Міфалогія і літаратура [Таццяна Шамякіна] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Жар-птушка, філасофскі камень, што шукалі алхімікі яшчэ нават у эпоху Адраджэння. У старажытнасці веды захоўвалі жрацы.

Міфалогія з’яўляецца асновай, важнейшым падмуркам культуры чалавецтва.

Звычайна думаюць, што міф — тая ж казка, карацей, вымысел, фантазія. На самай справе ўсё наадварот: міф — гэта найбольш поўнае асэнсаванне рэчаіснасці, найбольш багатая мадэль свету. Безумоўна, мы, людзі ХХІ ст., пасміхаемся з багоў антычнасці ці славянскіх. Увогуле наша цывілізацыя матэрыялістычная. Але і ў наш час ствараецца міфалогія, не менш багатая, але заснаваная на зусім іншай парадыгме — яна часта звязана з ідэалогіяй, з палітыкай. У цэлым жа для міфа характэрна:

а) сакралізацыя часу першастварэння;

б) нераздзеленасць вобраза і значэння;

в) усеагульнае адухаўленне і персаніфікацыя;

г) цесная сувязь з рытуалам;

д) цыклічная мадэль часу;

е) метафарызм;

ё) сімвалізм;

ж) сінтэтызм, дзякуючы якому з міфалогіі выйшлі: філасофія, рэлігія, мастацтва, нават навука;

з) гармонія, цэласны і ў многім эстэтычны падыход да свету.

Асноўныя аб’екты цікавасці міфалогіі — нябачны свет, цуд і смерць-уваскрэсенне. На працягу ўсёй гісторыі людзі раздзялялі свет на бачны і нябачны. У язычніцтве нябачны свет — багі, што персаніфікуюць сілы прыроды, духі локусаў (пэўнай прасторы); у хрысціянстве — Бог, анёлы, дэманы, душы жывых і памерлых; у філасофіі — свет з’яў і свет прычын, свет рэчаў і свет ідэй; у навуцы — мікравелічыні, мікробы. Ёсць рэчы і з’явы, існаванне якіх не выклікае сумнення, але іх немагчыма выразіць у тэрмінах нейкіх вымярэнняў: усе ідэі, вобразы, успаміны, снабачанні — таксама па сутнасці нябачны свет. Сапраўды, псіхіка чалавека — як бы чацвёртае вымярэнне. Думка рухаецца ў чацвёртым вымярэнні — для яе няма перашкод. Мы самі — чатырохмерныя істоты і звернуты да трохмернай прасторы толькі адным сваім бокам. Большая ж наша частка — у чацвёртым вымярэнні, але мы, на жаль, пра гэта не памятаем: жывём у чатырохмерным свеце, а ўсведамляем сябе ў трохмерным. Чацвёртае вымярэнне — унутры нас, наша свядомасць, дух.

Чалавек ніколі не мог пераканаць сябе ў ідэі смерці — залішне многае ёй супярэчыла. Вось чаму ідэяй вечнага адраджэння прасякнуты ўсе міфалагічныя сістэмы свету, шматлікія рытуалы: рэлігійныя (Раство, Вялікдзень), фальклорныя (Масленіца), а таксама мастацтва — тэатр, прыгожае пісьменства.

Міф мадэлюе новую, вышэйшую рэальнасць, як і мастацтва. А з рэлігіяй міф звязвае тое, што ён дае накірунак у жыцці, арыенціры ў Космасе. Міф застаецца міфам, пакуль у яго вераць. Як толькі вера страчана, міф ператвараецца ў мастацкі твор: эпас, казку, драму і пад. Калі ж вера, наадварот, узмацняецца і дапаўняецца вытанчанай філасофіяй, міф арганічна перарастае ў рэлігію.

Такім чынам, міфалогія — не збор казачак ды легендаў. Гэта тып мыслення, які дамінуе ў гісторыі чалавецтва.

Асноўныя крыніцы для вывучэння міфалогіі:

А) Помнікі так званай ведыйскай (ад Веды) традыцыі і індыйскія нацыянальныя літаратурныя эпасы: «Рыгведа», «Упанішады», «Махабхарата», «Рамаяна».

Б) Помнікі іранскай, зараастрыйскай традыцыі — «Авеста», «Шахнамэ» Фірдуосі.

В) Помнікі грэчаскай і рымскай міфалогіі: паэмы Гамера «Іліяда» і «Адысея», «Тэагонія» Гесіёда, «Міфалагічная бібліятэка» Апаладора, «Пра прыроду багоў» Цыцэрона, «Пра Ісіду і Асірыса» Плутарха.

Г) Пра германскую і кельцкую міфалогію захаваліся працы Тацыта, Юлія Цэзара, Годфрыда Манмуцкага, цыкл пра караля Артура ў розных расповядах, «Старэйшая Эда», «Малодшая Эда» і «Круг зямны» СнорыСтурлусона і інш.

Д) Славянскую міфалогію можна вывучаць на аснове Поўнага збору рускіх летапісаў, «Слова пра паход Ігаравы», западаных хронікаў пра германцаў і іх суседзяў, напрыклад, твораў Адама Брэменскага, Саксона Граматыка; сведчанняў арабскіх падарожнікаў (Ібн Фалдана, Аль Масудзі); працы Яна Длугоша «Гісторыя Польшчы» і больш позніх польскіх і літоўскіх гісторыкаў Я.Стрыкоўскага, Ч.Мяхоўскага; чэшскага сярэднявечнага слоўніку «Mater Verborum»; павучэнняў супраць язычніцтва і жыццяў святых; фальклорных крыніц; моўных фактаў.

Пытанні для засваення і самаправеркі:
1. У чым асноўныя асаблівасці міфалогіі як тыпу свядомасці, як «паэтычнай філасофіі»?

2. Што аб’ядноўвае міфалогію з іншымі формамі грамадскай свядомасці — навукай, рэлігіяй, мастацтвам?

3. Якія асноўныя праблемы міфалогіі і аб’екты яе цікавасці?

4. Чаму міфалогію можна лічыць філалагічнай дысцыплінай?

5. Як праяўляецца міфалагізм у літаратуры?

6. Асноўныя паняцці, неабходныя для разумення курса «Міфалогія і літаратура».

7. На аснове якіх крыніц вывучаецца міфалогія?

РАЗДЗЕЛ 1 Вытокі міфалогіі, яе раннія формы

Архаічны (даміфалагічны) светапогляд. Татэмізм

Глебай, на якой узрасла міфалогія, з’яўляюцца старажытныя вераванні людзей эпохі