Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы [Жан-Поль Сартр] (fb2) читать постранично, страница - 108


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

АА (піша). На небе...

XX (механічна прадаўжае). Так і на зямлі... (Спахопліваецца.) Чаму на небе?

АА. Дык ты ж пойдзеш на неба.

XX. Не перашкаджай. Выкраслі.

АА. Выкрасліў. Што далей?

XX. Не ведаю.

АА. Хочаш, каб я напісаў за цябе?

XX. Пішы.

АА (піша). Я заў-сё-ды ду-маю пра ця-бе і пра дзя-цей... XX. Добра.

АА. I таму хачу павесіцца.

XX. Як?

АА. Павесіцца.

XX. Гэтага не пішы.

АА. А калі гэта праўда?

XX. Я зусім не таму.

АА. Ну, добра. (Піша.) ...Вешаюся, бо зусім не думаю пра вас.

XX. Не!

АА. Што, таксама кепска?

XX. Не так. Інтэлігент, а ліста напісаць не ўмее.

АА. Ну, тады як ты сам гэта сфармулюеш?

XX. Як-небудзь так... карацей.

АА. Я вешаюся. З любоўю да вас, ваш муж і бацька. Падпішы. (Падае паперу і ручку XX. Той прабягае вачыма тэкст, пасля камечыць паперу і кідае на падлогу. Вызваляе галаву з пятлі і злазіць са стала.) Значыць, пісаць ужо не будзем? (XX павярнуўся і ідзе направа.) Ручку! (XX аддае яму ручку і кладзецца на свой ложак, справа, тварам да сцяны.) Ну, як хочаш. (Залазіць на стол і адвязвае гальштук ад лямпачкі. Кідае гальштук на правае крэсла.) Ну, і правільна, не усё яшчэ страчана. Я не кажу пра сябе, але ты... Можаш усё распачаць наноў. (Зверху чуваць бразганне дзвярыма, крокі гасцей на сходах, смех, галасы.) Убачыш, як узрадуецца жонка. А дзеці? Яны там цябе выглядаюць, чакаюць... Жонка таксама чакае цябе, сумуе... Вось гэта будзе радасць. Усе выйдуць табе насустрач, усё мястэчка. Можа, нават з аркестрам... (Апошні выбух смеху на сходах. Цішыня.) I што ты на гэта скажаш? (XX не адказвае.) А падарункі? Падумай пра падарункі. Езус, якія цудоўныя гэта будуць рэчы! Кожнаму прывязеш нейкі падарунак. Аднаму тое, другому гэта... ці я, урэшце, ведаю, што каму, ты сам лепш ведаеш, што каму купіць. Купіш усё, што табе толькі спадабаецца. Цэлыя чамаданы ўсякіх дзівосаў. I табе будуць зайздросціць, так? (XX не адказвае.) Будуць, будуць. (Ідзе направа, у глыб пакоя, дзе XX пакінуў свае манаткі, бярэ плед і ўкрывае ім XX. Пераходзіць налева і кладзецца на ложак, дагары, паклаўшы рукі за галаву.) А пасля і дом збудуеш. Прыгожы дом. Высокі, мураваны... Не якую-небудзь там хацінку. I мухі таксама будуць лётаць... (Паўза.) Дзяцей пашлеш у школу. Няхай вучацца, няхай вырастуць людзьмі. Гэта будзе добрая, сапраўдная школа, і ўсё будзе цудоўнае, сапраўднае... Праца дасць хлеб, а закон — волю, бо вольнасць будзе законам, а закон — воляй. Хіба не гэтага мы хочам, хіба не да гэтага ўсе мы імкнёмся? А калі ва ўсіх нас агульная мэта, калі ўсе мы хочам аднаго і таго ж, тады што нам перашкаджае стварыць такое добрае і разумнае грамадства. Ты вернешся і ніколі не будзеш нявольнікам. Ні ты, ні твае дзеці.


Магутны храп XX. АА адварочваецца тварам да сцяны. Праз хвіліну з храпам змешваецца іншы гук — рыданне, спярша ціхае, а пасля ўсё галаснейшае, надрыўнае.


ЗАСЛОНА

Заўвагі

1

Пераклад К. Крапівы.

(обратно)

2

Персанаж мультфільмаў У. Дыснея.

(обратно)

3

«Ціхая ноч, святая ноч» — нямецкая калядная песня.

(обратно)

4

Дэнунцыяцыя (лац.) — данос.

(обратно)

5

Пагардлівае, пра чалавека нізкарослага, несамавітага з выгляду; недакладна: смаржок.

(обратно)

6

Тут: маралізаваць, павучаць.

(обратно)