Бiльярд а палове дзесятай [Генрых Бёль] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

набажэнства, а стары Фэмель, шэфаў бацька, якi ёй падабаўся, шапнуў ёй на вуха: "Мы, Фэмелi, ведаем, што такое смерць, мы, дарагое дзiцятка, з ёй запанiбрата".

Фэмель нiколi не казаў нiчога супраць яе i iшоў насустрач ва ўсiм, пра што б яна ў яго нi прасiла; таму з цягам часу ёй станавiлася ўсё цяжэй прасiць у яго якiх-небудзь iльготаў; ён паступова скарочваў яе працоўны дзень: першы год яна працавала яшчэ з васьмi да шаснаццацi, але ўжо два гады прайшло з тае пары, як яе чыннасцi былi арганiзаваныя так рацыянальна, што яна добра паспявала зрабiць усё з васьмi да трынаццацi, i ў яе было яшчэ досыць часу на тое, каб панудзьгаваць i аддаваць цэлыя паўгадзiны на чыстку масянжовай шыльдачкi. На ёй немагчыма было ўжо згледзець нiводнай, нават самай маленькай плямкi!…Уздыхнуўшы, яна закруцiла корак на бутэлечцы, акуратна згарнула анучку; па-ранейшаму грукаталi друкарскiя машыны, бязлiтасна друкуючы на белай паперы дакументацыю; па-ранейшаму цякла на асфальт кроў з дзiка. Практыканты, грузавiкi, манашкi, вулiчны рух.

Чырвоная картка ляжала на пiсьмовым стале: яго бездакорны чарцёжны шрыфт: "Болей нiкому". Нумар тэлефона, якi яна ў гадзiны нуды, саромеючыся свае дапытлiвасцi, пасля напружаных пошукаў здолела высветлiць: гатэль "Прынц Генрых". Назва гэтая яшчэ больш распальвала яе цiкаўнасць: што ён рабiў кожнае ранiцы памiж паловай на дзесятую i адзiнаццаццю ў гатэлi "Прынц Генрых"? Халодны голас у трубцы: "Няведама што…" Цi ён напраўду гэтым разам не дадаў свайго "калi ласка"? Toе парушэнне прынятага стылю абнадзейвала яе, рабiлася нейкай уцехай у працы, якую б таксама добра мог выконваць i аўтамат.

Лiсты паводле двух узораў, якiя за чатыры гады не змянiлiся анi трохi iх яна была знайшла яшчэ ў паперах сваёй папярэднiцы.

Першы ўзор — да клiентаў-заказчыкаў: "Шчыра дзякуем за выказаны нам давер. Будзем прыкладаць усе намаганнi, каб адказаць на яго своечасовым i дакладным выкананнем Вашага даручэння. З глыбокай павагай…" Другi ўзор, паводле якога яна павiнна была пiсаць лiсты, дасылаючы клiентам гатовыя статычныя разлiкi: "Гэтым дасылаем Вам неабходную дакументацыю да будоўлi X. Ганарар у суме Y просiм пералiчыць на наш рахунак у банку. З глыбокай павагай…" Зразумела, яна павiнна была падстаўляць замест X: "дом для выдаўца на ўскраiне лесу", "дом для настаўнiка на беразе ракi", "чыгуначны вiядук над Голлебэнштрасэ". Замест Y яна ўпiсвала суму ганарара, якую яна сама вылiчвала з дапамогай простага ключа.

Апроч гэтага, была яшчэ перапiска з трыма Фэмелевымi супрацоўнiкамi: Кандэрсам, Шрытам i Гохбрэтам. Яна была абавязана надсылаць iм даручэннi па чарзе, у парадку iх паступлення. Як сказаў Фэмель, "гэтак справядлiвасць будзе дзейнiчаць аўтаматычна, i лёс можа заўсёды быць на баку кожнага". Калi прыходзiла гатовая дакументацыя, яе трэба было перасылаць на праверку Шрыту, Гохбрэтавы — Кандэрсу, Шрытавы — Гохбрэту. Да абавязкаў належала таксама весцi картатэку, запiсваць у кнiгу рахункi, рабiць фотакопii рысункаў i фотакопii кожнага праекта ў прыватны архiў Фэмеля, памерам з двайную паштоўку. Найбольш працы было, аднак, з наклейваннем марак на канверты: раз за разам яна праводзiла адваротным бокам зялёнага, чырвонага, блакiтнага «хойса» па вiльготнай губцы, старанна наклейвала марку на правым верхнiм рагу жоўтага канверта; трохi ўразнастайвала яе працу тое, што сярод марак раз-пораз траплялiся карычневыя, фiялетавыя або жоўтыя «хойсы».

Фэмель узяў сабе за прынцып не заставацца ў бюро штодня даўжэй, як на адну гадзiну; ён ставiў свой подпiс пад шматлiкiмi "з глыбокай павагай…", пад ганарарнымi рахункамi. Калi ў бюро паступала даручэнняў больш, чым ён мог апрацаваць за адну гадзiну, Фэмель iх не прымаў. На гэты выпадак у бюро мелiся адбiтыя на гектографе карткi з тэкстам: "У сувязi з перагружанасцю мы, на жаль, вымушаны адмовiцца ад Вашага шаноўнага даручэння. Подпiс Ф.".

Нiводнага разу, седзячы насупраць яго ўранку, ад паловы дзевятай да паловы дзесятай, яна не бачыла, каб ён займаўся чым-небудзь iншым, спраўляў звычайныя чалавечыя патрэбы: еў або пiў; у яго нiколi не было нават катару; чырванеючы, яна думала пра больш iнтымныя рэчы. Toе, што ён курыў, не магло ўсяго гэтага кампенсаваць: занадта бездакорна выглядала бялюткая цыгарэта, адно попел i недапалак на дне папяльнiчкi давалi ёй пэўную ўцеху: прынамсi, гэта былi нейкiя адкiды; яны даводзiлi, што нешта было спажыта. Paней яна працавала ў розных уплывовых шэфаў, пiсьмовыя сталы iх нагадвалi камандзiрскiя масткi, аблiччы якiх будзiлi сполах; але нават гэтыя вялiкiя людзi калi-нiкалi выпiвалi кубак гарбаты або фiлiжанку кавы цi з'ядалi якi бутэрброд; яе моцна ўражвала, калi яна бачыла, што гэткiя магутныя людзi ядуць або п'юць: на стале заставалiся хлебныя крошкi, каўбасныя шкуркi цi рэшткi тлушчу ад з'едзенай вяндлiны; гэтыя вялiкiя людзi мусiлi мыць рукi, выцягваць з кiшэняў насоўкi. Штосьцi дэмакратычна-прымiрэнчае выглядала з-пад гранiтных iлбоў тых, што камандавалi цэлымi армiямi; яны выцiралi сабе губы, што былi часткай тых аблiччаў, якiя калi-небудзь, адлiтыя ў бронзе i ўстаноўленыя на п'едэсталах,