Курапаты [Зянон Пазняк] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Спыніліся на станцыі. "Усім разьдзецца, - загадвае канвой, - пойдзем у лазьню". Голых людзей на лютым марозе абліваюць з брандспойтаў вадой. "Зь лёгкай парай, - рагочуць канваіры, - а цяпер спаць". І зачынілі дзьверы. Назаўтра з усяго цягніка жывымі засталіся нямногія. Абледзянелыя трупы грузілі на вазы так, каб зьвісалі галовы, а нехта з катаў разьбіваў іх калуном. Відаць, загадана для гарантыі. Мінаюць гады, і не зьнікае з уяўленьня забойца мерцьвякоў.

Вось прывозяць на Калыму, заганяюць у дзіравы дашчаны барак, сьвішча сіберны вецер. Праз ноч палавіна ня ўстала. Тады астатнія паставілі акалелыя, зьмерзлыя трупы ўздоўж сьцен, каб затуліць шчыліны, каб сагрэцца. І выразна паўстаюць перада мной тыя атланты і карыятыды, тая архітэктура эпохі, той вобраз - барак...

Расказаў Іван Трафімавіч Смаль, член партыі з 1917 году, член Гомельскаіа рэўкому. У 1937 ён працаваў на Магілеўскім аўтарамонтным заводзе намесьнікам дырэктара. Яго забралі па бязглуздым даносе аднаго камсамольца-стаханаўца - завод своечасова не адрамантаваў дзьве машыны. Уткнулі ў камэру, дзе стаяла шчыльна стуленая маса людзей, нельга нават варухнуцца. Людзі задыхаліся, вар'яцелі, паміралі стоячы, і трупы стаялі разам з жывымі. І калі ўжо нельга было ўціснуць нават паўчалавека, новых вязьняў ахоўнікі закідвалі наверх, на галовы жывых.

А каб выбіць паказаньні, была асобная камэра, цёмная, зь нізкай, ніжэй за паўтара мэтра стольлю, напоўненая ледзяной вадой. На адзіным сухім месцы ў цэнтры стаяла чорная труна. І толькі там чалавек мог знайсьці ад халоднай вады паратунак. Шмат хто звар'яцеў у той труне.

Іван Трафімавіч стрываў усе катаваньні і ня здаўся, не падпісаў абвінавачаньні. Пасьля краху Яжова яго выпусьцілі - хворага й сівога... А ў пачатку 50-х гадоў ён зайшоў па справах са сваім сынам у Міністэрства сацыяльнага забесьпячэньня БССР. У вэстыбюлі яны спаткаліся з упэўненай, шыкоўна апранутай жанчынай з горда ўзьнятаю галавой і сіваватай прычоскай. "Здравствуйте, Иван Трофимович", - не сказала, прасьпявала яна грудным голасам і пайшла. Іван Трафімавіч самлеў на руках у сына. "Бацька, хто гэта?" - "Гэта Байкова. Перад вайной яна была сьледчай у Магілеўскай НКУС". Яна катавала Івана Трафімавіча. Перад Байковай дрыжэлі ўсе магілеўскія вязьні. Садыстка, яна вяла допыты толькі мужчын, і асабліва любіла катаваць былых рэвалюцыянэраў. Вязьню загадвала распрануцца дагала і танцаваць пад мэлёдыю вальса "На сопках Маньчжурыі", патрабавала сьпяваць. Потым брала спэцыяльна зроблены для гэтай мэты бізун з драцянымі махрамі і сьцябала чалавека па органах і самых балючых месцах, даводзячы сябе да экстазу, а вязьня да немарасьці ад болю.

Да 1937 году сын Івана Трафімавіча вучыўся ў адной школе разам з сынам Байковых (муж Байковай таксама працаваў у НКУС), бываў у іх дома, ня ведаючы ні аб чым. Ветлівая гаспадыня ў фартушку частавала цукеркамі й гарбатай...

Я.Шмыгалёў: "У сярэдзіне 1950-х гадоў, будучы капітанам савецкай арміі, я служыў у Валагодзкай вобласьці. Там я пазнаёміўся са старшым лейтэнантам Пятром Уваравым, які ў 1940-х гадох прымаў удзел у высяленьні татараў з Крыму. Ён расказваў мне, што ўсе кварталы, дзе жылі крымскія татары, былі ў адначасьсе абкружаныя войскамі НКУС. На зборы далі тэрмін каля гадзіны. Зьбіраліся пад дуламі аўтаматаў. Пры спробе ўцёкаў - сьмерць. Татараў загналі ў вагоны і павезьлі ў Сібір і Казахстан. У эшалёнах іх кармілі толькі салёнай камсой і селядцамі. Пры гэтым не давалі вады, і яны паміралі: спачатку хворыя і старыя, а затым іншыя. На кожнай станцыі выкідвалі мёртвых. Людзі прасілі аб літасьці, але літасьці не было. Каштоўныя рэчы й грошы канваіры адбіралі сабе. Пра зьдзекі з татараў Увараў расказваў з задавальненьнем, са смакам, лічыў свае паводзіны правільнымі, а сталінскі акт у дачыненьні да татараў ухваляў."

З.Пазьняк: Павінна быць кніга народнай памяці. Уражваюць вобразы, што паўстаюць з чалавечых апавяданьняў. "Памятаю, у 1938-м зімой іду па вуліцы каля будынку НКУС, - успамінае мянчанін Сяргей Фёдаравіч Ладуцька. - Мароз, аж дух займае. А з адкрытых вокнаў падвалаў НКУС, як з-пад зямлі, пара валіць праз краты, нібы з паравоза - гэтулькі там насадзілі людзей". Вобраз працінае, як маланка. На верхніх паверхах шморгаюцца строгія чалавечкі ў кіцелях і галіфэ, рапартуюць, раскрываюць і закрываюць папкі, дзелавіта ходзяць з паперамі, а пад імі ў бітма набітых падвалах дыхае парай, крывёй і потам прыдушаны народ. Куды ж ляціць гэты паравоз? Дзе яго прыпынак?

Мы знайшлі гэты прыпынак. Не давала спакою думка: куды падзелі людзей, якіх расстралялі? Дзе яны, іх жа ня два, ня тры чалавекі, а тысячы? У пачатку 1970-х гадоў на паўночнай ускраіне Менска, зьлева ад Лагойскай шашы, не даязжджаючы да кальцавой дарогі, існавала яшчэ вёска Зялёны Луг. Старажылы яе расказалі нам, што за два кілямэтры на поўнач ад вёскі, паміж кальцавой і Заслаўскай дарогамі, у лесе ад 1937 па 1941 году кожны дзень і кожную ноч расстрэльвалі людзей, якіх прывозілі сюды на машынах. Там на ўзгорках стаяў