Незламаная свечка [Анатоль Казлоў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Анатоль КАЗЛОЎ


Незламаная свечка


I ў небе, і ў зямлі схавана больш,

чым сніцца вашай філасофіі…


У. Шэкспір, словы Гамлета


I

Пачынаўся сакавік. Нягегла-хлюпкі месяц з шаравата-белай размазнёй-кашыцай талага снегу. Ён распаўзаўся пад нагамі, коламі трактароў і машын, разлятаўся рэдзенькімі струменямі на прыдарожныя платы, брамы, сцены блізкіх хат. Вышэйшым стала неба над вёскай, і хмары так ужо не чапляліся сваім разбэрсаным касмыллем за вершаліны недалёкага лесу. Настойлівей і шчадрэй прадзіралася праз воўну хмар сонца. Яно лашчыла, адагравала ранніх шпакоў на яблынях і грушах смалякоўскага саду. Таго саду, што пасадзіў яшчэ прадзед Сяргея Смаляка, пасадзіў пры бытнасці старога князя Дзмітрыя Крапоткіна.

Па ўсім бачылася, што вясна будзе ранняя: паласкаліся, вымываліся ў ручаінах талага снегу сініцы, неўгамонна, паполуднях, чвыркаталі вераб’і на электрычным дроце слупоў. Вербалоззе збоч канаў і меліярацыйных каналаў павыпускала на божы свет пульхныя коцікі. Дакранешся да іх рукою, і пальцы, далонь улоўліваюць ледзь адчувальную цеплыню. Яна расплываецца па ўсім целе, ахутвае змарожаную зімой душу воблакам майскіх водараў ад чаромхі і бэзу, квецені яблыняў, груш і вішань.

Вясна будзе ранняя. Гаварылі пра гэта і старажылы вёскі Шышкаўка.

Марфа Смаляк сядзела за кроснамі. Яна прыжмурвала падслепаватыя ўжо вочы, стукала раз-пораз бёрдам і няспешкі прадзявала пад ніткі ладнаватыя клубкі каляровых стужак. Ткала Марфа на падлогу палавікі.

«Ат, няхай сварацца на мяне Галя з С’яргеем, няхай бунтуюць супраць кроснаў — кожную зіму так бывае. Але ж куды ні кінь вокам — паўсюль па хаце мае палавічкі ляжаць, і ложак свой прыбіраю я посцілкамі, што выткала. Яно ўсё вечнае, не тое што ў краме купленае».

Марфа шчасліва ўсміхалася сама сабе, усміхалася думкам і вясне за акном. Праз шыбіны сонца сляпіла старую, і яна адсоўвалася ад яркага святла за аконную прыталку, яшчэ больш прыжмурвала вочы. I нарэшце, калі Марфе зусім надакучыла гульня ў хованкі з сонцам, яна вылезла з-за кроснаў і шчыльна захінула на акне фіранку.

«Во так лепей будзе. Зенкі зусім дрэнна бачаць, а тут яшчэ сонца даймае, што тыя авадні ў летнім полі. Цікавыя мы людзі — няма сонца, то хочам яго, а як толькі крышачку дапяло — хаваемся».

Марфа зноў села за кросны. «Нешта доўга нямашака Галі з работы. Павінна ўжо на абед прыйсці. Хоць бы перахапіла капусты гарачай ды дранікаў з’ела. Уранні пабегла, толькі малака глытнуўшы. Загубіць яе калгасная работа. Галя хоць і не дачка, а ўсяго нявестка, але дрэннага слова няма за што плявузгнуць на яе. I чаго я, дурніца, была некалі супраць Сяргеевага вяселля з ёю. Сын малайчына, наравісты. А калі б паслухаўся мяне, то і ўпусцілі б Галю. Шмат кабялюгаў абходжвала яе. Добра, ай добра, што сын не паслухаўся старой кашолкі». Марфа зноў усміхнулася думкам, выцерла пальцамі слязіну ў кутку вока, якую выціснулі промні сонца. «I чаго гэта я сёння так усхваляю Галю? Яшчэ ж маці мая казала, што блізкіх і родных сваіх трэба любіць і шкадаваць так, каб яны гэтага не ведалі. А цяперака ж усё наадварот — падсобіць мала хто хоча, а слоў мяккіх нагаварыць могуць з рэзьвіны. Сяргея свайго ніколі я не лашчыла, хоць і рос без бацькі. Затое цяпер ён у мяне самастойны, людзі да яго прыслухоўваюцца, і гарэлкай не вельмі балуецца, не глядзіць на белы свет праз рыльца пляшкі. Вось толькі шкода, што сёння не паслухаўся ні мяне, ні Галі — павалокся Перунову лес на хату валіць. Ужо так яго ўпрошвалі, каб не ішоў, але ж не паслухаўся. Няхай бы гэты выхадны, калі за рулем машыны не сядзіць, дома пабыў, сухія галіны з яблынь ды груш пазразаў, сцягнуў з агарода. Не, не паслухаўся… Мо ён гарэлкі захацеў? — Марфа задумалася, уздыхнуўшы, паправіла складкі спадніцы на каленях.— Хто цяперака ў гэтых мужчынах разбярэцца. Некаторыя на людзях не п'юць, другія дома ў чарку не глядзяць, а за вуглом праз зубы цэдзяць. Божы свет з ног на галаву стаў, і рады ніхто не дасць. Вусцішна нешта на душы, як усё роўна ў Спаса перад навальніцай. Нешта гняцець і цісне маё сэрца, выкручвае яго, як вымаклую палатняную анучу. Хоць бы хутчэй Галя з работы прыйшла ці дзеці са школы прыбеглі. Сяргей, відаць, да вечара ў лесе будзе, толькі ўпацёмку дамоў з’явіцца. На якую трасцу ён пайшоў з гэтым Перуновым? Падсобіць яму захацелася. Ну і што, калі за Перуновым Галіна сястра? Няхай бы людзей ён наняў, гуртам і навалілі б яму соснаў на новую хату. Не, не, Марфа, мала ты сцёгала сына аброццю. Часцей нада было, каб аж прылягала да цела. Цяперака быў бы лацвейшы, лагоднейшы. I да матчынага слова прыслухоўваўся б. Не дурныя ж людзі казалі, што выхоўвай дзяцей не тады, калі яны ўдоўж лаўкі ляжаць, а тады, калі ўпоперак… Калі ўжо хто-небудзь дамоў прыйдзе? Быццам усіх папрывязвалі дзе. Іншым разам яшчэ да полудня дзеці са школы прыбягалі, Галя з работы. А сёння хоць галасі. I Антон, бэйбус гэтакі, у лясную школу, відаць, пайшоў. Хлопцы-пераросткі падгавораць малое ды дурнаватае, ён і гатовы. Замест школы па кустах шлындаюць ды па ўляжалых стагах саломы мышэй ганяюць. Трэба ўвесці Сяргею ў вушы, каб пасварыўся, прыструніў нябогу. Толькі на карысць дзіцёнку будзе».

Марфе больш не ткалася. Старая тэпала ў самаробных бурках з кута ў кут. Спрабавала выцягнуць чыгункі са стравамі з печы, але так і не наважылася. Паставіла засланку на загнет.

«Пачакаю, калі ўсе збяруцца, тады і паямо. Адной кавалак у горла не палезе. Калі памаркі гадамі не адбіла яшчэ, то, здаецца, свёкар казаў, пухам яму зямля, пакутніку: адзін з’еш хоць і вала, то аднолькава хвала, а калі з усімі хлеба. то ўхваліць цябе і неба… Ох, гады, гады, скачуць яны, што тыя коні-стаеннікі. Здаецца, ці даўно ў дзеўках была, на вячоркі бегала, жыта сярпом жала ды песні так заводзіла, аж лес наўкола шумеў, а во знасілася, перагарэла. Калі азірнуцца — за плячыма нічагусенькі добрага не ўбачыш. Салёны пот там ды слёзы, гора ды шкадоба. А ў каго з маіх пагодак было нешта лепшае? Было, Марфа, было. Няма чаго душой крывіць. Ці раўня ты Петрачысе, даўнейшай жонцы брыгадзіра. Ці раўня тым, хто за мужыкамі да старасці дажыў. Вось так яно, старая ты кашолка. Цяперака і табе лягчэй за сынам ды нявесткай, так што не гняві Бога». Смалячыха пачула, як, надрыўна гыркнуўшы каля іх двара, заглох трактар. Старая, абмінуўшы кросны, хуценька падышла да другога акна, якое выходзіла на падворак. і прыціснулася лбом да падвойнай шыбіны.

«Хто гэта там будзе? Мо Галю з работы падвязлі? Але чаго трактар заглох? Яны высадзілі б яе і паехалі далей. Нябачна нічагусенькі з-за варот. Во ўжо зрабіў Сяргей, толькі птушцы пераляцець».

Праз нейкую хвіліну напята расчынілася ўваходная фортка, і ў яе няўпэўненым крокам прайшоў Пракопаў Санька, сусед Смалякоў. Зрабіўшы пару крокаў, ён спыніўся, агледзеўся, пяцярнёй глыбей падаткнуў валасы над шапку, затаптаўся на месцы.

«Чаго ён там, як певень каля курыцы, з нагі на нагу пераскоквае? Зайшоў у двор. дык ідзі і ў хату. Неўхалюдзіца гэты Санька. Мужыку пад сорак, а ён халасцякуе ды са смаркачамі дружбуецца. Быць яму і да пенсіі Санькам, векавым падлеткам. Стварыў Бог цуда і сам з-за вугла дзівіцца. Ну глядзіце вы на яго, людцы добрыя. Ці не нарабіў ён у штаны тамака, то і баіцца крок ступіць, каб не ўпусціць».

Марфа не вытрымала, саўганула буркі ў велікаватыя для яе нагі галёшы, ускінула на плечы хустку і выйшла ў сенцы.

Пасля светлага пакоя тут густа вісеў паўзмрок. Вясенняе сонца яшчэ не заглядвала сюды праз адзінае нізкае акенца. Яшчэ не пара. Вось улетку, у другой палове дня, сонца вылашчыць і прагрэе гнёткія дубовыя масніцы. Яны са старой хаты, а зносу ўсё няма.

Марфа адчыніла другія дзверы і апынулася на ганку… Санька стаяў на тым жа месцы. Убачыўшы старую Смалячыху, ён зрабіўся бялей выбеленага палатна, шчокі перасмыкнула, быццам хацеў засмяяцца. Ад гэтага скрывіла рот, а на лбе скура сабралася ў гармоніку.

— Чаго й та ты, сусед, у хату не ідзеш, як быццам прыкіпеў да зямлі? — не спускаючыся з ганка, запыталася Марфа.— Глядзела я ў акно, глядзела, чакала цябе ў хаце, чакала, а ты, як квактуха на яйках, — ані з месца.

Санька парываўся штосьці сказаць і не мог. Ён мыкаў нешта незразумелае сабе пад нос ды нязграбна лапаў па баках рукамі.

«Божухны мае, што гэта з ім? Чаго хлопец як нямко стаў? Мо пашаптацца прыйшоў, а цяпер саромеецца. То ці ўпершыню ж я цябе адшэптвала-лячыла, нядайдзіца ты няшчасная». Марфа спусцілася з ганка на прыступку.

— Хадзем, Санечка, у хату. Тамака і пагамонім. Раскажаш мне, што здарылася, ад чаго ты як абвараны. Пайшлі, пайшлі ў хату.

— Не, цётка, не,— нарэшце вырвалася ў яго з горла.

— Чаго ты, Санечка, баішся,— незразумела ад чаго, у Марфы задрыжэў голас.

«Ой, Божа найвышні, нешта нядобрае стукаецца ў дзверы нашай хаты. Чаму так затрапятала маё сэрца ў грудзях, чаму павалока засцілае вочы? Божа мой літасцівы, не выракайся нас. Якія выпрабаванні пасылаеш мне ты на старасць». Смалячыха абаперлася плячом на сцяну.

— Не пужай так, Санечка, старую. Кажы, што маеш, і ідзі з Богам. Добраму чалавеку з добрымі людзьмі быць.

— Цётка, ты прысядзь, прысядзь, цётачка. Я зараз табе скажу, усё скажу,— заўсёды грубы Санькаў голас цяпер быў танклява-лагодным. Падавалася, што ён угаворвае прысесці малое дзіця.

Марфа, не разумеючы чаму, але прысела на прыступку ганка, склала на вострых каленях парэпаныя, заўсёды ў трэшчынах, рукі.

Сонца свяціла ярка, прагавіта. 3 пагорка ад варот, з-за плота, каціліся, беглі вясёлыя ручаінкі талай вады. Яны зліваліся каля ганка ў пракапаную траншэйку і гулліва хаваліся за дрывотняй, затым шырокім языком выплёскваліся на агарод. Санька падышоў да Марфы бліжэй. Яна не зводзіла з яго позірку. Вочы старой нібы прыклеіліся да твару хлопца. Марфа адчувала, як паўз нос на яе маршчыністых шчоках коцяцца, нібы ручаінкі талага снегу па дварэ, слёзы.

«Адкуль яны? Чаму і навошта? Па кім я плачу?.. Сяргей… Сяргейка… Сыночак мой, адзіны, любы мой».

— Сяргей! Сяргейка мой! — вырвалася, выпырхнула з грудзей у Марфы.— Што з ім, Санечка?! Што з Сяргеем? Кажы мне, Санечка, кажы! — Затрэсліся плечы ў Смалячыхі, спаўзла на ніжнія мокрыя прыступкі хустка. Махрасты яе ражок запаланіла ручаіна.

— Няма, цётка Марфа, Сяргея. Няма ўжо.

І трэснула, разламілася над галавой у Марфы вясенне-сонечнае, глыбокае неба.


II

Жанчыны з Шышкаўкі гуртком стаялі каля дзвярэй калгаснай канторы. Паўгадзіны мінула, як сабраліся яны тут, а машыны не было, некаму развезці іх на полудзень па хатах. Церабілі кабеты і старшыню, выгаворвалі, дапякалі, а той адно ведае — рукамі разводзіць.

Куды падзеўся Валодзька Перагуд, шафёр з Шышкаўкі. аднаму ветру вядома.

— Саграшыў сёння Валодзька ноччу са сваёй Ірэнай, дык і заграз недзе ў лужыне. Да вечара чакаць мусім,— з усмешкай прамовіла Таццяна Вароніна, стрыечная сястра Галі Смаляк.— Ім, маладзейшым, абы сцямнела, то яны і гойсаюць на пасцелях ужо, мякчацца ў любошчах.

— Табе, Таццяна, адно ў галаве. Як той галоднай куме,— невядома па якой прычыне агрызнулася Дуняша Філіна.— Ці твой мужык зусім абяссілеў, а мо і сама ялаўкай становішся.

— Якая не ялаўка, а траіх дзяцей нарадзіла,— спакойна адказала Вароніна Дуняшы. Не любіла яна сварак ды звадак, але не стрымалася, дадала: — Вы ж са сваім дарагім і аднаго не выкачалі і не выняньчылі.

— А на якую халеру яны нам, калыглуззе бяспутнае. Без іх даўжэй паспіш і смачней з’ясі,— парыравала Філіна.— Дай Бог дзяцей, ды ў іх толк. Твае ж галапузыя паўсюль дападуць, у любую шчыліну ўлезуць. Адны клопаты ад іх у вёсцы.

Таццяна наважвалася нешта адказаць, але Галя Смаляк шмарганула яе за рукаў і адвяла ўбок.

— Маўчы ты, сястра,— зашаптала Галя,— з ёй толькі зачапіся. Яна такімі памыямі абалье, што тыдзень не прадыхнеш. Лепей ужо змоўчаць. Я табе лепш навіну пра Дуняшу раскажу.— Галя спадцішка зірнула на гурток жанчын, ці не падслухоўваюць.— То во, слухай. Свякроўка мая недзе прачула, што сустракаюцца тайком Дуняша з Міцюком. брыгадзірам нашанскім. Вечарам бярэць яна посцілку, быццам сена ўкрасці для сваёй каровы з гумна калгаснага, а Міцёк ужо там чакае яе. Яны гадзінку-другую і круцяцца ў сене. Ты маўчы ўжо, сястрыца, але калі зноў зачэпіць цябе, то між слоў можаш уставіць і гумно з Міцюком. А так маўчы, не ўлазь у сварку.

— А я і не чула. трэба ж гтак. Але ці даўно яны круцяцца, га?

— Хто іх ведае. Толькі ж бачыш сама — людзі дагледзелі, хутка і мужыку ейнаму данясуць. Будзе канцэрт для Шышкаўкі не на адну нядзельку.

Сёстры перасміхнуліся і падышлі да астатняй купкі жанчын. Тыя гаварылі пра гумавыя блішчастыя боты, якія абяцаў шышкаўскі крамнік прывезці да сярэдзіны месяца. Дуняша Філіна падазрона зіркнула спадылба на павесялелых сясцёр.

Раптам ні з таго ні з сяго кальнула ў грудзях у Галі Смаляк. Здавалася, нехта нябачны падсунуў жанчыне пад сэрца халодны востры цвік, які няспешкі, але настойліва паглыбляецца, зарываецца ў трапяткое цела. Пачалі дранцвець ногі і рукі, на лбе заблішчэў дробнай расой пот, а цела схаладнела. Падалося, што яе толькі-толькі выцягнулі з ледзяной паняўкі. Праз нейкае імгненне Галю кіданула ў жар. Яна абводзіла вачыма гаманлівых жанчын і дзівілася: няўжо яны не бачаць. Ад яе цела павінен зараз валам валіць густы пар, ну проста як ад загнанай на марозе кабылы.

— Казаў, што прывязець усіх памераў боты…

— … трыццаць восьмы і сорак другі будуць…

— …не ў Чысты чацвер, а ў Вербную нядзелю…

— …Ластаўка з вераб’ём ніколі не ўжывецца…

Галя слухала і не чула жанчын. Абрыўкі фраз міжволі праляталі праз вушы, не застаючыся ў галаве.

— Бабы, гляньцека, як на вясеннім сонцы падмерзла Смалячыха,— рагатнула Дуняша, зірнуўшы на Галю.— Стаіць збляднелая, быццам з малака выцягнулі.

— Столькі чакаўшы, не толькі збляднееш, але і збледзянееш,— кпліва пажартаваў нехта з жанчын.

Але тым не менш усе ўтаропіліся ў Галю.

— Сястрыца, што з табою? — першай падскочыла і падхапіла пад руку абмяклую жанчыну Таццяна Вароніна.

— Сэрца нейкая хвароба хапіла. На душы задужа турботна,— праз сілу паспрабавала ўсміхнуцца Галя.— Дамоў закарцела мне, спасу няма. Хочацца ўсё кінуць і бегма бегчы. Мо нешта здарылася з дзецьмі ці свякроўкай? Давай не будзем чакаць, Таццяначка, пайшлі пешшу. Калі б не чакалі, адразу выправіліся ў дарогу, то і дома былі б ужо.

— Ашалела ты, Смалячыха. У цябе ўсё як не ў людзей. Ногі біць ды выкручваць на калдобінах збіраецца. Няхай яно ўсё спрахне, а я не пайду.— Дуняша сплюнула збоч гурту кабет.— I што з тваімі дзецьмі здарыцца? Яны ж у школе кніжкі грызуць. Ну а пра Марфу гамонка пустая. Яе можна яшчэ ў розвальні ўпрагаць — зносу нямашака. Яшчэ з паўвека будзе свякроўка твая варажыць, нагаворы ды адгаворы шаптаць. Такія па-простаму Богу душу не аддаюць. Яны…

— Сціхні ты, сцярвоза! — цыкнуў нехта на Дуняшу.— Тваім языком толькі скавараду падмазваць, ні адзін блін не прыліпне.

— Падышы глыбей, сястрыца. Пайшлі прысядзеш на верандзе ў канторы,— раіла Таццяна.— I са мною так бывае. Выкінь дурныя думкі з галавы.

— Мне ўжо лепей,— выдыхнула Галя,— пайшлі і праўда пасядзім. Ногі занямелі, ледзь стаю.

Галя з Таццянай зайшлі ў зашклёную веранду канторы, селі на вузкаватую лаўку паўз дзверы.

— Не ведаю, што і здарылася,— жалілася Галя сястры,— як віхор нейкі нагнаў на мяне сполах і хваляванне, боязь за сям'ю. Быццам усе дома спяць, а хата агнём ахоплена. I дзеці тамака, і свякроўка, і Сяргей. Я кідаюся разбудзіць іх, толькі ж мяне не пускаюць нейкія вялізныя пачвары. Навіслі яны на ўсё цела маё і трымаюць, каб я глядзела. Крыкнуць нараўлюся — голас адабраны. Брус на столі дагарэў, і пасыпаліся дошкі на Сяргея, накрыла полымя яго — ні рук, ні ног не бачна… I да чаго б усё гэта? Я ж стаяла, гаманіла з вамі і нечакана як у прорву шуснула ці на каліўка задрамала. Ой, Танечка, няспросту ўсё гэта. Хутчэй бы дамоў, свякроўцы перакажу. Хто-хто, а яна разгадае, раду мне дасць. Хоць бы з дзецьмі ўсё ладна сталася, каб не ўлезлі куды. Антон жа шылахвостам расце, наўсюль нос уткнуць так і хоча. Валя з Нінкай не такія, дзеўкі спакайнейшыя.

— Ды ўжо ж, сястрыца, на маіх малых раскепах,— так я ў гневе дочак сваіх заву,— скура курчыцца. Што я з імі рабіць мушу, калі цыцкі паадскокваюць, на хлопцаў глядзець пачнуць? Не дай Божа, каб прынеслі кугакавак у падолах. Во тады ўжо вочы ад зямлі не падымеш, на людзей не зірнеш. Адно матцы — за шаўковы шнурок ды на бэльку. Раз прапала кароўка, то прападай і вяроўка. Здаецца, так гаворыць цётка Марфа.

— Таццянка, навошта нагаворваць табе на бязвінных дзяцей. Харошыя ў цябе дочкі, усім такіх бы.

— Харошыя ці не, а ўжо не выкінеш. Хоць гідленькія, затое свае.

Сёстры скупа ўсміхнуліся адна адной, хвіліну памаўчалі.

— Ну ці адпусціла нутро тваё? — папыталася Таццяна.

— Лягчэй быццам стала. Адно сэрца ніяк не ўтаймуецца, грукоча, як молат у кузніцы, глядзі, што і рэбры праломіць.

— А можа, ты, Галь, зацяжарала ды не прызнаешся? Яно ж так: дзе трое, там і чацвёртаму месца знойдзецца. Народзіш, кумой буду. Твая ж ранейшая кума з’ехала з маладым лётчыкам. Цяперака рыбку красненькую есць ды ў столь паплёўвае.

— Ой, Таццянка, не смяшы людзей і самую ў чырвань не ўганяй. Маё радзіла пайшло чорту на кадзіла. Хоць бы гэтых як выкачаць ды выхадзіць. Цяпер кволыя дзеці, не тое, што раней мы былі. На гнілой бульбе, на ташноціках, голыя, босыя, а выжылі. Сваіх спінагрызаў напладзілі.

Сёстры прымоўклі. Каля канторы спыніўся грактар з прычэпам, з кабіны выскачыў Пракопчыкаў Санька. Жанчыны загалёкалі, загаманілі, ускінуліся на маладзёна — маўляў, якой трасцы ён па іх прыехаў, а не шафёр Валодзька. Санька прыцішана нешта сказаў языкатым кабетам, усе змоўклі і ўтаропілі позіркі на веранду, дзе ўсё яшчэ сядзелі Галя з Таццянай. Хвілінку пастаяўшы, вяскоўцы разам пасунуліся да веранды. Галя з Таццянай усхапіліся на ногі. Санька першы пераступіў парог адчыненых дзвярэй, за яго спінай тоўпіліся, выглядалі жанчыны. Хлопец памуляў губамі, аблізаў іх, пасля нязграбна цярнуў рот рукою.

— Ведаеш, Галь,— Санька цмокнуў языком,— Сяргея ў лесе дрэвам, таго, ну… значыць, забіла яго дрэвам. Проста ў галаву і адразу, таго… ну, напавал. Так сказаў Іван Перуноў. Ён на брыгадны двор прыбягаў… Яны ж недалёка ад Шышкаўкі лес валілі. Валодзька павёз на машыне Сяргея ў Маластоўку, у бальніцу, значыцца… А там у лесе ўжо ўчастковы і Іван Перуноў з ім тамака… Глядзяць, як забіла твайго мужыка.

Жанчыны зашморгалі насамі, пачалі выціраць слёзы ражкамі хустак, загаласіла Таццяна Вароніна. Галя ж стаяла, як каменны манумент, адно — завастрыўся падбародак і, здаецца, падаўжэў твар.


ІІІ

На палях, паўз кустоўе, на раз’езджаных дарогах і агародах снег раставаў ледзь не на вачах, а вось у лесе ён ляжаў яшчэ тоўстым наздраватым покрывам. Смалістыя, гонкія, як не мачтавыя, сасонкі засяроджана ўзіраліся ў трох чалавек з сякерамі і пілой. Людзі ішлі па цаліку, няспешна перастаўляючы ногі. Навошта спяшацца? Дзень вялікі, намахаюцца яшчэ сякерамі, пацягаюць напоўніцу пілу. Сіла і спрыт будуць да месца каля адведзенай лесніком дзялянкі.

Сяргей Смаляк з Іванам Перуновым ідуць плячом да пляча, пыхкаюць «беламорынамі», раз-пораз перакідваюцца словам. За імі, па пратаптаных слядах, крочыць дзесяцікласнік Лёнік, Івана Перунова сын.

«Два тыдні не праглядваў дзённік Антона. Трэба неяк вечарам пагартаць. Не любіць сын матэматыку. Тры-два, два-тры — на большае не выплывае. Нічога, як-небудзь восем класаў адолее, а там завязу да дваюраднага брата, няхай вучыцца на бульдазерыста. Кажуць — нядрэнныя грошы ім плоцяць. Капейчына, заробленая сваім мазалём, даражэйшая за знойдзеную». Сяргей апошні раз зацягнуўся «беламорынай» і кінуў у снег.

— Я вось што думаю, Сярожка,— звярнуўся Іван да Смаляка. — Сёння дужа перасільвацца не будзем, колькі звалім — няважна. Мы ж у разведку пайшлі. На другія выхадныя мужчын клікну — хутка і лёгка ўправімся. Ты паглядзі толькі, дружа, які сасоннік. Любата адна. 3 кожнага дрзва будзе па два, а мо і болей, бервяны… Калі шчыра гаварыць, Сярожка, то ўстыла жыць у старой халупе. Крыша цячэць. Дождж толькі пырсне, ад столі і закапала. Каця вёдры ды начоўкі ставіць. Зімой жа з падлогі дзьме. Босай нагой не станеш. А чаго ты хочаш? Хата без фундаменту, як ні абсыпай ніжнія вянцы зямлёй, як ні майструй прызбы, а вецер праціскаецца.

Сяргей моўчкі слухаў. Ведаў, што Івану сапраўды цяжка. Хата старая, дзяцей поўная печ. Гэта ж адзінаццаць штук настругаў, хоць сам Перуноў з выгляду хліпкі, недалужны. Адным словам — нішчымны.

«От ужо бабскія языкі. I прыдумалі ж Івану мянушку. Нішчымны, і ўсё тут. А якая яму задабра трэба?» Сяргей усміхнуўся.

— Чаго ты лыбішся? Мо які анекдот прыгадаў, га?

— Я падумаў, Іван, як ты будзеш у сельсавеце сакратара ўгаворваць ды ўламваць, каб дазволіў табе ў Шышкаўцы хату паставіць, а не ў Зелянях. Ты ж чуў, што новыя законы ўвялі — не забудоўваць маленькія, як яны кажуць, неперспектыўныя, вёскі, а пашыраць цэнтральныя. Во і пашыры Зеляні на яшчэ адно дворышча.

— Моркаўку ім бычыную пад паху, законнікам. Пастаўлю хату там, дзе захачу.

— Аштрафуюць, Іван.

— Не бойся, дружа, прарвемся. Пяць гадоў вайны адкайлаваў, генералаў ды палкоўнікаў не баяўся, а нейкага недапеку сакратара і падаўней. Не сагнаць ім мяне з Шышкаўкі. Тут жа, куды ні зірні, паўсюль радня і мая, і Каціна. Глядзіш — там сват, той брат. Не, я з Шышкаўкі ні нагой. Лёнік, ты яшчэ там не заснуў? Нешта пляцешся, сын, за спінамі як спутаны. Такія нам работнікі не трэба.

— А я і не набіваюся,— буркнуў у адказ бацьку Лёнік.

— Навошта я паслухаўся цябе, Сяргей? Няхай бы Каця паставіла ў торбу з харчам пляшку самагонкі. Перакусілі б і каўтанулі на адной. А ты ўсё роўна як навабранец-першагодка — рукамі замахаў.

— Не хочацца мне сёння піць, настрою нямашака, ды і работа сур’ёзная. 3 лесам не жартуюць.

— Чаго баяцца лесу? Мы ж выраслі ў ім. За свае гады не адну дзялянку выразалі.

— Я так сказаў, да слова.

«Калода пчол ляснулася за зіму. Увосень і падкарміў добра, на зіму абставіў, уцяпліў, а бачыш ты, не выжылі. Міожа, клешч секануў. Сільная была сям’я. Як пачнуць раіцца чатыры астатніх сям’і, трэба не ўпусціць. Для маткі вясёлы занятак. Яна ўпільнуе. I чаго ёй загарэлася толькі сёння дагледзець і абрэзаць сухое голле ў садзе? Ці дня другога не будзе? Старыя, як малыя. Ледзь не пасварыліся з-за дробязі… Як адмовіў бы я Івану? Бабы ёсць бабы — у іх свая палітыка. Не разумеюць, што і мне калі-небудзь помач ягоная спатрэбіцца. Аднымі рукамі ўсё не ахопіш і не здолееш… Галя ўранні хадзіла як у ваду апушчаная. Словы праз зубы цадзіла. I чым ужо не ўгадзіў? Трэба гайкі падкруціць, а то слабінку адчулі, распусціліся ўсе ў сям'і. Як быццам і не ўказ я ім, а так сабе — старонні дзядзька…»

— Лёнік, ты ўжо дзевак за каленкі мацаеш, га? — Сяргей азірнуўся на хлопца.

— Перашчупаў усіх у Шышкаўцы,— адказаў замест сына Іван.— Яму і кніжкі, і школу замяніла Люба Міхееўская. Казаў жа яму — на халеру табе дзесяць класаў, хапіла б і васьмі. Больш за трактарыста яму не быць. Сам жа, Сярожка, ведаеш: вучэнне свет, а невучэнне — ледзь свет і на работу. Не слухаюцца цяпер дзеці нас. У маю бытнасць бацькава слова законам было. А цяпер,— Іван Перуноў адно махнуў рукою.

Лёнік моўчкі слухаў гамонку мужчын. «Што з іх возьмеш, — думалася яму.— Бацька стары пень ужо, толькі засталося кехкаць на печы. Ну а дзядзька Сяргей яшчэ мацак. Неўдарма ж пагаворваюць у вёсцы, што часцяком пад чаркай заглядвае да Каменскай Машуткі. I цётка Галя, відаць, здагадваецца. Калі ў вёсцы пагалоска пайшла, то ўжо не прамінуць дабрадзеі на вуха шапнуць каму трэба і не трэба. Я з Любай тайком спатыкаюся, а бацька ведае, ды і ці адзін толькі бацька. Ну і няхай. Школу скончу, а летам і пажэнімся. Хоць не, лепш восенню. Стол багацейшы будзе. А за лета, можа, і новую хату паставім. Няхай смяюцца, я бацьку яшчэ абрадую».

Лесарубы прайшлі паўз балацявіну, зарослую маладым асіннікам ды бярэзнікам. Некаторыя пруткі асінак за зіму абгрызлі зайцы. I цяпер дрэўцы нагадвалі залапленыя кіёчкі з пакручастымі, неабрэзанымі галінкамі на ніцых вершалінках.

— Ты машыну на рамонт ставіць не збіраешся? Гаварыў жа, што матор стукае.

— Пакуль не. Трохі бегае, і ладна. Запчастак у раёне днём са свечкай не знойдзеш. Няхай думае начальства. Абрыдла за калхозную машыну пляшкі ставіць ды самому кожную драбніцу шукаць.

— Ну і правільна. Вясной транспарт пад рукамі штодня трэба,— падсумаваў гамонку Іван.

«Чаго ж Галя сёння ранкам была такой негаманкою, скупой на кожнае слова? — зноў узбіўся на свае думкі Сяргей.— Можа, якая шэльма каля калодзежа данесла ёй. што ў панядзелак заязджаў да Машуткі? Бабам толькі дай зачэпку языкамі памянціць. Без граху грэшным зробяць. Такі ўжо народ яны. бабы. Не дай Бог, калі ўдавіцы ці халасцячцы паможаш дровы прывезці альбо другую трасцу, то і паляціць пагалоска, зашуміць ад хаты да хаты. Але ж спрадвеку гавораць, што калі душа часнаку не ела, то і пахнуць не будзе. Хоць папраўдзе, шкода адзіночак. Усё на іхніх плячах ляжыць. Такую і прыгалубіць, аблашчыць не грэх. А Машутка ласкавая, увішная кабеціна. Шкода: не шанцуе ёй у жыцці. Толькі ж я Галю сваю і на сотню Машутак не прамяняў бы. Цікавае яно, бабскае племя, увесь час, колькі жывём разам, думаў, што жонка не раўнівая, а яна сёння і надзьмулася. Можа, і па нейкай іншай прычыне. Трэба вечарам больш дзвюх, трох чарак не піць у Івана, а лепш пагаварыць з Галяй ды ўведаць пра ўсё».

— Вось і наш квадрат,— спыніўся Іван каля новага абчасанага слупка з чорнымі лічбамі.— Тут ляснік адмеціны на дрэвах адбіваў. Нічога лес, смалісты, удружыў чалавек па-брацку. На пянёк не адну пляшку яму пастаўлю.

Старэйшы Перуноў зняў з плячэй ватоўку, кідануў яе на невялічкую разлапістую ялінку. За ім тое ж зрабілі і Сяргей з Лёнікам.

Сонца прыгравала, зрэдку ў маладняку цвінькалі сініцы, а няўлоўны вецер слабенька шапацеў у самых вершалінах стромкіх сасонак.

— Пачнем, мужыкі.— Іван абтаптаў снег вакол дрэва, плюнуў на далоні і некалькі разоў падсек першую сасонку на новую хату.— Мы з табой, Сярожка, будзем падразаць, а Лёнік няхай падпіхвае, каб не заціскала і клалася дрэва ў прамежкі між асгатніх.

— Няхай пакуль пастаіць. Ветру ж усё роўна няма. Лепш, як прытомімся, каго-небудзь з нас падменіць.

— Давай, дзядзька Сяргей, я з бацькам нарэжу, а пасля вы будзеце. Чаго мне стаяць як пню.

— Не спяшайся, хлопец, тваё ад цябе нікуды не ўцячэ. Наробішся яшчэ і тпру скажаш. Пакуль малады, то сілу беражы ў яйцах. Павер мне, сілачка яшчэ о-го-го як спатрэбіцца.— Сяргей ветла ўсміхнуўся, а Лёнік патупіў вочы ў стаптаныя кірзачы на нагах.

Добра наточаная піла ішла лёгка, без натугі. Пахла свежым смалістым пілавіннем і вясной.

Каля дзесятка сасонак ужо ляжала на прытаптаным шаравата-белым снезе. Сяргей з Іванам зразалі з пнёў дрэвы як бы гуляючы. Скупа жартавалі пра Дуняшу з Міцьком у гумне, не стараніліся салёных слоўцаў, хоць задужа імі і не кідаліся. Лёнік ад іх знаходзіўся далекавата: абсякаў галіны з сасонак, сцягваў іх у ладнаватыя кучы. Ён добра-такі ўпрэў, махаючы сякерай, і ў душы крыху злаваўся на мужчын. Не, каб хтосьці з іх пакайфаваў над паваленымі дрэвамі, падмяніў яго, а ён з радасцю пацягаў бы пілу. Відаць, ім лягчэй, калі смяюцца, а часта і рогатам прарываюцца, быццам жарабцы неаб’езджаныя. 3 сякерай ды голлем многа не насмяешся.

Час падыходзіў да полудня, калі чарговая падрэзаная сасонка зачапілася за вершаліну другой, што стаяла непадалёку.

Мужчыны клікнулі Лёніка і паспрабавалі спіхнуць дрэва. Але як ні штурхалі, яно не паддавалася.

— Халера з ім. Няхай стаіць. Як будзем вывалокваць хлысты на дарогу, тады трактарам і сцягнем гэта,— прамовіў Іван, выціраючы рукавом пінжака ўспацелы лоб.— А то, упіраючыся гэгак, і падарвацца нядоўга. Навошта мы пасля і бабам спатрэбімся. 3 дворышчаў на вуліцу павыганяюць, як дахадзяшчых сабак. Няхай вісіць праклятушчае палена. Можа, вецер як-небудзь пахопіцца, яно і спаўзець.

— Не па-гаспадарску гэта, сваячок,— упікнуў Перунова Сяргей.— Нічога цяжкага я тут не бачу. Трэба пайсці ды падсекчы дзеравіну, на якой вісіць наша. I ні з якім трактарам валтузіцца не будзеш. Калі сам лянуешся разоў некалькі махануць сякерай, то давай я пайду.

— Навошта яно табе? Завісла і няхай сабе вісіць, лепей пайшлі зрэжам другое, не будзем час цягнуць.

Сяргей нічога не адказаў на гэтыя словы. Ён узяў у Лёніка з рук сякеру і, не спяшаючыся, крыху перавальваючыся з нагі на нагу, пайшоў да танклявай сасонкі.

— Сяргей, кінь дурное. Няхай застаецца. Пайшлі другую зрэжам. І чаго заманулася табе валтузіцца з нядайдай завіслай? — крыкнуў услед Смаляку Іван.

«Цікавыя людзі, другім разам самі для сябе пальцам шалахнуць лянуюцца. Усё наравяць абы з рук спіхнуць. Пра каго-каго, а пра Івана і не падумаў бы так ніколі. Для сябе ж робіць».

Сяргей падышоў да сасонкі, замахнуўся, секануў раз, другі, яшчэ некалькі разоў, і дрэва затрашчала. Ён разагнуўся, ускінуў сякеру на плячо і нетаропка пайшоў да Перуновых, нават не пацікавіўся, як і куды ўпадуць дрэвы. Сяргей ішоў і ўсміхаўся. Ён зрабіў ужо чатыры, пяць крокаў, занёс нагу на шосты…

— Сяргей!!! — раскацістым громам узвіўся Іванаў голас над лесам.— Сяргей-й-й!!!


***

Смаляк азірнуўся…

…На яго, як страла, ляцела доўгая, таўшчынёй з руку, сухастоіна. Кара абсыпалася, і толькі каля куцых галін яна матлялася падранымі ашмёткамі. Калі Сяргей убачыў сухастоіну-стралу, яна была ад яго ў грох метрах… I затым усё спынілася. Сяргей застыў, як паралізаваны, на месцы, а сухастоіна-страла ціха-ціхенька, на-мурашынаму паўзе, ляціць на яго. Ён бачыць кожную фэшчынку, зазубрыну, кожную галінку, абрывак кары на дрыне-сухастоіне, якая прапаўзла-праляцела яшчэ некалькі сантыметраў. I ўсё гэта бясшумна, быццам у нямым кіно. I няма ніякай сілы, ніякай моцы, каб адхіснуцца, саступіць убок, прыгнуцца, уціснуцца ў снег. Зарыцца ў яго, схаваць галаву, засланіцца рукамі. Вочы не адпускаюць сухастоіну, яна наблізілася да Сяргея яшчэ на некалькі сантыметраў. Цяпер ён можа пералічыць кожную трэску на зломе. Іх цэлы пук, доўгіх, яршыстых, белавата-жоўтых. Яны ад ветру і палёту ўгінаюцца, як спружыны пад цяжкім грузам.

I лес, лес не шалахнецца. Толькі бяздоннае, глыбокае неба з рэдкімі аблачынамі над галавой. Сяргей іх не бачыць, але ўсім целам адчувае.

Вось сухастоіна-страла так блізка. што можна перахапіць яе рукою. Сціснуць пальцамі каля рванага, няроўнага злому, сціснуць, як гадзюку каля галавы, і адкінуць ад сябе найдалей. Толькі пасля выцерці, памыць рукі снегам. Вось гэтым наздравата-шэрым снегам.

«Ах, дзеткі мае родныя, Галя, любая маці мая… Засланіцца б, заступ паставіць… Выратуй і абарані, Божа… I чаму не застаўся дома сад агледзець, голле абрэзаць… Сіроты вы мае, усе сіроты…»


***

Іван і два разы вачыма не міргнуў, як сухастоіна ўрэзалася абламаным, няроўным канцом у скроню Сяргея Смаляка. Перуноў быццам апрытомнеў, кінуўся да Сяргея, які, здавалася, спатыкнуўся аб нябачны ў снезе пень. Ён асунуўся на калені і ўжо затым, бачком, нібы выбіраючы лацвейшае месца, выпрастаўся на снег. Усё навокал заліло чырванню. Іван, не ўсведамляючы, навошта і зачым гэта робіць, заціснуў далонню праламаную скроню сваяка. Толькі ж кроў струменямі-фантанчыкамі біла, вырывалася праз пальцы Перунова.

— Не дуры, Сяргейка, кінь балаўства такое, падымайся… Ты распарыўся, паляжыш на халодным, прастудзішся, будзе мне ў каршэнь ад баб тваіх. Падымайся… Ну чаго ты? Падымайся… Чуеш мяне... — Іван паспешліва шаптаў гэтыя словы, не адрываючы рукі ад галавы Смаляка. Крывавая лужына шырока расцяклася, і цяпер Перуноў стаяў каленямі ў чырвоным снежным месіве. Іван адчуў, як цяжка, са свісцячым надрывам уздыхнуў Сяргей і ледзь улоўна выдыхнуў. — Во, бачыш, табе зараз лягчэй стане, а то ўлёгся, як дома на цёплай пасцелі… Адпачнеш зараз каліўка, і ўсё добра будзе. А я ўжо спужаўся, сэрца ў грудзях не чую, і ў вачах мятлікі запырхалі.— Слёзы ў Івана няспынна каціліся па шчоках, паўз нос, падбародку і капалі шчодрым, чысцюткім бярозавікам на акрываўленую, бездыханную галаву Сяргея.— Лёнік, чаго стаіш там як укапаны, бяжы да мяне, Сяргею паможаш падняцца! — крыкнуў Перуноў сыну, які нерухома стаяў воддаль, прытуліўшыся плячом да сасонкі.

Лёнік, цяжка перастаўляючы ногі, наблізіўся да бацькі. «Колькі крыві наўкола. Страшна. Рукі дубеюць, не слухаюцна, быццам зусім не мае — чужыя. Але… што гэта за птушка заспявала? Ніколі ў жыцці не чуў такога голасу. Нешта заморскае, не ад нашых птушак. I зусім побач, толькі ж дзе яна? Нябачна, а здаецца, працягні руку і дакранешся да яе, зловіш…»

— Памагай, сынок, падняць Сяргея. Пакладзем яго на галіны, не так студзёна будзе… Бачыш — ён увесь мокры… ад крыві мокры.— Іван спрабаваў падняць Смаляка пад плечы, але не мог, як ні сіліўся гэта зрабіць.

Лёнік здранцвела стаяў побач і пільна ўзіраўся наўкола.

— Бацька, паслухай, як спявае невядомая птушка. Але нідзе яе не бачна.

Іван зірнуў на сына, прыслухаўся…

— Усё, Лёнічак, не птушка гэта спявае, а Сяргеева душа. Яго душачка развітваецца з намі.


***

Сяргей стаяў каля Івана Перунова і дзівіўся: навошта той прыкладвае да яго галавы снег, адкуль столькі крыві навокал? I самае недарэчнае — Іван плача. Плача, як баба загуменная. Ніколі ж не бачыў, як Перуноў слязу пускае. Усё ж добра, вельмі добра. Яму, Сяргею, лёгка і радасна. Хочацца ўзвіцца над лесам, абняць усё навокал і ляцець, ляцець наперагонкі з ветрам, хмарамі…

«Іван, ты няйнакш здурнеў. Навошта, сваячок, снегам студзіш мне галаву? Ды яшчэ і слёзы пускаеш. А хваліўся, і не адзін раз, што за вайну ўсе яны у цябе высахлі. Верыў я табе, цяпер і не ўгаворвай — пустое. Ты што? Не чуеш мяне, Іван? Лёнік, адчапі ад мяне бацьку. Няхай вытрацца. А то, як баба, носам хлюпае. Лёнік, ты што? Таксама мяне не чуеш? Ну і Перуновы — за хвіліну глухімі сталі… I лес вам зразаць на хату не трэба… Ат, як хочаце. Заставайцеся тут, а я пайшоў. Хоць не. Навошта мне ісці?! Я палячу. Так, так — палячу… Глядзіце — я ўжо лячу, а вы, як гнілыя цельпухі, тут седзьма сядзіце… Я хачу пагаварыць з Галяй — няхай лішняга не думае. I Антонаў дзённік праверыць трэба. Ды і сушняк на яблынях хочаш не хочаш, а абрэзаць мушу. Будзьце ў лесе, мне ж нямашака часу…»


IV

Першы жаўранак вісеў у небе і заліваўся, што тыя срэбныя званочкі падчас Калядаў на дузе ў добрай пары стаенных коней. Але Антона гэты спеў не радаваў. Ён хацеў хутчэй дабегчы да хаты, дзе расчыненыя веснічкі і з парога пахне ўпрэлай варанай капустай. Даўно прамоклі ногі ў падраных чобатах, пад грудзямі прагна смокча голад, а жаўранак звініць у небе. Хоць ранейшыя жаўранкі, ну хоць бы мінулай вясной, не так прыгожа спявалі. А гэты вось ужо ўсю дарогу не адстае ад Антона, звініць, заліваецца над ім — як быццам праводзіць, не хоча адставаць. Мо і яму карціць наесціся варанай капусты са скваркамі?

I што, калі навокал ляжаць падталыя гурбы снегу, калі начамі прыхоплівае марозік — ранні жаўранак (хоць наўрад ці жаўранак?), а спявае. Птушцы весела, сытна і добра. Вось каб так Антону. Але ж да хаты застаецца прайсці яшчэ паўтара кіламетра. Яны заўсёды для Антона здаваліся самымі цяжкімі, бо вачам з пагорка бачны крайнія хаты, але ж дацягнуць да іх ой як няпроста. Бабуля Марфа пра гэта гаварыла так, што вачам відна, а нагам абідна. Здаецца вунь, толькі руку працягні і ты дома. Там цёпла, сытна і суха. Але не! Мясі снежна-глеістую веснавую брыдоту. Хлюпае гэта каламуць пад нагамі, збівае крок, перахоплівае дыхавіну, і здаецца, што ніколі ўжо не дайсці да першай хаты, з якой і пачынаецца вёска.

Няхай бы яна апруцянела, тая школа, да якой кожны дзень трэба цягацца аж за пяць кіламетраў. А дзеля чаго?

Антон спыніўся, перакінуў з пляча на плячо кірзавую сумку з кніжкамі, зірнуў ускрай дарогі, шукаючы вачыма абсохлы пянёк, каб прысесці і выліць ваду з левага бота. Ён найбольш падраны каля падэшвы, і ануча збілася пад пятку. Вось зараз ён прысядзе, паправіць яе і подбежкам кінецца далей, аж да самай хаты. Толькі ж пянькоў не бачна, адны хрумсткія гнілаватыя галіны навокал.

«Ну і лях з імі. Паціху і так дайду. А там ужо воля-вольніца. Бабуля Марфа адразу налье вялікую чырвоную місу ўпрэлай капусты, а я сам адрэжу праз увесь бохан лусту хлеба. I няхай яна спрахне, тая школа, да якой цягаюся кожны дзень, б’ю дарэмна ногі. Так гаварыла бабуля, а маці з-за гэтага з ёй сварылася. Толькі ж я згодны не з маці, а з бабуляй. Яна вунь і дзве зімы ў школу не хадзіла, а паспрабуй хутчэй за яе пералічыць грошы. Не, не атрымаецца. Сам хутчэй саб’ешся, чым яна. Хоць цэлую гару насып паперак, баба Марфа пералічыць іх за адзін мірг вока. I ўсё пакладзе адну да адной, як у краме. Дык навошта тады школа? А я шосты год соўгаюся ў яе. Ну сказаў бы няхай хто — дзеля чаго? А, так прынята, так заведзена. Малалетак, шпінгалетаў, да трэцяга класа ў інтэрнаце пакідаюць, ім добра. За імі часга бацька на машыне ездзіць. Забірае і Валю з Нінкай на выхадныя. А я штодня пешшу. I трэба ж яшчэ аднаму з усёй Шышкаўкі ў шосты хадзіць. За васьмікласнікамі не ўгонішся. Яны як коні. Ну і няхай, а мне і аднаму добра…»

Вось ужо вельмі блізка да вёскі. Антону можна дайсці хутчэй, чым даляцяць вунь тыя дзве вароны, якія расселіся на тэлефонных слупах.

«Смешна глядзець на іх і параўноўваць шаравата-чорных птушак з белымі капялюшыкамі на слупах. Шаравата-чорнае і бялютка-белае… А жаўранак не сціхае, не пакідае, не адстае. I чаму ён усю дарогу ляціць за мною? Быццам трымаю яго на нябачнай нітачцы. Мо з-за таго, што люблю я птушак, нават варон і галак?»

Раўчукі няспешна цякуць пад нагамі. Іх афарбоўвае ў розныя колеры выцеклы саляр з трактароў. Раўчукі — як вясёлка. Яны прыгожыя і, як коцікі на лазе, цеплавата-ласкавыя. Але ж дакраніся да іх — і парушыцца, зблытаецца малюнак. Значыць, няхай бягуць, няхай цякуць на пракладзенай дарозе і лашчаць, цепляць калі не рукі, то хоць вока.

Антон мелькам праскочыў першыя хаты вёскі. Нічога каля двароў нямашака. Вунь за перакрыжаваннем, каля калодзежа, і іхняя, Смалякоў, хата. Хлопец перайшоў дарогу, параўняўся са студняй і здзівіўся — каля іхняга двара было поўна людзей — ледзь не ўся вёска сабралася там. Такое здараецца падчас вяселля. Асабліва калі шышкаўскі хлопец прывозіць у вёску дзяўчыну з другога селішча. Тады ўжо і стары і малы прыходзяць паглядзець, падзівіцца на нявесту, на яе гожасць ды годнасць. Антон спыніўся, не ведаючы, што думаць. Яму падалося, што нехта спявае ці галосіць — разабраць цяжка, бо над самым, здаецца, вухам звініць, пераліваецца жаўранак. Ён апусціўся з нябеснай сінечы да хлопца. Глядзі-ўглядайся, а не ўбачыш. Толькі голас. I не такі ён ужо радасна-шчаслівы, больш глыбока самотны, роспачны, але без адчаю…

«І навошта яны ўсе сабраліся? Тут есці хочацца, а пры людзях няёмка, не сяду ж я адзін капусту сёрбаць?»

Антон апошнюю сотню метраў ішоў спакваля, па-мужчынску самавіта, выбіраючы сушэйшыя на дарозе мясціны. Вось і двор. Вяскоўцы моўчкі расступаюцца. Жанчыны выціраюць на вачах слёзы, мужчыны, апусціўшы галовы, глядзяць долу. Нехта пагладзіў Антона па галаве, не па самой, а па салдацкай шапцы-вушанцы, хтосьці дакрануўся да пляча.

— …во і хазяін прыйшоў, дзіцятка горкае…

— …і як Галя траіх выцягне на адных плячах…

— …Марфа яшчэ ёмкая старуха — паможа…

— …бабскімі рукамі ўсяго не ахопіш…

— …во-ё-ё-ё-ёй, такое горачка, такая бяда…

«Пра што яны гавораць? Навошта гора, якая бяда? Пазбіраліся, быццам у клуб на кіно. Перасоўку ж Шура Макароннік яшчэ не прывозіў, праз тыдзень павінен. Плачуць. Па кім яны плачуць?»

Людзей было поўна не толькі на падворку, але і ў хаце. Антон праціснуўся сярод вяскоўцаў не заўважаны. Маці сядзела каля кутняга стала, падпершы рукой галаву. Жанчыны навокал плакалі, а вочы ў маці былі сухія, але невідушчыя, пустыя, як восеньскі высокі месяцу небе, зацягнуты калматай хмарай.

— Паплач, Галечка, паплач, сястрыца, лягчэй стане, не трымай усё ў сэрцы, яно і лопнуць можа, хто ж дзяцей тваіх гадаваць будзе,— упрошвала, ледзь не ўмольвала сястру Таццяна Вароніна. Яна сядзела побач з Галяй і няспынна выцірала хустачкай вочы.

— Ой, сыночак ты мой любы! Сяргеечка мой залаты, навошта пакінуў нас так рана-раненька? Чаму ж дзетак не ўзгадаваў ды ў людзі не вывеў? — Антон пачуў голас бабы Марфы з бакавушкі, каля печы.

Ён, штурхаючы людзей, праціснуўся за перагародку. Бабуля ляжала на ложку. Каля яе завіхалася вясковая фельчарка Маня. «Бацька, памёр бацька. Ды няпраўда ўсё гэта! Мы ж сёння разам снедалі. Брэшуць, хлусяць… Бацька ж малады. Такія не паміраюць. Не па-мі-ра-юць!»

— Няпраўда, няпраўда,— ледзь чутна прашаптаў Антон.


***

Як ні спрабаваў Сяргей пагаварыць з Галяй, яму не ўдавалася. Не чуе яго жонка, не бачыць маці. Падыходзіў Сяргей і да іншых вяскоўцаў, загаворваў са старымі, мудрымі людзьмі, але і яны не чулі яго і не бачылі. Быццам у адначассе ўсе навокал сталі сляпымі і глухімі. Адно толькі і ведаюць, што плачуць ды галосяць.

«А па кім плакаць, навошта галасіць? Ён жа, Сяргей, побач з імі. Хочацца паздароўкацца з мужчынамі, ды яны не падаюць рукі, колькі сваю ні працягвай. I што толькі стала з шышкаўцамі?

Можа, усё гэта сніцца? Яны аплакваюць мяне, калі я побач. Вось зараз вазьму вядро халоднай вады на ўслоне і плюхну на галовы, адразу ачомкаюцца, перастануць прыгаворваць, які я быў (а чаму быў?) добры чалавек. Сумна, да ламаты ў зубах сумна. Няма з кім і словам перакінуцца. А мо пакурыць? Толькі не хочацца і папяросаў няма. Высмалілі ўсе з Іванам Перуновым. Сёння дзіўна ружова-светлы дзень. I цёплы, што ліпень пазалетась. Усё ж пажартую, абалью вадой усіх разам. Ага, вядро поўнае. Раніцай прыносіў са студні. Зараз я вам паплачу,шкадавальнікі-прычытальнікі… Але чаму не пад сілу мне вядро падняць? Яшчэ разок паспрабую. I зноўку міма. Стопудовае яно, ці што? Раніцай жа два на каромысле нёс, а цяпер і адно падняць не магу? Усе і ўсё навокал з мяне смяецца: бачыць — не бачаць, чуць — не чуюць. Можа, яны праклятыя. Гаварыў жа стары Цімох, што часам на людзей находзіць помарак і яны становяцца ні жывымі, ні мёртвымі, а так сабе пустой абалонкай, порхаўкамі. Няхай застаюцца самі па сабе, а я пайду сустрэну Антона са школы. Далёка ісці аднаму малому, а ўдвух весялей будзе і дарога карацейшай стане…»


***

«Глядзі-ка ты, які сумны мой хлопчык. Худзенькі дужа, хоць у рост і выцягнуўся. Неяк хутка я ад хаты да Антона дайшоў. Толькі падумаў, а ўжо каля сына. То і добра, калі так атрымліваецца.

Здароў, Антоша, чаго нос ніжэй падбароддзя вісіць? I хмурны ты нейкі? Не думаў, што пайду цябе сустракаць са школы? Хацеў на машыне, але сёння ў мяне выхадны. Ды і сам ты пра гэта ведаеш. Заўтра серада, палова нядзелі пройдзе, а там, глядзіш, і выхадны, шпакоўні новыя з табой паробім, павесім іх на яблыні ды грушы — няхай птушкі вядуцца. Ці праўду я кажу?

Маўчыш і ты, не чуеш бацьку. Ну нічога, разам пойдзем дамоў. Я буду гаварыць, а ты, сынку, толькі слухай. Даўно хацеў табе распавесці, ды ўсё не выпадала. А цяперака адчуваю — час прыйшоў.

Ляжыць пракляцце, Антон, на нашым родзе. Мне пра гэта дзед Пракоп, а твой, знацца, прадзед перад смерцю расказваў. Варагуем мы з Барташэвічамі. Глядзім адно на аднога і не бачым. Такое не толькі цяпер, але і раней было. Ты, можа, і не памятаеш, табе трэці годзік ішоў, а старая Матруна Барташэвіч злавіла цябе на вуліцы і ў калодзеж хацела ўкінуць. А ўсё праз тое, праз мінулае, спакою ні нам, ні ім нямашака.

Наш прапрадзед і Барташэвічаў наймацнейшымі сябрамі лічыліся. Хлопцамі яшчэ хадзілі. I ўлюбіліся, укахаліся яны ў адну дзяўчыну, жыла тая на хутары Красным. Ад яго і следу няма. Але, пачалі наш прапрадзед і Барташэвічаў варагаваць між сабою. Толькі ж не ў адкрытую. На людзях яны, як і раней, здаваліся сябрукамі радней за братоў родных. Усё гэта толькі на людзях. Калі ж заставаліся сам-насам, то ваўкамі галоднымі лютавалі. Глядзелі, дзе б адзін аднога ў багну ўпіхнуць ці ў глыбокім віры ўтапіць. Ды гора, што па сіле-моцы былі аднолькавыя — быкоў за рогі на зямлю валілі. Ну няхай бы саступіў хто-небудзь, аж не — прычаравала іх дзеўка. Жылы і пажылкі іхнія забрала, кроў маладую, здаецца, выпіла. Ні адзін і ні другі адступіцца ад яе не могуць. Бывае, сынок, такое, яшчэ як бывае. Адным гэта на шчасце, а некаторым на злом галавы.

I вось адным разам былі прапрадзеды на гульбішчы-вечарынцы, якраз пад Грымотніцу нядзельную. Прапрадзед дзед Смаляк смехам узяў зямлі прыгаршчы ды і сыпануў у вочы Барташэвічу. А зямлю тую ніхто не ведае, адкуль наш родзіч прынёс. I ахапіла барташэвіцкага прапрадзеда ярка-сіняе полымя. За адзін уздых ён згарэў, хутчэй чым сухая саломіна жыта. Засталася ад Барташэвіча адзіная горстка попелу. А тут наляцеў вецер, дзьмухнуў, і ніякага следу ад чалавека. Людзі, якія былі на гульбішчы, з гвалтам разбегліся, разляцеліся. Усе баяцца пачалі нашага прапрадзеда Смаляка, бокам абыходзіць, слова дрэннага, няласкавага ніхто ў вочы сказаць не мог.

Але ж і сям’я Барташэвічаў не сядзела, рукі на грудзях склаўшы. Знайшлі і яны чалавека, той і напусціў на наш род порчу-пракляцце. Так людзі ў вёсцы гаварылі. Што і як ні гаварылі, ды жаніўся наш продак на красуні. I аднаго сына яна нарадзіла прапрадзеду, і другім хадзіла ўжо, толькі ж аднойчы вечарам, калі села сям’я пасёрбаць крупені, прапрадзед наш папярхнуўся і знябожыўся.

Дзе тут праўда, а дзе хлусня, як кажуць, аднаму Богу вядома.

Вось адкуль бярэ пачатак нянавісць паміж намі і Барташэвічамі.

Праўда, Антон, на мне б усё магло добра скончыцца. Хацелі Пятрок і Надзька Барташэвічы, каб пабраўся я з іхняй дачкой, ну, цёткай Кацяй. Яна на падучку хворая. I баба твая Марфа ўгаворвала, хацела, каб варагаванні між сем’ямі закончыліся. Дужа ж сыплюцца часта няшчасці і на наш род, і Барташэвічаў не абыходзяць…

Галя на сёмым месяцы табой хадзіла, калі затапіуся ў возеры на лузе Іван Барташэвічаў. Разам з ім і я купаўся, другія мужчыны — толькі ж ніхто не бачыў, калі ён на дно пайшоў. Праз нядзельку-сядміцу вылавілі. Барташэвічы ж мяне клёнма клянуць. Усё гавораць, быццам я Івана ўтапіў, на той свет адправіў. Цяперака мне прарочаць смерць наносную. Але ты разумны ў мяне хлопец, не вер нікому. Мы будзем жыць нашай сям ёй доўга і шчасліва. Бачыш, як хутка мы дайшлі дамоў. Вось і наша хата. А людзі ўсё яшчэ не разыходзяцца. I чаму? Адзінока, цяжка мне, Антон. Хоць, пачакай, клічуць мяне ўжо, кудысьці запрашаюць. Пайду я ненадоўга, ты не сумуй, хутка вярнуся, сынок».


V

Хата Барташэвічаў стаяла праз пустку і тры суседнія падворкі ад Смалякоў. Вялікая крона таўсматай старой ліпы навісала над іхнім дахам. Ніжнія галіны дрэва ляжалі на шэрых дошках ёмкіх варот. Такіх высокіх, што здавалася, і не кожная птушка пераляціць іх. Увогуле падворак Барташэвічаў быў агароджаны з усіх бакоў, як панскае памесце: каб ні людское вока, ні лясная паўзучая гадаўка не патрапілі на яго, не ўцікавалі-ўгледзелі, што робіцца, што дзеецца тамака.

Над кожнымі дзвярыма, куды б яны ні вялі: няхай то сенцы ці хата, дрывотня або хлеў — віселі пукі мінулагодняй высушанай крапівы-жыгучкі. Усё гэта ад дрэннага вока і благіх людзей. Кожны год Надзька Барташэвіч апошняй ноччу, пад самую раніцу перад Купаллем, збірала, ірвала на прылесках крапіву-жыгучку і, здымаючы папярэднюю, вешала новыя расяныя пукі. Дні два хадзіла яна з апухла-набрынялымі рукамі, хавала іх з нездароваю чырванню над фартухом, які ніколі не здымала, а толькі зрэдку, па вялікіх святах мяняла.

Мо з-за гэтага жанчыны ў Шышкаўцы і жартавалі адна з адной, калі заўважалі запэцканую снадніцу ці сукенку: «Ну ў цябе, Манечка, хутка, як у Надзькі Барташэвіч, камякамі бруд з пяском са спадніцы пасыплецца». Альбо: «Ці ж не пазычыла ты сукенку ў Надзькі Барташэвіч?»

Але ж кабеты жартавалі між сабою, ціхутка, а пры Надзьцы маўчалі, быццам кожная ў рот гароху напхала. Ведалі ж: з Барташэвічамі і Смалякамі жартаваць, што з агнём у сене гуляць. Не ведаеш: добра абыдзецца ці попелам праз пальцы пасыплецца. То ўжо лепш змоўчаць, вочы адвесці ды пра што-небудзь старонняе, звычайнае пагаманіць. Спакайней на душы будзе і начамі варочацца з боку на бок не трэба: а ці ж усё ладком абыдзе? Лепш ужо быць лагаднейшым ды цішэйшым з імі, тады і вочы мякінай не зацярушыць, а наносны віхор міма тваёй сям’і абыдзе, у неба каго іншага падыме.

Надзька Барташэвіч корпалася каля дрывотні, збірала ў свой нязменны фартух адталыя трэскі з мінулага года. Побач, каля яе ног круціўся вялікі чорны сабака на доўгім ланцугу. На вялікіх, уцягнута ўпалых баках сабакі клоччам вісела нявылінялая, мо з папярэдняга года, поўсць.

— А каб на цябе халера патрапіла! Сноўдаешся пад рукамі, як нягеглае кацянё. Вушы апусціў, а яны ж на ўсе бакі варочацца павінны. Ці ж мала хто на двор заскочыць можа, украсці, сцягнуць вартае. Не, не я буду, а Петраку скажу, каб і цвілай скарынкі сёння не даў. Вось тады наскуголіш у мяне, спрытнейшым станеш. Каму кажу, пайшоў вон! — Надзька прытупнула гумавіком па бруднавата-разлезлай кашыцы снегу. Сабака ўціснуў хвост пад упалы жывот і пацюхаў да будкі.

— Вось так даўно б, а то, глядзіш, і спатыкнуцца нядоўга аб цябе…

«Ноччу так ядрана было. Ці не а першай гадзіне я выходзіла на вуліцу. Вылі сабакі, паўсюль вылі сабакі. Здаецца, не гаварыла я пра гэта Петраку. А наш ляжаў у будцы, як цэп, і голасу ані разочку не падаў, не брахануў, не гаўкнуў. А паўсюль, з канца ў канец, вылі сабакі. I так зладжана, сугучна, ну проста як пеўні ўлетку раніцай. Што б ні гаварылі, а люблю, аж сэрца заходзіцца радасцю, калі выюць сабакі. I самой захацелася ім падсобіць заместа свайго. Падняла я вочы ўгору, аў-у-у-у-у-у. Толькі ж адразу сціхла. Бо згледзела крывавы след на небе. Ён быў як серп, не — хутчэй як каса, добра накляпаная і адмянташаная. Вакол цёмна. бяззорна, а каса крывёю накіпае. I пацякло, закапала з яе. Ліпка мне стала. Асабліва ж рукам і галаве. Быццам ад цукровага сіропу. Закарцела памыцца. Толькі ж навошта? Калі на мяне, то няхай, так і быць таму. Можа, гэта Іван, сыночак мой, памкнуўся сказаць нешта. Раскрыць віну Смаляка, душагуба праклятага. Дык навошта ўцякаць, баяцца нябеснага крывавага следу. Няхай як каса ён праявіўся. Толькі ж не на маю гэта галаву, рана мне яшчэ вочы заплюшчваць, на грудзях рукі сашчапляць. Не ўсё зроблена, і помста не здзейснена. Сёння глядзелася ў зеркала над свінушным загончыкам, і бачыўся там лес гонкі і высокі, і былі людзі, і нехта плакаў. А мяне зеркала смяшыла, так смяшыла, аж свінні перасталі рохкаць…

"Хітрасць лісіцы, сіла ваўка, моц навальніцы, злаба перуна ў костках, суставах, у сэрцы маім. Покуль жыць буду — служу я дваім. Першы мой служка ў багне лясной, ну а другі — пад зямлёю ўсёй".

Я паўтарала гэтыя словы да стомы, покуль не знік нябесны крывавы след над галавою, а сабакі не ўшчуклі, не змоўклі. I пасвятлела ў маіх вачах, і захацелася да Петрака, ягоных любашчаў і ласкі. Так хацелася яго, быццам у першыя дні пасля вяселля, аж смагай сэрца сціснула, грудзі напяліся і ўся як тая струнка стала. Каб жа мой Пятрок маладзейшы быў, то, можа, учарашняй ноччу і панесла б я, зацяжарала. А так… Ведаю, што сына б займела, па-новаму б наклала на яго, яшчэ не на-роджанага, імя Івана. Толькі быў бы мой той сыночак не такі, як нябожчык. Пакладзістасць і дабрыня не запалі б у яго. I жыў бы ён вечна. Але жывуць жа і ненароджаныя. Мой Іван таксама будзе жыць вечна, жыць ненароджаны».

Надзька ўжо некалькі хвілін стаяла, разагнуўшыся, з поўным фартухом трэсак і тупа ўзіралася ў вароты. Сабака з будкі цікаваў за ёй галодна-злымі вачыма, у якіх разгараліся іскаркі трупна-зялёнага агню. Каб іх затушыць, адной плесневай скарынкі было мала.

Нечакана рыпнула фортка ў варотах. Надзька здрыганулася, замітусілася, быццам яе злавілі на нечым непрыглядным. Ладны парог форткі пераступіў Пятрок. Яго старая ватоўка была расшпілена на грудзях, а пад пахай ён трымаў два боханы хлеба. Надзька, акінуўшы мужыка хуткім позіркам, патупала пад наветку, куды высыпала сабраныя трэскі. Праз імгненне яна зноў была каля дрывотні, похапкам збірала мокрыя трэскі, зноў бегла пад паветку, а праз хвіліну згіналася каля дрывотні. Пятрок стаяў ад яе крокі за тры. Стаяў і моўчкі назіраў за жонкай. Нарэшце не вытрымаў:

— Ды супакойся ты. Прыстань. А то носішся па двары, што тая курыца з яйкам каля куросадня. Прыспічыла табе смецце з месца на месца пераносіць, быццам лепшай і вартай справы рукам не знойдзеш. Усе людзі да Смалякоў пацягнуліся, а ты корпаешся дома, быццам нічога і не чула.

— А чаго я да ўрагоў пайду? Няхай туды вараннё лётае. Рукі адсохнуць, калі я за клямку іхніх дзвярэй вазьмуся.

Толькі прагаварыла гэта Надзька, як зноў рыпнула фортка ў варотах. Барташэвічы ўдваіх азірнуліся. На дворышча, абапіраючыся на кавеньку, увайшла Матруна. Яна ўсміхалася, выстаўляючы бяззубыя дзёсны ласкавым промням веснавога сонца. Старая зрабіла крок, другі, спынілася і няспешна абаперлася грудзямі на загнуты канец кавенькі.

— Во так яно, дзеці, праўда верх паўсюль бярэ. Сасвяжыўся сёння Смаляк. Наносным ветрам у лесе забіла. Мне Санька Пракопаў гаварыў, што елка прабіла галаву душагубцу нашага Івана і мазгі Смаляка на паўвярсту раскінула. Людзей у іх поўны двор. Усе шышкаўцы пазбегліся. Я мяльком, да вас ідучы, бачыла. Самога ж Смаляка павёз Валодзька на машыне ў райцэнтар, на експерцізу. Знацца, успорваць вантроб’е будуць, як і нашаму Івану.

На апошніх словах Матруны зазвінеў ланцугом сабака. Ды так моцна, што жанчыны здрыгануліся.

— Каб ты здох, псіна дахадзяшчая! — вылаялася Надзька, плюнуўшы праз плячо.

Сабака ж, мінуўшы Петрака, пацягнуўся да варот. Спыніўся, азірнуўся на гаспадароў, затым расставіў заднія худыя ногі і, угнуўшы галаву да зямлі, завыў. Натужна і доўга. Надзька, Пятрок і Матруна скалануліся, але з месца не зрушыліся. Сабака ж пярэдняй лапай шкрабануў снежнае месіва і зайшоўся такім выццём, якое наўрад ці даводзілася чуць дасюль хоць аднаму чалавеку.

Барташэвічы перазірнуліся. На тварах ува ўсіх застыў незразумелы жах. Першай сарвалася з месца Надзька. Яна схапіла каля дрывотні дубчык і ў некалькі скокаў была каля сабакі. Замахнуўшыся з-за пляча, жанчына з усяе сілы ляснула небараку па шыі, зноў замахнулася, і дубчык апусціўся на чорную галаву сабакі.

— Здохні, поскудзь! Вый на сваю смерць! — захлынаючыся злосцю, выдыхнула Надзька.

Сабаку павяло ўбок. Ён, перабраўшы некалькі разоў пярэднімі лапамі, пахіснуўся і неяк неахвотна, нехаця кульнуўся на бок. Надзька яшчэ раз замахнулася, і дубчык патрапіў на ашчэрана-застылыя клыкі.

— Вон душа табе, псіна! — Надзька адкінула дубчык.— Закапаеш вечарам на ўзлеску.— Гэта яна ўжо Петраку.— У Смалякоў хаўтуры і ў нас таксама.— Жанчына паспрабавала ўсміхнуцца, але замест усмешкі толькі ненатуральна расцягнутыя губы.

— Не на дабро гэта,— выказалася Матруна.

— Дворышча засталося без сабакі,— сам сабе прагаварыў Пятрок.

— Не закапаеш ты, дык Косцік прыедзе з работы і на машыне адвязець яго на ўзлесак. Ніхто і не ўбачыць. А сабачая матка яшчэ не здохла. Пад лета возьмем у каго-небудзь шчанюка. Гэтага даўно трэба было сагнаць…

Барташэвічы сядзелі за сталом, палуднавалі. Хоць па часе трэба даўно вячэру збіраць. Матруна есці адмовілася.

— Я, дзеці, вам адно скажу — трэба схадзіць да Смалякоў, а то людзі няведама што начнуць языкамі плявузгаць. Усе ж на вёсцы знаюць, як нашы сем’і паміж сабою жылі. Ды і ад граху самі будзем далей. Асцярожнасць не на шкоду пойдзе. Яшчэ ж ні разу так не сталася, каб пасля смерці ў Смалякоў у нас хто-небудзь ды не знябожыўся. А калі ў нас хаўтуры, то і яны чакаюць таго ж. I ўсё з сухавеем прыходзіць, з вадой ды агнём.

— Змоўкла б ты, свякроўка. Язык без касцей, але і гаварыць трэба не ўсё, што думаеш. Ты прыкінь — чаго я зараз пайду? Спачуваць я не буду, а парадавацца і ў сваёй хаце змагу. Калі прывязуць яго, на лаўку пакладуць, то мо і зайду, зірну, а пакуль няма чаго туды валачыцца. Калі ўжо вельмі карціць — сама з Петраком і схадзі. Мне яшчэ ўправіцца з жыўнасцю трэба, карову падаіць, Косціку вячэру згатаваць, а я кіну-рыну ўсе ды да ўрагоў пайду. 3 мяне ж слязіны і каленькамі не выціснеш.

— Твая праўда,— пацепнула плячыма Матруна.— Няхай будзе так, як кажаш. Збірайся, Пятрок, ды пойдзем.

Цямнела, калі прыехаў з работы Косцік. Ён не паспеў яшчэ заглушыць матор у машыне, як да яго на вуліцу выйшла Надзька. Яна адчыніла дзверы.

— Мам, ці чула ты, што Сяргей Смаляк…

— Ды чула ўжо, чула. Уеўся ён вам у пячонкі,— перабіла Надзька сына.— Туды бацька з бабай пацягнуліся. Ты во што, Косцік, пакуль машына тарахціць, вазьмі ды завязі сабаку на ўзлесак. Здох ён сёння ні з таго ні з сяго. Можа, атруты хапануў. Я хлеб у дзіхлафосе замачыла для пацукоў. Відаць, ён і хапануў кавалак. Мне ж адной усяго не ўгледзець. То ўжо, сынок, завязі яго і прыкапай. Пад павеццю ляжыць, там побач і рыдлёўка. Толькі загарні сабаку ў мешкавіну, ад чужых вачэй. А прыедзеш, тады і павячэраеш. Мо і бацька падыдзе ўжо. Толькі ты доўга не баўся.

Косцік уздыхнуў:

— У цябе, маці, заўсёды так: хапаешся за многае, а да ладу нічога давесці не можаш. Гэта ж такога добрага сабаку ўхайдохала. Цяпер такога ніколі не знойдзем. Даліся табе пацукі. Няхай бы пладзіліся. Кажуць, што па ўсёй Шышкаўцы яны развяліся. Калі патруціш дома, то ад суседзяў набягуць.

— Хопіць табе, сын, размудыкваць. Рабі тое, што сказала. Я сама як-небудзь разбяруся, каго труціць, а каго карміць. Значыць, доўга не баўся — на ўзлесак і дамоў.

Надзька, пакінуўшы незачыненай фортку, пайшла ў хату. Святла не запальвала, толькі ўваходныя дзверы ўзяла на чэп. Затым паволі залезла на печ, адчыніла ўюшку ў коміне, спусцілася на падлогу, знайшла на прыпеку востры нож і высахлую сасновую лучыну, прысела каля загнета на ўслончык. Жанчына няспешкі пачала танютка наколваць лучыну. Вось ужо яе з добры пук.

— Якраз хопіць,— сказала ўпаўголаса Надзька сама сабе.

Яна падняла, адчыніла засланку з зеўра печы і расклала нашчапаную лучыну ў выглядзе труны.

«Ну вось і гатова. Цяпер толькі ўзяць зелля, прывезенага ад дзеда з Ходасаў, і, пасыпаўшы ім крыж, пакласці яго да гары на труну, чыркнуць запалкай і…»

Лучына ярка, быццам бліскавіца, успыхнула на засланцы загнета.

— Як баіцца курыца каршука, а мыш лісіцы, як збягае заяц ад ваўка, а соль ад вадзіцы — так няхай баяцца і збягаюць нашай хаты гора і бяда, слёзы і нуда. Як сыходзіць дымам труна на загнеце, як не бачыць гэтага ні мужык, ні дзеці, так няхай ніколі на чужацкай волі ні агні сухія, ні вятры ліхія, ні вада гаркая наш род не чапае.

Надзька вадзіла далонямі над зыркім агеньчыкам цяпельца, і пальцы яе дрыжэлі, як учарнелае лісце дзядоўніку ад сухавею, які ўжо выпетраў, выпаліў разам з сонцам усё зялёнае і жывое на закінутым, забытым людзьмі ўзмежку пустэльні. Надзька ўжо трынаццаты раз паўтарала гзтыя словы. Лучына дагарэла. і апошняя іскарка вось-вось згасне, але тут нечакана нехта моцна тузануў на сябе ўваходныя дзверы.

Жанчына ўсім целам здрыганулася, быццам нехта нябачны сыпануў ёй за каўнер прыгаршчы палкіх вуголляў.

— Мама, ты дома? — пачула Надзька голас Косціка.— Адчыняй, гэта ж я.

Надзька хуценька зашморгнула занавескай загнет і зняла зашчэп на дзвярах. Косцік праз парог адразу ўключыў святло.

— Нешта сядзіш адна ты ў прыцемках.

— Ай, Косцік, задумалася, а ты мяне так злякнуў, што аж душа заледзянела.

— Бацькі няма яшчэ?

— Ды бачыш сам — усё хаўтурыцца.

— Што ні кажы, а шкода. Малады ж зусім Сяргей. Трое дзяцей у Галі засталося.

— Ну, гэта не нам з табою рашаць. Там відней,— паказала Надзька пальцам у столь,— каго пакідаць тут, а каго забіраць да сябе. Добрага чалавека можна і пашкадаваць, а смаляцкі род крыві нашай перапіў пад завязку.

— Кінь ты, мам, дурнаватыя забабоны,— Косцік хацеў прытуліць маці. Але яна адхіснулася.

— Не матку трэба абдымаць табе, сын, а жаніцца пара. Хутка сівым канём станеш, а ўсё перабіраеш: адна для цябе худая, другая малая, тая курносая, іншая насатая. Глядзі, каб не звекаваў бабылём. Матка з бацькам не вечныя. Час ужо сваіх дзяцей пладзіць, у свет выводзіць. А то дакукуешся, што і вады над старасць не будзе каму падаць.

— Ну і села сёння ты на свайго канька, не ўшчукнеш да раніцы. Ты ж не забывай — мне ўсяго дваццаць шэсць і ў мяне…

— Не ўсяго, а ўжо! — перабіла Надзька сына.

— Я вечарам і хацеў пагаварыць з вамі, каб збіраліся ў сваты, а тут хаўтуры ў Смалякоў. Трэба счакаць хоць дзевяць дзён, а то няёмка будзе перад людзьмі…

— Што нам людзі,— зноў не дала дагаварыць сыну Надзька.— Няхай у Смалякоў адны плачуць, а ў нас другія скачуць… Нарэшце парадаваў ты мяне, сын. Уважыў, ой уважыў матку. Шкода, Петрака няма яшчэ. Ён будзе не менш за мяне ўлашчаны. Але адкуль нявеста твая, Косцічак? 3 нашай Шышкаўкі альбо не?

— 3 Маластоўкі яна, мам.

— Ну і арол ты. Трэба ж — вунь куды дапяў. А колькі гадкоў ёй? I ці не брыдкая з твару? — Надзька спытала і засаромелася. Павярнула на другое: — Гэта я так, Косцічак, да слова. Мне ўсялякая даспадобы будзе. Толькі б вам ладна і добра жылося. Бяры ў печы вячэру, сынок, у чыгунках там, а я малака з тварагом зраблю. Ты ж яго вельмі любіш.

Косцік сашморгнуў занавеску з загнета. Жменька попелу на перавернутым крыжы. Хлопец пяцярнёй узяўся за яго.

— Ой, бляха-муха! — вылаяўся ён на ўвесь голас.

Надзька абамлела. Загаварылася яна і пра ўсё забыла.

— Кідай яго, сынок, у памыйнае вядро.

Косцік расшчапіў пальцы рукі, крыж дзвінькнуў аб цэглу загнета, раскінуў у бакі перагарэлы попел.

— Панакідалі тут усяго,— сярдзіта буркануў Косцік сабе пад нос.— Знайшла месца, дзе крыжы раскідваць. Гаварыў жа я, што ў цябе, мам, нідзе ладу няма. Сабаку атруціла, цяпер з крыжам абы-што робіцца.

— Ды я пра гэта, сыночак, ні слыхам ні дыхам не ведаю. Відаць, тут баба Матруна варажыла, калі мяне ў хаце не было. Ты ж сам ведаеш — яна любіць такія штучкі. Бацьку ўжо не гавары, ён сварыцца на старую будзе. Старое ж, што тое і малое, не доўга яго і пакрыўдзіць. То лепш давай змоўчым. Сядай, Косцічак, за стол, сама вячэру дастану. Не дужа хоць руку апёк?

— Так сабе, трошкі.


***

Сасоначка расла не ў гушчары, як большасць, а між стромкіх, ладных ужо сясцёр. І сонца ёй было тут удосталь, і дажджавой вадзіцы хапала, ды ніхто знячэўку і стаптаць не мог. Расла сасоначка ў зацішку, цягнулася да неба, туды, дзе начамі плоймай высяваліся зоркі, дзе месячык пастухом-бацькам праходзіў між імі. Часам здавалася сасоначцы, што дагоніць яна старэйшыя дрэвы, перарасце і выпрастае вершаліну над усім лесам. Тады ўжо ніводная птушка не міне яе вершаліны, каб на хвілінку не прысесці, склаўшы крылы, не паглядзець у бясконцасць ды парадавацца жыццю. Якое ж яно, жыццё, неахопнае, шырокае і бяскрайняе, радаснае і шчаслівае. А магутныя вятры-бураломы ды злыя спякоты — часовае. Усё гэта мінае, і зноў застаюцца шаравата-блакітныя ліпеньскія вечары, майскія спевы птушак, куванне самотнай зязюлі, вэлюм празрыстага туману, які прыходзіць з грыбнымі дажджамі з далёкіх і блізкіх лугавін, з ручаёў, крынічных рачулак, аерных балацявін. Жыццё прыгожае і доўгае. Яго ніхто, ніхто-ніхто не можа адняць. I дрэўца жыло кожным днём напоўніцу, узахлёб, не ашчаджаючы сілаў і дабрыні, радуючыся кожнай хвілінцы, кожнаму гуку ў наваколлі. Яна пакуль не ведала, што побач жывуць нястомныя жукі-караеды, што зусім недалёка селішчы людзей, у якіх ёсць сякеры і пілы, што ім трэба будаваць хаты, разводзіць агонь у печах. Але яна, сасоначка, нікога не чапае, жыве тым, што даецца кожнаму бясплатна, спакон веку. Дык навошта быць самотнай? Навошта па начах уздыхаць, рыпець засохлымі галінамі, набітымі маланкай расшчэлінамі. Трэба кожную раніцу чакаць, калі ўзыдзе сонца, якім яно будзе: празрыста-яркім, сляпучым ці слюдзяніста-бляклым, заплаканым. Расла сасоначка, заглыбляла карэнні ў зямлю, зіхацела сярод бураватых ствалоў залацістасцю здаровай кары… Жыла, расла сасоначка.

Частыя бураломы абміналі закутак гэтага лесу, а калі і наляталі, на зямлю з надрыўным уздыхам лажыліся магутныя, выспелыя дрэвы. А сасоначка расла, расла і радавалася, пакуль цёмнай і мокрай восеньскай ноччу не прыйшло да яе Нешта. Яно пасялілася ў карэнні, ствол, галінкі. Нешта акруціла сасоначку, выпіла да донца яе радасць, забрала шчасце, адняло сілу. I пажаўцела, зблякла дрэўца, асыпалася ігліца, трэскалася кара, не радавалі сонца, зоркі, неба. Невядомае, чужое Нешта сядзела ў сасоначцы, чакала.

Мінула восень, потым зіма, прыйшлі, прыляцелі вясеннія дні. Нешта заварушылася, напялася, ды так моцна, так невыносна балюча, што дрэўца сыходзіла рыпам і енкам, як стогадовая высахлая вербіна з падмытым карэннем на сажалцы…

А вось і людзі побач. Валяцца, лажацца на прысыпаны снегам дол старэйшыя сёстры-сасонкі. Мільгаюць сякеры, спявае піла, ды так, аж не чуваць блізкай сініцы.

Нешта з усяго ствала сасоначкі: з карэнняў, галінак, сабралася ў самай сярэдзіне, ды такім камяком, што распірае ствол сасоначкі, як гнойны пухір. I вось дрэўца пераломваецца, на яго з усохлай вершаліны давіць другое, магутнае, і ляціць сасоначка стралой на чалавека, даганяе яго, і ўдвух супакойваюцца. Нешта вырываецца з дрэўца, ухкае. рагоча, іржэ, зрабіўшы віраж, хаваецца, знікае ў старым. трупехлым карчы.

Змоўклі сякеры, прыціхла піла. А сонца, першае, вясенняе шчодрае сонца, шчыра лашчыць, абдымае ўсё і ўсіх…


***

«Ці ты гэта, Іван? Не веру сваім вачам… Я ж сам бачыў, як цябе выцягвалі з возера. Аж на сёмы дзень толькі знайшлі. Няўжо ты мне снішся, сябрук? Прайшло ж нямала часу, а дагэтуль ні разочак ты не прыходзіў да мяне ў сне. А калі папраўдзе, то і не думаў я задужа пра цябе. Шкода было спачатку, а пасля — дзень, два, тыдзень, і жыццё бярэ верх. Сам ведаеш: жывы пра жывое думае. Вось і сёння хадзілі з Іванам Перуновым і яго Лёнікам у лес. Хату ён надумаўся новую ставіць. Свой жа, родзіч, як не дапамагчы. Чаго ты моўчкі глядзіш? Скажы хоць слова… Як яно там, ну, на тым свеце? Ці варта баяцца паміраць? Бо колькі ні жыві, а пра яе, смерць-матухну, думаць трэба. Не мы першыя нараджаемся, жывем і сыходзім, саступаем месца другім, нашчадкам нашым. Але як здарылася, што ты патануў ува ўсіх на вачах ды ніхто гэтага не бачыў?»

«Бедны, бедны Сяргей, ты яшчэ нічога не зразумеў. Хоць і са мною такое было напачатку. Але мінае гэта праз шэсць тыдніц-нядзелек. I ты будзеш вольны, поўнасцю вольны ад зямлі і зямнога. Забудзеш пра тое, мінулае. Пакуль жа, для адвычкі, шэсць нядзель побач буду я, паўсюль. Ты адвыкнеш, паспееш з усімі развітацца. Некага выбераш для сябе, пачнеш яго ахоўваць ад усяго зямнога, усяго злога і брыдкага. Гэта будзе твая нітка повязі з тым, мінулым, з зямным. Але да гэтага паціху сам дойдзеш.

Слухай, ты ўжо быў над сваім целам? Хутчэй за ўсё не. Як толькі вырваўся, то кінуўся гуляць, так? Разумею, усё паўтараецца. Тады пайшлі».

«Пачакай, Іван, а дзе я?»

«Ты побач са мною, тут. Ну а цела там. Зараз мы і будзем каля яго».

«Дык я бачу ж сам сябе. Якое яшчэ іншае цела?»

«Тваё, тваё, Сяргей. Пакуль ёсць магчымасць, паглядзі, а то больш не прыйдзецца. Схаваюць яго, як хаваюць усіхныя».

«Значыць, я мёртвы, Іван? Але чаму, навошта? Я ж зусім яшчэ не жыў, нічога не бачыў. У мяне ж дзеці. Іх расціць, гадаваць трэба. У мяне жонка, Галя, маладая. Мая ж маці яшчэ жыве. Як ёй выгрымаць смерць маю, Іван?»

«I я некалі хацеў пабыць яшчэ там. Але… Вытрымала мая, то і твая перанясе. Ды і не так гэта важна. Мо некалі… у цябе з’явіцца іншая маці і бацька другі будзе, народзяцца дзеці. Будзе ўсё… Можа, будзе, а можа… Не трэба спяшацца. Што павінна здарыцца, таго не абмінеш…»

«Яшчэ, Іван, скажы, з-за чаго я, ну, памёр?»

«Цябе сіла мінулага забрала. Як і мяне. Не па боскай гэта волі. Толькі хопіць пытанняў. Пакуль не на ўсе і я магу адказаць. Прыйдзе той дзень, і ўбачым мы тое, чаго не бачылі, і пачуем тое, чаго дасюль не чулі.

А пяпер пайшлі, зірнеш на сваё цела. Вядома, калі табе гэтага яшчэ хочацца».

Кафляныя сцены трупярні. Бялюткія. Столь у трэшчынах з бруднымі, жаўтавата-ржавымі падцёкамі. Высокая лямпачка. Вокны запэцканы белай (праўда, некалі белай) фарбай. Падлога жоўтая, выслана абліцовачнай пліткай, на ёй доўгі чорны шланг, з яго цурчыць вада, збягае па вузкаватай канаўцы ў закратаваны сцёк. Тры высокія, па пояс, кафляныя сталы. Два пустыя, на трэцім поўнасцю голы чалавек. Гэта ляжыць Сяргей Смаляк. У яго пад патыліцай выгабляваны цельпушок з роўнай выемкай пасярэдзіне. Якраз для патыліцы. Цела ўскрыта. Ад самага горла і ніжэй пупка. Узнята чарапная каробка. Левая скроня праломлена. Месца, куды патрапіла сухастоіна. Побач — стары дзядок у брудным халаце. Манатонна-санліва цурчыць вада са шланга. Плямы крыві на кафляным стале зацёрты, але не выцергы. Здаецца, што вакол Сяргея Смаляка нехта рассыпаў спелыя суніцы і, неахайна падбіраючы, падавіў іх.

Дзядок аднекуль з бакавушкі прынёс ахапак старых, падраных прасцін. Паклаў на вольным стале непадалёк ад Сяргея. Цяпер у руках дзядка доўгая, з палец, крывая іголка. Стары адрывае з клубка жоўтую шаўковую нітку, прыплюсквае адно вока і прыладжваецца прасунуць нітку ў вушка іголкі. Нітка не слухаецца нязграбных пальцаў старога, праскоквае міма. Дзядок абгрызае нітку, мусоліць яе губамі і зноў прыжмурвае вока. Ці не на сёмы раз нітка нарэшце ўдзета…


VI

Хвілін дзесяць таму выйшлі з трупярні судмедэксперты. Сённяшні дзень не раўня ўчарашняму: калючы, сцюдзёны вецер з драбкамі цупкага снегу.

Шышкаўцы стаяць каля дзвярэй трупярні. Побач машына з купленай у райцэнтры труной. Галя ў чорнай хустцы і такім жа паліто. Каля яе Таццяна Вароніна, Каця Перунова, Валодзя-шафёр, Пракопаў Санька і Антон.

— Мужчыны, схадзіце гляньце, калі ўжо можна будзе апранаць Сяргея,— напаўголаса прагаварыла Таццяна, не выпускаючы з-пад рукі Галю.— Адзенне вазьміце ў машыне.

Але ўсе стаяць, быццам прымерзлі да асфальтаванай сцежкі.

— Ну што вы за людзі? Чаго баіцеся? Калі б можна было мне, бабе, я вас не прасіла б,— Таццяна сказала гэта задзірыста, з папрокам.— Не прынята ж, каб абмывалі і апраналі мужчыну бабы. Ці мо ўпершыню пра такое вы чуеце?

Першы зрушыўся Валодзька-шафёр, за ім Санька.

— I я пайду з вамі,— ледзь чутна падаў голас Антон.

— Нельга табе, дзетка. Маладзенькі ты дужа,— Каця Перунова ўсхліпнула.

— Я мужчына, і я пайду.

Усе пераглянуліся.

— Няхай ідзе,— неяк абыякава згадзілася Галя.

Здушлівы, цяжкі пах. Пасля вуліцы ад яго запірае грудзі, кружыцца галава. Антон глядзіць на бацьку, на распаласаванае цела. I чым больш узіраецца, тым больш здаецца, што бацька дыхае, ён спіць. Вось толькі недарэчны, страшны парэз праз усё цела. Ён ніяк не сумяшчаецца з бацькавым сном…

Дзядок піхае ў бацькава цела падраныя, старыя прасціны. Адну за другой. Яны хутка чырванеюць. На іх адразу ж кладзецца наступны кавалак, яшчэ і яшчэ. Вось і ўвесь парэз усланы. Дзядок бярэ вялікую крывую іголку, жоўтую шаўковую нітку. Раз-пораз спрабуе прадзець нітку ў вушка іголкі. Доўга яму не ўдаецца. Стары тыльным бокам далоні папраўляе акуляры на носе. Прымерваецца, і іголка сцягвае страшны парэз на бацькавым целе ў тоўсты рубец.

Усе маўчаць. Маўчыць і Антон. Дзядок спрытна сноўдае іголкай. Сяргею Смаляку не баліць… Вось і зашыта цела. У ім ахапак старых, падраных прасцін.

— За работу, мужыкі, трэба хоць пляшачку,— гэта дзядок да шышкаўцаў.— Мальца б вы не пускалі сюды, рана яму яшчэ. А ўрэшце, вам відней. Ну дык як, будзе пляшка? Я зашыю галаву і заадно памыю, га?

— Будзе, дзядзька, будзе,— азваўся Санька і выйшаў на вуліцу, да жанчын.

Стары перайшоў да галавы Сяргея. У цьмяным святле зноў бліскае іголка. Антон не спускае вачэй з твару бацькі. Пры кожным узмаху рукі дзядка бацька ўсміхаецца. Усмешка чужая, не яго. Бацька ніколі так не рабіў. На лбе аніводнай зморшчынкі. Шчокі ўздрыгваюць, вусны расцягваюцца, а дзядок спрытна сноўдае іголкай.

Вось у бацькі адплюшчылася адно вока, другое, ён глядзіць на Антона, глядзіць і ўсміхаецца. Хоча нешта сказаць. Вось-вось зараз ён скажа пра ўсё Антону.

«Ну гавары ж, бацька, гавары, я чакаю… Чакаю твайго слова. Адзінага-адзінюткага. Толькі ж у мяне халадзеюць ногі, мярцвеюць рукі. Гавары хутчэй, бацька!»

Ангон ціхенька споўз паўз сцяну на падлогу…

Апрытомнеў ён у светлым пакоі. Побач маці і цётка Каця. Пад нос яму яшчэ раз паднеслі ватку з нечым едкім і рэзкім, ад чаго на вачах выбівала слёзы.

— Здароў, салдацік,— усміхнулася Ангону маладая дзяўчына ў бялюткім халаціку і з ненатуральна чырвонымі вуснамі.— Як сябе адчуваеш? Падняцца можаш?

— Магу,— выдыхнуў Ангон.

Яны падышлі да машыны, калі бацька ляжаў ужо ў труне, прыбраны.

— Вось і ўсё, Сяргейка, паехалі дамоў. Зачакаліся цябе там і матка, і дочкі, суседзі сабраліся, усе чакаюць цябе…


***

Няўжо зязюля так рана і гэтай вясной закувала? Праляцела міма іншых селішчаў і вёсак, а ў Шышкаўцы прыпынілася, аблюбавала дальні лясны куточак на могілках. I рана-раненька, з расою, кувае яна, і позна, з захадам сонца, усё не сціхае, усё самотную песню вядзе. I не бачна песні гэтай ні канца ні краю. Ды і завошта доля такая спасцігла зязюльку, за якія грахі надрывае яна сэрца. Мо па Божай волі, а мо і па людской узлятае яе голас над цішшу спрадвечных магіл, будзіць, кліча таго, хто назаўсёды, рукі сашчапіўшы, прысыпаны сырой зямліцай, хто вочы змружыў без пары і часу. Гамоніць зязюлька, нагаманіцца не можа з тым, хто маўчыць, каму слова прамовіць няма сілы. Лепш супакойся ты, зязюлечка, не рві аблітае крывёю і слязамі сэрца, а ляці да сваіх дзетак, гадуй ды падымай іх, ад бяды засланяй, цяплом сагравай.

I за сябе і за таго, хто спіць сном непрабудным…


VII

Барташэвічы згулялі заручыны напрыканцы сакавіка. Якраз насля першага сухога грому на голы лес. Старэйшыя людзі ў вёсцы гаварылі, што гэта на галодны год, маўляў, быць неўраджаіцы. Другія сцвярджалі, што часта здаралася такое, але, дзякуй Богу, усё вырастала як на дражджах.

Надзька толькі падмяла ў хаце, выпаліўшы печ, узяла вёдры і пайшла да недалёкага, Цімохавага, калодзежа набраць на дзень вады. Яна ўжо налівала другое вядро, калі падышла Дуняша Філіна.

— Добры дзень, цётка.

— Здаровенька будзь, дзеўка. Што новенькага чула ці бачыла?

— А ўсё па-старому, як учора і пазаўчора.

— Я б так не казала. Мы ж во збіраемся нявестку ў хату прывезці. Ці пагаворваюць пра гэта бабы?

— Гаварыць шмат пра што гавораць, толькі ж усяму веры не будзеш даваць.

На хвіліну жанчыны прымоўклі. 3 другога канца Шышкаўкі, ад могілак даляцела прыцішанае ветрам галашэнне.

— Бедная Галя,— уздыхнула Дуняша.— На пахаванні ў яе слязінкі не было, а цяпер во і ранкам, і вечарам да Сяргея ходзіць, сэрца рвець.

— Ацьфу на яе. Хутчэй здохне. Адурыла яна галаву. Равець, як карова за быком. Ці ж та ў людзей не паміраюць? Я праўду кажу, Дуняш?

Філіна змоўчала.

— Майго Івана ўрагі гэтыя, Смалякі, на той свет звялі, во і расплочваюцца. Нічога дарам не мінае. Не, нічога.

— Я дык, цётка, другое чула,— няўпэўнена пачала Дуняша.— Людзі па вёсцы гіагалоску пусцілі, што вы на Сяргея сілу чорную навялі, ад вашых рук ён знябожыўся. Да нейкага дзеда Ў Хоцімск ездзілі, адтуль усё і пайшло. I Галя ці не ў пятніцу хадзіла да далёкай варожкі, тая баба, нічога не ведаючы пра Шышкаўку, усё чысценька расказала і апісала цябе, цётка, і ваша дворышча. Усё-ўсё, да драбніц,— так гаварыла Таццяна Вароніна на рабоце. А дзе тут праўда ці хлусня — мне не рашаць. Ага, ледзь не забыла. На пахаванне, цётка, ты ж не хадзіла, так? Ну дык во. Варожка прадказвала, што калі б пайшла, то там, у хаце Смалякоў, і засталася б.

Надзька задумалася.

— А яшчэ, Дуняш, што языкамі мелюць?

— Галі падказалі страшнага, чорнага чалавека, да яго збіраецца яна ехаць… Чуе маё сэрца — будуць яшчэ слёзы ў Шышкаўцы.

— Сплюнь ты, аглашэнная,— цыкнула на Дуняшу Надзька.— Няхай паміраюць ужо тыя, каму час прыйшоў. Пабегла я, некалі язык часаць з табой.

«Бач, сцерва, захвалявалася, замітусілася. Праўду ж гавораць — дыму без агню не бывае. Сёння ж бабам на рабоце перакажу гаворку. Няхай усе ведаюць»,— Дуняша задаволена ўсміхнулася.

Цэлы дзень Надзька не знаходзіла сабе месца. Пасварылася з Петраком. Выгнала з хаты Матруну, якая прыйшла з тымі ж навінамі, якія пачула яна ад Дуняшы. Незразумелая трывога білася ў душы, што мятлушка за акном. Больш за ўсё баялася Надзька за Петрака. «Ён жа зусім неразумны, аблавушка. Падсуне яму старая Смалячыха Марфа ці сама Галя нагаворнага зелля са стограмоўкай, і ляснецца чалавек, за дзень счарсцвее і ссохне. Петраку абы чарку паказалі, ён і гатовы. Слабы чалавек — не адмовіцца. Трэба яму сёння ж у вушы ўкласці, каб нічагусенькі ад Смалякоў і іх родзічаў у рукі не браў… А ці не схадзіць вечарком да іх дамоў. Пагаворым. Дзе трэба і слязу пушчу. Няўжо Смалякі не зразумеюць мяне? Я ж таксама Івана пахавала па іхнаму павеву. Трэба схадзіць, пакуль не позна. У мяне ж і Косцік застаўся, пра яго думаць трэба. Ды і вяселле хутка… А ў наступную нядзелю, тайком, з’езджу ў Хоцімск да дзеда. Няхай чым можа, тым і бароніць. Любой капейчыны не пашкадую. Толькі б помач даў, бяду адвёў. Я ж сама ўсё, што магла, ведала — скарыстала…»

Гадзін у пяць вечара прыехаў Косцік. Як толькі зайшоў у хату, адразу ж зняў з пляча сумку, расшпіліў яе і выпусціў на падлогу ладнаватага шчанюка.

— I лядзі, мам, якога красаўчыка прывёз. Адзін у адзін як наш папярэдні сабака.

Надзька зірнула і ледзь не абамлела. На яе глядзеў забіты ёю сабака, і ў яго вачах была не шчанюкоўская помслівая радасць.

— Выкінь, зараз жа выкінь гэту заразу з хаты! — немым голасам закрычала жанчына.— Каб духу ягонага на дворышчы не было.

— Лячыцца, мам, табе трэба,— з дакорам прамовіў Косцік.— Я ж спецыяльна шукаў падобнага, хацеў як лепш, а ты…

— Яшчэ раз паўтараю: знясі з двара яго! Зараз жа!

— Як хочаш. На яго знойдуцца людзі. Пайшлі, бяздомны,— Косцік загроб шчанюка ў сумку. Сабачанё ўжо з сумкі акінула позіркам Надзьку і ашчэрылася чорнай зяпай.


***

Марфачка басяком перайшла Сож. Снег напачатку студзіў ступакі, а вось лёд — апякаў падэшвы. Худзенькі льняны пінжачок падбівае ветрам, у валасах снежная пацяруха — хусцінка на шыі. Спаднічка, пафарбаваная карой з алешыны, прыкрывае лыткі ног, ім цяплей, а рукі можна і пад пахі схаваць. Цяпер во і нагам не зябка. Яны зайшліся ад холаду, адзеравянелі, можна ісці колькі хочаш. Ужо на другім беразе Гайшын з гаспадаровай хатай. Яна ж старалася, старалася Марфачка, прала кудзелю, выводзіла, выскубала тонкую нітку. Аж не, гаспадыня пачала скручваць ніткі з клубка на матавіла, а яны рваліся, што павуцінне ад буйных дажджын. Гаспадыня біла Марфу-Марфачку верацяном, а пасля і матавілам. Вырвалася дзяўчо на вуліцу — у снег, у завею. Уцякаць, бегчы куды вочы глядзяць, абы далей, толькі б схавацца. Доля наймічкі ў восем гадкоў нішчымная, горкая, слёзная. А колькі не даедзена, шчэ болей недаспана. Яшчэ трохі пройдзе Марфачка, і ў лазовым кусце, каля дубняку, можна перадыхнуць. Не дагоніць наймічку-сірату гаспадыня, не схопіць яе за худзенькую, тонкую касу, і не будуць больш пальцы аблазіць ад кудзелі. Ці ж Марфачка вінаватая, што кудзеля згніла, што рвецца з яе нітка.

I чаму, дзеўчанё ты горкае, не сышла з дарогі, глыбей у сумёты, далей за дубняк? Не дагнаў на кані цябе б гаспадар, не адвёз, не вярнуў у хату. Укрылася б снегам ты пульхным і цёплым. Заснула б ціхутка пад песню сівой завірухі. Колькі гора пазбегла ты б, Марфачка. I ніколі 6 не стала Смалячыхай, не ўбівалася б слёзна па сыне сваім. Во нітка жыцця рвецца хутчэй павуціння. «А як жа ўнукі?»

Яны б пачакалі прыходу свайго… Зіма і галодны воўк.


VIII

Марфа з Галяй лушчылі струкі мінулагодняй фасолі. Сабралі іх з восені ў кошык ды і паставілі ў прылазніку на дошкі. Будуць вальнейшымі рукі, дойдзе і да іх чарга. Толькі доўга чакаў кошык, пакуль знялі яго. Струкі аж пачарнелі ад пылу і дымнай копаці. Усё роўна як Смалякі абкурылі іх махныткамі гарэлых смалякоў. Антон з сёстрамі каля стала гарталі кніжкі.

У дзверы нясмела хтосьці пашкробся. Ляснула клямка, і праз нарог паказалася галава Надзькі Барташэвіч.

Галя напачатку аж прыжмурылася — ці не падалося гэта ёй? Марфа прыўзнялася з услончыка.

— Ці можна да вас у хату? — украдліва папыталася Надзька.

Ёй ніхто не адказаў.

— То я зайду, калі ўжо адчыніла.

I зноў маўчанне.

— Дайшлі да мяне чуткі, што за смерць Сяргея на мяне віну ўзводзіце. Што быццам я са свету яго звяла ў помсту за Іванаву канчыну. Дык я і прыйшла сказаць — душа мая чыстая. (Надзька правую руку не вымала з кішэні і моцна сціснула пяцярню ў кукіш.) Вы самі ведаеце, як у людзей языкі свярбяць, яны іх і чэшуць плёткамі. Няма сакрэту ні для каго, у якой любові сем’і нашыя жывуць. Вось яны і ўзводзяць напрасліну. Мірыцца нам час прыйшоў, а не варагаваць.

— Хацела я цябе, як толькі ўгледзела, за парог вытурыць, але дужа складна пачала ты гаворку, — нарэшце азвалася Марфа. — Праўду кажаш, балюча мне за сына, як і табе за свайго. Многае людзі гавораць і пра рознае — ім не забароніш.

— Праўдачку кажаце, цётка Марфа. Людзі цяперака злыя, не раўнуючы сабакі,— Надзька ўзгадала ашчэраную пашчу шчанюка і прымоўкла.

— Няхай будзе па-твойму. Калі з мірам ты да нас, то і мы да цябе,— Марфа зірнула на нявестку. Галя не адрывала вачэй ад кошыка з фасоллю.

— Мой дзед, пухам яму зямля, разумны, відушчы чалавек быў. Вось ён мяне і вучыў: калі злобы, бяды адзін аднаму не рабіў, калі напраслінай цябе аблілі, то збярыся з тым чалавекам разам, памаліся, стоячы перад абразамі на каленях, і пераламайце ўдвух асвечаную ў царкве грамнічную свечку… Я гатова зараз жа з табою стаць вось тут на калені. Антон,— звярнулася Марфа да ўнука,— дастань, дзетка, за іконай самую вялікую свечку, падай яе мне.

Надзька збялела. Чаго-чаго, а гэтага яна аніяк не чакала. «Што рабіць? Як выпутацца? А калі і праўда сілу мае выдумка старой? I ці выдумка гэта?»

— Хадзі ў кут. Станавіся побач са мною.— Марфа апусцілася на калені перад абразамі.— Бяры правай рукой адзін канец свечкі.— Смалячыха чакала. Надзька ж ад парога не зрабіла і кроку.

— Чаго стаіш там? Баішся? Я ж буду клясціся сама сабою, вось імі, чыстымі душамі ўнукаў, а ты сабою і сваім сынам. Ну, хадзем жа! — Вочы ў Марфы засцілала слязамі. Надзька, ні слова не кажучы, крутнулася на месцы і, ляпнуўшы дзвярыма, выскачыла ў сенцы.

Свечка ў руках Марфы засталася незламанай…


***

Пасля Сёмухі касілі сена. Першы ўкос. Дзяўчаты зграбалі і клалі ў невялікія копкі, а хлапчукі на конях сцягвалі ў кучы, якія мужчыны ўжо скідвалі ў стагі. Пасля абеду на прырэчнай лугавіне стаяла пяць вялікіх стагоў, кожны ці не на карову. Узяліся за шосты. Галя ўпарылася. Але што гэта для маладой дзяўчыны? Ускочаць разам з дзяўчатамі ў глыбакаваты вір рачулкі, разок, другі акунуцца, і сіла, спрыт ды моц — на месцы. Вечарам жа ігрышча — гармонік, танцы. Толькі б хутчэй завяршыць пяты стог.

Зарабіліся так, што не заўважылі, як нацягнула хмару, як схавалася сонца ў цёмным небе. І толькі калі рохкнуў гром далекавата, праз хвіліну бліжэй — спахапіліся. Але ўжо вось пярун б’е наадмашку, а маланкі быццам гадзюкі на Здзьвігі пераплятаюцца між сабой — усе кінуліся хавацца ад навальніцы ў складзеныя стагі. Дзяўчаты гуртам пабеглі ў дальні, а Галя замарудзілася. Зачапілася граблямі за купіну, тыя і саскочылі з грабільнішча. Даганяць дзяўчат позна — вымакнеш даапошняй ніткі, і Галя ўтачылася ў стог да хлапчукоў, які быў за пяток метраў ад яе. Неба шкуматалі маланкі на палосы і палосачкі, пярун не змаўкаў, біў па зямлі як у апошні дзень перад Страшным судом. Нават хлапчукі вакол Галі маўчалі, прыціскаліся да яе. I раптам нехта адзін з іх ускрыкнуў: «Глядзіце, стог гарыць!»

Так, там былі дзяўчаты. Іх, шасцярых, прывезлі абпаленых на павозках у вёску. I іхнія бацькі распазналі дачок па кавалачках недагарэлых сукенак…


IX

Надзька рыхтавалася да вяселля. Пасля Радаўніцы і збіраліся Барташэвічы яго справіць. Косцік ездзіў аж у самы Магілёў па новы касцюм. Пятрок, хлебануўшы лішнюю чарку самагону, хваліўся вяскоўцам, што сын не абы-якую жонку выбраў, а дачку вялікага, ці не самага першага, раённага начальніка.

Дуняша Філіна і тут не маўчала. Ледзь не кожнай жанчыне каля калодзежа яна па сакрэце гаварыла: «Думаеце, сам Косцік такую дзеўку адшукаў? Ыгы, укусі сябе за локаць. Надзька, ведзьма гэтая, сына на след навяла. усё чысценька не божацкай сілай зроблена. Папомніце маё слова». Дуняшы падтаквалі, а кожны думаў па-свойму.

Адна Надзька нікога не слухала. Яна наспела зрабіць са старых падушак пярыну на ложак маладых, пераклеіла з Матрунай шпалеры ў хаце, пабяліла печ і грубку, гальнём і мылам вышаравала да жаўцізны столь, за падлогу пакуль не бралася. Карцела ёй перад вяселлем пафарбаваць яе. Косцік з Магілёва якраз прывёз дзве бляшанкі кідкай фарбы.

Барташэвічыха старалася не ўзгадваць пра наведванне Смалякоў, адганяла з успамінаў свечку, якая не-не ды і ўзнікала ў яе перад вачыма.

Неяк Надзька раніцай, калі Косцік збіраўся на работу, лагодна загаварыла:

— Слухай, сынок, а мо справіць бы нам вяселле на трэці дзень Пасхі. У нас усё ўжо гатова. Толькі парсюка прышчаміць, і хоць сёння людзей за стол збірай.

— Мы ж дамовіліся пасля Радаўніцы, мам. Чаго табе не церпіцца. Некалькімі днямі раней ці пазней, якая ўжо розніца. Пабудзе ў хаце нявестка, не бойся.

— Ага, не бойся, а ці спадабаецца? Яна ж вунь якая цаца. Нам не раўня.

— Я ж табе дзесяткі разоў гаварыў — месяц, два пабудзем тут, а пасля пераедзем у райцэнтр. Будзем жыць там.

— Табе відней, дзетка,— уздыхнула Надзька.— Глядзі сам, як лепей.


***

У панядзелак, перад Радаўніцай, Антон пазней заўсёдняга ішоў са школы. Не паленаваўся, зазірнуў у лес, на тое месца, дзе не стала бацькі. Там цяпер уздымаецца вялікі дубовы крыж між сасонак. Паставіў яго Іван Перуноў.

I сасоначка-сухастоіна побач з крыжам ляжыць. «Навошта вырасла ты, дрэўца? Чаму зямля выпусціла цябе? Ніхто — ні звер, ні чалавек — не стаптаў, калі была ты яшчэ малюпасенькая, калі капыт лася ці казулі мог увагнаць цябе ў ігліцу, зламаць… Усё інакш склалася б. I не стаяў бы крыж цяпер сярод лесу, і не было б на маёй галаве сівых валасоў, якія кожны дзень мамка вырывае, а іх не меншае… Я вечарамі, на падсохлай ужо зямлі, гуляў бы з хлопцамі ў футбол, а цяпер няма калі. Адзіны мужчына я ў хаце. Раней не ведаў, што столькі трэба ўсяго рабіць. А бацька неяк паспяваў, усё дагледжаным стаяла, паўсюль парадак. I не паеду я ані да якога дзядзькі, не буду бульдазерыстам. Жыць мне тут, дома. Памагаць мамцы і бабулі гадаваць сясцёр. Яны ўсе без мяне прападуць… А мо і праўда — Барташэвічы наслалі на бацьку смерць? Яны адабралі яго ў нас? Каб жа я мог чым-небудзь ім адпомсціць. I дзе, адкуль узяць тую сілу, якая б секанула іх? А то яны да вяселля ўжо трахтуюцца-рыхтуюцца. Толькі Косцік у Барташэвічаў добры. Ён і на машыне заўсёды падвозіць, семкамі частуе, калі ў яго ёсць. Надзька ж з Петраком — ворагі. I баба Марфа з мамкай так кажуць. Бокам абыходзяць Надзьку ўсе, а я не баюся. Да мяне не падступіцца ёй, не ссекчы — я апошні парастак са Смалякоў».


***

Пад канец лістапада моцна прыціснулі халады. Снегу яшчэ не было, а вось азярына-копанка за агародамі зацягнулася лёдам. Разлезлую зямлю пасля дажджоў сцюдзёная зябкасць скавала, зацэментавала так, што пры вялікім жаданні лом не ўваб’еш. Антон ішоў за бабай Марфай, якая несла на каромысле саматканыя дарожкі-палавікі, а ў левай жа руцэ трымала бітончык з кіпнем. Антон памагаў — нёс гнёткі пранік.

Сяргей Смаляк незадоўга да гэтага прасек на азярыне-копанцы ладную панеўку. Марфа і несла вымыць, адбіць пранікам палавікі. За восень, капаючы бульбу, іх утапталі так, што і не разбярэш, якога колеру дзе стужка.

— Не паслухаўся, прасіла ж застацца дома, у цяпле, каля печы, ат не, прывязаўся следам. Пакуль з палавікамі спраўлюся — сусолкай станеш,— Марфа ўшчувала Антона. А яму што? Чатыры гады — на вуліцу магнітам цягне. Хочацца пакоўзацца на гладкім лёдзе. Калі яшчэ такое надарыцца — аднаго ж не пусцяць.

Вось і азярына. Вада ў панеўцы чорная, цягучая. Здаецца, усунь туды руку і вада смалой пацягнецца за пальцамі. Толькі ж Марфа не баіцца вады. Пад днішчам бітончыка плавіцца, растае лёд. 3 краю, сярод ледзяной пацярухі, мокнуць палавікі, Антон тут жа, побач, коўзаецца па люстраной гладзі. Моцна адбівае ўдары пранік. Пырскі снапкамі разлятаюцца вакол, а праз нейкую хвіліну яны празрыстымі каралямі завісаюць еа Марфінай спадніцы, праз мірг вока бялеюць, іх ужо нельга абгрэсці — знітаваліся, прыклеіліся яны да спадніцы. Раз-пораз, па чарзе, кабета абмоквае чырвоныя рукі ў бітончыку. I з новай сілай разлятаюцца пырскі з-над праніка.

Перадапошні палавік Марфа склала гармонікам, адвярнула ад панеўкі, каб адцягнуць яго далей — няхай крыху сцячэ вада. Праз некалькі ўздыхаў азірнулася, ды няма Антона. Акінула вачыма копанку — пуста. Паклікала — цішыня. I ойкнула, ахапіўшы ўкрадлівым позіркам панеўку. Над вадой парасончыкам уздуўся Антонаў палітончык. Марфа абедзвюма рукамі ўхапілася за паясок-хлясцік — вышмаргнула ўнука на лёд…


***

Нешта не знаходзіла сабе месца ў старым, трупехлым карчы. Мулка, няўтульна. Без дай прычыны сядзіць Яно ў гнілавагай хованцы. Сілы няма да каго прыкласці. Ці ўжо забыліся, што Яно, Нешта, не ўсё яшчэ зрабіла і здзейсніла. Не для лянівага ж лежбішча выпушчана Яно ў белы свет. Надакучылі мышы, якія гняздо над карчом зрабілі, галапузую плойму вывелі — піск, валтузня, няспыннае шорганне. Пры такім бязладдзі і ўладарнага голасу гаспадара не ўчуеш. Але Нешта ведае: хутка зноў работа, будзе новае жытло, сапраўднае, цёплае, жывое. Толькі цярпенне канчаецца ўжо. Хутчэй бы…

«Гаспадар!»

«I надыходзіць ён, бязгрэшны, чысты, свежы. Праз болю пісягі адкрыта сэрца ў яго. А неакрэплая душа, як гліна, вымешаная мною. Ужо загарэўся помстай позірк. Ён, Нешта, твой. У ім той гляк, дзе ты замесіш зелле на сем каленаў роду напярод. Ускоч у яго, хлапчына зараз побач».

Антон стаіць каля зламанай бядовай сасоначкі-сухастоіны. «I дзе, адкуль узяць тую сілу, якая б секанула іх? А то яны да вяселля ўжо трахтуюцца-рыхтуюцца».

Зашчымела сэрца, пацямнела ўваччу Антона. «Не бойся, зараз міне».

— Хто тут? — Антон азірнуўся. Нідзе нікога. Толькі вялікі дубовы крыж і лес. Лес і ён. «Твой сябар я. Сіла, якой хацеў».

— Навошта?

«Каб помсціць».

— Каму?

«Сам ведаеш. Ворагам роду вашага».

— А як?

«Цяпер і навучу».


X

Шышкаўцы на Радаўніцу ўсёй вёскай ішлі на могілкі. У хатах не заставалася аніводнага чалавека. Нават нямоглых, хворых прывозілі на падводах, а калі траплялася машына, то і на ёй. Адзін раз на год, у гэты дзень, збіраліся ўсе вяскоўцы разам. Прыходзілі не толькі да тых, каго ведалі, а і да незнаёмых, каго ніколі пры жыцці не бачылі. Пасля полудня могілкі бялелі ад саматканых абрусаў, ручнікоў і фартухоў на крыжах. Апранутыя ў самае лепшае мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці збіраліся гуртамі, купкамі, гаманілі, успаміналі, пераходзілі ад адной магілы да другой, здароўкаліся з парослымі травой курганкамі зямлі, той-сёй крадком выціраў слязіну на вачах.

Галя, Марфа і дзеці сядзелі каля Сяргеевай агароджы, сям’я Барташэвічаў непадалёк, там, дзе пахавалі Івана. Надзька скоса пазірала на Смалякоў, на іх самотныя твары. I ёй было нуднавата і трывожна, але гады прыгладзілі, зацягнулі рану на душы і сэрцы. Не так яна вярэдзіла і даймала, як Смалякам.

Бліжэй да вечара, нагаманіўшыся, добрым словам успомніўшы нябожчыкаў, людзі ўзбоч магіл рассцілалі некалькі спецыяльна прынесеных абрусаў, даставалі з пакункаў бутэлькі з гарэлкай і ядой,— запрашалі да стала спачылых родзічаў…

Разыходзіліся па хатах пазнавата, ці не разам з заходзячым сонцам. Антон не пайшоў дамоў разам з усімі. Ён цішком схаваўся ў недалёкім ад могілак ельніку, затаіўся, назіраў. Добра сцямнела, калі навокал усё сціхла. Нарэшце ён выйшаў з хованкі, пералез праз дашчаную агароджу і, абыходзячы магілы, накіраваўся ў самы глухі куток могілак. Потым спыніўся, сарваў са старога крыжа фартушок, прыгнуўся і з ледзь бачных, прыгладжаных часам, курганкоў магіл узяў пяць шчэпцяў зямлі, акуратна высыпаў іх у фартушок, не азіраючыся, пайшоў прэч.

Толькі каля самай вёскі Антон прыцішыў хаду.

«Цяпер ідзі на ўзлесак, да высахлай асіны. Пад ёю закапаны сабака. Вазьмі і адтуль шчэпаць зямлі, змяшай з той, што ў фартушку, і толькі тады… Чаго трасешся? Боязна? Але ж ты хацеў помсціць. Прыгадай бацьку. А мо забыў ужо!»

— Усё я помню.

Антон асцярожна, прасунуўшы ў шчыліну сагнуты цвік, адчыніў фортку на дворышча Барташэвічаў. Тры разы абышоў ён вакол хаты, і лёгкі жоўты пясок трыма ланцугамі акруціў, сціснуў яе…


XI

Смалякі толькі селі снедаць, як у хату заскочыла Таццяна Вароніна. Не вітаючыся, паспешліва абцягнуўшы спадніцу на каленях, яна выдыхнула:

— Разбіўся Косцік Барташэвіч. Сёння, толькі што. Ехаў на работу і перакуліўся з машынай у канаву. Мёртвага павезлі ў райцэнтр.

— Я гэта ўчора яшчэ ведаў,— абыякава, быццам сам сабе, прагаварыў Антон.


***

Нешта ў слове. Слова ў нечым. Мы па-за ўсім…