Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862-1918) [Уладзімір Арлоў] (fb2) читать постранично, страница - 81


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Пры газеце захоўвалася ўнікальная калекцыя Івана Луцкевіча. «Ціха... Поўнач, - пісаў пра яе Змітрок Бядуля. - Я сяджу адзін у рэдакцыі... Агонь вялікай лямпы кідае нейкае таемнае сьвятло з-пад блакітнага каўпака на сьцены і шафы... На сьценах вісяць абразы даўнейшых беларускіх князёў, старасьвецкія беларускія вопраткі, шаблі, шаломы і панцыры ваякаў ХVІ стагоддзя. Розныя тканіны народнай беларускай творчасьці, паясы слуцкія, дываны, разьба розная. Музыкальныя інструменты - дуда, цымбалы, труба пастырская, жалейка. У шафах ляжаць скарбы мінуўшых гадоў: манеты, медалі, пячаткі, кнігі беларускае пісьменнасьці. Жывая паэма старыны!..»

У сваёй шматстайнай дзейнасці «Наша Ніва», вядома, няраз сутыкалася з цэнзурнымі перашкодамі. На запыт мясцовага ахраннага аддзялення паліцыі Віленскі камітэт па справах друку ў 1907 годзе даў газеце такую характарыстыку: «Спярша крыху памяркоўнейшая, чым «Наша Доля», пачала пасля змяшчаць артыкулы бунтоўнага характару, за што некалькі разоў канфіскоўвалася».

Выданне «Нашай Нівы» было цэлай эпохаю ў беларускім адраджэнні пачатку ХХ стагоддзя.

Уладзімір АРЛОЎ


1914. Пачатак Першай сусветнай вайны
Гэта была вайна за перадзел ужо падзеленага свету паміж нямецка-аўстрыйскім блокам дзяржаваў і Антантай (Англіяй, Францыяй і Расеяй). Зачэпкаю для яе пачатку сталася забойства сербскімі тэрарыстамі спадкаемца аўстра-вугорскага трона эрц-герцага Франца Фердынанда. 19 ліпеня (1 жніўня) вайну Расейскай імперыі абвясціла Нямеччына, а праз пяць дзён - Аўстра-Вугоршчына.

У кампанію 1915 года галоўны ўдар сваіх армій Нямеччына скіравала супроць Расеі. У сувязі з гэтым у жніўні быў створаны Заходні фронт са штабам у Менску. Беларусь зрабілася прыфрантавой паласой. Тут скарачалася прамысловая вытворчасць, пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. Блізу паловы мужчын былі змабілізаваныя. Сотні тысяч жыхароў, часцей за ўсё пад прымусам, сталі бежанцамі.

У выніку летняга нямецкага наступлення расейскія войскі пакінулі Варшаву, а потым Коўна, Берасце і Горадню. У верасні нямецкае кавалерыйскае злучэнне ў складзе шасці дывізій прарвала фронт на ўчастку Свянцяны-Барысаў, захапіла Вілейку і наблізілася да Маладэчна. Асобныя часткі дайшлі да Барысава і Смалявічаў. Была пакінутая Вільня. Аднак 2-я расейская армія здолела пасля жорсткіх дзесяцідзённых баёў у ваколіцах Маладэчна, Вілейкі і Смаргоні разбіць праціўніка. Немцы адступілі да азёраў Нарач і Свір, пасля чаго бакі перайшлі да пазіцыйнай вайны, і фронт на доўгі час усталяваўся на лініі Дзвінск (Даўгаўпілс) - возера Нарач - Баранавічы - Пінск.

Паводле дамовы з хаўруснікамі расейскае камандаванне меркавала правесці ўлетку 1916 года шырокае наступленне, але, каб дапамагчы французскай арміі, якая трапіла ў цяжкае становішча пад Вердэнам, аперацыя пачалася раней, у сакавіку, на вузкім участку фронту каля возера Нарач. Наступ разгарнуўся пры слабой падтрымцы артылерыі і ў складаных метэаралагічных умовах. Нарачанская аперацыя была непадрыхтаваная і, нягледзячы на гераізм расейскіх салдатаў, дала толькі нязначныя тактычныя поспехі. Страты Расеі забітымі, параненымі і палоннымі склалі блізу 100 тысяч чалавек. Такі кошт быў заплочаны за палёгку, атрыманую французскай арміяй.

Цяжкія паразы, дрэннае забеспячэнне правіянтам і боепрыпасамі вялі ў арміях Заходняга фронту да росту незадаволенасці і салдацкіх выступленняў. Сама моцнае з іх адбылося ў кастрычніку 1916 года ў Гомелі. Штуршком да яго стаў арышт казака М.Башкіна, якога турэмшчыкі жорстка збілі. У адказ на гэта паўсталі чатыры тысячы салдатаў і казакоў, якія абяззброілі вартавых, вызвалілі з гаўптвахты 800 арыштаваных і знішчылі абвінаваўчыя дакументы.

Пасля кастрычніцкага перавароту салдаты Заходняга фронту адыгралі галоўную ролю ва ўсталяванні бальшавіцкай улады на неакупаваным немцамі абшары Беларусі.

3 сакавіка 1918 года ў Берасці была падпісаная мірная дамова паміж Савецкай Расеяй і дзяржавамі нямецкага блоку. Паводле гэтай дамовы нямецкія войскі акупавалі Польшчу, Летуву і частку Беларусі. Першая сусветная вайна прынесла беларускаму народу велізарныя людскія страты. Загінула 1 млн. 200 тыс. чалавек, сотні тысяч беларусаў не змаглі вярнуцца з эвакуацыі, засталіся параскіданымі на неабсяжных абшарах Расеі.

Уладзімір АРЛОЎ


5 (18) снежня 1917. Адкрыццё Першага Ўсебеларускага з'езда
Падзеі 1917 года спрыялі згуртаванню нацыянальных арганізацый, якія аб'ядналіся ў Вялікай Беларускай Радзе. Дзеля вызначэння далейшага лёсу Беларусі Рада склікала ў Менску Ўсебеларускі з'езд (кангрэс).

Такога прадстаўнічага сходу не здолеў у тым часе сабраць ніводны паняволены народ колішняй Расейскай імперыі. На кангрэс з'ехаліся 1872 дэлегаты з усяго беларускага этнічнага абшару - ад Смаленшчыны да Беласточчыны. Апрача дэлегатаў ад мясцовага жыхарства на з'ездзе прысутнічалі прадстаўнікі беларусаў, якія служылі ў войску і на флоце, а таксама