Развітанне [Барыс Мікуліч] (fb2) читать постранично, страница - 11


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ляглі сярод кветак, і над імі было неба, сіняе, у белых воблачках. Купала расказваў пра тое, якая прага ў вёсцы да беларускай кніжкі, якім поспехам карыстаецца газета. А потым Купала чытаў. Якія гэта былі вершы! Багдановіч добра разумеў, што Купала — лідэр. Творы былі кавалкамі жыцця, цяжкага, гаротнага жыцця, крыху сумныя часам, а больш з сонечнай надзеяй. Было прыемна, што Купала цэніць яго водгукі і заўвагі, верыць ягонаму шчыраму захапленню гэтымі велічна-скупымі вершамі. І тады ўпершыню — настолькі былі моцныя пачуцці, выкліканыя вершамі Купалы,— Багдановіч зразумеў, што трэба, абавязкова трэба пакінуць свой утульны пакой, застацца тут, на Беларусі, каб слухаць біццё сэрца яе...

На пляцы спыніўся рух ценяў.

Гэта спыніла стомлены поступ думак і прымусіла ўвагу зноў уключыцца ў навакольнае.

Вось што ўбачыў ён.

Перасякаючы пляц, ад сабора ішло чалавек дваццаць салдат, у накінутых шынялях, без рамянёў, няголеныя, брудныя, а вакол гэтых дваццаці ўдвая большы ішоў канвой, узброены, маўклівы, і крокі гучалі барабанным россыпам. Крыху збоку ішоў афіцэр, добра паголены, вельмі бліскучы. Стоўпіліся пешаходы, жанчыны важыліся перадаць грошы, але афіцэр далікатна прасіў не падыходзіць блізка. Ён нешта сказаў, і словы паляцелі з вуснаў у вусны, ад пешахода да пешахода, паляцелі, як вараннё, і нарэшце даляцелі да Багдановіча.

— Нямецкія шпіёны, бальшавікі.

Але ён бачыў стомленыя няголеныя твары, простыя салдацкія твары, вельмі шэрыя на яркім сонцы, такія ж, як і шынялі. Твары былі спакойныя, але ў іх паэт чытаў не абыякавасць і безнадзейнасць, што ўразілі яго тады, пры спатканні з уцекачамі, а стрыманую суровасць і ўпэўненасць. Так, з пекла ішлі гэтыя людзі, людзі з гэткім выразам на твары бачылі ўсё — і холад, і голад, і смерць, і знявагу, і абразу, яны, некранутыя, маглі прайсці праз агонь, праз ваду, паўстаць з попелу, паўстаць з магіл. «Бальшавікі!» — біліся крылы варання. «Шпіёны! Шпіёны!» — каркала вараннё. «Хрыстапрадаўцы! Здраднікі!» — зусім блізка ад Багдановіча прагаварыў чалавек у чорным кацялку, з чорнымі вусікамі і з бабачкай-бантам пад напудраным ружовым падбародкам. Бант быў чорны, а па чорнаму — чырвоныя і белыя гарошыны, вельмі модны бант.

— Вы ў гэтым упэўнены? — спытаў Багдановіч і адчуў, як агіда да гэтага пана ў кацялку робіць голас яго рэзкім і задзірыстым.— Простыя людзі — сяляне і рабочыя, салдаты... вы верыце, што яны могуць прадацца немцам?

У круглых вачах — недаўменне, спалох.

— Малады чалавек, тут не месца для такіх дэбатаў.

Вельмі было прыемна бачыць, як пульхны карак набракаў крывёю. І кінуў наўздагон пану ў чорным кацялку:

— Паклікаць гарадавога!

Арыштаваныя праходзілі паўз яго.

Багдановіч усхапіўся. Адчуў, як гайданулася пад ім зямля, нібы ад землеўздрыгу. Трэцім ад краю ішоў салдат з тварам Паўла Курнатоўскага. Няголены і схудалы, ён выглядаў зусім маладым. І быў вельмі дзіўным кантраст бледнага твару і вялікіх чорных, з гарачым бляскам вачэй. Багдановіч ірвануўся да яго. Канваіры замяшаліся, і гэтага моманту якраз хапіла для таго, каб паэт і арыштант маглі абняцца.

— За што?

— За праўду.

І перад вачыма вокамгненна паўсталі хатка на беразе ракі, ноч, дробны дождж і вецер. І не было залітага сонцам пляца, а толькі — гарачы бляск вялікіх, усё ўвабраўшых у сябе вачэй. Змрок над Волгай, над зямлёй, імянуемай Расійскай імперыяй.

— Спыніць! — крыкнуў афіцэр.

Яго груба адарвалі ад таварыша, строй самкнуўся, шэрыя шынялі праплылі перад ім.

— Бывай, Павел!

— Бывай, Максім. Не думаў, што будзе такое развітанне!

І зноў на пляцы засоваліся цені, зноў грукат вялікага

горада напоўніў слых. Быццам нічога не было — ні канвою з вінтоўкамі, ні бліскучага афіцэра, ні шэрых твараў, ні шэрых шынялёў, ні гарачых праўдзівых вачэй...

І не было сіл, зусім не было сіл...


VІІ

Клопатамі сяброў удалося сабраць патрэбную суму грошай, каб адправіць хворага паэта на поўдзень. На Плаўніка ўсклалі цяжкі абавязак угаварыць паэта ехаць лячыцца, пераканаць яго ў тым, што грошы на дарогу — гэта аванс пад будучую кнігу, над якой ён будзе працаваць у Ялце, не спяшаючыся, як стане лягчэй са здароўем.

А са здароўем было дужа дрэнна.

Наступіў момант, калі Багдановіч цэлымі днямі не паднімаўся з пасцелі, адмаўляўся ад ежы, скрозь усю ноч цяжка кашляў, задыхаўся, харкаў крывёю. У рэдкія хвіліны зацішша ён любіў гаварыць аб будучым, аб тым, як беларуская культура зойме пачэснае месца сярод славянскіх культур, аб тым, як надыдзе такі час, калі ўсе культуры злучацца ў адну, агульначалавечую. А часамі раптам яго апаноўвалі цяжкія думкі, і тады ён гаварыў аб пагібелі цывілізацыі, аб тым, што тэхніка, развіваючыся, паглыне і мастацтва і самую сябе. У «Беларускай хатцы» наладзілі вечар і