Незламаная свечка [Анатоль Казлоў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Анатоль КАЗЛОЎ


Незламаная свечка


I ў небе, і ў зямлі схавана больш,

чым сніцца вашай філасофіі…


У. Шэкспір, словы Гамлета


I

Пачынаўся сакавік. Нягегла-хлюпкі месяц з шаравата-белай размазнёй-кашыцай талага снегу. Ён распаўзаўся пад нагамі, коламі трактароў і машын, разлятаўся рэдзенькімі струменямі на прыдарожныя платы, брамы, сцены блізкіх хат. Вышэйшым стала неба над вёскай, і хмары так ужо не чапляліся сваім разбэрсаным касмыллем за вершаліны недалёкага лесу. Настойлівей і шчадрэй прадзіралася праз воўну хмар сонца. Яно лашчыла, адагравала ранніх шпакоў на яблынях і грушах смалякоўскага саду. Таго саду, што пасадзіў яшчэ прадзед Сяргея Смаляка, пасадзіў пры бытнасці старога князя Дзмітрыя Крапоткіна.

Па ўсім бачылася, што вясна будзе ранняя: паласкаліся, вымываліся ў ручаінах талага снегу сініцы, неўгамонна, паполуднях, чвыркаталі вераб’і на электрычным дроце слупоў. Вербалоззе збоч канаў і меліярацыйных каналаў павыпускала на божы свет пульхныя коцікі. Дакранешся да іх рукою, і пальцы, далонь улоўліваюць ледзь адчувальную цеплыню. Яна расплываецца па ўсім целе, ахутвае змарожаную зімой душу воблакам майскіх водараў ад чаромхі і бэзу, квецені яблыняў, груш і вішань.

Вясна будзе ранняя. Гаварылі пра гэта і старажылы вёскі Шышкаўка.

Марфа Смаляк сядзела за кроснамі. Яна прыжмурвала падслепаватыя ўжо вочы, стукала раз-пораз бёрдам і няспешкі прадзявала пад ніткі ладнаватыя клубкі каляровых стужак. Ткала Марфа на падлогу палавікі.

«Ат, няхай сварацца на мяне Галя з С’яргеем, няхай бунтуюць супраць кроснаў — кожную зіму так бывае. Але ж куды ні кінь вокам — паўсюль па хаце мае палавічкі ляжаць, і ложак свой прыбіраю я посцілкамі, што выткала. Яно ўсё вечнае, не тое што ў краме купленае».

Марфа шчасліва ўсміхалася сама сабе, усміхалася думкам і вясне за акном. Праз шыбіны сонца сляпіла старую, і яна адсоўвалася ад яркага святла за аконную прыталку, яшчэ больш прыжмурвала вочы. I нарэшце, калі Марфе зусім надакучыла гульня ў хованкі з сонцам, яна вылезла з-за кроснаў і шчыльна захінула на акне фіранку.

«Во так лепей будзе. Зенкі зусім дрэнна бачаць, а тут яшчэ сонца даймае, што тыя авадні ў летнім полі. Цікавыя мы людзі — няма сонца, то хочам яго, а як толькі крышачку дапяло — хаваемся».

Марфа зноў села за кросны. «Нешта доўга нямашака Галі з работы. Павінна ўжо на абед прыйсці. Хоць бы перахапіла капусты гарачай ды дранікаў з’ела. Уранні пабегла, толькі малака глытнуўшы. Загубіць яе калгасная работа. Галя хоць і не дачка, а ўсяго нявестка, але дрэннага слова няма за што плявузгнуць на яе. I чаго я, дурніца, была некалі супраць Сяргеевага вяселля з ёю. Сын малайчына, наравісты. А калі б паслухаўся мяне, то і ўпусцілі б Галю. Шмат кабялюгаў абходжвала яе. Добра, ай добра, што сын не паслухаўся старой кашолкі». Марфа зноў усміхнулася думкам, выцерла пальцамі слязіну ў кутку вока, якую выціснулі промні сонца. «I чаго гэта я сёння так усхваляю Галю? Яшчэ ж маці мая казала, што блізкіх і родных сваіх трэба любіць і шкадаваць так, каб яны гэтага не ведалі. А цяперака ж усё наадварот — падсобіць мала хто хоча, а слоў мяккіх нагаварыць могуць з рэзьвіны. Сяргея свайго ніколі я не лашчыла, хоць і рос без бацькі. Затое цяпер ён у мяне самастойны, людзі да яго прыслухоўваюцца, і гарэлкай не вельмі балуецца, не глядзіць на белы свет праз рыльца пляшкі. Вось толькі шкода, што сёння не паслухаўся ні мяне, ні Галі — павалокся Перунову лес на хату валіць. Ужо так яго ўпрошвалі, каб не ішоў, але ж не паслухаўся. Няхай бы гэты выхадны, калі за рулем машыны не сядзіць, дома пабыў, сухія галіны з яблынь ды груш пазразаў, сцягнуў з агарода. Не, не паслухаўся… Мо ён гарэлкі захацеў? — Марфа задумалася, уздыхнуўшы, паправіла складкі спадніцы на каленях.— Хто цяперака ў гэтых мужчынах разбярэцца. Некаторыя на людзях не п'юць, другія дома ў чарку не глядзяць, а за вуглом праз зубы цэдзяць. Божы свет з ног на галаву стаў, і рады ніхто не дасць. Вусцішна нешта на душы, як усё роўна ў Спаса перад навальніцай. Нешта гняцець і цісне маё сэрца, выкручвае яго, як вымаклую палатняную анучу. Хоць бы хутчэй Галя з работы прыйшла ці дзеці са школы прыбеглі. Сяргей, відаць, да вечара ў лесе будзе, толькі ўпацёмку дамоў з’явіцца. На якую трасцу ён пайшоў з гэтым Перуновым? Падсобіць яму захацелася. Ну і што, калі за Перуновым Галіна сястра? Няхай бы людзей ён наняў, гуртам і навалілі б яму соснаў на новую хату. Не, не, Марфа, мала ты сцёгала сына аброццю. Часцей нада было, каб аж прылягала да цела. Цяперака быў бы лацвейшы, лагоднейшы. I да матчынага слова прыслухоўваўся б. Не дурныя ж людзі казалі, што выхоўвай дзяцей не тады, калі яны ўдоўж лаўкі ляжаць, а тады, калі ўпоперак… Калі ўжо хто-небудзь дамоў прыйдзе? Быццам усіх папрывязвалі дзе. Іншым разам яшчэ да полудня дзеці са школы прыбягалі, Галя з работы. А сёння хоць галасі. I Антон,