Эпісталярыя [Николай Николаевич Улащик] (fb2) читать постранично, страница - 15


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ігнаруеце. Гэта ўжо фальш. Хто збіраецца (ці пачынае) вывучаць гісторыю Беларусі, той павінен ведаць (ня проста ведаць, але дасканала) мову гэтага народу. Інакш ён зневажае народ, лічыць яго занадта «простым», а мову мужыцкаю.

Калі Вы так лічыце, то з Вашай дзейнасці пэўна нічога ня будзе.

Пішу невыразна, бо ляжу ў бальніцы.

Вітаю Вас з усімі святамі зараз.

6.V.86.

Улашчык

М.А. Ткачову

Дарагі Міхаіл Аляксандравіч!

Атрымаў Ваш ліст, а ўчора быў Таранда. Перадаў кнігі і фота, і сказаў пра Вашую дзейнасць, і пра паездку ў Гудзевічы. Белакозу некалі будзе пастаўлены помнік, ён гэта заслужыў як мала хто. (Дарэчы, я паслаў на імя старшыні савету Каці Манцэвіч дзве пугі, звітыя з тае пянькі, якую прыслала Каця. Падумаць толькі, што такая рэч, як пуга, зараз зусім забытая, забытая і тэхніка яе віцця).

Дзякуй і за запрашэнне прыехаць у Горадню. Зараз такое зусім нерэальна. Дактары, якія штогод пільна аглядаюць нас, каб далажыць, што мерапрыемства выкананае, ня ўбачылі, што ў мяне хворая печань. Угледзеў гэта толькі кансультант, а дактары цягнулі як мага даўжэй з адпраўкай мяне ў бальніцу. Праляжаў больш за паўтары месяцы, трохі адышоў, але калі зайшоў у паліклініку, то сказаў (той самы кансультант), што характар хваробы яму яшчэ ня высветлены, і мяне паслалі ў спецыяльны інстытут на доследы. Там чарга, і мне трэба зайсці аж 28.VІІ. Наогул, такое харошае лета сапсаванае. За мною лічыцца дача над Акою, але я так і не разумею — ці магу я туды даехаць, ці не. Зараз нібы стаў мацнейшы, можа на пару тыдняў і паеду. Вольнага часу ў мяне зараз даволі, бо цалкам зволіўся з Інстытуту.

Я ў свой час наказаў сыну, што Вы будзеце, і каб ён змясціў Вас у маім пакоі. Выйшла, аднак, так, што Вы не дазваніліся, і начавалі ў Аляксеева. Жонка яго сказала, што даклад Ваш прайшоў вельмі добра, з чым і вітаю. Аляксееў казаў, нібы бараніць Вам можна ў іх інстытуце. Можа, праўда, калі ёсць дамоўленасць у Мінску, то ня трэба ўжо блытаць. Мне пісалі, што Петрыкава сапхнулі і прызначылі Марцалева, але тут быў Побаль, званіў мне і сказаў, што такога ўсе чакаюць, але покуль Петрыкаў у інстытуце. Марашу напісаў яшчэ з бальніцы, што яго ўчынак подлы, і што на гэтым нашае знаёмства скончылася. Некалі для гэтай паскуды тут бегаў, званіў, намагаючыся праўды.

4.VІІ.1986.