Зямля не раскажа [Алесь Савіцкі] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]







1

Рэната падхапілася, як падкінутая густым тоўханнем прыглушаных выбухаў; човен, прыкуты ланцугом да вялікага карча на беразе, загайдаўся, і яна не ўтрымалася на нагах, шмякнулася на капу прапаласканай бялізны, што ляжала на лавачцы, і, моцна сціскаючы сынаву кашулю, якую яна не выпусціла з рукі, спуджана глядзела перад сабою. Паветра трымцела, быццам сыпалася аднекуль з высі дробная зіхотная луска, і за дробным і дрогкім сяйвом яе выгіналася сляпучая ад ранішняга сонца плынь Дзвіны, гайдаліся сівыя, не па-ліпеньску густыя палыны на рачным узвале, трымцелі старыя бярозы і сінія і роўныя, як падстрыжаныя, сосны на супрацьлеглым беразе ўправа ад пакатага пагорка.

Наважылася паглядзець назад, на сваю хату, парывіста павярнулася, і човен зноў гайдануўся, і разам з ім дугнулася крутое высокае замчышча, белыя царкоўныя муры на ім захісталіся, бы валіліся ў раку.

«Бомбы! Узарваліся недзе за гэтымі мурамі, і яны развальваюцца!..»

Ад спуду Рэната ўчапілася рукамі ў борт чоўна, моцна заплюшчыла вочы, уся сцялася ў чаканні, што зараз каменне заваліць яе. Але каменне не падала. Пад левай рукою была халодная сынава кашуля, а пад правай — цёплы, угрэты сонцам борт чоўна, і ад яе, гэтай цеплыні, праясніваліся думкі, спадаў з душы жах. Падалося ёй усё. Не равуць жа самалёты. А грыміць гэта кананада. Аціхла была на досвітку, а цяпер усчалася зноў, недзе зусім блізка грыміць, быццам выкатваецца на бераг з вады.

Рэната, услухоўваючыся, памалу адкрыла вочы. Усё на месцы, усё мае свой звычайны выгляд: за плотам, што ідзе па-над самым узвалам, зеляняцца яблыні і за шатамі іх бялее шалёўка Рэнацінай хаты пад новым гонтавым дахам; роўна выносяцца ўвысь царкоўныя муры на замчышчы; нерухома сагнуліся старыя бярозы на супрацьлеглым беразе ракі, нерухома выпнуўся пакаты пагорак, парослы нізкімі чорна-сінімі соснамі; толькі паціху варушацца попельныя палыны ля вады ды рухава і зырка зіхаціць срэбны трохкутнічак рабаціння пасярэдзіне Дзвіны.

«І як жа звонка цурчыць вада, што сцякае з кашулькі...»

Рэната перасела на сухое месца на лавачцы чоўна, узялася за мокрую сынаву кашульку аберуч. Але не паласкала, сядзела, адчуваючы цеплыню ўгрэтай сонцам лавачкі. Цяпер, калі жах адступіў і яна на міг супыніла сваю працу, у яе адразу занылі ад стомы рукі, заламала ў спіне і ў паясніцы. Нічога не здарыцца, калі хвілінку нейкую яна і перадыхне. З учарашняга дня, з тае мінуты, як стала вядома, што яе сям’я, як сям’я ваеннаслужачага, уключана ў спісы на эвакуацыю ў першую чаргу і што даецца на падрыхтоўку дваццаць чатыры гадзіны, Рэната не прысела ні на хвілінку, работай заганяла і маці і дзяцей і нават братавай дыхнуць не дала. Пасыльны з ваенкамата сказаў, што эшалон адправіцца сёння ўночы, а дванаццатай гадзіне, параіў не пазніцца, лішніх рэчаў з сабою не браць — толькі тое, што на сабе данесці можна. А як пачала Рэната прыкідваць ды пакаваць — і канца-краю зборам няма, не злічыш хатулёў і клункаў: і тое трэба, і без гэтага не абысціся, і тое, што з сабою цягнеш, патрэбна, і тое, што пакідаеш, дык яшчэ больш, і шкада дужа. Дапамог сусед Лявон Бохач, чалавек, умудроны жыццём, які вайну ведае не па кніжках — інвалідам пасля фінскай кулі застаўся: ходзіць накульгваючы. Ён і параіў: узяць з сабою адзенне, грошы, найбольш каштоўныя рэчы — і каб не цяжкія! А ўсё астатняе, што нечага варта,— прыхаваць. І не ў хаце, а пад паветкаю, на дрывотні.

Да раніцы тая схованка была зроблена: у яму, абкладзеную аполкамі, знеслі хатні набытак, закрылі дошкамі, цыратаю, прысыпалі зямлёю і добра замаскавалі: чужы чалавек не знойдзе, агонь не дабярэцца, вада не залье. Мароз, праўда, калі зямлю падцісне... Але ж да тых маразоў скончыцца бежанства, і фашысты будуць разбітыя, і Рэната з дзецьмі вернецца назад у сваю хату... Усё, здаецца, яна, Рэната, робіць правільна. Каб жа ж усё! Навошта яна раніцою дазволіла сыну, Алесю, ехаць з суседам на рыбалку? Але ж Бохачу калі загарыцца!.. Паставіў шнуры на ноч, а ранкам падбіў малога паехаць і падняць: на дарогу, маўляў, сабе рыбіну засмажыш ці засоліш...

Рэната з трывогаю агледзела раку. Ля павароткі, здаецца, човен сунецца. Абрысы, праўда, зліваюцца з лазнякамі на беразе — не адразу і распазнаеш колер. Здаецца, блакітны. Падобна, што вяртаюцца яны. Так што дарэмна яна непакоілася: на рацэ Бохач вырас, днюе і начуе, можна сказаць, на вадзе, і човен у яго надзейны... Дый, па праўдзе кажучы, і рыбіну ў дарогу ўзяць не пашкодзіць — не на госці ж едзеш, а ў белы свет як у капеечку. І таму дужа правільна яна намысліла і бялізну дзецям памыць, каб усё чысценькае ўзяць з сабою: у вагоне ехаць — не дома, не ў сваёй хаце сядзець. А тут гэткі сухмень — праз дзве гадзіны ўсе кашулькі будуць сухенькія!..

Рэната, спяшаючыся, дапаласквала бялізну. Цяпер, калі яна нізка сагнулася над вадою, кананада як бы яшчэ больш памацнела, зрабілася выразнай, але