Мастак Антон Карніцкі [Сяргей Чыгрын] (fb2) читать постранично, страница - 9


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Антон Карніцкі быў не толькі добрым мастаком, але душой слонімскай моладзі. Вечарамі ў яго доме збіраліся хлопцы і дзяўчаты. Антон выдатна спяваў, нядрэнна ведаў беларускую народную творчасць. А калі браў у рукі скрыпку, забывалася аб усім на свеце.

Моладзь любіла бываць у хаце Карніцкіх. Глядзець на яго творы, слухаць яго песні, гартаць альбомы мастака. У альбомах можна было ўбачыць шмат малюнкаў і карыкатур. Як прыгадваў пры жыцці слонімскі настаўнік Уладзімір Шундрык, яму запомніўся адзін подпіс пад малюнкам Антона Карніцкага: “Беларусы добраахвотна едуць у Германію”. А на малюнку адлюстраваны эшалон на чыгуначнай станцыі, контуры твараў вузкіх вагонных прарэзаў і да адказу засунутая засаўка на дзвярах вагонаў.

У верасні 1942 года ў Слоніме была адкрыта выстава рамясла. Дзесяць залаў былі запоўненыя мастацкімі творамі і вырабамі мясцовых слонімскіх прадпрыемстваў і мастакоў. Асобную залу займалі карціны мастакоў. Пераважна гэта былі акварэльныя творы і малюнкі алоўкам. Антон Карніцкі на выставе паказаў 16 сваіх акварэльных карцін і два альбомы замалёвак. У адной з залаў вялікую цікавасць выклікаў дэкаратыўны твор “Кавалі” Антона Карніцкага, выкананы ў беларускай нацыянальнай арнаментацыі[17].

25 студзеня 1944 года Антона Карніцкага не стала. Яго хавалі нядзельным днём і не было ў Слоніме чалавека, хоць бы крыху знаёмага, які не прыйшоў бы праводзіць мастака ў апошні шлях. Яго пахавалі на Ружанскіх могілках у Слоніме. На жаль, магілу мне да сённяшніх дзён знайсці не ўдалося.

Пры немцах пра творчасць Антона Карніцкага шмат пісала беларуская прэса. Адзін з нумароў часопіса “Новы шлях” у 1943 годзе надрукаваў 6 рэпрадукцый яго карцін і партрэт мастака. А таксама тэкст да іх, у якім сцвярджалася, што змест твораў Карніцкага — гэта жыццё беларускай вёскі, — як краявід, так і людзі. А газета “Раніца” за некалькі дзён да смерці мастака пісала: “Антон Карніцкі адбівае на палатне родную Слонімшчыну — яе хаты, прыроду, тыпы, працуе алейнымі фарбамі і алавіком”[18].

Пасля смерці Антона Карніцкага ў 1943 годзе ў Слоніме была адкрыта асабістая выстава карцін мастака[19]. А ў Слонімскім краязнаўчым музеі, які складаўся з чатырох залаў, адна з іх была прысвечана адраджэнню Беларусі. Пад знакам “Пагоні” у прыгожай раме быў аформлены Акт абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 года ў Менску, ніжэй, таксама у прыгожай рамцы — беларускі нацыянальны гімн. Гэтыя дарагія рэліквіі дбайна былі аформлены слонімскім мастаком[20].

Сёння ў Слонімскім краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага захоўваецца некалькі твораў Антона Карніцкага. Гэта такія працы мастака, як “Стары”, “Аўтапартрэт”, “Студэнтка”, “Дзяўчына з ягадамі”, “Нацюрморт”, “Мужчынскі партрэт” і “Мужчына і жанчына”. Шэсць карцін знаходзіцца ў экспазіцыі, а адна — “Мужчына і жанчына” — у фондзе музея. Найбольш значная праца мастака — гэта алейны партрэт старога, праўдзівы і пераканаўчы вобраз мудрага чалавека, які пражыў нямала і, відаць, перажыў у сваім жыцці шмат цяжкіх выпрабаванняў. Мастак прыгожа перадаў задумлівасць чалавека, яго вочы, бараду, вусы, настрой. Вочы старога вельмі выразныя, аб нечым думаюць, успамінаюць.

“Дзяўчына з ягадамі” атрамалася шчырай, простай і зразумелай. Бо гераіня яго твора выглядае як жывая, вельмі задуменная, стомленая. Яна, магчыма, вярнулася з лесу, дзе збірала ягады, а цяпер прысела на табурэтку адпачыць. Пасля заняткаў прысела крыху адпачыць і студэнтка наступнай карціны мастака. Яна задумалася, магчыма ўспамінае прачытаны тэкст, ці проста думае аб жыцці.

Мне ўдалося адшукаць два аўтапартрэты мастака. Адзін напісаны алоўкам, другі — акварэллю. Гэтыя творы перадаюць настрой мастака, адчуваецца, што яму нялёгка, што ён хварэе.

“Мужчынскі партрэт” атрымаўся даволі сімпатычным і вясёлым. Супрацоўнікі Слонімскага музея сказалі, што гэта, магчыма, бацька мастака, ці ён сам. Але, калі прыгледзецца больш уважліва, то гэта ні бацька і ні сам мастак, а проста слонімец, які жыў побач з Карніцкім, ці нейкі знаёмы яму чалавек.

Вялікую цікавасць уяўляюць творы “Рынак у Слоніме”, “Хлеў і гумно ў Рышчыцах”, “Хата ў Рышчыцах”, “Касцёл на Замосці”. Яны перадаюць атмасферу таго часу, калі жыў творца. Ён пісаў тое, што бачыў, што з ім было побач: старыя пабудовы ў маленькіх Рышчыцах, шматлюдны рынак у Слоніме, куды з’язджаліся людзі з усіх навакольных вёсак, прыгожы помнік ХVIII стагоддзя на Замосці — касцёл святога Андрэя і г.д.

Любіў Антон Карніцкі маляваць бярозы, нашы беларускія бярозы. Адна з карцін мае назоў “Прыдарожныя бярозы”. На першым плане — чатыры бярозы, а пасярод іх раз’езджаная коламі вазоў дарога ў вёску. Удалечыні відаць яшчэ бярозкі. Усе яны перадаюць нейкі маркотна-тужлівы настрой аб мінулым. Бярозкі ёсць і на карціне “Беларуская вёска”. Але яны тут