Дзённик: год 1997-ы [Ніл Сымонавіч Гілевіч] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

але пераважна найноўшыя, у тым ліку — злосныя, горкія, іранічныя. Было безліч запісак з залы. Позна вечарам пазваніў Коля і сказаў: “Я зноў перажыў пачуццё гонару за цябе. Толькі даў бы табе Бог здароўя!..”

5-га сакавіка. Доўгачаканы мой паэтычна-песенны вечар у музвучылішчы, арганізаваны А. А. Мурзічам, пры сардэчнай падтрымцы дырэкцыі, асабліва — завуча З. М. Такіх удалых, прыгожых, хвалюючых сустрэч, як гэта, было ў маім жыцці не так і багата. Навучэнцы пелі песні на мае вершы лепш, чым прафесіянальныя артысты. Вось з іх будуць прафесіяналы выдатныя. Якая таленавітая ідзе ў беларускую музыку моладзь і як ёй пашанцавала на выкладчыкаў! Было і маленькае застолле, дзе пераважала вясковая закуска старшыні калгаса з Гарадка А. Косарава, прысутнага таксама. Дарэчы, на вечары ў хоры выступіла ў якасці салісткі асірацелая ўнучка майго стрыечнага брата Генадзя — Насця Шаўцова.

16-га сакавіка. Радыё перадало вялікі кавалак з майго вечара ў музвучылішчы (запісала Галіна Шаблінская). Уяўляю, з якой “радасцю” начальства дало на гэту перадачу дазвол. Скора замяталіны пачнуць называць “ворагам народа”, і тады нават такія выхады ў эфір скончацца.

19-га сакавіка. Правёў сустрэчу з навучэнцамі і выкладчыкамі Алімпійскага вучылішча № 1. Прайшла не так, як восенню ў педвучылішчы, — трохі не тая публіка, але я баяўся, што будзе горш. Досыць сімпатычныя і інтэлігентныя маладыя людзі, слухалі з увагай і шчырай павагай, і нават пытанняў задалі некалькі...

21-га сакавіка. Нарэшце пабываў з “творчай справаздачай” у роднай Гайнаўскай школе.

Арганізаваў сустрэчу завуч школы У. Паплёўка, вельмі сімпатычны і перакананы беларус, бацька таго Іллі, што ў “Раніцы” надрукаваў ліст да мяне. Дзіўлюся, як дырэктар даў на гэту сустрэчу згоду. Каля 20 гадоў смеласці яму на гэта бракавала, каля 20 гадоў жылі ў Гайне, забыўшыся на земляка-паэта. Нават калі было прысвоена званне “народнага” — і не павіншавалі, і не запрасілі. Такой стала мая Лагойшчына — зямля Купалы і Бядулі, Далэнгі-Хадакоўскага і братоў Тышкевічаў... Горка, горка, горка думаць мне пра ўсё гэта. Ну, а “справаздача” прайшла паспяхова. Спачатку даў урок чытання малышні, а затым — сустрэча са старшакласнікамі, настаўнікамі і інтэлігенцыяй Гайны. Было хораша, цёпла і светла ад сардэчнасці, утульна для душы кожнага прысутнага... Доўга фатаграфаваліся на ўспамін — з кожным класам паасобна. Быў і мой аднакурснік В. Несцяровіч — каб напісаць у раёнку аб сустрэчы.

Усё выдатна, але, але!.. Я ж бы мог кожны год прыязджаць на Лагойшчыну з такімі “справаздачамі”. Камусьці было вельмі непажадана. “Не туды, не ў той бок думае наш зямляк!..”

26-га сакавіка. Было вельмі кепска Ніне, усю ноч мучылася, а раніцай выклікаў “хуткую”. Відаць, ад атручэння разгулялася печань і падстраўнікавая залоза. Дзякаваць Богу, стала лепш.

28-га сакавіка. Яшчэ адна сустрэча — з настаўнікамі і вучнямі школ Мінскага раёна. У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, пасля прагляду імі выставы “І ўсё ж такі я веру”. Госці Музея трохі спяшаліся на аўтобус і таму сустрэча прайшла ў хуткім тэмпе. Але кветак і падзяк было вельмі шмат. Зноў і зноў думаю: якія выдатныя ў нас ёсць выкладчыкі Роднага Слова і якіх слаўных патрыётаў гэтага слова яны выхоўваюць! Гледзячы на іх, верыш: будзем жыць!

8-га красавіка. Зноў “Зніч”, зноў “Любоў прасветлая”. На гэты раз — на базавай сцэне Тэатра, у касцёле Алены і Сымона, у цокалі (першы раз там быў). Слухачы — навучэнцы Педагагічнага ліцэя (педвучылішча № 2). Не ведаю, адкуль узяліся сілы, але і вершы чытаў і адказваў на пытанні — на ўздыме.

9-га красавіка. Аказваецца, у Мінску два вучылішча Алімпійскіх рэзерваў — Рэспубліканскае і Абласное. Сёння выступаў у другім, там беларускае слова вядзе завуч Ірына Іосіфаўна, відаць, вельмі добрая настаўніца, і вельмі сімпатычная беларусачка. Пасля майго выступлення дырэктар сказаў такое слова пра госця, што не дай Бог яго пачуў бы які-небудзь замяталін. А сказаў чалавек просты — і гэта асабліва радуе. Душа сказала!..

Пасля абеду глядзеў сябе самога ў перадачы пра Багдановіча — у сувязі з выхадам яго аднатомніка ў серыі “Беларускі кнігазбор”, — як аўтар прадмовы. Скарыстаў рэдкую магчымасць падаць голас з экрана, і хоць трохі сказаў пра тое, чым была для Багдановіча Беларусь.

12-га красавіка. Адбыўся V з’езд ТБМ. Вызваліўся ад пасады старшыні, паколькі “дайшоў да ручкі”. Лейцы ўзяў Бураўкін. Памажы яму, Божа! З’езд так шчыра і горача дзякаваў мне за восем гадоў працы, што чуць не выбіў слязу з вока. А ў горле дык яна была — дакладна. Усё ж такі людзі ўсё разумеюць як трэба.

18-га красавіка. Хадзіў на пасяджэнне Рады “Бацькаўшчына”, двойчы браў слова. Размова ішла пра чарговы з’езд таварыства (у ліпені). Ці з’едуцца беларусы свету на З’езд — адзін Бог ведае. Так усё перамянілася ў жыцці! Відаць, з’езд будзе вельмі сціплы. Хацелі, каб я ўдзельнічаў у