Патрулі [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

вясёлымі кпінамі наконт свайго вайсковага спрыту моладзь падалася да яго і пачала нязграбна станавіцца ў шарэнгу. Алесь таксама ўстаў і, не ведаючы, дзе прыступіцца, стаяў зусім разгублены і чамусьці ніякавата моршчыў кароценькі, амаль дзіцячы нос. Ён пэўна стаў-бы дзе-небудзь на левым флангу, калі-б не пачуў баслівы го­лас Піліпа Лапаты:

— Вострыкаў, давай сюды!

I дзіўная справа душа чалавечая! Знаёмы лапатаў голас прагучаў сярод гоману, як неш­та сваё, блізкае і роднае. Алесь адразу адчуў, што трымацца воддаль і замкнёным у яго нестае моцы. Адчуваючы, як пацяплела ў душы, ён знарок паволі падыйшоў да хлопцаў і дзікавата яшчэ стаў у шэраг побач з Лапатам. Выроўніваючыся, хлопцы спачатку штурхаліся і сціскалі яго, паводзячы з боку ў бок, а потым неяк выпхнулі ў першы рад, дзе бы­ло вальней, і ён такім чынам апынуўся ля Сёмкі, які нядобра паглядзеў на яго.

Калі шум крыху ўгаманіўся і шарэнга як-кольвечы ўладкавалася на двары, віхрасты ў акулярах аб'явіў, што ён — начальнік штаба комсамольскіх патрулёў, і пачаў інструктаж. Ён сказаў, што ў горадзе здараецца шмат хуліганскіх учынкаў, што комсамол павінен выкараняць іх, і для таго прызначаюцца патрулі, у задачу якіх уваходзіць выяўляць хуліганаў і папярэджваць хуліганства. Дзесяткі з тры хлопцаў уважліва слухалі яго. Потым віхрасты разгарнуў спіс, што трымаў у руцэ, і пачаў размяркоўваць патрулёў па аб'ектах.

Пакуль называліся незнаёмыя прозвішчы і вызначаліся месцы, Алесь пазіраў на начальніка штаба і паціху слухаў, як шавяліўся збоку (яго сусед Сёмка. Ён усё перашэптваўся нешта з Лапатам і хіхікаў нямаведама чаго. Алесь не паварочваўся і не ўнікаў у іхнюю весялосць.

Нарэшце дайшла чарга і да іх. Віхрасты выйшаў на сярэдзіну шэрага і зачытаў:

— Дзесяты будтрэст: Лапата, Вострыкаў, Зубрыцкі. Будзеце патруляваць па вуліцы Пяісчанай і ля інтэрната цагельнага завода. Звернеце асаблівую ўвагу на клуб завода. А хто старшы ў вас?

Начальнік бліснуў акулярамі, нібы стараючыся ўбачыць у шэрагу будаўнікоў старшага, але тыя стаялі маўклівыя і не ведалі, хто ў іх старшы.

— Што, няма старшага?—перапытаў ён.— Ну вось... Вострыкаў і будзе ім.

Алесь збянтэжана зірнуў на начальніка шта­ба, не ведаючы яшчэ, жартуе той, ці сапраўды загадвае яму. Але пакуль хлопец гадаў аб ягоным намеры, віхрасты ўжо зрабіў адзнаку ў сваім cnice.

— Я не старшы,— запярэчыў Алесь.— Я не ўмею.

Аднак начальнік штаба толькі ўсміхнуўся.

— Ну, што вы? Зможаце, гэта нескладаная справа.

Алесю зноў стала ніякавата, праўда, ужо з нейкай іншай прычыны, чым раней. Лапата ззаду прыціх тады, а Сёмка неяк адразу насцярожыўся. Алесь не бачыў, але, стоячы по­бач, адразу адчуў гэта. Начальнік тым часам падаў яму чырвоную нарукаўную павязку старшага патруля і зноў паўтарыў, на што трэба звярнуць асаблівую ўвагу.

Так нечакана для сябе Алесь зрабіўся старшым. I толькі калі віхрасты перайшоў да іншых, паверыў, што ўсё гэта адбылося ўсур’ёз і канчаткова.

Нарэшце ўсе справы былі скончаны. Хлопцы ў двары парушылі строй, з гамонкай і мітуснёй збіраючыся разыйсціся па сваіх вуліцах, калі віхрасты зноў узняў руку:

— Адну хвіліну, таварышы! На мінулым тыдні ў горадзе з'явіўся рэцыдывіст, нехта па мянушцы Фараон. Калі дзе хто заўважыць гэтага бандзюгу, то даць сігнал абавязкова. Міліцыя на яго ўжо справу мае.

Двор пачынаў пусцець, хлопцы адзін за адным выходзілі, скрыпаючы дзвярыма. Алесь, не звяртаючыся да таварышаў, як кольвечы сам завязаў на рукаве канцы павязкі і зірнуў на хлопцаў.

Яны стаялі збоч ад яго і пазіралі на новага начальніка. Лапата, як заўсёды, заклаўшы рукі ў кішэні, ледзь варушыў сваімі белаватымі вейкамі. I хто ведае, што было ў тым яго позірку? Сёмка-ж неяк стрымана ўсміхаўся, але, здаецца, у жвавых чорных вачах яго хавалася насмешка. I хоць у Алеся прапала ўжо ўся крыўда на хлопцаў, гэтая ўсмецша неяк стрымлівала яго ад канчатковага збліжэння. Усё-ж хлопец, узяўшы на сябе пэўны клопат за справу, знарок проста, нібы між імі нічога і не здарылася, сказаў таварышам:

— Ну што? Пайшлі.

— Лавіць Фараона?—перапытаў Сёмка і з'едліва ўсміхнуўся.

— Пойдзем,— няпэўна адазваўся Лапата, і яны выйшлі на вуліцу.

Сёмка і Піліп усё трымаліся поплеч, толькі крочылі ззаду, падкрэслена прапусціўшы наперад старшага з павязкай. У людской цеснаце яны ішлі ля магазінаў. Алесь трошкі пакасіў вокам у бок люстраной вітрыны і аж не пазнаў там сябе. За тоўстым шклом у нагу з ім рухаўся белатвары хлопец у чысценькім выпрасаваным гарнітуры, і на яго рукаве ўрачыстай чырванню ззяла павязка. Крышачку саромеючыся за сваё незаслужанае старшынство, Алесь ішоў нетаропкім, важным крокам, як ходзяць патрулі-салдаты, і з сур'ёзнай мінай углядаўся ў постаці сустрэчных.

Злева, за беленай фігурнай агарожай, стаіўся стары парк. Тут быў глухі бок