Апошняя арбіта [Уладзімір Шыцік] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

шырокім праспекце Камунізма. Праспект нядаўна — гадоў пяць таму назад — скончылі забудоўваць, і ён не паспеў яшчэ страціць прыкметы свежасці, навізны, маладосці. Шматгадовыя ліпы, прывезеныя з беларускіх лясоў, побач з пятнаццаціпавярховымі гмахамі выглядалі саджанцамі. Кожны квартал жылога масіву меў свой уласны архітэктурны стыль, існаваў нібы асобна і ў той жа час арганічна ўпісваўся ў агульны ансамбль раёна. Людзі адчувалі сябе тут асабліва ўтульна. Вялізныя вокны ў кватэрах, зашклёныя спецыяльным шклом, прапускалі не толькі звычайнае святло, а, калі жыхар хацеў, і ультрафіялетавыя прамяні. Кандыцыянеры падтрымлівалі пастаянную зададзеную тэмпературу і вільготнасць паветра ў пакоях. Зрэшты, такія кватэры цяпер былі паўсюдна, нават у старых дамах. Але пачаліся яны з гэтага праспекта.

Электрабус затармазіў на скрыжаванні, ад якога цяністая вуліца вяла да Цэнтральнага стадыёна. Павел выскачыў першым, дапамог Валі. Аўтаматычны вадзіцель рушыў машыну далей. А яны спыніліся, раздумваючы: ісці адразу на стадыён ці паблукаць крыху вакол, бо да пачатку спаборніцтваў было яшчэ каля гадзіны.

— Пакружым? — Валя ўзяла Паўла пад руку.

— 3 задавальненнем,— адказаў ён, радуючыся, што пабудзе з дзяўчынай сам-насам яшчэ некалькі лішніх хвілін.

Гэты раён таксама быў новы. Яго будавалі, як студэнцкі гарадок. Сюды перабраліся ўсе мінскія інстытуты з вучэбнымі карпусамі, лабараторыямі, інтэрнатамі, клубамі. Павел любіў бываць тут — і на працы, і ў вольны час. Гарадок падабаўся яму неспакойнымі шумлівымі жыхарамі, сярод якіх ён сам адчуваў сябе больш студэнтам, чым выкладчыкам, і такім чынам быццам вяртаўся ў цудоўную пару юнацтва.

Сёння, аднак, Павел адчуў сябе тут нібы староннім. Ён яшчэ жыў у сваім родным Мінску, хадзіў па вуліцах, слухаў яго голас, а ў галаве білася думка: хутка ўсё пераменіцца! I напэўна яна, гэта думка, абвастрала пачуцці, узнімала над будзённым і прывычным, надавала здольнасць разважліва ацэньваць прыгажосць, своеасаблівасць горада.

— Ты мяне не слухаеш, прафесар? — У голасе Валі прагучала іронія.

— Прабач, — Павел схамянуўся. — Мне чамусьці сёння здалося, што я сюды прыйшоў упершыню,— і з удзячнаецю падумаў: «Разумніца Валя, трывожыцца, а стараецца не паказаць гэтага».

— Я недзе ці то чула, ці то чытала, што так у чалавека бывае перад расстаннем.

— Скажаш... — сумеўся Павел.

— Давай павернем назад,— дзяўчына зрабіла выгляд, што апошнія яе словы былі выпадковымі.

А Павел зноў адчуў сябе вінаватым, што тоіцца перад Валяй. Напэўна, было б лепш сказаць, куды і чаго едзе. Але раптам ён так і застанецца кандыдатам, а ў экспедыцыю пашлюць іншага? Не, не трэба загадваць наперад. Скажа, калі ўсё будзе вырашана канчаткова.

Яны выйшлі на плошчу. У канцы яе высілася ажурная арка — уваход на стадыён. Кожны раз, аказваючыся перад ёю, Павел не пераставаў дзівіцца дасканаласці і прыгажосці форм гэтага ўвогуле простага збудавання. I зараз, спыніўшыся на пачатку плошчы, зноў адчуў захапленне.

— Паглядзі на ўваход, — горача загаварыў ён. Сутыкненне з выдатным стварэннем чалавечых рук ніколі не пакідала яго абыякавым, прымушала забыцца на свае клопаты, нягоды, — мне раней здавалася, што арка крыху нізкаватая, што ёй не хапае накіраванасці ў вышыню. Бо плошча хаця і вялікая, прасторная, аднак акружана высотнымі будынкамі. А зараз раптам зразумеў, што памыляўся. I ведаеш у чым? Вунь тыя пікі над сярэднімі калонамі... — ён парывіста выкінуў руку наперад. — Яны ж нацэлены ў неба і таму цягнуць за сабой усю канструкцыю!

— Фантазёр,— засмяялася Валя.— Не можаш ты без неба.

— Мы народжаныя адно для аднаго! — пачаў Павел, абіраючыся пажартаваць, і тады ўспомніў пра званок Бурмакова. Сумеўшыся, ціха ўдакладніў: — Гэта значыць, я і неба.

— Я так і аразумела. I нават упэўнена, што гэтыя пікі памогуць табе злавіць чарговыя таямнічыя сігналы, ужо з Сірыуса!

— Здзекуешся? — Павел надаў твару страшны выгляд.— От зараз выкупаю, запомніш,— і падхапіў дзяўчыну на рукі, падбег да фантана, які выкідаў над плошчай каскады вясёлкавых пырскаў. Трымаючы Валю над самай вадой, грозна загадаў:— Вініся!

Адбіваючыся, Валя малаціла кулачкамі ў шырокія Паўлавы грудзі, шчасліва пасміхалася і прасіла шэптам:

— Пусці, людзі...

Вакол сапраўды было шмат прахожых. Яны паглядалі на гэту сцэнку добразычліва, з усмешкамі. Паўлу нават падумалася, што сярод іх, напэўна, ёсць яго або Валіны студэнты. Ды якое гэта зараз мела значэнне. Яму было добра, весела, ён радаваўся, што Валя побач, свая, родная.

— Больш не буду, здаюся,— Валя не вытрымала першай.

Але калі Павел паставіў яе на зямлю, крыху адбеглася і ўсё-такі крыкнула:

— Я памылілася, не з Сірыуса, з Лебедзя!..

Павел махнуў рукой, маўляў, што з такой паробіш...