Цверазілаўка [Андрэй Федарэнка] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Начальнік!.. – разбуджаная, тоўстая баба з суседняга ложка паспрабавала ўстаць, але не ўтрымалася, упала назад. – У-у, мянцяра.. – вылаялася доўга і брудна і сціхла.

Дзяўчына ляжала скурчыўшыся, на баку, прасціны былі скручаныя ў жгут. Сашок нагнуўся над ёю. Свет для яго раптам пацямнеў і звузіўся да памераў гэтай цверазілаўкі, гэтай камеры… Дрыжачымі рукамі ён перавярнуў дзяўчыну на спіну, схіліўся яшчэ ніжэй, узіраючыся ў твар. Дзяўчына не расплюшчыла вачэй, слаба прастагнала і адвяла яго руку. На яго дыхнула звыклым пахам – як ад усіх «кліентаў»… Ён паморшчыўся. Гэта была не Марына.

Цімур стаяў у дзвярах і, пасміхаючыся, глядзеў на яго.

– Ну, што? – пацікавіўся ён, калі; Сашок выйшаў.

Сашок маўчаў.

– Не… яна, – выціснуў з сябе ён урэшце.

– Слабак ты, сяржант… Забудзь пра ўсё, што чуў, ясна?

Сашок кіўнуў. Яны стаялі адзін насупраць другога. I за гэты кароценькі міг Сашок, акрамя страху перад гэтым чалавекам, адчуў, зразумеў да неверагоднасці ясна: Цімуру хацелася, каб тут, у камеры, была Марынка. I калі б на месцы гэтай дзяўчыны – чыёйсьці сястры, аказалася Марынка – усё гэтак сама было б. Нічога б ён, Сашок, не зрабіў бы. Як той мужчына, якога ён нядаўна біў, ён стаяў зараз перад Цімурам, скурчыўшыся, чакаючы кожную хвілю ўдару.

– Дзверы не забудзь зачыніць, – сказаў Цімур. – Пайшлі.

У «прыёмнай» Сашок, ні слова не кажучы, выліў рэшткі гарэлкі сабе ў шлянку.

– Ого! – Цімур прысвіснуў, відаць, не чакаў такой смеласці.

Сашок ужо больш не мог фізічна выносіць гэтага голасу, гэтых скулаў і асабліва гэтых вузкіх вачэй. Яму раптам да свербу ў пальцах, да болю ў скронях захацелася плюхнуць са шклянкі ў гэтыя вочы – каб толькі не бачыць у іх самога сябе… Ён заплюшчыўся і паволі выпіў усё да дна.

– Хлопчыкі! – пачуўся голас Іванаўны. – Зноў крычаць, просяцца гаротнікі!..

Сашок скрыпнуў зубамі. Выцягнуў дубінку:

– Ну, зараз дапросяцца!

І пайшоў, амаль пабег. Цімур, пасміхаючыся, глядзеў яму ўслед.


1997 г.