Казкі Янтарнай краіны [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 13


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ідзіце за мной.

Ён пайшоў, і ўсе галасы ляцелі за ім. I толькі адзін бязважка сядзеў на яго плячы і раз-пораз дакранаўся да яго валасоў.

I чалавек прыйшоў на самае дно, дзе холад і лёд; і там зваліў з плячэй сваю ношу.

На дне пекла тырчаў востры ледзяны слуп, і чалавек пасадзіў на яго Вайну, і слуп працяў яе навылёт; а потым чалавек прыкуў Вайну да сцяны жалезнымі ланцугамі. Яна ў адчаі грызла іх, пускаючы крывавую пену.

Чалавек ударыў яе нагою ў твар і сказаў усім душам нябожчыкаў:

— Вы вольныя, хадзем.

Але яны маўчалі. I толькі адзін голас, той, што быў на плячы, ціха азваўся:

— Не, мой любы, мы астанемся.

— Чаму?

— Ты бачыш, яна жывучая, як гад. Яна грызе. Калі ніхто не накіне на яе новых ланцугоў — яна вырвецца. Хто ж будзе пільнаваць Вайну, як не мы, бяссонныя, як не мы, забітыя ёю? У магілах мы праклінаем яе. На дне пекла мы праклінаем яе… I таму мы астанемся тут дзеля тых, што на зямлі.

— Тады і я астануся тут.

— Нашто? Ідзі на зямлю. Зноў зрабі яе прыдатнай, і ўзрадуюцца нашы душы.

— Але я не магу без цябе.

— Супакойся, яно нядоўгае, зямное жыццё. I тады ты прыйдзеш да мяне, і разам з табою мне будзе добра… Нават на дне… Ідзі. Любоўю нашай прашу.

Ён пайшоў. Галасы асталіся. I толькі адзін ляцеў з ім да самага выхаду, а потым яшчэ раз дакрануўся подыхам да яго вачэй.

— Даруй мне, што пакідаю цябе аднаго.

…Зноў было святло. Чалавек ішоў той самаю дарогай, на полі ўвіхаліся людзі, ачышчаючы свае загоны ад бур'яну.

Чалавек ішоў насустрач усходу, і слёзы высыхалі на ягоных шчоках.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Гэтага яшчэ не было, але гэта будзе. Будзе!

I ўсё вернецца, усё забітае, усё забытае, усё растаптанае. Усё вернецца, дружа. Стане відушчы сляпы Індрыкіс, выйдзе з пячоры і абдыме каханую Лат, ажыве забітая маланкай царэўна, парве свае ланцугі рыбак, і яны выйдуць з мора такія ж маладыя і прыгожыя, як некалі.

А на адноўленай званіцы Пятра заспявае срэбны пеўнік:

— Кокерыке! Уставай, Лат! Уставай, беларус! Сонца ідзе! Сонца ідзе!

Я прыдумаў гэтую казку на хутары Мелдры, апошнім маім прыстанку на латышскай зямлі. На маленькім хутары, які самім існаваннем сваім даводзіць, што можа зрабіць праца. Усё было. Былі акопы на балотах, краўся да гнёздаў ліс, былі крыўды і была несправядлівасць. I ўсё прайшло. Асталіся суровыя і добрыя людзі, астаўся дом, у якім нараджаюць дзяцей. Асталіся палі, што зелянеюць бульбай і кучаравяцца гарохам, добрыя стайні і адрыны і паважныя, як лорды, коні на зялёных лугах. Асталіся лопухі рэвеню пад яблынямі.

Была вечарынка. Спявалі песні. I мне хацелася ўзяць кожную песню і кінуць яе ў бязмежны свет, каб ён таксама быў добры да ўсіх, каб ніколі не ўпала на зямлю ніводная сляза крыўды.

Мелдры, трысцінкі мае! Трысцінкі горкай і добрай Янтарнай зямлі!

…Потым, калі я ўжо лёг, прыгожая жанчына, зусім як вядзецца на Беларусі, прынесла мне кубак бярозавага квасу. Я выпіў яго, адчуваючы, што сіле маёй цяпер няма граніцы.

Мне хацелася пацалаваць жанчыну, як гэта робяць у такіх выпадках на Беларусі, але я не ведаў, ці можна гэта, ці такі тут звычай, ці не асудзяць мяне.

Белая латышская ноч стаяла за акном. У прывідным святле млелі кучаравыя яблыні, а за імі фасфарычна прасвечвала возера, спакойнае, як малако.

Я ляжаў і думаў, што мне амаль немагчыма жыць, не любячы гэтай зямлі і сваёй радзімы, і што ў сэрцы маім яны цяпер неадрыўна звязаны повяззю, моцнай, як смерць, і вечнай, як жыццё.

Белая ноч над Янтарнай зямлёй! Ты вылечыла мяне. А можа, гэта зрабіла Янтарная зямля? Усё адно.

Я цяпер ведаю: трэба сурова сеяць свой хлеб, змагацца з градам і навальніцамі, спяваць і не звяртаць увагі на крушэнні, здрады і боль.

Ave Victis! Слава пераможаным. Бо яны не спяць, як не спіць парастак у зямлі.

Дзякуй табе, Янтарная зямля. За ўсё, што ты зрабіла, дзякуй табе.

Вечна блакітныя будуць за тваю дабрыню твае азёры, вечна магутныя будуць людзі на тваіх палях. Вечная будзе іх мудрая мова. I вечна-вечна будзе смяяцца і плакаць кокле пад тваімі старымі вязамі.


Примечания

1

Латышскі музычны інструмент. Род гусляў або цымбал.

(обратно)