Мэры Кэт [Мікола Лупсякоў] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

не я, — сказаў я, — гэта нехта іншы.

—  I ты яшчэ адмаўляешся? — сказала настаўніца. — Я ж бачыла. I ў цябе хапае сумлення зводзіць усё на другіх? Прасі прабачэння.

Я прамармытаў нешта.

—  Мацней гавары! — загадала настаўніца.

—  Прашу прабачэння! — уголас сказаў я. — Перасадзіце мяне на другую парту, бо тут я не магу.

—  Не, — адрэзала настаўніца. — Будзеш сядзець тут. А цяпер выйдзі з класа, пахадзі па калідоры ды як след падумай...

Мэры Кэт з палёгкаю ўздыхнула.

Рэштку ўрока я прастаяў на калідоры, абдумваючы розныя помслівыя планы. I дзіва: чым болын я думаў, тым больш падабалася мне Эма Пшанічная і... тым больш злаваўся на яе і на сябе.

II

У хаце чысціня, прыгажосць, утульнасць. Печ зранку прапалена, ад яе патыхае цеплынёй. Я сяджу за сталом. Урокі зроблены. Падручнікі, сшыткі, падрыхтаваныя да заўтрашняга дня, ляжаць у партфелі. На стале перада мною стаіць прыёмнік, можна павярнуць уключальнік і паслухаць музыку. Але я не раблю гэтага. Мне прыемна вось так сядзець і адпачываць. Пачынае вечарэць. Вецер, дождж, за вокнамі хістаецца рэдкае голле дрэў. Бульбу ў калгасе пакапалі, лён і каноплі падабралі і во-во пачнуць вазіць на завод. Цяпер у нас работы мала, толькі ля кузні людзі завіхаюцца: рыхтуюць сані, кары — узімку вазіць з лугоў сена. Маці ўвесь дзень дома. Варыць, корміць карову, свіней. Тупае то на двор, то з двара. А я сяджу, незадаволены самім сабой і ўсімі. Сумленне точыць мяне. Ну навошта я пакрыўдзіў гэтую Эму? Што яна мне дрэннага зрабіла? Добра яшчэ, што настаў-ніца не сказала дырэктару. I які сорам: прабачэння прасіў! Цяпер хоць ты ў клас не паказвайся.

Я цяжка ўздыхаю і задумваюся над сваім лёсам. Некалі даўно, калі я быў яшчэ зусім малы, я прастудзіўся і захварэў на вушы. Мяне лячылі, але з таго часу я крыху пачаў недачуваць. Каб хто ведаў, як я тады мучыўся! Увесь час баяўся: што, як зусім аглухну? Я ўнурыўся ў самога сябе, мала з кім сябраваў, а дома, падрыхтаваўшы ўрокі, прывык сядзець адзін, як цяпер. Я прывык да такой адзіноты, яна мне падабаецца. У школе спачуваюць мне. I вучні, і настаўнікі добра разумеюць, што мне цяжка. Гэта першы выпадак, калі мяне папрасілі выйсці з класа. I мне раптам стала шкада самога сябе. Я рашыў, што цяпер ужо зусім не загавару з Эмай, буду не заўважаць яе, нават ніколі не гляну на яе. Прыгожая, выпеставаная, уся як лялька, яна выклікала ў мяне толькі пачуццё непрымірымай варожасці...

Блізіўся вечар. Змрок усё больш гусцеў, а я сядзеў адзін, аддаючыся сваім невясёлым думкам. Трэба было запаліць электрычнасць, але я не кранаўся з месца. Вярнуўся з поля бацька. Пахадзіў за перагародкай, голасна сказаў маці:

— Аграном гэты новы — талковы чалавек. Зямлю ён любіць і ведае.

III

Усю восень, аж да першых маразоў, я не размаўляў з Эмай, пры сустрэчах адварочваўся, на ўроках не пазіраў на яе, а калі нашы позіркі выпадкова сустракаліся, дык я надаваў свайму твару пагардлівы выраз. Я дамогся свайго: мяне пасадзілі на другую парту. Эму, відаць, здзівіла і ўразіла мая адкрытая пагарда. Некалькі разоў, неўпрыкмет, я заўважаў на сабе яе здзіўлены позірк. Чым больш я цураўся яе, тым часцей яна пазірала ў мой бок. Затое ўсё больш і больш радаваўся, бачачы яе збянтэжанасць і разгубленасць. «Так табе і трэба!» — разважаў я.

Неяк аднойчы ў выхадны дзень я ішоў па вуліцы і на рагу нос у нос сутыкнуўся з Эмай.

—  Ой! — спалохана ўсклікнула яна.

Я моўчкі пачаў яе абыходзіць, але яна раптам схапіла мяне за руку.

—  Слухай, Антон, чаго ты мяне цураешся? Што я табе зрабіла, Пантона-Мантона-Дэмантона? Я ж не вінавата, што настаўніца заўважыла, як ты кінуў шарык. Я ж нікому нічога не сказала... Капітан зграі, дзе твае разбойнікі, што ты ходзіш заўсёды адзін?

Я абыякава паглядзеў на Эму. Але ж хіба можна было не заўважыць яе — круглатварую, прыгожую, з доўгай касою, што была перакінута наперад цераз плячо. I ўсё ж пагарда перамагла. Я адвярнуўся і амаль подбегам пашыбаваў па вуліцы. Аглянуўся, яна пакрыўджана ўсміхнулася і нейкі час стаяла на месцы, пазіраючы сабе пад ногі.

У школе ў выхадныя дні для вучняў старэйшых класаў наладжвалі вечары мастацкай самадзейнасці і танцы пад баян. На такіх вечарах звычайна бывалі дзяжурныя настаўнікі. Да танцаў я не ахвотнік. Але на гэты раз я рашыў схадзіць, паглядзець, як вучні танцуюць. Мне раптам палегчала, я павесялеў, настрой мой палепшаў.

Старанна адпрасаваў свой новы касцюм у клетку, надзеў гальштук пад белую шаўковую кашулю, наваксаваў туфлі. Прыбраўшыся, я доўга круціўся перад люстэркам. 3 непрывычкі мне было сорамна ў маім новым адзенні, тым больш што я апрануў і нядаўна купленае новае паліто. Некалькі разоў я спыняўся, наважваючыся вярнуцца дадому, але нейкая сіла цягнула да школы.

Прыйшоўшы ў школу, здаў у гардэроб сваё паліто і ціхенька пашыбаваў па калідоры. У калідоры было шмат вучняў — найбольш дзяўчынак. Дзверы ў адным класе былі расчынены, там ігралі на баяне. Я падышоў да дзвярэй і пачаў глядзець, як вучні вучацца танцаваць. I раптам убачыў Эму. Яна