Мой се градок! [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 8


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

гэты іранічны хлопец (як рана ён пайшоў ад нас!) — бліскуча таленавіты паэт Васіль Сіманенка? Адкуль я мог ведаць, што вось за ложак-другі ад мяне гэты белазубы і русявы юнак, які ўсміхаецца, трасе чупрынаю і запрашае ўсіх да сябе пад Бравары "копацьця в ставку, бо краце нема", — што гэта будучы паэт Мікола Сом? І што паэт — вось гэты крыху замаруджаны Толька Шаўчэнка? І што Толька Маскаленка, самая флегма, і Васіль Дзідзенка, дзівак з дзівакоў, і Тамара Каламіец, перад якой самыя грубіяны трымалі сябе як выхаваныя лорды, і Барыс Алейнік, і дзесяткі іншых, што яны — сабраты, саратнікі, паэты? Што гэты кіеўскі інтэрнат загрыміць з часам сваёй паэзіяй аж на ўсю Украіну і далёка за яе межамі?

А, каб вас бог любіў! Гэта для іншых яны — сузор'е. А для мяне яны — хатнія, з якімі дзяліліся хлебам і салам, калі было, і пра якіх мне няма чаго казаць гучныя словы.

А дзяўчаты кіеўскія! Дальбог, год гэтак пад трыццаць назад яны былі такія ж прыгожыя, як мінскія, слонімскія, рагачоўскія, а значыць, найпрыгажэйшыя ў свеце. І, божа мой, колькі ж яны задалі мне радасцяў і пакут сардэчных! Колькі праз іх было напісана вершаў, колькі пераплакана, колькі ідыёцкіх выхадак зроблена (перайшоў на руках па пярылах аднаарачны мост Патона між Першамайскім і Піянерскім паркамі — дзяўчаты здорава вішчэлі), колькі вулак і завулкаў выхаджана, асабліва ж на Пячэрску! Большасць маіх знаёмых чамусьці жылі там.

Ідзеш начнымі вуліцамі. Спяць дамы і паркі. Калі гэта зіма, то малады снег галосіць ад шчасця пад нагамі. Калі восень — апошнія лісты ціснуцца да ліхтароў (тут цяплей), як я цягнуўся да каханай і жыў ля яе святла і цеплыні.

Памятаю… Гэх, што ўжо цяпер "памятаю". Дай вам бог кахаць і быць адрынутым, і быць каханым, як кахалі мы і як кахалі нас. А так проста… дзякуй вам, кіеўскія дзяўчаты, за ўсё, што вы нам, што вы мне дарылі. Дзякуй за ўсе бездані адчаю і вяршыні шчасця, за песні, за ласку, за прыгажосць вашу, якая нятленная давеку стаіць і стаяць будзе ў маіх вачах.

Шчаслівыя вы ці не — дзякуй. Каб я быў бог — вы ўсе, усе былі б самыя шчаслівыя на свеце, самыя сагрэтыя святлом і дабрынёй.

…Дзіўным сумам павеяла на мяне апошняе спатканне з Кіевам. Дамы нібы пастарэлі, дрэвы разрасліся, нібы лес, там, дзе былі паляны майго юнацтва. Двор "лісця каштанаў" забудаваўся і паменеў, стаў цацачны; даўно ляжыць брук на месцы старых раскопаў непадалёк ад доміка М.Булгакава; стары Зялёны тэатр падобен уначы на марсіянскі цырк, і не мільнануць за рогам вуліц абліччы многіх маіх сяброў і дзяўчат. Горад, які я ведаў да апошняга каменьчыка, цяпер разросся і напалову невядомы мне.

Але ўсё адно душа мая, вершы мае, складзеныя там, словы, прамоўленыя да блізкіх, блукаюць паркамі, бульваамі Шаўчэнкі, начнымі вуліцамі, Пячэрскам, як каханне маё, незабытае і незабітае ні пуцявінамі, ні холадам гадоў. Як душа і каханне ўсяго мноства людзей, што любіла цябе гэтыя многія сотні гадоў.

Але ўсё адно я стаю на беразе майго і твайго Дняпра і малюся не толькі за свой кут, але й за цябе. І жадаю табе таго, чаго пажадаў бы і свайму народу: адсутнасці гардыні, фанабэрыі і зазнайства ў час трыумфу і неадольнай, мужнай і спакойнай стойкасці ў бедах.

І калі зноў выплывуць туманным Дняпром чаўны і людзі на іх спытаюць мяне: "Чій се градок?" — я азірнуся на кручы, на старадаўні горад, на іх і адкажу ў апошні раз:

"Мой. Мой се градок. І маім будзе, пакуль існуе род чалавечы на зямлі, на берагах майго Дняпра".