Кавалак дрэва [Рэй Брэдбэры] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

назаўсёды пазбудзецца страху вайны. Не ведаю, як я i прыдумаў усё гэта. Неверагодна. Гэтак жа неверагодна, як атамная бомба. Цэлы месяц я чакаў, абдумваў усё як след. Мне таксама прыходзiлi думкi пра чарапаху без панцыра. А цяпер я рашыў. Наша гутарка пераканала мяне. Нiхто не верыў, што ўзляцяць самалёты, нiхто не верыў, што выбухне атамная бомба, i нiхто не верыць, што калi-небудзь будзе мiр. А ён будзе.

- Перадайце доктару Мэт'юду гэту паперу, - заспяшаўся Чыноўнiк.

Сяржант устаў.

- Значыць, вы рашылi не пасылаць мяне ў новую Зону?

- Не тое каб рашыў. Пачакаем, што скажа доктар Мэт'юд.

- Тады я вырашыў, - сказаў малады чалавек. - Праз некалькi хвiлiн я абмiну Пост. У мяне ёсць пропуск. Дзякую, сэр, што аддалi мне частку вашага каштоўнага часу.

- Паслухайце, сяржант, не прымайце блiзка да сэрца. Я не ганю вас. I нiхто не кране вас пальцам.

- Ну вядома. Нiхто не паверыць мне. Бывайце, сэр.

Сяржант адчынiў дзверы i выйшаў.

Дзверы са стукам зачынiлiся, i Чыноўнiк застаўся адзiн. Пастаяў, задуменна гледзячы на дзверы. Потым уздыхнуў, пацёр твар рукамi. Зазванiў тэлефон. Чыноўнiк рассеяна зняў трубку.

- Гэта вы, доктар? Якраз збiраўся пазванiць. - Паўза. - Так, хацеў паслаць яго да вас. Лiчыце, што нiчога страшнага ў тым, што ён усюды бадзяецца? Вы так думаеце? Як скажаце, доктар. Ясна, мае патрэбу ў адпачынку, у поўным адпачынку. Нябога, яго замучыла насланнё вельмi цiкавага характару. Канечне. Ганьба. Вось да чаго даводзяць шаснаццацiгадовыя войны.

Голас у трубцы нешта прагудзеў у адказ.

Чыноўнiк выслухаў i кiўнуў галавой.

- Зраблю я сабе паметку, хвiлiначку, - ён палез па шарыкавую ручку, - не вешайце трубку, зараз, зараз. Вечна некуды падзену, - ён паляпаў па кiшэнях, толькi што была, не вешайце трубку, - ён адклаў трубку i абмацаў стол, высоўваючы шуфляду за шуфлядай. Яшчэ раз праверыў кiшэнi. Знерухомеў. Рукi зноў марудна спаўзлi ў кiшэнi i сталi зандзiраваць iх. Ён глыбока запусцiў вялiкi i ўказальны пальцы i выцягнуў дробку нечага незразумелага. Высыпаў гэта на стол: дробны, як пудра, жаўтавата-чырвоны ржавы парашок.

Нейкае iмгненне ён сядзеў, тупа ўтаропiўшыся на парашок. Потым узяў трубку.

- Мэт'юд, - сказаў ён, - падключайцеся хутчэй. - Шчоўкнула, i ён набраў другi нумар.

- Ало, прапускны пункт, слухайце ўважлiва: у любую хвiлiну можа з'явiцца мужчына, вы яго ведаеце, гэта сяржант Холмз, спынiце яго, падстрэльце яго, калi што якое - забiце, нiякiх пытанняў, забiце, як сабаку, зразумела, гэта я загадваю! Так, забiце яго, зразумела?!

- Але, сэр, - данёсся разгублены голас з другога канца провада, - я не магу, я проста не магу...

- Як разумець - не магу, чорт вазьмi!

- Разумееце... - маўчанне. Толькi цяжкае дыханне паставога ў трубку.

Чыноўнiк затрос тэлефон.

- Слухайце мяне, увага, прыцэлiцца!

- Я нiкога не магу забiць, - сказаў паставы.

Чыноўнiк упаў ў крэсла. Iмгненне ён сядзеў, задыхаючыся ў страшэнным трызненнi. Там, знадворку - ён гэта ведаў без лiшнiх слоў, без позiрку склады са зброяй асыпалiся мяккiм чырвоным iржавым пылам, самалёты ў клубах рудой iржы адляталi ў нiкуды, а танкi, як дыназаўры, пагружалiся, марудна пагружалiся ў расплаўлены асфальт (цi не пра гэта гаварыў сяржант?), асядалi ў ямах дзёгцю. Грузавiкi, быццам мыльныя бурбалкi, лопалiся ў жоўтым iржавым дыме, i толькi непатрэбныя цяпер шафёры ды шыны ўперамешку валялiся ўздоўж дарог.

- Сэр... - сказаў паставы, якi бачыў усё гэта, - о, госпадзi...

- Ало, ало! - закрычаў Чыноўнiк. - Бяжыце за iм, даганiце, задушыце рукамi, забiце кулакамi, паламайце яму рэбры, забiце да смерцi, рабiце што хочаце, толькi забiце! Зараз я буду ў вас. - I ён павесiў трубку.

Машынальна высунуў нiжнюю шуфляду ў стале, дзе ляжаў службовы пiсталет. У новай скураной кабуры засталася толькi жменька рудой iржы. Ён вылаяўся i куляй вылецеў з пакоя. На хаду схапiў крэсла. Дрэва, падумаў ён, добрае, старое дрэва, добры, стары клён. Двойчы ён ударыў крэслам аб сцяну, i тое паддалося. Потым ён схапiў ножку i сцiснуў у руках.

Твар яго палаў, дыханне з хрыпам вырывалася з разяўленага рота. Ён прымерыўся ножкай.

- Выдатна, чорт вазьмi, наперад! - зароў ён.

I з крыкам выскачыў, шалёна бразнуўшы дзвярыма.