Лісты [Мікалай Улашчык] (fb2) читать постранично, страница - 81

- Лісты 692 Кб, 213с. скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Мікалай Улашчык

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

стаў мацнейшы, можа на пару тыдняў і паеду. Вольнага часу ў мяне зараз даволі, бо цалкам зволіўся з Інстытуту.

Я ў свой час наказаў сыну, што Вы будзеце, і каб ён змясціў Вас у маім пакоі. Выйшла, аднак, так, што Вы не дазваніліся, і начавалі ў Аляксеева. Жонка яго сказала, што даклад Ваш прайшоў вельмі добра, з чым і вітаю. Аляксееў казаў, нібы бараніць Вам можна ў іх інстытуце. Можа, праўда, калі ёсць дамоўленасць у Мінску, то ня трэба ўжо блытаць. Мне пісалі, што Петрыкава сапхнулі і прызначылі Марцалева, але тут быў Побаль, званіў мне і сказаў, што такога ўсе чакаюць, але покуль Петрыкаў у інстытуце. Марашу напісаў яшчэ з бальніцы, што яго ўчынак подлы, і што на гэтым нашае знаёмства скончылася. Некалі для гэтай паскуды тут бегаў, званіў, намагаючыся праўды.


ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ

7 ліпеня 1986 г.

Дарагі Вячаслаў Антонавіч.

Са спазненнем вітаю Вас з юбілеем. Тое, што Вы рабілі ў Ленінградзе, вельмі патрэбна. Калісь паднімаў пытанне аб неабходнасці складання картатэкі хаця б надрукаваных дакументаў, але нашыя дзеячы ў той час не дараслі да такога разумення.

Я, пэўна, у Мінск больш ніколі не даеду. Бывае лепш, бывае горш, але трэба сядзець дома.

Сёння паслалі яшчэ ў адзін інстытут, хвароба вельмі запушчана. Нашыя дактары ведаюць аб хваробах мала больш, чым мы самі.

Улашчык.


ВАЛЯНЦІНУ ГРЫЦКЕВІЧУ

7 жніўня 1986г.

Дарагі Валянцін Пятровіч.

Вельмі і вельмі вітаю Вас з кнігай! Колькі яна, бедная, напакутавалася. Колькі часу нас муштравалі, што нас наогул няма і ніколі не было. Што мы свету не далі нікога. Руская мастацкая літаратура цалкам нас абышла, хіба калісь "Пан Падстоліч" спрабаваў нешта сказаць, але сказаў так, што яго ніхто не пачуў. Міцкевіч нават і ў наш час для большасці — нейкі замежны аўтар, можа, троха больш вядомы стаў Чэчат (здаўна яго завуць Чачот, але і зараз на Наваградчыне колькі хочаш Чэчатаў). Мне здаецца, у Вашай кнізе самае важнае ці важкае адносіцца да Зана. Пра яго ў нас наогул не ведаюць.

Троха пра сябе. Сёння быў у другога спецыяліста — у Гастраінстытуце. Двое, парадзіўшыся, паслалі мяне (гэта яшчэ будзе афармляцца) у Анкалагічны інстытут, бо толькі там ёсць камп’ютар, якім мяне павінны паглядзець. Часам мне бы­вае лепш, часам горш, але трэба разумець, што да канца неда­лёка. У сэнсе матэрыяльным у мяне ўсё гатова, ды яно і проста, бо ўсё адыходзіць сыну, а бібліятэка і архіў ідзе Збралевіч. Toe, што Акадэмія адносіцца да мяне больш чым па-хамску, змены не робіць — не для начальства ж я аддаю.

Але застаюцца рукапісы. Ну, "Віцкаўшчына" цалкам гатовая, ляжыць у стале. Падаў заяву ў дырэкцыю, што адпрацаваў 40 гадоў, зважаючы на што, інстытут павінен кнігу выдаць. Не надта спадзяюся, але трэба паспрабаваць усё. Артыкул пра мемуары Вайніловіча "Нёман", пратрымаўшы год, вярнуў на­зад. Напісана палова другой часткі "Археаграфіі", але тут усё ўпіраецца ў Лапу. У Юраўскім універсітэце знайшоўся студэнт I. Лапа, якога мне прыслалі з архіва два фота, а я ніяк не магу даведацца — адкуль ён паходзіў і хто былі яго бацькі? Наогул, можа, гэта мне і непатрэбна, бо на што-небудзь я, напэўна, не варты.

Раку ў мяне няма — запэўнілі ў бальніцы. Што яшчэ трэба высветліць — не ведаю. Не трэба мяне толькі суцяшаць. Пішу гэта Вам як доктару.

Улашчык.


СЕРАФІМУ АНДРАЮКУ

26 кастрычніка 1986 г. Масква

Паважаны Серафім Антонавіч!

Хацеў бы параіцца з Вамі вось па якім пытанні. У мяне падрыхтаваны рукапіс кнігі (200 старонак машынапісу), прысвечанай мінуламу вёскі Віцкаўшчына Уздзенскага раёна. Праца зроблена ў жанры гісторыка-этнаграфічных замалёвак гаспадарчага, грамадскага, культурнага развіцця, побыту і звычаяў беларускага селяніна на прыкладзе маёй роднай вёскі. Кніга атрымала ацэнку Навуковага савета Інстытута этнаграфіі і фальклору АН СССР і рэкамендавана да друку.

Багатая гістарычная фактура прадстаўлена мною знарок не ў апавядальным стылі, таму кніга напэўна зацікавіла б не толькі спецыялістаў, але і шырокага чытача, чыё павышанае імкненне да спазнання мінулага Айчыны, каранёў і скарбаў народнага духу агульнавядома. Вось і падумалася: магчыма, выдавецтва "Мастацкая літаратура" магло б даць дарогу ў свет майму тварэнню?

Умоўная назва кнігі: "Была такая вёска... 3 мінулага Віцкаўшчыны". Рукапіс на рускай мове, але калі б паміж намі дайшло да згоды, я гатовы "абеларусіць" тэкст і прыслаць у выдавецтва.

Накіроўваю для азнаямлення частку нарыса, які ласкава спадзяюся атрымаць назад разам з Вашымі меркаваннямі.

3 найлепшымі пажаданнямі — М. Улашчык.