Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха [Проспер Мериме] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

падрапаная, беспрытомная і з паламанай нагой. Яе вынеслі, яна апрытомнела, але розум ужо быў пакінуў яе. Яе вазілі ў Санкт-Пецярбург. Сур'ёзная кансультацыя, чатыры лекары, абвешаныя ўсімі ордэнамі. Яны сказалі: «Пані графіня цяжарная, і, магчыма, роды стануцца прычынай спрыяльнага крызісу. Трэба яе трымаць на чыстым паветры, у вёсцы, даваць ёй піць сыроватку, кадэін... » Лекарам далі па сто рублёў кожнаму. Праз дзевяць месяцаў у графіні нарадзіўся здаровы хлопчык. А дзе ж спрыяльны крызіс? Ніякага крызісу, вар'яцтва толькі абвастрылася. Граф паказаў ёй дзіця. Гэта заўсёды робіць моцнае ўражанне... у раманах. «Забіце яго! Забіце звера!» закрычала яна і ледзь не кінулася, каб перагрызці яму горла. З таго часу тупое вар'яцтва чаргуецца ў яе з шалёнай маніяй. Моцная схільнасць да самагубства. Прыходзіцца прывязваць яе падчас прагулак. Каб за ёй даглядаць, наймаюць трох дужых кабецін. Аднак, пане прафесар, заўважце яшчэ і вось што: калі я ўжо страціў цярпенне, але так і не прымусіў яе слухацца, я знайшоў адзін сродак, каб яе супакоіць. Я пагражаю ёй абрэзаць валасы. Думаю, што некалі яны былі вельмі прыгожыя. Какетлівасць! Вось апошняе чалавечае пачуццё, якое ў яе засталося. Дзіўна? Але калі б я мог абыходзіцца з ёй як хачу, можа, я б яе і вылечыў.

- Як?

- А дубцом. Я вылечыў гэткім чынам сорак сялянак у вёсцы, дзе лютавала шалёнае рускае вар'яцтва, што завецца «кликушество»: спачатку пачынае выць адна баба, за ёй яе сяброўка, а праз тры дні вые ўся вёска. Добра іх адсцябаўшы, я выгнаў з іх хваробу. (Пакаштуйце рабкоў вельмі смачныя.) Але граф ніколі не дазваляў мне паспрабаваць.

- Як! Вы хацелі, каб ён згадзіўся на гэткае жахлівае лячэнне?

- О! Ён так мала ведае сваю маці, але гэта нават і добра. Але скажыце мне, пане прафесар, ці б вы калі паверылі, што можна звар'яцець ад жаху?

- Становішча графініна было страшнае... Быць у кіпцюрах такога лютага звера!

- А вось сын да яе не падобны. Менш чым год таму ён трапіў у такое самае становішча і, дзякуючы сваёй вытрымцы, выдатна выкруціўся.

- З кіпцюроў мядзведзя?

- Мядзведзіцы, і самай вялікай, якую толькі бачылі ў апошнія гады. Граф хацеў напасці на яе з рагацінай. Куды там! Адным ударам яна выбіла рагаціну, схапіла графа і кінула яго на зямлю так проста, як бы я зараз перакуліў гэтую бутэльку. А ён, хітрун, прыкінуўся мёртвым... Мядзведзіца яго абнюхала і, замест таго каб раздзерці, лізнула яго. Яму хапіла розуму не варухнуцца, і яна пайшла сваёй дарогай.

- Мядзведзіца падумала, што ён памёр. Я чуў, што гэтыя звяры не ядуць мерцвякоў.

- З гэтым трэба пагадзіцца і ўстрымацца ад таго, каб правяраць гэта на практыцы. А што да страху, дык я распавяду вам адну севастопальскую гісторыю. Мы сядзелі ўпяцёх ці ўшасцёх за шпіталем славутага 5-га батальёна вакол збана піва. Раптам вартавы крычыць: «Бомба!» Мы ўсе ўпалі ніцма. Але не ўсе - адзін... прозвішча яго ўжо не памятаю... малады афіцэр, які нядаўна да нас прыбыў, застаўся стаяць, трымаючы поўны куфаль, і ў гэты момант выбухнула бомба. Яна адарвала галаву майму няшчаснаму сябру Андрэю Спяранскаму і разбіла збан, які, на шчасце, ужо быў амаль пусты. Калі мы ўсталі пасля выбуху, убачылі сярод дыму нашага таварыша, які дапіваў сваё піва, нібы нічога і не здарылася. Мы палічылі яго героем. На другі дзень я сустракаю капітана Гедэонава, які выйшаў са шпіталя. Ён кажа мне: «Сёння я вячэраю з вамі і, каб адсвяткаваць маё вяртанне, стаўлю шампанскае». Мы селі за стол. Учорашні малады герой таксама быў з намі. Ён не ведаў пра шампанскае. Бутэльку адкаркоўваюць побач з ім... Бабах! Корак б'е яму ў скронь. Ён ускрыквае, і яму робіцца млосна. Паверце, што наш герой страшэнна напалохаўся і тады, першы раз, і не хаваўся, а піў піва толькі таму, што ашалеў ад страху і рабіў усё машынальна, несвядома. І праўда, пане прафесар, чалавечы арганізм...

- Пане доктар, - сказаў слуга, які ўвайшоў у сталовую, - Жданава кажа, што пані графіня не хочуць есці.

- Каб яе д'яблы з'елі! - прабурчаў доктар. - Іду, іду. Як толькі я накармлю гэтую шайтанку, пане прафесар, мы зможам, калі вам будзе прыемна, згуляць партыю ў nрэферанс або ў дурня.

Я выказаў яму маё шкадаванне з прычыны маёй неабазнанасці ў картачных гульнях, і, калі ён пайшоў да хворай, я вярнуўся ў свой пакой і напісаў ліст панне Гертрудзе.


ІІ

Ноч была цёплая, і я адчыніў акно ў парк. Я скончыў ліст, але спаць яшчэ не хацелася, і я ўзяўся праглядаць літоўскія нерэгулярныя дзеясловы і шукаць у санскрыце прычыны іх нерэгулярнасці. Так я сядзеў, захоплены гэтай працай, калі раптам дрэва, што стаяла насупраць акна, моцна страсянулася. Я пачуў трэск сухіх галін, і мне здалося, што на дрэва спрабаваў узлезці нейкі даволі важкі звер. Пад уражаннем доктаравых расказаў пра мядзведзяў я падняўся з нейкім неспакоем у душы і ўбачыў за акном у лістоце дрэва чалавечы твар, асветлены яркім святлом маёй лямпы. Прывід паказаўся ўсяго на некалькі імгненняў, але дзіўны бляск яго вачэй, з якімі сустрэўся мой позірк, надзвычай мяне ўразіў. Я мімаволі