Навейшая гісторыя Беларусі [Яўген Мірановіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

кан’юнктуры.

Беларусь у складзе Расіі

У канцы XVIII стагоддзя большасць беларускай шляхты падвярглася паланізацыі. Хаця прадстаўнікі гэтай грамадскай праслойкі называлі сябе ліцьвінамі — насельнікамі Вялікага княства Літоўскага — аднак думалі палітычнымі катэгорыямі Рэчы Паспалітай, так як мазавецкая ці малапольская шляхта. Каталіцкае веравызнанне, мова, культура ўчынялі іх падобнымі да польскай эліты і заадно адрознівалі іх ад мясцовага народу. Старабеларуская літаратурная мова, на якой калісьці былі створаны статуты Вялікага княства Літоўскага, у сапраўднасці стала мовай мёртвай. Рознымі беларускімі гаворкамі карысталіся сялянства, маламестачковае насельніцтва і дробная шляхта. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння ўсіх беларускіх зямель да Расіі ў 1795 г., афіцыйна дзяржаўнай мовай стала руская, але фактычна да 1863 г. у публічным ужытку пераважала польская. Грамадскае павышэнне асоб плебейскага паходжання найчасцей рабіла іх палякамі або расіянамі.

Многае ўказвае на тое, што ў перыяд паўстання 1863 г. у колах польскіх элітаў панавала даволі распаўсюджанае перакананне, што беларусы з’яўляюцца ўскраінным (kresowym) польскім людам. Царская адміністрацыя ў сваю чаргу прыняла тэзіс, што беларусы — гэта “истинно русский народ”, і рабіла многа намаганняў, каб гэтая тэорыя стала рэчаіснасцю. Не абазначае гэта, што ў ІІ палове ХІХ ст. не існавалі паняцці “беларус”, “беларусы”, “беларуская мова”. Наадварот, гэтымі тэрмінамі ахвотна карысталіся не толькі расійская адміністрацыя, але і навука, культура і асвета. Беларускасць, аднак, выступала ў гэтым выпадку ў кантэксце акрэсленай геаграфічнакультурнай прасторы, выключна як адзін з рэгіянальных кампанентаў расійскай супольнасці.

Беларуская пісьменнасць ХІХ стагоддзя, асабліва перыяду паўстання 1863 г., стваралася галоўным чынам у асяроддзі каталіцкай шляхты, ссылалася на польскую традыцыю змагання з Расіяй, ідэалізавала каталіцызм і колішнюю Рэч Паспалітую, прапагандавала супольнасць палітычных інтарэсаў Польшчы і Беларусі ў якасці яе правінцыі. Гэтая творчасць уздзейнічала аднак выключна на каталіцкае насельніцтва, якое складала ўсяго 20 працэнтаў ад агульнай колькасці жыхароў Беларусі. Адначасна непрыхільны тон тадышняй публіцыстыкі аблягчаў расійскім уладам мабілізацыю мясцовых праваслаўных элітаў да процідзеяння гэтым тэндэнцыям.

У другой палове ХІХ ст. развіваліся дзве беларускія інтэлектуальныя плыні, якія адлюстроўвалі тадышнія рэлігійныя падзелы. Паколькі католікі і праваслаўныя жылі быццам бы ва ўзаемнай духовай адасобленасці, падтрымоўванай, дарэчы, палітыкай расійскіх улад, таму нацыянальная ідэя гэтых двух канфесійных асяроддзяў развівалася рознымі шляхамі. Сярод праваслаўных вельмі папулярнай была ідэя заходнерусізму, вельмі блізкая царскай дактрыне расійскага народа, які складалі “велікарусы” (расіяне), “маларусы” (украінцы) і “заходнерусы” (беларусы). Галоўны ідэолаг гэтага руху — Міхаіл Каяловіч — патрабаваў увесці беларускую мову ў дзяржаўныя школы і ўрадавыя ўстановы ў Беларусі. Прапанаваў ён таксама правядзенне радыкальнай аграрнай рэформы, а ў яе выніку — падзел вялікай зямельнай уласнасці і перадачу зямлі сялянам. Гэты апошні пастулат Каяловіча не быў доказам яго грамадскага радыкалізму, а толькі вынікам разважанняў “заходнерусаў” вакол нацыянальных пытанняў. Зыходзілі яны з перадумовы, што вялікая зямельная ўласнасць у Беларусі знаходзіцца перш за ўсё ў руках палякаў, а тых лічылі чужаземцамі, якія непрыхільна, а нават варожа ставяцца да беларусаў. Разглядалася нават — асабліва ў час паўстання 1863 г. — магчымасць перасялення палякаў “у Польшчу”, значыць, у межы Варшаўскага герцагства. Палякамі — паводле Каяловіча — лічыліся ўсе пражываючыя ў Беларусі католікі. Не дапускаў ён магчымасці ўзнікнення нацыянальнай катэгорыі беларусаўкатолікаў. “Заходнерусы” лічылі, што беларусы, якія перайшлі на каталіцызм, самі адракліся ад сваёй нацыянальнасці і сталі палякамі.

Пасля пацыфікацыі паўстання 1863 г. “заходнерускі” рух, па прычыне свайго грамадскага радыкалізму, аказаўся не надта выгадным саюзнікам для царскіх улад і таму скора быў ён выведзены на абочыну грамадскапалітычнага жыцця. Аднак выступаў ён ад імені больш за 70 працэнтаў жыхароў Беларусі і гэты факт асноўным чынам паўплываў на працэс фарміравання беларускай нацыянальнай ідэалогіі ў канцы ХІХ ст. Заходнерусізм прадрашыў таксама аб тым, што каталіцкія эліты перасталі думаць аб Беларусі ў катэгорыях традыцыі Рэчы Паспалітай і стаў прычынай адарвання беларускай ідэі ад псіхалагічнакультурнага польскага кантэксту.

Крыніц беларускага нацыянальнага адраджэння ў каталіцкім асяроддзі трэба шукаць, так як і ў праваслаўным, у палове ХІХ ст. Найчасцей пачыналася яно з зацікаўнення сыноў апалячанай шляхты гісторыяй сваіх родаў, мясцовасці, даследаваннем культуры мясцовага насельніцтва. Паводле іх меркаванняў,