Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi [Василь Федорович Хомченко] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

боты. Ваенны рэмень перахоплiваў яго гiмнасцёрку. Хадзiў ён павольна, асцярожна, як бы баяўся наступiць на нешта вострае. Я лiчыў, што ён проста бярог свае боты, таму i ступаў эканомна. Герасiмовiч зайшоў у клас, паклаў на стол класны журнал, канспекты i ўбачыў насценгазету. Я чакаў яго ўсмешкi, пахвалы, а ўбачыў перапалоханы твар. Амаль подбегам кiнуўся ён да газеты, сарваў яе, парваў на шматкi i кiнуў у сметнiцу.

- Хто табе даў такую назву газеты? - спытаў ён у мяне.

- Сам прыдумаў.

- А ты ведаеш, хто такiя сацыялiсты?

- Тыя, хто будуе сацыялiзм. Мы ўсе - сацыялiсты.

- Сацыялiсты - гэта здраднiкi рабочага класа, апартунiсты, ворагi Трэцяга Iнтэрнацыянала. Ты даў газеце варожую назву.

Я адразу зразумеў, якая небяспека навiсла нада мной. Усё, канец маёй вучобе, пiянерыi, i мяне пасадзяць у турму. Нiчога не прыбаўляю, я забаяўся турмы па-сапраўднаму, асаблiва калi нейкi раённы энкавэдыст выклiкаў мяне ў кантору сельсавета i ўсё дапытваўся, хто мяне навучыў назваць так газету. Ён мне тады i растлумачыў, што за антысавецкую дзейнасць нясуць крымiнальную адказнасць з чатырнаццацi гадоў. А мне ўжо было столькi.

Абышлося, на шчасце, лёгка. Абмеркавалi мяне на класным сходзе i занеслi маё прозвiшча на ганебную чорную дошку, дзе яно красавалася тыднi два. Былi тады такiя метады выхавання - чырвоная i чорная дошкi. Перадавiкоў заносiлi на першую, адстаючых або тых, хто правiнiўся, - на чорную.

Турму я на гэты раз абмiнуў.

У турму я трапiў праз чатыры гады, у той страшны, невядомы дагэтуль у цывiлiзаваным свеце тэрор - у трыццаць сёмым годзе. Сталiнскi тэрор знiшчаў мiльёны людзей сумленных, працаздольных, творчых. Знiшчаў фiзiчна i душыў маральна ўсё жывое, iнiцыятыўнае, разумнае. Прыкрываўся гэты тэрор шырмай Канстытуцыi, якая па вонкавых прыкметах была бадай цi не самай дэмакратычнай Канстытуцыяй у свеце. I за яе шырмай, за яе частаколам з калючага дроту пакутавалi i гiнулi мiльёны бяспраўных.

Я вучыўся на чацвёртым курсе рабфака пры Беларускiм унiверсiтэце. Жыў у iнтэрнаце на Нямiзе, 21. Жыў па-студэнцку ў нястачах, не кожны вечар клаўся спаць павячэраўшы. З дому дапамогi не было. Ды i адкуль яна магла быць, калi бацькi-калгаснiкi, лiчы, прыгонныя, нiчога з калгаса не атрымоўвалi, працаднi iх былi пустыя. I калгас не кiнеш, не паедзеш на заробкi, бо пашпартоў калгаснiкам не давалi.

Аднойчы атрымаў ад бацькi лiст. Ён скардзiўся, што зноў у калгасе атрымалi на працаднi грамы. З грашовым падаткам не разлiчыўся, здаў толькi мяса, малако, воўну. "Можа б, ты, сынок, памог мне грашыма, каб той падатак заплацiць", - папрасiў бацька. Значыць, у яго ўжо не было нiякага выхаду, раз звярнуўся да мяне з такой просьбай-мальбой. Гэта была адчайная просьба.

Не пераставаў я пiсаць апавяданнi i вершы i ў час вучобы на рабфаку. Напiсанае заносiў у розныя рэдакцыi, сачыў за лiтаратурным жыццём рэспублiкi, наведваў i сходы ў Саюзе пiсьменнiкаў. Пазнаёмiўся з Эдуардам Самуйлёнкам, Пятром Глебкам, Алесем Якiмовiчам, супрацоўнiкам газеты "Лiтаратура i мастацтва" Пятром Хатулёвым. Меў добрую гаворку аднойчы са мной Мiхась Лынькоў. I вёў дзённiк, куды запiсваў пра ўсе гэтыя сустрэчы i гаворкi.

Запiсаў у той дзённiк i пра бацькаў лiст. Апiсаў яго змест i ад сябе дадаў заключную фразу: "I ўсё гэта адбываецца пад шчаслiвым сталiнскiм сонцам". Фразу для сябе пагiбельную.

Ва ўсе часы тэрору быў разгул даносчыкаў, паклёпнiкаў, калi адной заявы-даносу хапала, каб доля чалавека была вырашана - яго арыштоўвалi. Сталiнскi тэрор i яго законы былi страшней нават тэрору iнквiзiцыi. Тады для асуджэння чалавека было мала заявы аднаго сведкi-даносчыка, а патрабавалася тры сведкi. Даносчыкi i сексоты пры Сталiне мелiся ў кожнай арганiзацыi, брыгадзе, класе, у ротах, узводах, на кафедрах, ва ўсiх аддзелах, камiтэтах. Даносчыкi i старалiся, бо за iмi назiралi iншыя даносчыкi. Якi жах панаваў тады сярод людзей, як баялiся начэй - часу арыштаў! Пра гэта напiсана i расказана нямала.

Мелiся такiя даносчыкi i ў нашым iнтэрнаце, у тым лiку i ў нашым пакоi, дзе месцiлася пяць студэнтаў. Ён, той даносчык, залез у мой чамадан, прачытаў дзённiк, знайшоў пра тое "шчаслiвае сталiнскае сонца" i паслаў заяву-данос у так званыя органы.

Нiколi не забуду вечара i ночы з чацвёртага на пятага красавiка трыццаць сёмага года. Я прыйшоў з заняткаў нейкi прыгнечаны, як бы адчуваў бяду. Прылёг на ложак i ўзяўся дачытваць раман Мiкалая Вiрты "Адзiноцтва" пра сялянскае паўстанне супраць ваеннага камунiзму на Тамбоўшчыне. Заставалася прачытаць да канца старонак пяць, i я заснуў iмгненна i глыбока, выпусцiўшы з рук кнiгу сабе на грудзi. Разбудзiў мяне штуршок у плячо. Я расплюшчыў вочы i застыў ад страху: перада мной стаялi два энкавэдысты. Адзiн адразу ж палез у споднюю кiшэню майго пiнжака, дастаў адтуль мой пашпарт, студэнцкi бiлет, другi энкавэдыст паляпаў па кiшэнях штаноў - праверыў, цi няма зброi. Энкавэдысты паказалi мне ордэр на вобыск i арышт i ўзялiся правяраць усё ў маiм чамадане i ў тумбачцы. Вобыск скончылi адразу, як толькi знайшлi дзённiк. Больш шукаць нiчога не сталi. Я ўспомнiў запiс у дзённiку пра бацькаў лiст i пра "шчаслiвае