Доўгая дарога дадому [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

вёскi Завулак, якая апынулася па той бок мяжы, пад Польшчай. За мяжой застаўся i яе брат, той, што лавiў рыбу. Яна ўвесь час па iм гаравала, асаблiва як агiтатары распавядалi, што працоў ныя ў Польшчы гiбеюць без правоў i бяз хлеба. Для нас, дзяцей, гэта таксама была нейкая драма, спасьцiгнутая ў надта раньнiм узросьце. Я быў старэйшы. Праўда, была яшчэ старэйшая за мяне сястра Антунiна, але яна памерла ў пятнаццаць гадоў… Пасьля мяне нарадзiлася сястра Валя, а ў 30-м годзе — брат Мiкола (памёр у 2000-м). Ну, калi яшчэ казаць пра бацькоў… Бацька быў даволi строгi да нас, дзяцей, увогуле мы яго пабойвалiся. Мацi ж, наадварот, — дужа мяккая i жальлiвая, я нiколi ня чуў ад яе гучнага слова — усё з ласкай i добрасьцю. І я лiчу, што гэта кепска. Жыцьцё — усё ж бязьлiтасная рэч, для яго яшчэ ў дзяцiнстве патрэбна загартавацца характарам. Я ж засвоiў ад мацi занадта шмат мяккага, што мне неяк шкодзiла — на вайне i пасьля вайны. Асаблiва ў войску, дзе ў пашане пэўная зьвераватасьць характару. Мабыць, варта яшчэ зазначыць, што вёска наша была ў якiх-небудзь двух кiлямэтрах ад мяжы з Польшчай, i тая акалiчнасьць накладвала свой адбiтак на шмат што — побыт, палiтыку, самаадчуваньне людзей.

Шмат рамантычнага па маладосьцi, а таксама драматычнага зьвязанае ў мяне зь мяжой. У Кублiчах побач са школай была памежная камэндатура, каля школьнага двара — канюшня i цiр цi стрэльбiшча, дзе памежнае начальства страляла з рэвальвераў. Па дарозе ў школу i са школы можна было бачыць памежнiкаў, якiя ўсё кудысь ехалi — конна, групамi, па два, зь вiнтоўкамi i шашкамi, у прыгожых, скрыпучых сёдлах. Камандзiры жылi ў мястэчку, а iх жонкi-настаўнiцы вучылi нас у школе. Памежнiкi часам паказвалi кiно ў вёсках, былi як бы шэфы. На нейкае сьвята на местачковай плошчы наладжвалi джыгiтоўку — на конях, шашкамi «секлi лазу». Усё тое было цiкава. А ўлетку купалi коней на Камароўскiм возеры, мы памагалi. Не абыходзiлася, канешне, i без драматычных падзеяў. Памятаю, неяк узiмку прымчалася начальства, усiх мужыкоў выгналi ў засады — пiльнаваць парушальнiкаў мяжы, i тыя дзень i ноч сядзелi ў кустоўi, каб падаць сiгнал, калi заўважаць каго. У канцы 20-х — пачатку 30-х з Польшчы на гэты бок iшло нямала народу, у асноўным моладзi, пасьля вядомага разгрому кампартыi i камсамолу. Хлопцы iшлi вясёлыя, нават з гармонiкамi, — як жа, вырвалiся з-пад панскага гнёту ў новы сьвет. Мы бачылi, як iх ранкам вялi з заставаў у камэндатуру, i яны пасьмiхалiся. А пасьля, як ужо мы iшлi са школы, iх на аўтамашынах везьлi далей, i рукi iх былi закладзеныя назад цi, можа, зьвязаныя, i яны не пасьмiхалiся. Аднойчы на мяжы нехта забiў пагранiчнiка, i яго хавалi ўсiм раёнам на кiрмашовай плошчы ў Кублiчах. Як цяпер разумею, забiлi таго не абавязкова палякi цi пару шальнiкi, а зусiм магчыма — свае ў мэтах правакацыi, як гэта яны здаўна рабiлi. Усё тое афарбоўвала дзяцiнства ў часам ненатуральныя, звыродлiвыя колеры. Асаблiва калi мець на ўвазе некаторыя наступныя падзеi…

Школа ў вёсцы арганiзавалася на мяжы 30-х гадоў, сьпярша гэта была пачатковая школка ў сялянскай хаце. Хата тая i дасюль стаiць, пасьля вайны ў ёй жыў мой брат Мiкола. А тады гаспадары проста перасялiлiся ў трысьцен, а большы пакой аддалi пад школу. Там паставiлi два даўгiя сталы i сабралi чалавек пятнаццаць вясковай драбнаты. Настаўнiкам быў Антон Васiльевiч Аўласенка зь вёскi Дарошкавiчы. Дарэчы, ягоная дачка жыве ў Менску, замужам за старэйшым Машэравым. Сталася так, што ўсе мае сябры былi старэйшыя за мяне i пайшлi ў школу раней, амне толькi шэсьць год. Сяджу адзiн дома, а ў школе штось адбываецца цiкавае, i я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку i павёў да настаўнiка. Пагаварыў зь iм, i Антон Васiльевiч кажа: хай ходзiць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, зь якiм я хадзiў на возера, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацiнку, уставiў туды пяро. I пачаў я вучыцца.

Вiдаць, да гэтага часу (а можа, трохi раней) адносiцца маё знаёмства з мастацкай лiтаратурай. Яшчэ чытаць ня ўмеў, i першы мастацкi твор мне прачытаў бацька. Гэта быў знакамiты «Гой» Мiхася Лынькова («I плакала Рыва…»). А ў школе неяк прынёс настаўнiк некалькi дзiцячых кнiжак, пачаў раздаваць для чытаньня — на табе, на табе… Мне дасталася тоненькая кнiжачка, казка «Царэўна-лягушка», а Валодзю — «Канёк-гарбунок». Гэта была мая першая школьная крыўда: не хацеў я чытаць пра «лягушку» — хацеў пра каня-гарбунка. Абдзялiў лёс на першым этапе. У другую клясу пайшоў ужо ў iншую вёску — у Двор-Слабодку. Гэта трошкi далей, але школа там была лепшая, у былой панскай сядзiбе. Пад школу адвялi палову панскага дома з вэрандай, кафлянай грубкай i вялiкiмi вокнамi. Вучыў нас малады настаўнiк Сьцяпан Рыгоравiч Троцкi, а таксама ягоны калега Крацёнак. Першы цяпер на пэнсii, доўга працаваў у Браславе. Тады быў вясёлы, нязлы, мы яго любiлi. Ён вучыў, здаецца, адну зiму. Пасьля прыйшоў iншы — Сяргей Сьцяпанавiч Новiкаў, паходжаньнем з нашае вёскi. Гэты ўжо быў супрацьлегласьць ранейшаму, — даволi строгi чалавек, парцеец, ён арганiзоўваў калгасы ў нашай акрузе i загiнуў у партызанах, у час знакамiтага