Лабух [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично, страница - 135


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

паспее...

а пакуль — пра пагорак, па якім яна ідзе, ледзьве зямлі кранаючыся, лёгка, хоць і са слязьмі, пра неба над пагоркам, над тымі дубамі, пад якімі сядзеў я ўчора з Казімірам, калі прыехаў сюды, каб дазнацца, ці не вярнуўся твой бацька, дык во і вярнуліся вы разам, адны з апошніх, можа быць, беларусаў — і, як баліць, чуеш?..

бо гэта пра тое, пра што раней мне не думалася: пра нашага, свайго беларускага Бога, якога — я так і не ўцяміў са слоў Казіміра — ці мы пакінулі, ці ён нас пакінуў, але, думаю, Бог не можа пакінуць, чакае, калі мы да яго вернемся, і глядзіць з вышыні, якая большая за самую дальнюю далеч, на якую можа адыйсціся Лі-Лі, пазіраючы ўслед якой і Чэсік не вытрываў — так яна адыходзіць!..

і слухай цяпер тэму кахання ў дзве пранізлівыя трубы, бо ў каханні адной, ці аднаго, не бывае, і я трохі дух перавяду, каб пра каханне не так надрыўна, каб не звар’яцець з таго, што Лі-Лі ўсё далей, што ўвечары ў яе самалёт, што Фелікс без яе жыць не будзе — і каб не прыдумаць якой-небудзь дурасці: помніш нашага доктара палатнага Іосіфа Данілавіча? — дык ён прыдумаў, нібы ў ім ген кахання зламаўся, і мне сказаў, што ўва мне зламаны таксама, і клеткі галаўнога мозга, якія кахаць умеюць, паадміралі: сто працэнтаў, бо мне ўжо за сорак — цэлы мільярд клетак, уяўляеш? хоць, аказваецца, для галаўнога мозга гэта не многа, харошага, аказваецца, ва ўсім і паўсюль мала...

але і адмерлымі клеткамі я зразумеў, чаму прайграў Лі-Лі Феліксу: не таму, што яна яго ратавала, самаахвяравала, а таму што Феліксу жыцця за яе не шкада, ён кажа, што “жыць без яе не будзе” — і Лі-Лі ведае, што, калі ён так кажа, дык жыць і не будзе, бо ён з тых, хто маўчыць, калі немагчыма праўду сказаць, а я забыўся адмерлымі клеткамі, што такое бывае, што з-за кахання не жывуць, вешаюцца і страляюцца...

а ў жанчынах ген кахання не ламаецца і клеткі, якія кахаюць, не адміраюць, яны помняць... таму і ў адзін голас Лі-Лі з Лідзіяй Паўлаўнай: “Які хлопчык!..”

і зараз якраз гэтая, чуеш, на кодзе — тэма хлопчыка, які пайшоў з жыцця Альгердам... і ты прабач, даруй мне, Альгерд, Алік, хлопчык... і даруй мне, Божа... і калі ёсць, апроч Цябе, усемагутнага ў небе, бог кахання на зямлі, дык папрасі яго: няхай і ён даруе...

можа, даруе?..

а Лі-Лі ўсё далей і далей адыходзіць і адыходзіць... —

а-о-у-а-у...