Паміж зоркай і свечкай [Генадзь Бураўкін] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Генадзь Бураўкін ПАМІЖ ЗОРКАЙ І СВЕЧКАЙ


Падрыхтаванае на падставе: Генадзь Бураўкін, Паміж зоркай і свечкай. Вершы, — Мінск: Выдавецтва Бацькаўшчына, 2000. — 160 с.


Copyright © 2015 by Kamunikat.org 


* * *
Гэта тайна
Спрадвечнай
На свеце была:
Паміж зоркай і свечкай
Ёсць нітка святла.
У начы безгалосай
Шлях падкажуць і мне
Зорка ў цёмных нябёсах,
Свечка ў дальнім акне.
Сумна ў сэрцы асядзе,
Як і ў даўніх вяках, —
Зорка ў мілым паглядзе,
Свечка ў мёртвых руках.
Дажывуся і сам я
Да самотнай пары,
Калі зорка згасае,
А свечка гарыць,
Кожнай кропляй гарачай
Лье святло, як спакон...
I не мне перайначваць
Гэты вечны закон.
Аўтар і выдавецтва шчыра дзякуюць сябрам Беларуска-Амерыканскага грамадскага Цэнтра ў Саўт-Рыверы за дапамогу ў выданні гэтай кнігі


МАЯ АСЕННЯЯ ПАРА


* * *
Прыйшла мая асенняя пара —
I да стала папера запрашае,
Бяжыць гулліва рыфма да пяра
I боскі халадок душу ўзрушае.
Я зноў шчаслівы,
Як прылётны птах.
Мне ў гэтым свсце вольна і прасторна.
Плыве ў садах апалых грушаў пах
I падаюць лісты з рабіны чорнай.
Сінічка жвава скача за плячом —
Здаецца, што вось-вось радок мой клюне.
Вятрыска з ценькім сцішаным плачом
Прыладжваецца за суседскай клуняй.
Ля ног —
Ніты парваных павуцін,
Незатаптаныя кратовы норкі...
I я — на ўсю ваколіцу адзін
I ў той жа час зусім не адзінокі.
Мне словы развярэдзілі душу,
Я зразумеў цярплівую прыроду
I ў небе ўчуў бялюткіх крылаў шум —
Як быццам на парозе адыходу...


* * *
Пакуль жывы,
Турбуйся аб жыцці,
Але пра смерць не забывай таксама,
Каб з першым і апошнім словам "мама",
З якім у свет прыйшоў,
З яго пайсці.
Паспей для ўнука дрэва пасадзіць
I пыл з іконы старадаўняй сцерці.
I памятай заўсёды:
Толькі ў смерці
Ёсць права ўсё спакойна рассудзіць.
Не мітусіся лішне —
Усяго
Купіць,
Нагрэбсці,
Нахапаць
Няможна,
I драбязу не пхні ў рукзак дарожны —
Ты ж хочаш сыну перадаць яго.
Не бойся смерці —
У тваёй крыві
Ханае і агню, і засцярогі.
Не саступай з абранае дарогі.
Пакуль жывы,
Жыві!
* * *
Я стаміўся ад сустрэч і спрэчак,
Ад папер,
Паседжанняў,
Прамоў.
Хочацца да яблынь і парэчак,
Да Дзвіны нахмуранай —
Дамоў.
Лектары
Бясстрасныя, як ёгі,
Зноў і зноў падказваюць адно —
Як не збіцца нам з прамой дарогі,
Аб якой забылі ўсе даўно.
А мая надзейная дарога
Павядзе мяне праз гушчары
Да глухога селішча старога,
Да бацькоўскай студні,
Што ў двары.
Ноччу там пад месяцам двурогім
Журавель парыпвае-пяе.
Там пачатак і канец дарогі.
і не збіцца б толькі мне з яе ...
* * *
Ах, не спявайце вы пры мне
Чужому берагу асанну.
Я вас перабіваць не стану,
Але душу мне скалане
Сум аб радзімай старане.
Я не хачу пакрыўдзіць вас
Маёю ціхаю тугою.
Другою вечнаю любоўю
Жыве душа мая ўвесь час.
Я моўчкі адыду ў куток,
Дзе дрэмле змрок несамавіты,
I ачышчальных слёз глыток
Заменіць шчырыя малітвы...
Я не забыў, дзе мой выток...


* * *

Памяці Пімена Панчанкі

Настаўнікі не паміраюць.
А аддаляюцца ад нас
I зверху строга назіраюць,
Як мы вядзём свой рэй і час.
Яны не могуць нам нічога
Ні адмяніць, ні загадаць,
А толькі смутнаю трывогай
Самотны голас свой падаць.
У небе роспачнасці
Ноўняй
Іх думка ясная плыве.
Яны жывуць,
Пакуль мы помнім
I вопыт іх, і запавет.
Мы не адразу разумеем,
Як цяжка ўзняць было б крыло
I ўзвіцца ўверх на зло завеям,
Каб іх на свеце не было.
Яны з далёкасці сусветнай
Душою светлай кожны міг
За намі сочаць непрыкметна,
Аж гюкуль прыйдзем мы да іх...


* * *
Каму патрэбнае "Поле-полечка",
Каб у душы запал закінеў,
А мне —
"Купалінка",
"Перапёлачка",
I звон цымбальны,
I дудкі спеў.
Каму — "Лезгінка",
"Гапак"
Ці "Хора",
Каб у вандроўках быў лёгкім к]
А мне найлепей,
Каб быць у гуморы, —
"Мікіта",
"Бульба"
I "Чабарок".
Хто — стэп карнаямі агалошвае,
Хто — дудуком адгукаецца з гор.
Мая жалейка —
Зусім не горшая,
Не сапсуе паважаны хор.
Няхай дзівак ярлыкі развешвае,
Багацце ўзважвае —
Дзе чыё.
Маё — не горшае,
Хай і не лепшае.
А Богам дадзенае —
Маё.
* * *
Там — правалы,
А тут — прагалы
Ці зусім ніякіх слядоў.
Колькі коней не запрагаю,
Не дагнаць маладых гадоў.
Не дагнаць,
Не вярнуць,
Не аклікнуць,
Грыву цёплую не ўхапіць —
Паўз балынак пралятаюць без ліку,
Толькі збоку мільгаюць слупы.
Эх вы, коні мае буланыя,
Падкаваныя капыты!
Праімчыце міма каханай
Праз калінавыя масты.
I спыніцеся ля крыніцы,
Апусціце ў траву павады.
Нам даўно ўжо трэба напіцца
Гэтай чыстай жывой вады.
Мы пранесліся гулкім алюрам
Праз такія брады і шляхі,
Што і Богам,
Суровым і хмурым,
Дараваны ўсе нашы грахі.
Не бяда, што гадоў не дагонім —
Кліча вецер з далёкай вярсты.
I яшчэ не распрэжаны коні.
I яшчэ не струхлелі масты...
* * *
У век неразбярыхі
Між вар'ятаў
Не выжыў бы ніколі я,
Калі б
На свеце не было
Бацькоўскай хаты,
Зімовых соснаў
I вясновых ліп.
Калі б не меў ратунку —
Пры патрэбе,
Каўтнуўшы ёлкай роспачнасці ком,
Параіцца
З качным высокім небам
I споведным купалавым радком.
Быць можа,
Д'яблу я душу аддаў бы,
Паслухаўшы, як маняць каралі,
Калі б зусім не ведаў
Простай праўды,
Вялікай праўды плуга і раллі.
Быць можа,
Горка плачучы,
Манеце
I кулаку
Пайшоў бы на паклон,
Калі б не ведаў,
Што бяда мінецца
I застанецца чорнай працы плён.
Вось і трываю на зямлі таму я.
I веру непахісна,
Што жыццё
Нарэшце ўсіх вар'ятаў утаймуе
I кіне іх навекі ў забыццё ...
* * *
Я ездзіў рэдка да бацькоўскай хаты,
Дзе сцены пахнуць мохам і смалой.
I больш за ўсё я горка вінаваты
Перад сваёй радзімаю малой.
Вось і клянуся полацкаму краю,
Дзе над Дзвіной крутыя берагі,
Што аж да скону вернасць захаваю
I песнямі аддам свае даўгі.
Ну а калі, быць можа, не паспею,
Віну не поўнай мераю сплачу,—
Туманам апушчуся на Асвею
I жаўрам да Расонаў прылячу.


Дачны вечар
Калі суцішаецца дзённая спёка,
На луг вечаровы кладзецца туман,
У вёсцы суседняй,
Далёка-далёка,
Забытую песню выводзіць баян.
Нябачныя конікі звонка стракочуць,
Пілуюць зялёны шаўковы сувой,
Нібыта мелодыю слухаць не хочуць,
Занятыя вечнай турботай сваёй.
Пад ветрам самотна ўздыхаюць рабіны,
Запознена клён завяршае імшу...
А з вокнаў расчыненых
Тэленавіны
Сусветным вар'яцтвам
Вярэдзяць душу.
* * *
Калі павуцінка злятае з рабін
I пахне былым дзераза,
Так хочацца добрае штосьці зрабіць
I мудрае штосьці сказаць.
Пражыўшы жыцця некароткага трэць,
Пара перастаць дурэць.
З гадамі трэба не толькі старэць.
З гадамі трэба мудрэць.
Ах, колькі ў духмяных, рыпучых вазах
Правезлі мы летаў і зім!
I мудрае іншым паспелі сказаць.
А трэба б —
Сабе самім.
* * *
Здавалася,
Што лязгатам метала
Зацюканае, хмарнае жыццё
Адкінула,
Змяло
I растаптала
Да каранёў бацькоўскіх пачуццё.
I можна жыць без голасу матулі,
Без блытанай суседскай гаманы,
Хаваючы ў шматвярховы вулей
Сакрэты,
Недарэчнасці
I сны.
Але яно пакліча,
Так, пакліча
Непераможнай цягаю зямной,
Лясной крынічкай
Ці старой каплічкай,
Ці курганком за вёскай пад сасной.
I набяжыць скупой слязой на вочы
На згубленай і знойдзенай вярсце —
I з каранёў загубленых аднойчы
Зялёнаю націнкай прарасце.
* * *
Якая яна гаючая —
У цёплых сонечных пырсках,
Якая яна пявучая —
У коніках і чмялях, —
Зялёная наша калыска,
Чароўная наша зямля!
Зямля не бывае бруднай —
Чорнай зямля бывае.
Зямля не бывае шэрай —
Пыльнай зямля бывае.
Зямля не бывае беднай —
Яна неўрадлівай бывае ...
Няўтульнай і непрыгожай
Зямля быць ніколі не можа.
Бруднай,
Шэрай
I беднай
Робіць яе чалавек.
* * *
Слава —
Марская вада,
Якой не прагоніш смагі
Ні конаўкаю з вядра,
Ні глыткамі з біклагі.
Хоць ёлкая соль пячэ,
Ды,
Злавіўшы струменьчык цёплы,
Просіць душа:
— Яшчэ!
Хоць кроплю,
Хаця б паўкроплі...
Не гасіць агонь вада.
Ад спёкі язык бялее.
А ў мора
Дна не відаць —
Святы,
Піры,
Юбілеі...
Колькі ні пі віно,
Колькі зорак сабе ні прывінчвай,
А вуснам усё адно
Трэба
Вады крыйічнай.
* * *
Наказ бацькоўскі я збярог
На Полаччыне і Палессі:
Не трэба мудраваць у лесе,
Шукаць нязведаных дарог.
Тут столькі ўжо людзей прайшло
I непрыкметных,
I вялікіх,
Што ў памяці лясной на ўліку
I камень кожны,
Iдупло.
Вядуць сцяжынкі
Да палян,
Да такавішчаў,
Да крыніцаў.
У лесе можна заблудзіцца,
Хіба што ўлезшы ў дурнап'ян.
Тут хтосьці да цябе хадзіў,
I след яго ляжыць гадамі...
Пакуль дарога пад нагамі,
Ты ў гэтым лесе не адзін.


* * *
Памяці Максіма Танка

Зноў пацямнеў наш родны небасхіл —
Упала зорка зыркая ў знямозе.
I сэрца, што ўжо больш не мела сіл,
Раптоўна спатыкнулася ў дарозе.
I выпала пяро з халодных рук.
I анямела белая папера...
Няўмольнасці бязлітасны павук
Закратаваў навек зямныя дзверы.
Жыццё пражыта.
У сівой траве
Згубілася паніклае калоссе...
Ды ўсё навокал дыхае, жыве.
Усё на гэтым свеце засталося.
Няма канца пракладзенай вярсце.
Яна вядзе ў прастор, як і ў пачатку...
I зорка, як бяссмертнае зярнятка,
На беларускай ніве прарасце.


* * *
Лес яшчэ не ўвесь павысякалі.
I каля наезджаных дарог
Грыбнікі гуляюць касякамі,
Топчучы сухі ссівелы мох.
Хай сабе набытак не шыкоўны —
Сыраежка,
Чашчавік,
Казляк...
Ды пад вечар будзе кошык поўны
I настрой —
Як прасвятлення знак.
Павядзе дамоў сцяжынка ў жыце,
Камары зазвоняць талакой.
I на сэрца зноў,
Што ні кажыце,
Сыйдуць ачышчэнне і спакой.
I так лёгка будзе скінуць змору
I не сумнявацца ні на міг,
Што сцяжынак,
Лесу
I прастору
Хопіць на зямлі яшчэ для ўсіх ...
* * *
Ліпеньскі малюнак незвычайны
Нечакана позірк мой спыніў —
Лётае разгубленая чайка
Над разлівам недаспелых ніў.
I крычыць,
Нібы гукае тайны,
I трымае страх напагатоў,
Носіцца над полем непрыкаяна
Крыламі кранаецца жытоў...
Можа ўрэшце змораная чаіца
Знойдзе тут прыстанішча сабе,
Прыжывецца ў полі, прызвычаіцца
I гняздо зацішнае саўе.
I шчаслівай будзе ў долі новай,
I паверыць нават
Праз гады,
Што прыносіць вецер палыновы
Родны горкі пах марской вады...
Грэчка цвіце
... Быццам плыве нетаропкая рэчка
З пеннай густою вадою жывою...
Пахне мядовая белая грэчка.
Вечнасцю пахне.
Пахне царквою.
... Быццам матуля ішла да крыніцы,
Выліла ў полі вядро сырадою...
Пахне чаборам і медуніцай.
Пахне вашчынаю маладою.
... Быццам туман сто раёў пералётных
Мірна акрыў барадою сівою...
Чуецца звон несціханы, клапотны.
Вечнасцю пахне.
Пахне царквою.
* * *
Мы былі, вядома, не анёлы —
Грэшна і расхрыстана жылі.
Кожны быў рашучы і вясёлы —
Флібусцьер на вольным караблі.
Не магла ніякая акула
Выбіць з рук кляновае вясло.
Нас жыццё выпроствала і гнула,
Ды зламаць і знішчыць не змагло.
Ці ж калі забудзем шлюпкі тыя,
Што накрыла хваляю сівой!...
Божа,
Мы цяпер амаль святыя
З ціхаю нямогласцю сваё'й.
Больш не трызнім захмялелым маем,
Не бяжым за ветрам наўздагон
I грахі былыя ўспамінаем,
Як далёкі і прыгожы сон.
* * *
Заклінаюць,
Лаюць,
Аспрэчваюць,
Просяць літасці і дабрыні...
Колькі смешнага і недарэчнага
У чыноўніцкай мітусні!
Надакучылі, надакучылі
Вечны лямант
I вечны грук.
Аблачына плыве над кручаю.
Каля сонца трымціць жаўрук.
Іх ніхто не гняце,
Не развенчвае,
Не зганяе ў агульны гурт.
I жыццё ў іх,
Як неба,
Адвечнае,
Як адвечны іх родны кут.
Іх звысоку ніхто не накручвае,
Не гразіцца сагнуць у крук ...
I плыве аблачынка над кручаю.
I ля сонца трымціць жаўрук ...
Чакаю...
Праносіцца вецер са свістам
Па голых шляхах палявых.
Чакаю зялёнага ліста.
Чакаю зялёнай травы.
Ні гуку над вымерзлай нівай.
Ні руху ля цёмных лаўжоў.
Чакаю паводкі шумлівай.
Чакаю лясных капяжоў.
Сняжок на дубовых галінах.
Пароша на лапах сасны...
Чакаю ключоў жураўліных.
Чакаю вясёлай вясны...
* * *
Вы думаеце,
Я шукаю слоў? —
Яны прыходзяць проста і прароча
То ў белых фраках
Богавых паслоў,
То ў сініх пінжаках
Чорнарабочых.
Іх кожны крок —
Нібы маланкі ўдар.
Яго лаўлю я сэрцам,
А не слыхам.
Яны мяне
То кідаюць у жар,
А то сцінаюць прымаразкам ціхім.
Яны мой дом запоўнілі суздром.
Ды я ў іх —
Не чаляднік на падхваце.
Я паміж іх сяджу
Гаспадаром
I ўладна рэй вяду ва ўласнай хаце.
Яны — мае вясёлыя сябры.
Яны — мае бязлітасныя суддзі.
Гукаюць адвячоркам у бары,
А на світанку на гарышчы будзяць.
Я іх і ў свой апошні шлях вазьму
У гэтым свеце сумным і трывожным.
Яны прыходзяць самі.
I таму
Адно без аднаго
Мы жыць не можам.
* * *
Дзіўны сон прысніўся мне ў начы:
Я стаю на восеньскім узлессі,
Ластаўка шчабеча на плячы
I на дол расой злятаюць песні.
Вецер носіць развітальны шум.
Сыплецца лістота залатая.
Я плячом нясмела варушу.
Ластаўка ж сядзіць, не адлятае.
Навіну мне хоча перадаць,
Не баіцца холаду німала.
Ну не проста ж так яна, відаць,
Ад начнога выраю адстала.
На паляне свецяцца агні.
Сіні дым плыве над чорнай грудай ...
Так я і прачнуўся ў цішыні
На плячы з пявунняй белагрудай.
* * *
Здаецца, мы так і не скончылі клас
НялёТкай жыццёвай навукі,
Але па-ранейшаму звязваюць нас
Успаміны,
Дзеці
I ўнукі.
Хаця нашы душы хістала не раз
Пад сіверным ветрам разлукі,
Ды зноў сагравалі і зводзілі нас
Успаміны,
Дзеці
I ўнукі.
Зайздросныя людзі
Ці моташны час —
Хто больш разнімаў нашы рукі,
Не будзем спрачацца,
Бо ёсць яшчэ ў нас
Успаміны,
Дзеці
I ўнукі.
Хто скажа,
Які ў нашай згоды запас,
Наперадзе —
Шчасце ці мукі?
Але і паміраць, і выручаць нас
Успаміны,
Дзеці
I ўнукі.
* * *
Дзе ёсць парадак,
Там ёсць душа...
На цеснай падмеценай кухні
Жыве душа
На дне гладыша
I ў прыцьмелым вымытым кухлі,
У мяккім тканым палавіку,
У старой драўлянай сальніцы
I ў цёмным кутку,
Дзе ніяк павуку
Не даюць хоць на ноч пасяліцца...
Паўдзённае сонца,
Вячэрні спакой
За накрытым сталом дарэчы.
I ўсё пад рукой.
I жывуць талакой
Вясёлыя людзі і рэчы...
I не варта смяяцца з высокіх слоў:
У бядламе, смуродзе і брудзе,
Як пацверджана вопытам з даўніх часоў,
Не было душы і не будзе.
Купалле
Зноў запалалі зыркія кастры,
Зноў песні сустракаюцца ў бары
I ходзіць шчасце блізенька зусім.
I гэтак лёгка размінуцца з ім.
З былых вякоў у .новыя вякі
Плывуць, плывуць купальскія вянкі...
Як зоркі, іскры сыплюцца ў траву.
Як хмель, прызнанні кружаць галаву.
Касу калыша цёплая вада.
Для мілага нічога не шкада...
Ля кветкі — кветка.
Ля шчакі— шчака.
Цячэ, цячэ купальская рака...
* * *
Я прайшоў і праехаў столькі
З хлапчуковай вясёлай пары!
А ўсё клічуць тужліва сойкі
У цяністьш густым гушчары.
Там, дзе вечар туманны і ветлы,
Дзе ў сурэпцы круты касагор,
Мой дзяцінны куток запаветны,
Мой абстуканы дзятламі бор.
I ўсё вабіць здалеку лілея.
I стракозы ляцяць да лазы.
I лясная рака не мялее.
I не менее солі ў слязы...
I калі мяне ў вырай дачасны
Пазаве сцюжны вецер-скавыш,
Дзе знайду я такую вось яснасць
I такую славянскую ціш?...
У Міхайлаўскім
Яшчэ драмала слава маладая,
А ён быў неаглядна малады —
I толькі бомы з голасам Валдая
Сяброўскі ўздзіў прыносілі сюды.
Услед за ветрам бег ён летнім полем
I кідаўся ў разліў пахучых траў
I ўсім прысадам,
Сцежкам і таполям
Па-царску бессмяротнасць раздаваў.
Ён тут блукаў у гордым задуменні.
Ён тут чакаў каханкі тайны крок.
Нястомны грэшнік,
Кучаравы геній,
Насмешнік,
Задзірака
I прарок.
Усе грахі яму даўно адпушчаны
I дух ягоны ўзнесен на амбон...
Плыве,
Лунае над зямлёю Пушкіна
Усіх расійскіх храмаў перазвон.


* * *
Віктару Казько

Калі я разгадаў свой лёс,
Усім астаткам сіл
Я ўзняў далоні да нябёс
I знаку папрасіў.
Сабраўся ў мёртвай цішыні
У доўгі шлях адзін.
I з паднябеснай вышыні
Мне Бог сказаў:
"Ідзі!"
Мне секла ногі асака
I джгала крапіва,
I я шукаў хоць раўчука.
А Бог казаў:
"Трывай!"
Калі ж я ў прыдарожны пыл
Упаў зусім без сіл
I лоб разбіў аб камяні,
Бог мовіў:
"Адпачні".
А як я ўзняўся —
I ў вачах
Памроіўся Сезам,
Я запытаў, хто знойдзе шлях,
Бог адказаў:
"Ты сам".


Вясковая ідылія
Квецень асыпала вішня на росны гарод.
Певень заспаны ўзляцеў на паркан зухавата.
I над калодзежам рыпнуў стары калаўрот...
Гэта няспешна ступіла на вуліцу свята.
Зводдаль глядзяць вераб'і на памыты парог.
Ластаўка хоча бліжэй да акна прымасціцца.
Дыхае ў печы салодкі пшанічны пірог.
Пахнуць аерам пад ходнікам чыстым масніцы.
Дрэмлецца мірна на лаўцы рудому катку.
З-пад рушнікоў абразы узіраюцца строга.
Хата падмецена.
Венік прыткнуўся ў кутку.
Цёпла і ўтульна,
Нібыта за пазухай Бога.


* * *
Рыгору Барадуліну

Споведнаю пеністаю чашай
Вёсны нас з табой не абняслі.
Пройдзем мы не раз яшчэ па нашай
Полацкай рамонкавай зямлі.
Скоціцца з ушацкага пагорка
Ранішняя зорка не адна.
Голасам кулініным —
"Рыгорка!"
Клікне прыдарожная сасна.
Змыем заклапочанасць цяжкую
Халадком крынічнае вады.
I зязюля шчодра накукуе
Нам з табою многія гады...
Лёс яшчэ ў наш дом зямны, часовы
Не паклаў апошняга вянца.
I ў сцяжынкі нашай верасовай
Не відно пакуль яшчэ канца...


Паўдзённы прыпар
Ад лясной паляны недалёкай
Хваляю густою
Зноў і зноў
Прыплывае з ліпеньскаю спёкай
Водар медуніц і палыноў.
Каля сцежкі чмель азваўся сіпла,
Ледзь сябе ад кветкі адарваў.
Конікаў навокал як насыпана,
Аж звініць-варушыцца трава.
Стома закалыхвае імгненна,
Расцякаецца ва ўсе бакі
Цёплым духам маладога сена,
Лёгкім свежым ветрам ад ракі...
* * *
Даруй мне, Бог,
Мае грахі,
Што я нажыў на свеце:
Быў часта да цябе глухі,
Не ўсіх сяброў прывеціў.
Зайздросны быў.
I злосны быў.
Не дапамог суседу.
I чашу хмельную любіў
I шумную бяседу.
Ды ў рот начальству не глядзеў,
Не пеў чужыя модлы.
I ні ў каханні,
Ні ў бядзе
Не быў ніколі подлы.
Не абяцаў,
Як пустабрэх,
Завесці ў рай прыгожы...
За гэта
Хоць адзін мой грэх
Ты мне скасуй,
Мой Божа.
Баравічок
У лесе пахне едлаўцовым дымам.
Гарэзліва патрэсквае касцёр...
Стаіўся пад асінамі рудымі
Баравічок,
Што хоча збегчы ў бор.
Ён цёплы мох
У сне салодкім бачыць,
Да верасовай выспачкі прынік
І чуе,
Як непадалёк грыбачыць
Вясёлы і няўдачлівы грыбнік.
I ён такі ж —
Пужліва адзінокі.
Здаецца,
Сам бы выдраў карані
I выбег на прыглушаныя крокі:
Я тут!
Вазьмі мяне,
Не абміні!..


* * *
Васілю Зуёнку

Па даху грукне яблык уначы,
Падкрэсліць цішу і спакой вясковы.
I ты між небам і зямлёй —
Нічыі,
Як іншапланецянін выпадковы.
Табе пашанцавала неўпрыкмет
Забрацца ў пуню на сухое сена,
З падстрэшша зорку кінуць у сусвет
I засмяяцца,
I заснуць імгненна.
I абдымаць туманам сенажаць,
I ветрам пралятаць па-над палямі,
I ў неба рукі лёгкія ўзнімаць,
I чуць зямлю жывую пад нагамі.
I забывацца,
Хто ты ёсць і дзе,
I несці ў сэрцы ўздым і азарэнне ...
Пакуль зялёны яблык не ўпадзе
I вернецца зямное прыцягненне.


* * *
Збор дадому нядоўгі.
Справы пільныя — ўбок
I раскручвай дарогі-
Каляровы клубок.
Прывязу я дахаты,
Да бацькоўскай страхі
Не цяжкія дукаты,
А цяжкія грахі. .
Галаву маю східяць
Без густога віна
Слёзы шчасця сухія
I сляпая віна.
I найбольшым багаццем
(Лепш не знойдзеш нідзе) —
Быць у матчынай хаце,
Паміж родных людзей.
* * *
У запыленым тубыллі,
Дзе сляпні і камары,
Нешта вы мяне забылі,
Закадычныя сябры.
I не клічаце ў застоллі
Ці ў лясныя буданы,
I паўпуда нашай солі
Даядаеце адны.
Ну ды я і сам прыеду
У зялёным цягніку.
Прывязу здалёк суседу
Дарагога каньяку.
Вас усіх збяру да кучы,
Засядзімся да расы,
Самагонкаю пякучай
Падагрэем галасы.
Я дарую ўсім няўвагу
I знявагу праглыну.
У старэнькую біклагу
Капну кроплю палыну,
Каб у далечы заморскай
Мне напомніў пра выток
Нашай роднай, нашай горкай
Светлай памяці глыток...
* * *
Вы мяне не клічце, не завіце
У заакіянскі край прыгожы.
Я не буду, як былінны віцязь,
Доўга разважаць на раздарожжы.
У мяне даўно адна дарога
Вызначана памяццю бяссоннай —
Да кутка азёрнага, ляснога,
Дзе мае зялёныя Расоны.
Так ужо мне вызначана лёсам,
Так мне на зямлі наканавана,
Што не трэба казачных дзівосаў,
Цёплага, чужога акіяна.
Я прыду ссівелым і стамлёным
Да маёй любімай Беларусі,
Паздароўкаюся з кожным клёнам,
З кожнаю бярозкай абдымуся.
* * *
Не сціскай маё сэрца скрухаю,
Мітуслівы, куслівы дзень...
Дай я неба начное паслухаю,
Дзе смуга,
Як кругі па вадзе.
Можа,
Там мая ўтома згубіцца,
Лёгка скоціцца з хворай душы
I раскоціцца ўсцяж па бубачцы,
I растане ў біблейскай цішы.
Там чужыя слязінкі бліскаюць,
Непрытомна зрываюцца ўніз...
Для мяне яны сталі блізкімі,
Зразумелымі да драбніц...
У душы маёй разняволенай
Нараджаецца мудры спакой...
I маёю зоркай пасолена
Чаша вечнай юдолі людской.
* * *
На дрогкіх выбоінах
Шляху зямнога
Згубілася многа,
Забылася многа.
Ды помню:
На печы
У вечар зімовы
Матуля шаптала
Чароўныя словы.
Я помню ўсё добра,
Я помню ўсё цвёрда:
"Кацілася торба
З высокага горба..."
I помніцца,
Мроіцца,
Чуецца мне
Прытомлены шэпт:
"Ішоў Бай па сцяне..."
Няма на зямлі ўжо
Ні хаты,
Ні печы.
Унук
У мяне на каленях
Ляпеча.
Яму я шапчу
Таямніча і горда:
"Кацілася торба
З высокага горба..."
I разам з наследнікам
Верыцца мне,
Што Бай барадаты
Ідзе па сцяне.
* * *
Прагульваецца ў небе летні гром,
Пабурквае ляніва і пагрозна.
I рэдкі дождж з высокіх боскіх стром
Няспешна кроплі сыпле на бярозы.
Ён шчодра ласку ўсю сваю раздаў:
Павесялелі мальвы каля хаты,
I цягнуць дзюбкі жоўтыя з гнязда
Няўцямныя малыя птушаняты.
З лістоў сцякае ўніз ліпучы пыл,
У прахалодзе мыецца бяроста...
Усё так светла,
Хораша
I проста —
Гарачы дзень
I чысты дождж сляпы.


Слімак
(іранічная ідылія)
Ля гарода
Ляжыць калода.
На калодзе сядзіць слімак.
Для гарода
I для народа
Ён не робіць шкоды ніяк.
Сонны трошкі,
Ён грэе рожкі.
Не збіраецца саслізгнуць.
Богам створан —
Ніякі воран
Не павінен яго крануць.
А вакол —
Цішыня і згода,
Як суладдзя нябесны знак.
Ля гарода
Ляжыць калода.
На калодзе сядзіць слімак...
* * *
Бывае,
Ледзь не плачу ад тугі я,
Ад жалю,
Што ў грудзях маіх пячэ...
Ці проста ўзрост,
Ці, можа, настальгія
Па тым,
Што не забылася яшчэ?
I хочацца мінулыя гады
Вярнуць,
Зрабіць усё, што не збылося,
I пасяліць зноў залатую восень
У гольія зімовыя сады.
I хочацца напіцца яшчэ раз
Вясны
Па-маладому ненасытна
I беражна,
Як праз густое сіта,
Душой прасеяць
Памяці запас...
Так хочацца,
Пакуль яшчэ жыву,
Не думаць пра апошняе расстанне,
Каб не туга,
А ціхае літанне
Туманіла сівую галаву...
* * *
Песні адны мы спявалі калісьці,
Чулі адзін аднаго ў шматгалоссі.
Толькі аднойчы шляхі разышліся,
З чарак сяброўскіх віно разлілося.
Нас развялі і пасады і звады,
Новыя песні і новая доля.
Можа, мы гэтаму сёння не рады,
Ды ўжо не вернеш былога застолля.
Пэўна, мы лаўраў і воплескаў варты —
Хай за спіною павага буркоча.
А не чутны болей смелыя жарты
I не гараць апантанасцю вочы.
Можа, мы сыдземся зноў, як калісьці,
На пагулянцы ці на юбілеі,
Песні прыпомнім
I рукі паціснем.
Толькі разбітыя чаркі не склеім...
* * *
Як пакліча ўсявышні
У сваю благадаць,
Я не буду залішне
На зямлі назаляць.
У святую дарогу,
Дзе і мытні нямаш,
Мне не трэба падоўгу
Пакаваць свой багаж.
У прыпар ці ў завею,
На ляту, на бягу
Даспяваць не паспею,
Дакрычаць не змагу.
Да свайго каравана,
Што п'е з Леты ваду,
Адплыву нечакана,
Неўпрыкмет адыду...
Асенняе
Чаго душа мая шчыміць,
Не ведаю:
Ці ад таго,
Што нецікава жыць,
Ці ад таго,
Што неба сёння бледнае
I ліст апошні за акном дрыжыць.
А, можа, ад таго,
Што шмат растрачана
I быльнягом счарнелым зарасло,
Што з памяці сплывае ўсмешка матчына
I жураўля спазнелага крыло.
Забылася, схавалася пад верасам
Сцяжынка ля бацькоўскага двара.
I многія сябры мае не вернуцца
З дарогі той,
Куды і мне пара.
Не грэе сонца.
Горбяцца за крушнямі
Замшэлыя, цяжкія валуны.
Буслы зляцелі з балацін асушаных
I ўжо назад не прыляцяць яны.
На хмаркі
Промні выцвілымі пасмамі
Кладуцца,
Каб сплываць за далягляд.
I толькі пазняцвет
Вачамі яснымі
Глядзіць,
Як і паўсотні год назад ...


Рабіна рабіна
Жартоўная легенда

Рабін рабы
Пайшоў у грыбы.
I пры кожнай удачы
Рэбе
Стужачку вешаў на дрэве:
На бярозе,
Сасонцы,
Асіне —
Чырвоную,
Белую,
Сінюю,
А там,
Дзе найбольшы знайшоў баравік,
Пачапіў зялёны каснік.
Пасля падышлі кабеты,
Угледзелі вэрхал гэты,
Хацелі парадак навесці,
Ды сталі ўтрапёна на ўзлессі:
Навокал быў лес —
Гэта ж трэба! —
Рабы і вясёлы,
Як рэбе,
Як рэбе,
Крыху хітраваты,
Прыбраны,
Як ёлка на святы.
Кабет здзівіла нямала —
Без стужкі рабіна стаяла
З галінамі
Гнуткімі,
Тонкімі,
З цяжкімі чырвонымі гронкамі...
Яе ,
Адзінокую,
Зграбную,
Яны і назвалі
Рабінаю рабіна.
Вятры развязалі стужкі.
Склявалі рабіну птушкі.
Гады ж не змянілі мянушкі —
Цвіце і цяпер на сугрэве
Рабіна рабога рэбе.


* * *
Мне часамі боязна бывае,
Калі чую на пачатку дня
Толькі грукат ранняга трамвая,
А вакол — глухая цішыня.
Быццам свет бяссонны,
Што спакою
Ні на міг спакон вякоў не меў,
Ад людзей даведаўся такое,
Што ў здзіўленні раптам анямеў.
I таму нячутна і нябачна
Наш бядламны двор кудысьці знік
I няма ўжо ні грызні сабачай,
Ні дзіцячай шумнай валтузні.
Быццам стала ўся зямля пустая...
Мне ж патрэбна гэткая зямля,
Каб была з садамі і кустамі,
З крыкам сойкі,
З клічам жураўля,
Каб гула дуброва векавая
I галёкаў вецер верхавы,
Каб я ведаў,
Што зямля — жывая,
Як і я —
Пакуль яшчэ —
Жывы.
* * *
Нічога вечнага няма.
На санках з палазамі
Зноў ад'язджае ў лес зіма;
А снег у цень спаўзае.
I вызваляюцца палі
З-пад тонкай коўдры белай.
Іх красавіцкі дождж паліў
I сонейка сагрэла.
* * *
Як і даўней,
Асвер
Вітае вечар гулкі.
Але вакол цяпер
Зусім не тыя гукі,
Да сцішаных акон
Даносяцца нязвыкла
То электрычкі звон,
То грукат матацыкла.
Запаланяе двор,
Задумлівы з маленства,
Гітары перабор,
Транзістара шаленства.
Плыве сівы туман,
Ахутвае абшары...
I месяц —
Як банан,
Закінуты за хмары...
* * *
...Я супакоена памру.
Ва ўсякім разе так хацеў бы —
Каб згледзець раннюю зару
I вуснамі крануцца неба,
Каб ціха ўзняцца ў вышыню,
Дзе прахалода — асалодай,
Дзе, можа быць, упершыню
Душа напоўніцца свабодай...
I пакідаю свой наказ:
Сябры мае,
I пасля смерці
Прышліце з голубам хоць раз
Зямную вестачку ў канверце.
* * *
Пад сухімі вербамі
Рэчка не цячэ.
Маладосць не вернецца,
Старасць не ўцячэ.
Ад кастроў нядрэмных —
Дым над галавой.
Сцежкі патаемныя
Зніклі пад травой.
Не знайсці ні зёлкаў,
Ні жывой вады,
Каб вярнуць далёкія
Юныя гады.
Выстылае сэрца
Прысак не пячэ.
Маладосць не вернецца,
Старасць не ўцячэ.
* * *
Кожны дзень гняце тупая стома,
Глушыць парыванняў гамана
I сціскае сэрца пакрыёма
Горкая апошняя віна.
Скончыцца жыццёвая дарога,
Згасне боль
I выветрыцца сум.
Каб вы толькі ведалі,
Як многа
Я туды з сабою панясу.
Колькі нерастрачанай пяшчоты
За пустымі жартамі хаваў,
Колькі песень адкладаў на потым
I сваёй зямлі не праспяваў!
Можа быць,
Усе мае дзівацтвы
Мае ўнукі сплоцяць за мяне.
Павініцца ж і паспавядацца
Так,
Як я б хацеў,
Не змогуць,
Не.
* * *
— Дзе новыя вершы? —
Пытаецца грозна чытач.
— Дзе новыя вехі? —
Пытаецца слёзна гісторык.
А ў шэрым тумане будзённасці —
Цёмна,
Хоць плач.
Ні дымнай паходні,
Ні прывідных праведных зорак.
Жыццё калываецца,
Быццам няўклюдны рыдван.
Знікаюць пахілых слупоў
Верставыя адзнакі.
На ўзбочыне справа —
Халодная ліпкая твань.
На ўзбочыне злева —
Кустоўяў былых патырчакі.
Насустрач плывуць,
Як чужыя няўцямныя сны,
То нізкія хаты,
То ў гронках цяжкіх арабіны.
I ў цэлым сусвеце
Спакойныя толькі
Адны
Усланыя лісцсм
Размолатыя каляіны...
Якія тут новыя вехі?
Навошта і дзе
Іх ставіць паспешна,
Каб досвіткам лёгка пазбыцца?
Якія тут вершы? ...
Каб толькі ў знясільнай хадзе
Не ўпасці аднойчы
I з гразкай дарогі не збіцца! ...
* * *
Я сяджу задумліва-мінорны
Вечарам асеннім пры акне.
Кажуць, што мінору болей нормы
Стала штосьці ў вершах у мяне.
Ну не ўмею я дзеля пракорму
Рыфмаваць салодзенькі мажор.
Ды і хто ўгадае тую норму,
Што і мне азначыў пракурор?
Зноў гляджу ў зажуранае неба,
Песню жураўліную лаўлю.
I ў душу маю плыве патрэба —
Адгукнуцца ціха жураўлю.
I паспагадаць людскому гору,
I схавацца ад будзённых спраў...
Вы ўжо мне даруйце,
Што мінору
Я звыш нормы сёння перабраў...
* * *
У начной бязладнай завірусе
Замяло сляды мае за мной.
Прыпыніўся я і азірнуўся
З горкаю трывогаю зямной.
На жыццёвых балыпаках падбіўся,
Ад густой пазёмкі пасівеў.
I, быць можа, так і не адбыўся,
Хоць ад Бога блаславенне меў.
Раны свае тайныя і страты
Не паспеў злічыць і прыглушыць.
Ці то лёс,
Ці сам я вінаваты,
Што баляць яны ў маёй душы.
Выплывае месячык двурогі.
Кропля неба стыне на шчацэ.
I стаю я пасярод дарогі
Са старою кульбаю ў руцэ.
* * *
Калі сэрца ў рэшце рэшт прыстане
I замгліцца месяц угары,
Што я вам скажу на развітанне,
Папрашу я вас аб чым,
Сябры?
На шляху запыленым і тлумным,
Па якому суджана прайсці,
Вы мяне не ўспамінайце сумным.
Вам і так нявесела ў жыцці.
Згадвайце нястомным і вясёлым,
З кошыкам лазовым
I кійком
Гаманкім вясковым балаголам
Ці гарэзным босым пастушком.
Як мяне прыпомніце аднойчы,
Хай да вас смяшынкі прылятуць
I на міг памаладзеюць вочы,
I ва ўсіх усмешкі расцвітуць ...
* * *
У планеты весняй
На віду
Завяду я песню,
Завяду.
Тую,
Не забытую,
Маю,
Што ні з чым не зблытаю,
Пяю.
Тую,
Не забітую
Яшчэ,
Што з душы
Малітваю
Цячэ.
Завяду я песню,
Завяду.
Можа,
Не на шчасце —
На бяду.
Кіну,
Як расінку,
На жарству,
Каб сказала ўсім,
Што я жыву.
* * *
Я сваё жыццё, нібы пірог,
З многімі дзяліў і не бярог.
Менш за ўсё каханай адламіў...
Каб жа хоць каго ды накарміў!
Талент, вершы, веру і любоў
Раскідаў, нібы паштовых галубоў.
Можа, ад Дняпра ці ад Дзвіны
На змярканні вернуцца яны...

ДУША БАЛІЦЬ...


* * *
Не за сябе душа мая баліць,
Бо я пражыў на гэтым свеце трохі
I мне не страшна за сабой паліць
Падгнілыя масты маёй эпохі.
Няхай гараць у праведным агні
I атухаюць у кастрах гарачых
Няўдачамі закрэсленыя дні
I тоненькія свечкі сноў юначых.
Не ўсё мы так зрабілі,
Як маглі.
Ішлі,
Кульгаючы на кожным кроку.
Але і нашых думак вугалі
Здалёк свяціліся ў халодным змроку.
Наш родны край для нас не быў чужым.
Сваё мы адпакутвалі —
I баста!
А дзеці?
Ну няўжо на плечы ім
Абрынем мы дзяржаўнае нядбальства?
Няўжо прапусцім і ў наступны век
З чужацкай незруйнованай засады
I цемрашальства ашалелы здзек,
I чорную атруту подлай здрады?
Сярод глухіх асушаных імшар
Ці знойдзе ўнук таварыша і брата?..
Таму вось і баліць мая душа
I на дзяцей гляджу я вінавата.
Шасцідзесятнікі
Што ад нас застанецца —
Ці песня,
Ці хата,
Ці дрэва,
Ці зямля,
Што навекі
Ва ўсіх нас адна?
Хто рукой нам махне —
Папялушка
Або каралева?
Хто ўсіх нас адпяе —
Завіруха,
Залева,
Вайна?
Мы, здаецца,
Ніколі
Ні бацькам, ні сабе
Не хлусілі.
Як умелі,
Рабілі.
Жылі,
Як маглі.
Надаралася,
Плакалі моўчкі ў бяссіллі.
Зубы сцяўшы,
Паўзлі
Па крывёй набрынялай зямлі.
Так,
Не ўсё мы паспелі,
Не ўсё завяршылі.
Не збудзілі ад сну
Наш знямелы, збалелы народ.
Прайдзісветы
Залезлі на нашы вышыні,
Ілгуны-недавучкі
Нам заціснулі рот.
Перад небам і вечнасцю
Мы вінаваты.
Ды пры нас
I без нас
I цяпер,
I пасля
Застануцца жывымі
Песні,
Дрэвы
I хаты,
Нашы дзеці і ўнукі,
Наша маці-зямля...
Значыць, мы на зямлі
Недарэмна жылі...
* * *
Нехта — з пекла,
А нехта — з раю
Голас мне сябры падаюць.
Вельмі рана сябры паміраюць.
А вось ворагі
Доўга жывуць,
Абмінаюць судовую лаву
I шалеюць ад п'яных піроў,
I крадуць
Пасмяротную славу
У маіх нешчаслівых сяброў.
Смерць і праўда —
Бяздушна-сляпая,
Калі ўсіх іх раўняе ў цане.
А сяброў маіх так не хапае
I зямлі беларускай,
I мне.
Я крыві не хачу,
Вы паверце,
I граху не вазьму на душу.
Не прашу я для ворагаў смерці —
Для сяброў даўгалецця прашу.
* * *
Чорнай навалаю коціцца зверху
Гвалт небывалы,
Раз'ятраны вэрхал.
У кіраўнічых суровых прамовах
Бэсціцца зноў беларуская мова:
Быццам бы наскія словы не здатны
Выказаць талент і розум выдатны.
Новай уладзе не пашанцавала —
Хоць да спадобы ёй бульба і сала,
I самазвалы,
I фермы,
I нівы,
Непераборлівы люд наш цярплівы,
Бор карабельны
I мёд верасовы, —
Косткаю ў горле —
Народная мова.
Колькі цкавалі яе і глумілі,
А не складае падбітае крылле,
А ўсё' жыве і ніяк не канае —
Песня азёрная,
Казка лясная.
Перажыла наша родная мова
I Бенкендорфа, і Мураўёва,
Панскія здзекі,
Чэкісцкія чысткі,
Рогат імперскі,
Вырак фашысцкі...
Тых,
Што з трасянкаю ў галаве,
Перажыве!..
* * *
Ах, як хочацца весялосці!
Ах, як хочацца дабрыні!
А жыццё' дабаўляе злосці,
Колькі ты яе ні кляні.
Ты шукаеш адданасць і радасць,
Да расчыненых вокнаў бяжыш,
А адтуль лезуць зайздрасць і здрада,
Як з балота вясною вужы.
Калі ў бойцы і спрэчцы суровай
Давяраюць пятлі і нажу,
Я ўжо верыць баюся на слова
I на дзверы са страхам гляджу.
Могуць лёгка ў мяне за спіною
I мяне прадаць за пятак...
Значыць, нешта не тое са мною,
Нешта ў свеце нашым не так...
* * *
Верыць лестачкам хітрым
І подлай хлусні,
I дурному нязбытнаму цуду,
Хоць вяроўку на шыі маёй захлісні,
Не магу,
Не хачу
I не буду.
Мірна слухаць абвалы напышлівых слоў
І старога тупога прыблуду,
Хоць абвешай мяне серабром медалёў,
Не магу,
Не хачу
I не буду.
Прызнаваць верхавенства чыноўнай гайні
I цану палітычнага хлуду,
Хоць на плошчы галоўнай мяне разапні,
Не магу,
Не хачу
I не буду.
А служыць занядбанай сваёй старане
I цярпліваму роднаму люду,
Хоць яны і не ўепомняць пасля пра мяпе,
Як змагу,
I хачу я
I буду.
* * *
Гісторыя,
Разумніца сівая,
Сваім дыханнем чыстым
На ляту
Ад ісціны
Рашуча адсявае
Бяздарную, базарную лухту.
Яе шырокай нівы не заселе
Ні хітрасць,
Ні прыгожая мана.
Спакойнаю рукою
Пустазелле
Бязлітасна выполвае яна.
Не ўзяць яе ні ласкай, ні аблогай,
Хоць пагражай,
Прасі
Ці скавычы.
Ад будучага дня
I ад былога
Адна яна захоўвае ключы.
Ніякаю абгорткай адмысловай
Не ўсунеш ёй траянскія дары.
За ўсе вякі,
За ўсе перабудовы
Яшчэ ніхто яе не абдурыў.
Не набівайся ж да яе ў сваяцтва,
Не дуй старанна ў гулкую дуду,
А ўсю сваю завершаную працу
Аддай яе сумленнаму суду...
* * *
Тэхнічнага прагрэсу дзеці,
Ці вінаваты ў чым яны,
Што раз'язджаюцца па свеце
Твае,
Мой родны край,
Сыны?
Заве духоўная патрэба,
У працы хочуць бачыць толк
Ці проста мець кавалак хлеба
І дэмакратыі глыток?
Цяжкой пакутай адлучэння
Перапаўняюць цягнікі
Твае сыны па нараджэнні,
Чужых краін працаўнікі.
Дзяцінства
Казкай незабытай
Ім сніцца будзе за мяжой
Каля чужога дабрабыту,
Ля светлай радасці чужой.
Ці ўдасца ім
З нявестай гладкай
Прайсці бязбедна па жыцці
I да заморскага парадку
Душой самотнай прырасці?
Ці вечна
З думаю аб хлебе
На лёс свой скардзіцца ў журбе?..
... А каб вярнуліся,
Дык лепей
Было б для іх
I для цябе.


* * *
Ну што, Беларусь, у цябе за сыны? —
Хто быў паштаром,
Плугаром
Ці падпаскам,
Як толькі праб'ецца хоць трохі ў чыны,
Забыць цябе лічыць сваім абавязкам.
Ад хлева вясковага вернуць лычы,
Хоць бацькава сала ядуць як зазвычай
I матчыну мову гатовы лічыць
I "беднай",
I "хамскай"
I проста "мужычай".
Не лезе у вушы ім даўні назоў,
Псуецца настрой ад бабуліных строяў.
Зусім ім не трэба
Ні нашых князёў,
Ні нашых прарокаў,
Ні нашых герояў.
Хоць ты з іх і крыжык нацельны здымі,
Ніхто перад крыўдай тваёй не заплача...
Ну што тут паробіш —
У кожнай сям'і
I з сынам часамі бывае няўдача.
Ну што ж,
Калі нехта гатоў і чалму
Надзець,
Каб на месцы сваім утрымацца,
Адно толькі сэрца сціскае:
Чаму,
Чаму іх так многа ў цябе,
Мая Маці?..
* * *
Нехта кажа:
— Так жывём.
Нехта кажа:
— Так жуём.
Нехта кажа :
— Дажываем
I ваюем з гадаўём.
Нехта кажа:
— Гэта здзек.
Нехта кажа:
— Гэткі век.
Нехта кажа:
— Не патрэбен
Чалавеку чалавек.
Нехта
Лёс свой пракляне.
Нехта
Слёзы праглыне.
Нехта ў горы і бяссіллі
Сум патопіць у віне.
I ні зблізку,
Ні здалі
Не памогуць каралі...
Да чаго ж мы з вамі,
Людзі,
Край свой родны
Давялі!
* * *
Той,
Хто іншаму яму капае,
Хай спытаецца ў лёсу свайго,
Ці не кіне воля сляпая
У сьшучы пясок і яго?
Ці не скоціцца ён з касагору
На халоднае мулкае дно,
Каб пасля доўга грэбсціся ўТору,
Дзе вячэрняе неба відно?
А з-за хмар будзе месяц смяяцца,
Як у ямы той бераг высок.
I ўвесь час праз бяссільныя пальцы
Будзе сыпацца жоўты пясок.
* * *
Ты, помніш, мне казаў:
— Няможна жыць,
Зусім няможна жыць без Беларусі...
Ідуць гады,
Імклівы час бяжыць.
А ты далёка.
I няскора, мусіць,
Заморскія закончыш ваяжы.
Не веру я,
Што выгада адна
Цябе з чужых краёў не адпускае,
Што дабрабыту сыты сатана
Цябе аплёў злараднасцю,
Якая
Між намі вырастае,
Як сцяна.
Відаць,
Старая тайная віна
Табе душу збалелую сціскае.
Ды Бог табе суддзя.
Каля акна
Стаіць матуля сумная, сівая
I ўсё цябе чакае да відна.
А я ў бяды народнай на мяжы
З усімі тут і плачу, і смяюся,
Бо праўду ты казаў:
— Няможна жыць,
Зусім няможна жыць без Беларусі.
* * *
Выцерпеў край наш
Паводкі,
Пажары,
Навалы,
Выдраўся трудна з балота пагарды і зла,
Толькі каб родная мова жыла і спявала
I для душы бсларускай святою
скарбонкай была.
I ўжо здавалася:
Сонца заззяла ў аконцы,
Прашчураў ціхі наказ даляцеў да прысад
I па-дзяржаўнаму годна
Па ўсёй ачунялай старонцы
Роднае слова займае законны пасад.
Дзеткі,
Нібыта малітву,
Яго паўтаралі.
Песні ўздымалі яго да яснотных вышьшь...
Ды ўжо злавалі
Імперскіх штабоў генералы.
Ды ўжо фельдфебелі
Лезлі яго задушыць.
Тыя,
Што беглі сюды ад цяжкой галадоўлі
I пачувалі сябе, нібы ў хаце свасй.
Ну а найболей —
Уласнай саўтаснай гадоўлі
З луджанай глоткай
I рабскай халоднай крывёй.
Як яны наскае слова качаюць у брудзе!
Як яны пнуцда яго дзканаць вазусім!..
Родны Іван Дамінікавіч!
Вы нам даруйце.
Ты нам даруй,
Калі зможаш,
Самотны Максім!..
Вулічны музыка
Вакол яго будзённасць шэрая
Людской паводкаю вірыла,
А за спіной —
Вялізным чэравам
Шумеў, бурчэў паўдзённы рынак.
Яго, здаецца, зранку ўходала
Чужая гулкая гамонка.
Ён слухаў сам сваю мелодыю,
Шчакой прыпаўшы да гармоніка.
I медалі яго салдацкія
З грудзей глядзелі сарамліва,
Нібыта прадзедавы цацкі,
Наіўна ўзятыя з архіва.
Адзін ён чуў
Званочак срэбны
Святой ваеннай маладосці,
Зусім нікому не патрэбны
Тут,
Дзе кубельцы ды авоські.
Яму даўно было ўсё роўна,
Ці спачуванне чуць,
Ці кепікі.
Не заўважаў,
Як грошы поўнілі
Старую "ленінскую" кепку.
Ён помніў,
Што яго з "зарплатай"
Ужо чакаюць дамачадцы...
А мне хацелася заплакаць.
I выбачацца,
Выбачацца...


Вольная дума
Наследуючы Янку Купалу

Дзе ўжо хацець весялосці і смеху —
Столькі кавокал няпраўды і глуму!..
Толькі адно застаецца мне ўцехай —
Вольная дума.
Песні высокай сціснулі горла,
Плача жалейка тонка і сумна.
Але жыве раскавана і горда
Волькая дума.
Злодзей,
Забойца,
Вар'ят
Ашалела
Лезуць з чужога пірацкага трума.
Зводдаль сядзіць Папялушкай нясмелай
Вольная дума.
Хочуць забраць нас для новага пана —
I ўжо названа
I дата,
I сума.
Вось і рыдае ў душы несціхана
Вольная дума.
Можа, наперадзе радасці мала,
Як перад чорнаю хваляй самума,
Ды не скарылася і не сканала
Вольная дума.
Сіл набярэцца яна і ўваскрэсне
Зхлуду,
З нявер'я,
З дзяржаўнага тлуму
I празвініць трыумфальнаю песняй —
Вольная дума!
* * *
Ці дапаможа нам Расія
Па свеце не пайсці з сумой,
Калі ў самой слабеюць сілы
I ласкі хочацца самой?
Няўжо мы гэтакія зломкі,
Што не разгонім каламуць
I нашы продкі і патомкі
Нас за няздатнасць праклянуць?
Няўжо мы паддадзімся здзеку
I прададзім,
Як бабылі,
Усё,
Што бог нам даў спрадвеку,
Усё,
Што самі здабылі?
Навошта хочацца камусьці,
Каб не вярнуліся назад
I праляцелі міма гусі
Паўзверх рабінавых прысад,
Каб раптам анямела песня
Каля наддзвінскага сяла,
I моўчкі высахла Палессе,
I Нарач бросняй зарасла?
Дзеля чаго тупая здрада
Цішком крадзецца з-за хлявоў?
Няўжо Расія будзе рада
Займець бяздарных халуёў?
Няўжо ў пачвары двухгаловай
На нас раскрыты кіпцюры
I ўсе
Крывёй сваёй і мовай
Мы захлынёмся без пары,
А на рамонкавым абшары,
Дзе могілкі між саснякоў,
Пір будуць ладзіць янычары
У чорным чадзе шашлыкоў?!
Усім,
Вусатым і бязвусым,
Крычу я ім,
Як на крыжы:
"Ну дайце ж,
Дайце беларусам
Сваёю хатаю пажыць!"
* * *
...Ідзе ў кабінетах высокіх гульня,
Бушуе манкуртаў гарластая раць:
Ці мову мяняць,
Ці дзяржаву мяняць,
Ці, можа, абедзве суседу аддаць ...
Усё, як у хворым прыдуманым сне ...
Не дай Бог дажыць да часіны,
Калі
Унук нас на мове чужой пракляне
За тое,
Што родную не збераглі...
* * *
Чорнымі зданямі,
Пнямі-агаркамі
Шлях баравы абступілі карчы.
Зноў па ўсім краі ахрыпла закаркалі,
Крыллем залопалі
Крумкачы.
Покуль яшчэ ледзь займаецца раніца,
Покуль ваколіца дрэмле ў цішы,
Так яны пнуцца,
Так дружна стараюцца
Мову ў нас вырваць з прымоўклай душы.
Люта пявучае слова дадушваюць
Воля чужая
I час наш цяжкі.
Сонна пасопваюць раўнадушна
Працаю змораныя землякі.
У прыдарожнай смузе васільковай
Ранняя зорка ўзгарэлася б хоць!
Не адыходзь,
Мая родная мова!
Матчына песня,
Не адыходзь!
Не пакідайце мясціну святую,
Што разгубілася ў новай бядзе!
Хто вас без нас зберажэ і ўратуе?
Хто вас без нас да душы прыкладзе?
Верце,
Мы можам яшчэ абудзіцца
I прыбяром ад дарогі карчы.
I прынясе нам святло зараніца.
I пахаваюцца ў змрок крумкачы ...
Памірала жанчына
Жанчына ціха памірала,
У вечнасць чорную плыла.
То ў цемру стомлена нырала,
То ўскідвалася да святла.
Яе наструньвала імкненне
Адчайна вырваць з небыцця
Хаця б глыток,
Хаця б імгненне
Зямнога грэшнага жыцця.
Кусала вусны, каб не войкаць,
Шукала на экранах сцен
Самотным невідушчым вокам
Кахання прывіднага цень.
Яна ўжо ведала,
Як мала
Дыхання засталося ёй,
I развітальны крык трымала
Усёй істотаю сваёй.
У барацьбе з хваробай лютай
Ёй так хацелася, відаць,
Каб і апошняю пакутай
Нікому клопату не даць ...


* * *
У нездаволеных сталіцах,
Каб славы ў купалы даліць,
Як многім хочацца дзяліцца,
Як многа хочуць падзяліць!
Высокім іменем народа
Чужыя лічаць караблі...
Ну што ж,
Калі такая мода,
Дзяліце ўсё,
Што нажылі.
Дзяліце славу і няславу,
Дзяліце чарку і пірог,
Маскву,
Адэсу
I Дзяржаву,
Клубок заблытаных дарог,
Дзяліце волю і няволю,
Рыданне,
Песню
I імшу...
Але ніколі не дазволю
Дзяліць яшчэ маю душу!


* * *
Б'юць па спіне цапы.
Зрок засцілае мліва ...
Цярні, народ, цярпі,
Раз ты такі цярплівы.
Твой дзеляць каравай,
Твае ламаюць жорны ...
А ты, народ, трывай,
Раз ты такі пакорны.
Твае паслугачы
Падбрэхваюць лісліва.
А ты, народ, маўчы,
Раз ты такі маўклівы.
Грызі сухі калач,
Збірай завялы верас...
Не плач, народ, не плач —
Масква слязам не верыць ...
* * *
Не крыўдую і не плачу,
Не кляну сваю бяду.
На чарговую раздачу
Да начальства не пайду.
Дзе даюць усім па лычцы,
Дзе хаўрусніцтва ў цане,
Вы туды мяне не клічце.
Гэта ўсё не для мяне.
Не трымаюся за касу,
За дзяржаўную дзяжу.
Па вярхоўнаму заказу
Не служыў і не служу.
Ды заўсёды маю троху
За скупы даробак свой —
Ці то грэчкі,
Ці гароху
Пры дарозе палявой.
Толькі б выдужала сэрца
На ляту і на бягу ...
Так спяваю,
Як пяецца,
I жыву так,
Як магу.


Чуллівым мемуарыстам
О, як вы любіце сябе,
Сваю кашулю і прычоску!
(Каб гэтак вы любілі вёску,
Дзе сівы конь мурог скубе!)
О, як вы помніце сябе,
Прыгоды даўнія і мары!
(Каб гэтак помнілі абшары,
Дзе плачуць кнігаўкі ў журбе!)
Як ганарыцеся сабой,
Сваімі ўмелымі рукамі!
(Каб ганарыліся бацькамі
Вось так у велічы сваёй!)
Як вы шкадуеце сябе,
Сваіх прыхільнікаў і дзетак!
(Каб край свой шкадавалі гэтак.
Дык ён бы сёння не гібеў!)
Ды боль чужы,
Чужая слава
Па сэрцу вашаму не б'е.
I вам нічога не цікава,
Апроч сябе,
Апроч сябе.


Папытайце Філарэта...
Як у нас бывае гэта,
Як людзей мяняе свет,
Папытайце Філарэта.
Вам раскажа Філарэт.
Сан шануючы ягоны,
Не пакепвайце з таго,
Як дзяржаўныя персоны
Уцякалі ад яго,
Як партыйныя падлізы,
Несучы на твары жах,
Адбягалі ўбок ад рызы
I свяшчэннага крыжа.
Гэта ўсё не толькі модна —
Было выгадна,
Калі
Чорны опіум народны
Выкрывалі і клялі.
А цяпер парыў інакшы
Зачмурае галаву.
I былыя слугі нашы
Пацягнуліся ў царкву,
Бо яны і ў часе гэтым
Вельмі хочуць цараваць
I ўладыку Філарэту
Лезуць рукі цалаваць.
Беражна трымаюць свечкі,
Не хаваючы слязы,
Быццам божыя авечкі,
Тупаюць пад абразы.
I ківаюць галавою.
I ўзнімаюць вочы ўверх.
I яны цяпер з царквою
Неразлучныя навек...
Ну а як завецца гэта,
Дзе тут Новы Запавет, —
Папытайце Філарэта.
Можа, скажа Філарэт...


* * *
І я —
Міжвольны сведка
Дзяржаўных эскапад.
Гісторыя нярэдка
Вяртае нас назад.
I помніцца пустое,
Што запаўняла дні:
Засос часоў застоя,
I мора балбатні,
I прывід камунізму,
I чадны дух віна,
I зверху,
Збоку,
Знізу —
Мана,
Мана,
Мана.
Было не сыта надта —
І наша ў тым віна.
Але ж было юнацтва,
Але ж была вясна,
Якая лёгка грэла —
Я ў гэтым не схлушу —
I маладое цела,
I юную душу.
Струхлеў арэхам грэцкім
Той час,
Што адышоў.
I дзе цяпер пагрэцца
Азяблаю душой?
Няўжо вяртаць былое
I ў сотыя разы
Мяняць на аналоі
Святыя абразы?
Хай свет —
У новым танцы,
У новай мітусні...
Каб толькі не вяртацца
Да страху і хлусні,
Каб не завяла кветка
У маладым вянку
І я —
Міжвольны сведка —
Падаў вясне руку.
* * *
Навошта жыць,
Калі Радзіма гіне?
Каму спяваць,
Як водгулля няма?
На ўсіх шляхах,
На кожнай лугавіне
Ляжыць адчаю
Белая зіма.
Разбойны вецер
Шастае па полі,
Каліны прыгінае да зямлі.
Да цёмных хат,
Да цёплага застолля
Завеі ўсе дарогі замялі.
Гляджу ў бязмежжа
Сумнымі вачыма,
Угадваю сцяжынку ад бяды ...
Глухі прастор.
Знямелая Айчына.
На белым снезе —
Чорныя сляды...


Малады арол
З нявіннаю душою галубінай
Ён прыляцеў на кволае святло,
Такі наіўны і такі глыбінкы,
Якіх у нас дагэтуль не было.
I пацяплеў халодны лес прамоклы.
Усеўся ён у дуба на плячы —
I задзіракі-каршуны прымоўклі,
I ў гушчары схаваліся сычы.
А маладога птаства шматгалоссе
У цёмных кроках і ў густой траве
Так вольна і шчасліва разлілося,
Што ўсім здалося:
Вось дзе рай жыве.
Хапала ўсім ягонай абароны —
Ад вожыка да залатой пчалы.
I прыляцелі шумныя вароны
I гучна яго славіць пачалі.
Ён слухаў лёсткі —
I ўсё болей сталі
У клёкаце звінела з той пары.
На дужых лапах грозна адрасталі
Вялізныя крывыя кіпцюры.
Не стаў мірыцца з песнямі любымі
I салаўёў загнаў на дно канаў.
Каб стаць галоўным самым і любімым,
Усю сям'ю лясную даканаў.
Сядзіць адзін каля старога дуба
Самотны, як патухлая свяча —
З хіжацкай акрываўленаю дзюбай
I чорнаю душою крумкача.


П'яніцы
Хто іх выдумаў,
Градусы,
Што не сніліся чаю?..
Людзі п'юць не ад радасці,
Людзі п'юць ад адчаю,
Ад тупой безвыходнасці,
Ад сляпой непазбежнасці,
Ад здратованай годнасці,
Ад суровай залежнасці,
Калі вочы туманяцца,
Калі коцяцца слёзы ...
А найбольшыя п'яніцы —
Мафіёзі цвярозыя.
Ім галовы задурвае
Не каньяк ці шампанскае,
А жыццё авантурнае
I становішча панскае.
Ім і хмельна, і весела
Ад чужой беспрабуднасці,
Ад законаў закрэсленых
І сваёй непадсуднасці,
Ад пазыкаў нявернутых,
Ад крэдытаў з няўстойкамі...
Што там віскі ды вермуты!
Што там джыны з настойкамі!..
... Заклапочанай раніцай
Пасля ночы бяссоннай
Вельмі розныя п'яніцы
Сустракаюцца сёння ...
Але ж...
Жыў чалавек —
Не больш, не менш,
Як многія на свеце.
Хоць небагаты быў,
Але ж —
Пасада,
Хата,
Дзеці.
Не быў ніколі на віду,
Хаваў сваё аблічча.
А тут —
На мітынгі вядуць,
На барыкады клічуць:
«Устань
I праўду-матку рэж,
Развенчвай супастата,
Як на касцёр ідзі!..»
Але ж —
Пасада,
Дзеці,
Хата.
Ён быў абачлівы наўздзіў:
Улзду лаяў трошкі,
Але ніколі не хадзіў
З начальнікам у рожкі.
I разважаў:
Скарынку еж
I папівай гарбату,
Прысмакаў не купляй,
Але ж
Пасаду май
I хату.
I даўні страх,
Як слізкі смоўж,
Паўзе паміж лапатак.
Хоць і ў "абрэз" усё,
Аўсёж
Такі-сякі дастатак.
А што як павядуць на суд
Або ўпякуць за краты,
Ці ткнуць дубінкаю?
А тут —
Пасада,
Дзеці,
Хата.
Хіба адразу разбярэш,
Дзе праўда,
А дзе здрада?
Свабоды хочацца...
Але ж —
Сям'я,
Жыллё,
Пасада.
Вось і хаваецца ў кустах,
На гонар ставіць лату
I ўспамінае
Даўні страх,
Дзяцей,
Пасаду,
Хату...


* * *
Скажуць,
Гэткае немагчыма,
Ды чаго не бывае ў жыцці —
Я шукаў на Радзіме Радзіму
I не мог яе доўга знайсці.
Быццам чорная хмара навісла
Над прасцягам палеткаў і траў,
Быццам нехта чужы, ненавісны
Ад мяне маё шчасце схаваў.
Колькі я не ўглядаўся ва ўзлессі,
Як ні слухаў дыханне начэй,
Не хапала матулінай песні,
Не хапала вясёлых вачэй.
З беларускаю крыўдай адвечнай
Я спытаўся ў азёр і дуброў,
Што ж за час,
Што так душы знявечыў,
Што ж за лёс,
Што так край абакраў?
I ў адказ, як апошняе слова,
Мне шапнуў мой знядужаны кут:
— Ты ў сябе запытайся сурова,
Ты сабе абвясці свой прысуд ...


* * *
Я не думаў, што так прывязаны
Да імшарнай, пясчанай зямлі,
Да пагоркаў з дубамі і вязамі,
Да бяроз, што ў паляны ўраслі.
А, пажыўшы ў заморскай далечы,
Паглядзеўшы рэкламны рай,
Зразумеў я,
Дамоў прылятаючы,
Як мне дораг мой родны край.
Бедны мой,
Сціплы мой,
Запылены
На крутым скрыжаванні дарог,
Дзе ўзнімаецца за магіламі
Ці то храм, ці то змрочны астрог.
Тут дубы векавыя, нядрэмныя
I надрэчныя купкі ракіт
Аплялі маю памяць карэннямі
I ўзнялі мае думы ў блакіт.
* * *
Можна быць бязбацькавічам —
Добрым чалавекам.
Горка жыць без Бацькаўшчыны —
Дробным недарэкам.
Сорам жыць па-панску
I цурацца маці,
I выпрошваць ласку
У суседскай хаце.
Подла падружыцца
З хцівасцю і згубай,
Што нясуць чужынцы
Для Радзімы любай.
Можна стаць багатым,
Мець казну злогам...
Страшна быць праклятым
I людзьмі, і Богам ...
* * *
Я ніколі
I нікому
Нізавошта не ўступлю
Нашу працу,
Нашу стому,
Нашу глейкую зямлю.
Гэта родныя мне людзі
Назаўсёды аддалі.
Гэта ўсё са мною будзе,
Покуль буду на зямлі.
I ніякія дзяржавы,
I ніякія цары
Адабраць не маюць права
Ні крынічкі,
Ні зары,
Ні глытка жаданай волі,
Ні прыдбанага сцяжка,
Ні засеянага поля,
Ні мурожнага стажка.
Гэту гліну,
Гэту гліну,
Веснавы грачыны гам,
Як і мне калісьці, —
Сыну
Я аднойчы перадам,
Каб збярог і не расфуркаў
Богам дадзенае нам,
Перадаў у рукі ўнукам,
А яны —
Сваім сынам.
I далей
Ад сына — сыну,
З сэрца — сэрцу,
З веку ў век
Несканчона
I няспынна,
Покуль будзе чалавек.
* * *
Што ты зрабіў са мною,
Подлы час,
Куды падзеў няпройдзеныя вёсны?..
Я адгарэў,
Стаміўся
I пагас
I стаў цяпер
Затурканы і злосны.
Дзе ўсе мае вясёлыя гады?
Чаму іх зоркі ясныя патухлі?
Здаецца,
Я і сёння малады,-
А ўжо трывожыць
Горкі дзень наступны.
Няўжо былыя святы адплылі
I радасць не зайграе болын на дудцы?
Старога сала жоўтыя скрылі
Шыкоўнымі ласункамі здаюцца.
Адкуль прыйшла агульная бяда?
Як зберагчы сумленне ў паняверцы?
Людзей шкада.
Мар і надзей шкада.
За ўсіх баліць маё слабое сэрца.
А засталося
Рэдкаю з акрас
Адно —
Дзяцей і птушак шчабятанне ...
Хто ж вінават?
Навошта,
Жорсткі час,
Ты панаставіў гэтулькі пытаняў?..

ПАКЛАДЗІ МНЕ ДАЛОНЬ НА ЧАЛО


* * *
У хвіліну адчаю
Пакладлі мне далонь на чало,
Адкажы на пытанне маё
На расстанне:
Ці патрэбны я быў,
Як мяне не было,
Ці натрэбны я буду,
Як мяне ўжо не стане?
Не маўчы,
Не хлусі,
Не хавай сваіх чорных вачэй.
Не фліртуй,
Не жартуй,
Не ўцякай ад адказу.
Праўду ўсю мне скажы —
I мне стане лягчэй,
I ўзрушэнне
Ці ўспыхне ярчэй,
Ці патухне адразу.
Што б ты мне ні сказала,
Далонь не прымай ад чала.
Будзе мне не хапаць
Лёгкіх пальцаў тваіх прахалоды...
Для мяне ты заўсёды
Патрэбнай была.
Для мяне ты патрэбнаю
Будзеш заўсёды.
* * *
Ты, мой строгі крытык і дарадца,
Галавой хітаеш над радком:
"Вось і пачынаеш паўтарацца,
Да юнацтва цягнешся крадком.
Сённяшні самотны дзень кароткі
Да сябе ў памочнікі.бяры!
Там твае галоўныя знаходкі,
Там твае бясцэнныя дары..."
Я ж аддам наступныя дары ўсе,
Не спытаўшы нават аб цане, —
Толькі б дзень той светлы паўтарыўся,
Калі ты ў жыццё прыйшла ка мне.
* * *
Мы з табой сустрэліся аднойчы
На перанаселенай зямлі.
Да пляча плячо,
I ў вочы вочы,
У руцэ — рука
У жыццё пайшлі.
Шчасце,
Таямніцы
I руціна.
Грэшныя, няўцешныя гады...
Нас жыццё каціла і круціла,
Біла і па карку, і пад дых.
Не мінаў
Ні журавель,
Ні бусел.
Абсыпала попелам бяда...
На былое як ні азірнуся —
Мне зусім нічога не шкада.
З берага другога
Свечкі свецяць,
Хоць, здаецца, спалены масты...
Як тады,
На цэлым белым свеце —
Двое:
Ты і я.
I я, і ты...
* * *
Як хочацца вярнуць усё назад:
I маладосць,
I салаўіны сад,
I закаханы позірк той дзяўчынкі,
Якую міма ветрам пранясло,
I неба без адзінай аблачынкі,
I на ружовай завадзі вясло.'
Але ад пылу пацямнелі далі.
Сад высеклі.
Сцяжынкі затапталі.
Прайшлі дажджы шырокай паласой.
I юны рыцар
Тонкую дзяўчынку,
Сустрэўшы на аўтобусным прыпынку,
Ад скразняку хавае пад крысо.
I мкне маторка па рацэ імкліва...
I гэта ўсё, вядома, справядліва.
I сумна гэта.
Вельмі сумна ўсё...
* * *
Не глядзі мне ўслед,
Нібы старому.
На расстанне не махай рукой.
Яшчэ доўга нашаму парому
Плысці віратліваю ракой.
Ты яшчэ не раз
Зязюляй шэрай
Будзеш перагуквацца са мной.
Будзе ціха набліжацца бераг
З адзінокай гонкаю сасной.
Будуць над высокімі слупамі
Пралятаць вясновыя шпакі.
Будзе нестарэючая памяць
Узірацца ў заўтра з-пад рукі...
Помню я завеі і дажджы ўсе
I цябе з рамонкавым вянком.
Хоць і да сівых валос дажыўся,
А ў душы застаўся юнаком.
* * *
Чаму павінен плакаць чалавек,
Калі ён хоча весела смяяцца,
Калі яму ўсяго гадоў семнаццаць
I таямніца свеціць з-пад павек?
За што яму бязладнае жыццё
Суровыя сюрпрызы падкідае,
Калі яго сяброўка маладая
Нясе ў сабе ягонае дзіцё?
Навошта ён даверліва пачаў
Начную споведзь з вопытным суседам,
Калі пасля прыйшлі за ёю следам,
I здрада,
I знявага,
I адчай?
Чаму такі непрымірымы век
I помніць крыўду горкую старую
I ўсіх памылак даўніх не даруе?..
Чаму павінен плакаць чалавек?!
* * *
Я прайшоў вясновыя дарогі
I сухі асенні лістабой.
Быў я незгаворлівы і строгі
Да сустрэчы жнівеньскай з табой.
Ад спакус хаваўся
I злаваўся,
I лічыў зямлю такой-сякой.
Мне тады здавалася трава ўся
Шорсткаю калючай асакой.
А цяпер з табой мы навасёлы
Пад страхою райскаю святой.
Стаў я паслухмяны і вясёлы
Пад тваёй бязлітаснай пятой.
Галава адной табой занята.
У вачах — гусцее сінява.
I на ўсіх палянах —
Рута-мята,
Мяккая, шаўковая трава.
* * *
Плыве ў тумане вечар разамлелы.
I ў духаце чаромхавых завей
Шчыруе
Асмялелы,
Ахмялелы,
Бяссонны,
Утрапёны
Салавей.
Сок, сок, сок
Цёк,
Цёк,
Цёк —
Цур-р-р,
Цур-р-р,
Цур-р-р.
Ці-мох, Ці-мох
Піў, пі-іў,'піў.
У цяньку-у,
У цяньку-у-у
Аўдоц-цю, Аўдоц-цю
Цмок,
Цмок,
Цмок
I ўцёк.
Маленькі птах уздрыгвае ад ветру,
Падскоквае,
Нібыта на агні,
На цэлы свет вясковыя сакрэты
Апавяшчае ў гулкай цішыні.
I покуль ён угордай адзіноце
Раскідвае сярэбраны гарох,
Заснуць не можа сумная Аўдоцця
I курыць аж да раніцы Цімох.


* * *
Свеча горела на столе,

Свеча горела...

Барыс Пастэрнак
На ўсёй зямлі спыніўся час.
I ў гэтым часе
Ты засталася ля пляча,
Ты засталася.
I месяц
Стомленым ваўком
Схаваўся нанач.
Шумела Нарач за акном,
Шумела Нарач.
Каб зоркі бліскалі ў акне,
Мы не хацелі.
Трымцелі цені на сцяне,
Трымцелі цені.
Нам сну не даў вясновы час —
Вясёлы скнара.
I вечнасць цэлую для нас
Шумела Нарач...


* * *
Я сябе старым не адчуваю,
Хоць прайшлі юначыя гады.
Прылятаюць з маладога маю
Салаўі ў асеннія сады.
Разарву тугую павуцінку
I, цяпло даверыўшы плашчу,
З-пад крыса азяблую дзяўчынку
Я ў халодны свет не адпушчу.
Цепліцца яшчэ вясна былая —
Тонкая і кволая свяча.
Хай яна спакойна дагарае
Ля майго пахілага пляча.
Ну а што на скронях стыне іней —
Гэта хітры восеньскі падман.
Проста пазаблытваўся ў чупрыне
Дым кастроў і ранішні туман.


* * *
Помніш,
Ты даверыла
Мне ключы,
Адчыніла дзверы
Уначы,
Не дала і трохі
Ачуняць,
Бо цябе палохала
Цішыня,
Што шапоча голлем
Ля акна,
Ходзіць завуголлем
Да відна?
Дыктавала правілы
Ты сама.
I мяне адправіла.
А — дарма.
Ад варот не вернуты,
Я замоўк.
Зачыніла дзверы ты
На замок.
I заснула ў радасці
I ані
Не баішся
Ранішняй
Цішыні.
* * *
Не трашчы так настырна, сарока,
Побач з даўнім, былым, дарагім,
Тут каханне прайшло недалёка.
Не са мною прайшло, а з другім.
Я і сёння іх постаці бачу —
Хто іх ведае:
Дзве ці адна.
Я і сёння не веру ва ўдачу,
Хоць чакаю яе да відна.
А яны насцярожаным крокам
Прамільгнуць міма нас па начы.
Памаўчы побач з імі, сарока.
Памаўчы, як і я.
Памаўчы.
* * *
У засяроджанай цішы
Неспадзявана
Сярод ночы
Скацілася з тваё'й душы
Сляза адчайнасці жаночай.
Паплач, любімая, паплач.
Хай роспачы тваёй паможа
Сваёю музыкай скрыпач,
Што за сцяной не спіць.
О Божа!..
Хай буду ведаць толькі я,
Як плакалі ў дрымоце зыбкай
Душа самотная твая
І растрывожаная скрыпка...
* * *
Мае аднагодкі-сяброўкі.
Мой першы наіўны спалох.
Ускінуты здзіўлена броўкі.
На вуснах — рамонкаў пылок.
Дзяўчаткі майго юнацтва,
Зялёнай, бяссонай пары...
Змаглі вы такімі ж застацца.
А я —
Беззваротна стары.
З касынкай
Ці ў модным берэце
Вы зноў прыбягаеце ў сне...
Я ўсіх вас прашу:
Не старэйце
I не праганяйце мяне.
Як майская песня да птушак,
Я з выраю часу
Гатоў
Вярнуцца да вашых вяснушак,
Да сцежак дзіцячых гадоў.
Я помню
I воблакі тыя,
I здані ўначы ля куп'я...
Якія вы ўсе маладыя,
Адзін толькі ведаю я...
* * *
З усмешкай сумнай
Па вясне
Праводжу позіркам дзяўчатак,
Што,
Як касуль пудлівых статак,
Бягуць імкліва паўз мяне.
Майму пахіламу плячу
Плячо дзяўчына не падставіць.
Я страціў даўнія падставы
Аклікнуць тых,
Каго хачу.
Цяпер я,
Нібы папскі нунцый
Ці нават сам суровы Бог,
Адно, што маю, —
Азірнуцца
I ціха адысціся ўбок.
Ну што —
Дажыўся, галубок?..
* * *
Адвярніся хаця б на хвілінку адну —
I сум з вачэй маіх пацячэ.
I я патану,
Патану.
Патану
У ямачцы на тваёй шчацэ.
Твой смех на мяне абрынуў вясну,
Нібы крыгалом на бурлівай рацэ, —
I я навек патану,
Патану
У ямачцы на тваёй шчацэ.
Яшчэ не разбуджаную струну
У сэрцы тваім закрануць я хацеў...
Ды што тут хітрыць?
Я даўно патануў
У ямачцы на тваёй шчацэ.
* * *
Ты выйшла да мяне.
Той ноччу зорнай
Я верыў:
Шчасце нас не праміне
I ласка будзе доўгай, непаўторнай...
Ты ж думала зусім не пра мяне.
Ты цалавала вуснамі сухімі,
Няўцямна паўтарала,
Як у сне,
Каля майго пляча
Чужое імя.
Адкуль было ўсё гэта ведаць мне?
Са мной дзяліла ты адчай і стому,
Са мной хавала смутак у віне.
А паклялася ў вернасці другому...
Чаму так доўга ты маніла мне?
I вось астаўся я,
Табой пракляты,
Адзін з халодным ценем на сцяне.
I я ва ўсім,
Па-твойму,
Вінаваты?
I гэта —
Праўда,
Слушная ўпаўне.
* * *
Дзе лагчына,
Дзе ляшчына,
За пагоркамі
Ты нуду маю лячыла
Прыгаворкамі:
"За пясчаным касагорам,
Дзе крутыя берагі,
Давай, мілы, пагаворым
Мы з табою на мігі.
Я сама табе пазычу
Маладых вясновых чар.
Я сама цябе паклічу
У ядлоўцавы гушчар.
Пад сасною залачонай
Скіну страху паранджу,
Да сябе касою чорнай
Назаўсёды прывяжу.
Звонкім сокатам сарочым
Смех твой хітры заглушу.
Не скалечу,
Не сурочу,
Не ўкраду
Тваю душу.
Спакушальніца былая,
Да ласункаў прывучу,
Як лясунка,
Залюляю,
Зашапчу,
Заказычу.
Хай прарвецца праз ігліцу
Мліва нуднага дажджу.
Будзеш ты ка мне прасіцца,
Ну а я дык пагляджу..."
... I твайго вядзьмарства сіла
Сапраўды мяне тады
Палячыла,
Прыручыла,
Прысушыла
Назаўжды.
* * *
Усім
Перад апошнім паваротам
Закрэсліць мудрасць
Крыўды і ныццё:
Ніхто з людзей не будзе бессмяротны,
Ніколі не памрэ
Само жыццё.
Затопчуцца сцяжынкі і разоры.
Вясёлая чаромха адцвіце.
Ды застануцца
Сосны і азёры
I валуны на зубравай вярсце.
I пракрычу табе ажно з-пад сонца я
Ці прашапчу аднойчы з-пад зямлі:
— Не сумнявайся,
Што жыццё —
Бясконцае.
Я рад,
Што мы ў ім разам пабылі.
* * *
Хоць не закончаны раман,
Ды мне фінал вядомы, —
Што без цябе
Мяне няма
Ні ў прымаках,
Ні дома.
Ці ў свеце лета,
Ці зіма,
Ці маразы,
Ці спёка, —
А без цябе
Мяне няма
Ні блізка,
Ні далёка.
Ты добра ведаеш сама,
Хоць і не кажаш гэта:
I без мяне
Цябе няма...
Такі вось паварот сюжэта.
* * *
Я думаў:
Без кахання пражыву.
Я верыў:
Без цябе не засумую.
Пайду да рэчкі,
Лягу на траву,
Знайду дарогу да нябёс прамую.
Жыць буду сярод кветак і стракоз
У сінім свеце,
Чыстым і прывольным.
I шчасце мне падорыць мудры лёс.
I буду я расхрыстаным і вольным...
Я быў саманадзейны і сляпы,
Падсміхваўся над чарамі тваімі.
А мне
I тэлеграфныя слупы
Гудуць тваім,
Праклятым мною.
Імем.
Твой погляд запаўняе сіняву,
Твой голас напаўняе наваколле...
Не, без кахання я не пражыву.
Не пражыву я без цябе ніколі...


Оглавление

  • Генадзь Бураўкін ПАМІЖ ЗОРКАЙ І СВЕЧКАЙ
  • МАЯ АСЕННЯЯ ПАРА
  • ДУША БАЛІЦЬ...
  • ПАКЛАДЗІ МНЕ ДАЛОНЬ НА ЧАЛО