Афганская шкатулка [Андрэй Федарэнка] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

прыладкаваў на тумбачцы побач з ложкам. «Афганец» узрадваўся падарунку, як малое дзіця. Канечне, нудотнае існаванне яго з гэтага часу крыху змянілася. Цяпер яму ўжо міжволі даводзілася ўступаць у сякія-такія кантакты з суседзямі па палаце: прасіць, каб хто ўключыў ці выключыў магнітафон, памяняў касету. У гэты самы час і адшукаўся яму сябрук. Таксама беларус, таксама паранены ў Афганістане, толькі яшчэ зімою. Аднак і цяпер у яго была забінтаваная галава.

Ляжаў ён у суседнім «афганскім» корпусе, а сюды, да таварыша па няшчасці, пачаў наведвацца кожны вечар. Відаць, там яму таксама было адзінока. Быў ён высокага росту, хударлявы, маўклівы, характар меў спакойны, падатлівы. У цёмных зеленаватых вачах яго ўгадвалася ранняя сталасць і чытаўся зноў-такі не па гадах розум.

Ён карміў сябра з лыжкі. Прыбіраў за ім. Прыносіў купленыя ў шпітальным буфеце гасцінцы: яблыкі, пячэнне, малако. Гаварылі яны з «афганцам» мала, неахвотна, да таго ж па-беларуску, і хворыя ў палаце, прыслухоўваючыся, са здзіўленнем адкрывалі, што гэта, аказваецца, амаль незразумелая мова!

Часцей зямляк падсядаў да сябра на ложак, нягучна ўключаў магнітафон і яны моўчкі слухалі песні такога далёкага цяпер свайго юнацтва.

Усё, аднак, канчаецца — скончыўся і гэты перыяд чакання. Неяк з раніцы зайшоў доктар. Радасна паціраючы рукі, аб'явіў голасам больш бадзёрым, чым звычайна:

— Прафесар Пятроўскі прыехаў! Рыхтуйся, зямляк. Заўтра ў цябе пункцыя спіннага мозгу.

— А потым? — ціха спытаў «афганец».

— Гм, потым… Потым будзем глядзець. Цэлы цыкл аперацыяў цябе чакае!

У той дзень «афганец» быў зусім маўклівы, разгублены. Як заўсёды, увечары прыйшоў зямляк, падзяліўся радасцю: заўтра яго выпісваюць. У палаце былі толькі яны ўдвух. Зямляк хацеў уключыць магнітафон, «афганец» папрасіў:

— Не трэба. Я хачу табе нешта сказаць. Я ведаю, што не выжыву. Не суцяшай! — павысіў ён голас, угадаўшы, які рух зрабіў і якія словы збіраецца зараз сказаць зямляк. — Неяк у рэанімацыі, яшчэ ў Ташкенце, я падслухаў, урачы сказалі — гэты доўга не працягне. Дык вось, будзь уважлівы! І запамінай. Калі мяне не стане, толькі ты адзін будзеш аб гэтым ведаць. Нагніся.

І ён зашаптаў, ды так ціха, нібы баяўся, каб нават сцены не падслухалі ягонай тайны. Зямляк слухаў моўчкі. Падчас усяго расказу ён нават не зварухнуўся.

Вось тут перапыняецца нашая гісторыя. Усплыве яна аж праз пятнаццаць гадоў і на гэты раз месцам дзеяння выбярэ не далёкі Афганістан, і не падмаскоўны Падольск, а беларускую вёску Вялікая Паляна; менавіта тут з'явяцца перад намі, як на экране тэлевізара, і старыя знаёмыя героі, і зусім новыя; менавіта тут наша таямнічая заблытаная гісторыя паступова раскруціцца, разблытаецца, праяснее і пад канец ператворыцца проста ў гісторыю.

Аднак не будзем забягаць наперад!

Раздзел I

Лёдавае пабоішча. — Галоўны недахоп сяла Вялікая Паляна. — Цім і Валік. — Овер-тайм. — Не забіваеш ты — забіваюць табе. — Варатар Дзірка з каманды «Рэшата». — Барадач з сабакам.

Бітва сяльчан з зарэчанцамі вялася ўжо трэцюю гадзіну, а ўсё не відаць было канца ёй.

Мужна сыходзіліся між сабою байцы. Грудзьмі адзін на аднаго наляталі, касцьмі клаліся, сцяна на сцяну пёрлі — аж патрэскваў пад іх цяжарам тонкі лёд. Штораз выбухала наваколле то крыкамі радасці, то енкамі адчаю. Але ніхто не хацеў здавацца. Пералому ў бойцы ўсё не наступала. Да канца намерыліся стаяць воіны, — дарма што самаму малодшаму з іх было ўсяго дзесяць гадоў, а самаму старэйшаму — пятнаццаць, і што бітва паміж імі ішла бяскроўная, бяскрыўдная, тая, што завецца замежным, але на дзіва лёгкім для беларускага вуха і языка словам — хакей.

Канаў пакрысе кароткі зімовы дзень. Палавіна сляпучага чырвонага сонца ўжо схавалася ў цёмным бары, які шчыльнай сцяною з усіх чатырох бакоў акружаў пляцоўку. Апошнія промні яго яшчэ прабіваліся праз зубчатыя вершаліны хвояў і залатымі палосамі клаліся на лёд, зіхацілі яго і расквечвалі ўзорамі.

Малады месяц не стаў чакаць, пакуль сонца схаваецца ўсё. Выскачыў раней часу, застыў на другім баку неба. Так яны і віселі: палова чырвонага сонца на захадзе і бледны, ад уласнай смеласці разгублены кружок месяца на ўсходзе. Дзівіліся то адзін з аднога, то пазіралі ўніз, на гэтых няўрымслівых, зусім маленькіх, калі глядзець на іх зверху, людзей, якія невядома чаму сабраліся сярод глухога лесу, расчысцілі ад снегу пляцоўку, паздзяліліся на дзве каманды і вось носяцца адзін за адным, мітусяцца без толку без ладу, не баючыся ні марозу, ні ветру, забыўшыся на дзень і на хуткую ноч.

Вось аб усім гэтым і будзе напісана заўтра ў школьнай сценгазеце. Ды яшчэ не прозай напісана, а вершамі! Сценгазету вывесяць з самай раніцы, перад урокамі. Відаць, ноч не спаў, шчыруючы, невядомы аўтар. Пачнецца «паэма» так:

Знайшлі яны між лесу поле —
Ёсць разгуляцца дзе на волі!