Распяцце, альбо Ці ж баліць галава ў вароны... [Анатоль Казлоў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Анатоль КАЗЛОЎ


РАСПЯЦЦЕ, альбо Ці ж баліць галава ў вароны…


Ён зайздросціў вароне і другі тыдзень запар піў. У горадзе, здаецца, не засталося ніводнай піўнухі, каля якой не сядзеў бы ён з трохлітровікам смярдзючага, як бычыная мача, пойла. Звычайныя сталі тлумны хмель у галаве і бязладныя чэргі сінюшных алкаголікаў. I ён, Андрэй, стаў ужо для іх сваім. Але хлопец зайздросціў вароне — шэрай, някідкай і бруднай вароне, у якой толькі і турботы, што корпацца ў сметніцах ды заглытваць шчодрыя кавалкі недаедкаў. Вароне не хочацца піва, яна не шукае гарэлкі. Гэтая птушка не тырчыць каля таксафона, не абзвоньвае знаёмых, каб перахапіць сотню-дзве рублёў — у вароны не баліць галава. Галоўнае ж, яна не шукае ўнутранага суладдзя… А-а, вось і падышла Казіміраўна. Ні слова не кажучы, садзіцца каля Андрэя і адсёрбвае з ягонага слоіка піва. Затым няспешкі корпаецца ў кішэні і дастае загорнуты ў паперчыну селядзец.

— Брыдка ўжо глядзець на ўсё гэта,— бубніць яна сабе пад нос.— Тут усе морды на адно ліцо, няма на кім і вока супыніць.— Маўчыць нейкую хвіліну, ірвучы селядзец, што тую гнілаватую анучу, на кавалкі.— Бяры еш,— гаворыць яна Андрэю і падае шматок рыбіны.— Усё п'еш, глядзі-глядзі, дап'ешся. Будзеш як яны,— тыцкае Казіміраўна рукою на чаргу,— як я,— гэтыя словы прагаворвае яна больш прыцішана.— Згубіць сябе, хлапец, няцяжка. Гэта тое ж самае, што два пальцы за вуглом абмачыць.

Андрэй маўчыць. Ён напаўвуха слухае апухлую Казіміраўну і шукае вачыма варону — тая цягала па бруднай асфальтаванай сцежцы абсмактаны шкілет рыбіны.

— У цябе што, язык прысох да нёба, га? — Казіміраўна локцем піхае Андрэя ў бок.— Вось я пахавала двух сыноў. Тады ўпершыню і напілася. Быццам лягчэй было. Прыйду з працы — вып’ю некалькі чарачак, і сэрца мякчэе, не такое каменнае становіцца. Здаецца, што мой Колечка з Мішкам у другім пакоі сядзяць ці выйшлі на нейкую часіну ў горад. Сяджу я і чакаю, так за сталом, бывала, і засынала. А зрання зноў душа баліць. Іду на завод, пагляджу на аднагодкаў маіх хлопчыкаў і нічога больш не бачу праз слёзы — як туманам усё зацягнута.— На вачах Казіміраўны нагарнуліся слёзы, буйныя і ядраныя, што тая раса на ранішніх прырэчных травах.

— Вунь яны ходзяць, коса пазіраюць, смяюцца з алкаголікаў,— гэта Казіміраўна пра прахожых,— а не ведаюць аднаго: гора кідае чалавека ў гэтую багну. Адныя, хто мацнейшы духам,— выбіраюцца, а другія па макаўку застраюць. Ніхто са шчаслівых піць не будзе. Гэта кажу я табе, хлопчык. Глядзі, глядзі, вунь Манька ідзе,— захвалявалася Казіміраўна.— Трэба адагнаць гэтую сцерву, а то, калі прысядзе, усё высмакча за пяток мінут, як той насос усё роўна. Ты гыркні на яе. Мне ж няёмка, тады-сяды разам чарку бяром,— кабеціна крутнулася ў другі бок, але Манька, відаць, заўважыла яе. Абмінаючы людскія купкі, Манька шыбавала да Андрэя.

— Авой, гляджу, быццам нехта знаёмы. Аж то Казіміраўна прыладкавалася ўжо,— не вітаючыся, адным дыхам пратараторыла.— Зрання ў горле сушыць, так ужо сушыць, аж знемаглася. Хлопча, мо даў бы глыткі два сёрбнуць. У мяне дужа ж прыгожая дачка, дасць Бог і раднёю будзем. Ці праўду я кажу, Казіміраўна?

— Во ўжо ў каго язык, што той вятрак.— раздражнёна буркнула Казіміраўна.— Ад цябе нідзе не схавацца, паўсюль выгледзіш сваімі тэлескопамі. I так у саміх ледзь на дне засталося. Табе тут і на паўглытка не будзе.

Андрэй моўчкі ўзяў з зямлі слоік і падаў новай знаёмай. Казіміраўна незадаволена хмыкнула і яшчэ больш адвярнулася ад Манькі.

— Няхай п'е, я яшчэ вазьму,— каб неяк супакоіць жанчын і не даць успыхнуць сварцы, прагаварыў Андрэй.

— Добры ты хлопец, ой добры,— залепятала Манька, схапіўшы слоік,— сення я цябе звяду з Люськай, донькай сваёю. Бачу я, што ты пры грашах, то яна табе спадабаецца. Люсьцы маёй пятнаццаты гадок пайшоў. Дзеўка — што тая малініна. Нацешыцеся, ой добра нацешыцеся. Яна ж такая ласкавая, такая ўвішная, яна…

— Ды пі ты ўжо, лярва,— перабіла Маньку Казіміраўна,— у цябе адно ў галаве: абы хутчэй пад каго дачку падкласці. Я б цябе разадрала за гэтае, як жабіну.

— Ты цішэй, Казіміраўна, цішэй. А то равеш на ўсю вуліцу, што тая галодная карова ў стойле. Люська ж мая, і я дабра ёй хачу…

— Якога дабра, Манька? — перабіла Казіміраўна сяброўку.— Ты ж на ёй зарабляеш і на агурок, і на чарку. Зробіш з дачкі такую ж, як і сама, б…

— Ну, Казіміраўна, гэта ўжо не табе судзіць. Ты лепш скажы, як цяпер пражыць, каб з голаду не здохнуць, каб не свяціць голымі лыткамі, га?

— Людзі ж вунь жывуць і неяк дзяцей берагуць, не падстаўляюць іх кожнаму, з чыёй кішэні рубель тырчыць.

— Канечне, табе лёгка гаварыць ета. Ты адна і век пражыла свой, а мне таго-сяго яшчэ хочацца. А Люська мая ўжо ладная, няхай і яна капейчыну ў хату нясе. Што ні робіць — усё на маіх вачах, а не так, як той-сёй у падвалах ды завуголлях. Вось скажы: ці дрэнна тое, што я хлопца