Горад прыдзе [Уладзімір Дамашэвіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Шчасце ўперадзе ўсё

Азарае мне даль.

Толькі трэба яго

Не шукаць, не лавіць,

Трэба шчасце ў суровым

Змаганні здабыць.


А. Куляшоў.


Міхась саскочыў з веласіпеда і паклаў яго на ўзмежку ля дарогі. Цяпер хлопец мог уздыхнуць на поўныя грудзі, расправіць плечы. Бадзёрасць ад ранішняга халадку разлівалася па ўсім целе. У галаве яшчэ трохі круцілася ад бяссоннай ночы.

Але не гэта турбавала. Узяўшыся ў бокі, Міхась стаяў і пазіраў перад сабою туды, дзе раскінулася яго родная вёска. Зусім другімі вачыма глядзеў ён цяпер на яе.

У вялікай лагчыне ля рэчкі, ад якой засталася толькі назва, тырчаць стрэхі будынкаў, схаваныя за густою засенню прысад — старасвецкіх клёнаў, купчастых ліп, малочна-белых явараў. 3 захаду да вёскі падыходзіць поплаў, які вясною залівае верхаводка, і Вераб’ёўка на які месяц зноў вырысоўвае на загуменні сваё рэчышча. Тады гаспадыні спяшаюцца бяліць свае палотны, якіх з кожным годам усё менш і менш ткуць іх непаслухмяныя дочкі...

3 усходу ў самае прыгуменне ўпіраюцца ўрадлівыя сядзібы; там агароды. Крыху далей — пабудовы калгаса: кароўнікі, свінарнік, а над усім высіцца, як гіганцкая кветка рамонку, ветраны рухавік.

На вачах мяняецца твар зямлі. Дваццаць год назад на гэтым месцы цягнуліся вузкія палоскі сялянскіх надзелаў. I невядома, колькі часу вузелі б яны яшчэ, каб не верасень трыццаць дзевятага года...

Міхась устрапянуўся, і гукі навакольнага свету зноў ажылі. Справа, у старых шведскіх курганах, зарослых арэшнікам і дубняком, заліваўся салавей. Здавалася, ён прабаваў свой голас; з нізкіх тонаў пераходзіў на высокія, бы музыкант перабіраў струны скрыпкі, правяраючы настройку. Жаваранкі напаўнялі сваёю аднастайнаю песняй прыкрытае лёгкім туманам неба. На свежым ветры шумелі жыты — вось-вось пачнуць красаваць. Міхась падышоў да палетка — жыта было ў рост чалавека. Узяў свежы шэра-зялёны колас, правёў вільготнымі асцюкамі па вуснах, усміхнуўся.

3 вёскі даляталі крыклівыя галасы пеўняў. Працятла зарыпеў журавель. Але сама вёска яшчэ спала — у нядзелю не шкодзіць адпачыць лішнюю часіну.

Нейкая сіла кіпела ў грудзях Міхася, шукала выйсця. Яму хацелася рабіць нешта незвычайнае, не такое, як усе і як дагэтуль рабіў ён сам. Яму здавалася, што цяпер ён змог бы перавярнуць горы, каб яны раптоўна выраслі перад ім, — гэтулькі сілы адчуваў ён у сваіх тугіх мускулах, натрэніраваных на сялянскай працы.

«Яны спяць, мае Дабрынічы, — падумаў Міхась. — Яны не ведаюць, што ўчора я даў слова застацца дома, у калгасе. І каб вы чулі, як я ў гарачцы сказаў: «Заклікаю моладзь вёскі браць з мяне прыклад...» Проста смешна: «Браць з мяне прыклад!»

Міхась рассмяяўся з сябе.

Нялёгка скіраваць сваё жыццё па-новаму. Многія яшчэ смяяцца будуць, — разважаў Міхась. Высока ляцеў, а нізка сеў. Як жа, — вучыўся дзесяць год, а застаўся ў вёсцы. «Шукае лёгкага хлеба», — не раз гаварылі пра яго. Што ж, гэта вечны закон жыцця: гаварылі тады так, цяпер будуць гэтак. Трэба ж людзям пра нешта гаварыць. Гэта яшчэ паўбяды. Вось што скажуць дома?

Ад гэтае думкі прабягае халадок па спіне. Міхась падымае веласіпед, стукае коламі аб зямлю, нехаця перакідае нагу праз раму і ціха, тармозячы, спускаецца з горкі. Прашумелі збоку, дзе могілкі, клёны і явары. 3 крыкам прачыналіся вароны, збіраючыся некуды ў дарогу. Самы круты спуск — ля старога мосціка праз Вераб’ёўку, якая жыве толькі вясною.

Міхась зварочвае на свой двор. Скрыпнулі веснічкі. На ланцугу заскакаў Кудла, вітаючы гаспадара. Міхась паглядзеў, ці замкнёныя сені. Так, замкнёныя. Тады ён адчыніў хлеў, увёў туды веласіпед. Карова яшчэ ляжала. Яна нават не глянула на Міхася, павольна жуючы жвачку.

3 сеняў Міхась перабраўся на гару, на хату, дзе была яго пасцель на свежым сене. Густы пах адразу ап’яніў Міхася.

Так хацелася спаць, а лёг — хоць сшывай вочы. Цела стомлена, не прайшло напружанне, што было цэлыя суткі. Усё так ярка паўстала перад вачыма, — усе падзеі дня і ночы, — ажно хочацца адвярнуцца ад гэтага і не бачыць, бо неяк непрыемна зноў перажываць нанова тое пачуццё, якое разанула табе па сэрцы і пакінула глыбокі след, — больш балючы, чым прыемны.

А непрыемным Міхась лічыў той момант, калі ён, падбадзёраны таварышамі, падняўся і кінуў у сцішаны зал клуба надта гучныя, як яму цяпер здалося, словы: «Заклікаю браць з мяне прыклад». Да гэтага часу ён лічыў сябе сціплым...

Праплывалі яшчэ нядаўнія малюнкі: прамова дырэктара, уручэнне атэстатаў, размовы, мітусня, танцы... Пасля ён сядзеў у скверыку са «сваёй» Зінаю, затым танцаваў з ёю, хоць дагэтуль рэдка калі пускаўся ў скокі — не ўмеў як трэба, а яшчэ больш саромеўся... Нарэшце ўсё гэта пачало блекнуць: надыходзіў сон, нячутна, непрыкметна,