Кім і Валерыя [Мікола Гіль] (fb2) читать постранично, страница - 115


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

мітульзе спраў, клопатаў і турбот раптам успыхвала ў галаве згадка пра тое, што абяцаўся пазваніць — запісаў жа мой тэлефон!— Мішка Жызневіч, ды ўжо чамусьці ад гэтай згадкі твар мой азмрочваўся іншай думкай: хоць бы не сёння, хоць бы не дадумаўся ён напрасіцца да мяне сённяшнім вечарам, бо парушыць усе планы, зноў не зраблю справаздачы ў тэрмін і зноў нарвуся на непрыемнасць...

А яшчэ праз тыдзень-другі забылася тая выпадковая сустрэча на праспекце, і я ўжо не палохаўся Мішкавага званка. Сам жа яму пазваніць я ці то не сабраўся, ці то не рашыўся, хоць напачатку зусім шчыра, здаецца, верыў, што пазваню. Потым жа гэтае жаданне пакрысе пакінула мяне. Знайшлося і апраўданне. Ён жа не пазваніў! Дык чаго ж я буду званіць, прытым не на хатні, а на службовы тэлефон? Пры выпадку можна заўсёды спаслацца на тое, што званіў, ды, на жаль, не заспеў яго ў кабінеце.

І калі напачатку, у першыя дні ці тыдні, мне яшчэ было ніякавата ад усяго гэтага (маўляў, свінтус я ўсё-такі, чэрствы і абыякавы чалавек), дык пасля гэтыя папрокі ўжо адрасаваліся і Мішку, і наогул усім маім колішнім альхоўцам, аднагодкам і неаднагодкам, і ўжо думалася, што, мусіць, гэта дзіцячыя, несур'ёзныя, наіўныя мары і намеры, што наўрад ці хто адгукнуўся б, калі б і сапраўды паспрабаваў гукнуць іх на такі збор, што колішняя еднасць наша была даўно, з таго часу шмат вады сплыло, што наогул ці была тая еднасць (мы не толькі сябравалі, але і варагавалі, часам досыць зацята, так, што даходзіла да боек), што цяпер усе мы розныя, звязаныя па руках і нагах сямейнымі і іншымі абавязкамі і клопатамі, што няма ўжо нам ніякае справы да Альхоўкі (калі не ўсім, дык многім, скажам, тым, хто пахаваў сваіх бацькоў ці забраў з сабой у горад), і таму, калі па шчырасці, наўрад ці звязаны мы між сабою сёння хоць чым-небудзь — хіба толькі ўспамінам, які мяне (і Мішку таго самага) і расчуліў, а не расчуліць ён не мог, бо гэта быў успамін пра маленства, успамін, які заўсёды, да самага апошттяга дня будзе салодзіць душу, прымушаць сэрца біцца хутчэй, зваць туды, у незваротнае...

І ўсё вярталася на кругі свае...

Але аднойчы ты зноў убачыш у вулічным натоўпе знаёмае зямляцкае аблічча, і табе, затурканаму мітуснёй, рытмамі і тэмпамі паўтарамільённага чалавечага мурашніка, захочацца кінуцца яму напярэймы, парукацца, мо нават абняцца, распытаць, як зямляча маецца, ці даўно быў у роднай Бярозаўцы (ці Залессі, скажам, альбо Мачулішчах), што там чуваць, і, расчулены, ты загаворыш аб тым, што добра было б сабрацца там, у Бярозаўцы (ці Залессі), усім разам, бярозаўскім (ці залескім) аднагодкам, сабрацца з жонкамі і дзецьмі, пасядзець, пагаманіць, успомніць, прычасціцца з тае крыніцы, з якое пілі, калі былі лепшымі — чыстымі, добрымі, даверлівымі, чэснымі, калі не ведалі, што ёсць на свеце подласць, несумленнасць, фальш, пошласць, несправядлівасць і звычайная, зусім, нібыта, бяскрыўдная чалавечая абыякавасць...