Шалапут на гаспадарцы [Віктар Гардзей] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

знойдзеш?

—  Калі баба Марка ўсё не забрала на базар, то знайду.

—  Знайдзі, служка, знайдзі! — Міхаліна весела, з маху апусцілася на табурэтку і ветліва запрашае: — Ды і сам сядай са мною снедаць. Нябось, натупаўся каля печы.

— Натупаўся ці не, а снедаць не хачу! — сярдзіта азваўся Вінаградаў, нехаця лезучы ў цёмную камору.— Знайдзі тое масла ў гэным змроку!

Чаго лепшага, а сквапных людзей хапае і ў Малым Сяле, якім чыясьці камора заўсёды здаецца багацейшай за сваю. Седзячы каля шкапчыка з надта апетытным сняданкам, Міхаліна нават і не падазрае, што іменна яна стала прычынай караблекрушэння, ды сама ж яна і трапіла з разбітага карабля на баль. Не сказаць, быццам той баль, ці банкет, на ўвесь свет, але з чужога шалу[13] ў Вінаградава галава пайшла кругам. Нязваная дзікунка як прысела ля капца румянага печыва, пакаштавала бліноў і з маслам, і са смятанай, і так, сухама, дык і ўтрубіла няўзнак паўкапца смакоцця, расхвальваючы паміж справай збянтэжанага пекара. Праўда, цяжка падняўшыся з табурэткі, Міхаліна павыцягвала вялізныя чыгуны з печы, патаўкла варыва ў ражцы, замяшала і дала свінням есці. Ну, што ж, дзякуй і за гэта. Сам Вінаградаў замучыўся б, вымаючы на прыпек тыя чыгунныя катлы, аднак і цяпер у яго не хапае сілы проста азірнуцца на апусцелы, без ніякага пшанічнага паху шкапчык.

Такое бедства, зрэшты, ён павінен быў прадугледзець, таму што Малое Сяло — далёка не бязлюдны востраў. Уздыхай тут ці не ўздыхай, Вінаградаву засталося толькі засланіць бляхай гарачае зева печы, чыста падмесці падлогу ды надзейна схаваць подмазку. Не дай Бог, гэты здор у суконцы ўкрадзе неразборлівы кот Муртон, тады ад бабы Маркі будзе такога прачуханца — не схаваешся і ў каноплях. Ужо ж адзін раз дзед Сцяпан і яго спалоханы ўнук ледзь не ўкленчвалі перад разгневанай гаспадыняй і просьма прасіліся, што не бралі і не елі подмазку. Можа, толькі праз тыдзень прапажа знайшлася пад шкапчыкам, куды яе, гуляючы як з мышшу, зацягнуў паршывец кот, але пра подмазку — гэта так, да слова.

Скажыце, што Вінаградаву бракуе вопыту? Больш, чым   пра   ўсё   астатняе,   ён   паклапаціўся,   каб  дзед Сцяпан зноў не стаяў на каленях, і тады, на хаду штурхануўшы зламыснага Муртона, з лёгкай душою, яшчэ расчырванелы ад печы, выскачыў на двор. За гэты час, пакуль адважны мараход завіхаўся з чапялой і апалонікам, раніца ўзялася на поўную сілу: высахла раса на траве, прапаў туман у нізках, а ўсім жа вядома, як хутка ажывае Малое Сяло, калі над камінамі хат знікаюць белыя дымы і наўсцяж вуліцы перастаюць рыпець калодзежныя жураўлі. Пасля снедання, у каго з нішчымнай бульбай, у каго з белымі пшанічнымі блінамі, як у Міхаліны, Малое Сяло бярэцца за свае звыклыя штодзённыя клопаты і турботы: хто бяжыць у лес па грыбы і ягады, хто спяшаецца з касой на аддалены лужок, нехта выправіўся з матычкай палоць калгасныя буракі, а Вінаградаў, працягваючы гульню ў Рабінзона, вомельгам узвіўся на свой любімы вяз, адкуль лепш за ўсё і відаць, якімі клопатамі і турботамі жыве яго родная вёска.

Тут, на высачыні, канечне, не зашкодзіла б мець дзесяцікратную падзорную трубу, але ж дзе ты яе возьмеш у палескай глухамані, хаця, зрэшты, і без падзорнай трубы лёгка пазнаць, што сцежачкай, ціснучыся бліжэй да платоў, у Крыжы з процьмай брыгадзірскіх нарадаў шыбуе мнагадзетны пагарэлец Людвік. Нейкім дзівам ён усё ж прыдбаў сабе новыя кірзавыя боты, затое суконныя бухматыя брыджы зваляліся, страцілі сіні колер, а ва ўсім астатнім брыгадзір такі ж, як і быў: рыжавалосы, цыбаты ды худы, нібы смык, не кажучы ўжо, што і цікаўны ён горш за якую бабу.

—  Вінаградаў, вам так падабаецца лазіць па дрэвах, і вы, мабыць, днюеце і начуеце на гэтым ніжнім суку?

—  Дзядзька Людвік, калі я зверху любуюся ваколіцамі, вы, мусіць, знарок прабягаеце міма?

—  Якое знарок! — бянтэжыцца Людвік, запыніўшыся на момант пад кучаравым вязам.— То ж да Міхаліны бягу, можа, як удасца выгнаць на буракі? Запусціла сваю дзялку — глянуць боязна.— Брыгадзір заклапочана пачухаў патыліцу.— I што мне з Міхалінай рабіць, каб яна не цуралася калгаснай працы?

—  Вы ёй соткі разарыце, як летась разаралі Еўцы і кульгаваму Хвядосу,— сур'ёзна раіць Вінаградаў, ямчэй уладкоўваючыся на сваім ніжнім суку.— Тады гультайка наўскапыта паджгае[14] буракі палоць.

—  Скуль, Вінаградаў, у вас такія неразумныя думкі? Хіба можна чалавека без картопелькі на зіму пакінуць?

—  Але ж Еўку і Хвядоса пакінулі.

—  Думаеце, гэта я? Гэта лысы Глеб на іхнія засеўкі эмтаесаўскі трактар паслаў.

—  Дык вы і не разворвайце. Вы толькі напалохайце Міхаліну соткамі.

—  Вінаградаў, у вас жа не галава, а макітра! — радасна ўсклікнуў Людвік.— Дальбог, пайду, напалохаю Міхаліну соткамі.

—  Пабаіцца яна вас,— засумняваўся верхалаз, хмурнеючы.— Але ўсё роўна вам добра.

—  Гэта ж чаму, Вінаградаў?

—  Вам бегаць па Малым Сяле ды нарады раздаваць, а мне злазіць з вяза ды жорны круціць.

—  Неблагі,