«Нарадзіўся я ліцьвінам…»: Тадэвуш Касцюшка [Уладзімір Емяльянчык] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Касцюшка змагаўся ў шэрагах амэрыканскай арміі. Асабліва каштоўныя былі яго веды як вайсковага інжынера, бо войска складалася ў асноўным з фермераў і простых месцічаў, мела вострую патрэбу ў прафесійных вайскоўцах. Першым сур'ёзным выпрабаваннем яго таленту было складанне праекта і будаўніцтва ўмацаванняў на берагах ракі Дэляўэр для аховы Філядэльфіі, дзе ў тым часе было сканцэнтравана кіраўніцтва барацьбой за незалежнасць. У Філядэльфіі збіраліся першы і другі кантынентальныя кангрэсы прадстаўнікоў калоній, якія ўзняліся на барацьбу за незалежнасць. Тут жа была прынятая Канстытуцыя ЗША. Аб значэнні Філядэльфіі сведчыць і той факт, што на працягу 10 гадоў горад быў сталіцай краіны. Касцюшка выдатна справіўся з заданнем, у сувязі з чым Рада бяспекі штата Пэнсыльванія ўзнагародзіла яго дадатковай сумай грошай.

Увесну 1777 года галоўная небяспека для Злучаных Штатаў навісла з поўначы, дзе ангельцы, дзейнічаючы з Канады і Нью-Ёрка, рыхтаваліся разграміць паўстанцаў. У сувязі з гэтым паводле пастановы Кангрэса была створаная армія Поўначы, у якую галоўным інжынерам быў прызначаны Касцюшка.

Вялікага поспеху Паўночнае войска дамаглося ў бітве пад Саратогай, дзе было разгромленае буйное злучэнне ангельскай арміі. Гэтая перамога ў значнай ступені была дасягнутая дзякуючы добрым фартыфікацыйным умацаванням, пераадолець якія ангельцам не ўдалося. Яна паслужыла пачатковым этапам паразы Ангельшчыны, узняла дух амэрыканскага войска і яго аўтарытэт у Эўропе, садзейнічала афіцыйнаму прызнанню эўрапейскімі краінамі дзяржаўнай самастойнасці Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Начальнік войска ў афіцыйным рапарце Кангрэсу адзначаў, што палкоўнік Касцюшка дакладна выбраў і адмыслова ўмацаваў пазіцыі. Пасля бітвы пад Саратогай прозвішча Касцюшкі ведаў ўжо і Джордж Вашынгтон. У лісце старшыні Кангрэсу 10 лістапада 1777 года ён пісаў, што Касцюшка «з'яўляецца чалавекам навукі і вышэйшых якасцяў. Згодна з атэстацыяй, якую маю аб ім, заслугоўвае, каб мець яго на прыкмеце»{3}.

На пачатку 1778 года Кангрэс прыняў пастанову аб стварэнні фартэцы на ўзбярэжжы ракі Гудзон, у сувязі з чым Вашынгтон на пасаду галоўнага інжынера прапанаваў кандыдатуру Касцюшкі, які і быў зацверджаны Кангрэсам. На працягу двух з паловай гадоў Касцюшка кіраваў будаўніцтвам найвялікшай цытадэлі Злучаных Штатаў у Ўэст-Пойнце, дзе адзін час знаходзілася і штаб-кватэра Вашынгтона. Пазней у Ўэст-Пойнце была створаная Вайсковая акадэмія ЗША. (У 1830 годзе там быў пастаўлены помнік Т. Касцюшку.)

Пасля паразы на поўначы ангельцы паспрабавалі дамагчыся поспеху на поўдні, куды былі перанесены галоўныя ваенныя дзеянні. Для арганізацыі аховы паўднёвых штатаў Кангрэс арганізаваў Паўднёвую армію, галоўным інжынерам у якую быў прызначаны Касцюшка. У гэтым войску ён не толькі займаўся інжынернымі работамі — умацаваннямі, мастамі, пераправамі, але і камандаваў баявымі лінейнымі аддзеламі.

Наколькі высокі быў аўтарытэт Касцюшкі ў Амэрыцы, могуць сведчыць лісты найвышэйшых службовых асобаў ЗША. Так, Вашынгтон у лісце да генерала Грына ў 1780 годзе пісаў, што ён добра пазнаёміўся з Касцюшкам і высока цэніць яго веды, агульныя паводзіны і настойлівасць, з якімі ён праводзіў работы ў Ўэст-Пойнце. Генерал Грын адзначаў, што сярод яго таварышаў па зброі найбольш карысным і прыемным быў палкоўнік Касцюшка. За выдатныя заслугі Кангрэс ЗША 13 кастрычніка 1783 года надаў яму званне брыгаднага генерала і ў пастанове запісаў, каб ваенны міністр «выдаў палкоўніку Касцюшку дыплом на званне брыгаднага генерала і засведчыў гэтаму афіцэру, што Кангрэс прасякнуты высокім усведамленнем яго працяглых і асабліва каштоўных заслугаў».

За баявыя заслугі Касцюшка ў ліку трох іншаземцаў быў узнагароджаны сама высокім баявым ордэнам ЗША — ордэнам Цынцыната і прыняты ў склад «Таварыства Цынцынатаў», ганаровым сябрам якога быў Дж. Вашынгтон. Акрамя таго, Касцюшка атрымаў амэрыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел, а таксама ў якасці асабістага падарунка ад Вашынгтона пару пісталетаў.


Тадэвуш Касцюшка і Томас Джэфэрсан


Знаходзячыся ў Злучаных Штатах, Тадэвуш Касцюшка пазнаёміўся і пасябраваў з многімі выдатнымі людзьмі гэтай краіны. Ён браў актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці, быў блізка знаёмы з многімі вайсковымі і палітычнымі дзеячамі таго часу. У прыватнасці, сябраваў з Томасам Джэфэрсанам, аўтарам Дэкларацыі незалежнасці, абраным у 1800 годзе прэзідэнтам ЗША. Аб дружбе Касцюшкі з Джэфэрсанам і блізкасці іх грамадска-палітычных поглядаў сведчыць тэстамант Касцюшкі наступнага зместу: «Я, Тадэвуш Касцюшка… гэтым сведчу і пастанаўляю: у выпадку, калі потым я не распараджуся ў маім тэстаманце інакш сваёй уласнасцю, што знаходзіцца ў Злучаных Штатах, то даручаю майму сябру Томасу Джэфэрсану цалкам выкарыстаць гэтую маёмасць на выкуп мурынаў, якія належаць яму самому або іншым, на дараванне ім