Кліч роднага звона [Генрых Вацлававіч Далідовіч] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

галаве,— ці полаўцы сілай змушаныя ісці са зброяй на саюзнага ім Данілу?»[13]

Разам з венграмі лезлі напралом нямецкія рыцары ў вялізных шлемах з адтулінамі для вачэй i рота, у бліскучых панцырах i шчытах з залатой насечкаю, а таксама насядалі крыжакі ў белых мантыях ды манаскія ордэнцы, на харугвах якіх была намаляваная сабачая галава з палаючым факелам у зяпе (можа, i ад таго ix празвалі псамі-рыцарамі). Далей, на ўзвышку, быў стан варожага палкаводца: там узвысілася блакітная харугва з залатой каронаю Стэфана, якую неслі два ангелы. Паблізу харугвы стаяў знатны коннік — мабыць, венгерскі палкаводзец. Можа, i Фільній: чуткі як пра яго храбрасць, так i пра яго жорсткасць даходзілі i да Навагародка. Добра бачачы зверху, як пад бел-чырвона-белымі харугвамі набліжаецца, імкнецца на падмогу Данілу Усяславава конніца, той занерваваўся, штосьці закрычаў, замахаў рукамі — туды-сюды, у розныя бакі, паскакалі яго пасланцы, каб, канечне ж, перадаць старшым дружын ягоную новую каманду i перацягнуць больш сілы сюды: за імі спяшаліся i Міндоўгавы дружыны.

Хоць быў не маладзён ужо, не раз i не два біты, паранены ў баях i сутычках, аднак i цяпер Усяслаў адчуў трывожны прыліў хвалявання i страху перад хуткай сечай — i за сябе, i за моладзь; каб аспакайнець i стаць цвяроза разважлівым, ён, як заўважаў, а за ім услед i ягоныя дружыннікі на хаду залішне бязлітасна білі, аглушалі абчапляных жалезам рыцараў — тыя ці то спрабавалі падняцца на ногі ці, хістаючыся, пляліся на поле бою, каб ударыць галічанам i валынцам у спіны. Усяслаў падаў знак сваім трубачам — пачуўшы баявы кліч навагародцаў, дружыннікі князя Данілы пачалі расступацца, пакідаць ворага перад свежай сілаю; Усяслаў адціснуў княжыча ўбок, а ягоныя дружыннікі галопам уклініліся ў рыцарскі стан i адразу ж молада пацяснілі ашаломленых рыцараў. У бой навагародцаў павёў тысядкі Бялян.

Застаўшыся ў тыле з княжычам i аховаю, пакрысе ўтаймоўваючы хваляванне, Усяслаў ужо не траціў позірк на ўсё поле бою, a ўчэпіста засяроджваў яго на мечаванні малых i вялікіх гуртоў, вызначаючы, куды трэба перакінуць сваю сілу. Вось цяпер ён ужо ваўсю адчуў стальны звон, конскі храп, людскія енкі i крыкі. Boi, пераадольваючы страх i набіраючыся злосці ды няшчаднасці (не заб'еш ты — заб'юць цябе, пасягнуць на тваю сям'ю i на тваё дабро), лаяліся, абражалі яшчэ адны адных:

— Элёрэ! Батран![14]

— Бжыдаль![15]

— Гидь![16]

— Зобачце: Навагрудэк![17]

— Элёрэ! Батран!

— Фрыш драуф![18]

— Аусгаррэн![19]

— Айн блёфэр кэрл! Айн троттэль![20]

— Гавкай-гавкай, гндь! Нагавкаеш!

— Геть, гидота! Геть, посипака![21]

Абмацваючы вачыма поле бою, Усяслаў вышукваў: дзе ж знаёмая Данілава харугва, дзе яго знаёмае карзно? I нечакана ўбачыў у людской гушчэчы: Данілу з невялікай купкай людзей абкружылі венгры, той ca сваімі дружыннікамі адчайна б'ецца, аглушае, скідвае з коней усё новых i новых ворагаў, але вось некалькі пешцаў злаўчыліся i сцягнулі Данілу за карзно з каня.

— Бачыш, княжыч? — запытаў Усяслаў.

— Што?— з маладым, неўтаймоўным хваляваннем усклікнуў той.

— Угры палоняць князя Данілу,— паказаў мячом туды, дзе з дзесятак венгерцаў спрабавалі абваліць i жывога звязаць разгарачанага галіцка-валынскага ўладара.— Трэба адбіць яго.

— Мілы дзядзька![22] — аж падскочыў у сядле малады княжыч, замахаў мячом.— Дазволь мне выратаваць князя Данілу!

— Паспееш яшчэ праліць нечыю ці сваю кроў,— ужо спакойна прамовіў ён.— Было i яшчэ будзе шмат сечаў ды пабоішчаў.

— Але павінен жа я калі-небудзь праверыць руку не толькі ў гульні, але i ў баі! — не мог спакойна ўседзець у сядле той, з мужчынскай зайздрасцю бачачы, як яго аднагодкі скульваюць з коней рыцараў.

— Князю трэба не толькі твая дужая рука, але i ясная, разумная галава,— усё не дазваляў выхаванцу рынуцца ў атаку Усяслаў.— Глядзі ўважліва за боем, вучыся бачыць, як ён ідзе, думай, што i як рабіць, каб пераламаць яго на сваю карысць. Суцішвай эмоцыі i парывы, развівай здольнасці страціга. Ты ж — наш будучы князь!

— Я так ніколі не пабуду ў баі,— надзьмуўся той.— Да сівых валасоў буду отракам, тваім вучнем,— а пасля нечакана, парушаючы дамову з бацькам, неслух рэзка тузнуў свайго каня, ударыў яго шпорамі i свавольна панёсся туды, дзе на валаску вісеў лёс князя Данілы. Канечне ж, нарэшце хацеў паадолець свой першы, самы вялікі страх перад першым сур'ёзным боем i заадно молада хацеў паказаць усім, што ён смелы i добра ўжо навучаны, варты таго, каб на яго ўсе, найперш равеснікі яго юнай дружыны, а таксама i князь Даніла ca сваімі баярамі, глядзелі ўжо як на харобрага!

«Ну, княжыч, пачакай! Падсыпле