Лялька [Баляслаў Прус] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

лоевых свечак, якімі ўжо ніхто не карыстаўся, і сталёвыя шчыпцы, якімі ўжо ніхто не абцінаў кнаты. Жалезны ложак з пляскатым матрацам, над ім – ніколі не ўжываная дубальтоўка, пад ім – футарал з гітараю, які нагадваў дзіцячую труну; абабітая скураю вузкая канапка, два крэслы, таксама абабітыя скураю, вялікі бляшаны таз і малая шафка цёмна-вішнёвага колеру – гэткая была мэбліроўка пакою, які з-за свае даўжыні і вечнага змроку здаваўся больш падобным да магілы, чым да жытла.

Гэтак жа, як і пакой, не змяніліся за чвэрць стагоддзя і звычкі пана Ігнацы.

Ранкам прачынаўся ён заўсёды а шостай; хвіліну прыслухоўваўся, ці ходзіць гадзіннік, які ляжаў побач на крэсле, і глядзеў на стрэлкі, якія стваралі простую лінію. Яму хацелася ўстаць паволі, без рэзкіх рухаў, але адубелыя ногі і закарчанелыя рукі не надта яго слухаліся, дык ён зрываўся з ложка і ўжо з сярэдзіны пакоя шпурляў на яго свой начны каўпак, а сам бег да печы, дзе стаяў вялікі таз, у якім ён мыўся з галавы да ног, і пры гэтым іржаў ды пырхаў, як чыстакроўны стары конь, якому прымроіліся скачкі.

Падчас рытуалу расцірання калматымі ручнікамі ён задаволена аглядаў свае худыя лыткі ды зарослыя грудзі і мармытаў: “Ну, але я раздабрэў”.

У гэты час звычайна саскокваў з канапкі стары пудзель Ір з выбітым вокам і, моцна атросшыся, пэўна, з рэшты сну, скробся ў дзверы, за якімі чуваць было стараннае раздзьмухванне самавару. Пан Жэцкі, працягваючы спехам апранацца, выпускаў сабаку, вітаўся са слугою, даставаў з шафы імбрычак, блытаўся ў петлях, зашпільваючы манжэты, выбягаў на падворак, каб зірнуць, якое надвор’е, апарваўся гарачаю гарбатаю, расчэсваўся, не гледзячы ў люстэрка, і а палове на сёмую быў гатовы.

Абмацаўшыся, ці ёсць у яго на шыі гальштук, а ў кішэні гадзіннік і партманетка, пан Ігнацы даставаў з шуфлядкі вялікі ключ і, крыху прыгорблены, урачыста адчыняў тыльныя дзверы крамы, абабітыя жалезнаю бляхаю. Разам са слугою яны ўваходзілі, запальвалі некалькі газовак і, пакуль слуга падмятаў падлогу, пан Ігнацы, начапіўшы на нос пенснэ, праглядаў у нататніку спіс спраў на сённяшні дзень.

“Аддаць у банк восемсот рублёў, ага… Выслаць у Люблін тры альбомы, тузін партманетаў… Так!.. Перавод у Вену на тысячу дзвесце гульдэнаў… Забраць груз з чыгункі… Спагнанне рымару, што не даслаў валізы… Драбяза!.. Напісаць Стасю ліст… Драбяза…”

Скончыўшы чытаць, ён запальваў яшчэ некалькі газовак і ў гэтым асвятленні аглядаў тавары ў вітрынах і шафах.

“Запінкі, шпількі, партманеты… добра… Пальчаткі, вееры, гальштукі… на месцы… Кійкі, парасоны, сакваяжы… Тут альбомы, нэсэсэры… Сапфіравага колеру ўчора прадалі, а як жа!.. Падсвечнікі, чарніліцы, прэс-пап’е… Парцаляна… Цікава, навошта павярнулі гэты вазон?.. Пэўна… Не, не пабіты… Лялькі з валасамі, тэатр, карусель… Трэба заўтра паставіць у акне карусель, бо фантан ужо надакучыў. Драбяза!.. Амаль восьмая… Гатовы паспрачацца: Клейн прыйдзе першы, а Мрачэўскі – апошні. Чаго тут дзівіцца? Спазнаўся з нейкаю гувернанткаю і ўжо ўзяў ёй нэсэсэр у крэдыт ды па зніжаным кошце… Вядома… Абы не пачаў купляць без зніжак і без рахункаў…”

Гэтак ён бубніў сабе пад нос і крыху прыгорблены, з рукамі, закладзенымі ў кішэні, хадзіў па краме, а следам за ім – ягоны пудзель. Гаспадар сям-там затрымліваўся і разглядаў нешта з рэчаў, сабака тады садзіўся на падлогу і чухаўся задняй лапай у густых кудлах, а шэрагамі выстаўленыя ў шафе лялькі – малыя, сярэднія і вялікія, чарнявыя і бялявыя – пазіралі на іх мёртвымі вачыма.

Рыпнулі дзверы ў сенцах, і з’явіўся пан Клейн, кволы крамнік з маркотнаю ўсмешкаю на пасінелых вуснах.

– А што! Я ж ведаў, што прыйдзеш, пан, першы. Добры дзень, – сказаў пан Ігнацы. – Тушы святло, Павел, і адчыняй краму.

Слуга выбег цяжкаю рыссю і закруціў газ. Праз хвіліну заскрыгаталі завалы, застукалі засаўкі і ў краму ўвайшоў дзень, адзіны госць, які ніколі не падводзіць купца. Жэцкі сеў пры канторцы пад акном. Клейн стаў на сваё звычайнае месца ля парцаляны.

– Гаспадар яшчэ не вяртаецца, не было пану ліста? – запытаўся Клейн.

– Чакаю яго ў сярэдзіне сакавіка, самае позняе – праз месяц.

– Калі яго не затрымае новая вайна.

– Стась… пан Вакульскі, – паправіўся Жэцкі, – напісаў мне, што вайны не будзе.

– Курс, аднак, падае, а сёння я чытаў, што англійскі флот увайшоў у Дарданелы.

– Нічога. Вайны не будзе. Зрэшты, – уздыхнуў пан Ігнацы, – што нам тая вайна, у якой не бярэ ўдзел Банапарт.

– Кар’ера Банапартаў ужо скончылася.

– Праўда?.. – іранічна ўсміхнуўся пан Ігнацы. – А дзеля каго Мак-Магон з Дзюкро рыхтавалі ў студзені дзяржаўны пераварот?.. Вер мне, пане Клейн, банапартызм – гэта сіла!..

– Ёсць мацнейшая за яе.

– Якая? – абурыўся пан Ігнацы. – Можа, рэспубліка Гамбэты[14]?.. Можа, Бісмарк?..

– Сацыялізм… – шапнуў кволы крамнік, хаваючыся за парцаляну.

Пан Ігнацы паправіў, каб лепш трымалася, пенснэ і прыўзняўся ў сваім фатэлі, нібы жадаючы адным махам разбурыць