На крыжах [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

этим не сделал и другого. Говорят: что это за направление — изображать одно низкое и пошлое! А почему бы и не так?" — пытаецца Вісарыён Бялінскі і ў іншым месцы гэтага артыкула адказвае: «Это — не один дар выставлять ярко пошлость жизни, а еще более — дар выставлять явления жизни во всей полноте их реальности и их истинности.»

Так, мастацтва — не адвольны твор мастака, але і не планавы прадукт грамадства, яно — душа гэтага грамадства. Нельга дастаць і як сабе хочаш перарабіць тую душу без таго, каб не перайначыць характар грамадства. Абое яны існуюць у адзіным узаемазалежным цэлым.

Літаратуры даводзіцца цяжка, асабліва калі мець на ўвазе не гэтак тэарэтычныя высновы, як яе жыццёвую практыку. У наш час зусім нярэдкія з'явы, калі нават выдатныя тэарэтычныя пастулаты на справе ператвараюцца ў штосьці, што найболей нагадвае свайго роду неакласіцызм. Пра тое не прынята гаварыць, але не сакрэт, што ў літаратуры час ад часу запаноўваюць характэрныя адзнакі менавіта такога літаратурнага напрамку: калі губляецца рэалістычны характар рэчаіснасці, грэбуюць жыццёвай праўдай, рэальнае выцясняецца яўна ідэальным. Я ахвотна пагаджуся, што мастацтва так званага сацрэалізму не дапускае ў сабе безідэйнасць, бяскласавасць, абстрактны гуманізм і гэтак далей. Але бясспрэчна, што і іхнія супрацьлегласці, узведзеныя ў катэгарычны абсалют, — не меншае зло, хіба што з іншым, адваротным знакам. Менавіта гэтае зло нанесла немалую шкоду нашаму мастацтву. І гэта зразумела, калі мець на ўвазе знакамітыя словы У. Леніна, які ў сваёй працы «Детская болезнь «левизны» в коммунизме» пісаў, што «самое верное средство дискредитировать новую политическую (да и не только политическую) идею и повредить ей состоит в том, чтобы во имя защиты ее довести ее до абсурда».

Хіба не зразумела, што голы рацыяналізм, імкненне падпарадкаваць літаратуру ды мастацтва патрэбам кожнага сёння, таксама як загадзя распланаванага заўтра, ігнараванне жыццёвых складанасцяў, дыялектыкі развіцця наносяць непапраўную шкоду не толькі літаратуры, але і ўсяму грамадству.

Мастацтва — гаючы дождж грамадства, якое без яго крытычнага ўздзеяння непазбежна пакрываецца плесенню і загнівае. Апалагетыка без разбору, бяздумнае сцвярджэнне ўсяго існага — па сутнасці не што іншае, як магільшчык грамадства, і вельмі шкада, што мы дасюль не зразумелі ўсёй небяспекі тае з'явы. Вельмі шкада, што і сёння шмат хто кіруецца думкай, нібы людзі, што бачаць заганы ў жыцці, тым больш адважваюцца крытыкаваць яго, заражаны духам буржуазнай ідэалогіі, паклёпнікі або нават ідэалагічныя дыверсанты. Няўжо ёсць патрэба даказваць, што такая думка па меншай меры неразумная, што праўда, якой бы непрыемнай яна ні была, калі яна сумленна выказана, не можа пашкодзіць дабру, што сапраўдныя, а не прыдуманыя ворагі ўсіх часоў выдатна маскіруюцца самай артадаксальнай фразеалогіяй, выконваюць ролю самых верных служак. Хіба трэба пераконваць, што ўсе ўрадавыя перавароты, усе ўдары ў спіну, усе змовы і здрады рабіліся людзьмі прыбліжанымі, заўжды вельмі лаяльнымі.

Безумоўна, каб пісаць праўду, апроч таленту, патрэбна немалая мужнасць. Але не меней мужнасці патрэбна і для таго, каб успрыняць праўду ва ўсёй яе паўнаце і складанасці. І ў гэтым сэнсе варта выказаць жаль, што некаторыя нашы кіраўнікі, тыя, каму больш за іншых павінна быць уласціва гэтая якасць, апынаюцца, мякка кажучы, не на вышыні. На словах прызнаючы крытыку за рухаючую сілу грамадства, яны тым не менш імкнуцца надаць гэтай крытыцы толькі адзін кірунак — зверху ўніз. Але для літаратуры не існуе ні верху ні нізу. З'яўляючыся чалавеказнаўствам, яна з аднолькавым правам даследуе і даярку, і міністра, радавога члена партыі і сакратара ЦК.

Вядома, што, як і кожная манаполія, манаполія на крытыку — прыемная рэч для таго, каму яна належыць. Няма патрэбы гаварыць, якая «карысць» з яе ў іншых сферах грамадскага жыцця, але для літаратуры яна — згуба. Літаратура без крытычнага пачатку — забава для гультаёў, абывацельская цацанка. Хіба мала ўрокаў такога парадку дала нам сумнай памяці тэорыя і практыка бесканфліктнасці? Папрок жа ў адрас літаратуры за так званае ачарніцельства ці паклёп — з'ява банальная па сваёй распаўсюджанасці, супраць яго ва ўсе часы змагалася літаратура. На гэты конт я зноў дазволю сабе звярнуцца да аўтарытэту Бялінскага. «Самое сильное и тяжелое обвинение, которым писатели риторической школы думают окончательно уничтожить Гоголя, состоит в том, что лица, которых он обыкновенно выводит в своих сочинениях, оскорбляют общество... Подобное обвинение больше всего показывает незрелость нашего общественного образования. В странах, упредивших нас развитием целых веков, и понятия не имеют о возможности подобного обвинения. Никто не скажет, чтобы англичане не были ревнивы к своей национальной чести: напротив, едва ли есть другой народ, в котором национальный эгоизм доходил бы до таких крайностей, как у англичан. И между тем они любят своего Гогарта,