!

— А гэтую? — і Рэната паляпала далонню другую ад падлогі цагліну ў правым кутку грубкі.

— Звычайная, як і ўсе.— Валя пакратала цагліну, нават паспрабавала выцягнуць. Але цагліна не паддалася.— Ва ўсім звычайная.

— Ва ўсім, ды не саўсім.

Рэната ўсунула лязо нажа ў шчыліну і пастукала ім, быццам адразала цагліну ад падмурка; цагліна лёгка адсунулася ўбок, адкрыўшы цёмную адтуліну. Валя глядзела на яе з апаскаю.

— Смялей, смялей,— сказала Рэната, пакруціўшы ў адтуліне рукою.— Там нічога няма. Бохач туды згортак увосень нейкі хаваў. Потым забраў.

Валя запусціла руку ў схованку, абмацала, пасунула руку па самы локаць, зарадавалася:

— Адмысловая схо-ованачка! І су-уха тамака!

Вось і пакладзеш соль. А цяпер ідзі і Даніка гані дамоў. Хопіць яму гуляць.

— Цёпла ж. Першая адліга сёлета.

На прыступках пачуўся грукат, дзверы адчыніліся, і праз парог, перакачаны ў снезе, перакуліўся Данік.

— А во і ён, сам ужо грабецца. Лёгенькі на спамін ты, сыночак,— Рэната ўзялася распранаць малога, абмацвала рукі, ногі, выгаворвала ласкава: — Ты ў снег не залязай, сыночак. Па сцежачцы тупай, па сцежачцы.

— Не сядзяць жа на сцежачцы.

— Хто гэта «не сядзяць»?

— Птушкі, а я за імі хадзіў. Чырвоныя.

— Гэта ж ён усё снегіроў ловіць,— патлумачыла Валя.— І злавіць хоча па гэткім снезе. Яны на канапліну прылятаюць.

Рэната ласкава папрасіла:

— А ты птушачак не чапай, сыночак. Уловіш, скажам, а снегірова мама дома плакаць пачне: дзе, маўляў, яе снегірок падзеўся, чаго дамоў не ляціць. Не будзеш іх чапаць, добра?

— Я аднаго толькі злаўлю. А потым адпушчу. Толькі пагляджу і хай ляціць.

— Ты дапоўзаешся па тых гурбах,— папярэдзіла Валя.— Як пацэліш у варонку — тут табе і капут.

— Не пацэлю. Я ўсе варонкі ля Дзвіны ведаю.

— Ці сабака фашысцкі, як зайца, за вушы схопіць.

Данік зыркнуў на сястру пакрыўджана:

— Я сабак фашысцкіх не баюся. У мяне на іх зброя прыпасена, каб ты ведала!

— Ты чуеш, матуля? Чуеш, што ён чаўпе? Якая ў цябе там зброя прыпасена?

— Такая!

— Лепей прызнавайся!

— Зараз. Расстаўляй свае доўгія рукі!

— Ну, снегірочкі мае, не сварыцеся. Злятайцеся, снегірочкі мае, за столік. На вячэру...

Рэната пагнала дзяцей да стала, наліла поўныя місачкі заціркі, сабе пакінула тое, што засталося ў кацялку — на самым донцы. Дзеці прагна накінуліся на зацірку. Рэната ж ела марудна, падоўгу абшкрэбваючы беражкі кацялка, старанна злізвала з лыжкі рэдзенькае варыва. Час ад часу яна, назіркам, паглядала на дзяцей, і ў яе пагана падала, як абрывалася, сэрца. Яна хацела есці, яна ведала, што можа здужаць і поўны гэты кацялок, каб у ім што было, але перасільвала голад, пераконвала сябе, што не хоча больш нічога, што наелася дасыта. Сябе яна, ведама, можа і павінна пераканаць: наелася. А іх, гэтых снегіркоў, што барабаняць лыжкамі па місках?.. Сёння яна накарміла іх, накарміла, пакінуўшы сабе толькі нейкія чатыры лыжачкі амаль нішчымнай заціркі. Яна можа накарміць іх і заўтра, і яшчэ тыдні два. А далей? Нават калі яна і захоча аддаць усё дзецям, сабе не пакінуўшы нічога, у кацялок не будзе чаго засыпаць. Жыта яна змалола. Крупы канчаюцца. Гароху — на чатыры супчыкі зварыць, не болей! Трэба зноў ісці па вёсках, нешта шукаць. Гардзеіха казала, што вельмі багатыя базары па нядзелях у Дзісне, вельмі ж выгадна мянялі яе суседкі адзенне на хлеб. Хоча яна з імі пайсці, яе, Рэнату, кліча. Але ж дужа далёка, кіламетраў, мабыць, за сорак. А што, калі рызыкнуць і пайсці? Трэба ісці. Трэба! Ёсць яшчэ прасціны, шоўк на сукенку. Гадзіннічак можна будзе там прадаць. Не, гадзіннічак можна і тут збыць. Гардзеіха казала, што попыт там болей на крамніну розную.

«І трэба, мабыць, паслухацца, ісці!»

Думка гэтая завалодала Рэнатай. Але нешта было трывожнае ў гэтай думцы, увесь час непакоіла, і ўвечары, калі Данік заснуў, а Валя ўхуталася ў коўдру на канапе, Рэната прысела да дачкі, пачала з ёю раіцца. Хутчэй нават не раілася, а намагалася пераканаць сябе, што ісці ёй у тую Дзісну давядзецца. Вельмі ж зманліва тое, пра што кажа Гардзеіха. Але ж і рызыка вялікая, і шлях вялікі.

— А навошта табе ісці? — рашуча спытала Валя.— Я пайду. З цёткаю Вольгаю пайду. Яна ж не адна збіраецца.

— Чалавек пяць ці шэсць, казала.

— Тым больш! I я — з імі. Спако-ойненька пайду!

Рэната толькі цяпер зразумела, што, пачынаючы гаворку з дачкой, Валя менавіта гэта і прапануе, і цяпер адчула сябе ніякавата, быццам хавалася ад цяжкасці і нягоды за чужую спіну.

— Назад жа, мажліва, не ўлегцы давядзецца,— сказала яна, баючыся прынімаць нейкае рашэнне.

— Нейкага пудзіка жыта я не прывалаку? Саначкі прыхаплю. Я іх учора драцінаю перапляла — што хочаш можна пакласці...

Рэната прамовіла няпэўна:

— Падумаем, дачушка, падумаем.

— А чаго думаць? Давай вырашым!

— Заўтра вырашым,— паабяцала Рэната, каб супакоіць дачку.— Спі.

— Не, давай ужо зараз вырашым, каб потым не сварыцца. Вырашылі, што я іду?

— Ну, хай вырашылі. Спі...

Рэната сказала гэтак, аднак няпэўна, спадзеючыся, што, мажліва, знойдзецца нейкае іншае выйсце, якое яна сёння не бачыла і пакуль што не знайшла. Спадзявалася немаведама на што, але на душы неяк зрабілася лягчэй, нібыта хтось паабяцаў ёй добры паратунак, даў шчырую параду, якая ўсё перарабляла, іначыла на лепшае.

Але рана-раненька прыперлася Гардзеіха, сказала, што суседкі яе збіраюцца выходзіць не ў суботу, як планавалі, а сёння, у пятніцу, і дужа ўзрадавалася, калі дачулася, што ісці з ёю хоча Валя. Гэта, маўляў, дужа разумна: Рэната пасядзіць з Данікам, а Валя пойдзе — яна ж на нагу лягчэйшая. І тое, што саначкі ёсць, дужа дарэчы: яны, безумоўна, ім прыдадуцца ў дарозе. Яна, між іншым, іх ужо і абгледзела, і прыйшла да высновы, што яны вельмі лёгкія, зручныя і выгляд маюць такі, што на іх — ламачча, слова людскага не вартыя! — не дужа-ткі злыдзень які і паквапіцца.

І раптам засмяялася, зухавата падмігнуўшы Рэнаце, а потым і Валі:

— Ды не хвалюйся ты, галубка, можа, там прыгажуню за якога заходнічка багатага сасватаю!

— Позна спахапілася! — пажартавала Рэната.— У нас ужо Гарычак ёсць!

— Ну і хай здаровенькі жыве, гэты ваш Гарычак. А заходнічка мы ўсё ж нагледзім. Каб і свіран поўны быў і кубелец. Праўда ж, Валечка?

— Праўда, праўда, цётка Вольга!

І зарагаталі ўсе разам, і неяк душа ж усцешна зрабілася Рэнаце, і яна адпусціла дачку са спакойнай душою: не адна ідзе, цэлай гурмою, у крыўду не дадуць дзяўчыну, калі што якое. Але праз гадзіну — засумавала. А наадвячорку і зусім занепакоілася: зноў, як у той раз, калі паслала дачку на Запалоцце, лезла ў галаву несусветчына. І тады ж яна, Рэната, закаялася: нікуды яна адну Валю не адпусціць. І вось табе маеш! У гэткі шлях выправіла! А мароз зноў бярэцца. І вецер са снегам, з поўначы...

Сілілася згасіць неспакой розным клопатам: нацягала вады з рэчкі, дроў у зямлянку прынесла, з марозу, ля грубкі сценачкаю саставіла, каб хутчэй і лепей сохлі,— у зямлянцы прыемна запахла жывіцаю. Данік памагаў ёй ахвотна, і яна зарадавалася, калі бачыла, як паружавелі разагрэтыя працай сынавы шчокі: пайшло, пайшло добра на папраўку, і знаку ўжо няма ад тае хваробы. Цяпер толькі каб не застудзіць малога ды падкарміць чым добрым...

Увечары, калі вецер памацнеў яшчэ больш, яна ўжо не выпускала Даніка з зямлянкі, як ніколі дагэтуль, рана ўламала яго на сон і сама прылегла побач. Недзе блізка ля поўначы пачула страляніну, адразу вызначыла: на Дзвіне недзе, ля чыгуначнага моста. Падскочыла да акна, з трывогай углядалася ў густыя стужкі каляровых трасірак. Стралялі і ля моста, і недза значна правей, за лесапілкай. Потым трасірныя пацеркі згаслі ў зыбкім святле ракет. Але страляніна не сціхла, недзе гучна, праз роўныя інтэрвалы, татакалі кароткія кулямётныя чэргі.

Рэната вярнулася на ложак, села ля Даніка і сядзела нерухома, быццам рыхтавалася зноў кінуцца да акна. Мерзла спіна, з якой спаўзала коўдра, і Рэната, намацаўшы на спінцы ложка ватоўку, ускінула яе наапашкі, наважылася была ўзняцца, каб падкінуць дроў У грубку, але паленавалася, запаўзла пад коўдру, ускінула паверх ватоўку і ляжала, слухаючы, як гудзіць вецер у коміне; усё ў зямлянцы асвятлялася то дрыготкім аранжавым святлом, то мігатлівым зялёным, то правальвалася ў густую цемру — успыхвалі і згасалі ракеты.

Пачуўшы першыя стрэлы, Рэната напачатку не падумала пра дачку. Цяпер жа, калі страляніна аціхла, трывога за Валю вярэдзіла сэрца. Дзяўчынцы спаць бы спакойненька, ласкавыя сны сніць. А яна тэпае недзе па марознай дарозе. Шлях гэткі! Далеч! Хто ж ведае, што раптам здарыцца! А можа, здарылася ўжо?.. Мо не дайшла да той Дзісны, зблудзіла ў лесе, мерзне ў гурбах снегу, калее ад сцюжы? Мо трапіла недзе вось гэтак пад кулі, пад гэткую страляніну, што нядаўна аціхла?.. Не, страляць там няма каму, няма каму страляць па тых глухіх дарогах, што вядуць ад вёскі да вёскі, ад хутара да хутара. Гардзеіха казала, што сёння яны пройдуць кіламетраў з дваццаць і будуць начаваць у нейкіх знаёмых на хутары. Так што зблудзіць Валя не магла — не адна ідзе, і суседкі Гардзеіхі шлях ведаюць, бо не ўпершыню выправіліся ў тую Дзісну. Значыцца, заўтра будуць на месцы, пасля, у нядзелю, на кірмашы і ў панядзелак рушаць дамоў. Так што ў аўторак яны вернуцца. А што тут да таго аўторка застаецца? Каб жа толькі пашчасціла ім усім, каб і дайшлі добра і вярнуліся без прыгод і ў парадку...

У мітуслівых зеленаватых водсветах ракеты, што зноў бязгучна пыхнула за акном, Рэната ўбачыла, як паўзуць уверх, да столі, па коміне грубкі вёрткія цені, і чамусьці зноў прыгадала гаворку з дачкою.

Успамін гэты спарадзіў знаёмы горкі роздум. Некалі ж, зусім нядаўна, яна, Рэната, лічыла, што ведае і разумее сваю дачку гэтак жа, як разумее Даніка. А што выяўляецца? У дачкі сваё жыццё, пра якое ёй, маці, нічога невядома! Дачка бегала, шукала соль, хавала яе дома, пад бокам, вунь у тым куточку, а Рэната пра тое і не здагадвалася. І потым гэтыя пошукі сябровак, з якімі вучылася, — гэта ж столькі абабегаць давялося. Навошта тыя шкаляты Лагуціну спатрэбіліся? Відаць, хоча неяк іх сарганізаваць, узняць на барацьбу? Якія ж з іх, гэтых шкалят, барацьбіты? Гэта, між іншым, твая думка... А ў тваіх дзяцей, аказваецца, зусім іншая думка на гэты конт! Прыгадай Алеся! І ты, дарэчы, змушана была з ім пагадзіцца. Цяпер — Валя. Бачыш! Яна ўжо выконвае даручэнні Лагуціна і гэтым ганарыцца! Цяпер яшчэ чакае, што новае даручэнне будзе мець. А можа, і мае ўжо, і з таго гэтак і рвалася ў гэтую дарогу, каб недзе там сустрэцца з тым сваім Гарыкам? Мажліва... Цяпер яшчэ чакай, што і Данік нешта адпаліць — таксама ў барацьбу кінецца. У гэтага ж увогуле зусім у галаве пуста. Але ж бачыш, ваяўнічы які: сабак фашысцкіх, маўляў, не баюся, у мяне «на іх зброя прыпасена». А што, як і сапраўды знайшоў якую зброю і прыхаваў?.. Заўтра трэба ласкава да малога падкаціцца, выпытаць усё як след. Калі якую-небудзь жалязяку малы знайшоў, ён таіцца не будзе — раскажа, пахваліцца, пакажа. Не ўжо! Хай лепей сваіх снегіркоў ганяе і палюе!..

Хацела пасмяяцца з гэтага сынавага занятку, а на вочы набеглі слёзы — ад болю зайшлося сэрца. Горай ад усіх цяпер — дзеткам малым. Усім, ведама ж, не соладка, але ж ім — горай, чым каму-небудзь. Дзе ж расці на нішчымніцы, у голадзе? На сухім пяску і травінка блага расце, кволенькая, ніцая. А тут — чалавечак жа, істота слабенькая, якой, бы той травіцы кволенькай, нічога не патлумачыш, бо яна не можа спасцігнуць сваёй неразумнай галоўкаю гэтае ваеннае ліха. Да вайны малога карміць было — праца цяжкая: і гэтак упрошваеш, і тое абяцаеш, і казачку яшчэ пачытаеш, каб толькі лыжачку лішнюю праглынуў... А праглынуў — радасці колькі! А каб такое варыва, што з дня ў дзень цяпер, ды тады ім паказаў? Во ўжо крыку было б — на вярсту не падыходзь. А цяпер за тое нішчымнае варыва як возьмуцца — за вушамі аж трашчыць... Міхал даўней, смехам было, сварыўся: каб галадовачку дзянькі на два ім, пераборлівым гэткім... Каб жа цяпер хоць часціначку з таго, што на стале тады ў будзень стаяла! І масліца табе, і сырочак, і вяндлінка, і яешанька на сале, і хлеб белы, і хлеб чорны, і хлеб пытляваны, з кменам паверху... Бы казка сапраўдная! А ў свята, калі пірагі, пышачкі, ватрушачкі...

Выразна, яскрава, як уяве, на стале сярод розных прысмакаў, ганарліва ўзвышаўся пірог з яблычным варэннем, і Міхал сядзеў за сталом, весела аглядаў усіх, ціхенька брэнькаў нажом па краёчку талеркі. «З якога боку, панове, пачнём яго кроіць?» — «З гэтага, з гэтага боку!» — «Мне сярэдзінку, мне сярэдзінку!» — «А мне — пляцёначку, пляцёначку мне! Мая пляцёначка!» — «З варэннем не хачу! З варэннем не хачу!» Дзіўна! Алесь — ды з варэннем не хоча! Ён жа звычайна спачатку выядаў з пірага салодкае варэнне ці ложачкай яго абшкрэбваў, а бакавінкі пакідаў. І Міхал здзіўлены і марудзіць, не хоча кроіць пірог, строга глядзіць на дзяцей, як вывучае кожнага. Не, ён строга глядзіць на яе, Рэнату, вачыма знак робіць, просіць пайсці дзверы адчыніць. Цікава, хто ж гэта там стукае — толькі цяпер яна пачула, што стукаюць у дзверы. І дзеці памоўклі і Міхал глядзіць не на дзверы зусім — на акно. Нечага акно тое адчынена. А яна ж яго зачыняла, сама зачыняла, бо вецер дужа моцны быў. Вецер яго і адчыніў — вунь якім ветразем фіранка выгнулася. І за альвас фіранка зачапілася, зваліцца ж зараз вазончык! Ён жа валіцца ўжо! Але як марудна, як марудна! Калі зараз кінуцца — злавіць можна. Але адкуль гэты цяжар? Трэба скінуць, паварушыць плячыма, скінуць той цяжар, ускочыць, бегчы, схапіць вазончык!..

Яна рванулася з усяе моцы, і тады ўсё знікла: і Міхал, і святочны стол, і фіранка, якая выгнулася ветразем і зачапілася за альвас на акне. Але ж як выразна ўсё памроілася! І як грукатліва бухае ў грудзях сэрца! І зноў гэтае мігатлівае святло на коміне. Колькі ж гэта ракет яны паляць на ноч! Ды гэта ж ля аднаго моста на Дзвіне! А колькі ж гэтых ракет паўсюль свеціць, калі палічыць! І хапае ў іх ракет, і не шкадуюць, і трасірак гэтых не шкадуюць — ночы ж спакойнай няма, каб не стралялі, не бухалі. А ў нашых, здаецца, да вайны дык і ракет не было гэткіх яркіх і каляровых... Не, аднойчы кідалі з аэрадрома — манеўры тады былі. Але аранжавых ракет у нашых не было, чырвоныя і зялёныя толькі. І яны дужа ж хутка згасалі. А гэтыя свецяць, свецяць... Не, згасла, урэшце!

«Дзын-дзын...»

Яна пачула гэты слабы, няпэўны гук і не адразу дапяла дзе: ці то ў дзверы, ці то ў акно тукнула нешта. А мо вецер? Не, зноў тукнула: у дзверы! Ці ж не Валечка вярнулася? Але ж чаго яны гэтак раненька вярнуліся? Відаць, не пусцілі іх, дык і павярнулі дамоў...

«Ды Міхал жа гэта! Міхал дамоў прыбіўся!»

Шухнула ў твар тлумная гарачыня, і Рэната сарвалася з ложка. Застылы слясак у дзвярах апёк пальцы холадам, таргануўся ў руках, як жывы. Клямку як нехта цягнуў, як ірваў к сабе, і яна выпусціла яе з рукі, і дзверы пачалі марудна адчыняцца, хоць яна да іх ужо і не дакраналася: дзверы адчыняліся з працяглым жаласлівым рыпеннем — гэтак нудна яны не рыпелі ніколі, — і парыпвала, як стагнала, ніжняя планка, шкрабаючы падлогу.

Мігатлівае святло ракеты, якая пырхнула зноў усё ў тым жа напрамку — у бок Дзвіны, — лілося цяпер і праз акенца і пройму дзвярэй, і ўсё на падлозе асвятлялася вельмі ярка. Хваля холаду кацілася нізам, студзіла ногі; марознае паветра звівалася туманным воблакам і на парожку, і на падлозе, і за дзвярыма, і ў гэтых туманных звівах курчылася постаць незнаёмага — чалавек на чацвярэньках гробся ў зямлянку.

— Хто вы? Хто?! — Рэната спуджана адступіла ад дзвярэй, уперлася паясніцаю ў грубку і гэтак стаяла, зноў хрыпата спытаўшы: — Хто вы? Хто?!

— Валя... Валюшка, дапамажы...

«Лагуцін! Гэта ж яго голас! Так, Лагуцін...»

Рэната хацела кінуцца да Лагуціна, распытаць, памагчы, але святло ракеты згасла, дзверы самі па сабе зачыніліся, бразнуўшы клямкаю, і яна баялася, што ў цемры можа ўдарыць Лагуціна нагой, і стаяла на месцы.

— Гэта вы?..— зноў папытала дрогкім голасам: — Адкуль?.. Што з вамі?..

Рэната ўсё яшчэ не магла апамятацца, не ведала, што павінна рабіць, ічакала, што ён нешта скажа, нешта папросіць, і яна тады тое і зробіць. Але Лагуцін па-ранейшаму маўчаў, толькі дыхаў хрыпата, нібыта ў яго было пераціснута горла.

«Гэта, мабыць, па ім нядаўна стралялі».

Падумала гэтак, адразу паверыла, што грукатанне кулямётаў, якое яна чула нядаўна, і каляровыя ракеты, што гэтак густа кроілі ноч, і гэтае нечаканае з’яўленне Лагуціна — усё гэта падзеі аднаго і таго ж кола, якія з ім, Лагуціным, звязаны, але ёй незразумелыя пакуль што і небяспечныя.

Рэната намацала ў кішэні ватоўкі запалкі, запаліла самаробную газнічку і нахілілася над Лагуціным. Яна ўсё яшчэ аніяк не магла сагрэцца, яе трэсла — дрыготка паўзла па хрыбціне тонкай калянай вужакаю,— і ад таго, што няспынна трымцелі вейкі, усё бачылася ёй рухавым, як бы ціха ўздрыгвала ў слабым жаўтлявым святле газнічкі: уздрыгваў твар Лагуціна, учарнелы, з парэпанымі да крыві губамі, з нейкімі тоўстымі і барвовымі пісягамі на шыі і падбародку, уздрыгвалі скурчаныя і выбеленыя марозам пальцы рук, уздрыгвалі тонкія чырвоныя ледзяшы, што абсыпалі каўнер кажуха густа, нібыта раслі з чорнай аўчыны; на правым баку каўняра ледзяшоў не было, там растаў снег, і гэтыя кроплі таксама ўздрыгвалі і паблісквалі. Рэнаце на нейкае імгненне падалося, што гэтыя тонкія промні-водбліскі прабіваюць яе навылёт, яна рэзка адхіснулася, ударылася балюча спінаю аб вугал грубкі, і ад болю закрыла вочы, і адчула, што плача і што слёзы выціскаюцца з-пад заплюшчаных вачэй і коцяцца па шчоках халоднымі і буйнымі гарошынамі.



16

Лагуцін праляжаў у непрытомнасці амаль два тыдні. Усе гэтыя дні ён трызніў, ціха стагнаў, часам адкрываў вочы, але не пазнаваў ні Рэнату, ні Валю. Валін голас, аднак, адразу і дзіўна супакойваў яго, і Лагуцін, пачуўшы яго, заціхаў, быццам атрымліваў загад сцішыцца і маўчаць.

Толькі ў сярэдзіне другога тыдня, у першы дзень новага года, ён апрытомнеў. Гэта здарылася ўранні, калі Валя, узяўшы суды, пайшла на Дзвіну па ваду, а Рэната смажыла на маленькай патэльні свіны здор, пасечаны малюпасенькімі кубікамі,— збіралася закрасіць зацірку, што ўжо булькацела ў кацялку. Пачуўшы рух за сваёй спінаю, яна азірнулася, убачыла шырока расплюшчаныя вочы Лагуціна, і тое, як ён азіраў зямлянку, адразу ж навяло яе на думку, што яму стала лягчэй — у позірку быў трывожны клопат і жаданне нешта сказаць.

— Валя дзе? — глухавата спытаў Лагуцін.

Радасць — Лагуцін, урэшце, ачуняў! — прыгасіла крыўда, і тое незразумелае пачуццё, што жыло ў сэрцы Рэнаты і раней, цяпер загучала новай і моцнай нотаю. Бач ты! Адзіны клопат у яго — Валя! Не павітаўся, слова падзякі не сказаў, быццам яна, Рэната, пустое месца тут, быццам не яна, а Валя гэтая ратавала яго ў тую сцюдзёную ноч у снежні.

— А-а,— працягнула яна, прыхаваўшы крыўду.— Прачнуліся вы... Добрай раніцы!

— Добры дзень. Валя дзе?

— На Дзвіну за вадой пабегла. Як пачуваеце? З Новым годам вас!

Ён глядзеў на яе, быццам не пазнаваў, пакутліва схмурыў бровы, аблізнуў, потым сціснуў і зноў разляпіў тоўстыя і абсівераныя, аж белыя губы:

— Што ў нас сёння, маці?

— Чацвер! Першы дзянёчак новенькага. Год пачаўся ў чацвер — бяры шчасце напавер! Гэтак мая бабуля, памятаю, гаварыла.

— Валя дзе? — паўтарыў ён зацята, быццам тое, што сказала Рэната, ён недачуў.

— На рэчцы — ваду адтуль цяпер цягаем. У студні ў канцы лістапада вымерзла — шалёныя ж маразы!

— Та-а-ак,— працягнуў ён, як бы зноў не давяраючы яе словам. Потым узяўся аглядаць апухлыя, пабітыя марозам і ўкручаныя ў бінты рукі; бінты былі самаробныя, з прасціны, і кожны рух прыносіў яму боль. Лагуцін зморшчыўся, сіліўся нешта прыгадаць.— Да дзвярэй я дапоўз — памятаю... А далей — туман.

— Вось туманам няхай усё благое і сплывае. Рана на назе ў вас гоіцца.

Лагуцін паспрабаваў сесці, але сілы ў яго не хапіла, і ён, ціха застагнаўшы, адкінуўся на спіну.

— Што са мною потым было?

— Было — сплыло,— сказала Рэната, пачынаючы здагадвацца, што Лагуціна болей ад усяго непакоіць тая снежаньская ноч, працяг якой яму невядомы.— Так што будзем на лепшае грабціся, каб паздаравець і сілу набраць.

Ён зноў паўтарыў зацята:

— Што са мною потым было? — і, крыху счакаўшы, з трывогаю папытаў: — Хто-небудзь мяне шукаў?

— Ніхто вас не шукаў. Ніхто вас не бачыў, апроч нас. Ніхто сюды не заходзіў...

У яе голасе прагучалі ноткі незадаволенасці, крыўды, якую яна цяпер нават не імкнулася прыхаваць, і ён злавіў гэтыя змены ў Рэнаціным настроі, зразумеў іх, спытаў ласкавейшым тонам, даверліва:

— Трызніў я? Што-небудзь казаў?..

— Анічагуткі. У непрытомнасці былі...

Крыўда на Лагуціна растала — перад Рэнатай ляжаў на канапе чалавек зусім знясілены, змучаны хваробаю і цяжкай ранаю на назе, з рукамі ў бінтах, кволы. Гэтага чалавека палохала не толькі яго цяжкое становішча — гэты стан яму цяпер быў вядомы,— але і тое, чаго ён вельмі, відаць, апасаўся і ад чаго, на яго думку, калі ён трызніў, не засцярогся. Ці не выдаў ён якую тайну? Ці не сказаў ён тое, што не павінен быў казаць нават і тады, калі б смерць стаяла побач? Ці не назваў якія прозвішчы і звесткі, што павінен быў трымаць толькі ў сэрцы?

— І нікога не клікаў? — папытаў ён усё тым жа даверлівым тонам, і цяпер зусім заспакоена.

— Вы як не давяраеце мне...

— Як жа не давяраю? Давяраю,— мякка прамовіў Лагуцін.— Карціць падрабязнасці ведаць.

— Падрабязнасці... А скуль жа мне іх ведаць?

Яна і сапраўды аніякіх падрабязнасцей не ведала.

Паранены ў правую нагу, ён, відаць, доўга поўз па снезе і ляжаў недзе ў гурбах і паабмаражваў пальцы на руках, ды і на нагах месцамі прыхапіла скуру марозам. Як ён увогуле тады прыбіўся да зямлянкі? Як знайшоў дарогу? Дзе быў паранены? Хто дапамог яму ўскараскацца на высокі ўзвал Дзвіны?

Адзінае-адзінае Рэната, аднак, ведала дакладна: Лагуцін у тую ноч быў паранены за ракою. Але гэта яна даведалася рана-раненька, калі выскачыла з зямлянкі з намерам прыхаваць, замесці ўсе сляды. Абабегла завулак, злётала па сцежцы да Дзвіны і нічога падазронага, хоць пачало ўжо добра днець, не заўважыла: за ноч снегавая дуйка замяла, залізала ўсе сляды.

Яна пайшла назад, на сваё селішча, але потым зноў вярнулася на Дзвіну — як што цягнула яе туды. Цяпер Рэната пайшла далей, чымся ў першы раз, пайшла ледзь прыкметнай сцежкай за палонку, і тады адразу ж, зусім непадалёк ад палонкі, згледзела след лагуцінскіх ботаў, слаба пакраплены крывёю — Лагуцін, мабыць, ляжаў тут, піў ваду. Яна ашкрэбла лёд ля палонкі, заліла вадой і засыпала снегам. Крыху пазней, калі добра развіднела і зажаўцела ў марознай імгле няяркае зімовае сонца, яна зноў прайшлася тым месцам — след быў прыхаваны надзейна.

Вось і ўсё, што яна ведала. Тады, у тую ноч, яна ўсцягнула Лагуціна на канапу, перавязала рану на назе — ад кулі — і вострую, як ад ляза нажа, рану на шыі, пад левым вухам, і доўга церла снегам рукі, пальцы на нагах і ступакі. Спрабавала распытваць яго, але ён нічога не казаў ні тады, ні пазней.

Усе гэтыя дні Лагуцін гарэў, быццам у агні, і высокая тэмпература мучыла яго і ўдзень і ўночы, і ён трызніў, нешта мармытаў, супакойваўся толькі тады, калі побач сядзела Валя і што-небудзь ціха расказвала: яе голас дзейнічаў на яго амаль магічна.

Рэната цяпер падрабязна расказвала Лагуціну пра тую ноч, калі ён прыпоўз да іх у зямлянку, пра тыя дні, што былі потым, пра тое, што рана ў яго на назе гоіцца, і гоіцца добра, бо куля не зачапіла косць. Горш гояцца пальцы на левай назе і ступакі на левай і правай, бо іх марозам прыхапіла моцна, але і тут ужо ідзе на папраўку. І тое, што застудзіў ён лёгкія,— таксама ўжо не вялікая бяда, уратавалі, відаць, банькі, якія ляпілі яму штодзень на грудзіну і плечы, і яшчэ хатняе пітво: моцны, як не карычневы, адвар малінніку.

Не расказвала Рэната толькі пра тое, колькі жаху давялося нацярпецца ў першы дзень. Ёй усё здавалася, што фашысты дазнаюцца, дзе ляжыць паранены Лагуцін, схопяць і яго, і яе з малым, і заб’юць усіх разам. Але першы дзень мінуў, ніхто нават і блізка да зямлянкі не падыходзіў, і яна крыху супакоілася, і ўжо вырашыла, як будзе казаць, калі давядзецца каму-небудзь тлумачыць: Лагуцін яе брат, прыехаў у горад па соль, пайшоў на Дзвіну з судамі, а выпадковая куля і зачапіла. Наколькі б пераканаўча прагучала гэта, яна не брала ў галаву клопат, бо настаў другі дзень, і абрынуліся на Рэнату новыя клопаты — трывога за Валю.

З цёмным ужо, калі сканаў дзень, Рэната злётала на дарогу аж да самага Запалоцця — спадзявалася сустрэць дачку. Не сустрэла і да самага рання не спала. Трызніў, стагнаў Лагуцін, і яна мяняла яму ручнікі, якія клала на гарачы лоб, паіла маліннікам, і ад кожнага шоргату снегу за сцяной у яе заходзілася болем сэрца. Бясконца роіліся ў галаве розныя думкі, даймалі самыя неверагодныя малюнкі таго, што магло здарыцца.

У сераду, апоўдні, Рэната пашнуравала ажно ў Пагіршчыну, каб даведацца, ці вярнулася Гардзеіха. Гэта было наіўна і смешна, бо каб Гардзеіха вярнулася, дык тое б, напэўна ж, было б вядома — вяртацца ім толькі тут, сцежкаю праз Дзвіну. Але тады пра тое зусім і не думалася: трывога гнала яе наперад.

Гардзеіху Рэната дома не знайшла, ні пра што не даведалася і з яшчэ большай трывогаю кінулася назад. Дурніца якая! Малога — кінула! Паранены Лагуцін ляжыць адзін, без нагляду. А як Данічак прачнецца ды яго ўбачыць? Напэўна ж, спалохаецца, можа, яшчэ і з ложка зваліцца, спудзіўшыся?..

Неслася дамоў як апантаная. Яшчэ здаля ўбачыла замок, які вісеў не на клямцы — яна яго пачапіла на клямку, бы замкнула дзверы! — а на калку, побач з дзвярыма, і ўсё ў душы сцялася ад прадчування жахлівай бяды.

«Фашысты ў зямлянку ўварваліся, знайшлі Лагуціна!»

Нейкі міг стаяла, збянтэжаная, потым кінулася нацянькі, праз сад, і, адштурхнуўшы ўбок дзверы, абвяла на парозе ад радаснага ўзрушэння. Валя вярнулася! Жывая, здаровая! Укленчыла ля канапы, абцірае ручніком твар Лагуціну! Скача, пляскае ў далоні, шалее ад радасці Данік...

Расказала цяпер і пра гэта, падрабязна, не шкадуючы слоў. Аніводнага слоўца не прамовіла толькі пра тое, аб чым неахвотна прызнавалася нават сама сабе,— пра сваю непрыязнасць да Лагуціна. У душы яна разумела, што гэтае пачуццё нядобрае, што пагана гэтак ставіцца да чалавека, які прыйшоў да цябе па дапамогу, які верыць табе, на тваю дабрыню спадзяецца. Лежачы доўгімі начамі без сну, яна часцяком дакарала сябе за сваю жорсткасць, лаяла, пераконвала, што абавязана чула і сардэчна ставіцца да параненага, хворага чалавека, і нічога не магла парабіць з сабою: яна незалюбіла Лагуціна, блага падумала аб ім даўно, яшчэ ў той дзень, калі Лагуцін пайшоў з Алесем і Алесь не вярнуўся.

Непрыязнасць да яго ўзнікла нават і яшчэ раней, на тым лясным абрыве, калі яна ўбачыла позірк, скіраваны на дачку; непрыязнасць саспела канчаткова пазней, у той дзень, калі Рэната даведалася, што гэты чалавек прыходзіў у горад, начаваў у зямлянцы. Параненага і хворага Лагуціна яна шкадавала, рабіла ўсё, каб аблегчыць пакуты, і, тым не меней, часта лавіла сябе на думцы, што непрыязнасць жыве, што ёй, Рэнаце, самой няёмка ад гэтага, і спрабавала ўтаймаваць свае пачуцці, за якія часцяком дакарала сябе.

Пазней жа, убачыўшы, колькі цеплыні і пяшчоты аддае дачка Лагуціну, Рэната ўжо не дакарала сябе, нават не сілілася сваю непрыязнасць прыгасіць, пачала рэўнаваць, прадчуваючы нядобрую паваротку свайго лёсу: калі Валі давядзецца нешта выбіраць, дык тая зробіць свой выбар не ў матчыну карысць. І ад гэтага ў яе балела сэрца, і трывожныя сны прыходзілі па начах, і яна жыла ў прадчуванні новай бяды і рыхтавалася да гэтай бяды, да гэтых новых пакут, хоць у іх і не верыла.

З пранізлівым рыпеннем адчыніліся дзверы, і ў зямлянку, ахутаная белай параю, укацілася Валя. Садраўшы з галавы шэрую хусцінку, яна атрэсла яе ад снегу, потым затрэсла ў паветры, як сцягам, пайшла ў скокі, выкрыкваючы ломкім і звонкім ад хвалявання голасам:

— Масква разбіла Гітлера! Ушчэнт разбіла! У-у-у!.. Лагуцін глуха, як бы што прарвалася ў яго горле, гыкнуў, пачаў заікацца:

— К-калі? К-калі?!

На ложку пад коўдрай заварушыўся Данік,чі Рэната строга асадзіла дачку:

— Ты што трубіш? Толкам кажы! Цішэй!

— Можна і толкам! — як бы спяваючы, адказала Валя.— Во-ось!.. Вестачка, вестачка ад нашых! — і нечакана ўся зачырванелася — нейкая ніколі раней Рэнатай не бачаная строгасць з’явілася ў вачах Валі — і выцягнула аднекуль з-пад ватоўкі, расхрыстанай на грудзях, вузкі аркушок друкаванай лістоўкі.— Бачыце? — і патрымала яе над галавою, паварочваючы то да маці, то да Лагуціна.— Зводка! Наша! Друкаваная! Яшчэ фарбаю пахне! — паднесла лістоўку да твару, шумна абнюхвала яе, цалавала.— Кідалі з самалёта, безумоўна, на горад. А ветрам — разнесла... Я абабегла ўсю Дзвіну — болей не відно. Не знайшла болей. Мне трэба будзе зараз у ручай злётаць, туды магло ветрам лістоўкі сагнаць...

— Чытай жа! — Рэната загадала нецярпліва.— Чытай, што напісана!

— Зараз, даражэнькія! Зараз,— і кінулася да дзвярэй, зашчапіла іх на кручок, патузала слясак рукою, правяраючы, ці надзейна зачыніла.— Зараз вы пачуеце, як далі нашы ім дыхту! От жа далі, каб помнілі! Каб у логва сваё каціліся...

Ад дрыготкага і ўсхваляванага Валінага голасу Рэнату ахапіла салодкая млявасць, неяк адразу расслаблена абвіслі рукі, спуджана-радасна, гарачым камячком, затрапыхалася сэрца. Наступ! Нашы пайшлі ў наступ! Нашы пагналі гітлераўцаў ад Масквы! А колькі ж танкаў змалацілі, колькі ўзялі ў палон і машын, і кулямётаў, і гармат, і гэтых ваякаў паганых! Сотні вызвалена і гарадоў і вёсак!.. Але ж адкуль тое ведала Гардзеіха?.. Яна ж яшчэ напярэдадні Новага года баяла цішком, немцы, нібыта, самі, маўляў, кажуць, што адступілі крыху ад Масквы, на зіму выраўнялі лінію фронту, каб улетку пайсці наперад!.. Значыцца, не выдумляла Гардзеіха: пагналі нашы чужынцаў. І не проста яны лінію фронту там выраўніваць узяліся — далі ў каршэнь, дык і пакаціліся! Назад пакаціліся! Ёсць, значыцца, паваротачка ў вайне! Ёсць! Цяпер у наш бок сонейка свеціць! У наш бок шчасце павярнула!..

Рэната не паспела ўзяць з Валіных рук маленькую лістоўку, на свае вочы ўбачыць тыя словы, ад якіх гэткім радасна-спуджаным камячком тоўхалася і тоўхалася ў грудзях сэрца,— апярэдзіў Лагуцін.

— Дайце зірнуць,— папрасіў ён глухаватым і дрогкім голасам.— Дайце мне зірнуць...

Лагуцін цягнуўся да Валі забінтаванымі рукамі, спрабаваў і не мог узяць імі лістоўку, і Валя паднесла яе пад самыя яму вочы.

— Добра бачна? Зручна чытаць?

Лагуцін незадаволена выгукнуў:

— Дык жа дагары нагамі!

— А-оі, праўдачка! Вось, цяперака...

Лагуцін углядаўся ў лістоўку, крута прыўзняўшы галаву, і гэта яго дужа хутка стаміла, і ён адкінуўся на падушку. Валя нахілілася, каб паднесці лістоўку бліжэй да яго вачэй, і ён, як ловячы гэты аркушок паперы, прыціснуў забінтаванымі рукамі і лістоўку і Валіну далонь да свайго твару. Ад дыхання папяровы прамавугольнік то шчыльна прыціскаўся да губ, хаваючы іх, то прыўзнімаўся, трымцеў, і разам з ім трымцела, як падалося Рэнаце, Валіна далонь, на якой ляжалі забінтаваныя рукі Лагуціна.

І гэтая лістоўка, што трымцела на вуснах Лагуціна, і яго рукі, якімі ён прыціскаў да свайго твару Валіну далонь, і атуманены, як нетутэйшы, позірк дачкі, якая быццам нічога ўжо больш не заўважала вакол сябе,— усё гэта зноў спарадзіла ў сэрцы Рэнаты горыч рэўнасці.

«Толькі аднаго гэтага Лагуціна дачка бачыць! Як не заўважае мяне, маці сваю. І зусім жа і не саромеецца!..»

Ледзьве стрымала сябе ад папрокаў, суцешылася памяркоўнай развагаю, развагаю чалавека сталага, умудронага жыццёвымі нягодамі. Прынамсі, што благога ў паводзінах Валі? Нічога ж благога няма. Гэта ж толькі табе здаецца, што яна як не на шыі завісла ў гэтага Лагуціна. І дарэмна, зусім дарэмна яна, Рэната, чэпіцца да дзяўчыны. Гэткі радасны дзень! Гэтулькі яны яго чакалі! І вось дачакаліся, прыйшла радасць! Навошта ж азмрочваць яе? І каб жа было чым — прыдумала рэўнасць нейкую, падазронасць! Валя ж хоча аблашчыць параненага чалавека, пакуты яму аблегчыць, супакоіць. А яна, Рэната, з рэўнасцю гэтай сваёй. Радавацца трэба, у скокі пайсці гэтак жа, як Валя пайшла, калі ў зямлянку прыбегла. А ты што робіш? Дачку лаяць збіраешся, каб не вісла, бессаромніца, у Лагуціна на шыі.

Было цяжка саўладаць з сабою, было крыўдна да слёз бачыць Валіну ласкавасць, скіраваную на чалавека чужога, і Рэната ўзялася за клямку дзвярэй.

— Куды, матуля? — весела кінула наўздагон Валя.

— Суды прыцягну. Дзе яны?

— А-ой, праўдачка! Гэта ж я ля палонкі іх паставіла. Зараз прыцягну!

— Гэты ўжо мне твой цыганскі «зараз»!..

Па сцежцы Рэната ішла таропка. У ціхім марозным паветры гучна рыпеў пад нагамі снег, і гэтае сухое, як падвойнае, рыпенне снегу, гэтае марознае паветра супакойвалі, і ўсё, што зусім нядаўна выклікала рэўнасць, бачылася ёй зусім у іншым святле. Хіба ж не дурніца яна! Любошчы ёй Валіны памроіліся! У каго тыя любошчы? У Валі? У гэтай дзеўчынёшкі! З кім? З гэтым саслабелым ад ран і хваробы чалавекам!.. Якую ж лухту яна ў галаве таўчэ! Знайшла сабе занятак — кроіць сэрца нейкай дурнотаю, аб якой думаць сорамна, не тое што казаць!..

Ля палонкі стаялі поўныя суды. Ля беражкоў вада схапілася тонкай сеткай ільдзінак-нітачак, і сярод іх Рэната ўгледзела адбітак свайго твару, старэчага, зрэзанага глыбокімі, як раны, пісягамі, і як некалі на падворку ў Ганны Сямак, выраз гэтага старэчага твару напалохаў Рэнату, прымусіў пагана заныць сэрца. Яна нахілілася над вядром, правяла пальцам па вадзе, як бы сілячыся сцерці з твару чорныя пісягі, вярнуць яму знаёмы, ранейшы выгляд. Адбітак твару затрымцеў, загайдаўся, але адразу ж набыў чысціню, на ім не было ўжо ранейшых глыбокіх шрамаў, і яна ўздыхнула з палёгкай, а потым уголас засмяялася. Ну, хіба не дзівачка яна! Нейкія зморшчыны, нейкія шраміны на шчоках яе спалохалі!

«А голас які мой на марозе звонкі, дужы і малады. Ажно рэха ў берагах пакацілася».

Рэната нечакана адчула сябе бадзёрай, упэўненай, маладой. Радасць была ў душы, і яна скрышыла ўсе непрыемныя думкі, што дагэтуль вярэдзілі сэрца. Перамога ж! Пакаціліся чужынцы назад! Нашы пагналі гэтую чорную зграю назад! Цяпер нядоўга ўжо чакаць — Міхал вернецца. І Алесь вернецца! І ўсё пойдзе сваім ранейшым шляхам! Усё? Дзе ж усё! Геначка не вернецца! І мама не вернецца. І хатачка тая, дзе гэтулькі шчасця было, не вернецца. Ды ліха з ёю, той хатаю — знайшла па чым бедаваць! Збудуецца новая! Абы мужчынкі яе жывыя і здаровыя вярнуліся...

За спінай пад лёгкімі паспешлівымі крокамі зарыпеў снег — да палонкі спяшалася Валя.

— Чаго, матуля, не пачакала? Я ж казала: зараз прынясу. Ты бяжы, а я паціху пацягнуся. Лагуцін табе нешта пільнае хоча сказаць...

Рэната ўсміхнулася, пажартавала:

— Няўжо аб вяселлі?

— Пра якое гэта ты вяселле гаворыш?

— Не аб сваім, ведама ж. Аб вашым!

— О-ох, ты і скажаш!

— Кажу тое, што вочы бачаць!

— Не тое яны бачаць, што трэба,— суха прамовіла Валя, і гэтая сухасць у голасе дачкі непрыемна ўразіла Рэнату; у ёй, гэтай сухасці, пачулася нешта падобнае на варожасць.— Ён важнае заданне мае на ўвазе!

Рэната сказала, з намерам падкалоць дачку:

— Цяпер ужо, дзякуй небачку, і ў мяне — заданне.

— Трэба ж нашым хоць чым-небудзь дапамагаць. А то сядзім, як мышы пад венікам.

Рэната хмыкнула:

— Хм... Усе ягоныя слоўцы паўтараеш!

— У мяне і сваіх слоў дастаткова!

Валя сказала гэта рэзка, зыркнула нядобра, і Рэната спахапілася. Навошта яна парываецца нешта даводзіць дачцэ, у нечым папракаць — гэтым жа толькі аддаляе ад сябе Валю! Гэткі дзень сёння! Свята ж!

— О-ой, дачушка, дачушка,— прамовіла Рэната прымірэнча і шчыра.— Як жа мне сэрцайка баліць за вас. І за цябе, і за Данічка, і за гэтага Гарыка... Якая ж у яго тамака пільніца?

— Ён хоча паслаць цябе да Антоніхі. У Жарцы. Але я сказала: сама, маўляў, пайду, бо маці там паказвацца небяспечна. І ты скажы, каб мне ісці...

Гарачы туман тухнуў Рэнаце ў галаву.

— У Жарцы? І Лагуцін хоча цябе туды паслаць?

— Я сама туды рвуся. Я памятаю, як ты казала, што паліцэйскі цябе папярэджваў, каб болей і носа не паказвала там. А мяне хто там ведае? Ніхто!

Гарачы туман нібыта плыў перад вачыма, кружыў голаў. Бачыш, што робіцца? Ледзь ачуняў Лагуцін, а ўжо — камандаваць пачаў! Ён ужо будзе пасылаць у гэткі шлях дзяўчыну? І другое тут дзіўна: чаго ж ён з ёю, Рэнатаю, спачатку не параіўся? Мог жа з ёю, дарослым чалавекам, усё спачатку як след абмазгаваць! Але няма чаго цяпер рукамі размахваць. Трэба не ціснуць на дачку — тады пра ўсё можна даведацца.

— І што ж там мне рабіць? — спытала Рэната як мага мякчэй і даверліва.

— Нічога.

Рэната згледзела доўгую нітку ля гузіка ватоўкі, узялася яе заматваць старанна і заклапочана, быццам гэта было адзінае, што яе непакоіла.

— Дык навошта ж тады ісці? — спытала як мага спакайней, нават абыякава.

— Соль перадаць. І сказаць, што ён — тут. Зусім жа лёгкае заданне.

— І гэта ўсё? — спытала Рэната з недаверам.— І гэта — усё?

— Усё. Таму я і сказала: хутчэй за мяне ніхто туды не даскача. І лепей ніхто не зробіць.

— А што ён? Лагуцін гэты як на твой намер глядзіць?

— Ухваляе. Але хоча нешта з табой абгаварыць,— і раптам дадала ласкава, зусім умольна: — Матулька, ты з ім пагаджайся, не пярэч. Я ж і ў Дзісну вось схадзіла, і ўсё зрабіла добра. Ты ж чула, што цётка Вольга сказала? Са мною яна хоць у пекла пойдзе.

— Там жа вы талакою ішлі. А тут з кім? Адна! Адной жа давядзецца тэпаць!

Валя пацерла шчаку, заціснула далонню губы, потым рэзка апусціла руку, быццам нешта адкідала ад сябе:

— Калі трэба — буду тэпаць. Адной дык шчэ і лепей, бо ніхто збіваць з тропу не будзе. Хатулёк на плечы — і пайшла. Ранічкою — выправілася, увечары — дома.

Рэната сказала дакорліва:

— Лёгка як у цябе ўсё робіцца!

— Я не кажу, што — лёгка, не кажу. Але гэта — разумны варыянт.

Рэната прамовіла са смяшком:

— Хадзем, мая ты разумніца, у зямлянку. Пайшлі!

— Ты хочаш знайсці лепшае выйсце? Не шукай дарэмна!

— А што, як і пашукаць?

— Не бачу патрэбы аніякай! Лепшага за мой варыянт — няма!

Рэната сумелася, збянтэжаная нечаканай Валінай настойлівасцю. Дачка і раней часцяком пярэчыла ёй, не пагаджалася, але заўсёды ў той нязгодзе была маладая задзірлівасць, жаданне пераканаць адразу ж і ва ўсім. Цяпер жа ў Валінай нязгодзе, цвёрдай і катэгарычнай, прагучала як бы горыч, прытоенае шкадаванне мудрага чалавека, які ведае, што павінен выконваць паспешлівае рашэнне — яно не зычыць яму дабрыні і ёсць не самае лепшае, чаго можна б было чакаць ад жыцця,— і гэтае рашэнне не сваё ўласнае, але ён змушаны яго ажыццявіць, бо шукаць нешта іншае — няма ні патрэбы ні часу.

Рэната моўчкі ішла за дачкою. Валя двойчы спрабавала забраць у яе суды, але яна моўчкі пратэставала, не аддавала, несла сама. Перад узвалам усё ж саступіла, аддала Валі адно вядро, і яны патупалі ўпобачкі, і гэтая блізкасць Рэнату сагравала, спараджаючы добрыя думкі. Слаўная яна, Валя. Хай сабе і пасварыцца, але сэрца ў яе чулае, мяккае, маці яна паважае і памочніца ва ўсім.

— Вось тут лістовачка ляжала,— Валя прыпынілася, паказала рукою на правы бок ад сцежкі.— Пад гэты вось камяк яе ветрам і падагнала. Я была падумала: ат, паперка... А потым гляджу — лістовачка!

— Але ж чаго адна? Калі кідалі з самалёта, дык, пэўна ж, не адну.

— Відаць, сагнала ветрам. Я зараз у ручай падскочу.

Рэната запярэчыла рашуча:

— Ніякага табе ручая! Снедаць зараз будзем,— і дадала з падкавыркаю: — Трэба ж Гарыка нашага накарміць!

Валя прыняла гэты закід спакойна.

— Ведама ж,— пагадзілася яна роўна, як бы ўсё перад гэтым абгаварыўшы.— Спачатку паснедаем, а потым мы з Данікам на саначках туды пакоцім. Сушняку якога адтуль прыхопім. Калі хто і стрэне — па дровы выправіліся. Ну, бегма!..

З падскокам, лёгка сігаючы па прыступках, Валя прашнуравала ўсю лесвіцу, замеценую снегам. На верхняй прыступцы пакаўзнулася, ледзь не выпусціла вядро, але нейкім цудам вывернулася, утрымалася на нагах, гучна і радасна засмяялася, радуючыся сваёй ўдачы.

Рэната ж узнялася на ўзвал з цяжкасцю, пастаяла крыху, каб аддыхацца, і рушыла далей, калі Валя, нахіліўшыся, хавалася ў зямлянцы. І тая ўвішнасць, з якой Валя ляцела па прыступках, і асабліва тое, што яна не пачакала, панеслася адна, выклікала крыўду.

«Не адпушчу адну! Сама лепей пайду!..»

Рэната ўжо ведала, што змяніць гэтае рашэнне ніхто яе не прымусіць, што аніякім угаворванням яна не паддасца: сама пойдзе ў тыя Жарцы!

Ля ўвахода ў сутарэнне рашэнне цвёрда і добра акрэслілася. З’явілася і даволі грунтоўнае, на яе думку, абгрунтаванне, якое, мажліва, давядзецца прыводзіць. Вёска, дзе жыве Ганна Андрэеўна, ёй, Рэнаце, вядома, дарога знаёмая. Новага ж чалавека туды пускаць нельга! Валя ж, акрамя ўсяго, абавязкова вось гэтак жа, як з вядром па прыступках, кінецца бегчы. І сапсуе ўсё, і бяду не заўважыць, і ў першую ж пастку трапіць! А яна, Рэната, пойдзе з асцярогаю, не спяшаючыся, на злом галавы па-дурному не кінецца...

Рэната ўвайшла ў зямлянку, задаволеная сваімі думкамі, і яе аглушыў бразгат — Данік ужо сядзеў за сталом і малаціў лыжкаю па місе. На стале было чатыры міскі — паставіла, як і звычайна, Валя. І гэтая чацвёртая, лішняя, міска абудзіла ў сэрцы Рэнаты непрыязнасць да Лагуціна і знаёмы боль. Сёння, як ніколі раней, ёй асабліва выразна падалося, што Лагуцін ведае гэтую патаемную непрыязнасць і асуджае яе.

— Чаго ж ты не наліваеш? — спытала Рэната, стаўляючы вядро ля грубкі і хаваючы свае вочы ад Лагуціна.

— Цябе чакалі. Каб усім разам ужо...

Данік першым торкнуў сваю міску наперад, калі Рэната паставіла чыгунок на стол, шкрэбаў лыжкаю па місе, прасіў нецярпліва:

— Мне! Мне!..

— Хопіць і табе,— і Валя пасунула Данікаву міску назад.

— Не чапай маю міску! Не чапай!

— Сынок, ты ж вялікі ўжо хлопчык. Як табе не сорамна на Валечку гэтак крычаць. Яна ж — старэйшая!

— А чаго яна мяне — нагою,— Данік насупіўся.— Усё штурхель ды штурхель!..

— От жа і хлус! От жа і прыдумшчык. Выпадкова толькі і зачапіла яго!

— Ці-іха! Бярыце міскі...

Рэната супакойвала дзяцей весела, а сэрца шчымела ад болю. Штораз вось гэтак Данічак: у першую чаргу — яму каб! І нічога не зважае! Ці ёсць, ці няма: мне — першаму! А вось Валя ўжо разумее, можа стрымаць сябе. І не есць, чакае, пакуль яна, Рэната, падасць міску Лагуціну...

Лагуцін не схацеў есці, калі Рэната села каля яго з міскаю, закруціў галавой.

— Няхай яны паядуць. Я — потым.

— За імі нам не ўгнацца. Чуеце, які трэтар ідзе?

— Потым, потым...

Нечакана прыгадалася: вось гэтак жа саромеўся есці пры дзецях Бохач. Летась тое было, увосень, калі ён скончыў мураваць у зямлянцы грубку... Пагодны дзень тады быў, і яна зварыла бульбу, папрасіла яго паесці, але ён адмовіўся, чакаў, пакуль пад’ядуць малыя, як бы баючыся, што дзецям не хопіць, што яны не наядуцца. Небачка, якая драбнота ёй помніцца. Гэтулькі ж добрага зрабіў ёй Бохач, а вось помніцца не тое, добрае, а нейкая драбяза, зусім не вартая ўвагі... І Валя быццам засаромелася, адчула няёмкасць, паела спехам, затармасіла, пацягнула за сабой Даніка; дапаможа, маўляў, прынесці дроў. Але ж гэта знарок, каб Данік не глядзеў у міску Лагуціну, каб не папрасіў яшчэ заціркі, каб не нэндзіў. Небачка! Малая, а ўсё ж разумее, як дарослы, сталы чалавек...

Калі Валя і Данік выбеглі за дзверы, Рэната сказала Лагуціну цвёрда:

— У Жарцы я сама пайду. Валю не пушчу.

Лагуцін пагадзіўся, не пярэчыў. Яна ўзялася карміць яго і, сустрэўшы позірк блішчастых вачэй, са слязамі ў куточках, занепакоілася:

— Гарачае, мабыць, варыва. Гэта ж не астудзіла як след.

Ён пакруціў галавой:

— Не-е, самы акурат... Дзякую...— і раптам сціснуў забінтаванымі рукамі Рэнацін локаць.— Мне толькі б на ногі ўзняцца. Толькі б узняцца!

Яна разгубілася ад гэтай ласкавасці, папрасіла сухавата і павучальна:

— Есці трэба. Тады хутчэй на папраўку пойдзе.

— Валя казала, што ў Бохачавым садзе сутарэнне ёсць... Туды трэба мне...

— Лядоўня тамака! Снегам усё пазамяло! — і, гледзячы ў вочы Лагуціна, нерухомыя, умольныя, поўныя ўдзячнасці і прызнальнасці і, разам з тым, нейкія далёкія і тужлівыя, сказала строга, як малому, які павінен адразу ж паслухацца: — На выпадак чаго сілу набраць трэба! Сілу! А тады ўжо нешта думаць...

— Я Валю папрасіў, яна пачысціла тое сутарэнне. Кажа, што снегу там і не было. Крышачку...

— Каб змерзнуць?.. Пацяплее, тады будзе відаць...

Запярэчыла, а сэрца зайшлося болем. Вось што тут вакол робіцца! Валя тое сутарэнне ў Бохачавым садзе чысціла, аглядала, а ёй, маці, каб слоўца! Як моліцца яна на гэтага Гарыка свайго!..

Але сэрца балела не толькі ад гэтага адкрыцця — падумала пра Міхала. А што, як і ён недзе, вось гэтак, як Лагуцін, пакутуе, гаруе, у бінтах ляжыць... І тут жа, з яшчэ большай ярасцю, чым усе папярэднія разы, калі дазваляла сабе слабасць падумаць гэтак пра мужа, закрэсліла думку, якая прыйшла раптоўна, знаёмым і цвёрдым пераконаннем: Міхал на фронце! Міхал ваюе! Міхала бяда не зачэпіць!..

Звычайна гэтая рашучасць яе супакойвала. Але сёння ў гэтым рашучым перакананні нешта было не так, як раней, і гэта яе напалохала. Яна зірнула на Лагуціна ўважна і згледзела, як з яго вачэй выкаціліся дзве слязінкі, папаўзлі па шчоках, уздрыгнулі, бы падкінутыя жаўлакамі, што крута выпіналіся, соўгаліся пад скураю; слязінкі, бліснуўшы, заблыталіся ў густым чорным шчэцці барады, і яна ледзь стрымалася, каб не зарыдаць уголас, пакутна і адчайна.



17

Па дарозе, якая крута лезла ўгару, ісці было цяжка. Рэната даўно стамілася ўжо і цяпер выбівалася з сілы, але не сцішыла хады, упарта крочыла наперад.

Адпачне яна ў Жарцах, да якіх засталося кіламетры два, не больш — ёй бы толькі пагорак адолець. За ім, гэтым клятым пагоркам, дарога пакоціцца ўніз, у густы малады бярэзнік, потым полем, крута паверне ўправа, і адтуль, з таго бярозавага ўзлесачку, добра будзе відзён краёк патрэбнай сялібы. Тады ўжо можна будзе пайсці да хаты напрамкі, дакладней, да студні, а потым ужо, ад той студні, сцежачкаю — да хаты. Але яе, сцежачку тую, мабыць, пазаносіла снегам цяпер, наўрад ці патрапіш. Тут дарогаю паўзеш, быццам цалік б’еш, а там, відаць, ад сцежачкі і знаку не засталося. Ды ліха з ёю, той сцежкаю,— дарогаю тэпаць лягчэй. Варта, мабыць, счакаць толькі, каб увайсці ў вёску з цёмным і нікому вочы не мазоліць...

Думка гэтая прываблівала, дакладней, давала мажлівасць адпачыць хоць крышку, і Рэната на міг прыпынілася, але тут жа загадала сабе рухацца далей. Няма чаго раскошваць і губляць час: яна сёння ж і назад павінна рушыць. Але наўрад ёй сёння ўдасца дабрысці да горада па гэтых гурбах. Давядзецца, мабыць, заначаваць у Ганны. А заўтра ранічкаю — на Пяскі. Там, напэўна, кіламетраў на пяць далей, але затое дарога лепшая, вышараваная машынамі. Праўда, яна бачыла тую дарогу не цяпер, а ўвосень. Дык увосень дарога і тут была ніштаватая. А цяпер і знаку ад яе няма, завея ўсё замяла, зраўнавала. На санях, аднак жа, нядаўна нехта ў два канцы праехаў: мабыць, па дровы ў лес, што ля рэчкі, і назад, у вёску. Ды пешкі, таксама пасля завеі, нехта прайшоў у валёнках, падшытых ласкутом з аўтамабільнай пакрышкі,— сляды шырозныя, рубчастыя. Відаць, нехта саскочыў з саней і ішоў.

Рэнату нечым гэтыя сляды непакоілі, і яна да іх прыглядалася. Яны, сляды гэтыя, кінуліся ёй у вочы яшчэ раней, перад ручаём, і былі гэткія ж, як і тут: разгоністыя, але няроўныя і мітуслівыя, быццам чалавек увесь час спяшаўся, бег некуды.

Рэната паспрабавала яшчэ раз крочыць па іх, але аніяк не магла злаўчыцца і выбралася на каляіну. Ісці тут было лягчэй, ногі правальваліся не дужа глыбока ў снег. І наўкола відаць добра. Зноў нейкі след у бок лесу, і ў вольхавы параснік, што справа ад дарогі, таксама след вядзе — які хочаш выбірай. Добра, што яна не пусціла ў гэткі шлях Валю: напэўна б, тут дачка заблудзілася б. Нават яна сама, Рэната, пакуль да гэтага пагорка не прыбілася, увесь час дыбала без упэўненасці, што ідзе правільна. А двойчы ж хадзіла! Праўда, цяпер, калі снегу гэтулькі, усё інакш выглядае, чым летась увосень. Але ўжо хадзіла, дык нешта знаёмае і прыкмеціш, можаш сарыентавацца. Вось ля гэтай старой бярозы, што расце як не на самай узбочыне, схіліўшыся над дарогай, Рэната адпачывала ўвосень. Тады яшчэ дзівілася: шурпаты, як у старой сасны, камель і бела-бела, як папера, бяроста ўверсе, з рэдкімі, але роўнымі чорнымі крапінамі.

Рэната паправіла хатуль за плячыма, падцягнула лямкі, каб меней рэзала плечы. На гэтым пагорку яшчэ больш пацяжэў мех. А што ў ім? На добры лад — у адной руцэ несці можна: дзесятак шклянак солі ў мяшэчку ды мужаў касцюм — употай ад дачкі і Лагуціна дастала яго са схованкі, узяла з сабою, каб выменяць на нейкі харч. Выправілася яна ў гэткі шлях, дык не з пустым жа вяртацца, трэба жыта прыдбаць, круп якіх, а калі пашанцуе — сала брусочак. Касцюм амаль новы, прыгожы — адзенне цяпер попыт мае. Гардзеіха казала, што ў Дзісне за добры гарнітур два пуды жыта даюць. Вось каб так удала памяняць! Міхал даруе, што гэты святочны яго касцюм не захавала, Міхал зразумее — касцюм нажывецца. Яна б даўно ўжо і схадзіла ў тую Дзісну, і намяняла б чаго-небудзь, каб не пагналі Рэнату на ачыстку чыгункі ад снегу: амаль жа тыдзень у бараку трымалі і пад аховай ганялі на працу, прымушалі. Некаторыя ўцякалі, але яна не адважылася, баючыся, што, калі ўцячэ — шукаць пачнуць, у зямлянку паліцэйскія прыпруцца. Яшчэ і заробіла на той працы: выдалі, як праца скончылася, сорак марак і боханчык хлеба, абсыпаны зверху нейкай цвёрдай белай пацярухай. Кабеты казалі, што гэта — цёртае на спецыяльных машынах пілавінне. Але Валя з Данікам змалацілі той боханчык уміг, не разабраўшыся нават, ці хлебнае ці драўлянае было тое пілавінне. І як ні ўпрошвала і яна і Валя Лагуціна, той і кавалачка не ўзяў: дзецям, маўляў, той хлеб хай будзе. Лагуцін, мабыць, чалавек дужа добры, душэўны. Праўда — асцярожлівы. Усё папярэджваў, каб толькі ёй, Ганне, сказала яна, Рэната, што ён тут, у зямлянцы. І каб соль перадала толькі ёй — з рук у рукі. Праўда, у самы апошні міг, на развітанне ўжо, Лагуцін сказаў, каб Рэната палову солі памяняла ў Жарцах на харч — гэта дасць ёй падставы заходзіць у хаты. Рэната не распытвала, сама аб усім здагадалася: Лагуцін, відаць, у адным атрадзе быў з Рудаком і не гаворыць пра тое таму, што не хоча ўцягваць у справу небяспечную яе, жанчыну з дзецьмі...

Але болей ад усяго пакрыўдзіла не гэтая, а зусім іншая здагадка: Лагуцін, здаецца, больш Валі давярае, а не ёй. Ад каго Рэната пачула, што ён ведае Ганну з Жарцаў? Ад Валі. Хто першай прапанаваў Рэнаце пайсці ў тыя Жарцы? Валя. І пра атрад, у якім быў Лагуцін, яна, здаецца, нешта ведае, але зацята маўчыць. І ён і Валя, апошнім часам, усё гаманілі, гаманілі пра нешта цішком, як спрачаліся нават. Варта ж было Рэнаце ўвайсці ў зямлянку — памоўкнуць адразу, потым пачнуць размаўляць, але ж адразу відно, што зусім пра іншае ў іх гаворка ішла перад гэтым. А намер Лагуціна перайсці ў сутарэнне ў Бохачавым садзе? Усё той жа недавер, усё той жа своеасаблівы папрок: не бядуйце, маўляў, часова я на шыі ў вас завіс, папраўлюся і адразу ж сваім шляхам пайду... І пра гэты шлях яны, мабыць, з Валяю і гамоняць, раяцца, нешта вызначаюць...

Цяпер, прыгадваючы ўсё тое, разважаючы сам-насам тут, на пустыннай дарозе, Рэната паступова прыходзіла да думкі, што анічагуткі ж крыўднага ў словах Лагуціна не было. Так, ён ляжыць цяпер у іх зямлянцы, і гэта, вядома ж, наблізіла бяду да яе, Рэнаціных, дзяцей. Так, яна змушана адрываць ад сваіх жабрацкіх харчовых прыпасаў яшчэ адзін лішні кавалак, дзяліць цяпер маленечкі кацялок заціркі ўжо на чатырох. Так, у яе балела сэрца штораз, калі яна брала ў рукі чацвёртую, лагуцінскую, міску і ўлівала туды тое, што маглі з’есці яе сынок, яе дачка. Так, у яе балела сэрца яшчэ больш, калі яна пачала прыкмячаць, што Данік — дзіцятка ж горкае! — зыркае з зайздрасцю на тую, чацвёртую, міску, паглядае сваімі галоднымі вачанятамі так, нібыта гэта з яго ўласнай міскі адлілі заціркі, а часам незадаволена барабаніць лыжкаю, як бы пратэстуючы супраць таго, што цяпер яго міска не гэткая поўная, як была раней. Усё гэта — праўда. Але ж ёсць і яшчэ адна праўда: Лагуцін не чужы ім чалавек, і ён — у бядзе. І ў бядзе ён апынуўся не сваёй воляю: ён ішоў на смерць, ішоў, каб абараніць ад чужынцаў і яе, Рэнату, і Валю, і гэтага Даніка, які барабаніць лыжкаю па місе і зыркае на Лагуціна часам нядобра... Ён ішоў бараніць іх усіх, і ён не вінаваты, што апынуўся ў бядзе, і таму яна, Рэната, не мае права пакінуць яго ў бядзе. Яна павінна ратаваць яго гэтак жа, як ратуе сваіх уласных дзяцей!..

На бярозе сядзела сарока, нерухомая, як нежывая. Але як толькі Рэната запаволіла крокі і зыркнула ў той бок, сарока засакатала, пырхнула крыламі і няроўна, як штуршкамі, паляцела за дарогу ў малады бярэзнік. Гаваркое лапатанне то цішэла, то гучала рэзка і спалохана, і цяпер да яго далучыла хрыпаты голас яшчэ старая варона, якая сядзела на старой яліне, і Рэната адчула незразумелы неспакой. Нешта ж усхадзілася гэтая балбатуха, сакоча, быццам перад варонай выхваляецца ў нечым. І недзе дужа далёка, раз за разам, звініць-пазвоньвае сякера, як хто дровы сячэ. А сарока ўсё сакоча, як нешта згледзела цікавае і пнецца, каб пра тое ўсё жывое наўкола ведала. Кажуць: сарока тараторыць — навіны чакай... Нейкі слуп чарнее наперадзе... Увосень жа, здаецца, не было ніякага слупа тут — там ужо хата павінна паказацца... Так, ад гэтай паваротачкі яна ўжо і была відаць...

«Гэта ж не слуп! Гэта ж комін! Хаты няма! Толькі комін чорны стаіць на попелішчы...»

Рэната, ашаломленая, паскорыла хаду, потым пабегла, правальваючыся ў глыбокія гурбы, і ёй усё здавалася, што зараз, вось зараз, праз колькі там крокаў гэты чорны комін адсунецца, сплыве ўбок, і яна ўбачыць абрысы знаёмай хаты. У яе нават мільганула думка, што яна заблудзілася, трапіла зусім не туды, куды ішла, што перад ёю наперадзе зусім незнаёмая вёска...

«Не-е, дзе ж незнаёмая! Вунь былая калгасная абора, ля якой тады ўвосень спыніў мяне паліцэйскі і трос хатуль...»

Рэната сцішыла хаду, не бегла ўжо, а ішла павольна, як звычайна ідзе змораны чалавек, якога мало што наўкола і цікавіць. Але бачыла яна літаральна ўсё, ад яе хуткага і ўчэпістага позірку нічога не схавалася.

Брама аборы як вісела тады скасабочаная, дык гэтак і вісіць, нібыта ніхто з таго дня і не чапаў. Вунь і студня, ля якой Ганна тады стаяла з вядром, вунь і рэдзенькі плот, перавіты гурэчнікам і гарбузнікам, на якім вісіць белая шапка снегу, вунь маладая грушына, ля якой тады стаялі пабітыя марозам мальвы. Яны і цяпер стаяць чорныя, густа абсыпаныя круглымі бубачкамі насення. Ацалелі мальвы ў час пажару, не згарэлі. А хата згарэла, і хлявок згарэў, і плот з аднаго боку, што бліжэй да хаты, гарэў таксама. І даўно, мабыць, перад завеяй. Так, перад завеяй. Снег вунь на коміне. І на печы снег. І ўсё бела-белае вакол, і зноў гэтыя сляды — шырозныя, рубчастыя, як сцежка вакол попелішча...

Рэната збочыла з дарогі, пастаяла ля печы, потым марудна абышла вакол і спынілася насупраць прыпечку. Увосень на гэтым прыпечку весела гарэлі трэскі, і Ганна трымала чапялою патэльню і расказвала Рэнаце пра сваё жыццё і лаяла прыблуду паліцэйскага, і потым, уранку, праводзіла яе ў дарогу. А цяпер прыпечак белы ад снегу, а ў глыбіні печы, не закрытай засланкай, чорна, як у прорве — даўно не палілі ў печы.

Жахлівая стома падкашвала Рэнаце ногі. Пабурыліся добрыя планы, якія яна складала ў горадзе і люляла дарогаю радаснымі і добрымі спадзяваннямі,— нечакана і непрадбачана зламалася ўсё. Дзе ёй цяпер адшукаць Ганну? Лагуцін наказваў, каб Рэната нікога ні пра што не распытвала, каб спачатку зайшла ў адну хату, другую, мяняючы соль на хлеб, а потым ужо і да Ганны завітала. А як яна робіць? Небачка, якая ж яна дурніца! Паперлася адразу да спаленага котлішча! Завіхаецца цяпер ля печы, усё разглядае: кожны заўважыць, што нешта яе тут цікавіць, нешта яна тут вышуквае. Хаця нічога падазронага няма ў тым, што яна прыпынілася: ішла, убачыла попелішча, падышла паглядзець — зусім натуральная жаночая цікавасць!..

Выбіраючыся на дарогу, Рэната зусім супакоіла сябе: гэтак, калі спатрэбіцца, яна ўсё і патлумачыць. У першую хату па правы бок дарогі ёй заходзіць не варта, каб не вяртацца назад. Праўда, недалёка тут. Але ж, як гаворыцца? Пайшоў, ды назад вярнуўся — лепей дома сядзі, дарога кепская будзе, не пашчасціць.

Таму лепей вось у гэтую, другую хату зайсці. Таксама ж суседзі, павінны ведаць, калі быў пажар, дзе Ганна Андрэеўна цяпер... Не, нічога не трэба пытацца. Проста слухаць лепей, людзі скажуць і пра пажар, і пра тое, што тут было... І зноў знаёмыя сляды! Уся сцежка з дарогі да хаты стаптана гэтымі глыбокімі рубчастымі слядамі.

З хаты выбег мажны мужчына, у кароткім кажусе, ускінутым наапашкі, без шапкі, і свіснуў:

— Фю-ю-ю!

Рэната пазнала гэтае працяглае «фю-ю-ю», і ў яе млява занылі ногі, спуджана закалацілася сэрца. Жыгалка гэта! А можа, яна памылілася? Не, ён трос тады на вуліцы Рэнацін хатуль: усё той жа голас, тыя ж хуткія і маленькія, як мышыныя, вочкі на азызлым твары, той жа тоўсты чырвоны нос... Толькі тады паліцэйскі быў у шынялі. Можа, не пазнаў ён яе?..

— Чаго спыніліся? — гукнуў Жыгалка і запрашальна махнуў рукой.— Навошта ж на марозіку пячыся?

Марная спадзяванка, што яе не пазнаюць! Жыгалка ж, вядома, пазнаў. Але ж з чаго тады гэтая ласкавасць, гэтая гасціннасць? Быццам дарагога і жаданага госця запрашае ў хату, быццам старую знаёмую стрэў... Адмовіцца і не зайсці? Нельга, мабыць. Так, нельга: ён затрымае яе ўсё роўна. Трэба зайсці, прапанаваць соль — рабіць і размаўляць пра ўсёнатуральна, каб не было падазрэнняў. Не, марна ўсё, мабыць. Ён сачыў за ёю, сачыў з тае хвіліны, як толькі яна з’явілася на ўзлеску. Адсюль, ад гэтай хаты, усё быццам на сподачку відно: і ўзлесак, і дарога, і попелішча.

— Дзякую, зайду ахвотна, калі дасцё вадзіцы глыточак. Ё-ёй жа і стамілася, па гэтых гурбах ідучы...

— Здаля ідзяце?

— З Грамоў,— схлусіла Рэната, не зразумеўшы нават, чаму менавіта назва гэтай станцыі прывабіла яе.— З Грамоў іду. Хлеба хачу дзе-небудзь расстарацца.

— Гэта цяпер цяжка.

— Я ж не проста прашу. Я на соль мяняю. У мяне соль ёсць. Праўда, нямнога.

— Соль цяпер, бы золата,— і папытаў даверліва: — Цябе ж як, кабетка, клічуць?

— Вольгаю.

— Во-ольгаю,— працягнуў ён імя, якое Рэната прыдумала сабе.— Гожае імя... Заходзь, Вольга, у хату. Заходзь!..

Цяпер, зблізку, пераканалася канчаткова: не памылілася, гэта той паліцэйскі, з якім звёў яе лёс увосень. Нават і прозвішча ў памяці — Жыгалка. Як жа Ганна тады яго лаяла! Што яна тады пра яго казала? Не тутэйшы, прыстаў у прымы... Небачка, пра што яна думае! Зусім пра іншае трэба маргеліць: як з бяды выбавіцца, як адсюль уцячы... А можа, ён і не затрымае яе? У хату яна зойдзе, вады пап’е, прапануе соль памяняць на хлеб... І на сваім трэба стаяць да апошняга: Вольга яна, у Грамах жыве, не ў горадзе...

Маснічына рыпнула ў сенцах тонка і палахліва, і водгулле сваіх крокаў здалося Рэнаце ў цёмных сенцах спуджаным, і гэтае водгулле тут жа заглушыў цяжкі тупат падкаваных жалезнымі абцасамі ботаў. Рэната ўзялася за клямку, адчыніла дзверы і, пераступіўшы вузкі, але высокі парожак, была ашаломлена. Якое падабенства з хатаю Ганны! Справа чалеснік і закрытая бляшанай засланкаю печ, чыгунок з вадою на нізкім услончыку, драўляная, абклееная шпалерамі пераборка, не суцэльная, з шырокай прасветлінай ля столі, і вузкім дзвярным праёмам, завешаным квяцістай шторкаю; злева — акно, без фіранак і кветак на падвоканні, аголена, чыстае, і ля яго — стол; на стале — патэльня з салам і кілбасою, побач міска з капустаю і эмаліраваная талерка з бульбаю; за боханам хлеба, у які на ўсё лязо ўвагнаны нож — кароткая драўляная ручка спрэс у глыбокіх зарубках, бы пасечаная,— высіцца тоўстая бутэлька з прыгожай этыкеткай, і ля яе — чатыры шклянкі; у розных кутках стала ляжалі чатыры відэльцы.

«Учатырох, відаць, балявалі. А нікога ж у хаце няма. А мо за пераборкаю, на чыстай палавіне хаты, схаваліся? Не, здаецца, што ціха там. Ды і якая патрэба некаму тут хавацца ад мяне? І чамусьці няма гаспадыні...»

Жыгалка стаяў спінаю да квяцістай шторкі, як бы загараджваючы ўваход, гасцінна прапаноўваў распранацца, усміхаўся:

— Табе шчасціць, Вольга, якраз на абед лучыла...

Ад паху смажанай кілбасы і сала, ад водараў жытняга хлеба і капусты галава пайшла кругам, слінкі запоўнілі рот, пухлі, бы расплываліся на дрожжах. Голад прытупляў асцярогу, гасціннасць гаспадара ўлагоджвала, і Рэната, глытаючы і глытаючы слінкі, паддавалася гэтай ветлівай ласкавасці; недзе глыбока ў сэрцы нарадзілася здрадніцкая думка пра тое, што нічога благога не здарыцца, калі яна распранецца, сядзе да стала. І сапраўды, усё будзе выглядаць натуральна, без падробкі — яе запрасілі, і яна села.

«Не паддавайся! Вораг гэта! Вораг!..»

Сігнал перасцярогі, слабы і няпэўны сігнал, жыў у сэрцы, а рука міжвольна цягнулася да верхняга гузіка паліто. Рэната адчайна змагалася са спакусай сесці да стала, пакласці ў рот хоць маленькае кольца кілбасы, а рука ўсё паўзла і паўзла да гузіка і вось ужо дакранулася да яго і тут жа замерла — Рэната ўгледзела ля пераборкі знаёмыя валёнкі. Круглыя латкі з жоўтай скуры на задніках, падэшвы, адкроеныя з аўтамабільнай пакрышкі... Гэтыя валёнкі яна бачыла тады на базары, іх прадаваў той чалавек, які яе вельмі напалохаў! Дык гэта ж вунь якія сляды яна бачыла ўвесь час на дарозе, калі ішла сюды! Правы валёнак нахілены, пад ім расталы снег яшчэ не прасох...

«Пастка! Гэта ж я сама ў пастку залезла!»

Сігнал бяды загучаў у сэрцы чотка і выразна. Голад, які напачатку туманіў розум, цяпер прыглушыла вострае адчуванне небяспекі.

— Вадзіцы, калі можна, шкляначку,— папрасіла Рэната і пачала, пакрысе, супакойвацца: голас, здаецца, не падводзіць, гучыць натуральна стомлена, не спуджана.

— Калі ласка, калі ласка...

Жыгалка зняў з цвіка сінюю, з абабітым донцам конаўку, прыўзняў драўляную накрыўку з чыгуна, які стаяў на кароткім услончыку, зачэрпнуў вады, працягнуў конаўку Рэнаце. Яна піла маленькімі глыткамі, знарок цягнула час, ліхаманкава спрабавала знайсці нейкае выйсце. Што будзе рабіць Жыгалка, калі яна зараз падзякуе і пойдзе? Затрымае ці адпусціць?

«Небачка, нехта ж сядзіць там, на чыстай палавіне хаты! Сядзіць і ўпотай курыць! Дымок жа вось тонкі над пераборкаю адтуль цягне!..»

— Хата тут у вас, бачыла, згарэла. Во бяды людцам,— сказала Рэната і тут жа спахапілася, што казаць ёй гэтага, відаць, не варта было.

Жыгалка, як ёй падалося, нават узрадаваўся гаворцы, узяўся жвава тлумачыць:

— У ноч пад Новы год нашы хлопцы з атрада Міхала наскочылі на Пяскі. Ушчэнт разбамбілі сепаратарку. Масла, якое там было,— выграблі. А назад едучы, спыніліся ў Антоніхі адпачыць. Ды паводзілі хлопцы з агнём неасцярожна...

— Курылі, мабыць, ля сена, ці што? — з робленым наівам прамовіла Рэната.

— Курылі яны асцяро-ожна. Але ж у людзей — во-очы. Уранні з горада — жы-ых дзве машыны з салдатамі. Партызаны — цю-цю. Тады салдаты Антоніху — да сценкі. Хату — на дым. У адпаведнасці з загадам. Немцы — народ строгі, слоў на вецер не кідаюць. І загад ёсць загад.

— Пра які гэта вы загад гаворыце?

— Хто дае прытулак і харч бандытам,— і тут жа таропка паправіўся: — Гэта яны так партызанаў завуць у сваіх загадах. Таго, значыцца, пад кулю. А маёмасць канфіскуецца ці спальваецца.

— Небачка! Які жах, які жах...

— Цяпер усім — жах. Цяпер кожнаму жаху хапае. Вось табе, у Полацку тваім, хіба ж не жахліва?

— А я ў Полацку тым і не бываю. У нас, у Грамах, ці-іха. З харчам, праўда, цяжкавата. Вось і даводзіцца па добрых людзях хадзіць. Дзе шклянку солі, дзе транты якія... Нешта выцыганіш — тым і жывеш...

— Колькі ж цяпер шклянка солі на базары?

— Дзяруць і паўсотні марак, могуць і ўсе сто. Гэта гледзячы якая соль. Цяпер жа і дамешак робяць лаўкачы некаторыя.

— А ў цябе без дамешку?

— Мая — чы-ысценькая. Можа, што памяняеце, калі ёсць? Жытцо, скажам, ці гарох...

Жыгалка каротка рагатнуў, пацёр кулаком кадык, быццам сіліўся загнаць яго глыбей у горла.

— Усё памяняў, усё начыста. Сам неўзабаве з торбаю павалакуся. Але пакуль жа неяк грабуся...— Ён пачаў расціраць далонню кадык, які цяпер чырвонай плямай свіціўся на горле, голас загучаў даверліва:

— Ды распранайся, пасядзі, паясі крыху, адпачні. Гаспадыня зараз вернецца — з ёю кашу і зварыш...

— Чакаць аніяк не выходзіць — гэтулькі шчэ тэпаць. Пацягнуся памалу. За вадзіцу вам дзякую...

— І куды ж ты цяперася рушыш? — Жыгалка стаяў і загароджваў дзверы, упіраючы правае калена ў вушак.

— Па Жарцах вашых прайду. Потым — на Пяскі павярну. Не падкажаце, хто б тут на соль мне жыта памяняў? Ці гарох, можа...

— Заўтра на Пяскі пойдзеш,— Жыгалкаў голас пастражэў, у ім загучала злараднасць.— А сёння тут заначуеш. Сёння да мяне Сямак прыйдзе. Ён табе ва ўсім дапаможа. І ў Пяскі заўтра падвязе. Ён казаў, што заўтра яму на Пяскі трэба...

Рэната абурылася:

— Які гэта Сямак? Не ведаю я ніякага Сямака вашага!

— Не ведаеш? — здзіўленне Жыгалкі было шчырае, злараднасць у голасе знікла,

— Далібог жа, не ведаю!

— Гэта ж сын той гаротніцы, якая разам з хатаю згарэла. І ён цябе добра ведае,— прамовіў Жыгалка прыцішана і даверліва. Але ў вачах яго, звужаных шалам, была злосць.— Ён мне ўчора, калі прыходзіў, дык наказваў: як толькі Вольга з Грамоў у вёску заявіцца, дык ты, маўляў, мне адразу знак..,

— Памылка тут нейкая. Ніякага я Сямака не ведаю!

— І не ведала? — з націскам спытаў Жыгалка, і голас зноў загучаў зларадна.

— І не ведала, і не ведаю, і ведаць няма ў мяне ахвоты. Пусціце ж клямку! Мне ж ісці трэба...

— Н-назад! — гаркнуў Жыгалка, схапіўшы Рэнату за плячо. Ён адпіхнуў яе ад дзвярэй і садраў з пляча хатуль.— Праверым, якую ты соль тут разносіш... Бандыта гэтага яна не ведае! Іш ты!..

— Вы што? Вы што?.. Якое права...

Рэната асеклася, пачуўшы за пераборкаю нямецкую гаворку і грукат крэслаў, якія совалі па падлозе. Адкінуўшы шторку, на куханьку выйшаў эсэсавец у чорным мундзіры, расшпіленым на ўсе гузікі, без фуражкі,

— Першая, значыцца, птушачка? — спытаў ён, ва ўпор разглядаючы Рэнату.

— Так, пан, так! Гэтая птушачка тут і ўвосень круцілася. І ў той бандыткі начавала. Я шчэ тады ўчуяў...

— Абшукаць!..

У Рэнаты раптоўна, быццам і не піла толькі што сцюдзёную ваду, перасохла ў роце. Яна хацела пратэставаць, ударыць па руках, што абшуквалі, выварачвалі кішэні паліто і кофтачкі. Гэтае жаданне пыхнула адразу ж, як толькі Жыгалка здзёр з яе паліто, пыхнула і згарэла імгненна і, згарэўшы, як спапяліла ўсю волю, усе парыванні супраціўляцца.

«Пастка... Пастка, як бачыш, надзейная, і нішто ўжо цябе не ўратуе».

Рэната ліхаманкава зноў перабрала ў памяці падзеі таго дня, калі тут, у Жарцах, паліцэйскі затрымаў яе. Жыгалка, значыцца, бачыў, што яна начавала ўвосень у Ганны. Ву-унь, значыцца, з чаго ён спрабаваў падрабіцца пад чалавека, які ведае сына Ганны. А каб і яна сказала, што ведае Сямака? Можа, быў бы тады нейкі і шанц на выратаванне?.. Не-е, ён зараз знойдзе лістоўку! Як ён спрактыкавана абмацвае паліто, як ціскае, падносячы да вуха кожную складку, слухае, ці зашасціць якая паперчына... Знайшоў жа, гад!..

Жыгалка абмацаў лістоўку, якую Рэната, паслухаўшы дачку, засунула пад краёк падкладкі ля каўняра. Але выцягнуў не адразу, нейкі міг марудзіў, адчуўшы пад пальцамі паперу, і маленькія вочкі яго адразу пабольшалі, павекі неяк патаўсцелі, апусціўшыся, пабраліся ў складкі і выдавалі цяжкімі і змрочнымі, як нашпігаванымі волавам; гэткімі зрабіліся і губы, якія выгнуліся няроўнай дужкаю.

— Во-о-ось,— працягнуў ён пераможна і ўрачыста на высокай звонкай ноце, патрэсваючы лістоўкаю.— Вось, што пад крыльцам птушачка носіць. Зараз і хатулёк пачысцім...

У грудзях Рэнаты гулка і неяк падвойна бухала сэрца. Як два іх там было: адно — высака, пад самай ключыцай, другое — унізе, як аддзеленае ад таго, першага, гулкай пустэчаю, і сэрца грукатала з перападам, быццам пераскоквала нейкую прыступачку: «бу-бухт-тах... бу-бух-т-тах...» І гэтае грукатлівае туханне паўзло ўверх, пераскоквала ў горла і ў галаве адразу ж разлівалася, і ўсё звінела ў галаве.

Эсэсавец пакруціў лістоўку, мелькам прачытаў яе, скруціў у трубачку, потым зыркнуў на паліцэйскага. Жыгалка ўжо ўлез у пінжак, што выцягнуў з меха, і ляпаў сябе па грудзях, абмацваючы кішэні. Прагная Жыгалкава паспешлівасць нечым раздражняла эсэсаўца, ён, скрывіўшыся, саўгануў губамі, быццам намагаўся нешта нябачнае скінуць з іх, і губы падняліся, і тонкія вусікі пад носам выцягнуліся шнурочкам.

— Каму несла? — раўнуў эсэсавец і ткнуў лістоўкай Рэнаце ў вочы.

— Па дарозе знайшла!

Рэната загадала сабе, што будзе стаяць на гэтым да канца. Яна знайшла гэтую лістоўку на дарозе, прыхапіла з сабою — папера ж, кожнаму курцу прыдасца.

— Брэша, гадаўка! Брэша! Няхай скажа, ад каго несла! І каму несла! Яна мне зараз раска-ажа,— пагрозліва паабяцаў Жыгалка, выцягваючы з меха штаны і прыкладваючы іх да сябе — прымерваў, ці падыдуць,

У Рэнаты слязіліся вочы, і твар эсэсаўца расплываўся, і нейкай доўгай рабілася рука, якая цягнулася да стала.

«Нож выдраў з бохана. Небачка, які ж блішчасты нож! Эсэсавец мяне зараз ім торкне!..»

Рэната спалохана закрыла вочы, моцна заплюшчыла іх, чакаючы балючага і страшнага ўдару. Але ўдару не было. Эсэсавец прыставіў нож да горла, а вострым канцікам лістоўкі, якая была скручана ў трубачку і заціснута ў левай руцэ, калоў Рэнаце вочы, за кожным разам зацята дапытваючыся:

— Ад каго несла?.. Каму несла?.. Гавары!..

— Знайшла,— прахрыпела Рэната.

— Ад каго?.. Каму?.. Гавары!..

З вачэй цяклі слёзы, і ўсё плыло перад Рэнатай у нейкім дрогкім і плямістым тумане: і мужаў пінжак на Жыгалкавых плячах, і рукі Жыгалкі, што расцягвалі, абмацвалі штаны, і выцягнутыя тонкім шнурочкам вусікі эсэсаўца, і шторка на пераборцы; дугнулася і папаўзла ўбок шторка, і за ёй акрэсліўся яшчэ адзін твар, выцягнуты, хударлявы... Падобна, што там яшчэ адзін эсэсавец? Так, у гэткім жа мундзіры. І нехта ззаду торкнуў нажом...

Рэната не адразу сцяміла, што ў сцяне быў цвік, і яна, матнуўшы галавою, ударылася аб яго патыліцаю: спачатку пачула гэты боль, у патыліцы, а потым боль у горле і падумала, што той, другі, нож, якім яе ўдарылі ззаду, прабіў ёй горла, а першы, спераду, што быў у руцэ эсэсаўца з вусікамі, толькі прарэзаў ёй скуру. Боль у патыліцы хутка слабеў і заціхаў, а боль у падбародку ўсё мацнеў, і Рэнаце падалося, што ёй раскроілі горла і яна ўжо дыхае не ротам, а гэтай ранай, з якой — яна адчувала — коціцца за каўнер кроў.

Без жаху, нават дзівячыся, яна думала, што ёй ужо не жыць, і думка пра смерць яе зусім не спалохала. Няўжо гэтак лёгка паміраюць людзі?.. Маленькі, зусім не жахлівы боль... А Жыгалка ўжо нацягнуў Міхалаў пінжак, штаны прымервае, нешта ўсё шукае ў кішэнях. Небачка! Дзеля таго, каб аддаць мужаў касцюм гэтаму паганцу, яна гэткі час берагла яго, хавала, не адважвалася памяняць на нейкі харч? І сама галадала, і дзеці ў голадзе былі... Небачка! Няўжо дзеля таго, каб аддаць эсэсаўцу лістоўку, яна і білася праз гурбы, цягнулася па цяжкай дарозе, пакутавала?.. Няўжо дзеля таго, каб памерці ад удару нажа, яна і імкнулася сюды, у гэтую хату?.. Не, у гэтую хату яна не імкнулася, яна ж не хацела сюды заходзіць... А Лагуцін жа і казаў: адзін няправільны крок — і смерць... І няхай смерць... Толькі б не прагаварыцца! Толькі б не сказаць, адкуль і куды ішла! Не сказаць, хто паслаў мяне! Бо калі яна скажа... Не, не! Нічога яна ім не скажа! Няхай смерць — смерць не дужа і жахлівая... Затое дзеці будуць жыць!.. А як жа яны будуць жыць без яе? Хто ж іх накорміць? Хто абагрэе? Хто прыгалубіць? Ім жа без яе цяжка! Яны ж не пражывуць без яе! І Валечка не пражыве, і Данічак!..

Рэната не ведала, што ёй трэба рабіць, як ратавацца, і пра нейкі паратунак ужо і не думала: ёй не выбавіцца ад смерці, жывой яе адсюль ужо не выпусцяць. Яна канчаткова цяпер ведала, што гэта канец, і не хацела, не магла прымірыцца з горкай думкаю пра тое, што гэтак раптоўна і нечакана абарвецца яе ўласнае жыццё, што дзеці застануцца адны, без яе, маці. Дзеці ж без яе прападуць, ніхто іх не ўратуе, і яны, нічога не ведаючы, дзе падзелася іх маці, будуць пакутаваць, будуць гібець... І Лагуцін пра іх не паклапоціцца. Ён паправіцца, паздаравее і пойдзе сваёй дарогаю, а дзеці застануцца ў зямлянцы, застануцца адны, без хлеба, без ежы, без цяпла...

«Што гэта? Траіцца пачало ўжо ў вачах?..»

Яна ўбачыла, што другі эсэсавец выйшаў на куханьку, стаў ля прыпечка. Але месца ў дзвярным праёме не пуставала, яго заняў трэці, у шынялі, у тоўстай, з чорным аколышам, фуражцы. Колькі ж іх там ёсць?.. І чаго яны чакалі?.. Чакалі, відаць, пакуль гэты Жыгалка вёў гульню, спрабуючы выдаць сябе за чалавека, які звязаны з партызанамі?.. Як добра, што яна, Рэната, пайшла ў Жарцы! А каб Валечка тут была? Дзяўчына б і не ўгледзела намераў гэтага злыдня, паверыла б яму, ва ўсім адкрылася б... Ды і цябе ж, чалавека сталага, як нейкае сумненне ахапіла напачатку. Гасціннасць гэтая нечакана спакусіла, пах смажанай кілбаскі завадзіў, асцярогу прытупіў... Матухна, як жа яна смачна пахне, кілбаска гэтая! Вар’ятка яна, ці што? Адзін крок да смерці, а яе пах кілбаскі вабіць, пра ежу яна думае... Нечага заварушыліся яны ўсе. У акно, здаецца, пастукалі? Так, стукаюць!..

Жыгалка пабег з хаты, накінуўшы кажух на плечы, і тут жа, як агню ўхапіўшы, уляцеў назад, задыхана выпаліў:

— Трывога, пан гаўптман!

— Што там?

— На ўзлеску заўважаны рух. Бандыты!..

Эсэсавец нешта гаркнуў па-нямецку, як вылаяўся, але не злосна; а з нейкім задавальненнем, потым рукою з лістоўкай пакруціў у паветры, паказваючы на Рэнату, і Жыгалка адразу ж змікіціў, што ад яго патрабуюць.

— Гэтую я звяжу надзейна і пад замок, у варыўню закіну,— паабяцаў ён і схапіў вяроўку, якая вісела ў чалесніку.

Закруціўшы вяроўку на запясцях тоўстымі вузламі, Жыгалка шуснуў за пераборку і выбег адтуль з карабінам у руках. Матнуўшы галавою на дзверы, якія эсэсаўцы, выбягаючы з хаты, пакінулі адкрытымі нахлашч, ён торкнуў Рэнату дулам карабіна ў грудзі:

— Ма-арш, бандытка!

У сенцах былі яшчэ адны дзверы, вузейшыя, і Рэната заўважыла іх толькі цяпер. Жыгалка падвёў Рэнату да гэтых дзвярэй, рыўком адчыніў.

— С-сюды, бандытка!

Піхнуўшы Рэнату ў цёмную варыўню, Жыгалка з бразгатам зачыніў дзверы. Нейкі час брынчала, бразгацела клямка — Жыгалка, лаючыся, нечым завязваў яе,— потым загрукалі, аддаляючыся, крокі, і па нейкім часе зноў наблізіліся. Жыгалка двойчы патузаў клямку і, праверыўшы, што дзверы добра зачынены, грукнуў ботам:

— Сядзець ці-іха!

У варыўні было цёмна. Рэната ляжала. — Жыгалка піхнуў яе моцна, і яна павалілася на падлогу — ля нейкай кадушкі, адчуваючы плячом яе рабрысты бок; галава ўпіралася ў шырокі, відаць, са збожжам, мех. Калі таропка працокалі абцасы ў сенцах і запанавала цішыня, яна паварушылася, спрабуючы сесці, і з цяжкасцю села, прыхінулася спінаю да меха.

Балюча круціла пабітыя калені, смылела рана на шыі, і Рэната адчула, што цячэ кроў. Яна павярнула галаву, і рана забалела яшчэ больш, і яшчэ больш пачалі рэзаць скуру вузлы вяровак, якімі былі скручаны запясці.

«Вызваліць рукі... Каб удалося мне вызваліць рукі!»

Ёй падалося, што ў гэтым — увесь паратунак. Калі яна здолее развязаць вяроўку, дык, напэўна ж, зможа неяк выкараскацца адсюль, уцячы. Але як разбэрсаць вяроўку, калі рукі звязаны за спінаю! Не паддаюцца вузлы, скруціў іх гэты гад моцна. Аніяк не паддаюцца вузлы. Аніводны! Гэтак табе і трэба, дурніца, за тое, што палезла ў пельку галавою, па баках не паглядзеўшы. Кінулася, рынулася, пабегла!.. Куды?.. Вось і сядзі цяпер у гэтай варыўні, чакай збавення! Не, чакаць нельга. Трэба паспрабаваць зачапіць вяроўку за які-небудзь цвік ці аб жалеза паспрабаваць перацерці. А што, калі аб рабрыну кадушкі? Кадушка з аднаго боку накрыта нечым мяккім, а з другога боку рабрыны вострыя...

Стаўшы на калені, Рэната пачала абмацваць пальцамі рабрыну кадушкі. Рукі ўвесь час саслізгвалі, вяроўка не трымалася на вострых драўляных кантах, і яна раз за разам тузалася ўсім целам, спрабуючы знайсці патрэбную паставу. Урэшце, ёй гэта ўдалося — правая далонь лягла на адзін бок драўлянай рабрыны, левая на другі — і яна сядзела нейкі час у знямозе, знясіленая і ўзрадаваная. Цяпер ёй здавалася, што бяда ўжо ззаду, што застаецца зрабіць зусім маленькае намаганне, і тады воля! І яна зараз зробіць гэтае намаганне, зробіць, толькі крышку адпачне, набярэ сілы і дужасці. Не, трэба не сядзець! У яе зусім мала часу. Трэба церці, пілаваць гэтую праклятую вяроўку! Не жалезная ж яна, павінна паддацца!..

Ківаючыся ўсім целам то ўзад, то ўперад, Рэната шаравала вяроўку па рабрыне кадушкі. Тоўстая, спрэс у вузлах вяроўка, увесь час саслізгвала, тарцы няроўна абстружаных дошак дзёрлі скуру. Потым абедзве рукі зваліліся ў кадушку, і пальцы абмацалі халодны гладкі камень і мокрыя слізкія дошчачкі; у нос ударыла знаёмай кісляцінай квашанай капусты.

«Капуста ж у кадушцы!»

Рэната запусціла рукі глыбей, і пальцы адразу ж намацалі халодную падатнасць капусты.

«Небачка! Як жа хочацца гэтай капустачкі салёненькай!»

Яна зачэрпнула поўную жменю, паклала на посцілку, якой была ўкрыта палова кадушкі, і, стоячы на каленях, сагнулася, хапала напоўніцу, давячыся, не жуючы як след, глытала смачную і хрумсткую квашаніну, і галаву ёй туманіў пах кмену і морквы.

Наеўшыся, прыхінулася шчакою да мяккай і цёплай посцілкі на кадушцы і гэтак сядзела, ляна дажоўваючы рэштку квашаніны. Ад халоднай капусты ламіла зубы, расол пачаў раз’ядаць падрапаную скуру запясцяў: яна паварушыла пальцамі, і адразу агідныя дрыжыкі сутаргавымі хвалямі пакаціліся ад галавы ўніз, распаўзліся па плячах.

«Я не павінна сядзець! Я павінна шукаць паратунак! »

Рэната ўзнялася і, абмацваючы рукамі сцены, скрыні, кадушкі, апаўзла ўсю варыўню. Паўсюль сцены глухія, з бярвення; і каб жа табе дзе якая прасветлінка. Як у скляпенні цёмна! А цяпер не бёрны, а дошкі пад пальцамі!

Адчуўшы пад далонямі дзверы, Рэната спынілася. Здаецца, праменьчык святла бліснуў. Так, гэта шчылінка. А як павернеш галаву хоць крыху — знікне праменьчык. І дошкі скрозь гладкія, далоні саслізгваюць, ні за што не чапляючыся. А калі ўперціся ў іх рукамі? Не, дзверы не зварухнуліся, толькі недзе за імі, унізе, як ля самай падлогі, глуха і цяжка, быццам за сцяною, чакнуў слясак.

«Як апошняя кропка... Канец! Не выбрацца адсюль!»

Ёй усё зрабілася абыякавым, страцілася ўсялякая ахвота да нейкіх пошукаў. Адна думка валодала цяпер ёю: сагрэцца, суняць паганыя дрыжыкі ў плячах. Каб неяк ускінуць на плечы посцілку, якой укрыта кадушка. Ды яшчэ паспрабуй адшукай яе! Не, вось і яна. І мех са збожжам побач...

Рэната ўскінула посцілку на мех, спінаю прыціснулася да яго, крута павярнула галаву, пацягнула краёк посцілкі зубамі; посцілка звалілася ёй на плечы, і тады Рэната, упершыся каленямі ў кадушку, пакруцілася, быццам запаўзала ў глыбокую, але дужа вузкую нару, і сціснулася ў камяк. Адразу ж зрабілася цёпла і ўтульна, агідныя дрыжыкі ўзнікалі ўсё радзей і радзей, кароткай хваляю, і ўсё ў ёй пачало паціху заміраць, яна як паплыла некуды, і ў яе зусім не было ахвоты супраціўляцца гэтай мяккай і ўпартай плыні; здавалася, што вось яшчэ крышачку, нейкую мізэрнасць счакаць, паддаўшыся гэтай упартай і мяккай плыні, і будзе зусім цёпла, і дрыжыкі болей не вернуцца, і плынь вынясе яе на вусцішны бераг, за якім светла і добра; толькі на адно імгненне мільганула ў яе гэтая думка, і гэтага імгнення было дастаткова, каб яна паверыла ў рэальнаць сваёй мроі.

На нейкі час Рэната быццам правалілася ў нябыт. Як праз сон пачула незнаёмы жаночы голас і не адразу дапяла: дзе яна, што з ёю здарылася. Потым голас аддаліўся, знік, і тады Рэната падхапілася, узнялася на ногі. Чаго ж яна сядзіць тут, у гэтай варыўні, укрыўшыся посцілкаю? Трэба неяк варушыцца, нечага шукаць, не сядзець на адным месцы!

Зрабіла крок і балюча ўдарылася плячом аб нешта халоднае і калянае, хіснулася ўбок і адразу ж уперлася тварам у густыя цвёрдыя сцябліны; нешта зашамацела, шархотка пярнула вочы. Нейкія каляныя бубачкі, сабраныя ў венік. Ці не мак гэта? Ён, здаецца. Вісіць, мабыць жа, на нечым. Так, нейкі шворанчык жалезны. Вось і пашчасціла, як не сядзела, а ўзялася рухаццца. Аб гэты шворанчык можна ж вяроўку на запясцях у момант перапіліць...

Вобмацкам яна знайшла рабрыну жалезнага шворана, няроўнага, спрэс у зазубрынах, як піла, і ўзялася церці вяроўку. Вяроўка паддавалася слаба, зазубрыны драпалі скуру, і Рэната часта спынялася, а потым яшчэ больш ярасна, не зважаючы на боль у запясцях, церла, круціла вяроўку. Нечакана вяроўка звалілася, рукі зрабіліся свабодныя, але Рэната не адразу паверыла ў гэта. Нейкі час яна сядзела нерухома, толькі ціха варушыла пальцамі, потым павяла рукамі па сцяне.

«Вольныя рукі! Вольныя!»

Правая рука намацала шворанчык, аб які Рэната перацерла вяроўку, і яна ўчапілася ў халодную жалезіну аберуч. Яшчэ аніякай думкі не было, ці прыдасца ёй той шворанчык, але жаданне мець яго, выдраць са сцяны надало ёй сілы. Разгайдаўшы, яна выдрала жалезіну з пазоў, і трымала яе ў руках, і толькі цяпер адчула, што сілы больш няма, што стамілася, што моцна пячэ запясці, пальцы, смыліць скура далоняў і дужа моцна баліць калена.

Не выпускаючы жалезіну з рукі, яна асунулася на падлогу і раптам адчула, што жалезіна некуды правалілася, выслізнула з далоні. Рэната спалохалася, што губляе патрэбную ёй зброю, і другой рукою абмацала нізкі драўляны парожак, і зразумела, што шворанчык забіўся ў шчыліне за ім.

«Гэта ж дзверына... Гэта ж шчыліна ля дзверыны, і дзверыну можна падважыць. Калі навесы не замацаваныя...»

Думка прыйшла раптоўна, і яна баялася паварушыць рукою, баялася націскаць на шворанчык, каб нешта зрабілася не так, як гэта ёй хацелася. Потым асцярожна націснула на жалезіну, і пачула, як ціха рыпнула дзверына, і тады, радасна зашаптаўшы — «Паддавайся ж! Паддавайся ж!» — націснула з усяе моцы, і дзверына саскочыла з петляў і, скасабочаная, стала ля вушака.

Дрыготка зноў працяла плечы, але Рэната перасіліла яе, крыху счакала, рыхтуючы сябе да новага рашучага кроку. Зараз ёй трэба выбрацца з варыўні ў сенцы, затым — на падворак. А там — злаві яе паспрабуй!

Саскочыўшы з петляў, дзверына стаяла на падлозе цвёрда — трымала клямка, якую моцна закруціў Жыгалка,— і Рэната даволі лёгка выкараскалася з варыўні. Ступіла на падлогу сенцаў і спалохана адхіснулася ў кут, убачыўшы, як шырока адчыніліся дзверы з кухні. Было прыцемна, але яна выразна ўбачыла чалавечую постаць у дзвярным праёме і пасунулася далей у кут, спалохана прысеўшы ад грукату — вядро, якое яна зачапіла нагою, пакацілася па падлозе.

— Хто тут? — спуджана і недаверліва спытаў жаночы голас.

— Чалавек. Не святы ж дух,— сказала Рэната, не пазнаўшы свой голас; рот у яе быў сухі і шархоткі, як выпалены агнём.

— А як жа выбраліся? Дзверы адчынілі?

І гэты прыцішаны, спалоханы, задыханы голас, быццам жанчына доўга бегла і цяпер спынілася і гаворыць з цяжкасцю, пераканаў Рэнату, што ёй няма чаго баяцца, што перад ёю чалавек, які зычыць ёй добрае.

— Націснула, а яны і адчыніліся...

— І добра, добра... Я паліточка вам нясу. Бярыце ж!

Жанчына совала Рэнаце нейкі нязграбны хатуль, і гэтая яе ўвішнасць зноў Рэнату спалохала, яна аж адхіснулася ад хатуля, спытала збянтэжана:

— Якое паліточка?

— А долечка ж ты мая — шчэ і распытвае! Апранайся і ўцякай ты хутчэй. Усе ж у лес пакацілі — пагналіся за кімсьці...

— А Жыгалка? І ён?

— Пакаціў, каб яго магіла пакаціла!.. Ды бяго-ом жа, бягом трэба!

Да Рэнаты цяпер дайшло: паратунак! Рукі ў яе не звязаныя, нейкая жанчына дае ёй паліто, раіць уцякаць... І гэта ж яе паліто, Рэнаціна, тое, што Жыгалка здзёр. І ніяк не ўбачыш добра твар жанчыны, прыцемак у сенцах, блага відаць...

Ад холаду, а яшчэ больш ад хвалявання, у Рэнаты трэсліся рукі, і яна ўсё аніяк не магла ўдзець іх у рукавы; яшчэ больш гусцейшая дрыготка, чым тая, што бегла ў яе па скуры, калаціла, трэсла ўсё ўсярэдзіне. У шэрых прыцемках, што панавалі ў сенцах, Рэната па-ранейшаму блага бачыла твар жанчыны, якая дапамагала ёй апрануцца. Але тое, што казала гэтая жанчына, яна чула добра і ўсе словы яе цяпер добра разумела: эсэсаўцы, выяўляецца, пасля налёту партызанаў на сепаратны пункт у Пясках, робяць засады і на дарогах, і ў вёсцы — цішком, на світанні ўвойдуць у вёску і сядзяць па хатах, нікога і нікуды не выпускаючы,— але партызаны пра гэта ведаюць, аніводнага разу не напароліся на тыя засады. Цяпер жа эсэсаўцы пагналіся за нейкімі людзьмі, што з’явіліся на ўзлеску насупраць былой калгаснай стайні, і Жыгалка таксама там.

— Зараз мы на падворак, а потым — да лазні. Адтуль — наўпрост, наўпрост... Я пакажу табе, як ісці!

Жанчына гаварыла ёй «ты», гаварыла таропка, і гэта расчуліла Рэнату, яна цяпер цалкам і канчаткова давярала ёй.

— Ды я ўжо сама, адна панясуся. Мне б толькі поле ўбачыць.

— Убачыш, убачыш поле,— таропка паабяцала жанчына.— Бяры свой мех, бяры! Я хлеба туды паклала, сала,— і ціхенька, неяк дужа шчасліва засмяялася: — Вой ты вой — падпякуць яны гэтаму Жыгалку, як хопяцца сала. І варыўня пустая, і сальца выпарылася, і хлябец... Хай шукаюць, рабаўнікі паганскія... Ды за плечы, за плечы лямкі закідвай... Бегма цяпер! Бегма!..

Рэната выконвала ўсё моўчкі і паслухмяна. Гэтак жа моўчкі і паслухмяна — непадуладныя губы зноў трэсліся, і гаварыць ёй было цяжка — яна пабегла следам за жанчынай на падворак, адтуль за хлеў, на вузкую сцежку.

Сцежка вілася ля высокага і рэдзенькага жардзянніку, абвешанага ссохлым бульбоўнікам, на якім ляжалі тоўстыя снегавыя кучомкі, потым крутнула ў маленькі садок, да чорных і рагатых, зусім без снегу кустоў парэчак. У вечаровым сутонні зачарнела наперадзе нізенькая лазня; рэдкія вольхі, што пачыналіся адразу ж за ёю, звілістым шнурочкам цягнуліся да нізкарослых густых лазнякоў.

— За тыя лазнякі табе трэба,— сказала жанчына, спыніўшыся за лазняй і азіраючыся.— Далей праз пагорак — на ўзлесачак. І ўзлесачкам, узлесачкам... Пакуль на дарогу не патрапіш. Па ёй — улева бяры. Кіламетраў праз пяць — Брады. У вёску, Брады гэтыя, ты лепей не заходзь. Там, праўда, засады яны не робяць. Але ж беражонага, як гэта гаворыцца, бог беражэ. Так што ты па ўзлесачку, па ўзлесачку... Брады тыя абойдзеш — зноў на дарогу. Тады Казюкі будуць. Ты іх справа абойдзеш, там нізінка такая слаўная... І зноў — на дарогу. І тады ўжо — Слабада перад табою...

— А як жа вы? — адолеўшы, урэшце, сутаргавае трымценне губ, спытала Рэната.— Яны ж дазнаюцца, што мяне выпусцілі...

— Скулле яны дазнаюцца. Я — дамоў цяпер. Каля вольхаў гэтых праскочу. А там — сцежачка. А сняжок залётвае — след і прапаў,— і зноў ціхенька, як тады ў сенцах, засмяялася: — Хай цяпер скуру з гэтага Жыгалкі лупяць...

Хацела кінуцца бегчы далей, але Рэната прымусіла сябе стаяць на месцы, яна прагна ўглядалася ў твар жанчыны, каб запамятаць кожную рыску.

— Хто вы?

— От жа цікаўная кабета!

— Не, вы ўсё ж скажыце, каб ведаць,— і Рэната па-ранейшаму ўпарта ўглядалася ў незнаёмы твар.

— Другім разам пазнаёмімся. А цяпер часу нямашака. Бегма трэба ўсё рабіць. Бегма!..

Ля лазні, сярод снегавых гурбаў, было святлей, чым у сенцах, але Рэната — жанчына як знарок завязвала канцы хусцінкі, што закрывалі ёй лоб і падбародак,— згледзела толькі вялікія цёмныя вочы, тоўстыя і густыя, як мужчынскія, бровы, што амаль сышліся над тоўстым кірпатым носам, і крыху выгнутую пасярэдзіне верхнюю губу.

— Імя хоць скажыце,— папрасіла Рэната ўмольна.— Як завуць?..

— Во чалавек! — Жанчына, злуючыся, смарганула завязаныя канцы хусцінкі.— Смерця на пятах сядзіць, а ёй — імя хочацца ведаць. Ну, Зінаіда. Будзеш памятаць?

— Да скону свайго!

— Бегма ты, бегма давай. Ну, каб шчасліва... Слухай, бяры шчэ і яго,— Зінаіда працягнула Рэнаце доўгі і тонкі, крыху загнуты ля прыгожай каляровай ручкі, нож у скураных ножнах.— На стале Жыгалкавым ляжаў. Трапіў пад руку...

— Навошта ён мне?

— Бяры! — і яна сунула нож Рэнаце ў кішэню паліто.— Спатрэбіцца. Хлеба хоць адкроіш... Ну, каб удача табе,— і Зінаіда лёгенька падштурхула яе ў плячо.— Каб удача...

Рэната памчала ля старых вольхаў, дзе снегу было зусім мала, пераскочыла замёрзлы ручай і сіганула ў лазнякі. Крыху прабегла, азірнулася, убачыла за густой сеткай тонкага голля цьмяныя, расплывістыя абрысы лазні, што, здавалася, зашылася ў гурбы па самы падстрэшак, і з новай сілаю ўлупіла па цаліку наперад.

Прабегшы яшчэ крокаў якіх сорак, Рэната зноў азірнулася на лазню і, убачыўшы цьмяныя плямы хат вёскі, што ўжо амаль схавалася ў вечаровым сутонні, дапяла канчаткова: воля! Гарачая грымлівая хваля біла ёй у голаў, знікла дрыготка, што калаціла ўсё цела знутры, і Рэната ляцела па снегавым цаліку, як птушка, што вырвалася з клеткі на прастору, дзе шмат паветра, смачнага, пахкага. Вырвалася з пасткі! Нечакана выбавілася з бяды! Пастка — ззаду! Смертачка — ззаду і дужа далёка!..

За лазнякамі пачаўся гладкі, выдзьмуты марознымі вятрамі пагорак, і Рэната хутка і лёгка скацілася з яго ў нізіну. Снегу сюды нагнала шмат, бегчы было цяжка, ногі ўсё часцей і часцей правальваліся ў глыбокія гурбы. Але Рэната рвалася ўсё далей і далей, трымаючыся аднаго кірунку, які паказала ёй Зінаіда,— на ўзлесак цёмнага бору. Не дужа-ткі ён і блізка, гэты лес! Новы пагорак наперадзе, і зноў нізіна, і ёй трэба зноў прабівацца праз глыбокі снег. А ногі не ідуць, няма сілы ўжо, хоць ты кладзіся. Каб адпачыць хоць крышку... Не! Толькі не спыняцца! Спыніцца можна будзе ў лесе. Нешта як паменшаў гэты лес і аддаліўся. Адтуль, з нізіны ля лазні, ён выдаваў густы, вялізны, шчыльны. А ў сапраўднасці — рэдзенькі гаёк, дзе пракідаюцца і ялінкі, і бярозкі, і асіннік. А той цёмны бор далей, за гэтым...

На ўзлеску, ля першай яліны, не вельмі высокай, але калматай, раскідзістай, з доўгімі лапамі, што правіслі пад цяжарам белых кучомак снегу, Рэната, раскінуўшы рукі, бухнулася, быццам падкошаная, на белую гурбу. Мех тукнуў па галаве, стары боль у патыліцы ажыў, і Рэната павярнулася на правы бок, ссоўваючы мех, і пачала хапаць ротам снег. Яна глытала снегавыя камякі, не дачакаўшыся, пакуль яны растануць у роце, і ўсё не магла наталіць пякельную смагу; як бы нейкі агонь гарэў у яе ўсярэдзіне, і ўсё не згасаў, і смага не праходзіла.

Каб лягчэй было дыхаць, Рэната шмарганула каўнер кофты і зачапіла рукою рану на шыі, якая ўжо запяклася. Боль быў знаёмы, глыбокі, і яна зляпіла са снегу аладку, прыклала яе да шыі, потым, счакаўшы, памяняла на новую; у вечаровым сутонні, якое тут, у бары, раптоўна пагусцела, кроў на снегавой аладцы, якая развалілася напалам, выдавала густа-барвовай, амаль чорнай.

«Я павінна хаваць сляды...»

Трывожылі цяпер чамусьці толькі гэтыя снегавыя аладкі, запэцканыя крывёю, і Рэната запіхала барвовыя камячкі ў яміну, што пакінула правая нага ў гурбе, закідала снегам, затрамбавала; сляды ад валёнак яе мала турбавалі, уся ўвага была скіравана на тое, каб не засталося аніводнай непрыхаванай снегавой аладкі з цёмнымі плямамі крыві.

Смага ў роце прыгасла, і тады неяк адразу праясніліся ў Рэнацінай галаве думкі, і выразна адкрылася ўся глыбіня бяды, з якой пашчасціла выкараскацца. У смерці ж у кіпцюрах была! Гэта ж яна са смертачкаю ўпобачкі стаяла! А вось жа ацалела! І ўцякла! Уцякла б ты, галубачка, каб не Зінаіда! Адчайная і рызыкоўная жанчына! От жа і рызыкантка! І хто ж яна? Жыгалкава жонка?.. Ён жа казаў, што гаспадыня зараз вернецца... Не! Яна ж не назад, не да Жыгалкі ў хату пабегла, на сцежку паказала, што ля плота. З вёскі яна, несумненна. І вось жа не збаялася, прыбегла, злаўчыўшы хвіліну. А ці не гэтая жанчына прыходзіла да Ганны ранкам, калі Рэната ўвосень начавала тут? У акне яна тады мільганула, Ганна адразу да яе выбегла... Мажліва, варта было ёй, гэтай жанчыне, сказаць тое, што яна, Рэната, павінна была сказаць Ганне?.. Не, не! Лагуцін наконт нейкай Зінаіды нічога не казаў. Але ж хіба ён мог прадбачыць, што Рэната трапіць у гэтую варыўню?.. А Жыгалка хітрун, гэтакім добразычліўцам прыкінуўся, што толькі ручкі расстаўляй. Сямак, маўляў, прасіў, каб ён, Жыгалка, Вольгу стрэў... Бедная Ганна... Яе забілі і хату спалілі... І сядзелі эсэсаўцы цяпер зноў па хатах, цікавалі. Значыцца, яе, Рэнату, яны б усё роўна затрымалі, нават каб яна і не спынілася ля попелішча. Нават каб яна і не падыходзіла блізка туды — ёй бы вёску не прайсці. Новы чалавек ідзе. Адкуль? Куды? Што нясе?.. Так што ніякай памылкі ты не зрабіла. І выпадак цябе ў пельку пацягнуў. Але ж выпадак і ўратаваў. Дзе ж выпадак! Зінаіда цябе ўратавала. Відаць, суседка Жыгалкава бачыла, як Рэнату затрымалі, як яе Жыгалка ў хату цягнуў... Бачыла, мабыць, што стаяла Рэната на попелішчы, здагадалася, што ў бяду трапіла, кінулася на дапамогу.

«А можа, усё сумысля гэтак зроблена? Можа, знарок мяне выпусцілі, каб прасачыць, куды пайду?..»

Рэната ўскочыла, потым сагнулася, стулілася ля снегавой гурбы, палахліва азірнулася па баках. Нічога наўкола не выклікала падазронасці, і думка, якая гэтак яе ўстрывожыла, здалася ёй абсурднай. Сапраўды, нейкая падазронасць празмерная! Хто ж за табою ўночы зможа ўгнацца і прасачыць? Ноч цяпер — верная твая сяброўка. І хай сабе аніводнай сцежачкі знаёмай наперадзе — ты павінна ісці, ісці і ісці, не спыняцца анідзе, сляды зблытаць... Узлескам, узлескам спачатку, потым будзе дарога, па ёй павярнуць улева... Потым абысці Брады, абысці Казюкі — усё, здаецца, помніцца добра, што Зінаіда казала! Яна знойдзе і дарогу і будзе ісці асцярожна, каб нідзе не трапіць у новую пастку. І добра, што сняжок памалу сыпле. Добры сняжок, ён да раніцы ўсе сляды прыхавае...

Рэната закінула хатуль за плечы і шпарка падыбала ўзлескам. Зрэдку яна прыпынялася, услухоўваючыся і азіраючыся, потым нахілялася, чэрпала прыгаршчамі снег і прагна хапала губамі, са свістам уцягваючы ў рот, потым, калі ён раставаў, таропка глытала, і снег здаваўся ёй салодкім...

Ішла яна ўсю ноч. Нікуды ў вёскі не заходзіла і ані ў кога не пытала дарогу. Незразумелая інтуіцыя вяла яе па тым шляху, які наказала ёй Зінаіда, і вяла правільна. Ранкам, калі пачало днець, наперадзе, з фіялетавай імглы, выплылі дзве белыя вежы старадаўняй Сафіі, яна прыпынілася, углядаючыся ў іх, адчуваючы, як калоціцца сэрца і на вочы накатваюцца няпрошаныя слёзы. Шэрая хмара туману закрывала крыжы, і вежы здаваліся як спілаваныя ля самых купалоў, і яна глядзела на іх замілавана, быццам гэта быў знак шчаслівага збавення ад нягод і няўдач.

Горад стрэў яе злавеснай цішынёю. Спаленыя гмахі зеўралі чорнымі прамавугольнікамі вокнаў, пустых, без шкла, з чорнай акантоўкаю ўверсе — знявечаныя, як мёртвыя, вуліцы. Анідзе ні дымка, ні руху. Не, чуваць недзе за будынкамі крокі, рыпіць снег, і слабы пах дыму лезе ў ноздры — жывыя вуліцы, толькі стаіліся, чакаюць, пабойваюцца, насцярожана прыглядаюцца.

Мінуўшы Пагіршчыну, Рэната спусцілася па сцежцы да Палаты і, берагам, выйшла да замчышча. Убачыла рэдзенькія, засыпаныя снегам лазнякі і ўздыхнула з палёгкаю.

«Цяпер я ўжо, лічы, дома. Цяпер мне няма чаго баяцца».

Недзе злева, дужа далёка, як не ў горадзе, кароткім, як ад болю, гудком абазваўся і заціх паравоз, і Рэнату зноў ахапіла трывога, адчайнае чаканне нейкай незнаёмай бяды. Ці жывыя ж там дзеткі? Ці не прыключылася з імі якая-небудзь бяда? Хіба ж Лагуцін, саслабелы і хворы, уратуе іх, калі раптам што?..

Бегла, высільваючыся, з апошніх сіл. Убачыла над комінам зямлянкі маленькі і тонкі, ледзь улоўны, дымок і спынілася, і каб не слупок ад былога плота, яна б павалілася. Прыгадалася, як летась, увосень, яна вярталася са свайго бадзяння па вёсках, працавала ля таго пераезда, дзе адбылося крушэнне, і стаяла вось на гэтым месцы, як страціўшы сілу і рашучасць ад радаснага ўзрушэння, што бачыць сваё селішча, бачыць над комінам дымок, які зычыць ёй радасныя весткі.

Цяпер яна зноў стаяла ля знаёмага слупка, абапіраючыся на яго грудзямі, зноў стаяла спустошаная, раптоўна знясіленая і глядзела на пакручасты, амаль празрысты дымок над комінам зямлянкі, і не магла скрануцца з месца. Нейкі раптоўны цяжар ціснуў ёй плечы, лямкі хатуля нясцерпна рэзалі шыю, і ад дзіўнай слабасці ў каленях дрыжалі, падломваліся стомленыя ногі.

«Жывыя дзеткі, усё ў парадку там, у зямлянцы. Яны і печачку паляць, каб не мерзнуць...»

І ад разумення гэтага, і яшчэ больш ад радасці, што выбавілася ўчора ўвечары з гэтай жахлівай бяды, што не звалілася ўночы ад стомы, не змерзла ў снегавых гурбах, не заблудзілася, сама знайшла дарогу, анідзе і анікога не папытаўшы, у яе горка і адчайна зашчымела сэрца, і яна ціха і шчасліва заплакала. Паплакала, ацерла слёзы і, прыгадаўшы Зінаіду, сказала ўголас, але дужа ціха:

— Каб жа і табе шчасціла, добрая ты душа...

І тады адразу як новая сіла паявілася ў нагах, і Рэната падкінуўшы хатуль на плячах, скоранька пашыбавала да зямлянкі.



18

Красавіцкі вецер дзьмуў з-за Дзвіны моцнымі парывамі, ганяў па ўскапаных градах леташнюю лістоту з яблынь, і яна, дрыготкая ў промнях вечаровага сонца, што вісела за старымі бярозамі на супрацьлеглым беразе, выдавала яркай, як бы зноў зіхацела барвамі даўняй восені.

Скончыўшы працу ў гародчыку — павысякала за плотам быльнёг, ускапала граду пад моркву,— Рэната прысела на кароткі драўляны брус адпачыць. Вецер лашчыў твар, і ёй было прыемна сядзець, аглядаць дбайна ўробленыя лехі.

«Імгненна як падсохла ралля! Ранкам парабілі грады, а ўжо і шэрыя стаяць».

Праўда, дзе той ужо і ранак — канае дзень. І сухі, і мітуслівы, і не вельмі ўдалы ён, гэты вясновы дзень. З полудня Рэната гадзіны са дзве чакала свае чаргі на памол, потым усё без перадышкі — па паўтары шклянкі ж мліва цяпер плоціш за гадзіну! — круціла жорны, пакуль змалола апошнія паўпудзіка жыта. Ды, зрэшты, цяпер без патрэбы, што дорага плаціць за жорны: болей малоць няма чаго. Усё берагла гэтыя паўпудзіка, каб неяк да майскіх святаў дацягнуць. Але ж свята яшчэ не блізка: цяпер свята — калі маеш што паесці. І, можа, дацягнула б неяк. Але ж Лагуціна не выправіш у шлях з пустымі рукамі, нейкі праснак мусіш у торбачку пакласці...

На пагнутых тоўстых абыржавелых нітах, што тырчалі з кароткага драўлянага бруса, трымцелі ад ветру дзве ссохлыя яблыневыя лісцінкі. Рэната здзерла іх, пакруціла ў руках. Спрэс у дзюрачках, як шротам пасечаныя, лісцінкі рассыпаліся на пыл адразу ж, ледзь толькі яна націснула пальцамі. Вецер змёў з далоні рудую пацяруху, развеяў па градах. Тонкія атожылкі ляглі ў разору, і руды камяк, што скаціўся з грады, пахаваў іх пад сабою.

«Зямелька ўсё пахавае...»

Словы, што нечакана ўспомніліся, дзівілі. Адкуль яна іх ведае? І вось жа заселі ў памяці гэтыя словы, і нейкі дужа ж знаёмы горкі сум і смутак у іх...

«Небачка! Гэта ж лірнік спяваў на базары, у сакавіку, калі тая вялікая адліга была!»

Выразна згадалася, як Лагуцін амаль сілаю яе выпхнуў, прымусіў пайсці на базар, прадаць соль і купіць жыта. Дужа ж не хацела тады ісці — баялася выносіць з зямлянкі соль, з якою некалі выпраўлялася да Ганны,— у душы патаемна жыла думка: вынесеш, прадасі гэтую соль — удачу адвадзіш ад свайго селішча. Сама над сабою пацвельвалася: прымхі ўсё, забабоны, і сама ж у іх верыла.Хіба ж не шчаслівая ўдача ішла тады следам за ёю, калі за плячыма быў мяшэчак з лагуцінскай соллю? І ажно трэслася, калацілася ўся, калі Лагуцін пагнаў на базар мяняць соль на хлеб. Але ж усё абышлося, і яна добра памяняла тую соль на жыта, і ячменю яшчэ абдзірнага выменяла, і дамоў вярнулася, і ніякай бяды не прыключылася.

Тады, як ішла з базару, убачыла старога лірніка, сівога, у падранай жабрацкай адзежы, які сядзеў, падкурчыўшы ногі, з самаробнымі гуслямі ў руках. Старая зімовая аблавушка, спрэс зашмальцаваная, ляжала перад ім на зямлі, і яна паклала туды апошнюю марку, што мела, і гусляр удзячна паківаў ёй галавой, не перапыняючы свае тужлівае песні.


«Нічога зямля не раскажа — зямелька надзейна хавае.

А людцы ўсё ўбачаць, а людцы ўсё раскажуць —

Зямелька не ўсіх пахавае...»



Ёй тады дужа запалі ў душу гэтыя словы, і вось цяпер з новай сілаю выплыў у памяці сумны, гаротны спеў. Мудра спяваў тады той лірнік. Так, нічога зямля не раскажа, зямелька ўсё пахавае... Як вось гэтыя лісцінкі: былі — і вецер пыл панёс, на зямлю той пыл кінуў, а скурчаныя атожылкі камяком прыціснула — усё ў зямлю пайшло. І гэты вось брус, на якім Рэната сядзіць, таксама на пыл пойдзе. Некалі ж дрэва добрае было, голлем шумела. Потым на брус пайшла, ніты жалезныя ў яе паўкручвалі, у мост паклалі. Цэлую восень і зімку фашысты той мост ладзілі... А дзе ён цяпер? Скрышыла паводкаю, расцёрла крыгамі, паразносіла па берагах. Вось ляжыць адзін брус тут, ля зямлянкі, а яшчэ адзін пад узвалам — Лагуцін з Валяй яго пілуюць, і Данічак там нешта заліваецца смехам... Лагуцін увогуле радасны апошні час, усё пасмейваецца, калі яна гаворыць, што паводка мост скрышыла.

«У той паводкі, матуля дарагая, ручкі былі, разумныя ручкі, што пілаваць умеюць...»

Ведае нешта, мабыць, Лагуцін. Але гаворыць мала, болей усё смехам. Як перабраўся з зямлянкі ў тое сутарэнне ў Бохачавым садзе, дык быццам падмянілі чалавека: ноччу недзе блукае, ходзіць, а потым да паўдня спіць... І песню лірнікаву ведае. Сёння ранкам спяваў, і Рэната пачула, калі пайшла ў суседаў сад, як Лагуцін спяваў, быццам з сабою размаўляў: «...зямелька не ўсіх пахавае...» Відаць, вось з таго і прыгадалася ёй зноў тая песня лірніка. Мудрая песня, мудрая... Вось і гэты брус, на якім Рэната сядзіць, і той, што пілуецца пад узвалам, паб’ецца на дровы, і пакладзе Рэната тыя паленцы ў грубку, і попел ад іх будзе, і яна пасее той попел на грады, і пахавае той попел зямелька... Але ж перад гэтым, як зрабіцца попелам, паленцы тыя дадуць агонь, і на тым агні Рэната зварыць нейкую ежу, і абагрэе зямлянку, каб не памерці, каб жыць... Праўду кажа лірнікава песня: не ўсіх пахавае зямелька... Гора — пахавае. Чужынцаў гэтых праклятых — пахавае, знясе ў нябыт, як крыгі знеслі мост да Дзвіне. А жыццё — не пахавае. Вунь як гоніць зеляніну на ўзмежку! Неўзабаве скрозь на градах зеляніна забуяе. Салата і радысачка добра ўзяліся!..

Рэната задаволена агледзела гародчык. І салата пасеяна, і радысачка, і ўжо добра ўзелянелі, і бульбачка пасаджана... Праўда, якая ж там насенка была — вядро бульбянога лупіння выпадкова набрала яна на памыйцы ля нямецкага шпіталя. Ніколі раней ёй гэткія пацяробкі не даводзілася саджаць, але кажуць, што і з іх расце бульба і някепска родзіць. Будзе бачна, што вырасце: галоўнае — не пустуе зямелька. І надзея ў душы, і ведаеш, што не пустыя грады перад табою, і нешта можна чакаць. А калі чакаеш — тады жывеш. Вось чакала яна вясну, о-ой, як чакала. І дачакалася ж! І радысачка б’ецца ў рост, і салата, і крапіўкі поўна ўжо на тым месцы, дзе раней быў плот. Секла яна да вайны рыдлёўкаю тую крапіву, нішчыла тое злоснае пустазелле, а цяперка і не нарадуецца, што поўна яго. Лагуцін ад крапіўкі нават у захапленні: а-ах, поліўка якая смачная з крапіўкі!..

Думка пра Лагуціна была прыемная, але ў ёй таілася трывога: чаго гэта ён раптоўна і рашуча адмовіўся ад зямлянкі, жыве ў тым Бохачавым сутарэнні, што па начах робіць, дзе блукае? Але ж не малы — не закажаш! І галоўнае, што паправіўся, паздаравеў, дыбае ўжо зусім някепска. І дзякуй яму шчэ трэба вялікі сказаць, бо без яго дапамогі гэтак хутка яна б і не ўправілася з гародчыкам. Сказаў, між іншым, і сёння, што ў нядзелю развітаецца і пойдзе. Распілуе гэтыя брусы, што прыгнала крыгамі, паб’е на дровы — і пойдзе. Пойдзе туды, да таго ручая, дзе Геначкава магіла. Па зброю пойдзе — Рэната яму ўжо двойчы падрабязна расказвала, пад якім дрэвам схавана зброя. Небачка, як жа ён тады зарадаваўся, калі дачуўся пра тую зброю! Да столі падскочыў, галаву пабіў — гузак ладны насадзіў! — і смяяўся, і ажно слёзы на вачах былі ад радасці, расцалаваў і Рэнату, і Валю, і Даніка. А потым, другі ўжо раз, з нейкім недаверам прытоеным распытваў, быццам пачаў сумнявацца. І адразу ж тады, на другі дзень, і перабраўся ў тое сутарэнне на суседскім котлішчы. І што дзіўнае, дык гэта тое, як Валя да яго намеру і рашэння паставілася. Там яму, маўляў, спакайней. Там і суха, і чыста, і светла. Вось і маеш. А тут яму дык і не суха было, і не светла, і не чыста!..

Прыгадала Валіна пярэчанне і адразу занепакоілася. Непазнавальна вясною змянілася дачка. Яна, Рэната, і раней, яшчэ ўзімку, заўважыла, што пасталела дачка. Але тут — быццам падмянілі дзяўчыну. Паводзіць сябе не так, як раней, раптоўна табе запярэчыць, не згодзіцца ані з чым: што ёй ні скажы, яна ўсё наперакор пнецца. І ўночы, як галаву каму дурыць. Данічак набегаецца за дзень, дык як забіты спіць. А яна нешта гаворыць праз сон, некага ўсё кліча, а потым як адганяе — нядобры голас такі робіцца. Раней было: справядліва ці несправядліва ёй скажаш — моўчкі выслухае, пагодзіцца, не пярэчыць. А цяпер адразу галаву ўскіне, зырк-зырк вачанятамі: «Ай, што ты, мая матулька, гаворыш!» І ў гэтым заўжды выразна адно чуецца: лухту ты, маўляў, мая матулька, пляцеш, і слухаць яе ніхто не збіраецца і не будзе. А Лагуціна слова — закон ёй. Што б гэты, як яна яго кліча, Гарык ні сказаў — ківель галавой адразу ж: добра, маўляў, згода. Што ні прапануе ён — адно і тое ж у яе напагатове: ага, маўляў, зраблю. І быццам ён ікона — гэтак на яго глядзіць штораз.

Але, дзякуй богу, скончыцца ўсё гэта неўзабаве: Лагуцін пойдзе. Тады на душы будзе спакайней, што не звядзе дачку з тропу. Але ж дзе там спакайней! Рэгістрацыю зноў на біржы працы вядуць — управа загадала адпраўляць маладых дзяўчат і хлопцаў на працу ў Германію. Як ад гэтай бяды ўратавацца? Можа, разам з Лагуціным рушыць? Не, куды ж ты разам з ім пойдзеш, калі малы Данічак на руках. Адно хіба пайсці ды паказаць, дзе тая зброя схавана, ды кветачак на Геначкаву магілу пакласці?.. Лагуцін абяцае, што дагледзіць магілку. І яму можна верыць: калі абяцаў — зробіць. І шкода ж з ім развітвацца: бы родны сын ён ужо зрабіўся ёй! І Валя яму па душы, гэта па ўсім відаць, але ён тоіцца, сказаць баіцца. Нешта яны там, пад узвалам, пацішэлі. І Даніка голасу не чуваць. Піла не жыжкае. Не, ідуць, урэшце!

З-пад узвалу паказалася Валя, следам за ёю, накульгваючы, дыбаў Лагуцін, абганяючы іх, ускочыў на сцежку Данік.

— Ну, р-разам! Узя-ялі! — закамандаваў ён, тузаючы вяроўку, якую Лагуцін трымаў у руках.— Ну, р-разам!

Лагуцін смяяўся:

— Чакай, камандзір! Дай жа нам аддыхацца трошку!

— І-і-э-эх, слабакі!

— Твая праўда, камандзір: слабакі. А ты ў нас — волат. І таму просім: дай перадышку.

— Добра, чакаю...

Але малому не чакалася, і якую хвіліну спагадзя ён зноў закамандаваў усім брацца за вяроўку, і Лагуцін са смяшком пагадзіўся:

— Во, цяперака мы — у сіле. Давай, камандзір, наперад станавіся. Будзем на цябе раўняцца!

Данік з радасным імпэтам учапіўся ў вяроўку:

— Р-ра-аза-ам!

Вяроўка нацягнулася, і з-пад узвалу паказаўся спачатку свежы зрэз тоўстага бруса, а затым выкаціўся і ўвесь брус, з жалезнымі нітамі на канцы.

— Чакай, камандзір,— сказаў Лагуцін і ўзяўся чапляць вяроўку за жалезныя ніты.— Ударым па ворагу з гэтага боку. І — капут яму!..

Яны зноў узяліся за вяроўку і, не спыняючыся, падцягнулі брус да таго месца, дзе сядзела Рэната.

— Матуля! Бачыш, якога мы фашыста вывернулі? — Данік сеў на брус, задаволена задудзеў: — Перамо-о-ога-а-а!

Лагуцін папрасіў Валю пайсці па сякеру і пілу.

— Добра, зараз прынясу,— тут жа адгукнулася Валя.— Данік! Гайда са мною! Сякеру панясеш...

Данік ускочыў і ахвотна пабег за Валяй. Лагуцін сеў на Данікава месца — на самым канцы бруса — і, нізка апусціўшы галаву, пачаў абедзвюма рукамі абмацваць свае боты: на правым боце падэшва амаль адвалілася, быццам падрэзаная па канце, на левым таксама ледзь ліпела.

— Кашы просяць,— прамовіў Лагуцін са смяшком. Ён узняў галаву, абцёр далонню твар; губы ў яго таргануліся, быццам ён нешта збіраўся сказаць яшчэ і раптоўна перадумаў, як спалохаўся.

— Як жа ісці ў іх? — са спагадай спытала Рэната.

— Сёння ўвечары я ім дам рады. Цвічкоў ужо расстараўся — як новыя зробім!

«Міхалавы боты яму падышлі б...»

Рэната падумала гэта і спалохалася. Аддаць мужавы боты?.. А Міхал вернецца, што надзене? Не, не! Нават і думаць ёй нельга, каб аддаваць боты. Не можа яна гэтага зрабіць! І не зробіць аніколі!..

Лагуцін, адвярнуўшыся, сагнуўся дужа нізка і пагладжваў рукою параненую нагу, і ад гэтага намагання ў яго на шыі набрыняў густой пагрозлівай чырванню шырокі рубец. Рэнаце падалося, што Лагуцін прачытаў яе думкі і асуджае іх: скнара, маўляў, не хоча памагчы, шкадуе боты, што гэтак патрэбны яму, параненаму чалавеку, які выпраўляецца ў далёкі шлях.

«З таго, відаць, ён і адвярнуўся, каб не аблаяць мяне, не папракнуць».

Разумець гэта невыносна цяжка, непрыемна, і Рэната асудзіла сябе бязлітасна і строга. Асуджае ён яе? І вельмі правільна робіць. Нага ж чалавеку баліць, яшчэ не дужа-ткі і загаілася. А яна, Рэната,— боты пашкадавала! І каму пашкадавала? Хвораму, параненаму чалавеку! Ды яшчэ і зарадавалася, што выпхне яго ў дарогу, ад сябе бяду адвядзе падалей, каб спакайней было...

Згрызота і сорам спляліся са шчырым шкадаваннем Лагуціна, і Рэната разгубілася, не ведаючы, што рабіць. Разумела: боты яна не аддасць, яна не можа, не мае права іх аддаваць. Але жаласлівасць, пачуццё спагады ўсё мацнела, і яна шчыра прапанавала Лагуціну, назваўшы яго ласкава, як ніколі раней:

— Можа, Ігарок, табе счакаць які тыдзень? — і, крыху спагадзя, дадала: — І пацяплее. І дарога будзе лягчэйшая...

— Не-е, дарагая матуля! — ён уздыхнуў глыбока, радасна.— Не магу чакаць! Во-ось які ім хлопцы падарунак робяць,— і ён паляпаў рукамі брус, які толькі што ўсцягнуў з дзецьмі ад ракі.— А я? Дроўцы з гатовенькага раблю!..

Рэната сказала тое, што ўжо даводзіла Лагуціну раней, але нават узрадавалася, што ёсць мажлівасць схавацца ад згрызоты, якая дапякала балюча:

— Пра якіх ты гэта хлопцаў гаворыш? Крыгалом жа мост панёс... Іхнія інжынеры, кажуць, на свой, нямецкі, лёд разлічвалі. І пралічыліся.

Лагуцін пакруціў галавой.

— Не-е, дарагая матуля,— гэтае слова «матуля» ён упадабаў і штораз вымаўляў яго з незвычайнай цеплынёю, напеўна.— Не інжынеры нямецкія падпілавалі брусы ля нітоў, не яны. Вось зірніце. Чысценька зроблена. А лёд потым ужо сваё зрабіў. А я чым заняты? Так што трэба мне неадкладна да сваіх хлопцаў...

Рэната абмацала напалову падпілаваныя і зламаныя ля нітоў бакавіны бруса і цяпер канчаткова паверыла ў тое, у чым Лагуцін шмат разоў спрабаваў пераканаць яе: людзі дапамаглі крыгалому сарваць пралёт моста, які фашысты будавалі ўсю зіму. І нечакана памацнела трывога за Лагуціна. Каб яна, Рэната, тады па-дурному не трапіла ў Жарцах на засаду, дык зусім інакш павярнуўся б лёс Лагуціна. Ды не, няма тут яе віны, што менавіта гэтак склаўся яго лёс: Рэната прыйшла ў Жарцы, калі Ганны ўжо там не было.

— Дзе ж ты іх шукаць будзеш, тых сваіх хлопцаў? — спытала Рэната, дапамагаючы Лагуціну кантаваць брус.

— У лес увайду — гукну.— Лагуцін весела прыплюшчыў вочы.— Яны і адгукнуцца.

— А як мы пра тое даведаемся?

Лагуцін паабяцаў таропка:

— Дам знак. Дам знак вам адразу ж...

Паспешлівасць, з якой Лагуцін паабяцаў зрабіць гэта, выклікала недавер да яго абяцання. Але яна схавала недавер, прамовіла са шчырай спагадай:

— Каб жа табе хоць пашчасціла.

— Вясною мне заўсёды шчасціць.— І Лагуцін расправіў плечы, летуценна зірнуў у бок Дзвіны.— Гэта праверана тысячу разоў...

З-пад узвалу па лесвіцы караскаўся Данік, цягнуў за тапарышча сякеру. Валя, трымаючы пілу пад пахаю, імкнулася ўвесь час яму памагаць, а малы адбіваўся:

— Сам! Не чапай! Сам!..

Рэната ўлюбёна і з болем глядзела на малога. Выцягнуўся сынок за зіму. Худзенькі толькі, тварык бляклы дужа — на ежы нішчымнай ружовенькія шчочкі не нагуляеш! Яшчэ дзякуй трэба Зінаідзе сказаць за тое, што тады, у лютым, піхнула два брусочкі сала ў мех — яно і ўратавала, было хоць чым пракінуць зацірку. А каб не гэтая Зінаідзіна ласка? Што дзеткі елі б? Яна ж, Рэната, нічога для іх расстарацца не магла — увесь люты пракачалася з запаленнем лёгкіх: далася ёй у знакі халодная падлога варыўні ды яшчэ тая начная вандроўка па снегавых гурбах. Але мінула тое горачка, ачуняла вось, выкараскалася на вясну. І колькі ж гэта чалавек можа вытрываць, здужаць, сцярпець, перажыць!..

Лагуцін узняўся насустрач Даніку:

— Давай, дружа, сякеру. Зараз мы з табою гэты брус і раскокаем.

— Спачатку пілаваць будзем,— папрасіла Валя.— І на сёння — хопіць.

— Пілаваць, пілаваць,— патрабаваў Данік.— Хачу пілаваць!..

— Пілуй, сынок, пілуй. Памагай,— папрасіла Рэната і дадала жартам: — Без твае помачы — цяжка нам усім...

Пажартавала, а на сэрцы ад гэтых слоў адразу зрабілася лягчэй. Сапраўды, расце ўжо і добры памочнік. Каб толькі здаровенькі быў. Ды каб у яе заўсёды было чым накарміць малога і Валю...

Рэната пайшла ў зямлянку, дзе варылася ў чыгунку лупінне бульбы, што засталося пасля пасадкі, стаўкла яго, дамяшала крышку свежай жытняй мукі, паставіла на агонь, каб спяклося варыва канчаткова, потым больш шчодра, чым ва ўсе папярэднія дні, заскварыла. Няхай паядуць смачней сёння і дзеткі, і Лагуцін, і яна падмацуецца, бо нейкая слабасць і ў руках і нагах незвычайная. Напрацаваліся ўсе сёння: і грады пасадзілі, і яна ў Пагіршчыну злётала, з гэтым млівам управіцца паспела, і ўсе ад рэчкі брусы Лагуцін з дзецьмі перацягаў сюды, у сад, бліжэй да зямлянкі...

«Відаць, згатавалася ўжо...»

Рэната пакаштавала варыва. Скварка прыглушыла крыху пах цвілі, але ўсё роўна аддае сырызнай, скляпеннем нейкім патыхае. І гэткай ежаю яна павінна карміць дзяцей! Не, не гняві ты бога, даражэнькая, скажы дзякуй, што хоць гэткае варыва на стале маеш!..

Яна заглушыла рыданні, што падступілі да сэрца раптоўна, прымусіла сябе супакоіцца. Але крыху пазней, калі дзеці прагна грэблі з місак гэтае чорнае, як зямля, варыва, і еў, нахвальваючы яго, Лагуцін, горыч зноў выбухнула ў душы. Сабе Рэната, як і звычайна, пакінула варыва ў кацялку, на донцы; зачэрпнула адну лыжку, другую, праглынула шархоткае нясмачнае мешава не жуючы і раптам адчула, што калі яшчэ крышку пасядзіць тут, дык не зможа стрымаць сябе, заплача наўзрыд.

Яна падхапілася, памкнулася да дзвярэй, і Валя адразу ўстрывожылася:

— Куды ты, матуля?

— Тлуміць нешта ў галаве, пайду ў садок пасяджу...

Слёзы душылі яе, у сэрцы расплывалася горыч, і яна ўся сцялася, напружылася; загадала сабе не бегчы, ісці марудна, і гэтак ішла, быццам нічога не здарылася, і ёй сапраўды цяжка было ў зямлянцы дыхаць. Яна села на той жа брус, што прыкаціў Лагуцін з дзецьмі ад Дзвіны, паставіла кацялок побач з сабою, а лыжку трымала ў руцэ, нібыта астуджвала.

Дзверы ў зямлянку былі адчынены нахлашч, адтуль чуліся спакойная, вясёлая гаворка Лагуціна і ажыўленыя воклічы дзяцей. І ад гэтай вясёлай гаманы, і гэтага спакойнага лагуцінскага голасу, і гэтай цёплай цішы вясновага вечару гаркота ў душы яшчэ больш абвастрылася, і Рэната раптоўна і моцна зненавідзела сябе за гэтую гаркоту, зазлавала. Нэндза! Усё ёй не слава богу! Здаровыя ж дзеткі! Лагуцін паправіўся! Гародчык ляжыць уроблены і абсеяны! Зацірка ў кацялку! А яна? Усё сабе сэрца сячэ, усё нейкі дурны нуд жывіць, як з гэтым светам развітваецца. І з чаго скуголіць? Мяды, бач ты, ёй падавай! А людцы ж яшчэ і не так гаруюць! А ў яе ж яшчэ ёсць і што ў міску пакласці, і ёсць дзе галаву прыхінуць!..

Аблаяла сябе, і неяк адразу зрабілася лягчэй, падсунула бліжэй да сябе кацялок, узялася ўвішна есці — шэрая, ледзь цёплая мешанка здалася ёй нават смачнай, і яна ў момант падчысціла кацялок.

З зямлянкі выбег Данік, Рэната паклікала яго:

— Прынясі ты, сыночак, міскі і лыжачкі. Пойдзем з табою і памыем іх на рэчцы.

— У мяне — заданне баявое. Дровы складаць.

— Рабі, сыночак, сваё заданне. Але спярша посуд мне прынясі.

Данік паслухаўся, у момант прывалок міскі і лыжкі. Рэната панесла іх на Дзвіну і шаравала жвірам адчайна і весела. Душэўная мітрэнга адпала, яе бы растрэсла ў момант праца, і Рэната рашуча перакрэсліла ўсё благое ў душы. Зіма ўжо ззаду, паляцела ў нябыт. Вясна наўкола, трэба радавацца, жыць, спадзявацца толькі на добрае.

Пазней, калі ацямнела, Рэната, засынаючы, узялася спакваля, не спяшаючыся, планаваць свой заўтрашні дзень, вызначаць сабе працу, Валі, Даніку. Потым вырашыла, што дзецям трэба адпачыць, работку яна сама ўсю паробіць. Па-першае, трэба напячы праснакоў, падсушыць іх як след — Лагуцін возьме з сабою. Па-другое, трэба, як грубка будзе паліцца, нагрэць вады і памыць бялізну Лагуціну — удзень цёпла, паходзіць і ў кашулі, а бялізна на ветры і сонцы пасохне хутка. Яшчэ трэба будзе яму пінжак залатаць. Потым — каб толькі не запамятаць, раней ад усяго работку зрабіць! — уранні попел з грубкі павымятаць і ім радысачку на градах пасыпаць, каб лісціны блыха не жэрла. Нешта на градах з таго боку, што ад Дзвіны, некаторыя лісцінкі пасечаны ўжо: блыха, мабыць, наляцела, а попелу яна не пераносіць, уцякае адразу ж. Летась такое было вясною на матчыным гародчыку: напала на радыску блыха густа-густа, хоць згрэблам скрабі яе. А-я-ёй, як навалілася. А попелу далі — чысцюткімі на ранні грады стаялі!..

І тое, што яна добра распланавала свой заўтрашні дзень, і гэтыя ўспаміны пра леташнюю вясну прыемна супакоілі, і Рэната заснула ціха і хутка, чаго даўно ўжо з ёю не здаралася. Звычайна дык круцішся, круцішся ўсё, бакі сабе намуляеш, стомішся, а тады ўжо і засынаеш, прахопліваешся потым... А тут — як правалілася ў цёмную цёплую прорву...

Ёй сасніўся Міхал, і яна з ім размаўляла і ўсё ўпрошвала надзець новыя хромавыя боты, і яна іх дастала са схованкі ў зямлянцы. Міхал надзеў боты, сагнуўся над імі, пагладжваў рукамі халявы, потым узяў з Рэнаціных рук старую, з абламанымі ручкамі, каструлю, у якой быў попел, і пайшоў у гародчык.

Міхал хадзіў па баразёнках, сыпаў попел на грады, дзе густа лапушылася радыска, і Рэната глядзела на яго з радасным захапленнем. Які ж ён высокі і прыгожы, яе Міхал! Якія моцныя ў яго рукі! Толькі навошта ж было надзяваць святочны касцюм! І адкуль у яго гэты касцюм? Касцюм жа забраў Жыгалка! Паганец той паліцэйскі тады пры ёй надзеў пінжак! А цяпер той жа самы пінжак — на ім, мужы! Не-е, трошкі святлейшы, і палоска на тканіне шырэйшая, чырвоненькая.

«Гэта нам у Маскве далі. Дамоў як адпускалі з арміі — кожнаму касцюм новы далі».

«А што ж ты яго не беражэш? Надзень што-небудзь блажэйшае і старое!»

«Хопіць на наша жыццё касцюмаў гэтых! Штогод цяпер буду і сабе — новы, і табе — новы! І дзецям таксама будзем купляць новыя!»

Яна гаворыць з Міхалам, пагаджаецца, а сэрца баліць. Матухна, што ж гэта ён робіць з новым касцюмам! Пад вецер кідае і кідае попел, і попел воблакам асядае на плячах, на рукавах, на штрыфлях, асядае на ботах. Бела-белыя боты зрабіліся... Сапсуюцца і касцюм і боты. А Міхал усё сваё вядзе, і яна спрачаецца з ім, і ёй горка з таго, што трэба даводзіць мужу тое, што ён і сам добра бачыць.

«Не адчысціць потым касцюма. І не купіш жа новага гэтак адразу».

«Ты лепей зірні, як яблыні ў белае ўбраліся!»

«Дзе ты бачыш? У красавіку каб цвілі, у самым пачатку месяца?»

«А вось жа цвітуць. Бы завіруха іх белая абсыпала».

І дзіва нейкае: сапраўды, цвітуць яблынькі! І як жа хораша, густа! Белыя, з ружовымі закрайкамі, пялёсткі асыпаюцца Міхалу на плечы, і ён стрэсвае іх рукамі, і пялёсткі круцяцца ў паветры і звіняць, і звініць мужаў голас.

«Ідзі сюды, да яблынь! Тут хораша дужа».

«Узняцца не магу! Ніты гэтыя замінаюць».

«Яны ж саржавелі і сатлелі даўно. Націсні, яны і разваляцца!»

«Дык жа ж не паддаюцца».

«Ты не ўверх іх бяры! У зямлю гні. У зямлю!»

Міхал стрэсвае яблыневыя пялёсткі рукамі, чакае Рэнату, а яна ўсё аніяк не можа ўзняцца, сядзіць на ўзмежку — зачапілася рукамі за скрыўленыя жалезныя ніты ў брусах. Трэба тыя ніты пакруціць. Гэтак, як Міхал раіць. Не ўверх ціснуць, а — уніз, да зямлі гнуць. Зручней і лягчэй паддадуцца яны. Паддаюцца! Адгінаюцца марудна-марудна, і рыпяць, рыпяць, і патрэскваюць нават. Разьба на нітах абыржавела, асыпаецца рудой пацярухаю на дол, і вецер разносіць яе па градах, сыпле ў глыбокія баразёнкі. Цяпер толькі не спыняцца ёй, гнуць гэтыя клятыя ніты, націскаць мацней!..

Ад напружання забалелі пальцы, і Рэната зусім рэальна адчувала гэты боль, і чула ціхае рыпенне, і пачынала здагадвацца, што яна ўжо не спіць, што яна прачнулася.

Так, не спіць яна!

Саснілася ёй усё гэта: і Міхал, і тое, што яна прасіла яго надзець новыя боты, і тое, што ён пасыпаў попелам грады з радыскаю, і тое, што цвітуць яблыні ў садзе.

Але ж як выразна саснілася!

І выразна, зусім не ў сне, рыпнулі, здаецца, дзверы — Валя гэта пайшла з зямлянкі. Нездаровіцца ёй гэта, ці што? А можа, усё гэта падалося? Не, цень за акном мільгануў. І крокі яе, Валіны,— у садок пайшла. Акно ж адчынена, а дыхаць усё роўна няма чым — задуха. Нельга болей удзень грубку паліць, трэба на камінку, у садку агонь распальваць. І чаго ж не спіць дачка? Можа, што баліць ей? Паклікаць хіба? Даніка ж не хочацца пабудзіць. Зараз дачка вернецца, і тады можна будзе яе распытаць...

Сну ўжо зусім не было, і Рэната ведала, што не засне цяпер да самага світання. Учора яна таксама нешта трывожнае сасніла, абудзілася ўночы, прачнулася ад гэткага ж рыпення дзвярэй — дачка вярнулася ў зямлянку. Рэната не чула, калі Валя выходзіла, і ўстрывожана папытала, што з ёю. Дачка пазяхнула — балеў, маўляў, жывот, але цяпер адпусціла,— зашылася пад коўдрачку і, крыху спагадзя, добра і моцна заснула. Рэната ж да світання не звяла вачэй, ляжала, прыгадваючы свой сон: ведала, што нешта саснілася, але што канкрэтна — не магла прыгадаць аніяк.

Цяпер жа сон быў чоткі, выразны, як бы і ўвогуле не сон, а ява. Даўно гэтак яскрава не сніўся ёй Міхал! А сёння — быццам дзіва нейкае: і голас, і рухі, і гэтыя яблынькі ў белым... На нешта добрае, відаць, сон, няйначай. Квецень убачыш — верная прыкмета: добрую навіну чакай. Трэба будзе пра сон гэты Валі сказаць. І дзе ж яна падзелася? Пайшла, як правалілася некуды. Ці ж усунула хоць на ногі што-небудзь — гэткая халадэча на зямлі. Дужа халодная зямля ўночы, у момант застудзіцца можна...

Рэната злезла з ложка, ускінула ватоўку наапашкі, сунула ногі ў старыя атопкі. Здзівілася, калі дзверы адчыняла: нудна-звягліва рыпяць навесы заўжды. А як дачка адчыняла, дык ледзь чутна рыпнулі, слясак чакнуў мякка, бы драўляны.

Расчуленая, падумала пра дачку ласкава: добрае сэрца ў дзяўчыны. Гэта ж Валя з таго так ціхутка пайшла, што не хоча, каб яе, маці, пабудзіць...

Рэната стаяла на сцежцы, зноў згадала свой дзіўны сон. Трывожны, аднак, сон, незразумелы. І ночка нейкая трывожная. І неба як на плечы села, хмарнае, каб табе дзе зорачка бліснула. І як бы імжыць дождж. Не, гэта ад ракі туман цягне. Нешта незразумелае творыцца на тым небе цяпер! І сонца ж увечары чыста садзілася, каб табе хмурынка — усё на добрае надвор’е паказвала. А вось жа хмарыць неба моцна, раніцою дождж, напэўна, нацягне. А яно, калі падумаць, дык і патрэбен дождж, хай змые травіцу, лепей забуяе тады зеляніна. Але ж і цішыня вакол! Каб табе дзе стрэл! Каб табе дзе ракета пыхнула! Мірная вясновая ноч!..

Пакруцілася вакол зямлянкі, павярнула да прыбіральні. Праява нейкая: нідзе ж не відно і не чутно дачкі. Можа, да рэчкі яе пагнала? Але што ёй там магло спатрэбіцца?..

Прабегла да самага ўзвалу, пастаяла, паслухала: нічога ж не чуваць. З узвалу павярнула ў сад, спынілася толькі ў канцы яго, на ўзмежку, зноў стаяла, слухала, азіраючыся наўкола. Ціха. Як вадой дзяўчына разлілася. Але ж недзе дзелася! Толькі вось дзе? Можа, што прыключылася з жыватом, дык і сядзіць дзе, скурчыўшыся?.. Вось нешта як бліснула пад дрэвамі справа, у Бохачавым садзе. І вось яшчэ раз — у тым баку, дзе скляпок, здаецца. Відаць, Лагуцін курыць...

«І Валька ж там, напэўна. Туды паперлася...»

Спачатку — лухта ж ёй нейкая ў галаву ўзбрыла! — Рэната падумала неяк абыякава, зусім няпэўна, што Валя магла пайсці да Лагуціна. Але тут жа гэтая здагадка вельмі моцна ўразіла, нават спалохала, і ў яе шалёна закалацілася і адразу забалела сэрца.

«Да Гарыка свайго паляцела дзеўка! Трэба праверыць! Трэба прасачыць! Трэба дазнацца!..»

Ціха і нячутна, як цень, Рэната шуснула ў вузкую мяккую баразёнку. Спынілася ля яблынь, паслухала, паўглядалася і зноў, крадком, падыбала па мяккай раллі, не зважаючы, што халодная зямля сыплецца ў атопкі.

У суседскім садзе зноў на момант прыпынілася, паслухала і зноў пачала крадком рухацца наперад — да скляпка. Зараз яна ўсё будзе ведаць — яшчэ дзве яблыні мінуць. Добра ля гэтых яблынь зямля ўзарана. Гэта яна правільна зрабіла, што папрасіла Лагуціна абкапаць суседаў сад. Нельга, каб яблыні гібелі: вернуцца Бохачавы сыны з арміі — дзякуй скажуць. Вось ён, гэты скляпок. І дзверы, здаецца, не зачынены. І акенца вузенькае — нахлашч.

Яна ўжо стаяла ля скляпка, і спыніла яе не блізкасць яго — рукою можна дакрануцца да землянога даху, што ўпоравень з узмежкам амаль! — а сцішаная гаворка, якая нечакана пачулася. Спачатку пачуўся Валін голас, нейкі дужа вясёлы, звонкі, але сум быў у ім і трывога, потым — голас Лагуціна: галасы былі ціхія, але таропкія, як усё роўна спрэчка ішла ў скляпку.

«Значыцца, ідзеш. І як жа ты, Ігарок, радуешся, мне нават зайздросна!»

«Я не радуюся. Я думаю аб усім з трывогаю. І асабліва — пра цябе думаю».

«Ты праўду кажаш, што кахаеш мяне?»

«Кахаю. І ўсё жыццё буду кахаць».

«Паўтары гэта!»

«Магу паўтарыць хоць тысячу разоў!»

«Нават тысяча слоў — не доказ!»

«Вось табе доказ!.. І вось яшчэ... І яшчэ!..»

Рэната сілілася не прапусціць аніводнага слова, адчайна напружвала слых, і ад гэтага напружання звінела ў вушах і частыя непрыемныя дрыжыкі білі ў плечы.

«Дужа ж ціха пачалі там, у сутарэнні, размаўляць, нічога не чутно. Чмоканне нейкае, шэпат...»

Аглушальным выбухам ударыла ў скроні кроў, у галаве загуло: яны ж тамака цалуюцца! Яны ж любошчы ў гэтым паграбку ладзяць! Вось, значыцца, дзеля чаго ён і перабраўся сюды, у Бохачаў садок! І яна ж, гадаўка, яго падтрымлівала, яе, Рэнату, пераконвала, што яму там лепей будзе. Яна, дурніца старая, слухала, а яны сабе гняздзечка вілі! А долечка ж, а небачка ж! А што ж гэта дзеецца!..

Памкнулася наперад і спынілася, прыкусіла губу, зноў пачуўшы выразны Валін голас. Нешта пярэчыць дачка, не пагаджаецца, гаворыць упарта, настойліва.

«Я не разумею цябе! Не разумею і не пагаджуся аніколі! І ты хоць даві мяне тут!»

«Нельга нашу матулю тут кідаць адну. Хто ёй дапаможа? Вось чаму я павінен ісці спачатку адзін. Разумееш?»

«Я пайду з табою разам!»

«Аніяк ты не хочаш зразумець!»

«Не хвалюйся, я ўсё разумею. Ты проста хочаш кінуць мяне адну! Наплёў, наплёў пра каханне, а цяпер — кідаеш!»

Нейкі час панавала цішыня, чуваць было, як суха зашамацеў ля плота маліннік. Потым пачуўся голас Лагуціна, са смяшком, але моцны і рашучы:

«Дурненькая! Ты мне даражэй за жыццё!»

«Хто я табе, скажы? Жонка ці не жонка?»

«Жонка. Верны сябар да скону дзён маіх».

«Да скону дзён, кажаш?.. Тады вырашана: мы ідзём разам. І нічога перарабляць не будзем!»

«Але паслухай мяне...»

«Усё! Маўчы!..»

«Але ты паслухай...»

«Не, гэта ты паслухай! Я — твая жонка?»

«Твая, твая... Што ты на гэта ціснеш? Мая! Сто разоў жа табе кажу: мая ты жонка!»

«А як жа тады ты сваю жонку кідаеш? Не маеш ты права яе кідаць! І таму — ідзём разам з табою. Гора — дык напалам. Бяда — дык на дваіх... А потым, як усё ўладкуецца, і мама да нас з Данікам падбяжыць. Недзе паблізу ля атрада будуць... Разумна гэта, скажы?..»

«Разумна. Але...»

«Разумна і будзем рабіць. Без усялякіх тваіх «але»... Усё! Падпісана і зацверджана!»

Зноў пацалункі, ціхі шэпат, няўлоўныя, як шапаценне травы пад ветрам, словы. А мо сапраўды памроілася і гэта вецер шалахціць маліннікам? Памроілася?.. Не-е, нічога не памроілася! Любяцца яны! Разам збіраюцца ў атрад! У партызаны разам ідуць! Гэта ён яе за сабой цягне, падбівае: разам пойдзем, жонка ты мая... Не, гэта ж Валька цвердзіць! Гэта яна настойвае сама! Дзе ж сама! Ён ёй галаву задурыў, дзяўчыне зялёнай, неразумнай!..

Рэната, баючыся, што зараз уголас закрычыць, заціснула рот рукою, зрабіла крок назад, потым другі, трэці... Павярнулася, пабегла ўзмежкам у свой сад, спынілася, схапілася рукамі за галаву. Што ж гэта з ёй робіцца, з галавой гэтай? Звініць, гудзе, бы шклянне там насыпана... Небачка! Галава яе непакоіць! Дачка ж гіне! Жонкаю ўжо гэтага Гарыка зрабілася — і цвердзіць, і цвердзіць, і цвердзіць... Вось табе — зяцька маеш! А ты ж усё пасмейвалася, як яна вочкі яму строіла! А небачка, а што ж, долечка, гэта робіцца ў свеце! Яна, Рэната, таго Гарыка ад смерці ўратавала! Сваім жыццём і жыццём дзетак рызыкавала. А ён што змысліў? Чым аддзячыў? На любошчы Вальку падбіў! Збэсціў! А мо і ссільнічаў? А мо і згвалціў?.. Дзе-е-е!.. «Я — твая жонка!..» А-ах ты, гадаўка! У-у-ую-ю-ю-ю...

У галаве гуло, быццам густа-густа пачалі біць недзе зусім блізка галасістыя званы, і іх бомканне дзёрла вушы, балюча калола ў патыліцу, і гэты боль па хрыбціне ішоў уніз, разбягаўся па рэбрах і працінаў сэрца. Ад болю, ад ярасці, ад роспачы, што жмутом сціснула сэрца, Рэната асела ў разору і ўчапілася рукамі ў зямлю. Яна грабла жменямі цвёрдае непадатнае ворыва, паўзла па халоднай і сухой разоры, паўзла без мэты, не разумеючы, куды рухаецца, паўзла, пакуль не наткнулася галавою на камель яблыні. У вушах перастала звінець, толькі ў скронях балючымі частымі тактамі несціхана пульсавала кроў.

Чапляючыся рукамі за шархоткую кару, Рэната марудна ўзнялася, і тады адразу ў сэрцы імкліва раскруціўся вузкі, але вірлівы і гарачы, як з моцна напаленага дроту, жмут.

— Ва-алька,— уголас прастагнала Рэната і раптам пагрозліва і гнеўна гукнула: —Ва-альк-а-а! — і тут жа кінулася назад, да скляпка, зачапілася за ўзмежак і бухнулася ў разору; з правай нагі зваліўся атопак, але яна знайшла яго, заціснула ў руцэ, пабегла далей, горка і адчайна плачучы: — Ва-алька! Ваалька-а-а!..

Не дабегла да скляпка крокаў пяць, сутыкнулася — нос у нос — з дачкой.

— Што здарылася, матулька? — спуджана, але шчыра спытала Валя.

— Што здарылася, яна пытае? А вось што, а вось што! — і двойчы з усяе моцы ўлупіла дачку атопкам па спіне.— Со-о-рам усялякі страціла і шчэ пытаецца? Матульку шчэ пытае? У любошчы кінулася і шчэ матульку пытае!..

Рэната зноў хвастанула атопкам дачку па спіне. Валя не заплакала, толькі неяк войкнула, быццам у яе горле нешта звонка трэснула.

— Ты ш-што робіш?

— Што я раблю? — у гнеўным крыку зайшлася Рэната.— Я табе зараз па-акажу, што я раблю! Я ж табе зараз любошчы спраўлю, гадаўка!..

Рэната пачала ярасна малаціць дачку атопкам, біла злосна, раз’юшана, не разбіраючыся, куды трапляюць удары. Яна не заўважыла, як выскачыў са скляпка Лагуцін, спачатку пачула, што яе моцна схапілі за локаць, потым адчула дужую руку на плячы, падумала, што гэта бароніцца дачка, учапілася ў гэтую руку і зразумела, што гэта рука не дачкі, пачуўшы злосны голас Лагуціна:

— Ціха!

— А-а-а, і жанішок аб’явіўся. Выбег ратаваць?

— Ці-іха! — зноў пагрозліва рыкнуў нядобрым шэптам Лагуцін.

— А чаго гэта мне «ціха»? Я не баюся праўду сказаць!

— Вы разумееце, што робіце? Вы ж усіх немцаў сваім гвалтам на ногі ўзнімеце. У бліндаж!

Рэната адразу абвяла, сагнуўшыся, надзела атопак і шуснула ў скляпок; вобмацкам знайшла ложак, села, абапіраючыся рукамі на жорсткі сяннік, і гэтак сядзела, як выпетраная раптоўна і начыста. Чула дыханне дачкі, якая стаілася на другім канцы сенніка, але ў густой цемры не бачыла яе. Рэнаце не хацелася ні лаяць дачку, ні абвінавачваць, ні папракаць — сэрца перакіпела там, у садзе. Боль жыў у душы, і Рэната была як прыглушаная гэтым болем, і ані з чым яшчэ не змірылася, і не ведала, што ёй лепш зрабіць. Толькі адна-адзіная думка ўвесь час трымцела напятай струною: Лагуцін ва ўсім вінаваты! Ён абдурыў дачку! Ён і Валю з тропу звёў, і яе, Рэнату, вакол пальца абкруціў!..

Мякка тупаючы, у скляпок уціснуўся Лагуцін, паведаміў спакойна і бадзёра:

— Тума-ан. Галасы ў тумане глохнуць, гэта і ратуе,— і нечакана ўзнёсла і радасна прамовіў: —Вы нам даруйце, дарагая матуля. Ранічкаю мы з Валечкаю пойдзем...

— Куды? — перапыніла яго Рэната, разумеючы, што зусім не пра тое ёй трэба гаварыць з Лагуціным. Трэба аблаяць яго, пасарамаціць.

— Спачатку — да ручая. Потым — у атрад.

— А як ты яго знойдзеш, той свой атрад? — яна паспешліва перапыніла Лагуціна, злуючыся, што зноў гаворыць не тое, што трэба і што хочацца сказаць.

Лагуцін весела праспяваў у адказ:

— «Кто ищет, тот всегда найдет!»

Раздражнёнасць цяпер брала верх, Рэната адчувала, што не зможа размаўляць спакойна, і ўжо не стрымлівала сябе. Яна — маці! І не яму, не яму тут камандаваць!

— Вось ідзі і шукай, што табе трэба. А яна не пойдзе!

— Я пайду, матуля,— ціха прамовіла Валя, і гэта былі яе першыя словы, пасля таго як яна ўвайшла ў скляпок.— І ты не злуй. І не трэба Гарыка і мяне бэсціць... І не трэба нам жыццё псаваць...

Валя змоўкла, гаворку адразу падхапіў Лагуцін, быццам спяшаўся ўдакладніць тое, пра што яна ўжо сказала:

— Вы, матуля, чалавек з вопытам, разумны... Вы лепей за нас ведаеце, што жыццё па-рознаму ў кожнага. У нас яно вось гэтак склалася,— і дадаў упэўнена, цвёрда, з адкрытым гонарам: — Мы знайшлі сваё каханне...

Яе пакрыўдзіў яго спакойны і ўраўнаважаны голас, гэты падкрэслены гонар,— болей нават гонар, чым тое, што сказаў Лагуцін у абарону Валі; крыўда была горкая, і Рэната як захліпнулася гэтай гаркатою.

— Яна ж — дзяўчо неразумнае: не бачыш? А твой, дарослы, розум дзе? Ты хоць падумаў, што робіш?.. «Знайшлі сваё каханне...» Выбралі ж час, калі шукаць! Здурнеў ты, ці што?

— Валя — мая жонка.— Голас Лагуціна адразу загучаў суха і непахісна.— І цяпер не лаяць нас трэба, а зусім пра іншае клопат мець... І мы вось падумалі...

— Яны — падумалі? А я? А маё думанне вы папыталі? А са мною вы параіліся?!

— Не злуй, матуля,— сказала Валя, і ў яе голасе прагучалі, знаёмыя ўжо Рэнаце, лагуцінскія ноткі — цвёрдасць і зацятасць: — Мне ж, не табе, гэта ўсё рашаць. І не дзіцятка я, а дарослы чалавек,— і з нейкім суровым смяшком спытала: — Адседзецца ў закутку, у скляпку гэтым, а потым, як нашы вернуцца, стаяць і вачыма лыпаць? Не-е, не хачу я гэтага! А ў нас жа ў кожнага запытаюцца — тыя, хто б’ецца на фронце, запытаюцца: што ты зрабіў дзеля нашай перамогі?.. Скажы, хіба няпраўда?

— У дарослых — запытаюцца. А дзеці — яны дзеці.

Валя сказала ўсё тым жа суровым тонам, як бы адразу і цалкам закрэсліўшы матчыны пярэчанні:

— У гэткі час мы ўсе — адно цэлае і непадзельнае: і дарослыя і дзеці. І калі я, скажам, другі, трэці, не будзе нічога рабіць дзеля перамогі, а чакаць — калі ж яна прыйдзе, тая наша перамога?.. Бацька наш ваюе, Алесь наш ваюе... А я што, горшая? Страляць умею, не думай... Я ім за Геначку нашага сплачу,— і цвёрда, як адсекла: — Усё вырашана: іду з Гарыкам у атрад! — і прамовіла лагодна, даверліва, як бы просячы прабачэння: — Потым мы табе знак дамо, з атрада, і ты таксама будзеш з намі. Гэта — адзіна разумнае выйсце. Скажы, хіба няпраўда?..

Рэната чула стоенае Валіна дыханне, напружана думала і не ведала, што казаць. Усё было нечаканым, раптоўным, і яна адчувала сябе спустошанай, як у тую раніцу, калі пасля начнога вандравання па аснежаных палях убачыла празрысты дымок над комінам зямлянкі і, знясіленая, прыціснулася грудзямі да слупа былога плота. Тады не толькі спустошанасць была ў душы, але і радасць, і радасць гаіла, бадзёрыла, улівала ў сэрца дзівосны бальзам: бяды няма, здаровыя і жывыя яе дзеткі.

Цяпер жа той гаючай сілы не было, у душы залегла пустэча, чорная завіруха круціла, і над усім брала верх горкая крыўда. Усе мары пра шчасце сваёй дачкі, спадзяванні на прыгожы дзявочы лёс прахам пайшлі. Хіба ж гадавала, расціла добрыя надзеі яна дзеля гэткага вось дзянёчка? Нудзілася, гаравала толькі дзеля таго, каб пачуць гэткія вось словы, якія толькі што пачула?.. «І ты не злуй. І не трэба Гарыка і мяне бэсціць. І не трэба нам жыццё псаваць». Яна, маці, выяўляецца, ужо нішто! Яна, маці, значыцца, жыццё ім, дзецям, псуе?.. І якая халодная зацятасць у голасе!.. І дужа ж знаёмыя і ўпартасць гэтая, і зацятасць, і непахіснасць... «Я пайду, матуля...» Алеська тады вось гэтак сказаў, гэтак жа зацята гучаў тады ў лесе яго голас. Але ж сынок хоць суцяшаў, супакойваў, абнадзейваў... А гэтыя? «І не трэба нам жыццё псаваць...» Як гэта разумець? Любошчы яна ім каб не перашкаджала ладзіць? Любіцца не замінала?.. Не, пра гэта яны як пра нешта другараднае гавораць. А што ў іх тады галоўнае?.. «Што ты зрабіў дзеля нашай перамогі?..» І нібыта ўжо не ў сябе запытваюць, а ў яе, Рэнаты! Быццам ужо яе, Рэнату, судзяць яны, быццам ціснуць да сцяны сваім запытаннем. І адкуль, адкуль у яе, гэтай Валькі, зялёнай, неразумнай, цвёрдасць гэтая і пераконанасць?.. Дзе ж! Жонка ўжо Гарыкава! Гэта ад яго, відаць, і зацятасць, і ўпартасць, і разуменне таго, што гаворыць правільна, пераконанне ў тым, што ведае, куды ісці і што рабіць. «Іду з Гарыкам у атрад!» Лёгка як усё вырашыла!

А ёй, Рэнаце, куды ісці? Куды ёй ісці, калі малы Данічак на руках?..

Рэната адчувала, што знемаглася канчаткова ад усіх гэтых запытанняў, падобных на снегавы камяк, што коціцца па мокрым снезе, разумела праўду, якую выказала дачка. Ёй было горка і з таго, што не яна, маці, дарослы чалавек, гаворыць гэтую праўду, а гаворыць дачка, якую яна лічыла зялёнай і неразумнай, і з таго, што ўсё ў жыцці зноў пайшло на злом, усё развальваецца, усё ідзе зусім не так, як гэта яна планавала, як гэтага ёй хацелася б. Рэната разумела, што гэтая горыч не тычыцца праўды, якую выказала дачка, і таму прымала яе, гэтую праўду, усім сэрцам і, усё яшчэ нічога не дараваўшы дачцэ, злавала на яе, злавала і ненавідзела Лагуціна, а ўпотай — сама дзівячыся і баючыся гэтага свайго адчування! — пачынала ганарыцца і Лагуціным, і ёю, сваёй дачкою, і тым, што яны вырашылі менавіта так распарадзіцца сваім лёсам.

Дакладней, гэта быў не гонар, а нейкае іншае, Рэнаце раней не вядомае пачуццё. Ты зненавідзела Лагуціна? Маеш права. Але ж у чым ён вінаваты? Пакахаў Валю? Дык хіба ж можна забараніць каханне? Ім, каханнем, ганарыцца трэба, ганарыцца, у які б час яно ні прыйшло ў чалавечае сэрца. Дачка кажа праўду: дарослы, маўляў, чалавек! І яна, Рэната, не яго, Гарыка, павінна ненавідзець. Яна павінна ненавідзець толькі чужынцаў, якія нарабілі людзям гэтулькі гора, пакруцілі, кінулі ўсё на злом. На злом? Не-е, хай жа ў чужынцаў праклятых усё пойдзе на злом! А ў Валі з Лагуціным хай усё ідзе добра, хай усё ідзе ладам, хай шчаслівай будзе дарога!..

Разумныя і добрыя думкі, што снавалі ў галаве, не заспакойвалі, не прыносілі палёгкі, трывожылі, і сэрца ў Рэнаты балела нясцерпна, нейкім новым, вострым і колкім болем..



19

Мінуў адзін тыдзень, другі — ніякіх звестак ад Валі і Лагуціна не было. Поўная гэтая невядомасць — хоць бы слоўца адно, нейкі знак, што жывыя, што шчаслівай была дарога! — змучыла Рэнату, яна кепска спала па начах, сніла благія сны, і нядобрыя прадчуванні ўсё мацнелі, болем асядаючы ў душы: здарылася, мабыць, нешта непрадбачанае.

Рэната не магла сабе дараваць, што ў тую ноч не стрымалася і пабіла дачку ў Бохачавым садзе і ранкам не дужа ветліва размаўляла і з ёю, і з Лагуціным і змрочна паглядала на іх. Праўда, на развітанні, у Пагіршчыне, куды яна іх праводзіла, Рэната горача і шчыра пацалавала і Валю, і Лагуціна і жадала добрага, і ростань, на яе думку, была цёплая. Цеплыні, аднак, у іхніх вачах яна не прыкмеціла: і ён і яна размаўлялі з ёю пачціва, весела, ласкава, але на ўсім ляжаў адбітак робленасці, нейкай крыўды, прыхаванай глыбока.

Тая крыўда ў вачах дачкі запала ў сэрца, не давала спакою ўвесь час. Безліч разоў Рэната спрабавала сябе суцешыць тым, што памылілася, што ніякай крыўды на яе, маці, дачка не панесла з сабою, што яе, той крыўды, у Валіных вачах зусім не было, і гэтыя намаганні прыносілі толькі горшае — сэрца нудзілася яшчэ больш.

На зыходзе трэцяга дня, у суботу, Рэната зноў прачнулася на золку з цяжарам на сэрцы, доўга круцілася на канапе, потым, калі пачало ўзыходзіць сонца, прыдрамала, і ёй саснілася тое, што ўжо снілася шмат разоў — лаянка з дачкою. Але ў адрозненне ад усіх ранейшых мрояў кожнае слова Валі цяпер гучала з гневам і пагардай.

«Ты зненавідзела майго Гарыка. І гэта павернецца супраць цябе, май на ўвазе!»

«Гэта мне, маці сваёй, гаворыш? Апамятайся!»

«Ты сама спярша апамятайся. Гарык ідзе басанож. А ты шкадуеш боты».

«Гэта бацькавы боты! І Гарык твой не хоча іх надзяваць. І, думаецца, правільна робіць: боты новыя, камсастаўскія, паліцэйскія могуць прычапіцца...»

«Ён жа бачыць, што ты не хочаш іх аддаваць. Вось і знайшоў адгаворку».

«Я ж казала яму: надзявай. А ён — тары-бары разводзіць».

«Каб тыда яго з душою, дык надзеў бы. І не пайшоў бы ў тых, падраных...»

«Скажы яму, хай надзявае».

«Спахапілася! Цяпер не патрэбны нам тыя боты!»

«Упрасі яго!»

«Позна ты просіш, матуля. Позна!»

«Добрае чалавеку зрабіць — аніколі не позна. Я сама яго зараз паклічу і скажу. І ён мяне паслухае... І ты не лічы, калі ласка, сваю матулю жміндай...»

Лагуцін — ён цяпер, выдаваў нейкім прыгорбленым, таўсматым — ішоў усё далей і далей, і Валя ўвішна тэпала следам. Рэната бегла за імі, трымаючы мужавы боты ў руках, прасіла Валю пачакаць, не ісці гэтак хутка і прасіла Лагуціна спыніцца, надзець боты. Але ён як не чуў, і не чула дачка, і Рэната бегла за імі следам; бегла берагам Палаты, бегла па вузкіх і пыльных вулачках Пагіршчыны, бегла полем, потым па садзе, дзе цвілі яблыні. Вецер трос дрэвы, з галін густа і несупынна сыпалася і сыпалася квецень, і ў гэтай белай віхуры ўсё аддаляліся і аддаляліся знаёмыя постаці; вось яны мільганулі за дрэвамі, на імгненне як бы наблізіліся, потым імкліва зніклі, расталі ў мігатлівай пялёсткавай завеі.

Не знікаў толькі голас дачкі, гучаў дужа выразна, але не злосна, а неяк ласкава, са спачуваннем.

«Ніколі не позна!.. Ніколі не позна!..»

Гэты голас падспешваў Рэнату, і яна бегла, гукала дачку і з кожным імгненнем палохалася, бянтэжылася ўсё больш і больш. Слаба, дужа няпэўна і слаба гучыць яе голас, дачка, напэўна ж, нічога не чуе. Ёй, Рэнаце, трэба бегчы хутчэй, гукаць мацней. Яна павінна іх дагнаць, аддаць Лагуціну боты, пераканаць і яго і Валю ў тым, што яны памыліліся, усё зразумелі не так, як трэба.

«Яшчэ крышку! Яшчэ крышачку, і я даганю іх!..»

Не, ёй ужо не дагнаць Валю! Не дагнаць Лагуціна! Далёка яны ўжо за садам. І ралля пайшла нейкая вязкая, разоры глыбокія, цяжка бегчы па іх... Ды не Лагуцін у садзе! Курач гэта! З Валяй!..

Рэната прачнулася, села на канапе, услухоўвалася ў грукатлівае туканне сэрца. Гэткая ж выразная мроя, як нядаўна пра Міхала; нібыта ўяве бегла, высільвалася, правальваючыся ў разоры вязкай раллі. І ў роце ўсё перасохла, язык быццам драўляны, не павярнуць. І шыя мокрая ад поту. Небачка! Як жа ўсё выразна саснілася! Да вайны, помніцца, і сноў аніякіх дужа і не бачыла, рэдка, дужа рэдка ёй нешта, здаралася, сасніцца. А цяпер дык штоноч. Хай сабе Міхал, Валя, Лагуцін сасніўся — тут зразумела, пра іх штомінутна думаеш — гэтак жа, як і пра Алеся. А Курач той? Калі тое было! І вось жа сасніўся зноў, побач з Валяю ён! Гэта ж з самага пачатку ёй і снілася, што Валя з Курачом бегла, яна адразу заўважыла, што нешта Лагуцін на сябе не падобны. Дурны нейкі сон, вельмі благі сон!..

Яна ўзнялася, пастаяла ля ложка, дзе, зарыўшыся тварыкам у падушку і выставіўшы з-пад коўдры голы азадачак, моцна спаў Данік; паправіла коўдру, выпіла вады, якая стаяла ў слоіку на стале. Цёплая дужа вада. За ноч угрэецца, піць яе проста непрыемна. А ваду негатаваную ўжываць небяспечна: захварэеш — прападзеш.

«Трэба мне выйсці з зямлянкі, зірнуць, які дзень будзе...»

З-за Дзвіны дзьмуў, як і ўчора, парывамі, цёплы паўднёвы вецер. Ранкам таго дня, калі Валя з Лагуціным пайшлі з горада, дождж не сабраўся, дзень быў спякотны, і ўсе дні пасля стаяў сухмень. Здаецца, сёння на дождж спадзяванка таксама малая — чыстае неба, толькі за Дзвіной, дужа далёка, над лесам, чародка белых воблакаў. І раса на траве... Значыцца, давядзецца зноў брацца за гэты звыклы, але дужа цяжкі занятак — цягаць з рэчкі ваду, паліваць салату і радыску. І шкадаваць сілы не выходзіць: тое, што расце на градах,— адзіны паратунак, адзіная надзея і на сняданак, і на абед, і на вячэру. Пазаўчора яна назбірала большай радыскі і салаты, аднесла да нямецкага шпіталя, памяняла на боханчык хлеба і маленькую, як з-пад гуталіну, бляшанку нейкага тлушчу, нечым падобнага на смалец. Але ад таго боханчыка толькі маленькі акрайчык застаўся на сёння: болей у хаце, калі не лічыць чатырох шклянак жытняга мліва і лыжачку таго смальцу, аніякага харчу няма. Ані каліўца! Трэба і сёння пайсці, паспрабаваць памяняць радыску. Але не да шпіталя ісці, на базар. Учора Гардзеіха — выпадкова яны стрэліся! — пахвалілася, што радыску і цыбулю зялёную ў яе на базары як не з рук выхапілі. Цыбулька і радыска ў цане — па дваццаць марак за пучок: значыцца, за тую зеляніну, што яна аднесла ў шпіталь, можна было ж два боханчыкі мець!..

Рэната ўзяла суды, разоў з дзесяць схадзіла на Дзвіну, старанна паліла ўсе грады, потым нашморгала салаты і радыскі. Мыла яна зеляніну не ў рацэ, а пад узвалам, ля- крынічкі. Крынічка была там здаўна, потым заплыла глінаю, зарасла травою. Але след ад яе застаўся — улетку пад узвалам заўжды, нават у самы сухмень, чаўкала пад нагамі зямля. Калі студню на матчынай сядзібе засыпала выбухам бомбы, Бохач зрабіў на месцы крынічкі неглыбокую копанку, паставіў у яе кадушку, у якой выбіў дно, і крынічка зажыла. Вясною, як толькі сагнала снег, Лагуцін пачысціў яе, і цяпер там вада чыстая, смачная. Але не пакіпяціўшы яе папярэдне, Рэната ваду з крыніцы не піла — напалохалі розныя пагудкі пра хваробу, што ўвосень пакаціла пяць чалавек у Пагіршчыне: пілі, нібыта, сырую ваду са студні. Лагуцін жа над гэтым пасмейваўся, сам піў ваду толькі крынічную, нават конаўку ля крынічкі павесіў на калку. Вісіць вось конавачка, пагбаная, абгарэлая — знайшоў недзе Лагуцін на попелішчы. Далёка цяпер Лагуцін. А конавачка вось вісіць, і нізенькая лавачка, якую ён змайстраваў ля крынічкі, каб было дзе паставіць вядро, засталася — памяць пра добрае сэрца чалавека. А ён жа, гэты Гарык, сапраўды неблагі чалавек, вельмі шчыры і чулы.

Рэната зноў прыгадала сон і спалохалася: Лагуцін на Курача быў у сне падобны. Гэтак жа, прыгорбіўшыся, ішоў Лагуцін, нейкі таўсматы. Не, не! Зусім не падобны Лагуцін на Курача. Курач чалавек злосны, нядобры, ён паліваў гразёю ўсё тое, у што Рэната верыла і верыць... А можа, ён, той Курач, зусім і не злыдзень нейкі, а проста слабы душою чалавек, які зняверыўся, згаладаўся, зрабіўся з таго злосным на ўсіх. Але ж да цябе ён паставіўся няблага, нічога кепскага не зрабіў: як прыйшоў, гэтак і знік неўпрыкметку. Дзе ж знік! Гэта ж ты яго вытурыла тады з зямлянкі. Ды што мінулае варушыць — толькі сэрца сабе шкрабаць! Але ж чаго ён сасніўся разам з Лагуціным, разам з Валяй?.. Ды, зрэшты, лухта гэта — сон!..

Памыўшы зеляніну, Рэната склала яе ў вядро і нечакана адчула, што дужа стамілася, цягаючы ваду на грады. Захацелася адпачыць, і яна села на маленькую і нізенькую лавачку ля крынічкі. Зноў прыгадала свой сон, і неспакойныя і трывожныя думкі, што былі прыгаслі ў часе працы, выбухнулі, вырваліся з новай сілаю, быццам раптоўна адпачылі і набраліся дужасці. З той жа выразнасцю — як ужо шмат разоў і дагэтуль! — снавалі ўспаміны пра тую ноч, калі яна шукала дачку і неспадзявана знайшла яе ў скляпку ў суседскім садзе, пра падзеі таго ранку, які пачаўся пасля ночы; ажывалі нават галасы, і ўсё зноў выразна паўставала перад вачыма, нічога не страціўшы, і апякала, зноў мучыла згрызота.

«Навошта я пабіла дачку? Навошта аблаяла Лагуціна?..»

Цяпер на гэтыя знаёмыя пытанні ўжо не знаходзіліся тыя ўпэўненыя і ясныя адказы, якія, як ёй здавалася, былі раней. Цяпер ёй нечакана падалося, што яна не толькі паводзіла сябе не так, як тое трэба было рабіць, але і зламала нешта танклявае і дужа каштоўнае. Яна спрабавала цяпер даследаваць усе свае ўчынкі нанава, строга, і гэтыя яе ўчынкі палохалі тым, што, мажліва, цяпер і да яе, Рэнаты, Валя і Лагуцін ставяцца гэтак жа бязлітасна, як яна ставілася да іх; Валя і Лагуцін, мажліва, нічога не хочуць дараваць ёй, не даравалі і менавіта з таго дагэтуль і маўчаць, нічога не паведамляюць пра свой лёс.

Рэната зазірнула ў крынічку, убачыла на паверхні вады свой твар, на якім плылі адбіткі белых аблокаў, і адчуванне свае ўласнае віны перад дачкой прыгаломшыла яе. Так, дужа неразумна было з яе боку адразу ўзнімаць вэрхал. Ёй бы спакойна ва ўсім разабрацца, усё ўзважыць, шчыра да ўсяго паставіцца. А яна?.. Сунула свой язык на гарачую патэльню. А чаго дамаглася? І язык абсмаліла, і сэрца падпякла, і давер дачкі страціла. Калі ўжо любіцца дачка — па тваёй, матчынай, дошчачцы скакаць не будзе: куды сэрца вядзе — туды і паляціць. І толькі апошні дурань адважыцца на той дарозе стаць. А яна — стала! І як ваяўніча яшчэ! Вось і сёрбай цяпер кашу, якую сама заварыла.

Усё здавалася зразумелым, ясным у гэтых разважаннях. Але недзе глыбока ў душы ўсё мацнела разуменне таго, што ёсць у іх, тых разважаннях, нейкая недакладнасць, няпэўнасць. Няўжо і сапраўды, з крыўды вялікай і не шлюць яны табе вестачку? Не! Лагуцін абяцаў — яго слову яна верыць. І. Валя казала, як толькі дабярэцца да месца, ёй, Рэнаце, паведаміць, ці добрай была дарога. Праўда, як тое зробіцца — ні яна, ні ён нічога пэўнага не сказалі. А толькі адзінае прасілі: не хвалюйся, маўляў, чакай. Але ж колькі можна чакаць? Можа, варта ёй пайсці на пошукі? Узяць Даніка і пайсці. Але ж куды? Да таго ручая, відаць, трэба пайсці. Але ж зноў — небяспека: будзеш туды перціся, а патрэбная табе вестачка тут цябе шукаць будзе. Можа, урэшце і ад Алеся які знак будзе. Ці ад Міхала. Нечага, вясною, Міхал усё часцей і часцей сніцца. Але ж нешта не спраўджваюцца сны. Па снах тых ужо шмат разоў выходзіла, што і пра Алеся дачуецца, і Міхал вернецца, і яна даведаецца пра дачку і Лагуціна. Трэба, мабыць, ёй разам з імі выпраўляцца тады было, не заставацца тут, у гэтай зямлянцы, з малым. Але ж хто можа сказаць, што гэта памылка?.. Хто можа ёй сёння дакладна сказаць пра тое, дзе б яна, Рэната, зараз была, каб рушыла разам з Валяй? Лагуцін яе тады пераканаў, што ёй трэба застацца. Яму, Лагуціну, можна і трэба давяраць: у яго вопыт, у яго — веданне ляснога жыцця...

Рэната раптам згледзела рух на Дзвіне, ускінула галаву і тут жа ўчула рэзкі строкат матора і ўбачыла човен, які выплыў з-за павароткі. Пакідаючы пенны след за кармою, маторка неслася ў бок моста; салдаты, што сядзелі ў маторцы, нешта гукалі вясёлае, і гукалі менавіта ёй, Рэнаце, і махалі рукамі, як бы запрашаючы яе да сябе. Яна з нянавісцю плюнула, уголас, не баючыся, што яе пачуюць, аблаяла фашыстаў.

Строкат маторкі неўзабаве аціх, потым растаў, як адкінуты ветрам. На бераг, з пляскатам, наматваліся рудыя хвалі — вада ў Дзвіне ўсё яшчэ была гэткая ж жаўтлявая, з гліністым адценнем, як у час паводкі,— ціха лапаталі на прыбярэжных каменьчыках, і гэтая ласкавая, ціхамірная мелодыя дзівосна супакойвала і ўлагоджвала Рэнату. Так, усё складзецца ў яе дзяцей добра, і яна хутка даведаецца пра гэта.

Рэната ўзнялася па прыступках на ўзвал і збянтэжана спынілася: салдат у зялёным шпітальным халаце шпацыруе ў гародчыку! Параненыя фашысты, якія пачалі папраўляцца, часцяком выходзілі са шпіталю на замчышча. У апошнія, цёплыя, дні яны рассаджваліся на ўгрэтай сонцам траве, глядзелі на Дзвіну, пра нешта гаманілі, некаторыя спускаліся на бераг ракі, швэндаліся па завулку; часцяком было чуваць, як пілікае губны гармонік.

Да зямлянкі, аднак, фашысты аніводнага разу не падыходзілі. Цяпер жа гэты салдат — у ботах з кароткімі халявамі, мышастых штанах — нешта разглядае на градах, пахаджвае па баразёнках, як нечага шукае. Цяпер вось нахіліўся, халат у яго разлятаецца на бакі, быццам крылы, адкрыўшы споднюю кашулю, шэрую, як блага памытую. Цікава, што яму там спатрэбілася?.. Салату, здаецца, збірае. Адшчыкнуў, здаецца, каліва, паклаў у рот. Жуе таропка, нахапкам — па густу, мабыць, зеляніна!..

Рэната разгубілася, апусціла вядро з вадой на дол. Вядро з зелянінаю, якое было ў левай руцэ, яна не выпусціла, яшчэ мацней учапілася ў тонкую металёвую дужку.

«Кінуся зараз пад узвал і схаваюся... Не, не паспею, відаць! І Данік жа адзін у зямлянцы! Смела трэба ісці!»

Салдат заўважыў яе, паківаў пальцам, гукнуў адрывіста:

— Ком, матка! Ком!..

Словы былі знаёмыя. Але Рэната зрабіла выгляд, што не толькі не разумее іх, але і ўвогуле не бачыць нікога і нічога не разумее, ішла па сцежцы, нахіліўшыся, заклапочаная, змарнелая, глядзела сабе пад ногі.

Яна сустракала фашыстаў штодня і шмат — і на вуліцах, і на базары, і ля ракі,— але варта ёй было пачуць гэтае ненавіснае «матка, ком!», як адразу нешта ламалася ў душы, і яна сціскалася, напружвалася, і яе пачынала біць знутры паганая дрыготка. Цяпер, узнікшы зноў, яна, знаёмая дрыготка, здавалася, нацягвала ўсе жылы, але была нейкая прыцішаная, прыглушаная, і гэта здзівіла Рэнату больш, чым тое, што салдат, быццам гаспадар, пахаджвае па яе гародчыку. У здзіўленні была і нянавісць, і нянавісць мацнейшая за тую, што даводзілася ёй адчуваць раней, калі яна бачыла людзей у мышастых фрэнчах.

«Гэтулькі я гаравала, гэтулькі працавала, урабляючы гародчык! Выполвала пустазелле, цягала ваду, каб паліць кожнае каліўца... А ён, чужынец гэты, прыцёгся і гаспадарыць!»

Зыркнула краёчкам вока на грады — было цяжка вытрываць, каб не паглядзець,— і ногі як прыраслі да зямлі. У ботах па градах прастуе! У ботах па бульбе таўчэцца!

— А што ж ты робіш, гад пракляты! — адчайна, забыўшыся на асцярогу, на дзіўна высокай ноце крыкнула Рэната.— Ты пасадзіў тут? Гэта тваё тут?.. З ботамі ён узлез на грады! Ма-арш адтуль!..

Яе здзівіў свой голас і яшчэ больш уразіла тое, што яна ўбачыла, калі салдат саскочыў з грады і шыбаваў баразёнкаю па сцежцы. Аднарукі! Ён жа аднарукі! Не, ёсць і другая рука, толькі пад халатам, на почапцы вісіць!..

Але шкадавання не ўзнікала, была зларадная, помслівая думка: не дабілі гада, толькі паранілі. І не малады ўжо. І якія нядобрыя, злосныя вочы!

Салдат падышоў да Рэнаты, нахіліўся над вядром, выцягнуў рукою вялікі пук радыскі, пакруціў перад сабою, агледзеў з усіх бакоў, працягнуў ухвальна:

— Гу-ут! Прыма!

Потым ён залапатаў нешта незразумелае, сыпаў скорагаворкаю і адначасова паказваў пуком радыскі то на грады, то на замчышча. Яна не дапяла, што ад яе патрабуюць, але са згодаю, каб толькі адчапіцца, заківала галавою:

— Гут, гут!..

Ад зямлянкі бег па сцежцы Данік, без штонікаў, у адной доўгай кашульцы, у старых Валіных туфліках, якія ён, прачнуўшыся, сам і нацягнуў набасанож. Данік спыніўся перад салдатам, стаяў, счапіўшы рукі за спінаю, глядзеў незалежна і ганарліва. Салдат сыкнуў на малога, зноў зрабіў пучком радыскі знак у бок замчышча, потым торкнуў пад нос Рэнаце гадзіннік, як бы запрашаючы зірнуць, колькі зараз часу, затым нешта загергатаў скорагаворкаю, загрукаў ботам у вядро, пагрозліва трасучы пукам радыскі перад Рэнаціным тварам.

Яна заківала галавою, пагаджаючыся, як бы ўсё зразумеўшы. Салдат пачаў казаць нешта ўхвальнае, потым нечакана зноў перайшоў на тон пагрозлівы. Рэната злавіла злосны позірк салдата, скіраваны на Даніка, які стаяў на сцежцы ўсё ў той жа ганарлівай і незалежнай паставе, і спалохалася — прычэпіцца шчэ да малога, будзе тады бяды! — і заківала галавою, таропка паўтарыла тое, што ўжо казала:

— Гут, гут!..

Салдат нешта геркнуў, потым, быццам кручком, падчапіў левым ботам Даніка за кашульку і скінуў са сцежкі ў баразёнку, скінуў як нешта непатрэбнае, што замінала яму, і пайшоў далей, прасуючы каванымі падэшвамі малады трыпутнік. Рэната кінулася да сына, узняла яго, пачала атрэсваць кашульку. Яна рабіла ўсё моўчкі, як страціўшы здольнасць размаўляць і толькі потым, калі салдат дыбаў правулкам ужо, кінула наўздагон:

— Ірад! Гад пракляты, каб цябе гэтак па каменні кідала да самай магілы,— і, як адразу ж скасаваўшы сваю нянавісць, загаманіла ласкава: —Не пабіўся, сыночак? Не баліць нідзе?..

Данік крутнуў галавой:

— Не баліць.

— А кроў жа вось. На каленцы. Ты толькі не плач...

— Я ніколі перад імі не буду плакаць. Фашысты паганыя!

У голасе Даніка прагучалі знаёмыя ноткі сталасці — ноткі, якія шмат разоў даводзілася чуць ад дачкі,— і Рэната ўсміхнулася, папрасіла даверліва і шчыра:

— Не чапай ты іх, паганцаў. Не трэба, каб яны пачулі.

— Я іх не баюся!

Зноў у Данікавым голасе прагучалі Валіны ноткі, і Рэнату цяпер гэта занепакоіла. Яна моўчкі падхапіла малога на рукі, панесла да зямлянкі, прамыла драпіны на каленцы вадой, потым мітнулася ў сад, нарвала над яблынямі пахучай гаючкі, расцерла яе ў далонях.

— Навошта гэта? — стала, як голасам дарослага, запытаў Данік.

— Гаючка лепей ёду. Ад ёду баліць крэпка, а яна мякенькая. Трошкі, праўда, і пяпячэ. Трывай, сыночак...

— Завязвай,— зноў дужа стала, па-даросламу папрасіў Данік.— Няхай пячэ!..

Гаючка пякла драпіны, Рэната гэта ведала і, убачыўшы, як зморшчыўся сынаў тварык, калі на драпіну паклалася зялёная аладка цёртай гаючкі, пяшчотна паабяцала:

— Ад гэтай травічкі ножка сёння і загоіцца.

— Яна ўжо загаілася.

— Вось і добра, сынок,— і асцярожна прыкруціла гаючку анучкаю.— А калі фашыст гэты зноў сюды заявіцца, мы яго прагонім, у крыўду я цябе не дам!

Зноў з той жа сталай цвёрдасцю ў голасе Данік — і гэта цяпер напалохала Рэнату! — паабяцаў:

— Я дзядзьку Гарыку скажу, і ён партызанаў прывядзе. Яны ўсіх фашыстаў пазабіваюць. І гэтага — у першую чаргу!

Рэната заціснула рот рукою, прыкусіла губу, пачала нешта разглядаць у доле, каб схаваць сваю разгубленасць. Адкуль малы ведае, што Лагуцін пайшоў у партызаны?.. А што, як хто-небудзь пачне распытваць Даніка і пра сястру, і пра Гарыка гэтага, і пра тое, дзе яны?.. Трэба нешта ўводзіць малому ў вушы, неяк падрыхтаваць на ўсялякі выпадак!

— Дзядзька Гарык дамоў пайшоў,— памяркоўна і разважліва прамовіла Рэната.— У яго ёсць свой дом. І мама там ёсць. Вось як у цябе, скажам.

— А чаго ж ён у нас жыў?

— Бо хворы быў. Ты ж вось таксама ўвосень хварэў. І паправіўся. І ён паправіўся. Паздаравеў, сілы набраўся і пайшоў к сабе дамоў.

На твары малога адбілася кароткая развага, але ён тут жа і адолеў яе, спытаў упарта:

— А чаго Валька з ім пайшла?

Рэната сумелася. От жа з гэтым жэўжыкам паспрабуй спрачацца. І спрачацца, ведама, не варта, трэба тлумачыць усё памяркоўна, не выклікаць у малога залішняй цікаўнасці, гаварыць проста і пераканаўча.

— Яна не з ім пайшла, яна сама па сабе пайшла,— і ўзялася расціраць мліва, каб зварыць зацірку.— У вёску пайшла, каб нейкага харчу прыдбаць. А як прыдбае, як памяняе сукенкі — ты ж бачыў, што яна і сукенкі з сабою ўзяла і соль? — дык адразу ж і вернецца. І калі хто-небудзь у цябе пра сястрычку папытае, дык ты гэтак і гавары. Скажаш?

— Скажу,— цвёрда і адразу ж паабяцаў Данік.

— Вось і добра. А зараз я зацірачку звару, хлебца табе дам. Мы паямо, а потым на базар пойдзем, разам пойдзем. Прадамо салату, радысачкі прадамо, а тады нешта купім...

— А што купім?

— Што ўдасца, сынок, паглядзім. Спачатку трэба будзе радысачку прадаць...

Рэната распаліла агонь пад трыногаю, паставіла на яе чыгунок з вадою, пачала крышыць у міску зеляніну і зноў падумала пра Лагуціна. Няўжо ён, Гарык гэты, гаманіў з малым пра сваё партызанства?.. Не, не можа гэтага быць! Ад Валі малы дачуўся. А можа, гаманіла яна з сваім Гарыкам, а гэты — вуха трубкаю. Гэты жэўжык — хітрэ-эц! Калі што ўчуе — робіць выгляд, што сваім заняты, а вушамі стрыжэ! Трэба цяпер гаварыць з Данікам ласкава, каб ён не прыгадваў больш Лагуціна, каб і ў памяці не было ў яго гэтае прозвішча!

— Пакладзі, сыночак, трэсачак пад трыногу. Каб хутчэй варылася наша зацірачка... Тыя, доўгенькія, пакладзі...

— А дзядзька Гарык казаў, што карацейшыя лепей гараць пад трыногаю. Калі зрабіў ён трыногу і агонь распальваў — казаў гэта.

І тут — Гарык. І нікуды ад яго не схаваешся: Лагуцін і зрабіў гэтую трыногу з тоўстага жалезнага прэнту і малога вучыў, як агонь распальваць, і малы да яго цалюткі дзень прыставаў. У памяці цяпер, нічога не паробіш. Адзіны паратунак — радзей нагадваць тое, малы і забудзе...

— Зараз мы радысачкі паямо. І салаты крышку,— сказала Рэната, адводзячы малога ад непатрэбнай гаворкі.— Ты радысачку любіш?

Данік адказаў зацята:

— Не! Яна несалодкая!

— Дык што з таго, што несалодкая? Затое калі будзеш есці радысачку і салату, дык вырасцеш вялікі і дужы.

— Як дзядзька Гарык?

Прастадушнае Данікава запытанне збянтэжыла Рэнату. Сеў жа «дзядзька Гарык» у памяць малому — цяпер ніяк і не закрэсліш. А трэба ўсё роўна нейкія захады рабіць, каб вылецела з галавы ў малога гэтае імя!

— Як татка наш,— сказала Рэната стрымана, але з націскам, каб малы слухаў яе.— І ён хутка вернецца. Лета будзе, і ён вернецца...

Данік перапыніў яе:

— Татка вернецца, калі ўсіх фашыстаў прагоніць. Вось калі наш татка вернецца!

Нож, якім Рэната крышыла радыску, здрыгануўся ў руцэ. Апошнім часам яна сумысля і шмат разоў казала сыну, што яго татка яшчэ да вайны паехаў на працу ў другі горад і цяпер не можа вярнуцца, бо ідзе вайна і цягнікі не вязуць пасажыраў, а толькі войска.

А як вайна скончыцца, татка сядзе на цягнік і вернецца дамоў.

Малы ў гэта верыў. Адкуль жа цяпер у яго гэтае цвёрдае перакананне, што татка вернецца, калі «ўсіх фашыстаў прагоніць»? Нехта ж увёў такое яму ў вушы. Нехта? Ды, напэўна, усё той жа «дзядзька Гарык». А што адыходзіць малому ляпнуць гэтае — «усіх фашыстаў прагоніць»! — перад чужым чалавекам?

— Табе дзядзька Гарык сказаў, што татка вернецца, калі ўсіх фашыстаў прагоніць? — папытала Рэната мякка, задаволеная самастойнасцю Даніка, якой не прыкмячала раней.

— Не-а, не ён. Валька сказала па сакрэту. А дзядзька Гарык папярэдзіў: нікому ані-ні!

— Па-першае, Валя-сястрыца, а не гэтак, як ты кажаш — Валька. А па-другое, вялікі ты балбатун. Яму — па-сакрэту, а ён — усяму свету.

— Табе — можна. А фашысты ў мяне нічога не дазнаюцца. Хай нават заб’юць!

Горкі камяк падкаціў да сэрца, і Рэната прамовіла размяклым ад хвалявання голасам:

— Правільна, сынок. Нават калі страшыць хто будзе — маўчы. Які паліцэйскі будзе гразіць — маўчы.

— Не баюся я іх!

— Ты ў мяне смелы. Я ведаю. Скажы, што яшчэ табе Валя казала?

— Пра хлеб? — неяк спалохана спытаўся Данік.

«Пра хлеб? Які яшчэ хлеб?.. Прагаварыўся, відаць, малы. Трэба асцярожна да яго падысці, усё выведаць, пра ўсё дазнацца. Каб толькі не напалохаць яго, каб не заўпарціўся. А ён гэта можа зрабіць — тады ад яго нічога не выцягнеш».

— Не-е,— з робленай абыякавасцю прамовіла Рэната.— Я ўвогуле...

— Казала, каб цябе слухаўся ва ўсім. Бо я адзіны тут мужчына. І павінен цябе слухацца. І абараняць. Каб фашысты не пакрыўдзілі...

— І каб хлеб не забралі? — спытала яна ласкава, разлічваючы, што малы павінен нешта тут патлумачыць.

— Э-э, хлеб яны не забяруць,— з гонарам сказаў Данік.— Пра хлеб яны не ведаюць нічога. Пра хлеб Валя загадала, каб і табе нічога не казаў. Толькі тады ўзяць яго можна, калі ўжо зусім не будзе чаго есці. Дзядзька Гарык сказаў: гэта — недатыкальны запас.

— Мы хлебец і не будзем чапаць, паколькі ён — недатыкальны запас,— сказала Рэната, падрабляючыся пад сынаву гаворку і разумеючы, што толькі вось гэтак, асцярожненька, яна можа аб усім даведацца.— Але ж правяраць яго трэба. Каб не сапсаваўся, не заплеснеў.

— Я толькі што глядзеў. Прасначкі не заплеснелі, харошыя. У схованцы ім суха.

— А ці добра ж ты яе закрыў, схованачку?

— До-обра! Я адразу навучыўся яе закрываць і адкрываць. Валя мне паказала — я ў момант і навучыўся. Прасначкам там добра ляжаць. Валя ж усё нам пакінула, што ты ім спякла...

Вось, выяўляецца, з чаго склаўся той недатыкальны запас! Прасначкі, значыцца, Валя з Лагуціным не ўзялі, пахавалі ў схованцы пад грубкаю, пакінулі ўпотай, ведаючы, што яна не пагодзіцца, прымусіць узяць харч з сабою. І каму даверылі схованку? Малому! А ён жа ўсё выдаў, усё расказаў! Але ж і натура ў хлопчыка — гэтулькі дзён маўчаў! Каб табе слоўца! І, відаць, правяраў жа схованку неаднойчы ўпотай. І праснакі тыя, галодненькі, бачыў, і не чапаў, і думаў жа, відаць, пра той хлебец штодня! Нават сёння, прачнуўшыся, адразу да той схованачкі пабег, праверыць, ці цэлая...

Рэнату душылі слёзы. Нахілілася над чыгунком, у якім ужо віравала, пенілася вада, пачала церці, быццам ад дыму, вочы. Трэба схаваць, трэба абавязкова схаваць ад малога, што яна гэтак расчулілася, ён не павінен бачыць, што яна плача! Але ж ці ўтаймуеш іх, гэтыя горкія і няпрошаныя слёзы!

Яна ўвесь час адварачвалася, без патрэбы схілялася над чыгунком, хаваючы ад сына свой твар. Нечаканая паваротка ў гаворцы з Данікам не толькі неверагодна расчуліла яе, але і ашаломіла. Ёсць, значыцца, і ў Даніка сваё, патаемнае жыццё, якое ёй, маці, дагэтуль было не вядома. Жэўжык, горкае гэта хлапчанё, будзе абараняць яе, маці? Ён жа не толькі збіраецца яе абараняць, але і перакананы, што можа гэта зрабіць і зробіць належным чынам! А Валя! Яны, значыцца, гаварылі паміж сабою пра яе, Рэнату, гаварылі шмат, пра нешта дамаўляліся. Пра нешта?.. Ды ўсё пра адно і тое ж, напэўна, як яе, маці, ад бяды захіліць, ад фашыстаў уберагчы, ад голаду ўратаваць!..

Цяпер зусім па-іншаму паўсталі перад Рэнатай падзеі той ночы, калі яна шукала Валю і знайшла яе ў суседскім скляпку з Лагуціным. Яшчэ мацней, чым усе папярэднія разы, яе прыціснула згрызота.

«Я не заўважыла, што выраслі мае дзеці».

Так, яны выраслі. І выраслі даўно, выраслі мужнымі, шчырымі, чулымі... Хіба ж можа быць у маці большае багацце? Гэта ж самая высокая ўзнагарода для маці — бачыць сваіх дзяцей добрымі, шчырымі, высакароднымі... І ёсць жа, ёсць у яе, Рэнаты, такая ўзнагарода! Яна, Рэната, выяўляецца, не прыкмеціла галоўнага, у час не заўважыла тое галоўнае... Ад усяго намагалася яна ўберагчы Валю, захаваць, лічыла малой, зялёнай дзяўчынкаю і не прыкмеціла змены, што адбыліся з дачкою ў апошні час. Валя пасталела за гэты віхурны год на ўсе тры, калі не больш, гады, і яна ўжо не дзяўчынка! Жанчына! І гэтага не заўважыць своечасова?.. З таго, відаць, і не заўважыла, што не давярала, не лічыла чалавекам дарослым, трымала ў сэрцы толькі адзіны клопат — накарміць дзяцей, каб не галодныя клаліся спаць, каб не гібелі ў холадзе... А яна, Валя, жыла, выяўляецца, тым жа клопатам, якім жыў і Лагуцін, яна глядзела далей за яе, Рэнату, і клапацілася аб ёй, сваёй маці, і не ёй, сваёй маці, болей давярала, а яму, Лагуціну, незнаёмаму раней чалавеку. І на малога Даніка Валя, аказваецца, больш за яе, маці, уплывала. Але ж адкуль, адкуль гэтая цвёрдасць натуры? Чаму чалавеку, якога Валя раней зусім і не ведала, яна цяпер давярае болей, чым ёй, маці?.. Дык жа ж усё проста вельмі: кахае Валя Лагуціна. Кахае! І ў іх свая дарога, свой клопат, свае трывогі, свае надзеі...

«Не гараваць мне трэба! Радавацца!..»

Яна і сапраўды радавалася цяпер, зразумеўшы шмат з таго, чаго не разумела раней. Але радасць была кволая, ляжала глыбока ў сэрцы, верх жа бралі крыўда і шкадаванне. Як нейкі недавер ёй, маці,— рушылі ў гэткі свет з пустымі рукамі, нават кавалачка хлеба не ўзялі з сабою. Хіба ж разумныя людзі так робяць? І хіба ж разумна малому Данічку больш давяраць, чым ёй, маці?

«Але ж і малы зацяты!»

Думка пра сынаву ўпартасць змякчала сэрца, крыўда паменела, і шкадаванне было ўжо не гэткае пякельнае і балючае.

— Ты сёння, значыцца, праверыў схованачку, сынок? — спытала Рэната і параіла тонам даверлівым і спагадлівым.— Трэба часцей паглядаць, каб не заплеснявеў хлебец...

— Ён харошы там. Я штодня правяраю.

Яна пагладзіла сына па галаве, прыгарнула, прамовіла даверліва:

— Калі захочаш, дык можаш і ўзяць прасначок.

— Няможна,— катэгарычна сказаў Данік і рашуча вызваліўся з матчыных рук, амаль скінуў іх.

— Чаму ж няможна?

— Дзядзька ж Гарык сказаў: у схованцы — баявы энзэ. Загадана яго не чапаць.

Рашучасць, з якой сын адкінуў яе рукі, пакрыўдзіла, і яна сказала са шкадаваннем:

— Баявы загад, значыцца, маеш...

— І Валька таксама дала загад,— і тут жа паправіўся: — І Валя гэткі ж загад дала: берагчы хлеб. Калі не будзе чаго есці — тады ўжо ўзяць... І я не чапаў яго, мама, зусім не чапаў. Толькі пагляджу, што ляжыць — і ўсё...

Слёзы зноў душылі Рэнату. Але цяпер гэта былі слёзы не пакуты, а радасці; радасць рынулася з сэрца, змятаючы крыўду, шкадаванне, ачышчаючы душу светлым і добрым пачуццём падзякі і любові.

«Гаротнічак ты мой... Апірышча ў бядзе...»

Рэната ласкава пагладзіла Даніка па галоўцы, і рука яе раптоўна скаланулася. Здаецца, што неяк пацямнелі валасы ў малога? І нейкія каляныя, як бы цвярдзейшыя зрабіліся. У Валі і Алеся валасы мякенькія, шаўкавістыя, светленькія. А ў Даніка валасы цямнейшыя — Міхалкавы валасы. Міхал часцяком, было раней, жартаваў, што ў Геначкі валасы каляныя, бы з сухога сасновага шыгалля. І цяпер у Даніка — гэткія ж...

«Як у Геначкі ў малога валасы. І лобік, як у старэйшанькага — круты, шырокі... Няўжо ж і лёс аднолькавы?..»

Боль выбухнуў у сэрцы, і ад радасці, якая толькі што ачышчала душу, не засталося нічога. Яна схапіла малога на рукі, моцна прыціснула да грудзей, прагна і пяшчотна пацалавала. Не, не! Не гэткі, як у старэйшага, Данікаў лёс! Шчаслівы лёс будзе ў малога! Яна, Рэната, затуліць Данічка ад усякай бяды, гора, няўдачы, не дасць у крыўду! Лепей сама загіне — Данічка ўратуе!

Яна прадчувала, што бяда, напэўна ж, недзе чакае і яе, і яе дзяцей, і была гатовая змагацца з той бядою, перамагчы.



20

За спаленым будынкам даваеннай пошты, на ўскрайку былога скверыка, ля старога клёна, Рэната неспадзеўкі ўбачыла Гардзеіху. У першы дзень вайны, калі фашысцкія самалёты наляцелі на горад, непадалёк ад клёна разарвалася бомба, ён моцна нахіліўся, але голле яго, быццам рукі, упёрлася ў зямлю, і цяпер стваралася ўражанне, што дрэва сіліцца ўзняцца, стаць роўна. Дрэва даўно павінна было б ссохнуць — амаль усё карэнне тырчала з зямлі,— але яно не загінула, кожная галінка зазелянела нават, была абвешана шырокімі гронкамі маладых «носікаў», якія быццам хтосьці наўмысна паначапляў пад тонкую, узорыстую лістоту.

На адным з каранёў, што вылузнуўся з зямлі тоўстай рудой падковаю, і сядзела Гардзеіха. Прыхінуўшыся спінаю да камля, яна знерухомела, бы заснула, і абедзве рукі яе ляжалі на дужцы старой, пераплеценай белым дротам кашолцы.

Пачуўшы крокі, Гардзеіха адплюшчыла вочы, узрадавана прамовіла, быццам апраўдвалася:

— А я тут села і прыдрамала на сонцы...

— Ночы табе было мала? — пажартавала Рэната, разглядаючы кашолку, у якой зелянела салата, густа папырсканая вадой.

Гардзеіха азірнулася, нават прыўзнялася, каб лепей бачыць усё наўкола, потым села, паведаміла прыцішана:

— Вачэй нават не звяла ўночы. Звечара на аэрадроме ўсё нешта грукала, грукала... А потым, апоўначы, як загрыме-ела. І за Слабадою недзе — выбух на світанні ўжо быў. А ты хіба не чула грукату?

— Ані,— шчыра прызналася Рэната і, згледзеўшы, што Данік караскаецца па крывульцы-галіне клёна, сярдзіта гукнула: —Куды ты, куды? Зваліцца хочаш?

— Я «носікаў» хачу. Яны малюпа-асенькія...

— Будзе табе носік, як ляснешся!

— Не чапай ты гэтага хлопца! Хай лезе,— і Гардзеіха, нахіліўшыся, як не ў самае вуха, загаварыла таропка: — Нашы яшчэ адзін эшалончык пад Слабадою кувыркнулі. Да апошняга вагончыка — пад адхон. Я ўночы не магла дапяць, з чаго гэта машыны іхнія туды-сюды, туды-сюды... Ажно — параненых вывозілі. Танкісты ехалі на фронт. А з іх — каша там кашаю...

Нікога вакол не было, але Рэната, як і Гардзеіха нядаўна, уважліва азірнулася, спытала радасным шэптам:

— Сама хіба бачыла?

— Ад Пракопчыхі даведалася: у гэтай на языку нічога не затрымаецца! А цяпер вось села, дык одум узяў: як на базар ісці? Аблава, напэўна ж, будзе!

— А чаго выправілася? Сядзела б дома.

— Што ты ў тым доме выседзіш? Надрала ж вось гэтага зелля звечара — можа, мыла брусочак выменяю. У шчолаку бялізну шчэ так-сяк і адшаруеш. Але ж сама ў той шчолак не ўскочыш. Вось і марыш, каб памыцца з добрым мылам.

— Чаго ж тады тут разлеглася?

— Я ж табе кажу: на сонейку ўгрэлася. Сяджу, даваеннае ўсё ў памяці варушу... У крамку, было, зойдзеш — мыла таго на выбар: і сунічнае, і лясное, і бэзавае...

Рэнаце здалося, што Гардзеіха з нейкім прыцэлам вядзе гаворку пра даваеннае жыццё, як бы спрабуе пра нешта дазнацца, і абсекла яе сухавата і незадаволена:

— Чаго душу вярэдзіш? Пайшлі...

— Іду, галубка, іду. Удваіх весялей. І мужчынка з намі.

— А-ай, неслух гэты. Адно ведае: швэндацца яму абы-дзе...

— Э, не! Кемлівы ён у цябе, здагадлівы — галава добра шурупіць. Ад такіх дзетак — сэрцу не балець.

— Каб жа ж,— Рэната вельмі зарадавалася, што Гардзеіха гэтак добра сказала пра сына.

— І Валя ў цябе разу-умніца. І дужа ж ласкавая. Мы з ёю, як тады на Дзісну паходам тэпалі, аб усім гаманілі. Я натупалася, памятаю, за дзень, ногі гудуць — не вытрываць. Дык яна мне ўсё адно цвердзіць: дайце ваш мех, памагу несці. Добра мы тады жытца намянялі...

— Э-э, адзін успамін пра тое жытцо,— сказала Рэната, каб перакінуць гаворку на нешта іншае, не гаварыць пра дачку.— У мяне сёлета салату гоніць — бы лес. І радысачка. І сёння, ведаеш, іду з Дзвіны, а нейкі гад са шпіталю ўжо мой гародчык малоціць. Па градах, ведаеш, у ботах сваіх швэндае, радысачку маладзенькую напоўніцу жарэ. Я ўжо яго ледзь загрудкі не схапіла...

Гардзеіха, як не чула Рэнацінай гаворкі пра радыску і салдата, які дратаваў грады, сказала павучальна і строга:

— Валя ў цябе дзяўчына прыгожая. І ты яе пільнуй, у горад не пускай. Ты ж ведаеш, што цяпер бандзюгі фашысцкія робяць? Хапаюць дзевак прыгожых, быццам вараннё. Салдацкі дом адкрываюць ля плошчы, у былым будынку школы. І вось туды — на абслугу. Чула?..

Дапытлівасць Гардзеіхі заўсёды трывожыла Рэнату, хвалявала: усё чалавек хоча ведаць, выпытвае, паддобрываецца. Цяпер жа вось пра Валю размову завяла. І ўсё здалёк і здалёк, нібыта дазналася пра нешта і асцярожна падбіраецца да галоўнага: дзе дачка, што парабляе, чаго яе даўно не бачна?

Рэната знарок накрычала на Даніка:

— Чаго адстаеш? Кінь мне зараз жа свае забаўкі!..

Данік, які ўсё ж злаўчыўся выламіць галінку з кляновымі «носікамі» латашыў яе, увесь час адставаў, і Рэната прыпынілася, быццам чакала яго. Але зрабіла яна тое сумысля, разлічваючы, што гаворка перапыніцца, пойдзе ў нейкім іншым кірунку. Гардзеіха, быццам адгадаўшы яе намер, таксама не ішла, чакала.

— У наступную суботу хачу зноў у Дзісну кінуцца,— паведаміла Гардзеіха, калі Рэната да яе наблізілася.— Можа, разам рушым?

— Не ведаю. З гэтым сваім гародчыкам прыбілася гладка. Сілы нямашака.

— Валю выпраўляй. У суботу — рушым. У нядзелю — там. У панядзелак — дома хлебец будзем есці...

Рэната сумелася: як патлумачыць, што Валі няма? Наважылася была сказаць, што дачка пайшла да сваякоў на вёску, і спахапілася: шмат жа разоў скардзілася, што не мае аніякіх сваякоў на вёсцы. Трэба, мабыць, гнуць знаёмае ўжо, тое, што казала яна і Даніку: Валя, маўляў, пайшла мяняць адзенне на хлеб. Калі Гардзеіха пачне раптам нешта распытваць у малога, дык і ён адкажа тое ж самае. Дзіўна! Гардзеісе яна раней давярала. З чаго ж цяпер гэтая раптоўная і моцная падазронасць?

— Трэба шчэ да той суботы дажыць!

Рэната пажартавала, і ёй адразу зрабілася добра: вось і знайшлася натуральная, разумная адгаворка.

— Дажывём, абавязкова дажывём. Няхай груганы берлінскія не дажываюць. Нешта ж яны сёння пазляталіся сюды... Бачыш?

Ля ўвахода на базар, ля стракатых ад аб’яў бочак, сноўдаліся салдаты; салдаты крочылі і па вуліцы, як бы загароджваючы ўваход. З-за будынка спаленай пошты выкаціўся грузавік, крыты брызентам, і Рэната спалохалася, тузанула Даніка за руку, пацягнула бліжэй да сябе:

— Куды пад машыну паўзеш?

Данік абурыўся зацята, хмурна:

— Што ты мяне тузаеш?! Усё, бачыш, парассыпалася...

Сагнуўшыся, ён пачаў збіраць з долу кляновыя «носікі», што разляцеліся па зямлі, і быў дужа заняты сваім клопатам. Рэната на нейкі міг пакінула малога без увагі, супынілася, спуджана ўглядалася наперад. Што ж гэта дзеецца там, ля ўвахода на базар? Апошні раз, як была тут, стаялі дзве бочкі, абклееныя аб’явамі, а цяпер дык чатыры. Сноўдаюцца вакол іх паліцэйскія, на бруку тоўпяцца людзі. Марудна паўзе па вуліцы грузавік, брызентавая фура над ім як бы пагойдваецца. І натоўп ля тых бочак як бы выгінаецца, як бы падкочвае тыя бочкі пад колы грузавіку. Але добра ніяк не разгледзіш, што там робіцца. Падобна, што людзі ўцякаюць падалей ад грузавіка. А Данік як не пад самую машыну прэцца...

— Куды, куды ён паўзе! — Рэната схапіла Даніка за руку, моцна тузанула, не дазволіўшы сабраць кляновыя «носікі».— Тут і стой! Пры мне стой! — і з трывогай запыталася ў Гардзеіхі: — А што гэта тамка? Нейкі вэрхал...

Гардзеіха, спалохана азіраючыся па баках, прамовіла няпэўна, але з трывогай:

— Не магу сцяміць... Падобна, што ачапілі базар. І не выпускаюць нікога... Толькі на аблаву не падобна, новае нешта...

— Нашто ж нам перціся ў гэты нерат?

— От я і разважаю. Уцякаць трэба. А што нерат — відаць адразу...

— Куды лацвей кінуцца?

— Хай грузавік пракоціць. А мы тады — шусь у правулак. Добра, калі паспеем...

Як бы загароджваючы ім дарогу, грузавік, з чорным крыжам у белым коле на бартавіне, спыніўся. З-пад брызентавай фуры павыскаквалі эсэсаўцы. Адзін салдат, высокі, худы, з шырокай драпінаю на левай шчацэ, нахіліўся над Данікам, быццам разглядаў россып кляновых «носікаў» на бруку і нешта раіў малому. Як забаўляцца цяпер пачаў з Данікам: узняў, крышку падкінуў, злавіў — гушкае малога, смяецца. А рукі ў салдата худыя, учэпістыя, у густых і шырокіх драпінах, як пазбіваныя.

Рэната бачыла і гэтыя драпіны на руках салдата, і недаўменны, спалоханы сынаў тварык і, не разумеючы, што адбываёцца, стаяла, як паралізаваная.

«Што ж гэта дзеецца? Гушкаў малога, забаўляўся, а цяпер да машыны яго пацёг!..»

— Ма-а-амачка!

Данік закрычаў пранізліва, спуджана, і ад гэтага крыку Рэната схамянулася, кінулася наперад, да сына. Салдат, перакінуўшы Даніка праз борт грузавіка, злосна адпіхнуў Рэнату локцем, і яна бразнулася на брук і выпусціла з рук вядро з радыскаю.

Вядро, аднак, не абярнулася, не пакацілася па бруку: салдат, калі яно хілілася набок, злавіў дужку і неяк фасоніста, адным пальцам, быццам гуляючы, узняў яго над бортам; з глыбіні фуры працягнулася рука другога салдата, учапілася ў дужку, і вядро знікла ў кузаве.

Рэната — яна моцна ўдарылася галавой і локцямі аб камень і яшчэ мацней ударылася левым каленам, і нага цяпер была як чужая — зварухнулася, спрабуючы ўзняцца, і асела на брук, стогнучы ад болю. Падобна, што зламалася нага. Але ж як гэта? На роўным павалілася і нагу зламала! Не, здаецца, што варушыцца правая... І левая варушыцца. Незламаныя, значыцца, баляць толькі дужа ж моцна.

Гардзеіха, не выпускаючы кашолкі з рук, дапамагла Рэнаце ўзнімацца. Салдат, які кінуў Даніка ў фуру, цяпер нахіліўся ля Гардзеіхі, выхапіў у яе кашолку, сунуў твар у пышную зеляніну, пачаў вадзіць па ёй носам, быццам абнюхваў салату; потым нешта гукнуў у бок грузавіка, узняў кашолку над бортам, і яна імгненна, як і вядро перад гэтым, знікла ў чэраве цёмнай фуры.

Раптам адтуль, з фуры, пачуўся слабенькі, як пераціснуты, Данікаў галасок:

— Ма-а-амачка!..

Перасільваючы боль у назе, Рэната, накульгваючы, кінулася следам за машынай, якая чмыхнула дымам і ўжо кацілася па бруку.

— Данічак! Я — тут! Данічак, дзе ты там?

Гардзеіха падбегла да Рэнаты, схапіла яе за плячо:

— Напярэймы трэба! Яна зараз павернецца, бо за базарам дарогі няма! Не, спыняецца...

Грузавік сапраўды пачаў сцішаць рух, спыніўся, як бы ўпёршыся высокім блішчастым радыятарам у бочкі на попелішчы. Але прабіцца да машыны не ўдалося: рэдкі ланцужок паліцэйскіх перагарадзіў дарогу, і Рэната, куды ні кідалася, паўсюль налятала на прыклады карабінаў, і яе адпіхвалі назад.

З кабіны грузавіка вылез афіцэр, стаў на падножку і, трымаючыся рукамі за рабрыну дзверцаў, голасна патрабаваў:

— Ці-іха!

Натоўп людзей, сціснуты ланцужком паліцэйскіх, крыху сцішыўся, чуўся толькі нейкі гуд за бочкамі з аб’явамі, і голас афіцэра гучаў выразна. Але сэнс таго, пра што казаў афіцэр, блага даходзіў да Рэнаты. Ён кажа, што дзяцей павязуць у шпіталь, зробяць прышчэпы супраць эпідэміі, што пачалася ў горадзе, і іх можна будзе забраць дамоў. Але навошта ж тады было хапун ладзіць? Хай бы спачатку патлумачылі, што да чаго, дык дзеці б самі і пайшлі туды, у той шпіталь, бацькі павялі б, спакойна было б усё, без крыку, без гвалту...

Гардзеіха падштурхнула локцем Рэнату:

— Брэша ж, гад! Не на добрае яны дзяцей пахапалі, груганы праклятыя... У Грамах тое ж самае было. Мне ўчора казалі...

— А чаго ж ты мяне не папярэдзіла?

— Хто ж ведаў, што яно і тут зробіцца! Слухай, што я табе параю...

Рэната блага чула Гардзеіху, яна напружвала слых, чакаючы тлумачэння афіцэра. Павінен жа ён нешта сказаць, сказаць тое, што тычыцца не дзяцей увогуле, а канкрэтна яе Даніка. Падобна, аднак, што нічога больш ён казаць не будзе. Узяўся за бакавіну дзверцы, згінаецца, лезе ў кабіну. Нешта гукае. Не, гэта крычыць нейкі мужчына з натоўпу, адтуль, ад бочак тых...

— Лю-юдзі! Вам — брэшуць,— адчайна-паспешлівы, моцны мужчынскі голас узляцеў над людскім натоўпам, і Рэната выразна пачула кожнае слова.— Фашысты вязуць вашых дзяцей у шпіталь, каб забраць іх кроў для сваіх салдат! Не давай...

Траскотная аўтаматная чарга абарвала голас мужчыны. Натоўп скалануўся і завіраваў; лямантавалі жанчыны, спуджана крычалі дзеці, якіх салдаты выдзіралі з натоўпу і кідалі ў грузавік.

Сярод адчайнага ляманту, крыку Рэната адчула слабенькі, як з-за нейкай сцяны, Данікаў галасок:

— Ма-а-ам...

Яна пазнала яго адразу, кінулася ў адзін бок, у другі, спрабуючы прабіцца да машыны з брызентавай фурай. Адусюль яе падпіхвалі прыкладамі, штурхалі, і яна ўсё далей і далей адкатвалася ад грузавіка. Раптам у людскім гармідары, які памацнеў яшчэ больш,сярод галашэння, ляманту і плачу, яна зноў, вельмі выразна, пачула Данікаў голас, адчайна рынулася наперад, адпіхнула паліцэйскага і разарвала ланцуг ачаплення.

Машына была ўжо блізка.

«Яшчэ крок-другі, і я ўчаплюся ў борт...»

Рэната працягнула руку наперад, і ў гэты ж міг моцны і балючы ўдар у левае плячо зваліў яе на зямлю. Яна бразнулася на брук ніцма, і людскі лямант раптоўна зглух, як паплыў некуды ўбок; потым павярнулася на правы бок, каб бачыць грузавік, і ўсё неяк дзіўна перакруцілася ў яе перад вачыма, абсыпанае каляровымі — сінімі больш ад усяго — іскрамі. Рэната часта-часта заміргала, спрабуючы стрэсці каляровую імглу з веек, але імгла не знікала, і ўсё па-ранейшаму плыло, трэслася, перакручанае, як несапраўднае: грузавік — уверх коламі, салдаты — галовамі ўніз, да зямлі; і неяк дзіўна вагаўся людскі натоўп, то сціскаючыся ў ланцуг, то распаўзаючыся на бакі.

Нязменным заставаўся толькі сынаў галасок, які быў усё гэткі ж слабенькі, як за нейкай сцяною, у глухім скляпенні. Але Рэната чула выразна гэты галасок, і ён надаваў ёй сілы. Адолеўшы боль у плячы, перасільваючы тлумную гарачыню, што дзёрла, распірала лоб, яна папаўзла на сынаў галасок, абдзіраючы калені аб няроўны і колкі брук вуліцы. Эсэсавец піхнуў яе ботам у плячо, яна перакулілася, пакацілася па бруку і зноў папаўзла наперад, і цяпер ужо нічога не гайдалася перад яе вачыма, мройная каляровая плынь спаўзла з веек, і ўсё мела свае звычайныя абрысы. Грукаюць па бруку салдацкія боты. Наўздагон за грузавіком бягуць, голасна лямантуючы, жанчыны. А грузавік усё далей і далей коціцца, і на бартавінах брызентавай фуры, як вузкія чорныя крылы, матляюцца нейкія рамяні.

«Мне яго ўжо не дагнаць...»

Рукі пакаўзнуліся на гладкім камені, і, як падсечаная, Рэната плазам павалілася на брук, ціха і адчайна загаласіла. Яна нічога не можа зрабіць для Даніка! Не можа выратаваць, не можа аніяк памагчы выкараскацца з той брызентавай фуры... Небачка, якая ж яна дурніца! Трэба ж было яшчэ тады, калі салдат нахіліўся над Данікам, кінуцца наперад, выхапіць малога, уцякаць адсюль. А яна яшчэ думала, што салдат пачаў забаўляцца з малым! Вось цяпер і плач, лі слёзы! Думаеш, паможаш слязамі Данічку? Гэтымі сваімі слязамі нелюдзяў расчуліш? Не дапаможаш! Не расчуліш! І няма табе патрэбы тут ляжаць. Ведаеш, куды павезлі малога? Бяжы туды, у шпіталь, ратуй яго там, Данічка малога!..

Рэната ўзнімалася з долу, перасільваючы боль, узнімалася марудна, хоць і думала, што робіць усё хутка і спехам. Адчула, што з правага боку яе падтрымліваюць моцныя рукі, павярнулася і ўбачыла Гардзеіху.

— Гэта ты? — спытала, быццам зусім і не пазнавала яе.

— Але... Ісці можаш?

— Грабуся ж, бачыш. Ногі цэлыя, здаецца, баляць толькі моцна. Пабілася я ўся...

Гардзеіха дапамагла ёй сысці з бруку, увесь час супакойвала, падбадзёрвала:

— Добра, што галава ацалела. Ляжыць жа вунь, на бруку, бедачок. Не збаяўся, сказаў людзям праўду... Во, як праўды яны баяцца, паганцы праклятыя...

— А хто ён?

— Не ведаю. Мужчына нейкі. Не малады ўжо, кажуць...

— Не заўважыла, куды грузавік павярнуў?

— Па вуліцы пакаціў. У самы канец, да плошчы. Там жа шпіталь блізка...

Абмінаючы іх, беглі, голасна гамонячы, людзі, уцякалі з базару, хто куды. Гардзеіха ж нікуды не ўцякала, нават не спяшалася, толькі нядобра і злосна лаялася, і Рэнаце зрабілася лягчэй. Яна ведала, што Гардзеіха не кіне яе ў бядзе, дапаможа дабрысці да шпіталя.

— Дзякуй, што не кідаеш мяне тут адну...— сказала Рэната.

— Не кідаю, бо баюся сама. Адной застацца — кепска, разам дык і весялей...

— Ты ўжо мне дапамажы,— Рэната папрасіла шчыра, умольным голасам, адчуўшы нейкую няёмкасць ад гэтае свае ўмольнасці.— Туды б мне толькі дабрацца. Дзе Данічак зараз, каб памагчы яму...

Гардзеіха паабяцала таропка і бадзёра:

— Дабяромся. І хлопца твайго ўратуем,— і спытала спагадліва, але, як падалося Рэнаце, крыху спуджана: — Не баліць нага?

— Слабей баліць. Ісці, бачыш, магу ж.

— Прашу ж цябе, каб за плячо трымалася мацней. Вісні болей, не бойся...

— Куды ўжо болей. Як уся на табе еду!..

Абапіраючыся на плячо Гардзеіхі, Рэната дыбала па брукаванцы, узіраючыся наперад — усю сваю ўвагу скіроўвала на тое, каб не прапусціць, убачыць той грузавік, з цёмнай фурай над бартамі. З кожным крокам слабей і слабей балела патыліца, цішэў боль і ў каленцы, і можна было ступаць цвёрда, і на паваротцы, калі мінулі будынак былой пошты, Рэната пайшла ўжо сама. Але варта ёй было зняць руку з пляча Гардзеіхі, як адразу боль зноў пачаў дзерці лоб, палез глыбей, пашырыўся, і яна спынілася.

— Перачакаем,— прапанавала Гардзеіха, злавіўшы яе позірк, скіраваны на стары клён, павалены выбухам.— Адпачнём і далей рушым...

Рэната паглядзела на яе спалохана, быццам пачула прапанову неверагодную і жахлівую, запярэчыла паспешліва:

— Не, не! Спыняцца нам нельга. Трэба хутчэй бегчы, малога ратаваць,— і тут жа ўголас аблаяла сябе, схапіўшыся рукамі за галаву: — Навошта ж я, старая дурніца, малога пацягнула за сабою?

— Мая тут віна, Рэнечка, мая,— шчыра забедавала Гардзеіха.— Цябе не папярэдзіла — як мазгі мне хтосьці перакруціў. А я ж чула, чула, што ў Грамах яны дзяцей пахапалі нядаўна...

— Няма тут тваёй віны,— сказала Рэната, запамятаўшы, што зусім нядаўна бязлітасна вінаваціла Гардзеіху.

— Кажуць, што вось гэтак жа, як сёння, на грузавіку прыкацілі, пахапалі ўсіх, хто на вока трапіў, і павезлі. Ад дзіцячай крыві нібыта раны дужа хутка гояцца.

— Каб іх зямелька гаіла, нелюдзяў паганых. Усіх да адзінага, каб пагаіла...

— Сёння мы з табою, як дурні, у нерат скочылі. Чаго пагнала менавіта сёння на той базар? Шуснулі, бы плоткі на гарачую патэльню.

Працяглае, з націскам «шуснулі» прагучала адкрытым папрокам Рэнаце: праз цябе, маўляў, даводзіцца мне пакутаваць. Яно ж і сапраўды: каб не цягнула малога на базар, дык неяк бы выкруціліся яны з гэтага нерата. А яна, Рэната, сваімі рукамі Даніка да бяды вяла — што ёй абыходзіла ля таго клёна пасядзець гадзіну якую! І акрамя ж усяго, чула і яна, што пахапалі нядаўна дзяцей у Грамах, Даніку строга штодня наказвала, каб анікуды ад зямлянкі не лётаў, каб увесь час навідавоку быў... А сёння, як знарок, не пакінула малога ў зямлянцы — баялася, каб чаго благога з ім не здарылася. І вось маеш! Сама ж і прывяла яго да гэтага праклятага грузавіка! Лепей хай бы замкнула ў сутарэнні Данічка свайго! Хай бы сказала сядзець цішком, нікуды не выходзіць, матку чакаць! Але што цяпер бедаваць — цяпер ратаваць малога трэба!

Як уратаваць Даніка, што рабіць каля таго шпіталя — пра гэта не думалася зусім. У Рэнаты не было яшчэ аніякіх планаў, яна не ведала, што будзе рабіць там, да каго будзе звяртацца, як пачне шукаць сына. Толькі адна думка была наўздзіў ясная і чоткая: Данік трапіў у бяду, і яго трэба ўратаваць, вызваліць з той бяды абавязкова і неадкладна. Ёй здавалася, што ўсё вырашыцца там, ля шпіталя, вырашыцца так, як гэтага хочацца ёй, і была заклапочана толькі адным: хутчэй туды дабегчы!..

На плошчы, ля разбуранай царквы, Рэната прыцішыла хаду, потым, зусім разгубленая, спынілася. Куды ж цяпер? На замчышча, да былой бальніцы, дзе размешчаны вялікі шпіталь? Але ж ёсць шпіталь, арганізаваны зусім нядаўна,— у будынку былога Дома Чырвонай Арміі! Кінуцца па вуліцы, што вядзе з плошчы ўлева і выводзіць на замчышча? Ці па гэтай, вузенькай, паабапал якой тырчаць пасечаныя асколкамі таполі?.. Нейкія машыны на плошчу коцяць... Не, адна машына вывернула на гэтую вузенькую вуліцу. Высокая машына, з брызентавай фураю, па баках якой чорнымі вузкімі крыламі матляюцца нейкія рамяні.

Ці не тая гэта машына, што на базары была?.. Яна! Адвезла дзяцей і цяпер назад некуды коціць!..

Мінуўшы плошчу, машына пачала заварочваць у правулак, і Рэната болей ужо не цікавілася ёй. Цяпер яна ведала, дзе яе Данік, і неслася па вуліцы, закіданай леташнім быльнягом, лісцем і бітай цэглай, не адчуваючы ні болю ў нагах, ні стомы. Коўзаліся падэшвы атопкаў; Гардзеіха прасіла бегчы цішэй, не спяшацца, нешта абдумаць, потым махнула рукой і адстала. Рэната і на гэта не звярнула ўвагі, яна бачыла перад сабою толькі высокі будынак, пярэсты ад маскіроўкі, з тоўстымі калонамі ля ўвахода — там, у тым будынку, яе сынок! Яго трэба ўратаваць, і яна гэта зараз зробіць, няма на свеце сілы, якая б змагла запыніць яе! Яна і ўратуе яго, і схавае, і на крок болей ад сябе не адпусціць, за руку будзе трымаць і ўдзень і ўночы!

На шырокім прамавугольніку ганка, на канцах якога высіліся чатыры тоўстыя калоны, павітыя ўверсе мудрагелістым гіпсавым арнаментам, Рэната зачапілася за прыступку і бразнулася на квадратныя белыя пліты. Пліты былі дужа гладкія, нядаўна злітыя вадою, і яна праехалася па іх, быццам па лёдзе, аж да самай калоны. Рэната моцна пабіла касцякі пальцаў на руках, але боль узнік пазней, калі яна, учапіўшыся за тоўсты каменны бардзюр панізу калоны, пачала ўзнімацца; пераціснула дыханне, і яна хапала і хапала ротам паветра, якога ёй усё было мала. Каб хоць разочак дыхнуць на поўныя грудзі, але ж няма як дыхнуць — боль адразу дзярэ рэбры... Нічога, яна зараз аддыхаецца, потым прарвецца праз ахову, якая стаіць ля ўвахода...

Яна глядзела на вартавых — раней адзін вартавы стаяў, а цяпер два, з аўтаматамі, нерухомыя, як з каменя высечаны,— і толькі потым ужо згледзела жанчын, што цеснай чародкаю стуліліся за калонамі. Нейкая ж дужа знаёмая кабета, якая стаіць з самага краю, бліжэй да вуліцы. Здаецца, Рэната бачыла яе на базары, перад тым як прагучала чарга з аўтамата. Жанчына рвалася праз ланцуг ачаплення, клікала Зіначку... Відаць, дачку ў яе схапілі, яна і клікала яе... І чамусьці неяк дужа пагана дрыжаць ногі. І цяжка стаяць, карціць апусціцца на дол, каб суняць боль у грудзях. Калі стаіш, сагнуўшыся, дык не так баліць пад рэбрамі. І нешта незразумелае творыцца з нагамі, яны ж як адсечаныя... А-а, бардзюр калоны закрывае іх. Якія аграмадныя яны, шэра-белыя калоны. І халодныя, як з лёду зроблены...

Рэната ўпіралася ў гладкую бакавіну калоны спачатку далонямі, потым ілбом — нешта ў яе няма смеласці, некуды знікла тая рашучасць, з якой яна бегла сюды,— і нейкі час стаяла, зняможаная, абвялая, нечакана адчуўшы сябе кволай і слабай побач з гэтай каменнай аграмадаю. Яна ж маленькая істота, якая нічога не можа зрабіць з халодным маўклівым камнем калоны. Дзе ж ты зрушыш з месца і яе, калону гэтую, і гэтыя сцены, за якімі пакутуе Данік. А ён жа чакае! Ён жа чакае яе, сваю маці чакае! Чакае, толькі на яе і спадзяецца!.. Чакай, Данічак! Зараз яна аддыхаецца, зможа рушыць далей, зможа прабіцца праз вартавых ля ўвахода!..

Слабасць знікала, сплываў з-пад рэбраў боль, прыходзіла цвёрдая рашучасць. Яна цяпер моцна ўпіралася далонямі ў гладкую бакавіну калоны, нібыта наважылася абярнуць яе, скрышыць. Халодны камень калоны астуджваў лоб, і холад прабіваўся пад скуру, асядаў усярэдзіне, пад рэбрамі, чамусьці толькі ў адным, правым, баку грудзіны, а ў левым баку гулка тоўхалася сэрца, і гэтае тоўханне як бы піхала Рэнату наперад.

Рэната зрабіла крок, потым другі, і пайшла памалу ад калоны, і тут жа ўбачыла салдата, які, абмінуўшы вартавога, выходзіў з будынка, нібыта спяшаўся ёй насустрач, і пад пахаю ў яго былі два нейкія мяхі. Не, спяшаецца ён зусім у іншы бок, да калоны, дзе стаяць жанчыны. І не мяхі ж гэта ў яго пад пахаю! Дзяцей жа ён цягне. Небачка, кінуў іх! На асфальт кінуў!.. Дзяўчынка там... І хлопчык!..

Нейкі слабы пагалосак, як ціхае і запаволенае рэха, пачуўся Рэнаце, і як нейкі другі зрок адкрыўся ёй. Яна нахілілася, бы нехта піхнуў яе ў плечы, і непрыемная гарачыня разлілася па шыі, і дрыготка шуганула з грудзіны ўверх, высушыла ўсё ў роце, скрывіла твар, і ўсё наперадзе зыбанулася, загайдалася і паплыло ў дрогкім шэрым тумане.

«Данік! Гэта ж мой Данічак там!»

Жанчыны, галосячы, рынуліся наперад. Рэната, як падкінутая дзіўнай сілаю, апярэдзіла ўсіх, у адчайным парыванні не прабегла, а праляцела над шэра-белымі плітамі, бухнулася на калені, схапіла сына на рукі.

У той момант, калі яна ўзнімала яго, ён адкрыў вочы, зірнуў няўцямным і далёкім позіркам, вякнуў кароценька, квола, як са сну:

— Ма...

— Я, сыночак, гэта! Матулька твая. Яна з табою!

Рэната апантана цалавала сынаў тварык, потым, як хто тузануў яе, зірнула ўправа, у той бок, дзе быў уваход у будынак, і сутыкнулася з немігатлівым, як нежывым, позіркам вартавога, і хіснулася ўсім целам, быццам напаролася на гэтыя халодныя каменныя вочы. Ногі ў яе бы скамянелі, але яна зрушыла з месца, пасунула назад, да прыступак, потым пасунулася яшчэ, павярнулася і кінулася бегчы, прыціскаючы да грудзей малога.

На прыступках Рэната ледзь не павалілася, але ўтрымалася, хоць і сагнулася, і як спаўзла па прыступках на брук вуліцы, і перабегла яе. За вуліцай, крыху ўлева, была плошча, і яе прастора напалохала Рэнату, і яна мітнулася ўправа, у двор спаленага будынка, абабегла яго і павярнула ў правулак, што выводзіў да замчышча. Цяпер тут, на правулку, той немігатлівы каменны позірк вартавога не свідраваў ёй плечы, і яна азірнулася, і нікога не ўбачыла ззаду, але не паспакайнела, не сцішыла хады. Трэба як мага хутчэй дамоў у зямлянку! Там, у зямлянцы, яна пакладзе сыночка на ложак, памые тварык, будзе песціць, галубіць...

Яна ўцякала ад усіх, нават ад Гардзеіхі, і адразу ж згубіла яе, як толькі мітнулася ў двор спаленага будынка. Скарачаючы шлях, яна шуснула ў праломку ў плоце, прашнуравала чужы і няўроблены гародчык, выбілася на сцежку ля Палаты, потым крутнулася на лугавіну.

Выбіўшыся на сцежку, што вяла з Пагіршчыны на замчышча, яна пайшла крыху спакайней, бо сілы бегчы ўжо не было, і, павярнуўшы ля замчышча ўправа, уздыхнула з палёгкаю. Цяпер, лічы, ужо і дома: вунь і сосны за Дзвіною, і яблыні ў Бохачавым садзе відаць, і знаёмы да кожнай расколінкі комін зямлянкі. Са сцежкі зараз яна паверне на правулак... Небачка! Машына ж нейкая на правулку стаіць з крытым верхам! Якраз насупраць зямлянкі стаіць! І салдаты пураць да машыны нейкую скрыню!..

«Па Даніка прыехалі! Зноў яго схопяць!:.»

Рэната закалацілася, прысела. Думка пра тое, што салдаты апынуліся ля зямлянкі толькі на тое, каб схапіць Даніка, ашаломіла яе, пазбавіла сілы, і яна сядзела ў густым лапушыстым дзядоўніку як скамянелая. Праз шырокае, але рэдкаватае лісце дзядоўніку, што буяў паабапал сцежкі, добра праглядваліся машына і салдаты, якія цягнулі скрыню. Салдаты не ў вайсковым адзенні, а ў шпітальных халатах, значыцца, са шпіталя прыехалі. У скрыні трава нейкая белаватая, на палын падобная. Відаць, са шпіталя прыехалі і палын на беразе Дзвіны лупілі...

Яна прыгадала, як на тым тыдні салдаты поўзалі ля замчышча, дралі палын і складалі ў гэткую ж скрыню — у сяннікі палын кладуць, каб блыха не заводзілася і вошы! — і крыху супакоілася. Відаць, не па Даніка яны прыязджалі. Так, садзяцца ў машыну... Данічка яны не зачэпяць... Данічак ім быў раней патрэбны, а цяпер ім, крывасмокам, і не патрэбны, выкінулі яго, бы смецце... Як жа яму галоўку пабілі! Кроў ля вушка, і на шыі драпіны, і ля лакаткоў бы нажом рэзалі скуру... Што ж яны нарабілі з хлопчыкам, звяры паганыя! І нічога ж ён не гаворыць, маўчыць, бы нежывы зусім. Не, дыхае, ціха гэтак. Небачка, як жа яна раней не заўважыла! Гаючкі трэба было да ранкі, каб хутчэй зацягнула, каб не цякла кроў... Машына, дзякуй небачку, пакаціла, павярнула з правулка.

— Ты, сыночак, паляжы крышку, кофтачкаю цябе ўкрыю, а сама гаючкі нарву.

Рэната агледзелася наўкола, ведала, што тут, побач з дзядоўнікам, заўжды поўна гаючкі было. Так, вось яна расце. І чысценькая, мякенькая. Зараз, сыночак! Зараз мама цябе ўратуе. І машына ўжо зглухла, далёка машына, пакаціла, праклятая, каб ёй у багну зваліцца. А гаючкі тут шмат. Густа яе тут панарасло...

Поўзаючы на каленях, Рэната, спяшаючыся, надрала поўную жменю зялёных галовак з пялёсткамі фіялетавай квецені, моцна заціснула ў далонях, круціла, перацірала, аж пакуль не пацёк цёмна-зялёны сок. Маленькім жмуточкам гаючкі, як вяхоткаю, яна ўзялася затым абціраць драпіны.

Едкі сок апёк драпіны, учыніў боль, і Данік ціха застагнаў, і Рэната яшчэ ніжэй схілілася над сынам.

— Патрывай, даражэнькі, патрывай,— папрасіла ўмольна, таксама ціха.— Крышачку патрывай, каб жа хутчэй загаілася. Зараз я цябе дамоў занясу...

Цёмна-зялёны сок змываў кроў, пакідаючы на скуры цёмна-рудыя пісягі, сцякаў па пальцах, і пальцы рабіліся стракатыя, быццам абвітыя карычневым карэннем. Рэната абцерла рукі аб спадніцу, потым узняла сына, крыху пастаяла, прыслухоўваючыся. Не заўважыўшы нічога небяспечнага, яна выбілася з дзядоўніку на сцежку і пабегла скоранька, азіраючыся па баках.

Глыбокая сятчатка слядоў на пяску правулка была як гарачая, і яна ступіла на яе, пераскочыла; пераскочыла яна і сляды ад ботаў, густа падкаваных цвікамі, што спляжылі ўсю сцежку ля зямлянкі; на жоўтай лапіне гліны, сярод маладога трыпутніку, бялелі дзве тоўстыя цыгарэціны, дакураныя да палавіны; недакуркі ляжалі на адной лініі, як маленькія белыя кулі, нацэленыя на дзверы зямлянкі, і яшчэ памалу дыміліся.

Нешта яшчэ было чужое, нязвыклае і незнаёмае паблізу ля сцежкі, і яно, гэтае чужое, непакоіла, жывіла трывогу, і Рэната, як бы ўцякаючы і хаваючыся ад яго, шуснула ў зямлянку.

Паклаўшы малога на ложак, яна крыху супакоілася. Усё тое, што яе ўстрывожыла на падворку, было недзе далёка цяпер, за сценамі зямлянкі, якія надзейна, здавалася, баранілі ад усяго. Нават і жаху ўжо ніякага няма, усё звыклае воку, роднае, блізкае. Вядро толькі нечага на падлозе ляжыць. Відаць, тут таксама паганцы былі, гаспадарылі.

Яна ўзняла вядро, паставіла на ранейшае месца ля сцяны, заспяшалася, кінулася назад да ложка.

— Ляжы, сыночак,— папрасіла, пацалаваўшы малога, які маўкліва і нерухома скурчыўся пад коўдрачкай.— Вадзіцы зараз свежанькай прынясу з крынічкі. Тварык табе памыю...

Выбегла з зямлянкі, і позірк яе як запыніўся на канцы сцежкі. Раней сцежка хавалася ў палынах на ўзвале, а цяпер як бы заглыбілася, як асела ў трыпутнік, і палыны за гародчыкам наблізіліся, быццам успаўзлі на грады. І грады нейкія дзіўныя, нібыта аблыселі. Авой ты, небачка! Пустыя ж грады стаяць! Гэта ж вось чаго салдаты з машынаю прыкацілі сюды — павыдзіралі салату і радысачку!..

Яна крыху прабегла па сцежцы і, збянтэжаная, прыпынілася, стаяла ў здранцвенні. Якія доўгія і нязграбныя выдаюць цяпер пустыя грады. Нібыта выцягнуліся, раздаліся ўшыркі. І ботамі спрэс здратаваныя. Аніводнага каліўца салаты не відно, і радысачкі таксама, — як пад мятлу пусцілі. Не, вунь адна радысачка тырчыць, слабая, кволенькая. Не, пырнік гэта. І вось яшчэ каліва тырчыць. І праполвала ж, здаецца, а пырнік лезе і лезе з зямлі. Выдраць трэба, каб не разрастаўся!..

Паставіла вядро на сцежцы, ступіла ў разору і спатыкнулася. Стоячы на каленях, Рэната дацягнулася да пырніку і выдрала яго. Потым згледзела яшчэ два калівы, што выраслі збоку разоры, падкапала іх з бакоў, выдрала асцярожна, каб не трэснуў корань, і папаўзла да новага сцябла, што квола сагнулася ў канцы грады. Разумела, што робіць марную, непатрэбную працу, але спыніцца не магла і ўсё коўзалася па градах, выдзіраючы з зямлі пустазелле.

У канцы грады, ля плота, рос малачай, і яна падкапала яго, ухапілася рукою за храбусткае каліва, пацягнула; сцябло гучна трэснула, адарваўшыся ля самай зямлі, і Рэната пачула яшчэ і слабенькі, са смяшком, голас, які ішоў, здавалася, з сярэдзіны грады:

— Глыбенька сядзіць...

Яна разгублена і спалохана ўпёрлася рукамі ў разору, прыгнулася, і толькі тады даўмелася, што голас прагучаў недзе за плячыма, і павярнулася, і яшчэ больш збянтэжылася пад дапытлівым позіркам жанчыны, якая невядома калі і адкуль з’явілася ў гародчыку.

«Я недзе, падобна, бачыла яе. І зусім жа нядаўна бачыла!»

З кожным імгненнем твар жанчыны, якая стаяла на сцежцы, рабіўся ўсё больш знаёмы, і ўжо зусім знаёмы быў цёмны шалік, што выбіваўся з-пад зялёнай, лапленай па баках кофтачкі.

— Ай, не пазнаеш? — спытала жанчына.

«Зінаіда?! Яна! Гэта ж Зінаіда стаіць на сцежцы!»

— Спярша дык і не пазнала,— і Рэната ўскочыла імпэтна, выбегла на сцежку.— Па голасу во цяперака. Адкуль жа вы?

Зінаіда няпэўна махнула рукой у бок Дзвіны:

— Адтуль,— і раптам спахмурнела, сказала злосна:— Павыдзіралі паганцы радысачку...

— І салату. І радысачку... Ты ж адкуль тое ведаеш?

— Ды відаць жа... Хто ж яшчэ гэтак здратуе грады ботамі! Слядочкі знаё-ёмыя!..

— Бяда за бядою да мяне. Сыночка вось сёння прынесла... У шпіталь яго схапілі — кроў смакталі з яго. Салдатам сваім кроў з дзетак бяруць...

— А я да цябе — з радаснай навінаю. Пісямко табе нясу...

— Валя? Ад Валечкі?!

— Прачытай, дык і ведаць будзеш,— і Зінаіда азірнулася.— І не крычы гэтак. Спакойненька чытай...

Запіска была кароценькая, усяго на некалькі слоў, на вузкім і нейкім жаўтлявым аркушку паперы, разлінаваным тоўстымі і вельмі выразнымі, быццам толькі што былі праведзены, чорнымі лініямі. Словы на гэтых лініях роўныя, без нахілу, і Рэната адразу пазнала почырк: Алесік гэта! Сынок пісаў! Неяк жа расплываюцца літары, як плывуць некуды.

«Мама! Кідай усё, нічога не шкадуй. Прыходзь неадкладна, разам з Данікам!»

Гарачая і тлумная хваля кружыла Рэнаце галаву. Яна круціла запіску ў руках, быццам шукала чагосьці яшчэ. Не, нічога больш тут не напісана. Небачка, Алесік знайшоўся! Ён піша, каб яна кідала ўсё, нічога не шкадавала. А што ёй тут шкадаваць? Сырое сутарэнне? Пусты гародчык? Зялёныя яблыкі на дрэвах?.. Ды яна зараз жа можа схапіць Даніка і пайсці. Неадкладна яна тое і зробіць. Толькі куды ёй з Данікам прыходзіць?.. Як гэта куды? У партызанскі атрад, да Лагуціна! Да Лагуціна? Чаму да Лагуціна? Лагуцін пайшоў жа разам з Валяй!..

Гарачая і тлумная хваля адступіла, яе сцерла старая крыўда, якая, аказваецца, жыла ў сэрцы, не прайшла і цяпер балюча ўдарыла. Куды звёў дачку гэты Лагуцін? Дзе зараз Валечка? Можа, нежывая ўжо недзе... Небачка, пра што яна думае! І Алесік знайшоўся, і жывы ён і здаровенькі, і Валечка здаровенькая, і нічога благога з ёю не здарылася — дзеткі цяпер разам, там, у атрадзе. Так, так! Алесік жа не піша, каб і Валя ішла — значыцца, ведае, што яна, Рэната, толькі з Данікам тут. Значыцца, Лагуцін там, разам з Алесікам, і Валя там! Так, так! У Лагуціна галава светлая — яны з Валяй атрад адразу знайшлі. Гарык гэты, відаць, ведаў, дзе той атрад. Ведаў! Толькі не казаў! Відаць, тады няможна было казаць... І хай сабе! Лагуцін чалавек смелы, адважны, і Валечку любіць, і ў крыўду не дасць, і ўсё ў іх добра пойдзе...

— Бачу, што добрае пісямко я табе даставіла,— лагодна прамовіла Зінаіда.

Рэната ўсё яшчэ нічога не магла адказаць, не магла падзякаваць, а толькі ўсё глядзела на вузкі аркушок паперы, разглядала яго, як не верыла, што трымае гэткую радасную вестку ў сваіх руках. Грукатліва калацілася ў грудзях сэрца, непадатныя сухія губы расцягвала ўсмешка, і Рэната, спахапіўшыся, са згодаю заківала галавой, затрэсла; слёзы пакаціліся з вачэй, буйныя, каляныя слёзы, і яны да болю рэзалі павекі, быццам выдзіралі вейкі.

— Я ж — бачыш! — як дурная ад гэтага пісямка. Гэта ж сыночак мой, Алесік... Алеська... І Валечка, дачушка, разам з ім. Я здагадалася... Адразу!

— Заўтра а дванаццатай мы пойдзем,— нейкім новым і строгім голасам прамовіла Зінаіда.— Сустрэнемся за пераездам. Ля Слабады. Сабрацца паспееш?

— Ты ж скажы,— Рэната выгукнула гэта ўмольна, схапіўшы Зінаіду за руку.— Дзе ён? Ты ж, напэўна, бачыла яго тамака?

— Бачыла. Заўтра і ты яго ўбачыш.

— А Валечка? Ці разам дзеткі там?

— Разам. І жывыя, і здаровыя, і яшчэ і вясёлыя. Заўтра пабачыш. Значыцца, не пераблытаеш? Заўтра — ля Слабады.

— Не, не! Не адпушчу. Пакуль не раскажаш — не адпушчу!

Зінаіда спакойна, але ўпэўнена і рашуча адвяла Рэнаціну руку:

— У мяне — загад, галубачка. Пісямко перадаць — і далей.

— Хоць адно слоўца яшчэ!

— Заўтра, дарогаю нагаворымся — хопіць часу...

— Гэтак і пойдзеш адразу?

Зінаіда сказала з усміхам:

— Цяпер не ісці, а бегчы давядзецца — шмат часу патраціла, пакуль селішча тваё знайшла.

— А што, ніхто не паказаў, як да замчышча выбіцца? Яно ж адусюль відно. І ведае яго кожны.

— У першага стрэчнага мне пытацца нельга. Дарэчы, мне Алесь расказваў, як ісці. Але ж тут — быльнёг! Нетры сапраўдныя! Двойчы правулак прашнуравала, тады толькі знайшла... Ну, развітаемся,— і дадала строга: — За Слабадою, ля першай бярозы, справа ад дарогі я цябе чакаць буду. Ведаеш дрэва, што перуном пабіла?

— Ведаю, ведаю...

— І не пазніся, глядзі ж...

Рэната са згодаю заківала галавою і развіталася, але апамяталася толькі тады, калі постаць Зінаіды схавалася за схілам замчышча. Апамяталася і пабегла па сцежцы. Трэба затрымаць Зінаіду! Трэба вярнуць яе. Аб усім распытаць! Пра ўсё даведацца!

Спынілася ў канцы сцежкі, спынілася раптоўна, быццам хто загадаў ёй. Сапраўды, чаго і куды бегчы? Цяпер ёй адно толькі рабіць трэба: радавацца. Радавацца і чакаць! Жывыя ж дзеці! Жывыя!..

Невядомае жыццё дачкі і сына, пра якое яна яшчэ нічога не ведала, але пра якое хацелася ведаць літаральна ўсё, ужо захапіла яе, і яна гэтаму жыццю падпарадкавалася, адчуваючы яго сакрэтнасць і значнасць. Ёй, Рэнаце, не варта, ёй нельга быць празмерна цікаўнай: Алесь напісаў тое, што, відаць, можна было. І Зінаіда таксама сказала тое, што даручылі. Пісямко, маўляў, перадасі — і далей. У Зінаіды — загад. І тое, што пачула яна, Рэната,— таксама загад.

Яна падумала пра гэта і раптоўна заўважыла, што ўсё навокал іначыцца, дзіўна перарабляецца, як нанава мяняецца. Здратаваныя салдацкімі ботамі, грады цяпер ужо не выглядалі гэткімі спустошанымі, як раней, на іх неяк весела зелянілася тонкая кволая травічка, і ўвесь спустошаны салдатамі гародчык не спараджаў у душы адчаю і пустэчы. Белаваты, як падпалены агнём, ляжаў у разоры пырнік, неяк свежа лапушыўся трыпутнік на сцежцы, і Дзвіна быццам раздалася ўшыркі, падступіла да самага гародчыка, і вада, здавалася, плюскоча пад самым узвалам, у гнуткіх сівых палынах, і зараз шусне зыркімі хвалямі на сцежку, разліецца па градах.

Рэната на міг змружыла вочы, і адразу падалося, што вада сапраўды пакатым валам сагнула палыны і коціцца па сцежцы, зыбае, некуды нястрымна і неадольна адносіць. Мройны, нерэальны рух спараджаў у Рэнаціным сэрцы радасць нечаканых змен, якіх яна даўно прагла і да якіх была даўно гатовая.



21

Рэната сядзела на ложку, з трывогай услухоўваючыся ў запаволенае, слабае дыханне Даніка. Што рабіць, як памагчы малому? Карміць? Нічога ж не просіць, ад усяго адмаўляецца. Напаіць малачком, якое позна ўвечары прынесла Гардзеіха? Дык губкі сціскае, як баіцца, што яму нейкі боль зробяць.

Недзе дужа далёка пачуўся слабы гуд матораў, і яна зыркнула на акно зямлянкі, якое абружовіў ужо новы ранак. І ноч жа сцягнулася — доўгая, як увосень, ноч! Але ўжо ўсё, мінула ноч! Не, зноў акно чорнае! Ракета, значыцца, свяціла, а ёй падалося, што світанак. Але хай сабе! Світанак будзе. Скончыцца, нідзе не дзенецца, гэтая доўгая ноч!

Рэната зноў радасна падумала пра тое, што ранкам сустрэне ля Слабады Зінаіду, потым пабачыць Алеся і Валю. А можа, яны там, ля той зламанай бярэзіны і чакаюць яе?.. Не, адтуль яны з Зінаідаю пойдуць далей, Зінаіда ведае, куды ісці, на якую пуцявіну скіраваць. Алесю і Валі няма аніякай патрэбы перціся пад тую Слабаду, рызыкаваць — ля вёсак, што паблізу ад чыгункі, робяць засады. А ёй, Рэнаце ды Зінаідзе аніякая засада не страшная — грабуцца памалу дзве кабеты, хто да іх прычэпіцца? — яны ўсюды пройдуць. І тады, дарогаю, Рэната ўжо аб усім Зінаіду распытае...

Рэната, здаецца, падрыхтавалася да той вандроўкі як след, звязала ў хатуль тое, што надумалася ўзяць. Адно застаецца зрабіць: боты мужавы са схованкі дастаць. Добра, што Лагуцін іх не надзеў. Алесь жа, напэўна, сандалі свае дабіў да апошняга. Можа, басанож недзе тупае — хто ж там, у лесе, ім усім абутку настараецца! А боты яму падыдуць, у яго амаль бацькава нага. Міхал, помніцца, перад ад’ездам сваю гімнасцёрку даў надзець Алесю, жартаваў, што праз год вышэй бацькі Алесь будзе... Не, гэта ж Геначка бацькаву гімнасцёрку прымяраў. Алеся ж тады ў хаце не было — на Дзвіне з вудамі сядзеў, паабяцаў, што бацьку свежай рыбкаю накорміць. А цяпер вось не з вудаю, а са стрэльбаю ў руках. Небачка, дзіця горкае — са стрэльбаю. А як жа ён на тым пераездзе, дзе яны развітваліся, ганарліва папраўляў на плячы рэмень карабіна! І ўсё мацаў, мацаў прыклад, нібыта хацеў пераканацца, што пры ім стрэльба, нікуды не дзелася...

Рэната прыўзнялася на ложку, услухоўваючыся ў дрыготкі гул матораў, які цяпер памацнеў. Знаёмы нешта гул, хвалямі. Небачка, гэта ж нашы самалёты лятуць! Нямецкія самалёты ныюць, аднастайны жалезны гуд іх матораў — гул нашых самалётаў з імі не зблытаеш. І зеніткі ўдарылі!..

Ад хвалявання ў яе перасохла ў роце, і яна ўскочыла, адчыніла дзверы, і дзверы, як жывыя, тухануліся, піхнулі яе назад у зямлянку. Раскаціста грымнуў блізкі выбух, і яшчэ другі, і трэці, і клямка страсянулася ў Рэнаціных руках, як усё роўна нехта знадворку рвануў дзверы к сабе; гайданулася пад нагамі падлога, са шчылін у столі пасыпаўся пясок, забарабанілі ў пусты тазік, што стаяў ля грубкі, каменьчыкі.

Зачыніўшы дзверы, Рэната падбегла да акенца. У начным небе запаліліся ракеты, і ад іх святла ў зямлянцы зрабілася светла, нібыта мігатлівы трапяткі агонь ахапіў адразу ўсе сцены. Нейкае зыбкае ўсё вакол, рухавае, як усё роўна пагойдваецца, сунецца некуды, быццам плыве. Твар сына выдае бляклым, нейкім рудым, быццам глінаю абмазаны. Небачка, што ж гэта з ім?!

Рэната мітнулася назад, да ложка, прыпала вухам да сынавых грудзей. Тукае сэрцайка! Жывы сыночак! А ёй нешта падалося, што блага малому, як нежывы ляжыць...

Схіліўшыся над сынам, яна захінула яго сваімі плячыма ад пяску, што пасля кожнага выбуху сыпаўся са столі, і ўслых маліла, каб самалёты бамбілі больш, бамбілі дакладна, і ўслых лічыла кожны выбух, і ўслых размаўляла з сынам. Данік нічога не адказваў і, мажліва, нічога ўвогуле не чуў, але пасля кожнага выбуху яна паведамляла, дзе, на яе думку, лягла бомба:

— На станцыі гэта вухнула... А цяпер — на аэрадроме. Дакладна цаляйце, родненькія! Няхай раніцою аніводнага фашыста жывога не застанецца!

Выбухі раптам спыніліся, цішэў, аддаляючыся, гул самалётаў. Згасла зіхатлівае святло ракет, і цемра ў зямлянцы зрабілася густая і шчыльная. Зноў стала чуваць кволае, ледзь чутнае Данікава дыханне, і Рэната зноў устрывожылася.

«А як жа ранічкою ісці да той Слабады, калі Данічак слабенькі гэткі, як непрытомны ляжыць?»

Яна асцярожна абмацала сынаў лобік, схілілася, узіраючыся, усяляк сябе супакойваючы. Ранічкою Даніку будзе добра. Калі ж нават ён ісці не зможа — бяды той. І хай сабе не зможа, хай! Яна на руках сыночка панясе! У яе хопіць сілы! І яна стрэне Зінаіду, як пра тое і дамоўлена, пойдзе з ёю далей, а ўдзень, пры сонейку, сыночку палегчае, ён стане на ножкі, і нішто не будзе ім замінаць у дарозе — увесь шлях у іх будзе шчаслівы!..

Яна пераканала сябе ў гэтым, паверыла, што лёс яе і дзяцей лёс, павярнуў на лепшае, і на світанні, змораная да рэшты, заснула, і спала моцна, і нічога не сніла.

Абудзілася Рэната, калі зусім развіднела. Сынаў лобік быў у буйных кроплях поту; пот быў і ля носа, і над верхняй губою, яна асцярожна абцерла яго хусцінкаю. Данік не прачнуўся, толькі бровы ў яго саўгануліся і вусны адкрыліся, як бы хапалі паветра прагна і паспешліва.

«Сонца нагрэла зямлянку. Дыхаць малому цяжка...»

Сэрца ў Рэнаты зайшлося ад сполаху. Заспала вельмі! Недаравальна заспала! Гэта ж дзень ужо, сонца зямлянку напякло, а яна — спіць, палежвае!.. Не, рана яшчэ зусім. Ву-унь, царкоўныя муры на замчышчы толькі поверху слабенька пазалаціліся — гадзіны дзве прайшло, як сонца выкацілася. Так што ёсць час. І яна зараз вынясе сыночка ў садок, пад яблыньку, каб свежым паветрам падыхаў, каб яшчэ паспаў, пакуль яна тут усё не паробіць перад дарогаю.

«У садочку Данічка на сеннічак пакладу, акрыю коўдрачкаю — хай паляжыць, пакуль я нешта на сняданак змаргелю...»

У зямлянцы было задушна, але зусім не дакучалі мухі. Пад аблыняю ж яны сляпіцаю палезлі ў вочы — паратунку ад іх няма. Але ніводнай яна не дала сесці на сынаў тварык: адганяла рукамі, потым узяла яблыневую галінку, без стомы круціла над Данікам. Знайшла яна раду мухам? Знайшла! Гэтак вось цяпер ад усякага горачка яна сыночка свайго ўратуе. І хораша пад яблыняй, не тое што ў задушнай зямлянцы: і вятрыска ад зямлі павявае, і спякоты няма, і добра дыхаць сыночку тут. Вось ён і бровачкамі зварухнуў, і губкі заварушыліся...

Яна ўглядалася прагна і стаіла дыханне, калі ўбачыла, што Данік адкрыў вочы. Асцярожна схілілася над ім, гатовая адразу ж выканаць усе сынавы пажаданні, усё тое, што скажа ці папросіць. У перасохлым горле запяршыла, яна закашлялася і толькі крыху спагадзя змагла ціха прамовіць:

— Што, сыночак? Можа, піць хочаш ці есці? — і, прыгадаўшы, што Гардзеіха ўчора прынесла паўлітровую бутэлечку малака, паспешліва і ўзрадавана паведаміла паведаміла: — Малачко тваё любімае ёсць. Цётка Вольга, дзякуй ёй, прынесла. Астуджанае малачко стаіць...

Данік моўчкі плюснуў вейкамі, на міг адкрыў і тут жа заплюшчыў вочы, як бы згаджаючыся. Рэната кінулася да яміны, зробленай пад акном зямлянкі — там, пад кадушкаю, у вядры з вадой, прыстроіла яна малако,— выцягнула бутэльку з вады, абцерла, памацала губамі шкло: халоднае малачко! Яна зараз напоіць сына, і ў яго адразу прыбавіцца сілы, і ён зможа ўзняцца на ножкі і ісці разам з ёю да Слабады. Яна, ведама ж, і сама, на сваіх руках, данясе, але ж лепей, каб ён сам ішоў, каб паздаравеў хоць крышку...

Данік не хацеў браць кубак, хоць Рэната ўсяляк угаворвала яго і маліла, упарта сціскаў губы, і яна, у адчаі, затармасіла малога, прыўзняла левай рукою, а правай пачала сілком ліць малако ў рот. Данік папярхнуўся, зрабіў глыток, потым, не адрываючыся, выпіў малако і не выпускаў кубак, трымаў, учапіўшыся аберучкі, але вочы не адкрываў.

Рэната даліла малака з бутэлькі і ўжо не ўгаворвала малога, і ён зноў прагна і хутка апаражніў кубак, потым адкрыў вочы, спытаў таропка:

— Стрэльба дзе?

Рэната сумелася:

— Якая табе стрэльба, сыночак? Што ты гаворыш...

— Мая стрэльба дзе? Тая, што дзядзька Гарык мне зрабіў!

— А небачка, а сыночак ты мой.— Рэната ад душы засмяялася.— Ды цэлая твая цацка, ляжыць пад акном. Нікуды яна не дзенецца.

— Прынясі мне яе!

— А навошта? Спі спакойненька.

— Дай мне стрэльбу! — Данік напружыўся, голас яго гучаў зацята і патрабавальна.— Нясі сюды!

— Добра, золатца, добра. Прынясу я табе тваю стрэльбу. Спі...

З-пад аполка, што тырчаў у кутку зямлянкі, Рэната дастала гузаватую яблыневую галіну, якую некалі, як толькі сагнала снег, Лагуцін выразаў з яблыні, паваленай выбухам яшчэ летась; малому гэтая крывулька была па душы, ён прывязаў да яе раменьчык, насіў на плячы, лётаў з ёю па садзе, уяўляючы, што мае сапраўдную стрэльбу. Валя неяк наважылася пасячы тую крывульку і спаліць — крыку і плачу было гэтулькі, што яна адступілася і не чапала больш Данікаву забаўку.

Цяпер, як толькі Данік убачыў сваю цацку, ён адставіў кубак і ўчапіўся аберуч у крывульку, прыціснуў яе да сябе і закрыў вочы, і на твары яго была задаволенасць. Крыху счакаўшы, Рэната развяла сынавы пальцы, і Данік не прачнуўся, і яна ўзняла з травы кубак і сядзела побач з сынам, узіраючыся ў яго твар, паспакайнелы, зусім не шэры — малы радаваўся і ў сне,— згледзела на донцы кубка кроплю малака, нахіліла кубак, вылізала языком і раптам ціха, давячыся раптоўнымі і моцнымі слязьмі, зарыдала.

Рэната плакала ад радасці, што малому, відаць, лепей, плакала ад саладжавага смаку малака, які адчула ў роце,— гэты смак раптоўна абудзіў успамін пра той далёкі час, калі ў яе была добрая хата, і ў хаце было ўволю яе дзецям і хлеба і малака! — плакала ад горычы вялікіх страт, ад бяды, што давялося перажыць, плакала, баючыся невядомасці, што чакала яе наперадзе.

Палёгка наступіла неяк раптоўна, але моцна і ўладарна. Адчаю ўжо не было, скруха растала, і Рэната, зазлаваўшы на сваю слабасць, выцерла слёзы: знайшла час румзаць! У тваім жа жыцці ўсё павярнулася на лепшае! Гадзіны са дзве Данічак паспіць, і можна будзе рушыць у дарогу. Не, трэба раней будзе выпраўляцца — дарога не блізкая: лепей там, на месцы, ля той бярозы пачакаць. Зінаіда ж, можа, і раней справіцца, і чакаць будзе. Лепей ёй Зінаіду пачакаць. І сняданак няма чаго маргеліць — Данічак малачка папіў, дык есці ён цяпер нічога не будзе. Потым яна яго накорміць... А зараз трэба боты выцягнуць Міхалавы са схованачкі, увязаць іх у хатуль, схаваць глыбей. І кубачак гэты абавязкова прыхапіць з сабою, бо Данічак дужа ўпадабаў яго: відаць, ручкамі намацаў знаёмы беражок, дык і малачко папіў...

«Цяпер сыночку будзе лепей...»

Яна паправіла сыну коўдрачку, выйшла на сцежку, і ўсё вакол, як і ўчора, калі Зінаіда прынесла радасную вестку, здалося ёй дзівосным і прыгожым. Потым зірнула на грады, дзе лапушыліся салата і радыска ўчора ранкам, і ў сэрцы ажыла вострая і балючая гаркота. Колькі яна, Рэната, працавала на гэтых градах! Рукамі ж амаль кожны камячок расцірала! Колькі пустазелля павыдзірала! А колькі вады з Дзвіны паперацягала! Пакуль па лесвіцы суды ўсцягнеш — разы чатыры спыніцца даводзіцца, перадыхаць. А потым кожны шнурочак радыскі вадзіцаю пакропіш, на кожнае каліўца салаты поўную бляшаначку — а часам і дзве нават! — выльеш... А яны, пачвары гэтыя, усё ў момант зглумілі, павыдзіралі, зжэрлі. Усё, што на зямельцы сваёй Рэната вырасціла, потам сваім і працаю здабыла, яны, чужынцы, сабе забралі, хоць самі вясною да градачак і пальцам не дакрануліся. Не радыску яны з градак гэтых павыдзіралі, а жылы з яе, Рэнаты, выцягнулі, кроў высмакталі... І сынаву кроў высмакталі. Каб жа смерць з іх кроў смактала, з чужынцаў праклятых!..

Рэната ўзняла з баразёнкі звялае каліва пырніку. Выдрала яна яго з грады ўчора, ноч толькі паляжаў, а ўжо зніцеў, збялеў, быццам соллю пасыпаны, як кволая нітачка зрабіўся. Ад зямлі, ад карэння адарваны, дык адразу яму і пагібель...

Рашуча адкінула звялае каліва ў баразёнку і нечакана дзіўна ўзрадавалася. Новае жыццё чакае яе! Не давядзецца болей штодня бачыць фашысцкія морды. Не давядзецца больш палахліва прахоплівацца па начах, у чаканні бяды.

«Скончылася бяда! Капут ёй, бядзе!»

Яна азіралася наўкола, і хараство пагоднага дня паўставала перад ёю ў дзівосным, амаль казачным бляску. Хораша як свеціць сонца! Якая дзівосная сінеча над галавою! І гэта ж дужа добры знак, што выпраўляецца яна да сына пагоднай раніцай. Яна, Рэната, ідзе да дзяцей, якія бароняць сваю бацькаўшчыну, бароняць волю, бароняць усё тое добрае, што было ў Рэнаціным жыцці і яшчэ будзе, бароняць сваю будучыню, гэтую сінечу ўвысі, зіхатлівую плынь Дзвіны, што быццам пашырэла сёння пад цёмнымі блішчастымі ад расы лазнякамі... І не трэба ёй тут нічога шкадаваць! Ні пустыя грады, ні яблыні, ні шырозныя лехі, на якіх дзярэцца з зямлі цёмна-зялёнае, аж фіялетавае па краях, лісце бульбы. Навошта ж толькі пазаўчора горб гнула, акучваючы яе?.. Не, яна правільна зрабіла, што бульбачку акучыла: хай расце чыстая, без пустазелля. Пакуль бульба вырасце, дык і чужынцы адсюль выметуцца. Выкінуць іх! Нідзе не дзенуцца, папыляць дамоў без аглядкі!..

Нейкім новым позіркам, як не сваё, як толькі што ўбачанае, аглядала Рэната і ўбранне зямлянкі. Столік ля акенца нейкі нізенькі, нязграбны. Ложак, на якім яна правяла гэтулькі начэй і ў сне і без сну. Насупраць — канапачка, маленечкая, вузенькая, на якой спала дачка. Вось старое вядро, з якім любіў хадзіць за вадой Лагуцін. Як гэта ён любіў сваю прыказачку паўтараць?.. «Поспешімо, не торопяся...» Лабаты, гэты Лагуцін. Лабатым заўсёды шчасціць у жыцці. Хай жа Валечка з ім будзе шчаслівая...

Рэната заспяшалася, дастала са схованкі мужавы боты, пачала ладкаваць іх у хатуль, які стаяў на падлозе ля грубкі. Ладкаваць рэчы было нязручна — каб пакласці боты, яна павыцягвала з хатуля Данікавы кашулькі,— і Рэната паставіла хатуль на стол, і неспадзеўкі сэрца сціснуў незнаёмы пякучы боль.

«А заўтра я ўжо не буду нічога гэтага бачыць: ні століка, ні ложка, ні канапы, ні грубкі...»

Усё тое, з чым трэба было цяпер развітвацца, выклікала нечаканыя ўспаміны: кожная рэч у зямлянцы была звязана з мноствам падзей, і ад кожнай рэчы ішла свая цеплыня, і гэтая цеплыня спустошвала Рэнату, выклікала горкае адчуванне будучай і непапраўнай страты; розум казаў адно, а сэрца казала іншае, сэрца жыло ўспамінамі і яшчэ не ведала будучыні.

За адчыненымі дзвярыма пачуліся крокі, потым цень паклаўся на падлогу, і на парожку з’явілася прыгорбленая мужчынская постаць! У Рэнаты закалаціліся рукі; боты, якія не лезлі ў хатуль, выслізнулі і шмякнуліся на падлогу, і яна нахілілася, каб узняць іх. Нахілілася і ўбачыла твар чалавека, які ўваходзіў у зямлянку.

«Салдат са шпіталю! Гэты на гародчыку ўчора шастаў, а потым радыску выграб з вядра!»

Яна пазнала яго адразу. Прыгадала, як ён па-гаспадарску завіхаўся ля салдат, якія грузілі скрыню з салатай на машыну, як нешта ўсё камандаваў. Праўда, рука ў яго вісела тады на почапцы, а цяпер — вольная. А можа, памыляецца яна? У гэтых халатах, доўгіх, брудна-зялёных, яны ўсе нейкія як аднолькавыя...

Напачатку Рэната нават не спалохалася, хуценька падхапіла з падлогі боты, заціснула ў хатуль і павярнулася, затуляючы яго спінаю і сілячыся суняць глухое бомканне ў галаве, што ўзнікла, калі яна рэзка нахілілася да падлогі і потым узнялася. Яшчэ больш упарта Рэната імкнулася цяпер пераканаць сябе, што памыляецца, што не гэты салдат хадзіў учора па градах, што гэтага, які пераступіў парожак, бачыць упершыню. Так, упершыню! Неяк ён агідна крывіць губы, нібыта да нечага прынюхваецца. І нейкія дзіўныя губы ў салдата — сінявата-белыя, як падпаленыявоцатам. А вочы сінія, крыху прыжмураныя і неяк дужа ж вёртка пабліскваюць пад белымі, як выцвілымі бровамі...

Рэнаце раптам зрабілася зябка. Глухое бомканне ў галаве знікла, думкі былі ясныя, чоткія, але дзіўныя — пра непапраўнасць страты ўсяго, што яна пакідае ў зямлянцы. Але цяпер зусім новы, адметны і трывожны сэнс выкрышталізоўваўся ў іх, і яна ліхаманкава сілілася спасцігнуць яго вытокі. Зусім нядаўна, калі Рэната аглядала сутарэнне і як бы развітвалася з усімі рэчамі, думка пра непапраўнасць страты не палохала, успрымалася зусім натуральна. Цяпер жа ў гэтай думцы, якая па-ранейшаму жыла і нібыта спынілася ў часе, Рэната адкрыла зусім новае і здзівілася, што гэтага новага і, па сутнасці, асноўнага яна раней і не заўважала, і гэтае новае заключалася ў разуменні таго, што мінуламу жыццю, жыццю тут, у зямлянцы, прыходзіць канец.

«Усё тое, што было ў маім жыцці тут да гэтага дня, адлятае ў прорву, з якой няма выйсця».

Яе моцна ўражваў цяпер не твар салдата, а яго тоўстыя пальцы, што сціскалі спражку рэменя, якім быў падпяразаны шпітальны халат; пальцы ўвесь час соўгаліся памалу, быццам імкнуліся абламаць крылы арлу, што выціснуты на белым дзюралі пад літарамі па нізе спражкі.

«Літары падобны на павукоў... І таксама як бы варушацца, як жывыя соўгаюцца, не стаяць на месцы».

Рэната ведала надпіс на спражцы салдацкага рэменя, але цяпер ён дзіўна і балюча ўразіў яе: надпіс на рэмені сумысля прыдумалі, на тое прыдумалі, каб у таго, хто начэпіць яго, і адчуванне сілы было, і сумленне жыло ў спакоі — з табою, маўляў, сам бог, і ты ўсё можаш, табе ўсё дазволена.

«А што, як і сапраўды неба з тымі, у каго на рэмені гэты надпіс?»

Думка спарадзіла жах. Гэта ж усяму канец, калі неба на баку чужынцаў. Не, не! Не можа быць, каб яна, Рэната, марна маліла неба! Яно, неба, павінна быць разам з яе дзецьмі, разам з Міхалам, разам з Лагуціным! І неба і людзі павінны паслаць пагібель на чужынцаў, якія ўчынілі на зямлі гэтулькі гора!..

Без стомы цвердзіла сабе ўсё гэта, пакрысе пачала супакойвацца. Але новы жах уладарна ўварваўся ў сэрца, выстудзіў яго ўшчэнт: пра Зінаіду дазналіся! Дазналіся пра тое, што яна, Рэната, з ёю пойдзе! Дазналіся пра тое, што Алесь яе чакае! Дазналіся пра Валю!..

Салдат нешта запытаў. Але Рэната не зразумела, і ён запытаў зноў, і яна ўзняла галаву, адарваўшы позірк ад дзюралевай спражкі на рэмені, і смела і адчайна зірнула ў чужыя вочы. І адразу знік жах, і сэрца загрукатала ў шалёных тактах: не ведае гэты гіцаль нічога! Не ведае, што яна зараз пойдзе пад Слабаду і стрэне там Зінаіду! Не ведае, што яна сабралася ісці ў партызанскі атрад, дзе ўжо чакае яе Алесь, чакае Валя, чакае Лагуцін! А тое, што напісана на спражцы,— лухта. Небачка заўсёды да тых прыхільнае, хто добрае людзям робіць! І недарма яна, Рэната, маліла неба паслаць пагібель на чужынцаў! Яна ж сваё неба маліла, роднае, тое, што вось тут, над Дзвіною!..

Салдат нешта гыркнуў, адпіхнуў Рэнату ад стала, перавярнуў хатуль і тут жа лоўка падчапіў указальным пальцам правай рукі матузкі, якімі былі звязаны вушкі ботаў. Боты гайдаліся, і ён, трымаючы іх перад сабою, аглядаў жоўтую, як косць, падэшву, пастукваў сагнутым у крук пальцам левай рукі, гугніў ухвальна:

— Гут-гут, гут-гут,— і тут жа яшчэ раз паўтарыў, ужо са зваротам да Рэнаты: — Г-у-ут, матка,— і раптам загергетаў весела, залівіста пасмейваючыся, а потым, моцна сашчапіўшы рукою халявы ботаў, двойчы тукнуў Рэнату каблукамі ў грудзі: — Гут! Гут! — і дадаў, як праспяваў, кіруючыся з зямлянкі: — Гу-у-ут, ут-ут-ут...

Калі салдат тукнуў Рэнату ботамі ў грудзі, яна пахіснулася; стаяць у гэтай паставе было нязручна, і яна перставіла адстаўленыя за спінаю рукі з куточка стала на сярэдзіну і, адчуўшы пад правай далонню халоднае лязо нажа, перакінула руку крышку далей, каб не парэзацца, і далонь лягла на гладкі чаранок з плексігласу, адпаліраваны і халодны, як лёд.

«Аддай!.. Гэта Міхалавы боты! Мужавы боты! Аддай!..»

Хацела крыкнуць гэта і не змагла — горла падціснуў нейкі незразумелы, пругкі і гарачы, абруч. Нехта настойліва і часта дзёўб у сярэдзіну гэтага абруча, быццам спрабуючы рассячы яго, і гэтае туканне ўвесь час заглыблялася, і абруч раптам паддаўся і, як пад вострым зубілам, разваліўся напалам.

«Сэрца... Як гулка яно грукае!..»

Ёй падалося, што грукатлівы бой сэрца чуецца не ў грудзях, а звонку, недзе пад жаўтлявай, як косць, падэшвай бота, па якой салдат барабаніць сагнутым у крук пальцам. Рэната бачыла — дзверы зямлянкі былі нахлашч,— як салдат ідзе па сцежцы, і на халявах мужавых ботаў блішчаць сонечныя промні, і гэты бляск раптоўна ўдарыў ёй ў скронь, як стрэл.

— Адда-а-а-ай! — адчайна высокім, пранізлівым голасам закрычала Рэната і, заціснуўшы нож у правай руцэ і выставіўшы яго перад сабою, кінулася з зямлянкі. Пераляцела праз прыступкі, выбегла на сцежку і закрычала зноў, пранізліва і адчайна: — Адда-аа-ай! Бо-оты аддай!..

Правая нага зачапілася за нешта, і Рэната бразнулася на малады трыпутнік. Нож выпаў з рукі, уваткнуўся лязом у зямлю, і яна сківіцаю ўдарыла па тронку, выбіла нож з зямлі, і ён зашыўся ў лісціны трыпутніку. Але ёй падалося, што нож увайшоў пад скуру, недзе побач з вокам, і рэзка матнула галавою. Нос варухнуў халодныя зялёныя лісціны, пад імі бліснула вузкае лязо, і гэты халодны бляск металу прымусіў Рэнату ўзняцца; стаўшы на каленкі, яна зноў крыкнула адчайна і пранізліва,:

— Адда-а-аай! Боты адда-а-а-а-ай!..

У горла трапіў пясок, і яна змоўкла, як захліпнулася, і тады пачула справа, ад яблыні, працяглы сынаў галасок:

— Ма-а-а-а-ма!

Павярнулася на гэты сынаў голас і замерла. Небачка, што ж ён робіць, дурненькі! Цягне з-пад коўдрачкі цацку, стрэльбу-крывульку, а яна зачапілася, не паддаецца, аніяк ён яе не адчэпіць, крычыць, і голас усё мацнее, аж звініць. Салдат спыніўся, глядзіць на малога, залівіста рагоча. Не, садраў боты з пляча, торкае ў бок Даніка, нешта злосна крычыць. Цяпер шпульнуў боты!

«Небачка! Ён жа ботамі галаву Даніку разбіў! І не варушыцца Данік, нерухомы ляжыць!..»

Яна падхапілася, кінулася да яблыні, пранеслася колькі крокаў, бы вецер, і бухнулася ля сына на зямлю. Небачка, цэлы ж Данічак ляжыць! Боты побач з ім пляснуліся, за халявамі галоўку сынаву яна і не бачыла. Жывы сыночак! Жывы!..

Свяціла сонца. Свежы вецер павяваў з Дзвіны. Спакойна шамацела ад ветру і блішчаста пералівалася на сонцы маладая лістота яблынь. Галіна завісала нізка над Данікам, і Рэната ўчапілася рукамі ў гэтую галіну, спрабуючы адвесці яе ўбок; галіна сагнулася, твар зарыўся ў густую лістоту, і Рэната, злавіўшы ротам маленькую лісцінку, сціснула яе зубамі. На смак зусім і не горкая лісцінка, чамусьці кропам пахне. Не, кропам пахне не лісцінка, а сам кроп — малады і густы. Вунь як густа зеляніцца ён пад яблыняй. І ля сцежкі яго поўна, і ля плота, і па бульбе ён скрозь выбіўся. А ў ручцы Данікавай каліва кропу...

Данік ляжаў на сеннічку, сціскаючы ў руках стрэльбу-крывульку, да якой быў прычэплены вузкі раменьчык. Цяпер, калі Рэната адвяла ўбок яблыневую галіну, сонца добра асвятляла сынаў твар, і ён выдаваў дзіўна празрыстым, быццам высветлены знутры. Але празрыстасць была не хваравітая, не блякла-шэрая, як уранку, калі Рэната выносіла малога з зямлянкі, а з ружовым, хоць і слабенькім, адценнем, ад якога нейкая як бы жвавасць і поўнасць праглядвалася на шчоках; і вочы Даніка глядзелі жвава, са слабым усміхам.

— Ён спалохаўся, мама! Спалохаўся!

— Так, маё золатца, спалохаўся. Але ты...

Данік перапыніў яе, і голас яго загучаў ганарліва і ўрачыста:

— Ён болей аніколі ўжо не вернецца!

Рэната сказала цвёрда:

— Не вернецца, сынок, не вернецца!

— А вернецца — я застрэлю яго,— сказаў Данік з ярасцю, упарта, быццам сталы чалавек, які прыняў канчатковае рашэнне і верыць у яго: — Саўсім застрэлю!..

Сынаў позірк, у якім была цеплыня, гэтыя слабыя іскрынкі жвавасці на шчоках малога і асабліва яго голас, спачатку ганарлівы і смелы голас, урачысты, а потым упарты і сталы, надалі Рэнаце ўпэўненасць і сілу. Яна правяла каляным, шархоткім языком па асмяглых, гаркавых губах, што ўсё яшчэ моцна пахлі кропам, зноў адчула яго прыемны водар і глыбока, на поўныя грудзі, хапянула паветра, прапахлага рачной свежасцю і маладымі палынамі, і азірнулася наўкола, гатовая бараніць Даніка, гатовая змагацца за яго і за сваё ўласнае жыццё, хараство якога яна адчула з такой рэзкай вастрынёю, што здрыганулася, упершыню на сваім вяку гэтак аголена зразумеўшы, што другі раз ёй жыць на зямлі ўжо не давядзецца.


* * *

Цень ад старой, пабітай перуном бярозы ляжаў на дарозе шырокай цёмнай палосаю. Удзень цень перасякаў гравійку ўпоперак, пад прамым вуглом, а цяпер, калі сонца скацілася да лесу, ішоў наўскасяк, наблізіўся да маладога бярозавага парасніку, што буяў на пакатым узгорку за ўзбочынай.

«Пачакаю, пакуль цень дойдзе да парасніку. Не будзе Зінаіды — пайду адсюль...»

Рэната сачыла за цёмнай палосаю на дарозе з надзеяй і адчаем. Яна ўжо разумела, што марна чакаць Зінаіду — калі б у яе ўсё было добра, дык яна даўно была б тут,— але не хацела верыць у благое, у нейкую бяду, упарта лётала на пагорак, аглядала наваколле, зноў бегла да бярозы, дзе на растрыбушаным хатулі спаў Данік. Ён увесь дзень не даваў ёй спакою, назаляў пытаннямі — куды яны выбраліся, чаго сядзяць тут, пад дрэвам, і нікуды не ідуць далей? — і яна ўсяляк яго супакойвала, абяцала, што зараз і пойдуць, як толькі сыдзе гарачыня. Данік, зрэшты, стаміўся і сцішыўся, а потым і заснуў.

Гравійка па-ранейшаму была пустая. За ўвесь дзень чакання ля бярозы яна бачыла толькі чатыры машыны, якія пранесліся на вялікай хуткасці, ды дзве фурманкі. Напачатку, заўважыўшы які-небудзь рух удалечыні, яна хавалася ў бярозавы параснік, цікавала адтуль. Цяпер жа, пад канец дня, прызвычаілася, пасмялела, перабралася пад самую бярэзіну, падхопліваючыся на кожны гук ад дарогі.

Наўкола было ціха, нават птушкі нідзе не абзываліся. Самотна дудзеў вецер у зламанай галіне, шамацеў пасохлым лісцем, наганяючы сваім шамаценнем нуду. Рэната з тугой думала цяпер пра тое, што, мажліва, зрабіла вялікую памылку, хаваючыся ўдзень у той бярозавы параснік. Мажліва, Зінаіда не змагла прыйсці сама, дык паслала каго-небудзь, а яна, Рэната, з тым чалавекам і не сустрэлася. Але ж за ўвесь дзень ля бярозы ніхто не спыніўся, ды і людзей жа было зусім мала. Прайшлі дзве кабеты з дзецьмі, потым валокся нейкі дзядуля з торбаю за плячыма. Машыны пранесліся, і тры фурманкі праехалі. Вось, здаецца, і ўсё. Шмат разоў, праўда, чула Рэната, як у бок горада праляталі самалёты, іх было нават добра відаць. За бярозавымі пасадкамі часта грукацелі цягнікі — чыгунка тут не вельмі далёка. Здаецца, яшчэ цягнік. Не, гэта машына.

«Злева машына гудзе. Але, падобна, не на гравійцы, а недзе там, ля тых старых бяроз...»

Крыху счакаўшы, Рэната выразна пачула гул матора, выбегла на дарогу і ўбачыла машыну. Грузавік быў нейкі чорны, дужа нізкі, як без колаў. Угледзелася і здагадалася: селавой дарогай коціць грузавік, колы хмыз затуляе.

Першае парыванне — зашыцца ў знаёмы хмыз, схавацца — прайшло раптоўна, як нешта цягнула, вяло яе да машыны, і Рэната, узяўшы Даніка на рукі, стала на ўзбочыне. У кузаве былі людзі, але яна бачыла іх не дужа выразна, бо машына віляла, часам кузаў амаль знікаў за хмызам, над якім усплывала цяпер рудое воблака пылу. Колер воблака неяк імкліва гусцеў, набрыняў барвамі, быццам пад ім, тым пылам, нешта хутка разгаралася.

«Ад вечаровага сонца пыл барвовы. І нешта бліскае ў кузаве... Небачка! Узброеныя людзі. Салдаты!»

Машына выруліла на гравійку, выруліла якраз насупраць маладога бярэзінку, у якім удзень хавалася Рэната, каціла памалу, быццам шафёр націскаў на тармазы. Рэната спалохана глядзела на салдат, бачыла, што іх чацвёра ў кузаве. І яшчэ нехта, як прыціснуты да кабіны. Жанчына ж, здаецца...

«Небачка! Зінаіда гэта!»

Рэната знямела. Яна добра бачыла цяпер твар Зінаіды, якая павярнула галаву ў яе бок, бачыла ўмольныя, тужлівыя вочы. Але позірк іх на ёй, Рэнаце, не спыніўся, Зінаіда толькі мелькам зыркнула на Рэнату і тут жа скіравала позірк далей, за дарогу, на той узгорак, што парос бярэзнікам. Зінаіда нават падалася наперад, як бы цягнулася да тых маладзенькіх бярозак, якія густа абляпілі ўзгорак. У кароткім позірку Зінаіды, які быў адрасаваны Рэнаце і які яна злавіла, была незразумелая ўмольнасць, як бы патрабаванне пайсці туды, на той узгорак, нешта ўзяць.

Зароў матор. Машына, імкліва набіраючы хуткасць, панеслася па гравійцы і, бліснуўшы чырвонымі шкельцамі стоп-сігналаў, што запаліліся ад промняў вечаровага сонца, схавалася за павароткай. Крыху спагадзя пачулася металёвае бразджэнне — гэткі гук чуўся кожны раз, калі машыны міналі пераезд, затулены старымі бярозамі,— і Рэната адчула, што яе пачынаюць біць халодныя дрыжыкі. Якая ж яна дурніца! Цалюткі дзень непадалёк ад пераезду, дзе ёсць ахова, міталася то з пагорка на гравійку, то з гравійкі на пагорак — яе ж маглі заўважыць з чыгункі. А ведала ж, даўно здагадалася: бяда прыключылася. Трэба было счакаць гадзіну-другую і неадкладна ісці адсюль!

«Ісці? Але ж куды?..»

Рэната азірнулася наўкола, позірк яе зноў запыніўся на роўнай стужцы дарогі, што лягла па ўскрайку няскошанай канюшыны і ўпіралася ў цёмную сцяну лесу. Лес як бы наблізіўся, вабіў, клікаў.

«Зінаіда сваім маўклівым позіркам туды, на лес, паказала, прасіла нешта зразумець, зрабіць».

Як бы ў нейкім сне Рэната сышла з гравійкі, узнялася на пагорак, разгублена і збянтэжана азірнулася наўкола, быццам спадзявалася ўбачыць Зінаіду недзе тут, паблізу. Сонца вісела справа ад поля, яно ўжо амаль не асвятляла няскошаную канюшыну, і таму вузкая селавая дарога, слаба прыкметная ўдзень, цяпер выразна акрэслівалася, быццам вылузвалася з вечаровага сутоння пад лесам. Рэната зыркнула на гравійку, кінула позіркам па ўсёй стужцы дарогі ля поля, і ёй падалося, што Зінаіда сюды кіравала свой пагляд, як бы падказала, што менавіта тут яны і павінны былі ісці ўсе разам у атрад.

«Атрад у лесе. Я павінна знайсці яго. І знайду!»

Рашэнне выспела неспадзеўкі, і Рэната паверыла ў тое, што Зінаіда да яго і заклікала, што ўвогуле ў яе асабіста зараз іншага выйсці няма. Дамоў вяртацца? Ніхто і нічога яе там не чакае. Яе чакаюць дзеці, чакаюць у атрадзе, і яна павінна атрад знайсці, расказаць, што Зінаіда трапіла ў бяду. І яна знойдзе атрад! Яна спачатку пойдзе гэтай селавой дарогаю, потым лесам будзе ісці, пакуль не дасягне мэты!..

За старымі бярозамі пачуўся гул цягніка, ён хутка набліжаўся, і неўзабаве было ўжо выразна чуваць сухое татаканне колаў, якое як бы кацілася сюды на ўзгорак. Рэната спуджана прысела на зямлю, схавалася ў бярозавы параснічак, і ёй падалося, што сухое татаканне колаў разлеглася не ў вечаровым паветры, а гучыць у яе ў грудзях. Яна толькі цяпер спасцігла ўвесь жахлівы сэнс таго, што адбылося, і раптам адчула, як дрыжаць і рукі, і ногі, і халодная дрыготка пашыраецца ў плячах, запаўзае ў нутро.

Перасіліўшы жах, Рэната, прыціскаючы к сабе Даніка, скацілася з узгорка і пашыбавала ўсцяж поля. У лесе яна ішла гэтак жа шпарка. Дарога тут была больш прыкметная, чым на траве ў полі, і неўзабаве яшчэ больш пашырэла, зрабілася падобнай на гравійку. След машын, праўда, начыста замылі дажджы, затое выразна праразалі пясок вузкія тонкія каляіны — на конях тут ганялі штодня, відаць,— і Рэната ўвесь час іх і трымалася, і яны вывелі яе на скрыжаванне. Дарога, па якой Рэната ішла, уперлася ў яшчэ больш шырокую, з выразнымі слядамі машын, як бы пераскочыла яе і зашылася ў густы малады ельнік.

«Дарога, дзе сляды грузавікоў, не можа ісці ў партызанскі лагер, туды калі і ёсць дарога, дык яна ж, напэўна, маленькая, непрыкметная, накшталт гэтай, што дала нырца ў ельнік».

Рэната смела пашыбавала дарогай праз ельнік. Неяк амаль адразу зрабілася цёмна. Але потым крыху і пасвятлела — ельнік скончыўся, паабапал стаялі бярозы. Потым пайшлі старыя сосны, дарога паміж імі пачалася няроўная, перавітая карэннямі і неўзабаве як бы разлілася сярод тоўстых камлёў: куды ні кінешся — быццам і дарога перад табою, а зробіш крокаў з дваццаць — тыцнешся носам у сасну.

«Я згубіла дарогу. Заблудзілася. Не, справа быццам святлей робіцца...»

Рэната спалохана мітнулася ўправа, прабегла крыху і прыкмеціла пад нагамі палосу пясчанай дарогі. Ад радасці зайшлося сэрца, паменела стомы.

«Выбілася на дарогу! Цяпер толькі не згубіць яе зноў, па ёй ісці. Дарогі бясконцай няма, некуды выведзе. Толькі ці хопіць сілы адолець яе? Трэба адпачыць. Хоць крышачку адпачыць...»

Яна прысела ля сасны на густыя верасы. Ад стомы гулі ногі, ступакі драла гарачыня; смылелі плечы, нашмуляваныя лямкамі хатуля; дрыжалі рукі. Але пасядзела яна зусім мала, здалося, што і палову гадзіны не сядзела: толькі змружыла вочы, як у нейкі вір правалілася і тут жа выдралася з яго, загадала сабе ўзнімацца і ісці.

Дарога цяпер не гублялася, прыкметна шырэла і святлела. Святлей рабілася і па баках, і наперадзе, і асабліва ўверсе. Потым святло як перакінулася з усіх бакоў пад ногі, і дарога, як абсечаная, скончылася, лес быццам падскочыў уверх і наперадзе, зусім блізка, адкрылася чорная прорва. Рэната спалохана прыгнулася, адступіла крокі з два назад, потым зноў асцярожна пасунулася наперад, углядаючыся ў тую чорную бездань, якая ўжо не выглядала суцэльнай, у ёй акрэсліваліся шаты дрэў і белаватая, быццам з волава, стужка.

«Дзвіна! Гэта ж я на касагор выбілася. А ўнізе — рака».

Крыху пастаяўшы, яна ўгледзела і дарогу, якая цяпер паката скатвалася ўніз. Рэната спусцілася па ёй з касагору ўніз, крыху прайшла і разгублена спынілася. Зноў скрыжаванне! Куды, у які бок пайсці? Відаць, увогуле не варта ёй варажыць, трэба дачакацца дня, агледзецца, тады ўжо нешта вырашыць.

Варта было гэта падумаць, як адразу страшэнная стома скавала і рукі і ногі. Рэната ледзь дабрыла да нейкіх маладых і густых дрэў, зашылася ў іх — пад голлем было суха, утульна,— растрыбушыла хатуль, паклала Даніка, прымасцілася побач і імгненна заснула.

Абудзіў яе нейкі сухі і размераны пошчак, як бы недзе зусім блізка, як не над вухам, малацілі нечым драўляным па блясе. Яна адплюшчыла вочы, села, інстынктыўна затуляючы Даніка ад гэтага сухога тукання.

«Як не на самай дарозе разлеглася. Лазнякі рэдзенькія зусім. А ўночы дрэвамі здаліся...»

На дарозе стаяла фурманка, з нейкім збудаваннем ля перадка. Конь трос галавой, звінелі-пазвоньвалі цуглі. На фурманцы сядзеў мужчына, стукаў пугаўём па атоску. Пастукае, спыніцца і тады зноў: «тук-тук, тук-тук...»

— Падвезці? — спытаў мужчына, заўважыўшы, што Рэната зварухнулася і глядзіць на яго.— На Дзісну ж ідзеш? Цяпер усе на Дзісну кінуліся, хлебец шукаюць.

— Хай сабе на Дзісну,— схлусіла Рэната, вырашыўшы, што адказаць нешта трэба.

— Садзіся. Да Язна давязу.

— Мне блізка. Дзякую.

— Злезеш бліжэй. Мне мальца твайго шкада — на зямлі голай ляжыць. Застудзіцца.

Рэната схамянулася — сапраўды з’ехаў з растрыбушанага хатуля, ляжыць на голай зямлі Данік,— узяла сына на рукі, пацалавала скалелы твар, шыю, плечы, тармасіла, спрабуючы пабудзіць. Але малы быў нібыта нежывы, неяк дзіўна матлялася яго галава, а рукі ападалі, бы вяроўкі.

— Цяпер яго толькі лазняй уратуеш... Каб у цяпло, угрэць як след,— сказаў мужчына і злез з фурманкі, пачаў варушыць месца, дзе сядзеў, адсоўваў сена.

— Дзе ж я тут лазню знайду? Што вы гаворыце!

— Тут не знойдзеш. Да мяне трэба ехаць, на хутар. Учора лазню грэлі, не павінна выстудзіцца.

— А далёка дзе?

— Блізка. Давай сюды мальца.

— Я сама данясу.

— Яна — данясе! На нагах ледзьве стаіць, а шчэ рупіцца! Кладзі ў воз мальца, калі хочаш, каб жыў. У сене цёпла...

Нейкая магічная сіла была ў мужчынскім голасе, і Рэната ёй падпарадкавалася: паслухмяна паклала Даніка на фурманку побач з рамамі — цяпер яна разгледзела, што ніякага збудавання на фурманцы няма, а стаяць тырчма, укручаныя вяроўкамі рамы, выдраныя недзе з хаты,— села сама і, калі фурманка кранулася з месца і мужчына пачаў распытваць, адкуль яна, як імя, адказала праўду.

— Рэдкае імя,— неяк ухвальна заўважыў мужчына.— А мяне — Аксён,— ён хвастануў каня пугаю, ускочыў на фурманку гэтак імкліва, што Рэната адхіснулася.— Не палохайся, я чалавек добры,— засмяяўся ён, убачыўшы сполах на Рэнаціным твары.— Другі на маім месцы што зрабіў, убачыўшы, як кабета з малым канае? Пагнаў бы далей каня. А я да людзей — па-боску,— і зноў пакруціў у паветры пугаю, але каня не сцебануў.— Кладзіся ў возе і спі. Мальцу цяплей будзе...

І яна зноў падпарадкавалася, скруцілася ля сына, саграваючы яго сваім целам. Колы ціха парыпвалі. Аксён сядзеў да яе спінаю, ускінуўшы на шыю канцы лейцаў, звязаныя вузлом, круціў цыгарку, як бы страціўшы ўсякую цікавасць да сваіх спадарожнікаў. Рэната заплюшчыла вочы, але па руху фурманкі адчувала, у які бок верне дарога, сілілася, каб усё было ў памяці, і нечакана праніклася даверам да чалавека, які сядзеў побач.

«Нібыта неба пасылае мне паратунак. Паздаравее Данічак, тады ўсё наладзіцца. Тады я атрад знайду...»

Сонца грэла ўжо моцна, лашчыла, закалыхвала, і Рэната не адчувала сябе гэткай адзінокай, як уночы ў лесе. Ёй нават здавалася, што жахлівага мінулага дня і яшчэ больш жахлівай ночы ўвогуле не было, што Зінаіда неяк выбавілася з бяды. Рэната нават пачала драмаць, а потым і ўвогуле заснула. Сон, праўда, быў неглыбокі, няроўны; яна то як правальвалася некуды і затым раптоўна зноў выплывала з мяккага нябыту, адчувала і рух фурманкі, і тупат конскіх капытоў, і рытмічнае рыпенне атоскаў; потым з мяккага нябыту яе выдраў ярасны брэх, яна падхапілася і таропка спаўзла з фурманкі.

Ногі зацяклі — яна ляжала ўвесь час скурчыўшыся,— не трымалі зусім, і Рэната ўчапілася рукамі ў вяроўкі, якімі былі ўкручаны рамы, завісла на іх. Дзе ж гэта яна апынулася? Шырокі падворак як бы сціснуты з трох бакоў хатай, хлявом і дрывотняй пад дахам з учарнелай дранкі; з чацвёртага боку — густы жардзяннік, за якім пышна зеляніцца гародчык, а далей спляліся голлем старыя яблыні; на ўскрайку дрывотні — сабачая будка, і ля яе, струною нацягнуўшы блішчасты ланцуг, устаў на дыбкі чорны сабака; вокны хаты зачынены, але відаць, што фіранак на іх няма — дужа чорна ў хаце; на нізкім ганку блішчаць суды, як бы звязаныя вузкім драўляным каромыслам...

Пакуль яна аглядалася, Аксён адчыніў весніцы, схаваўся за яблынямі і вельмі хутка вярнуўся.

— Шчасціць табе, кабета,— сказаў ён, беручы вядро.— Вада ў лазні цёплая. І каменка сіпіць. Цягні мальца,— і, заўважыўшы, што Рэната спрабуе закінуць за плечы хатуль, загадаў: — Пакінь. Ніхто твае транты не зачэпіць,— і кінуў услед, калі Рэната ішла ўжо гародчыкам: — І сама мыйся, калі хочаш. Мыдла знойдзеш — на падаконніку ляжыць...

Лазня была за садам, ля ручаіны, акаймаванай старымі вольхамі, але нізкімі, як падсечанымі. Увайшоўшы ў прылазнік, Рэната ўзяла дзверы на тоўсты жалезны крук, агледзелася і адчула сябе ў бяспецы. Наліла ў бляшанік вады з чорнага драўлянага цэбра, ад якога ў каменку ішлі дзве трубы, лінула з карца на шэрае каменне, і яно слаба засіпела; гарачы дух даў у твар.

Яна спачатку не хацела чапаць мыла, што ляжала на вузенькім падвоканні, а потым адважылася, намыліла Даніка з галавы да ног, узялася шараваць яго, церці, паліваць вадой. Данік адчуваў сябе добра, смяяўся, нешта ўсё лапатаў-лапатаў, біў ручанятамі па вадзе. Потым жа, калі яна ўзялася яго апранаць, зноў зніякавеў, рукі ў яго абвялі, вочы закрыліся, і ён заснуў у яе на руках.

Рэната моцна ўпацела. Ад поту ўсю скуру, асабліва на галаве, радзіраў сверб, і яна адважылася: памыцца і ёй трэба. Данік паляжыць у прылазнічку, а яна мігам памыецца. Тым больш што гаспадар даў на тое дазвол. Ды, зрэшты, яна можа яму і сплаціць за гэтую ласку: ёсць у хатулі крыху солі, дзве прасціны, яшчэ тое-сёе, неяк можна будзе і разлічыцца.

«Хатуль жа там, на фурманцы ляжыць! Не, Аксён яго на ганак пацёг. Пакуль я тут раскошую, мыюся, дык ён там хатуль пачысціць!»

Яна хуценька дамылася, апранулася, падхапіла Даніка і панеслася з лазні. Яшчэ з гародчыка ўбачыла, што хатуля на ганку няма, мітнулася да фурманкі, пачала варушыць сена, быццам хатуль быў там схаваны. Разгубілася, калі ўбачыла Аксёна, які стаяў ля хлява, сагнуўшыся — развязваў вяроўкі на рамах.

— Паклажу сваю шукаеш? — спытаў Аксён, падыходзячы да Рэнаты з вузлаватай вяроўкаю ў руках.— Унь, вісіць на цвіку. Дапамажы рамы на вышкі закінуць. А мальца ў хату занясі. Дай яго сюды!..

Ён узяў у яе Даніка, аднёс у хату і вярнуўся. Узлез па драбінах на паддашак хлява, звесіў рукі — чакаў. Рамы выдзіралі недзе з хаты жыўцом, сякераю і неахайна, пашчапаўшы тонкія канты, былі яны без шкла, апрача адной, дзе ацалелі дзве шыбіны. Каб зручней было падаваць рамы, Рэната стала на другую планку драбінаў і здзівілася. Чаго ж там толькі няма, на гэтым паддашку! Рамы з цэлымі шыбамі, крэслы, нейкія шафкі, сталы, на якіх складзены мяхі, нечым туга напакаваныя... На мяхах ляжаць чырвоныя і жоўтыя лыжы, укручаныя белымі шнурамі электраправодкі, на канцах якіх матляюцца чорныя разеткі з драўлянымі калодачкамі, выдраныя недзе са сцен.

«З горада дабра нацягаў. Мабыць, рабаваў пакінутыя кватэры...»

Яна бязвольна стаяла ля драбінаў, апусціўшы рукі, пакуль з паддашка не прагучаў Аксёнаў голас:

— Спіш? Падавай!

Рэната ўзняла адну раму, другую... Апошнюю, пятую, яна ледзь падняла.

Аксён спусціўся па драбінах на зямлю, сеў на абернутую ўверх дном скрыню, прапанаваў, згортваючы цыгарку:

— Пажыві тут, на хутары, пакуль гаспадыня на ногі не ўзнімецца. Занядужыла Уляна. Гаспадара пахаваўшы, на сырым, ля хаты, ноч адлежала — скруціла. А я сюды лётаць штодня не магу — свая гаспадарка,

— А гэта не ваша хата?

— Брат тут жыў. Мой малодшы. Добрай душы Яўгенка быў, хай яму пухам зямелька. Уляна — душа добрая — яго любіла... Яна толькі Серафіма ненавідзіць. А з чаго? Спытай, дык і не адкажа. А Серафім, між іншым,— галава разумная. Ён з усіх нас, братоў, самы старэйшы. І самы разумны. Немцы дурня начальнікам не паставяць — народ з розумам. Ён, між іншым, мне і падказаў: бяры, кажа, кабету якую з горада, хай Уляну глядзіць... Таму і кажу: пажыві месяц які!

— Не ведаю. Мне ісці трэба...

Аксён зацягнуўся, выпусціў струмень дыму на далонь левай рукі, якую трымаў перад сабою, быццам збіраўся ўхапіць Рэнату, сказаў з развагаю:

— Ісці табе няма куды, бо малец хворы. І сама — трэска?.. А тут яго на ногі паставіш, хлеба заробіш — Уляна на аплату не паскупіцца, пабачыш. А яна паправіцца — пойдзеш сабе. Клопату па гаспадарцы не дужа: карова, падцёлак ды свінні. Ну, птушка яшчэ. Маёй жа кабеце не разарвацца, хоць і непадалёк жывём — кіламетры са тры нейкіх. Але ж штодня не падбяжыш, калі свая гаспадарка цягне. І жыта ўжо хутка жаць. І сена касіць...

У вачах Аксёна, жаўтлява-бялесых, як падбеленых, асела самота. Роспачны выраз твару — няголенага даўно, у рэдкаватых клочках светлай шчэці, падкурчанай нейкай, як падсмаленай,— узмацняў цень ад карычневага скуранога казырка клятчастай кепкі, які ляжаў на крутым, як бы з дзвюх палавінак, ілбе, упіраючыся ў бялявыя, але густыя і калматыя бровы.

— Вясковай працы я не надта навучана,— прамовіла Рэната, падпадаючы пад абладу тужлівага і самотнага позірку Аксёна.

— У дзеле ты ўвішная — адразу прыкметна. У лазню — подбегам. З лазні — бягом. Добра папрацуеш — добра і заробіш. Харч і табе і мальцу ў залік не пойдзе. І масла, і малако, і хлеб — гэта колькі з'ясі...

— Не ведаю, што і рабіць,— прамовіла Рэната няпэўна.— Нават не ведаю...

Аксён сказаў цвёрда:

— Калі не ведаеш, дык трэба рабіць, што добрыя людзі раяць. Хадзем снедаць. І мальца трэба малаком напаіць. З мёдам. Я ўчора слоік прыцёг. Ад мёду з малачком малец жваванькі будзе, от тады скажаш...

Апошнія словы як падсеклі Рэнату, і яна паслухмяна пацягнулася за Аксёнам у хату.



22

На сонцы і моцным парывістым ветры сееная цімафееўка, якую ўчора ўранні скасіў Аксён, сохла, бы на печы ляжала. Апоўдні Рэната падварушыла сена, а ўвечары ўзялася ўжо цягаць яго да стажаркі. Данік быў побач. Напачатку малога зацікавіла праца, ён увішна арудаваў граблямі, але неўзабаве астыў. Пакуль Рэната, уссадзіўшы на вілы чарговы ахапак, несла сена да стажаркі, Данік паспеў плітануць да ручаіны — пароў пад каранямі старых вольхаў ракаў.

— А хто будзе падграбаць сена, сынок? — гукнула яна малому.— Бярыся за працу, Данічак!

— Зараз, толькі ракаў на вячэру злаўлю. Ты казала ўчора, што яны смачныя... .

Рэната болей і не клікала сына — шкадавала. Хай сабе ловіць ракаў, забаўляецца. Учора, праўда, ён налавіў іх з дзесятак, і яны, звараныя ў кіпні, былі смачныя. Невялікі наедак з тых ракаў. Але забаўка яму на карысць: увесь час у руху хлопчык, на сонцы, таму і ачуняў, зрабіўся па-ранейшаму жвавы, увішны.

Удзячная Уляне, якая ўвесь гэты час, што яны жывуць на хутары, не шкадавала з ежы анічога і ёй і малому, Рэната ўлягала ў працу з цямка да цямка. Кожны дзень быў падобны адзін на другі: падаіць і выгнаць на пашу карову, насекчы травы, перацерці яе з варанай бульбай і гэтым месівам накарміць вялікага і малога, але аднолькава ненажэрных кабаноў, выпусціць да ручая гусыню з гусянятамі, затым, нахапкам паснедаўшы, чысціць хлеў, выносіць гной і брацца за працу ў гародчыку.

Першыя чатыры дні Рэната думала, што, заваліўшыся ўвечары на сяннік — гаспадыня дазволіла ёй і Даніку спаць у прасторных сенцах, патрабуючы толькі, каб дзверы ў хату не зачыняліся,— ранкам яна ўжо і не ўзнімецца. Але прыходзіў ранак, і яна зноў пачынала круціцца, нібыта вавёрка ў коле. Пад канец другога тыдня, аднак, пачала стамляцца меней. Ёй нават здавалася, што, парабіўшы ўсю працу ў гародчыку, яна зможа крыху адпачыць, і таму, высільваючыся, палола грады, прыводзіла да ладу гуркі, моркву, буракі і капусту, якія буйна пазарасталі пустазеллем.

Давяла да ладу гародчык і пасмяялася са свае спадзяванкі, бо за працай, якую парабіла, набегла новая: трэба было два разы на тыдні церці — каб аж блішчала! — драўляную падлогу і ў хаце і ў сенцах, складаць альховыя плашкі — Аксён тры вечары біў на дрывотні дровы, распілаваць якія Рэната яму дапамагала,— штодня па вечарах варыць вялізныя чыгуны старой бульбы парсюкам. Кожную суботу Уляна загадвала выпаліць лазню, і Рэната павінна была памыць і гаспадыню і бялізну.

Было шмат іншага дробязнага клопату, які не пакідаў аніводнай вольнай хвіліначкі, выматваў сілы. Цяпер вось гэтае сена. Калі ляжала ў пракосах, дык паварочваць яго было няцяжка. А як узялася цягаць у канец лугавіны і складаць у стажарку — Аксён папярэдзіў, каб складала сухое, абавязкова пры сонцы, не пакропленае вечаровай расою,— дык хрыбціна ажно трашчыць. Але ўжо няшмат і застаецца, у адным пракосе толькі.

Перацягаўшы сена, Рэната заціснула вілы пад слупок стажаркі, зняможана прысела на канец бервянца, што вытыркаўся з-пад нізу стажаркі, змружыла вочы. Сухая цімафееўка, густа перасыпаная канюшынай, лашчыла спіну цеплынёю, мякка шамацела ад кожнага руху пляча, дурманіла галаву дзівосным мядовым водарам. На нейкае імгненне падалося, што ніякага ліха ў яе жыцці не было і няма, што Рэната прыехала з Міхалам на вёску да яго бацькоў, напрацавалася па гаспадарцы, цяпер вось села адпачыць.

Пачула галасы, ускочыла, убачыла пад старымі вольхамі Даніка і Аксёна. Ракаў, здаецца, ганяюць, увайшлі ў азарт, крычаць.

— Адтуль гані! — Аксёнаў голас гучаў загадна.— Па галавешцы ўлупі! І-іш, точыцца назад, воўк яго рэж. Баіцца вядра.

— Трэба счакаць, ён тады выпаўзе.

— Калі ўлупіш па галавешцы — папрэць, нідзе не дзенецца. Дай сюды таўкач!

— Уцёк! Уцёк!

— Дзе ж уцёк! У вядры сядзіць, воўк яго рэж. Цяпер падбяжы за кладку, паглядзі там. Калі ёсць — гукнеш...

Аксён падышоў да Рэнаты, трымаючы вядро ў левай руцэ, потым паставіў яго на зямлю. Чорныя ракі шавяліліся ў вядры, караскаліся па бляшаных сценках, скатваліся, варушыліся клубком, і вядро ўвесь час пазвоньвала ад удараў клешняў. Рэната глядзела на гэты рухавы клубок, і ў памяці ажываў жахлівы ўспамін: чорны рак на пясчанай сцежцы ля Дзвіны, віск бомбы, чорнае воблака выбуху...

— Заўтра гадавіну па Яўгену правім — ракі прыдадуцца дужа,— сказаў Аксён.— Серафім да ракаў у-ух, які ахвочы. З Дзісны з начальнікам сваім прыкоціць — абяцаў,— і ён змоўк, углядаючыся ў Рэнацін твар; бровы зварухнуліся, у вачах запаліўся незнаёмы Рэнаце агеньчык.— Во як яно, добрых людзей паслухацца. Каб на хутары тут не засталася, дык, можа б, і не жыла ўжо. А цяперка і шчокі заружавелі,— і засмяяўся, выскаліўшы белыя, на дзіва роўныя і прыгожыя зубы.— Спрытная кабета. І го-ожая, куды ні зірнеш,— спытаў зусім нечаканае, як бы закрэсліваючы сваё захапленне: — Уляна не крыўдзіць?

— Уляна добрая. Я ёй удзячная.

— Мне лепей падзякуй. Не дужа-ткі яна хацела, каб ты тут гаспадарку вяла, баялася, што абкрадзеш. А я загадаў — яна мяне баіцца. І ненавідзіць. Яна, між іншым, усяго баіцца і ўсіх ненавідзіць, як здурнела ад гэтай сваёй хваробы. А ўсё — мяне не слухала. І Серафіма не слухала. А каб нас паслухала, з Яўгенам паехала, дык жыў бы Яўген зараз. І яна здаровая была б сёння,— і, як бы ўжо была паміж імі нейкая папярэдняя змова, дадаў: — І пра гэта таксама ёй не кажы. Калі яна што чаўпе — маўчы...— Аксён раптам скрывіў вусны, ніжняя губа падціснулася, зубы ашчэрыліся, надаўшы твару драпежны выраз. Але выраз гэты знік тут жа — Аксён засмяяўся.— Дурныя людзі, між іншым. Цяперашнім часам — немец, здаецца мне, да хутарской гаспадаркі разумна ставіцца! — чалавек, калі галаву мае, шыкоўна жыве. Немец што? Немец далёка. Яму адно трэба: млека, сала, мяса, яйкі. А колькі ты зямлі ўрабіў — ён не дужа і ўлічыць. Спраўнаму гаспадару цяпер — во-оля. Лепшай улады, як мой Серафім кажа, не трэба. Ён у нас разу-умны. Вось заўтра пабачыш!.. .

— Можна і сёння. Сёння! — Раптоўна прагучаў басавіты голас, і з-за стажаркі высунуўся, як выплыў, танклявы вёрткі мужчына, з карабінам за плячыма, і зусім не падобны на Аксёна.— Сёння хай на Серафіма глядзіць! Заўтра часу не будзе!

Аксён кінуўся яго абдымаць:

— Серафімка! Прыехаў. А казаў жа — заўтра. Заўтра чакаем. Ракаў вось ловім...

— Люблю — знянацку. Тады ўбачыш, што ад цябе хаваюць. А ты ву-унь якую красуню хаваеш,— і ён схапіў Рэнату за правую руку, а левай паляпаў па плячы.— Камісарка? Ці, можа, і юдэн? Нешта ж дужа чарнявая. Ты ў мяне глядзі, Аксён!

Ён нахабна і прагна абмацваў Рэнату вачыма, і яна марна намагалася выдраць сваю руку з яго ўчэпістых пальцаў. У сэрцы Рэнаты раптоўна, як зусім нядаўна ўспамін пра той жахлівы дзень, калі бомба трапіла ў матчыну хату, пыхнуў малюнак мінулага: халодны хлявок, жорны, учэпістая рука з доўгімі валасінкамі ля касцякоў пальцаў, што набіваюць мліва ў шклянку.

«Гэткая ж рука і ў Серафіма. Як павучыныя, гэтыя пальцы...»

Яна рванула, выдрала руку з пальцаў Серафіма, закрычала — клікала сына:

— Данік! Да-анічак!

Серафім выглянуў з-за стажаркі, прысвіснуў:

— Сядзіць ужо ў акенцы сава. Сочыць. Бачыць яе не магу. Пайшлі. Ракамі пачастуй!

Аксён падхапіў вядро, і яны пайшлі на лугавіну. Калі браты былі ўжо ля ручая, да стажаркі прыбег Данік, спытаў задыхана:

— Куды ён ракаў маіх пацёг?

— Гэта ж не наш ручай. І ракі не нашы.

— Хай яны падавяцца сваімі ракамі. Фашысты!

— Мы сабе ракаў у Дзвіне наловім,— паабяцала Рэната, здзіўленая нянавісцю, якая прагучала ў голасе сына.— Шчэ лепшых наловім. Вернемся дамоў — наловім!

— Я іх і тут налаўлю.

— Налаві, сынок, налаві,— дазволіла Рэната.— Толькі далёка не адыходзь. Нешта гаспадыня мяне кліча...

Рэната заспяшалася да хаты. Зірнула на адчыненае акно толькі тады, калі ўвайшла ў гародчык,— Уляны там ужо не было відаць. Звычайна, ад самага рання да вечара, куды б Рэната ні ішла, вочы гаспадыні сачылі за ёю: Уляна загадала падцягнуць свой ложак да акна, бачыла, здаецца, літаральна ўсё, што робіцца на падворку, у гародчыку, у садзе. Часцяком, увечары, яна запытвалася пра нязначныя дробязі, якія Рэната ўдзень зусім і не заўважала.

— Чаго Серафім тут аціраецца? — спытала Уляна, як толькі Рэната ўвайшла ў хату.— Я ж сказала, каб ён і блізка сюды не падыходзіў, паганец!

— Ён толькі сёння прыехаў. Аксён жа казаў пра гадавіну. Серафім, нібыта, абяцаў прыехаць заўтра, а прыехаў зараз.

Уляна прыўзнялася на локцях, плечы яе выгнуліся, і галава як бы ўшчамілася ў дзве вузкія дошчачкі; твар выдаваў, як ніколі раней, зморшчаным, зялёная хустка закрывала ўвесь лоб, таму здавалася, што на твары, з доўгім і завостраным носам, жывыя толькі чорныя, як вугольчыкі, маленькія вочы.

— Каб ён у вір галавой лепей паехаў, як яны мне ўсе абрыдлі,— і нечакана папрасіла даверліва: —Ты заўтра сыдзі з малым куды-небудзь. Бо гэты паганец, напіўшыся, пачне вытвараць штукі. Старую ігрушыну бачыла? Гэта ж ён, з сваёй хэўраю, кулямі пассякаў. Нап’юцца, нажаруцца, тады — страляць...

Шчырасць Уляны была ў навіну, і Рэната адчула, што сёння можна шмат пра што дазнацца.

— Серафім — галава разумная. Аксён гэта кажа.

Уляна сказала зацята:

— Паганец. Злыдзень. У Серафіма сэрца ваўчынае. Аксён жа гэтага не бачыць. Аксён бы ачмурэў, зямлі гэтулькі нахапаўшы. Адзін хто сярод іх добры, дык гэта Яўген мой. Ён ласкавы быў, душэўны, чужога крупінкі не возьме. А Серафім — паслугачом у чужынцаў. Ты ж чалавек расейскі — чаго да чужынцаў горнешся? А ён ім служыць. Фашыст людзей рабуе, і Серафім возам да Аксёна ўсё прэць, на хутары ўжо не месціцца, дык і сюды валачэ. А на кожнай жа драбнічцы — слёзкі людскія. Яны, слёзкі, Яўгену і адгукнуліся. У той дзень не хацела я свайго пускаць, а Серафім, паганец, у крык: дурная баба, маўляў, там багацце ў хатах пустых поўна, усім дазволена браць. Сілком Яўгенку прымусілі каня запрэгчы. Ён, Серафім, яго ў зямельку ўвагнаў,— і раптоўна, як спахапіўшыся, загадала: — Кармі парсюкоў. Не чуеш? Равуць...

І зноў закруціла Рэнату кола звычайнай, знаёмай працы. Управілася яна толькі з цёмным, калі Данік моцна спаў. Рэната прылегла на сенніку побач. Але сон не ішоў. Напачатку здалося, што нехта ціха таўчэцца на ганку, і яна стаіла дыханне, услухоўвалася да бомкання ў вушах. Адлягло крыху, калі пачула шурхаценне ў другім канцы сенцаў, дзе звычайна тупацелі пацукі. Потым падалося, што блага зачыніла сенцы, ускочыла, абмацала рукамі драўляную завалу. Дзіва нейкае вярзецца: ляжыць завала на месцы, надзейна — хутчэй хату з сенцамі абернеш, чым яе, знадворку, зрушыш.

Зноў уладкавалася на сеннічку, але на душы спакою не было. І гаспадыня сёння спіць неяк трывожна: дыхае цяжка, плямкае губамі, як нешта гаворыць... Мабыць, Серафім яе гэтак узвінціў. Як жа яна яго ненавідзіць! Нешта ў яе позірку паганае ёсць, нялюдскае. А хіба Аксён лепшы? Аднолькавыя яны... Дзіўна, чаго ж Уляна не сказала пра тое, як загінуў Яўген? Некуды яны ехалі ўсе разам, Яўген не хацеў, працівіўся, а браты — прымусілі... Але навошта ёй усё гэта ведаць? Яна павінна пра другое клопат мець — як уцячы адсюль. Данік ачуняў, на ногі стаў. І яна між іншым паздаравела. А ўсё — харч. Уляна, добрае сэрца, ёй не шкадуе з ежы анічога. Але ж гэтая ежа ўжо калом становіцца ў горле, калі бачыш, як за табой сочаць, колькі і што ты ясі.

«Пайду адсюль. Заўтра ж і пайду!»

Прыняўшы рашэнне, яна паспакайнела і неўзабаве заснула. Дакладней, не заснула, а толькі нібыта паплыла на цёплай і мяккай хвалі, як рэзка, быццам над вухам, прагучаў голас Уляны:

— Рэнька, уставай! Не чуеш? Страляюць ля стажаркі!

Рэната ўскочыла. Адзін за другім бабахнулі два стрэлы. Сапраўды, у бок лугавіны, дзе стаіць стажарка. Але ж недзе далей, не блізка гэта.

— Далёка. Недзе за ручаём,— сказала Рэната і падыбала да дзвярэй — зноў падалося, што завала ляжыць ненадзейна.

Гаспадыня, пачуўшы, як тукнула драўляная засаўка, гукнула спуджана:

— Здурнела? Не чапай! Не адчыняй!

— Я толькі памацала, ці добра зачынена...

Стрэлаў болей не было чутно. Цішыня панавала і ў хаце, і ў сенцах, і на падворку. Крыху спагадзя гаспадыня пачала сапці носам. Рэната заўважыла, што цемра ў хаце прарэдзілася, а над вушаком у сенцах акрэсліліся дзюркі — бралася на світанне. Яна паляжала на адным баку, потым павярнулася, падсунулася бліжэй да сына, ухутала яго, змружыла вочы і раптам здрыганулася, напружылася.

«Крокі!.. На падворку крокі. Цяпер на ганку!..»

Крокі былі асцярожныя, але цвёрдыя, упэўненыя. Рэната падхапілася, сядзела скамянеўшы. Сэрца калацілася шалёна, як вось-вось вырвецца з грудзей.

Затрымцела шкло — стукалі ў шыбу, але стукалі мякка і асцярожна. Услед за гэтым туканнем прагучала сцішанае:

— Хто ў хаце? Адчыніце, добрыя гаспадары!

Нібыта вострыя цвікі прадралі скуру на скронях.

Гэта ж Лагуціна голас! Рэната пазнала яго, мітнулася да дзвярэй. Нешта патрабавальнае крычала Уляна, але яна не разумела нічога, дрыготкімі рукамі адкідвала драўляную завалу. Завала не паддавалася, потым Рэната прыгадала, што трэба завалу крыху прыўзняць, пакруціць і тады адсунуць, і яна гэта зрабіла, і дзверы адчыніліся.

— Гарык! Гарычак наш! — Рэната з радасным плачам вынеслася на ганак.— Ро-одненькі! Гарычак наш!

— У-ух ты,— атарапела працягнуў Лагуцін.— Каго мы бачым! Хлопцы, поспешаем не торопяся!

У шэрым ранішнім паўзмроку твар Лагуціна выдаваў незнаёмым, але голас быў яго. Знаёмы, родны голас! Рэната балюча тыцнулася лбом у халодны прыклад аўтамата на лагуцінскім плячы, але не адпіхнула яго, абшчаперыла Лагуціна разам з гэтым халодным прыкладам, прыліпла губамі да гарачай, прапахлай потам шыі.



23

За павароткаю Дзвіны садзілася вечаровае сонца, яго цалкам закрывалі шаты чаромхі, і лістота на тых дрэвах, густая, як з суцэльнага цёмнага крою,выдавала чорнай і шчыльнай.

Адбітак сонца — вялізны, агняны дыск — злёгку трымцеў пасярэдзіне ракі, і ад яго, гэтага другога сонца, бегла ўніз, па плыні, барвовая палоса і таксама трымцела; і толькі адно, сапраўднае, сонца, што садзілася за павароткаю Дзвіны, агнілася нерухома, не зіхатліва, быццам у цёмных хмарах, што грувасціліся на даляглядзе, было выбіта роўнае кола, у якім намёртва застывала барвова-агняная фарба.

А лазнякі над вадой выдавалі празрыстыя, і на іх тонкіх лісцінках увесь час трымцелі адбіткі барвовай сонечнай палосы пасярэдзіне ракі. Зрэдку лісцінкі гайдаў вецер, і тады здавалася, што рака цячэ не там, унізе, а тут, па густых гнуткіх лазняках.

Пад лазнякамі цялёпкаліся ў вадзе Алесь і Лагуцін, дурэлі, смяяліся. З-пад лазнякоў выкатваліся маленькія хвалькі, і плынь падхоплівала іх, несла ўніз, і з гэтага адбіткі вечаровых барваў на вадзе ля берага за нізкай асакой зменьваліся, і яны соўгаліся, вагаліся на тонкіх лісцінах-піках, быццам шыліся як мага глыбей у густую палосу не зялёнай, а цёмна-чырвонай травы; гэткія ж адбіткі клаліся і на прыклад карабіна, на сятчасты кожух дзесяцізарадкі — зброя ляжала на няроўнай лапіне нізкай, як падстрыжанай, дзікай канюшыны,— і колер металу ўвесь час таксама хутка зменьваўся, быццам ён раптоўна награваўся, як не да чырвані, і тут жа астываў і змрочна чарнеў.

Водсветы вечаровага сонца клаліся і на Валін твар, надаючы яму выраз вясёлы і бесклапотны, і Рэнату дзівіла, што дачка, якую яна гэтулькі не бачыла, ані не пасталела: не жанчына, а дзяўчо горкае!

— Добра табе тут? — прамовіла Рэната, і ў яе голасе былі і папрок і запытанне.— Чаму нічога не гаворыш?

— А што казаць?.. Добра! Нават вельмі добра!

У голасе дачкі Рэната злавіла ноткі робленай шчырасці. Ёй здалося, што ўсмешка на твары дачкі робленая, што Валі цяжка, але прызнавацца ў тым — гэткая ўжо натура! — ёй цяжка яшчэ больш, і з таго яна адказвае падкрэслена бадзёра. І некуды за асаку ўважна глядзіць. Не, позірк бліжэй скіраваны, на карабін, здаецца...

— Год, здаецца, у зямлі пралежала,— прамовіла Рэната, нечакана прыгадаўшы, як летась закапвала зброю на беразе ляснога ручая.

Валя злавіла сэнс толькі апошняга слова, спытала таропка і цікаўна:

— Пралежала? Ты пра што?

— Пра зброю гэтую я кажу... Год жа ў зямлі пралежала — і анічуткі. Нават іржавець не ўзялася...

Рэната злавіла сябе на тым, што цяпер, як і тады, калі расказвала пра сваё жыццё на хутары, яна гаворыць, нібыта апраўдваецца перад дачкою. І сапраўды шмат жа дзён з дачкою не бачылася, а гаварыць быццам і няма пра што. Пра зброю ўзялася бедаваць, што, маўляў, не саржавела. А там жа, на тым беразе, дзе зброя была схавана, Геначка закапаны, у сырой магіле ляжыць, дык пра яе, пра магілку, яна і не папытала!..

— Цяпер дык знаку няма. А калі выцягнулі — рудыя былі. Два дні шаравалі.

— Табе не цяжка карабін цягаць?

Валя адказала весела, як праспявала:

— Не-еа, ён жа лё-ёгенькі. Паказаць?

— Не хачу. Баюся зброі.

— А мне з карабінам добра.

— А з ім? — Рэната хітнула галавой у бок лазнякоў, за якімі плёскала вада і чуўся смех Лагуціна.

Валін твар яшчэ больш прасвятліўся — каб табе хмурынка на ім, і вочы зыркнулі гарэзна, летуценна.

— Я шчаслівая, мамачка. І ён на цябе не сярдуе... Часта прыгадваю, як ты мяне атопкам лупцавала. Прыгадаю — і рагачу. Але не пры ім. Ігарок мяне аблаяў, калі я, прыгадаўшы, рагатала.

— Чаго ж гэта?

Рэната спытала абыякава, а ў сэрцы, аднак, засталася стрэмка колкая, непрыемная: бач ты, ужо не Гарык, а — Ігарок!

— Ён цябе вельмі паважае. І любіць. Ігарок такі слаўны чалавек! О-ёй, каб ты ведала!..

Імя Лагуціна, якое зноў прагучала зусім па-новаму ў вуснах Валі, і новая, незнаёмая раней, ніколі не чутая Рэнатай цеплыня ў голасе дачкі, і дзіўнае летуценне ў вачах, і добрая ласкавасць ва ўсім абліччы, і нейкая дужа ж мілая ўсмешка на незнаёма-патаўсцелых губах — ад пацалункаў, няйначай, губы падпухлі! — усё гэта абудзіла ў душы Рэнаты злосць.

Але цяпер злосць была слабым пагалоскам таго пачуцця, што выбухнула ў яе сэрцы тады на сцежцы ў садзе; злосць была нейкая імгненная і адразу ж згасла, саступіўшы месца захапленню. Дарослая дачка! Зусім дарослы чалавек!

«Яна ў нечым мудрэйшая за мяне. Я лічу сябе сталай і вопытнай жанчынай. Але ж яна, дачка,— мудрэйшая!»

Апошняя думка здалася Рэнаце крыўднай. Але прызнацца адкрыта, з чаго пакрыўдзілася, у яе не хапіла мужнасці.

— Зараз прыдумала? — дабрадушна папракнула яна дачку.— Ці ўжо дамовіліся, каб у адну дуду дудзець?

— Ай, мама! Ён, калі хочаш ведаць, да цябе ласкавейшы, чым я. І клапоціцца пра цябе...

— Няўжо ж?

Валя не звярнула ўвагі на іронію, адказала памяркоўна:

— Праўду табе кажу. Гэта ж ён прасіў Рудака, каб цябе направілі на пякарню. «Яна самы смачны хлеб у свеце пячэ!» Гэта ты, значыцца.

— Гэтак і казаў?

— Ну... І ведаеш, што ён яшчэ параіў? Каб Даніка за лінію фронту адправіць. Група туды на конях пойдзе. Вось з ёю...

Рэната паспешліва адсекла:

— Даніка — анікуды. Пры мне будзе!

— А я б разумнае парады паслухалася. Слушна Гарык раіць.

— У тваёй галаве толькі Гарыкавы парады і жывуць цяпер. Матчына слова табе — вецер!

Валя спытала спакойна, зусім без крыўды, быццам матчын папрок зусім яе і не тычыўся:

— Па-ранейшаму ўсё злуеш?

— Няўжо ж у скокі пайду...

— Але нам добра з ім. Хіба не бачыш?

— А Рудак як на вашыя любошчы глядзіць? Ён жа, думаю, іх бачыць не горай за мяне...

— Нашы любошчы, як ты кажаш, гэта — наша, асабістае.— Валін голас па-ранейшаму гучаў памяркоўна.— Маем на яго права. Разумееш?

— Я толькі тое разумею, што не ва ўласнай хаце жывеш. Атрад у вас партызанскі. Тут ты ўся — навідавоку.

— Навідавоку. Акрамя сэрца. Яго ж я нікому адкрываць нахлашч не збіраюся. Ці, можа, загадаеш адкрываць?

— Ёсць тут каму і без мяне загадваць. І вачэй людскіх хапае. Ад іх не схаваешся...

Валя прамовіла з вясёлым папрокам:

— Ой, матуля, матуля! Праўду я заўважыла: нічога ты не разумееш!

— Дзе ўжо мне, старой дурніцы...

— Не, матуля, тут усё іначай. Ты проста гэты свет лясны шчэ не спасцігла. Тут жа ўсё іначай, чым там, у нашай той зямлянцы...

Цяпер у Валіным голасе на новай, падкрэслена-зацятай ноце загучалі знаёмыя ўжо Рэнаце цвёрдасць, упартасць і воля, і гэта дзіўна зыначыла Рэнаціны думкі. Што яна, прынамсі, пнецца высветліць? Што хоча перарабіць? Два сэрцы знайшлі сябе ў гэтай віхуры. Дык радуйся! Адно ж з гэтых сэрцаў — тваёй дачкі сэрца: удвая радуйся! І не спрабуй, не пніся зламаць тое, што зламаць табе не ўдасца.

— Можа, твая праўда. Можа, шчэ і не спасцігла,— памяркоўна прамовіла Рэната і дадала, быццам раілася ўслых: — Толькі табе я гэта ўсё і кажу. Чужому ж не скажаш!

— І правільна, матулька. Ты ж у мяне заўсёды разумна рабіла. Скрозь і ва ўсім...

— Ты мне даруй, дачушка,— папрасіла Рэната шчыра і пагладзіла руку дачкі, ласкава пагладзіла і даверліва.— Нейкі жах ува мне... Ты са зброяю ходзіш. Алесік — таксама са стрэльбаю. А ў стрэльбах не цацкі ж! Кулі! Яны — забіваюць... Дзецям — у людзей страляць!..

Валя спахмурнела, тоўстыя складкі выцягнуліся на пераноссі, у вачах быў злосны, нядобры бляск.

— Мы ў людзей не страляем. Мы ў захопнікаў страляем. А яны — звяры! І калі мы іх не знішчым, дык яны знішчаць нас...

— Я, дачушка, усё разумею... Але ж вы — дзеці. Салдат страляе — яно натуральна. А вам?.. Сумленне потым змучыць...

Валя нечакана прыхінулася да маці, узяла яе руку, прыціснула да сваёй шчакі, папрасіла знаёмым і добрым голасам:

— Сумленне ў цябе і ў мяне — чыстае. Мы ў Нямеччыну з табою не хадзілі, хаты іхнія не нішчылі, нікога там не забівалі, шыбеніц не будавалі, з дзяцей іхніх кроў не смакталі. А тое, што мы жыць хочам — дык тут і неба за нас: чалавек нараджаецца для жыцця, волі, шчасця, радасці...

Сталасць у Валіным голасе зноў была новая для Рэнаты — ад Гарыка свайго, напэўна ж, набралася ўпэўненасці і незалежнасці, ад новага жыцця, ад таго, што зброя ў руках! — і яна не дзівілася з гэтае сталасці, прымала яе сэрцам, пагаджалася з кожным словам. Так, дачка не дзяўчо горкае, а сталы чалавек, дарослы, і можа, і сапраўды шчасце, што стрэўся вось менавіта Гарык на яе шляху, стрэўся менавіта Лагуцін, чалавек, на якога можна абаперціся. І хіба ж ёй, Рэнаце, у навіну такія думкі? Шмат жа разоў яна добра і блага думала пра Лагуціна, сумнявалася ў яго шчырасці і зноў верыла, быццам намагалася як мага мацней пераканаць сябе, засцерагчы ад памылкі, нечым памагчы дачцэ.

За лазнякамі пачуліся вясёлыя галасы — Лагуцін нешта гукаў Алесю, і той, адказваючы, смяяўся,— і на плыні паказаліся галовы плыўцоў. Рэната захвалявалася. Рызыкоўна ж купацца ў незнаёмым месцы. І як далёка яны заплываюць ад берага. А там, за ракой, машыны коцяць па дарозе пад лесам! Ды не адна!

Гуду матораў не было чуваць. Але машыны рухаліся, і Рэната, згледзеўшы іх, прыгнулася, як бы хавалася за лазнякі, каб не ўбачылі адтуль з дарогі. Потым яна схапіла Валю за руку, хітнула галавою ў бок дарогі, адкуль цяпер выразна далятаў гул матораў;

— Машыны коцяць! А яны ж не бачаць, там, у рацэ. Трэба папярэдзіць іх! — і, не сцярпеўшы, закрычала: — Алесік! Машыны на дарозе! Вылазь з вады хутчэй!

Алесь, відаць, нічога не пачуў, не пачуў і Лагуцін — плывуць, як і плылі дагэтуль.

— Хай сабе! — Валя засмяялася: — Да рэчкі фашысты не сунуцца. Вясною, як яны па рыбку сюды заахвоціліся, дык ім урэзалі! Цяпер памятаюць, баяцца да рэчкі і падыходзіць — толькі па той дарозе пад лесам і едуць. І толькі ўдзень,— Валя ўважна паглядзела на маці, ласкава пагладзіла ёй руку.— Гэта пройдзе, матуля...

— Што пройдзе?

— Ды гэты жах твой. У мяне з тыдзень было, як у атрад прыйшлі: за рэчкай машыну ўбачу — трасуся. Усё здавалася, што сюды едуць, абкружаць, маўляў, прыдушаць усіх... А цяпер над тымі жахамі толькі пасмейваюся.

— А што, наляцець неспадзеўкі не могуць?

— А ў нас жа — разведка! А галоўнае — баяцца яны. Ім, на чужой зямлі, і травінка стрэльбаю здаецца. А нам і поле — дом родны, і лес — свая зямелька, родная...

Ноткі сталасці ў Валіным голасе не былі новыя для Рэнаты, але цяпер яны неяк зусім па-новаму заспакойвалі, выклікалі давер і захапленне. Тое, што дачка, заўважыўшы яе жах, не абсмяяла яго, аднеслася з ласкавым спачуваннем, а потым і патлумачыла вытокі сполаху, пераканала Рэнату ў думцы простай і прыемнай, якая, праўда, не была ўжо навіною: дачка ведае лясное жыццё лепей за яе, маці, і веданню гэтаму трэба давяраць.

«Буду ёй ва ўсім давяраць...»

Думкі пра нейкае прыніжэнне, залежнасць, не ўзнікала зусім. Рэната вельмі проста пераканала сябе, што на Валін вопыт і веданне ляснога жыцця можна пакласціся. Але тое, што Валя раіць адаслаць некуды Даніка — глупства. Нікуды яна Даніка не адправіць! А што, як і тут праўда не на тваім баку? Хай сабе! Толькі спяшацца выконваць Валіну параду яна, Рэната, не будзе. Данічку крыху лепей, як ён паеў, дык і спіць цяпер у партызанскай зямлянцы. А заўтра ён і зусім ачуняе, і будзе добра сябе пачуваць, і будзе смяяцца, і яна, Рэната, будзе радавацца: дзеткі — побач!..

Унізе пад узвалам пачуліся блізкія галасы, зашастала лістота, і з-за лазнякоў выйшаў Лагуцін. За ім тупаў Алесь, пры хадзе расчэсваючы валасы вузкім дзюралевым грабеньчыкам.

— О-ох, і паплавалі! О-ох, і паплавалі — нагуляліся ў вадзіцы! І вам не шкодзіла б,— і Алесь, падчапіўшы грабеньчыкам пасму валасоў на галаве сястры, патузаў іх.— Трэба! Трэба! Трэба!

Валя адабрала ў яго грабеньчык, узялася расчэсваць свае валасы, але глядзела цяпер толькі на Лагуціна, нібыта чакала, што ён скажа. Лагуцін ёй падміргнуў;

— Праўду Алесь кажа: трэба і вам паплаваць, нібыта нанава мы нарадзіліся пасля купання. Вадзіца мя-якенькая, цё-ёпленькая, як грэтая спецыяльна...

Валя не даслухала яго, затармасіла маці:

— Хадзем, матуля! Хадзем, паплаваем. І памыемся...

Рэната як не чула дачкі, глядзела на сына замілавана, улюбёна і са здзіўленнем. Як усё роўна падрос ён пасля гэтага купання! І якія шырокія плечы! І якая строгасць у позірку! І ва ўсім абліччы сталасць і самавітасць. І як прыдаліся бацькавы боты! Як на яго нагу пашытыя былі! Небачка, а ён жа хадзіў у чаравіках старых, драных-перадраных — адно слова, што абутак. А цяпер у гэтых ботах шыкоўных — мужчына! Сапраўдны салдат!..

І, як тады на ўзлеску, калі яна сустрэла Алеся — высокага, незнаёмага нейкага, але ў разгэпаных, падраных чаравіках, з якіх вытыркаліся пальцы,— у яе цяпер зноў балюча зашчымела сэрца, зноў захацелася абняць, прыгалубіць сына. І не адважылася: падалося, што ён зноў, як і тады на ўзлеску, цяпер таксама не хоча, саромеецца матчынай пяшчоты пры ўсіх.

— Але ж тут глыбока. Трапіш у вір...

— Аніякіх віроў, матуля. Ля асакі водмель шырокая — пясочак шыкоўны. Ідзі туды,— прамовіў Алесь таропка, як баючыся, што маці адмовіцца ад яго парады.— Вада дужа ж цёплая. Нібы ў лазні пабылі!..

Рэната не хацела пярэчыць — навошта ж, каб Лагуцін бачыў, што яна спрачаецца з сынам! — і паспешліва пагадзілася:

— Пойдзем, сынок, пойдзем і мы. Нягоршыя і мы плыўцы. Хадзем, Валечка...

Яны сышлі пад узвал, на бераг Дзвіны, дзе лазнякі былі рослыя, але рэдкаватыя. Ля маленькай затокі, дзе лазнякі зусім адступілі ад вады, вызваліўшы чыстую і наўздзіў роўную лапіну мурагу, Рэнаце зрабілася няўтульна і боязна; яна села на пляскаты граніт, што вытыркаўся краёчкам з-пад рэдкіх лазнякоў, і як прыкіпела да яго.

Валя распранулася ў момант, сіганула ў затоку, цялёпкалася ў вадзе, радасна войкала, клікала:

— Авой-ё-ёй!.. Дапраўды, параная вадзіца! Матулька, чаго ж ты марудзіш?.. Сюды, сюды, да мяне. Тут жа зусім і няглыбака!..

А Рэната ўсё марудзіла, бы нечага чакала. Адчуванне жаху паслабела, амаль зусім прайшло, і ўсё ў ёй адразу неяк запаволілася ад плёскату вады, ад радаснага Валінага ўзбуджэння, ад санлівай вечаровай цішы, што панавала наўкола. Як дзівосна свеціцца вада: пасярэдзіне ракі бы вохрай падфарбаваная, а там, далей пад тым берагам, цьмяная, як з волава. І цвынькае, блізенька ж зусім падбегла сітаўка, туд-сюд скача ля саманькай вады па рудых каменьчыках, як нешта згубіла і жаліцца. І ластаўкі над вадою, як чорныя стрэлкі носяцца. Віць-віць-віць... І потым адразу — імкліва ў неба, у бэзавае паўкружжа, што вялізнымі шырокімі дугамі навісае над берагамі.

«Які знаёмы колер неба! І як увогуле ўсё знаёмае наўкола! Такое адчуванне, што вось зараз выйдзе з-за лазнякоў Міхал, гукне Валі, каб плыла далей, не баялася...»

За спінаю зашорхала голле, і Рэната збянтэжана азірнулася, нікога не ўбачыла ў лазняках і пасмяялася са свайго хвалявання. Адкуль жа тут Міхалу заявіцца! Вецер крануў лазнякі, пагайдаліся яны крышку і заціхлі, і табе падалося, што чалавек іх рукою зачапіў. Але ж чаго тады шалёна застукала сэрца, быццам і сапраўды Міхал тут?.. Кажуць, што толькі ад успамінаў пра жывога чалавека хвалюецца, узбуджана стукае сэрца. Значыцца, Міхал — жывы! Напэўна ж! Абавязкова ён жывы, і яна, Рэната, яго дачакаецца, і яны збяруцца разам, усёй сям’ёю, і пасядуць вось так, увечары, на беразе Дзвіны. Каб заходзіла сонца. Каб наўкола залегла, як зараз дрымотная, санлівая ціша!..

Яна раптоўна і моцна паверыла ў тое, што мары яе спраўдзяцца, паверыла, нібыта дакладна ведала і дзень жаданай сустрэчы, і час, і што менавіта вось так, перад захадам сонца, яны ўсе і збяруцца, і ўсё благое будзе закрэслена.

«Навошта маніць сабе? У хуткім часе на такую стрэчу — калі ёй увогуле суджана спраўдзіцца! — спадзявацца няма чаго».

Раптоўная думка не ўстрывожыла, і Рэната не надала ёй вялікай увагі і значэння: усё крэсліла, усё адкідала глыбокая вера ў добрае, у тое, што самыя жахлівыя цяжкасці, нягоды і страты засталіся ззаду, не могуць вярнуцца і не вернуцца ніколі.

— Мама! Ты ідзеш? — паклікала Валя.— Досыць сядзець! Хутчэй жа, бо вада астыне. О-ой, уцякае цяпло, паплыву яго даганяць. На той бераг паплыву.

— Ты што?! Не ўдумай туды плысці...

— Не ўдумаю! Ву-ур-р-р... Не ўдумаю! Ву-ур-р-р...

Валя, дурэючы, бунтавала ваду сагнутымі рукамі, і вада пенілася; высока ўзляталі над галавой і рассыпаліся зіхатлівыя кроплі. Потым яна выбралася на мелкаводдзе і пайшла ля асакі, марудна ступаючы, раскідваючы на бакі пырскі; уся яе постаць была ў вясёлкавых паўкружках, зіхацела каляровымі фарбамі, выдавала незвычайна мажнай, высокай, зусім незнаёмай. Як жа змяніў дзяўчыну гэты кароткі час! А можа, яно толькі падаецца табе з таго, што вясёлкавым колерам зіхацяць пырскі і Валя ў іх, бы ў коле? Не-е, падрасла дачка, памужнела. Жанчына! Колькі ж гэта часу яны не бачыліся?.. Ну што табе нейкая лухта ў галаву лезе — падлічваць дні, што адляцелі ў нябыт! Вось яна, твая дачка, побач, і радуецца, і смяецца, і дурэе. І Алесь побач. Усё ў тваіх дзяцей склалася добра — радуйся, кінь вярэдзіць сабе сэрца дурным!..

Рэната, нібыта памаладзеўшы ад свае развагі, таропка распранулася і шуснула ў раку. Вада толькі напачатку здалася халаднаватай, і Рэната хутка асвойталася, задаволена цялёпкалася, бухалася на плынь, мясіла яе рукамі. Сапраўды мяккая, нібыта ўгрэтая яна, дзвінская вадзіца — нідзе ў свеце гэткай не знойдзеш: адразу лёгкасць, стому сагнала, хораша і слаўна робіцца. Якое ж вялікае шчасце, вось гэтак бесклапотна паплаваць у рацэ, песціць цела і душу!..

Крыху пазней, калі Рэната разам з Валяй апраналася, аднекуль здалёку данеслася рэха магутных выбухаў. Вада ў рацэ як страсянулася, з-пад асакі, што тонкім ланцужком выцягнулася ўсцяж берага, пырхнулі, нібыта выкінутыя на паверхню, маленькія верхаводкі; тонкія кольцы хвалек плынь расцягнула хутка, і рачная паверхня зноў зрабілася гладкая і роўная.

— У горадзе, здаецца,— прамовіла Рэната.

Валя заспяшалася, пачала апранацца хутчэй, запярэчыла ўпэўнена:

— Горад — лявей значна. Грымнула, здаецца, пад Фарынавам недзе.

— Можа, нашы бамбяць...

— Наўрад. Відаць, пачынаецца блакада,— неяк дужа спакойна сказала Валя.— Здаецца, што Зуёўскі бор бамбяць. Дзе наш стары лагер быў...

Рэната спуджана хітнула галавой у бок лесу:

— А калі тут пачнуць бамбіць? А потым — абкружаць!

— Не-е, ну што ты! Наш лес абкружыць — не адна дывізія спатрэбіцца,— цвёрда сказала Валя.— Не абкружаць.

— А што, у іх дывізій няма?

— Зараз тут — няма. А калі фашысты сюды кінуцца — мы будзем ведаць. Сустрэць гатовы!

Валін голас гучаў рашуча, цвёрда. Але словы дачкі ані ў чым не пераканалі Рэнату, яшчэ больш растрывожылі. Трывогу ўзмацняў і лагуцінскі голас, які вясёла і бесклапотна раскатваўся за лазнякамі. Паводзіць сябе Лагуцін, нібыта на печы сядзіць. Дачка ж таксама ад яго не адстае. Калі, маўляў, сюды кінуцца фашысты, мы будзем ведаць і гатовы да іх сустрэчы! Казаць гэта ім, людзям узброеным, якія могуць абараніць сябе ў любы час, лёгка. А вось Данічак, скажам. Ён жа маленькі, неразумны і слабенькі, ён і бяду не заўважыць своечасова, і сябе не абароніць. Гэта яна, маці, павінна і заўважыць своечасова небяспеку, і адхіліць яе ад малога, ад усяго ўберагчы.

«Можа, сапраўды Валі паслухацца, прыняць тую параду лагуцінскую і адправіць Данічка падалей ад бяды, адправіць туды, дзе няма стрэлаў, дзе ціхае неба над галавою?..»

Вырашыць нешта пэўнае заміналі далёкія выбухі, што загучалі зноў, і цяпер ужо больш выразна: у тым жа напрамку пачулася кулямётная, вельмі прыглушаная, страляніна. А Валя як і не пачула нічога! Нахіліла галаву, спакойна і нетаропка расчэсвае валасы, падтрэсвае ў пальцах, каб хутчэй падсохлі. І там, на ўзвале, па-ранейшаму гучаць у лазняках галасы — Лагуцін нешта распытвае ў Алеся. Ці, хутчэй, нейкую новую байку пляце: гаворыць, гаворыць, а потым — удвух рагочуць. Аж заліваюцца! Няўжо яны не чуюць гэтай страляніны? Відаць, чуюць. Напэўна ж! І Валя, ведама ж, чуе! І як не тычыцца гэта іх, як нікому і ў галаву не даходзіць, што страляюць!..

І гэтая абыякавасць да блізкай небяспекі, абыякавасць не робленая, шчырая, зусім натуральная, нечакана супакоіла, пасяліла ў Рэнаціным сэрцы давер да Валінай упэўненасці, да кожнага Валінага слова, да таго, што Валя рабіла і робіць: Рэната не толькі цяпер ва ўсім давярала дачцэ, але і захаплялася яе мужнасцю, ганарылася яе смеласцю і сталай, дарослай незалежнасцю, якую ўбачыла і якой употай зайздросціла.

«Смелая мая Валечка...»

Яшчэ не разумеючы, што і сама робіцца смелая ад гэтай Валінай упэўненасці, Рэната не дзівілася зменам, што адбываліся ў яе ўласным сэрцы: яна жыла ўжо ў новым свеце, які зусім мала ведала, але які ёй быў і дарагі і блізкі.



24

Прачнуўшыся раніцай, Рэната не адразу сцяміла, дзе знаходзіцца, і спалохалася: заспала! Дзень ужо, а яна карову не падаіла, на пашу не выгнала!

Наважылася ўскочыць, бегчы, але тут дайшло да яе: гэта ж у лесе яна, у партызанаў. Учора, пасля доўгіх гаворак з дзецьмі, яна наслухалася, як спявалі партызаны, збіраючыся ісці ўночы на баявое заданне, паплакала ўпотай і супакоілася. Спалася ёй дужа добра і нічога не снілася — сон быў і моцны, і глыбокі, і асвяжальны.

Цяпер яна разглядала сцены, зробленыя з сасновага бярвення, маленькае акенца і вузкія дзверы, з нядбайна абстружаных жэрдак, і ўсё аніяк не магла даўмецца, з чаго гэта ёй так хораша і ўсцешна. І толькі тады, як павярнулася і зірнула на Даніка — ён спаў на нарах ля самай сцяны, раскінуўшы на бакі рукі,— дайшло да яе: гэта ж з таго купання ў Дзвіне ёй гэтак хораша. Небачка, як жа добра яна ўчора з дачкой наплавалася ў Дзвіне! З таго, мабыць, добра тут і спалася!

«Не, душу іншае заспакоіла — дзеці. Побач яны, жывыя і здаровыя...»

Цішыня, аднак, палохала, і Рэната падумала, што, відаць, нешта нечаканае адбылося, калі яна і Данік спалі, што ўсе некуды пайшлі, нічога ёй не сказаўшы і не папярэдзіўшы, і вось яны з сынам засталіся ў зямлянцы адны.

Рэната злезла з нараў, асцярожна адчыніла дзверы: рыпнулі завесы, і гэта быў першы гук, які яна пачула, прачнуўшыся. Яна выйшла з зямлянкі і стаяла, як аглушаная пошумам соснаў, што гулі ад ветру, і аслепленая яркім сонечным святлом. Залацістыя промні клаліся на дол палосамі, трымцелі на гладкай сцежцы, засыпанай сасновым шыгаллем; па сцежцы ішла дачка, усміхалася.

— Як, матулька, спалася на новым месцы?

— Толькі вось і прачнулася...

Валя пацалавала маці, прыхінулася да яе пляча.

— І нічога не снілася?

— Ані... А дзе Алесь?

— На новым месцы, ды не саснілася нічога? Ты прыгадай, прыгадай...

Валін голас гучаў асіпла, і заклапочанасць была на твары, і яна, як знарок, не адказвала на запытанне пра Алеся. Усё гэта Рэната прыкмеціла і, пацалаваўшы дачку, зірнула ёй у вочы з насцярожанай увагаю.

— Ты чаго мне не адказваеш? Алеська дзе?

— На заданні. Пайшоў на заданне ўвесь атрад,— сказала Валя і тут жа таропка ўдакладніла: — Амаль увесь атрад пайшоў на заданне...

— А ты чаго не пайшла?

— Клопату хапае.

Рэната прамовіла са шкадаваннем:

— А ў мяне дык і клопату няма.

— Чаго, чаго, а клопату — хопіць. Дадуць, калі сама не знойдзеш. Зараз паснедаем, і ты пойдзеш да Рудака. Ён хоча з табою ўбачыцца.

— А якая сёння пільніца? Мы ж учора з ім гаманілі.

— У нас — статут. Камандзір загадвае — мы выконваем. Рудак сказаў толькі што: «Хай зойдзе да мяне. Пагаварыць трэба».

— А дзе ж я знайду яго?

— На пякарні. Памятаеш недабудаваную зямлянку? Ву-унь яна, за той ялінаю ў нізіне.

Рэната заспяшалася:

— То я зараз і падбягу. Паснедаем потым.

Валю ўзрадавала матчына згода.

— Правільна, матуля. Лепей — зараз падбегчы. Бо ён потым у брыгаду паедзе. Дзе тады яго шукаць. А цяпер ён там, на пякарні...

— Я скоранька, скоранька,— і Рэната, устрывожаная па-ранейшаму заклапочаным выглядам дачкі, спытала настойліва: —Ты што зараз робіш? Не зможаш каля Данічка пасядзець? Ён прачнецца, дык каб жа не спалохаўся адзін.

— Я тут цябе і пачакаю. Даніка чапаць не буду. Хай спіць. А тады разам усе і паснедаем...

Зямлянку, у якой абсталёўвалі пякарню, Рэната бачыла яшчэ ўчора — заходзілі туды, як ішлі з Дзвіны: Алесь паказваў пякарню, пахваляўся, што разам з Лагуціным і яны будавалі яе. Сёння ж зямлянка выглядала неяк інакш, чым учора, і нейкімі незнаёмымі выдавалі крутыя погарбы, што густа зараслі зязюльчыным імхом. Учора і гэтая нізіна, і гэтыя крутыя схілы, і асабліва яліны, голле якіх звісала да самага долу, здаліся Рэнаце дужа змрочнымі і пагрозлівымі. Цяпер жа, у сонечным бляску, погарбы выглядалі святочна, як бы залаціліся ад зіхатлівага святла, і на іх, як астраўкі, ружовымі плямамі зыбаліся верасы, і цені доўгіх і гнуткіх галін, бы вужакі, паўзлі паміж імі.

З пякарні выйшаў Рудак, добра і цёпла павітаўся з Рэнатай, потым гукнуў у бок пустога, без дзвярэй, нізкага праёма:

— Гэ-эй, начхоз! Сустракай гаспадыню. Цягні сюды свае паперы. Падпішам іх тут,— і ласкава, са спагадаю ўсміхнуўся: — Прымайце, гаспадынька, пякарню ў свае рукі. Будзем лічыць — завод. Вы ж на заводзе да вайны працавалі?.. Ну, вось і бярыце яго ў свае рукі. За два дні трэба і хлеб спячы, і сухароў насушыць— на ўвесь атрад недатыкальны запас...

— А як жа той хлеб пячы? — вырвалася ў Рэнаты міжвольна.— Пякарня ж гэтая калі шчэ збудуецца. Мы ўвечары тут ішлі, мне сын паказваў учора...

Рудак нейкі час моўчкі глядзеў на Рэнату, як нешта дужа важнае прыгадваў, і твар яго быў заклапочаны.

— Учора? Калі тое было, Рэната Рыгораўна!—і ён даверліва ўсміхнуўся.— Пякарня ўчора рабілася, а сёння — калі ласка. Учора тое — далёка. Дзверы толькі дарабіць застаецца. Але гэта — потым. Без іх лацвей, не дужа горача сядзець тут будзе... Смялей, смялей уваходзьце!..

Рэната не пазнавала зямлянку — як зусім новае бачыла. Учора тут было пуста — толькі сцены ды дах. А цяпер і акенца пастаўлена, і падлога насцелена, з’явіліся шырокі стол і ўслон, на якім абернута шырокая белая ад мліва дзяжа, са слядамі прыкарэлага, але не дужа старога цеста; у вялікай бочцы наліта вада; узбоч печы, ля сцяны, пад самую столь складзены бярозавыя дровы, сухія, пабітыя даўно і добра абрудзелыя на сонцы; крыху пахне дымам, і ў печы чырванее вуголле — печ зусім нядаўна выпалілі.

Здзівілася Рэната зноў уголас:

— Як нейкі чараўнік папрацаваў. Увечары ж тут пусценька было!

Рудак са згодаю паківаў галавою:

— Чараўнік, чараўнік працаваў!.. Гэ-эй, чараўнік! Выпаўзеш ты са свайго скляпення на свет боскі? Ці нам цягнуць давядзецца?

Аднекуль з-за сцяны зямлянкі загучаў глухаваты голас:

— Нікуды адсюль не хочацца, таварыш камандзір. Як у раі тутака!

— І суха, і цёпла, і мухі не кусаюць, як гаворыцца. Між іншым, праверыў я: гэтак і ёсць!

— А са мною ж некаторыя ўнька як спрачаліся. І вам без сораму на мяне — бочку кацілі...

Чалавек, з якім размаўляў Рудак, быў па-ранейшаму не відзён, голас яго гучаў не выразна і глухавата, і Рэната аніяк не магла здагадацца, дзе ён знаходзіцца. Прыкмеціла ў сцяне зямлянкі па левы бок печы вузкую адтуліну, падобную на дупло, пачала прыглядацца.

— Там ён сядзіць, там,— сказаў Рудак, усміхаючыся.— Але яго адтуль словам не выцягнеш,— і Рудак, праціснуўшыся ў тую вузкую адтуліну ў сцяне пякарні, паклікаў Рэнату: —Сюды, сюды! Смялей, смялей толькі!

Дрыготкае святло газнічкі, прымацаванай да стаяка, скупа асвятляла маленькае і цеснае сутарэнне; на паліцах ля сцяны круглелі цесна складзеныя мяхі: усе мяхі былі няроўныя па колерах — нейкія дужа белыя ля стаяка і цямнейшыя ў кутку, ля самай сцяны. Да тых, цямнейшых, мяхоў рушыў Рудак, і тады Рэната заўважыла, што там, сагнуўшыся, як зламаны ў паясніцы, стаіць нейкі мужчына, водзіць рукою па мяхах, быццам уважна пералічвае іх і абмацвае.

— Усё падлічваеш, усё лічыш сваю гаспадарку,— весела прамовіў Рудак, папраўляючы кнот газнічкі.— Ніяк са сваім багаццем не можаш развітацца, дарагі таварыш Кулеш?..

— З гэтым багаццем жывому чалавеку развітацца няможна. Гэта калі ўжо там будзеш — тады і развітаешся...

Кулеш павярнуўся, і Рэната, збольшага, разгледзела яго твар, маршчыністы, з шырокім шрамам праз усю шчаку.

— А ты не крыўдуй, не крыўдуй,— папрасіў Рудак, паляпаўшы Куляша па плячы, і строгім, зусім новым голасам дадаў: — Алеся і Валю ведаеш? Рэната Рыгораўна — маці іх. Знаёмся, уручай ёй свае паперы, і — ногі ў рукі, як кажуць. Мы сёння шчэ павінны з табою на млын падскочыць. Ён мяне дужа непакоіць.

— А што яму, млыну, паробіцца? У мяне галава аб ім не баліць,— і працягнуў руку Рэнаце.— Тарас Ігнатавіч,— і тут жа, моцна парукаўшыся, нахіліўся наперад, з непрытоеным здзіўленнем разглядаючы Рэнату, і адразу ж, як засаромеўшыся свайго парывання, узмахнуў рукою, адхіснуўся; паперы, што былі заціснуты ў яго левай руцэ, зашамацелі.— Уручаю вам сваю бухгалтэрыю. Мяхі пералічаны, вага кожнага — прастаўлена. Па вазе яны няроўныя. Дзевяць вялікіх, яны вось тут. Пятнаццаць малых. Давайце пералічым.

— А навошта? — Рэната паціснула плячыма.— Як бы недавер які...

Рудак зноў паправіў кнот газнічкі, у сутарэнні яшчэ больш пасвятлела, але Рэнаце цяпер быў зусім не відзён твар Куляша.

«Як знарок хавае ад мяне твар. Ледзь не носам мяхі тыя пералічвае...»

— Э-э, не! Гэта ж не проста мяхі,— сказаў Кулеш, як бы прачытаўшы Рэнаціны думкі.— Хлеб! Жыццё атрада ў гэтых мяхах. Без гэтых мяхоў усім нам — крышка!

— Крышка, дарагі філосаф, калі патронаў няма,— засмяяўся Рудак.— Вось тады — крышка.

— А без хлеба? — Кулеш цяпер павярнуўся да Рэнаты, быццам размаўляў толькі з ёю.— Калі ў жываце пуста, дык і патрон той не прыдасца — не будзе сілы і стрэліць. У каго хлеб — у таго і перамога. Праўда ж?

— Праўда,— пагадзілася Рэната, заўважыўшы, што Кулеш чакае адказу менавіта ад яе.

— А з праўдаю не паспрачаешся. Таму — пералічвайце мяхі...

У Куляшовым голасе выразна прабілася патрабавальнасць і непахіснасць, і Рэната заўважыла, што Рудак моўчкі і з павагаю чакае, як бы ва ўсім падпарадкоўваючыся Куляшу.

Адразу падпаўшы пад абладу гэтай патрабавальнасці і непахіснасці, яна ўважліва і старанна пералічыла мяхі.

— Усё дакладна,— і дадала зноў услых: — Гэтак, як вы казалі...

— У Куляшовай гаспадарцы, як у аптэцы: і парадак, і дакладнасць, і чысціня. Часу толькі не хапае,— і Рудак узяў Рэнату за руку.— Кіруем да святла... Памагатых, скажу вам шчыра, у вас будзе не вельмі багата. Усё — на вашыя плечы: і печ выпаліць, і цеста паставіць, і вады... Не, вада будзе, падвязуць з крыніцы...

Выбраўшыся з сутарэння, Рудак спыніўся ля печы, глядзеў на чырвонае вуголле, па краях якога ўжо бялеў попел, і Рэната ўпершыню заўважыла, што былы капітан вельмі састарэў. Здаецца, не было ж тады, ля таго ручая, дзе яна ўбачыла яго ўпершыню, гэтых зморшчынак, што ляглі ля вуснаў і ля носа, не было сівізны на скронях і гэтых чырвоных шрамаў на шыі, не было заклапочанасці і ўстрывожанасці ў вачах... І гэты тон размовы! Як дзіўна ён мяняецца! Толькі што жартаваў Рудак з Куляшом, а потым адразу і строгасць у голасе, быццам зусім другі чалавек гаворыць.

— Дроў малавата,— рэзка прамовіў Рудак.— Мы ж дамаўляліся: па ўсёй сцяне скласці!

— Так точна,— адразу ж згадзіўся Кулеш.— Дроў зараз напілуюць. І падвязуць...

— Хопіць жа дроў,— умяшалася Рэната.— Вось іх колькі тут ляжыць!

— У нас не пра тое гаворка,— сказаў Рудак.— Дровы спатрэбяцца на маскіроўку. Давядзецца ставіць маскіроўку, у выпадку чаго. Разумееце?

Рэната са згодаю паківала галавою, хоць і не разумела, дзеля якой маскіроўкі патрэбны ў пякарні дровы; яна слухала Рудака з увагаю, пагаджалася з кожным яго словам. Патрэбна болей дроў у пякарні?

Значыцца, гэтак і трэба. Неабходна пячы хлеб зараз жа, і пячы ўдзень, і пячы ўночы? Яна гэтак і будзе рабіць. Гатовы хлеб трэба перасушваць на сухары? Яна яго перасушыць, зробіць усё належным чынам, зробіць як след.

Рэната амаль не задумвалася над сэнсам таго, што ёй загадваюць, баючыся паказаць сябе непрыдатнай да ляснога партызанскага жыцця. Каб нават Рудак патрабаваў ад яе нешта немагчымае, яна б усё роўна пагадзілася б, сказала б, што зробіць, не задумваючыся і ні пра што не турбуючыся, нават не разважаючы над тым, ці рэальна тое, што яна скажа і паабяцае.

Рэнату цяпер нішто не палохала, яна верыла ў свае сілы, зноў адчувала сябе ўпэўненай, гэткай жа ўпэўненай, як адчувала сябе даўно, калі не было вайны і яна працавала на гарадской пякарні, дзе яе паважалі, дзе ёй верылі, дзе ў яе была мэта і яна ведала, што трэба рабіць, каб гэтую мэту ажыццявіць.

Простае запытанне Рудака пра сняданак яе раптоўна і вельмі ўстрывожыла: падалося, што нешта сказала не так, як трэба, што ў Рэнаціных здольнасцях засумняваліся, спрабуюць адаслаць з пякарні, каб даручыць працу тут некаму яшчэ. Яна адразу ж усхапілася: ведама ж, паснедала і працу пачне зараз жа, не адкладаючы.

Рудак спыніўся на парозе зямлянкі, пастаяў, упіраўся рукамі ў вушак, быццам правяраў трываласць дзвярнога праёма.

— Вы цяпер тут поўная гаспадыня,— сказаў ён.— Маеце загад баявы і яго выконвайце. І ніякага іншага клопату,— параіў Рудак.— Самы галоўны ў вас начальнік — ён,— Рудак хітнуў галавой у бок Куляша.— Толькі ён мае права нешта змяніць у загадзе. Зразумелі?

— Усё зразумела, усё. І ўсё адпаведна зраблю.

— Заўтра вам памагатых дамо. Можа, нават і сёння...

Ёй зноў падалося, што Рудак як бы ў нечым баіцца за яе, як бы сумняваецца ў тым, ці справіцца яна, і паспешліва запэўніла:

— Спраўлюся і адна! Якія яшчэ мне памагатыя? Цеста ўчыніць і печ выпаліць? Спраўлюся!

— Калі што спатрэбіцца — яго вось церабіце.

— Мяне церабіць не трэба, таварыш камандзір,— прамовіў Кулеш з адценнем гонару ў голасе, аглядаючы печ.— Гаспадарчы ўзвод вас ніколі не падводзіў. І цяпер не падвядзе, энзэ атрад будзе мець своечасова,— і, павярнуўшыся зноў да Рэнаты, паабяцаў: — Па абедзе прыеду. Зірну, як тут і што...— і дадаў яшчэ, дзелавіта і строга: — Соль на першай паліцы, на два дні хопіць...

Калі Рудак і Кулеш пайшлі з зямлянкі, Рэната адразу ж узялася за працу. Яна засталася адна, але адзінота яе не прыгнятала; увесь час здавалася, што Рудак недзе побач і назірае за яе працаю, і яна намагалася рабіць усё скоранька, увішна, з запалам і дбайна.

Адчуванне прыемнага, дзівоснага і незвычайнага не праходзіла ўвесь час, у сэрцы сталела ўпэўненасць у свае сілы, і ўсё мацнела разуменне таго, што гэтае адчуванне прыемнага і дзівоснага, што чакае яе наперадзе, не новае, добра вядомае: нібыта вось заўтра вялікае свята, і яна толькі што прыбегла дамоў, і ёй трэба ўсё скоранька парабіць, усё паспець, справіцца, каб Міхал, вярнуўшыся дамоў, убачыў ва ўсім парадак, чысціню, святочнасць.

Рэната замясіла ў дзяжы цеста і, накрыўшы яе мехам, толькі тады адчула, што стамілася. Яна зняможана апусцілася на ўслон. Але стома была нейкая незвычайная, і яна не адразу дапяла, з чаго гэта.

Яна даўно не пякла сапраўдны жытні хлеб, і яшчэ тады, як сыпалася ў дзяжу мука, пах чыстага мліва ўдарыў ёй у ноздры і па ўсім целе паплыла нейкая млявасць, салодкая, прыемная, і цяпер тое замарачэнне, што найшло на пачатку працы, памацнела, і ад смачнага водару жытняга цеста прыемна закружылася галава.

Рэната ўзнялася, напілася вады з бочкі, якая стаяла ля ўвахода ў зямлянку, памыла твар. Млявасць не праходзіла, смага нават памацнела, у горле ўсё мацней і мацней перасыхала. Узняцца, ісці зноў піць ваду не было аніякага жадання і ахвоты, і Рэната сядзела, апусціўшы рукі на калені. Водар жытняга цеста і пошум соснаў дзіўна закалыхвалі яе, і раптоўна памацнела слабасць у нагах і руках — як цалюткі дзень на цяжкой працы шчыравала,— і яна азірнулася наўкола, быццам узважваючы ўсё тое, што паспела зрабіць.

А плён жа зусім і нябачны: дровы паднесла да печы ды цеста паставіла... Дзяжа толькі далёка ад печы.

«Маці, помніцца, яе пры саменькай печы паставіць, каб цёпла было дзяжы, каб цеста лепей бралася!..»

Рэната расхвалявалася, ускочыла, падхапілася ў трывозе і скоранька перасунула дзяжу падалей ад скразняку. Вось цяпер, здаецца, зроблена ўсё як след, як маці некалі рабіла. І дзяжа гэтая вельмі падобная на тую, што некалі стаяла ў матчынай хаце. Перад вайною маці толькі на свята пякла свой хлеб — яго заўсёды куплялі ў краме. Але незвычайна святочныя дні былі тыя, калі ў хаце пахла свежым хлебам. На гарадской пякарні ўжывалі толькі формы, бляшаныя, змазаныя алеем, а дома замест іх ішло кляновае лісце, якое запякалася ў цеста, і боханы атрымліваліся ўзорыстыя на сподзе, як спецыяльна і прыгожа размаляваныя. Добра было б цяпер пасадзіць хлеб на кляновік. Але ж дзе ты яго знойдзеш у хваёвым лесе? Шкада, што яна не папрасіла Куляша — той паедзе некуды на млын, можа, дзе расстараўся б. Маці дык звычайна ўвосень, калі ападала з клёнаў лістота, збірала вялікія лісціны, хавала іх, сварылася, калі Рэната чапала тыя лісціны. Але ж тое ўвосень было. А цяпер жа на клёнах лісточкі слабенькія яшчэ...

«Небачка! Гэта ж другі год, як мамы няма...»

Знаёмы боль сціснуў Рэнаце сэрца. Няўжо гэта другі год, як маці няма? Так, другі год пайшоў. А ўсё не верыцца і ў тое, што мамы няма, і што гэтак хутка бяжыць час, і што гэтак доўга цягнецца гэтая жахлівая вайна..: І Валя нечага тут? А яна навошта сюды прыбегла? Казала ж, што ля Даніка пасядзіць... Прыбегла ж вось... І ў руках нешта цягне... Мо што якое з Данікам там?..

Спытаць што-небудзь Рэната не паспела — Валя пачала сварыцца.

— Мы ж як з табою дамовіліся? Разам каб снедаць! А яна — у працу ўбілася,— і, ставячы на стол місу, укручаную ў ручнік, дадала ўжо крыху спакайней: — Кулеш мне прачуханца даў, загадаў сюды табе сняданак несці.

— А Данічак што, спіць?

— Прачнуўся, я накарміла яго, і Алесь малога з сабою пацягнуў, да падрыўнікоў — вярнуліся з задання хлопцы.

— Хай бы ляжаў, ён жа слабенькі вельмі.

— А ён і ляжыць. Толькі не ў зямлянцы. Цікуе, што Алесь робіць.

— А Лагуцін чым заняты? Ён з імі?

— З імі,— адказала Валя, крыху памарудзіла, удакладніла стрымана: — Лагуцін з імі.

Рэнаце падалося, што яна нешта сказала не так, як трэба, і дачка з таго дужа незадаволеная. Ну, вядома ж! «А Гарык чым заняты?»— вось як трэба было запытацца, ды яшчэ ласкава. А яна? Імя не назвала, а толькі прозвішча — падкрэсліла сваю ранейшую непрыязнасць: з таго дачка і надзьмулася, не інакш.

— А што Данічак еў? — Рэната, тоячы ўсмешку, сачыла за Валінымі рукамі, якія разгортвалі ручнік.

— Ён добра паснедаў. Кашу грэцкую дужа ўпадабаў. Палову міскі апаражніў. Бяры паеш і ты. Кашу тут з салам добра робяць. Потым каву вып’еш...

— Каву? Багата жывяце!

— Трафеі. Разведчыкі ля Ветрына машыну з харчаваннем падпільнавалі. Кавы цяпер у нас — хоць залейся.

— А Данік жа ці піў яе?

— Шчэ як! З ахвотаю,— і падсунула бліжэй да маці міску.— Бярыся есці!

У місе кашы было з каптуром, і поверх ляжала тоўстая скібка хлеба, прыціснутая зверху лыжкаю. Побач з міскаю, на разгорнутым ручніку, Валя паставіла нямецкую біклажку ў зялёным футарале. Але ахвоты есці ў Рэнаты не было.

— Нешта не хочацца нічога, дачушка.

Валя абурылася:

— У нас, у атрадзе, ведаеш як? Сняданак — сняданак. Абед — абед. Двойчы не запрашаюць і не ўпрошваюць. І Кулеш, між іншым, мне і наківаў, што ты працуеш, не паеўшы. Бяры лыжку!

Рэната без ахвоты падсунула міску бліжэй, злізнула з хлебнай скарынкі крупінкі і раптам адчула, што хоча есці, і ўзялася чэрпаць кашу поўнай лыжкаю.

— Сма-ачна! Вельмі смачна,— сказала Рэната з удзячнасцю і неспадзеўкі прыгадала Валіны словы пра тое, што Кулеш у нечым абвінаваціў дачку.— Скажы, даўно Кулеш у атрадзе?

— Ад самага пачатку атрада амаль. Быў у разведузводзе. Потым яго параніла. А вясной — на гаспадарчы ўзвод паставілі — былога камандзіра забіла. Цяпер Кулеш — «кормитель и поитель наш», як мой муж кажа...

Апошнія два словы «мой муж» зусім не разанулі Рэнацін слых, яны як бы адсунулі ўбок усе трывогі, клопат і пакуты, якія давялося перажыць апошнім часам: зноў уладарна ахапіла яе захапленне сталасцю дачкі, дарослай развагаю яе, якую Рэната заўважыла ўчора на Дзвіне. Учора Рэната напачатку бедавала, што натуру дачкі яна, маці, зусім мала ведала, потым змірылася, нават ганарылася, што Валя самастойны, сталы чалавек. Сёння ж гэта быў нейкі асаблівы гонар, у якім былі і прытоены сум страты, і трывога, і клопат, і непакой.

«Валечцы ў атрадзе, ведама ж, цяжка. Але гэта яе дарога, яна яе сама выбрала...»

Дачка была побач і, разам з тым, як бы далёка, нейкая новая мяжа падзяляла іх цяпер, і горычы ад усведамлення гэтага ў Рэнаціным сэрцы не было: яна думала пра новую Валіну дарогу і з гонарам, і з радасцю, і з глыбокай верай у тое, што ёй, Рэнаце, зусім не шкада аддаць сваё жыццё, каб дарога ў дачкі была сонечная і шчасная. І каб была шчаслівай дарога і ў Алесіка, і ў Данічка, і каб Міхалу пашчасціла ўбачыць сваіх дзяцей у радасці і здароўі.

«І Гарыку хай шчасціць. Хай ён Валечку сцеражэ ад бяды...»

Развага дзівосна ўзвышала Рэнату, яна адчувала сябе моцнай і дужай, і з ахвотаю ела смачную грэцкую кашу, і потым піла саладжавую і нейкую дужа ж духмяную каву, і новае лясное жыцце здавалася ёй цудоўным, поўным хараства і добрых надзей.



25

Пасадзіўшы хлеб у печ, Рэната прысела на бярозавы кругляк ля парожка, узялася абціраць спацелы лоб. Яна ўзіралася ў вечаровае сутонне, што ўвачавідкі гусцела пад соснамі, і адчувала стому і саладжавую млявасць у плячах. Хоць і стамілася, але працы парабіла процьму. І не дужа-ткі лёгка, выяўляецца, адну дзяжу за другой вымесіць. Але яна, Рэната, спраўлялася іўчора, і пазаўчора і справіцца, ведама ж, і сёння. Толькі не трэба расседжвацца. Не зашкодзіць і яшчэ другі раз падмесці падлогу — хай чысценька будзе ў пякарні. Маці, помніцца, казала, што хлеб з печы добра ідзе толькі ў чыстае.

Рэната рушыла да маладых бяроз, што раслі ў нізіне,— наважылася зрабіць новы венік і падмесці падлогу. Наламаўшы цэлае бярэмя вецця, яна падзяліла яго на дзве часткі і кожную звязала драцінаю, якую прыхапіла ля зямлянкі, потым абшморгала лістоту і аглядала венікі, задаволеная, што атрымаліся яны зграбненькія і ёмкія. Удалы дзень у яе сёння: што ні робіць — усё наладна ідзе, добра.

Трымаючы венікі пад пахаю, яна вярталася да зямлянкі і раптам спынілася, угледзеўшы, што нейкі цень мільгануў у дзвярным праёме. Хто ж гэта там? Валя? Але ж яна выходзіла з зямлянкі даўно, і яна сказала, што вернецца праз гадзіну разам з Данікам. Можа, Данічак тым часам падбег? Але ж, здаецца, дарослы там нехта. Ці не Кулеш? Падобна... Так, гэта ён! Выходзіць вось з зямлянкі, цяпер нечага зноў назад павярнуў...

Яна прыбегла ў зямлянку, задыханая, глядзела на Куляша збянтэжана, чакаючы нейкай непрыемнай навіны. Але добрая ўсмешка на Куляшовым твары заспакоіла яе адразу.

— Хутка ж вы ўпраўляецеся,— лагодна прамовіў Кулеш, узнімаючы з услона мех.— Хораша пахне хлебцам! У-у-у... А я, шкадую, прыпазніўся...

— Дзе ж гэта прыпазніліся! Хлеб шчэ ў печы сядзіць.

— О тут і закавыка. Кляновае лісцё калі Кулеш абяцаў? Яшчэ ўчора. Так што хутчэй бярыце ў сваю гаспадарку,— ён працягнуў ёй мех, і яна падзівілася сіле гэтага чалавека, які здолеў узняць і трымаць адной рукою вялізны мех.— Як на выбар млынар назбіраў. Паўсюль на дрэвах драбнота. А ў яго, бач, па заказу клёнік у зацішку. Адна лісціна — на ўвесь бохан...

— А і на папараці, ведаеце, хлеб добра ідзе. Лагуцін яго нарэзаў.

— Быў ён тут?

— Дрот прывозіў на цвікі,— сказала Рэната, беручы з Куляшовых рук мех з лісцем.

— Не забыўся, значыцца, расстараўся дроту — цяпер цвікоў наробім,— і, як сам сабе, усміхнуўся: — Але ж і рукі ў гэтага Лагуціна...

Рэнаце было прыемна, што Кулеш з ухвалаю сказаў пра Лагуціна, яна неяк засаромелася, адвярнулася, панесла мех у кут.

Кулеш пажартаваў:

— Які асілак на пякарні працуе! Вялізныя мяхі адной рукою цягне.

— I я таксама толькі што дзівілася, калі вы мех адной рукой узнялі. Гаворыце пра лісцё, а тое, што яно ў мяху — не адразу падумала.

— Галоўнае — убачыць. Падумаць заўсёды паспеем... Зірнуць на хлеб хочацца...

Яна адкрыла засланку. Крыху зарудзелыя па краях боханы падняліся ўжо і сядзелі цесна.

— Хораша пахне хлебцам,— зноў паўтарыў Кулеш, таксама зазіраючы ў печ, і нечакана ўразіў Рэнату неспадзяваным і ашаламляльным пытаннем: — Вашага мужа па бацьку як? Ціханавіч?

— Але... Міхал Ціханавіч,— засланка ледзь не вывалілася з рук, і Рэната паставіла яе зноў на месца.

— Мы з ім разам вайну пачыналі.

— З маім мужам? Разам?

— Потым, праўда, нашы дарогі вось так,— і Кулеш развёў рукі, паказваючы, як разбегліся іх дарогі.

Раптоўна пераціснула горла, падалося, што Кулеш адступіў у дрыготкую шэрань, як бы адхіснуўся, і рукі яго павіслі ў паветры, і Рэната глядзела не яму ў твар, а на гэтыя рукі, баючыся зірнуць у вочы; Куляшоў мезенец, адстаўлены крыху ўбок, дрыжаў, і яна бачыла, як ён трымціць, гэты мезенец, чырвоны з аднаго боку, як толькі што апалены.

— Д-дзе ён? — Рэната ледзьве выціснула гэта з сябе і адчула боль у роце, быццам словы, якія вымавіла, падрапалі паднябенне.— З вамі? Тут?

Кулеш адказаў таропка:

— Не. Мы разам з ім былі ў сорак першым. Я быў у тым баі паранены.

— У якім баі? У якім гэта баі? — ёй падалося, што Кулеш нешта ўтойвае, не дагаворвае, баіцца сказаць праўду, і яна дадала, адчайна патросшы рукою:— Гаварыце! Гаварыце ўсё!

— А як я магу вам усё расказаць? Магу толькі тое расказаць, што ведаю, што бачыў на свае вочы...

Кулеш пачаў расказваць пра бой у першы дзень вайны, пра свой узвод, які прыкрываў адыход батальёна, пра тое, што муж Рэнаты пайшоў з батальёнам далей, а ён, Кулеш, застаўся, і быў паранены, і потым быў паранены яшчэ раз, уранні ўжо, калі рэшткі ўзвода пасля начнога маршу па незнаёмай мясцовасці зблудзілі і наскочылі на фашысцкую калону ля маленькай ракі. Там, ля ракі, ён трапіў у палон, потым уцёк адтуль. Сярод палонных ён не бачыў анікога са свайго батальёна і таму лічыць, што ў яго баявых сяброў быў шчаслівейшы лёс, і яны жывыя, і недзе гэтак жа, як і ён цяпер, ваююць і б’юць ворага.

Слухаючы Куляша, Рэната ўвесь час адчувала ў яго словах нейкую паспешлівасць, быццам чалавек гаворыць і ўвесь час баіцца, што яму няма веры, і таму спяшаецца сказаць як мага больш, пераканаць, што гаворыць праўду. Гэтае адчуванне не праходзіла, Рэната непакоілася, пачала сачыць за вачыма Куляша і заўважыла, што ён усё імкнецца ўхіліцца ад яе позірку, глядзіць некуды ўбок.

«Дзіўна сябе паводзіць Кулеш, быццам нечага мяне баіцца...»

У яе сэрцы ўсё мацней і мацней усталёўвалася незразумелая падазронасць да усяго таго, што яна ад яго чула. Не, не ўся праўда ў словах Куляша. Тое, што ён ведаў Міхала і быў з ім разам — гэта несумненна. Але ж ці ёсць гэта ўся праўда? Ці ўсё было так, як ён гаворыць? Бой ля рэчкі? Дзе тая рэчка знаходзіцца? Чаму ён не ведае яе назвы?.. Нешта, мабыць, не дагаворвае Кулеш.

«Але з якое прычыны? Якая яму выгода хлусіць?»

Рэната гублялася ў здагадках, намагалася пераканаць сябе, што памыляецца, спрабуючы абвінаваціць Куляша ў няшчырасці. Сапраўды, ён мог і ўвогуле нічога не казаць, ніхто яго за язык не цягнуў, і яна, Рэната, нічога б зараз у яго не распытвала. Назву рачулкі не ведае? Ды натуральна гэта! Яны адступалі, вялі баі, дзе там было тое памятаць — назву нейкую! Вось ты, скажам, памятаеш назву таго масточка, ля якога быў паранены Геначка! І рачулкі, ля якой ён пахаваны? А як жа! Турэц! Гэтак завецца тая лясная рачулка!..

Раптоўна і моцна закалола ў сэрцы, і зноў, як і шмат разоў дагэтуль, стаялі перад вачыма тоўстыя, медзянога колеру, сосны, пясчаны абрыў, пятлявая рачулка, за якой зелянілася шырокая лугавіна...

«У памяці тыя мясціны — да скону дзён! Я і ноччу туды дарогу знайду. Хай нават вочы мне завяжуць — усё роўна дакладна на тое месца выведу!..»

— Жывы, значыцца, мой Міхал? — спытала яна, спытала, як бы патрабуючы ад Куляша працягваць гаворку, паўтарыць тое, што ён ужо сказаў.

— А чаго ж не? Я ж вось жывы! І Ціханавіч жывы. Ён сме-елы! А смелага — куля баіцца!

Вясёлая і цвёрдая ўпэўненасць прагучала ў словах Куляша, і Рэната ажно захліпнулася ад радаснага шалу, што абрынуўся на яе гарачай, тлумнай хваляй. Жывы Міхал! Жывы і недзе ваюе! І ўсё тое, што гаворыць Кулеш,— праўда! І неўзабаве яна, Рэната, стрэне свайго Міхала, стрэне свайго мужа, мажліва, вось гэтак жа нечакана, як толькі што пачула радасную навіну, стрэне гэтак жа неспадзявана, як стрэла сваіх дзяцей!..

Цяпер Рэнату зусім не турбавала тое, калі і дзе канкрэтна адбудзецца сустрэча з Міхалам, яна зноў, як і мноства разоў дагэтуль, паверыла ў шчаслівы лёс свайго мужа і, як ніколі раней, цвёрда на гэты лёс спадзявалася. Гэтая спадзяванка надала ёй сілы, і яна адчула сябе вельмі дужай, маладой. Няхай Кулеш бачыць яе працу, захапляецца Рэнацінай увішнасцю і дбайнасцю. Хлеб, здаецца, ужо гатовы. Няхай Кулеш паглядзіць, чаго варты яе рукі. А можа, ён тут на тое зноў заявіўся, каб пракантраляваць яе? Няхай глядзіць, няхай кантралюе!

Рэната адкрыла засланку. Хлеб падняўся слаўна, скарынка дзе-нідзе з краёчкаў, праўда, крышку трэснула, але з усіх бакоў была роўнага густога карычневага колеру. Удаўся хлеб! Боханы ўсе амаль аднолькавыя, высокія, пышныя. Цяпер яна выцягне іх з печы, паставіць на ўслон, вадою пакропіць, ручніком гэтым Валіным прыкрые, каб стыў пакрысе. А маленькі боханчык, як калабочак, што з рэшты цеста, хай на стале паляжыць — гэта Данічку будзе...

— А во-ох ты, які паскрэбачак слаўны! —выгукнуў Кулеш.— Паскрэбачак у вас таксама завецца?.. І ў нас гэтак жа. А-а, гарачы які,— ён перакідваў маленькі боханчык з рукі ў руку, разглядаў замілавана.— У нас маці даўней абавязкова чатыры вось такіх паскрэбачкі спячэ — каб нікому крыўдна не было. Нас у яе чацвёра было: брат мой і дзве сястры,— асцярожна паклаў паскрэбачак на стол, утаропіўшы на яго хмурны і сумны позірк.

— Гэта я Данічку свайму спякла — малому радасць будзе. Учора ён аж у скокі пайшоў, як паскрэбачак пабачыў.

— Каб маім гэткі паскрэбачак пабачыць,— ціха прамовіў Кулеш, усё з тым жа сумным выразам на твары разглядаючы маленькі боханчык хлеба.

— Яны тут, дзеці вашы? Ці за фронтам?

— Ехалі яны за фронт. Ды не даехалі: фашысты эшалон ля Обалі разбамбілі. На пяты дзень вайны гэта было...

Раптоўна, як бы вылузнуўшыся з дроў, што былі складзены ля левай сцяны зямлянкі, зусім блізка загуў самалёт. Рэната ўстрывожылася, але Кулеш не звярнуў увагі на гуд матора, які адразу ж пачаў цішэць, па-ранейшаму глядзеў на боханчык хлеба; позірк яго вачэй быў цяпер не проста тужлівы, а нейкі спустошаны, поўны горычы і адчаю.

— Мажліва, жывыя засталіся,— прамовіла Рэната ціха; ёй зрабілася зябка, быццам дзьмуў у спіну колкі сцюдзёны вецер.

— Тыя, што засталіся жывыя, мне і расказалі, як тое здарылася. Апошнія чатыры вагоны цалкам згарэлі, ніхто з іх не ўратаваўся. Апошнія вагоны апошняга эшалона — болей, казалі, з Грамоў эшалонаў нашых і не пайшло...

— З Грамоў? — са сполахам спытала Рэната.— Дык гэта ж мы з аднаго горада! А на якой вуліцы вы жылі ў Грамах?

— На Лугавой. Э-э, наш завулачак мала хто з гараджан і ведае — усяго чатыры дамы на ім...

Колкая і непрыемная дрыготка, пачынаючыся ад шыі, папаўзла па Рэнацінай спіне, асела ля паясніцы шырокім цяжкім ланцугом, і ён, сціскаючыся, балюча ўразаўся ў хрыбет. Небачка! Гэта ж тым, апошнім эшалонам, яна, Рэната, павінна была ехаць. І што было б, каб паехала?

«Мажліва, у той самы апошні вагон, дзе ехала Куляшова сям'я, я з дзеткамі сваімі і патрапіла б!..»

Ашаламіла і гэтая думка, і тое, што яна, Рэната, трэці дзень сустракаецца з Куляшом, бачыла шмат разоў і не ведала, якое гора перажыў чалавек. І Валя ёй нічога не сказала. Ды, зрэшты, у Валі ў галаве зусім іншы клопат, яна толькі на свайго Гарыка глядзіць, толькі ім і цікавіцца...

У зямлянку ўкаціўся Данік, аббэрсаны вакол шыі і плеч дзеразою, спыніўся, беглым позіркам зыркануў на Куляша, і той адразу заўважыў разгубленасць малога, усміхнуўся:

— Выдатна, таварыш падрыўнік, ты замаскіраваўся — не адразу і ўгледзіш... А-а, калабочак вабіць? Табе, дружа, гэта спецыяльна матуля спякла,— і Кулеш працягнуў паскрэбачак малому.— Бяры! Смялей, падрыўнік!

— А што сказаць трэба? — папытала Рэната, абіраючы дзеразу з сынавай шыі.

— Не чапай, не чапай! — усхадзіўся Данік.— Гэта маскіроўка!

— Замаскіраваўся, каб і дзякуй не сказаць?

— Ён сказаў ужо,— Кулеш паспяшаўся выручыць малога.

— Нават? Я і не чула!

— Мы, партызаны, і моўчкі адно аднаго разумеем. Ён на мяне зірнуў, а ў вачах — дзякуй,— і Кулеш узбухмаціў правай рукою Данікавы валасы.— Гэтак жа, харобры наш падрыўнік?

Недзе зусім блізка пачулася густое турканне буйнакалібернага кулямёта і потым грымнулі чатыры падвойныя, як звязаныя ў адно, выбухі. Данік спуджана азірнуўся, потым кінуўся да маці, і яна падхапіла яго на рукі.

— Гэта ж бамбяць,— Рэната таксама спалохалася, глядзела на Куляша з трывогаю.— Чуеце?

— І абстрэльваюць і бамбяць,— удакладніў, услухоўваючыся, Кулеш.— Ля Вуглоў, здаецца. Дазналіся, што аэрадром наш там — вось і прычапіліся.— Кулеш зноў узбухмаціў Данікавы валасы, весела спытаў: — Ну, падрыўнік, пойдзеш са мною ці будзеш маці памагаць?

— Ён са мною будзе, са мною,— паспешліва прамовіла Рэната, баючыся, каб Данік не папыліў разам з Куляшом.

— Гэткі, таварыш падрыўнік, загад маем — заставацца. А загад, сам ведаеш, у нашай партызанскай справе абмеркаванню не належыць. І ты, калі ласка, маці тут дапамагай.

— А няма чаго! Яна сама ўсё зрабіла. І я — вольны!

Кулеш раскаціста засмяяўся.

— Не-е, вольны казак! У маці тваёй рабо-откі процьма. Адзін хлеб — з печы. Другі — у печ. І нам таксама работка ёсць. Ну-утка, дапамажы дзверы паставіць. Зробім мы зараз з табою, змайструем добрыя дзверы.

Данік спытаў здзіўлена:

— А навошта? Горача тут.

— Дзверы, таварыш падрыўнік, на тое, каб уночы агонь далёка не свяціў... На сёння — часова паставім. А заўтра — грунтоўна ўжо...

Кулеш прыцёг з каморы, дзе ляжалі мяхі з мукою, трафейную плашч-палатку, папрасіў Даніка трымаць яе за адзін канец, а другі ўзяўся прыбіваць цвікамі да вушака; прыбіў, памацаў рукамі, ці надзейна яна трымаецца.

— Добрыя дзверы ў нас з табою, таварыш падрыўнік, атрымаліся. Як думаеш? — і, не чакаючы адказу, паспешліва дадаў: — У загадзе па пякарні — табе падзяка. А далей ты паступаеш у распараджэнне маці. Зразумеў?

Данік выціснуў неахвотна:

— Зразумеў.

— Э-э, не, дарагі таварыш падрыўнік, не той адказ чую,— Кулеш пальцам пастукаў малога па носе.— У нас на загад адказваюць чотка і ясна: ёсць паступіць у распараджэнне маці! Паўтарыце загад!

Выслухаўшы, як Данік слова ў слова паўтарыў загад, Кулеш задаволена паціснуў яму руку і, салютнуўшы, пайшоў з пякарні. Потым ён спыніўся, стоена паківаў Рэнаце пальцам — клікаў выйсці.

— Я слухаю,— сказала Рэната, таропка падбегшы да Куляша.

— Я чуў, што вы не хочаце адправіць малога. Але я таксама раю: адпраўляйце. Бо, не выключана, не будзе ў вас потым гэтай мажлівасці. Аэрадром яны растаўкуць — гэта ўжо як піць даць. А тады, думаю, пачнецца.

— Што пачнецца?

— Блакада. Напрадвесні мы ўжо ў ёй пакруціліся...

Ад незнаёмага гэтага слова, дакладней, ад таго, што хавалася за ім, і ад кананады, якая ўсё не сціхала, хоць і аддалілася крыху, ад гэтых частых глухіх выбухаў — здавалася, ад іх ледзь улоўна вохкае зямля пад нагамі,— у Рэнаты зноў пагана заныла сэрца. Пазаўчора жыццё лагера, жыццё атрада, жыццё Алеся, Валі і Лагуціна здаваліся ёй чымсьці дужа трывалым, надзейным, і яна адразу ўлагодзілася, сагнала з душы трывогу, а цяпер гэтая трывога зноў ажыла, трываласць распаўзлася, і ўсё вакол было гэткім няпэўным і ненадзейным, што Рэната ўшчэнт разгубілася. Можа, дарэмна Кулеш яе палохае? Рудак жа размаўляў, помніцца, з ёю ўпэўнена, зусім без трывогі і знерваванасці. Праўда, Рудак — Валя ж казала! — раіў тое, што раіць цяпер Кулеш: трэба адправіць Даніка за лінію фронту...

— Як жа я адпраўлю яго? — вырвалася ў Рэнаты з болем і трывогай.— З кім?

Кулеш адказаў памяркоўна, быццам яму было зусім абыякава, паслухаюць яго ці не.

— З дзецьмі, ведама. Адпраўляем жа дзяцей! Вось і вы свайго адпраўляйце самалётам, калі, ведама, будзе той самалёт. Знойдзецца месца Даніку, не хвалюйцеся. Я быў думаў, што можна яго і з групаю, што пешкі пойдуць... Але ж самалёт ёсць самалёт...

Рэната ведала ўжо, што на тым тыдні партызаны выхапілі з-пад носа ў фашыстаў выхаванцаў дзіцячага дома і адпраўляюць цяпер іх за лінію фронту. Але думка пра тое, што ёй трэба будзе развітвацца з Данікам, яе палохала, і недзе ў душы яна ўжо вырашыла цвёрда, што нікуды Даніка ад сябе не адправіць. І нешта ёсць падазронае ў гэтай настойлівасці, з якой хочуць Даніка падалей ад яе адправіць. І Валя гэтае кажа, што тут Даніку можа быць кепска, і Кулеш... Але можна яго, малога, і ў вёсцы дзе-небудзь пакінуць, калі ўжо тут, у лагеры, гэтак небяспечна. У вёску дык можна падскочыць, пабачыць сыночка. А калі яго завязуць некуды самалётам, у невядомую далеч!..

— Як жа яго потым адшукаць? — выгукнула, не тоячы роспачы.

Кулеш развёў рукамі:

— Во-о, бедаваць з чаго! Пераскочуць лінію фронту, а далей — на Урал. А там — шпіталі, школы, распарадак... А тут што? Тут і даросламу гэтак, здараецца, прысоляць, што сам потым дзівішся, як ногі цягаеш. І недаясі, і недаспіш, і сёння — тут, а заўтра — там, а паслязаўтра — богу толькі вядома дзе... А вакол — вораг. А там —свае людзі. З імі не прападзеш...

— І тут жа наўкола — свае людзі. У вёсках жа нашы людзі!

Рэната запярэчыла, канчаткова вырашыўшы, што не дасць згоды адпраўляць Даніка за лінію фронту. Але ад гэтага рашэння ёй чамусьці рабілася непамысна, і яна глядзела на Куляша з надзеяй пачуць нешта абнадзейваючае.

— Мы — у тыле. У варожым тыле. Вы гэта разумееце? — запытаў ён, націскаючы на слова «гэта».— Гэта трэба разумець. З гэтым трэба лічыцца. І рашэнні свае будаваць, зыходзячы менавіта з гэтага!..

Цвёрдыя доказныя Куляшовы словы згасілі ахвоту пярэчыць, і Рэната з кожнай хвілінай усё больш і больш падпадала пад уплыў пераканаўчай і даверлівай гаворкі. Вядома, слушна гаворыць Кулеш. І каб жа толькі ён адзін настойліва прапаноўваў адправіць малога з лагера, адправіць падалей ад магчымай бяды!

«Як нечага яны ўсе баяцца! Як нешта ведаюць, але мне сказаць не адважваюцца!»

І адразу, быццам спатыкнуўшыся, убачыла перашкоду, што замінала ёй. Нешта? Нібыта табе невядома тое «нешта»! Кулеш адкрыта ж табе гаворыць: аэрадром бамбяць, неўзабаве пачнецца блакада, жыццё партызанскае і для дарослага цяжкае. А там, за лініяй фронту, і стрэлаў малы не пачуе, і спаць ляжа накормлены, і ніякая бяда не зачэпіць, і табе тады спакайней жыць тут.

Развага здзіўляла. Сапраўды дзіўна ўсё неяк! Толькі што яна вырашыла, што нікуды не адпусціць ад сябе малога. А цяпер вось і на іншае ўсё павярнула, ужо згаджаецца, што там, далёка, малому будзе лепей. А чаго тут дзівіцца? Яна — чалавек. А чалавек не можа толькі сваім розумам жыць, трэба і сяброў паслухаць, трэба да шчырага слова заўсёды з увагаю паставіцца, не адкідаць разумную параду абыякава, па-дурному.

І адразу прыйшла палёгка, нібыта звалілася цяжкая паклажа, што замінала ісці скора і лёгка, і неяк міжвольна і імгненна заспакоілася сэрца, і ўжо не ўзнікла аніякай думкі пра становішча цяжкое і безвыходнае. І чаго яна, Рэната, гэтулькі вагалася, пакутавала! Не адзін жа Данік, скажам, у самалёце будзе! Разам з дзецьмі нехта ж і з дарослых паляціць, напэўна ж, нехта з партызанаў у тую дарогу выправіцца. І нідзе не згубіцца дзіцячы гурт, і яна потым, як аціхне гэтая навала, вельмі лёгка знойдзе свайго Данічка. І хіба ж не дзівачка яна, Рэната: ёй жа шчасціць, а яна, замест таго каб радавацца, яшчэ і ўпіраецца...

— Мам, а яго можна есці?

Данік трымаў у правай ручцы скарынку, якую адкалупнуў ад боханчыка, чакаў дазволу, як баяўся адкусіць і есці. І выгляд сынавага твару, спуджанага, запытальнага, усё яшчэ збляклага, як без крывінкі, і гэтая дзіцячая ручачка, пальчыкі якой моцна сціскалі скарынку хлеба, скаланулі Рэнату. Небачка, якая ж яна дурніца! Малога ад смерці ратуюць, ад бяды, ад няшчасця падалей завезці ёй прапанавалі, а яна яшчэ вагаецца, яна яшчэ нешта сабе даводзіць, спрачаецца!..

— Можна, сыночак, можна! Дзядзька Кулеш табе ж сказаў: твой гэта паскрэбачак!..

Яна схапіла малога на рукі, прыціснула да сябе моцна, быццам вось зараз жа, неадкладна, ёй трэба было развітвацца з сынам, выпраўляць у дарогу, далёкую і невядомую. Дзераза слаба калола пальцы, далоні адчувалі праз тонкую кашульку худзенькія плечыкі, і Рэната, не закрэсліўшы толькі што прынятае рашэнне і не вяртаючыся да намеру ранейшага, абвострана, з новым болем у сэрцы падумала пра тое, што ёй лепей памерці, чым страціць гэтую маленькую, яшчэ зусім неразумную істоту.



26

Дровы трашчалі, пастрэльвалі сінімі струменьчыкамі дымнай пары, і ўверсе шырокага чэрава печы грывастымі пасмамі віўся чорны дым. Кепска і неяк дзіўна сёння гараць дровы. Увесь гэты час — другі тыдзень, лічы,— Рэната двойчы на дні паліла ў печы, і кароткія бярозавыя плашкі адразу браліся агнём, гарэлі дружна, пакідаючы пасля сябе буйнае чырвонае вугалле. А сёння як што завадзіла ім: курацца, сіпяць, пастрэльваюць, і не дым, а нейкую пару з іх выбівае. Прынамсі, яна сама, Рэната, тут вінаватая, бо неашчадна папаліла сушняк, засталася цяпер сырызна — з пня ды ў печ. Дзе ж тут ім гарэць, тым дроўцам. Трэба, мабыць, расстарацца сушэйшых паленцаў, падправіць агонь. Тады, з сушэйшымі, сырызна таксама пачне шугаць. Трэба сказаць Куляшу, каб прывезлі сухія дровы. Але ж і не вельмі хочацца: скажа яшчэ, што вось, маўляў, гаспадыня, печы не можа выпаліць. І нешта перастаў ён ляпаць малатком. Не, сюды ідзе!..

Плашч-палатка на дзвярным праёме заварушылася, адпаўзла ўбок, і на пякарні з’явіўся Кулеш.

— Паліцца печ? — спытаў ён, быццам не бачыў, што ў печы гараць дровы.— А я з цвікамі ўсё валаводжуся... Ажно ў горле перасохла...

— Гора адно. Пакуль што сіпяць толькі плашкі.

Кулеш зачэрпнуў вады з вядра, прагна выпіў поўную бляшанку, паставіў яе на ўслон і толькі тады адрэагаваў на Рэнаціну скаргу.

— Нармальна гараць. Бярозавым дроўцам абы ўгрэцца, а тады і сырызна гарыць як мае быць,— ён пастукаў малатком па далоні рудой ад іржы, папрасіў: — Можа б, вы мне драціну патрымалі хвілю якую. Круціцца, гадаўка, аніяк не хоча да сякеры ліпнуць...

Рэната пайшла следам за Куляшом, убачыла ў сасновай плашцы шчарбатую сякеру, увагнаную толькі адным канцом ляза, і пагорачак насечаных з дроту цвікоў, здзівілася:

— Няўжо ж гэтых цвікоў не хопіць? З іх адных можна дзверыну скласці!

— З адных не палучыцца. Трэба шчыльныя дзверы паставіць!

— А навошта шчыльныя?

— Каб меней пахла вашым смачным хлебцам у лесе,— сказаў Кулеш з добрай, але прытоенай усмешкаю.— Хлебец ваш —дзіва. Водар на ўвесь лес.

Яна адразу сцяміла, што ён жартуе. Сказала, аднак, строга, адмятаючы яго жарт.:

— Самі ж казалі, што добра, калі свежым хлебам пахне!

— Баюся, што фрыцы ўчуюць, дык зграяй сюды, па хлебец наш, шуснуць.

— Хай лепей у магілу яны шуснуць.

— Шуснуць. Нідзе не дзенуцца. Патрымайце вось тутачка...

Кулеш даў Рэнаце канец тоўстай драціны, другі канец паклаў на шчарбатае лязо сякеры. Ад першага ўдару малатка драціна сагнулася, ад другога надсеклася, як надламілася, і Кулеш ударыў па канцы лёгка, і цвік адскочыў са звонам Рэнаце пад ногі, уваткнуўшыся, як піка, у пясок. Рэната ўзняла яго і тут жа выпусціла — цвік быў гарачы, як напалены ў агні.

Пасекшы ўсю драціну, Кулеш падгроб цвікі нагою ад цурбака, пачаў раўнаваць на абуху сякеры. Узяў адзін, разгледзеў з усіх бакоў, сказаў ухвальна:

— Добрых цвічкоў мы насеклі. Будуць трымаць.

— А як жа іх заганяць, калі яны без шляпкі?

— Проста, па-партызанску!

Кулеш прыставіў да сасновага кругляка цвік, пацюкаў па ім малатком, а потым моцным ударам увагнаў яго амаль цалкам. Зыркнуў на Рэнату са знаёмым ёй усміхам:

— Партызан — паўсюль партызан!

Ён як бы чакаў нечага, як бы нейкай згоды з яго словамі, і Рэната адчула ніякаватасць, згледзеўшы ў тым усміху папрок: дровы, маўляў, яна ў печы не можа як след запаліць. А партызан павінен з любога становішча выкруціцца...

— Што яшчэ памагчы? — спытала яна.

— А ўсё ўжо зроблена, дзякую. Гэтыя, кароткія, я ўжо і сам пасяку. Можа, і ўвогуле, як вы гаворыце, дастаткова цвікоў. Унька, трэскі сухія бярыце...

Яна сабрала сухія трэскі і пашыбавала ў зямлянку. Увайшла ў пякарню і спынілася, уражаная: гараць добра дроўцы! І яшчэ як гараць! Моцным, дужым полымем, без дыму зусім. Праўду казаў Кулеш, угрэліся бярозавыя плашкі і загулі, пайшоў агонь шугаць!

І з таго, што дровы цяпер гарэлі ў печы дружна і добра, і з таго, што зусім нядаўна Кулеш гэтак ухвальна сказаў пра хлеб, які пячэ Рэната, з яго добрага ўсміху да Рэнаты зноў вярнуўся добры настрой. Трэскі яна не ўкінула ў печ, паклала ля коміна, вырашыўшы, што яны ёй яшчэ спатрэбяцца, і, раўнуючы іх, каб ляжалі роўненькім стосікам, пачула Данікаў галасок. Напачатку была памкнулася бегчы з пякарні, каб падхапіць малога на рукі, і спынілася, са здзіўленнем услухоўваючыся ў гаворку Куляша з малым. От жа вісус, гэты Данік! От жа гарэза! Увесь час да Лагуціна ляпіўся, цяпер да Куляша чэпіцца!..

У пякарню з поўным бярэмем дроў увайшоў Кулеш.

— Вось, расстараўся сухенькіх,— і ён, паклаўшы дровы ля коміна, побач з трэскамі, зазірнуў у печ.— А яны, тым часам,— гараць! Я ж казаў, што бярозавай плашцы абы ўгрэцца. Але, як гэта гаворыцца, запас бяды не чыніць. Няхай побач з трэсачкамі і паляжаць, каб заўтра не бедаваць. Ці дождж калі ўдарыць...

Клопат гэты быў па душы Рэнаце, яна падзякавала Куляшу і неяк засаромелася, што дзякуе, мажліва, празмерна горача і сардэчна. Узрадавалася, знайшоўшы раптоўную зачэпку змяніць гаворку — пачула гучныя ўдары малатка.

— А долечка ж ты мая! Гэта ж мой тамака з малатком арудуе! Яшчэ пальцы адаб’е.

— Хай ляпае. У хлопца — спрыт. І заданне ад мяне атрымаў. Майструем мы з ім адну прыладу.

Грукат малатка не сціхаў, і Рэната настойліва папрасіла:

— Калі што — ганіце гэтага вісуса прэч!

— Яго аніяк ад малатка не адлучыш — майстар! — у шчырым захапленні сказаў Кулеш.

Калі Кулеш пайшоў, Рэната аніяк не магла супакоіцца. Увесь час чула бразгат металу, ажыўленую гаману малога і дарослага, і цікаўнасць вярэдзіла сэрца: якую яшчэ прыладу яны майструюць? Ведама ж, Кулеш благога малому не дазволіць зрабіць. Але ж гэтага малога пад наглядам увесь час трэба мець. Не стрывала, таропка выйшла з зямлянкі. Кулеш кінуў на Рэнату кароткі позірк. А Данік нават і галавы не ўзняў, стаіць на каленях ля сасновага кругляка, як прыкіпеў да яго, нешта пальчыкам торкае Куляшу пад ногі, просіць нецярпліва:

— Тутачка яшчэ. Тутачка яшчэ пакруціце!

Кулеш размаўляў з малым пачціва:

— І тутачка, дружа мой баявы, падкруцім. І тамака — таксама. Дзе скажаш, там і падкруцім. Але з розумам трэба ўсё рабіць. Што залішне, як кажа наш Юзэф, то нездрова. Фарштэен?

— Фарштэен!

— Ну, галава хлопец! — засмяяўся Кулеш.— Узводам можаш камандаваць. Хаця, узводам замнога для цябе пакуль што. Пахадзі пакуль у радавых падрыўніках. Згода?

— Толькі каб пакацілачка была!

— Будзе табе, дружа мой, пакацілачка. Усё належным чынам змайструем. Падкінь мне, калі ласка, тую вунь драціну... Беленькую, беленькую!

Сагнуўшы жалезны прэнт з аднаго канца ў два каленцы, Кулеш узяўся абкручваць другі канец белай драцінаю. Драціна была тонкая і лёгкая, як бінтавалася, абкручвалася вакол чорнай, крыху сплясканай ручкі. Кулеш увесь час насвістваў, напяваў, весела гаманіў з Данікам: то прасіў патрымаць прэнт, то падаць новы кавалачак драціны, то пастукаць малатком у тым месцы, дзе ён паказваў. Данік рабіў усё ахвотна, імпэтна паварочваўся, як даўно быў прывучаны да гэтай работы з жалезам.

Рэната слухала і глядзела на малога ў здзіўленні і са шчырым захапленнем, з гэткім жа адчуваннем яна зыркала і на Куляша. Дзіўны чалавек ён. Страціў жонку, дзяцей і вось весела і бесклапотна насвіствае, спявае, жартуе з Данікам, нібыта ўсё ішло ў яго і ідзе ладам, без гора, турботы, клопату. А можа, гэтак вось і ў кожнага? Не паддасца бядзе чалавек, і бяда пройдзе, мінецца, і чалавек жыве, новыя радасці знаходзіць... Не, не з кожным гэтак. І Кулеш, відаць, гэтым спевам бароніцца ад успамінаў, якія жывуць у сэрцы. Пра чужое сэрца цяжка тут гадаць — пра сваё толькі можаш сказаць дакладна. Хіба ж вось выкінеш з памяці свайго Геначку. Назаўжды ён там, у сэрцы, да скону дзён. І клопат пра Міхала, трывога пра яго лёс — невыводная.

«Варта мне, відаць, пагаманіць яшчэ з Куляшом, падрабязна распытаць пра той, першы дзень вайны, калі лёс развёў яго з Міхалам. Абавязкова трэба распытаць! »

Прыняла рашэнне і растрывожылася — у сэрцы, зноў закраўся недавер да ўсяго таго, што паведаміў Кулеш. А што, як проста труліў ён аб усім, з дуба вецце збіраў? Памятаеш, як летась, у лістападзе, а плёў рознае той чалавек, што прыгрэўся ў тваёй зямлянцы?.. Хведар, яго імя, здаецца?.. Хведар Курач, здаецца... Не, той тады сумысля хлусіў, каб паддобрыцца, на ласку ўзбіцца, каб уратавацца ад голаду, каб застацца жывым, выжыць... А нашто ж Куляшу хлусіць? Кулеш праўду гаворыць. Сэрца ў гэтага чалавека шчырае, спагадлівае, толькі добрае ён людзям робіць. Малыя да благіх людзей не хінуцца, яны адчуваюць шчырасць адразу...

А па-другое, дзе ж прыгадаеш цяпер дакладна ўсе падзеі таго дня? Вось сама, скажам, паспрабуй прыгадай усё тое, што рабіла ў першы дзень вайны. Не прыгадаеш. А ты ж у баі тады не была, вораг ад цябе быў яшчэ далёка!..

— Гатовенькае,— выгукнуў Кулеш, і голас яго прагучаў вельмі шчыра і ўзрадавана.— Бяры сабе пакацілачку сваю! І ганяй, каб аж пыл курыўся. Ганяць жа хоць можаш?

— Магу! Мне дзядзька Гарык паказваў!

— Ну-у, настаўнік твой выдатна ведае справу. Але ж і я тое-сёе пакажу. Вось глядзі...

— Сам! Я сам!

— Сам дык сам. Абы не па вусам!..

Данік узяў з рук Куляша кароткі прэнт, выгнуты знізу кручком, а ўверсе заматаны белым дротам, падчапіў шырокае кольца і спрытна пагнаў яго па сцежцы. Кольца звінела, падскоквала, круцілася, як прывязанае да выгнутага кручком прэнта, а ля сасны, што тоўстым карэннем перапаясала сцежку, вільнула і знікла ў густых верасах. Данік адразу ж мітнуўся следам туды, папоркаўся ў верасах, выбег на сцежку, пачаў церці вочы і румзаць.

— Згубілася-я-я... Кольца згубі-і-ілася-я-я...

— Шукай,— са смяшком параіў Кулеш і ступіў на сцежку, бліжэй да малога.— Партызан, ды каб кольца не знайшоў у верасах? Паглядзі ўважна ў той бок, куды кацілася. Там і шукай!

Данік паслухмяна пасунуўся ў верасы, поркаўся, увесь час нешта бубніў сабе пад нос, потым запытваў у Куляша, куды лепей ісці. Нейкі час ён моўчкі шастаў па верасах, потым: урачыста і голасна абвясціў:

— Ё-ёсць! Знайшоў кольца!

— Вось бачыш,— пахваліў яго Кулеш.— Я ж казаў табе! Сапраўдны партызан, ды каб кольца не знайшоў. Гані яго сюды!

— Я ў лагер паеду! Дзядзьку Гарыку пакажу!

— Паязджай! Хай і ён паглядзіць,— дазволіў Кулеш.— Толькі ўжо не румзай, як куды кольца закоціцца.

— Цяпер не закоціцца. Цяпер я ведаю!

— Гані, дружа, гані! — і Кулеш з непрытоеным сумам зірнуў на Рэнату, але дадаў са шчырым захапленнем: — От жа малайчына хлопец расце! На месцы не пасядзіць — бы птушка лётае!

Рэната прыгадала, як да вайны завулак ля Дзвіны ажно звінеў увечары ад гэтых пакацілак: ганялі хлопчыкі і па тратуарах, і па траве і выхваляліся адзін перад адным. Геначка ж, помніцца, не любіў гэтае бразджэнне. Алесь жа — з цёмным толькі прыбягаў у хату.

— І не магу сцяміць, якая асалода ў гэтай забаўцы хлапчукам,— сказала Рэната, устрывожаная ўспамінамі.

— Не вельмі яна простая забаўка!

— А мне здаецца, ні розуму, ні сэрцу занятак!

Кулеш рашуча патрос галавой:

— Э, не-а! Якраз і розуму і сэрцу занятачак. У гэтым кольцы што галоўнае? Рух хлопец бачыць. Ён жа сам яго творыць, гэты рух, лоўкасць сваю бачыць, вока развівае... Выключная, на маю думку, забаўка.

— Не час толькі для забавак розных!

— Гэта вы дарэмна гаворыце. Дзецям — дзіцячае. Яны павінны паменей глядзець на ўсялякія там патроны, міны, тол, зброю... Вось ад гэтых «забавак» сэрцы чарсцвеюць...

Рэнаце здалося, што ў Куляшовых словах схаваны папрок. Ёсць, маўляў, мажлівасць Даніку не бачыць нічога гэтага — ні патронаў, ні зброі, ні мін, ні толу,— а ты ўпарцішся, трымаеш малога ля сябе, не хочаш адправіць за лінію фронту. Яна наважылася пярэчыць, абараніць і Даніка і сябе, і Кулеш, як адчуўшы гэты ваяўнічы настрой, нечакана апярэдзіў яе:

— Думаеце, мабыць, што здаля на вас заходжу, цісну, каб Даніка адпраўлялі?

— Ды не, што вы!— Рэната схлусіла, вырашыўшы, што не скажа Куляшу пра свае сумненні.— Добрую параду адкінуць — сабе толькі на шкоду.

Кулеш заўважыў яе няшчырасць, уздыхнуў, але прамовіў тонам жартаўлівым:

— Нарабіў вось ліха на сваю галаву — памочнічка страціў. Хто мне цяпер цвікі будзе з верасу цягаць? У падрыўніка гэтага цяпер свой занятак — не прымусіш шукаць цвікоў!

— Як гэта не прымусіш? Зараз жа разлучу яго з гэтым кольцам. Хай вам памагае!

— Ні-ні!— шчыра і таропка прамовіў Кулеш.— Хай гуляе. Я ж гэта жартам сказаў.

Ён паставіў прэнт на шчарбатае лязо сякеры, двойчы моцна ўлупіў малатком. Адсечаны цвік застаўся ў Куляшовай далоні, і ён кінуў яго ў бляшанку. Потым ён пасунуў прэнт, але не ўдарыў па ім, павярнуў галаву ў бок сцежкі і глядзеў на Даніка, які шнураваў ад лагера, у бок пякарні.

Мякка і ціха звінела-пазвоньвала кольца, якое Данік гнаў па сцежцы, падскоквала на каранях, і звон перарываўся на момант і зноў трымцеў радаснай гулкай нотаю, уплятаючыся ў пошум сасновага голля. Рэната слухала гэтае вясёлае бразгаценне жалеза, глядзела на схіленую галаву Куляша, і ў яе адчайна забалела сэрца, забалела ад спачування і падзякі чалавеку, які прынёс гэтулькі радасці Даніку, забалела ад чужога гора, якому яна не магла даць аніякае рады.



27

У канцы тыдня, у ноч з суботы на нядзелю, Рэната пасадзіла Даніка ў самалёт. Яна адкінула ўсе ваганні і адважылася адправіць малога за лінію фронту толькі таму, што апошнім часам амаль несціхана, ад ранку да ранку, грымелі то блізкія, то далёкія выбухі і страляніна, а па начах наўкола на даляглядзе крывавілі неба барвоваы фарбы пажараў — фашысты палілі вёскі. Рэната бачыла шмат пагарэльцаў, з імі размаўляла, і тое, што яна пачула ад людзей, якім удалося ўцячы ад фашысцкага гвалту, канчаткова пераканала яе: яна не мае права пакідаць Даніка тут, побач з сабою, і трэба не ўпусціць мажлівасць адправіць малога падалей ад агню і бяды.

Калі выязджалі з лагера, Данік не спаў, усё казаў, што будзе страчаць самалёт. Але дарогаю змарыўся, заснуў вельмі моцна — яго на аэрадроме і не дабудзіліся: Рэната абцалавала соннага сына, перадала на рукі лётчыку, які і не злазіў на зямлю, і яе тут жа адціснулі ад самалёта, каб не замінала пагрузцы другіх дзяцей.

Самалёт стаяў на ўзлессі, нацэліўшыся носам на барвовы водсвет, што заняў як не палову неба; пажар быў не блізкі, за лесам, але водсвет ад яго ішоў моцны, і густая трава поля здавалася зблізку рудой, а ўдалечыні выдавала незвычайна роўнай, шчыльнай і дзіўна чорнай, як вада ў віры.

Чорным выдаваў і самалёт, і Рэнаце ён здаўся вялізным. Але было ў яго абрысах нешта нетрывалае, ненадзейнае, і гэтую ненадзейнасць увесь час жывіў папераджальны голас чалавека, які стаяў ля крыла самалёта, што траха не краналася травы; голас напачатку гучаў нецярпліва, але памяркоўна, а потым неяк раптоўна загучаў на патрабавальнай, настойлівай ноце, і пагрозліва:

— На крыло нельга! Нельга — колькі ж можна казаць?!— станавіцца на крыло. Далей ад яго! Усе — далей!

Рэната зрабіла яшчэ адзін крок назад, у бок ад самалёта, быццам папярэдзілі яе асабіста, і гэты крок зусім неспадзявана спарадзіў у сэрцы глухі адчай, і яна ўпершыню за гэтую ноч засумнявалася ў правільнасці таго, што зрабіла. У які свет, у якую дарогу выпраўляе малога!

«Дзе, як потым мне адшукаць сыночка?..»

Крык адчаю і роспачы ледзь не вырваўся ў Рэнаты з грудзей — яго перапыніў дотык Куляшовай рукі.

— Адыдзем,— папрасіў Кулеш, крануўшы яе за руку.— Зараз пачнуць заводзіць матор.

— А што, як не завядзецца?

— Сюды асы лятаюць — найвышэйшага класа лётчыкі. У іх на самалётах матор бы гадзіннічак працуе.

— А як жа лінія фронту? Там жа і зеніткі, і кулямёты, і самалёты фашысцкія. Гэткі свет ляцець!..

Яна казала, не задумваючыся над сэнсам сваіх слоў, казала толькі на тое, каб не маўчаць; ёй хацелася гаварыць і гаварыць, размаўляць абы пра што, прыгасіць у размовах хваляванне, пачуць ад Куляша словы, якія б суцешылі і прынеслі палёгку.

— А што тая лінія фронту? Гэ!— Кулеш, зразумеўшы настрой Рэнаты, гаварыў знарок весела і бесклапотна, бадзёра.— Набраў вышыню, выключыў матор — і па-айшоў планіраваць. Ніякага табе грукату, ніякага гулу — цішыня. Паслязаўтра, кажуць, прыляціць зноў самалёт. Вось і будзем ведаць, дзе дзеці пасяліліся. Атрымаеце дакладны адрасочак...

У Рэнаты пераціснула дыханне.

— І можна будзе нешта напісаць?— пошапкам, баючыся свайго голасу, спытала яна.

— А чаго ж не? І напішаце, і пашлеце, і адказ атрымаеце. Ну, заводзяць...

Чмыхнуў, затарахцеў матор, потым зароў; Рэнату абдало гарачым, з дымам, паветрам, і яна на міг заплюшчыла вочы і ў той жа міг адчула, што нешта зрушылася перад ёю, што гул адкатваецца, паўзе некуды наперад.

Адкрыўшы вочы, яна ўжо не ўбачыла чорныя абрысы самалёта. Але грукат матора памацнеў і раптам як бы падскочыў, і ў той жа момант зоры над лесам зніклі, а потым узніклі зноў, і зноў зніклі, і зноў заззялі, і былі яшчэ больш ярчэйшыя і гэткія блізкія, быццам наблізіліся, апусціліся да зямлі.

«Гэта ж самалёт паляцеў. І зоркі крылом захінаў».

Часовая радасць, якую спарадзілі Куляшовы словы — Рэната зможа напісаць Даніку ліст і атрымаць адказ і даведацца, дзе ён і што парабляе,— раптоўна прапала. Гул самалёта аддаляўся і заціхаў, і Рэната, услухоўваючыся ў яго і неадрыўна ўзіраючыся ў зорнае неба, што як бы пасвятлела над цёмнай сцяной лесу, зноў адчула, як падціскае сэрца туга.

«Навошта, навошта я адправіла Данічка ў гэткі далёкі свет?!»

Думкі, што дужа турбавалі і непакоілі раней, зноў вярэдзілі сэрца. Але Рэната баялася выказаць іх услых: побач стаяў Кулеш, які прывёз яе з Данікам на аэрадром, які ўсю дарогу ад лагера суцяшаў, супакойваў і падбадзёрваў і якому яна паверыла, што ўсё будзе добра. Як жа цяпер скажаш, што памылілася? Гэта ж яго пакрыўдзіш: вось, маўляў, паслухала дурнога... Але ж нечага і ён прымоўк, пільна ўглядаецца ў начное неба і як нечага чакае... І нешта быццам памацнеў гул матора. Так, памацнеў! Як назад ляціць самалёт! Сюды, падобна, вяртаецца! І ўдалечыні зоркі з неба пасыпаліся. Не, зусім не зарапад гэта. Трасіркі! Але ж нейкія незвычайныя, вялікія, доўгія. І не з зямлі ляцяць, а з неба ўніз, быццам бясконца падаюць зоры...

Рэната заціснула рукою горла, памкнулася наперад, каб лепей бачыць, і адчула, як пад локцем, што лёг на грудзі, тухціць, спалохана калоціцца сэрца. Ленты трасірак скрыжоўваліся ў паветры, зломваліся, круціліся, потым іх як звязалі ў патройны, пераціснуты пасярэдзіне, ланцуг. Раптоўна ў гэтым ланцугу, у самым цэнтры яго, пыхнуў белы агонь, нейкі час патрымаўся на адным месцы і паляцеў да зямлі, выцягваючыся доўгай тонкай стралою. Зарапад нечакана аціх, і толькі гэты адзін белы прамень, звужаючыся на канцы, імкліва ляцеў з высі ўніз, але ляцеў цяпер не адвесна, а з нахілам, пад вострым вуглом, і знік гэтак жа раптоўна, як і ўзгарэўся.

«Самалёт гэта. Гэта ж самалёт згарэў!..»

Страшэнная здагадка пра тое, што згарэў самалёт, які толькі што ўзняўся з партызанскага аэрадрома, мільганула, быццам не свая, а як нечы голас, што пачуўся здаля і тут жа аціх.

— Што гэта? Што гэта?— двойчы паўтарыла Рэната спуджана, хрыпатым голасам, учапіўшыся ў Куляшову руку.

Кулеш натужна закашляўся.

— Бой, здаецца. Падобна на паветраны бой... І самалёт узарваўся на зямлі...

— Дзе? Не бачу.

— У-унь там. На лес глядзіце...

Крыху правей таго месца, куды была скіравана толькі што белая страла, пыхнуў на даляглядзе белы агонь і тут жа прыгас, і тое месца, дзе ён толькі што ўзгарэўся і растаў, лілова засвяцілася, як быццам узняўся над далёкім лесам зламаны напалам серп.

— А калі гэта...— Рэната жахнулася таго, што гаворыць, але спыніцца не магла і скончыла ціха, амаль пошапкам,— наш самалёт? Ён жа туды паляцеў...

Кулеш пераконана перапыніў яе:

— Не-е, маршрут нашага вунь у тым напрамку. Вы ж бачылі! Ён туды паляцеў,— і Кулеш павярнуўся, паказваючы рукою ўправа ад ліловага зарава, што свяцілася над лесам.— Наш у тым напрамку паляцеў... '

Рэната дакладна не памятала, у якім напрамку пайшоў самалёт, яна ўвогуле дакладна не вызначыла той напрамак і цяпер не зусім дакладна прыкмеціла, куды паказаў рукою Кулеш. Але ёй падалося, што рух ягонай рукі быў гэткі ж няпэўны, як і голас, і як натужны, быццам роблены, кашаль.

Здаля прыляцеў глухі грукат выбуху, і Рэната зноў жахнулася, падумаўшы пра сваю раптоўную здагадку. А што, як паветраны бой адбыўся ўсё ж у тым напрамку, куды паляцеў самалёт з партызанскага аэрадрома? Няўжо гэта ён, той самалёт, узарваўся і гарыць зараз на зямлі?.. Але чаго тады не гаворыць пра гэта Кулеш? Не ведае? Ці проста хлусіць, каб неяк суцешыць яе?..

Ад думкі, што знарок, ведаючы, чый самалёт быў толькі што знішчаны ў паветраным баі і згарэў, Кулеш маніць, не хоча казаць праўду, Рэнаце зрабілася горача. Але яна стаілася, адкінула падазронасць, нават аблаяла сябе.

«Кулеш не памыліўся, ён правільна паказаў напрамак, куды паляцеў самалёт, і ты дарэмна, зусім дарэмна непакоішся».

Суцяшэнне, аднак, не прыйшло. Гарачыня адхлынула ад шчок, колкая зябкасць сціснула ёй плечы, суха і пагана зрабілася ў роце. Яна аблізнула шархоткія, як ад сцюжы парэпаныя губы і, крэслячы сваю здагадку, адкідаючы трывогу, прымусіла сябе паверыць у тое, што пачула ад Куляша, і двойчы паўтарыла пошапкам, як замову, у якую верыла і на якую спадзявалася:

— Хай жа даляціць шчасліва! Хай жа даляціць шчасліва!

Нехта ў цемры, з правага боку ўзлеску, паклікаў Куляша. Ён, кінуўшы Рэнаце кароценькае «я зараз», скоранька пабег на покліч. Але тут жа і вярнуўся, прапанаваў узбуджана, як быў незадаволены тым, што гаворыць і што збіраецца рабіць:

— Едзем далей. Неўзабаве развіднее, а нам шчэ трэба на млын заехаць і мяхі пагрузіць,— і дадаў, як бы апраўдваючыся: —Тут непадалёк, амаль побач...

— Трэба дык трэба. Паедзем і пагрузім.

— Паедзем, пагрузім,— паўтарыў ён яе словы і ярасна тузануў лейцы.— Н-но-а! Варушы ножкамі, дружа мілы!

Конь бег шпарка палявой дарогай. Шпарка каціліся калёсы і ў лесе, і Рэната, сцяўшыся ад непрыемнай дрыготкі ў плячах, якая ўсё не праходзіла, усё выбірала зручны момант, кабраспытаць Куляша, ці шмат тых мяхоў, якія давядзецца везці з млына, і што ў іх. Але стрымалася. Калі трэба — Кулеш сам скажа, колькі тых мяхоў і з чым яны. А ёй, Рэнаце, няма патрэбы праяўляць празмерную цікавасць да таго, што будзе рабіць на млыне Кулеш. Ды, зрэшты, яна сама ўсё пабачыць. Цікава толькі, з якое прычыны ён незадаволены? Быў жа, як ехалі сюды, і вясёлы, і гаваркі, і ўпэўнены. А тут быццам падмянілі чалавека: нешта, відаць, важнае, але непрыемнае сказаў яму той, хто клікаў яго з узлеску,— таму гэтак адразу і змяніўся настрой, і змяніўся зусім не ў лепшы бок.

Кулеш нечакана спыніў каня, саскочыў на зямлю, стаяў і ўслухоўваўся.

— Што, прыехалі?— спытала Рэната.

— Ды не яшчэ. Паваротачка згубілася. Зараз паедзем.

Але павароткі ён не шукаў, невядома да чаго прыслухоўваўся, потым сеў на калёсы, моўчкі пашлёгаў ляйчынаю. На калёсах Куляшу не сядзелася: пасядзіць крышку, потым саскочыць, тупае побач з канём, як бы лучыцца навыперадкі пайсці, зазірнуць, што там на дарозе ўперадзе.

Гэтак, у маўчанні, яны і прыехалі на млын. Чорны вялізны будынак яго неяк раптоўна выплыў з цемры і стаяў маўкліва і загадкава: анідзе ні руху, ні агеньчыку, ні гуку — як усё вымерла ў ім і наўкола; толькі на застаўках, пад драўляным мостам, які яны пераехалі ціхутка, без грукату,— колы толькі двойчы прарыпелі на дошках, прысыпаных пяском,— аднатонна шумела вада.

Кулеш кінуў лейцы на калёсы, і ў той жа міг нехта гучна свіснуў і запатрабаваў:

— Сюды гані, сюды! Колькі ж можна чакаць?

— Упацеў ён, чакаючы,— весела адгукнуўся Кулеш, і, як падалося Рэнаце, вельмі нядобразычліва.

З чорнай будыніны млына прагучаў усё той жа нецярплівы і патрабавальны голас:

— Падганяй каня бліжэй! Чаго там спыніўся?

— А як я тады развярнуся, гружаны? Ты тут старымі жорнамі перагарадзіў дарогу — конь ногі зломіць.

— Не зломіць, калі правіць будзеш. Здавай задам, задам здавай!

— Памагчы што?— спытала Рэната, злазячы з калёс, яна пабіла ладыжку аб нейкі камень, але цярпела, нічога не казала, толькі да болю прыкусіла губу.

— Лейцы патрымайце. А я калёсы павярну. І назад здам,— і рупна крыкнуў на каня:—Н-но-а!

Калёсы пасунуліся назад, падкаціліся ўшчыльную да вугла млына, і аднекуль з высі адзін за другім шмякнуліся два цяжкія мяхі; конь заржаў, матнуў галавою, тузануўся ў аглоблях, пацягнуў калёсы ад млына. Рэната выпусціла ад нечаканасці лейцы, тут жа схапіла іх, учапілася аберуч, нацягнула:

— Тпру-у-у...

Кулеш ускочыў на калёсы і, ціха вылаяўшыся, гукнуў:

— Як ты кідаеш? Як ты кідаеш? Восі зараз зломіш!

— Вытрымаюць твае восі, не бядуй. Яшчэ траячка засталася.

— Дык валі на плечы і цягні!

— Разумныя вы ўсе — валі яму. Храснуць плечы — свае ж мне не ўставіш. Асцярожна-а. Кіда-а-аю!

Раз за разам, мякка бухаючы, зваліліся з высі яшчэ тры мяхі, і кожны раз калёсы парыпвалі і трашчалі. Але конь цяпер стаяў нерухома, не матаў галавой, і лейцы больш не нацягваліся ў Рэнаціных руках.

Паправіўшы мяхі, Кулеш саскочыў на зямлю і знік у будыніне млына. Крыху спагадзя Рэната пачула ціхую гаворку; пра што ішла размова, зразумець было немагчыма, але галасы гучалі ўзбуджана і таропка.

Кулеш выбег з млына нечакана, зноў пачаў падраўноўваць мяхі, і, як бы працягваючы незавершаную размову, гукнуў у бок млына:

— Прасочыш, каб маскіроўка была надзейная. Галавой за яе адказваеш, улічы,— і, беручы ў рукі лейцы, дадаў: — Усё! Мы паехалі,— і тузануў лейцы, гаркнуў: — Н-но-а!

Колы зноў мякка пералічылі дошкі драўлянага насцілу і адразу ж, як толькі скаціліся з моста на ўсохлую гліністую дарогу, гучна заляскаталі, звонка задзвынькалі — абады часта траплялі на каменьчыкі; неўзабаве пайшла пясчаная дарога, колы шурхацелі па пяску, аж сіпелі, і было добра чуваць, як венькаюць цуглі, калі конь матае галавою; у лесе гэтае веньканне было дужа звонкае і чыстае.

Ад самага млына Кулеш аніводнага разу не прысеў на калёсы, крочыў моўчкі, усё нечага соп і толькі аднойчы, калі выбіліся на гладкую лясную дарогу, папытаў:

— Стаміліся? Сядайце на мяхі. Конь дужы.

— Дзе ж дужы! Сапе ды храпе.

Кулеш не спрачаўся, не настойваў больш, каб яна села. Рэната імкнулася напачатку ісці ўпобачкі з Куляшом, потым выбілася з сілы, і на лясной дарозе пачала адставаць, тупала ззаду. Сесці на калёсы яна зноў адмовілася, хоць Кулеш, заўважыўшы, што яна пачала адставаць, прапанаваў двойчы. У хадзе лягчэй думалася, меней дакучалі змрочныя і непрыемныя думкі, яна ўжо меней хвалявалася, паверыўшы ў тое, што нічога благога з Данікам не здарылася і не здарыцца, што ўсё ў яго будзе добра.

Аднак цяпер, калі яна амаль цалкам паверыла ў шчаслівы лёс Даніка, паводзіны Куляша, яго таямнічая гаворка з тым чалавекам на млыне яе ўсё болей і болей непакоілі. Не давярае ён ёй, ці што? Ці нешта благое здарылася, і Кулеш не хоча прызнавацца, не хоча яе непакоіць і турбаваць? Не хоча ці не мае права? Відаць, не мае права. І ёй, Рэнаце, няма чаго разлічваць, што Кулеш ёй пра ўсё раскажа.

«Я сама павінна аб усім здагадацца, разумна прааналізаваць і патлумачыць падзеі».

Усяляк супакойваючы сябе, Рэната пачала разважаць лагічна. Па-першае, на ўзлеску Куляша нечакана паклікалі і, відаць, там і загадалі ехаць на млын, куды напачатку яны ехаць не збіраліся. Калі яна — гэта па-другое ўжо!— згадзіўшыся ехаць на млын, сказала, што, маўляў, паедзем і пагрузім, Кулеш, уздыхнуўшы, паўтарыў яе словы іранічна, як бы падкрэсліваючы, што гэтае «паедзем і пагрузім» яго зусім мала і непакоіць. Значыцца, ёсць нейкі іншы клопат, больш важны і ён Куляша вельмі турбуе. Відаць, з таго яны гэтак паспешліва, бы на пажар ірваліся, грузілі мяхі з млівам. Відаць, з гэтым клопатам звязана прытоеная гаворка Куляша з тым невядомым Рэнаце чалавекам на млыне. Відаць, з таго ён зараз зацяты, хмурны і маўчыць. Што ж выяўляецца, калі ўсё падсумаваць? Ды тут, як кажуць, і сляпому відаць, што нешта адбылося не зусім прыемнае, і гэтае, непрыемнае, вывела Куляша з раўнавагі.

— Сядайце! Трэба спяшацца,— нечакана прамовіў Кулеш патрабавальна.

— Конь жа ледзь ідзе. Унь, як цяжка сапе!

— Нічога, дацягне. Нам шчэ трэба пякарню паспець ліквідаваць да світання!

— Ліквідаваць? Як гэта— ліквідаваць?— Рэната ажно запынілася ад нечаканасці.— Навошта?

— Перадыслакацыя. Атрад на новае месца ідзе. Пад Глыбачку.

Рэната на момант прыпынілася.

— А хлеб? А сухары? А мукі там гэтулькі!

— Загад. Перадыслакацыя ёсць перадыслакацыя. Усё трэба прыхаваць. Сядайце,— патрабаваў Кулеш усё тым жа загадным тонам, які Рэната ад яго не чула да гэтай ночы.

Яна села на калёсы і, узіраючыся ў цёмную сцяну лесу, нечакана спасцігла, з чаго Кулеш дзіўна паводзіць сябе: той чалавек, які паклікаў яго на ўзлеску каля аэрадрома, перадаў яму загад ліквідаваць пякарню. Лагер, значыцца, атрад пакідае і перабіраецца некуды на новае месца. Некуды? Кулеш сказаў жа табе: пад Глыбачку ідзе атрад. Але чаму гэтак раптоўна? Што магло здарыцца за кароткі час? Здаецца, што, калі яны ехалі на аэрадром, нічога незвычайнага не назіралася і не адчувалася.

«А можа, я проста нешта не прыкмеціла? Але, уласна кажучы, якія змены можна было заўважыць, калі ад самага рання... Так, так, ад самага рання я ў лагеры і не была зусім!..»

Рэната пакутна напружвала памяць, прыгадваючы ўсе драбніцы прайшоўшага дня, кожны свой крок. З пякарні яна, добра помніцца, сапраўды мала выходзіла: пакроіла боханы і паставіла ў печ сушыцца, прасеяла мех мукі, пасартавала гатовыя сухары. Адтуль, з пякарні, яны і паехалі на аэрадром... І Валя казала... Не, Валя была ў пякарні раней, не тады, як яны на аэрадром збіраліся паехаць — уранку Валя была. Данік тады яшчэ спаў, і Валя ціхутка пацалавала яго, потым супакойвала Рэнату, усё цвердзіла, што разумна гэта — адправіць Даніка за лінію фронту — і што ўсё будзе добра. Але ж чаго яна нічога не сказала пра гэтую перадыслакацыю? Не ведала, відаць. Адно толькі і сказала, што ідзе з узводам на баявое заданне. І Алесь гэтак жа сказаў. Але ён сказаў раней, яшчэ пазаўчора сказаў — яны тады з Лагуціным прыходзілі, жартавалі, сухароў яшчэ ў кішэню Лагуцін узяў. Два сухары вельмі падпякліся, ажно рудыя парабіліся, вось ён іх і прыхапіў, сказаўшы, што любіць, калі «сухарыкі ў роце, бы цукар, трашчаць»... І, помніцца, ні Алесь, ні Лагуцін аніводнага слоўца не сказалі пра тое, што давядзецца кідаць лагер. Не, Лагуцін казаў! Казаў, каб у выпадку чаго Рэната не адставала ад гаспадарчага ўзвода, разам з узводам была. «За Куляша трымайцеся, з ім не прападзеш»,— гэтак сказаў, смеючыся, Лагуцін. І Алесь смяяўся, і гаманілі яны весела, без трывогі, і Данічак яшчэ вакол іх круціўся, і да лагера яны тады разам пайшлі...

Калёсы мерна і мякка пагойдваліся на лясной дарозе, зрэдку парыпвалі восі, бразгалі атожылкі, і ўся гэтая гайданка закалыхвала, і трывогі ў Рэнаты болей не ўзнікала. Нідзе не было чутно ні выбухаў, ні стрэлаў, і цяжар сумненняў і развагі знікаў, і Рэнаце падалося, што небяспека мінула, што яны едуць у лагер, дзе ўсё пойдзе ранейшым парадкам.

Пакрысе пачынала адольваць санлівасць, Рэната спалохалася, што можа зараз нечакана заснуць, зваліцца з мяхоў, якія ўвесь час як бы выслізгвалі з-пад яе.

— А што, гэткая пільніца ўжо з той перадыслакацыяй?— спытала яна, разлічваючы гаворкаю адагнаць сон, і нечакана адчула, што голас яе непрыемна дрыжыць.— Няўжо гэткая ўжо нявыкрутка?

— Разведка данесла. Дазналіся фрыцы пра наш лагер. Заўтра. Не, сёння, ужо значыцца, ідуць да нас на госці. Задумалі наш лес — у кола.

— І лагер наш захопяць?

— Калі ўжо ў лес увойдуць, дык лагер жа не мінуць. Але ж дулю яны там знойдуць!

Горла ў Рэнаты перасохла, яна кашлянула, хрыпата войкнула:

— І мы промся ў пусты лагер?

— Не саўсім ён яшчэ пусты — гаспадарнікі свой рыштунак грузяць. А баявыя ўзводы ўжо абарону занялі. Але там, дзе іх не чакаюць. Можа, удасца і перахапіць фрыцаў...

Паганая сухасць у роце не праходзіла. Рэната нават не магла варухнуць языком — адразу боль дзёр паднябенне. А ёй хацелася распытаць Куляша, дазнацца, куды і навошта яны вязуць гэтыя мяхі, чаго Кулеш і яна зараз не там, дзе ўвесь атрад.

— А ў нас — свая задача,— сказаў Кулеш, як бы працягваючы сваю ранейшую думку і ведаючы, што менавіта гэта Рэнату зараз непакоіць болей ад усяго.— Мяхі прыхаваем, каб, калі вернемся, галадаць не давялося. У мяхах гэтых — перамога, калі хочаце ведаць.

— А тыя мяхі, што ў пякарні? Там жа і сухароў шмат!

— Сухары па ўзводах раздадзены. А мяхі прыхаваем... Н-но-а, вярні пакрысе...

У нізіне за ручаём Кулеш рэзка павярнуў каня ўправа. На лагер трэба было ехаць дарогаю ля старых ялін, а ён павярнуў калёсы зусім у іншы бок, крайком нізіны, на пуцявіну амаль непрыкметную, і Рэнату гэта ўстрывожыла яшчэ больш, чым тое паведамленне Куляша пра сухары, якія ўжо раздадзены па ўзводах. Значыцца, іх, сухары тыя, раздавалі, калі яны з Данікам ехалі на аэрадром? Кулеш ведаў жа гэта напэўна! Але ж маўчаў, нічога не казаў! Відаць, ведаў ён ужо тады пра гэтую перадыслакацыю, ведаў, але не казаў!..

— Здаецца, не сюды ж нам трэба было,— няпэўна прамовіла Рэната.

— Мы ад ракі на пякарню пройдзем — з другога боку зусім. Чым меней вачэй нас убачыць, тым лепш...

У голасе Куляша быў моцны і выразны неспакой, і Рэната спалохалася. Яна не задумвалася, чаму гэта будзе лепш, калі меней вачэй іх убачыць ля пякарні, яе бянтэжыла цяпер думка пра тое, што наперадзе, зусім блізка, іх з Куляшом чакае невядомая бяда. Яна ўзіралася ў цемру насцярожана, быццам тая бяда стаілася побач і трэба яе не прапусціць, своечасова заўважыць.

Наўкола было ціха. Цішыня панавала і ля пякарні. Кулеш адразу ж, як толькі спыніліся, узяўся цягаць мяхі з калёс у сутарэнне, і Рэната, крыху супакоіўшыся, адчула сябе ўдзельніцай справы патаемнай, вельмі сакрэтнай і важнай. Бяды нідзе паблізу не было, усё вакол выглядала знаёмым, звычайным, і гэта настройвала яшчэ больш лагодна і бадзёра. Яна наважылася памагчы Куляшу цягаць мяхі, але ён насварыўся, загадаў перакідаць дровы бліжэй да печы і ўвесь час падспешваў яе.

Складаючы бярозавыя плашкі, Рэната падрапала правую руку, узялася залізваць кроў, што танюткай нітачкаю сцякала ад запясця на далонь.

— Баявое раненне маем?— пажартаваў Кулеш.

Рэната адмахнулася:

— Драбяза. Ужо і загаілася, працы не замінае. Можна сюды плашкі кідаць?

— А мабыць, і хопіць. Трэба і там пакінуць, з таго боку, каб не кідалася ў вочы. Цяпер дошкі апусцім. Бяромся, бяромся!

Кожны аполак быў з шырокай абзой, няроўны, драпаў рукі. Правае запясце смылела, з яго зноў пацякла кроў, але Рэната цярпліва не зважала на боль і ўвішна дапамагала Куляшу закладваць аполкамі ўваход у сутарэнне. У яе душы ўсё мацнела адчуванне таго, што яна робіць работу незвычайна адказную і важную — хавае партызанскі хлеб. Нечакана прыгадалася гаворка з Лагуціным, калі той прыходзіў на пякарню з Алесем. Як гэта ён тады казаў, хаваючы сухары ў кішэню? «Хлебец — гэта жыццё». Незразумела толькі, чаму ж атрад не бярэ хлеб з сабою? Хаця, як ты будзеш мяхі гэтыя вазіць і цягаць у паходзе? І цяжка і нязручна.

Але вось сухары — два ж мяхі!— чаму ўсе не раздадзены і ляжаць на паліцы?.. Кулеш, значыцца, ведае, што трэба рабіць. Ён жа і гаворыць, што вернецца атрад — галадаць людзі не будуць: хлебец вось, бяры, калі ласка. Значыцца, ён ведае, калі атрад сюды вернецца. Ды і не на свой розум, відаць, ён гэта робіць: загад, напэўна ж, атрымаў. Шкада толькі: такі добры і ўтульны лагер даводзіцца пакідаць. І асабліва пякарні шкада, добра тут, утульна — парадак Рэната ўзорны навяла. Але ж нічога не паробіш — загад. Потым атрад вернецца, схованку адкрыюць, пякарня зноў пачне працаваць, і партызанам будзе што паесці: часовая, безумоўна, перадыслакацыя...

У гэтым нязвыклым для слыху слове адкрылася цяпер Рэнаце нешта значна большае, чым простыя пярэбары ў іншае месца, нешта дужа складанае і небяспечнае. І шчасце, вялікае шчасце, што яна паслухалася разумных людзей і адправіла свайго Данічка на самалёце. Непрадбачаны вэрхал цяпер тут, адказны клопат ва ўсіх. Што б яна рабіла, каб малы быў у яе на руках? А цяпер Данічак далёка, ён не пачуе выбухаў, стрэлаў, бяда яго не зачэпіць. Бяда не зачэпіць і Валю, і Алеся, і Лагуціна — яны салдаты, у іх у руках зброя, яны абароняць сябе.

«Добра, дужа добра я зрабіла, што паслухалася парады Куляша!»

Рэната наважылася выказаць Куляшу падзяку і сумелася, убачыўшы, што той робіць нешта дзіўнае. Бурыць сцяну ўзяўся! А навошта ж яе чапаць? А-а, усё было прадугледжана менавіта на гэткі вось выпадак!..

Круты выступ сцяны, што казырком навісаў над дзвярным праёмам сутарэння — ён дужа здзівіў Рэнату, калі яна ўпершыню ўбачыла яго!— шуснуў уніз, асыпаўся ўвесь, як толькі Кулеш падварушыў дошкі, і пясок надзейна і добра засыпаў уваход. Потым яны падкінулі яшчэ больш пяску рыдлёўкамі, падграблі смецця і зацерусілі ім свежыну, накідалі поверх бярозавых плашак, што ляжалі па правы бок печы. Частку ж дроў пакінулі на старым месцы, толькі крыху разварушылі.

— Каб не кідалася ў вочы,— зноў патлумачыў Рэнаце Кулеш.— І тут дровы ляжаць, і там дровы, і ўсё натуральна,— задаволена пачаў атрэсваць рукі.— Ладная ў нас спратка атрымалася? Цяпер хлебец паганцы не знойдуць — надзейна замуравалі. Я самасаду і ў пясок і ў смецце сыпануў — хай хоць сто сабак вядуць — дулю ў нос! Гэты наш самасад беларускі любой ваўкарэзіне фрыцаўскай нос набок зверне,— і задаволена рагатнуў: — Ха-ха!..

Знайсці ўваход у камору недасведчанаму воку цяпер было і сапраўды немагчыма: трэба і дровы параскідаць, і даволі ладны пласт пяску адвярнуць, і павыбіваць доўгія тоўстыя аполкі, якія замуравалі ўваход — звычайная сцяна зямлянкі.

Бралася ўжо на світанне. Агледзеўшы зробленую працу, Кулеш, вельмі задаволены, дзьмухнуў на газнічку, што стаяла на прыпечку і патрэбы ў якой ужо не было, потым адчыніў шырока дзверы.

— Ці ўсё мы зрабілі? — спытала Рэната, дзівячыся з таго, што ў ранішнім святле постаць Куляша выдае дужа шырокай — як не увесь дзвярны праём закрывае!

— Усё зрабілі. І выдатна зрабілі! І толькі вось гэтая дробязь не трэба, каб пад рукамі была...

Ён узяў рыдлёўкі, панёс іх з пякарні і тут жа вярнуўся. Увагу Куляша прыцягнула дзяжа, і ён пасунуў яе нагою ў кут:

— Куды б яе, гэтую пузанку, сунуць?

— А ў ручай схаваць,— прапанавала Рэната.— Я камення туды накідаю і вадою залью, каб не рассыхалася. А як вернемся — выцягнем. А тут, калі на дурное вока трапіць, паб’юць жа. Тады ў чым хлеб учыняць?

— Толькі не баўцеся. Я — да штабной зямлянкі, камандзіраву коўдру прыхаплю: у яго, пасля ранення, спіна баліць, калі на сырым паспіць.

— Я скоранька, скоранька,— паабяцала Рэната, узнімаючы дзяжу.

Ля ручая, што віляў па нізіне, парослай густым вербалозам, было ўжо амаль светла — пачынала па-сапраўднаму днець. Рэната, пазіраючы час ад часу на неба, дзе імкліва набрынялі ружовасцю доўгія і рэдзенькія, як складзеныя з кольцаў, хмаркі, прабегла адну паваротку, другую і нічога прыдатнага для схованкі не знайшла: скрозь ручай быў зусім неглыбокі, па шчыкалатку, з цвёрдым камяністым рэчышчам і заглыбіць, схаваць дзяжу не было як — напалову тырчыць з вады, як паставіш.

«Занясу на Дзвіну. Тут жа блізенька...»

Яна прабегла крыху, потым, калі хмыз скончыўся, спынілася, угледзеўшы пад правым берагам ручая шырокі сподак вады. Мажліва, удасца схаваць дзяжу тут. Да Дзвіны пакуль дабяжыш ды назад. А тут, падобна, глыбіні хопіць...

Паскідаўшы з ног атопкі, Рэната смела ўвайшла ў цёмную і нешырокую затоку. Глыбіня, аднак, аказалася падманная: вады толькі на паўкалена, і рэчышча гэткае ж, як і ля лесу — камяністае, цвёрдае.

«Трэба паспрабаваць паглыбіць якую мясціну, тады схаваецца дзяжа...»

Каменне ў цвёрдай, спрасаванай жарстве не паддавалася. Адразу засмылела запясце, якое Рэната падрапала, складаючы дровы. Потым яна зламала пазногаць на вялікім пальцы левай рукі, абадрала да крыві мезенец, але ўсё ж выдрала з рэчышча ручая вузкі пляскаты граніт.

Другі камень паддаўся лягчэй, і яна вырашыла, што тут ёй і трэба спыніцца, не шукаць лепшага. Ды і дзе ты знойдзеш лепшага! Днець пачало, светла ж наўкола, сонца зараз выкаціцца. Трэба спяшацца — адзіны ў яе паратунак. Як часцяком любіў казаць Лагуцін? «Поспешаем, не торопяся...» Вельмі ж весела гучаў у яго вуснах жарт. Але тут часу на жарты няма, ёй, Рэнаце, спяшацца трэба, з усяе моцы спяшацца. І каменне пайшло цяпер буйнае, адвернеш — адразу прыкметна: і паддаюцца яны лёгка, калі патузаеш, пакратаеш — вада жвір з-пад іх хуценька вымывае...

І ад таго, што згадаўся вясёлы лагуцінскі выраз, і ад таго, што праца ў яе пайшла спарней — камяні два яшчэ вывернуць, і можна, бадай, схаваць дзяжу! — Рэната запрацавала з яшчэ большай ахвотаю і ўвішнасцю. Нечаканая згадка пра Лагуціна зачапіла думку пра Алеся і Валю, якіх яна не бачыла, як здалося, дужа даўно. Дзе яны зараз? Трэба будзе распытаць у Куляша. Але гэта потым, дарогаю ўжо. Ён там, ля штабной зямлянкі, яе чакае, а яна тут бавіцца. Не, усё гатова, можна паставіць дзяжу, глыбіні хопіць, і камення пад рукою дастаткова, каб загрузіць дзяжу. Але ж хто гэта кліча яе? Ці падалося? Не, сапраўды нейкі голас!..

Трымаючы ў руках камень, які толькі што лёгка выдраўся з халоднай жарствы, яна азірнулася. Ці не Кулеш гэта там стаіць сагнуўшыся, нёрухома, як прыглядаецца да яе занятку? Дзіва нейкае! Ён жа сказаў, што будзе чакаць яе ў лагеры, ля штабной зямлянкі, а цяпер сюды прыцёгся. І нехта яшчэ побач з ім, у чорным адзенні!..

«Небачка! Гэта ж эсэсаўцы!»

Ад спуду Рэната выпусціла з рукі камень, і ён звонка бомкнуў у дно дзяжы. У лесе, як рэха гэтага бомкання, раскаціста чыркнуў аўтамат, вохнуў звонкі гранатны выбух, і за ім траскотным гарохам пасыпаліся аўтаматныя і кулямётныя чэргі і стрэлы і з боку лагера і аднекуль злева, ад Дзвіны.

«Ідуць! Яны ж сюды ідуць!»

Два эсэсаўцы з куртатымі чорнымі аўтаматамі ў руках набліжаліся да Рэнаты. З сухім храбусценнем ламалася пад ботамі маладая папараць, і лісце яе неяк дзіўна разрасталася, большала, і каскі салдат, якія падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй, таксама большалі, выцягваліся і нібыта асядалі на папараць, і папараць гнулася, і чорныя каскі зыбаліся, і твары пад імі рабіліся расплывістыя, быццам зацягваліся рэдкім вадзяным пылам.

«Бяжы!.. Ратуйся!.. Ратуйся ад бяды!..»

Загадвала сабе бегчы, а скрануцца з месца не магла, стаяла, уся спацелая ад дзіўнай слабасці, ад якой быццам адразу набухлі, абмяклі і пачалі дрыжаць ногі; глядзела на тыя расплывістыя каскі, на тыя расплывістыя чужыя твары, што быццам трымцелі за шыбаю, спаласаванай дажджом, і ўсё ў яе душы нема крычала пра бяду.

«Мне трэба бегчы! Трэба неадкладна бегчы, не стаяць на месцы! Трэба папярэдзіць Куляша, папярэдзіць тых, хто ёсць у лагеры!»

Ведала, разумела, што трэба рабіць. І нічога не рабіла, нікуды не бегла! Яна са здзіўленнем адчувала, што ёй непадуладныя і ногі і рукі і што яна быццам паралізаваная чорнымі, настаўленымі ў яе бок куртатымі аўтаматамі.

Эсэсавец, які ішоў першым, спыніўся на беразе, другі патэпаў па вадзе, раскідаючы на бакі пырскі; наблізіўся, скасавурыўся, схіліўся над дзяжою, як збіраўся плюнуць, потым пастукаў ботам па бакавіне — загадаў узяць дзяжу і несці на бераг.

Рэната не магла крануць ні рукой, ні нагой і па-ранейшаму стаяла на месцы. Салдат зазлаваў, нешта незразумелае гаркнуў і выцяў яе дулам аўтамата па правай руцэ вышэй локця.

Сагнуўшыся ад болю, яна закрычала адчайна, хрыпата, закрычала зусім не тое, што збіралася закрычаць, каб папярэдзіць Куляша,— падумала пра Даніка, запамятаўшы, што ён далёка, што ў лесе яго няма:

— Рату-у-уйся, Даніча-а-ак! Сынок, рату-у-у-уйся!..

У лесе грукацелі аўтаматныя чэргі, вухкалі стрэлы, звонка грымнулі яшчэ два гранатныя выбухі. Рэната глухла і ад гэтай страляніны, і ад болю ў руцэ, і ад свайго ўласнага крыку, і ад пранізлівай думкі пра тое, што яна трапіла ў бяду страшэнную, жахлівую, і што бяда гэтая не абмінула і Куляша, і што ёй неяк трэба памагчы яму, неяк даць знак, што эсэсаўцы адсюль, ад ручая, заходзяць на лагер.

«Трэба крычаць! Каб Кулеш пачуў! Ён — пачуе!»

Яна не думала пра тое, што яе голас з-за страляніны Кулеш не пачуе, яна разумела толькі тое, што павінна даць яму знак, папярэдзіць, і, сагнуўшыся і ўчапіўшыся рукамі ў край дзяжы, крычала па-ранейшаму адчайна, хрыпата, пакуль новы ўдар эсэсаўца — цяпер ён садануў ботам у жывот — не зваліў яе ў ваду...



28

З разбітага лба цякла кроў, покала па вадзе, і вада ружавела няроўнымі плямамі, і яны ўвесь час трымцелі, але не адплывалі і не губляліся ў гонкай плыні, і Рэната спалохалася.

«Няўжо гэтулькі крыві з мяне выцекла?.. Не, гэта аблачынкі адбіваюцца на плыні. Сонца яшчэ за лесам недзе, яго не відно, але аблачынкі сонца асвятляе, і адбіткі іх тут, на вадзе...»

Калі Рэната павалілася ад удару эсэсаўца ў ручай, яна не выпусціла з рукі дзяжы і цяпер сядзела, прыхінуўшыся да яе, учапіўшыся пальцам і ў драўлянае вушка. Ёй здавалася, што гэта быў адзіны і надзейны паратунак ад болю, які аперазаў жывот шырокай палосаю: палоса быццам вузела, калі Рэната прыціскалася да бакавіны дзяжы, і яна ўвесь час намагалася як мага шчыльней прыціснуцца да халодных абручоў, як не клалася галавой на ружовыя плямы на плыні.

«Блізка як вада — перад самымі вачыма трымціць ».

Рэната разглядала каляровыя плямы на вадзе, прымушала сябе глядзець толькі на іх, і тое, што яна бачыла, дзівіла. Кропля крыві покне на ружовую пляму, пляма скаланецца, дробненькае рабацінне расплываецца, шырэе і прападае ў ружаватым вірлівым патоку, што бурліць на каменьчыках; далей жа, за тымі каменьчыкамі, плынь выдае нейкай густой і цёмнай, быццам падфарбаваная чорнай фарбаю.

Эсэсавец зноў піхнуў яе ў плячо дулам аўтамата, загадваў ісці на бераг. Яна ўзнялася і, не выпускаючы з рук дзяжы, марудна паклыпала па вадзе, ішла, хістаючыся, усяляк адцягваючы той міг, калі давядзецца стаць на сухі бераг.

Дзяжа цягнула да зямлі, і Рэната, як толькі выбралася на мурог, паставіла яе на дол, не выпускаючы з рук, і сама асела побач на жарству, праз якую біўся рэдзенькі сівец; цяпер яна зноў моцна прыціскалася да бакавіны дзяжы, спрабуючы зламаць палосу болю ў жываце, якая то сунімалася, то зноў распаўзалася ва ўсе бакі.

У той момант, калі боль суняўся, Рэната, здзіўленая, абвяла позіркам прыбераг. Як нейкая новая лугавіна — быццам і не ішла па ёй! Не, вунь сцежка, па якой яна бегла ад лагера!

«Мне трэба глядзець убок, не на сцежку! Нельга паказваць, што я ведаю, куды гэтая сцежка вядзе!»

Яна ўтаропіла позірк у дол, быццам нешта шукала ў жарстве, прымушала сябе не думаць пра сцежку да лагера. Нейкая дужа ж халодная і каляная жарсцвяная зямля ля ручая. Ступакі зазяблі, ажно зайшліся. Недзе тут яна атопкі кінула... Але ж не відаць іх, відаць, гэтыя злыдні некуды скінулі... Як халодна без атопкаў, у вадзе дык цёпла было нагам. І дзяжа цёплая, як угрэтая. І моцны, густы водар ад яе — свежым хлебам патыхае... Ву-унь яно што! У пазах на дне крышку цеста ёсць, з таго гэткі пах і дае. І паскрэбла ж, здаецца, чысценька дзяжу, а вось жа колькі дабра засталося — можна было б добрую аладку спячы. Небачка, які клопат у яе галаве — нейкая жменька цеста таго яе непакоіць! Тут жа смертачка побач стаіць, чакае!.. Небачка, колькі ж немчуры з лесу высыпала!..

Уся яе ўвага была скіравана на салдат, якія, ланцужкамі, расцягваліся па лугавіне. Ідуць павольна, нешта гергечуць: як нічога і не адбылося, як не было стрэлаў толькі што. А можа, не яны стралялі? Можа, партызанскія стрэлы яна чула? Каб жа даведацца, каб жа хоць вокам адным зірнуць на лагер... Адступілі нашы ці зляглі ад куль? Няўжо не ўбярогся ад бяды Кулеш?.. А можа, ён пачуў, як яна крычала, ды кінуўся сюды, пад кулі?..

«Мне трэба было маўчаць! Трапіла ў пастку — памірай сама, не цягні другіх! Добра, што хоць боль сплывае, аціхае зусім...»

Падышоў афіцэр — за якім, ні на крок не адстаючы, сунуўся паліцэйскі,— нешта па-нямецку запытаўся, тукнуў мыском бота дзяжу і зноў запытаўся, але цяпер неяк таропка і нецярпліва, быццам быў незадаволены тым, што не ўсё яму своечасова і дакладна растлумачылі.

— Ты працавала на пякарні,— не спытаў, а з пагрозаю сцвердзіў паліцэйскі, перакладаючы, мабыць, тое, што казаў афіцэр.— Дзе мліва? Дзе хлеб? Дзе бандыты хаваюць свой хлеб? Пан афіцэр хоча ведаць!..

Рэната скаланулася: які знаёмы голас! Дзе яна чула яго! Ці падалося? Не, ёй даводзілася ўжо недзе чуць гэты лапаткі, але крышку картавы голас: гаворыць паліцэйскі, быццам у роце нешта трымае... Стаіць вось толькі бокам да яе, твар не разгледзіш...

Паліцэйскі марудна павярнуўся, і Рэната адразу ж пазнала: шафёр! Гэта ж той шафёр, які летась вёз яе з дзецьмі з горада, а потым кінуў іх у лесе і сам пакаціў далей! Як жа яго прозвішча?.. Лаль... Баль... Не, не тое. Падобнае па гучанню, але не тое. Смаль, здаецца? Так, Смаль яго прозвішча! Растаўсцеў дужа, раздаўся ў плячах... А-а, гэта фрэнч з нашыўкаю на рукаве робіць яго гэткім тоўстым — быццам нешта паддзета пад той фрэнч. А тады, на машыне, Смаль быў у кашулі. Дужа адметная была тая кашуля, і Рэнату вельмі ўразіла — аранжавая, у белы буйны гарох, зашпіленая на ўсе гузікі і цесная, як не свая, каўнер абціскаў шыю, быццам вяроўка, і скура на шыі ў Смаля была ажно ліловая.

Ён, калі Рэната пачала хатулі грузіць, ірвануў каўнер, і гузікі пасыпаліся... Небачка, якую лухту яна памятае і прыгадвае! А як жа ён, Смаль, цяпер утаропіўся, глядзіць колкімі, злоснымі вачыма.

«Здаецца, пазнаў! Цяпер мне канец!..»

Рэната апусціла галаву на бакавіну дзяжы, затуліла плячом твар. Але Смаль абабег дзяжу, прысеў.

— Э-э-э, старая знаёмая,— зларадна, крывячы губы, працягнуў ён і нешта пачаў тлумачыць афіцэру па-нямецку: Рэната была пераканана, што гаворыць пра яе.

Афіцэр кінуў два словы, кароткія, загадныя, і Смаль вёртка крутнуўся каля Рэнаты.

— Цябе адпусцяць,— прамовіў ён паспешліва.— Але ты павінна сказаць, дзе бандыты хаваюць хлеб. Скажаш — і можаш ісці. Узнімайся!..

Рэната зварухнулася, намагаючыся ўстаць; боль зноў палосаю аперазаў жывот, і яна сагнулася, моцна прыціскаючыся лбом да вузенькага жалезнага абруча. Боль узнік цяпер у галаве, і ўсё пашыраўся, быццам поўз насустрач болю ад удару; раптоўна гэтыя два болі сышліся ў адной кропцы ля сэрца і адкаціліся ад яго, як адкінутыя моцным штуршком; сэрца ёй не балела; боль, адскочыўшы ад сэрца, заціхаў, і ва ўсім целе нараджалася дзівосная лёгкасць, і ў галаве, астуджанай холадам абруча, білася, віравала адна-адзіная думка — думка пра хлеб.

«Небачка! Уратуй хлебец ад гэтых паганцаў! Хлебец наш, партызанскі...»

Рэната разумела, што ёй не выбавіцца з бяды, якая яе напаткала, разумела, што смерць блізка, што трэба яе стрэць мужна, не губляючы свае чалавечае годнасці.

Але разуменне гэтага існавала як бы асобна ад галоўнай думкі, той, якая прымусіла боль адступіць: хлеб! Яны шукаюць хлеб! Іх трэба звесці падалей ад таго месца, дзе яны з Куляшом хавалі мяхі! Абы-куды весці, толькі каб падалей ад пякарні!

Перасіліўшы боль, яна ўзнялася:

— Пайшлі,— ціха і хрыпата сказала яна.— Я пакажу...

Рэната зрабіла два крокі ў бок ручая, і эсэсавец заступіў ёй дарогу, як бы адціскаючы яе ад сцежкі, што ішла па нізіне ў напрамку Дзвіны.

— Ты куды?— з недаверам спытаў Смаль.— Лагер жа ву-унь дзе!

Рэната ведала, што скажа, але маўчала, маўчала знарок, цягнула час, як бы вагаючыся, потым, уздыхнуўшы, паківала галавою:

— Хто ж у лагеры будзе хаваць нешта? Навідавоку ва ўсіх не хаваюць...

Смаль пераклаў. Па ўхвальным воклічу афіцэра Рэната зразумела, што яе словы прагучалі пераканаўча.

«Паверылі! Яны мне паверылі! Цяпер трэба як мага далей завесці іх ад лагера і ні рухам, ні позіркам, ні думкаю не выдаць сябе!»

— Далёка дзе спратка?

— Там, ля Дзвіны,— і Рэната, не зірнуўшы на Смаля, махнула рукой у канец сцежкі, што, перакрэсліўшы лугавіну ля ручая, знікала ў сасновым гаі.

— Глядзі,— папярэдзіў Смаль.— Пан афіцэр сказаў, што кепска табе будзе, калі падманеш. О-ой, кепска!

— А што, гэткі ўжо галодны, гэты твой пан?

Смаль піхнуў яе ў спіну, вызверыўся:

— Ідзі, ідзі!

— Жытняку свежанькага захацелася, бачыш! Мала ён нарабаваў на нашай зямлі?

— Ну-у, ты!— гаркнуў Смаль.— Р-рухайся!..

— Паспееш, не спяшайся...

Сказала і адчула, што ў яе знік жах, што яна зусім не баіцца фашыстаў, зусім не баіцца {Смаля. Дзіўна, як ён апынуўся сярод эсэсаўцаў? Свой жа чалавек, а вось зрабіўся памагатым у ворага, якога яна ненавідзіць, дапамагае чужынцам, якія нарабілі гэтулькі бяды і гора... Свой чалавек?.. Не-е, не свой гэта чалавек. Правільна тады Алесь у лесе сказаў: гэта — фашыст! А яна яшчэ тады, дурніца, на сыночка сварылася, не верыла яму... І быццам дурны лёс зводзіць яе з гэтым здраднікам. І вось жа абмінула паганца куля, нідзе бяда не зачапіла — жывы і здаровы з фашыстамі пахаджвае. І на яе, Рэнату, смертачку навёў...

«А можа, удасца неяк выкараскацца, уратавацца?..»

З горыччу пасмяялася з таго, пра што падумала. Марная, смешная спадзяванка — уцячы. Ды табе і кроку не дадуць зрабіць — чыркануць з аўтаматаў. І — усё! А можа, яно і лепей? Няхай ужо адразу — хуткая смерць... Каб не пакутаваць, каб не цягнулі з цябе жылы... Не, не, смерць пачакае. Хай пачакае смерць. Яна, Рэната, павінна як мага далей адвесці фашыстаў ад лагера, ад пякарні... Хай шукаюць ля Дзвіны, шукаюць там, дзе нічога не схавана. А можа, знайшлі яны даўно тую схованку з хлебам? Не, не знайшлі! Каб тое было, дык навошта ім браць яе за горла: паказвай, маўляў, дзе ён, хлебец, схаваны! Значыцца, не знаюць! Ведаюць, што ёсць, і спадзяюцца, што яна ім скажа. Хай спадзяюцца! Хай нават не здагадваюцца, што марная іх спадзяванка!..

Сцежка скончылася, пад нагамі мякка зашухцела сасновае шыгалле; моцна падзьмуў у твар вецер, свежы, крыху золкі ад ранішняга туману, і за дрэвамі забялеў, як з волава, шырокі серп рачной плыні.

«Дзвіна! Гэта ж Дзвіна ўжо!..»

Рэната спынілася ля сасны, за якой пачынаўся круты абрыў. Непадалёк, прыкрытая лазнякамі, над якімі вісеў рэдкім клоччам ранішні туман, цякла Дзвіна. Зблізку рака была цьмяная, як з волава, і толькі на паваротку, дзе ружовіўся, асветлены сонцам, стромы жоўты бераг, плынь была сінявая і зырка зіхацела: водсвет вады як бы клаўся на цёмны гай, што сцяной стаяў на самай грані абрыву, і ўсе сосны, залацістыя знізу, змрочна чарнелі ніжнімі галінамі, а верхавіны дрэў зіхацелі, як памытыя, і ціха трымцелі, быццам па іх кацілася дробнае рабацінне плыні; злева ад гэтага абрыву, на поплаве, па левы бок ракі, нібыта вылузнуўшыся з рэдзенькага сіне-белага туману, узнімаў угору залачоную, як у познюю восень, вяршаліну стары клён, і клочча туману, што, як зачапілася за яго раскідзістае голле, нагадвала аблачынкі, лёгкія, з ружова-белымі закрайкамі, нейкія дужа рухомыя, увесь час зменлівыя — яны як бы раставалі ад сонечных промняў, але не адкідалі гэтыя промні ад сябе, а звівалі іх карункамі, піхалі пад голле, і голле з таго гайдалася, быццам чаплялася за зыркую плынь ракі, імкліва страчвала восеньскія барвы, густа і змрочна цямнела.

«Дзівосна, напэўна, тут увосень...»

І ад усяго гэтага хараства нейкі нябачны халодны ланцуг сціснуў шыю, і Рэната схапілася рукою за горла, як бы спрабуючы разадраць гэтую халодную зашморгу, ад якой не было чым дыхаць. Не, вось адлягло, галавою пакруціла, горла рукою націснула, дык і дыхаць лягчэй. І якая ж дзівосная асалода хапаць ротам паветра раніцы, адчуваць, што жывеш, што бачыш рэдзенькія, клоччамі, туманы пад рачнымі вербалозамі! А клён гэта стары! Гэткія клёны толькі тут, на Падзвінні, і стрэнеш.

«Няма, не існуе, мабыць, на свеце ракі больш прыгажэйшай за нашу Дзвіну!»

Зірнула на афіцэра, здзівілася: не глядзіць ён на раку. Не глядзіць, як не бачыць такой велічы і хараства. Нечага ўтаропіўся зусім у другі бок — пад абрыў глядзіць, на жоўтую пясчаную дарогу. Нечым дужа ж ён заклапочаны. І не малады ўжо — сівізна прабілася на скронях. Можа, тут, ля Дзвіны, і ссівеў афіцэрык ад жаху?.. А-а, вунь што яго непакоіць: машыны ў пяску загрузлі. Колькі ж іх тамака? Пяць, здаецца. Павярнулі з дарогі сюды, у бок лесу, дык і загрузлі ў пяску. Салдат ля машын поўна, адны цягнуць бярэзнік, другія рыдлёўкамі грабуць пясок ад колаў... І нешта знаёмае патрабуе афіцэр. Здаецца, ёй, Рэнаце, адрасаваны яго словы...

— Ну, дзе хлеб?— патрабаваў Смаль, перакладаючы, мабыць, тое, што загадваў афіцэр.— Паказвай зараз жа!..

— А Дзвіна цячэ і цячэ...

Рэната прамовіла гэта, як бы адасобіўшыся на міг ад усяго, што было вакол, як бы закрэсліўшы на імгненне і эсэсаўскага афіцэра, і Смаля, і машыны, і салдат, якія завіхаліся ля іх; яна бачыла толькі Дзвіну, попельна-белыя лазнякі, як завешаныя празрыстым туманным полагам; ёй на міг здалося, што плынь ракі, як тонкае вузкае лязо, распорвае лазнякі, рассоўвае іх на бакі, і лазнякі расступаюцца, і ад гэтага іх руху зыбаецца плынь ракі, і вагаюцца туманы, і пагойдваецца стары клён па поплаве, і ціха варушацца, як некуды плывуць, вяршаліны соснаў, што сцяною стаяць над жоўтым касагорам.

— Дзвіна цячэ і цячэ,— паўтарыла Рэната.

— Хлеб дзе?— гаркнуў Смаль.

— Хлеб?— Рэната з цяжкасцю адарвала позірк ад ракі, ад попельна-белых лазнякоў, марудна выдралася з кароткага мройнага летуцення і адчула ў сабе дужасць, новую сілу і смеласць.— Хлебец тут, у зямельцы,— і яна патупала нагою па доле.— Узараць зямельку трэба, пасеяць, потым сабраць збожжа, як вырасце, змалоць... А тады ўжо і спячы хлебец. А хто на чужое раток раскрывае — той галадае. Скажы гэта свайму пану.

— Дурная баба! Падмануць уздумала?

— Перакладзі!— патрабавала Рэната.— І каб слоўца ў слоўца было!

— Я перакладу-у...

Смаль паабяцаў гэта з пагрозаю, загаварыў па-нямецку, і твар афіцэра пачаў імкліва і дзіўна зменьвацца: тоўсты рубец ля правага вуха збялеў, як абведзены крэйдаю, чырвоныя плямы пайшлі па шчоках, злосна звузіліся вочы, скрывіліся і плямкнулі тоўстыя губы.

— Дзе схаваны хлеб?!

Рэната не адразу дапяла, што гэта прамовіў афіцэр, узіралася ў яго твар, быццам аднекуль і раптоўна выскачыў.

«Бач ты, па-нашаму загаманіў!»

Яна падумала гэта зларадна і з гэткай нянавісцю паглядзела ў вочы афіцэра, што ў галаве яе забомкала, зазвінела. Небачка! Каб жа ёй не страціць розум! Каб жа ёй паспець сказаць тое, што сказаць яна павінна абавязкова!..

— Дзе хлеб?— яна зрабіла крок наперад, уся напружылася, на момант змоўкла, быццам гэтыя два словы аселі, зачапіліся ў горле, потым з натугай выціснула:— Жытнічку табе захацелася... Чужога хлеба захацелася,— і раптам адчула палёгку, выкінула наперад рукі, сціснуўшы кулакі моцна, аж да болю ў пальцах.— Скулле! Скулле вам усім замест хлеба! Рабаўнікі! Фашысты клятыя!

Афіцэр крыкнуў нешта злоснае і гнеўнае, потым ударыў Рэнату ботам у жывот. Яна гайданулася, але не застагнала, а толькі сціснула зубы з такой сілаю, што нешта хруснула ў сківіцах; усё перад яе вачыма гайдалася, зыбалася, як падскоквала. У той жа міг новы і цяжкі ўдар апёк ёй галаву — ударылі ззаду,— і колкая гарачыня шухнула ў скроні, раздзіраючы галаву знутры.

Апошняе, што зафіксаваў яе затуманены колкай гарачынёю розум, былі вялізныя, тоўстыя дрэвы, нахіленыя над зямлёю, і чорная постаць афіцэра, якая скрывілася, змізарнела і, быццам чорны выгнуты струк, завісла ў паветры пад блішчастымі доўгімі галінамі.



29

Апрытомнеўшы, Рэната пачула жвавую нямецкую гаворку. Гергечуць нешта фашысты, смяюцца, а постаці іх нейкія цьмяныя, расплывістыя. І нейкі расплывісты шырокі пограб, з соснамі ўверсе, і недзе ў сярэдзіне пограба мітаецца чырвонае, языкастае полымя, і сноўдаюцца ля яго нейкія чорныя постаці. І дужа цяжка дыхаць — лезе ў нос, забівае горла гаркавы дым, смурод спаленага на агні тлушчу...

І раптам як сагнала з вачэй дымную заслону, усё акрэслілася вельмі выразна, і Рэната пазнала зямлянку. Пякарня гэта перад ёю! Толькі дзверы садраны, ляжаць яны пад сасною, насупраць акенца. У печы гараць дровы... Завіхаюцца ля печы салдаты ў чорным адзенні, смажаць мяса на доўгіх жалезных прутах...

«Небачка! Няўжо схованку паганцы апаролі? Ці я, у непрытомнасці, ім што сказала? Не! Я нічога ім не сказала! Нічога!..»

Тузанулася, спрабуючы сесці, спрабуючы зазірнуць у глыб пякарні, і тады боль у паясніцы і ў запясцях выціснуў з розуму рэшткі тлуму. Рэната ўбачыла водсветы полымя, што трымцелі на дровах, складзеных ля сцяны зямлянкі, злева ад печы, і тут жа дайшло да яе: не, гэта не водсветы полымя, гэта сонца ў акенца свеціць. І дровы ляжаць нечапаныя, як тады з Куляшом яны іх паклалі — гэтак і ляжаць.

«Не знайшлі! Не знайшлі яны хлебец наш!»

Рэната прыўзняла галаву, у вачах цяпер не зыбалася, бачылася вельмі добра. Яна пазнала лейцы, якімі былі скручаны ў яе рукі і ногі. Гэта ж іх перадаваў ёй Кулеш, калі яны ехалі на аэрадром! Яна сядзела тады на калёсах, прытуліўшы да сябе Даніка, які моцна спаў: ёй заміналі тады гузы на лейцах, і яна спрабавала іх развязаць, а потым кінула гэты занятак, адчуўшы, што вузлы тыя дужа зручныя — не выслізгваюць з рук лейцы, як бы асядаюць у далонях.

«Але ж як да эсэсаўцаў гэтыя лейцы трапілі?.. Мабыць, калёсы тыя да іх трапілі?..»

Яна пачала азірацца, і позірк адразу ўпёрся ў калёсы, што ляжалі абернутыя побач са сцежкаю ў лагер. І конь забіты ляжыць. Адна аглобліна зламаная, другая тырчыць з-пад пярэдніх колаў, быццам нехта сумысля падсунуў яе туды, спрабуючы падняць калёсы, паставіць роўна. Можа, Кулеш гэта і зрабіў? Ён, мабыць, ад камандзірскай зямлянкі ехаў сюды, па яе, Рэнату... А яна цягалася, дурніца, з дзяжою! З таго і трапіла паганцам у лапы.

«Але ж чаго яны прыцягнулі мяне сюды, да пякарні? Чаму не забілі там, на беразе Дзвіны?..»

І зноў, закрэсліўшы спробу знайсці адказ на гэтае пытанне, выбухнула шкадаванне. Навошта, навошта яна паперлася тую дурную дзяжу хаваць? Ды каб жа кінула Рэната яе дзе ў хмыз, яны б з Куляшом зараз кацілі б на калёсах далёка адсюль... Дык вось жа нарабіла неразумная галава! І сябе ў пастку загнала, і Куляша пад кулі падвяла. Але ж Куляша нідзе, здаецца, не відно, каб забіты быў...

«Ён жывы, жывы абавязкова! І ён не пакіне мяне ў бядзе, ён скажа хлопцам сваім, яны ўратуюць...»

Гаючая і суцяшальная гэтая думка імгненна аддаліла бяду, якая стаяла побач, і Рэната на нейкі міг перастала верыць у рэальнасць таго, што адбывалася. Хай фашысты злавілі яе, звязалі... Яна — жывая. А жывы чалавек не павінен губляць надзею. Усё яшчэ можа на лепшае павернецца, на добрае, і жыццё яе не абарвецца гэтак раптоўна і неспадзявана!..

Густы дым з коміна спавіваў кашлатыя вяршыні дрэў, упарта не ўзнімаўся ўгару, круціўся вакол галін. Потым вецер крыху павярнуў дым, і ў лесе адразу пасвятлела — сонечныя промні ляглі на сцежку, на садраную з дзвярэй плашч-палатку, на недаробленыя дзверы зямлянкі з сасновых жэрдак. Куды ж гэта салдаты цягнуць тыя дзверы?.. А-а, стол майструюць — паклалі дзверыну на бярозавыя цурбакі. Кацялкі, біклагі на яго паставілі, жоўтыя, са скураным верхам ранцы на канцы паклалі. Рассаджваюцца цяпер вакол стала, збіраюцца, відаць, есці...

Раптоўна вецер пагнаў дым уніз, да зямлі, і Рэната захліпнулася ад гаркавага чаду паленага на агні мяса. Заслязіліся вочы, і яна, як праз мройную сетку дажджу, убачыла Смаля, які завіхаўся ля печы.

«Што ён там робіць? Нейкія чорныя прэнты, але бліскучыя, у яго руках. А-а, мяса смажыць на прэнтах, пакручвае іх над вуголлем».

Яна павяла галавой управа, глядзела цяпер на эсэсаўцаў, якія рассаджваліся на цурбаках вакол стала. Чамусьці дужа гучна рагочуць яны, нешта крычаць Смалю, падспешваюць... Вось ён выходзіць з пякарні, аберучцягне два чорныя прэнты, на якіх насаджаны вялізныя кавалкі мяса. Вурвалле нейкае... Э, гэта ён кур смажыў, на кожным прэнту — па дзве курыцы. Гайдае цяпер прэнтамі, нешта ўхвальнае гаворыць эсэсаўцам... Афіцэр са шрамам ля вуха — у цэнтры сядзіць, відаць, самы галоўны сярод іх — біклагу ўзяў у руку, налівае кубкі...

«Небачка! Як жа хочацца піць... Каб жа хоць кроплю вадзіцы... Адзіную кропельку...»

Яна з цяжкасцю аблізнула сухія шархоткія губы, і язык забалеў, як па рашпілі прайшоўся. Густая вязкая сліна асела камяком у горле, і горла сціснуў моцны колкі боль, і гэты боль імкліва бурыў надзею на паратунак; чэзла вера ў шчаслівае збавенне, у тое, што Кулеш выбавіўся з пасткі, што ён жывы і ўратуе яе ад бяды, знойдзе нейкі спосаб памагчы.

«Ніхто табе, даражэнькая, не дапаможа. Куляша, калі ён і жывы, паблізу, ведама ж, няма».

Ёй горка зрабілася і ад гэтай думкі, і ад той, якая ішла следам, бязлітасная і няўмольная. Не толькі няма паблізу Куляша, але і атрад, з якім пайшлі Алесь і Валя,— далёка. І гэта не яны табе, а ты ім павінна памагчы, павінна маўчаць, не выдаць схованку з хлебам. Бо хлеб — гэта жыццё, і калі ты скажаш, дзе схаваны мяхі, эсэсаўцы выграбуць іх, і атрад, калі вернецца сюды, будзе галодны. І Валя будзе галодная, і Алесь будзе галодны, і Лагуцін будзе галодны, і Данічак... Не, Данічак цяпер далёка ад бяды, добрыя людзі — напэўна ж! — прытулілі яго, накармілі, абагрэлі, і ён цяпер і сыты, і горачка не вісіць над ім, і добра яму... А як жа ён радаваўся, калі яна спякла яму маленькі боханчык!.. Небачка, салдаты яшчэ там, у пякарні поркаюцца, пошукі вядуць... Не, выходзяць! Адзін салдат выходзіць, другі, трэці... Першы спыніўся ля афіцэра, нешта сказаў, і той махнуў рукой у бок лагера... Два эсэсаўцы ўзнімаюцца з-за стала і разам з тымі, што выйшлі з пякарні, шнуруюць у бок сцежкі. Яшчэ нехта за імі пабег... Ці не Серафім? Ён, ён гэта! Адкуль жа ён тут? Не, памылілася яна, здаецца. Каб азірнуўся, дык пазнала б па твару. Але ж хутка дужа пабег, цяпер зусім знік за соснамі. На лагер, на лагер усе пайшлі. Ля афіцэра толькі два салдаты застаюцца, і Смаль ля іх, як вартавы, стаіць, цікуе ў бок лагера. Там, у лагеры, нешта гарыць, дым нізам ля соснаў гоніць у бок ручая...

«Яны не знайшлі схованку! Кінулі пошукі! Не знайшлі!..»

Каб схаваць сваю радасць, Рэната закрыла вочы і адразу ж адчула, як мройна кружыць галаву. Яна прыціснулася шчакой да камля сасны, услухоўвалася ў пошум ветру ў голлі. Зусім жа слабы вецер, павевы не дужа частыя, а вяршаліны шумяць несціхана, то таямніча гудуць, то шапацяць ласкава — як нечая незразумелая і дужа далёкая гамана недзе і спеў быццам...

На нейкі міг усё благое расплылося, знікла. Падалося: сядзіць яна ля пякарні адна, вось толькі што пасадзіла хлябы ў печ, а сама села, утомленая працаю, адпачывае, слухае, як у лагеры ціха спяваюць партызаны. Зараз прыбяжыць Данічак — ведае, жэўжык, што яна спякла паскрэбачак! — будзе круціцца вакол яе і стала, потым паставіць у кут пакацілачку, возьмецца дзьмухаць на той маленечкі калабочак, з наздраватай скарыначкаю па краёчках... Цэлы дзень круціцца па лагеры з гэтай пакацілачкай, што зрабіў Кулеш, усіх ужо ведае, з кожным пагамоніць, потым прыбяжыць да маці і высыпае, як з мяха, розныя навіны: які слаўны новы аўтамат атрымаў Алесь, колькі патронаў у дыску, колькі рабрынак у гранаце, якіх у Алеся дзве...

«Нечага крычыць, кліча Данічак!..»

Забілася, затухацела пад рэбрамі сэрца. Небачка, як жа выразна ўсё памроілася, нібыта вось тут, побач, Данічкаў голас прагучаў. А гэта ж зусім чужы голас чуецца — Смаль нешта гаворыць афіцэру, і той смяецца, як бы падахвочвае таго казаць далей.

Рэната, адкрыўшы вочы, нейкі час з нянавісцю глядзела на афіцэра, і позіркі іх стрэліся. Афіцэр змоўк, нейкая як сутарга прайшлася па яго твары, перакасіла губы.

Выхапіўшы са Смалевых рук прэнт, ён ступіў да Рэнаты, спытаў злосна і пагрозліва:

— Дзе хле-е-эб?

Смаль стукнуў Рэнату ботам па калене, прасіпеў паспешліва, як баючыся, што не паспее дагаварыць:

— Апошні раз па-добраму просяць. Чуеш?

Афіцэр чорным канцом прэнта пастукаў Рэнату па рэбрах і, падвёўшы прэнт пад самае горла, пакручваў яго, як бы завінчваючы ў каўнер кофтачкі. Боль ад колкіх удараў па рэбрах быў далёкі, яго глушыў іншы боль, які раптоўна сціснуў сэрца.

«Гэта ж Данікава пакацілачка ў яго руках! Курку смажыць прыстасавалі...»

Яна глядзела на ручку, якую Кулеш скруціў удвая і заматаў белай драцінаю, бачыла, што пакацілачка ўнізе разагнута і падраўнавана — каб лацвей, мабыць, было насаджваць курыцу, перад тым як смажыць! — і дзіўнае, непатрэбнае шкадаванне прыйшло да яе: сапсавалі, зглумілі добрую цацку. Данічак жа гэтак радаваўся, калі кольца гнаў па сцежачцы!..

У яе вушах раптоўна загучаў і аціх Данікаў смех — Данік заўсёды, з радасным смехам, гнаў кольца па сцежцы,— і непапраўнасць бяды, у якую яна трапіла, паўстала перад ёю аголена, бязлітасна, канчаткова закрэсліўшы ўсе надзеі на паратунак.

Прэнт, саскочыўшы з падранага каўняра кофтачкі, апаліў скуру, і Рэната застагнала. Але застагнала не гэтак ад болю фізічнага, а з таго, што пабурылася, знікла канчатковая яе наіўная і слабая надзея на тое, што ў яе асабістым лёсе нешта можа выправіцца, павярнуцца ў добры бок, змяніцца на лепшае.

Афіцэр узрадавана хмыкнуў, кінуў прэнт Смалю, і той лоўка падхапіў яго, прамовіў з пагрозаю Рэнаце:

— Зараз ты загаворыш, старая падла! Пан афіцэр цябе прымусіць загаварыць... Гарачанькім!..

Смаль падбег да стала, схапіў другі прэнт і, трымаючы іх перад сабою, мітнуўся ў пякарню. Рэната бачыла, як ён сунуў прэнты на агонь.

«Не буду глядзець на агонь...»

Утаропіўшы вочы на вяршаліну сасны, зацягнутую дымам, яна дзівілася з таго, што дым нейкі залацісты па краях, марудна ўзнімаецца вышэй, да блакітнага неба, лапіна якога добра праглядвалася за вяршалінамі дрэў, і ўся сцялася, глушачы і боль ад апёку на шыі, і боль у сэрцы, і радасць, што жывіла яе сілы.

«Не знайшлі наш залаты хлебец! І не знойдзеце! Ніколі не знойдзеце!..»

Яна паўтарала ў думках гэтыя словы, паўтарала, як замову, і, паўтараючы, упарта не ўзнімала галаву, упарта не глядзела ў бок пякарні, баючыся, што эсэсавец ці Смаль па яе позірку здагадаюцца пра тое, аб чым яна не павінна сказаць аніводнага слоўца.

«Нічога ім, гадам, не скажу! Хай катуюць, хай заб’юць — не скажу, не выдам партызанскі хлебец! Я атраду не здраджу! Я дзеткам сваім не здраджу! Дзеткі яшчэ прыйдуць сюды, прыйдуць!..»

У ноздры лез гаркавы дым бяросты, і яна пакруціла галавой, каб глытнуць чыстага паветра, і, закашляўшыся ад дыму, зірнула не ў бок пякарні, а крыху лявей, на схіл погарба, а потым рашуча і цвёрда паглядзела на дзверы зямлянкі.

«Чаго мне іх, паганцаў, баяцца? Яны мяне ўжо не застрашаць!..»

Цяпер яна бачыла, з чаго гэтак пагусцеў дым — Смаль разварушыў дровы, бярозавых плашак навярнуў. Сыраватыя яны, гараць не дружна, толькі з аднаго боку, і агонь вузкімі стрэлкамі то выбіваецца наверх, то імкліва ападае, быццам прыціснуты зводам печы. Смаль яшчэ бярэмя дроў цягне. Афіцэр жа сядзіць на цурбачку, аберуч трымае смажаную курыцу, адкусіць і, жуючы, пакручвае ў руках, быццам выглядае, дзе смачнейшы бок. Не, адарваў крыльца, трымае ў левай руцэ, а правай налівае з біклажкі ў вузкую блішчастую конаўку. Каву, здаецца, налівае...

«Каб мне вадзіцы халоднай кропельку. Адзіную кропельку...»

Яна імпэтна павярнула галаву, быццам вада была побач, варта толькі павярнуцца, нахіліцца, каб піць. Адразу стала лягчэй дыхаць — вецер пагнаў дым на той бок зямлянкі,— і добра стала відаць, як у печы гараць дровы. Языкі полымя, аранжавыя, імклівыя, выбіваліся з-пад бярозавых плашак, звіваліся, размалёўваючы іх белыя бакавіны чорнымі пісягамі, і дровы ад гэтага як бы сціскаліся, меншалі і па краях жаўцелі.

«А цяпер жа хто хлебец атраду спячэ?.. Валя спячэ! Яна ўжо дарослая!»

Яна падумала пра гэта спакойна. Спакойна ж думаць пра страчаную надзею на збавенне і паратунак зноў было цяжка, зноў прыйшло знаёмае шкадаванне, і не паддацца яму было цяжка, шкадаванне глушыла ўсе іншыя думкі. Праз нейкую сваю дурноту загінуць! Дзежачкі ёй зрабілася шкада! Хаваць панесла дзяжу! Вось і дахавалася! А каб паехала разам з Куляшом, дык усё б інакш павярнулася, і яна б далёка цяпер была, каціла б дзе-небудзь па лясной дарозе... Каціла?.. Вось яны, тыя калёсы, спруцянелі, ляжаць, абернутыя. І конь забіты ляжыць. І, мажліва, недзе ў лесе ляжыць забіты Кулеш...

Шкадаванне абяззбройвала, расслабляла волю, і ў свядомасці з новай сілаю выбухнула нязгода з ім. Не, не павінен загінуць Кулеш! Ён ацалеў, ён адбіўся ад гэтай брыдоты, пайшоў за атрадам, каб выбіцца з кола, выбіцца да волі, да сваіх баявых сяброў, да жыцця. Ён пайшоў па гэтай сцежцы, што вядзе ад ручая ў глыб лесу. Не, ён пайшоў, хутчэй, да Дзвіны, пайшоў у тыя лясы па правы бок ракі, дзе няма фашыстаў, дзе зараз ужо ўвесь атрад... Вунь, за тымі выгоністымі соснамі, цячэ Дзвіна.

Промні сонца прабівалі густое голле, вузкімі палосамі клаліся на вольхавы параснік у нізіне і адразу ж за імі ламаліся ў шызым полагу туману; туман узнімаўся ўверх, нібыта поўз па сонечных палосах і распаўзаўся, імкліва змяняючы колер,— за ляшчэўнікам ён быў белаваты, і, як толькі ўспаўзаў на светлыя прагалы, жаўцеў, як латуневы рабіўся, і ля соснаў ружавеў, бы падсвечаны знізу моцным агнём. Дагэтуль туман у нізіне? Не, гэта дым туды гоніць. З погарба гэтага ў нізіну ён і паўзе...

Праз тую аранжаваю заслону, якая то радзела, то гусцела, куточак сасновага гаю за ручаём быў добра відзён. Дрэвы ў ім нібыта не стаялі на месцы, увесь час зыбаліся, як заступаючы адно за адно, і ля соснаў увесь час грувасціўся дзіўны карагод святла і ценяў. Вось хаты стаяць ланцужком, і шыбы ў іх зырка зіхацяць на сонцы, блішчаць... Вось коні імчаць фурманкі па выбоістай дарозе, і фурманкі трасе і падкідвае...

Вось людзі бягуць, размахваюць рукамі. Бягуць, вяртаюцца і бягуць зноў, як навыперадкі... Адзін толькі адстаў. А небачка! Гэта ж Данічак там, на ўскрайку лесу, кліча да сябе, паказвае, каб не марудзіла!..

Рэната напружылася, ірванулася наперад і застагнала — вяроўкі балюча ўрэзаліся ў цела; асабліва пякельны боль быў вышэй ступакоў, і яна падкурчыла ногі, спрабуючы схаваць іх ад болю, і ад гэтага варушэння крыху палегчала, меней балелі суставы і скура. Разам з гэтай палёгкаю знікла і дзіўнае відовішча, якое толькі што замуціла ёй розум.

«Дым гэта на ўскрайку бору! Ніякага там Даніка няма, памроілася мне ўсё... І знікла...»

Не зніклі толькі афіцэр і Смаль — першы сядзеў на бярозавым цурбаку, другі стаяў побач,— і Рэната з новай і лютай сілай ненавідзела іх. Чакаюць, што яна здасца, прызнаецца, пакажа, дзе схаваны партызанскі харч... Але яна не скажа! Яна не здасца, не пакажа, дзе ляжыць хлебец! Спакойненька на паліцах ляжаць мяхі, поўныя бялюткага мліва, пахкага, добрага... Зямелька яго хавае, хлебец! Яна, зямелька, нічога не раскажа... Не раскажа ворагам нічога і Рэната, будзе маўчаць гэтак жа, як і зямелька!..

І нечага два эсэсаўцы ідуць па сцежцы з лагера... Смаль ім насустрач кінуўся... Не, гэта ён у пякарню мітнуўся, цяпер бяжыць назад, нясе напаленыя, ажно ружовыя, прэнты... Афіцэру адзін прэнт аддае. І другі, з белай драцінай каторы...

Афіцэр наставіў прэнты Рэнаце ў грудзі, спытаў з клёкатам у голасе.

— Дзе хле-еаб?!

Руды дым абвіў прэнты, і канцы іх нібыта адразу сцямнелі, і ў той жа міг Рэната адчула, як пякельныя цяжкія цвікі працінаюць ёй грудзі, колюць плечы і прабіваюць горла. Усё пакруцілася ў яе перад вачыма, нейкае чорна-рудое мроіва затрымцела на веях, густа асела на вочы, быццам церусіўся аднекуль зверху бясконцы чорны снег-попел... І гэткі бясконцы попел сыпаўся з высі на ўскрайку бору, дзе нядаўна памроіўся ёй Данічак. Дзе ж памроіўся! Стаіць там сыночак!

Рэната затрэсла галавой, туманны полаг на веях, аднак, не прарэдзіўся, пагусцеў, але ў ім яна цяпер добра бачыла блішчасты ляшчэўнік, зацягнуты па краях попельна-шэрымі палосамі дыму, і там, за той палосаю, нават як бы па ёй, ішлі яе дзеці. Наперадзе рупіўся Генадзь, ганарліва крочыў Алесь, далей тэпала Валя, а за ёю следам бег Данічак, смяяўся ўвесь час. Вось ён апярэдзіў усіх, бяжыць, вельмі ж хутка набліжаецца да чорнай прорвы, што пачынаецца за попельнай палосаю дыму. Дзіва! Ніхто са старэйшых не папярэдзіць малога, нічога не скажа, не запыніць!..

— Няможна-а-а, Данічак! Чуе-е-еш?! Не ідзі сюды, Данічак! Тут фашысты!..

Яна закрычала гэта адчайна, з усяе моцы, і гэтак жа адчайна рванулася, спрабуючы выдрацца, уцячы ад каляных цвікоў, што дзерлі грудзі і гарачым цяжкім ланцугом ціснулі горла. Постаці старэйшых сыноў расплыліся, зніклі, і прапала недзе дачка, і толькі маленькі Данічак усё бег і бег па вузкай пакручастай палосе, цяпер ужо не чорна-попельнай, а нейкай ярка-жоўтай, як медзяной, бег усё далей да чорнай прорвы і радасна смяяўся.

Афіцэр выцяў Рэнату прэнтам па плячах, кінуў яго пад сасну, потым шпульнуў туды і другі, нешта загадаў эсэсаўцам, і тыя схапілі Рэнату, як бервяно, і патралявалі да пякарні. Адзін эсэсавец цягнуў яе за ногі, другі — за вяроўкі, якімі былі звязаны рукі, і галава ў яе звісала да самага долу, і валасы мялі шыгалле, чапляліся за трэскі і стаптаны, перакручаны верас.

Перад Рэнацінымі вачыма ўсё зноў перавярнулася: унізе было блакітнае неба, з белай аблачынкай-крывулькаю, побач шаты дрэў, а за імі шчыльны ляшчэўнік, прыціснуты зыркай сляпучай палосаю дыму. Ёй падалося, што гэта не дым, а плынь Дзвіны вывернула з-за соснаў, рака зіхаціць на сонцы, шырока разліваецца, зыбае дрэвы, гойдае, некуды гоніць. І як бы сапраўдная вада падкатвае пад ногі, але гарачая, пякельная вада. І ўсё ярчэйшымі барвамі палае тая палоса, па якой бяжыць і бяжыць Данік. Няроўна неяк бяжыць, то сігане некуды ўбок, за шаты дрэў, то зноў заявіцца, падскоквае, бы лучыцца схапіць рукою тую крывульку-аблачынку, якая, як і дрэвы, увесь час дугаецца і нейкая чорная труха сыплецца з-за той крывулькі-аблачынкі.

«Няможна, дзетачкі! Няможна па той палосе бегчы! Фашысты там!»

Рэната круціла галавой, трэсла, каб лепей бачыць, каб скінуць з веяў попельнае шумавінне, што ўвесь час зыбалася, мільгацела, то ападаючы долу, то імкліва ўзлятаючы ўверх; яна ўсё крычала дзецям, маліла, каб спыніліся, не беглі сюды, і ўжо не разумела, што гэта цяпер крычыць яе розум, крычыць сэрца, а губы толькі марудна і непадатліва варушацца, і з іх злятае ціхі, сіпаты стогн.

Працягнуўшы Рэнату па падлозе пякарні, эсэсаўцы ўзнялі яе, піхалі нагамі ў агнявое чэрава печы. Рэнаціна галава матнулася, гупнула аб цагляны прыпечак, і Рэнаце здалося, што не з чэрава печы, а з гэтых чорных цаглін шырокім клінам ударыла ёй у вочы жоўта-барвовая віхура; клін гэты быў гарачы, але не каляны, нейкі гнуткі і як бы здзіраў з ног скуру, скручваў яе кольцамі, быццам бяросту, і Рэната чула, як трашчаць, дзяруцца гэтыя кольцы, і сілілася адхіснуцца ад таго гарачага кліна, адпіхнуць нагамі і плячом; нечакана ёй быццам і ўдалося гэта зрабіць, і клін дугнуўся, пачаў разломвацца, і ў той жа міг яна адчула, як нешта за вушамі хруснула, зламалася, зламалася з дзіўным і рэзкім трэскам.

Жоўта-барвовая віхура, як узарваўшыся знутры, збялела, зрабілася па краях празрыстай, і Рэнаце адкрыўся шырокі поплаў з мяккай атавай, жоўты пясчаны прыбераг, па ім, ля саменькай вады, што зіхацела ад яркага сонечнага рабаціння, спяшаліся да лазнякоў яе дзеці. Наперадзе бег Данічак, гнаў жалезнай чорнай пакацілачкай блакітнае кольца, і кольца павольна кацілася па атаве, блішчастай і зыркай, у густыя попельныя лазнякі.

«Цяпер яны схаваюцца... Схаваюцца ад бяды дзеткі...»

Хрыпаты ўздых выдраўся з Рэнацінага горла, і ў той жа міг гарачы клін выгнуўся дугою, зламаўся з пранізлівым гудам, і адтуль, дзе ён зламаўся, з рудога разлому, пасыпалася дробнае чырвонае зерне, балюча сцебанула па скронях і, разануўшы рот агністым белым сяйвом, усё загасіла.