Аблава [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 33


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

пачулася трохі збоку, і ад тых слоў у Хведара разам заняло дыханне. Ён пазнаў гэты голас — ён бы пазнаў яго і на тым свеце. «Бедны Міколка! — раптам падумаў Хведар. — І яму во лезці сюды! Мусіць, аднак, не ад салодкай жызні». Тыя двое з шастамі, аднак, ці не згубілі яго сляды, трохі павярнулі ўбок за самы гушчар лазняку, можа, яны падумалі, што ён сядзіць там. А ён не сядзеў там, ён не хаваўся наогул. Ён ужо быў для іх недасяжны. Ён яшчэ не дабрыў да таго свету, але ўжо бадай што сышоў з гэтага. На гэтым засталася хіба ягоная галава і вочы. Каб астатні раз зірнуць і развітацца. Як убачыць яго, дык ён і адыдзе. Калі датрывае… Божа, ніколі ў яго не было думкі забіць сябе, заўжды ён апантана змагаўся за жыццё. А тут во мусіць…

Аднак, можа, ён хоць перад канцом згледзіць сына? Бедны Міколка: што ён перажывае цяпер? Пэўна ж, то не па сваёй волі — ён змушаны! Можа, яму загадалі? Які вышэйшы начальнік. Бо, мабыць жа, ёсць і над ім начальнік. І паслалі яго лавіць у лесе бацьку, якога ён выракся. Калі выракся, дык, мабыць, можна і лавіць. Але калі такое магчыма, тады як жа жыць? Можа, яму яшчэ загадаюць, злавіўшы, учыніць допыт над бацькам? І сын змушаны яго катаваць? Божа, нашто ты стварыў тады белы свет!

— Ляшчук, вунь туды пырані!

Гэта таксама Міколка — аднекуль здаля цвёрдым начальніцкім голасам, якога не ведаў Хведар. Той голас ён набыў ужо без бацькі. Шчаслівая яго маці, што не бачыць таго. І не чуе.

Тым часам у суседнім лазовым кусце зашархацела, і канец тонкай палкі наскрозь прапароў лісцвяны гушчар. Цяпер настала чарга ягонай купіны. Але, мабыць, яны не паспеюць. Усё ж ён іх апярэдзіць.

Хведар інстынктыўна хлябнуў болей паветра — на астатні раз — і выпусціў з рук вузлаваты корань. Цяжкія ногі ў нязносных сырамятных пасталах адразу памкнулі яго ў глыб багны, ён захліпнуўся. Знутры балюча ўдарыла ў вушы, і ўсё пагасла ў вачах.

Не дадзена было ціха жыць, дык хоць пашчасціла ціха памерці.

Шукалі яго доўга, паролі шастамі з берага і з куп'я. Ды так і не знайшлі.

Багна спрадвеку ўмела хаваць свае таямніцы.

1988