Пастка для пярэваратня [Аляксей Мікалаевіч Якімовіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

стаўбунамі. Яны рвалі лісцік за лісцікам і кідалі ў белыя палатняныя торбачкі.

— Вунь у мяне колькі,— пахвалілася Алеся, паказваючы сваю торбачку.

Янка пачаў назіраць за Алесяй. Спрытна ходзяць пальчыкі, нібы зубкі ў вавёркі.

— Праўда, што дзесьці ў лесе крыжакі? — нечакана прамовіла Алеся.

Янка аж сцепануўся. Казала перад гэтым маці:

«Ад берага не адыходзьцеся. Атрад крыжакоў па лесе блукае».

Звычайна крыжакі, ведаў ён, нападаюць, калі марозам балоты скуе. Апошні раз восенню нападалі, ды ледзь ногі іх вынеслі. А гэтыя, пра якіх казала маці, відаць, адбіліся ад сваіх, заблудзіліся. Лютуюць. «Шалёны атрад», — кажуць пра іх мужчыны-воі. Шалёны… Быццам звер, які ашалеў. Крывавы след пакідаюць. Нездарма на іхнім сцягу вымалявана Крывавая Рука.

— Не бойся. Нашы рыскуны гэтых крыжакоў шукаюць. Калі што, пададуць знак, — сказаў Янка.

— Я чула, што крыжакі ў белых балахонах. На гэтых балахонах чорныя крыжы. Праўда?

— Праўда, — азваўся Мацей. — Ёсць крыжакі, якія называюць сябе рыцарамі. Яны і іхнія коні ўсе ў жалезе. А яшчэ ёсць крыжакі — кнехты. Гэта слугі рыцараў, збраяносцы.

— Хто табе казаў?

— Ясь, — пахваліўся Мацей. — Ясь шмат ведае.

— Шмат, — пагадзіўся з ім Янка.

Так, Ясь хоць і малады, але бойкі, не раз і не два ў паход хадзіў. Калі сядзе на свайго Белалобага, вецер не дагоніць.

— А праўда, што ў крыжакоў пер'е на галаве? — пырснула ў далоньку Алеся.

— Не на галаве, а на шлеме, — заўважыў Янка. — Пер'е паўліна. Яго носяць самыя знакамітыя рыцары.

— Табе хто казаў?

— І я ад Яся чуў.

— Паўлін — гэта што? Янка паціснуў плячыма.

— Мабыць, птушка.

— А вось тое, што я ведаю, вы не ведаеце, — пахвалілася Алеся.

— Што? — аж рот разявіў Мацей.

— Ясь нашу Паўлінку кахае, — сказала Алеся.

— Не веру, што Ясь кахае вашу Паўлінку, — прамовіў Мацей. — Ён вой. Яму з крыжакамі трэба біцца.

Алеся тупнула босаю нагою.

— Кахае. Сам мяне ўчора прасіў, каб Паўлінку з хаты паклікала.

— Хлусіш.

— Калі яшчэ раз такое пачую, то торбачкаю па галаве дам.

Янка паўшчуваў:

— Вы не вельмі. Разбубніліся, што чмялі. Дамоў пара.

— А я ведаю, што ў крыжакоў ёсць арбалеты, — прагаварыў Мацей.

Янка прамаўчаў. Пра такую зброю і ён чуў. Ведаў, што з арбалета страляюць драўлянымі стрэламі з жалезным наканечнікам. Аж на трыста — чатырыста крокаў.

— Арбалет далёка страляе. Стралой з арбалета можна нават рыцарскія латы прабіць, — зноў сказаў Мацей.

— Ну і што? — зірнула на яго Алеся. — Ясь суліцу кіне далёка і таксама рыцарскія латы праб'е. Мне тата сказаў.

— Табе казаў, а мне… А мне… — стаў наступаць на яе Мацей.

Алеся нечакана піскнула, нібы птушанё:

— Крыжакі!

Янка азірнуўся і зніякавеў. На ўскрайку лесу скупіліся коннікі ў белых балахонах, на якіх — чорныя крыжы. У пярэдняга конніка на шлеме пер'е, няйнакш, паўліна, пра якога нядаўна казалі. А над галавою аднаго з коннікаў сцяг, на якім вымалявана страшная Крывавая Рука. Так блізка Янка яшчэ не бачыў ворагаў, але адчуў, кожнай клетачкай адчуў, што гэта бяда, што трэба ратавацца як мага хутчэй.

«Татка-а!» — хацелася крыкнуць яму, хацелася прыціснуцца да бацькі, як у тыя зімовыя ночы, калі слухаў, як вые, пераклікаецца воўчая зграя. Але ж — крычы не крычы — бацька не пачуе. Далёка ён.

— Братка, мне страшна, — прашаптаў Мацей.

— Бяжым. У лазнякі… Там човен…

Янка схапіў за руку Алесю, пацягнуў за сабою. А яна (ну й дурніца!) упіраецца, хлімкае:

— Пачакай. Торбачку са шчаўем забылася. Торбачку…

Ззаду завылі, нібы галодная воўчая зграя. Янка азірнуўся. Прыгнуўшыся, імчацца. Уперадзе — страшная Крывавая Рука. Кроплі крыві, здаецца, важкія, што раса, на траву падаюць. Здаецца…

Здаецца… Ці сапраўды? Няма як марудзіць.

— Бяжым!

Яны прыпусціліся бегчы. Хутчэй, яшчэ хутчэй. Ззаду тупат капытоў. Страшная Крывавая Рука даганяе. А воўчая зграя вые, вые. Стоязыка.

— Братка-а! Братка-а! — загаласіў Мацей. А гэтая, малая, Алеся, скнарыцца:

— Я не магу. Я так хутка не магу.

Як і раней, свеціць сонца, блішчыць, дзе спакойна, дзе вірліва, імкнецца ўдалеч рака, зялёная трава пяшчотна лашчыць ногі. Ды вось даганяе Крывавая Рука. «Тух-тух-тух…»— цяжка стукаюць капытамі коні. «Тух-тух-тух…» — стукае ў скронях.

— Братка-а-а! Братка-а-а!.. — Мацей галосіць аднатонна, быццам кацянё, якое ў густой траве сядзіць, пакінутае, дарогі дамоў не ведае.

— Не магу. Не магу так хутка, — просіцца Алеся.

Бліжэй, гучней выццё галоднай воўчай зграі. Але ж і лазняк блізка, рукой падаць. Мацей збочыў, палез у кусты. Куды ж ён? Човен жа каля берага. Можна пераправіцца, не ўбачаць за павароткай.

— Мацей… Мацей…

Не чуе. Знік у кустах. Што ж, схаваецца. Крыжакі ў лазняк не палезуць. Пабаяцца. Ведаюць, што дрыгва.

— Яначка, не магу, дух займае, — загаласіла Алеся.

Ён сыкнуў на яе:

— Цярпі.

Усё. Здаецца, выратаваліся. Знаёмая