Віцкаўшчына. Рэвалюцыя ў мяне [Мікалай Улашчык] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

перапыніў мяне, сказаўшы: “Не ўсміхайцеся, малады чалавек, у 20-я гады мы мелі сваю дзяржаву. Так, так, мелі ўласную дзяржаву”, - паўтарыў цвёрда.

І яшчэ неяк раз давялося пачуць ад аўтарытэтнага гісторыка нечаканае азначэнне ролі Інстытута беларускай культуры ў станаўленні дзяржаўнасці Савецкай Беларусі, наданне ёй беларусацэнтрычнай скіраванасці. “Дваццатыя гады ў Беларусі былі эпохай Інбелкульту”, - сказаў Мікалай Мікалаевіч. Я адразу не мог ацаніць гэтай максімы ў дачыненні першынца беларускай навукі. Пазней, асэнсаваўшы дасягненні культурна-дзяржаўнага будаўніцтва першых дзесяці год існавання БССР, няраз вяртаўся думкай да знакавасці людзей на чале з Усеваладам Ігнатоўскім, што былі дзейныя ў тыя часы ў навуцы і практычнай палітыцы Беларусі.

Дзесь незадоўга да сыходу з жыцця Мікалай Мікалаевіч пакінуў мне рукапіс сваіх мемуарных запісаў, зробленых у чатырох агульных і дзевяці звычайных школьных сшытках. Як вынікае з запіскі, прыкладзенай да рукапісу, успаміны запісваліся нашым гісторыкам у 1939-1937 гг. ва Ульянаўску, часткова ў 1940 годзе ў Маскве. У цэлым жа натаваліся яны ў перапынках паміж чарговымі арыштамі і высылкамі іх аўтара. А ўсіх тых арыштаў і высылак Мікалая Улашчыка было ажно чатыры. Толькі ў другой палове 1950-х гадоў ён здолеў вярнуцца да нармальнага жыцця. Упадабанай гістарыяграфіяй патрапіў стала навукова заняцца толькі маючы пяцьдзясят гадоў. Але ж колькі яшчэ паспеў зрабіць у навуцы. Які дар, творчы патэнцыял меў, каб, нягледзячы на перажываныя цягам чвэрці веку рэпрэсіі, пакінуць нашчадкам такую багатую, каштоўную навуковую спадчыну.

Што да мемуарыстыкі Мікалая Мікалаевіча Улашчыка, то яна, на жаль, засталася ў фрагментах. Прынамсі, запісы што рэальна захаваліся і маюцца ў нашым распараджэнні, ахопліваюць час 1918-1921 гг., перыяд вельмі складаны ў жыцці Беларусі. Адна акупацыя на нашых землях змянялася другой, і кожная мела сваю спецыфіку, як яны адбіваліся на жыцці, лёсе народа.

Аўтар запісаў фіксаваў усё, як было, без аглядкі на нейкія ідэалагічныя арыенціры.

Калі ўдалося з большага расчытаць рукапіс мемуараў, уразіла, як схоплены, перададзены ў іх атмасфера, дух часу і дасканасць пісьма сталага літаратара, пісьменніка.


Арсен ЛІС



VIII

На сьвеце адбываюцца грандыёзныя падзеі. Ствараюцца і гінуць цэлыя дзяржавы, бальшавікі ў сябе будуюць зусім новы сьвет, але ў нас зьмен няма. Людзі жывуць тым, чым жылі і да вайны. Вайна, рэвалюцыя толькі затрымліваюць ці паскараюць набліжэньне да мэтаў, калі яны ў каго былі. Мэты больш энергічныя ў сялян - купіць большы і лепшы кавалак зямлі, меньшыя - набыць харошыя боты, добра паесьці, меньш рабіць.

Няма зьмен і ў мяне. Я яшчэ ня думаю, хто я буду. Больш схіляюся ісьці за братам па лясной часьці. Лес вабіць заўсюды і ўсякі. Хваёвы лес улетку мае адну прывабнасьць: пахне смалою, стукае дзяцел; увосень - другую - ціха шумяць вяршыны хвоек, нікне трава. У полі сьвішча асеньні вецер, а тут ціха. На душы адразу робіцца таксама ціха, спакойна. Узімку, засыпаны сьнегам, ён захоўвае ціш нават тады, калі за лесам круціць мяцеліца. Сьвішча вецер, круціцца сьнег, сыпле з усіх бакоў у твар, а ў лесе толькі вярхі хвоек калышуцца і ціха-ціха падае сьнег. Здаецца, што трапіш у хату. Нага правальваецца ў глыбокі чысты сьнег. Маленькія елачкі ўсе абсыпаны сьнегам. Хораша ў такім лесе.

Лес дубовы мае сваё хараство. Ён расьце ў большасьці над ракою ў нізкім месцы. Зімою гэты лес голы, нудны. Вецер ходзіць па ім, як у полі; ня мае ён хараства і ўвосень, калі сыплюцца лісьця, а ўся зямля засыпана жалудамі. Гэта мокры лес, які ня мае ні шэпату вяршынь, ні мяккасьці моху ўнізе, але які харошы гэты лес увесну ці летам.

Зялёны кудравы лес з мяккім муравом вабіць здалёк. Прыход у лес спатыкаюць сотні птушыных галасоў. Яны нібы стараюцца адна другую перасьвістаць. Магутныя дубы, белыя бярозы стаяць зусім нерухома. Сонца аблівае гарачымі струменямі ўсё навокал, за лесам пераліваецца паветра і здаецца, што ў паветры ідуць хвалі, прарэзаныя яркім сонцам, а тут прахлада. Сонца прарываецца скрозь голле і кладзе на зямлю плямы белыя, зялёныя і чорныя. Час ад часу праскочыць вавёрка, праімчыцца заяц. Раньняю вясною, калі цьвіце чаромуха, такі лес пахне. Прышоўшы ў лес, ня хочацца з яго выходзіць. Ён прыгожы і днём, і вечарам, і ўночы, а найлепшы пры ўсходзе сонца, калі асабліва голасна сьвішчуць птушкі, трава і дрэвы мокрыя ад расы.

Калі ж праз лес цячэ рэчка, то хараство лесу падвойваецца. Невялікая рака - ня Волга, але наша маленькая рака, якую часам ня цяжка пераскочыць і няма прыгажэйшай у нас ракі, як Сьвіслач у лесе. Чыстая вада цячэ па пясчаным дне міма зялёных дубоў, прыбраная ўнізе лазою, арэшнікам. Уночы яна блішчыць срэбрам пад месяцам, удзень вабіць пакупацца. Уночы над ракою крычыць філін ці сава, дзікі голас здаецца прыемны. Ёсьць нейкая гармонія ціхага цёмнага лесу, ціхай