Гронкi гневу [Джон Эрнст Стейнбек] (fb2) читать постранично, страница - 188


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

падлогi, i толькi тады яе воды пералiлiся цераз дарожны насып i залiлi бавоўнiшча па другi бок шашы. Астатак дня i ўсю ноч мужчыны спалi, прамоклыя, бок у бок адзiн з адным на знятых з пазоў дзвярах. Мацi ляжала разам з Ружай Сарона. Яна то перашэптвалася з дачкой, то цiха сядзела на матрацы ў глыбокiм роздуме. Рэшткi куплёнага хлеба яна хавала пад коўдрай.

Дождж цяпер iшоў перагонамi - кароткiя шквалы змянялiся зацiшшам. Ранiцай бацька пайшоў, плюхаючы па вадзе, па лагеры i вярнуўся з дзесяткам бульбiн у кiшэнях. Мацi хмура пазiрала, як ён выламаў некалькi дошак з унутранай абшыўкi вагона, распалiў печку i зачарпнуў вады ў кацялок. Потым усе елi рукамi гарачую бульбу, ад якой iшла пара. I калi гэтая апошняя iх ежа была з'едзена, усе моўчкi ўтаропiлiся на шэрую ваду пад iмi, а ноччу доўга не клалiся спаць.

Наступнай ранiцай яны прачнулiся змрочныя. Ружа Сарона нешта шапнула мацi на вуха, i тая пакiвала галавой i сказала:

- Ага. Самая пара. - I павярнулася да мужчын, якiя ляжалi на знятых вагонных дзвярах. - Мы iдзём адсюль, - з суровай рашучасцю абвясцiла яна. Пашукаем дзе вышэйшага месца. Вы як хочаце - заставайцеся тут цi не, а я забяру з сабой Разашарну i малых.

- Нельга нам iсцi, - слаба запратэставаў бацька.

- Дык не iдзiце. Данясiце толькi Разашарну да шашы i вяртайцеся. Дажджу ўжо няма, мы пойдзем.

- Добра. Мы таксама iдзём.

Эл сказаў:

- Я, ма, не пайду.

- Чаму гэта?

- Дык жа ж... Эгi... ну, мы з ёю...

Мацi ўсмiхнулася:

- Ну, канешне, канешне. Ты заставайся, Эл. Панаглядаеш тут за нашымi пажыткамi. Як спадзе вада, мы... вернемся. Давайце ж хутчэй, пакуль дажджу няма, - сказала яна бацьку. - Падымайся, Разашарна. Знойдзем сухое месца.

- Толькi я сама.

- Потым пройдзеш крыху там, на шашы. Ну, падстаўляй спiну, бацька.

Бацька саслiзнуў па сходках у ваду i стаў чакаць каля вагона. Мацi памагла Ружы Сарона злезцi з памоста i падвяла яе да дзвярэй. Бацька ўзяў яе на рукi, падняў як мага вышэй i, асцярожна ступаючы ў глыбокай вадзе, абагнуў вагон i пайшоў да шашы. Там ён апусцiў дачку на бетон, моцна трымаючы яе. Дзядзька Джон iшоў за iм следам з Руцi на руках. Мацi таксама саслiзнула ў ваду, i спаднiца на ёй узнялася пузыром.

- Ну, Уiнфiлд, садзiся мне на плечы. Эл... як вада спадзе, мы вернемся. Эл... - Мацi памаўчала. - Калi... калi, можа, прыйдзе Том... скажы яму, што мы вернемся. Скажы, каб ён быў асцярожны. Уiнфiлд, садзiся на плечы... ага, вось так. Не матляй нагамi. - Пахiстваючыся, яна пайшла па вадзе, якая даставала ёй да грудзей. Мужчыны памаглi ёй узабрацца на дарожны насып i знялi з яе плячэй Уiнфiлда.

Стоячы на шашы, яны паглядзелi на лагер - цёмна-чырвоныя прамавугольнiкi таварных вагонаў, грузавiкi i легкавыя машыны глыбока сядзелi ў вадзе, якая паволi калыхалася. Пакуль яны стаялi, замжэў дробны дожджык.

- Трэба iсцi, - сказала мацi. - Ты зможаш iсцi сама, Разашарна?

- Галава крыху кружыцца. I ўсё цела балiць, як пабiтае.

Бацька незадаволена буркнуў:

- Iсцi... А куды iсцi?

- Не ведаю. Ну, пайшлi, вазьмi Разашарну пад руку. - Мацi ўзяла дачку пад правую руку, бацька пад левую. - Пашукаем сухога месца. А што рабiць? Вы ўжо другi дзень ходзiце ў мокрым.

Яны паволi пайшлi па шашы. Iм чуваць было, як недалёка ад насыпу шумiць iмклiвая рэчка. Руцi i Ўiнфiлд iшлi разам крыху наперадзе, плюхаючы чаравiкамi па мокрым бетоне. Джоўды доўга iшлi, не паскараючы кроку. Неба пацямнела, дождж памацнеў. Па шашы не праехала нiводнай машыны.

- Трэба спяшацца, - сказала мацi. - Калi Разашарна моцна прамокне, проста не ведаю, што з ёю будзе.

- А куды нам спяшацца, ты не сказала, - з'едлiва прамовiў бацька.

Дарога павярнула ўбок разам з лукавiнай рэчкi. Мацi акiнула позiркам затопленыя палi. Далёка наперадзе, злева ад дарогi, на пакатым грудку стаяла пачарнелая ад дажджу адрына.

- Гляньце! - зарадавалася мацi. - Вунь, вунь! Ручаюся, там суха. Пойдзем туды, перачакаем дождж.

Бацька ўздыхнуў:

- Каб гаспадар нас не прагнаў.

Наперадзе, на абочыне, Руцi заўважыла чырвоную плямку. Яна кiнулася туды. Кволая сцяблiнка дзiкай геранi з адной толькi кветкай, пабiтай дажджом. Руцi сарвала яе. Яна асцярожна адшчыкнула адзiн пялёстак i прыляпiла яго сабе на нос. Да яе падбег Уiнфiлд.

- Дасi мне адзiн? - патрабавальна запытаўся ён.

- Не, сэр! Усё маё. Я сама знайшла, - адказала Руцi i наляпiла сабе на лоб другi пялёстак, падобны на пунсовае сэрца.

- Дай мне, Руцi, адзiн, ну дай! - Уiнфiлд працягнуў руку, каб вырваць у яе кветку, але прамахнуўся, i Руцi заляпiла яму аплявуху. Ён застыў на месцы, потым губы ў яго задрыжалi i да вачэй падступiлi слёзы.

У гэты момант падышлi астатнiя.

- Ну, што такое? - захвалявалася мацi. - Што тут у вас?

- Ён хацеў забраць у мяне кветку.

Скрозь слёзы Ўiнфiлд сказаў:

- Мне толькi адзiн пялёстак... Я таксама хачу на нос.

- Дай яму, Руцi.

- Няхай сам знойдзе. Гэта маё.

- Руцi! Дай яму адзiн пялёстак.

У матчыным тоне дзяўчынка пачула пагрозу i перамянiла тактыку.

- На, калi ласка, - сказала яна, прытварыўшыся добранькай. - Толькi я сама табе прыляплю. - Дарослыя пайшлi далей. Уiнфiлд падставiў ёй твар, Руцi наслiнiла языком пялёстак i балюча прыпляснула яго да носа