Падары нам дрэва [Янка Сіпакоў] (fb2) читать постранично, страница - 97


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

дарозе: спачатку пачаў даваць перабоі, захлынацца матор, пасля сапсавалася сістэма кіравання, а затым, калі мэта была ўжо зусім блізка, адляцела, як адрэзанае, пярэдняе кола.

Таму апошнія кіламетры давялося ісці пехатою.

Аб'ект быў у страшэнным запусценні. Да яго ніяк немагчыма было падысці: усё навокал зарасло бур'янам і нават праз бетонныя пліты колішняй сцежкі прарасла густая, высокая, як лес, трава — мясціна тут вільготная, балоцістая, што вельмі спрыяе росту раслін.

Непадалёк убачыў заржаўленую, але добра накляпаную касу, якую нібыта знарок хто ўторкнуў для яго касільнам у зямлю, зразумеў, што і праўда спярша трэба было б абкасіць падыход да аб'екта, але рабіць гэта не спяшаўся.

Першы камар укусіў яго, калі ён даставаў з кішэні цыгарэту і запалкі. «Во дробязь пузатая, — усміхнуўся чалавек. — На каго ты нападаеш?! Я табе зараз пакажу, нягоднік!»

Забіў ён камара лёгка і проста. Пляснуў, нават не прыцэльваючыся, даланёю па шчацэ, і той зваліўся мёртвы ў траву.

Другі ўжо ўкусіў больш балюча. Уткнуў так, як звычайна ў паліклініках колюць кавалачкам ляза, калі бяруць на аналіз кроў з пальца. «Бач ты, — ужо задумаўся чалавек, — такое малое, а так джаліць. Цікава, хто яму, гэтай драбязе, даў такую моцную іголку і такую сілу, што ён так лёгка працінае тоўстую, грубую чалавечую скуру?! Хабаток — усяго толькі тоненькі і, здавалася б, кволенькі валасок, а бач ты яго, як лязом, рэжа».

Забіваючы і гэтага камара, чалавек заўважыў, што іх панасядала на яго дужа многа: яны апанавалі ўжо і твар, і рукі.

— Вось я вам зараз, — усё яшчэ спакойна ўголас сказаў чалавек і прыкурыў цыгарэту.

Ад дыму і праўда камароў паменела. Але гэта толькі спераду. Ззаду, дзе не было дыму, іх, здаецца, яшчэ паболела. Яны паўпіваліся ў шыю, джалілі нават праз сарочку і пінжак.

Ён пачаў махаць рукамі — ліхаманкава, хапатліва, бязладна, спрабуючы забіваць насякомых яшчэ на падлёце, яшчэ ў паветры. Забіваў чалавек іх шмат, але камары як усё роўна звярэлі ад гэтага і нападалі яшчэ большымі плоймамі.

Дыму ад цыгарэты было ім мала, і яны ўжо, не зважаючы ні на што, лезлі ў вочы, у вушы, у нос, у рот. Ён выплёўваў іх з рота, змахваў з вачэй, выкалупваў з вушэй, з носа, варушыў плячамі, круціўся сам, а яны ўсё лезлі і лезлі. Урэшце зламаў ладную алехавую галіну, махаў ёю, ганяў вецер над галавою, сцябаў сябе па плячах, але і гэта не дапамагала: камары знаходзілі зацішнае месца на целе і ўпіваліся ў яго так, што аж хацелася крычаць ад болю.

Тады ён успомніў пра касцёр і ўзрадаваўся: ага, трэба хутчэй класці вогнішча — і дыму будзе многа, ды і ў агонь жа яны дужа не палезуць.

Хуценька пачаў збіраць трэскі, хвою, сухія сучкі, кару. Пакуль сабраў, пакуль распаліў вогнішча, камары шэрым бухматым покрывам абселі яго ўсяго — ужо нельга стала адрозніць, дзе цела, а дзе яно прыкрыта адзеннем.

Калі па-сапраўднаму задыміў касцёр, насякомыя, здаецца, разляцеліся, пакінулі яго ў спакоі, але варта было яму зноў трошкі адысціся ад дыму, каб прынесці, да прыкладу, новыя сырыя галінкі, як яны апантана, цэлаю хмараю наляталі на яго. Кідаючы галлё ў касцёр, чалавек соваў рукі ў самы дым і радаваўся, бачачы, як камары дружна, спяшаючыся ўзлятаюць з апухлых ужо рук і разлятаюцца ў розныя бакі.

Пакуль што ён яшчэ нічога не баяўся. Страшна яму стала крыху пазней, тады, калі, злаўчыўшыся, падкраўшыся, даланёю накрыў на руцэ, можа, цэлую сотню камароў — ніводзін не ўзляцеў! — а затым старанна, сціснуўшы ад помслівай асалоды зубы, расцёр іх.

Адняў далонь і жахнуўся: уся рука была чырвоная ад крыві — як усё роўна хто парэзаў яе.

— Дык гэта ж мая кроў! — у адчаі закрычаў чалавек. — Мая! Бачыш, колькі яны, гэтыя малечы, тваёй крыві выцягнулі і выпілі? Бачыш?! І калі ад іх не абараніцца, яны ж высмакчуць з цябе ўсю кроў! Усяго цябе высмакчуць. Адна шкурка астанецца. І ты, магутны чалавек, памрэш ад гэтай драбніцы. Памрэш жывы і здаровы. А яны, камары, будуць жыць!

Чалавек спяшаючыся, мітусліва пачаў шукаць, што яму рабіць. Напалоханы, нічога разумнейшага не прыдумаў, як ускочыць у вогнішча.

— Папалю! — зароў ён. — Усіх папалю!

Пакуль таптаўся ў полымі, спяшаючыся знішчыць усіх — да аднаго! — камароў, не заўважыў, што загарэліся штаны, пінжак. Загарэліся чамусьці са спіны. Зразумеў гэта позна, калі пачало прысмальваць ужо нават і цела.

Ён як ашалелы выскачыў з вогнішча і кінуўся качацца па траве, каб збіць з сябе агонь. Агонь то ён патушыў, але ад гэтага яму лепей не стала: штаны знізу згарэлі зусім, а на голых нагах матлялася толькі ашмоцце, пінжак перагарэў на дзве часткі, ад яго асталіся толькі рукавы ды плечы, выгарала ззаду нават сарочка, адкрыўшы камарам паапечаную спіну.

І яны тут жа абселі яе, схавалі, нібы абгарнуўшы сабою, голыя ногі. Кусалі, джалілі, рэзалі, ужо не хаваючыся, не аглядаючыся, — як хацелі.

Яго ж адчай быў бязмежны. Што рабіць? Як абараніцца? Дзе выратаванне?

— Каса! — раптам успомніў ён і загарлаў на ўвесь свет. — Каса! Вось што